Выбярыце раздзел:

Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў
6 лютага 1914 — 4 лютага 1978

Куляшоў Аркадзь Аляксандравіч [псеўданім: Амсціслаўцы (з Ю. Таўбіным), Аркадзь Дуда, Аркадзь Жытнёвы, Апанас Казарлюга, Язэп Качкін (з З. Астапенкам і Ю. Таўбіным), Мсціслаўцы (з З. Астапенка, Ю. Таўбіным)].
Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 6.02.1914 г. (24.01.1914) у вёсцы Саматэвічы Клімавіцкага павету Магілёўскай губерніі, цяпер Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
З сям'і вясковых настаўнікаў. Бацька, Аляксандр Мікалаевіч, у маладосці некаторы час жыў у Маскве, дзе спяваў у народнай оперы. Пявунняй была і маці, Кацярына Фамінічна Ратабыльская. Іх схільнасць да спеваў, музыкі слова перадаліся А. Куляшову, што было немала важным у станаўленні яго як паэта. Бацькі да пенсіі працавалі настаўнікамі ў родных мясцінах. У час вайны знаходзіліся на часова акупіраванай тэрыторыі ў г.п. Хоцімск. Бацька на працягу 6 тыдняў працаваў у камендатуры, куды быў завочна абраны насельніцтвам. Пасля арышту гестапа знаходзіўся ў канцлагерах Германіі. Памёр ён у 1977 г. (дарэчы, сын перажыў яго толькі на 3 месяцы), маці — у 1988 г.


А. Куляшоў - выпускнік Саматэвіцкай сямігодкі. 1928 г.

З 1921 г. А. Куляшоў вучыўся ў Саматэвіцкай сямігодцы, пасля сканчэння якой у 1928 г. паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. Там склалася ў той час група таленавітых пачынаючых пісьменнікаў, сярод якіх вылучаліся З. Астапенка і Ю. Таўбін, падавала надзеі Г. Сапрыка. Сяброўства з імі дабратворна ўплывала на развіццё паэтычнага таленту А. Куляшова. У 1930 г. ён пераехаў у Мінск, дзе працягваў вучобу на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута (1931-33г). З'яўляўся членам БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты "Чырвоная змена", на Беларускім радыё (1934-36), быў літкансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР (1936-37, разам з К. Чорным).

А. Куляшоў часта наведваў родныя мясціны, што давала яму дадатковы стымул для творчасці. Вайна застала А. Куляшова ў чарговым адпачынку на Хоцімшчыне. Калі вярнуўся ў Мінск, сям'і ўжо не застаў. 24 чэрвеня пакінуў ахоплены пажарам горад, быў скіраваны ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам. З ліпеня 1941 г. працаваў у армейскай газеце "Знамя Советов". Вялікай папулярнасцю карысталіся яго вершы і гумарыстычная байка пра байца Аляксея Пятрова, напісаныя на рускай мове разам з І. Чэкіным. Напісаў "баявы гімн" 11 арміі, "Песня нашага злучэння" (Музыка М. Смузікава). Са снежня 1943 г. і да вызвалення Беларусі А. Куляшоў працаваў у Беларускім штабе партызанскага руху. У 1945-46 гг. — рэдактар газеты "Літаратура і мастацтва". Гэта быў адказны перыяд у развіцці беларускай літаратуры, калі рабіліся першыя спробы пераглядзець вульгарызатарскія ацэнкі асобных мастацкіх твораў. Працяглы час А. Куляшоў знаходзіўся на творчай рабоце. У 1958-67 гг. працаваў начальнікам сцэнарнага аддзела, потым галоўным рэдактарам на кінастудыі "Беларусьфільм". Напісаў (сумесна з А. Кучарам) сцэнарый фільма "Чырвонае лісце", які атрымаў высокую ацэнку гледачоў і кіназнаўцаў. У сааўтарстве з М. Лужаніным стварыў сцэнарыі кінафільмаў "Першыя выпрабаванні" (паводле трылогіі Я. Коласа "На ростанях") і "Запомні гэты дзень" (аб Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі). З 1967 г. ён зноў на творчай рабоце. З 1974 г. персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння. Працаваў Аркадзь Аляксандравіч да апошняга. Не стала А. Куляшова 4 лютага 1978 года ў нясвіжскім санаторыі, дзе ён адпачываў, а пад вершам "Карусель" значыцца памета: "3-га лютага".

Беларуская, уся шматнацыянаьная савецкая літаратура панесла цяжкую страту: памёр паэт, чыя шматгадовая творчая дзейнасць – узор служэння народу. Лепшыя творы Куляшова – класіка беларускай савецкай літаратуры.
А. Куляшоў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, многімі медалямі. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 2-9 склікання. Яго імя прысвоена Магілёўскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту, дзе перыядычна (з 1984), адзін раз у 5 гадоў праводзяцца рэспубліканскія Куляшоўскія чытанні, а таксама Саматэвіцкай сярэдняй школе Касцюковіцкага раёна, адной са школ у Мінску, вуліцам у Мінску, Могілеве і Касцюковічах. У Мінску на доме № 7 па вул. Я. Купалы, дзе жыў паэт апошнія гады, устаноўлена мемарыяльная дошка, на магіле — помнік работы І. Міско і І. Мурамцава. З 1979 г. за лепшыя паэтычныя і драматычныя творы прысуджаецца прэмія імя А. Куляшова Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пра А. Куляшова створаны дакументальны фільм "Край крынічны" (1972).

Паэтычны талент А. Куляшова абудзіўся рана. Першыя вершы А. Куляшоў пісаў на рускай мове з шасцігадовага ўзросту. У 1926 г. у Клімавіцкай акруговай газеце "Наш працаўнік" з'явіўся ў друку яго верш на беларускай мове "Ты мой брат" (будучы паэт вучыўся тады ў шостым класе Саматэвіцкай сямігодкі). У наступныя гады яго творы змяшчаліся ў часопісах "Чырвоны сейбіт", "Маладняк", "Полымя", газеце "Чырвоная змена", а ў 1930 г. Белдзяржвыдавецтва выпусціла першы зборнік яго вершаў "Росквіт зямлі". Усім вядома песня І. Лучанка "Алеся", у аснову якой пакладзены верш А. Куляшова "Бывай...''. Ён напісаны ў 1928 г. чатырнаццацігадовым юнаком.

Творчасць А. Куляшова 20-30-х гадоў мае некалькі выразных этапаў, якія сведчаць пра інтэнсіўнасць фарміравання і развіцця асобы паэта. Спачатку поруч з вучнёўскімі, крыху дэкларацыйнымі вершамі сустракаліся і такія, што сведчылі пра "напружанае асваенне паэтычнай культуры, засяроджанасць і інтэнсіўнасць унутранай працы душы" (В. Бечык). Першы этап творчасці А. Куляшова завяршыўся зборнікам вершаў "Медзі дождж" і паэмай "Аманал". Я. Колас пісаў, што паэт "ідзе нейкім новым, сваім шляхам, шукае новых сродкаў для рэалізацыі сваіх творчых замыслаў". Цыкл вершаў "Сонечнае заўтра", паэмы "Аманал", "Гарбун" ("Антон Шандабыла") неслі ў сабе значны філасофска-эстэтычны патэнцыял для далейшага росту паэта. Крытыкі і калегі адзінадушна прызнавалі поспех А. Куляшова, але яго самога напісанае не задавальняла. Таму, паводле слоў паэта, ён усё часцей і часцей звяртаўся да крыніц народнай творчасці, да твораў Я. Купалы і Я. Коласа, Пушкіна і Някрасава. Штуршком для новых пошукаў паслужыла з'яўленне паэмы А. Твардоўскага "Краіна Муравія". З таго часу ўзмацнілася і сяброўства паэтаў. Канец 30-х гадоў — сапраўдны ўзлёт творчасці А.Куляшова. Паэтычны цыкл "Юнацкі свет", іншыя вершы і паэмы сведчылі аб завяршэнні фарміравання яго творчай індывідуальнасці.


А. Куляшоў. 1952 г.

А. Куляшоў востра перажываў трагедыю першых дзен Вялікай Айчыннай вайны. 24 чэрвеня ен пакінуў разбураны Мінск, пяшком прайшоў "горкі шлях" да Оршы, а ў Калініне добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. На старонках франтавога друку паэт расказваў пра суровую праўду змагання з фашысцкімі вылюдкамі, пра мужнасць і стойкасць байца-камсамольца на Бранскім фронце, якога фашысты на марозе аблілі вадой, пра безыменнага мінаметчыка, які на сваім участку стрымліваў наступленне фашысцкай дывізіі "Дзень на перадавой, вечар у дарозе, ноч у зямлянцы, дзе пры цьмяным святле газоўкі пісаліся вершы, нарысы, артыкулы, заметкі. А раніцою ўсе гэта ўжо чыталася ў палках і на батарэях" - так пісаў пра работу франтавога журналіста рускі паэт Аляксей Суркоў. Так праходзілі на фронце дні і ночы і ў Аркадзя Куляшова. Ва ўмовах франтавога жыцця А. Куляшоў здолеў напісаць выдатныя мастацкія творы за незвычайна кароткі час. У жніўні 1942 г. ен напісаў паэму "Сцяг брыгады" - кнігу пра байца, які зведаў горыч разгрому брыгады, страту баявых сяброў, але выйшаў з варожага акружэння разам з параніным камісарам. У паэме "Дом №24", напісанай таксама ў гады вайны, А. Куляшоў расказаў пра абуджэнне жыцця на папялішчах вайны, пра вяртанне да жыцця чалавечых душ, спапяленых вайной. Назаўжды ў народнай памяці застануцца героі напісаных А. Куляшовым у гады вайны балад — дзеці і сястра камандзіра партызанскай брыгады Міная Шмырова, расстраляныя фашыстамі, мужныя беларускія дзяўчаты, якіх фашысты вывезлі ў Германію, але не змаглі зламаць духоўна. Пра гэта Аркадзь Куляшоў расказаў у такіх творах, як "Балада аб чатырох заложніках", "Камсамольскі білет", "Ліст з палону", "Над брацкай магілай". Гэтыя творы ў гады вайны не толькі гаварылі суровую праўду пра пакуты і мужнасць нашага народа — яны былі і застаюцца крыніцай духоўнай сілы чалавека.

Паэзія А. Куляшова пасляваеннага дзесяцігоддзя развівалася ў рэчышчы тагачаснага літаратурнага працэсу, але і тады яна вызначалася інтэлектуалізмам, які разам з палкім грамадзянскім пафасам выдзяляў яе з агульнага патоку. А. Куляшову належала першынство ў выяўленні адчуванняў чалавека, які вяртаецца на Зямлю пасля касмічнага палёту. Вершы яго станавіліся ўсеахопнымі, напаўняліся грамадскай думкай і ў той жа час былі канкрэтнымі. "Новая кніга" А. Куляшова — гэта выхад ўсёй беларускай паэзіі на вышэйшыя рубяжы.
У 60—70-я гады яшчэ больш узрасла філасафічнасць яго паэзіі. Праблемы вайны і міру, існавання чалавецтва, захавання планеты ад глабальнага знішчэння, недапушчальнасць нарушэння норм жыцця характэрны, напрыклад, для філасофскіх твораў "Цунамі", "Маналог". У паэме "Варшаўскі шлях" праз асэнсаванне жыццёвага і творчага шляху паэта А. Твардоўскага па-майстэрску паказана атмасфера грамадскага жыцця, роля асобы паэта ў грамадстве. Драматычная паэма "Хамуціус" уваскрашала вобраз рэвалюцыянера-дэмакрата Кастуся Каліноўскага, пацвярджала пераемнасць гістарычных падзей, паядноўвала наша мінулае з сучаснасцю.

Вядомы А. Куляшоў і як перакладчык. Яшчэ ў 1930-я гады ён узнавіў на беларускай мове асобныя творы А. Пушкіна. Пазней перакладаў творы М. Лермантава, паэмы "Энеіда" І. Катлярэўскага, "Спеў аб Гаяваце" Г. Лангфела і інш. Выступаў ён з крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі.

Творы А. Куляшова перакладаліся на многія замежныя мовы. На словы паэта кампазітары (І. Лучанок, І. Любан, А. Фляркоўскі і інш.) напісалі музыку. Надзвычай папулярнымі сталі песні "Алеся", "Згадай усё...".


Крыніца:

Гурская, А. С. Куляшоў Аркадзь / А. С. Гурская,  Я. І. Клімуць // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 3. Івашын – Кучар / Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН Рэспублікі Беларусь ; Беларуская энцыклапедыя ; пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса. — Мінск, 1994. — С. 459—460.

 

Інтэрнэт-рэсурсы


 

Паэтычная старонка Аркадзя Куляшова

На сайце Вы можаце знайсці біяграфію Аркадзя Куляшова, пазнаёміцца з яго творамі, а таксама знайсці водгукі і аналіз вершаў паэта на старонцы рэцэнзіі і аналіз. 




 

Аркадзь Куляшоў на сайце беларускай ваеннай паэзіі

Больш за 60 гадоў прайшло з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Але і да гэтага часу пякучым болем адзываецца найцяжэйшая з войнаў у сэрцы кожнага чалавека. Мы не павінны забываць пра жахі вайны, смерць і пакуты мільёнаў людзей. Помніць аб вайне, гераізме і мужнасці тых, хто змагаўся з ворагам і выратаваў ад фашысцкага нашэсця Радзіму, — гэта значыць змагацца за мір. Гэта абавязак усіх, хто жыве на зямлі. І таму тэма Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца адной з важнейшых у беларускай паэзіі і літаратуры.

Імкнучыся замацаваць у народнай памяці трагедыю вайны, мы пастараліся сабраць на нашым сайце найбольш поўную калекцыю твораў беларускіх паэтаў, якія можна лічыць своеасаблівым помнікам загінуўшым на вайне, твораў, якія вучаць нас мужнасці, адвазе, бясстрашнасці, высокай маральнасці, шчырай адданасці Айчыне, змаганню за мір і справядлівасць на ўсёй планеце.

 

Аркадзь Куляшоў на сайце "Беларуская палічка. Беларуская электронная бібліятэка"

Аркадзь Куляшоў на сайце "Вікіпедыі"

Аркадзь Куляшоў на сайце "Академик"