1964
Праз адчыненую брамку Максім выйшаў на перон. Было каля дзесяці гадзін – з гарадка аўтобус рушыў а палавіне дзесятай і свае тры кіламетры праехаў хутка, балазе, што спыняцца нідзе не давялося: да самага вакзала на шашы нікога не сустрэлі. Да прыходу цягніка яшчэ заставалася часу, і Максім захацеў абысці маўклівы прывакзальны сквер, абнесены чыгуннай агароджай. Білет на цягнік быў куплены. Максім не першы раз на гэтай станцыі і добра ведаў, што ля білетнай касы тут заўсёды таўкатня. Да адзінага акенца, загароджанага жалезнай рашоткай, сыдуцца ў апошнія хвіліны і тыя, што ад’язджаюць, і тыя, што праважаюць, стоўпяцца невядома чаго, і калі не праціснешся, то ўжо будзеш потым, высунуўшы язык, бегчы, каб на хаду ўскочыць на прыступку вагона. Праўда, на гэты цягнік білетаў у касе звычайна хапае – раён хоць і вялікі, але ад Суража на чыгунцы яшчэ два раз’езды, і тыя, каму бліжэй, падаюцца на Ліпаўку, на Журбін. Зараней браць білет Максіма навучыў сам начальнік станцыі, калі Максім паскардзіўся яму аднаго разу.
– Можна б міліцыянера паставіць, – развёў рукамі начальнік станцыі. – Але што зробіць міліцыянер тут? Вёска, дарагі мой, вёска ніякай чаргі не прызнае. – Ён павёў Максіма праз службовы ход і выбіў сам білет да Магілева. – А вы… не ведаю вашага прозвішча…
Максім сказаў.
– …Як будзеце ў нас другі раз, то не стойце там. Ідзіце сюды адразу. А то заказаць можна.
Але Максім пасля ўжо не хадзіў па білет праз службовы ход і тым больш не спрабаваў загаварыць з начальнікам станцыі…
Перад вечарам пабыў спорны дождж, і цяпер пад нагамі адчувалася сырасць. Максім самога дажджу не бачыў. Ён тады якраз сядзеў у кабінеце рэдактара – рыхтавалі вялікі артыкул у абласную газету і амаль ад самае раніцы не выходзілі з рэдакцыі. Хмара на гарадок найшла неспадзявана: свяціла нізкае сонца, і раптам у вокнах пацямнела. Запалілі святло. А сонца тым часам зайшло пад хмарай.
Пахла вуголлямі і садам. Але дыхалася лёгка і глыбока. Максім ішоў паўз агароджу спакваля. Плашч свой, які за ўсю паездку так і не давялося накінуць на плечы – кожны дзень над галавой было адно чыстае неба, – ён нёс на руцэ.
У глыбіні сквера хтосьці падладжваўся пад салаўя – свіст быў фальшывы, і адразу было відаць, што рабіў гэта чалавек. Можа, яму сумна стала без салаўя.
Максім любіў прыязджаць у гэты гарадок. Як надаралася ў аддзеле камандзіроўка, то браў яе і ехаў. Адсюль, з гэтых мясцін, была яго маці – мястэчка, у якім яна нарадзілася, знаходзілася кіламетраў за дваццаць. Але туды Максім ні разу не ездзіў. І не таму, што не выпадала як. Была свая прычына. Некалі маці яго выйшла замуж насуперак бацькавай волі, і той абмінаў яе аж усё жыццё – не хацеў бачыць; не адпусціўся стары нават тады, калі ў яе ўжо было чацвёра дзяцей. Жылі як чужыя. Так і памерлі абое – маці і Максімаў дзед, – не памірыўшыся. У гарадку цяпер жыла матчына сяброўка. Яны разам раслі ў мястэчку. Максім яшчэ з даўняга помніць, як яна прыязджала да іх і заўсёды казала, абы пераступіла парог:
– Твой куркуль усё злуецца. Надоечы я гэта сустрэла яго і кажу, што збіраюся да Аўгінні, дык ажно адвярнуўся. Ну і парода. Усе яны такія, адным помазам мазаныя. Шкада толькі маткі тваёй. Добрая жанчына была. Надта добрая.
Яна чамусьці кожны раз прывозіла з сабой яблыкі – ці гэта здаралася ўлетку, ці зімой. І, мусіць, таму Максім першы пачаў шкадаваць, як яна раптам перастала да іх прыязджаць.
– Гэта ж мяне тады не ўзлюбіў твой бацька, – прызналася старая Максіму, калі той ужо праз шмат гадоў сустрэў яе на вуліцы.
Жанчына вельмі радая была, што нарэшце пабачыла сына сваёй таварышкі, завяла Максіма да сябе і пачала частаваць ліповым мёдам – яна сама была за пчаляра і даглядала тыя чатыры вуллі, што стаялі пад вокнамі хаты, у гародчыку.
– Ты, Максімка, еш, не лянуйся, – казала яна, пасадзіўшы яго за стол. – Дык гаворыш, што вы ўжо ўсе параслі і раз’ехаліся? І Пятрок, і Ларыса? А гэтая ваша, малая?
– Алёнка?
– Ну але.
– Ужо замужам.
– Ну во, бачыш!.. Скажы-тка… Дык я і кажу, матка ваша… Во ўжо хто нагараваўся то нагараваўся. Быццам на аднае тое гора і разлічана было. Спачатку са сваім бацькам у яе здарылася, а пасля і з тваім… Не, не павязло ёй. Як хочаш, а не такога б ёй мужа… Ты не крыўдуй на мяне, старую, што гэтак пра бацьку твайго. Але ж мы з тваёй маткай, ведаеш?
Для Максіма раптам нібы адкрыццём стала тое, што недзе ўвесь гэты час жыў чалавек, які шкадаваў яго маці. І нават цяпер у словах жанчыны ён не адчуваў нічога крыўднага для сябе. Наадварот, яму падабалася, як яна гаварыла пра маці – ціха і па-жаночаму ласкава. Максім, здаецца, дзеля аднаго гэтага і прыязджаў сюды так часта.
У скверы, недзе на самай сярэдзіне яго, свяціліся агні ліхтароў. Але тут, ля агароджы, было амаль цёмна. Максім не спяшаўся. Ён ішоў па вузкай асфальтавай дарожцы, і на душы ў яго было прыемна і хораша.
Тым часам на перон ужо сыходзіліся людзі – неслі свае чамаданы, клункі. Максім глянуў на станцыйны гадзіннік – да цягніка заставалася трохі больш за дзесяць хвілін. І раптам ён пачуў, як хтосьці побач гучна сказаў:
– Ну і што? Пачакаем!
Голас быў надзіва знаёмы.
Максім падняў галаву і не даў сабе веры – наперадзе ішла Галя Яленская. Яна ішла па дарожцы і вяла пад руку высокага мужчыну ў вайсковай форме. Але Максіма яшчэ не пазнала. Ад нечаканасці Максім нават разгубіўся, хацеў збочыць, ды не паспеў.
– Глянь! – усклікнула Галя. – Гэта ж Максім… – Яна ўтаропіла на Максіма вочы і выслабаніла сваю правую руку. – Ну, што ж ты стаіш? – з дакорам у голасе сказала яна і неяк нясмела зрабіла колькі крокаў да Максіма, узяла яго за руку і ледзь не пацягнула да свайго спадарожніка.
«Муж», – падумаў Максім.
– Лёня, гэта Максім Перавалаў, – сказала Галя і, мусіць, ад хвалявання стала паміж мужчынамі, пазіраючы то на аднаго, то на другога. – Ты ж помніш, я гаварыла. Пазнаёмцеся.
Ужо на пероне Галя спытала:
– Ты як гэта трапіў сюды? Максім адказаў:
– А я тут часта бываю.
Галя здзівілася:
– Нават часта? – Яна паглядзела на Максіма. – Ах, так, я ўжо і забыла, што ў цябе такая работа!.. – І дадала: – А мы прыйшлі бацьку сустракаць.
– Тараса Антонавіча?
– Меўся прыехаць сёння.
– Даўно я не бачыў яго…
– Дык і пабачыш!.. Ты малайчына, што паказаўся на вочы нам.
– Не, зараз будзе мой цягнік.
– Магілеўскі?
– Так.
– А табе абавязкова трэба сёння ехаць?
Максім паціснуў плячамі.
Галін муж, які ўвесь гэты час маўчаў, пазяхнуў і сказаў:
– Ну, вы пагаварыце, а я зараз… Схаджу толькі ў вакзал, можа, газету куплю.
Калі ён адышоўся, Максім спытаў:
– А што? Муж твой і сапраўды вельмі чытае газеты? – І сам здзівіўся, што сказаў гэта ад нейкае яшчэ неўсвядомленае злосці.
– Ды кінь ты! – Галя тупнула нагой. – Лепш скажы, ці хочаш сустрэцца са сваім настаўнікам?
– Але ж мой цягнік…
– Значыць, не хочаш…
– Чаму ты так думаеш? Я вельмі хацеў бы пабачыць яго…
Над станцыйнымі забудовамі, што віднеліся за белымі рэйкамі, узыходзіў месяц – вялікі і круглы. Ён непрыкметна вынырнуў як з-пад зямлі і цяпер, нібы гарбуз увосень, ляжаў на даху. Недзе, яшчэ зусім далёка, крычаў спалоханай начной птушкай паравоз.
Галя стаяла насупраць Максіма і чакала адказу. Сярэдняга росту, стройная і прыгожая, у лёгкім бэзавым світэры, які нібы выточваў яе грудзі, яна нё зводзіла з яго сваіх вялікіх чорных вачэй. Твар у яе быў бледны, а паміж брывамі сабраліся пакутлівыя зморшчыны. Максім з любасцю глядзеў на яе і адчуў, як паступова штосьці вельмі сумнае бярэ яго за сэрца.
– Ты па-ранейшаму такая прыгожая, – уздыхнуў ён.
– Я даўно цябе не бачыла, – сказала яна.
У гэты момант захрыпеў на ўвесь перон дынамік, што вісеў непадалёку на драўляным слупе:
– Граждане пассажиры, будьте внимательны и осторожны, на второй путь прибывает поезд номер восемьдесят шестой, следующий по маршруту…
Максім падаў руку:
– Вось… бачыш. – Памаўчаў трохі, стрымліваючы дыханне. – А трэба ж столькі табе сказаць!..
– А я табе ўсё хацела падзякаваць, што навучыў мяне цалавацца, – раптам сказала яна і засмяялася, адкінуўшы галаву назад, але смех яе быў штучны.
Максім таксама засмяяўся – словы яе былі для яго нечаканыя і нават дзіўныя.
– Не такая ўжо складаная навука, – падладжваючыся пад яе штучную весялосць, адказаў ён. – Мог бы навучыць хто-небудзь іншы. Так што дзякаваць і няма за што…
Яна сумелася. Максім гэта адчуў і паправіўся.
– Нас жа заўсёды клікалі жаніхом і нявестай, – дадаў ён.
– А ты яшчэ не забыў?
– Не.
– Праўда?
Рукі Максімавай Галя не выпускала і ўсё трымала ў сваёй – мяккай і цёплай.
– Ты даруй мне, гэта я так, пажартавала.
– І я таксама…
З шумам, цяжка аддыхваючыся, падышоў цягнік. Вагоны адзін за адным паволі праплылі за паравозам і, ляснуўшы буферамі, спыніліся. Максім пашукаў вачамі нумар вагона, які быў насупраць.
– Сёмы, – падказала Галя.
– О, мне трэба ў дзесяты. – Максім азірнуўся і спытаў: – Куды ж гэта падзеўся твой муж?
– Сапраўды, дзе ён? – здзівілася Галя.
– Ну што ж, чакаць не будзем. Рады быў сустрэць цябе. Бывай.
– А можа, не паедзеш, а? – нібы спахапілася Галя і зноў пачала ўпрошваць Максіма. – Тата ж пакрыўдзіцца, калі я скажу, што ты быў і не захацеў сустрэцца. Застанься, Максім!..
І зноў у яе паміж брывамі сабраліся тыя пакутлівыя зморшчыны, а Максімава сэрца, як і некалькі хвілін назад, заныла, засадніла. Хлопцу раптам зрабілася шкада самога сябе. Ён нічога не адказаў ёй, прамаўчаў, але і не рушыў з месца. Усё стаяў і думаў: «Ты, мусіць, і не здагадваешся, як не хочацца мне цяпер ехаць адсюль. Я даўно чакаў гэтай сустрэчы…»
Цягнік тым часам пастаяў на станцыі і ціха крануўся. Праплыў апошні вагон. Чырвоны агеньчык на ім трывожна міргнуў, пачаў аддаляцца і нарэшце знік за будынкамі.
Максім і Галя маўчалі. Яны раптам адчулі сябе вінаватымі, быццам зрабілі штосьці нядобрае: стаялі, апусціўшы галовы, і баяліся падняць адзін на аднаго вочы.
Вярнуўся Галін муж.
– Вы не паехалі? – здзівіўся ён і ў голасе яго Максім пачуў нездаволенасць.
– Не! – Максім хацеў яшчэ сказаць, што ён перадумаў, бо хутка будзе Тарас Антонавіч, які столькі гадоў быў яго настаўнікам, але змоўчаў. «Навошта хлусіць, – рашыў ён. – Усё роўна ж не паверыць. Дык навошта гаварыць».
Галін муж адышоўся крокі за тры, стаў збоку недавольны і, мусіць, ад хвалявання пачаў падцягвацца на насках, ляскаючы па асфальце абцасамі.
Колькі хвілін не гаварылі. Маўчалі. І гэтае маўчанне было непрыемнае для ўсіх, абразлівае. Нарэшце Максім спытаў:
– Дзе цяпер Тарас Антонавіч працуе? Галя схамянулася і, кінуўшы нядоўгі позірк на мужа, адказала:
– А ён на пенсіі. – Яна ўжо, здаецца, была спакойная.
Ды размовы на гэты раз не выйшла. Абодвух збянтэжыла маўклівая постаць Галінага мужа.
А неўзабаве падышоў і той цягнік, на якім меўся прыехаць Тарас Антонавіч. Але дарэмна яны падоўгу ўглядаліся ў людзей, якія выходзілі з вагонаў. Галінага бацькі сярод пасажыраў не было.
Максім адчуў, у якое няёмкае становішча ён трапіў, і, каб суцешыць сябе, сказаў:
– Што ж, не прыехаў сёння – сустрэнеце заўтра. Загаварыў таксама і Галін муж.
– Вы прабачце нам, – павярнуўся ён да Максіма, – але мы не можам вас запрасіць да сябе. Мне трэба на дзяжурства.
На шырокім татарскім твары яго Максім лёгка прачытаў злараднасць.
Галя было запярэчыла:
– Цябе ж капітан Каралёў замяніў. Няхай ён да канца і дзяжурыць. Навошта перабіваць, мы ж яго прасілі…
– Гэта ўжо мая справа, – груба перапыніў яе муж.
Галя неяк сцялася ўся і балюча закусіла ніжнюю губу, – здавалася, вось-вось з яе вачэй пацякуць слёзы.
Максім памкнуўся да яе, але зрабіў усяго адзін крок – стрымаўся. Галін муж заўважыў гэты яго рух, чамусьці ўсміхнуўся і казырнуў:
– Прашу прабачыць, – ён крута, па-вайсковаму павярнуўся і рушыў да брамкі, кінуўшы на хаду: – Галя, пойдзем дамоў, у нас зусім мала часу.
Галя здрыганулася, спалохана паглядзела на мужаву спіну і правяла левай рукой па сваім твары. Максім ступіў наперад, узяў яе руку ў сваю.
– Табе трэба ісці, – сказаў ён.
Яна з нейкаю крыўднай пагардай глянула на яго, вырвала сваю руку і пабегла да брамкі. Максім застаўся стаяць на пероне.
«Трэба хутчэй адсюль ехаць, – рашыў ён. – На першым жа таварняку».
Быццам аднекуль здалёк прыляталі і адляталі гукі: абрыўкі слоў, паспешлівыя крокі людзей… Максім стаяў і думаў пра чужое няшчасце, якое так неспадзявана зрабілася сваім, і яшчэ пра тое, што неспакойнай і часам недарэчнай бывае радасць.