ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ
Леанід Кірэевіч Левановіч
Леанід Кірэевіч Левановіч (сапраўднае прозвішча Лявонаў) нарадзіўся 14 верасня 1938 года ў сялянскай сям'і, у вёсцы Клеявічы Касцюковіцкага раёна. Служыў на Балтыйскім флоце. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў ва ўстановах культуры Дзяржынскага і Касцюковіцкага раёнаў, у газетах "Знамя юности", "Сельская газета", штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва", часопісах "Нёман", "Полымя", на Беларускім тэлебачанні, у выдавецтве "Мастацкая літаратура".
Упершыню ў друку Л. Левановіч выступіў з апавяданнем "Русакова дарога" ў 1963 г., аднак пэўнае літаратурнае прызнанне спачатку атрымаў як нарысіст, аўтар зборніка "Зялёны трохкутнік" (1973), у якім былі змешчаны нарысы, напісаныя ім у 1968—1970 гг. У 1976 г. выйшла першая мастацкая кніга Л. Левановіча "Мадонна з кветкаю", якая ўключала каля двух дзясяткаў апавяданняў пра нашых сучаснікаў, людзей самых розных прафесій. У сваю другую кнігу "Якар надзеі" (1979) пісьменнік, апрача пяці розна-тэматычных апавяданняў, уключыў аповесць з флоцкага жыцця "Прызнанне", напісаную ў не вельмі частай у беларускай літаратуры эпісталярнай форме. Пасля з'явілася яго аповесць "Валанцёр свабоды", у аснову якой пакладзены пакручасты жыццёвы лёс беларуса Ф. Варанішчы, удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Аргенціне і Іспаніі, руху Супраціўлення ў Францыі. У 1983 г. гэта аповесць разам з некалькімі апавяданнямі выйшла асобным выданнем.
У канцы 1990-х гадоў Л. Левановіч апублікаваў яшчэ два зборнікі "Вяртанне ў радыяцыю" і "Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста". У першым знайшла адлюстраванне тэма Чарнобыля, асабліва балючая для пісьменніка, бо ў зоне радыяцыі апынулася яго родная вёска. Другі зборнік "Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста", апрача аповесці, якая дала яму назву, змясціў некалькі п'ес на тэму калгаснай вёскі і гераічную хроніку "Павел і Хуаніта", адзначаную на конкурсе драматычных твораў "Чалавек і час" прэміяй Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. За гэты зборнік Л. Левановічу ў 1999 г. была прысуджана Літаратурная прэмія імя I. Мележа.
У 2005 г. у свет выйшла яго кніжка "Усмешлівая Амерыка". У яе аўтар уключыў аповеды і эсэ, напісаныя пад уражаннем наведвання Амерыкі, Парыжа, якія важка дапаўняў "Бостанскі дзённік", а таксама апавяданні розных гадоў, эсэ пра выдатных беларусаў, цыкл аповесцей-былей, прысвечаных нашым землякам, якія жывуць за мяжой.
У творчасці Л. Левановіча асабліва вылучаецца эпічны цыкл, працу над якім ён распачаў яшчэ ў 1976 г. У выніку з'явіліся раманы "Шчыглы" (1986), "Паводка сярод зімы" (1989), "Дзікая ружа" (1993), "Сіняе лета" (1998), "Бесядзь цячэ ў акіян" (2003, адзначана прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў 2005 г.), "Палыновы вецер" (2006). У цэнтры эпапеі лёс вялікай сям'і Сахутаў, знаёмае да дробязей жыццё роднага Прыбяседдзя ў розныя гістарычныя моманты: у час фашысцкай акупацыі ("Шчыглы"), у гады пасляваеннага аднаўлення ("Паводка сярод зімы"), у год смерці Сталіна ("Дзікая ружа"), гады хрушчоўскай адлігі, калі адбылася сапраўды эпахальная падзея — палёт чалавека ў космас ("Сіняе лета"); у 80-я гады, якія называюць застойнымі, але і ў якія людзі сябравалі, любілі, выхоўвалі дзяцей, хадзілі на працу, адным словам, проста жылі ("Бесядзь цячэ ў акіян"); і ў 90-я гады, калі многае змянілася не толькі ў палітычным жыцці краіны, але і ў людзях ("Палыновы вецер"). Падзеі твораў разгортваюцца як у глыбінных Хатынічах, так і ў раённым і абласным цэнтрах, у сталіцы. Сярод герояў твораў — вяскоўцы, партыйныя дзеячы, настаўнікі, лесаводы, тэлежурналісты. Пастаянным персанажам усіх раманаў з'яўляецца Андрэй Сахута. У "Шчыглах" ён яшчэ шасцігадовы хлопчык, а пасля падлетак, юнак, які ўступіў у камсамол у дзень смерці Сталіна, стаў камсамольскім лідарам. У 1991 г., пасля путчу ў Маскве, перад ім, сакратаром абкама партыі па ідэалогіі, як і перад іншымі героямі эпапеі, паўстаюць пытанні: "Што далей?", "Як жыць?" і самае балючае — "Чаму рухнула гэткая магутная дзяржава?". У сваіх творах Л. Левановіч не замахваецца на паказ вялікасных гістарычных падзей, але водгулле іх адчуваецца ў кожным творы эпапеі, вызначае лёсы яго герояў. Пісьменнік рэалістычна малюе прыметы часу, робіць нямала штрыхоў, якія праўдзіва адлюстроўваюць рэчаіснасць вызначаных гістарычных перыядаў. Своеасаблівымі дакументальнымі дадаткамі раманаў з'яўляюцца не звязаныя з мастацкім тэкстам, але ўключаныя ў раманную структуру вытрымкі з перапіскі Сталіна, Чэрчыля, Рузвельта, Трумэна, тагачасных паведамленняў ТАСС і БЕЛТА, якія прывязваюць дзеянне твораў да пэўнага часу, пашыраюць іх інфармацыйную прастору.
Творы Л. Левановіча перакладзены на рускую, украінскую, літоўскую, казахскую і таджыцкую мовы.
Леанід Кірэевіч на сёняшні дзень жыве ў вёсцы Пятрылава ў Вілейскі раёне, займаецца пчалярствам, сее грэчку, рапс, дае парады пчалярам у часопісе "Гаспадыня".
Памёр 14 чэрвеня 2021 года.
Ганаровы грамадзянін Касцюковіцкага раёна.
Узнагароды
Грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1998).
Літаратурная прэмія імя Івана Мележа (1999).
Прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры (2005).
Дыплом ІІІ ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу "Лепшы твор 2009 года" за кнігу прозы "Палыновы вецер" (2009).
Яго кнігі
Левановіч, Л. Бесядзь цячэ ў акіян : [раман, апавяданні, абразкі, эсэ] / Леанід Левановіч. — Мінск : Кнігазбор, 2007. — 346 с.
4 кастрычніка 1980 года ў аўтакатастрофе загінуў Пётр Машэраў. Аўтар даводзіць, што гэта было палітычнае забойства. Л. Левановіч апісвае малавядомую сустрэчу чатырох генсекаў: Брэжнева, Чарненкі, Андропава і Гарбачова ў верасні 1978-га на станцыі Мінеральныя Воды. Але "Бесядзь цячэ ў акіян" — гэта не палітычны дэтэктыў. Гэта шматпланавы твор пра жыццё ў 80-я застойныя гады XX стагоддзя. Падзеі адбываюцца ў глыбіннай вёсцы Хатынічы, у раённым цэнтры, у Магілёве і Мінску. Сярод герояў твора — партыйныя функцыянеры, тэлежурналісты, старшыні калгасаў, настаўнікі, лесаводы, паляўнічыя, пчаляры. За раман "Бесядзь цячэ ў акіян", апублікаваны ў часопісе "Полымя", аўтар у 2005 годзе ўганараваны прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
У апавяданнях разнастайныя падзеі нашага жыцця — пахаванне В. Быкава ("Букет валошак"), сустрэча з рэктарам БДУ А. Сеўчанкам ("Канверт"), вясёлая гісторыя пра кабылу Футэрку і яе гаспадара ("Футэрка"). У эсэ "Прызнанне ў любові" аўтар піша пра змаганне Якуба Коласа за родную мову.
Левановіч, Л. Валанцёр свабоды : аповесць і апавяданні / Леанід Левановіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1983. — 287 с.
Аповесць "Валанцёр свабоды" — гэта гераічная старонка жыцця нашага земляка, які ў юныя гады выехаў з Заходняй Беларусі ў Аргенціну, дзе ўступіў у Камуністычную партыю, змагаўся за свабоду рэспубліканскай Іспаніі, актыўна ўдзельнічаў у руху Супраціўлення ў Францыі.
Героі апавяданняў — нашы сучаснікі, людзі розных прафесій, аб'ядноўвае ж іх актыўная жыццёвая пазіцыя, любоў да працы, да прыроды.Левановіч, Л. Вяртанне ў радыяцыю : аповесць, апавяданні, нарысы / Леанід Левановіч ; [мастак К. С. Ракіцкі]. — Мінск : Юнацтва, 1997. — 222 с. : іл.
У кнізе вядомага беларускага пісьменніка Леаніда Левановіча "Вяртанне ў радыяцыю" ўздымаюцца надзённыя праблемы жыцця пасля Чарнобыля. Аўтар сам з адселенай вёскі, сэрцам і душою перажыў чарнобыльскую бяду. Пра гэта яго апавяданні. У іх дзейнічаюць пераважна маладыя людзі, якія сталі перасяленцамі. У аповесці "Узяць пад варту ў зале суда" выкрываюцца праявы духоўнага Чарнобыля.
Левановіч, Л. Дзікая ружа : раман, аповесць, апавяданне, п'есы / Леанід Левановіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. — 335 с.
У кнігу Леаніда Левановіча "Дзікая ружа" ўвайшлі аднайменны раман, аповесць "Восемдзесят восем", апавяданне "Паплавок".
У рамане апісваюцца падзеі, якія адбываліся на Беларусі ў 1953 годзе пасля смерці Сталіна. Аўтар апавядае пра жыццё вяскоўцаў, піша пра малавядомыя пленумы ЦК КПБ: на чэрвеньскім здымалі Патолічава, на ліпеньскім выкрывалі Цанаву.
"Восемдзесят восем" — на мове радыстаў азначае: цалую. Гэта аповесць пра каханне, якое крута мяняе жыццё герояў твора — людзей сталага веку.
Левановіч, Л. Зялёны трохкутнік : нарысы / Леанід Левановіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. — 174 с.
Беларуская бульба, беларускі сад, беларускі мёд — гэта тое, чым спрадвеку славілася наша зямля і пра што мы мала ведаем. У кнізе нарысаў цікава, на багатым фактычным матэрыяле пададзена гісторыя гэтых важных сельскагаспадарчых галін, іх цяперашні стан, тыя праблемы, якія трэба вырашыць, і тыя вялікія перспектывы, якія намечаны на будучае.
Левановіч, Л. Ларыса, альбо Каханне аўтамабіліста : [аповесць] / Леанід Левановіч. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2013. — 440 с. — (Бібліятэка саюза пісьменнікаў Беларусі).
У кнігу "Ларыса, альбо Каханне аўтамабіліста" ўваходзяць некалькі твораў. Да яе можна даць падзагаловак: беларус на сямі вятрах планеты. I насамрэч: "Якар надзеі" — аповесць пра беларуса, марака атамнай падлодкі Паўночнага флоту. Герой эратычна-філасофскай аповесці "Ларыса, альбо Каханне аўтамабіліста" — вучоны-мовазнаўца, заўзяты аўтааматар. Дакументальная аповесць "Зямля і людзі" прысвечана беларусам-цаліннікам.
Левановіч, Л. Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста : аповесць, п'есы / Леанід Левановіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1998. — 256 с.
У зборнік ўваходзяць эратычна-філасофская аповесць "Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста", якая дала назву кнізе, і п'есы.
Герой аповесці — вучоны-філолаг Ісачонак. Няпроста складваўся яго жыццёвы і навуковы лёс. Яго, таленавітага вучонага, абвінавацілі ў нацыяналізме, звольнілі з працы ў Акадэміі навук. Здарылася і горшае — памерла жонка, доўга хварэў сам. На медыцынскай шафёрскай камісіі Ісачонак знаёміцца з урачом Ларысаю, знаёмства перарастае ў моцнае каханне. Ён зноў адчуў смак і радасць жыцця, засеў за доктарскую дысертацыю, зноў змагаецца за беларушчыну.
Псіхачагічная драма "Чабор", п'еса "Пасля разводу" ўздымаюць надзённыя праблемы сучаснасці. Прататыпам галоўнага героя хронікі "Павел і Хуаніта" з'яўляецца наш зямляк Фадзей Варанішча, удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Аргенціне, Іспаніі, руху Супраціўлення ў Францыі.
Левановіч, Л. Мадона з кветкаю : апавяданні / Леанід Левановіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. — 175 с.
Леанід Левановіч — аўтар кніг нарысаў "Гаспадар зямлі" і "Зялёны трохкутнік" — на гэты раз выступае як апавядальнік. Героі яго твораў — нашы сучаснікі, людзі самых розных прафесій. У працы, каханні, адносінах да прыроды раскрываюць яны сваю чалавечую сутнасць, душэўную прыгажосць.
Левановіч, Л. Паводка сярод зімы : раман, апавяданні / Леанід Левановіч ; [мастак В. Ф. Александровіч]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1989. — 397 с. : іл.
Раман "Паводка сярод зімы" апавядае пра цяжкія пасляваенныя гады, гады нястачы, сталінскага дэспатызму. У творы чытач знойдзе знаёмых герояў па рамане "Шчыглы", ёсць і новыя персанажы. Няпроста складваецца іхні лёс. Фінагент Іван Сырадоеў любіць Вольгу, тайна сустракаецца з ёю, але яна гадуе сына, "бязбацькавіча", Іванава маці асуджае Вольгу...
Апавяданні пра нашых сучаснікаў, іхнія клопаты, радасці і спадзяванні.
Левановіч, Л. Палыновы вецер : раман / Леанід Левановіч. — Мінск : Літаратура і мастацтва, 2009. — 222 с.
Леанід Левановіч — вядомы беларускі пісьменнік, аўтар пяці раманаў, звязаных аднымі героямі і месцам дзеяння. "Палыновы вецер" працягвае гэты цыкл, у які ўваходзяць раманы "Шчыглы", "Паводка сярод зімы", "Дзікая ружа", "Сіняе лета", "Бесядзь цячэ ў акіян". У новым рамане расказваецца пра распад СССР і палітычныя падзеі 1980-90-х гадоў, якія аказаліся лёсавызначальнымі для многіх савецкіх людзей, пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС і пра бязмежнае каханне ў радыяцыйнай зоне.
Левановіч, Л. Партызанская мадонна : аповесць, апавяданні / Леанід Левановіч. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2015. — 308 с. — (Дзеці вайны).
У новую кнігу ўвайшлі аповесць "Валанцёр свабоды", апавяданні "Амулет" і "Партызанская мадонна".
Аповесць "Валанцёр свабоды" — гэта гераічная старонка жыцця нашага земляка, які ў маладыя гады паехаў з Заходняй Беларусі ў Аргенціну, дзе ўступіў у Камуністычную партыю, потым ваяваў з фашыстамі ў Іспаніі, актыўны ўдзельнік руху Супраціўлення ў Францыі, праз 17 гадоў вярнуўся на радзіму. Гэта твор пра мужнасць і каханне. Героі апавяданняў — ветэраны вайны, нашы сучаснікі, людзі актыўнай жыцёвай пазіцыі, дзяцінства якіх абпаліла Вялікая Айчынная вайна.
Для шырокага кола чытачоў.
Левановіч, Л. Сіняе лета : раман, апавяданні, эсэ / Леанід Левановіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. — 358 с.
"Сіняе лета" працягвае цыкл раманаў, у які ўваходзяць "Шчыглы", "Паводка сярод зімы", "Дзікая ружа". У гэтым творы апісваюцца падзеі 1961 года, калі ў космас узляцеў Ю. Гагарын, калі нам абяцалі камунізм праз 20 гадоў. Цяпер усе ведаюць, чым скончылася будаўніцтва камунізму. I ў гэтым асаблівы драматызм знешне "ружовага" твора, бо яго героі верылі, хоць і бралі іх сумненні, у рэальнасць новага грамадства. На тое лета выпаў мядовы месяц Андрэя Сахуты і Ады. Іхняму гарачаму каханню прысвечана шмат старонак рамана.
Апавяданні пра нашых сучаснікаў, ветэранаў вайны і працы, пра моладзь, якая шукае шлях у жыццё. Піша аўтар пра сваіх герояў з любоўю і дасціпным гумарам.
Левановіч, Л. Усмешлівая Амерыка : аповесці, апавяданні, эсэ / Леанід Левановіч. — Мінск : Беларускае выдавецкае таварыства "Хата", 2005 . — 206 с.
У новую кнігу вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа Леаніда Левановіча "Усмешлівая Амерыка" ўвайшлі аповеды-былі, апавяданні розных гадоў, эсэ пра выдатных беларусаў. Цыкл аповедаў-быляў прысвечаны нашым землякам, якія жывуць у ЗША. Па-рознаму склаўся іхні лёс, але яны памятаюць сваю Радзіму, сумуюць па ёй, шануюць родную мову.
"Самародак" — такую назву мае эсэ пра выдатнага паэта, празаіка і публіцыста Масея Сяднёва, для якога Амерыка сталася другой радзімай. Эсэ пра слынных беларусаў: Якуба Коласа, Кандрата Крапіву, Аркадзя Куляшова, Аляксея Пысіна. Андрэя Макаёнка, Івана Чыгрынава, рыцара беларускіх прымавак Фёдара Янкоўскага, славутага навукоўца Гаўрылу Гарэцкага, а таксама "Бостанскі дзённік" — хораша і важка дапаўняюць кнігу.
Для масавага чытача.
Левановіч, Л. Шчыглы : раман / Леанід Левановіч ; [мастак В. Ф. Александровіч]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. — 309 с. : іл.
У цэнтры рамана "Шчыглы" — нялёгкі лёс сям'і франтавіка Мацвея Сахуты, яго жонкі Кацярыны, якая гадуе пяцёра дзяцей. Сярод герояў рамана — цікавыя паўнакроўныя вобразы калгаснага брыгадзіра, дырэктара школы, участковага міліцыянера, упаўнаважанага па нарыхтоўках і старшыні райвыканкома. Аўтар паказвае сваіх герояў у працы, у каханні, раскрывае іх духоўны свет, спрабуе асэнсаваць складаны пасляваенны час з вышыні сённяшняга дня.
Левановіч, Л. Якар надзеі : аповесці і апавяданні / Леанід Левановіч ; [мастак А. А. Лапіцкая]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. — 238 с. : іл.
Кнігу Леаніда Левановіча складаюць аповесці "Якар надзеі", "Прызнанне" і апавяданні.
"Якар надзеі" нагадвае сабою своеасаблівую біяграфію пачуццяў, гісторыю аднаго кахання. Закаханыя марак-падводнік Аляксей Гардзіевіч і настаўніца пачатковых класаў Галіна Жданко ў сваіх пісьмах адзін да другога закранаюць розныя праблемы сучаснай школы, службы на флоце і г.д.
Нялёгкім будням у ваенна-марскім флоце прысвечана аповесць "Прызнанне".
Апавяданні пісьменніка пра нашу рэчаіснасць, нашых сучаснікаў.
Дадатковыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці
- Арцем'еў, В. Праўда жыцця ў творах Леаніда Левановіча / Віктар Арцем'еў // Веснік Магілёва. — 2009. — 29 мая. — С. 7.
- Бензярук, Р. Гаспадар зямлі, дзіця прыроды : [пра Леаніда Кірэевіча Левановіча, пісьменніка, ураджэнца в. Клеявічы Касцюковіцкага раёна] / Расціслаў Бензярук // Літаратура і мастацтва. — 2013. — 11 верасня. — С. 8.
- Бугаёў, Д. Дасягнутае і страчанае // Полымя. — 1999. — №1. — С. 219—251.
- Варанько, К. Д. Матэрыял да вывучэння сучаснай беларускай прозы ў ХІ класе : [пра Леаніда Левановіча, беларускага пісьменніка, ураджэнца в. Клеявічы Касцюковіцкага раёна] / К. Д. Варанько // Беларуская мова і літаратура. — 2014. — № 3. — С. 54—55.
- Гнілазуб, В. "На лугах Бесядзі я расцілаў ільняное палатно" : [пра творчасць Леаніда Левановіча, урадж. в. Клеявічы Касцюковіцкага раёна] / Вера Гнілазуб // Белорусская нива. — 2010. — 17 апр. — С. 6.
- Дасаева, Т. М. Горкі водар дзікай ружы : [Леанід Левановіч і яго кніга "Дзікая ружа"] / Т. М. Дасаева // Дасаева, Т. М. Беларуская літаратура XX — пачатку XXI стагоддзя : вучэбны дапаможнік / Т. М. Дасаева. — Мінск, 2016. — С. 183—188.
- Дасаева, Т. М. Праз памяць дзяцінства : [Леанід Левановіч і яго раман "Шчыглы"] / Т. М. Дасаева // Дасаева, Т. М. Беларуская літаратура XX — пачатку XXI стагоддзя : вучэбны дапаможнік / Т. М. Дасаева. — Мінск, 2016. — С. 177—181.
- Дасаева, Т. М. У прадчуванні вясны : [Леанід Левановіч і яго кніга "Паводка сярод зімы"] / Т. М. Дасаева // Дасаева, Т. М. Беларуская літаратура XX — пачатку XXI стагоддзя : вучэбны дапаможнік / Т. М. Дасаева. — Мінск, 2016. — С. 181—183.
- Крыскавец, Я. Сага Леаніда Левановіча // Могилевская правда. — 2003. — 12 сентября. — С. 16.
- Левановіч, Л. Дзе мой край... / Леанід Левановіч // Маладосць. — 2015. — № 9. — С. 68—85.
- Левановіч, Л. К. Жыць у суладдзі з прыродай / Леанід Кірэевіч Левановіч // З росных сцяжын: аўтабіяграфіі пісьменнікаў Беларусі/ уклад. Мікола Мінзер. — Мінск, 2009. — С. 196—199.
- Палякова, Г. Тры аповесці : [пра кнігу Леаніда Левановіча "Ларыса, альбо каханне аўтамабіліста", урадж. в. Клеявічы Касцюковіцкага раёна] / Ганна Палякова // Літаратура і мастацтва. — 2013. — 27 верасня. — С. 9.
- Рагуля, А. У. Леанід Левановіч : [беларускі пісьменнік, ураджэнец в. Клеявічы Касцюковіцкага раёна] / Т. І. Шамякіна // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : у 4 т. / навуковы рэдактар У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук. — Мінск, 2015. — Т. 4., Кн. 3. — С. 544—571.
- Рагуля, А. Плынь : [карціна нац. быцця ў раманах Леаніда Леановіча, пісьменніка, урадж. в. Клеявічы Касцюковіцкага раёна] / Аляксей Рагуля // Полымя. — 2013. — № 2. — С. 148—164 ; № 3. — С. 154—164.
- Саверчанка, І. Хронікі адной трагедыі : [пра новы раман-хроніку Л. Левановіча "Палыновы вецер", пісьменніка, ураджэнца Касцюковіцкага раёна] / Іван Саверчанка // Літаратура і мастацтва. — 2015. — 20 сакавіка. — С. 7.
- Шэрая, Р. На цаліну... з падводнай лодкі : [рэцэнзія на кнігу Л. Левановіча "Ларыса, альбо Каханне аўтамабіліста", пісьменніка, ураджэнца Касцюковіцкага раёна] / Роза Шэрая // Літаратура і мастацтва. — 2014. — 2 ліпеня. — С. 10.