ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

СОСНЫ ГАМОНЯЦЬ

Быль, 1958

Калёсы нашы толькі што прагрукаталі па Гарбатым мосце, і мы зноў апынуліся ў сасновым лесе. Цяпер ужо хутка пакажацца Зацішша, невялічкая, двароў на трыццаць вёска.

Са мной едзе дзядзька Хвядос. Ён думае аб нечым, а я стараюся не патрывожыць яго і ўжо каля гадзіны маўчу. Мы з ім не толькі сваякі. Паміж намі добрыя, таварыскія адносіны, нават дружба, хаця ў яго і аблысела галава, а двое ўнукаў, крыху маладзейшыя за мяне, адслужылі армію.

Мінут праз дзесяць пасля таго, як мы переехалі Гарбаты мост, дзядзька раптам спыніў каня і патупаў у бок ад дарогі. На возе застаўся я адзін. У лесе было цixa. Нават адвечнага шуму дрэў не чуваць. I хутчэй за ўсё таму, што ў гэты момант ад некуль данесліся гукі гармоніка і дзявочыя галасы. Спявалі, відаць, у садзе каля лясніцтва. Гэта якраз па дарозе ў Вялікі Бор, куды мы едзем. Песня была незнаемая, і я пачаў прыслухоўвацца.

– Чуеш?

Я павярнуў галаву. Стары стаяў між двух сосен на абочыне дарогі. Мне не было відаць яго твару.

– Добра спяваюць, – сказаў я.

Але дзядзька паўтарыў зноў:

– Чуеш?

Улавіўшы на гэты раз у яго голасе нейкую незвычайную нотку, я насцеражыўся. А дзядзька, не дачакаўшыся майго адказу, дадаў:

– Сосны гамоняць…

Я здзіўлена паціскаў плячыма і паглядзеў уверх, дзе вісеў акаймаваны верхавінамі дрэў шматок зорнага неба. Сосны сапраўды шумелі. Хоць я яшчэ не ўлавіў усіх адценняў іх шуму і не змог зразумець таго сэнсу, які валодаў дзядзькавымі думкамі, але выразна пачуў трывожную лясную музыку, у якой па чарзе бралі верх то журботныя, то ўрачыстыя акорды. Гэта быў нейкі гімн. Толькі чаму ж я не чуў яго раней? Няўжо гэта дзядзькаў упарты і, як мне здалося, цi то злосны, ці то пакрыўджаны голас прымусіў улавіць яго?

– Мне гэтыя сосны хутка сорак год, як гавораць аб адным і тым жа…

Стары крыху памаўчаў, потым зусім ціха пачаў расказваць:

– Мы з тваім дзедам у той дзень ехалі па гэтай дарозе ў Шваі. Ішоў снег, але кроў на ім была добра відаць. Забітых мы знайшлі пад гэтымі соснамі. Гэта былі маладыя хлопцы…

Цяпер я ўжо ведаў. Мы знаходзіліся на тым месцы, дзе некалі загінулі ад кулацкіх куль беладуброўскія камсамольиы. Чуў я не адзін раз і расказ аб іх, які стаў у нашым лясным кутку амаль легендай. Мне ніколі не даводзілася бываць тут раней. I вось я стаю на кавалачку зямлі, пабарваваным маладой гарачай крывёй. Тут ляжыць рубеж, на якім скончылася жыццё і пачалася легенда. Хаця не. Пачалася яна кіламетраў за шэсць адсюль, там, дзе на берагах Бесядзі і Дзяржані туліцца раскіданая па ўзгорках вёска з прыгожай назвай, якую можна рэдка сустрэць у нашых мясцінах.

…У тую зіму на вуліцах Белай Дубровы высіліся снежныя гурбы. Гаварылі, будзе ўраджайны год. Але да новага хлеба было яшчэ далёка. Па заснежаных прасторах краіны разгульвалі шматлікія кулацкія банды. Заварушыліся кулакі і ў Белай Дуброве. I вёска нібы падзялілася на дзве: старое нутро яе спраўляе пост, а моладзь, заглянуўшая за краявід новага жыцця, наладжвае вечарынкі. А наладжвае як раз супраць драўлянай царквы і папоўскага дома, вокны якога па вечарах заўсёды занавешаны. Што робіцца за імі – ніхто не ведае. Поп, здаецца, жыве ціха.

Але Карп Талкачоў, затаіўшыся ля царкоўнай брамы, даўно пільнуе гэтыя вокны і шырокія вароты. Ён таксама спяшаўся на вечарынку, але па дарозе заўважыў, што нехта, правальваючыся ў глыбокіх гурбах, краўся у змроку па агародах. Спачатку юнак не надаў гэтаму асаблівай увагі, аднак, калі незнаёмы павярнуў у бок папоўскага дома, у душу закралася падазрэнне.

I вось Карп стаіць. Каб не замерзнуць, ён час-ад-часу асцярожна тупае нагамі. Адсюль, ад закінутай брамы, добра бачна ўся вуліца. Зрэдку па ёй снуюць людзі. Калі яны трапляюць на сноп святла, што падае з суседняга акна, Карп пазнае кожнага. Не вельмі даўно праходзіў наезджы кравец. У Белай Дуброве ён не пражыў яшчэ і двух тыдняў, але да яго ссутуленай спіны тут ужо прывыклі (кравец пабываў амаль у кожнай хаце). Цяпер на вуліцы пуста. Пройдзе яшчэ якая гадзіна, і моладзь разыйдзецца з вечарынкі. А вароты ўсё не адчыняюцца.

– А можа поп сам бадзяўся па агародах?

I калі Карп, страціўшы надзею дачакацца, гатовы быў ужо выйсці са свайго ўкрыцця, да яго данеслася прыглушаная гаворка. Хтосьці размаўляў у сенцах. Потым бразнула клямка дзвярэй, што выходзілі на шырокі, абнесены плотам двор. А яшчэ праз нейкі момант адчыніліся вароты. На вуліцу выкацілася падвода. На санях за фурмана сядзеў рыжы Ярашэнка. Другога ездака Карп не пазнаў, бо той схаваў сваю галаву ў высокі каўнер белага кажуха. Раздумваць і кідацца ў здагадку Карп не стаў, не было калі. Як толькі вароты зачыніліся, ён заспяшаўся на вечарынку папярэдзіць Васіля.

Васіль сядзеў каля нізкага, засланага белым абрусам стала і гутарыў з… краўцом. I гэта тады, калі Карп мог пабіцца з кожным аб заклад, што кравец толькі што прайшоў міма яго. «Калі ж ён трапіў сюды?» – гэтая думка затрымалася ў галаве Карпа толькі на момант.

– Кліч Андрэя, – сказаў Васіль, калі Карп, вывеўшы яго ў сенцы, спяшаючыся, расказаў аб усім, што давялося ўбачыць ля царкоўнай брамы.

Яны спяшаюцца, бо разумеюць, што не так сабе выехалі сёння гэтыя сані. Нешта зноў задумалі кулакі. Трэба сарваць іх планы, папярэдзіць злачынства. I вось трое камсамольцаў – Васіль Талкачоў, Карп Талкачоў і Андрэй Малашанка, не сказаўшы нікому ні слова, ужо бягуць скрозь ноч па санным накаце. Толькі аднаму з іх больш дваццаці год. Гэта Васілю. Тры месяцы назад ён вярнуўся з арміі і ўзварушыў за некалькі тыдняў усю беладуброўскую моладзь. Гэта ён раскалоў вёску на дзве.

Ноч рабілася ўсё цямнейшай. След папоўскіх санак ледзь бачны на дарозе. Не чуваць і скрыпу палазоў.

Нарэшце, ля самай Калодліўскай дарогі, што вядзе на Панкі, дзе ў памешчыцкім маёнтку размясцілася камуна, хлопцы заўважылі падводу. Ісці далей было небяспечна. Спыніліся. Стрымліваючы дыханне, паляглі на снег, прытаіліся і да болю ў вачах пачалі аглядаць наваколле. Наган, які да гэтага Васіль трымаў у кішэні, цяпер лёг на рукаў. А людзей нідзе не было бачна. Мароз пачаў пашчыпваць нос і шчокі. Пазёмка засыпала вочы.

Hi Васіль, ні яго маладыя напарнікі не ведалі, куды накіроўваецца Ярашэнка са сваім паплечнікам, бо нечаканы прыпынак на паўдарозе ад усіх жылых месц быў больш чым загадкавым. Нарэшце, недзе з левага боку, там, дзе дарога крута паварочвае на Калодліва, пачуўся тупат конскіх капытоў. А яшчэ праз якую мінуту паказаліся дзве фурманкі. Параўняўшыся з бярозай, пад якой стаялі сані Ярашэнкі, яны спыніліся. Заварушыліся людзі. Цёмныя постаці аддзяліліся ад купкі невялікіх дрэўцаў, што раслі непадалёку. Потым змоўшчыкі зноў паселі на сані, і коні, рвануўшы з месца, паімчалі іх на Панкі.

Пехатою за імі цяпер не ўгнацца. Толькі цяпер Васіль пашкадаваў, што ў Белай Дуброве не ведаюць, куды яны так нечакана зніклі. Але Васіль памыляўся. Ведаў адзін чалавек аб змове хлопцаў. Па другой дарозе ён таксама спяшаўся дагнаць Ярашэнку…

Банда скрылася з вачэй. I ўначы заціх конскі тупат. Дзе шагам, дзе бягом адзін за адным хлопцы беглі насустрач невядомаму небяспечнаму. Вось і камуна. У памешчыцкіх дамах, дзе жывуць камунары, ціха. Выгляд чалавечага жылля, якое вабіць сваімі цёмнымі вокнамі, прымусіў успомніць, што навокал ноч і людзі спяць. Стома, нягледзячы на холад, пачынае падкошваць ногі. Паваліцца б пад першым вуглом, ды і не ісці далей. Крыкнуць бы гучна, гучна, разбудзіць усіх:

– Сцеражыцеся! Тут недзе нядобрыя людзі бадзяюцца!

Толькі вельмі шкада трывожыць чалавечы сон. I, вядома, ні Васіль, ні Карп, ні Андрэй гэтага не зробяць. Ці не на тое ж яны і пакінулі там, за лесам, свае хаты?

Па бальшаку, абсаджаным бярозамі, хлопцы спускаюцца да ракі. Ідуць павольна. I раптам чуецца шорах. Ён набліжаецца і расце. Адскочыўшы ўбок, хлопцы прытаіліся. Маленькія альховыя кусты хаваюць камсамольцаў ад чужога вока, а ім добра бачна, што робіцца на дарозе. На гурбу спачатку ўспаўзае адна падвода, потым другая, трэцяя. Коні храпуць, напружваюцца. Паклажа цяжкая: вязуць мяшкі. «Значыць, разграбілі млын камунарскі», – мільгае ў галаве думка. Але цяпер бандыты не вельмі паваротлівыя. I можна пачакаць, бо затрымаць іх пры такіх акалічнасцях няцяжка. Варта толькі ўзяць камунараў.

Прыгінаючыся да зямлі, усе трое ідуць услед. I як толькі пачынаецца лес, Васіль гаворыць Андрэю:

– Бяжы ў камуну, узнімай усіх. I яшчэ…

Ён намацаў у кішэні шматок паперы, накідаў на ім алоўкам некалькі няроўных радкоў і працягнуў Андрэю:

– Адтуль ляці прама ў камбед. Хай выязджаюць.

I ў гэты момант гучыць стрэл. Яркая ўспышка азарае лес. Васілю робіцца гopaча-горача. Нібы распаленым жалезам хтосьці апёк грудзі. Ногі падкасіліся, і ён, абмякшы, рухнуў, як падрэзанае дрэва, на снег. I ў самы апошні міг Васіль улавіў позірк маленькіх вачэй, якія злосна ўсміхаліся з-пад густых, навіслых броваў. Побач стаяў кравец…

Непадалёку ў смяротных сутаргах корчыліся Карп і Андрэй.

* * *

…Дзядзька не мог расказваць далей. Маўчаў і я. Мы праязджалі ў гэты момант тое месца, дзе некалі стаялі памешчыцкія дамы. Іх даўно ўжо тут няма.

– Дарэмна яны не разбудзілі тады камунараў, – гаворыць дзядзька. – Там былі спрытныя і смелыя хлопцы.

Мне невядомым заставалася адно, дзе пахаваны беладуброўскія камсамольцы. Месца, дзе яны загінулі, цяпер называецца «камсамольскім», але магілы я не прыкмеціў.

– А пахаваны яны пад тымі соснамі?

– Не, у Белай Дуброве.

Дзядзька крануў лейцамі каня. Трэба было спяшацца. Да Вялікага Бору заставалася яшчэ кіламетры тры.

– Пазналі іх хутка, хаця і былі ўсе знявечаны. Дапамагла запіска, якую мы знайшлі ў аднаго. У ёй значылася: «Ідзём за бандай Ярашэнкі».

Дзядзька зноў прыціх. I я зразумеў, што больш ад яго мне не пачуць ніводнага слова.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”