Напярэдадні 105-годдзя з дня нараджэння магілёўскага паэта і журналіста Аляксея Васільевіча Пысіна ў абласной бібліятэцы адбыліся штогадовыя, ужо XIV Пысінскія чытанні. Сёлета яны прымеркаваны да знакавай гістарычнай даты – 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і прысвечаны творчасці землякоў – пісьменнікаў і паэтаў-франтавікоў, якія вызвалялі Еўропу.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел творчая інтэлігенцыя і моладзь рэгіёна: члены Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, члены гарадскога літаратурнага аб’яднання “Ветэран”, навучэнцы Сацыяльна-гуманітарнага каледжа ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”, бібліятэкары ўстаноў культуры і адукацыі вобласці.
Дзень Перамогі заўсёды быў вялікім святам для паэта-франтавіка Аляксея Пысіна, які напаткаў яго ў Латвіі, на беразе Балтыйскага мора. Па дарогах вайны паэт прайшоў сувязістам, і, як у кожнага салдата, у яго была свая вайна і свае ўспаміны. За сваю стойкасць і мужнасць у цяжкім баі пад Полацкам у 1944 годзе ўзнагароджаны медалём “За адвагу”. Знаходзячыся ўвесь час на перадавой, быў двойчы паранены, да самай смерці насіў у целе асколкі снарадаў. Таму і называўся гісторыка-паэтычны нарыс, прысвечаны гвардыі радавому Аляксею Пысіну, – “Рэквіем, перапынены тройчы”. Гучалі суровыя і пранізлівыя радкі яго выдатных вершаў-шэдэўраў, якія ён пачаў пісаць толькі праз дзесяць гадоў пасля заканчэння вайны, пасля глыбокіх разважанняў і філасофскага асэнсавання яе сутнасці.
Малая радзіма Аляксея Пысіна – Краснапольскі раён. І сёлета да Пысінскіх чытанняў далучылася цэлая дэлегацыя з гэтага глыбіннага, салаўінага краю на чале з А.М. Раманенка, дырэктарам Краснапольскай бібліятэчнай сеткі, Л.М. Пшанічнікавай, дырэктарам Краснапольскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея і яркімі мясцовымі паэтычнымі зоркамі. Землякі паэта падзяліліся сваім вопытам работы па літаратурным краязнаўстве, правялі віртуальную экскурсію па літаратурным музеі А.В. Пысіна, які ўжо больш за сорак гадоў дзейнічае ў Палужскай сярэдняй школе, дзе вучыўся будучы паэт. Запамінальна і вельмі душэўна краснапольскія бібліятэкары правялі прэзентацыю рэгіянальнага свята паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну”, якое ўжо даўно стала візітнай карткай рэгіёну і дзякуючы якому літаратурныя традыцыі, закладзеныя Аляксеем Васільевічам, паспяхова працягваюцца.
Ганаровымі гасцямі канферэнцыі сталі родныя Аляксея Пысіна – яго дачка, унукі і праўнукі. Любоў Аляксееўна выказала шчырую ўдзячнасць абласной бібліятэцы і зямлякам бацькі за ўшанаванне памяці паэта, які пакінуў сваім нашчадкам прарочыя радкі: “Нас, напэўна, ў свеце не забудуць. Успомняць, што на свеце мы жылi…”.
Тое, што менавіта савецкі салдат пазбавіў народы Еўропы ад “карычневай чумы”, вельмі пераканаўча прагучала ў літаратурнай кампазіцыі “Яны дайшлі да Берліна”. Мы шмат ведаем пра подзвіг беларускай літаратуры перыяду Вялікай Айчыннай вайны, але значна менш вядома пра баявыя подзвігі нашых пісьменнікаў-землякоў. А між тым, гэта людзі вышэйшай пробы, якія без устаноўкі рабілі тое, што трэба.
Паэт Пётр Прыходзька, ураджэнец Хоцімскага раёна, прайшоў вайну ад самага яе пачатку і да канца, самааддана ваяваў на Бранскім фронце, Курскай дузе, удзельнічаў у вызв../аленні Беларусі, Польшчы, Прагі і свой цяжкі салдацкі шлях завяршыў у Берліне. Двойчы ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, двойчы Айчыннай вайны ІІ ступені, шматлікімі медалямі.
Пісьменнік-краснапальчанін Сцяпан Кухараў прайшоў з баямі цяжкі шлях ад берагоў Бесядзі, Сожа, Дняпра да Усходняй Прусіі, удзельнічаў у баях пад Наравам, фарсіраваў Віслу і Одэр. На сценах рэйстага яго рукой пакінуты аўтограф: “За спаленыя гарады і вёскі Беларусі”. За мужнасць і адвагу ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Берліна”, “За ўзяцце Кёнігсберга” і іншымі.
Менавіта ў Берліне свой самы высокі подзвіг – карэспандэнцкі і воінскі – здзейсніў яшчэ адзін наш зямляк з Кіраўскага раёна – Уладзімір Савіцкі. Ён адным з першых з газетнай браціі ўварваўся у германскую сталіцу разам са штурмавымі ротамі 150-й стралковай дывізіі і першым расказаў у сваёй армейскай газеце аб подзвігу савецкіх салдат пры штурме рэйхстага.
Вайна апаліла іх юнацтва, але назаўжды загартавала характар. Быць можа таму створаныя імі мастацкія творы вельмі глыбокія і шматгранныя. Паэтам-франтавікам было пра што расказаць у сваіх патрыятычных творах, якія вельмі эмацыйна прагучалі з вуст маладых чытальнікаў, дазволілі ім самім больш глыбей адчуць і зразумець, што такое вайна і якія жахі яна прыносіць з сабой, і, безумоўна, кранулі сэрцы ўсіх прысутных.
Напрыканцы мінулага года нас напаткала сумная навіна – на 98-годзе жыцця не стала Віктара Іванавіча Арцем’ева – старэйшага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, сябра Аляксея Васільевіча Пысіна і нястомнага даследчыка яго творчасці. Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост Віктар Іванавіч быў нязменным удзельнікам Пысінскіх чытанняў. І мы проста не мелі права не ўшанаваць светлую памяць гэтага чалавека. Прысвечаная яму частка называлася “Як на споведзі ў храме” – па назве апошняга зборніка Віктара Іванавіча, які на вялікі жаль, пабачыць надрукаваным яму ўжо не давялося. Падчас прэзентацыі кнігі ў адрас Віктара Іванавіча прагучала шмат цёплых слоў ад яго сяброў і калег па пяру: старшыні Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Казекі, пісьменніка Міколы Леўчанкі, выкладчыка Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Валянціны Шакуравай, якая добра ведала Віктара Іванавіча, паэта Валянціны Габрусевай, якая лічыла яго сваім настаўнікам. Мы выканалі і апошняе пажаданне Віктара Іванавіча – перадалі асобнікі тым, каму ён хацеў пакінуць на доўгую памяць добры ўспамін аб сабе.
У рамках канферэнцыі адбылася прэзентацыя віртуальнага музея Івана Чыгрынава «Вернасць праўдзе», створанага абласной бібліятэкай да 90-годдзя народнага пісьменніка. Іван Гаўрылавіч належыць да трэцяй хвалі літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну – гэта творы дзяцей франтавікоў і партызан, якія зведалі жахі акупацыі і смак сірочага хлеба. Убачанае і перажытае ім у дзіцячым узросце засталося ў памяці назаўсёды і прымусіла ўзяцца за пяро. Адметнасць асветна-адукацыйнага рэсурсу ў тым, што гэта адзіная інтэрнэт-платформа, дзе змешчаны ўсе мастацкія творы пісьменніка, уключаючы апавяданні, што ўваходзяць у праграмы навучальных устаноў, знакамітую пенталогію «Плач перапёлкі», а таксама раней невядомы чытачу цыкл кароткіх апавяданняў, у аснове якіх – асабісты жыццёвы матэрыял аўтара. Амаль палова твораў была алічбавана спецыяльна для праекта.
У адным страі змагароў супраць нямецкіх акупантаў разам з беларускімі пісьменнікамі стаялі і іх калегі па пяру з брацкіх народаў. Сярод іх – рускі паэт Ілля Швец з Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Усю вайну Ілля Андрэевіч ахоўваў неба Баку. Яму пашанцавала – да галоўных нафтавых запасаў Савецкага Саюза немцы не дабраліся. І адначасова не пашанцавала – усё жыццё ён адчуваў сябе вінаватым перад сваімі аднагодкамі, жывымі і мёртвымі, за тое, што не хадзіў у атаку, не быў паранены, не губляў у баі аднапалчан, не загінуў. З творчай біяграфіяй свайго паэта-земляка пазнаёміла Вольга Мікалаеўна Гарэлая, намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Бранскай абласной бібліятэкі.
Аб дзейнасці Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” па патрыятычным выхаванні моладзі расказаў старшыня аддзялення Алесь Казека.
Калекцыя кніг, дакументаў і рэчаў Аляксея Пысіна, якая захоўваецца ў музейным пакоі бібліятэкі, папоўнілася алічбаванымі копіямі асабістых дакументаў Аляксея Васільевіча з архіва газеты “Магілёўская праўда”, дзе доўгі час ён працаваў журналістам. Падзяліўся ўнікальнымі матэрыяламі рэдактар абласной газеты “Магілёўскія ведамасці” Аляксандр Пятровіч Булай.
Скарбонка ўзнагарод бібліятэкі ўзбагацілася падзячным пісьмом ад старшыні Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта за ўвекавечванне памяці аб іх знакамітым ураджэнцы Аляксеі Пысіне і папулярызацыю яго паэтычнай спадчыны.