1973
Марфа зачыніла юшку – вуголле было загрэбена і пабралася ўжо белым попелам у пяколках, але пастаяла ў хаце, слухаючы, ці запахне чадам. Сёння яна добра-такі напаліла печ, бо Дзяніс паскардзіўся ўначы, што стынуць ногі, і яна падумала тады, што гэтыя дажджлівыя дні трэба хоць не пашкадаваць дроў – і самім будзе лацвей, і хата дарэмна не стане сырэць. А яшчэ – Марфа чула, як паціху, нібыта скардзячыся, кашляла на той палавіне хаты Марыля.
Чаду не было чуваць. Супакоеная, Марфа выйшла ў сенцы, узяла ў цёмным куце сплецены з маладога сасновага карэння кош і вытрасла з яго на падлогу бураковае лісце. Пакуль не ліло з неба, можна было наведацца на грады, і Марфа, як толькі пачысціла кош, падалася да тыну, дзе паміж хатай і хлявом была ў іх фортка на гарод.
Марфа ляснула нячутна клямкай на фортцы і спынілася адразу за дошкай-завальнёй – там была здзірванелая пляцоўка, якая ніколі не заворвалася. Гарод – тут была большая частка іхняй сядзібы – увесь панікаў пад цяжарам дажджу: кацелкі, што раслі па бульбоўніку, сагнулі свае шыі і ўтаропіліся неабшалушанымі тварамі ў зямлю, быццам чакалі, што сонца выныраць гэты раз будзе не за вёскай, а тут, паміж градаў; мясцовага гатунку кукуруза, якую вырошчвалі па ўсім забяседдзі яшчэ з незапомных часоў, нясмела вытыркала з-пад шырокага і настылага, таму ажно крохкага лісця чорна-рыжыя кудлы сваіх кароткіх, але таўсматых кіяхоў; ля самай лескі, што аддзяляла гарод ад сядзібы Аўхіма Касперука, плакаў ад дажджу, як свінцовымі слязамі, разбабелы свойскі мак. Паўсюды была вада – і ў бульбовых разорынах, і на сцежцы, і ў межах, а больш за ўсё было вады на расліннасці, здавалася, зрабі толькі адзін крок па гародзе і адразу намокнеш па вушы. Але Марфа не пабаялася макрэчы. Падаткнула падол спадніцы і пахлюпала ў гумавых ботах па коўзкай сцежцы. Вада пырскала адусюль і ледзь не цурком лілася ў халявы ботаў.
Паўз лескі ў Марфы была расадніца, накрытая парваным брэднем, і Марфа павярнула туды, каб паглядзець высадкі. На Касперуковым гародзе таксама ўжо нехта корпаўся на градах. Спярша Марфа падумала, што гэта сама Касперукова жонка, Варка, але Касперучыха была жанчына маленькая, высахлая, а гэта ўзвышалася на градах капой; на жанчыне быў накінуты ад дажджу палаплены мяшок башлыком на галаву, які хаваў твар, да таго ж жанчына гэтая не разгіналася – нейкі час латашыла цыбулю, пасля (і таксама не выпростваючыся) пачала ламаць кроп. Але вось жанчына нарэшце ўзняла галаву, і Марфа пазнала Аксюту.
Аксюта нібы пільнавала Марфу з чужога гарода, а як убачыла, то заспяшалася, топчучы грады, да лескі.
– Як тэй таго, – узрадавана пачала яна, – нешта вас етыя дні няма нідзе.
Марфа ўсміхнулася, як сама сабе сказала:
– Дажджы ж…
– А Вяршкова Куліна казала, што ў вас цяпера, як тэй таго, пляменніца жыве, – не пераставала сыпаць Аксюта.
– Жыве.
– Чыя ж ета?
– Наша.
– Я не пра ета, як тэй таго. Раз у вас, значыць, ваша. Я пытаюся, чыя яна – па Дзянісу, як тэй таго, ці твая. Але ж у Дзяніса, здаецца, не было ў Латоцы нікога?
– Майго дваюраднага дзеўка. Ідзе з Магілёва. Вучылася. Дак ад Бялынкавіч, са станцыі, да нас бліжэй, чымся да Латокі. От і засталася, пакуль на дарогах неспакойна. Няхай перажджэ.
– Дак ці ж месца хто, як тэй таго, пашкадуе, – кіўнула галавой Аксюта і выдала самую апошнюю вясковую навіну: – А Сахвея Меляшонкава радзіла!
– Глядзі ты, а я і не чула! Ці ж пара ета ёй была?
Марфа нацягвала за край брэдзень на расадніцу, прывязвала мацней да калкоў і гаварыла пад сябе, а Аксюта тым часам, як вялікая птушка, трымалася чорнымі ад зямлі рукамі за ляшчыны – рассунула іх трохі, каб прыпасці тварам, і лыпіла вочы на гарод.
На дварэ і папраўдзе распагоджвалася – ужо не надта цяжкія былі хмары на небе, і хоць плылі яшчэ спрэс, але нябачнае сонца прабівала іх тоўшчу.
У наваколлі быццам пасвятлела.
Аднекуль прыляцела на Зазыбаў гарод мухалоўка-белашыйка і села на макавінку. Тая ажно закалыхалася пад чорна-белым жывым камяком. Птушка апусціла паласатыя крылы, а хвост, кароткі і таксама паласаты, задрала ўгору. Хоць яна і не вельмі самавітая была па сабе, але нораў пражорлівы мела. Уласна, на гарод мухалоўка прыляцела яшчэ толькі з надзеяй – адчула раптам, што выясняецца і сушэе, тады і заспяшалася сюды, каб лавіць пчол, якія лётаюць звычайна па гурковых і гарбузовых косах. Але пчол на гародзе пакуль не відаць было, яны хаваліся ад слоты па сваіх вуллях… Таму мухалоўка пасядзела на макавінцы і пачала, ад няма чаго, спяваць – спярша як нясмела: «Пік, пік», пасля з большым працягам: «Пі-і-ік, пі-і-ік, пі-і-ік…»
Марфа, пачуўшы птушыны голас, ажно выпрасталася і пашукала вачамі па гародзе птушку.
Расадніца нарэшце была папраўлена, і Марфа адышлася, пачала ламаць на гародзе бураковае лісце.
Аксюта таксама адступіла ад лескі.
На ядраны бурачнік Марфа кінула два гуркі-насеннікі, што ляжалі дагэтуль, быццам пасмаленыя парсюкі, на градзе, і той жа сцежкай вярнулася на двор.
У вёсцы на бабіны ходзяць з ахвотаю – жанчыны пякуць уранні прысмакі, загортваюць у палатняную ці калянкоравую намётку, каб потым ісці з гэтым да парадзіхі.
У Марфы печ была ўжо выпалена сёння, і нічога асаблівага, што можна палічыць за вясковыя прысмакі, яна не гатавала. Таму прынесла з чуланчыка сырыя яйкі, паклала, палічыўшы ротам, у бяроставы кошык, падобны на польскую канфедэратку. Але гэтага было мала. Тады яна адчыніла ў сенцах кубел – запахла старым салам: на дне, пласт на пласт, ляжалі пажоўклыя кавалкі яшчэ ад мінулых каляд. Парсюка яны калолі сабе ладнага, хоць елі ўсяго ўдваіх, але на жніво засталося не вельмі багата – у чуланчыку вісеў у анучы кумпяк ды гэтыя вось кавалкі ў кубле: Зазыбавы, як бывае звычайна ў вёсцы, пазычалі Касперучысе, тым жа Прыбытковым, але на хуткую аддачу цяпер не разлічвалі. Марфа, ледзь не шкадуючы, дастала з кубла кавалак фунты на чатыры, атрэсла соль. Падумала была шаснуць нажом у хаце, але не стала – панясе цэлы. Бяроставы кошык адразу пацяжэў, і Марфа накрыла яго вышыванай накрыўкай.
– Вы тут паясцё ўжо без мяне, – сказала яна Зазыбу, які лёг, прыйшоўшы са двара, на тапчан.
– Ладна, – азваўся з неахвотаю Зазыба.
На галасы выйшла Марыля з тае хаты.
– Куды гэта вы, Марфа Давыдаўна?
– А да парадзіхі, – адказала Марфа дзяўчыне з добрай усмешкай, быццам дужа ганарылася: – Радзіла ў нас адна. Дак пайду от. Але не ведаю, мальца ці дзеўку.
Меляшонкава хата стаяла каля самага лесу, у так званых верамейкаўскіх Падліпках. Па той бок, здаецца, сяліліся пазней за ўсё, калі пачало ўжо не хапаць у вёсцы ні зямлі для новых гаспадарак, ні месца для наступных падворышчаў: верамейкаўскія мужыкі, як прадзеды іхнія, карчавалі там на валах дзялянкі, палілі груды, матычылі і аралі – багата на гэта часу патрэбна было, поту таксама, але пушча паступова аддавала працавітым і настырным людзям свае абсягі. Меляшонкавы падаваліся ў Падліпкі апошнія, таму хата іхняя там была
крайняя – казалі ў Верамейках, што ў вокны да Меляшонкавых па піліпаўках зазіраюць нават ваўкі.
Цяпер у Падліпках жыло некалькі сем’яў, адной невялікаю вуліцай, і вакол кожнага двара там былі сады – яшчэ моцныя дужасцю свайго незачаўранага дрэва, буйныя, ап’яняючыя квеценем увесну і гулкія начным яблыкападам увосень.
У Падліпкі ад Зазыбавай хаты можна было ісці па галоўнай вуліцы, адно павярнуць пасля направа. Аднак то была даўжэйшая дарога. І Марфа, як зачыніла за сабой фортку ў завулак, пашыбавала напрасткі – за ніжнімі гародамі вяла ў Падліпкі сцежка, адно трэба было ўтрымацца нагамі на той вузенькай гатцы, што злучала сухія грывы, якія называлі ў Верамейках курганамі. Пасля доўгага і амаль неперашчуканага дажджу гатка, мусіць, і сама распоўзлая стала, таму Марфа падабрала каля сцежкі скарыстаную ўжо некім алешыну і з ёй нясмела ступіла на парудзелае, зляжалае пад балотнай гразёй яловае голле. Усё абышлося без прыгод. Гатка не падвяла Марфу, і жанчына са сваім бяроставым кошыкам неўзабаве апынулася на травяністым узлобку, адкуль відаць былі і хаты ў Падліпках, і возера за імі. Над вёскай яшчэ вісела як дажджавая сетка, але на страсе Меляшонкавай хаты ўжо блішчэла штосьці ад сённяшняга святла. Марфа пабачыла з гары вёску і нечакана ўзрадавалася: яна ж апошні час нідзе далёка не была, адно бедавала ды месціла ў сабе той халодны страх, прадчуваннем якога цяпер жылі па ўсім забяседдзі. Там, каля сваёй хаты, яна ўвесь гэты час адчувала на сабе нязвыклы цяжар невядомасці, які прыводзіў чалавека ва ўтрапенне, а тут, на гэтым травяністым узлобку, што быў усяго за кіламетр ад дома, нічога падобнага яна не перажывала больш: дастаткова было пабачыць ёй, што ўсё ў вёсцы заставалася на ранейшых месцах і што нічога паганага пакуль ні з кім не здарылася, больш таго, Сахвея Меляшонкава нават нарадзіла дзіця.
Марфа заклапочана паглядзела на свае парусінавыя чаравікі – яны былі запэцканы балотнай рудой. Тады Марфа паставіла збоч сцежкі бяроставы кошык і, падабраўшы спадніцу, пачала выціраць сабе мокрай травой скураныя мысы і запяткі.
У парадзіхі, калі Марфа прыйшла туды, сядзелі ўжо Куліна Вяршкова, Гапка Сімукова, што жыла непадалёку, у гэтых жа Падліпках, таксама Гануся Падзерына, а з маладзейшых – салдаткі Дуня Пракопкіна, Роза Самусёва і Гэля Шаракоўская. Гэтыя тры былі Сахвейчынымі сяброўкамі яшчэ тады, калі ні адна з іх не выходзіла замуж.
На стале, амаль пад бажніцаю, адкуль на хату мрыйна і абыякава глядзеў раззалочаны Мікола-ўгоднік, стаяла, як забеленая чым, пузатая бутля з брагай. Жанчыны, мусіць, пакаштавалі ўжо трохі і цяпер сядзелі – і старэйшыя, і маладзейшыя – на шырокім услоне, вялі гамонку. За бабку ў Сахвеі была Ціткова жонка, старая Рыпіна. У Верамейках яна шмат у каго бабіла, а ў Сахвеі – другі раз. Цяпер яна гаспадарыла – паваротліва, як маладая, і як у сваёй хаце, знаходзіла патрэбныя рэчы, сустракала жанчын, якія прыходзілі ў адведкі, частавала брагай і не забывалася пра гаспадыню-парадзіху, што ляжала стомленая і здаволеная на тапчане: балазе, было за кім сёння паляжаць.
Побач з парадзіхай стаялі вялікія начоўкі, дзе спала, загорнутае ў чыстыя пялёнкі, маўлянё.
Марфа паставіла на стол свой кошык, гледзячы на бажніцу, ціхмана паклала на грудзі крыж і ўжо затым пайшла да тапчана. Асцярожна, каб не пашкодзіць, адгарнула лёгкую накрыўку, глянула на чырвоны тварык.
– Дзякуй, Давыдаўна, што прыйшла, – сказала Сахвея.
– Каго ж ты еты раз – дачку ці сына? – спытала Марфа.
– Дачку.
– А што сыны! – азвалася з услона Гапка Сімукова. – Не паспее падрасці, як яго забіраюць ужо ад цябе.
– Праўду кажаш, – падтрымала яе Гануся Падзерына. – Вон у Круцяліхі ажно пяцёра было, а дзе яны цяпера? Ні слыху ні дыху. А матка сядзі, чакай.
– Да ўжо ж… – паківала галавой Куліна Вяршкова, хоць сама хлопцаў не мела.
– А большы твой дзе? – спытала Сахвею Марфа.
– Недзе гуляе, – адказала парадзіха. – Можа, у суседзяў.
– Як жа ты пачуваеш?
– А-а-а, справа прывычная! Малое ў начоўкі, а сама была за рагач ужо да к печы. Але бабы во не падпускаюць.
– Нічога, паляжы, – сказала ў сваю чаргу і Марфа, – ёсць каму памагчы.
– Дак і я падумала, – усміхнулася Сахвея. – Але ж як… Як мне цяпера з імі адной? – І раптам яна зрабіла жаласны твар і пачала выціраць кулаком сухія вочы.
– Табе нельга хвалявацца, – паўшчувала яе бабка Ціткова Рыпіна, – а то малако перагарыць. Чым тады малое будзеш карміць? А мужык, дасць бог, вернецца. Усе вернуцца, каму богам намечана, дак і твой прыйдзе.
– Хадзі-тка, Зазыбава, – паклікала Гануся Падзерына, – ды выпі з намі. Сахвея от брагі наварыла, дак…
Рыпіна Ціткова заглянула пад накрыўку ў кошык, прынесены Марфай, пераставіла яго са стала на акно, дзе былі ўжо кошыкі і гладышы, і таксама пачала запрашаць:
– Давай, Давыдаўна, і папраўдзе хлябні.
Яна наліла ў карэц брагі. Марфа падняла важкі карэц, сказала:
– Ну, за тваё здароўе, Сахвейка! – выпіла брагу і села з бабамі на ўслон.
– Мы ета, Давыдаўна, пра вайну тута без цябе гаварылі, – сказала Куліна Вяршкова.
– А я на іх лаюся, – перапыніла Куліну гучным голасам Ціткова Рыпіна. – Песні спявайце, навошта пра вайну!
Тады раптам Дуня Пракопкіна сапраўды запела:
Я бы ету бабку,
Я бы ету любку
Да ў бабкі не брала;
Я бы етай бабцы,
Я бы етай любцы
Да й намёткі не дала…
Маладыя жанчыны заўсміхаліся і падхапілі песню:
Запражыце, запражыце
Дзевятнаццаць валоў,
Адвядзіце, адвядзіце
Ету бабку дамоў.
– Паглядзім яшчэ, якімі вы бабкамі будзеце, калі дажывяце, – сказала на гэта без усялякае крыўды Рыпіна Ціткова.
Але Куліна Вяршкова пачакала, пакуль усе накрычацца, тады зноў сказала, звяртаючыся больш да Марфы Зазыбавай:
– Учора да Васілёвічавай Вулькі прыходзіла белаглінаўская баба, нейкая радня тамашняя, дык таксама гаварыла пра вайну. У іх жа тым летам абнавілася ікона, а сёлета бытта сам Хрыстос яўляўся адной тама. Акурат як пачацца вайне. Во, кажуць, бога няма, а як на паверку, дак і праўда выйшла.
– Бо-о-ога няма! – нібыта ўзбурылася Гапка Сімукова. – Ета як для каго, а я вон ікон сваіх дак не дала чапаць камсамольцам сваім. Сын быў усхадзіўся, а я – не руш. Дак яшчэ маткіны таму вісяць – і Ягоры Пабядзіцель, і прачыстая дзева.
– Дак і я кажу, – не спынялася на тым Куліна Вяршкова. – Ён жа, госпадзь, таксама абы-каму не стане паказвацца. Значыць, заслужыла кабета перад госпадам, раз у вобразе чалавечым явіўся.
– Раскажы, раскажы, – падахвоціла яе Марфа Зазыбава.
– Дак от, – Куліна, мусіць, не першы раз апавядала ўжо, – ідзе ета яна па дарозе, а тады бачыць – стаіць чалавек. Ну, стаіць сабе і стаіць. Ці мала людзей бывае. Таму жанчына нават міма прайшла, але азірнулася. Глядзіць, а над галавой у яго бытта свеціцца што. Тады баба – бах на калені, маліцца пачала. А ён і гаворыць: «Зямля сухая. Саўсім перасохла. Трэба паліць чырвоным дожджыкам». Во, як у кніжках старых сказана – пральецца на зямлю чырвоны дождж!
– Дак ён і праўда праліўся! – сказала Ціткова Рыпіна.
– Награшылі людзі, – дадала Гануся Падзерына.
Тады нечакана ўзбурылася Дуня Пракопкіна: яна адчула ў гаворцы старэйшых жанчын нешта злое і нядобрае.
– А-а-а, памаўчалі б вы, бабы, з богам сваім! – крыкнула яна і пакутліва зморшчыла твар: – Жывеце са сваімі мужыкамі, дык і жывіце!
Жанчыны збянтэжана паглядзелі на маладзіцу.
– Не гняві бога, дзеўка! – як не накінулася на яе Рыпіна Ціткова.
– Грашыць, дык усе грашылі, а як адказваць, дак нам адным, Розе во, Гэлі да Сахвеі? Нашы ж мужыкі паліваюць зямлю тым чырвоным дожджыкам, а не вашы! Вы сваіх на печах трымаеце! Вашы ж!.. – І раптам Дуня быццам спатыкнулася на што – загаласіла, ажно вокны затрымцелі ў хаце.
Нечаканы плач яе падняў з тапчана нават Сахвею. Парадзіха спалохана дастала рукой начоўкі, пачала калыхаць малое, нібыта занепакоілася, што тое пачуе і таксама будзе плакаць.
Роза Самусёва і Гэля Шаракоўская кінуліся супакойваць Дуню, але салдатка заходзілася ўсё мацней – выла без слёз і па-бабску бязладна, нібыта напрысак перасмаліла ў ёй гора.
– Да кіньце вы яе, бабы, – узлавалася Гануся Падзерына. – Напілася, дурніца!..
Тады да маладзіцы падступілася Марфа Зазыбава. Яна ўзяла Дуньчыну галаву аберуч і прытуліла лбом да сваіх высахлых грудзей.
– Ну, ну, – нібыта паўшчувала яна і пачала гладзіць салдатку па спіне.
Дуня пацішэла адразу, але галавы не ўзняла.
З гэтай хвіліны нібыта што стала ў хаце паміж старэйшымі жанчынамі і маладзейшымі. Колькі часу ўсе сядзелі насупленыя, нездаволеныя.
– Вы б, дзеўкі, схадзілі ў Яшніцу, – з намерам памірыць баб сказала маладзейшым Куліна Вяршкова. – Тама, кажуць, лагер цяпера. Палонных нашых немцы трымаюць. Дык, можа, і ваш чый тама? Немцы, бывае, аддаюць бабам мужыкоў, калі хто пазнае свайго.
– От і Сахвея скора можа пайсці з вамі, – спачуваючы, падказала Рыпіна Ціткова.
– А што, вазьму дзеўку на рукі дый пайду! – кінула з тапчана парадзіха.
Непрыкметна ў хаце зноў пачалася вольная гамонка. Неўзабаве злосці і плачу як не было.
Куліна Вяршкова расказвала, як хадзілі ў Яшніцу маладыя бабы з Гончы, насілі туды немцам, што ахоўваюць лагер савецкіх ваеннапалонных, розную правізію, асабліва мёд, яйкі, сала.
– Толькі не трэба пры камандзірах даваць, – наперад папярэджвала яна. – У немцаў таксама парадак. Могуць пакараць за ета нават свайго. Таму выкуп даваць трэба асцярожна, каб камандзіры не бачылі.
– Можа й застрэліць, – пагражаючы, сказала Рыпіна Ціткова.
– Як дадуць каманду, дак і застрэліць, – пацвердзіла Куліна Вяршкова: яна, як і Парфён, з ахвотай разважала на самыя разнастайныя, нават часам не жаночыя тэмы, але тлумачыла ўсё, далікатна кажучы, вельмі ўжо па-свойму.
Калі ўсё вясковае было перагаворана збольшага, старэйшыя жанчыны пачалі разыходзіцца ад парадзіхі. Першая ўзяла свой гладыш Гануся Падзерына – сунула ў сярэдзіну яго накрыўку, нечага панюхала ў пустое горла і падышла да Сахвеі, каб пацалаваць:
– Крэпкая ў цябе брага, Сахвейка, няхай госпадзь здароўя дае і табе і тваёй дачцэ. Ажно ногі цяпера во не ідуць… – Гануся і сапраўды трохі была п’яная.
Неўзабаве сабраліся ісці і Куліна Вяршкова з Гапкай Сімуковай. А Марфу Зазыбаву не пусціла дамоў Рыпіна Ціткова.
– Ты, Марфачка, пабудзь тут, у Сахвеі. З маладымі во. А то мне трэба гаспадарку паглядзець. – І пажартавала не па-старэчаму: – Каб хоць Ціток мой не прывёў там другую.
Але не паспела Марфа нават гаршкі пераставіць у чалесніку – намерылася таксама памагчы гаспадыні, як у хату быццам увалілася Ганна Карпілава, прынесла з сабой прыглушаныя пахі непрасохлай вясковай вуліцы і сваю бесклапотную ўзрушанасць.
– А я з гасцей да ў госці, – пачала яна не дужа гнуткім языком. – Па Лістрацісе ж сянні шэсць тыдняў, дак была тама. Ішла да й зайшла. А цяпера во да Сахвеі. Сказалі, што радзіла…
Ганна абвяла вясёлым, але затуманеным позіркам хату, убачыла каля печы Зазыбаву Марфу і нечага махнула рукой, як на непатрэбную тут, пасля кінулася да астатніх гасцей, пачала цалавацца. Маладзіцы нязлосна адпіхвалі яе, здаволена заліваючыся смехам, і ажно ёрзалі па ўслоне. Тады Ганна нарэшце падышла да Сахвеі, якая пасля Дуньчынага плачу не лажылася больш, пляснула рукамі:
– Каб ты ведала, як я рада, Сахвейка, як я рада!.. Ета ж цяпера і ты са мной зраўнялася. І ў мяне – двое, і ў цябе – двое. Дак харашо!
Яна і да парадзіхі палезла з абдымкамі.
– Да ты п’яная, Ганна, – у здзіўленні адшаснулася ад яе Сахвея.
А я п’ян, а я п’ян –
Пайду завалюся
Дай на тую караваць,
Дзе мая Маруся, –
нібыта ў адказ запела Ганна. Голас у яе – і гэта ўсе ведалі – ад прыроды быў звонкі, як назнарок для спеваў, але цяпер ён гучаў глуха, і Ганна, дурэючы, адно крычала ім на ўсю хату.
– Як я рада, дзевачкі, як я рада, – не магла сцішыцца яна. – Нарэшце і я з вамі роўня. Цяпера і я без мужыка і вы без мужыкоў. Ах, вайна-вайна-вайна!.. – Ганна некалькі разоў пачынала спяваць гэтыя словы – тады яшчэ не было самой песні. Нарэшце трохі ўгаманілася, сказала: – Давайце скакаць, бабы!
– Дак пад што? – спытала, як падначыла, Гэля Шаракоўская.
– Пад фізгармонію, – пажартавала, падказваючы, Дуня Пракопкіна.
– А пад грэбень не хочаш? – тупнула нагой Ганна. – А ну-тка, пашукайце грэбень! Сахвея, дзе твой грэбень? – Але ўбачыла, што сяброўкі не па-належнаму паставіліся да яе выдумкі, раззлавана і без дай прычыны накінулася на Марфу Зазыбаву, падумаўшы, што тая за бабку ў Сахвеі. – Дак ета ты за бабку? – І адразу рушыла да Сахвеі: – Навошта ты Зазыбаву запрашала? Няўжо ва ўсёй вёсцы не знайшлося каму твайго дзіцёнка перабабіць?
– А чым табе цётка Марфа не даспадобы?
– Дак яна ж не ўмее рабіць етага! – Ганна ажно засмяялася. – Хто ж калі браў яе за бабку?
– Не трэба, Ганна, крыўдзіць цётку Марфу, – паўшчувала Сахвея.
– А і то праўда, – Ганна ўзялася за галаву. – Нешта я сянні злая нейкая…
Роза Самусёва падышла да Ганны, абняла за плечы.
– Не злая, а вясёлая, – сказала яна, паціскаючы рукамі.
Дуня Пракопкіна, усмешліва назіраючы за Ганнай і за тым, як сяброўкі спрабавалі суняць яе, павяла па хаце галавой і заспявала:
Ой, зязюлька кукуе,
Салавейка ўсё чуе.
Калі б знала я, калі б ведала,
Дзе мой мілы начуе.
Да яе голасу далучыла сваё сапрана Роза Самусёва:
Калі ў полечку, пры дарожцы,
Памажы яму, божа.
Калі ў дзевачкі, на пасцелечцы,
Накажы яго, божа…
– А як па мне, – перабіла сябровак Гэля Шаракоўская, – дак няхай лепей заначуе ўжо «ў дзевачкі, на пасцелечцы». Цалей будзе.
– І то праўда, – заплюшчыла вочы Дуня Пракопкіна і паківала галавой, уздыхаючы: – Нешта мы сянні распеліся!..
– Але ці будзем скакаць? – не пераставала дурэць Ганна Карпілава.
– Будзем, будзем, – загаманілі маладыя жанчыны.
– Тады шукайце грэбень!
Ганна і сапраўды нагнулася пад тапчан, дастала адтуль драўляны грэбень, якім чэшуць кудзелю. Пасля выдрала ліст з нейкае школьнае кніжкі, сунула яго паміж зубцоў, прыгладзіла рукой і паднесла грэбень да губ. Першыя гукі ў яе выйшлі хрыплыя і невыразныя, але вось і Ганна зноў надзьмула шчокі, пачырванела ад натугі, і тады ў хаце пачулася знаёмая мелодыя:
Шахцёр полечка не паша,
Касы ў рукі не бярэ;
Касы ў рукі не бярэ,
Што заробіць, то й прап’е…
– От, бачыце! – сказала пасля гэтага здаволеная Ганна. – А яшчэ каб праз бяросту, дак і зусім не пагана выходзіць. – Яна перабрала вачамі маладзіц, прапанавала Гэлі Шаракоўскай: – На-тка цяпера ты пайграй.
– Але што?
– Месяц, – пырснула смехам Роза Самусёва.
Не паспела Гэля паднесці грэбень да губ, а Ганна ўжо выйшла на сярэдзіну хаты, падняла над сабой хустку ў руцэ і ціха, без п’янага крыку, але па-ранейшаму хрыплавата, запела перад самым тым момантам, як зрабіць першы крок у танцы:
Све-е-еціць месяц, све-е-еціць ясны…
Затым Ганна махнула хусткай – спярша направа ад сябе, пасля налева, ледзь не да самага пляча, пайшла па крузе, лёгка і пругка ступаючы па падлозе. Яе не пазнаць было – яна ўся перамянілася, і без таго не абыякая з выгляду, здаецца, ажно пахарашэла: блакітныя вочы раптам ачысціліся ад п’янага тлуму, што засціў іх хвіліну назад, сталі задумлівыя, нібыта засвяціліся сваім святлом аднекуль з глыбіні, на твары, трохі схуднелым, даўгаватым і ў той жа час скуластым, паявілася сарамлівая і радасная ўсмешка; уся яе постаць, па-бабску ладная, выдавала зайздроснае здароўе, нібыта не Ганна нарадзіла тых дваіх дзяцей, што цяпер недзе былі ў яе хаце, і не сама, без мужчынскае дапамогі, расціла іх; шырокая, як парасон, і доўгая, ажно да самых лодачак-чаравікаў, спадніца яе з бардовага паркалю калыхалася ў такт размераным крокам.
Гэля Шаракоўская больш не замінала Ганне сваім іграннем. Маладыя жанчыны сцішыліся і на ўсе вочы глядзелі, зачараваныя, на «саломенную» ўдаву, зайздросцячы яе зграбнасці і спрытнасці. Сапраўды, было надзвычай прыемна глядзець збоку на Ганну і на незвычайны яе танец – без музыкі, з адным напевам. А Ганна тым часам лёгка рабіла адзін за адным кругі, шоргала ледзь чутна падэшвамі. Здавалася, яна забывалася на ўсё на свеце, бо ў гэтыя хвіліны духоўнага і фізічнага ўзрушэння здольна была разбіраць толькі свой паслухмяны голас ды яшчэ адчувала, як поўнілася істота салодкай замілаванасцю да ўсяго. Але вось Ганна страсянула галавой, азірнулася і крыкнула цераз плячо:
– Разам, разам давайце!
Тады нібы спахапілася Дуня Пракопкіна – самая танцорка на вясковых ігрышчах. Маладзіца ўскочыла з услона, падпёрлася левай рукой, а правую ўзняла ўгору. Яна пастаяла гэтак, пакуль параўнялася Ганна Карпілава, прыгожа пахіснулася і, вольна згінаючыся ў поясе – то ў адзін, то ў другі бок, – дробненька, ледзь не па-горнаму, затупала нагамі.
– Дак і вы ж ідзіце ў круг! – крыкнула з тапчана Сахвея Розе Самусёвай і Гэлі Шаракоўскай.
Марфа, якая сачыла за ўсім ад печы, падалася цяпер да ўслона, села там.
У танцы кружыліся ўсе – і трохі марудлівая ўжо, але па-ранейшаму нястомная Ганна Карпілава, і пругкая, нібыта гумавы мячык, Дуня Пракопкіна, і ўсмешлівая, з прыжмуранымі, таму як недаверлівымі, вачамі Роза Самусёва, і не дужа вольная, нават у сваіх рухах, Гэля Шаракоўская.
Не спявала ў крузе адна Роза Самусёва. І гэта Марфа Зазыбава пачула адразу – галасы астатніх маладзіц, хоць і зліліся ў адно, можна было пазнаць, калі ўслухацца. Марфа ажно здзівілася, што гэтак лёгка яна адрознівае іх – хапала адно паглядзець на твар якой, убачыць, як варушацца губы, і тады да слыху акрэслена далятаюць словы, выразны робіцца голас. Але з усіх выдаваўся голас Дуні Пракопкінай. Яна вяла ў песні-танцы. Голас яе быў самы чысты, здавалася, вылятаў з грудзей, як пасярэбраны.
Зазыбава Марфа пераводзіла свой позірк з аднае танцоркі на другую, па-жаночаму зайздросціла іхняй маладосці і тым жа часам, нечага ажно стыдаючыся, шкадавала яе.
Але адзін танец, нават без музыкі, не можа цягнуцца бясконца.
Быццам па якой камандзе, танцоркі перасталі раптам спяваць, стоўпіліся пасярэдзіне хаты – нібыта гэта яны былі на ігрышчы і цяпер чакалі, пакуль зайграе новая музыка. Але музыка не пачыналася – ёй не было адкуль брацца. Тады Дуня Пракопкіна задзірыста, нібыта робячы выклік, тупнула нагой і, уся гарачая ад узбуджанасці, канчаткова ўзяла ролю завадатара на сябе.
– Ай, гоп гра-ча-ні-кі… – запела яна на ўвесь голас.
Дуніны «грачанікі», як на ляту, падхапілі яшчэ тры галасы. Не ўтрымалася нават Роза Самусёва, якая расчырванелася ўся і ўжо бліскала сваімі чорнымі вачамі, што заўсёды вылучаліся на яе смуглым твары: яна спявала і моцна тупала нагамі, нібыта наважылася прабіць наскрозь чужую падлогу. Танец цяпер падобны стаў на звычайную вясковую «трасянку», калі ўжо ідуць у скокі ўсе, хто на пагулянцы – танцоры ці не танцоры, і бязладна, затое зацята дзогаюць па гнуткіх, спаласаваных шавецкімі цвікамі масніцах – называецца, прыбіваць абцасамі. Маладыя жанчыны як выхваляліся адна перад адной сваёй спрытнасцю, пасля, запыханыя, ажно клаліся па чарзе на ўслон, млелі ў бессаромнай жаночай знямозе, а праз нейкі час зноў працягвалі даўно пачатую «трасянку».
Нарэшце вярнулася з дому Рыпіна Ціткова, паглядзела на раздурэлых маладзіц і сказала, але быццам усцешаная чым:
– І праўда, панапіваліся бабы!.. От табе, Сахвейка, і брага. – Яна падышла да стала і з вялікай ахвотай выпіла яшчэ карэц брагі, выцерла бязгубы рот, павінілася перад Марфай: – Даруй, што забавілася.
– Тае бяды, – махнула рукой Марфа.
– Я дак паляжу пакуль, – сказала тады Рыпіна і палезла на тапчан.
На дварэ, між тым, пашарэла ўжо. Надыходзіў вечар. Недзе яшчэ бавіўся на вёсцы Сахвейчын хлопчык, і Марфа ўзяла на сябе клопат адшукаць яго. Знайшоўся малы ажно ў Антона Жмэйды, гэта каля самае кузні, што на галоўнай вясковай вуліцы, і пакуль Марфа вяла яго адтуль у Падліпкі, завечарэла па-сапраўднаму.
Танцаў у Меляшонкавай хаце не было ўжо.
Сахвея давала на тапчане грудзі дачцэ.
Навокал прыбранага ад посуду стала скупіліся госці – Дуня Пракопкіна ціскала ў пальцах запаленую васковую свечку, якая ўсё не прыліпала да пашкрэбанай дошкі, а Гэля Шаракоўская трымала напагатове ў руцэ белы пярсцёнак, зроблены з сярэбранай манеты. Пасярэдзіне стала стаяла шклянка чыстай вады; нягледзячы што каляды былі далёка, жанчыны збіраліся ў гэты вечар варажыць…
Першы раз пярсцёнак кідалі, загадваючы на Івана Самуся, але Роза дарэмна чакала, яна не пабачыла свайго мужа – у шклянцы пад вадой не ўзнікла нават ценю.
– Цяпера на Меляшонка трэба, – сказала Ганна Карпілава, якой зусім не было на каго загадваць.
Гэля Шаракоўская патрымала над шклянкай пярсцёнак, кінула ў ваду. Пярсцёнак апусціўся на дно, ціха бразнуў аб шкло. Патрывожаная вада ў шклянцы праз нейкі час астоелася, і ўсе чатыры жаночыя галавы схіліліся над сталом. З дзіцём на руках нясмела падышла гаспадыня. Яна стала ўпрытык да стала, выцягнула шыю і, чырванеючы ад хвалявання, таксама ўтаропіла вочы на шклянку. У хаце запанавала цішыня. Толькі чуваць было, як дыхала на тапчане Ціткова Рыпіна. Але вось жанчыны заварушыліся, і Ганна Карпілава, уздыхнуўшы з палёгкай, усклікнула:
– Жывы твой Меляшонак, жывы!
– Праўда, Сахвея, жывы твой! – следам за Ганнай, нібыта ў вялікім здзіўленні, сказала і Роза Самусёва.
Але сама Сахвея пакуль нічога не бачыла ў шклянцы. Пярсцёнак нерухома ляжаў на дне, без ніякае чалавечае постаці. Тады Сахвея асцярожна абышла стол, прыпала прагнымі вачамі да шклянкі з таго боку, дзе сядзела Ганна Карпілава. Сапраўды, цяпер у самым пярсцёнку пад вадой падалося ёй нешта падобнае на чалавечы адбітак. Сахвея ўпэўнілася ў гэтым і адразу нібыта самлела ад неспадзяванай радасці – здаецца, упершыню пасля таго, як нарадзіла, адчула сваю слабасць. Яна заплюшчыла вочы і пахіснулася, быццам у непрытомнасці, ажно Марфе Зазыбавай давялося падтрымаць яе за плечы.
– Жывы! – сказала Сахвея; яна прытуліла да сябе малую і гэтак прайшлася па хаце. – Чуеш, жывы наш тата! – радасна сказала яна і хлопчыку, які пазіраў ужо з-за коміна.
Тады папрасіла паваражыць на свайго Дуня Пракопкіна.
І на яе мужа пярсцёнак у шклянку кідала Гэля Шаракоўская.
Жанчыны зноў ссунулі галовы над сталом. Але ў сярэбраным кружочку на дне шклянкі ўзнік ледзь прыкметны цень, які нечым нагадваў скрыню.
– Глянь, труна, – шапнула Розе Самусёвай Ганна Карпілава.
Дуня пры гэтым сцепанулася ўся, спалохана крыкнула:
– Дак ета ж я на хаўтурах ягоных скакала!..