– 1952 –
Ад зары араў хлапчына
На калгасным полі,
Столькі радасці адчула
Сэрца на раздоллі.
Сонца шчыра веснавое
З ім пасябравала,
З першым выездам у поле
Тут яго вітала.
І цяпер, у позні вечар,
Хлопец засынае, –
Сэрца з думаю крылатай
Па палях лунае.
На юначым сонным твары
Блукае усмешка:
Сніцца ліпень жоўтакрылы,
Палявая сцежка.
Між высокімі радамі
Маладой пшаніцы
Ён ідзе паслухаць песні
Палявой крыніцы.
Лёгкі ветрык жвавай хваляй
Абдымае ніву,
Песціць шчодрай цеплынёю
Залатую грыву.
І калыша над палямі
Дзень многагалосы,
Песню жаўранка сплятае
З песняю калосся.
У гэтых песнях чуе хлопча
Гімн рукам мазольным,
Што ўзрасцілі буйны колас
На калгасным полі.
– 1953 –
На змярканні палявою сцежкай
За сяло, дзе ў росах сенажаць,
Пасля працы з радаснай усмешкай
Я іду падругу сустракаць.
А ў палі духмянай прахалодай
Павявае вецярок з ракі,
І з далёкіх фабрык і заводаў
Аж сюды даносяцца гудкі.
І гудкі, і зоры, і туманы
Мне мілей сягоння, юнаку.
І ва ўсё бязмежна закаханы
Я бяру дзяўчыну за руку.
Ля палёў, красуючых, жытнёвых,
Лугавой сцяжынкаю ідзём,
А наўколле лямпы Ільічовы
Заліваюць сонечным святлом.
Разумеем мы адзін другога,
І без слоў нам радасна ісці,
Бо такая зорная дарога,
І усё так зладжана ў жыцці. –
Каласы, узрошчаныя ёю,
Нам дваім паклоны нізка б’юць;
І агні, запаленыя мною,
Асвятляюць ясна, ясна пуць.
– 1954 –
Сумёты вуліцу схавалі! –
Кіпіць, бушуе снежны вір,
А за сталом у клубнай залі
Праходзіць шахматны турнір.
Сядзіць балельшчыкаў нямала –
Прышоў амаль што ўвесь калгас,
Аж не ўмяшчае сёння зала…
Напружана праходзіць час.
Над дошкай моўчкі нахіліўся
І вус цярэбіць палявод,
На поўачка касір згадзіўся
I трапіў дзед стары ў цэйтнот.
На славу справы ў брыгадзіра,
Як наступае смела ён! –
Магчыма з гэтага турніра
Шлях пачынае чэмпіён.
– 1952 –
З той самай часіны,
Як з кнігай спазнаўся,
Я з песняю Коласа не разлучаўся.
Бо ў ёй пазнаю дарагую краіну,
Калгасныя вёскі, лугі і палі,
На Волзе вялікай плаціны,
Багацці савецкай зямлі.
І з песнямі тымі, што сёння спяваюць,
Хто ўзняўся за мір на планеце усёй,
Я чую – і Коласа песні лунаюць
Горнам прызыўным над роднай зямлёй.
– 1952 –
Уздоўж вуліц ліхтары заззялі –
Зайздросцяць зоркі з вышыні.
А ў прасторным клубным залі
Праходзіць шахматны турнір.
Над дошкай моўчкі нахіліўся
І вус цярэбіць палявод.
Касір на паўачка згадзіўся,
Калгаснік-дзед папаў у цэйтнот.
На славу справа ў брыгадзіра! –
Як наступае смела ён.
Магчыма з гэткага турніра
Шлях пачынае чэмпіён!
– 1953 –
Дом расце.
I штодня з ранку,
Ідучы паўз гэты гмах,
Чарнавокую смуглянку
Бачу з кельмаю ў руках.
I яна ўжо зразумела,
Для чаго я кожны раз
Тут хаджу цішком, нясмела,
У адзін і той-жа час…
Я прастойваў тут нямала –
З кожным днём усё даўжэй.
Сарамлівасць не давала
Пазнаёміцца бліжэй.
– Сёння! –
Сам сабе я кляўся,
Сёння! – слова я даваў,
А сустрэўшыся, губляўся
I на заўтра адкладаў.
Адкладаў, пакуль не знялі!
Рыштаванняў з гэтых сцен,
Пакуль вокны шклом заззялі,
Сонца ломячы прамень.
А на месцы, дзе нядаўна
Муравала дом яна,
Там другая цёпла, слаўна
Усміхаецца з акна.
Гэта ўсмешка чаравала…
Але як забыць аб той,
Што калісь падаравала
Мне смуглянка раніцой.
I цяпер
Удзень ці ўранку,
Дзе ні здарыцца бываць,
Чарнавокую смуглянку
Усё спрабую адшукаць.
– 1956 –
Адзвінела поле каласамі.
Хмары навальнічныя сплылі.
У нябёсах плаўна, касякамі
Мкнуць і мкнуць у вырай жураўлі.
На вачах мяняецца прырода.
Мне-ж здаецца: летнюю красу
Жураўлі да будучага года
За сабой удалячынь нясуць.
І шкада, шкада яе да болю.
Я смуткую, стоячы ў цішы,
Бо яны-ж уносяць разам з ёю
І спакой юначае душы.