1965
Гэтым летам памёр апошні вугольшчынскі аднаасобнік, – па сельсавецкіх кнігах Андрэй Яўстратавіч Хрупакоў, а па-вугольшчынску проста Хрупак. Быў ён чалавек мнагадзетны: меў, здаецца, ажно сямёра хлопцаў. Паступова яны раз’ехаліся – адны падаліся на шахты, другія завербаваліся некуды, – і, можа, дзесятак гадоў Андрэй жыў адзін: жонка падбілася на лядах, якія карчавалі адразу пасля вайны, і аддала богу душу яшчэ да таго, як падраслі самыя меншыя. Хрупак сабраўся быў другі раз жаніцца і адзін час хадзіў у «кавалерах», але неяк за паўгода пастарэў і забыўся пра жаніхоўства. Спярша пахадзіў трохі, стогнучы, з кійком па Вугольшчыне – усё хацеў прадаць у калгас зямлю сваю, – а пазалетась раптам заняўся промыслам – гнаць у старых напаўразваленых печах дзёгаць з бяросты ды развозіць яго на сваёй аднаасобніцкай шкапе па навакольных вёсках, бо на тавар быў такі попыт: ад самае вайны, як падарвалі смолзавод, ніхто і не смалакурыў у наваколлі. Хрупак ехаў і па дарозе заснуў, не патушыўшы самакруткі. І вось спачатку на калёсах загарэлася салома, пасля ўспыхнула вопратка – прасмоленая і прашкіпінараная ватоўка. Мусіць, чалавек так і не прачнуўся як мае быць, сканаў не ў сваёй памяці. Знайшлі яго пад ранне, ужо нежывога, пасярэдзіне дарогі – як зваліўся з абгарэлых калёс, так і ляжаў нерухома, скурчаны. Прывезлі яго ў вёску на калгаснай падводзе. Сыноў не сталі чакаць. Проста не ведалі, куды пасылаць па іх. Суседзі дасталі з вышак гатовую труну, якую зрабіў Хрупак на сваю мерку наперад, і пахавалі ў той жа дзень адразу пасля паўдня, калі спала гарачыня. На пахаванне народу прыйшло шмат, ледзь не з кожнае вугольшчынскай хаты. Бабы ківалі галовамі – усё жахаліся, якою смерцю памёр чалавек. Былі і з іншых вёсак – ужо сама смерць Хрупакова, незвычайная і страшная, збірала ў той дзень на могілкі. Хадзіў туды і Залуцкі.
Залуцкі не быў блізка знаёмы з нябожчыкам і размаўляў з ім усяго адзін раз, ды, напэўна, і бачыў толькі тады, як размаўляў, але многа чуў пра яго і быў таксама ўражаны яго смерцю.
Сустрэў ён яго аднойчы ў пачатку восені ў Шацікавай выгары. Было гэта на сконе дня, Залуцкі спяшаўся ў вёску, бо да канцавых двароў патрэбна было прайсці завідна яшчэ кіламетры тры. І раптам пачуў, як недзе збоку, можа, крокаў за сто ад дарогі, зашумела дрэва, быццам на яго наляцеў моцны вецер ці хто пачаў трэсці. Залуцкі спыніўся, каб паслухаць. А шум то сціхаў, то зноў усчынаўся, але ненадоўга, і ўжо праз нейкі момант Залуцкі зразумеў, што рабіў гэты шум чалавек. Напрасткі было не прадрацца скрозь ажыннік і густыя арэхавыя кусты, і Залуцкі павярнуў назад, каб трапіць на сцежку, якая агінала балоцвіну, парослую з краёў асакой. Неўзабаве ён выйшаў на паляну. На паляне стаялі калёсы і пасвіўся, навязаны на калок, гняды конь. Залуцкі падышоў да калёс. Конь падняў галаву, пакасіўся на незнаёмага чалавека і фыркнуў. Залуцкі наўмысна кашлянуў. Але ніхто не азваўся. Чалавек пэўна заўважыў старонняга ці не адразу ў той нават момант, як Залуцкі паказаўся на галым месцы, бо перастаў трэсці дрэва і цяпер сядзеў там, не варушыўся, можа, цікаваў з вышыні. Хвіліны праз тры зноў зашумела – на краю паляны раптам здрыганулася высокае, вілаватае дрэва і закалацілася ледзь не да самых карэнняў. Штосьці густа пасыпалася з яго галін на зямлю. Залуцкі падышоў пад самае дрэва. Гэта была лясная яблыня-дзічка, і пад ёй, на траве, валяліся ляскоўкі. Увосень, калі капаюць бульбу, такія яблычкі бываюць жоўтыя і нават смачныя, але цяпер пад яблыняй ляжалі адны зелянкі. Навошта чалавек страсаў іх?
– Што з імі рабіцьме? – задраўшы галаву, гукнуў Залуцкі.
Яблыня перастала шумець. Нездаволены голас спытаў зверху:
– Курыць маеш?
– Маю.
Зашамацела лісце, і Залуцкі ўбачыў прадаўгаваты твар пажылога чалавека, на якім вылучаліся запалыя вочы і шырокі, з тоўстымі губамі рот. Гэта і быў Андрэй Хрупак. (Праўда, Залуцкі пра гэта дазнаўся многа пасля.)
– Злазьце, – махнуў да сябе рукою Залуцкі, – перакурым.
Чалавек трохі памарудзіў, быццам памеркаваў, і пачаў спускацца, чапляючыся за галінкі, уніз. Нарэшце ён ухапіўся рукамі за апошні сук, павіснуў на момант і тады ўжо скокнуў на зямлю. Быў ён высокага росту, ссутулены. Гадоў меў, мусіць, за паўсотню. Насіў пацёрты скураны картуз на рухавай галаве і парваныя гумавыя боты на цыбатых нагах. Рукі і твар нібы закапцелыя, і адзенне, памяты картовы касцюм, таксама: акурат вясковы механізатар.
Залуцкі дастаў з кішэні пачак з папяросамі.
– А махры, выпадкам, няма?
– Няма, – адказаў Залуцкі.
– Махра, яна мацней прадзірае, – растлумачыў Хрупак.
Адышліся да калёс, селі на аглоблі, закурылі. Залуцкі зацягнуўся дымам і, выпускаючы яго, спытаў:
– Дык што з імі будзеце рабіць? – І паказаў рукой пад дрэва.
– Есці, што ж яшчэ можна з імі, – зрабіў здзіўлены выгляд чалавек.
– Але ж гэта як воміга. Дзіўна, як яны адпадаюць, зялёныя такія.
– Не вельмі яны ўжо і зялёныя, – не згадзіўся Хрупак. – Улежацца ў саломе. А на зіму – у бочку. Не садзіў, не расціў, а мочаных яблык ад пуза.
– Але ж яны і на дрэве даспелі б…
– Гм, – скептычна ўсміхнуўся Хрупак. – Будзеш чакаць, то, можа, і не дачакаешся. Думаеш, адзін я ведаю пра гэтыя яблыні? Пра іх усе ведаюць. Не, тут – хто першы. Дык няхай буду я першы. Гэта няважна, што ранавата. Праўда гніла, ды богу міла – яна пад елкай і сасонкай начавала, а мы асінку тады ды ліпку гладалі.
Залуцкі пакруціў галавой – мудрагеліста гаворыць чалавек.
– Можа, даў бы яшчэ адну папяросу, – папрасіў раптам Хрупак.
Залуцкі падаў увесь пачак, але Хрупак выняў толькі адну папяросу і паклаў сабе за адтапыранае вуха.
– Цяпер курыва да самага дому будзе, – з задавальненнем сказаў ён. – Вось зараз зграбу гэтую вомігу, як вы кажаце, ды хутчэй дахаты.
Мусіць, Хрупак спадзяваўся, што і Залуцкі падымецца з ім разам, пойдзе сабе. Але той, быццам і не спяшаўся, застаўся сядзець на аглоблі. Хрупаку гэта не спадабалася – ён засоп, ссунуў свае абгарэлыя бровы і, не гаворачы больш ні слова, узяў з калёс пусты мяшок. Падбіраў ён яблыкі спакваля, спачатку валачыў за сабою мяшок, а як толькі пацяжалела, то паставіў яго пад яблыняй і пачаў зграбаць яблыкі ў картуз і высыпаць затым у мяшок. Кружыў ён пад дзічкай доўга і ўсё моўчкі.
Тады загаварыў Залуцкі:
– А што гэта? Лісце – быццам у свойскага дрэва, а плады?..
– Гэта і ёсць свойскае дрэва. Яблыня, – з прыкметнаю злосцю ў голасе адказаў Хрупак. – Была свойская, а стала не свойская. Здзічэла. Як пакінулі людзі, то і здзічэла.
– Даўно?
– Што даўно?
– Не жывуць тут?
– Даўно, як з хутароў ссялілі, з таго часу і не жывуць. А ты хто ж будзеш? Можа, новы аграном?
– Не.
Але Хрупак быццам не пачуў, што адказаў Залуцкі.
– Ты не думай, што я на калгасным. Конь у мяне свой.
– Хто ж гэта цяпер у вёсцы свайго каня мае?
– Той, хто заўсёды меў, той і цяпер без каня не жыве.
– Значыць, ты аднаасобнік?
– А што?
Залуцкі ўсміхнуўся:
– Нічога, але я, грэшным дзелам, думаў, што аднаасобнікі перавяліся.
– Не перавядуцца, пакуль не перавядуць іх, – здзекліва сказаў Хрупак і раптам зусім раззлаваўся: – Ды, зрэшты, хто ты такі, каб перад табой вылузвацца?
Калі па-разумнаму, то Залуцкаму хоць цяпер варта было б падняцца ды пайсці сваёй дарогай, каб не пасварыцца з чалавекам, тым больш што ўжо станавілася цемнавата на паляне, але тое, што Хрупак немаведама чаго пачаў злавацца, якраз і стрымала.
І ён сказаў, спрабуючы надаць сваім словам жартоўны тон:
– Мы яшчэ не паспелі пазнаёміцца, а ўжо быццам як сварымся.
– Няўжо? – здзіўлена ўсклікнуў Хрупак, і Залуцкі адчуў у яго здзіўленае прытворства. – А я і не заўважыў. Тады як хутчэй трэба мірыцца. Шкада вось толькі, што няма пляшкі.
Чалавек спрабаваў куражыцца, і ад гэтага Залуцкаму зрабілася прыкра, – і пажылы мужчына раптам на яго вачах стаў ледзь не блазнам.
Нарэшце Хрупак пазбіраў ляскоўкі, узваліў хатомку на плячо і лёгка панёс яе да калёс. Залуцкі падняўся з аглоблі, хацеў адысціся ўбок, але Хрупак спытаў:
– Можа, нам па дарозе?
– Мне ў Баравец, – сказаў Залуцкі.
– Тады якраз палавіну дарогі праедзеш. Вядзі каня.
Залуцкі адвязаў каня, прывёў і паставіў у аглоблі. Але запрагаў сам гаспадар: Залуцкі ажно залюбаваўся, як Хрупак спрытна закладаў у гужы дугу і пасля адным махам зацягнуў супоню, упершыся каленам у клешчы, пры гэтым у яго руках не было нічога лішняга.
Ужо на калёсах Хрупак спытаў Залуцкага:
– Нешта я ніяк не прыпомню. Чый ты там, у Бараўцы?
Залуцкі ўсміхнуўся:
– Прыпомніць цяжка. Нават немагчыма. Я ў зяцях там.
– У прымаках ці як?
– Проста ў зяцях. Лічуся зяцем у цешчы.
– У каго?
– У Домны, што з Прусіна.
Хрупак павярнуўся тварам да Залуцкага і з цікавасцю, быццам упершыню ўбачыў, паглядзеў яму ў твар.
– У яе ж, здаецца, двое. Дык каторы? Той, што на прамкамбінаце работае? – спытаў ён.
– Не.
– А-а-а, ведаю. Чуў і пра вас. І жонку вашу ведаю, – перайшоў ён на «вы». – І, наогул, усю сям’ю ведаю. З цесцем вашым, нябожчыкам Цімохам Лук’янавічам, амаль усю грамадзянскую прайшоў. Як Шчорс сюды да нас прыйшоў з Унечы, так мы і пайшлі з ім.
– Шчорс? – здзівіўся Залуцкі.
– Шчорс. Да Унечы ж ад нас рукой падаць. Вось і прыходзіў ён Саматэвіцкую рэспубліку падаўляць. Была такая рэспубліка ў Саматэвіцкай воласці. Багацеі стварылі на чале з местачковымі эсэрамі. Узброілі вясковую галоту вінтоўкамі, якія на складзе вайсковым былі, і падбухторылі на тую рэспубліку. А якая рэспубліка? Проста не хацелі даваць хлеба новай уладзе. Але Шчорс іх там хутка пакараў. Стрэліў некалькі разоў з гармат, і мужыкі паразбягаліся.
Дарога па выгары была няроўная – то на выбоінах, то на пясчаных купках, – і калёсы ўвесь час калываліся, таму ехаць было дрогка, асабліва на голых дошках. Да таго ж па твары балюча хвастала голле, і Залуцкі адно рабіў, што слухаў свайго спадарожніка ды ўхіляўся, каб не зачапіцца за які-небудзь сук. Але хутка здагадаўся – прыхінуўся спіной да мяшка з яблыкамі ды так і сцішыўся. Спадарожнік яго тым часам падганяў каня і не пераставаў гаварыць: раптам ён нібы палагоднеў.
– Я тады малады быў. Якраз падрос, а Шчорс набіраў да сябе вясковых хлопцаў. Запісаўся і я. Цэлы ўзвод нас сабраўся. А камандаваў цесць ваш. Справядлівы чалавек быў. І тады, і пасля, калі ўжо дырэктарам у Бараўцы быў.
Залуцкаму, вядома, прыемна было слухаць добрае пра свайго цесця, якога ён, праўда, ніколі не бачыў – той загінуў у сорак першым, пры адступленні на Смаленск, але, пэўна, самае цікавае з усяго, што ён цяпер пачуў, было тое, што расказаў яго спадарожнік пра сябе: гэтакі закаранелы аднаасобнік, прынамсі, так здалося Залуцкаму, і раптам – былы чырвонаармеец славутага Шчорса. Неяк не стасавалася адно да аднаго, і Залуцкі асцярожна спытаў:
– Цікава, а чаму ж вы не паступілі ў калгас? Кажаце, ваявалі за савецкую ўладу і вось быццам і не разам з савецкай уладай…
Хрупак ад гэтых слоў раптам сцяўся ўвесь, і без таго ссутуленая спіна яго згорбілася, быццам навалілася на чалавека што; мінуў усяго адзін кароткі момант, і Хрупак крута, усім корпусам, павярнуўся да Залуцкага, і тады Залуцкі ўбачыў у ягоных пачырванелых вачах пагарду да сябе і агіду.
– І не адзін раз ваяваў! – ускіпеў Хрупак. – Я за гэтую вашу ўладу і ў грамадзянскую, і ў нямецкую наваяваўся!
Залуцкі адчуў, як спярша прыкрая чырвань заліла яму твар, а затым дробна-дробна стала торгацца нейкая жылка над правым вокам – з ім гэтак здаралася, калі пасля раптоўнай збянтэжанасці звычайна пачынала разбіраць злосць.
– А чаму гэта «вашу»? – націскаючы на апошняе слова, зусім спакойна, можа, нават занадта злавесна, працадзіў скрозь зубы Залуцкі.
Але Хрупак не адвярнуўся і не адвёў вачэй.
– Чаму, пытаеш? – заёрзаў ён на калёсах. – Ды таму, што многа вас тут ходзіць вось, разумнікаў! Не паспеў сесці на воз, а ўжо сам кажа – «быццам і не разам з савецкай уладай…» А што ты шупіш?
– Даруйце, але я не зусім гэта меў на ўвазе, калі гаварыў так.
– Няма чаго дараваць! Я ўсё жыццё пра гэта чую: толькі плявузгаюць, не разам! Як ваяваць за савецкую ўладу, то разам, а як што-небудзь, то не разам. Во што значыць захацець жыць па-свойму! Быццам парушына на воку ў дурняў стаў. А я, можа, і не іду ў ваш калгас таму, што мне дазваляе савецкая ўлада і без калгаса жыць. Што я там, у калгасе, не бачыў? Там і без мяне хапае. А я заваяваў сабе права жыць сваім дваром яшчэ ў васемнаццатым. Тпр-р-ру! – Ён спыніў каня і паказаў пугаўём на альховыя кусты. – Злазь! Цяпер сам дойдзеш!
Залуцкі саскочыў, як укушаны, з калёс і саступіў на абочыну, каб не зачапіла воссю. На душы зрабілася брыдка і неспакойна – мусіць, адным часам і за няўдалую размову, якая так неспадзявана скончылася, і за тое, што спадарожнік яго – і там, на паляне, і цяпер, як ужо ехалі, – злаваўся і плёў абы-што, прынамсі, так здавалася Залуцкаму. Разам з тым з’явілася таксама і разумная нездаволенасць сабой – раптам немаведама чаго пачаў «пароць гарачку» ды сварыцца, замест таго каб гаварыць разважліва і, урэшце, пераканаць чалавека! Але Залуцкаму, бадай, сёння ўпершыню выпала гаварыць на такую «далікатную» і адказную тэму, і яму было крыўдна і сумна ад таго, што паміж людзей яшчэ жыве такі вось натапыраны і разлютаваны селянін, і, можа, людзі нават не ведаюць пра гэта.
Хрупак тым часам выцяў лейцамі свайго лянівага каня, і калёсы, падскокваючы на выбоінах, затарахцелі па вузкай дарозе, заціснутай з абодвух бакоў альховымі кустамі.
Сцежка, якую неўзабаве адшукаў Залуцкі паміж кустоў, вывела яго на край поля, дзе на ржышчы скрозь валялася паклычаная камбайнам салома. На полі яшчэ было як відна, і на захадзе, дзе зайшло сонца, не паспела дагарэць над лесам цёмна-сіняе неба. Залуцкі ўзышоў на самы горб няроўнага поля, з-за якога выступалі вільчакі баравецкіх хат, і азірнуўся назад. Трохі ў нізіне патанала ў шэрых прыцемках Шацікава выгара, парослая маладымі ліпамі, арэшнікам і вольхай. Адтуль не далятала ніводнага гуку. Толькі нейкая вялікая адзінокая птушка цяжка махала крыламі, быццам ляцела на вецер.
Але самае галоўнае пра вугольшчынскага аднаасобніка Залуцкі пачуў пасля, можа, праз год ці нават болей. Расказаў яму настаўнік Панас Ігнатавіч Зазыба, чалавек разважлівы і разумны, які скончыў некалі ў Рагачове настаўніцкую семінарыю і зарабіў у Бараўцы пенсію. Раптам па вёсцы пайшоў пагалосак – Андрэй Хрупак прадае калгасу сваю зямлю.
– Значыць, знямогся, – сказаў Панас Ігнатавіч. – Раз Хрупак надумаў адмовіцца ад свае зямлі, значыць, яна яму стала непатрэбная.
– Пастойце, а ці не той гэта Хрупак, што са мной размаўляў у Шацікавай выгары? – схамянуўся Залуцкі. – Там, на паляне, расце яблыня. Можа, ведаеце, на дварышчы, дзе хутар быў?
– Вядома, той. Болей тут ва ўсім наваколлі ўжо няма аднаасобнікаў.
– Дык ён ляскоўкі абтрасаў. Казаў, што яблыня здзічэла. І яшчэ ён казаў, што ў Шчорса ваяваў.
– Гэта праўда, ваяваў. І ў Шчорса ваяваў, і ў партызанах ужо ў гэтую вайну быў.
– Але надта дзіўны чалавек. Лаяў усіх і ўсё.
– Гэта, мусіць, ад зайздрасці ў яго. Калгаснікі сталі лепей жыць за яго, вось ён і лаецца. А то, бывала, усміхаўся і жабракамі называў – маўляў, вось вам як не лавіцца. Цяпер пацягайце на сабе і барану, і плуг. А наогул, чалавек ён… ну, адным словам, не шкодны, ці як гэта называецца. Гэта калі не ведаючы паслухаць яго, дык жахнуцца можна. А ўсё пакутуе праз «сваю зямлю». Як ухапіўся за яе пасля рэвалюцыі, то ўжо і не захацеў выпусціць з рук. Страх у ім перад зямлёй. Гэта як хвароба. І пачалася яна, мусіць, яшчэ тады, калі дзіцем хадзіў «пасабляць» людзям. Бацька яго зямлі мала меў, адзін шматок, а дзяцей напладзіў, дык дзе ты іх накорміш! У сям’і толькі і размоў было што пра зямлю. А тут савецкая ўлада спярша дала зямлю, пасля быццам бы і назад адбірае. У калгас трэба ісці. А хто яго ведае, той калгас? І вось замест таго каб спярша вылечыць Андрэеву хваробу, каб ён не баяўся за сваю зямлю, яму прапаноўваюць аддаць тую зямлю ў калгас.
Панас Ігнатавіч паглядзеў у вочы Залуцкаму, усміхнуўся.
– Я трохі ведаю гэтага Хрупака. Жыву тут не першы год, ды і так, здаралася, сустракаў. Жонка яго адразу пасля вайны памерла, дзеці на руках засталіся, а я якраз сакратаром тэрытарыяльнай партарганізацыі быў. Сустрэў неяк на вуліцы яго, пачаў гаворку – як, маўляў, мадзееш, Андрэй, цяжка, мусіць, аднаму такую араву даглядаць? Павесіў галаву. «Цяжка, – кажа, – вельмі цяжка!» Ды я і па вачах бачу: цяжка чалавеку. Гавару яму: «Давай, Андрэй, падавай заяву ў калгас, неяк разам там з людзьмі і агораеш сваё гора».
Ён паслухаў і сумна ў адказ: «Не, у калгас я не пайду, пра гэта не варта нават і балакаць». Але я спытаў яшчэ: «Скажы, Андрэй, няўжо ў цябе ніколі не ўзнікала жадання кінуць сваё аднаасобніцтва ды ў калгас падацца?» – «Узнікала, – кажа, – але то было даўно, і таму будзем лічыць, што няпраўда». А я паверыў яму. Вядома, з’яўлялася такое жаданне. І не адзін раз. Але, мусіць, заўсёды знаходзіліся прычыны, якія стрымлівалі яго. У трыццатым, калі калгасы стваралі, раптам надумалі раскулачыць яго, нават завезлі ў Магілёў, але ні гаспадаркі, ні сям’і не зачапілі, бо нічога кулацкага, вядома, у яго не было. Але самога ў турме трохі патрымалі. Д’ябал яго ведае, што яму інкрымінавалі, можа, нават проста з вачэй хацелі падалей прыбраць: як-ніяк, а былы дабраволец, чырвонаармеец упіраецца, не хоча ў калгас, падае гэтым дрэнны прыклад. А пакуль Андрэй вярнуўся з «камандзіроўкі» сваёй, калгас быў арганізаваны. Аднаасобнікам устанавілі цвёрдае заданне. Атрымаў такое заданне і Андрэй. Пачухаў галаву, але што зробіш. З норавам ён быў яшчэ і тады. Ды і тое, што ваяваў у грамадзянскую вайну, адвагі яму прыбаўляла. А тут яшчэ, як назло, адразу пасля калектывізацыі галодны год настаў, ды не адно лета. Тым часам аднаасобнікам быццам і нішто сабе – жывуць і не наракаюць: ні на нішчымніцу не скардзяцца, ні пазычаць не пазычаюцца. Дзіва, дый годзе! Выходзіць, што Андрэй Хрупак не прагадаў. На язык ён быў востры, ну і давай пасміхацца. З таго часу і пачаў Андрэй хадзіць у «контрыках». Згарыць у калгасе гумно – аднаасобніка Хрупака на допыт. Здохне на калгаснай ферме карова – зноў на Андрэя гатовы віну ўскласці. Так прасцей, не трэба галавы ламаць. Добра яшчэ, што ваш цесць, Цімох Лук’янавіч, заступаўся, не даваў свайго былога чырвонаармейца зусім у крыўду, а то б нездабраваць небараку.
Панас Ігнатавіч памаўчаў трохі.
– Вось вы сказалі пра яблыню, што ў Шацікавай выгары. Помню, стаіць там на хутарышчы яблыня. Здзічэла. Здавалася б, ненатуральна, свойская яблыня не можа перарадзіцца, а вось жа перарадзілася. Дык нешта падобнае здарылася і з Андрэем Хрупаком. Цяпер ён хоча прадаць сваю зямлю ў калгас. Смешна. Але няхай сабе. Купіць бы яе ў яго, хоць зямля ў нас не прадаецца і не купляецца. Вызваліўся б з яе ланцугоў, можа, паспакайнеў бы.
…Зямлю ў Хрупака калгас, вядома, не купіў. Але абрабляць яе Хрупак больш не стаў. Так яна і пуставала, пакуль гаспадар смалакурыў ды развозіў па вёсках дзёгаць і шкіпінар. Жыў ён цяпер на калёсах. На калёсах і смерць прыняў.