Магілёўшчына ў гады Першай сусветнай вайны
Аддзел беларускай і краязнаўчай літаратуры прапануе віртуальную выставу "Магілёўшчына ў гады Першай сусветнай вайны". Гэта вайна, якую называлі Вялікай, пакінула глыбокі след у гісторыі і лёсе людзей нашай краіны. Заходні фронт стаў своеасаблівым шчытом Расійскай імперыі. Дзесякі тысяч героеў у генеральскіх, афіцэрскіх і салдацкіх пагонах сумленна і мужна выконвалі свой абавязак, многія з іх знайшлі вечны спакой у беларускай зямлі.
2 жніўня 1914 г. Магілёўская губерня аб’яўлена на ваенным становішчы. Тысячы магілёўцаў былі мабілізаваныя ў войска. Каля трэці ўсіх гаспадарак засталіся пад апекай жанчын. З лета 1915 г. у губерні пачаўся масавы рух бежанцаў. Праз яе тэрыторыю прайшло каля 1 млн. уцекачоў.
У 1915—1918 гг. Магілёў апынуўся ў цэнтры гістарычных падзей еўрапейскага і сусветнага значэння: тут размясцілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага рускай арміі, абавязкі якога прыняў на сябе імператар Мікалай ІІ; тут абмяркоўваліся стратэгічныя задумы, планаваліся і распрацоўваліся ваенныя аперацыі; адсюль ажыццяўляліся аператыўнае кіраванне вайсковымі злучэннямі і службамі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння арміі; узгадняліся дыпламатычныя і ваенныя дзеянні саюзных дзяржаў. Важную ролю іграў Магілёў і ў рэвалюцыйным 1917 г.: у жніўні стаў цэнтрам "карнілаўшчыны", у дні Кастрычніцкага перавароту вакол Стаўкі групаваліся антыбальшавіцкія сілы.
Але да нашага часу Першая міравая вайна застаецца для многіх невядомай, не гледзячы на тое, што яе падзеі шмат у чым вызначаюць сучаснае жыццё. Нашы дзяды і прадзяды былі сапраўднымі патрыётамі сваёй Айчыны і заслугоўваюць павагу і ўшанаванне.
На віртуальнай выставе прадстаўлены асобныя выданні, артыкулы са зборнікаў, часопісаў, газет з фонду Магілёўскай абласной бібліятэкі, інтэрнэт-рэсурсы. Сярод іх: рэдкія выданні, архіўныя і фотадакументы, мемуарная літаратура, працы сучасных гісторыкаў і краязнаўцаў, мастацкая літаратура.
Выстава адрасавана шырокаму колу карыстальнікаў, зацікаўленых у вывучэнні гісторыі сваёй Радзімы.