Зноў у зямлі ўзарвалася граната,
Плыве ў вянках дзіцячая труна.
Хлапчук вайны не бачыў: вінавата
Яшчэ непахаваная вайна.
А. Пысін
“Яшчэ непахаваная вайна”… Гэты ёмкі радок магілёўскага паэта-франтавіка, сэнс якога не згубіў сваёй актуальнасці і па сённяшні дзень, стаў назвай і задаў эмацыйны тон ХІІІ Пысінскім чытанням, прысвечаным ваенным лёсам пісьменнікаў Магілёўшчыны і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Значная для ўсіх нас гістарычная дата заўсёды была вялікай падзеяй і для Аляксея Васільевіча Пысіна, які прайшоў Вялікую Айчынную ад самага яе пачатку і да канца, а таксама для ўсяго ваеннага пакалення магілёўскіх пісьменнікаў. Тых, хто стаяў у адным страі змагароў супраць акупантаў, тых, каму давялося пабачыць усе жахі вайны вачыма дзіцяці, і тых, у сем’ях якіх вайна працягвае адбівацца болем і зараз.
Рызыкуючы сваім жыццём, яны змагаліся ў дзеючай арміі, партызанскіх атрадах, падпольных арганізацыях. Але ўсё ж такі асноўнай іх зброяй было трапнае слова, якое ў цяжкую гадзіну ўздымала народ на згуртаваную барацьбу.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, члены гарадскога літаратурнага аб’яднання “Ветэран”, выкладчыкі і навучэнцы Сацыяльна-гуманітарнага каледжа ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”, установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў”.
Асаблівасцю літаратурнага мерапрыемства сёлета стала тое, што не толькі супрацоўнікі бібліятэкі расказалі маладому пакаленню аб Вялікай Айчыннай вайне радкамі магілёўскіх пісьменнікаў, але ж і сама моладзь прыняла актыўны ўдзел у чытаннях. Суровыя і пранізлівыя радкі паэтаў-франтавікоў, якія вельмі эмацыянальна прагучалі з вуст маладых чытальнікаў, дазволілі ім самім больш глыбей адчуць і зразумець, што такое вайна і якія жахі яна прыносіць з сабой, і, безумоўна, кранулі сэрцы ўсіх прысутных. Тэксты ўзмацняў відэарад з архіўнымі матэрыяламі аўтараў з іх ваеннага мінулага, палотнамі вядомых беларускіх мастакоў на ваенную тэматыку – М. Савіцкага, В. Бялыніцкага-Бірулі, П. Масленікава, В. Грамыкі і інш.
Традыцыйна, на Пысінскіх чытаннях гучалі вершы-шэдэўры Аляксея Васільевіча ваеннай тэматыкі – “Пяць патронаў”, “Палім мы маршанскую махорку”, “Іван-чай”, які крытыкі ставяць побач з вершам “Я убит подо Ржевом” Аляксандра Твардоўскага. Паэт не любіў успамінаць вайну, бо яна пакінула глыбокі адбітак у яго душы. Менавіта таму ў яго няма ні аднаго верша, напісанага на фронце. Аб сваім успрыманні вайны франтавік пачаў пісаць толькі праз дзесяць гадоў, пасля глыбокага жыццёвага роздуму і філасофскага асэнсавання сутнасці вайны. І трэба адзначыць – ён, як ніхто з беларускіх паэтаў, змог паказаць вайну так ёмка і з веданнем справы.
Безумоўна, прагучалі патрыятычныя вершы народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, якія ўзбагацілі залаты фонд савецкай паэзіі і ўжо даўно сталі хрэстаматыйнымі – “Камсамольскі білет” і “На полі бою”.
Было пра што расказаць у сваіх франтавых вершах, і ўсе прысутныя гэта выразна адчулі, Мікалаю Аўрамчыку, Уладзіміру Савіцкаму, Аляксею Русецкаму. Вайна апаліла іх юнацтва, але назаўжды загартавала характар. Быць можа таму створаныя імі мастацкія творы вельмі глыбокія і шматгранныя.
Не пісаць пра вайну не маглі, бо не мелі такога права Алесь Адамовіч і Іван Чыгрынаў – прадстаўнікі “дзіцячага” пакалення ваеннай прозы. Уся іх творчасць – гэта незагойная памяць вайны, якая ўзрушая сваёй праўдзівасцю, бо заснавана на моцных уражаннях ваеннага маленства.
Тое, што сэрца Аляксея Пысіна да апошняга шчыміла ад жорсткага крывавага мінулага, што паэт бачыў больш за іншых, адзначыў у сваім выступленні нястомны даследчык і папулярызатар яго творчасці – Віктар Іванавіч Арцем’еў, сябра паэта, старэйшы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, нязменны ўдзельнік Пысінскіх чытанняў. Віктар Іванавіч таксама з таго пакалення, якое называюць “дзеці вайны”. Яму рана прыйшлося стаць дарослым, перажыць акупацыю, здзекі немцаў і паліцаяў, знішчэнне мірнага насельніцтва, голад, страты родных і аднавяскоўцаў. Усё гэта ён праўдзіва адлюстраваў у сваіх творах, і не дзіўна, што самым галоўным святам для яго з’яўляецца Дзень Перамогі. Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост – 97 гадоў! – Віктар Іванавіч не змяняе традыцыі ўшанавання майстэрства пысінскага слова. На гэты раз ён зноў прымусіў аўдыторыю па-новаму адчуць творчасць народнага душою паэта, паэта-воіна, паэта-грамадзяніна.
Не засталася па-за ўвагай і тэма генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вядома, што найбуйнейшая ў Еўропе карная аперацыя была здзейснена менавіта на магілёўскай зямлі. 15 чэрвеня 1942 года акупантамі была дашчэнту спалена вёска Боркі Кіраўскага раёна і шэсць прылеглых пасёлкаў: Пралетарскі, Дзяржынскі, Чырвоны Араты, Закрынічча, Доўгае Поле, Хватаўка. Было знішчана больш за дзве тысячы мірных жыхароў. Задумайцеся – гэта чатырнаццаць Хатыней за адзін дзень… Жудаснай трагедыі ў Борках прысвечана паэма “Марыйка” Алеся Казекі – старшыні Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Галоўная гераіня – яго маці, Марыя Восіпаўна, цудам пазбегла страшнага лёсу быць спаленай разам з роднымі. Выжыць у пякельным агні пашанцавала толькі двадцаці тром чалавекам. Жахі той чэрвеньскай трагедыі яны запомнілі на ўсё жыццё, болем адбілася яна і ў сям’і Алеся Мікалаевіча.
Аўтар распавёў аб гісторыі стварэння паэмы “Марыйка”, у якой выразнымі мастацкімі сродкамі ўвекавечыў памяць пра пакуты нявінных людзей. Фрагмент літаратурнай музычна-пластычнай кампазіцыі па матывах твора ў выкананні навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў дазволіў адчуць увесь драматызм беларускага народа, які апынуўся ў вогнішчы акупацыі.
Пра фашызм, здаецца, мы ведаем усё. Попел мільёнаў ахвяр генацыду стукае ў нашы сэрцы. Але ж сям-там спрабуюць зноў і зноў абяліць гэтую чуму ХХ стагоддзя – у вачах новых пакаленняў, якія самі не перажылі жахаў Другой сусветнай вайны. І таму няма высакародней місіі, чым захаванне гістарычнай памяці ў імя светлай будучыні. Галоўнае – каб памяць пра Вялікую Айчынную вайну перадавалася далей, а творы пісьменнікаў-франтавікоў абавязкова дапамогуць у гэтым.
У другой частцы Пысінскіх чытанняў прайшла прэзентацыя новай кнігі выдатнай магілёўскай пісьменніцы, паэтэсы і празаіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Алёны Беланожка “Дзіця Зямлі”, якая ўбачыла свет у выдавецкім доме “Звязда”.
На сустрэчы прысутнічалі студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ імя А.А. Куляшова, прадстаўнікі навуковай інтэлігенцыі, чытачы і супрацоўнікі бібліятэкі. Падтрымаць калегу па пяру прыйшлі і пісьменнікі Магілёўскага аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”: Валянціна Габрусева, Марына Сліўко, Алена Любчанка (Курэк), Жанна (Усцінава) Міус.
Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Алесь Мікалаевіч Казека даў станоўчую адзнаку сучаснаму літаратурнаму працэссу, які адбываецца ў Прыдняпроўскім краі, адзначыў багатыя рэгіянальныя пісьменніцкія традыцыі, пад уплывам якіх пачынаюць ззяць усё новыя і новыя імёны магілёўскіх аўтараў, і пажадаў Алёне Беланожка далейшага творчага поспеху на літаратурнай ніве.
Аўтар распавяла аб тым, як нараджаліся фантастычныя творы, прадстаўленыя ў кнізе, аб тэмах і праблемах, якія ў іх уздымаюцца, аб сваіх крыніцах натхнення.Мерапрыемства прайшло ў цёплай атмасферы, ад імя чытачоў і супрацоўнікаў Магілёўскай абласной бібліятэкі прагучалі пажаданні творчага натхнення, жыццёвай энергіі, поспеху і дабрабыту.