"Талент Ніла Гілевіча надзвычай ёмісты і працавіты, чулы да подыху жыцця і да чалавечага болю. Паэт шмат выступае як публіцыст і літаратурны крытык, мае некалькі зборнікаў артыкулаў. Апошнім часам у друку з'явіліся драматычныя творы Гіевіча, неўзабаве, мабыць, што-нішто з іх мы ўбачым на сцэне".
Васіль Быкаў, пісьменнік
"Сіла ягонай пагарды і выкрыцця такая вялікая, а смех такі з'едлівы, што часам здзіўляе ягоная здольнасць пераходу да вельмі шчырай замілаванасці, дабрыні і пранікнёнага лірызму ў вершах і паэмах іншага характару, у лірычных творах, дзе Ніл Гілевіч паказвае зусім іншыя грані свайго таленту. Гэтыя два розныя бакі яго творчасці знітоўваюцца адной моцнай, я сказаў бы, высакароднай якасцю, якую можна вызначыць як фальклорную, вельмі народную, што ідзе ад самых вытокаў беларускага жыцця, з яго нацыянальнага характару і ягонай гісторыі".
Васіль Быкаў
"Увогуле трэба сказаць, што ў паэтыцы Ніла Гілевіча ў вельмі выразнай форме знайшлі выяўленне грамадзянскасць, скандэнсаваныя сацыяльнасць, пра што сведчаць яго шматлікія творы, асабліва ж яго сатыра і гумар, у якіх паэт мае свой непаўторны голас, свой характэрны смех і сваю іронію".
Васіль Быкаў
"Калі дапусціць, што паэт вырастае з якога-небудзь аднаго свайго верша, дык можна, бадай, сказаць, што Н. Гілевіч як паэт вырас з верша "Песню бярыце з сабою..."
Анатоль Грачанікаў, паэт
"Паэт і раней працаваў у гэтым жанры, шмат якія яго сатырычныя і гумарыстычныя вершы і дагэтуль "нясуць службу" ў калектывах мастацкай самадзейнасці, гучаць у рабочых і сельскіх клубах. Узнімаючыся над канкрэтнымі жыццёвымі эпізодамі на ўзровень абагульненняў, паэт часам стварае адмоўныя сацыяльныя тыпы і маральна знішчае іх".
Анатоль Грачанікаў
"Зборнік Н. Гілевіча "Кантора" перш за ўсё і падабаецца таму, што ў ім узяты на дакладны сатырычны прыцэл людзі абыякавыя і косныя, чые сэрцы зачарсцвелі, а душы заплеснелі, тыя, хто імкнецца ўзяць ад нашага грамадства як мага больш, а даць яму як мага менш. Удала напісаны і іншыя "замовы". Большасць з іх вылучаецца арыгінальнасцю, дасціпнасцю і свежасцю мовы. Дарэчы, уся кніжка сведчыць аб тым, што яе аўтар добра валодае народнай мовай і нядрэнна дасведчаны ў асаблівасцях фальклору. Даволі павучальны вопыт з "замовамі" зноў і зноў гаворыць аб тым, што невычэрпныя фальклорныя багацці нашага народа тояць у сабе мноства самых нечаканых і разнастайных магчымасцей для выкарыстання іх у літаратуры. Трэба толькі ўмець падбіраць ключы да гэтых скарбаў".
Аляксей Зарыцкі, пісьменнік
"Адзін з галоўных матываў паэзіі Н. Гілевіча — любоў да Беларусі, да роднай бацькоўскай зямлі. Ім напісана пра гэту любоў шмат прачулых, узнёслых радкоў. Імпануе пачуццёвая стрыманасць у паэтычным асэнсаванні тэмы Радзімы".
Віктар Каваленка, літаратурны крытык
"Паэзія Н. Гілевіча чыстая, мнагазначная, што гаворыць з намі як бы сама з сабой, — і ў гэтым яе асаблівае хараство".
Аляксей Кандратовіч, літаратурны крытык
"...Мне было вядома, што, апрача лірыкі, у паэзіі Ніла Гілевіча некалькі нечакана заўважны сатырычны струмень. Ён выпусціў шэраг прыкметных зборнікаў — "Да новых венікаў", "Ці грэх, ці два" і іншыя. Але ў яго рускіх кніжках на гэта і намёку няма... А Ніл Гілевіч не проста гумарыст, але яшчэ і сатырык, парой кінжальны..."
Аляксей Кандратовіч
"Ніл Гілевіч — аўтар некалькіх зборнікаў гумару і сатыры... Яны заслугоўваюць асобнай размовы як прыкметная з'ява ў нашай літаратуры і вызначаюцца дасціпнасцю, камізмам сітуацый і трапнасцю, натуральнасцю дзеяння (што стала, на жаль, ужо рэдкасцю ў нашых "чыстых" прадстаўнікоў сатырычнага цэха) і высокім майстэрствам, асабліва прыкметным на фоне слоўнай беднасці, натужнай вобразнасці, штучнасці сітуацый, і кампазіцыйнай няскладнасці многіх іншых гумарыстаў. Між іншым, і тут, у гумарыстычных вершах, Ніл Гілевіч увесь у пошуку — сюжэтна-тэматычным, жанравым, слоўна-вобразным. Піша прытчы і байкі, адштурхоўваючыся ад народных узораў, стварае "сучасныя замовы-загаворы", не цураецца эпіграмы і пародыі, з поспехам карыстаецца сюжэтна-апавядальным вершам".
Ларыса Кароткая
"Аматар дасціпнага вострага слова, сам майстар у гэтай галіне, Ніл Сямёнавіч з асаблівай ахвотай перакладае сатыру і гумар нашых балгарскіх пабрацімаў".
Кандрат Крапіва, пісьменнік
"Ва ўсім, што трапляецца пад сатырычны прыцэл паэта, у кожным яго вобразе мы адчуваем прысутнасць народнага погляду на жыццё, непасрэднасць бачання фактаў, размоўную шчырасць інтанацый, якая так натуральна і ёміста выяўляе характары самых розных персанажаў. Адной з характэрных асаблівасцей сатыры і гумару Н. Гілевіча з'яўляецца іх блізкасць да фальклору. Гэта адчуваецца і ў дасціпнасці моўных сродкаў, і ў спосабе абмалёўкі вобразаў, і ў прыёмах кампазіцыйнай арганізацыі жыццёвага матэрыялу... Уражанне ўзмацняецца той сапраўды чароўнай моўнай стыхіяй, той слоўнай вынаходлівасцю, у якой паэт, здаецца, невычэрпны".
Пятрусь Макаль, паэт
"...Мастацкія дэталі ў паэта не штучна прыдуманыя, а ўдала знойдзеныя ў жыцці. I гэта, бадай, самы моцны бок паэзіі Н. Гілевіча".
Пятрусь Макаль
"Як правіла, крытыкі і даследчыкі, аналізуючы яго паэзію, на першае месца ставяць лірыку і толькі мімаходзь упамінаюць гумар і сатыру. Між тым адна з галоўных іпастасей Гілевіча-паэта праяўляецца перш за ўсё ў гумарыстычным і сатырычным ключы. Мноства ўрадлівых тыпаў намаляваў паэт, але з асаблівай палымянасцю закляйміў прыстасаванцаў і рэнегатаў, двудушных кар'ерыстаў, шаманаў беззмястоўнага, але крыклівага слова. Да вяршынных дасягненняў Гілевіча-сатырыка належыць вершаваная камедыя "Формула іржавіны"."
Дзмітро Паўлычка, перакладчык
"Гілевіч захапіў мяне спалучэннем філасофскай лірыкі з тонкімі, далікатнымі адносінамі да ўнутранай прыроды чалавека".
Вар'ям Сінгх, прафесар Цэнтра рускіх даследаванняў, Індыя
"Працы Н. Гілевіча, прысвечаныя даследаванню вуснай народнай творчасці, вызначаюцца глыбінёй зместу, тым эмацыянальным напалам, што ідзе ад усведамлення непарыўнай сувязі з народнымі вытокамі".
Георгій Сіненка, літаратурны крытык
"Перакладніцкая дзейнасць Н. Гілевіча не абмяжоўваецца сувязямі з балгарскай і югаслаўскай літаратурамі. У полі яго зроку — шматлікія паэты вялікай сям'і славянскіх народаў: рускія, украінцы, палякі, чэхі, славакі".
Георгій Сіненка
"…Паяўленне ў беларускай літаратуры рамана, напісанага вершам, выклікае да яго цікавасць. "Родныя дзеці" Н. Гілевіча — востры сацыяльны твор пра сучаснасць, у якім закранаюцца такія набалеўшыя пытанні нашага жыцця, як адарванасць ад роднай зямлі, ад духоўнай спадчыны народа, як павага і любоў да працы, якая напаўняе жыццё чалавека найвялікшым зместам".
Максім Танк, пісьменнік