Да 140-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа аддзел беларускай і краязнаўчай літаратуры прапануе ўвазе карыстальнікаў віртуальную выставу "Янка Купала і Якуб Колас у творчасці пісьменнікаў Магілёўшчыны" з мэтай адлюстравання сувязі народных пісьменнікаў з літаратурным жыццём краю.
Выстава складаецца з трох раздзелаў: "Вершы, прысвечаныя Я. Купалу і Я. Коласу", "Зборнікі паэзіі з вершамі пра Я. Купалу і Я. Коласа", "Літаратуразнаўцы-магілёўцы аб творчасці Я. Коласа і Я. Купалы".
Выстава адрасавана шырокаму колу карыстальнікаў: літаратарам, настаўнікам, краязнаўцам, навучэнцам, а таксама бібліятэкарам для падрыхтоўкі масавых мерапрыемстваў, кніжных выстаў.

Выбярыце раздзел:

Тэксты вершаў, прысвечаныя Я. Купалу і Я. Коласу

На выставе прадстаўлены вершы, прысвечаныя Я. Купалу і Я. Коласу з кніжных фондаў УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".

 

Мікола Аўрамчык

Вянкі Янку Купалу

Вайна.
Суровае цяжкое лета.
Па вуліцах Масквы плывуць вянкі.
Праводзячы ў апошні шлях паэта,
Вянок яму прынеслі землякі.
I мо таму,
што ў час той на палетках
Над Нёманам і над Беразіной
Прагорклі дымам і пажоўклі кветкі,
Палітыя слязамі і крывёй;
Ці мо таму,
што марш гучаў жалобны,
Кранаў да слёз і затуманьваў зрок,—
Пабляклым і да іншых ненадобным
Здаваўся нам принесены вянок.
Здавалася тады, чаго ён варт быў,
Хіба ж ён мог раптоўна зацвісці
Вясёлкавымі колерамі фарбаў,
Што ўмеў для песень ты знайсці ў жыцці?
«Не,
толькі не жалобнымі вянкамі
На вызваленай
дарагой зямлі
Свайго паэта мы ўшануем памяць»,—
Маўкліва клятву землякі далі.
А час настаў —
і клятву кожны здзейсніў
Мы слову нашаму гаспадары...
Кладуць вянкі духмяных зрубаў цеслі,
Вянкі падмуркаў новых —
муляры.
Навокала пасёлкаў прамысловых,
Адбудаваных сёл і гарадоў
Паклалі мы вянкі палёў жытнёвых,
Вянкі калгасных маладых садоў.

1952 г.

 

Васіль Карпечанка

Наш Купала

А хто там ідзе, а хто там ідзе
З усімі людзьмі ў адной грамадзе?
— Наш Купала.
А хто такі ён, а хто такі ён,
Што знае яго не адзін мільён?
— Волат слова.
А чаму ж, чаму ён вялікім стаў,
Загрымеў, як гром, зазвінеў, як сталь?
— Зваў з зняволі.
А каго ж, каго ён з няволі зваў,
А каму ж, каму ён долі жадаў?
— Беларусам.
А чаго ж, чаго гэтак прагнуў ён
Усё жыццё сваё да апошніх дзён?
— Людзям шчасця.

 

Вера Бруева

Сустрэча з Купалам

"Я не для вас, паны, о не!" —
Радкі знаёмыя чытаю,
I штосьці робіцца ўва мне,
Я думкі-мроі ў свет пускаю...
Купалу Янку сустракаю,
Калі ля Вязынкі хаджу,
Купальскі карагод я з ім ваджу
I пра жыццё-быццё пытаю.
Пра што спяваў і што ён сніў —
Вядома ж, сны аб Беларусі!
Пра што ён марыў, чым ён жыў,
Пра што крычаць трывожна гусі.
Мяне паслухае паэт,
"Запомні, — скажа, — маё слова:
Зямля — адзіны запавет,
Усіх асноў тваіх аснова.
Старонкай роднай і я жыў,
Бярог няскоранае слова.
Шчаслівы гэтай верай быў —
Жыць будзе вечна наша мова".
Ён кветку-папараць расціў,
Пачуццяў разбудзіўшы згукі,
I спадчыну, якою жыў,
Аддаў надзейна ў мае рукі.

 

Павел Пруднікаў

Песні Купалы

У купальскую ноч на ўзбярэжжы Астра,
Шэсць дзесяткаў назад ці мо болей,
Першы раз я пачуў над ракой, ля кастра
Песні —
заклік змагацца за волю.

Іх спявалі дзяўчаты натхнёна, з душой,
Ім падцягвалі хлопцы басіста,
Мне здалося, што я кветку шчасця знайшоў
Пад напеў задушэўна-ўрачысты.

Гэта песні былі, як жывыя радкі,
Незабыўнага Янкі Купалы.
У іх чулася поле, заводаў гудкі
I туга, што на сэрца апала.

Раздалося, як рэха: "А хто там ідзе?"
I адразу ж тут — "Явар з Калінай"...
Гукі слоў паплылі па крыштальнай вадзе,
Па-над гаем густым, салаўіным!..

Мне здалося тады, што ўбачыў я сон,
Што было гэта ўсё не наяве.
Я сябе правяраў, можа, дзесяць разоў
I шаптаў, як Каліна, як Явар.

З той далёкай начы палюбіў назаўжды
Я цудоўныя песні Купалы.
Нібы ў рэках вада, праплываюць гады,
А любоў не астыла, не ўпала!

                 

Сяргей Грахоўскі

Помнік Янку Купалу ў Ароў-парку

Ну, як вам там за акіянам?
Ці не забылі землякі,
Як дома некалі на Яна
Пускалі па рацэ вянкі,

Ці не забылі нашы песні
I луг у росным серабры?
А ўспомняць — маці уваскрэсне
З сярпом на жнівеньскай зары.

Вы ім паціху раскажыце,
А хто там і куды ідзе,
Як перапёлка плача ў жыце,
Што птушанят няма ў гняздзе.

Што вам за акіянам сніцца,
Калі трывожна, з-пад рукі
Глядзяць, прыйшоўшы пакланіппа
Вам безрадзімцы-землякі?

1980 г.

 

Леанід Дайнека

Зямля Купалы

Тут Ён прайшоў.
Тут промні скачуць
На хвалях рэк. Цвітуць сады.
Няма слядоў.
Ды сэрца бачыць
Паэта вечныя сляды.

Пясок жаўтлявы. Пыл дарожны.
Сустрэчны вецер. Дождж і золь.
Зямля, прайсціся асцярожна
Па гэтых сцежках нам дазволь!
Нашэпча сонечныя словы,
Змарнеламу акрыліць дух
Дарога ручаёў вясновых,
Дарога зімніх завірух.

Маланка ў дуб з нябёсаў цэліць,
Рыхтуе свой агністы ўдар.
Тут Ён прайшоў.
Іван Луцэвіч.
Купала. Песні валадар.

I ў лузе плакала жалейка.
I на знядоленай зямлі
Драўляны век і век жалезны
Адною каляёй ішлі.

У сіле гордай і ў бяссіллі,
З кіёчкам простым у руках,
Па песню людзі тут хадзілі,
Ды песні Ён акрэсліў шлях.

Сцяжынкамі і балынакамі
Ён крочыў праз імглу гадоў.
Ён песні крылы даў і памяць,
Каб помніла сваё гняздо.

Паклон табе, зямля Купалы!
Хай паліць сэрца твой агонь:
Зялёны ліст і ліст апалы.
Ручай.
На лузе вольны белы конь.

Пакрыўджаная ветрам ліпа.
Туману ціхі табунок.
I навальніца, што гняўліва
Маланкай жыхкае здалёк.

Паклон табе, зямля Купалы!
I радасць ты, і светлы сум.
Зямля вячыстая, як мала
Мы ведаем тваю красу...

Зямля Купалы... Зоркі ў высях...
Хто духам, сэрцам малады,
Ідзі па ёй.
I апячыся
Аб нашых прадзедаў сляды.

I, нібы кропля акіяну,
Аддай усю сваю любоў
Зямлі адважных партызанаў,
Зямлі адважных песняроў.

Будзь сынам ёй, надзейным сынам.
Хай боль яе табе баліць.
...А ў лузе млее канюшына.
I просіць кнігаўка папіць.

I так прывольна, так прасторна!
Лье сонца чырвань на палі.
Здаецца, раздзімаюць горны
За небасхілам кавалі.

I замірае спелы колас.
I хлебароднаю парой
Гучыць, ляціць Купалаў голас
Над гэтай вечнаю зямлёй.

 

Аляксей Пысін

Да партрэта Янкі Купалы

Між самых крэўных, самых блізкіх
Яго партрэт, знаёмы ўсім.
I дзеці з самае калыскі
Паэта прызнаюць сваім.
Такім і быў ён... Задуменны,
Даступны і негаваркі;
Ўвайшоў у дом, у круг сямейны,
Як уваходзяць сваякі.

1964 г.

 

Міхась Стральцоў

Жалейка

У Анны у Анрэеўны Ахматавай
Ёсць невялічкі вершык — ён пра тое,
Як Муза ёй з’явілася аднойчы
У пастушковых строях і з жалейкай.
— Скажы, ці ты калісьці дыктавала
Старонкі "Пекла" Дантэ? Адкажы! —
Так запытала Музу паэтэса.
Ёй сціпла адказала Муза: "Я".

А сына Дамініка Янука,
Якога сёння мы завём Купалам,
Натоўп аднойчы пераняў дарогай —
Галодны, босы, у падраных світках.
Сын Дамінікаў запытацца мусіў,
Хто вы, маўляў, адкуль і хочаце чаго вы?
I адказаў натоўп той:
— Беларусы!..

Ён блаславіў іх, а натоўп яму
Аддаў у рукі верную жалейку.

 

Пятро Прыходзька

У Вянок Янку Купалу

Шкада, што вельмі-вельмі рана
Купала наш пакінуў нас.
О, як бы са свайго Кургана
Ён сённяшні разгледзеў час!

Прыйшоў бы ўранку да суседа,
Да сябра — Коласа свайго,—
I пацякла б у іх бяседа —
Як зла пазбавіцца ўсяго.

Нам падказалі б мудрым словам
Яны, як жыць і што рабіць,
Каб беларусы роднай мовы
Ніколі не маглі забыць.

Але прарокаў галасамі
Сябе нам не засцерагчы.
Павінны ведаць добра самі,
Як запаліць святло ўначы.

I не ўрачыстыя парады
У гэты час патрэбны нам,
Мы хочам той быць вестцы рады,
Што плен нясе палям, лясам,—

Каб на шляху, што самі торым,
Не замятаў віхор слядоў.
Хай прыйдзе мудры той гісторык,
Што адрадзіць нас можа зноў!

Мы ведаем свайго Купалу —
Яго нас слова ўдаль вядзе,
Каб з гартам творчага запалу
Далі мы бой любой бядзе!

27 чэрвеня 2000 г.

 
 

Кастусь Кірэенка

Якубу Коласу

(Да сямідзесяцігоддзя з дня нараджэння)

І

ў дні, калі раслі,—
За партай школы,
I ў дні, калі ў баях
Прайшлі паўсвета,—
Заўсёды з намі
Быў наш родны Колас,
Гучаў нам голас
Друга і паэта.
Гады мінаюць,
Новыя выходзяць
На шлях жыцця
Юнацкія калоны.
I песняй,
Песняй Коласа ў народзе
Яны ўсё так жа
Юна акрылёны.
Бо ў ёй —
Вясна надзей, краса Айчыны.
I ёй таму і быць
Праз дні і годы —
Нязгаснай,
Як юнацтва успаміны,
Нястомнай
І даходлівай заўсёды.
Жыві ж і не старэй,
Паэт любімы,
Ты сярод нас
I ў будняў дні і ў святы,
Як песня
Маці ласкавай — Радзімы,
Як голас
Маладосці непачатай!

1952 г.

 

Мікола Аўрамчык

У доме Якуба Коласа

Здаецца нават,
што дзвярны праём тут павузеў,
Калі цяпер
сюды ўваходзіш са двара...
Я не прывыкну ўсё ніяк,
што тут цяпер музей
I што самога тут няма гаспадара.
А помніце, сябры,
як некалі ў спякотны дзень
Сюды мы ў госці ім запрошаны былі,
Як бедаваў тады паэт,
што зноў стаіць сухмень,
Што нівы нават ні расінкі не пілі?
Прайшлі дажджы...
З двара чуваць людскія галасы..
Як быццам выйшаў ён падыхаць водарам сасны
Палюбавацца,
як закрасавалі каласы
Ім вырашчанага гатунку збажыны.
Барометр на стале
прарочыць ясны дзень з начы...
Ліст недапісан ім...
Я ў сэрцы ўсё збярог,
Як той юнак,
якому жураўліныя ключы
Ён уручыў
і жураўлінае пяро.

1962 г.

 

Вольга Кубека

Якубу Коласу

Я чую здалёку твой голас
I вобраз твой бачу ў прасторы.
Вітаю цябе, Якуб Колас,
Ў сваей роднай мове:
"Дзень добры!"

З табой вучу роднае слова,
Павазе да продкаў вучуся.
Гучыць цяпер нашая мова
Вальней у маёй Беларусі.

Твае вершы блізкімі сталі,
Як першыя кветкі вясною.
I я ганаруся, што мае
Радзіма такіх сыноў!

 

Сяргей Грахоўскі

Песня будзе жыць

Памяці Якуба Коласа

Сягоння журацца бары на Беларусі,
Прыбіты сцежкі кроплямі расы,
Замоўкла песня на шырокім лузе,
I падаюць на пожню каласы.

Над Нёманам схіліліся рабіны,
Маўчаць над Сожам пушчы і сады.
Мой родны кут, якога сына,
Якога друга страціў ты!

Маўчаць палі у кроплях буйных рос,
Маўчаць бары, а сэрца плача ўголас.
Мой родны кут, упаў буйнейшы колас,
Што на тваёй зямлі узрос.

Ён не паспеў аб нашым слаўным часе
Ўсяго сказаць, усіх паэм злажыць.
Пайшоў пясняр, а песня засталася,
Памёр паэт, а песня будзе жыць.

1956 г.

 

Павел Пруднікаў

У музей да Коласа

Дзядзька Колас,
мабыць, не чакалі?..
Дык даруйце, што турбую Вас.
Пільна трэба: хутка уцякае
Быстрацечны, апантаны час.

Я прыйшоў не так сабе —
на споведзь,
Як і сорак год таму назад.
Вашы думы, — што разлогі поля,
Вашы мары, — што вянок прысад.

Прычыняю — каб не скрыпнуць! —
дзверы,
Каб без гуку у музей ступіць.
Я прывык у Вашу шчырасць верыць,
А яе за грошы не купіць.

Некалі давалі блаславенне
I маёй шукаючай душы.
Некалі казалі, каб сумленна
Змог і дзень я і ўвесь век пражыць.

Як жа зноў мне домік не наведаць,
Не пачуць душою Вашых слоў?!
Не ішоў сюды я даўнім следам,—
Пачуццё на крылах прынясло.

 

Пятро Прыходзька

Плошча Якуба Коласа ў Мінску

Бяроз гурба з вятрамі ў згодзе
Нясе зямлі святло прысад,
Пераступаюць праз стагоддзе
За лістападам лістапад.

Дарогі вечнасцю пыляцца
Пад ценямі ў наплыве хмар.
А між дарог на ўскраі пляца
Прысеў на камені пясняр.

Задумліва іскрацца вочы,
Ўглядаецца ў зямлі абсяг.
Імя яго — ў шырокай плошчы
I вуліцы дало працяг.

Над гэтай плошчай зоркі ў Мінску
I ноччу свецяцца і днём.
Сюды здалёку мы і зблізку
Да Бацькі Коласа ідзём.

З нябёсаў сыпле жменькі росаў
Мядзведзіца сваім каўшом.
А Колас бытта між пракосаў
Гамоніць з дзедам Талашом.

Сымон-музыка любай Ганцы
Свет развінае ўвесь смычком,
I скульптар іх, як на палянцы,
Распалажыў усіх радком.

Фантанамі рака жывая
З зямлі струменіць да галля.
Паэт усё тут заўважае,
Як, чым жыве яго зямля.

Ён на вякі з зямлёй сваёю
З’яднаў жыццё і творчы лёс.
I не развітваўся ён з ёю
Тут пад сінечаю нябёс.

Глядзіць, як зранку безупынку
Да Камароўкі люд імкне,
Як сала, бульба там на рынку
Пераклікаюцца ў цане.

Народ тутэйшы і не мінскі
Прымерваецца да казны.
Ў руках звіняць гаршкі і міскі
I просяць большае цаны...

Жыццё ж вялікае пражыта —
Паэт шмат зведаў на вяку:
Сам па сялянскай звычцы жыта
Ён сеяў у сваім садку.

Пасля, як ніўка даспявае, —
Зярнятку кожнаму быў рад.
О, як сягоння не хапае
Яго заўваг нам і парад!

Але спытайце вы ў паэта:
— Наш Бацька Колас, як Вам тут?
I ён адкажа:
— Плошча гэта —
Цяпер мой родны, мілы кут.

1980—1991 г.

 

Іван Чыгрынаў

З песняй Якуба Коласа

З той самай часіны,
Як з кнігай спазнаўся,
Я з песняю Коласа не разлучаўся,
Бо ў ёй пазнаваў дарагую краіну,
Калгасныя вёскі, лугі і палі,
На Волзе вялікай плаціны,
Багацці савецкай зямлі.
I з песнямі тымі, што сёння спяваюць,
Хто ўзняўся за мір на планеце усёй,
Я чую — і Коласа песні лунаюць
Горнам прызыўным над роднай зямлёй.

1952 г.

 

Васіль Матэвушаў

Прызнанне Якубу Коласу

Мне песень
Не злічыць крылатых,
Што выраслі
З тваіх зярнятаў.
Я чую іх
Над родным Мінскам,
I з вуснаў маці
Над калыскай,
У сенакос
Над росным лугам,
У тундры
За Палярным кругам,
У стэпе,
Ля дубкоў вясёлых
Іх не ўціхае
Звонкі голас.
I ад душы,
Як прывітанне,
Прымі, паэт,
Маё прызнанне:
Хай сотні год
Твой спеў шчаслівы
Гучыць
З літаратурнай нівы.

1952 г.

 

Сцяпан Гаўрусёў

Ля труны паэта

Схіляючы галовы свае ў скрусе,
Праходзяць несупынна ля труны
Сыны і дочкі роднай Беларусі —
Апошні раз паклон аддаць зямны.

Стаяць сябры на варце ганаровай.
Вянкі праносяць.
I на нейкі міг
Чуваць у зале шум лясоў хваёвых
I свежы водар кветак палявых.

Не, не вянкі жалобныя наўкола —
Зямля, што Вас узгадавала, Колас,
I матчыным ўспаіла малаком, —
Не ў чорным крэпе,
а ў агнях вясёлак
Ляжыць жывым, квітнеючым вянком.

1956 г.