Выбярыце раздзел:

Максім Танк
(Яўген Іванавіч Скурко)
1912-1995

Яўген Іванавіч Скурко
1942 г.

Класік сучаснай беларускай літаратуры Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) нарадзіўся 17 верасня 1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў беларускай сялянскай сям'і праваслаўнага веравызнання. Вучыўся ў Вілейскай, Радашковіцкай і Віленскай гімназіях. Актыўны ўдзельнік камсамольскага і камуністычнага падполля, барацьбіт за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне працоўных былой Заходняй Беларусі, за ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Неаднойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у турмах. У час Вялікай Айчыннай вайны — супрацоўнік франтавога друку, газеты "За Савецкую Беларусь" і агітплаката "Раздавім фашысцкую гадзіну". Пасля вайны — літаратурны супрацоўнік часопіса "Вожык" (1945—1948), галоўны рэдактар часопіса "Полымя" (1948—1966), першы сакратар, старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі (1966—1990). Актыўна займаўся грамадскай працай як дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1969—1989) і БССР (1947—1971), старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1963—1990), старшыня Беларускага аддзялення Усесаюзнага таварыства савецка-польскай дружбы, член Савецкага камітэта абароны міру, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР і інш.

Друкавацца пачаў у падпольных камсамольскіх і партыйных выданнях з 1932 г. У тым жа годзе пачаў карыстацца псеўданімам Максім Танк. Першы твор, падпісаны гэтым псеўданімам, — верш "Заштрайкавалі гіганты-коміны", надрукаваны 7 красавіка 1932 г. у газеце-аднадзёнцы "Беларускае жыццё", што нелегальна выйшла ў Львове. Першыя кнігі паэта з'явіліся ў Вільні: "На этапах" (1936), "Журавінавы цвет" (1937), "Пад мачтай" (1938), паэма "Нарач" (1937). За шэсць наступных дзесяцігоддзяў багатая і разнастайная творчасць Максіма Танка прайшла пэўную ідэйна-мастацкую эвалюцыю.

М. Танк 1976 г.

Ранняя ідэйна-палітычная сталасць, шырыня светапогляду абумовілі хуткае станаўленне паэта як мастака слова. Грунтоўнае веданне беларускага фальклору, творчая вучоба ў класікаў беларускай, рускай, украінскай і польскай літаратур, шырокае знаёмства з еўрапейскай і сусветнай культурай паскорылі фармаванне ўласнага мастацкага стылю Максіма Танка. Ад вучнёўскага пераймання, залішняй вобразнай ускладненасці, моўнай каструбаватасці паасобных вершаў паэт даволі хутка перайшоў да самастойнага мастацкага мыслення, глыбокага асэнсавання з'яў рэчаіснасці. Ужо ў першыя пасляваенныя гады М. Танк становіцца ў шэраг вядучых пісьменнікаў Беларусі, кожная новая кніга яго прыцягвае ўсеагульную ўвагу, яго творчасць пачынае вывучацца ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах Беларусі.

Максім Танк у сваіх зборніках "На камні, жалезе і золаце" (1951), "У дарозе" (1954), "След бліскавіцы" (1957), "Глыток вады" (1964), "Хай будзе святло" (1972), "Дарога, закалыханая жытам" (1976), "Прайсці праз вернасць" (1979), "За маім сталом" (1984), "Збор калосся" (1989), "Мой каўчэг" (1994) і іншых звяртаўся як да сучаснасці, так і да мінулага Беларусі, да фальклорных сюжэтаў, славіў працу рабочых, хлебаробаў, дружбу народаў. Паглыбленне гуманістычнага пачатку, узмацненне філасафічнасці лірыкі, павелічэнне і ўдасканаленне сродкаў паэтычнага выяўлення сталі вядучымі стылёвымі дамінантамі ўсёй творчасці Максіма Танка 60-80-х гг. XX ст. Паэзія М. Танка паводле свайго духу сучасная, глыбока народная і нацыянальная. Паэт быў моцна звязаны з жыццём народа, востра рэагаваў на праявы бесчалавечнасці, услаўляў мір. Разуменне ім маралі, дабра і зла, прыгожага і непрыгожага трывала грунтавалася на этычных і эстэтычных поглядах чалавека-працаўніка, перш за ўсё — селяніна-хлебароба. Разам з тым яго паэзіі ўласцівы інтэлектуалізм, шырокамаштабнасць, найноўшыя мастацкія формы і сродкі.

Канкрэтнарэалістычная і рамантычнаўмоўная плыні ў лірыцы Максіма Танка арганічна ўзаемадзейнічаюць і ўзаемадапаўняюць адна другую, абумоўліваюць багацце вобразнай, рытміка-інтанацыйнай (верш сілабатанічны, танічны, дольнік, верлібр), страфічнай (тэрцэт, катрэн, санет, хоку і інш.) арганізацыі верша. 3 канца 50-х гг. XX ст. у паэзіі Максіма Танка пачаў адраджацца сатырычны жанр (зборнік "Селядцы з вершамі", 1966). Паэт звярнуўся да жанру гераічнай паэмы ("Мікалай Дворнікаў"). Побач з напісаннем уласных твораў М. Танк актыўна займаўся і перакладчыцкай дзейнасцю. У яго ўзнаўленні на беларускай мове загучалі многія творы рускіх, украінскіх, польскіх і іншых аўтараў, частка з якіх склала апошні, шосты, том самага поўнага прыжыццёвага Збору твораў пісьменніка ў 6 тамах (1978—1981).

Мемарыяльная дошка ў Мінску на фасадзе дома № 1 па вуліцы Максіма Танка.

Пленная творчая, працоўная і грамадская дзейнасць Максіма Танка адзначана званнямі народнага паэта Беларусі (1968), акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1972), Героя Сацыялістычнай Працы (1974), многімі літаратурнымі прэміямі, сярод якіх — Ленінская прэмія (1978, за кнігу "Нарачанскіе сосны"), Дзяржаўная прэмія СССР (1948, за кнігу "Каб ведалі") і Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы (1966, за кнігу "Мой хлеб надзённы"), ордэнамі і медалямі СССР (у тым ліку чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, Дружбы народаў) і Польскай Народнай Рэспублікі (афіцэрскім крыжам Адраджэння Польшчы, ордэнам Заслугі ПНР). У 1987 г. яму было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Мінска.

Памёр Максім Танк у Мінску 7 жніўня 1995 г., пахаваны (паводле завяшчання) на могілках вёскі Слабада (каля Пількаўшчыны) Мядзельскага раёна.

Імя Максіма Танка прысвоена Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту, Мінскаму педагагічнаму каледжу, Сваткаўскай сярэдняй школе (Мядзельскі раён) і Мядзельскай раённай бібліятэцы, адной з цэнтральных сталічных вуліц. У Мінску, на вуліцы яго імя і на доме, дзе ён апошнія гады жыў і працаваў (вул. Кульман, 15), устаноўлены мемарыяльныя знакі.

Крыніца: Рагойша, В. Біяграфічная даведка / Вячаслаў Рагойша // Танк, М. Мне пару крыл дало юнацтва… : выбраная лірыка / Максім Танк ; укладанне Вячаслава Рагойшы ; мастак А. І. Цароў. — Мінск, 2003. — С. 466—467. — (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя).

 

"Пясняр беларускага народа", аператар В. Цытрон.
Вiдэя Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (Дзяржынск)

Дадатковыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці:

  1. Бельскі, А. "Ёсць такая зямля..." : [канцэпцыя зямлі ў паэзіі Максіма Танка] /  Алесь Бельскі // Роднае слова. — 2010. № 1. — С. 12—15.
  2. Бельскі, А. "Цудадзейныя жывой вады крыніцы…" : [вывучэнне творчасці М. Танка ў 11 класе] / Алесь Бельскі // Роднае слова. — 2000. — № 9. — С. 46—50.
  3. Берлеж, М. Максім Танк: "... Мой стары знаёмы — Гао Ман" / Мікола Берлеж // ЛіМ. — 2011. — № 10.
  4. Бутэвіч, А. Паэтаў хлеб надзённы : [успаміны пра Максіма Танка] /  Анатоль Бутэвіч // Бутэвіч, А. Пад небам беларускага слова : пра пісьменнікаў, літаратуру і не толькі /  Анатоль Бутэвіч. — Мінск,  2007. — С. 74—84.
  5. Далідовіч, Г. Глыбінны : [95 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка] / Генрых Далідовіч // Краязнаўчая газета. — 2007. — № 35 (верасень). — С. 3.
  6. Калядка, С. "Бо толькі час можа даць паэту аб'ектыўную ацэнку..." : [Максім Танк у перапісцы] / Святлана Калядка // Роднае слова. — 2011. — № 10. — С. 13—16.
  7. Лойка, А. У Максіма Танка ёсць усё : [лёс і творчасць паэта] / Алег Лойка // Лойка, А. Галгафа: кніга лёсаў / Алег Лойка. — Слонім, 2001. — С. 157—160.
  8. Мальцава, І. Век паэта : [да 100-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта Максіма Танка] / Ірына Мальцава // Народная воля. — 2011. — 21 верасня.
  9. Мікуліч, М. Гэта быў чалавек святла... : [успаміны пра Максіма Танка] / Мікола Мікуліч // Настаўніцкая газета. — 2008. — 15 студзеня. — С. 4.
  10. Мікуліч, М. У. Вучоныя Беларусі : [да 95-годдзя з дня нараджэння Яўгена Іванавіча Скурко (Максім Танк)] / М. У. Мікуліч // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — 2007. — № 4. — С. 122—124.
  11. Мяснікоў, А. Максім Танк (1912-1995): "Прайсці праз вернасць" часу і падзей... / Анатоль Мяснікоў // Мяснікоў, А. Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. —  2-е выд., дапрац. — Мінск, 2009. — C. 269—272.
  12. Рагойша, В. "Вершы мае часовыя прыстанішчы..." : [Максім Танк — майстар вершаванага слова] / Вячаслаў Рагойша // Роднае слова. — 2009. — № 1. — С. 20—23.
  13. Рагойша, В. Біяграфічная даведка / Вячаслаў Рагойша // Танк, М. Мне пару крыл дало юнацтва… : выбраная лірыка / Максім Танк ; укладанне Вячаслава Рагойшы ; мастак А. І. Цароў. — Мінск, 2003. — С. 466—467. — (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя).
  14. Рагойша, В. Паэтыка Максіма Танка / В. Рагойша ; рэдактар М. Няхай ; мастак Л. Дубавіцкая. — Мінск : Выдавецтва БДУ імя У. І. Леніна, 1968. — 227 с.
  15. Рублевская, Л. О Буре, Граните и Танке : [неизвестный Максим Танк: находки к юбилею] / Людмила Рублевская, Виталь Скалабан // Советская Белоруссия. — 2007. — 8 декабря. — С. 16—17.
  16. Рублевская, Л. Поэма в подарок : [найдена рукопись поэмы Максима Танка "Янук Сялиба"] / Людмила Рублевская, Виталь Скалабан // Советская Белоруссия. — 2011. — 12 марта. — С. 6.
  17. Рублевская, Л. Шепчут ели золотые : [о стихах Максима, посвященных Марианне Модоровой] / Людмила Рублевская, Виталь Скалабан // Советская Белоруссия. — 2010. — 17 ноября. — С. 20.
  18. Рублевская, Л. Я імя тваё напісаў на граніце... : [неизвестные автографы Максима Танка ] / Людмила Рублевская, Виталь Скалабан // Советская Белоруссия. — 2010. — 4 мая. — С. 19.
  19. Селяменеў, В. Максім Танк (1912-1995) этапы лёсу / В. Селяменеў // Полымя. — 2007. — № 9. — С. 99—107.
  20. Цімошка, С. У госці да Максіма Танка : [з дарожнага дзённіка] / Сяргей Цімошка // ЛіМ. — 2009. — 22 мая. — С. 15.
  21. Цімошка, С. У Пількаўшчыну, да Максіма Танка / Сяргей Цімошка // Голас Радзімы. — 2009. — № 14 (16 красавіка). — С. 2.

Інтэрнэт-рэсурсы



http://maksimtank.ru
 

Паэтычная старонка Максіма Танка

Максім Танк — адно з самых яркіх імёнаў у гісторыі беларускай літаратуры. Паэт-бунтар, паэт-патрыёт, паэт-сатырык, паэт-філосаф, паэт-наватар… А "па жыцці" надзвычай сціплы чалавек, які не любіў гучных слоў і бляску пражэктараў.
Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. А галоўная тэма, якая праходзіць праз усю творчасць М. Танка, - Радзіма ў самых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, маляўнічая прырода, мілагучная родная мова.

На сайце народнага паэта Беларусі Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко) для Вас сабраны яго вершы, біяграфічныя звесткі, а таксама рэцэнзіі на творы паэта.

Сайт створаны ў межах Нацыянальнага Паэтычнага Парталу.

Максім Танк на сайце "Беларуская палічка. Беларуская электронная бібліятэка"

Максім Танк на сайце "Библиотека белорусской литературы"

Максім Танк на сайце "Вершы беларускіх паэтаў. Нацыянальны паэтычны партал"

Максім Танк на сайце "Вершы пра каханне"

Максім Танк на сайце "Вікіпедыі"

Максім Танк на сайце "Герои страны"

Максім Танк на сайце "Знаменитые узники"

Максім Танк на сайце "Национальная академия наук Беларуси"

Максім Танк на сайце "Родныя вобразы"

Выбярыце раздзел: