Праграма IХ Пысінскіх чытанняў прысвячалася Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі і Магілёўскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Асноўныя пытанні, якія разглядаліся падчас навукова-практычнай канферэнцыі “Радзіме ўсё аддаў, што мог аддаць”: жыццёвы і творчы шлях Аляксея Васільевіча Пысіна, тэма Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці пісьменнікаў-землякоў, літаратурнае і бібліятэчна-бібліяграфічнае краязнаўства.
Удзел у чытаннях прынялі бібліятэкары публічных бібліятэк вобласці, сярэдніх школ, прафесійных ліцэяў, прафесійна-тэхнічных каледжаў і вышэйшых навучальных устаноў горада, а таксама студэнты УА “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова”, навучэнцы УА “Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў” і “Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж”.
Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” А.М. Казека адзначыў, што Пысінскія чытанні паступова займаюць пачэснае месца ў шэрагу літаратурных чытанняў і навукова-практычных канферэнцый, якія праводзяцца на Магілёўшчыне. А таксама іх значную ролю ў актывізацыі даследчай работы па вывучэнню творчасці не толькі А.В. Пысіна, але і іншых пісьменнікаў-землякоў. Ён прадставіў дзейнасць абласной пісьменніцкай арганізацыі, пазнаёміў з сучасным літаратурным жыццём Магілёўшчыны.
Традыцыйна шэраг выступленняў, што прагучалі ў ходзе першай часткі, былі прысвечаны жыццю і творчасці Аляксея Васільевіча Пысіна.
Намеснік дырэктара УК “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна” В. А. Чумакова расказала пра літаратурнае краязнаўства, якое з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці абласной бібліятэкі. Супрацоўнікамі вядзецца пастаянная работа па пошуку цікавых фактаў пра жыццё і творчасць пісьменнікаў – ураджэнцаў Магілёўшчыны. Многія цікавыя факты атрымоўваецца адшукаць пры дапамозе архіваў, у прыватнасці Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва ў Мінску. Але адбываецца, што цікавыя літаратурныя адкрыцці знаходзяць нас самі, дзякуючы бібліятэчным інфармацыйным рэсурсам.
Так, дзякуючы размешчанай на сайце бібліятэкі віртуальнай выставы да 80-годдзя пісьменніка Леаніда Левановіча, удзячны пісьменнік даслаў на імя дэрэктара бібліятэкі І.У. Сарокінай ліст з падзякай, а таксама кнігу, якой няма ў фондзе бібліятэкі.
Кніга гэта – “Усмешлівая Амерыка”, змяшчае апавяданні розных гадоў і эсэ пра выдатных беларусаў і беларускіх пісьменнікаў: Я. Коласа, К. Крапіву, А. Куляшова, А. Макаёнка, І. Чыгрынава. Для нас кніга каштоўная яшчэ і тым тым, што адно з эсэ прысвечана нашаму земляку – А.В. Пысіну. Леанід Кірэевіч з вялікай цеплынёй і павагай успамінае сустрэчы з А.В. Пысіным.
Сябар А.В. Пысіна, член Саюза пісьменнікаў Беларусі В.І. Арцем’еў у сваім выступленні “Паэт Аляксей Пысін вызваляў наш родны край” распавёў пра салдацкі шлях Пысіна.
Напярэдадні дня нараджэння, якое амаль супадае з днём нараджэння А.В. Пысіна, Віктару Іванавічу падараваны персанальны біябібліяграфічны паказальнік “Тры нівы Віктара Іванавіча Арцем'ева”, складзены супрацоўнікамі інфармацыйна-даведачнага аддзела абласной бібліятэкі.
Думку аб тым, што зборнік А.В. Пысіна “Твае далоні” мае анталагічны характар абгрунтаваў у сваім выступленні літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Я.І. Клімуць.
У чытаннях прыняла ўдзел дырэктар ДУА “Палужскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” Краснапольскага раёна Л.М. Пшанічнікава. Яна расказала аб шматгадовай дзейнасці і экспанатах Літаратурнага музея імя А. Пысіна, які створаны і працуе пры школе па яе ініцыятыве.
На працягу чытанняў не раз гучалі вершы А.В. Пысіна: запіс у прафесійным выкананні А. Падабеда, а таксама ў выступленнях чыталі Я.І. Клімуць, В.І. Арцем’еў, Л.М. Пшанічнікава, Л.У. Іскроў. Прысутныя ў зале пачулі і запіс голаса А.В. Пысіна – ў выкананні аўтара прагучаў верш “Столькі сонца…”.
Журналіст, загадчык аддзела КВУП “Інфармацыйнае агенства “Магілёўскія ведамасці” Аляксандр Пятровіч Булай расказаў прысутным пра маладога паэта Уладзіміра Рагуцкага, уражэнца Чавускага раёна. Яго з Пысіным аб’ядноўвае агульнае месца працы – газета “Магілёўская праўда”. На вялікі жаль таленавіты паэт загінуў у першыя месяцы вайны, а з яго літаратурнай спадчыны захавалася толькі восем вершаў. Аналізуючы іх крытыкі адзначаюць, што Рагуцкі мог стаць паэтам узроўню А. Куляшова.
Тэме малой Радзімы ў творчасці ўраджэнкі Крычава, вядомай паэткі Валянціны Паліканінай было прысвечана выступленне старшага выкладчыка кафедры літаратуры і межкультурных камунікацый УА “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова” К.І. Сердзюковай.
У 2019 г. спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння пісьменніка франтавога пакалення Івана Скарынкіна, які нарадзіўся ў Клімавіцкім раёне. З яго творчасцю, якая прысвечана падзеям і героям Вялікай Айчыннай вайны, пазнаёміла прысутных галоўны бібліятэкар аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры УК “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна” В.У. Сярнова.
Другая частка IХ Пысінскіх чытанняў прысвечалася 75-годдзю вызвалення Беларусі і Магілёўскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яе адкрыла кандыдат гістарычных навук, загадчык экспазіцыйнага аддзела УК “Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава” А.С. Буракова.
У сваім паведамленні Аляксандра Сяргееўна расказала пра найбольш цікавыя старонкі вызвалення Магілёўшчыны. Яе выступленне дапаўнялася дэманстрацыяй фотаздымкаў з фондаў музея, зробленых пасля вызвалення Магілёўшчыны.
Выступленне бібліёграфа 1 катэгорыі аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Б.В. Стральцова ДУК “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Быхаўскага раёна” С.В. Вашукевіч было прысвечана гераічным падзеям, якія адбыліся на Лудчыцкай вышыні ў 1944 г. Яна пазнаёміла прысутных з краязнаўчай базай даных “Біяграфія помніка. Лудчыцкая вышыня”, створанай супрацоўнікамі бібліятэкі.
Да 105-годдзя паэта, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аркадзя Куляшова вядучы рэдактар аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы УК “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна” Ю.А. Касцюк прадставіла даклад з мультымедыйнай прэзентацыяй “Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога”. Вопыт стварэння віртуальнага музея А. Куляшова”.
Пра Вялікую Айчынную вайну ў жыцці і творчасці пісьменніка-земляка І.Г. Чыгрынава расказала бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі імя І. Чыгрынава ДУК “Бібліятэчная сетка Касцюковіцкага раёна” Н.В. Гладкова.