| Выбярыце раздзел: |
Пазнякоў Міхась Паўлавіч
Беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык, мовазнаўца Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў нарадзіўся 24 студзеня 1951 г. у вёсцы Заброддзе Быхаўскага раёна.
Вучыўся ў Забродскай пачатковай школе, Глухскай сярэдняй школе. Вучыўся старанна, з вялікай адказнасцю, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, займаўся ў гуртках і спартыўных секцыях. Асабліва захапляўся гісторыяй, геаграфіяй і матэматыкай. Змалку кніга вабіла, чаравала будучага паэта. Трапляючы ў захапляючы свет цудоўнай кнігі, ён забываў пра ўсё, нібы сам станавіўся яе героем.
Адна з першых прачытаных кніжак – зборнік успамінаў дзяцей вайны "Ніколі не забудзем". Большай трывогі, больш моцнага перажывання ён не адчуваў ніколі. Гэта падштурхнула яго перачытаць усё, што было ў бібліятэцы аб партызанах, падпольшчыках, франтавіках.
Першы свой верш Міхась Пазнякоў напісаў у шостым класе, а штуршком да творчасці з'явілася настаўніца рускай мовы і літаратуры Роза Сямёнаўна Нікіфарава, якая дала заданне напісаць верш. 3 таго часу вершаскладанне захапіла будучага паэта.
У 9 класе Міхась Пазнякоў быў абраны рэдактарам "Камсамольскага пражэктара" – насценнай газеты камсамольскай арганізацыі школы.
Першы яго верш быў надрукаваны ў 1966 г. у газеце "Браслаўская звязда" (г. Браслаў), дзе Міхась Пазнякоў вучыўся некалькі месяцаў у санаторнай школе. Заўважыў і падтрымаў яго кіраўнік літаратурнага аб'яднання, вядомы пісьменнік Павел Пруднікаў. У 1968 г. адбылася першая сустрэча Міхася з жывым пісьменнікам – чараўніком мастацкага слова Адамам Русаком. Яго словы аб прыгажосці і багацці роднай мовы назаўсёды прараслі ў сэрцы будучага паэта і паўплывалі на выбар будучай прафесіі. Пасля заканчэння школы працаваў на Мінскім заводзе шасцерняў. Быў ударнікам камуністычнай працы. Вольны час аддаваў тэатру, кнігам, кіно, падрыхтоўцы ва ўніверсітэт.
У 1971 г. Міхась Пазнякоў стаў студэнтам філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Гады вучобы былі напружаныя, але вельмі цікавыя. Сярод выкладчыкаў былі Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Вячаслаў Рагойша, Павел Ткачоў, Маргарыта Яфімава, Ірына Шаблоўская, Вольга Казлова... Пасля трэцяга курса перавёўся на завочнае аддзяленне і з верасня 1974 г. стаў працаваць настаўнікам роднай мовы і літаратуры, а таксама нямецкай мовы і этыкі ў Ягадскай васьмігадовай школе Бярэзінскага раёна. Пасля закрыцця школы працаваў у Кукараўскай васьмігодцы гэтага ж раёна.
У 1976 г. у газеце "Беларускі ўніверсітэт" быў надрукаваны першы верш Міхася Пазнякова на беларускай мове.
Пасля заканчэння ўніверсітэта (1977 г.) вярнуўся ў Мінск і выкладаў родную мову і літаратуру ў СШ № 26.
У 1978 г. залічаны на працу ў Інстытут мовазнаўства, дзе прымаў удзел у распрацоўцы двухтомных "Русско-белорусского словаря" і "Беларуска-рускага слоўніка", а таксама з'яўляўся памочнікам навуковага рэдактара гэтых выданняў. Навуковым жа рэдактарам быў Кандрат Крапіва – у той час віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. Мовазнаўчая школа славутага пісьменніка, вучонага і цікавага чалавека дапамагла Пазнякову глыбей пранікнуць у бясконцае нацыянальнае багацце – моўны скарб, заняцца навуковай працай, напісаць шэраг навуковых артыкулаў, а пасля распрацаваць і выдаць вялікі "Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы" (1988).
З 1981 г. Міхась Пазнякоў – дырэктар Літаратурнага музея М. Багдановіча. З 1984 г. па 2000 г. працаваў у дзяржаўным выдавецтве "Юнацтва", прайшоўшы шлях да галоўнага рэдактара. Потым два гады ўзначальваў часопіс "Вожык". З 2003 г. працуе ў часопісе "Неман" намеснікам галоўнага рэдактара, а затым – галоўным рэдактарам, намеснікам дырэктара РВУ “Літаратура і мастацтва”. З лістапада 2005 г. – старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Першая кніжка Міхася Пазнякова для дзяцей – "Дзіўныя "блізняты" (1987), якую склалі загадкі на беларуска-рускія амонімы. Затым з'явіліся "Побач з татам" (1988), "Тры чарадзеі" (1991), "Ехаў поўны воз дзівос" (1994), "Шые вожык кажушок", "Дзівосны свет" (1996) і інш.
Выйшлі кніжкі вершаў для дарослых: "Колер радасці" (1988), "Час надзеі" (1991), "Крутит время свои жернова" (2004), "Любі і помні" (2006), "Святое правіла..." (2008), "Доверием небо измерю" (2012), "Натхненне Радзімай" (2014), "Няма ліха без дабра" (2019), "Радзіма наша – Беларусь" (2020), "Наш сцяг" (2025), "Полонез" (2025), "Мая цудоўная Радзіма” (2025) і інш. Міхась Пазнякоў – аўтар больш як ста кніг паэзіі, прозы, публіцыстыкі, крытыкі, перакладаў, слоўнікаў, навукова-пазнавальных кніг для дарослых і дзяцей.
Міхась Пазнякоў пераклаў на беларускую мову кніжкі "Дапаможаш ты – табе дапамогуць" (афганскія народныя казкі), "Залатая ракавінка" (кітайскія народныя казкі), "Дванаццаць месяцаў" С. Маршака, "У заапарку" М. Гелера, раманы: С. Лагерлёф "Пярсцёнак Лёвеншольдаў", В. Скот "Квенцін Дорвард", М. Сервантэс "Дон Кіхот", некаторыя творы В. Біянкі, Я. Пермяка, Л. Махмудава, X. К. Андэрсена, братоў Грым і іншых.
Міхась Пазнякоў з'яўляецца Лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, літаратурных прэмій імя П. Броўкі ў галіне дзіцячай літаратуры, Я. Маўра, В. Віткі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, трох Рэспубліканскіх прэмій "Лепшая кніга года" і інш. Лаўрэат міжнародных літаратурных прэмій імя В. Біянкі, М. Гогаля, Р. Скаварады, Г. Бёля, А. дэ Сент-Экзюперы, Ф. Пятраркі, М. Твэна і інш. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2023), узнагароджаны медалямі Францыска Скарыны і "За працоўныя заслугі".
У апошнія гады перакладае нашых вядомых творцаў на рускую мову: Янку Сіпакова, Івана Пташнікава, Васіля Ткачова, Уладзіміра Гніламёдава, Паўла Саковіча, Казіміра Камейшу...
Вершы Міхася Пазнякова для дзяцей уключаны ў падручнікі, хрэстаматыі, чытанкі, навучальныя дапаможнікі. На словы паэта напісана шмат песень, асабліва для дзяцей. З ім супрацоўнічаюць кампазітары Леанід Захлеўны, Пятро Яроменка, Георгій Ермачэнкаў, Уладзімір Карызна-малодшы, Мікалай Літвін, Вячаслаў Кузняцоў і інш.
Дадатковыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці:
-
Адметны прамень беларускай паэзіі : аб творчасці Міхася Пазнякова // Пралеска. — 2022. — № 5. — С. 40 : (Дадатак: Літаратурная гасцёўня "Пралескі").
-
Весялуха, М. Пад гербам Мінска і сцягам маладосці : [Міхась Пазнякоў] / Марына Весялуха // Літаратура і мастацтва. — 2010. — 1 кастрычніка. — С. 3.
-
Гніламёдаў, У. Прырода, радзіма, жыццё... : [паэзія Міхася Пазнякова] / Уладзімір Гніламёдаў // Літаратура і мастацтва. — 2010. — 22 кастрычніка. — С. 6.
-
Карлюкевич, А. Беларусь : [диалог с Михасем Поздняковым] / Алесь Карлюкевич // Карлюкевич, А. Неравнодушное чтение : встречи, знакомства, открытия / Алесь Карлюкевич. — Минск, 2018. — С. 33—35.
-
Кісель, І. І. Дзівосны свет : гульня, да 70–годдзя Міхася Пазнякова / І. І. Кісель // Пачатковая школа. — 2021. — № 1. — С. 49—51.
-
Леўчанка, М. Да бацькоўскай хаты, ціхаплыннай грэзы / Мікола Леўчанка // Маяк Прыдняпроўя (Быхаў). — 2021. — 20 студзеня. — С. 6.
-
Марозаў, А. Каштоўны прыз : [Міхась Пазнякоў] / Аляксандр Марозаў // Літаратура і мастацтва. — 2010. — 30 красавіка. — С. 2.
-
Марціновіч, А. Талент высокай пробы / Алесь Марціновіч // Белая Вежа. — 2015. — № 8. — С. 57—74.
-
Міхась Пазнякоў : анкета пісьменніка–перакладчыка // Мастацкі пераклад з роднасных моў у гісторыі беларускай літаратуры / Наталля Якавенка. — Мінск, 2019. — С. 348—349.
-
Міхась Пазнякоў — старшыня гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі : біяграфічныя звесткі // Прыдняпроўе : Магілёўшчына літаратурная / Магілёўскае аддзяленне грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" ; рэдактар–укладальнік Алесь Казека. — Магілёў, 2021. — 10.
-
Міхась Пазнякоў: "Тварыце, людзі, на зямлі дабро..." : артыкулы, рэцэнзіі, выступленні, інтэрв'ю / [укладальнік Т. М. Дубаневіч ; прадмова М. І. Чаргінца]. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2011. — 272 с., [4] л. каляр. іл. — (Асоба і час).
-
Міхась Пазнякоў : "Ты чакай мяне, Заброддзе, райскі кут на Беларусі" : [гутарка з паэтам, пісьменнікам] / М. Пазнякоў ; гутарыла Таццяна Ускова // Белорусская нива. — 2009. — 5 сентября. — С. 11.
-
Пазнякоў, М. Абуджанасць у чалавеку Чалавека : [размова з Міхасём Пазняковым] / М. Пазнякоў ; гутарыла Алена Мінчукова // Літаратура і мастацтва. — 2008. — 19 снежня. — С. 5.
-
Пазнякоў, М. За пісьменніка гаворыць рукапіс : [гутарка з беларускім празаікам, паэтам Міхасём Пазняковым] / М. Пазнякоз ; гутарыла Жанна Капуста // Літаратура і мастацтва. — 2009. — 24 ліпеня. — С. 5.
-
Пазнякоў, М. "З малой радзімы і сям'і ўсё пачынаецца і гэтым працягваецца" / Міхась Пазнякоў ; запісаў Ігар Ганчарук ; фота Максіма Гучака // Беларуская думка. — 2024. — № 2. — С. 37—42.
-
Пазнякоў Міхась Паўлавіч // З росных сцяжын : аўтабіяграфіі пісьменнікаў / укладальнік Мікола Мінзер. — Мінск, 2009. — С. 297—302.
-
Поздняков Михаил Павлович // Кто есть Кто в Республике Беларусь. 2009 / под редакцией И. В. Чекалова. — Минск, 2009. — С. 183.
-
Поздняков Михась // Республика Беларусь : энциклопедия. В 6 т. Т. 6. / под редакцией Г. П. Пашков. — Минск, 2008. — С. 135.
-
Поздняков, М. П. Дружим томами / Михаил Поздняков ; беседовала Ирина Овсепьян // СБ. Беларусь сегодня. — 2023. — 17 сакавіка. — С. IV—V : фота. (Дадат.: Беларусь—Россия).
-
Поздняков, М. И нет ничего дороже : [воспоминания белорусского писателя Михаила Позднякова // Советская Белоруссия. — 2009. — 21 ноября. — С. 23.
-
Поздняков, М. П. Течение "Немана" : [беседа с Михаилом Павловичем Поздняковым] / М. П. Поздняков ; беседовал Н. Колосов // Маяк Прыдняпроўя (Быхаў). — 2008. — 18 чэрвеня.
-
Пазнякоў, М. "Чалавек пачынаецца з першых крокаў" / Міхась Пазнякоў // Літаратура і мастацтва. — 2022. — 16 снежня. — С. 6 : фота.
-
Паліканіна, В. "Да самых чыстых берагоў..." : [Міхась Пазнякоў] / Валянціна Паліканіна // Маладосць. — 2015. — № 12. — С. 134—137 : фота.
-
Ткачоў, В. Паклон : [творчасць Міхася Пазнякова] / Васіль Ткачоў // Маяк Прыдняпроўя (Быхаў). — 2010. — 20 кастрычніка.
-
Шырко, В. У краіне загадак : [пра кнігу Міхася Пазнякова "Падарожжа ў краіну загадак"] / Васіль Шырко // Літаратура і мастацтва. — 2009. — 17 красавіка. — С. 7.















