"Пісьменніцкі занятак – не хобі, а вялікая праца душы" – Іван Архіпавіч Аношкін

4 красавіка ў актавай зале абласной бібліятэкі адбыўся вечар памяці "Трапнае слова Івана Аношкіна", прысвечаны 90-годдзю педагога, пісьменніка, журналіста Івана Архіпавіча Аношкіна.
У мультымедыйнай прэзентацыі, якую зрабілі бібліятэкары на аснове шматлікіх матэрыялаў з перыядычных выданняў з фонда бібліятэкі, фатаграфій і дакументаў, прадстаўленых сям'ёй Івана Архіпавіча, распавядалася аб няпростым лёсе Івана Аношкіна – ваенным дзяцінстве, Азарыцкім лагеры смерці, гібелі двух меншых братоў, працы ў глухой вёсцы на Брэстчыне. Аднак, усе гэтыя цяжкасці, якія перажылі многія прадстаўнікі таго пакалення, толькі ўмацавалі І. Аношкіна ў дасягненні сваёй мары – стаць педагогам і журналістам. А ў літаратурным жанры – выбраць не драму, а сатырычны фельетон і гумарэску. Некаторыя з іх ("Лішні мінус", "Каб куры не смяяліся", "Вось і пазнаёміліся", "Каханне з памялом"), надрукаваныя ў самых вядомых кнігах Івана Архіпавіча, гучалі на вечарыне ў выкананні супрацоўнікаў бібліятэкі.

Не абмінулі распавесці пра значную ў жыцці І.А. Аношкіна мужчынскую дружбу – з выдатным магілёўскім паэтам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы за кнігу вершаў "Твае далоні" А.В. Пысіным. Яго журналісцкі стыль, мова аказалі ўплыў на наступныя пакаленні творчых работнікаў сродкаў масавай інфармацыі Прыдняпроўскага краю, у тым ліку і на Івана Архіпавіча. Потым І.А. Аношкін змяніў Аляксея Васільевіча на пасадзе старшыні Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і ўзначальваў яго ў 1981-1994 гады.
Ганаровым госцем на вечарыне быў самы блізкі чалавек Івана Архіпавіча – яго малодшая дачка Людміла Іванаўна. Яна расказала, што бацька паўспрыяў на выбар яе жыццёвага шляху і Людміла Іванаўна таксама звязала сваё працоўнае жыццё з педагогікай і журналістыкай. На вечары прысутнічалі студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ імя А.А.Куляшова і навучэнцы аддзялення бібліятэказнаўства каледжа мастацтваў, якім асабліва цікава было пачуць з першых вуснаў пра тое, якім быў Іван Архіпавіч ў жыцці.

Не менш важнымі і цікавымі былі ўспаміны пра пісьменніка і журналіста тых, каму пашчасціла ведаць Івана Архіпавіча, сябраваць з ім і разам працаваць над стварэннем літаратурных альманахаў магілёўскіх пісьменнікаў ("Галасы Прыдняпроўя", "Дняпроўскія хвалі", "Запавет нашчадкам", "Шляхамі лёсу") – паэтаў і журналістаў Эдуарда Мядведскага і Леаніда Іскрова, пісьменніка і краязнаўца В.І. Арцем'ева.
Пра тое, якім строгім, але вельмі справядлівым крытыкам творчасці юных аўтараў быў І.А. Аношкін пранікнёна распавяла паэтка Г.І. Сайко. Выхаванцы маладой тады настаўніцы Галіны Іванаўны Сайко ўдзельнічалі ў літаратурным конкурсе, журы якога ўзначальваў Іван Архіпавіч. Яна адзначыла не фармальнае і вельмі сур'ёзнае стаўленне Івана Архіпавіча да творчасці дзяцей, якія магчыма маглі звязаць сваю будучыню з літаратурнай дзейнасцю.


Пра творчасць І.А. Аношкіна ў апошнія гады жыцця распавёў паэт і перакладчык С.С. Украінка. Акрамя гумарыстычных твораў Іван Архіпавіч напісаў некалькі аповесцей, якія не паспеў апублікаваць. Адну з іх, аўтабіяграфічную "Была вайна" Сяргей Сяргеевіч пераклаў на беларускую мову. Гэта аповесць (на рускай мове) увайшла ў калектыўны зборнік "Наша Победа", які быў выдадзены да 70-годдзя вызвалення Беларусі і Магілёўскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх акупантаў (Інфармацыйнае агенцтва "Могилевские новости", 2014).

Пісьменнік любіў Магілёўскую абласную бібліятэку, быў пастаянным яе чытачом з 1959 года. Гэта і не дзіўна – чытачамі бібліятэкі былі вядомыя сучасныя дзеячы дзяржавы, прадстаўнікі навукі і культуры. Іван Архіпавіч вельмі шмат часу праводзіў у бібліятэцы, а аднойчы, як распавяла яго дачка Людміла Іванаўна, яго, захоплена працаваўшага з літаратурай ў кнігасховішчы, выпадкова зачынілі ў бібліятэцы на ноч… Іван Архіпавіч быў арганізатарам сустрэч з пісьменнікамі, актыўна ўдзельнічаў у літаратурных мерапрыемствах бібліятэкі.

Яшчэ адным доказам таго, што і абласная бібліятэка не забывае Івана Архіпавіча з'яўляецца стварэнне да яго юбілею біябібліяграфічнага паказальніка "Лёс і творы Івана Аношкіна". Паказальнік уключае біяграфічную даведку і бібліяграфічны спіс дакументаў з фонда абласной бібліятэкі: творы пісьменніка, працы і публікацыі пра І.А. Аношкіна, крытычныя артыкулы і рэцэнзіі на яго кнігі для дзяцей, электронныя рэсурсы. Выданне дапоўнена копіямі вокладак кніг І. Аношкіна і фотаздымкамі з сямейнага архіва Аношкіных і супрацоўнікаў бібліятэкі.
У падзяку за вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы вечара памяці дачцэ Івана Архіпавіча – Людміле Іванаўне падорана выданне паказальніка.
Іван Архіпавіч Аношкін належаў да нешматлікай, але вельмі каштоўнай кагорты сціплых беларускіх нацыянальных інтэлігентаў, намаганнямі якіх захоўваецца наша мова, краіна, успамін пра нашу велічную гісторыю. А яшчэ, як адзначалі ўсе выступоўцы, Іван Архіпавіч Аношкін быў добрым мужам і бацькам, выдатным, шчырым чалавекам, верным таварышам.