Плеяда — і трэба сказаць — магутная плеяда паэтаў, якая прыйшла ў літаратуру неўзабаве пасля вайны, бадай, цяпер, у нашы дні, ужо нясе галоўную службу паэтычнага слова.
Пакаленне равеснікаў Ніла Гілевіча вельмі адметнае ў беларускай літаратуры. Ніхто адзін на другога не падобны, хоць, здавалася б, з'яднаны і перажытым часам, і тэмамі, і праблематыкай.
Чым вабіць, чым вылучаецца Ніл Гілевіч? Перш за ўсё, думаю, як ніхто, — непасрэднай блізкасцю да жывых вытокаў народнай творчасці.
Паэзія Гілевіча і фальклор — спецыяльная тэма для размовы. Зазначу толькі, што яго творчы поспех не ад таго, што ён браў і бярэ фальклор, так сказаць, напракат, пішучы па яго ўзору свае творы. Не, Гілевіч, мабыць, невыпадкова ўзяўся і за навуковае даследаванне фальклору перш за ўсё таму, што вельмі блізка ўбачыў ва ўсім багацці самую лабараторыю народнай паэтыкі, выдатную здольнасць народа мысліць не толькі вобразамі і пачуццямі ў песнях, у лірыцы, а і маштабна бачыць жыццё ў эпічных і гістарычных абагульненнях.
Мы прывыклі да стэрэатыпаў. Фальклор у нас — заўсёды скарбы. А як падступіцца да гэтых скарбаў? Падступаемся не адно стагоддзе. А ў нашы дні нават чуліся галасы — ці не пара ўжо гэтыя скарбы апісаць, заінвентарызаваць, скласці ў акадэмічныя скрыні і павесіць сургучную пячаць?
Паслухаўшы такіх ультрапрагрэсіўных дарадцаў, мы, як вядомы скупы рыцар, перад людзьмі і светам зрабіліся б убогімі жабракамі. Беларуская літаратура далёка яшчэ не адкрыла, можа быць, самых важнейшых, самых глыбінных пластоў фальклору, які ў многіх славянскіх і еўрапейскіх культурах дапамог стварыць эпічныя, гістарычныя і легендарныя помнікі велічы народнага генія.
Не будзем забываць, што на працягу стагоддзяў фальклор — не толькі песня і казка, а і аснова этычна-эстэтычных уяўленняў народа, яго маральны кодэкс, мудрасць выхавання і навучання, яго педагагічная акадэмія, і наогул — яго адзіная акадэмія...
Я з вялікай цікавасцю сачу за даследчыцкай работай Гілевіча. I вельмі абрадаваўся, калі ўслед за кнігаю сваіх "Загадак" ён выдаў упершыню ў Беларусі навуковае даследаванне народнай загадкі. Гэта даўно і пільна неабходныя практычныя дапаможнікі нашай школе, якая, на вялікі жаль, многае траціць ад таго, што не можа спалучыць навучанне з вобразным мысленнем дзяцей.
У асобе Гілевіча мы маем і дзіцячага паэта дзякуючы яго блізкасці да вытокаў жывога народнага слова.
Гэта прычыннасць і залежнасць, думаю, яшчэ болей відна на творчых поспехах Гілевіча — сатырыка і гумарыста. Спадзяюся, што многія з нас неаднойчы былі сведкамі і мелі асалоду бачыць і чуць выключны поспех паэта ў гэтым жанры.
Баюся, што можа скласціся ўражанне, нібыта ўсе поспехі і паэтычнае майстэрства Ніла Гілевіча цалкам залежаць ад фальклору.
Глыбока і плённа можа пранікаць у народную паэтыку толькі майстар з высокай эстэтычнай культурай. Гілевіч — паэт, якому добра вядомы вопыт айчыннай класічнай і сучаснай паэзіі, аб чым сведчаць яго "Актавы". Што ж да паэзіі славянскага свету, дык тут ён, як усімі намі прызнана, у некаторыя краіны першы церабіў сцежкі, адкрываючы нам многія скарбы. I беларускія паэты ўд'зячны свайму калегу — Нілу Гілевічу, бо нямала хто з нас загаварыў на вялікай мове братняй еднасці.
1977
Васіль Вітка
Вітка, В. Еднасць з жывымі вытокамі : [аб творчасці Н. Гілевіча] / Васіль Вітка // Вітка, В. Выбраныя творы / Васіль Вітка ; [укладанне і каментарыі Т. Тарасавай, К. Цвіркі ; прадмова А. Васілевіч]. — Мінск : Беларуская навука, 2013. — С.484–485. — (Беларускі кнігазбор).