ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ХТО ВІНАВАТЫ

ДРАМАТЫЧНАЯ ФАНТАЗІЯ НА ЧАРНОБЫЛЬСКУЮ ТЭМУ Ў ДЗВЮХ ДЗЕЯХ
1991

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

  • Левановіч – вучоны-энергетык
  • Людміла Міхайлаўна – жонка Левановіча.
  • Андрэй – брат Левановіча, лётчык з падраздзялення так званай «кліматычнай вайны»
  • Пісьменнік Павел Дзямідавіч
  • Антаніна і Вальдэмар – проста муж і жонка, нейкія сябры сям’і Левановічаў
  • Анатоль Іванавіч – сябра Левановічаў
  • Даўгучыц – сябра Левановічаў
  • Камандзір падраздзялення
  • Капітан-І
  • Капітан-ІІ
  • Селянін-І
  • Селянін-ІІ
  • Селянін-ІІІ
  • Васіль Сцяпанавіч – сакратар партыйнага камітэта
  • Ляснік – першы мужык
  • Пчаляр – другі мужык
  • Раман Антонавіч – дырэктар саўгаса
  • Дзіна Давыдаўна – вясковая настаўніца
  • Карэспандэнт (з экрана)
  • Міліцыянер

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

К А Р Ц І Н А  I

Прыстойная па нашым часе кватэра. Вечар. Многа кветак. Над сталом, устаўленым па краях крышталёвымі чаркамі і пустымі фарфоравымі сподкамі, палае вялікае люстра ў выглядзе кароны. Астатняе абсталяванне ў кватэры таксама найноўшае. Відаць, што збіраецца нейкая пагулянка.
Той-сёй з гасцей ужо тут: малады чалавек у вайсковай форме лётчыка; сямейная пара – ён і яна; і яшчэ адзін мужчына, ужо ў гадах, але з выглядам усё роўна як маладога. Лётчыка завуць Андрэем. Сямейную пару – Антанінай і Вальдэмарам. Вядома, мае сабе імя і мужчына з выглядам усё роўна як маладога чалавека – Анатоль Іванавіч. З кухні ў пакой заходзіць з талеркамі ў руках гаспадыня Людміла Міхайлаўна ў палатняным фартуху.

Людміла Міхайлаўна. Ну вось, стол ужо, лічы, падрыхтаваны. Засталося паставіць выпіўку ды закуску.
Анатоль Іванавіч (нібыта злавесна). Ужо поўнач наступае, а Германа няма…
Антаніна. А я колькі помню госці ў Левановічаў, дык…
Людміла Міхайлаўна. Ты ўжо дагаворвай, Антаніна, чым табе не падабаюцца госці ў Левановічаў?
Вальдэмар. Мая жонка хоча сказаць, што гаспадар, гэта значыць Левановіч Эдуард Сямёнавіч, у свой дзень нараджэння заўсёды спазняецца на вячэру ў дом.
Анатоль Іванавіч. Во-во, Людміла Міхайлаўна, спазняецца ваш супруг, дарма што кожны раз гасцей запрашае.
Людміла Міхайлаўна. Я зноў у лабараторыю пазваню.
Анатоль Іванавіч. Пазвані, пазвані, Людміла Міхайлаўна, пашукай свайго супруга.
Людміла Міхайлаўна. Неяк вы, Анатоль Іванавіч, задужа змрочна?..
Анатоль Іванавіч. Гэта незнарок. Сёння чамусьці ўвесь час у крайнасці мяне кідае. Дарэчы, дзе гэта падзеўся Даўгучыц? Ён што, на кухні ў вас, Людміла Міхайлаўна?
Людміла Міхайлаўна. Што, вы не ведзеце, дзе можна знайсці ў чужым доме Даўгучыца? Пакуль усе выгоды не ацэніць ды не паспрабуе…

Усе смяюцца.

Анатоль Іванавіч. Ды ўжо ж…

Зноў усе смяюцца. Як на тое, заходзіць Даўгучыц.

Даўгучыц. Бачу, і сёння Эдзік верны сабе. Няйначай, другую кампанію недзе частуе.
Людміла Міхайлаўна. Штосьці не падобна. Я ўжо колькі разоў званіла – лабараторыя не адказвае. А можа б, ты, Андрэй, заняўся гэтым? (Глядзіць на лётчыка). Усё-ткі брат твой.
Андрэй (смяецца). Брат мой, а муж твой. (Устае з канапы, ідзе ў калідор).
Даўгучыц. Ат, Эдзік заўсёды так.
Анатоль Іванавіч. Не гавары на чалавека лішняе.
Даўгучыц. Помню, гадоў пяць таму дык і зусім не прыйшоў. Можа, і сёння давядзецца папіць-паесці без імянінніка.
Антаніна. Як гэта без імянінніка?
Вальдэмар. Сапраўды, што пра нас падумаюць?

І з гэтага чамусьці смяюцца.

Даўгучыц. Гэта яшчэ што! Левановіч не паспеў да ўрачыстага стала ў свой дзень нараджэння! Гэта нават… Словам, за выдатным чалавекам штосьці такое павінна цягнуцца – ці анекдот, ці звычайная плётка. Без гэтага ў вышэйшым свеце няма асобы. Ды і ўвогуле…
Людміла Міхайлаўна. Што ўвогуле?
Даўгучыц. А тое, мадам, што не толькі шляхі гасподнія невядомыя, але і справы чалавечыя не заўсёды на віду. Я вось сёння быў на пісьменніцкім з’ездзе…
Антаніна. Ну і што нашы пісакі там новае выдумалі?
Вальдэмар. А што яны могуць выдумаць? Хіба што новую «Лысую гару».
Анатоль Іванавіч. Цікава, аўтара так і не знайшлі?
Вальдэмар. Дзе яго знойдзеш? Ананімны твор.
Анатоль Іванавіч. У наш час ды ананімны?
Вальдэмар. Крыміналісты перабольшваюць сваё аналітычнае значэнне. КДБ таксама. На абывацеля разлічана.
Анатоль Іванавіч. Вось што значыць галоснасць, дэмакратыя!.. Нават дзяржаўную бяспеку ўжо бяруць пад сумненне.
Вальдэмар. Пабойцеся бога, Анатоль Іванавіч, я не дзяржаўную бяспеку бяру, як вы кажаце, пад сумненне. Вы мяне не так зразумелі. Я меў на ўвазе цяперашнія тэхнічныя магчымасці крыміналістыкі.
Антаніна. Кіньце вы, а то, не дай бог, і праўда, дагаворыцеся.
Анатоль Іванавіч. Во-во, Антаніна Бацькаўна, сачыце за мужам, не давайце яму язык распускаць, дарма што на дварэ перабудова. Нябось, вершык гэты ведаеце?
Товарищ, верь,
Пройдет она,
Так называемая гласность,
И комитет госбезопасности
Припомнит наши имена.
Антаніна. Вучыся ў Анатоля Іванавіча, Вальдэмарчык.
Вальдэмар. Але ж Анатоль Іванавіч мастак даводзіць гаворку да небяспечнага моманту. Колькі помню, кожны раз вось гэтак – усе вінаватыя, адзін ён…
Анатоль Іванавіч (паднімае рукі). Цур-цур-цур!.. Ведаеце, як маё прозвішча па бацьку? Без блох. Так што… Шукайце вінаватых у іншым месцы.

Заходзіць Андрэй.

Андрэй. Глуха.
Антаніна. Нават на братаў званок не адказвае?
Людміла Міхайлаўна. Ладна, Андрэй, брат сабе як хоча, а мы… У нас ёсць і выпіць. і што закусіць чым, а найперш – госці. Будзем сядаць за стол. Ты нясі з ванны напіткі, а я хуценька зноў на кухню. Хто мне паможа?
Андрэй. А я і памагу. Прынясу бутэлькі, потым начну закусь насіць з кухні.

Людміла Міхайлаўна з дзеверам выходзяць.

Вальдэмар (да Даўгучыца). Дык што там на пісьменніцкім з’ездзе? У іх, нашых пісьменнікаў, хоць што, хоць дробненькае, але здарыцца. Дык што сёлета?
Даўгучыц. Усё тое ж – як вясной каля купіны, калі жабы ікру кладуць. Топчуць адзін аднаго. Але я не пра гэта хацеў. Зрэшты, пра з’езд вам раскажа дэлегат. Нябось, Людміла Міхайлаўна не забыла пра свайго куміра?

Заходзіць з падносам гаспадыня.

Людміла Міхайлаўна (пачуўшы Даўгучыцавы словы). І не забыла, і запрасіла, і на першы тост змовіла. (Ставіць талеркі на стол).
Антаніна (паказваючы на паднос). Хто цяпер носіць?.. Цяпер, Людмілачка, возяць посуд са стравамі на калёсіках. Адстаеце ад людзей, Левановічы!
Людміла Міхайлаўна. За людзьмі, Антаніначка, усё роўна не ўгонішся. Асабліва пры такім гаспадару, як мой. Ну, дзе яго носіць?
Антаніна (смяецца). А можа, гэта і добра, што мы тут без яго будзем. Няхай яму там ікнецца.
Людміла Міхайлаўна (ужо нібыта ўзлавана). Дзе гэта там?
Антаніна. Ну…
Людміла Міхайлаўна. Хіба што… Ты тут, Тонечка, сярод мужчын.. Хадзём-тка, лепей паможаш мне на кухаі.
Антаніна. Я ж даўно прапанавала табе свае паслугі.
Вальдэмар. Дапусцім, не ты сама, а я спрабаваў цябе надаўмець.
Антаніна (пляскае мужа па руцэ). А ты вечна!.. Падхалім!

Заходзіць з бутэлькамі Андрэй.

Андрэй. Хто падхалім?
Даўгучыц. Ды ўсе мы тут, таварыш старшы лейтэнант, падхалімы. Нявестку тваю ўлашчваем, каб без вячэры не застацца.
Антаніна. Дык што вы нам хацелі расказаць, пан Даўгучыц?
Даўгучыц. Ды вось ніяк не ўзаб’юся на першы сказ. Усе нечым заняты важным. А пра галоўнае…
Анатоль Іванавіч. Хто скажа – што цяпер галоўнае?
Даўгучыц. Галоўнае – заўсёды ў мінулым. Цяпер, бачыце, за Сталіна моцна бяруцца. Героямі становяцца Бухарын, Каменеў…
Анатоль Іванавіч. Ну, тут даўно ўсё зразумела. Раз узнікаюць гэтыя постаці, значыць, наступны з гістарычнай цемры выйдзе Леў Давыдавіч.
Даўгучыц. Ты так думаеш?
Анатоль Іванавіч. А тут і высільвацца дужа не варта.
Даўгучыц. Як сказаць. Але паслухайце.
Антаніна. Ну так, пра галоўнае… А хто такі Леў Давыдавіч?
Анатоль Іванавіч. Лейба Палтаўскі.
Антаніна. Хто-хто?
Даўгучыц. Анатоль Іванавіч усё яшчэ гуляе ў канспірацыю. Леў Троцкі.
Антаніна. А што, Анатоль Іванавіч у нас антысеміт?
Анатоль Іванавіч. Ну вы і скажаце, Антаніна Бацькаўна.
Антаніна. Дарэчы, у майго бацькі імя ёсць, таксама штосьці падобнае на Лейбу.
Анатоль Іванавіч. Ну вы і скажаце, Антаніна…
Антаніна. Дагаворвайце. Як гэта павінна гучаць – Лейбаўна?
Даўгучыц. Ат, гаворыце абы пра што!.. Лепей і праўда паслухайце. Гэта мне расказаў сёння адзін журналіст. Чарненка, калі яшчэ жыў Брэжнеў, а Чарненка загадваў у ЦК кадрамі, сабраў у Маскву з усёй краіны загадчыкаў аддзелаў арганізацыйна-партыйнай работы. Парадак для нарады вызначаны не быў, але хадзілі ціхія чуткі, што на ёй будзе Брэжнеў. Таму ўсе прыехалі з тоўстымі партфелямі, набітымі паперамі на кожны выпадак. І вось выходзіць з бакавога пакоя Чарненка, а за ім… Не, не так. Спачатку выносяць велічэзны партрэт другога Ільіча, а ўжо за ім выходзіць Чарненка.
Анатоль Іванавіч. Дык дзе ж тут галоўнае?
Даўгучыц. Пачакай, гэта я, відаць, нецікава расказваю. Словам, два лэйбусы патрымалі з паўгадзіны на руках партрэт, тады Чарненка пытае ў загадчыкаў аддзелаў арганізацыйна-партыйнай работы – ну, як, падабаецца вам наш дарагі Леанід Ільіч? Так, так, заківалі галовамі загадчыкі. Ну вось, усё роўна як з палёгкай уздыхнуў Чарненка і загадаў лэйбусам выносіць партрэт. Загадчыкі думалі, што пасля гэтага нарэшце пачнецца нарада, але не, Чарненка падзякаваў усім, хто прыехаў на нараду, і распусціў.
Анатоль Іванавіч. Гэтую сцэну ў кіно паказваць бы.
Антаніна. Дык хіба не паказвалі самога Чарненку? Ужо амаль мёртвага. У бальніцы. Грышын падняў Генеральнага з ложка, падпёр нейкімі калкамі ззаду і загадаў кінахранікёрам здымаць.
Анатоль Іванавіч. Было, было і такое. Грышын хацеў быць Генсекам услед за Чарненкам, а перад тым Чарненка імкнуўся пераняць уладу ад Брэжнева. Цікава, як гэта Гарбачову ўдалося прабіцца на першае месца?
Даўгучыц. Пакуль тайна.
Анатоль Іванавіч. Ах, гэтыя тайны. Крамлёўскія тайны. Дарога для іх адтуль пакуль адна – альбо ў анекдоце выскачыць, альбо ў прамежак паміж зменай каравула, калі расчыняюцца на нейкі момант жалобныя вароты.
Людміла Міхайлаўна. Была я сёння на рынку што-кольвечы дакупіць да стала. Дык там нейкі юродзівы выступаў. Я ажно здзівілася, чаму не забірае яго міліцыя?
Даўгучыц. Было за што?
Людміла Міхайлаўна. Ды ў нас цяпер любога бяры і саджай за доўгі язык. Вас тут – кожнага.
Анатоль Іванавіч. Той гаспадыньку тады.
Людміла Міхайлаўна. А я і не адмаўляюся.
Антаніна. Вечна мы вось так – чалавек хоча нешта сказаць, а мы ўжо напагатове, наморднік на яго. Дайце Людмілачцы дагаварыць. Ну, дык што там юродзівы?
Людміла Міхайлаўна. Бэсціў усіх, Тонечка, бэсціў. Прадказваў канец свету. Казаў, што па біблейскаму пісанню прынясе яго з сабой нейкі мечаны. Пра Гарбачова ён не заікаўся. Але ўсе зразумелі, што якраз Гарбачоў і меўся на ўвазе. У яго ж на галаве знак.
Анатоль Іванавіч. Ну вось, а вы кажаце – няма за што вас саджаць. Як гэта там сказана?
Вальдэмар. Дзе?
Анатоль Іванавіч. Ну, у тым вершыку. Пра галоснасць, ЧК і перабудову.
Вальдэмар. Пабойцеся бога, Анатоль Іванавіч. Вы ж самі яго нядаўна дэкламавалі.
Анатоль Іванавіч. Няўжо? Якая неасцярожнасць!
Вальдэмар. Альбо знарочыстасць.
Анатоль Іванавіч. Выходзіць, што я правакатар?
Антаніна (ускідваецца). Ну-ну, хлопчыкі!
Людміла Міхайлаўна. Але ж трэба хутчэй саджаць вас за стол, а то азвярэеце. (Выходзіць).
Антаніна. Нам бы хіраманта цяпер сюды, каб развёў нас.
Вальдэмар. Ці хоць бы цыганку.
Антаніна. Кажуць, экстрасенсы хутка будуць мець у краіне вялікую сілу.
Анатоль Іванавіч. Можа, і праўда перакваліфікавацца?
Антаніна. А што? Адзін мой знаёмы так і зрабіў.
Анатоль Іванавіч. Ну і што, дасягнуў поспеху?
Антаніна. Ва ўсякім разе, падае надзеі. Але… Словам, яшчэ ўсё наперадзе. А таварыш Гарбачоў сапраўдны чалавек… Ну, незразумелы. Прынамсі, для мяне.
Даўгучыц. Навошта дарэмна непакоіцца? Няхай ён сабе працягвае цараваць над намі, а мы будзем…
Анатоль Іванавіч. А мы?
Антаніна. А мы будзем тым часам патрохі пляткарыць пра яго.
Даўгучыц. А найбольш – пра яго жонку, Раісу Максімаўну.
Анатоль Іванавіч. Дарэчы, чаму яе так ненавідзяць жанчыны?
Антаніна. Хіба толькі жанчыны?
Анатоль Іванавіч. Ва ўсякім разе…
Антаніна. Ва ўсякім разе, няхай дужа не вылазіць паперад мужа.
Анатоль Іванавіч. Усё-ткі зайздрасць?
Даўгучыц. Ну, тут штосьці іншае. Можа, вінаваты найперш погалас людскі. Гэта як перад вывяржэннем вулкана. Людзі глуха наракаюць на штосьці, а ніхто пакуль не разумее – праз што, дзеля чаго. Таму і вінаватых шукаюць не там, дзе трэба. Ну, а тут Раіса Максімаўна… Як не ўключыш тэлевізар, дык яна. Ды наперад усіх.
Анатоль Іванавіч. Нічога, прывыкнеце.
Вальдэмар. Было б дзеля чаго.
Анатоль Іванавіч. Гэта ўжо лёс такі ўсіх царыц.
Вальдэмар. А Кацярына?..
Анатоль Іванавіч. Ну, тады жанчыны самі царавалі!
Антаніна. Але ж і размовы сёння ў нас!
Даўгучыц. Дык яны ва ўсіх цяпер такія размовы. Дападзі да столі ці да падлогі – ва ўсіх кватэрах пра адно і тое ж: глухія нараканні, далёкае клакатанне лавы пад зямлёй. Так што… А што наконт усяго гэтага ваш знаёмы гаворыць?
Антаніна. Які?
Даўгучыц. Ну, той, што падаўся ў хіраманты.
Вальдэмар. Усё ўжо прадказана. У Бібліі.
Даўгучыц. У Бібліі?
Вальдэмар. Ну так, у Бібліі. Недзе ж у Левановічаў ёсць Біблія? (Устае з канапы, ідзе ў сумежны пакой, прыносіць адтуль кнігу).
Антаніна (працягвае руку). Пакажы!
Вальдэмар. А ці дастойна ты ўзяць у рукі ды зняць з яе пячаткі? (Да Анатоля Іванавіча). Дзе тут?.. У якім раздзеле найбольш прадказанняў?
Анатоль Іванавіч. Адгортвай апошнія старонкі ў Новым пісанні – адкравенне Іаана Багаслова.
Вальдэмар (чытае). І калі Ён зняў чацвёртую пячатку, я чуў голас чацвёртай жывёліны, якая гаварыла: ідзі і глядзі. І я глянуў, і вось, конь бледны, і на ім коннік, якому імя смерць; і пекла рухалася за ім, і дадзена яму ўлада над чацвёртаю часткай зямлі – забіваць мячом і голадам, і морам і звярамі зямнымі…
Анатоль Іванавіч. Гэта не зусім тое, Вальдэмар. Дайце мне.

Вальдэмар падае кнігу. Анатоль Іванавіч шукае знаёмае месца ў ёй.

Антаніна. Вы пра самае жахлівае, што будзе…
Анатоль Іванавіч (чытае). І сем Анёлаў, якія мелі сем труб, падрыхтаваліся трубіць. Першы Анёл пратрубіў, і выпаў град і агонь, змяшаныя з крывёю, і выпалі на зямлю; і трэцяя частка дрэў згарэла, і ўся трава зялёная згарэла. Другі Анёл пратрубіў, і нібыта вялікая гара, палаючы агнём, абрынулася ў мора; і трэцяя частка мора зрабілася крывёю. Тады пратрубіў трэці Анёл, і ўпала з неба вялікая зорка, што гарэла, нібыта свяцільня, і пала на трэцюю частку рэк і на вытокі вод. Імя гэтай зорцы Палын; і трэцяя частка вод зрабілася палыном, і многія з людзей памерлі ад вод, таму што яны сталі горкія. Чацвёрты Анёл пратрубіў…

Чуецца званок у дзверы.  Андрэй ідзе ў калідор адчыняць. Трымаючы ў руках Біблію, Анатоль Іванавіч чакае, пакуль зойдзе ў пакой хтосьці новы.

Антаніна (спрабуе адгадаць). Госць ці гаспадар?
Вальдэмар. Гаспадар…
Даўгучыц. Госць…
Вальдэмар. А можа, ке-ге-бе-е-е?

Адчыняюцца дзверы, заходзіць з кветкамі Павел Дзямідавіч.

Пісьменнік. Рад бачыць старую, але пачэсную кампанію. Дзе ж імяніннік?
Даўгучыц. Імяніннік, Павел Дзямідавіч, яшчэ на рабоце.
Пісьменнік. Колькі ж яе ў яго, тае работы?
Антаніна. А ён за ўсіх.
Пісьменнік. Ну што ж, за нас, а мы за яго.

Заходзіць гаспадыня.

Людміла Міхайлаўна. Павел Дзямідавіч правільна кажа – ён недзе за нас, а мы за яго.
Пісьменнік. Дазвольце, Людміла Міхайлаўна, пацалаваць ручку. І гэтыя кветкі вам нёс.

Гаспадыня бярэ ад яго кветкі, стаўляе ў вазу.

Людміла Міхайлаўна. Знаёміць вас не трэба?

Госці рассаджваюцца вакол стала.

Пісьменнік (акурат устрывожана). І што, вось так, не будзем чакаць імянінніка?
Людміла Міхайлаўна (какетліва). І не будзем, Павел Дзямідавіч!
Пісьменнік. Што вы тут чыталі?
Анатоль Іванавіч. Біблію.
Пісьменнік. Раней да Маркса звярталіся, да Леніна.
Анатоль Іванавіч. Можа, таму, што пра Біблію забылі?
Пісьменнік. Я пра Біблію ніколі не забываў. Пісьменнік без Бібліі, можна сказаць, нішто. Іншая справа, што спасылкі на Біблію ў мяне выкрэслівалі. А вы што, Анатоль Іванавіч, у галіне багаслоўя практыкуеце?
Анатоль Іванавіч. Я – гісторык. Да гэтага мы проста часам гаварылі па Бібліі, але не ўпаміналі яе.

Гаспадыня ляскае відэльцам па бутэльцы.

Людміла Міхайлаўна. Павел Дзямідавіч, за вамі першае слова.
Пісьменнік. Тост без імянінніка?
Людміла Міхайлаўна. Думаю, Левановіч не пакрыўдзіцца.
Пісьменнік. Гэты наш Левановіч… Анекдот. Толькі навошта мне ўдзельнічаць у гэтым анекдоце?
Антаніна. Вы скажыце свой тост, а ўсё астатняе пойдзе як трэба.
Пісьменнік. Ну, то… за нашага імянінніка. Няхай яму…
Даўгучыц (да пісьменніка). Што там на з’ездзе былое пасля?
Пісьменнік. Калі вы пайшлі?
Даўгучыц. Пасля вашага выступлення.
Пісьменнік. Значыць, з’езд прайшоў без вас. Адбыліся выбары. Я больш не сакратар. Супроць мяне прагаласавала адна чацвёртая частка членаў Саюза пісьменнікаў. Пасля гэтага сакратар ЦК сказаў мне, што сакратарыят ЦК рашыў не рэкамендаваць мяне.
Даўгучыц. Але па вас не відаць, што вы апынуліся без пасады?
Пісьменнік. Па дарозе сюды супакоіўся. Падумаў, што трэба рыхтавацца да старасці. Усё роўна калісьці давядзецца пра гэта дбаць. Пісьменнік павінен думаць увесь час пра старасць.
Антон Іванавіч. Гм, а мне здавалася, што ваш брат заўсёды павінен быць маладым.
Пісьменнік. Гэта вам сапраўды так здавалася. Бо, мусіць, не ведаеце, што азначае кабэжэ?
Анатоль Іванавіч. Звычайная абрэвіятура, і нічога больш.
Пісьменнік. Гэта, дарагі мой Анатоль Іванавіч, расшыфроўваецца так: калі буду жывы. Леў Талстой з самае маладосці ў дзённіках сваіх гэтак пісаў, загадваючы нешта наперад. І яшчэ ён часта гаварыў – пабойся бога, бо паміраць жа давядзецца.
Антаніна. Нешта ў нае сёння… дзе той гаспадар?
Пісьменнік. Дзіўна было б, калі б ён цяпер знаходзіўся тут.
Людміла Міхайлаўна (устрывожана). Як гэта?
Пісьменнік. Радыяцыя павышаная. Сёння ўвесь дзень пра гэта на з’ездзе шапталіся. Кажуць, заходнія радыёстанцыі перадаюць.
Вальдэмар. Цікава, пры павышанай радыяцыі гэта дазваляецца ўжываць? (Бярэ са стала пляшку, ляпае другой рукой па шкле).
Даўгучыц. Па ўсім відаць, дарэмна мы пачыналі без гаспадара. Прафесар ужо б дакладна адказаў на такое пытанне.
Людміла Міхайлаўна (гэтак жа ўстрывожана). Ладна, памаўчыце-тка! (Да пісьменніка). Павел Дзямідавіч, а калі сур’ёзна? Што там буржуі перадаюць?
Пісьменнік. Далібог, Людзміла Міхайлаўна, дакладна нічога не ведаю. Заняты быў увесь дзень з’ездаўскімі інтрыгамі. Але…

Звоніць тэлефон. Гаспадыня ўскоквае, бяжыць у калідор. Тады гукае адтуль.

Людміла Міхайлаўна. Андрэй, гэта цябе!

Андрэй вылазіць з-за стала, выходзіць. З ім у калідоры застаецца і нявестка.

Андрэй (бярэ трубку). Так, я. (Слухае). Так точна. Выязджаю. (Кідае трубку).
Людміла Міхайлаўна. Што гэта значыць – выязджаю?
Андрэй. А тое, Людзміла Міхайлаўна, што кароткатэрміновы адпачынак мой, здаецца, ляснуў. Выязджаю кіеўскім цягніком да месца службы. Уранні павінен быць у часці.
Людміла Міхайлаўна. Што-небудзь здарылася?
Андрэй. Хто ж пра гэта па тэлефоне скажа? Так што абнімі за мяне брата. Няхай даруе, што не дачакаўся.
Людміла Міхайлаўна. Ты ж хоць паспеў перакусіць? Ці яшчэ пасядзіш?
Адрэй. Загад ёсць загад – трэба ехаць. Неадкладна.
Людміла Міхайлаўна. Як жа яны цябе знайшлі?
Андрэй. Мае адрасы па ўсім ланцугу, дзе бываю. Справа не хітрая і даволі дэталёва адпрацаваная. Я вось думаю, як мне зрабіць – ці то па-англійску знікнуць, ці то развітацца з гасцямі.
Людміла Міхайлаўна. Ідзі пакажыся.

Айдрэй вяртаецца да гасцей. За ім ідзе Людзміла Міхайлаўна.

Андрэй. Мушу пакінуць вас, дарагія таварышы…
Вальдэмар. Сабутыльнікі…
Андрэй. А хоць бы і так. З прыемнымі людзьмі нават горкую гарэлку салодка піць.
Антаніна. Фу, Андрэй Сямёнавіч… Штосьці на вас не падобна гэта… Горкую гарэлку… піць… Вы лепей скажыце, што здарылася? Бамбяць?
Андрэй (усміхаючыся). Увогуле – гэта ваенная тайна. Але і не бамбяць, і не страляюць. Служба. Спатрэбіўся на службе.
Анатоль Іванавіч. Ну вось. Выйшла, аказваецца, на праўду. Як гэта ў пісанні?
Антаніна (да Андрэя). І часта з вамі такое здараецца? Ну, што раптам выцягваюць з-за стала?
Вальдэмар. Абы не з пасцелі…
Антаніна. Памаўчаў бы!.. Не шкодзіла б, каб цябе таксама іншы раз вось гэтак!..

Антаніна падыходзіць да лётчыка, цалуе. За ёй падыходзяць развітацца Вальдэмар, Даўгучыц… Адзін пісьменнік сядзіць панура за сталом і не кратаецца. «Шчасліва вам», – кажа Андрэй, выходзячы з пакоя. Гасне святло.

К А Р Ц І Н А  I I

Прыцемак так і застаецца ў апусцелай кватэры Левановічаў,.
Ціха адчыняюцца дзверы, заходзіць гаспадар Эдуард Левановіч.
Гаспадар уключае святло, бачыць – на стале, як кажуць, папіта і паедзена.
 На канапе ляжыць Даўгучыц. Ад зыркага святла прачынаецца,

Даўгучыц. Нарэшце і гаспадар стыкнуўся на двор.
Левановіч. Бачу, і без мяне тут справіліся.
Даўгучыц. Нездарма ж кажуць – калі Магамет не ідзе да гары, то гара ідзе да Магамета. Вось і мы…
Левановіч. Памалацілі. Як на таку цапамі. Ты дык ажно ўхадокаўся, бачу.
Даўгучыц. Ты не дужа накідвайся. Я ў Людзмілы Міхайлаўны папрасіўся заначаваць. Сам ведаеш, дабірацца мне далёка. Дый…
Левановіч (усміхаецца). Якраз вось у гэтым «дый…» і скрыта ўсё.
Даўгучыц. А што ж рабіць скажаш, калі мне ў жыцці ўвогуле не шанцуе? Я ў цябе нават у туалет не грэбую хадзіць. Бо чэхаславацкі. А ў маім трэба стаяць пасля ўсяго над унітазам і падчышчаць, Ну, словам… Дый канапа мая дзіравая стала. Урэшце, не без твае дапамогі, ты ж сам некалі спаў на ёй, калі не было куды падзецца.
Левановіч. Сапраўды, канапа ў цябе мулкая. Застаецца толькі дзівіцца, чаму не заменіш?
Даўгучыц. Прывычка, Эдуард Сямёнавіч, прывычка. Ну, што з таго выйшла, што жонку памяняў?
Левановіч. Бачу, так і напрошваешся, каб шкадавалі? Без гэтага жыць не можаш. Але за гэта калі-небудзь і пабіць могуць.

Адчыняюцца дзверы з другога пакоя. Выходзіць у халаце Людміла Міхайлаўна.

Людміла Міхайлаўна (да мужа). Я так і не разумею – ты гэта дзівачыш, ці што здарылася?
Левановіч. Дзе Андрэй?
Людміла Міхайлаўна. Выклікалі ў часць. Дарэчы, што ў яго за служба? Лётчык, а…
Левановіч. Лётчык. Але служыць у камандзе так званай «кліматычнай вайны».
Людміла Міхайлаўна. Ладна. Але чаму ты не гаворыш, дзе ты быў на свой дзень нараджэння?
Левановіч. На рабоце. На Чарнобыльскай атамнай станцыі аварыя.
Даўгучыц. Што гэта значыць?
Левановіч (сядае). Тое, што ў нас таксама павышаная радыяцыя.
Даўгучыц. Калі гэта здарылася?
Левановіч. Учора.
Даўгучыц. Заходнія радыёстанцыі ўжо на ўсе галасы распавядаюць.
Людміла Міхайлаўна. Ну і што ж будзе?
Левановіч. Не ведаю. Пакуль справа засакрэчваецца. Але радыяцыя вялікая. У нас зашкаліла ўсе прыборы. Ёсць чуткі, што адзін з чатырох блокаў узарваўся.
Даўгучыц. Гэта ж раўнасільна некалькім атамным бомбам!
Левановіч. Так… Па радыяцыі…
Людміла Міхайлаўна. Штосьці я не разумею. Пачакайце. Чарнобыль?.. Гэта ж недалёка, за некалькі кіламетраў ад нашай вёскі?! Там жа маці! Эдзік, там жа мая маці?!
Левановіч. Я званіў у раён. Не дазваніўся.
Людміла Міхайлаўна. О-о божа!.. (Ідзе ў калідор да тэлефона).
Даўгучыц (да Левановіча). Раскажы падрабязна: што здарылася, чаму?
Левановіч. Ніхто нічога не ведае. На ўсё наклала руку Масква. Але мы дазваніліся знаёмаму акадэміку – па яго словах выходзіць, што на станцыі ажыццяўлялі нейкі эксперымент.
Даўгучыц. Якія могуць быць на атамнай станцыі эксперыменты? Спярша падарункі рабілі да дваццаць сёмага з’езда партыі, цяпер, бачыш, эксперымент. Вось і збылося прадказанне, хочаш вер, хочаш не вер. Мы тут, пакуль чакалі цябе, Біблію чыталі: Чарнобыль – гэта палын. Род палыну. Вось і выбухнула палын-зорка. Што ж цяпер будзе, Эдуард Сямёнавіч?
Левановіч. Спытай пра што-небудзь лягчэйшае.
Даўгучыц. Але ж ты вучоны… энергетык…
Левановіч. А там даўно стаў палітыкай. Вось і цяпер справу бяруць у рукі палітыкі. Мы пачынаем даводзіць, што гэта вельмі небяспечна – выбух атамнага блока, а нам цыц, не панікуй! Я ўспамінаю сваё дзяцінства. Фронт у сорак першым затрымаўся на Бесядзі, на самым краі Беларусі, на паўднёвым усходзе. А Смаленск ужо к таму часу паў. Дык у нас мужыкоў палохалі за тое, што пра гэта расказвалі, што Смаленск здалі. Моў, панікёры, і ўсё тут. Аказваецца, кіраўнікі нашы нічому не навучыліся. Усё паўтараецца. Не ў тых формах, дык у гэтых, але паўтараецца.
Даўгучыц. Дык што ж будзе?
Левановіч. Бяда будзе, вось што! Катастрофа. Чарнобыльская радыяцыя ўжо над Скандынавіяй. Можаш уявіць, што робіцца вакол станцыі.
Даўгучыц. Можа…
Левановіч. Што – можа?
Даўгучыц. Я падумаў, можа, трэба ўцякаць куды…
Левановіч. Ад радыяцыі? Тым больш што межаў распаўсюджання яе пакуль ніхто не ведае. Цэлы дзень сёння мы спрабавалі штосьці даведацца, удакладніць, але дарэмна. Далей свайго інстытута не здолелі прабіцца.
Даўгучыц. Але Чарнобыльская станцыя на Украіне. Што ўкраінцы?
Левановіч. Абстаноўка амаль такая ж… Ніхто дакладна нічога не ведае. Але некаторыя дзівакі радуюцца, што вецер учора дзьмуў не ў іх бок.
Даўгучыц. Гэта як у анекдоце. Але ж учора на нас, заўтра – на іх. Дарэчы, а які вецер сапраўды ўчора быў?
Левановіч. Паўночна-заходні.
Даўгучыц. Значыць, сапраўды на нас дзьмуў?
Левановіч. Выходзіць, так.

Заходзіць гаспадыня.

Людміла Міхайлаўна. Эдзік, я ніяк не магу дазваніцца!
Левановіч. Куды ты звоніш? У маці ж тваёй тэлефона няма.
Людміла Міхайлаўна. Затое ў школе ёсць. Ды і ў саўгаснай канторы тэлефоны стаяць ледзь не ў кожнага.
Левановіч. Не старайся дарэмна. Туды цяпер не прабіцца. Да таго ж ноч. Заўтра нашы вучоныя едуць на месца здарэння. У Чарнобыль. Так што…
Людміла Міхайлаўна (з неўразуменнем глядзіць на мужа). Што – так што?
Левановіч. Тое, што я таксама еду. Адтуль пазваню ў раён. І ў вёску, да маці. І табе сюды. Супакойся.
Людміла Міхйлаўна. Пра што ты гаворыш? Як я магу супакоіцца? У мяне ж там маці!
Левановіч. Ну і што?
Людміла Міхайлаўна. А тое, што твая маці далёка…
Левановіч. Так, мая паспела памерці.
Людміла Міхайлаўна. Ты гаворыш так, быццам рады гэтаму?
Левановіч. Не крычы! Я стаміўся. Я вось вып’ю шклянку ды лягу.
Людміла Міхайлаўна. Ну так, табе што? Тваёй маці небяспека не пагражае.

Левановіч уздыхае: «Не губляй галавы». Даўгучыц налівае яму чарку, тады сабе: «Тваё здароўе!» Левановіч п’е моўчкі, затым налівае сам, зноў п’е і не бярэ нічога ў рот.

Людміла Міхайлаўна. Калі вы едзеце?
Левановіч. Заўтра. Мне пазвоняць.
Людміла Міхайлаўна. Я з табой таксама паеду.
Левановіч. Туды, Люся, едуць спецыялісты. А не іх жонкі.
Людміла Міхайлаўна. А ў мяне там маці!
Левановіч. Ну супакойся, супакойся!
Людміла Міхайлаўна. Як гэта можна, што ніхто нічога не ведае?
Левановіч. Чаму ж не ведаем? Ведаем, што ўзарваўся блок на Чарнобыльскай станцыі. Адсюль і вынікі. Ледзь не ваеннае становішча.
Людміла Міхайлаўна. Я заўсёды баялася тваёй работы. Вось яна і паказала сябе.
Даўгучыц. Людзміла Міхайлаўна, пры чым тут Эдуард Сямёнавіч? Станцыю ў Чарнобылі не ён будаваў, не ён эскплуатаваў.
Левановіч. І не я праектаваў.
Людміла Міхайлаўна. Усе вы!.. Вунь Аляксандраў ледзь не пад ложкам у сябе збіраўся ставіць рэактар. А цяпер? Дзе ваш Аляксандраў? Словам, я еду на Палессе.
Левановіч. Што табе рабіць на Палессі?
Людміла Міхайлаўна. Там у мяне маці. Трэба забраць адтуль, калі яшчэ жывая.
Даўгучыц (да Левановіча). Няхай едзе. Якое ёй жыццё цяпер? Адна трывога. А я ўсё-ткі паспрабую дабрацца ў свой мікрараён. Можа, дзе-небудзь таксі падхаплю.
Левановіч. Я ж не ведаў, што ты ў нас заначаваў, а то б машыну не адпускаў.
Даўгучыц. Дарэчы, засцерагчыся ад радыяцыі можна?
Левановіч. Практычна? Не. Трэба пакідаць заражаную тэрыторыю. А ўвогуле… Ніхто не гатовы да гэтай заразы.
Даўгучыц. Я так разумею, што… Словам, ратуйся не ратуйся, а канец вядомы. Ну, бывайце, таварышы Левановічы. Калі спатрэблюся – званіце. (Выходзіць).
Людміла Міхайлаўна (да мужа). А гэта сапраўды страшна?
Левановіч. Што – гэта?
Людміла Міхайлаўна. Ну…
Левановіч. Страшней не бывае.

У кватэры зноў паціху настае змрок.

К А Р Ц І Н А  I I I

Падраздзяленне так званай «кліматычнай вайны». Чаму «так званай»? Проста ў 1986 годзе гэтай ці то вайсковай, ці то грамадзянскай авіячасці яшчэ не было знойдзена дакладнай назвы. Часам называлі і так – «вайна са стыхіяй». Відаць, гэта і цяпер недакладная назва.
Над картай, што на стале ў назіральнай вышцы, схіліліся вайскоўцы: камандзір падраздзялення, два капітаны.

Камандзір падраздзялення. Бяда ў тым, што нашы самалёты – звычайныя машыны. Яны не прыстасаваны да такой работы. Лётчык нічым не абаронены ў небе ні знізу, ні з бакоў ад радыяцыі. Таму можна толькі ўяўляць, колькі мілірэнтгенаў кожны з нас атрымлівае ў гэта месца за адзін палёт. (Ляпае ніжэй спіны).
Капітан-І (смяецца). Гэта вы вельмі дакладна, таварыш палкоўнік. І жывапісна.
Капітан-ІІ (панура ківае галавой). Мала смешнага ў тым, што хтосьці нячутна і нябачна свідруе табе задніцу. (Да палкоўніка). А што, калі нашым лётчыкам браць з сабой свінцовыя пласціны.
Камандзір падраздзялення (падахвочвае гаварыць). Ну-ну!..
Капітан-ІІ. Каб класці на сядзенне, пад тую ж задніцу.
Камандзір падраздзялення. А з бакоў? Што з бакоў пакладзем?
Капітан-І. З бакоў пакуль нічога не прыдумалі класці.
Камандзір падраздзялення. Якая бездапаможнасць! Век атама, але як абараніць ад радыяцыі чалавека, ніхто не ведае. Вучоныя, маць іх так! Панахапалі зорак на грудзі, некаторыя сталі падобныя на выставачных выжлаў. Усё ў імя чалавека, усё на карысць народу. Дзе ж яна, тая карысць?
Капітан-І. Самі-то яны для сваёй працы на рэактарах нейкія даспехі вынайшлі… У кіно паказваюць.
Капітан-ІІ (да палкоўніка). Ці праўда, што на Чарнобыльскай АЭС рабіліся нейкія эксперыменты?
Камандзір падраздзялення. Чорт іх ведае! Але ўсё можа быць. Я мяркую па тым, як пісалі, здаецца, у лютым, «Известия» пра гэту станцыю. Дзіўна, як можна калектыву новай атамнай станцыі браць высокія абавязацельствы? Гэта значыць – працаваць за норму. Вось і атрымалі падарунак да з’езда, вось і шандарахнула, маць іх!..
Капітан-І (глядзіць на гадзіннік). Недзе ўжо Левановіч павінен падлятаць…
Камандзір падраздзялення. Хто ў нас нас наступны?
Капітан-П. Старшы лейтэнант Войцік.
Камандзір падраздзялення. А пра свінцовыя пласцінкі вы, відаць, правільна. Як кажуць, на бязрыб’і і рак рыба. Тым больш што прынцып правільны. Усё-ткі свінец. Трэба звярнуцца ў інстытут. (Бярэ трубку тэлефона, набірае нумар). Алё…
Капітан-ІІ. Не, таварыш палкоўнік, свінцовыя пласцінкі нам могуць зрабіць у іншым месцы. Я ведаю…
Камандзір падраздзялення. Вам і карты ў рукі, капітан, калі ўжо сапраўды ведаеце, дзе гэта могуць зрабіць. Але ж дарагая лыжка к абеду. Не забывайце.

На вышку ў лётным камбінезоне з авіяшлемам у руцэ заходзіць Андрэй Левановіч.

Андрэй (робіць стойку «смірна»). Таварыш палкоўнік!…
Камандзір падраздзялення. Не да фармальнасцей. Сядайце, старшы лейтэнант, расказвайце. Горача там?
Андрэй (сядае). Горача, таварыш палкоўнік. Чацвёрты блок станцыі ўсё яшчэ ў агні.
Камандзір падраздзялення. Чым яго тушаць?
Андрэй. Як я зразумеў, пяском з верталётаў. Сёння на даху рэактара людзей ужо не відаць.
Камандзір падраздзялення. А што ў Прыпяці?
Андрэй. Спакойна. І ўвогуле, калі глядзець на зямлю з вышыні, то ўражанне, таварыш лалкоўнік, дзіўнае – быццам нічога страшнага не здарылася. На Украіне – сады ў квецені, пасвіцца жывёла, на палях – трактары…
Камандзір падраздзялення. І ніякіх адзнак? Ну, знешніх?
Андрэй. Здаецца, лясы ў Беларусі жаўцеюць…
Камандзір падраздзялення. Дзіва што!.. Значыць, верталёты ў Чарнобылі працуюць?
Андрэй. Так точна, таварыш палкоўнік.
Камандзір падраздзялення. А мы адно назіраем ды атрымліваем кожны сваю дозу радыяцыі. Як ваш дазіметр?
Андрэй. Ён не разлічаны на такую дозу. Тут трэба буржуйскі.
Камандзір падраздзялення. Нават з гэтым да капіталістаў трэба з паклонам ісці. Добра, старшы лейтэнант, пішыце справаздачу аб палёце і адпачывайце. Сёння ў вас, здаецца, яшчэ адзін вылет?
Андрэй. Так точна, таварыш палкоўнік.
Камандзір падраздзялення. Дарэчы, як вы адчуваеце сябе пасля палёту?
Андрэй. Ужо на сон хіліць.

Палкоўнік доўга глядзіць на Андрэя, пасля пераводзіць усё роўна як здранцвелы позірк на Капітана-ІІ, Капітана-І…
Гаворыць радыё: «Ад Савета Міністраў СССР. Як паведамлялася ў друку, на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, размешчанай за сто трыццаць кіламетраў на поўнач. ад Кіева, адбылася аварыя. На месцы працуе ўрадавая камісія… У яе састаў увайшлі кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, вядомыя вучоныя і спецыялісты. Паводле папярэдніх дадзеных, аварыя адбылася ў адным з памяшканняў чацвёртага энергаблока і прывяла да разбурэння часткі будаўнічых канструкцый рэактара, яго пашкоджання і некаторай уцечкі радыеактыўных рэчываў…»

Капітан-І. На што-што, а на камісіі мы здатныя.
Капітан-ІІ. Раз створана камісія, лічы – канцы ў ваду. Яшчэ ні адна камісія ў нашай краіне не даводзіла народу ні аб прычынах аварыі, ні аб іх выніках. Прынамсі, так, як гэта належыць рабіць.
Андрэй. Мяркуючы па тым, што я бачыў з самалёта, справа не ў «частцы будаўнічых канструкцый». Палае ўвесь рэактар.

К А Р Ц І Н А  I V

Вясковая вуліца. Калодзеж з жураўлём. Сярод вясковых людзей – Васіль Сцяпанавіч, сакратар партыйнага камітэта. Тут жа ў натоўпе Эдуард Левановіч і яго жонка Людміла Міхайлаўна.

Васіль Сцяпанавіч (да сялян). Няварта хвалявацца, таварышы хлебаробы. Абком партыі валодае сітуацыяй. Старшыня аблвыканкома паехаў у Мінск…
Селянін-І. Сітуацыяй, дарагі таварышок, валодаць можна. Толькі як яе разумець? У вас валодаць сітуаціяй – гэта засцерагчы народ, як вы кажаце, ад панікі. А ў нас – ведаць сёння дакладна, што нам пагражае і што рабіць? Во мужыкі кажуць, што гэта страшней за атамную бомбу, нават за ядзерную.
Васіль Сцяпанавіч. Глупства. Самі ж бачыце. Калі амерыканцы скінулі бомбы над Японіяй, там гінулі людзі. А ў нас?
Селянін-ІІ. Дак у нас пакуль… Мы пакуль, і праўда, жывыя.
Васіль Сцяпанавіч. І будзеце жыць.
Селянін-ІІІ. Але ж, кажуць, радыяцыя?
Васіль Сцяпанавіч. Ну, выпаў ёд. А вы ведаеце перыяд распаду ёду?
Селянін-І. Ну, што такое ёд, мы, здаецца, ведаем. Але вось як ён выпадае і распадаецца?..
Васіль Сцяпанавіч. То паслухайце. Ён нават карысны для чалавечага арганізма. Недахоп ёду выклікае базедавую хваробу.
Селянін-І. Дапусцім – гэта можна зразумець, дарагі таварышок. Але ж, відаць, і ёд, калі залішне, стане шкодным?
Васіль Сцяпанавіч. Ну якая шкода ад яго? Вось глядзіце. (Бярэ вядро за вушкі, заводзіць яго над калодзежам, апускае на жураўлі ўніз, дастае ваду; нагінае аберуч вядро, са знарочыстым смакам п’е). Вось бачыце – я, ваш сакратар, п’ю і зусім не баюся.
Селянін-І. Але скажыце, таварыш сакратар, якая каманда нам паступіць?
Васіль Сцяпанавіч (разводзіць рукамі, ляпае імі па грудзях сабе). Ну якая вам яшчэ патрэбна каманда, скажыце, калі партыя з вамі? Будзем займацца, як і заўсёды, сваім адвечным клопатам. А які ў нас з вамі цяпер клопат?
Селянін-ІІ. Самі ж бачыце…
Васіль Сцяпанавіч. Не, вы не так зразумелі мяне, дарагі таварыш. Трывога – гэта адно, а клопат… Вясна, трэба засяваць зямлю. Так што пагаманілі, і хопіць. Пара разыходзіцца ды ў поле ехаць.
Селянін-І. Значыць, не трывожыцца?
Васіль Сцяпанавіч. Я ж кажу, трывога – гэта адно, а клопат…
Селянін-І. Але ж, дарагі таварышок, я сёння слухаў замежнае радыё…
Васіль Сцяпанавіч. А навошта слухаеш яго? Спаў бы, як усе добрыя людзі. Мне вось няма калі слухаць замежнае радыё.

Сяляне вакол смяюцца. Але ж і разыходзіцца пачынаюць ад калодзежа.
На месцы застаюцца тры чалавекі – Васіль Сцяпанавіч, Эдуард Левановіч і яго жонка Людміла Міхайлаўна. Сакратар нарэшце бачыць іх, радасна імкне насустрач.

Вы ціхенька стаіце за спінамі калгаснікаў, а я не бачу. Добры дзень, Эдуард Сямёнавіч.
Левановіч (падае руку). А гэта мая жонка, Васіль Сцяпанавіч.
Васіль Сцяпанавіч (вітаецца з ёю). Добры дзень, добры дзень. Я гэта міма праязджаў, бачу – мужыкі тоўпяцца, ну я і спыніўся па звычцы. Паразмаўлялі вось. А як вы тут апынуліся?
Левановіч. Быў у Чарнобылі на атамнай станцыі. Людміла Міхайлаўна тым часам прыехала да маці.
Людміла Міхайлаўна. Прыехала ратаваць.
Васіль Сцяпанавіч. Ад чаго ратаваць трэба? Жыве сярод людзей. Дарэчы, у гэтай вёсцы ваша маці жыве?
Людміла Міхайлаўна. Не. Мы тут таксама праездам. Маці жыве на беразе Прыпяці..
Васіль Сцяпанавіч (хмурыць лоб). Гэта іншая справа. Але ж ці абавязкова ехаць вам туды? (Глядзіць на Левановіча). Мы можам сюды прывезці вашу маці. Зараз вось пазваню ў раён, і яе прывязуць разам з усім скарбам.
Людміла Міхайлаўна. Дзякуй, але я сама хачу паехаць у вёску. Можа, апошні раз.
Васіль Сцяпанавіч. Што вы ўсе лямантуеце?!
Левановіч. Няхай едзе. Тым больш што машына ў нас ёсць. Ды і да вёскі ўжо не дужа далёка.
Васіль Сцяпанавіч. Як ведае. А вы, Эдуард Сямёнавіч?
Левановіч. Мне хутчэй трэба ў Мінск. Справы.
Васіль Сцяпанавіч. Магу машыну даць.
Левановіч. Не трэба, падкінеце да аэрапорта.
Васіль Сцяпанавіч. Як жадаеце.

Людміла Міхайлаўна развітваецца. Адыходзіць.

Што ў Чарнобылі?
Левановіч. Катастрофа.
Васіль Сцяпанавіч. Што значыць – катастрофа? Аварыя?
Левановіч. Завіце як хочаце. Але небяспека ад гэтага не змяншаецца.
Васіль Сцяпанавіч. Ці хутка справяцца з аварыяй?
Левановіч. З самой аварыяй, можа, і хутка, аднак з вынікамі яе… Думаю, што ніколі.
Васіль Сцяпанавіч. Як вас разумець?
Левановіч. Вось вы зараз гаварылі людзям пра ёд. Але ж ёд – гэта першае, што выразна выявілася пасля выбуху. За ёдам дадуць аб сабе знаць цэзій, стронцый, плутоній… А тэрмін распаду гэтых рэчываў, – стагоддзі, ва ўсякім выпадку, стронцыя і плутонія.
Васіль Сцяпанавіч. Вы не перабольшваеце, Эдуард Сямёнавіч?
Левановіч. Гэта элементарна, Васіль Сцяпанавіч. Пра гэта студэнты ведаюць.
Васіль Сцяпанавіч. А што стронцый і плутоній у нас выпалі – гэта ўжо дакладна?
Левановіч. Мяркуючы па тым, на якім паліве працавала станцыя, можна лічыць, што так. Зямля вакол станцыі захварэла навекі. Іншая справа, на колькі далёка разнёс выбух гэтыя страшныя рэчывы. А яшчэ трэба ўлічваць вецер, аблокі. Так што…
Васіль Сцяпанавіч. А чалавеку? Як тады чалавеку жыць тут?
Левановіч. Нельга.
Васіль Сцяпанавіч. Выходзіць?..
Левановіч. Самае небяспечнае цяпер падманваць сябе, Васіль Сцяпанавіч.
Васіль Сцяпанавіч. Ды што мы? Я гатовы хоць…
Левановіч. Падманваючы сябе, мы будзем падманваць народ.
Васіль Сцяпанавіч. Вы асуджаеце, што я гаварыў тут людзям?
Левановіч. Бадзёрасць не заўсёды на карысць справе. Кажуць, што яшчэ не адменены майскія дэманстрацыі?
Васіль Сцяпанавіч. Не. Вы раіце адмяніць? Але ў Мінску пра гэта не хочуць і слухаць. Першы сакратар настойвае. Ды і я, па праўдзе кажучы, нічога не бачу… Так, нічога не бачу…
Левановіч. Не губіце народ, Васіль Сцяпанавіч.
Васіль Сцяпанавіч. Але ж паніка… Не выведзем народ на вуліцы – пачнецца яшчэ большая паніка. Значыць, сапраўды штосьці страшнае здарылася…
Левановіч. Няхай народ ведае, што яму пагражае. І няхай хутчэй уцякае адсюль. Не супакойвайце і не затрымлівайце. Памагайце выязджаць з гэтай зоны.
Васіль Сцяпанавіч. Лёгка сказаць – няхай уцякае. Вы ўяўляеце сабе, што тут пачнецца? Страшней, чым у вайну.
Левановіч. Але вораг у народа цяпер страшнейшы, чым у вайну, дарма што нябачны.
Васіль Сцяпанавіч. А можа, яшчэ не ўсё так страшна, як вы палохаеце?
Левановіч. Я – вучоны, Васіль Сцяпанавіч. Людзям трэба сказаць праўду пра чарнобыльскую катастрофу.
Васіль Сцяпанавіч. Ну, вы таксама, Эдуард Сямёнавіч! Не ўсякая праўда на карысць народу. Ды і не ўсё ад нас тут залежыць. Самі ведаеце. Ёсць Мінск, Масква… Самае галоўнае цяпер – не дапусціць панікі. Разабрацца ва ўсім паступова, каб прыняць правільнае рашэнне. А вы – праўду.
Левановіч. Я вам сказаў: пашкадуйце народ, Васіль Сцяпанавіч. (Хоча адыходзіць ад калодзежа).
Васіль Сцяпанавіч. Куды ж вы? Я падвязу. А дагаворым у машыне. (І ўжо на хаду). Урэшце, па Чарнобылі працуе ўрадавая камісія. Яна ж нешта пэўнае скажа.

На слупе ў вёсцы гаворыць радыё: «На Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі працягваюцца работы па ліквідацыі вынікаў ўзнікшай аварыі. У выніку прынятых мер за мінулыя суткі выдзяленне радыеактыўных рэчываў знізілася, Узроўні радыяцыі ў раёне АЭС і ў пасёлку станцыі знізіліся… работа прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў і ўстаноў ідзе нармальна».

Левановіч (паслухаўшы). Дзікунства!..


К А Р Ц І Н А  V


Зноў назіральная вышка ў падраздзяленні «кліматычнай вайны».
Тыя ж два капітаны і камандзір падраздзялення.

Капітан-ІІ. Няўжо гэтыя аблокі каму-небудзь пагражаюць? Ну і няхай плывуць сабе над усёй краінай на Ледавіты акіян!
Камандзір падраздзялення. Загадана рассеяць.
Капітан-І. Няхай бы градабойнымі зеніткамі рассейвалі.
Камандзір падраздзялення. Загадана цяжкім алюмініем з самалёта.
Капітан-ІІ. Значыць, аблокі пагражаюць Маскве? Я так думаю?
Камандзір падраздзялення. Пры чым тут Масква! Загадана спыніць прасоўванне іх на ўсход, і мы павінны спыніць. Мы ваенныя людзі, дарагія мае капітаны.

Колькі часу вайскоўцы сядзяць моўчкі. Тады зноў пачынаюць размаўляць.

Капітан-І. Мяркуючы па метэакарце, аблокі рухаюцца з Чарнобыля.
Капітан-ІІ. Хутчэй, што так…
Капітан-І. Значыць, яны радыяцыйныя? І Андрэю з Іванам зноў давядзецца ляцець у гэтай заразе? І нашы свінцовыя падкладкі ім не дапамогуць?
Капітан-ІІ. Але ж… Таварыш палкоўнік!..
Камандзір падраздзялення. Ды чую я!..
Капітан-ІІ. І што вы на гэта скажаце, дазволю спытаць?
Камандзір падраздзялення. Загад, таварышы капітаны, загад! А то можна падумаць, што вы не тую прафесію сабе ў жыцці выбралі?

Пстрыкае мікрафон на стале:
«Зорка, я – Коршак, Зорка, я – Коршак. Чуеце мяне?»

Камандзір падраздзялення. Так, мы чуем вас, «Коршак». Дзе вы знаходзіцеся, старшы лейтэнант Левановіч?
Голас Андрэя. На ўсходняй кромцы аблокаў. Над Тулай неба ўжо чыстае. Затое на захад, над Беларуссю, зямля заслонена спрэс.
Камандзір падраздзялення. Коршак, Коршак, заданне выконваць гатовы?
Голас Андрэя. Так точна, таварыш палкоўнік!
Камандзір падрадзялення. Выдатна, старшы лейтэнант. Абстаноўка з часу вашага вылету не змянілася. Мы вам жадаем поспеху.
Голас Андрэя. Сувязь спыняю.

Пстрыкае мікрафон. На вышцы настае цішыня.

Капітан-ІІ. Трагічная зямля. Ці мала ёй дасталося ў гісторыі!.. А цяпер – Чарнобыль зацярушвае атрутай.
Капітан-І. Не зайздрошчу я Левановічу.
Камандзір падраздзялення. Чаму ж не выручыў, сам не паляцеў?

Зной пстрыкае мікрафон: «Зорка, Зорка, я – Сокал. Адкажыце!»

Камандзір падраздзялення. Дзе вы знаходзіцеся, Сокал?
Голаc лётчыка. Выйшаў на край аблокаў з боку Бранска.
Камандзір падраздзялення. Атакуйце аблокі!
Голас лётчыка. Ёсць атакаваць аблокі!
Камандзір падраздзялення (шчоўкае выключальнікам). Усіх не выручыш, капітан. Да таго ж, мы на вайсковай службе. І кожны займае сваё месца. Сёння старшы лейтэнант Левановіч і капітан Аляксееў выконваюць баявую задачу, я паўтараю – баявую, а заўтра настане чарга іншым.


ДЗЕЯ ДРУГАЯ


К А Р Ц І Н А V I


Зноў кватэра Левановічаў. Ціха працуе тэлевізар. У кватэры – тыя ж госці, што і калісьці, у 1986 годзе: Вальдэмар, Антаніна, Даўгучыц, Анатоль Іванавіч, Андрэй Левановіч; гэты раз дома гаспадар, Эдуард Левановіч; гаспадыня Людміла Міхайлаўна завіхаецца каля стала. Вечар таксама ў гонар гаспадара, які пастарэў на некалькі гадоў. Але стол гэты раз накрыты меншы, няйначай, аля фуршэт.

Даўгучыц (пацірае рукі). Даўно мы не збіраліся ў вас, Людміла Міхайлаўна, даўненька.
Людміла Міхайлаўна. І то праўда, даўно. Можа, таму, што апошні раз сустракаліся ў нядобры час.
Даўгучыц. Так, то быў, здаецца, яшчэ застойны час, але застольны.
Людміла Міхайлаўна. Што застольны, то застольны. Гэта праўда. Але я не пра тое.
Даўгучыц (да Андрэя). Скажыце, Андрэй, у вас гарэлка таксама па талонах?
Андрэй. У нас не гарэлка, у нас – горілка. Але пакуль без горілачных талонаў.
Антаніна. Хто гэта ў нас талоны прыдумаў?
Вальдэмар. Хто прыдумаў, невядома, а ўвёў гарсавет.
Даўгучыц. Справа няхітрая – прыдумаць. Але што гэта пісьменнік наш позніцца? Я так разумею, што мы яго чакаем? Першага тоста няма каму гаварыць, га, Людміла Міхайлаўна? Позніцца ваш кумір.
Левановіч. Яго не будзе. Паехаў.
Даўгучыц. Куды?
Левановіч. На Смаленшчыну. Адтуль цякуць многія нашы рэкі. А Павел Дзямідавіч па вытоках рэк шастае.
Анатоль Іванавіч. Чарговы пісьменніцкі заскок
Левановіч. Я не стаў бы гаварыць так. Вось скажы. дзе выток Нёмана?
Анатоль Іванавіч. Недзе на Уздзеншчыне.
Левановіч. Гэта так, але канкрэтна?
Антаніна. Што гэта вы, таварышы мужчыны, раптам пра рэкі? Быццам сярод вас няма жанчын?
Даўгучыц. Жанчыны-то ёсць, але ж яны пры ўласных мужчынах.
Антаніна. Ну, калі падобная акалічнасць вам перапікаджае, то якія ж вы мужчыны?

Даўгучыц робіць штучны твар, разводзіць рукамі.

Анатоль Іванавіч (дастае з кішэні часопіс). Антаніна правільна кажа. Лепей паслухайце. Гэта пра Матроскіна і кампанію. Памятаеце? «Аднойчы кот Матроскін спытаў Шарыка: «Калі б цябе ва ўрад увялі, якім бы ты міністрам захацеў стаць?» – «Я б двума міністрамі адразу стаў, – сказаў Шарык. – Паўдня міністрам рыбнай гаспадаркі, паўдня міністрам палявання». – «А я б, – сказаў кот Матроскін, – я б Гарбачовым стаў». – «Ты што, здурнеў? Глядзі, да чаго ён краіну давёў. Мяса няма, малака няма, яйка на рынку рубель каштуе». – «Эх, Шарык, цямнота ты вясковая. Ды ён усё робіць, каб я разбагацеў. Раней малако было дзешавей за бензін. А зараз я за адзін кілаграм смятаны магу два кілаграмы грошай узяць. Так што, дзякуй яму» – «Ну і што? Што ты са сваімі грашамі рабіць будзеш? У магазінах жа пуста». – «А я, можа, імі сваю печку абклею. Шпалераў жа не прадаюць». – «А я б міністрам КДБ стаў», – сказаў паштальён Печкін. «Кім, кім?» – «Міністрам КДБ. Я б усю краіну заваліў шпіёнамі. Хто ідзе з фотаапаратам, той і шпіён».
Даўгучыц. Ці доўга яшчэ ў цябе там?
Анатоль Іванавіч. Не падабаецца?
Даўгучыц. Ну і часы насталі!.. Яшчэ некалькі гадоў таму мы нясмела, азіраючыся адзін на аднаго, чыталі тут вершыкі пра галоснасць і КДБ, а цяпер…
Левановіч. Ну, хопіць, сябры!
Анатоль Іванавіч. Зноў рот заціскаюць. А ўсё-ткі хацелася б сёння пачуць, што з нашым імяніннікам адбылося за гэтыя некалькі гадоў.
Левановіч. Справаздачы не будзе. (Бярэ чарку са стала).

Падыходзяць іншыя, разбіраюць астатнія чаркі.

Паколькі нашага выпрабаванага таставіка зараз няма, скажу я.

У гэты момант на экране тэлевізара ўзнікае постаць вучонага.
У кватэры з гэтай нечаканасці ўсе смяюцца.

Карэспандэнт (з экрана). У сувязі з абмеркаваннем на сесіі Вярхоўнага Савета дзяржаўнай праграмы па ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС мы звярнуліся да вядомага вучонага Эдуарда Сямёнавіча Левановіча. Эдуард Сямёнавіч, вы прысутнічалі на першым пасяджэнні. Скажыце…
Левановіч (з экрана). Важнейшай мэтай праграмы з’яўляецца стварэнне бяспечных для здароўя чалавека ўмоў жыццядзейнасці ў раёнах, якія падпалі пад радыёактыўнае забруджванне.
Карэспандэнт (з экрана). Многія схільны думаць, што з праграмай урад крыху спазніўся?
Левановіч (з экрана). Не крыху, а моцна. Больш таго, можа, спазніўся ўжо незваротна. Я зыходжу з дадзеных нашай навуковай лабараторыі. Радыёактыўныя рэчывы дасюль распаўсюджваліся ва ўсіх напрамках ад станцыі на значных адлегласцях. Мы адкрылі, што істотнае значэнне, акрамя ёду, цэзію, стронцыю, у забруджванні мелі таксама радыёізатопы цэрыю, ніобію, цырконію, тэлуру, неадэму, нептунію, рутэнію, лантану…
Карэспандэнт (з экрана). Поўны набор. Пра некаторыя нават чуць не даводзілася.
Левановіч (з экрана). З ежай, вадой, інгалятарна, праз скуру яны пастаянна паступалі ў гэтыя гады ў арганізм людзей.
Карэспандэнт (з экрана). Вы, Эдуард Сямёнавіч, гаворыце так, быццам ужо ўсё ў мінулым – паступалі і гэтак далей.
Левановіч (з экрана). Апошнія даследаванні ў нас за ўчарашні дзень. Таму я так і гавару – нібыта пра мінулае. Але гэта ўсё самае жахлівае сённяшняе. Паводле нашых дадзеных можна заключыць, што не ёд і цэзій былі асноўнымі дозаўтвараючымі фактарамі для чалавека (акрамя шчытавіднай залозы), а цэлы комплекс радыенуклідаў. Такім чынам, трыццаціпяцібэрная канцэпцыя, якую спрабуюць навязаць, не толькі навукова беспадстаўная і патэнцыяльна небяспечная, але і дэзінфармуе насельніцтва, навуковыя колы, нарэшце, урад.
Карэспандэнт (з экрана). Чаму вашы даследаванні…
Левановіч (з экрана). Вы хочаце спытаць – чаму новая методыка, якая магла даўно ўжо ратаваць людзей у так званай чарнобыльскай зоне, адмаўляецца тымі, хто павінен быў распрацоўваць праграму выратавання людзей?
Карэспандэнт (з экрана). Так.
Левановіч (з экрана). Думаецца, што зноў у нас навука блытаецца з палітыкай. І гэта нягледзячы на галоснасць, на перабудову. Шматгадовы манапалізм урадавых органаў і імкненне самавольна распараджацца засакрэчанай ісцінай і тут адыгралі і адыгрываюць злавесную ролю. Знаходзячыся на вяршыні сацыяльнай піраміды, кіраўніцтва ў эйфарыі поўнай беспакаранасці ігнаруе і на гэты раз законы прыроды, навязвае дырэктыўныя ўказанні.
Карэспандэнт (з экрана). Выходзіць, што ўсе гады пасля выбуху ў Чарнобылі народ знаходзіўся ў падмане, дакладней, яму хлусілі?
Левановіч (з экрана). Можна лічыць, што так.
Постаць старэйшага Левановіча знікае з экрана, пачынаюцца новыя кадры ў інфармацыйнай праграме. Анатоль Іванавіч падыходзіць, выключае тэлевізар. Ніхто не пярэчыць.
Анатоль Іванавіч. Прабач, Эдуард Сямёнавіч, але я ўжо… Ну, проста не магу ад вашай радыяцыі.
Вальдэмар. Ад радыяцыі ці з радыяцыяй?
Анатоль Іванавіч. Табе відней. Але ўсё роўна як каростай пакрыўся знутры і звонку. Спадзяёмся, Эдуард Сямёнавіч, ты ў сваёй застольнай прамове не будзеш пра радыяцыю?
Левановіч. Не, Анатоль Іванавіч, не палохайся. Я там ужо (паказвае на тэлевізар) усё сказаў. Я пра час. Пра тое, аб чым тут ужо гаварылі. Сапраўды, час надзвычай памяняўся. Ты, Анатоль Іванавіч, пародыі чытаў – пра Матроскіна, Шарыка і Гарбачова.
Анатоль Іванавіч. Дарэмна вы не захацелі даслухаць. Там яшчэ было і пра Раісу Максімаўну.
Левановіч. А мне ўчора расказвалі больш палітычны анекдот. «Які самы адметны крэйсер у нас?» – пытае нехта ў кагосьці. «Аўрора». – «Чаму?». – «Адзін раз стрэліла, а многа гадоў развальваецца». Як бачыш, сапраўды час памяняўся. К добраму ці благому? Дзіўна, але на такое, здавалася б, простае пытанне не кожны бярэцца адказаць. Карэспандэнт у мяне пытаў, вы чулі: няўжо ўсе гэтыя гады пасля Чарнобыля народу хлусілі? Пры самай вялікай галоснасці мы, аказваецца, сапраўды жывём і ў самай вялікай хлусні. Анатоль Іванавіч кажа, што абрыдла слухаць пра радыяцыю. Але што нам з Андрэем, братам маім, рабіць, – ад радыяцыі мы ўжо страцілі сваю радзіму. А страціць малую радзіму – усё роўна, што застацца без вялікай… Я за наша сяброўства, якое…

Госці цягнуцца да гаспадара з чаркамі: «За сяброўства, сяброўства!..»
Весела выпіваюць, стоячы вакол стала.

Вальдэмар. Я ўсё хацеў спытаць вас, Эдуард Сямёнавіч…
Левановіч. Слухаю.
Антаніна. Не лезь ты да яго. Няхай паесць.
Вальдэмар (усё роўна як не чуе). Публіцысты, напрыклад, сцвярджаюць, што некаторыя раёны былі заражаны з самалётаў. І намнога пазней, чым узарваўся рэактар на станцыі?
Левановіч. Ва ўсякім выпадку, ніхто з урадавых колаў публіцыстам водпаведзі не даў. Справа ў тым, што даследаваць тую частку тэрыторыі пачалі з вялікім спазненнем. Яшчэ пад самую восень восемдзесят шостага года ўсё, ці амаль усё, канцэнтравалася вакол трыццацікіламетровай зоны.
Вальдэмар. Ды ці праўда, што цяжкім алюмініем пасадзілі аблокі на сялянскія гароды?
Антаніна (спыняецца паміж Эдуардам Левановічам і Вальдэмарам). Адстань!..
Левановіч. Тэхнічна гэта магчыма…
Анатоль Іванавіч. Таямніцы, таямніцы… Жыццё, як у пякельнай цемрадзі. Але я недзе чытаў, што адзін з лётчыкаў, які скінуў атамную бомбу ці то на Хірасіму, ці то на Нагасакі ў сорак пятым годзе, з’ехаў потым з глузду і трапіў у псіхлячэбніцу.
Даўгучыц. Гэта праўда. Але нашы… Не думаю, што хто-небудзь з нашых распыляльнікаў нават прызнаецца калі-небудзь, не тое, што галавой памуціцца.
Андрэй. Ну, а што з таго, што прызнаецца? Ну я, напрыклад.

Але на яго ніхто не звярнуў увагі. Толькі Антаніна стала прабірацца да лётчыка.

Антаніна. У героі, Андрэй Сямёнавіч, захацелі, ці ў дурдом?
Андрэй. Не верыце?
Антаніна. Вы слаўны хлопчык, Андрэйка. Вам бы ў тэатры першых любоўнікаў іграць, а вы ў герастраты. Не выйдзе. (Звяртаецца да ўсіх). Па ўсім відаць, што старэйшы Левановіч не дазволіць і сёння гаварыць нам тосты за яго, то я прапаную – за брата, Андрэя Сямёнавіча! (Лашчыцца да яго).
Вальдэмар. Які чамусьці прагне ў сучасныя герастраты. У атамныя.
Анатоль Іванавіч. Ну, гэта ты… Ты на яго так, бо… Словам, бэсціць – няхітрая справа. А вось за жонкай дагледзець…

Усе смяюцца. Як у адным парыве падымаюць чаркі.

Левановіч. Андрэй заўтра едзе ў нашу цалкам радыяцыйную вёску. Так што…
Даўгучыц. Колькі там?
Левановіч. Трыццаць два і пяць дзесятых кюры на кіламетр.
Даўгучыц. Гэта – па цэзію.
Левановіч. Так што яшчэ невядома, куды лепей трапіць – у псіхлячэбніцу ці ў радыяцыйную вёску. Шчаслівай дарогі табе, брат.
Даўгучыц. Вось так і робяцца ў нашай Айчыне героі. Кагосьці высылаюць з Масквы ў Калугу…
Вальдэмар. Альбо ў Горкі.
Даўгучыц. Так, альбо ў Горкі. Аказваецца, вялікае няшчасце. Увесь свет крычыць і непакоіцца. А што ж нам? Як нам быць, якія жывуць увесь час яшчэ далей ад Масквы, чым Калуга ці Горкі? Значыць, мы ўсё жыццё ў ссылцы знаходзімся?
Левановіч. Калі ты маеш на ўвазе канкрэтную асобу, то дарэмна – усё-ткі матэрыяльная база навуковая сёння не ў Горкім ці ў Калузе, а ў Маскве.
Даўгучыц. Дык так няхай і гаворыць.
Левановіч. Урэшце-то справа ў мінулым. Хоць… што значыць – у мінулым?
Даўгучыц. Вось-вось. Гарачае мінулае можа апякаць і сёння. Дый моцна!

Гаспадыня непрыкметна кліча рукой дзевера. Той выходзіць на кухню.

Людміла Міхайлаўна. Ты заўважыў – святы ўжо не атрымліваюцца? Прынамсі, так, як і раней. Бывала ж, пачынаюць госці размову за сталом, дык заслухаешся.
Андрэй (уздыхае). Твая праўда, нявестка.
Людміла Міхайлаўна. А цяпер ад размоў вушы вянуць: усе ўсё ведаюць, на ўсё ва ўсіх думка ёсць.
Андрэй. Нічога не зробіш, Люся. Галоснасць, дэмакратыя. Відаць, да перабудовы ў нашых галовах шмат пустога месца было. Вось цяпер і запаўняем яго гаўном.
Людміла Міхайлаўна. Не, ўсё-ткі, бадай, трэба мяняць гасцей. Трэба заводзіць новых. Вунь колькі ў Эдуарда ў інстытуце цікавых вучоных. А ён усё трымаецца за гэтых абывацеляў. Мне ўжо цяпер цяжка нават успомніць, як яны ў нас з’явіліся некалі.
Андрэй (усміхаецца). Стары друг лепей новых двух. Чула такую памоўку.
Людміла Міхайлаўна. Чула, чула, але… Ладна, Андрэй, выпіць хочаш?
Андрэй. Ты што, дзеля гэтага мяне паклікала сюды? Выпіць можна было і там, разам з усімі.

Людміла Міхайлаўна, здаецца, не слухае дзевера. Налівае ў чаркі.

Людміла Міхайлаўна. Я хацела спытаць у цябе.
Андрэй. Пра што? Ці збіраюся нарэшце жаніцца?
Людміла Міхайлаўна. Ды не. Я пра тое… Ну, словам, што гэта ты ляпнуў там за сталом, моў, я вінаваты.
Андрэй. У чым?
Людміла Міхайлаўна. Ну, у тым, што…
Андрэй. А-а, чаму б і не? Сама ж ведаеш, дзе я служу. Загадалі, паляцеў і рассыпаў той алюміній у аблоках, не ведаючы дакладна, што яны радыяцыйныя.
Людміла Міхайлаўна. Пабойся бога, Андрэй!.. Што ты гаворыш?
Андрэй. Праўду, Люся. Гэта цяпер, у нашы дні, можна загад не выканаць, да чалавецтва апеляваць. А тады – загад, і ўсё тут! Альбо жыць, альбо ўсяго пазбавіцца.
Людміла Міхайлаўна (паверыла). Бедны брат мой!.. Такую жахлівую тайну на душы носіць! Шкада мне цябе!.. І сябе таксама!.. І ўсіх нас!..
Андрэй. А ты кажаш – жаніся. Тут, можна сказаць, ужо да вісельні недалёка. Дарэчы, я не адзін тады вылятаў на заданне. Лёталі і другія.
Людміла Міхайлаўна. Ну, а дзе ж тыя, што загад аддавалі?
Андрэй. Яны ніколі вінаватыя не бываюць, бо ніхто не ведае, адкуль загад зыходзіў.
Людміла Міхайлаўна. Эдуард ведае пра гэта?
Андрэй. Наўрад ці.

Колькі часу сядзяць моўчкі. Людзміла Міхайлаўна пачынае ціха плакаць.

Андрэй. Перастань, Люся.
Людміла Міхайлаўна. Бедны мой дзевярок!.. Ты хоць разумееш?..
Андрэй. Я ўсё, сястра, разумею. Даўно разумею. І гатовы хоць зараз выскачыць у акно.
Людміла Міхайлаўна (спахопліваецца). Не гавары глупства, Андрэй. Калі ты збіраешся ехаць у вёску?
Андрэй. Заўтра. Трэба магілу матчыну дагледзець. Ну і… Эдзік, нябось, даўно не ездзіў?
Людміла Міхайлаўна (з адчаем). Калі яму ездзіць? Сам бачыш. А цяпер яшчэ ў народныя дэпутаты збіраецца выбірацца. Пустых акруг многа. Дык… Але ты, Андрэйка, не гавары яму, калі нават пачне дапытвацца. Ці мала пра што можна жартаваць.
Андрэй. Гэта не жарты, сястра.
Людміла Міхайлаўна. Хадзем да гасцей. А то мы праз гэту віну тваю…
Андрэй. Каб па-сапраўднаму адчуць віну, трэба вачамі пабачыць свой грэх.
Людміла Міхайлаўна. Дзеля гэтага і едзеш? Бедны мой брацік!..
Андрэй. Ведаеш, мне вось так гаварыла маці: «Бедны Андрэйка, бедны Андрэйка…» Але ўжо калі памерла. У сне. Але не помню – чаму? Толькі ківала галавой і ў вялікай скрусе ўсё роўна як аб нечым папярэджвала: «Бедны Андрэйка, бедны Андрэйка!..»

Людміла Міхайлаўна фарбуецца. Пасля і яна, і Андрэй ідуць да гасцей.


К А Р Ц І Н А  V I I


Вакзал на чыгуначнай станцыі. Пяміж людзей – знаёмы пісьменнік Павел Дзямідавіч і Андрэй Левановіч.

Пісьменнік. Як вы трапілі сюды, на край захварэўшай зямлі, Андрэй Сямёнавіч?
Андрэй. Гэта ж радзіма мая.
Пісьменнік. Ах, так!.. Я ўсё забываюся, што вы, Левановічы, адсюль родам. У якім жа раёне ваша вёска?
Андрэй. У суседнім.
Пісьменнік. Ах, так!.. Вельмі не пашанцавала вам. І вашым землякам, і вам асабіста. Страціць малую радзіму!.. Але што мы стаім? Хадземце… ну, хоць бы да мяне ў гасцініцу. Я там займаю люксавы нумар. Праўда, без туалета і ўсялякіх іншых выгод. Але сапраўды, зайдзіце, як маеце час. Цягнік на Камунары будзе пазней, пад самы вечар, а я вельмі рады вам.
Андрэй. Часу ў мяне да цягніка яшчэ і праўда багата. Толькі навошта па гасцініцах шастаць?
Пісьменнік. Як хочаце. Можна і тут перакінуцца словам. Хоць бы ў рэстаране. Праўда, цяпер не тое, што раней. Але, можа, пашанцуе.
Андрэй. Не, Павел Дзямідавіч, лепей тут збавім час. Што ў тым рэстаране? Тым больш што нявестка забяспечыла чыстым харчам.
Пісьменнік. Ну, як капітан хоча. Але я асабіста люблю, калі ўсё грунтоўна. Значыць, вы са сталіцы зараз?
Андрэй. Так.
Пісьменнік. Канешне ж, я і забыў – як заўсёды, у брата вашага чарговы дзень нараджэння. Я свае дні нараджэння не толькі не адзначаю, але і не помню. Ну, і што?
Андрэй. Успаміналі вас. Хтосьці казаў, што вы цяпер даследуеце вытокі рэк.
Пісьменнік (смяецца). Гм, даследую… Проста… Адным словам, цягне да чыстых крыніц. Але дзе цяпер чыстая вада? Ды і самі крыніцы – дзе? Адных ужо няма, а другія прагорклі. Думаў, хоць Бесядзь цячэ сваёй вадой. Дык не. А да таго ездзіў на выток Нёмана. Ніхто не ведае, дзе ён. Меліяратары здратавалі ўсё вакол. Так што Нёман таксама не сваёй вадой цячэ.

Падыходзяць да лаўкі, сядаюць.

Вас, Андрэй Сямёнавіч, таксама шматлікія страты чакаюць на радзіме.

Андрэй. Я на магілу матчыну еду.
Пісьменнік. Я вашу маму помню. Прыязджала часта да Эдуарда Сямёнавіча, як была жывая. А ў мяне ўжо таксама нікога. Дык я і кажу – не пазайздросціш тутэйшым людзям. Ды, няйначай, ужо, лічы, і ўсяму народу. Вось тут, бадай, край так званай чарнобыльскай зямлі. Але ж і тут сёлета трусы паздыхалі, ну, кролікі… Людзі адсюль раз’язджаюцца. Застаюцца адны старыя.
Андрэй. Хіба ж ім небяспека не пагражае?
Пісьменнік. Я ў адной такой сям’і пабыў – дзед і баба. Кажуць, от нам ужо адзін канец, хоць там, хоць тут; што нам дасць лішні год, а тут свая хата і свой від з парога. Матчына ж хата цэлая?
Андрэй. Стаіць.
Пісьменнік. Ну і час настаў – стаяць будзе хата, а нікому непатрэбная, заразная!.. Я тут зайшоў у адну бібліятэку, у Чудзянах. Кнігі таксама не вывезеш. Дык і ляжаць, кінутыя на падлозе. І мой трохтомнік на пярэднім плане. Я сфатаграфаваў. Жахліва!..
Андрэй. Сапраўды жахліва.
Пісьменнік. Асабліва ў нашу разруху, якая завецца перабудовай. Дарэчы, як вы ставіцеся да таго, што робіцца ў краіне? Вы ж вайсковы чалавек. Цярплівасці ў арміі надоўга хопіць?
Андрэй. Армію таксама моцна закранула гарбачоўшчына. І разбэсціла. Але, тым не менш, салдаты яшчэ па камандзе паварочваюцца – налева, направа. Прызнацца, шмат пытанняў і ў арміі да ўрада, да парламента. Асабліва шмат іх узнікла, калі пачалі працаваць рэспубліканскія Вярхоўныя Саветы. Лічы, у кожнай рэспубліцы свая дэкларацыя аб незалежнасці. А згодна з ёй – падавай нацыянальную армію і гэтак далей.
Пісьменнік. Мінулы год яшчэ я, здаецца, усё здольны быў патлумачыць. Сёлета – не. Можа, таму вось і вандрую па вытоках – ад адной ракі да другой. Дзіўна, га?
Андрэй. Цяпер усе кудысьці прагнуць. Адны – у храм, другія…
Пісьменнік. У спекуляцыю. Палітычную, калі можна сказаць так, і эканамічную. Я тут, седзячы ў раённай гасцініцы, працаваў паміж паездкамі над артыкулам па заказу адной рэдакцыі. Жыццё, дарагі Андрэй, поўніцца ўсё новымі і новымі парадоксамі і недарэчнасцямі. Хутка мы ўжо няздольныя будзем вызначаць, хто у чым вінаваты.
Андрэй. А вінаватыя ёсць? Я хацеў сказаць – усё-ткі вінаватых будуць шукаць бліжэй, чым Сталін ды Троцкі з Бухарыным?
Пісьменнік (усміхаецца). Гм… Раз ёсць віна, значыць, павінны быць і вінаватыя. Праўда, не кожны адважыцца на прызнанне віны. Я тут чытаў артыкул, дакладней, інтэрв’ю, аднаго карэспандэнта з акадэмікам Аляксандравым. Гаворка ішла пра эсперымент, які прывёў да катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Прэзідэнт акадэміі, атамшчык, клянецца, што нічога не ведаў пра той эксперымент.
Анадрэй. Прэзідэнт акадэміі не ведаў? Хлусіць ён!
Пісьменнік. Клянецца, што не ведаў. І канструктар чарнабыльскага рэактара, таксама акадэмік, нічога не ведаў.
Андрэй. Дзіўна. Але хто ж тады распрацоўваў эксперымент?
Пісьменнік. Аказваецца, даручана было падрыхтаваць праект арганізацыі, якая ніколі не мела справы з атамнымі электрастанцыямі.
Андрэй. Нават так?
Пісьменнік. А я думаю – не тая ў нас дзяржаўная сістэма, каб вось так. Нехта даваў каманду на эксперымент з самага верху. І цяпер хаваецца, калі, вядома, жывы, не ў Крамлёўскай сцяне ўжо. Таксама ж хтосьці камандаваў, калі распылялі ў небе над гэтым краем цяжкі алюміній.
Андрэй (ускідвае галаву). Думаеце, радыенукліды не маглі заляцець сюды непасрэдна з АЭС?
Пісьменнік. Цяжка сказаць, шляхі радыяцыі, як і шляхі боскія, невядомыя, але я таксама схільны думаць, што тутэйшыя раёны заражаны пры дапамозе тэхнікі. Ці то градабойнымі снарадамі, ці то яшчэ нейкім чынам. Таксама загадка.
Андрэй. Вы лічыце, што галоўнае – знайсці вінаватых?
Пісьменнік. Галоўнае – выратаваць народ ад вымірання. Але без пошуку вінаватых выратаванне таксама не адбудзецца. «Людзі павінны ведаць пра ўсё, у тым ліку, асабіста, і пра тое, хто ў першыя дні ўтойваў сапраўдныя маштабы катастрофы і выдаваў фальшывыя дадзеныя аб радыяцыйнай абстаноўцы. (Доўга маўчыць). Мне цяпер нічога не застаецца, як прамаўляць маналогі. Раней я патрабаваў надрукаваць карты забруджаных раёнаў. Смяяліся – моў, такая дзяржаўная тайна, а ён лезе. Нарэшце карты надрукавалі. Цяпер трэба дамагацца, каб перад народам да ганебнага слупа былі пастаўлены вінаватыя за Чарнобыль. Дарэчы, як і за гэту вось разруху. Вы, Андрэй, паездзіце, паходзіце, пабачыце, як тут жывуць цяпер і чым жывуць, і закрычыце немым голасам. Загляніце з дарогі да мяне ў гасцініцу.
Андрэй. Добра, Павел Дзямідавіч. Хоць мне, бадай, нялёгка будзе зрабіць гэта…
Пісьменнік. Чаму?
Андрэй. Не хацелася б называць прычыну. Вось вы казалі пра маналогі, якія даводзіцца часам прамаўляць. Напэўна, цяжка. Але паверце, яшчэ цяжэй чалавеку прамаўляць унутраныя маналогі.
Пісьменнік. Унутраныя маналогі… Цяпер наўрад ці хто прамаўляе іх, бо дэфіцыт сумлення. Цяпер усе выкрываюць, даводзяць нешта. Аднак няздольны пачуць адзін аднаго. А ўнутраныя маналогі – гэта ўжо звыш усяго па нашым часе, тайна альбо парок. Ну што ж, Андрэй Сямёнавіч, шчаслівай дарогі вам у нешчаслівую цяпер краіну дзяцінства – можна сказаць, на дно мёртвага мора.


К А Р Ц І Н А  V I I I


Кантора саўгаса. На сцяне гаворыць радыё: «Пастанова Вярхоўнага Савета: Вярхоўны Савет адзначае, што аварыя на Чарнобыльскай АЭС па сукупнасці вынікаў з’яўляецца самай буйной катастрофай сучаснасці, агульнанародным бедствам, якое закранула лёс мільёнаў людзей, што жывуць на велізарных тэрыторыях». У саўгаснай канторы два мужыкі чакаюць дырэктара.

Першы мужык. Нарэшце ўспалашыліся (усё роўна як перадражнівае радыё) – на велізарных тэрыторыях, агульнанароднае бедства…
Другі мужык (курыць). Здаецца, бяруцца за нас па сур’ёзнаму.
Першы мужык. Ды ўжо каторы год вось так, а мы ўсё загараем ды карэем тут.
Другі мужык. Скора, бадай, ужо скура пачне злазіць з касцей, як тая кара з хворых дрэў.
Першы мужык. Можа, камусьці гэта выгадна.
Другі мужык. Дык каму тады?
Першы мужык. А чорт яго ведае, каб жа знаў, дык сам бы чорта лысага з-за печкі вывалак.
Другі мужык. Але ж нарабілі смуроду на ўсю зямлю.
Першы мужык. Каб жа толькі смуроду? Аднак жа ўжо і гэта добра, што адкрыта прызнаюць.
Другі мужык. Спярша людзей заразілі, а тады прызнаюць. Але, яй-богу, і гэты раз каб не засталіся ў дурнях? Дапамогу, якую абяцаюць «чарнобыльцам», здаецца, таксама раскрадуць, як ужо не адзін раз здаралася.
Першы мужык. Але ж помню – адразу, як выявілі ў нас гэту радыяцыю, прызджаў сюды адзін чалавек. Маленькі такі, але порсткі.
Другі мужык. Здаецца, з органаў.
Першы мужык. Чорт жа яго ведае адкуль! Але ледзьве не наганам па стале. Вы, кажа, што паніку сееце. Ану-тка, на нашага дырэктара, складзіце спісак, хто ў вас агітацыяй займаецца.
Другі мужык. Ну, вядома, з органаў. Здаецца ж, не з міліцыі. Дый навошта гэта міліцыянеру дый у грамадзянскім, не ў форме. Дык што дырэктар?
Першы мужык. Ну, Антонавіча рукамі не возьмеш. Туз. Адмаўчаўся, і ўсё.
Другі мужык. Але ж вось гіцля той з органаў! Здаецца, сам ўжо даўно збег адсюль. Яны, здаецца, усе тыя, што прымушалі нас не панікаваць, пераехалі з заражанай зоны. Ды ўсе ў вышэйшае начальства, чым былі тут, пайшлі. Ты вось пра што мне скажы, Ігнат… (Не паспявае да канца спытаць).

Заходзіць дырэктар саўгаса з Андрэем Левановічам.

Першы мужык (да дырэктара). Мы гэта, Антонавіч, прыйшлі спытаць…
Дырэктар. Пасля, пасля… Бачыш, чалавек са мной. Зямляк. Так што альбо пачакайце, альбо другі раз.
Другі мужык. Дык… здаецца…
Першы мужык. Мы пасядзім, Антонавіч. Гэта не тое, што раней. Наша праца цяпер ні сабе, ні людзям. Ты займі чалавека. Дык хто ж ён, наш зямляк?
Дырэктар. Хіба не пазнаеш?
Другі мужык. Дык… здаецца…
Дырэктар (да Андрэя). Хадзем, Андрэй Сямёнавіч, хадзем!

Заходзяць у дырэктараў кабінет. Дырэктар сядае за стол. Андрэй Левановіч падыходзіць да акна, глядзіць на вуліцу.

Даўно ты ў нас не быў, Андрэй Сямёнавіч. Здаецца, з таго дня, як хавалі вашу маці.
Андрэй. Бадай, так.
Дырэктар. А вось брат твой ужо і ў радыяцыю прыязжаў. І ведаеш, ён нам дапамог. Праўда, гэта адноснае паняцце ў нашых цяперашніх умовах, дапамога. Вунь, дапамагчы спрабуе ўся дзяржава, а воз, як кажуць, усё там жа. Толькі і прыйшлі да аднаго, што перасяляцца адсюль усё-ткі трэба. Нават месца выбралі.
Андрэй. Дзе ж?
Дырэктар. За Бялынкавічамі.
Андрэй. Хіба там чыста?
Дырэктар. Здаецца, чыста. Яна тут, гэтая радыяцыя, неяк лапікамі лягла на зямлю. Помніш пасёлак за Вараноўкай, дык там з пяці двароў два чыстыя, а тры брудныя.
Андрэй. Гэта – цэзій?
Дырэктар. Так. Іншыя рэчывы… Стронцыю ў нас, здаецца, няма, а пра другія… Відаць, ёсць. Дзён колькі Эдуард Сямёнавіч выступаў на тэлебачанні. Дык казаў, што ёд, цэзій, стронцый гэта не ўсё яшчэ. Яшчэ і іншыя радыёнукліды пагражаюць.
Андрэй. Чым жа памог Эдуард?
Дырэктар. Бо першы пачаў біць трывогу. Прыязджаў, лаяўся з начальствам, пісаў у газетах. Дакладней, спрабаваў давесці, што здарылася катастрофа. Але ці ў нае жа паслухае хто? Надоўга к нам?
Андрэй. Трэба дагледзець матчыну магілку…
Дырэктар. А што яе даглядаць? Я нядаўна быў на кладзішчы, то ваша дагледжана. Хтосьці траву выпалаў, кветкі пасаджаны.
Андрэй. Ну, усё-ткі… (Сядае на падаконнік).
Дырэктар. Канешне, канешне!

Звоніць тэлефон. Дырэктар бярэ трубку.

(Хмурыцца). Хто-хто? А-а-а, Ціхонаўна. Так, пісьмо я атрымаў. (Слухае). Усё-ткі не сядзіцца там? Ну што ж, вяртайся, калі табе прыспічыла. (Слухае). А можа, пачакаеш трохі, пакуль новыя дамы будуць гатовы? Першы… твой. (Слухае). Не будзеш чакаць? Што ж, прыязджай, Ціхонаўна, жывем жа мы неяк тут, пражывеш і ты. (Кладзе трубку). Жанчына наша, зарэчанская, пераехала ўсёй сям’ёй. Шукала месца ў «чыстай зоне», а цяпер вось назад. Пытаюся, чаму? Ды няма сілы, кажа, трываць зняважлівыя адносіны. Ад «чарнобыльскіх» дзяцей адварочваюцца аднакласнікі ў школе, моў, заразныя. Здзекліва ставяцца да чужых вяскоўцы. Словам, нікому мы непатрэбны на ўсім свеце. І гэта не першы выпадак, калі пераехаўшыя сем’і просяцца назад. А я адгаворваю: моў, пачакайце. Не, кажуць, няхай радыяцыя, няхай, ужо што людзям нашым, тое і нам, толькі на радзіме жыць… Бачыш, як паварочваюцца справы?
Андрэй. Па дарозе мне чалавек адзін казаў…

Адчыняюцца дзверы. Андрэй перастае гаварыць.
Глядзіць на другога мужыка, які высунуў галаву.

Другі мужык. Можа, вы і праўда тут, Антонавіч, надоўга, дык…
Дырэктар. Ну што ў цябе?
Другі мужык. Ды, здаецца… Я пра пчолы. Ці будзем выводзіць сёлета на старую пасеку?
Дырэктар (да Андрэя). Мы, бачыш, яшчэ трымаем пчолы. Кажуць, пчала на дурную кветку не сядзе. Выбера здаровую.
Другі мужык (усё яшчэ з парога). Дык, здаецца… Яно так. Правяралі мёд у амбулаторыі. Даведка нават ёсць, што незаразны, здаепца…
Дырэктар (да мужыка). Ладна, Хвядосавіч, ступай, пра пчол яшчэ рана.
Другі мужык. Ды не, Антонавіч, здаецца, не рана. Якраз пара. І ў мінулую вясну мы гэтымі днямі вывозілі.
Дырэктар. Вясна на вясну не прыпадае. Заўтра пагаворым.

Другі мужык зачыняе дзверы. Дырэктар чакае, што і першы мужык стане лезці праз дзверы на перамовы, але не. Тады дырэктар паварочваецца да Андрэя, пачынае гаварыць.

Дырэктар. Ладна, Андрэй Сямёнавіч, усяго не спытаеш і не раскажаш. Перанясём асноўную праграму на вечар. Спадзяюся, заначуеш у нас?
Андрэй. Як выйдзе.
Дырэктар. Выйдзе, выйдзе, Сямёнавіч! Ты не дужа палохайся радыяцыі. За адны суткі не з’есць. Праўда, гледзячы якога. Калі дуплаватага, дык і адных сутак хопіць. Але ж ты – вайсковец. Так што са здароўем у цябе, няйначай, няблага? Ну, а мы гэту радыяцыю ўжо трохі навучыліся выганяць. Балазе, у нас яшчэ талоны тут не ўвялі на спіртное.
Андрэй. Ну, а гарэлка… памагае?
Дырэктар. Так мы рашылі для сябе – памагае.

Смяюцца.

Дырэктар. Табе машыну даць да кладзішча?
Андрэй. Я сам, дзякуй.
Дырэктар. Але з кладзішча зноў прыходзь сюды, каб не дужа бадзяцца. А цяпер… мне таксама часу няма. Разумееш, адбываюцца дзіўныя рэчы. Людзі з партыі выходзяць.
Андрэй. Што ж тут дзіўнага? Іначай і не магло быць пры такім становішчы. Партыя страціла ўладу. Кар’ерысты пакідаюць яе.
Дырэктар. Хіба толькі адны кар’ерысты? Вось у нас парторг заяву падаў аб выхадзе. У прынцыпе я не супраць, каб выходзілі з партыі. Чым больш так званых камуністаў пакінуць яе, тым шчыльнейшымі і чысцейшымі будуць рады потым. Але ж… шкада вось, што сумленныя. Наш парторг выдатны чалавек, а вось… штосьці зламалася ў ім. Няйначай, таксама радыяцыя падзейнічала. А можа, тупіковая сітуацыя. Праходзяць тады, а мы ўсё гробім тут людзей. Словам, атрымаў я з райкома, як член бюро, заданне пагаварыць з чалавекам.
Андрэй. Гэта ўжо канчаткова?
Дырэктар. Што канчаткова?
Андрэй. Ну, што ён выходзіць? Дарэчы, хто ў вас парторгам?
Дырэктар. Ты яго не будзеш ведаць. Але слоў мужык на вецер не кідае. Ну, да сустрэчы. (Падае Андрэю руку).
Андрэй. А можа?..
Дырэктар (махае рукамі). Нічога не можа, нічога не можа!.. І слухаць не магу.


К А Р Ц І Н А  I X


На ганку канторы Андрэя чакае першы мужык, той, што лесніком.

Першы мужык. А я цябе таксама пазнаў, Сямёнавіч, дарма што не паздароўкаўся тады. Мяне ж помніш?
Андрэй. Дзядзька Панас?
Першы мужык (уздыхнуўшы). А я думаў… зараслі мы тут (чухае рукой па шчэццю) і састарэлі, акурат грыбы ў атамным лесе, нікому непатрэбныя. Дык і пазнаць цяжка.
Недзе на вясковым двары чуюцца крык, енкі. Андрэй паварочвае галаву, у той бок, пачынае ўслухоўвацца.

(Махае рукой). Ды гэта так. У нас гэты канцэрт часта бывае. А тым не менш, бабу шкада. Яшчэ маладая дзеўка.
Андрэй. Што з ёй?
Першы мужык. Так. Чуеш, мужык крычыць, а яна лямантуе? Ды ты не хвалюйся. Мы тут часта гэта слухаем. Афганец у нас вярнуўся з вайны. Можа, помніш – Трахімаў Коля? Ды дзе ты будзеш помніць? Маладыя ўжо без цябе нараслі. Няшчасце з ім – кантузія ў галаву, аднаго скялёпка няма на чэрапе. Вось ён і заводзіцца, калі ў яго гэта пачынаецца. Словам, хвароба. Думалася, што калекі, якія з той вайны прыйшлі, апошнія ў нас, перамёрлі, а тут з гэтай, афганскай, новых дадалося: то рукі няма, то нагі, а то й галава пашкоджана, як у гэтага.
Андрэй. А жонка пры чым?
Першы мужык. Дык.. У галаву яму абы-што лезе, хвароба такая. Ну вось ён і ганяе па двары сваю Анюту, моў, давала ўсім тут без мяне. Ну, а калі хвароба мінецца, праходзіць, то чалавеку цаны няма. Але ж – калека… Пенсію даюць… Ты, гэта, ў Афгане не быў?
Андрэй. Не.
Першы мужык. Пашанцавала. А то ж і вайна аказалася непатрэбная нікому – ні афганцам, ні нам. Усе ад яе, здаецца, адвярнуліся. Моў, памыліліся асобныя члены Палітбюро, тыя, каго ўжо няма ў жывых. А тут калекі…
Андрэй. Ну што ж, дзядзька Панас, рады быў сустрэць. Мне на могілкі трэба.
Першы мужык. Да маці?
Андрэй. Так. (Сыходзіць з ганка).
Першы мужык. Я таксама на службе, Сямёнавіч. А тым не менш, спяшацца быццам бы і няма куды.
Андрэй. Па-ранейшаму лесніком?
Першы мужык. Так, так, лесніком. Але цяпер… Словам, як лес наш зрабіўся атамны, служба стала так сабе. Адно званне, што ляснік. Хоць сасна, хоць елка, а нікому непатрэбна ўжо. Нават і дровы, бо радыяцыя ад іх у паветра ўздымаецца. Грыбы таксама не станеш есці, як і ягады. Вось і вандрую дарэмна вакол лесу, баючыся зайсці ў яго. Але ўжо што праўда, то праўда – зладзеі ў нас, здаецца, перавяліся ад гэтай радыяцыі. І ў лесе больш не крадуць, і ў вёсцы.
Андрэй. А грошы табе плацяць, як і раней?
Пёршы мужык. Гэта плацяць. Ды з надбаўкай, як усім. Грабавыя. Нябось, можа, і не чуў нават, што такія грошы ёсць?
Андрэй. Чуў. Што ж ты ў канторы хацеў?
Першы мужык. Ды я гэта з пчаляром гэтым, а тут цябе пабачыў з дырэктарам. Хачу спытаць, Сямёнавіч, гэта ж брат твой старшы, здаецца, у вялікіх начальніках цяпер ходзіць?
Андрэй. Які ён начальнік. Прафесар.
Першы мужык. Ну, усё-ткі прафесар. А вось мой унук у медыцыне. Сёлета канчае.
Андрэй. І што?
Першы мужык. Дык сам ведаеш – медык, а медыкаў цяпер у зону гоняць. Асабліва тых, што з вёскі самі ці з тутэйшага горада. Ці нельга неяк пасадзейнічаць, каб унука майго не чапалі. Ну, няхай я тут, дык мне, мусіць, наканавана так, а навошта яму раней часу паміраць?
Андрэй. Ты б напісаў, дзядзька Панас, Эдзіку пра ўнука. Я нічым памагчы не магу. Нават цяпер не буду заязджаць. Ды і Эдзік наўрад ці дапаможа.
Першы мужык. Значыць, не можаш?
Андрэй. Не.
Першы мужык. А я думаў – дай падыду. Праз цябе папрашу. Цяпер – бачу – дарэмна, Сямёнавіч. Ну, бывай. А з пчоламі яны таксама дарэмна. Нічога ўжо чыстага ў нас не будзе – ні мёду, ні хлеба, ні вады… Усё Чарнобылем атручана. Во нарабілі людзі дык нарабілі. (Ідзе).

Андрэй яшчэ колькі часу глядзіць услед лесніку, тады рушыць у другі бок па вясковай вуліцы. Зноў чуецца над вёскай жаночы енк. Крычыць, пагражае мужчына.

К А Р Ц І Н А  X


Вяскевыя могілкі. Крыжы – найбольш драўляныя, чорныя, струхлелыя.
На гранітным помніку літары: «Кацярына Ягораўна Левановіч».
Да магілы падыходзіць Андрэй, сядае на лавачку, здымае фуражку. Падыходзіць жанчына – мясцовая настаўніца Дзіна Давыдаўна.

Дзіна Давыдаўна. Не перашкоджу, Андрэй Сямёнавіч?
Андрэй (устае з лавачкі). Не, Дзіна Давыдаўна, не перашкодзіце.
Дзіна Давыдаўна. А я цябе яшчэ ля саўгаснай канторы ўбачыла. Думаю, хто гэта з лесніком размаўляе. А потым пазнала.
Андрэй. А я вось.
Дзіна Давыдаўна. Гэта добра, што матчыну магілу не забываеце. Ці не мінулым годам прыязджаў брат, цяпер – ты вось.
Андрэй. Я даўно ўжо не быў у вёсцы.
Дзіна Давыдаўна. Чаму ж? Хіба такі заняты?
Андрэй. Баяўся прыязджаць, Дзіна Давыдаўна.
Дзіна Давыдаўна. Радыяцыі баяўся? А мы вось жывём пакуль. Праўда, некаторыя таксама спалохаліся. Падаліся хто куды. А я вось хоць і адна, але жыву пакуль. Сястра паехала ў Ізраіль, а я засталася. Пра ўсё людзі могуць забыць, але каб не вучыць дзяцей? Ды чаго ты баішся, радыяцыі?
Андрэй. Не, не радыяцыі баюся. Хоць… прычынай майго страху сапраўды з’яўляецца радыяцыя. Віна вялікая на мне.
Дзіна Давыдаўна. Нешта ты загадкамі гаворыш? Зрэшты, у каго няма цяпер віны?.. І ўсё-ткі я цябе не разумею, Андрэй Сямёнавіч? Вось ты сказаў, як пажартаваў, а ў мяне сэрца раптам усё роўна як зрушылася з месца.
Андрэй. Прабачце, Дзіна Давыдаўна.
Дзіна Давыдаўна. Што тут прабачаць? Я рада бачыць цябе. Ты ж лепшы вучань быў у класе. А такія чалавечыкі ў настаўніка ў памяці. Усе вы, Левановічы, малайцы. Вось нядаўна Эдзіка бачыла, выступаў па тэлебачанні.
Андрэй. Я таксама слухаў.
Дзіна Давыдаўна. А ўсё-ткі – жахліва гэта ўсё! Дзе ты спыніўся? Хата ж ваша, відаць, сырая стаіць, нятопленая?
Андрэй. Не хадзіў.
Дзіна Давыдаўна. Тады, можа, да мяне ў школу пойдзеш?
Андрэй. Не, я дырэктару абяцаў.
Дзіна Давыдаўна. Ну што ж… Дырэктару дык дырэктару… Але, бачыш, за могілкамі ў нас яшчэ даглядаюць. Пра сябе людзі цяпер менш клапоцяцца, а вось продкам… Чуў? На будучы год пераязджаем усёй вёскай на новае месца? Нікому ўсё гэта не спатрэбіцца. Мёртвыя самі па сабе, жывыя самі. Я ўсё-ткі, няйначай, перашкодзіла табе?
Андрэй. Дальбог, не.
Дзіна Давыдаўна. Але ж і не падысці да былога вучня… Як гэта? Так што выбачай. А можа, усё-ткі зойдзеш да мяне? Ну хоць бы і пасля дырэктара. А то неяк у нас…
Андрэй. Добра, прыйду. Ну, а гаворка?.. Дык гэта я вінаваты.
Дзіна Давыдаўна. Што ты ўсё з віной? Гэта выгляд матчынай магілы на цябе падзейнічаў.
Андрэй. Не. (Разводзіць рукамі, паказвае). Усё гэта!.. (Пачынае выціраць рукой куточкі вачэй).
Дзіна Давыдаўна (бярэ Андрэя за локаць). Э-э, не, Андрэй. У такім стане хадзем лепей да мяне. А то што ў дырэктара саўгаса – зноў п’янка? Не была б я твая старая настаўніца, каб вось так пакінула аднаго. Ну, а паплакаць? Дык на матчынай магіле нават з каменнай душой чалавек адтайвае. Таму не саромся, плач. Лічы, мяне тут не было. Ці, можа, хочаш яшчэ набыць адзін? Дык пабудзь.
Андрэй. Так.
Дзіна Давыдаўна. То і ладна. Я вось загляну ў адно мёсцейка, а тады сюды вярнуся. Згода?

Андрэй насуплена ківае галавой. Настаўніца адыходзіць.


К А Р Ц І Н А  X I


Зноў той жа чыгуначны вакзал. Андрэй толькі што сышоў з цягніка.
Як і ў мінулы раз, сярод людзей тоўпіцца наш знаёмы пісьменнік.

Пісьменнік (бачыць Андрэя). Добры дзень, таварыш Левановіч. Прызнацца, я чакаў вае пазней.
Андрэй. Можна падумаць, што вы з таго дня, як мы сустракаліся, і не пакідалі гэтага вакзала?
Пісьменнік. О не, мой малодшы сябра. Я з таго часу паспеў аб’ездзіць усе Злынкі і свету палавінкі. Чулі такі выраз?
Андрэй. Не.
Пісьменнік. Вось і я дасюль не чуў.
Андрэй. А што яшчэ тут можна пачуць, Павел Дзямідавіч?
Пісьменнік. Каб чуць народ, трэба вельмі слухаць. Але нешта вы дужа расхрыстаны, Андрэй Сямёнавіч? Жахліва там, на дне мёртвага мора?
Андрэй. Так, прыехаў, можна сказаць, расхрыстаны – узнерваваны і абыякавы.
Пісьменнік. Хіба так бывае – узнерваваны і абыякавы? І ўсё-ткі хадземце ў гасцініцу. Там і пагаворым.
Андрэй. Не, я мушу ехаць.
Пісьменнік. На службу? Хто цяпер спяшаецца на службу? Я ўчора званіў вашаму брату. Размаўляў з Людмілай Міхайлаўнай. Вельмі прасіла, каб я прывёз вас.
Андрэй (панура). Што мне там рабіць?
Пісьменнік. Значыць, ні к брату, ні ў гасцініцу да мяне?
Андрэй. Паеду адсюль. На Унечы перасяду на другі цягнік і даеду.
Пісьменнік. Хіба не ўгавару?
Андрэй. Думаю, што не.
Пісьменнік. Тады хадземце ў піўніцу. Сёння піва прадаецца. Праўда, гарэлкі няма. Але ж сухі закон паступова страчвае сілу. Яшчэ адна дурная сацыялістычная задума – адвучыць людзей піць! Тых людзей, якія, бадай, з малаком маці да алкаголю прывыкаюць!

Заходзяць у піўніцу. Павел Дзямідавіч падаецца да буфета, прыносіць адтуль да століка, які выбраў Андрэй Левановіч, бакалы з півам: спярш два, пасля зноў два. Пачынаюць патроху піць ды працягваць ціхую размову.

Андрэй. Вось вы, Павел Дзямідавіч, усё аціраецеся ды аціраецеся на беразе гэтага мёртвага мора, а на дно не ныраеце?
Пісьменнік. Было, што ныраў. Нават учора. Так што ў вас, Андрэй Сямёнавіч, няправільнае ўяўленне пра мяне. Памятаеце: «І ўзяў я кніжку з рукі… і з’еў яе; і яна ў вуснах маіх была салодкая, як мёд; калі ж з’еў яе, то горка зрабілася ва ўтробе маёй. І сказаў ён мне: табе трэба зноў прарочыць…»
Андрэй. Прарочыць? Я так разумею – пісаць? Пісаць – значыць, прарочыць.
Пісьменнік. Не толькі гэта. Там, у Бібліі, яшчэ сказана ў Іаана Багаслова: «…Прарочыць аб народах і плямёнах, і мовах, і царах многіх…»
Андрэй, З’ездзілі б вы да нас у вёску. Там сакратар парткома саўгаса з партыі выходзіць.
Пісьменнік. Андрэй Сямёнавіч, Андрэй Сямёнавіч, каго цяпер гэтым здзівіш?
Андрэй. І ўсё-такі.
Пісьменнік. Нарэшце насталі ўмовы пазбавіцца ад сяго-таго, дык вы трывогу пачынаеце біць.
Андрэй. Але тады скажыце выразней – па кім цяпер звон б’е?
Пісьменнік. Аб нас, аб нас усіх, Андрэй Сямёнавіч. Значыць, штосьці ў чалавеку адбываецца. З кімсьці альбо з чымсьці ў супярэчнасць прыйшоў. Але чаму ён не хоча дачакацца чарговага з’езда? Потым жа відней было б?
Андрэй. Я пытаўся ў яго, але ж…
Пісьменнік. Я і сам іншы раз думаю – аддаць бы білет!… Але ці гэтым дапаможаш захварэўшаму грамадству? Справа не ў партыях.
Андрэй. А ў чым?
Пісьменнік. У тым жа захварэўшым грамадстве. Сучаснае духоўнае жыццё адчувае на сабе найбольшыя перагрузкі. Мы ўсе помнім, што пачыналі перабудову з пераробкамі свядомасці, але мала задумаліся над тым, што менавіта пагэтаму ў гэтай сферы «развітання з мінулым» прасунуліся далей за ўсё. Хіба не дзіўна, што пра грамадства, якое ніколі не жыло пры сапраўдным сацыялізме, гавораць, што яно ў ім расчаравалася… Зразумела я кажу?
Андрэй. Так.
Пісьменнік. Справа не ў Марксе, а тым болын не ў Леніне. У нас заўсёды ў іхніх поглядах штосьці замоўчвалася, штосьці скажалася, штосьці забаранялася, а штосьці раздзімалася. Але заўсёды гэта рабілася так, як гэта было неабходна камусьці. Напрыклад, такім шляхам знікала розяіца паміж эксплуатацыяй і прыгнётам, паміж абагульненнем і адзяржаўленнем, піто было вельмі важна для кіруючай бюракратыі.
Андрэй. Вы лічыце, што з перабудовы нічога вартага не будзе?
Пісьменнік. Яшчэ ўчора я вам на гэта пытанне мог адказаць, а сёння… Не ведаю, як з перабудовай будзе, тут трэба ведаць дакладна, дзеля чаго яна распачата. А вось з сацыялізмам…
Андрэй. Думаеце?
Пісьменнік. І думаю, і баюся!.. Я вам вось што скажу, Андрэй Сямёнавіч. Дваццатае стагоддзе, у якім нам з вамі давялося жыць…
Андрэй. Налі ласка…
Пісьменнік (глядзіць на Андрэя). Ну ды ладна. Падмануў ён нас, дваццаты век, ва ўсім. Можна сказаць, праляцеў для чалавецтва ўпустую.
Андрэй. Ну-ну…
Пісьменнік. З’явіўся ў нас марксізм, а ў канцы веку з яго адзін пшык. Ва ўсякім выпадку – сёння марксізм пастаўлены пад сумненне. Цяпер возьмем першую сусветную вайну. Што яна дала? Кроў, смерць і Кастрычніцкую рэвалюцыю. Дык цяпер людзі схільны думаць, піто рабілі яе бальшавікі дарэмна. Другая сусветная. Дык што яна дала чалавецтву ў канчатковым выніку? Таксама акрамя крыві ды смерці… Праўда, была закрыта дарога фашызму ў свеце, але ж… і сацыялізм, бачыце, цяпер некаторыя параўноўваюць з фашызмам. Ва ўсякім разе, ва ўсходняй Еўропе яго ўжо няма. Якраз у тых краінах, якія мы ратавалі ў вайну ад фашызму. Ну, а цяпер што тычыцца атамнай энергіі. Назвалі дваццаты век атамным, а ў рэшце рэшт атрымалі Чарнобыль…
Андрэй. Куды ж далей, Павел Дзямідавіч?
Пісьменнік. У дваццаць першы век, Андрэй Сямёнавіч. Назад дарогі няма. (Маўчыць, тады пытае). А што вы нагаварылі Людміле Міхайлаўне? Ніто сказалі такое, чаго яна баіцца? Прасіла мяне па тэлефоне, каб я паглядзеў за вамі.
Андрэй. Хочаце ведаць, Павел Дзямідавіч?
Пісьменнік. Вядома…
Андрэй. Людзі кажуць, што тутэйшыя мясціны заражаны радыяцыяй з самалёта. Чулі?
Пісьменнік. Ну, чуў.
Андрэй. Дык гэта зрабіў я! Я стварыў гэтае мёртвае мора!
Пісьменнік. Пачакайце, Андрэй Сямёнавіч, штосьці не тое вы гаворыце!
Андрэй. Якраз тое!
Пісьменнік. Пачакайце, пачакайце. Нявестка ваша гаварыла… Але ж не думалася, што вас… Пастойце, пастойце, таварыш капітан…
Андрэй. Таму зразумейце, Павел Дзямідавіч, – куды мне адсюль? Тут не толькі ваш бераг, але і мой. Не памінайце хоць вы мяне злым словам!..

Павел Дзямідавіч глядзіць утрапёна на лётчыка, які прабіраецца паміж столікамі да выхаду, хоча гукнуць назад, але бяссільна апускае руку.


К А Р Ц І Н А  X I I


Гасцініца ў раённым горадзе. Павел Дзямідавіч сядзіць за сталом, корпаецца ў наперах. Стук у дзверы.

Пісьменнік. Калі ласка, заходзьце.

Заходзіць міліцыянер у афіцэрскім званні і яшчэ цывільны.

Міліцыянер. Таварыш пісьменнік, пракурор раёна прасіў вае нікуды не адлучацца з горада.
Пісьменнік. А што здарылася, што я спатрэбіўся пракурору. Што, пачаўся ўсеагульны арышт?
Міліцыянер. Вы ведаеце такога лётчыка, капітана Левановіча?
Пісьменнік. Так, гэта мей знаёмы. А што?
Міліцыянер. Яго знайшлі мёртвым.
Пісьменнік. Ах ты, гора! Бяда! Вось табе салодкае і горкае!..
Міліцыянер. Нам сказалі, што вы сустракаліся з ім. Таму… Словам…
Пісьменнік. Ах ты, гора! Ах ты, бяда!
Міліцыянер. Вы не ведаеце прычыну, чаму ён пакончыў з сабой?
Пісьменнік. Прычыну? Але пачакайце, нешта я не разумею. Андрэй Левановіч пакончыў з сабой? Але ж ці толькі ён?.. Хіба адзін ён вінаваты?!

Сноп святла выхоплівае на сцэне маленькага Андрэя Левановіча. Побач, як на вісельні, падвешаны рамкі для партрэтаў. Але саміх партрэтаў няма. Пустыя рамкі…


К А Н Е Ц  Д Р А М Ы

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”