Асоба праз стагоддзі
(факсімільныя выданні класікаў беларускай літаратуры і мовазнаўства)
Неад'емнай часткай культуры беларускага народа з'яўляюцца кніжныя помнікі. У адзіны рад са спадчынай Францыска Скарыны і Спірыдона Собаля мы ставім кнігі, выдадзеныя на рубяжы XIX-XX стагоддзяў. Яны рэдка пакідаюць свае сховішчы, і пабачыць іх амаль немагчыма. Сучасныя тэхналогіі дакладна капіруюць кніжныя рарытэты, дазваляючы ўсім дакрануцца да часткі гісторыі і культурнай спадчыны нашай краіны.
Выданні, якія дакладна перадаюць рукапісы альбо выданні іншай эпохі, называюцца факсімільнымі. Факсіміле рукапісаў і рэдкіх кніг звычайна робяцца ў навуковых мэтах.
Выстава прадстаўляе факсімільныя выданні класікаў беларускай літаратуры і мовазнаўства з фондаў аддзела кнігасховішча і аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры абласной бібліятэкі.
Багдановіч, М. А. Вянок : кніжка выбраных вершаў / Максім Багдановіч. — Факсімільнае выданне, 1913 г. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. — 120 с.
У Вільні ў 1914 годзе ў друкарні Марціна Кухты выходзіць зборнік "Вянок" (на тытуле пазначаны 1913 год) з прысвячэннем: "Вянок на магілу С.А.Палуяну (8 красавіка 1910 г.)". У лісце да беларускай пісьменніцы В. Лявіцкай паэт пісаў: "Недахватаў розных – гібель, ды кніжка гэта зусім маладая: вершы яе пісаліся з паловы 1909 да паловы 1912 г. г., калі мне было 17-20 год. Але ў ёй усё ж такі ёсць і творчасць, і натхненне, і сур'ёзная праца".
"Вянок" – першая і адзіная прыжыццёвая кніга паэта. Яе тыраж складаў 2000 экзэмпляраў. Сёння дакладна невядома, колькі захавалася экзэмпляраў кнігі, але да нядаўняга часу іх было знойдзена ўсяго 24.
Колас, Я. Другое чытанне для дзяцей беларусаў / напісаў Якуб Колас ; пераглядзеў і прадмову прыпісаў Л. Сеўрук. — Факсімільнае выданне, 1909 г. — Мінск : Юнацтва, [1998?]. — 110, [2] с.
У 1909 г. у Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца" выйшла кніга славутага беларускага паэта Якуба Коласа "Другое чытанне для дзяцей беларусаў", змест якой складалі вершаваныя і празаічныя творы пра з'явы прыроды, байкі і казкі пра жывёл, вершы і апавяданні на маральна-этычныя тэмы, а таксама прысвечаныя нялёгкай долі селяніна. Гэтая кніга была выдадзена як падручнік для дзяцей праз тры гады пасля выхаду "Першага чытання" Цёткі. Пачатак ХХ стагоддзя быў часам пачатку беларускага школьніцтва і дзве гэтыя кнігі былі вялікім дасягненнем у галіне запачаткавання базы для навучання дзетак чытанню (замест традыцыйнага навучання па "Псалтыру").
"Другое чытанне для дзяцей беларусаў" – адзін з першых падручнікаў, які эфектыўна выкарыстоўваўся як для навучання, так і для маральна-эстэтычнага выхавання дзяцей.
Колас, Я. Песьні-жальбы : вершы / Якуб Колас. — Факсімільнае выданне, 1910 г. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. — 123 с.
У 1910 г. у Вільні надрукаваны першы зборнік вершаў "Песні жальбы" (напісаны ў 1906-1909 гг.), дзе паэтызуецца вобраз беларуса-мужыка, які нягледзячы на цяжкія сацыяльныя ўмовы верыць у адраджэнне роднага краю, апавядае пра свой бяспраўны лёс, але пры гэтым мае пачуццё ўласнай годнасці, выказвае імкненне да лепшай долі.
Купала, Я. Жалейка : стихи / Янка Купала. — Факсимильное издание, 1908 г. — Минск : Мастацкая літаратура, 1982. — 185 с.
Першы зборнік Янкі Купалы, выдадзены ў пачатку 1908 года ў Санкт-Пецярбургу выдавецкай суполкай "Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ" тыражом 4300 асобнікаў. У зборніку надрукаваныя 95 лірычных вершаў 1905-1907 гг. і паэма "Адплата каханьня".
Упершыню публікуецца праграмны верш паэта "А хто там ідзе?", які заняў асобнае месца ў творчасці Купалы, на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам і з'яўляецца перакладзеным на 82 мовы свету. Зборнік двойчы канфіскоўваўся царскімі ўладамі. Публікацыя "Жалейкі" адыграла надзвычайную ролю ў станаўленні беларускай літаратуры і творчага крэда яе аўтара.
Лучына, Я. Вязанка : вершы, наследаванні, пераклады / Янка Лучына (Неслухоўскі Іван Люцыянавіч). — Факсімільнае выданне, 1908 г. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. — 22 с.
Янка Лучына (Неслухоўскі Іван Люцыянавіч, 6.VII.1851-16.VII.1897) пражыў на свеце 46 гадоў, але так і не дачакаўся ніводнай сваёй кнігі. I тым не менш, месца яго ў гісторыі нашай літаратуры даволі прыкметнае. Яго псеўданім падкрэсліваў вельмі няпростае ў той час вяртанне да мовы свайго народа праз іншамоўныя традыцыі, што панавалі ў нас у канцы XIX стагоддзя. Ён, як і Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэсь Каратынскі, пісаў пераважна па-польску. Беларускае слова тады амаль не мела ніякай магчымасці абаперціся на друкарскі станок. Малюсенькія струменьчыкі беларускага прафесійна-мастацкага слова, што зноў, праз некалькі стагоддзяў, у пачатку ХІХ, пачалі прабівацца праз польскую і рускую плынь, не змаглі адолець дзяржаўных цэнзурных гацяў.
Танк, М. На этапах : вершы / Максім Танк ; уступны артыкул Р. Баравога. — Факсімільнае выданне, 1936 г. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1983. — 127 с.
"На этапах" — першы зборнік Максіма Танка. Выдадзены у Вільні выданнем Васіля Труцькі ў друкарні I. Баеўскага.
Кнігу склалі лепшыя вершы маладога паэта, а таксама ўрыўкі з ненадрукаванай яшчэ паэмы "Нарач". Амаль увесь тыраж зборніка "На этапах" быў канфіскаваны, засталіся лічаныя экзэмпляры.
Гэта факсімільнае выданне дае магчымасць сучаснаму чытачу нібы зноў атрымаць кніжку ў яе першанараджэнні, удыхнуць таго пераднавальнічнага паветра, разам з аўтарам i яго лірычным героем ступіць на адзін з этапаў барацьбы i змагання.
Цётка. Першае чытанне для дзетак беларусаў / Цётка. — Факсімільнае выданне, 1906 г. — Мінск : Юнацтва, 1992. — 30 с.
Сярод дарэвалюцыйных пісьменнікаў Беларусі адно з пачэсных месцаў па праву належыць Цётцы (сапраўднае прозвішча Алаіза Пашкевіч).
Паэтэса-рэвалюцыянерка, асветніца, рэдактар, настаўніца, артыстка, медыцынскі работнік – усё гэта ўвасабляла ў сабе яркая, самабытная асоба Цёткі.
Веды, набытыя ў семінарскім вучылішчы, вопыт вясковай настаўніцы, педагагічны і літаратурны талент дапамаглі ёй стварыць кніжку "Першае чытанне для дзяцей беларусаў". У ёй вершы, навэлы-замалёўкі, вучэбны матэрыял, а таксама народныя казкі, прыказкі, прымаўкі, прыпеўкі, загадкі.
Граматыка беларускай мовы: фанетыка: [падручнік для настаўнікаў, педагагічных тэхнікумаў і самаасветы] / Язэп Лёсік. — [Факсімільнае выданне, 1926]. — Мінск : Народная асвета, 1995. — 131, [1] с. — (Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць).
Беларускі нацыянальны і палітычны дзеяч, пісьменнік, публіцыст, мовазнавец, педагог, акадэмік АН БССР (1928) Язэп Юр'евіч Лёсік выдаў шмат навуковых мовазнаўчых прац. Сярод якіх, "Граматыка беларускае мовы: Фанетыка", створаная на аснове лекцый, якія Лёсік чытаў у Белдзяржуніверсітэце.
У гісторыю беларускага мовазнаўства Лёсік увайшоў найперш як апантаны рэфарматар правапісу беларускай мовы, дзякуючы ініцыятыве якога ў 1926 г. была склікана Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Лёсік выступаў за захаванне кірылічнага алфавіта ў беларускай мове, прапаноўваў значныя змяненні ў беларускім алфавіце, правапісе, граматыцы, прызначаныя да іх спрашчэння, асноўваючыся на народнай беларускай традыцыі.
Тарашкевіч, Б. А. Беларуская граматыка для школ / Б. Тарашкевіч. — 5-е выданне, пераробленае і пашыранае. — Факсімільнае выданне, 1929. — Мінск : Народная асвета, 1991. — 136 с. — (Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць).
Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч – вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, акадэмік АН БССР. У 1918 годзе ён падрыхтаваў і выдаў першую "Беларускую граматыку для школ".
Тарашкевіч абагульніў і замацаваў пісьмовыя традыцыі, што складаліся ў той час у выданні мастацкай, навукова-папулярнай і публіцыстычнай літаратуры, у пісьмовым друку; улічыў здабыткі тагачаснай лінгвістычнай навукі (даследаванні Аляксея Шахматава і Яўхіма Карскага) і вопыт папярэднікаў. Граматыка пасля вытрымала 6 перавыданняў і доўгі час была галоўным падручнікам па беларускай мове, асабліва ў часы беларусізацыі 1920-х гг.
Рыхтуючы 5-е выданне граматыкi, ён значна перепрацаваў i дапоўнiў яе. На аснове граматыкi Тарашкевiча хутка сталi выходзiць падручнiкi беларускай мовы iншых аўтараў.