ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ХАДЗІЛІ МЫ ПАХОДАМІ

ДРАМА Ў ДЗВЮХ ДЗЕЯХ
1994

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

  • Чалавек з бародаўкай на шчацэ той, хто выдаў сябе за царэвіча Дзімітра Іванавіча, сына Івана Грознага; у гісторыю ўвайшоў як Ілжэдзімітры Другі
  • Леў Сапега канцлер Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага
  • Гермаген патрыярх
  • Іван Балотнікаў кіраўнік антыцарскага паўстання ў Расеі
  • Багдан Саламярэцкі беларускі феадал, унук князя Івана Шаха-Саламярэцкага, уладальніка Сёмкава Гарадка і Плешчаніц, Баркалабава і Буйніч, старасты Крычаўскага
  • Хведар Піліповіч святар Баркалабаўскага і Вендаражскага прыходаў, магчыма, ён аўтар «Баркалабаўскай хронікі»
  • Юры Мнішак бацька Марыны Мнішак
  • Марына Мнішак
  • Аляксандр Рукін пад’ячы
  • Мікола Харлецкі хаўруснік Ілжэдзімітра Другога
  • Асіноўскі пісар
  • Шахаўской – рускі князь
  • Фідлер царскі медык, немец
  • Друцкі-Сакалінскі польскі князь, пасол караля
  • Багуслаў Зяновіч стараста Чачэрскі і Прапойскі
  • Рагоза ураднік Прапойскі
  • Уртаз Магмет хан Касімаўскі
  • Урусаў князь Нагайскі, забойца Ілжэдзімітра Другога
  • Кошалеў блазен
  • Шкальнік
  • Шляхцічы, баяры, вайскоўцы, ураднікі, княскія слугі, сяляне, казакі…

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

К А Р Ц I Н А  I

Маёнтак нашчадка смаленскіх Рурыкавічаў на Магілеўшчыне. Гаспадар, князь Багдан Саламярэцкі, чакае гасцей. Тут жа з ім мясцовы святар Хведар Пiлiповiч. Таксама малады кучаравы Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Пры цёплым надвор’і ён у кажуху з авечай шкуры; тварам смуглы, з вялікімі вачамі, густымі бровамі…

Саламярэцкі. Мне патрэбны не толькі настаўнік. Цяпер мне найперш неабходны пісар. Дакладней, вучоны сакратар. Яму вось дапамагаць. (Ківае на святара). Айцец Хведар кажа, што ты добра валодаеш рускай, польскай і габрэйскай мовамі?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Так, яснавяльможны пан.
Саламярэцкі. А латынню? Па латыні можаш?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. І яе разумею.
Саламярэцкі. Значыць, айцец Хведар не памыліўся? Тады яшчэ скажы адкуль габрэйскую знаеш?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Адкуль і ўсе іншыя.
Саламярэцкі. Можа, сам габрэй?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ (смяецца). Не, ваша мосць, праваслаўны. Я праваслаўны. Чаму габрэй?
Саламярэцкі. Ну… (Паціскае плячамі).
Чалавек з бародаўкай на шчацэ (смяецца). Я здагадваюся, ваша мосць. Рожай падобны да жыда?
Саламярэцк (таксама ўсміхаецца). Ну, не будзем да канца высвятляць. Важна, што мне патрэбны такі чалавек, як ты. Айцец Хведар цяпер заняты важнай справай. Таму я і захацеў бачыць цябе. Дзе маеш штодзённы прыстанак?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. У Магілёве, у Цярэшкі.
Саламярэцкі (глядзіць на святара). Хто гэта?
Пiлiповiч. Есць такі чалавек пры царкве святога Міколы. Праскуры прадае.
Саламярэцкі (да Чалавека з бародаўкай на шчацэ). А настаўнічаў дзе?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Спярша ў Шклове, вучыў там у мясцовага папа дзяцей. Пасля перайшоў у Магілеў, куды мяне запрасіў Хведар Сасіновіч. Таксама ў яго вучыў.
Саламярэцкі. А сам дзе навучыўся?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Так, дзе давялося. Я, ваша мосць, доўга жыву сярод людзей.
Саламярэцкі. Але ж сам яшчэ не вялікіх гадоў? Мала чым старэй за мяне?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ (зноў смяецца). Мне, ваша мосць, столькі гадоў, колькі патрэбна.
Саламярэцкі. Але ўсё-такі ў цябе нейкая таямніца ёсць. Слухаю вось і не зусім разумею…
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. У кожнага чалавека свая таямніца. Увогуле, чалавечае жыццё таямніца.
Саламярэцкі. Няхай так, але пашпарт свой здай. Думаю, што таямніцаў пасля гэтага паменее. Вось, яму (паказвае на Піліповіча). Будзем лічыць, што мы дамовіліся. А цяпер ты пакінь нас. Мы з айцом Хведарам яшчэ пагаворым.

Чалавек з бародаўкай на шчацэ выходзіць.

Саламярэцкі. У мяне, айцец Хведар, склалася ўражанне, што гэта звычайны бадзяга, якіх цяпер у Рэчы Паспалітай шмат развялося. Асабліва пасля нядаўняга рокашу.
Пiлiповiч. Ён таксама хадзіў у Сандамір.
Саламярэцкі. На рокаш?
Пiлiповiч. Так.
Саламярэцкі. Там зноў, кажуць, сын маскоўскага цара Грознага з’явіўся?
Пiлiповiч. Ходзяць чуткі, але наўрад ці. Многія бачылі ілжэцара ў Маскве мёртвым.
Саламярэцкі. Гэта як насланнё. Людскі погалас каго хочаш жывою вадой пакропіць.
Пiлiповiч. Але ж вы праўду сказалі гэты мае таямніцу. Мне ён выдаў яе стане царом. Але дзе і як не сказаў. Праўда, цараваць будзе ўсяго тры гады.
Саламярэцкі (усміхаючыся). Чаму толькі тры?
Пiлiповiч. На тое і таямніца, што толькі тры. Дае зразумець, што знаецца з нейкаю сілай, якая дапамагае яму прадбачыць будучае.
Саламярэцкі. Значыць, крулем хоча быць?
Пiлiповiч. Сказаў царом.
Саламярэдкі. Таксама галава ў кароне. Але няхай. Чым бы дзіця ні цешылася…
Пiлiповiч. Харошае дзіця!..
Саламярэцкі. Святы айцец сам недзе знайшоў бадзягу самому і пасвіць яго. Спадзяюся, грошы дарэмна не давядзецца плаціць?
Пiлiповiч. Як я зразумеў яго, у бібліятэцы ён таксама навучаны працаваць. Так што, ваша міласць, усё залежаць будзе ад нас з вамі.
Саламярэцкі. Я тут, як кажуць, збоку прыпёку.
Пiлiповiч. Не скажыце, ваша міласць, галоўнае фундацыя. Калі вы чакаеце свайго родзіча?
Саламярэцкі. Канцлера?
Пiлiповiч. Так, Льва Іванавіча.
Саламярэцкі. А недзе к вечару сёння. Святы айцец таксама няхай застанецца. Думаю, што ў Вендаражы справы пачакаюць?
Пiлiповiч. Куды ім падзецца!
Саламярэцкі. Дык кажаце царом прыблуда хоча быць? (Смяецца).

К А Р Ц І Н А  I I

У шкалішнай Чалавек з бародаукай на шчацэ. Заходзіць Іван Балотнікаў. Доўга азіраецца, дзе б сесці. Нарэшце бачыць Чалавека з бародаўкай на шчацэ. Сядае насупраць.

Балотнікаў. Здаецца, мы ўжо знаёмыя?
Чалавек з бародаукай на шчацэ. Як гэта?
Балотнікаў. У Сандаміры быў?
Чалавек з бародаукай на шчацэ. Я цябе не помню. Не, здаецца, не бачыў цябе.
Балотнікаў. Затое мне ты запомніўся. Асабліва твая бародаўка.
Чалавек з бародаўкай на шчацэ (усё роўна як задумваецца). А я цябе і праўда не помню. Але добра. Затое пачастую. Сёння заробак добры атрымаў. У тутэйшага пана.
Балотнікаў. Месца?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Можна сказаць, што так. Буду дапамагаць аднаму папу ў бібліятэцы.
Балотнiкаў. Валодаеш граматай?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Так. Значыць, ты толькі цяпер з Сандаміра?
Балотнікаў. Не, я ўжо даўно тут.
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. А нам адсюль няма куды спяшацца.
Балотнікаў. Хіба што. (Зноў чокаюцца кубкамі, зноў выпіваюць. Нарэшце Чалавек з бародаўкай на шчацэ працягвае). За мой хлеб-соль ды за твае пустыя кішэні ўсё-ткі можна было б не маўчаць.
Балотнікаў. Адкуль трапіў сюды? Здаецца, я ўжо гаварыў з Сандаміра. А ў Сандамір як дапяў? Вось тут якраз галоўнае, калі сапраўды хочаш чуць. Некалі я трапіў у палон да татараў. Пабыў у іх колькі гадоў, а тады апынуўся ў туркаў мяне ім прадалі мае татары. Ну, а затым пайшло адно за адным, пакуль нарэшце ў Канстанцінопалі не выкупіў мяне немец. Прывёз у Венецыю. Адтуль я і іду праз многія краіны. У Польшчы пачуў пра цара Дзімітра. Але не паспеў да яго. Забілі. А цяпер кажуць, што не, нібыта выратаваўся царэвіч, жыве то ў Сандаміры, то ў Самары ў сваёй цешчы Мнішкавай. Ну, я і падаўся туды. Прыйшоў, а там ніякага царэвіча няма, толькі бунт супроць караля віруе. Ды ты сам пра гэта ведаеш, бачыў, калі не памыляюся?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Бачыў. Але навошта табе Дзімітры Нагой?
Балотнікаў. Па-першае, там, у Расеі, засталіся мае даўжнікі, сярод якіх і тыя, хто дапамог трапіць у палон да татараў, а па-другое, проста хачу паслужыць сыну Івана Грознага, супроць Шўйскага. Не паспеў тады, дык хацеў цяпер, раз царэвіч выратаваўся.
Чалавек з бародаукай на шчацэ. Можа, не там шукаеш Дзімітра?
Балотнікаў. Як гэта?
Чалавек з бародаукай на шчацэ. Бачу, без чаркі наўрад ці паразумецца нам. Гэй (крычыць па-габрэйску Шкальніку), стары жыд, падай-тка сюды кварту. Трэба добрага чалавека пачаставаць. (Пасля да Балотнікава). Сам жа, нябось, патраціўся ў дарозе?
Балотнікаў. Так, якраз з учарашняга дня вецер свішча ў кішэнях.
Чалавек з бародаукай на шчацэ. Няблага жывеш, раз усяго з учарашняга.
Балотнікаў. Людзі добрыя хто злоты ў шапку кіне, хто талер.
Чалавек з бародаукай на шчацэ. Чую па словах, ты сам не тутэйшы, з Расеі?
Балотнікаў. Так.

Шкальнік прыносіць чатырохкутную бутэльку, мясную закуску, ставіць на стол. Чалавек з бародаўкай налівае віно ў цёмныя кубкі. Чокаецца і выпівае, выціраючы рот тыльным бокам рукі. Балотнікаў таксама бярэцца за кубак.

Чалавек з бародаукай на шчацэ. Як жа цябе зваць?
Балотнікаў. Іван Балотнікаў. А цябе?
Чалавек з бародаукай на шчацэ. У мяне што ні дзень, то новае імя. Прынамсі, у кожным новым месцы яно мяняецца.
Балотнікаў. Значыць, дарэмна высвятляць?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ (смяецца). Вось-вось! А як ты трапіў у Рэч?
Балотнікаў. Пра гэта вельмі доўгі сказ.
Чалавек з бародаукай на шчацэ. А так, што, можа, я і ёсць Дзімітры Нагой, які выратаваўся ў Маскве.
Балотнікаў. Гм, здаецца ж, не падобны.
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Адкуль табе ведаць, калі сам не бачыў?
Балотнікаў. Ну, дык бачылі людзі. Казалі, што нізкарослы, а ты вунь ледва не з каломенскую вярсту, твар нібыта чысты і круглы ў яго быў, як блін, валасы, наадварот, рудыя, а ў цябе, бачыш, галава чорная і кучаравая, так што… Не, ты да яго не падобны.
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. А дарэмна не верыш, што я Дзімітры Нагой. Што ж ты маеш рабіць далей?
Балотнікаў. Я ўжо сказаў мне трэба ў сваю дзяржаву. Тут павінна пасольства з Літвы праходзіць. Вось я і пільную яго. У такой кампаніі лягчэй будзе праз мяжу перабрацца. Ну, то, можа, яшчэ прыгубім, царскі сын? (Выпроствае руку з кубкам, каб чокнуцца).

К А Р Ц І Н А  I I I

Зноў маёнтак Багдана Саламярэцкага. На ганку малады гаспадар сустракае літоўскага канцлера Сапегу. Тут жа святар Хведар Піліповіч, Чалавек з бародаўкай на шчацэ, сяляне. Маладая дзяўчына падносіць хлеб-соль. Канцлер каштуе ад каравая, пасля падступаецца да Саламярэцкага, ляпае яго па плячы.

Сапега. Як твая маці? Дзе Ева Баркулабаўна? Чаму яе не відаць?
Саламярэцкі. Хвала богу маці жывая-здаровая. Цяпер у гасцях у маёй сястры Рэгіны ў Слоніме.
Сапега. Здаецца ж, гэта яна замужам за тамтэйшым харунжым?
Саламярэцкі. Так, ваша мосць.
Сапега. Ну-ну, вядзі ў свае палацы.

Саламярэцкі схіляе галаву, робіць жэст правай рукой на расчыненыя дзверы. Сапега, за ім два шляхцічы, а затым ужо Хведар Піліповіч праходзяць у дом.

Сапега. Уласна кажучы, я гэтага вашага набытку як след і не бачыў. На пахаванні бацькі твайго, Багдане, быў зусім мала, а так… (Азіраецца вакол сябе). Што ж, няблага, няблага. (Заўважае святара Піліповіча). Добра, што тут і айцец Хведар. (Да святара). Мне з табой, святы айцец, трэба пагаманіць.
Пiлiповiч. Да вашых паслугаў, пане канцлер.
Сапега. Ды ты не чыніся. Спадзяюся, у тваіх прыходах уніяты яшчэ не ўзялі верх?
Пiлiповiч. Хвала богу, мы тут па-ранейшаму ў трывалай праваслаўнай веры жывем.
Сапега. А то ж… Дзе-нідзе гвалтам у новую веру запісваюць. Нават бывае, што ў лёхах халопаў трымаюць. Асабліва дастаецца манахам. Хоць бы і ў Ракаве. Значыць, недарэмна мы цябе некалі пасылалі на сабор у Берасце?
Пiлiповiч. Але ж на сваім мы там, ваша мосць, не настоялі.
Сапега (акурат паблажліва). Ну, сяго-таго праваслаўныя святары ўсё-ткі дамагліся. Не трэба прыкідвацца дужа беднымі.
Пiлiповiч. На ўсё воля бога.
Сапега. Амін. А вось скажы мне, малады чалавек (звяртаецца да князя Багдана), як вы тут, лічы, на мяжы з Масковіяй, успрымаеце тамтэйшыя падзеі? Ці яшчэ да палітыкі не дапаў?
Саламярэцкі. У мяне былі добрыя настаўнікі, ваша вышэйшасць, каб не заставацца цяпер убаку ад усяго, што адбываецца навокал. Самыя ж ведаеце… Лаўрэнцій Зізаній, Максім Сматрыцкі…
Сапега. О так, настаўнікі ў цябе былі што трэба. Ды і айцец Хведар не так сабе тут.
Саламярэцкі. Ваша праўда, пане канцлер. Што ж да маскоўскіх падзеяў, дык… Словам, як я зразумеў, то шмат хто ў нашыя дні жыццё сабе псуе тым, што займеў адвагу сесці ў Крамлі на трон.
Сапега. У тым ліку і кароль Сігізмунд?
Саламярэцкі. У нас тут адзін дзяцюк таксама хваліцца, што стане царом.
Сапега. Цікава. Пакажыце мне яго.

Саламярэцкі паварочваецца, каб аддаць загад паклікаць Чалавека з бародаўкай на шчацэ. Але канцлер апярэджвае.

Сапега. Не цяпер, князь. Лепей аддай распараджэнне ўладкаваць маіх людзей. Мы найперш конна, але яж за намі ідзе абоз. Я сюды з місіяй. Дарэчы, можаш далучыцца і ты, Багдане, да яе. Вады ў Дняпры хапае?
Саламярэцкі. Куды вам уніз ці ўверх?
Сапега. Як табе сказаць?.. Галава баліць за Северскую Украіну, якая адваяваная ў Вялікага Княства. Адсюль і зважай уверх ці ўніз, як ты выслаўляешся. Ну і скаргі праваслаўных ёсць на царкоўны гвалт. Так што, будзем працаваць, князь. Вось і айцец Хведар якраз дарэчы.
Саламярэцкі. Будзем рады паслужыць вашай мосці, Леў Іванавіч. А пра ваду ў Дняпры не клапаціцеся. Паўнюткі.
Сапега. Нешта ты, князе, усё роўна як да чужога да мяне ваша мосць ды Леў Іванавіч. А я сапраўды абяцаў твайму бацьку, Багдану Іванавічу, прасачыць за табой. Службу даць.
Саламярэцкі. Служыць мне, Леў Іванавіч, здаецца, яшчэ рана.
Сапега (акурат незадаволена). Не ведаю. Мы ў свой час пачыналі служыць якраз рана. Але як знаеш, князь. (Да шляхцічаў). Вы можаце таксама, панове, на пастой уладкоўвацца. Спадзяюся, чыстыя хаты і для вас у Баркалабаве знойдуцца. А ты, князь, паклапаціся, каб знайшлі мне таго дзівака, што царом хоча стаць. А чаму раптам не каралём?

Усе разыходзяцца.

К А Р Ц І Н А  I V

Шкалішная. Чалавек з бародаўкай на шчацэ, здаецца, даўно вядзе гамонку тут са сваім знаёмцам Балотнікавым. Сёння Шкальнік ажно свеціцца ад задавальнення наведнікаў хапае, сярод іх найбольш тыя, што прыехалі сюды з канцлерам Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

Балотнікаў (ужо захмялелы). Скажы-тка мне, ілжэцарэвіч…
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Я не хачу, каб ты зваў мяне так!
Балотнікаў. Аяк жа мне яшчэ называць цябе? Дзімітры Нагой? Альбо проста пастаялец магілеўскага праскурніка Цярэшкі? Я, брат, за гэты час, як мы не бачыліся, сёе-тое ўведаў пра цябе.
Чалавек з бародаукай на шчацэ. Навошта гэтае вывіжоўванне? (Пагардліва). Таксама занятак для вартага чалавека!..
Балотнікаў. Кажаш, занятак? А я не грэбую аніякім заняткам!
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Ну, тыне надта крычы, а то вунь шляхта ўжо настаўляе вушы. (Ківае галавой на наведнікаў).
Балотнікаў. Мы можам і адрэзаць ім вушы, калі дужа цікаўныя.
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Але ж і скоры ты, рускі бадзяжка, на расправу.
Балотнікаў. Абое рабое. Ды яшчэ паглядзець трэба, хто больш зацяты бадзяжка. Але адразаць жа можна не толькі вушы. Язык таксама.
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Ты ўсё роўна як пагражаеш мне?
Балотнікаў. Не тое што…
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Ну-ну!..

Колькі часу Балотнікаў і Чалавек з бародаўкай на шчацэ сядзяць за сталом насупленыя. Шкальнік бачыць гэта, падыходзіць да іх, пра нешта перамаўляецца з Чалавекам з бародаўкай на шчацэ па-габрэйску.

Балотнікаў. Што табе жыд шэпча?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Тое, што ў цябе доўгі язык. Яго таксама можна адрэзаць.

Шкальнік адыходзіць. Пасля яго да стала набліжаецца ўзброены Шляхціч.

Шляxцiч. Хто гэта тут пагражае ензыкі ўкарачаць, пся крэў?

Абое і Чалавек з бародаўкай на шчацэ, і рускі бадзяга Балотнікаў талопяць вочы на Шляхціча, але маўчаць.

Шляxцiч. Дык хто з вас, пся крэў? (Да Шкальніка). Гэй, жыдзе! Ходзь сюды!

Але Шкальнік заняты з іншан шляхтан, таму, можа, не чуе.

Шляxцiч. О, матка боска! О, жыдзе-жыдзе, мой каханы! А вы мне каб ні слова, а то прэндко вон! (Вяртаецца да хаўруснікаў, але яшчэ і адтуль крычыць: «Пся крэў»).
Чалавек з бародаўкай на шчацэ (хітае галавой). Войска літоўскага канцлера!.. Кожны трэці паляк… ці па-польскему мувіць…
Балотнікаў. Якраз пра гэта, твая вялікасць…
Чалавек з бародаўкай на шчацэ (уладарна). Ну?!
Балотнікаў. Я пра канцлера. Чаму ён менавіта ў твайго гаспадара спыніўся?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Ніякі ён мне не гаспадар. Царскі сын не можа мець гаспадара.
Балотнікаў. Ты ўжо, бачу, нават сам пачынаеш верыць, што царскі сын. Але ўсё-ткі скажы, ілжэцар, чаму Сапега апынуўся тут, збоч галоўнай дарогі?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Ты зноў пачынаеш віжаваць? Але ж я табе не…
Балотнікаў (перапыняе). Чаму шпіёніць? Я не шпіён. Я чалавек, які мае свой інтарэс. Таму і цікаўлюся.
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Тутэйшы пан… Ну як табе сказаць? Дакладней, тутэйшы князь…
Балотнікаў. Які ён яшчэ князь? Так, княжыч, дзіцё малое!..
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Няхай сабе. Але ж у семнаццаць гадоў… Словам, тутэйшы князь-княжыч, як ты гаворыш, даводзіцца нейкім чынам сваяком канцлеру. Я таксама дакладна не ведаю. Але канцлераў брат жанаты з кімсьці з роду Саламярэцкіх. Думаю, што гэта прывяло канцлера менавіта сюды, да маладога князя. Ну а…
Балотнікаў. Ага, давай-тка вось пра гэта. Якраз…
Чалавек з бародаўкай на шчацэ (усміхаецца). Пра гэта можна толькі здагадвацца. Але ж канцлер так сабе не паедзе нават да родзічаў.
Балотнікаў. Ты ўжо сапраўды разважаеш, як чалавек уцараваны. Але паколькі ты не падобны да беглага ілжэцара, дык я і не пытаюся пра твой паход у Маскву. Хаця мне і не хапае гэтага. Уяўляеш ты цар, а я ваявода твой.
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. А яна тваім месцы спадзявання не траціў бы.

У шкалішную заходзіць Князеў чалавек. Азіраецца. Нарэшце бачыць таго, хто патрэбны яму. Падступаецца да стала, дзе сядзяць Балотнікаў і чалавек, што выдае сябе перад ім за царскага сына.

Князеў чалавек (да Чалавека з бародаўкай на шчацэ). Ледва адшукаў цябе.
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Ну так, знайшоў сякеру пад лаўкай.
Князеў чалавек. Хто ж думаў, што ты з самае раніцы ў карчму падаўся? Айцец Хведар кажа… ступай у бібліятэку, там ён, а я сюды.
Чалавек з бародаўкай на шчацэ (смяецца). Ага, проста на пах. У шкалішную ніколі сцежкі не страціш. Навошта я айцу Хведару спатрэбіўся?
Князеў чалавек. Чаму раптам айцу Хведару? (Усё роўна як пакрыўдзіўся князеў чалавек). Бяры вышэй. Здаецца, самому канцлеру.
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. От халера!
Балотнікаў. Ідзі, ідзі, ваша вялікасць. Можа, мне пасля таксама штокольвеч скажаш. Ідзі, ідзі, ваша вялікасць, я цябе тут пачакаю.

Князеў чалавек спярша недаўменна глядзіць на абодвух, тады рагоча. Шляхціч, што падыходзіў сюды, няйначай, ужо ў нястойкім стане хапаецца за шаблю: «Пся крэў!»

К А Р Ц І Н А  V

У паляўнічым пакоі княскага дома канцлер Вялікага Княства Сапега і Багдан Саламярэцкі.

Сапега. Раскажы-тка мне, князь, як жывуць твае цёткі. Марыну я неяк бачыў у Вільні. Ну, тую, што за хару
Саламярэцкі. Так, яна за Марцыянам Гурскім. А ў мяне іх (смяецца), гэтых цётак, ажно чатыры. У Рэгіны, я ўжо казаў, гасцюе цяпер маці. Алена жыве ў Віцебску, замужам за тамтэйшым падкорыем. Крыстына за князем Жыжэментам.
Сапега. Во, екалі дзед твой, калі ўцякаў сюды, да нас, і не думаў, што пачне тут гэткі магутны княскі род. Вось ты гаворыш, што нехта хоча на царскі трон. Але ж ты сам што ні на ёсць нашчадак Рурыкавічаў. Там, у Масковіі, вашы былі Шахавы. Так што…

Абое смяюцца.

Сапега. Не хочаш быць царом? Дарэмна. Вярнуў бы нашай Бацькаўшчыне Смаленск, Дарагабуж, Старадуб…
Саламярэцкі. Масква, Леў Іванавіч, мае цара.
Сапега. Шуйскага?
Саламярэцкі. Так.
Сапега. Э, гэта ненадоўга. Масква цяпер, як саспелая дуля. Трымаецца датуль, пакуль хто не страсе.
Саламярэцкі. Але ж Ілжэдзімітры не здолеў завалодаць той дуляй.
Сапега. Так, мы не даглядзелі за ім. Дазволілі змове выспець.
Саламярэцкі. Дык ён сапраўды быў «ілжэ»?
Сапега. Так.
Саламярэцкі. Але ж вы і кароль, і вы, пане канцлер, даводзілі, што ў Крамлі сеў на трон сапраўдны царскі сын.
Сапега (паціскае плячамі). Ну, малады чалавек, пра адно можна даводзіць, а пра другое дакладна ведаць.
Саламярэцкі. Няшчасная Масква. Хоць ты ідзі туды ды сапраўды абвясці сябе Рурыкавічам!..
Сапега (смяецца). Спяшайся, князь, спяшайся, а то зараз прыйдзе іншы прэтэндэнт на маскоўскі стол.


К А Р Ц І Н А  V I


Тая ж шкалішная. Балотнікаў сядзіць натапыраны за сталом. Відаць, з трывогай.
Падыходзіць Шкальнік.

Шкальнік. Бачу, чалавек у нас прышлы, з іншай дзяржавы?
Балотнікаў. Табе падалося, пане жыд.
Шкальнік. Але ж табе не падалося, што я жыд?
Балотнікаў. Што, мне не даводзілася дасюль бачыць юдава племя? За каго ты мяне ўважаеш у такім разе?
Шкальнік. Ну, пазнаць габрэя гэта не цяжкая справа. А вось вас. Вы ж аднолькавыя з выгляду: што з аднаго боку тутэйшай мяжы, што з другога.
Балотнікаў. А твой прыяцель? Хто ён, ты ўгадаў?

Шкальнік узіраецца ў рускага бадзягу: плюшчыць вочы. Балотнікаў дадае.

Балотнікаў. Ты ж па-габрэйску, як ты кажаш, з ім таксама размаўляў?
Шкальнік. О, пан дужа адукаваны. Нездарма ўзяты цяпер у князеву службу. Мне б такі гонар і такія грошы, дабрадзею.
Балотнікаў. Даўно ведаеш яго?
Шкальнік. Ды так, амаль як цябе вось, можа, трохі раней. Чаму пан пытае?
Балотнікаў. Цёмны чалавек.
Шкальнік. Хто?
Балотнікаў. Ну, твой прыяцель.
Шкальнік. А-а-а, тут увогуле мала хто светлы. Бегаюць людзі праз кардон. Ліцвіны туды, рускія адтуль. Ды і наш брат габрэй таксама. Дык адкуль пан хоча светлых мець? Кожны нешта прыхоўвае на пэўны выпадак.
Балотнікаў. А праз мяжу тут лёгка перайсці?
Шкальнік. Дзе яна ў нас, мяжа? Гэта калі што, дык трэба падавацца ў бок Амсціслава альбо за Прапойск.
Балотнікаў. Ну, там, відаць, пераходзяць мяжу, а тут змаўляюцца?
Шкальнік. Здараецца і такое. Хіба мала дзе людзі страчаюцца?
Балотнікаў. А ў цябе ў карчме?
Шкальнік. Мая карчма ўбаку ад вялікіх дарог. Тут толькі і ўсяго што вялікі маёнтак ды малады князь, няхай яму бог і надалей здароўя дае.
Балотнікаў. Што, князь хворы?
Шкальнік. Хіба ж я не магу здароваму яшчэ лепшага здароўя пажадаць? Ды, зрэшты, усе мы пад богам ходзім. Ну а калі табе іншая карчма патрэбная, ну, дзеля змовы, то гэта там. (Махае няпэўна рукой). На шклоўскай дарозе, на прапойскай. А ў нас…
Балотнікаў. Але ж вось канцлер па вашай дарозе едзе?
Шкальнік. Першай асобе ў дзяржаве не загадаеш. Для такога дарогу, калі трэба, і перанесці ў другое месца могуць. Не нам кошт.
Балотнікаў (усё роўна як падначваючы). Гэта так.
Шкальнік (няйначай, жадаючы, каб чалавек нарэшце пакінуў шкалішную). Пан не заплоціць мне?
Балотнiкаў. Ды вось чакаю. Прыйдзе зараз гэты з бародаўкай на шчацэ і заплоціць. Сам жа кажаш, што ў яго грошай шмат!
Шкальнік. Грошы то ёсць у яго, а вось ці вернецца ён сюды? Нездарма ж да канцлера павялі!..
Балотнікаў. Адкуль ведаеш, што да канцлера?
Шкальнік. А цяпер доўга ў маёнтак будуць людзей цягаць. I цёмных, і светлых. Такое ўжо не раз бывала. Ты вось таксама можаш дачакацца, што пажічуць. I паклічуць, і павядуць.
Балотнiкаў. Ну ты, жыд, не каркай. А то і праўда накаркаеш!

Чуваць, як нехта заве Шкальніка да сябе. Сцэна мяняецца.


К А Р Ц І Н А  V I I


Канцлер Сапега. Той жа паляўнічы пакой у доме князя Саламярэцкага. Прыводзяць Чалавека з бародаўкай на шчацэ.

Сапега (перш чым пачаць гаварыць, колькі часу ўглядаецца ў ягоны твар). Дык гэта ты хочаш царом стаць? А чаму тады не каралём?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ (яўна злякнуўшыся перад нахмураным позіркам канцлера). Гэта вам на мяне набрахалі, ваша ягамосць.
Сапега. Ну, можа, сабакі на цябе недзе і набрахалі, але вось айцец Хведар…
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Айцу Хведару, ваша канцлераўская вышэйшасць, таксама ніхто не забараняў выдумляць. Бывае, што мы з ім і за чарачкай сядзім. Так што…
Сапега. Але ж, бачу, птушка ты няпростая. Пеўчая. Заляцела адкуль сюды?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Я, ваша вышэйшасць, тутэйшы. Ліцвін. З рускіх. Але прозвішча свайго не памятаю, бо з дзяцінства па людзях. У людзей і грамаце навучыўся, бо даводзілася па манастырах жыць, са святымі людзьмі.
Сапега. Дык гэта там у цябе з’явілася тая думка?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ (акурат недаўменна). Якая?
Сапега. Пацараваць.
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Яж кажу, ваша вышэйшасць, што просты чалавек, ніколі да царскага роду не належаў.
Сапега. А ты ведаеш, што я павінен затрымаць цябе ў кожным выпадку і за авантурыстычныя памкненні і за ілжэцарскія выдумкі? А то сёння даром хочаш быць, заўтра каралём.
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. У мяне ж аніякіх царскіх адзнакаў!
Сапега (здзекліва). Нічога. У лёхах княскіх усё высветліцца. Вось зараз аддам туды. Там і выявяцца на круках царскія адзнакі!..
Чалавек з бародаўкай на шчацэ (ужо пэўна у адчаі). Ваша канцлерская вышэйшасць!..

Тым часам у пакой раптам заходзіць нехта з канцлерскіх службоўцаў. Ціха гаворыць яму.

Сапега (у адказ). Прапусці яго сюды. (Тады і да даўкай на шчацэ). Вымушаны прыпыніць нашу размову. Ты пачакай дзе-небудзь, затым вяртайся. Табе скажуць.

Чалавек з бародаўкай на шчацэ выходзіць.


К А Р Ц І Н А  V I I I


Адчыняюцца дзверы, заходзіць чалавек у маскоўскай вопратцы. Гэта пісар Асіноўскі, які быў накіраваны перад тым, у Маскву з асобнай місіяй. Бачыць канцлера, ледзь не ўкленчвае перад ім.

Асіноўскі. О пане! А пане мой міласцівы!
Сапега (кладзе далонямі рукі на плечы Асіноўскаму). А я ўжо, грэшны, злякнуўся быў, падумаў, што ты прапаў недзе ў дарозе ці ў рускай сталіцы.
Асіноўскі. Не, ваша міласць, я меў і адтуль прапускны ліст.
Сапега. Ну то выкладвай, што там у Маскве бачыў ці чуў?
Асіноўскі. Зараз адсапнуся.
Сапега. Можа, гукнуць, каб чарку прынеслі?
Асіноўскі. Не, ваша высокая міласць.
Сапега. Ну то дачакаемся абое абеду.
Асіноўскі (корпаецца ў вопратцы, дастае паперу). Я вось тут занатаваў сёе-тое.
Сапега. Гэта добра, дарагі. Напісанае застаецца.
Асіноўскі. Так, так, ваша яснавяльможная вышэйшасць.
Сапега. Але мы лепей з вока на вока. А гэтую паперчыну аддамо мясцоваму папу ў хроніку. Тутэйшы мой родзіч, малады князь Саламярэцкі, заказаў яму хроніку. Ну то сядай, сядай, пісар.

Абодва сядаюць на крэслы. Вядома, па чынах – спярша канцлер, пасля пісар.

Асіноўскі. Прыехаў я ў Маскву семнаццатага траўня, якраз у той дзень маскоўскія змоўшчыкі забівалі самазванца. Палякаў і нашых, ліцвінаў, таксама нямала палегла.
Сапега. Такі ўжо цяпер лёс у нас, ліцвінаў, што разам з кімсьці. I гінем разам і ў паходы разам. Не тое што раней. Пры Альгерду ці Вітаўту. Тады мы самыя па сабе былі. I справу самыя рабілі і лёсам распараджаліся. А праўда, што самазванца з гарматы выстралілі?
Асіноўскі. Так, ваша міласць. Але перад тым ён некалькі дзён ляжаў мёртвы на лобным месцы, што на галоўным маскоўскім пляцы. Гэта я сам бачыў. А ў нагах яго валяўся Басманаў. Пасля Басманава забралі адтуль родзічы, каб пахаваць. А ілжэцара, ці як яго там, закапалі ў зямлю непадалёку ад Масквы.
Сапега. Ну а пры чым тут гармата?
Асіноўскі. Дык слухайце, яснавяльможны канцлер. Справа ўся ў тым, што маскалі таксама забабонныя людзі. Якраз сады цвілі вакол. Ну і пошасць нейкая раптам напала на цвет. Пайшоў погалас, што гэта праз цара-самазванца. Нібыта ён з магілы злую сілу насылае. Выкапалі цела, спалілі і ў гармату попел зарадзілі. Пры гэтым вось і гармата, ваша міласць.
Сапега. Ну добра, урэшце, такія гісторыі заўсёды нечым падобным канчаюцца. Чаму зноў пайшлі чуткі, што Дзімітры жывы?
Асіноўскі. Рускія хоць і выбралі сабе царом Васіля Шуйскага, але некаторыя на гэтым не спыніліся. Зноў шукаюць самазванца. Асабліва шчыруюць нейкія Малчанаў і Шахаўской. Здаецца, ці не абое ў князях ходзяць.
Сапега. Я гэтых паноў ведаю. Яшчэ з мінулага свайго пасольства ў Маскву.
Асіноўскі. Хтосьці з іх украў у Крамлі дзяржаўную пячатку. Дык вось, гэты Малчанаў сам уцёк з Масквы, якраз у той час, як там рэзалі царскіх прыхільнікаў. Шахаўскому ж Шуйскi дапамог саслаў яго ваяводам у Пуціўль. Вось там, у Пуціўлі, і было абвешчана, што сын Івана Грознага жывы. Словам, вашамосць, рускім патрэбны новы самазванец.
Сапега. Жонка Мнішкава ў Сандаміры таксама спрыяе чуткам кажа, што Дзімітры выратаваўся і цяпер хаваецца недзе ў яе маёнтках. А што ў Маскве чуваць пра самога Мнішака, пра ягоную дачку?
Асіноўскі. У рускім палоне яны, канцлер.
Сапега. Шкада чалавека, асабліва ягоную дачку. Прыгожая палячка. Але такая ж авантурыстка, як і яе ілжэцар. Ды і бацька. Дык кажаш, пісар, рускім патрэбны новы самазванец?
Асіноўскі. Так, ваша міласць.
Сапега. А нам, ліцвінам, Смаленск і Северская Украіна са Старадубам і іншымі тамтэйшымі гарадамі. Значыць, Шуйскi і па-твойму сапраўды доўга ў царах не будзе?
Асіноўскі. Здаецца, так, пане канцлер.
Сапега. Але ж і новы самазванец поспех наўрад ці будзе мець. Такім чынам, нашаму каралю Сігізмунду і ягонаму сыну Уладыславу дарога ў Маскву не зачыненая. Нават без войска.
Асіноўскі. Не, пане канцлер, без войска ў Масковію падавацца нельга. Там столькі ўсялякіх шаек па дарогах ходзіць, столькі самазваных ваяводаў развялося, што лепей!.. (Махае ад сябе рукамі).
Сапега. Ну што ж, нам не прывыкаць. Хіба ж не хадзілі мы паходамі і ў горшыя часы ў розныя землі?
Асіноўскі. Хадзілі, ваша мосць.
Сапега. Дзякуй за службу, пісар. Цяпер можаш адпачыць.

Асіноўскі накіроўваецца да дзвярэй.

Сапега (ідзе следам за ім, гукае). Гэй, дзе там тутэйшы кандыдат у самазванцы? Няма? Як гэта няма? Куды ён падзеўся? Уцёк? (Стаіць, акурат разгублены, тады круціць галавой і махае рукой). Запішыце яго прыкметы, калі запомніў хто.


ДЗЕЯ ДРУГАЯ


К А Р Ц І Н А  I X


Царскія палаты. Васіль Іванавіч Шуйскi з медыкам Фідлерам.

Шуйскi (наракае, але не на хваробы). Добра ў вас, у Нямечыне. Ціха. А ў нас ужо каторы год смуты. Ні любові ў народзе, ні літасці. Не паспелі з адным самазванцам пакончыць, як пачалі шукаць наступнага. Цяпер, здаецца, у нашай дзяржаве ажно некалькі ахвочых на царскі трон. Як мухі на мёд.
Фідлер (сапе, але прыслухоўваецца вухам не толькі да царскага нутра да голасу таксама). Відаць, жаданне вялікай улады ў людзей пераважае пагрозу небяспекі, ваша царская вялікасць.
Шуйскi. Я ўжо сам гатовы адмовіцца ад гэтай улады, але ж баяры… Іх не зразумець і змовы замысліваюць, і адпускаць на спакой не адпускаюць.
Фідлер (перастае абследаваць). Нездарма ж кажуць цяжкая шапка Манамаха!..
Шуйскi. Ты хоць і немец, Фідлер, але рускую гісторыю таксама ведаеш.
Фідлер. Так, штокольвеч з яе.
Шуйскi. Але медык пры цару не толькі медык.
Фідлер. Так, так! Цар Васіль Іванавіч Шуйскi, кажуць, скупы чалавек. Вось гэтым некаторыя і незадаволеныя. Вашы баяры і стольнікі чакалі ўзнагародаў за тое, што дапамагалі вам заняць царскае месца, а вы нібыта падманулі іхныя спадзяванні.
Шуйскi. Я стары чалавек, мой добры немец, а старыя людзі сапраўды часта скупыя. Але ж трэба разумець казна пустая, месцаў надзейных з-за мяцяжоў мала. Так што, калі б і хацеў сяго-таго ўзнагародзіць, няма як.
Фідлер. Цару відней. Тым часам што да мяне, то з майго боку поўная гарантыя рускі цар у цудоўным стане. Гэта вось найперш я і сведчу перад ім.
Шуйскi. Трэба думаць, і перад народам. Народу неабходна іншы раз ведаць, што ягоны цар здаровы.
Фідлер. Здаровы, здаровы, ваша найвышэйшая вялікасць.
Шуйскi. Пакліч мне, доктар, майго чалавека, няхай дапаможа надзецца.
Фідлер. Медык Фідлер таксама не супраць паслужыць рускаму цару і ў гэтым.
Шуйскi. Ты лепей скажы мне, да чаго ты дадумаўся? Помніш нашу мінулую размову?
Фiдлер (усё адно як неахвотна). Дык…
Шуйскi. Ну і што?
Фідлер. Можна паспрабаваць. З дапамогаю добрай атруты можна зрабіць які хочаш цуд. Як кажуць, атрута лечыць і нявечыць.
Шуйскi. Гаворка ідзе пра ўвечча. Злодзей Балотнікаў для мяне цяпер самы галоўны вораг, зразумела, пасля некаторых баяраў. Вось што! Нельга дапусціць, каб ён злачынстваваў.
Фідлер. Яж кажу, ваша вялікасць, што… Ну, пра што яшчэ гаварыць?
Шуйскi. Дык бяры цяпер сто рублёў. Каня. А як зробіш справу ды вернешся ў Маскву, атрымаеш яшчэ трыста рублёў, сто сялянскіх душаў.
Фідлер. А жалаванне, мой цар? Якое пакладзеш гадавое жалаванне?
Шуйскi. Трыста рублёў на год. Але перад тым, як падавацца табе ў Калугу, хачу пачуць ад цябе клятву.
Фідлер. Мы немцы, не прывучаныя да клятваў. У нас слова гонару.
Шуйскi. А ў нас клятва. I хто яе парушыць, бог таго пакарае.
Фідлер. Я даю сваю клятву ў тым, што хачу звесці Івана Балотнікава; калі ж падману свайго гасудара, то пазбавіць мяне бог назаўсёды нябеснага жыцця; я стрымаю сваё слова і атручу злодзея Балотнікава!
Шуйскi. Ты не сумнявайся, я не паскуплюся. Вернешся з Калугі атрымаеш яшчэ да ўсяго лепшы дом, будзеш жыць як самы багаты баярын. Можаш разлічваць таксама на княскі чын. Згода?
Фідлер. А рускі цар можа баронам прызначыць?
Шуйскi. Рускі цар усё можа. Але каб злодзея Балотнікава… Словам, я больш не хачу пра яго чуць. Нож, яд… Мне ўсё адно, абы канцы ў ваду. Але перад тым грамату маю перадай, каб у Маскву да мяне ішоў. Я яго ваяводам сам пастаўлю. У той жа Калузе, калі захоча.

Фідлер выходзіць. Шуйскi застаецца сам-насам. Разважае.

Шуйскi. Усе гэтыя людзі і баяры магутныя, што прагнуць царскага месца, і чыны меншыя, якія варожыя мне па асабістых і родавых прычынах; нарэшце самыя смутнікі ніхто не можа адважыцца адкрыта выступіць супраць мяне. Гэта ўжо зразумела. Галіцын не мае аніякага права. Ды і магчымасці выставіць сябе супернікам не мае. Якое са сваіх правоў на трон ён можа абнародаваць, каб перавысіць мае? Аніякае. Таксама Міхайла Салтыкоў, князь Рубец-Масальскі, Багдан Бельскі… Я правільна зрабіў, што гэтых дваранаў разаслаў па розных гарадах. Адным часам яны і пры месцы, і ў апале… Не, Шуйскага можна скінуць з трона толькі так, як скончылі з Гадуновым… А вось злодзей Балотнікаў… З гэтым па-іншаму трэба. Хвала богу, што медык Фідлер аказаўся прадажным. А то да каго мне было б звярнуцца? Людзей вакол шмат, а даверыцца няма каму. Толькі чужому!..


К А Р Ц І Н А  X


Стан Івана Балотнікава ў Калузе. У доме, які займаюць паўстанцы пад галоўную кватэру, Балотнікаў і Шахаўской.

Балотнікаў. Калі будзе для мяне цар, князь Рыгор Пятровіч? Далей гэтак нельга. Людзі мне вераць пакуль, бо спадзяюцца, што нарэшце з’явіцца цар.
Шахаўской. Будзе табе цар, Іван Ісаевіч, будзе.
Балотнікаў. Але ж мы з табой ведаем, што Дзімітры забіты ў Маскве.
Шахаўской. Малчанаў піша з Сандаміра, што цар нібыта там.
Балотнікаў. Я ўжо амаль паўгода ваюю, і ўсё дарэмна. Без Дзімітра мне не ўзяць Масквы. Паперадзе войска мусіць ісці цар ці той, хто хоча быць царом. Тады народ пойдзе.
Шахаўской. Будзе табе цар, Ісаевіч, будзе.
Балотнікаў. За што гэта ты мяне, як халопа? Я ваявода!
Шахаўской. Ну, ваявода. Але з Чарнігава, здаецца, ідзе да нас з вялікім атрадам твой былы гаспадар Целяцеўскі. Што ты яму скажаш?
Балотнікаў. А тое, што і табе, князь. Мне патрэбны цар. Калі няма яго на самой справе, то выдумайце. Той жа Дзімітры, што забіты ў Маскве, таксама быў несапраўдны.
Шахаўской. За тым Дзімітрам легенда. Яна ў народзе жыве. Думаеш, лёгка перад народам паставіць другога Дзімітра, не падобнага да таго. Гэта трэба, каб ён і народу вось так неабходны стаў, як табе. Тады народ змоўчыць, згодзіцца нават на непадобнага. А так…
Балотнікаў. Тады няхай Малчанаў выдае сябе за Дзімітра.
Шахаўской. Малчанаў здатны чуткі распаўсюджваць, а так… Ды яго з-за польскай мяжы і не выцягнеш. Прыжыўся там у Мнішкавай жонкі. Кажуць, кабета нішто.
Балотнікаў. Кашу заварыў, а сам хаваецца. Добра што хоць пячатка царская ў цябе. Вось што, князь, калі праз некалькі дзён не знойдзецца мне Дзімітры, я сам займуся гэтай справай.
Шахаўской. Не гарачыся, ваявода, я зноў пашлю ганца да Малчанава ў Сандамір.
Балотнікаў. Я з ім сустракаўся ў Самбары.
Шахаўской. Ну і ў Самбар.
Балотнікаў (пагрозліва круціць галавой). Спяшайся, князь Рыгор Пятровіч, спяшайся.


К А Р Ц І Н А  X I


У тым жа калужскім штабе паўстанцкі ваявода Балотнікаў, князь Шахаўской і былы гаспадар Балотнікава баярын Целяцеўскі.

Целяцеўскі (працягваючы нейкую спрэчку). Ну так! А, думаеш, мне, князю і баярыну, лёгка вось гэтак разумецца са сваім халопам?
Балотнікаў. Былым, былым!
Целяцеўскі. Ну, скажам, дзеля справядлівасці, табе, Іван Ісаевіч, ніхто вольнай не даваў. Так, я блаславіў цябе выступіць за Дзімітра, гэта сапраўды так, але пра вольную гаворкі не было.
Балотнікаў. Я ўжо сабе вольную заваяваў, князь Андрэй, вось гэтай шабляй!
Шахаўской. Ну-ну, ціха, а то вы і праўда пасварыцеся, што й разняць цяжка будзе. Ты лепей раскажы, баярын, што чуў, што бачыў па дарозе ў Калугу? Няблізка ж з Чарнігава?
Целяцеўскі. Людзі чакаюць, калі зноў аб’явіцца Дзімітры.
Балотнікаў. Вось і я кажу каб змагацца з Шуйскiм, патрэбны другі цар. Клін клінам выбіваюць.
Шахауской. Малчанаў не адказвае.
Целяцеўскі. Можа, паклічам Пятра, сына Хведара Іванавіча?
Шахаўской. Я ўжо думаў пра яго. Сёе-тое нават празнаў. Гэта не сын цара Хведара. Кажуць, што ён з Мурама, сын тамтэйшага жыхара Каровіна.
Балотнікаў. Канечне, Пятра ў Дзімітра не пераробіш, але ж калі б гэты каровін сын ды сапраўды царскім сынам аказаўся…
Целяцеўскі. Ой, шмат, шмат царскіх дзяцей развялося на святой Русі! Хоць ты бяры ды лаві іх, раскінуўшы на дарогах невад!..
Шахаўской. Дзяцей царскіх на самой справе, як ты кажаш, князь Андрэй, дык іх, сапраўды, развялося ў нас занадта, а мы вось, як на тое ліха, аднаго да сябе не можам дазвацца. Тым часам цяпер, калі Васька Шуйскi пачынае актыўным быць ды войскі з Масквы да мяцежных гарадоў слаць, запаволенасць наша становіцца нарэшце вельмі небяспечнай для справы. Дзе-нідзе ўжо нам перастаюць верыць.
Балотнікаў (усё роўна як выходзячы з цяжкага роздуму). Вось што, баяры і князі!.. Вы заўсёды для сябе паратунак знойдзеце, нават калі і за мой кошт. З царом цяперашнім таксама паразуменне знойдзеце. Нездарма ён пісьмы даравальныя раз за разам шле. А вось мне дарогі назад няма. Таму дазвольце самому заняцца царом. А вы каб ні-ні!.. Зразумела?
Целяцеўскі. Так, зразумела, Іван Ісаевіч, ваявода ты наш…
Шахаўской (пасля непрацяглага маўчання). Давай, ваявода, а то і я ўжо ў Малчанаве зняверыўся. Шукай сам цара.
Балотнікаў. Тады вось што!.. Вы мяне на нейкі час пакіньце тут, панове. Для перамоваў.

Баярын Целяцеўскі і князь Шахаўской выходзяць. Балотнікаў пляскае ў далоні. У пакой заходзіць узброены казак.

Балотнікаў (да яго). Трэба знайсці пад’ячага Рукіна. Ведаеш яго? Ён недзе тут, у Калузе.
Казак. Ляксандра?
Балотнікаў. Здаецца, так. То пакліч яго. Ды хутчэй.

Казак выходзіць. Праз нейкі момант у пакой да Балотнікава, акурат з п’янай усмешкай, заходзіць пад’ячы Аляксандр Рукін.

Балотнікаў. Табе не абрыдла, дзяча, без справы шлындаць?
Рукiн. А што, Іван Ісаевіч, занятак знайшоўся?
Балотнікаў. Так. Але важны і тайны.
Рукін (з твару якога паступова сыходзіць усмешка). Што мне будзе гэта каштаваць?
Балотнікаў. Пасля нашай перамогі добрага прыходу альбо… Ну, сам, нябось, ведаеш?
Рукін (плюшчыць вочы). Ой-я-ё! Бацюхна, Іван Ісаевіч, ваявода наш праваслаўны, за што ж мне такая кара?
Балотнікаў. Не хвалюйся, дзяк, можа, нам разам вісець на перакладзіне. Хоць што я кажу?! Няйначай, мне штосьці больш жахлівае падрыхтавана. Але бліжэй да справы. Трэба табе ісці ў Літву.
Рукін. У Літву? Гэта ж за чужую мяжу!
Балотнікаў. Так, за чужую мяжу, дзяк. Да мяжы я табе добрага каня дам, а ў Літве ўжо сам не рабі промаху.
Рукiн. Слухаю, ваявода.
Балотнікаў. У беларускім горадзе Магілеве знойдзеш чалавека. Ён жыве, наколькі я помню, каля Машэкавай гары ў тамтэйшага праскурніка Цярэшкі.
Рукiн. Так і пытаць?
Балотнікаў. Так і пытай. Але каб ведаў Цярэшка той прадае ў царкве святога Міколы. Ну а калі не знойдзеш у Магілеве, то наведай Баркалабава і Вендараж. Спытаеш мясцовага папа, айца Хведара, маўляў, дзе цяпер знаходзіцца Дзімітры Нагой?
Рукін. Царэвіч?
Балотнікаў. Так, царэвіч Дзімітры, а ўжо цар. Ды глядзі, каб аб пачцівасці не забываў. Скажы: ваша царская міласць, ваявода Балотнікаў зачакаўся ў Калузе. Скажы таксама, што ваявода Балотнікаў узяў пад сябе яго царскім іменем шмат якія гарады, нямала гарадоў таксама аблажыў, а некаторыя самыя чакаюць ягоную светласць.
Рукiн. Дапусцім, я знайду царэвіча. А тады што?
Балотнікаў. Пяройдзеце нанава сюды мяжу, і няхай ён аб’яўляецца. Скажаш, рускі народ чакае яго не дачакаецца. А Васька Шуйскi ў Маскве сядзіць ды дрыжыць. На братоў ды на сваякоў спадзяецца.
Рукiн. Значыць, хутка са сваім царом будзем? А палякі? Зноў усё адда мо палякам? Яны над намі і нашай вераю ўладу будуць мець?
Балотнікаў. Наш цар праваслаўны. Я табе прыкмету пра яго скажу: вось тут, на шчацэ (паказвае рукой), бародаўка ў яго. Сам смуглы, кучаравы, падобны да жыда.
Рукiн. Цьфу, цьфу, зберажы і ўратуй нас, грэшных!
Балотнікаў (смяецца). Наперад не варта палохацца, дзяк. Ты прывядзі з Літвы мне гэтага чалавека, прывядзі. Вось як цара патрэбна! (Праводзіць рабром далоні па горле).


К А Р Ц І Н А  X I I


Царскія палаты. Шуйскi прымае паслоў ад караля Сігізмунда пана Вітоўскага, князя Друцкага-Сакалінскага.

Друцкі-сакалінскі. Наш кароль, як бачыце, вітае вашу царскую вялікасць і віншуе з выбраннем на рускае царства.
Шуйскi. Хвала богу, палякам не ўдалося надоўга пасадзіць свайго чалавека на трон у Крамлі.
Друцкі-сакалінскі. Кароль не падтрымліваў самазванца.
Шуйскi. Але ж ідуць чуткі, што новы самазванец нібыта гатовы ў вас.
Друцкі-сакалінскі. Гэта, ваша вялікасць, не каралеўская задума.
Шуйскi. Паглядзім. Але з чым вы прыехалі да нас, акрамя як павіншаваць нашу вялікасць?
Друцкі-сакалінскі. З прапановамі. Яны запісаныя ў гэты пратакол. (Бярэ скрутак з рук свайго таварыша па пасольстве). А зрэшты, сказана абвясціць вам, ваша царская міласць, вусна. Першае: абедзве дзяржавы і ваша, і наша застаюцца ў ранейшых межах; другое: Масква і Рэч Паспалітая не павінны дапамагаць ворагам адна адной. Трэцяе: рускі цар бярэ на сябе абавязак адпусціць з маскоўскай няволі сандамірскага ваяводу з дачкой і ўсіх затрыманых. Гэта папярэдне.
Шуйскi. То і я скажу папярэдне. Пры спрыяльных перамовах мы б маглі вызваліць Мнішкаў. Марыне пры гэтым будзе забаронена называцца маскоўскай царыцай. Паслоў Гансеўскага і Алясніцкага мы таксама адпусцім дамоў. Няхай сабе едуць. Што ж да іншых вашых падданых, якія падтрымлівалі самазванца, дык тут больш складана. Але няхай. Неяк вырашым і гэта. Ну а дзве першыя прапановы… Яны адпавядаюць і нашым інтарэсам.
Друцкі-сакалінскі. Дзякуй за добры прыём, ваша вялікасць.
Шуйскi. А вось маіх пасланнікаў князя Валконскага з дзякам Івановым у Рэчы Паспалітай не дужа ветліва сустракаюць. Кароль нават на абед не запрасіў.
Друцкі-Сакалінскі (сумеўшыся). Ну што!..
Шуйскi. Але затое мы з вамі сёння паабедаем, панове каралеўскія паслы. Не ведаю, хто з вас хто. З нашага боку перамовы будзе весці Тацішчаў з таварышамі.


К А Р Ц І Н А  X I I I


Беларускі горад Прапойск. Тут стараста Чачэрскі і Прапойскі Багуслаў Зяновіч Мясцовы ўраднік Рагоза прыводзіць Аляксандра Рукіна і Чалавека з бародаўкай на шчацэ.

Рагоза. Пане стараста, вось гэтыя двое падазрона круціліся каля стаіць моста цераз Проню. У нас сёлета там каранцін стаіць. Воспу не пускаюць далей у Княства.
Зяновiч. Хто такія?
Рукiн. Мы з Магілева ідзем.
Зяновiч. Куды?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ (адхіляе свайго спадарожніка). Я сваяк маскоўскага цара Дзімітра Іванавіча Андрэй Нагой.
Зяновiч. Нагой?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Так, Андрэй Андрэевіч Нагой. Хаваўся дасюль у вас ад Шуйскага, цяперашняга цара на Маскве, зараз іду ў Старадуб. А гэта мой таварыш, дзяк Рукін. Нам трэба зараз у Папову Гару.
Зяновiч. Хто можа засведчыць, што ты з роду Рурыкавічаў?
Чалавек з бародаўкай на шчацэ. Вось ён. (Паказвае на Аляксандра Рукіна).
Зяновiч. Яму такі ж давер, як і табе. Вось пасадзім вас у каталажку, заўтра ж загаворыце, як мае быць. Тады і без допыту даведаемся, хто царскага роду, хто самазванец, а хто проста злачынец.

Ураднік выводзіць зняволеных, але вяртаецца да старасты зноў.

Рагоза. Пане стараста, як бы нам не апраставалосіцца з імі?
Зяновiч. Як цябе разумець трэба, ураднік?
Рагоза. Дык жа царскі сваяк!
Зяновiч. Няйначай, хлусіць. Цяпер самазванцаў багата ў Масковіі развялося. Ды і ў нас, у Рэчы, ужо ці не аб’яўляюцца. Асабліва пасля апошняга рокашу.
Рагоза. Але ж сваяк яго нібыта выратаваўся?
Зяновіч. Я пра гэта таксама чуў. Але рускія наўрад ці памыліліся, калі забівалі Дзімітра.
Рагоза. Няхай так, аднак жа… Цяжкая гэта справа мець адносіны да царскіх таямніцаў. Сёння ты яго ў каталажку заўтра ён цябе.
Зяновіч. Ці не паслаць нам, ураднік, кур’ера да паноў-рада?
Рагоза. Калі гэта будзе, а двух чалавек карміць трэба. Дзе ў нас тыя кормныя, пане стараста?
Зяновiч. Твая праўда, ураднік.
Рагоза. Тады дайце свой дазвол, каб адпусціць іх. Няхай сабе ідуць у Масковію, абы тут, у нас, шкоды не рабілі. Я сам да мяжы суправаджаць стану. Так што, пане стараста, не сумнявайцеся.
Зяновiч (махае рукой). Ат, сем бедаў адзін адказ, ураднік! Выпускай прайдзісветаў з каталажкі. Не веру я іхнаму ніводнаму слову. А між тым штосьці за імі хаваецца. Чуе маё сэрца, чуе!


К А Р Ц І Н А  X I V


Стаўка Балотнікава ў Калузе. Тут зноў Целяцеўскі, Балотнікаў, Шахаўской.
Таксама медык Фідлер. Заходзіць Аляксандр Рукін.

Балотнікаў. З чым вярнуўся, пад’ячы?
Рукiн. Прывёў з Літвы новага ахвочага на трон.
Балотнікаў. Дзе ты яго напаткаў?
Рукiн. У вендаражскага папа.
Балотнікаў. Прыкметы ўсё тыя ж?
Рукiн. Так, ваявода, і бародаўка на шчацэ, і чупрына кучаравая, і цябе, Іван Ісаевіч, добра ведае. Але доўга давялося ўгаворваць.
Шахаўской. Якое дзіва! Дзе ж ён цяпер?
Рукін. У Старадубе. Хаваецца.
Балотнікаў. Ну вось што, пад’ячы, службу ты нам добрую саслужыў, вывеўшы цара з Літвы, ды і не толькі нам, а рускаму народу. Цяпер вяртайся ў Старадуб, няхай Дзімітры Іванавіч аб’яўляецца. Ты ж пасля скачы ў Пуціўль, таксама ў іншыя северскія гарады, распаўсюджвай гэтую вестку, маўляў, цар Дзімітры сапраўды выратаваўся.
Рукiн. А як не паверыць? Ен жа зусім не падобны да таго Дзімітра, які ўжо адзін раз цараваў у Крамлі.
Балотнікаў. Павераць! Галоўнае, што народ наш гатовы паверыць.
Рукiн (паказвае на Фідлера). А гэта хто?
Балотнікаў. Царскі медык. Прыйшоў атруціць мяне. Але прызнаўся. Цяпер нас будзе лячыць.


К А Р Ц І Н А  X V


Вільня. Канцлер Сапега сядзіць за рабочым сталом, гартае паперы. Пры ім знаёмы пісар Асіноўскі. Заходзіць Чалавек у вайсковым, няйначай, ганец.

Чалавек у Вайсковым (падае скрутак канцлеру). Ад Мсціслаўскага ваяводы Паца, пане сенатар.
Сапега (бярэ канверт). Як жа ваявода Пац маецца?
Чалавек у Вайсковым. Нішто. Здаецца, так. Прасіў кланяцца.
Сапега (чытае атрыманы рапарт і разам гаворыць). Ты сядай, харунжы, сядай. У нагах праўды ўсё-ткі няма. Асабліва гэта разумееш, калі гады пачынаюць падбірацца да старасці.
Чалавек у Вайсковым (сядае ў крэсла). Гады яшчэ не старасць, пане сенатар.
Сапега (зноў перастае чытаць). Як на нашых дарогах? Спакойна? Ты гавары, харунжы, гавары, я ўмею адным разам чытаць і слухаць.
Чалавек у Вайсковым. Ехаць можна.
Сапега. Так, у дзяржаве пасля апошняга рокашу залішне шмат вольнага люду выявілася. Быццам няма чым заняцца. У нас, у княстве, яшчэ так сабе, а што ў Польшчы робіцца?! Так што, самазванцы магчымы не толькі ў рускіх. (Кладзе на стол скрутак). Ты, харунжы, раскажы, што тут напісана? (Ківае на скрутак).
Чалавек у Вайсковым. Там жа, здаецца…
Сапега. А ты ўсё-ткі раскажы, харунжы, я за правіла сабе ўзяў выслухоўваць ганцоў пасля таго, як прачытаю данясенне. Дзе цяпер самазванец і хто ён?
Чалавек у Вайсковым. Кажуць, выйшаў адсюль, з нашай рускай Літвы. Але да таго Дзімітра, што ўжо быў царом на Маскве, нібыта не падобны.
Сапега. З апісання твайго ваяводы, сапраўды, выходзіць, што не падобны. У таго не было ні бародаўкі на шчацэ, ні кучаравых валасоў на галаве.
Чалавек у Вайсковым. Але чалавек рашучы. Не паспеў аб’явіцца, як ужо заняў Кромы. На ягоны бок перайшлі не толькі северскія гарады, аднак Уладзімір таксама, Угліч, Кастрама, Галіч, Волагда… Здаўся Суздаль, самахоць далучыўся да самазванца Пераяслаў Залескі…
Сапега. Чым жа валодае цяпер Шуйскi? Масквой?
Чалавек у Вайсковым. Выходзіць, так. Зусім без малога.
Сапега. Дык кажаш новы самазванец з бародаўкай на шчацэ і кучаравы?
Чалавек у Вайсковым. Выходзіць, так, пане сенатар.
Сапега (раздумліва, сабе). Няўжо ўсё-ткі гэта той магілеўскі бадзяга?
Чалавек у Вайсковым (насцярожана). Што, пане сенатар?
Сапега (усміхаецца). Гэта я так, харунжы. Прыгадаў сёе-тое. I які настрой людскі ў Мсціславе?
Чалавек у Вайсковым. Некаторыя падаліся цераз мяжу да самазванца.
Сапега. Вось што, харунжы. (Памаўчаў). Перадай на словах свайму дзяржаўцу, а нашаму радцу, што ў самазванцах цяпер мы не маем патрэбы. Кароль сам будзе спрабаваць скінуць Шуйскага, каб заняць руекі трон. Ну а калі не сам, дык сына Уладыслава дасць. Ужо згода ад караля атрыманая. Так што… менавіта з гэтага боку наша дапамога патрэбна будзе. Я і сам следам за каралём у Масковію рушу. Надзея на далучэнне да Вялікага Княства Смаленска і Северскай Украіны яшчэ не страчаная. Так і скажы ваяводу. Можаш вяртацца назад.

Чалавек у вайсковым ляскае ботамі, выструньваецца перад канцлерам.

Чалавек у Вайсковым. Так ёсць, пане канцлер! (Выходзіць).
Сапега (сабе). Дзіўныя справы, стваральнік мой, адбываюцца. Ну я іду паходам. Гэта зразумела усё-ткі няволя, следам за каралём. А ён, самазванец?


К А Р Ц І Н А  X V I


Вайсковы стан Ілжэдзімітра Другога пад Кромамі. Тут наш знаёмы Чалавек з бародаўкай на шчацэ Ілжэдзімітры Другі, пад’ячы Аляксандр Рукін, Мікола Харлецкі, хаўруснік самазванца; польскія і літоўекія паны, рускія дваране… Блазен Кошалеў. Самазванец ходзіць, дыктуе. Мікола Харлецкі запісвае.

Ілжэдзімітры Другі. У першы раз я з літоўскімі людзьмі Маскву ўзяў, хачу і цяпер ісці да яе з імі…

Заходзіць адзін з прыставаў.

Прыстаў. Кола сабралася, ваша царская міласць.
Ілжэдзімітры Другі. Чаго яны хочуць?
Прыстаў. Другога гетмана выбраць.
Ілжэдзімітры Другі. Зараз будзем. А ты, Рукін, збегай паглядзі, што там.

Рукін выходзіць.

Нейкі Шляхціч. За колам няма чаго глядзець!
Ілжэдзімітрьі Другі (падказвае). Ваша царская вялікасць!..
Той жа Шляхціч. Які ты нам цар? Нібыта мы ранейшага цара не бачылі!?
Нехта з рускіх дваранаў (на Шляхціча). Ты прыкусі язык, задрыпаны поляк! Не табе высвятляць, хто тут цар, а хто не.
Шляхціч (з яшчэ большай упартасцю). Вось зараз пабачым, які выгляд будзе мець яго царская вялікасць пасярод кола!
Ілжэдзімітрьі Другі (запрашае ўсіх на выхад). Хадземце, панове. А я тое ж і скажу, што раней казаў: каралём у Польшчы быць не збіраюся, бо прыродны царэвіч.

Усе выходзяць.


К А Р Ц І Н А  X V I I


Так званае шляхецкае кола, альбо казацкі круг. Тут рознае панства польскае, літоўекае, рускае… Таксама казакі з Кіеўскай Украіны.

Мікола Харлецкі. Ціха, цар гаварыць будзе!
Галасы: О пся крэў, ты па-польску, па-пальскему!
Ілжэдзімітры Другі. Будзе вам і па-пальскему, калі так хочаце!

На круг выходзіць Шляхціч.

Шляxцiч. Бачым цяпер, што ты не сапраўдны цар Дзімітры, таму што той умеў людзей рыцарскіх паважаць і прымаць, а ты не ўмееш. Раскажам усім пра тваю няўдзячнасць, будуць ведаць, што рабіць.
Ілжэдзімітры Другі. Што, хочаце, каб я за стол свой саджаў вас? Дык жа месца там мала!
Шляxцiч. Ты нас сталом сваім не папракай, самазванец!
Рукін. Знікні, польская курва!
Ілжэдзімітры Другі. Маўчы, ты не ўмееш па-іхнаму гаварыць, я сам буду.
Мікола Харлецкі (зноў крычыць). Ціха! Цар будзе гаварыць!
Галасы: Мы такім царом ср…кі свае падцяром!
Ілжэдзімітры Другі. Вы хочаце, каб я выдаў вам верных слугаў маіх, якія мяне папярэджваюць пра бяду, ніколі такога не было, каб гасудары маскоўскія верных слугаў сваіх выдавалі, і я гэтага не зраблю не толькі для вас, нават калі б і сам бог сышоў з неба і загадаў мне гэта зрабіць.
Шляхціч (які працягвае стаяць у коле). Дык чаго ты хочаш? Заставацца толькі з тымі, хто табе па кутках язычком прыслужвае, альбо з войскам, якое прыйшло здароўем і шабляю служыць? Мы зараз жа пакінем твой лагер.
Ілжэдзімітры Другі. Як сабе хочаце, трымаць я вас не буду. У мяне войска хопіць. Ваявода Балотнікаў…
Шляxцiч. Твой ваявода Балотнікаў узяты ў палон маскоўскім царом Шуйскiм і ўжо недзе, мусіць, корміць рыбак.
Ілжэдзімітры Другі. Што ты вярзеш, шляхціч?
Шляxцiч. Праўду кажу.
Ілжэдзімітры Другі. Вось я табе зараз паганы язык вырву і загадаю, каб яго ўторкнулі табе ў задніцу. Будзеш смягнуць, як парсюк з зялёнай цыбулінай.

Блазен Кошалеў пайшоў пасярод кола, паказваючы, як гэта ўсё будзе выглядаць: «Хру-хру, хру-хру!» Сёй-той з паноў засмяяўся. Самазванец выкарыстаў гэта і зноў сказаў.

Ілжэдзімітры Другі. Дзе ты чуў пра ваяводу Балотнікава?
Шляxцiч. Дык я ж толькі што з Тулы. Яе ўсю затапілі царскія майстры. Шуйскi гразіўся, што цяпер за табой чарга.
Ілжэдзімітры Другі. Шуйскаму мы таксама язык вырвем. А цяпер разыходзьцеся! Я магу пасланцоў вашых прыняць для далейшых перамоваў. Выберце самыя.
Галасы: Схапіць яго, нягодніка: прывёў нас, а цяпер волі не даеш, а пакрыкваеш!
Ілжэдзімітры Другі (здаецца, нават міралюбна). Ну-ну, разыходзьцеся.
Шляxцiч. Ты нам пра гетмана скажы!
Ілжэдзімітры Другі. Не хочаце Мехавецкага?
Галасы: Ражынскага хочам, Ражынскага!
Ілжэдзімітры Другі. Што ж, няхай будзе Ражынскі. Для мяне галоўнае, каб кот мышэй лавіў. А калі хто сумняваецца, што я не Дзімітры Іванавіч, то няхай прыходзіць, я царскія знакі пакажу.

Кола шуміць. Разыходзіцца.


К А Р Ц І Н А  X V I I I


У пакоях самазванца. Тут Ілжэдзімітры Другі і ягоны блазен Кошалеў.

Кошалеў. Чым ты, твая царская вялікасць, узнагародзіш мяне, калі ў Маскве апынешся?
Ілжэдзімітры Другі. Усе вы падобныя адзін да аднаго што баярын, што пан-шляхціч, што блазен. Усё пра ўзнагароды, усё пра ўзнагароды, быццам іншай уцехі няма для вас. Нябось, у гетмана таксама ўзнагароды выпрошваеш?
Кошалеў. Палякі на абяцанкі шчодрыя, а на злотыя… Ой скупыя!
Ілжэдзімітры Другі. Скажы мне, блазен, ты верыш, што я сапраўдны цар?
Кошалеў. Хіба ж я іначай да цябе б прыляпіўся?
Ілжэдзімітры Другі. А што царэвіч Дзімітры?
Кошалеў. Я таго, мінулага, царэвіча бачыў, калі ён адзін раз ішоў з жонкай на ютрань. Давялося бачыць і забітага, калі ляжаў на лобным месцы, дарма што ў масцы.
Ілжэдзімітры Другі. Чаму ў масцы?
Кошалеў. Гэта не майго розуму справа, але, думаю, каб пасля цябе вось абвясціць царэвічам.
Ілжэдзімітры Другі. Каму гэта спатрэбілася?
Кошалеў. Баярам, вядома ж. Так што ты, твая царская міласць, таксама баярская выдумка. Бо ў нас цяпер смутны час. Баяры ўсё могуць. Ну а палякі? Дык яны заўсёды, як галодныя ваўкі. Дзе жыўнасцю пахне, туды і бягуць.
Ілжэдзімітры Другі. Вось бачыш як жа мне царом не быць, калі ў мяне нават блазен такі разумны?
Кошалеў. Але мне блазнаваць сумна.
Ілжэдзімітры Другі. Чаму?
Кошалеў. Чуе маё сэрца: нядоўга тваёй міласці гуляць на гэтым свеце. Ты мне падабаешся. Я да гэтага блазнам у аднаго баярына быў, дык той часта біўся. Бывае, няма ахвоты жартаваць, а ён весялі! Ну і за валасы хапае…
Ілжэдзімітры Другі. Гэта з-за таго, Кошалеў, што ты філосаф. Табе трэба блазнам быць, а ты за філасофію. Вось і зараз. Але я цябе не стану біць, Сошалеў. Я жонку сваю чакаю. Паехаў па яе Рукін. Адпусцілі Марыну з маскоўскага палону.
Кошалеў. Ты пра Мнішкаву?
Ілжэдзімітры Другі. Пра каго ж яшчэ? У мяне адна жонка. Сам жа казаў, што бачыў. Праўда, прыгожая?
Кошалеў. Прыгожая сучка. А як не захоча пазнаць цябе, ваша вялікасць?
Ілжэдзімітры Другі. Ты гэта… не называй яе так.
Кошалеў. Я што? Я… Але ж гэтак на Маскве яе звалі.
Ілжэдзімітры Другі. Ну то не пры мне ж? А ты пры мне!
Кошалеў. Вінаваты, ваша царская міласць. Але праўда раптам не пазнае?
Ілжэдзімітры Другі. Яне хвалююся. Пазнае. Мне яна, бачыш, патрэбна, а ёй цяпер патрэбны я, рускі царэвіч. Дакладней, цар. Бо мяне ўжо адзін раз каранавалі. Пакліч-тка мне майго сакратара Харлецкага.

Блазен з падскокамі выбягае. Хутка прыводзіць Міколу Харлецкага.

Ілжэдзімітры Другі (да Харлецкага). Што чуваць ад гетмана?
Харлецкі. Гетман з войскам недзе ўжо каля Масквы. Есць пісьмо ад яго. Кліча нас туды. Без цара ў Маскву ўступаць нельга. Цар павінен быць на чале войска. Тады і народ паваліць.
Ілжэдзімітры Другі. Відаць, сапраўды трэба паспяшацца. А то вельмі шкадую, што прамарудзіў тады, як Іван Ісаевіч Балотнікаў, ваявода наш, у тульскім лагеры таксама дапамогі ад мяне чакаў. Цяпер Балотнікава не вернеш, думаю, што мае палякі рады ягонай смерці. Ды і ён, скажам, дурань, здаўся. Пайшоў у Шуйскага літасці прасіць. Між тым, царам нельга даваць веры. Ну ды ладна, я цябе вось дзеля чаго паклікаў.
Харлецкі. Слухаю, ваша вялікасць.
Ілжэдзімітры Другі. Трэба напісаць лісты. Адно Аляксандру Рукіну. Раз мы ўжо спатрэбіліся пад Масквой, няхай Марыну вязе туды. Другі літоўскаму канцлеру. Ен недзе каля Смаленска. Ваюе Смаленск, наш даўні літоўскі горад. Пішы яму, каб не вельмі стараўся для караля Сігізмунда і ягонага сына Уладыслава. Тыя яшчэ самыя нічога не вырашылі між сабою каму царом на Маскве быць. Дык ты, Харлецкі, і напішы Льву Іванавічу так: моў, дзеля чаго старацца, лепей памагчы літоўскім войскам мне, тады я вярну Вялікаму Княству і Смаленск, пра які пан канцлер гэтак пячэцца, і Северскую Украіну. Спадзяюся, я зразумела тлумачу?
Харлецкі. О так, ваша вялікасць!
Ілжэдзімітры Другі. Прынясеш лісты мне на подпіс.
Харлецкі. Слухаю, ваша вялікасць.
Ілжэдзімітры Другі. А мы тым часам рушым да Масквы. Трэба аблажыць яе з усіх бакоў, пакуль польскі кароль чаўпецца пад Смаленскам.
Харлецкі. Даруйце мне, царэвіч, маю забыўлівасць: нам здрадзіў Касімаўскі хан. Таксама падаўся да польскага караля.
Ілжэдзімітры Другі (амаль без цікавасці). Уртаз Магмет?
Харлецкі. Так.
Ілжэдзімітры Другі. Яму ж горай будзе.


К А Р Ц І Н А  X I X


На Маскве крычаць: «Далоў Шуйскага! Шуйскага далоў!» Зноў крычаць: «Ні самазванца, ні ляхаў!» У крамлёўскія палаты ўрываюцца баяры.

Шуйскi (грозна). Новага цара захацелі прадажныя шкуры?
Голас (з баярскага натоўпу). Ты сеў на трон без волі зямлі рускай! Не хочам цара Васіля.
Шуйскi (ужо зусім спакойна). Каго ж вы хочаце?

Адны крычаць: «Уладыслава!» Другія: «Царэвіча Дзімітрыя!» Той жа голас, што і раней: «Вінаваты ва ўсім ты! Ад цябе наша царства ў крыві і ў попеле!»

Шуйскi. Знайшоў сякеру пад лаўкай. Дык каго вы ўсё-ткі хочаце бачыць на троне? Адразу двух цароў не можа быць у Крамлі: Уладыслаў з самазванцам пагубяць Маскву. А можа, хто з вас наважыўся цараваць?

Баяры маўчаць.

Шуйскi. Вы думаеце, мне шкада аддаваць гэтае месца? Я даўно ўжо згаджаўся пакінуць яго, бо душой збалеўся, гледзячы, што адбываецца ў нашай дзяржаве. Але ж вы самыя не адпускалі!..

Зноў той жа голас: «Так мы табе і паверылі! Прытвараўся, вось што ты кожны раз рабіў, а не ад улады адмаўляўся!»

Шуйскi. Добра, прывядзіце патрыярха.
Голас (з баярскага натоўпу). Патрыярх з табой у змове!
Шуйскi. Ну вось, цяпер патрыярхам мяне папракаеце!..

Прыводзяць патрыярха Гермагена.

Гермаген. Што вы робіце, баяры ды стольнікі?! Які вам яшчэ цар патрэбны? Не бярыце дарэмны грэх на сябе. Няма паратунку там, дзе няма блаславення. Пакайцеся і разыдзіцеся! (Грукае патрыяршым посахам).
Шуйскi. Не клапаціся, уладыка. Хіба ж не бачыш яны ўсе асатанелі. (Да баяраў). Які ж лёс мяне чакае, калі адракуся?

Нарэшце адкрыта выходзіць з натоўпу адзін з баяраў.

Баярын. Возьмеш сабе як удзел Ніжні Ноўгарад. Мы захаваем жыццё табе назаўсёды. Таксама царыцы і тваім братам.
Шуйскi. Але ж паслухайце маёй парады напаследак, добрыя людзі. Не завіце больш на трон ні самазванца, ні Уладыслава. Выбірайце сабе цара, калі ўжо мяне не хочаце, усёй зямлёй. I каго бог пашле.
Гермаген. Амін!


К А Р Ц І Н А  X X


Тушына пад Масквой. Стан Ілжэдзімітра Другога. Тут самазванец, Мікола Харлецкі. Іншыя ягоныя прыхільнікі. Ледзь не ўбягае Аляксандр Рукін.

Рукiн. Ваша вялікасць, найяснейшая Марына Юр’еўна, а ваша верная супруга са сваім бацькам ужо на пад’ездзе! Загадайце сустракаць яе!
Ілжэдзімітры Другі. Страляць з усіх лагерных гарматаў у знак гэткай падзеі! Нарэшце дачакаліся!

Шляхта, прыставы, казакі сыпанулі пасля гэтых словаў вонкі.

У стане самазванца сапраўды чуюцца гарматныя стрэлы.

Ілжэдзімітры Другі (да Харлецкага). Як мне належыць сустрэць іх?
Харлецкі. Прызнацца, ваша вялікасць, не надта каб… Тут не лішні быў бы цэлы рытуал. Ва ўсякім выпадку, пры натоўпе вам з вашай супругай не варта першы раз бачыцца.
Рукiн. Гэта і не трэба будзе рабіць. Ваявода сандамірскі просіць першы аўдыенцыі.
Ілжэдзімітры другі. Што ж, няхай будзе так. Тады размясціце царыцу дзе-небудзь паблізу ў намёце.

Рукін выходзіць. Заходзіць Юры Мнішак. Пільна ўглядаецца ў самазванца.

Мнішак. Вось ты які, мой зяць!? А я сабе думаю, які ж ён, другі мой зяць?
Ілжэдзімітры Другі. Не падабаюся?
Мнішак. Я не пра тое.
Ілжэдзімітры Другі. А мы моцна ўзрадаваліся, пачуўшы пра ваш ад’езд з Масквы, бо лепей ведаць, што вы далей, але на волі, чым думаць, што блізка, ды ў палоне.
Мнішак. Вось-вось, таму ты, зяцёк, і выслаў сваіх людзей пераняць нас? Каб далёка ад цябе не апынуліся?
Ілжэдзімітры Другі. Дзе ж вас дагналі?
Мнішак. На смаленскай мяжы.
Ілжэдзімітры Другі. А што Смаленск?
Мнішак. Стаіць. Ваявода Шэйн не здае каралю.
Ілжэдзімітры Другі. I не здасць. Я вазьму Смаленск. Мне Шэйн сам здасць яго, як я спынюся ў Маскве.
Мнішак. Няхай дае бог. Але ж мы пра справу прыйшлі гаварыць.
Ілжэдзімітры Другі. Я слухаю, ваявода.
Мнішак. Дачка мая прызнае цябе, калі ты дасі зараз жа слова, што да ўзяцця Масквы будзеш жыць з ёю як брат з сястрою. Разумееш, маёй Марыне нялёгка будзе прывыкаць да чужога чалавека.
Ілжэдзімітры Другі. А калі я прымушу?
Мнішак. Прымусам нічога не зробіш, толькі насмешыш людзей, і тады ўжо канчаткова ніхто табе веры не дасць, што ты царскі сын.
Ілжэдзімітры Другі. Лічы, што ты пераканаў мяне, ваявода.
Мнішак. А цяпер, што датычыць мяне. Ты пацвярджаеш маёй уласнасцю ўсё, чым узнагародзіў мяне твой папярэднік, а мой сапраўдны зяць. Паводле дамовы з ім мне належаць княствы Смаленскае і Северскае. Ранейшай граматы дастаткова?
Ілжэдзімітры Другі. Я пацвярджаю.
Мнішак. Кляніся.
Ілжэдзімітры Другі. Клянуся.
Мнішак. Ну а цяпер скажы, зяцёк, як зваць-велічаць цябе?
Ілжэдзімітры Другі. Ваша вялікасць Дзімітры Іванавіч, сапраўдны цар ці Маскоўскі.
Мнішак. Што ж, ваша царская вялікасць, цяпер можна клікаць царыцу. Пашліце па сваю супругу.

Прыводзяць Марыну Мнішак. Колькі часу яна стаіць перад самазванцам, як здранцвелая, тады падае на калені; яна плача ці то з радасці, ці то з гора…


К А Р Ц І Н А  X X I


Літоўскі лагер канцлера Сапегі пры каралеўскай стаўцы непадалёку ад Смаленска. У Сапегі Касімаўскі хан Уртаз Магмет, які перад тым кінуўся ад Ілжэдзімітра Другога да каралевіча Уладыслава.
Сапега. Я гаварыў пра цябе каралевічу, хан.
Уртаз Магмет. Касімаўскі хан заўсёды будзе ўдзячны пану канцлеру Вялікага Княства.
Сапега. Каралевіч гатовы аддзячыць хану за службу, але пасля таго, як возьмем Маскву.
Уртаз Магмет. Касімаўекі хан будзе ўдзячны і тады.
Сапега. Ці ж даводзілася бачыць табе, хан, у стане тушынскага злодзея сандамірскага ваяводу і ягоную дачку?
Уртаз Магмет. Не, пан канцлер, я адышоў ад тушынскага злодзея, як твая міласць кажа, трохі раней, як яны з’явіліся там.
Сапега. Шкада мне маладой жанчыны.
Уртаз Магмет. Канцлер кахае Мнішкаву?
Сапега. Адкуль хан гэта ўзяў?
Уртаз Магмет. Дык усе ж лаюць яе, а вось канцлер…
Сапега. Трагічны лёс у жанчыны. Але ж свае амбіцыі ды яшчэ бацькавы. Той і з тым самазванцам гандляваўся, прадаючы дачку, і з гэтым, няйначай.
Уртаз Магмет. А як з другой маёй просьбай, пан канцлер? Мне за сына душа баліць, які застаўся з самазванцам.
Сапега. Што ж, хан, едзь, наведай свайго сына. Але глядзі не знасіць табе галавы. Самазванец здрады не даруе.
Уртаз Магмет. На маю галаву ягоныя дзве зляцяць.
Сапега. (жартуе). Тады адну прывязеш нам. А ўвогуле, заві самазванца з сабой жывога, няхай пераходзіць на бок каралевіча, як былы падданы. Скажы, што ягоны даўні знаёмы літоўскі канцлер Сапега абяцае ўсялякае садзейнічанне.
Уртаз Магмет. Не, начальнік. Ен сам хоча быць царом на Маскве.
Сапега. А ты ўсё-ткі скажы яму, хан. Няхай дамоў вяртаецца.

Уртаз Магмет кланяецца, спінай выходзіць.


К А Р Ц І Н А  X X I I


Ілжэдзімітры Другі, Марына Мнішак, князь Шахаўской, блазен Кошалеў, Аляксандр Рукін, Мікола Харлецкі… Яшчэ нейкія людзі з атачэння самазванца ў Калузе. Заходзіць князь Урусаў, начальнік татарскай аховы Ілжэдзімітра Другога.

Урусаў (да самазванца). Я прасіў цябе, ваша вялікасць, дараваць касімаўскаму хану…
Ілжэдзімітры Другі (як ускіпеў). Касімаўскі хан твой здраднік!
Урусаў. Хіба ж гэта здрада, што чалавек перастаў служыць табе, ваша царская вялікасць? Усе мы людзі вольныя, каму хочам таму і служым.
Ілжэдзімітры Другі. Я клятву з яго браў, калі прымаў да сябе ў войска!
Урусаў. Адзін клятву браў, другі клятву даваў.
Ілжэдзімітры Другі. У цябе, бачу, загаварыла татарская кроў?
Урусаў. Я хрышчоны! Сам ведаеш, ваша вялікасць.
Ілжэдзімітры Другі. Ведаю, але ж…
Шахаўской (перапыняе самазванца). Хопіць вам, а то сапраўды пасварыцеся, ды яшчэ, не дай бог, узненавідзеце адзін аднаго. (Ківае ў бок Урусава). Які тады з яго будзе начальнік аховы?
Ілжэдзімітры Другі. Добра, князь, я адыходлівы, хоць і гарачы. Умею дараваць. Касімаўскі хан няварты таго, каб нам, праваслаўным, злосць адзін на аднаго назапашваць. Ну-тка, Кошалеў, павесялі нас.

Блазен бярэ свае прычындалы, пачынае крыўляцца з імі перад самазванцам; настрой у прысутных сапраўды мяняецца.

Ілжэдзімітры Другі (да Урусава). Даўно ты, князь Пётра, абяцаў мне звазіць на паляванне. Зайцоў, нябось, цяпер шмат па азіміне корміцца?
Урусаў (схамянуўшыся). О так, ваша вялікасць. Коні гатовыя, ажно застаяліся. Можа, сёння паедзем?
Ілжэдзімітры Другі. А чаму не? Худы мір лепей за добрую сварку. Хіба не так?
Марына Мнішак (запляскала ў далоні). Так, так, ваша каралеўская вялікасць!
Ілжэдзімітры Другі. Каму што, а палякам кароль. Ты ніяк не прывыкнеш, Марына Юр’еўна, што я каралём не хачу быць. Не хачу, каб нейкі біскуп настаўляў мяне.

Усе смяюцца. У тым ліку і Марына Мнішак.

Ілжэдзімітры Другі. Дык хто са мной на паляванне? (До Марыны). Ты, канечне, з тваім цяперашнім жыватом застанешся дома. I Кошалеў застанецца з табой, каб не сумавала да нашага вяртання.
Кошалеў. Ваша вялікасць, вазьмі мяне з сабой.
Ілжэдзімітры Другі. Які з цябе паляўнічы? Кажу ж, будзеш з Марынай Юр’еўнай.
Кошалеў. Я ўсё роўна следам за вамі ўцяку адсюль.

Зноў усе смяюцца.

Марына мнішак. Вазьмі яго з сабою, цар, вазьмі.
Ілжэдзімітры Другі. Што ж, тады па конях!

Выходзяць, акрамя Марыны Мнішак.
Неўзабаве чуюцца паляўнічыя ражкі, стрэлы. Прыбягае блазен Кошалеў.
Падае перад Марынай.

Кошалеў. Матухна царыца, пашкадуй мяне, бацюхна цар забіты! Князь Урусаў падмануў, заманіў яго на паляванне ды зарэзаў!

Марына з вялікімі вачамі ўскоквае, пачынае лямантаваць. Уся Калуга прыходзіць ва ўзрушэнне ад здрадніцкага забойства. Людзі мітусяцца, крычаць і некаму пагражаюць. I ні аднаго разумнага слова!..

Голас за сцэнарі: Такім вось чынам развітаўся са сваёй марай стаць царом на Маскве гэты загадкавы ліцвін. Між іншым, ён даўно ўжо быў мёртвы, а рускія гарады ўсё працягвалі прысягаць яму.



З А С Л О Н А 

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”