Янка Купала

Памяці Вінцука Марцінкевіча

Шмат лет не ручыла нам доля.
Крывымі вяла пуцінамі,
Не маючы ласкі і жалю
Над нашай старонкай, над намі.
Хто мы, адбірала нам памяць,
Чужыншчынай ціснула грудзі,
Не раз падцікалася з думкай,
Што мы ўжо — не мы і не людзі.
З нас самых і з гутаркі нашай
I свой, і чужынец стаў кпіці.
Ўсё роднае стала няродным,
Прост хоць і на свеце не жыці.
Так ночка хацела быць паняй,
Так сівер нас зводзіў і страшыў,
Ды вось, як на тое, судзіў бог
I нам на сваім быць кірмашы.
Нябожчык Вінцук Марцінкевіч
Не сцерпіў такой нашай мукі, —
Паслухаўшы сэрца, бярэ ён
Дуду беларускую ў рукі.
I песню за песняй парадкам
Пусціў, як жывую крыніцу:
Пасыпалісь, проста як з неба,
«Дажынкі», «Гапон», «Вечарніцы».
Як стораж, стаў смела на варце
Радзімых запушчаных гоняў,
Стаў сеяць па-свойску ўсё тое,
Што мы далей сеем сягоння.
А кемкую меў ён натуру, —
Спанатрыў, дзе праўду шукаці,
У тахт беларусавай думцы
Патрапіў запеці, зайграці.
Калі засмяецца, бывала,
То хоць за бакі ты бярыся;
Калі ж і разжаліцца сумам,
Дык хоць ты з слязою жаніся.
Умеў ён прынадна настроіць
Тон ёмкі ў дудзе-самагудзе,
Што нам і цяпер яна грае,
I вечна канца ёй не будзе.
Чвэрць веку, як бае ўжо недзе
Святым беларускія песні,
А быццам ён з намі талкуе
Аб нашай зіме і прадвесні.
Жыве паміж намі дудар наш...
Жыць кожны так будзе, мой братку,
Хто родну старонку палюбіць,
Маўляў добры сын сваю матку.

года