Дзень пры дні.
Да 85-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка А.К. Клышкі (16.04.1935)
Анатоль Канстанцінавіч Клышка нарадзіўся 16 красавіка 1935 г. у вёсцы Дамейкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы (1949-1952), у 1958 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 1958-1960 гг. – аспірант Інстытута літатратуры імя Янкі Купалы АН БССР.
Працаваў у газетах "Звязда", "Фізкультурнік Беларусі", "Літаратура і Мастацтва", у часопісе "Полымя" быў літработнікам аддзела крытыкі, рэдактарам аддзела навукі і мастацтва. У 1961-1963 гг. – старшы рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі "Беларусьфільм". З 1971 г. – загадчык лабараторыі навучання грамаце, потым – аддзела навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981-1983 гг. – загадчык рэдакцыі выдавецтва "Юнацтва", у 1986-1990 – загадчык аддзела крытыкі часопіса "Полымя".
Дэбютаваў вершамі ў раённай газеце (1950), з 1953 г. выступае з літаратурна-крытычнымі артыкуламі. Першая яго кніга крытычных артыкулаў "Права на верш" выйшла ў 1967 г.
Шмат увагі ўдзяляе дзецям, дзіцячай літаратуры. З’яўляецца аўтарам "Буквара" (1969, 23 выданні), які ў 1974 г. быў адзначаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР, у 1977 г. – залатым медалём на Лейпцыгскай міжнароднай выстаўцы.
А.К. Клышкай складзены чытанкі: "Верасок" (для 1-га класа, 1978), "Чабарок" (для 4 класа школ з рускай моваю навучання, 1989), а таксама "Пропісы да "Буквара" (1969, 4 выданні), "Пропісы для 1 класа" (1973, 18 выданняў).
Клышка распрацаваў новы метад навучання грамаце паводле якога ім створаны новы "Буквар" (1996) і адпаведна "Пропісы 1", "Пропісы 2", "Пісьмо", а таксама "Букварь" (для школ з рускай мовай навучання), "Прописи 1", "Прописи 2", "Письмо" (1999), "Буквар дзень пры дні" (2000). А.К. Клышка з’яўляецца таксама аўтарам мастацкіх і мастацка-гістарычных твораў для дзяцей: "У лясах Белавежы" (1975), "Самая лепшая хатка" (1976), "Вярэнька загадак" (1982), "Шыльдбургеры: Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка" (казкі, 1983), "Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга" (1983), "Святло праз стагоддзі" (пра Ф. Скарыну, выдадзена на англійскай, нямецкай, французскай мовах, 1990), "Прыгаршчы языкаломак" ("Пригоршни скороговорок") (2011), "Тысяча арэшкаў. Загадкі для дзяцей і дарослых" (2012).
Яго мастацкія творы адметныя арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю. Анатоль Канстанцінавіч Клышка даследуе праблемы развіцця беларускай паэзіі (творчасць М. Багдановіча, М. Танка, П. Панчанкі, А. Вялюгіна, Р. Барадуліна і інш.), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе.
Анатоль Клышка ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны, медалямі "За працоўную доблесць", "Ветэран працы", ганараваны Літаратурнай прэміяй імя Васіля Віткі (2014). Мае ганаровыя званні: "Выдатнік народнай асветы БССР", "Выдатнік асветы СССР", "Заслужаны работнік культуры БССР".
"Буквар" Анатоля Клышкі у 1999 г. атрымаў Першую прэмію на конкурсе "Падручнік года".
Клышка, А. Букварь : учебник для подготовительных классов общеобразовательных школ с русским языком обучения / А. Клышка. — Минск : Народная асвета, 1999. — 184 с.
Методика А.К. Клышко считается уникальной, при создании Букваря автор изучил более 500 учебных пособий разных стран на разных языках. В его букваре много юмора, шуток, сказок, загадок, считалок, присказок, поговорок, народных примет, ребусов, игр со звуками, буквами, словами. Сами тексты лирические, повествовательные, научно-популярные и описательные и рассказывают детям о стране, значительных деятелях Беларуси, праздниках, природе, социальных устоях.
Клышка, А. К. Верасок : кніга для вучняў / А. К. Клышка. — Выд. 2-е. — Мінск : Народная асвета, 1984. — 118, [1] с.
Кніга адрасавана вучням, якія прыходзяць у першы клас, умеючы чытаць па складах. "Верасок" дапаўняе старонкі "Буквара" мастацкім і пазнавальным матэрыялам. На кожнай старонцы кнігі збоку ўверсе стаяць лічбы, што паказваюць, якой старонцы падручніка адпавядае той ці іншы тэкст. Матэрыял можа скарыстаць і настаўнік у самыя розныя моманты ўрока, асабліва ў гутарцы з вучнямі на пэўныя тэмы, а таксама для завучвання дзецьмі вершаў на памяць.
Клышка, А. К. Прыгаршчы языкаломак / Анатоль Клышка. — Мінск : Народная асвета, 2011. — 31 с.
Вядомы букварыст, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Клышка падрыхтаваў зборнік языкаломак на ўсе гукі беларускай мовы. Яны дадуць дзіцяці адчуць смак роднага слова, абудзяць дзіцячую фантазію, гумар. Зборнік дапаможа ў навучанні дзяцей маўленню і бацькам, і выхавальнікам дзіцячых садоў, і настаўнікам першых класаў, і лагапедам.
Клышка, А. Тысяча арэшкаў : загадкі для дзяцей і дарослых / Анатоль Клышка. — Мінск : Народная асвета, 2012. — 125, [2] с.
Гэта кніга аўтарскіх вершаваных загадак раскажа дзіцяці пра навакольны свет, з'явы прыроды, жыццё чалавека, сродкі перамяшчэння, дзікую і свойскую жывёлу, птушак, расліны і г.д. Бацькі змогуць гэтымі загадкамі змястоўна, весела і карысна разнастаіць часіны адпачынку сваіх дзяцей, настаўнікі і выхавальнікі знойдуць у іх добрага памочніка для правядзення заняткаў, свят, конкурсаў, віктарын. Загадкі Анатоля Клышкі перакладаліся на рускую, літоўскую, польскую і іншыя мовы.
Клышка, А. Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга : [нарыс] / Анатоль Клышка. — Мінск : Беларусь, 2016. — 125, [74] с.
У кнізе расказваецца аб жыцці нашага выдатнага земляка, першадрукара ўсходняга славянства. Чытач даведаецца таксама на чым пісалі нашы продкі, як стваралася кніга ў сярэднявеччы, як было вынайдзена кнігадрукаванне. Для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.
Клышка, А. Чабарок : чытанка для 4-га кл. школ з рускай мовай навучання / А. Клышка. — 5-е выд., перапрац. — Мінск : Народная асвета, 1998. — 271 с.
Шлях да ведаў нялёгкі. Гэта кніга будзе табе верным памочнікам і дарадчыкам. На яе старонках ты знойдзеш многа цікавага і карыснага.
Клышка, А. К. Чую, бачу, гавару : вучэбны наглядны дапаможнік для вучняў пачатковых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / Анатоль Клышка ; [ілюстрацыі М. Р. Казлова і Н. У. Суставай]. — 2-евыд., перапрацаванае. — Мінск : Асар, 2012. — 136 с.
Дапаможнік ахоплівае найбольш ужывальную, тэматычна згрупаваную лексіку, якая адлюстроўвае навакольны і ўнутраны свет дзіцяці. Тлумачэнне і засваенне слова даецца не толькі праз малюнак, але і праз жыццё яго ў сказе.
Сказы падабраныя аўтарам так, каб тое ці іншае словаўжыванне выступала выразна і каб там гучалі досціп, гумар, здзіўленне і радасць жыць сярод рэчаў, якія схоплены родным словам, багатым на адценне сэнсу і на красу гучання. Тэматычны лексічны матэрыял можна вывучаць і не прытрымліваючыся прапанаванай паслядоўнасці ў залежнасці ад разумовага ўзроўню і кола зацікаўлення ў дзяцей.
Распрацаваны з улікам практычнага вопыту лепшых замежных выданняў падобнага тыпу. Адрасуецца вучням пачатковых класаў школ з беларускай і рускай мовамі навучання.