"Сакрэты колераў Вясёлкі".
Да 80-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка і журналіста Уладзіміра Ліпскага (06.05.1940)
Уладзімір Ліпскі – беларускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2001), Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра (1993), Васіля Віткі (1997) і Аляксандра Грына (2008), Міжнароднай прэміі Альберта Швейцара (1998). За поспехі ў галіне духоўнага адраджэння і журналістыкі адзначаны спецыяльным дыпломам "Чалавек года – 95". Вядомы пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці. Член Саюза пісьменнікаў СССР, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі нарадзіўся 6 мая 1940 г. у вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1960 г. скончыў Мінскі тэхнікум харчовай прамысловасці. У 1960-1964 гады пасля заканчэння тэхнікума працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе (слесар, старшыня прафсаюзнага камітэта).
У 1966 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Працаваў у нясвіжскай раённай газеце "Чырвоны сцяг" (1964-1967). У 1967-1968 гадах – першы сакратар Нясвіжскага райкама камсамола, у 1968-1976 – у апараце ЦК ЛКСМБ, у 1976-1978 – адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларускай ССР. З 1978 года – галоўны рэдактар беларускага дзіцячага часопіса "Вясёлка".
З 1988 года – старшыня праўлення Беларускага аддзялення Савецкага дзіцячага фонду, затым – прэзідэнт Беларускага дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня журы I Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў в. Аўцюкі Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці (1995). У рэспубліканскім друку выступае з 1964 года.
У 1971 годзе выйшла яго першая кніга публіцыстыкі "Райкамаўскай будні". Затым рушылі ўслед кнігі публіцыстыкі "День за днём" (1973), "Знайдзі сябе" (1974), "Якое яно, шчасце?" (1977), кніга-нарыс "Прыдзвінскі цуд" (1975), "Падкідыш" (1995).
Уладзімір Ліпскі выдаў кнігу-дзённік "Бацькі і дзеці" (1995, 2002), дакументальную аповесць пра сваіх землякоў "Адпяванне жывых" (1993).
Вынікам шматгадовых архіўных пошукаў стала кніга У.С. Ліпскага "Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод" (1998).
Лёсу вядомых беларусаў прысвечаныя кнігі: "Крутыя вёрсты" (пражыццё Героя Савецкага Саюза З. Тусналобавай-Марчанка), "Любі мяне пры ўсякай долі" (у сааўтарстве з украінскім пісьменнікам Б. Чалым), аповесці "Урокі Купрэвіча", "Нарачанская чайка", "Басанож па зорках" , "Сын дня", "Янкаў вянок: дзецям пра Янку Купалу", "Мужык".
У.С. Ліпскі стаў вядомы перш за ўсё як аўтар дзіцячых кніг: "Рыгоркавы прыгоды" (1974), "Марынчына казка" (1977), "Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска" (1993), "Як Бог стварыў свет", "Наша Маша", "Пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка", "Прыгоды Нуліка", "Вясёлка над Нёманам", "Я тут жыву", "Каралева белых прынцэс", "Мілаградскі конік", "Мая Беларусь".
Па кнізе "Вясёлая азбука" у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры пастаўлены спектакль "Прыгоды ў замку Алфавіт".
Дасканала валодае жанрам казкі, умее натуральна спалучыць казачнае і рэальнае. Вынаходзіць арыгінальныя займальныя сюжэты, гульні, у працэсе якіх малыя вучацца думаць, фантазіяваць, самастойна тварыць, адчуваць прыгожае, "гуляць словам і ў слове".
Разам з жонкай Нінай выхаваў дваіх дзяцей – сына Ігара і дачка Марыну. Растуць унукі Антон, Маша, Толя, якія сталі героямі кніг пісьменніка. Многія творы пісьменніка інсцэніраваны, гучалі па радыё.
Творы У.С. Ліпскага змешчаны ў шматлікіх калектыўных зборніках, школьных падручніках, перакладаліся на рускую, украінскую, літоўскую інямецкую мовы.
Ліпскі, У. С. Азбука жыцця : кніга для дзяцей / Уладзімір Ліпскі ; [ілюстрацыі: А. А. Доля, Н. А. Хромава]. — Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2010. — 207 с.
Новая кніга Уладзіміра Ліпскага адрасавана дзецям розных узростаў. Яна будзе цікавая як малодшым школьнікам, падлеткам, старэйшым вучням, так і настаўнікам, выхавальнікам, бацькам, усім тым, хто працуе з дзецьмі. У простай займальнай форме, з дамашнімі заданнямі, Уладзімір Ліпскі прапануе сваім чытачам здзейсніць творчую вандроўку ў гісторыю нашай Айчыны і ў яе сённяшнюю яву засвоіць складаную і мудрую Азбуку жыцця.
Ліпскі, У. С. Антонік-понік : казкі, апавяданні, аповесць, гулянкі-забаўлянкі, жарты, лічылкі / Уладзімір Ліпскі ; мастак І. У. Ліпскі. — Мінск : Універсітэцкае : 1998. — 54 с.
Жыве ў вялікім горадзе Мінску хлопчык Антонік. Ходзіць у дзіцячы садок, кожны дзень адкрывае нешта новае ў жыцці. Добры. Вясёлы. Кемлівы. Умее задаваць пытанні, глядзець тэлевізар, хадзіць у цырк, гуляць з сястрычкай.
На пытанне, чаго не ўмее, шчыра адказвае: "Жыць без мамы і таты".
А яшчэ Антонік любіць гуляць у словы, рыфмаваць іх, як у вершы. Так і прыдумаў сабе вясёлую мянушку – Понік. Антонік-Понік.
Ліпскі, У. С. Гомельская зямля — Радзіма твая і мая : дзецям пра Гомельшчыну / Уладзімір Ліпскі ; [прадмова А. Карлюкевіча ; мастак В. Дударэнка]. — Мінск : Звязда, 2013. — 254, [1] с.
Кніга Уладзіміра Ліпскага – гэта вандроўка па Гомельшчыне. Разам з пісьменнікам юны чытач пабывае ва ўсіх раёнах гэтага прыгожага кутка беларускага Палесся, пазнаёміцца з іх картамі, гербамі, гісторыяй, людзьмі.
Ліпскі, У. С. Закаханы трэцякласнік : аповесці-казкі / Уладзімір Ліпскі ; мастак Аксана Аракчэева. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2019. — 163, [4] с.
Аповесці-казкі Уладзіміра Ліпскага дапамогуць юным чытачам спазнаць чароўны свет жыцця, а ў ім – няпростыя чалавечыя пачуцці і свае абавязкі перад мамай, татам, Радзімай. Казкі "Закаханы трэцякласнік" і "Дабрадзей для ўсіх дзяцей" нібы на розныя жыццёвыя тэмы, але яны аб'яднаныя агульнай мэтай – узбагаціць душу чытача любоўю, дабрынёй, прагай да адкрыццяў, прыгажосці і разумення ўсёй красы зямнога раю. Пра гэтыя складаныя праблемы аўтар піша займальна, даходліва, як вопытны настаўнік і шматгадовы галоўны рэдактар папулярнага дзіцячага часопіса "Вясёлка".
Липский, В. С. Золотой домик : сказки : [перевод с белорусского языка] / Владимир Липский ; [художник И. В. Липский]. — Минск : Мастацкая літаратура, 2013. —305, [2] с.
В сборник сказок "Золотой домик" лауреата Государственной премии Республики Беларусь писателя Владимира Липского включены лучшие произведения автора: "Приключения Нолика", "Клякса Вакса и Янка из Дивногорска", "Про Андрейку Добрика и Чёртика Дуроника" и др.
Сказки Владимира Липского – живые уроки душевной доброты, любви к природе и людям. Они наполнены жизненным оптимизмом, тонким юмором, вдохновением жить и неустанно открывать, совершенствовать свое "Я". В переводе на русский язык собрание сказок Владимира Липского издается впервые.
Рекомендуется широкому кругу читателей: детям младшего школьного возраста, их родителям и учителям.
Ліпскі, У. С. Мая радзіма : аповесць-споведзь / Уладзімір Ліпскі ; мастак Віталь Дударэнка — Мінск : Выдаведцтва "Адукацыя і выхаванне", 2018. —80 с. : іл.
Аўтар кнігі запрашае юных чытачоў у займальную вандроўку па гісторыі і абшарах Беларусі. Ён шчодра дзеліцца любоўю да роднага краю, да яго слаўных жыхароў і дасягненняў, захапляецца прыгажосцю святынь, роднай мовы і непаўторнасцю жывой прыроды. Усё гэта складаецца ў цудоўны ўзор і становіцца займальным урокам, на якім дзеці вучацца любіць і берагчы Радзіму.
Ліпскі, У. С. Мілаградскі конік : [аповесць] / Уладзімір Ліпскі. — Мінск : Харвест, 2015. — 191 с. — (Бібліятэка дзіцячай літаратуры). — (Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі).
Аўтар кнігі запрашае юных чытачоў у займальную вандроўку па гісторыі і абшарах Беларусі. Ён шчодра дзеліцца любоўю да роднага краю, да яго слаўных жыхароў і дасягненняў, захапляецца прыгажосцю святынь, роднай мовы і непаўторнасцю жывой прыроды. Усё гэта складаецца ў цудоўны ўзор і становіцца займальным урокам, на якім дзеці вучацца любіць і берагчы Радзіму.
Ліпскі, У. Наша Маша / У. Ліпскі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2002. — 70, [1] с.
Забаўлялкі і апавяданкі, былі і небыліцы, казкі і загадкі – для Машы і для ўсіх дзяцей нашых.
Ліпскі, У. Прыгоды Нуліка : аповесць-казка / Ліпскі У. ; мастак І. У. Ліпскі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. — 70 с.
Прыгодніцкая аповесць лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Ліпскага "Прыгоды Нуліка" – кніга для юных чытачоў, іх бацькоў, настаўнікаў, выхавальнікаў, усіх тых, хто рыхтуе нашых дзяцей у вялікі свет жыцця.
Ліпскі, У. С. Сакрэты колераў вясёлкі : апавяданні, казкі, вершы / Уладзімір Ліпскі ; [прадмова Р. Баравіковай]. — Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2014. — 119 с. — (Серыя "Бібліятэка часопіса "Вясёлка"). — (Жывая класіка).
Кніга вядомага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага складзена з твораў, якія друкаваліся ў часопісе "Вясёлка" на працягу больш як сарака гадоў. Невялікія апавяданні і казкі – нібыта яскравыя колеры сапраўднай вясёлкі – увабралі разнастайныя прыгоды і адкрыцці, якімі так насычана жыццё дзяцей.
Разам з героямі кнігі маленькія чытачы пасмяюцца і крышачку пасумуюць, праявяць дабрату, дапытлівасць, кемлівасць, уважлівасць і паслухмянасць – і лепш спазнаюць навакольны свет і сябе.
Ліпскі, У. С. Свіцязанская русалка : нарысы / Уладзімір Ліпскі. — Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009. — 168 с.
"Свіцязанская русалка" – незвычайная кніга для дзяцей пра Бераставіцкі, Навагрудскі, Ашмянскі, Слонімскі і іншыя раёны Гродзенскай вобласці. Такое выданне, дзе прафесійны дзеячы пісьменнік расказвае пра пэўны рэгіён, яго непаўторныя краявіды і гістарычнае мінулае, яго вядомыя помнікі і знакамітых людзей, падрыхтавана ў першыню. Дзеці павінны ведаць гісторыю і сучасную яву сваёй Радзімы. Асабліва актуальна гэта ў Год роднай зямлі.
Ліпскі, У. С. Як Бог стварыў свет : пераказ біблейскіх гісторый / У. С. Ліпскі ; мастак У. С. Пашчасцева. — Мінск : Беларусь, 1993. — 80 с.
Біблія – самая старажытная кніга ў свеце. Давайце і мы, сябры, прачытаем некаторыя біблейскія гісторыі.
Няхай гэта кніга стане вашым найпершым падручнікам пасля Буквара. Зычу вам, каб свяшчэнныя гісторыі сталі для вас добрымі ўрокамі на шляху да разумення мудрай кнігі Бібліі, да ўсведамлення жыццёвых ісцін і пазнання свету, у якім мы жывём.