ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

Чытаю апавяданні Івана Чыгрынава і захапляюся імі – гэта сапраўды мастацкія творы, напісаныя рукой таленавітага майстра. Здаецца, упершыню ў беларускай літаратуры чытаю такія дасканалыя апавяданні. У жанры апавядання я гатовы паставіць Івана Чыгрынава на першае месца, залічыць яго да ліку нашых класікаў. Апрача артыстызму, я вычуваю ў іх наша, нацыянальнае – філасофію, псіхіку, быт, норавы нашага народа. У малым жанры, у жанры апавядання, Іван Чыгрынаў незраўнаны. У гэтым жанры, думаецца, ён больш дасканалы, чым у жанры эпапеі.
Масей Сяднёў

КАРОТКІЯ АПАВЯДАННІ

Уласна кажучы, гэты жыццёвы матэрыял павінен быў легчы ў дзіцячую аповесць, якую задумаў я даўно. Дакладней, яна ўвесь час прасілася на паперу. Але аповесць я кожны раз адкладваў – хапала працы з іншым матэрыялам, прыходзілі ўсё новыя і новыя задумы, якія, здавалася, нельга было адкласці. I я ўсё прыберагаў гэтыя жывыя абразкі з майго жыцця як штосьці вельмі асабістае; пра іх нават не заўсёды згадвалася, як здараецца з рэчамі, што адкладзены чалавекам кудысьці ў запас. Помню, дзед мой Ігнат Міхайлавіч некалі зрабіў сабе наперад труну, якая стаяла ў яго на паддашку, але ён мала калі лазіў на той паддашак, нават лесвіцу з сенцаў стараўся прыбраць у хлеў, каб ніхто з дамашніх не шастаў там. Праўда, труна тая згарэла ў апошні год нямецкай акупацыі разам з хатай – тады і дзедаў сад ушчэнт выгарэў, майму дзеду давялося далей жыць без гатовай дамавіны, злашча, што пражыў ён пасля пажару яшчэ вельмі доўта, здаецца, да сотні гадоў з хвосцікам, ды і чаму здзіўляцца, калі стары чалавек да канца дзён сваіх кляпаў касу малатком, паспяваючы ў лузе за маладымі. Але няхай. Пра дзеда я прыгадаў цяпер усё роўна як збоч усяго іншага. Проста хацелася давесці неяк, што і за маё жыццё назапашана шмат матэрыялу, кажучы на літаратурнай мове, які мае права таксама легчы на паперу.
Іван Чыгрынаў

Вернасць праўдзе. Віртуальны музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”