Амаль за шэсцьдзесят гадоў жыцця ў літаратуры Нілу Гілевічу, здаецца, не здрадзіла муза паэзіі. Можа, калі-небудзь і пакідала яго, але па малітве паэта зноў вярталася. На еўрапейскім паэтычным кантыненце ёсць беларускі феномен: паэзія песеннага складу захавалася ў творчасці Н. Гілевіча і яго сучаснікаў, не страціла перспектывы на будучыню. Нават асвоіла іншыя жанры — палемічную публіцыстыку, красамоўства, дыдактычнае асветніцтва, эпічныя жанры, у тым ліку раман, аповесць, апавяданне. Як быццам адбылася сустрэча літаратурнай сучаснасці з антычнасцю, рэнесансам, класіцызмам, калі паэты былі таксама аратарамі, палітыкамі, асветнікамі, публіцыстамі, пісалі філасофскія, навуковыя, эстэтычныя трактаты гекзаметрам або сілабічным вершам.
Нілу Гілевічу пашчасціла быць нашчадкам моцнага сялянскага роду. Надзіва жывучага народа, які за чатыры стагоддзі перажыў шмат апакаліптычных катастрофаў, некалькі разоў губляў адну трэцюю частку, аднойчы нават палову сваіх суайчыннікаў. Перацярпеў у мінулым стагоддзі дзве сусветныя вайны, бальшавіцкі і фашысцкі генацыд, галапуючую індустрыялізацыю і гвалтоўную калектывізацыю. Выжыў, да апошняга часу заставаўся гарантам гістарычнага быцця нацыі і нацыянальнай культуры. Ніл Гілевіч сваім творчым абліччам і сялянскай рупнасцю на ніве роднай культуры сёння ўсё яшчэ сведчыць аб праўдзівасці вядомага афарызма: духоўнае і нацыянальнае Адраджэнне заўсёды нараджае пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх дзеячаў універсальнага таленту і моцнага характару. Паэта, як кожнага беларуса, ратавала не так фізічная, як духоўная моц — вера, надзея і любоў. Пра гэта Ніл Гілевіч хораша сказаў напаўдарозе свайго творчага шляху ў вершы "Мой белы дзень":
I я стаяў над прорвай роспачы,
I ноч мне цемрыла душу.
I думаў, ліст слязою росячы:
Нічога больш не напішу.
Але вяртаўся промень страчаны,
У сэрцы плавіўся лядзень,
I зноўку вера ў слова матчына
Свяціла мне, як белы дзень...
Паэт прыйшоў у літаратуру з пакалення дзяцей вайны: фармаванне яго чалавечай асобы і мастакоўскага таленту адбывалася ў трагічныя гады Другой сусветнай вайны. Пра дзяцей вайны і сваё ранняе юнацтва пісьменнік шчыра апавядае ў аўтабіяграфічнай аповесці "Перажыўшы вайну" (1988). Наперадзе была вучоба ў педвучылішчы і дваццаць пяць гадоў выкладчыцкай працы дацэнтам і прафесарам на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Больш як дзевяць гадоў на пасадзе першага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзяржаўная дзейнасць дэпутата і старшыні пастаяннай камісіі па культуры, адукацыі і захаванні гістарычнай спадчыны Вярхоўнага Савета Беларусі. А яшчэ грамадская дзейнасць старшыні Таварыства беларускай мовы і, урэшце, вольная прафесійная творчасць літаратара шырокага дыяпазону — паэта, публіцыста, празаіка, крытыка.
Нарадзіўся паэт 30 верасня 1931 года на Лагойшчыне. Традыцыйную беларушчыну ў роднай сям’і будучага паэта ўвасабляла таленавітая, духоўна багатая сялянка — маці Кацярына Мікалаеўна. У інтэрв’ю газеце "Звязда" пад загалоўкам "Я вельмі любіў глядзець, як мама купае малых..." (1999) паэт успамінаў: "Бацька Сымон Пятровіч ужо ў маладыя гады сфармаваўся як чалавек партыйны, спачатку быў камсамольцам, а затым усё жыццё — камуністам. <...> Ужо ў 22–23 гады старшыня сельсавета, начальнік, на казённым "жалаванні". Таму ў сям’і цалкам панавала атмасфера бязбожніцтва. <...> Горш было тое, што разам з Богам і святымі ў хатнім побыце ў нас былі пад забаронай усе старыя народныя святы, абрады, звычаі, у якіх мясцілася столькі духоўнасці, столькі высокай і мудрай паэзіі. Так што ў гэтых адносінах мне было недададзена ў дзяцінстве шмат, і бальшавіцкай каросты ўелася ў душу таксама шмат. Успамінаю ўсё жыццё аб гэтым з вялікім шкадаваннем" (Звязда. 1999. 9 лют.).
Боская воля ўсё ж не пазбавіла шматдзетную, добрую да людзей, працавітую сям’ю свайго апякунства. Ад самага пачатку нямецкай акупацыі бацька пайшоў у партызанскае падполле. Паводле "правілаў" акупацыйнай палітыкі, такія сем’і падлягалі ліквідацыі. Да таго ж Слабада, родная вёска Гілевічаў, недалёка ад трагічнай Хатыні. Боскім цудам і сялянскай жывучасцю толькі і можна растлумачыць, што сям’я (восем малых дзяцей) перажыла ўсе гады акупацыі і пасляваенны голад. Выручыла спрадвечная сялянская працавітасць. Сам Ніл у чатырнаццаць гадоў меў сталую "пасаду" калгаснага паштальёна.
Яшчэ ў сямігодцы на ўзроўні юначых захапленняў часткова вызначыліся кірункі творчых памкненняў будучага пісьменніка і даследчыка. Зачытваўся лірыкай Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Паўлюка Труса, рана далучыўся да паэзіі Аляксандра Пушкіна, Сяргея Ясеніна, Аляксандра Твардоўскага. Запісваў у Слабадзе і навакольных вёсках народныя песні і папулярныя тады савецкія шлягеры.
Адлік друкаваных твораў будучага народнага паэта пачаўся ў дзіцячым часопісе "Бярозка", дзе ў 1946 годзе з’явіўся яго верш "Яблынька". Затым на працягу года былі апублікаваны вершы "Выйду", "Зімовы вечар", "Снег", "Паўднёвыя вятры". Напярэдадні паступлення ў педвучылішча (1947) Н. Гілевіча запрасілі ў Мінск на першую пасляваенную нараду маладых літаратараў, амаль усе ўдзельнікі якой былі нядаўнія франтавікі і партызаны: Мікола Аўрамчык, Андрэй Макаёнак, Аляксей Русецкі, Іван Шамякін і інш. Вялікай радасцю для маладога паэта было пабачыць і паслухаць Якуба Коласа, Янку Маўра, Пятра Глебку, Петруся Броўку, Пімена Панчанку, Алеся Якімовіча.
Прафесіяналізм да Ніла Гілевіча прыйшоў пазней: падчас вучобы ў педвучылішчы і на філалагічным факультэце ўніверсітэта. Спачатку былі эцюды аб прыгажосці Бацькаўшчыны, пейзажная лірыка, вершы, пазначаныя прыкметамі вучобы ў добрых настаўнікаў.
Ёсць сярод вучнёўскіх твораў, аднак, матывы, якія пазней, набыўшы паўнату ўласнага паэтычнага голасу і дакладнасць эстэтычнага густу, сталі дамінантамі мастацкага светапогляду паэта і публіцыста. Гэта сыноўняя адданасць Бацькаўшчыне, яднанне з Маці-зямлёю ("Адпачывае матуля-зямля"). Рыцарская павага і любоў да роднае мовы — духоўнай субстанцыі народа — у вершы "Першая клятва": "Як ты дорага мне, мая родная мова, // Мілагучнае, звонкае, роднае слова!" Верш канчаецца клятваю, якую паэт і пацвердзіў усім жыццём і творчасцю: "А задумае вораг з чужога далёкага краю // Адабраць у мяне, знішчыць родную мову маю — // Не дазволю. Не дам. Не прадам. Не змяняю. // І да смерці за волю тваю пастаю".
Ад гадоў вучнёўства ў педвучылішчы захаваліся, так бы мовіць, эзатэрычныя вершы ды парадыйныя паэмы Н. Гілевіча, якія адрасаваліся сваёй аўдыторыі і толькі нядаўна надрукаваныя асобнай брашурай. Яны — пра смешныя бакі студэнцкага побыту ў агульнай казарме: "Пабоішча: Парадыйна-гераічная паэма", "Фрагменты: З летапісу жыцця ў інтэрнаце педвучылішча", "У дзіўным горадзе — Маскве: Урывак з паэмы". Яны не ўвайшлі ў гісторыю нашай літаратуры, але паслужылі штудыяй для другой, не лірычнай і элегічнай, а гратэскава-камічнай грані мастацкага таленту паэта.
Навучэнцам Мінскага педагагічнага вучылішча, студэнтам і аспірантам філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Ніл Гілевіч быў аж дванаццаць шчаслівых студэнцкіх гадоў! А добрыя студэнты таго драматычнага галаднаватага часу былі рамантыкамі, паэтамі калі не ў літаратуры, то ў жыцці. Агульны ўзнёслы настрой спрыяў паэтычнаму росту. У першых зборніках паэта ("Песня ў дарогу", "Прадвесне ідзе па зямлі", "Неспакой") няма непрафесіянальных вершаў.
I ўсё ж феномен Ніла Гілевіча — не ў "цэхавай" прыхільнасці да адной толькі сферы паэтычнага. Шмат сіл давялося аддаць прозе — у жыцці і творчасці пацясніла перакладчыцкая творчасць (16 кніжак паэтычных пераасэнсаванняў і празаічных перакладаў), проза і драматургія, навуковая і публіцыстычная дзейнасць (13 кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, 7 кніг эсэістыкі і публіцыстыкі).
Зайздросны літаратурны лёс! Але, каб ён здзейсніўся, было мала толькі таленту і адукацыі. Спатрэбілася яшчэ сялянская цягавітасць, звычка да штодзённай працы, урэшце, шматграннасць інтэлекту, адданасць сваёй Бацькаўшчыне — найперш.
Спецыфічны для еўрапейскай эпохі Рэнесансу творча-мастацкі парыў і шырыня духоўных інтарэсаў выявіліся ў перыяд нацыянальнага Адраджэння, калі адбылося станаўленне беларускай класічнай літаратуры. Так званая "хрушчоўская вясна" 1955–1961 гадоў, народжаная асцярожным адмежаваннем ад бальшавізму і сталінізму, садзейнічала ўзнікненню ў духоўным жыцці Беларусі кароткай рэнесанснай рэпрызы. Яна выявілася ў паскораным развіцці нацыянальнай літаратуры, усіх відаў мастацкай культуры і гуманітарнай навукі.
Першы паэтычны зборнік Н. Гілевіча "Песня ў дарогу", у які ўвайшлі вершы студэнцкіх гадоў, быў літаратурнай падзеяй года ў асяроддзі маладых літаратараў. Тут былі прыкметы адраджэнскай вясны, прадчуванне перспектывы творчасці, грамадскага жыцця нацыі.
Як вядома, у жыцці і песні ёсць не толькі радасць, але і сум, і смутак. Радасць у жыцці часовая, маладая, а клопат і журба — сталыя, канчатковы вынік усяго быцця. Усякая плоць на зямлі пакутуе і з сумам звяртаецца да Неба, адзначаў філосаф-экзістэнцыяліст Мікалай Бярдзяеў. Усяму свой час, казаў Эклезіяст. Ёсць час плачу і час смеху. Ёсць час бяды і час радасці (Эк. 2:4–5). Філосаф беларускага нацыянальнага адраджэння Суліма (Уладзімір Самойла) у эсэ "Гэтым пераможаш!.." сцвярджаў: "Жыццё ёсць нічым не абгрунтаваны, натуральны аптымізм жывога народа".
Дарэчы, пачынаючы з 1960 года, матыў суму і смутку стане ў паэзіі Н. Гілевіча скразным і чым далей, тым больш выяўным.
"Песня ў дарогу" — першая і найбольш аптымістычная кніга ў паэзіі Ніла Гілевіча, у якой пункцірна пазначыліся асноўныя матывы і жанры паэта: грамадзянская лірыка, лірыка кахання, творы ў шырокім дыяпазоне камічнага. Яны сфармаваліся ў сярэдзіне XX стагоддзя на сустрэчы дзвюх эпохаў: традыцыйнай сялянскай культуры і новай тэхналогіі. Сёння занядбаны, выцеснены электроннымі сродкамі інфармацыі кінематограф успрымаўся тады як цуд, выклікаў энтузіязм. Як у вершы Н. Гілевіча "З гадоў маленства":
Кіно прыехала! Кіно прывезлі! —
Мы першыя пачулі з дружбаком
I беглі вуліцай, і колькі ўлезе
Крычалі з радасцю каля акон...
У вершах "Воблачка", "На схіле лета", "Наша восень", "Першы снег", "Садоўнік", "Снег ідзе" паэт славіць усе поры года з іх працоўнымі клопатамі і радасцямі. А поруч — тэма цаліннага энтузіязму, сібірскай і алтайскай рамантыкі ("Маленькія рукі", "Не хавала маці слёз"). Тады паэт і яго героі яшчэ не здагадваліся, што былая савецкая імперыя расцярушвала некалі моцнае этнічнае ядро беларускай нацыі: спачатку жорсткімі рэпрэсіямі, а пасля спекулюючы на энтузіязме маладых рамантыкаў.
Аднойчы на экзамене па Гілевічавай паэзіі праваліўся адзін з самых эстэтычна адукаваных крытыкаў Рыгор Бярозкін. Даволі ўмела, як заўсёды, прааналізаваўшы вершы і аўтабіяграфічную паэму "Сто вузлоў памяці" ў зборніку "Бальшак" (1965), адзначыўшы станоўчыя і некаторыя адмоўныя бакі (не без суб’ектыўнасці ў ацэнках), крытык прыйшоў да высновы, што нібыта кніга "разбеглася" на тры няроўныя часткі: "Адну напісаў удумлівы, з вострым грамадзянскім чуццём паэт-сучаснік, другую — недастаткова індывідуалізаваны ў сваіх чалавечых якасцях "будучыні творца", трэцюю — цяжка здарожаны, стомлены лірык, схільны пагуляць у гэткія млява-салодкія "пацягушанькі". У якасці ілюстрацыі трэцяй часткі Р. Бярозкін працытаваў песню "Вы шуміце, бярозы" (Полымя. 1965. № 6. С. 180–183). Вось ужо дваццаць гадоў гэтая песня застаецца любімай для простых людзей і беларускай інтэлігенцыі — рэдкае, адзначу, аднадушша ў беларусаў.
Крытык спатыкнуўся на ўяўнай "прастаце" Гілевічавай песні, падмяніў паэтычную містэрыю жанравай карцінкай, а містычнае адзінства лірычнага героя з Маці-зямлёю — бытавой інтэрпрэтацыяй гараджаніна, які страціў сялянскія, зямныя карэнні. Эстэтыка аказалася бяссільнай без герменеўтыкі. Балазе, сам паэт лепш разумеў сваю песню і нязменна ўключаў яе ў свае зборнікі твораў.
Урэшце, унікальны ў беларускай літаратуры раман у вершах "Родныя дзеці" выклікаў толькі адзін і той журналісцкі водгук.
Верагодна, крытыка без герменеўтыкі, без выяўлення паэтычнага сэнсу, мастацкіх вобразаў і кампазіцыі не здолела за традыцыйнай раманнай фабулай разгледзець экзістэнцыяльныя архетыпы.
Нельга сказаць, каб бягучая і акадэмічная крытыка абыходзіла ўсе новыя і рознажанравыя кніжкі пісьменніка і даследчыка Н. Гілевіча. Калегі па пісьменніцкай арганізацыі і чытачы віталі яго паэтычныя кнігі для дзяцей "Сцяжок на мачце", "Сіні домік, сіні дом...", "Зялёны востраў", "Загадкі", кніжкі паэтычнага гумару і сатыры ("Да новых венікаў", "Ці грэх, ці два", "Як я вучыўся жыць"); зборнікі публіцыстычных нарысаў і літаратурна-крытычных артыкулаў ("У гэта веру", "Удзячнасць і абавязак"). Нават выйшла ў свет манаграфія Г. Д. Сіненкі "Ніл Гілевіч: Нарыс творчасці" (1981), дзе добрасумленна зафіксаваны шырокі тэматычны дыяпазон першага этапу творчасці пісьменніка.
I ўсё ж гэтыя аператыўныя водгукі фіксавалі толькі паверхневыя пласты творчасці, а часам былі данінаю ветлівасці ў адносінах да папулярнага паэта, перакладчыка і настаўніка студэнтаў. Глыбінны сэнс яго лепшых кніжак (зборнік паэзіі "Святлынь", раман "Родныя дзеці") заставаўся не разгаданым. Ад гэтай крыху павярхоўнай увагі да творчасці першага пасляваеннага "філалагічнага пакалення" нашых пісьменнікаў 1950–1960-х гадоў, паступова паслабляліся духоўныя сувязі паміж нашай літаратурай, публікай і афіцыйным грамадствам.
Загаловак трэцяга лірычнага зборніка "Неспакой" (1961) дакладна засведчыў духоўнае сталенне аўтара — чалавека і паэта. Спакваля ўсведамлялася праўда біблейскай кнігі Эклезіяста: "Бо ў вялікай мудрасці шмат журбы, і хто памнажае пазнанне, той памнажае і смутак" (Эк. 1:18). Неспакой — ад страчанага дзяцінства і юнацтва, што не раскрыла свае скарбы жудаснаю вайною і пасляваеннай нястачай.
Неспакой ад таго, што абыякавыя да красы роднага краю людзі высеклі Сінюю пушчу на Лагойшчыне: "Толькі воддаль на ветры // Дзве яліны крывыя, // Быццам могільнік гэты // Сцерагуць вартавыя" ("Сіняя пушча", 1960). Неспакойна на душы паэта і ад таго, што былыя вяскоўцы, пабыўшы год-другі ў горадзе, ужо тады, у яго студэнцкую маладосць, саромеліся ў вёсцы спрадвечнага бацькоўскага Слова. Быў гэты неспакой хутчэй творча актыўны, грамадзянскі, хрысціянскі — нават незалежна ад рэлігійнасці. На ўзлёце маладосці паэт спавядаўся бацькоўскай зямлі — вялікай і малой, сваёй, лагойскай. У паэтычнай міфалогіі яна прыпадабнялася маці або сястры-дзяўчыне, што ідзе лесам-лугам ды спявае родную песню ("Лесам песня ішла...", 1960). У цыкле вершаў "Свята зямлі" лірычны герой прызнаецца:
Я прагна сэрцам п’ю настой
Тваіх чаромух і баюся,
Што развітаюся з табой,
А ўдосталь так і не нап’юся.
Актыўнае падключэнне Ніла Гілевіча да навуковых даследаванняў нацыянальнай і суседняй (балгарскай) літаратуры, беларускага фальклору садзейнічала інтэлектуальнаму заглыбленню творчасці і павышэнню паэтычнага майстэрства. Ягоны паэтычны "Бальшак" (1965) — адна з самых інтымных, шмат у чым біяграфічных кніжак, складаецца з лірычных гімнаў, малітваў у гонар роднай Лагойшчыны ("Мой сіні бор, мой родны бор зялёны!..", "Я хаджу, закаханы ў твае краявіды...", "Люблю цябе, жыццё, любоўю кроўнай...", "Бальшак"), вершаў-накцюрнаў ("Ноч. Цішыня...", "Як хачу я вярнуцца ў той вечар ліпнёвы на Віцебшчыне..."), літаратурна-музыкальных рэмінісцэнцыяў ("Сустрэчы ў снах", "Спадчына") і лірычных эцюдаў біяграфічнага зместу ("Пра дзядоў і зямлю", паэма-хроніка "Сто вузлоў памяці"). Урэшце, лірычным "магістралам" да ўсяго цыклу стала песня "Вы шуміце, бярозы...".
Пасля эстэтычнага правалу вядомага крытыка ніхто не аналізаваў яго класічную прастату. Бо здавалася: хіба трэба даследаваць твор, які стаў з’явай у літаратуры, пайшоў у народ? Кожны з нас, беларусаў, з рознаю глыбінёю перажыў гэты экстаз яднання з роднай зямлёю. А некаторыя людзі іншага менталітэту, магчыма, не ўбачылі ў ім нічога, акрамя жанравай карцінкі ці бытавога эпізоду. Між тым у "просценькай" песні зашыфравана тайна творчасці мастацкага таленту. Для таго, каб стацца паэтам, жывапісцам, наогул мастацкім творцам, неабходна захаваць у сабе душу дзіцяці, здольную зліцца-злучыцца з навакольным светам, і адначасна набыць мудрасць адукаванага паэта, выявіць гэтую таямніцу мастацкімі сродкамі. Пра такіх паэтаў-асветнікаў казаў нябесны Настаўнік: "Будзьце мудрыя, як змеі, і простыя, як галубы".
Вось такі экстатычны стан прыпадання да ўлоння Маці-зямлі. Яна ўспрымаецца аднолькава як сястра і каханая (воблік Мадонны), рэдкі і шчаслівы міг у жыцці сталага чалавека. Бо тут здымаецца цяжар матэрыяльнасці, душа вольна вітае па-за часам і прасторай; як бы ахоплівае зямную кулю, становіцца Космасам: калыханка для духоўна "здарожанага" сына:
А я лягу-прылягу
Край гасцінца старога,
Галавой на пагорак,
На высокі курган,
А стамлёныя рукі
Вольна ўшыркі раскіну,
А нагамі ў даліну —
Хай накрые туман...
Псіхалагічна — гэта развітанне з першай маладосцю, "узнясенне" з роднага кута ў шырокі свет, апошні паклон роднаму гнязду. Але не без паэтычнай міфалагемы — спадзявання на "вечнае вяртанне" да родных каранёў і крыніц, без якой чалавек зачарсцвее, завяне, згубіцца для творчай справы. Адсюль парадаксальны элегічны экстаз, самотная радасць у інтанацыі і мелодыі гэтай песні-малітвы роднаму краю.
Першы цыкл кнігі "Бальшак" пачынаецца лаканічным трактатам па паэтыцы ў вершах. Сродкамі паэзіі аўтар выказаўся па глабальнай праблеме літаратурнай эстэтыкі XX стагоддзя, сцвярджаў права на вечнае жыццё класічнай паэзіі, верша-песні, пафасна аспрэчваў прыхільнікаў толькі так званай сучаснай паэзіі, заснаванай на медытацыі, стылістычнай дасціпнасці. Сваё паэтычнае крэда Н. Гілевіч абазначыў у першай страфе: "Не адбірайце музыкі ў паэта, // Заканадаўцы паэтычных мод, // Яна з ім дружыць ад стварэння свету..."
Зразумела, ён не адмаўляе права пісьменніка на свабодны, альбо белы верш, на паэтычную дасціпнасць. Музыка паэзіі не абмяжоўваецца жанрам песні, яна ахоплівае шматлікія паэтычныя формы. У зборніку "Бальшак" аўтар увёў новы для свайго паэтычнага рэпертуару цыкл васьмірадкоўнікаў, заснаваны на спецыфічна паэтычнай музыкальнасці, на парадаксальным і ўсё ж арганічным для музыкі спалучэнні радасці і журбы:
Не гаманіце, вербы, не будзіце,
Не грайце, ветры, у зялёным вецці:
Яна ўсю ноч праседзела над дзіцем
I задрамала толькі на дасвецці.
Няхай прысніцца ёй лясная казка:
Палянка ў пушчы, ціхі гуд чмяліны,
Бяжыць хлапчук, а ў кулачках — маліны...
Не гаманіце ж, вербы, калі ласка.
У іншым васьмірадкоўі без назвы паэт уводзіць элегічна-радасны матыў светлага суму. Тыпова хрысціянскі верш-малітва:
Не пакідай мяне, мой светлы сум,
З табой мне хораша на адвячорку
Хадзіць і слухаць лесу ціхі шум,
Пакуль суцемак не запаліць зорку.
У небе хмаркі, як абрыўкі дум,
Плывуць туды, дзе сонца сядзе хутка.
Гусцеюць цені у лясных закутках...
Не пакідай мяне, мой светлы сум.
У гады грамадска-палітычнага застою, калі магчымасці прамога ўздзеяння нацыянальнай эліты на дзяржаўныя справы сталі вельмі абмежаванымі, паэт моцна заглыбіўся ў мастацкую і навуковую творчасць, на аснове тэарэтычнага і мастацкага засваення фальклору набліжаў паэзію да народных вытокаў — намагаўся, гаворачы словамі М. Багдановіча, "зрабіць нашую паэзію не толькі мовай, але і духам, і складам шчыра беларускай", не забываючы пра набыткі сусветнай класічнай паэзіі. Вынікам былі паэтычныя кніжкі "Перазовы" (1967), "А дзе ж тая крынічанька?" (1971) і "Актавы" (1976). Упершай паэт упершыню ў беларускай літаратуры стварыў вянок санетаў ("Нарач", прысвечаны аднаму з выдатных паэтаў XX стагоддзя Максіму Танку). У другой кніжцы медытатыўныя васьмірадковікі суседнічаюць з "вершамі беларускага складу" (М. Багдановіч), лірыка-эпічнымі паэмамі-ўспамінамі. Яны — пра вытокі нашай паэзіі і песні, пра яе стваральнікаў і захавальнікаў.
У "Актавах" Н. Гілевіч здзейсніў другую мару М. Багдановіча, далучыўшы наш верш да класічнай традыцыі шляхам набліжэння да музыкі — ужо не паводле ўласцівых беларускай паэзіі напеваў-песняў, а на шляху ладава-інтанацыйнай кампазіцыі. Кніжку віталі знаўцы паэтыкі. "Гэта — лірычная споведзь, спроба найлепшым чынам выказаць сваё запаветнае, філасофія чалавека цвёрдых перакананняў і сталых прынцыпаў", — пісаў Ю. Гаўрук (Ю. Гаўрук. Думы аб чалавечай годнасці // Літаратура і мастацтва. 1976. 9 ліп.). У. Калеснік у свой час адзначыў майстэрства паэта, які дазволіў сабе свабоду рытмічна-інтанацыйных рашэнняў у кананічным жанры актавы (Маладосць. 1976. № 11). Назва пераклікаецца з тэорыяй музыкі, дзе адно са значэнняў актавы — інтэрвал, які ахоплівае восем ступеняў дыятанічнага гукарада. Актавы пісалі паэты ўсіх часоў — ад Рэнесансу (А. Арыёста, Т. Таса) да Дж. Байрана, А. Пушкіна і сучасных паэтаў. Пазней вобразныя вершы ў памеры актавы-васьмірадковіка склалі зборнік "Святлынь" (1984) — шэдэўр беларускай мініяцюрнай кніжкі. Шмат тут і шэдэўраў паэтычных, змест іх можна перадаць хіба што музычнымі санатамі, накцюрнамі і фугамі ("У тым сяле, дзе я не быў ніколі...", "Не пакідай мяне, мой светлы сум...", "Я хаджу, закаханы ў твае краявіды...", "Не гаманіце, вербы, не гудзіце...", "Тут, між гэтых пагоркаў, у гэтых барах і дубровах...", "Як чараўніца на нябачных кроснах...", "Цераз зараснік інею ў ранішнім лесе...", "Атулі нас цішынёю, ахіні спагадай, вечар...", "Балгарская песня"). Ёсць тут і барокавая вытанчаная дасціпнасць, яна ідзе ў нашай літаратуры ад М. Багдановіча ("У звечарэлым садзе, што цямнеючы...", "Пакуль я доўга ехаў на кірмаш...", "Я столькі памылак зрабіў у жыцці...", "Ах, валошка, валошка, сястрыца рамонка..."). Актавы ўдала перакладзены на рускую мову.
У інтанацыі і мелодыцы актаваў ёсць агульны аксюмаран, дакладна абазначаны Н. Гілевічам вершам "Не пакідай мяне, мой светлы сум...". У ім — пошук страчанага Раю, сімвалічна выяўленага вобразамі, гукамі, колерамі роднага краю. Няспынная хада да Райскай Брамы:
У тым сяле, дзе я не быў ніколі
І нават дзе яго шукаць — не знаю,
Ёсць хата ў яблынях, парог якое
Я толькі ў сне парой пераступаю.
I зноў і зноў там, ледзь сцямнее ў полі,
Хаджу, як прывід, з вечара да ранку —
Ўсё запаветную шукаю брамку
У тым сяле, дзе я не быў ніколі.
Так напісаў трыццацігадовы паэт-рамантык. У тым жа зборніку "Святлынь" ёсць актава саракагадовага прафесара Гілевіча. У ёй — гумарыстычнае развітанне з маладосцю:
Пакуль я доўга ехаў на кірмаш,
З усходам сонца выбраўшыся з хаты, —
Было ў мяне надзей святочных шмат,
Чаканнем радасці я быў багаты.
Цяпер я еду з кірмашу назад,
I ўсіх надзей — што па дарозе ў вёсцы
Мяне пярэйме швагер або сват
I, добрая душа, зацягне ў госці.
Раман, а дакладней, раман-паэма "Родныя дзеці" — адзін з самых інтымных, глыбока прадуманых твораў, якому паэт аддаў дванаццаць гадоў натхнення і рупнай працы. Ён мог быць напісаны толькі ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі, гараджанаў першага пакалення, якія "галавою" і функцыянальна жылі ў вялікім горадзе, а сэрцам і душою — у "родным куце" сваіх бацькоў, братоў, дзядоў. Твор рыхтаваўся спакваля, яго вобразы, матывы і фрагменты ёсць у папярэдніх кніжках Н. Гілевіча (вершы "Вясна", "Маці", паэмы "Сто вузлоў памяці", "А дзе ж тая крынічанька?"). Да традыцыйных у беларускай літаратуры тэмаў бацькоў і дзяцей, сустрэчы з роднымі ў матчыным доме далучылася цэнтральная ў гэтым творы тэма кахання як духоўнай сустрэчы мужчыны і жанчыны.
Спрадвечная ў сусветным мастацтве трагедыя кахання ў Гілевічавым творы набыла новы, вельмі сучасны, экзістэнцыяльны сэнс. Абсалютнае па сваёй ідэальнай сутнасці каханне не можа рэалізавацца ў эмпірычнай рэальнасці, дэтэрмінаванай біялагічнымі і сацыяльнымі фактарамі. Творча-рыцарская душа мужчыны шукае сваю ідэальную адпаведнасць у жаночай іпастасі, ствараючы міфалагемы вечнага вяртання да аднойчы страчанай шчаслівай сустрэчы. У духоўнай сустрэчы героя рамана кампазітара Сцяпана Вячоркі (ягоны прататып — літаратурнае Я пісьменніка) ёсць арыстакратычная вышыня — яна ў чысціні той любові, што ўзнімаецца ад збліжэння закаханых да любові паміж братам і сястрою, настаўнікам і вучаніцай, паэтам і яго ідэальнай чытачкай. Герой рамана душэўна і духоўна справіўся з трагічнай калізіяй: выхадам да творчасці, усведамленнем сваёй повязі з Радзімай і Сусветам. Да гэтага твора публіка і крытыка яшчэ будуць звяртацца. Ён ствараўся з улікам іх духоўнага росту і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сацыяльныя і духоўныя каштоўнасці.
Ужо на першым этапе творчасці Ніл Гілевіч паспяхова развіваў традыцыйную для беларускай літаратуры палярызацыю маральна-эстэтычных ацэнак грамадскага жыцця і асабістых людскіх учынкаў: з аднаго боку, лірычнае, амаль малітоўнае ўслаўленне малой радзімы і вялікай Бацькаўшчыны, беларускае Маці і роднае мовы, чалавечай дабрыні і красы ў народным жыцці, экспрэсіўнае выяўленне крыжовага шляху беларусаў (дыяпазон катэгорый узнёслага, прыгожага і трагічнага, выяўлены ў жанрах песні, гімна, трэну-плачу); з другога боку, бескампраміснае адмаўленне рэнегацтва, бездухоўнасці, сквапнасці, здрады, урэшце, ляноты, няздольнасці захаваць святасць жыцця і цэласнасць асобы (дыяпазон катэгорый нізкага, агіднага і камічнага, выяўлены ў жанрах сатыры, гратэску і гумару).
Гэтыя шырыню і "палярнасць" мастацкага таленту заўважылі рэцэнзенты кніжак паэта, іх дакладна раскрыў у прадмове да кніжкі "Святлынь" (1984) Васіль Быкаў: "Наогул трэба сказаць, што ў паэзіі Ніла Гілевіча ў вельмі выразнай форме знайшлі выяўленне грамадзянскасць, скандэнсаваная сацыяльнасць, аб чым сведчаць яго шматлікія лірычныя і лірыка-эпічныя творы і асабліва ягоныя сатыра і гумар, у якіх паэт мае свой непаўторны голас <...>. Гэтыя два розныя бакі яго творчасці знітоўваюцца адной моцнай, я сказаў бы, высакароднай якасцю, якую можна вызначыць як фальклорную, вельмі народную, што ідзе з самых вытокаў беларускага жыцця, з яго нацыянальнага характару і ягонай гісторыі". Да гэтай дакладнай ацэнкі можна толькі дадаць: у шырокім дыяпазоне камічнага Ніл Гілевіч арыгінальна развівае беларускую літаратурную традыцыю, што пачыналася з ананімных "Прамовы Мялешкі" і "Ліста да Абуховіча" (XVII ст.), яскрававыявілася ў парадыйных паэмах "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе" (першая палова XIX ст.), у гратэскава-гумарыстычных творах В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Тапчэўскага, Ф. Багушэвіча, А. Паўловіча, у саркастычных выкрывальніцкіх вершах, камедыях і фарсах Янкі Купалы, сатырычнай паэзіі Якуба Коласа.
Адразу ж пасля першых трох лірычных зборнікаў Н. Гілевіча выйшлі ў свет яго кніжкі сатыры і гумару "Званковы валет" (1961), "Да новых венікаў" (1963). Пазней паралельна з лірычнымі — "Бальшак", "Перазовы", "А дзе ж тая крынічанька", "Святлынь", былі гратэскава-камічныя "Ці грэх, ці два", "Як я вучыўся жыць", "Русалка на Нарачы", камедыі ў кнізе п’есаў "Начлег на буслянцы". Урэшце, за раманам у вершах "Родныя дзеці", элегічнай "Повяззю" быў зборнік "Кантора" (1989) — свайго роду сатырыка-гумарыстычная анталогія паэзіі Ніла Гілевіча.
Упэўнены: да Гілевічавых твораў у дыяпазоне камічнага яшчэ звернуцца даследчыкі і крытыкі. Здаецца, што нас чакаюць сюрпрызы ў гэтым кірунку яго творчасці. Зарукай таму — эпічны твор "Родныя дзеці". Апрача моцна знітаваных эпічнай і лірычнай тэмаў там ёсць свае гумарыстычныя і сатырычныя адступленні — цэлыя інтэрмедыі. Імі пранізана ўся прадмова — "Запеўка".
Пісаць бы мне пра час далёкі!
Не зябла б муза сіратой:
Штодзень бы піў нагбом з даёнкі
Хвалебстваў пенны сырадой!
Гэта гумар. Але далей ёсць сатыра, іронія, гратэскавы смех: "Каб з тымі докамі зраўняцца // І заслужыць іх пахвалу — // Хоць раз мне трэба пастарацца // Надзець штаны праз галаву!" Тыповы народна-карнавальны гратэскавы вобраз: штаны праз галаву. Сатыра ёсць у дасціпна прыдуманым "Тэстаменце Тодара Вячоркі", дзеда героя твора, кампазітара Сцяпана.
Дарэчы, у паэтыцы, стылістыцы, лексіцы і кампазіцыі "Родных дзяцей" — ключ да разгадкі тых твораў Ніла Гілевіча, якія да пачатку новага стагоддзя заставаліся не разгаданымі.
Шматжанравая творчасць Ніла Гілевіча 80–90-х гадоў развівалася ў кірунку набліжэння да новых праблемаў беларускай рэчаіснасці, радыкальнага адказу ад рэліктаў савецкіх ідэалаў, да мастацкага спасціжэння драматызму постчарнобыльскага жыцця народа. Высокі эстэтычны густ не дазволіў яму друкаваць вершаваную публіцыстыку на апакаліптычную тэму чарнобыльскай бяды. (Гэтай спакусы, на жаль, не пазбеглі яго маладзейшыя калегі.) Затое ў зборніку "Повязь: Вершы і песні" (1987) ёсць антытэза да ранейшай, "райскай" па сваім ладзе песні "Вы шуміце, бярозы". Трагічна-суровая, прарочая для Беларусі песня "Палыновая ростань". Апакаліптычная зорка Палын набыла значэнне прароцтва пра Чарнобыльскую катастрофу.
Знаю: мне не вяртацца
Гэтым шляхам ніколі —
На апошнюю ростань,
На спатканне з былым.
Белай стужкай дарога
Раскацілася ў полі,
А па ўзбоччы дарогі —
Толькі шызы палын...
Як і раней, новая кніжка Н. Гілевіча — паэтычны дзённік, дзе поруч з літаратурнымі партрэтамі сваіх выдатных сучаснікаў (акадэміка Гаўрылы Гарэцкага, балгарскіх, украінскіх, мангольскіх пісьменнікаў) ёсць цыклы класічных актаваў. Паэт умее востра бачыць не толькі рай, але і пекла. I ўсё ж ён не хоча пакінуць свайго чытача ля пякельнага бяздоння. Ён прапануе пераадоленне трагічнага ў жыцці на шляху творчасці — праз каханне, якое ўздымае нас да вялікай любові. Кніжка завяршаецца папулярнай у Беларусі песняй-заклінаннем "Мой лёс — каханне":
Прыйдзі — як снег на квецень маю,
Прыйдзі — як бура на зямлю, —
Не страшна мне, бо я — кахаю,
Не скрушна мне, бо я — люблю...
У студзені 1990 года хваля дэмакратызацыі былога СССР дакацілася да Беларусі. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Ніл Гілевіч быў сярод тых лідэраў адраджэнскага руху, якія здзейснілі беларускі цуд дваццатага стагоддзя — пераканалі кансерватыўны, у сваёй большасці камуністычны і прарасійскі Вярхоўны Савет БССР прыняць закон аб мовах, паводле якога родная мова карэннага насельніцтва краіны абвяшчалася дзяржаўнаю. Не была пакрыўджана пануючая ў краіне руская мова: ёй быў нададзены статус "мовы міжнацыянальных зносін". Пяць гадоў доўжылася найбольшая грамадская актыўнасць Н. Гілевіча — дэпутата, старшыні камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Давялося самаахвяравацца, абмежаваць пісьменніцкую працу (для яе патрэбны вольны час і незанятая штодзённымі справамі душа — для роздуму і сузірання). Але ж і гэта была праца для роднай культуры, літаратуры, мовы. Без масавай уключанасці грамадства ў нацыянальны моўна-культурны кантэкст пісьменнікам нічога не застаецца, як "ісці ў адстаўку".
Якраз тады ў канцы 1980-х — першай палове 1990-х гадоў Ніл Гілевіч яшчэ раз звярнуўся да традыцыі Ф. Багушэвіча і Янкі Купалы — да пафаснай, нацыянальна ангажаванай паэзіі і палітычнай публіцыстыкі. Па гарачых слядах беларускай дзяржаватворчасці, змагання за мову, культуру, гісторыю Бацькаўшчыны ствараліся зборнікі "Незалежнасць" (1991), "Жыта, сосны і валуны" (1992), "На высокім алтары" (1994), "Талісман" (1994), "Ёсць зямля..." (1997). I ва ўсіх гэтых паэтычных кніжках ёсць тры вобразы-матывы, якія прыдаюць змястоўнае і кампазіцыйнае адзінства: народ на сваёй спрадвечнай зямлі, родная мова, родная песня. Сярод пейзажнай лірыкі дакладнасцю вобразнай думкі вылучаецца верш, якім названы паэтычны зборнік "Жыта, сосны і валуны". Пластычна-колерны партрэт роднай зямлі. Прывітанне ёй і запавет — у першай і апошняй страфе:
Дзе па роднай зямлі ні крочыў —
Скрозь — ад Прыпяці да Дзвіны —
Перш за ўсё мне ласкалі вочы
Жыта, сосны і валуны.
О, сябры! Калі нешта значыць
Мой усім вам паклон зямны —
Хай і цень мой з пагорка бачыць
Жыта, сосны і валуны.
Вобраз роднай Беларусі дапаўняюць вершы, апублікаваныя ў кніжцы "Талісман" (1994). Яна пачынаецца вершам, у якім удала выкарыстана паэтыка народных заклінанняў:
Талісман, ты мяне беражы,
Беражы і яшчэ паслужы!
На развілку дарог у глушы,
Дзе бялее ручнік на крыжы, —
Пераймі ад кашчавай ганца —
Каб я песню дапеў да канца.
Кніга "Талісман" — невялікая анталогія паэзіі, публіцыстыкі і навуковых дакладаў Н. Гілевіча дзевяностых гадоў, калі Беларусь сапраўды аказалася на раздарожжы, у сітуацыі глабальнага выбару паміж незалежнасцю, з аднаго боку, палітычнай ангажаванасцю іншай краіны, з другога.
У тыя ж багатыя на палітычныя падзеі дзевяностыя пісаліся вершы чыстай лірыкі, што ўвайшлі ў кнігу "На высокім алтары". Нават яе загалоўкам аўтар зрабіў заяўку на сімволіку, універсальныя архетыпы сусветнай культуры. Алтар — біблейска-хрысціянскі сімвал нябеснай вышыні, боскай дасканаласці і зямнога Раю. А вышыня, узвышша, гара — сімвалічныя тапонімы Неба. У антычнай міфалогіі, таксама ў паэзіі — гара Алімп — зямная сядзіба багоў, Парнас — сядзіба музаў, апекуноў паэзіі, музыкі, іншых відаў мастацтва. Парнаска-апалонаўская прэлюдыя чуецца ў загалоўным вершы:
На высокім алтары,
У лясной старонцы...
Ты гары, гары, гары,
Залатое сонца!
Не паводка цераз край —
Дар крыніц глыбінных...
Ты пылай, пылай, пылай,
Дзень мой галубіны!
Не раптоўны бунт крыві
Боль душы няснёны...
Дык жыві, жыві, жыві,
Міг багаславёны!
Такую ж райскую і творча-экстатычную сімволіку нясуць міфалагемы агню на алтары (зніч на язычніцкіх свяцілішчах, свечка ў храме, алімпійскі агонь), крыніца (сімвал уваскрэсення, жывая вада), залатое сонца (нябесны агонь). Лясная старонка — міфалагемы райскай некранутай прыроды, агульная сімволіка рамантычнага мастацтва. Голуб — сімвал бязгрэшнай прастаты. Урэшце, заключныя радкі засведчылі арыентацыю паэта на ўзвышэнскі аквітызм (лацін. aqua vita — жывая вада) у паэзіі і грамадскім жыцці.
Паэзія Н. Гілевіча — гэта не толькі лірычныя маналогі і эпічныя сюжэты. На сваім узлёце яна дыялагічная, паэт спрачаецца не толькі са светам, з антаганістамі, антыгероямі нашай пакутлівай гісторыі і сучаснасці. Ён спрачаецца з боскім наканаваннем (багаборчыя матывы ёсць у сусветнай літаратуры, пачынаючы ад Бібліі), урэшце, з самім сабою, са сваёй радасцю і сваім болем. Прыпомнім песню "Мой лёс — каханне": "Не страшна мне, бо я — кахаю, // Не скрушна мне, бо я — люблю". I параўнаем з элегічным вершам, надрукаваным поруч з парнаскім "На высокім алтары":
Я не той, што ў Бога ў ласцы...
Я жыву мальбою:
Хай табе не перадасца
Гэта скрушнасць болю...
Альбо прарочы для нашай сучаснасці верш "Гэта — доля, якое я варты?":
I даруй, што журуся ў маўчанні,
Што не ў змозе вясёла спяваць,
Што цяжэй і цяжэй мне начамі
Рукі, склаўшы на сэрцы, трымаць.
Кніга "На высокім алтары" — паэтычная сімфонія Ніла Гілевіча ў трох частках, яе кампазіцыя, матывы, тэмы інтанацыі, якія фіксуюць зменлівасць душэўных перажыванняў, грунтуюцца на кантрастах, пераходах райскага экстазу ў пякельную пакуту, радасці — у самоту, жыццёвага экстазу — у рамантычную меланхолію. Нябесны рай і зямны аквітызм — у вершах "На высокім алтары", "На краю дажджу", "Жаўраначка...", "Гэта — доля, якое я варты?", "Як нечакана сцюжаю дыхнула", "Як доўга ў сэрцы горкі боль...", "Старадаўні сюжэт", "Не рві сабе сэрца, паэце!..", "Я не знаю, што ў нас будзе...". Кантрастнае супастаўленне і дыялог райскіх і пякельных матываў: "Заложнік вечнай мары ілюзорнай...", "Калі лёс неспагадны бязлітасна крыўдзіў...", "Вар’ят". Урэшце, не частыя раней вершы-малітвы, хрысціянскія матывы: "Малітва", "I наш малебен", "Радкі з усяночнай", "Сон", "Уваскрэсне!", "Як чужыя, рассталіся ўранку..." (заключная страфа: "Ну, нічога, нічога, нічога... // Там, дзе вечная ноч апаўе, // Нашы душы асвецяцца ў Бога // І сустрэнуцца зноў, як свае").
У 1980-м Ніл Гілевіч выдаў зборнік "Начлег на буслянцы", у які ўключыў камедыі "Не кажы “гоп”...", "Першая ноч на курорце", драму з гадоў Айчыннай вайны "Мы скора завітаем зноў" і п’есы па матывах бытавых канфліктаў "сярэдніх" інтэлігентаў і службоўца 1970-х гадоў ("Патрыярхальны Дзядовіч", "Начлег на буслянцы", "Камень з магілы продкаў"). Пазней, у 2001 годзе, публікуе востра-сацыяльную і маральна-філасофскую драму "Ведзьма". Драматургія Н. Гілевіча, асабліва камедыі і драма "Ведзьма", не страціла сваёй актуальнасці нават сёння, калі беларускае грамадства моцна палярызавалася па ідэалагічных арыентацыях.
На працягу 1970–1990-х гадоў Ніл Гілевіч друкуе шмат крытычных артыкулаў, эсэ, літаратурных партрэтаў. Яны змешчаны ў кнігах "У гэта веру" (1976), "Удзячнасць і абавязак" (1982), "Мужнасць, сумленнасць, годнасць" (1989), "Вяртанне і працяг" (1992). Тут я скрава выявіўся талент Н. Гілевіча як празаіка і прамоўцы, глыбокае разуменне творчасці сваіх старэйшых і маладзейшых калегаў па літаратуры, майстэрства лаканічна і неназойліва раскрыць іхні душэўны воблік, чалавечую непаўторнасць. Кожная з гэтых кніг, напісаных шчыра і дасціпна, эстэтычна вывераным стылем, паслужыць навучальным дапаможнікам для філолагаў, аматараў прыгожага пісьменства. Чытач знойдзе тут літаратурныя партрэты заснавальнікаў нашай класічнай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі (А. Пашкевіч), старэйшых сучаснікаў, чые творы ўвайшлі ў хрэстаматыі (Кандрата Крапівы, Аркадзя Куляшова, Міхася Лынькова, Івана Мележа, Пімена Панчанкі, Максіма Танка).
Нілам Гілевічам апублікаваны артыкулы, нарысы, эсэ пра выдатных пісьменнікаў нашых славянскіх братоў — Аляксандра Пушкіна, Адама Міцкевіча, Сяргея Ясеніна, Тараса Шаўчэнку, Івана Франко, Уладзіміра Маякоўскага, Аляксандра Твардоўскага, балгарскіх паэтаў Ніколы Вапцарава, Хрыста Радзеўскага, Георгія Джагарава, Любаміра Леўчава, Івана Давыдкава, Андрэя Германава. Праблемам літаратурнага мастацтва і яго творцам прысвечаны шматлікія публіцыстычныя артыкулы і аналітычныя даклады Н. Гілевіча. У славянскім свеце наш паэт вядомы як майстар літаратурнага перакладу на родную мову балгарскіх, славенскіх, сербалужыцкіх, рускіх, украінскіх, польскіх і іншых славянскіх паэтаў. Нашыя паўднёваславянскія браты аддзячылі паэту: узнагародзілі ордэнам Кірылы і Мяфодзія I ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі.
У 1996 годзе выдавецтва "Мастацкая літаратура" пачало выпускаць у свет літаратурны набытак Ніла Гілевіча — Збор твораў у шасці тамах. Пачынаючы з 2-га тома, збяднелае выдавецтва скараціла выданне да 4 тамоў. Агледзеўшы свае набыткі ў прыгожым пісьменстве, патрабавальны літаратар, паэт і вучоны-аналітык Н. Гілевіч сабраў толькі "чыстую пшаніцу", адсеяўшы ўсё тое, што не поўнасцю адпавядала высокім эстэтычным крытэрыям. У новых выданнях упершыню сабраны эпічныя творы паэта — паэмы "Песня аб вячыстым дубе" (1954), "Сто вузлоў памяці", "Гарыць, гарыць мая Лагойшчына", "Недзяленя", "А дзе ж тая крынічанька?", "А раніцы ўжо не было", "Заручыны", "Пачатак", "Не хварэй", "Лодачкі", "Паланез Агінскага". Паміж першай і апошняй паэмамі — сорак пяць гадоў!
Самую элітную анталогію паэзіі ўпрыгожыць лірычна-фальклорная паэма "А дзе ж тая крынічанька?" пра сустрэчу героя з роднай песняю падчас яго фальклорных вандровак "за ціхаплыннай, добрай рэчкай Шчарай", дзе сялянка са сваёю дачкою-студэнткай выконваюць шчымліва-самотную песню пра маладую ўдованьку з яе запытаннем: "Парадзь, парадзь, родны татка, // Як мне гора гараваці, // Як мне гора гараваці — // Дробных дзетак гадаваці?"
Эпічная паэзія Ніла Гілевіча, як правіла, апавядальная, грунтуецца на мастацкім бачанні рэальных падзей і фрагментаў штодзённых клопатаў, нячастых святаў, з якімі быў павязаны аўтар на сваім жыццёвым шляху ("Заручыны", "Гарыць, гарыць мая Лагойшчына", "Недзяленя"). Эталонам такіх паэмаў-быліцаў, вядомых з часоў В. Дуніна-Марцінкевіча, з’яўляецца спавядальны твор "Лодачкі". У аснове сюжэта рэальны, біяграфічны факт, падсвечаны агульнай драмай пасляваеннай беларускай вёскі.
Навуковыя і навукова-асветніцкія кніжкі і шматлікія артыкулы Н. Гілевіча тэматычна выходзяць за рамкі літаратурнай праблематыкі. Але ж амаль усе яны датычацца філалогіі — гісторыі літаратуры і паэтыкі фалькларыстыкі. Апрача манаграфіі "Акрыленая рэвалюцыяй" Н. Гілевіч апублікаваў навукова-папулярны нарыс "Наша родная песня" (1968). Асноўная ўвага даследчыка скіравана на выяўленне жыццёвых рэаліяў у фальклоры і тлумачэнне самабытнай яго паэтыкі, мастацкіх выяўленчых сродкаў. Далейшае развіццё гэтай тэмы ёсць у кніжцы"З клопатам пра песні народа" (1970). Тэарэтычныя напрацоўкі па эстэтыцы фальклору Н. Гілевіч выкарыстаў у манаграфіях "Паэтыка беларускай лірыкі: Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма" (1975) і "Паэтыка беларускіх загадак" (1976). Абедзве кнігі з’яўляюцца першым і, на жаль, апошнім грунтоўным даследаваннем паэтычных і жанравых заканамернасцяў народнай лірыкі і вобразна-паэтычных ды міфалагічных па сэнсу і структуры загадак. Яны добра паслужылі ў якасці навучальных дапаможнікаў.
У драматычным для лёсу нацыянальнай мовы, літаратуры, культуры 1996 годзе беларуская грамадскасць розных пакаленняў і палітычных арыентацый наладзіла Н. Гілевічу сапраўдны трыумф на яго паэтычным вечары 26 лютага ў Доме літаратара. На тым вечары паэт прапанаваў невялікую вусную анталогію сваёй шматжанравай паэтычнай творчасці ў сваім жа дасціпным і артыстычным выкананні. Узнятыя па-над гістарычным часам (а гэта звыш пяцідзесяці гадоў нашага дынамічнага дваццатага стагоддзя!), яго вершы ў жанрах лірычнай споведзі, медытацыі, песні, паэтычнай сатыры, гумару і лірычнай публіцыстыкі, вясёлай лірычнай дыдактыкі для дзяцей, перастварэння з паэтычнага саду братніх нам народаўгучалі надзвычай актуальна, молада, як не ўчарашняе, а мастацкае рэха сучаснага быцця. Бо наш паэт — не летапісец жыцця (хоць у літаратурным летапісанні няма нічога дрэннага), а яго таленавіты супрацоўнік.
"Любоў прасветлая" — так назваў Ніл Гілевіч сваю кнігу роздумаў ў вершах і прозе аб роднай мове, нацыянальнай свядомасці і культуры (1996). Своеасаблівы магістрал усёй творчасці. Кніга гэтая — сімвал веры паэта, яго палітычнае, маральнае і эстэтычнае credo. Творы розных жанраў за 1947–1996 гады — вершы, выступленні, інтэрв’ю, нататкі, аналітычныя артыкулы аб’ядналіся тут беларускай нацыянальнай ідэяй, пафасным сцвярджэннем нашых духоўных каштоўнасцяў — роднае мовы, літаратуры, фальклору, мастацкай культуры, традыцыйных абрадаў. Аўтар максімальна выкарыстаў выяўленчыя сродкі паэзіі, красамоўства, каб паўплываць на грамадскую думку, адрадзіць у сэрцах слухачоў і чытачоў пачуццё доўгу перад Бацькаўшчынай, неабходнасці пакаяцца перад ёю, прабудзіць сумленне, што заснулапад наркозам хлусні і беззаконнасці. Выдаў дзве кнігі ра Ніну Іванаўну Гілевіч: "Разумная дзевачка" (2005) і "Добры анёл беларускасці" (2007).
У пачатку ХХІ стагоддзя Ніл Гілевіч выдаў новыя кнігі паэзіі "Паланез Агінскага" (2002), "На флейце самоты" (2004), "Сказ пра залатое пёрка" (2005), "У ноч на Пакровы" (2008), а таксама аб’ёмісты том публіцыстыкі "Толькі мы самі" (2006).
Апошнія гады на мяжы новага стагоддзя сталіся для паэта і рыцара нацыянальнай культуры шчодраю восенню. Заціхлі ранейшыя шквалы маладосці. Затое прыбавілася мудрасці, чалавечай і пісьменніцкай відушчасці. У паэзіі ўсё часцей трапляюць хрысціянскія матывы, пакаяльныя вершы-малітвы. Не забыта баявая публіцыстыка — у прозе і вершах: яна сёння дамінуе ў штодзённай працы пісьменніка. З сялянскай апантанасцю пісьменнік апрацоўвае і даглядае беларускую духоўную ніву, будзіць грамадзянскае сумленне беларусаў. Пра змест і пафас публікацый сведчаць загалоўкі артыкулаў, інтэрв’ю, нататкаў з дзённіка: "У імя нацыянальнай ідэі", "Ад музейнай экзотыкі — да рэальнага паўнакроўнага жыцця", "Жыццё нельга бэсціць, а ў паэзіі тым больш", "Будзе і на нашай беларускай вуліцы свята!".
У апошняе дзесяцігоддзе мінулага стагоддзя Н. Гілевіч узбагаціў сваю песенную паэзію традыцыйнымі, але даўно забытымі жанрамі, сярод якіх сямірадкоўі. Варыянтнасць рыфмоўкі гэтай паэтычнай формы дазволіла аўтару арыгінальна выкарыстаць размоўныя інтанацыі, барокавую дасціпнасць стылю, энергічна і арыгінальна сцвердзіць свае думкі і этычныя ацэнкі. Адначасова прапанаваў не менш дасціпныя кампазіцыі эпічнай паэзіі, ахрысціўшы іх сюжэтамі. Гэтыя паэтычныя навацыі ўвайшлі ў трэці том Збору твораў (2001).
У пачатку ХХІ стагоддзя Н. Гілевіч раскрыў загадку пра "ананімную" паэму "Сказ пра Лысую гару", падпісаную псеўданімам Францішак Вядзьмак-Лысагорскі. Упершыню апублікаваў гэты унікальны твор у шырокім дыяпазоне камічнага пад сваім прозвішчам ("Народная воля". 2003. 30 жн.). Публікацыю папярэдзіў аналітычным артыкулам, фактычна навуковым трактатам пра шляхі стварэння ўнікальнага твора ў нашай і еўрапейскай паэзіі. У тым жа 2003 годзе Н. Гілевіч "Сказ пра Лысую гару" ў апошняй аўтарскай рэдакцыі выдаў асобнай кнігай з маім уступным артыкулам "Дасціпная паэтыка смеху", ілюстрацыямі рукапісных праўленых тэкстаў гэтага твора.
Вельмі многа добрага можна было б яшчэ сказаць пра перакладчыцкую дзейнасць Н. Гілевіча. Маштабы яе ўражваюць. Ён пераклаў-перастварыў на родную мову многія тысячы радкоў паэзіі многіх народаў свету. Асабліва многа зрабіў ён для азнаямлення беларусаў з творчасцю славянскіх народаў. Дзякуючы Н. Гілевічу па-беларуску загаварылі лепшыя паэты Балгарыі, Славеніі, Сербіі, Харватыі, Босніі, Расіі, Украіны, Польшчы і іншых славянскіх краін. Больш за ўсё зрабіў ён для папулярызацыі ў Беларусі балгарскай літаратуры, выдаўшы ў сваім перакладзе ў Мінску ажно шэсць анталогій паэзіі: "Балгарскія народныя песні" (1961), "Ад стром балканскіх" (1965), "Чарадзейны ліхтарык" (1968), "Хай зорыць дзень" (1974), "Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень" (1976), "Перазараджаным набоем" (1981). Выйшла таксама кніга яго літаратурна-крытычных эцюдаў "Верная вялікім запаветам: Сучасная балгарская паэзія" (1976).
У сваю чаргу паэтычныя творы Н. Гілевіча перакладаліся на мовы многіх народаў свету — азербайджанскую, англійскую, балгарскую, венгерскую, грузінскую, іспанскую, малдаўскую, казахскую, летувіскую, рускую, сербска-харвацкую, славенскую, таджыкскую, украінскую, французскую, мову хіндзі, чувашскую, эстонскую і інш.
У год сваёй літаратурнай восені паэт перажыў вялікую бяду-гора: памерла яго верная спадарожніца на дарогах лёсу, самаахвярная сяброўка і нязменны памочнік, таленавітая даследчыца і асветніца-філолаг Ніна Гілевіч. Шмат часу паэт аддаў падрыхтоўцы да друку 6 зборнікаў яе артыкулаў, лекцый, дыялекталагічных матэрыялаў, іншых лінгвістычных даследаванняў, захаваных у рукапісах. Яны выйшлі ў свет у 2004–2008 гадах.
Паспяхова рэалізуе Ніл Гілевіч свой маштабны творчы і выдавецкі праект — Збор твораў у 23 тамах (выйшлі тамы 1, 3, 5, 23). У 5-ты том увайшлі раней скрытыя пад псеўданімамі творы ў шырокім дыяпазоне камічнага. Гэта — унікальная анталогія або нават падручнік па эстэтычнай катэгорыі смеху. У т. 23 — мемуарная кніга "Між роспаччу і надзеяй. Абрыс пройдзенага шляху ў святле адной мары".
Н. Гілевіч — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы (1980) і прэстыжнай Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева (Балгарыя, 1986; прысуджаецца за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку). Украіна ўзнагародзіла яго сваім вышэйшым ордэнам князя Яраслава Мудрага (2006) і прысудзіла прэмію імя Івана Франка (2007).
Ніл Гілевіч — заслужаны дзеяч навукі РБ (1980), ганаровы прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (1993). У 1991 годзе яму нададзена званне народнага паэта Беларусі.
Уладзімір Конан
Конан, У. На прасветлым алтары Радзімы / Уладзімір Конан // Гілевіч, Н. Выбраныя творы / Ніл Гілевіч; уклад., камент. Н. Гілевіча; прадм. У. Конана. — Мінск, 2009. — С. 5–19.