ДРАМА Ў ДЗВЮХ ДЗЕЯХ
1994
Чыгуначная станцыя. Пыхкае паравоз. З вагона выходзяць пасажыры. Сярод іх – студэнт і Савіцкі ў форме армейскага паручніка.
Савіцкі (да студэнта). Дзякуй, што ўгаварылі мяне сысці тут, пан студэнт. Цікава будзе пабыць у гэтым горадзе
Студэнт. I адразу ж да нас. Думаю, што мой бацька, віцэ-губернатар, знойдзе магчымасць… (Бачыць бацьку, які набліжаецца да вагон). А вось і ён!
Віцэ-губернатар. Рашыў сам сустрэць цябе, сын. Маман трохі прыхварнула.
Студэнт. Што з ёй?
Віцэ-губернатар. Нічога сур’ёзнага. Але што там, у Пецярбургу?
Студэнт. Пецярбург, як і ўся Расія, змагаецца з урадам.
Віцэ-губернатар. Дакладней, з царом?
Студэнт. Няхай будзе з царом. Але дазволь мне пазнаёміць цябе з добрым прыяцелем маім. Сышліся і падружыліся ў цягніку. (Паказвае на Савіцкага).
Віцэ-губернатар (дружалюбна ўсміхаецца, падае руку Савіцкаму). Аляксей Панкратавіч.
Савіцкі (выструньваецца, аддае чэсць). Паручнік Тамілін. Еду з даручэннем да камандуючага Кіеўскай акругі генерала Сухамлінава.
Віцэ-губернатар. Пахвальна, паручнік, пахвальна.
Студэнт. Паручнік, папа, удзельнічаў у вайне. Быў паранены ў грудзі ў Маньчжурыі.
Віцэ-губернатар. Пахвальна, пахвальна.
Студэнт. Ну, то я і ўгаварыў яго сысці з цягніка разам са мной.
Віцэ-губернатар. А служба?
Савіцкі. У мяне запас ёсць. Якраз…
Віцэ-губернатар (перапыняе Савіцкага). Пахвальна, пахвальна. Ну што ж, прыяцелі майго сына – мае прыяцелі. Здаецца, так гавораць? Тады хадземце, нас пры выхадзе з вакзала чакае аўто.
Савіцкі (страпянуўшыся). Дазвольце адмовіцца, пан віцэ-губернатар.
Віцэ-губернатар. Чаму так?
Савіцкі. ІІрывык сам уладкоўвацца. Пасялюся ў гатэлі, схаджу ў цырульню, а тады…
Студэнт. А тады да нас. Госці збяруцца, знаёмыя.
Віцэ-губернатар. Якраз на абед. Сняданак ужо вы…
Студэнт (паспешліва). Мы паснедалі ў вагоне, папа.
Віцэ-губернатар (адыходзячы ад вагона). Ну, то і добра. Раскажы-тка мне, сын, як там у нашай сталіцы? (Бярэ сына пад руку).
Цырульня. Яўрэй схіляецца над Савіцкім. Голіць.
Цырульнік. У вас добры густ, пан паручнік. Наш гатэль лепшы ў гэтым губеранскім горадзе. А цырульня… (Паказвае рукамі сваё захапленне). Ну, што сказаць пра цырульню? Нездарма ж да мяне сюды мае звычай заходзіць сам паліцмайстар.
Савіцкі. Мне параілі вас.
Цырульнік. Хто ж, калі не сакрэт?
Савіцкі. Думаю, што вы не будзеце супраць, калі я назаву, напрыклад, вашага віцэ-губернатара.
Цырульнік. О-о, віцэ-губернатар! Віцэ-губернатар у нас… галава. Праўда, губернатар таксама… Але, кажуць, аглух.
Савіцкі (смяецца). Так, глухі губернатар, гэта ўсё роўна што…
Цырульнік. I не кажыце, пан паручнік, глухі губернатар, як вы кажаце…
Савіцкі. Так, так, глухі губернатар!.. Але ж мне гаварылі, што ваш губернатар… Дарэчы, як яго прозвішча?
Цырульнік. Дык вы не тутэйшы пан паручнік?
Савіцкі. Не, я праездам.
Цырульнік. Дык нашага губернатара, пан паручнік, завуць Хвастовым.
Савіцкі. Ага, я ўспомніў. Хвастоў. Губернатар Хвастоў.
Цырульнік. Так, так, Хвастоў!..
Савіцкі. Славутая асоба. Кажуць, дазваляе сялян, якія бунтуюць супраць памешчыкаў, караць трыццаць адной лазінай.
Цырульнік. Так, так, пан паручнік. Не трыццаццю, а трыццаць адной. На адну лазіну больш, чым у іншых губернях.
Савіцкі. Чаму ж тады не пяццюдзесяццю, не сотняй, калі ён ужо такі ў вас?
Цырульнік. О, я гэтага не ведаю, пан паручнік. Але ж вы маеце рацыю – нашых мужыкоў сякуць на адну лазіну больш, чым дзе. Ну ды ладна. Няхай яго, губернатара. Дазвольце я вас дагалю. Не пойдзеце ж вы адсюль недаголеным, раз у нас губернатар дзівак такі?
Савіцкі. Цікавы дзівак!
Цырульнік. Але давайце ж я дагалю вас. Тут ужо зусім мала засталося. (Датыкаецца брытвай да шчакі Савіцкага). Далікатная ў вас скура, пан паручнік. Не, не, вы сядзіце, не выкручвайцеся, а то, крый Бог, яшчэ і праўда парэжу. Хоць, калі ўспомніць, то вельмі даўно, ой як даўно, мая рука ў падобным граху вінавата. Не, пан паручнік, вы трапілі, скажу вам, да сапраўднага майстра. Вось зараз пераканаецеся.
Нарэшце цырульнік адводзіць руку з брытвай, адыходзіць ад крэсла, у якім сядзіць Савіцкі, глядзіць на кліента, усё роўна як захапляецца сваёй работай.
Цырульнік. «Шыпер»?
Савіцкі. Давайце «шыпер», як вы кажаце.
Цырульнік. А што, няпраўда?
Савіцкі. Я не пра гэта.
Цырульнік. А вось паліцмайстар паважае парыскія духі.
Савіцкі. Жаночы густ.
Цырульнік (пырскае з бутэлькі на твар Савіцкаму). Ваша праўда, паручнік, вы ўсё роўна як адзін мой знаёмы…
Савіцкі. Дарэчы, пра вашага знаёмага. Вы Сямёна Самуілавіча Элькінда ведаеце?
Цырульнік. Гэта што ў Мінску ці ў Гомелі?
Савіцкі. У Гомелі.
Цырульнік. У Гомелі? Ну так, якраз у Гомелі! Бо ў Мінску Элькінда завуць Саламонавічам. Дык што Элькінд?
Савіцкі. Ён і параіў зайсці да вас, як буду ў Магілёве.
Цырульнік. Я цалкам да паслугі, пан паручнік!
Савіцкі. Дык вось… Словам, у мяне клопат адзін з’явіўся. Парыкі патрэбны.
Цырульнік. Для вас, пан паручнік?
Савіцкі. Так, для мяне.
Цырульнік. Што ж, калі я здольны быў справіцца з такой далікатнай скурай, як ваша, пан паручнік, то і парык, нябось, зраблю.
Савіцкі. Не адзін.
Цырульнік. I не адзін. Але скажыце – на вас?
Савіцкі. Ну так, ва ўсякім разе, мерку здымаць давядзецца з мяне.
Цырульнік (зачыняе брытву, кладзе на палічку перад люстэркам). I яшчэ дазвольце спытаць, пан паручнік?
Савіцкі. Ну?!
Цырульнік. Парыкі будзеце заказваць розныя па колеры і па форме?
Савіцкі. Так, каб на кожны раз. Але пра гэта не варта гаварыць. Нікому не трэба ведаць пра гэта. Я вам добра плачу, вы – добра робіце. Так?
Цырульнік. О так, пан паручнік. Будзьце заспакоены. Усё будзе спокам. А тым часам вось цяпер жа і мерку здымем.
Бярэ кліента за бараду, паварочвае на святло, прыглядваецца.
У доме віцэ-губернатара. Тут – знаёмы студэнт, супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага», беларуская князёўна. Заходзіць Савіцкі ў той жа вайсковай форме.
Студэнт. Рэкамендую, шаноўнае панства. Паручнік Тамілін, герой Мукдэна і…
Савіцкі. Панове, я расчарую вас. Сапраўды, я ваяваў і японцамі, быў паранены, але ніякі не герой. Проста шычайны афіцэр расійскай арміі…
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага» (яўна спрабуючы надаць знаёмству нейкі свой сэнс, падхоплівае словы Савіцкага). …якая прайграла вайну…
Савіцкі. Можна сказаць і так. Паверце, я не з тых, хто ўпадае з гэтага поваду ў амбіцыю.
Студэнт. Панове, панове! Пан паручнік здолее прыняць удзел у нашай гаворцы, а папа мой запрасіў яго сёння на абед. Так што будзем лічыць, што ўсе мы тут сябры-таварышы.
Князёўна. Вы праездам, пан паручнік, ці служыце ў мясцовым гарнізоне?
Студэнт (апярэджвае Савіцкага). Мы з паручнікам ехалі з самога Пецярбурга.
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». Значыць, персона сталічная?
Савіцкі. Еду з даручэннем у Кіеў.
Студэнт. Да генерала Сухамлінава.
Савіцкі (нібыта ужо не слухае свайго спадарожніка). Пра што ж вы цікавае тут гаварылі, панове? (Бярэ ў князёўны руку, цалуе). Рады пазнаёміцца. (Падае руку прапольскаму эндэку). Вітаю вас, пан…
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». Вам сапраўднае прозвішча хочацца пачуць ці псеўданім?
Савіцкі. Як пажадаеце.
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». Чулі пра такі?
Савіцкі. Трапляў у Вільню. Трапляў.
Князёўна. Сядайце, пане паручнік. Дарэчы, адкуль вы родам? Ну, дзе нарадзіліся, калі не сакрэт, дзе хрысціліся? Я гэта таму, каб ведаць, ці працягваць нам далей гаворку.
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага» (амаль ці не з’едліва). Княжна мае рацыю, пане паручнік. У Расіі ўжо даўно мінулі тыя часы, калі афіцэры былі паэтамі і філосафамі.
Князёўна. Даруйце мне, пане паручнік, але я не зусім гэта хацела сказаць, і пан журналіст дарэмна бярэ на сябе цяжар удакладняць.
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». Вінаваты, княжна!
Князёўна. Але ж вы перашкодзілі паручніку адказаць на маё пытанне, панове.
Савіцкі (з усмешкай). Ну калі так… Хрысціўся ў царкве, нарадзіўся на магілёўска-чарнігаўскім прымежжы.
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». Кацап?
Савіцкі. Дваранін. Як раней гаварылі – ліцвін рускі.
Князёўна. О, нават так? Вы ведаеце, як зваліся колісь тутэйшыя людзі.
Савіцкі смяецца, разводзіць рукамі.
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». Спадзяюся, княжна задаволіла сваю цікаўнасць?
Князёўна. А вы вось паслухайце, пане паручнік, пра што мы тут гаварылі. Пан журналіст нам даводзіў, што мясцовыя людзі, гэта значыць беларусы, ці як вы назвалі іх – рускія ліцвіны, не маюць падставы да самастойнага нацыянальнага развіцця. Альбо разам з рускімі, альбо з палякамі.
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». У кожным разе, я лічыў і лічу, што развіццё тутэйшай нацыі, калі яна сапраўды існуе, само надасць ёй прапольскі характар. Успомніце старую Рэч Паспалітую. Уся гэтая тэрыторыя і тады яшчэ была тэрыторыяй польскай актыўнасці і польскай культуры.
Князёўна. Рускія ж даказваюць наадварот, моў, беларуская зямля, альбо Паўночна-Заходні край, з’яўляецца абшарам рускай культуры і рускай актыўнасці. А ў нас, у беларусаў, свой лёс. Важна сёння зразумець, што акрэсленае выяўленне нацыі адгэтуль будзе залежаць ад саміх беларусаў.
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». Але ж дзіўна, княжна, вы непрыкметна ад другіх зрабіліся апантанай краёўкай. Тым часам вашы продкі шмат паспрыялі, каб гэты край стаў тэрыторыяй польскай актыўнасці.
Князёўна. У мяне розныя продкі ёсць. Адны здраджвалі свайму народу на карысць палякаў, другія змагаліся за самастойнасць Вялікага княства!
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». Я ўсё не магу ўцяміць: і літоўцы хапаюцца за Вялікае княства, і вы, беларусы. А гледзіцё адзін на аднаго нядобра. Чаму б гэта?
Князёўна. Таму, што насталі іншыя часы. Вялікае княства адышло ў гісторыю, і літоўцы паўстаюць за сваю літоўскую нацыянальную дзяржаву.
Савіцкі (да журналіста). Да якой вы партыі належыце?
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». «Дзённік Віленьскі» заснавала Польская нацыянал-дэмакратычная партыя на Літве. Ну, на былой Літве, у межах былога Вялікага княства.
Савіцкі. I як я вас зразумеў з вашых слоў – вы, палякі, сапраўды спрабуеце скарыстаць спрыяльны момант, каб зрабіць землі былога Вялікага княства тэрыторыяй польскай актыўнасці? Вы спадзеяцеся на поспех?
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». Так.
Студэнт. Дазвольце мне далучыцца да гаворкі. Прызнацца, я, жывучы ў Пецярбургу, нават не здагадваўся пра падобныя тэндэнцыі ў мясцовых спрэчках.
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». У Пецярбургу ўсё яшчэ лічаць, што рускі дух канчаткова запаланіў імперыю? А між тым шмат хто ў гэтым краі гаворыць па-польску і ціха прыгадвае Вялікую Польшчу.
Студэнт. Людзі розныя, пане журналіст. Адны з прыхільнасцю ставяцца да былой Польшчы, другія прывыклі да Расіі. Але я не за гэтым перапыняў гаворку. Усё, пра што гаварылася тут, гэта сапраўды цікава. Тым часам хацелася б ведаць, што думае пра ўсё пан паручнік? Чалавек ён сярод нас новы і не абцяжараны рознымі хімерамі.
Савіцкі. Я – ваенны чалавек. I для мяне інтарэсы Расійскай імперыі перш за ўсё. Але калі б патрабавалася ад мяне, панове, я б узяў бок нашай дамы.
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». Але ж наша дама, даруйце, не ведае, на якім возе едзе. Дакладней, не разумее, наколькі трывалыя карані ў краёвай палітыцы, якую б можна было назваць нацыянальнай.
Савіцкі (усміхаецца). Ну, не так ужо яна і не ведае!
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». I вы, паручнік, таксама… Дарэмна спрабуеце выдаць сябе за палітыка! Не той час! Гэта – не дзевятнаццаты век.
Савіцкі. Не трэба забываць пра традыцыі, пан журналіст. Але я сапраўды цяпер вайсковы і ў палітыку ўмешвацца не збіраюся.
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». Ну, хвала Богу, хоць гэта нам тут не пагражае!
Князёўна. Не заракайцеся, пане журналіст, не заракайцеся.
Супрацоўнік «Дзённіка Віленьскага». Добра, княжна, давайце памірымся.
Князёўна. А я і не сварылася, бачыць Бог. Проста адстойвала свае думкі. Тым больш, што вось пана паручніка на свой бок завабіла. (Смяецца).
Савіцкі ўстае з крэсла, ляскае абцасамі, таксама нібыта з жартам.
Адчыняюцца дзверы. Заходзіць віцэ-губернатар.
Віцэ-губернатар. Добры дзень, панове. Прабачце, сёння я і за гаспадара, і за гаспадыню. Прыхварнула Ганна Пракопаўна. Але добра, неяк жа справімся. Заві, сын, гасцей за стол.
Усе выходзяць.
Але праз якую хвіліну-другую ўжо сядзяць у сталовай на абедзе. Тут акрамя знаёмых нам гасцей таксама віцэ-губернатаравы дзеці, двое чыноўнікаў і некалькі цывільных разам з дамамі.
Віцэ-губернатар (да князёўны). Бачу, княжна зноў у нас?
Князёўна. Так, ваша вышэйшасць. Па-першае, я люблю ваш горад, а па-другое, справы.
Віцэ-губернатар (раздумліва). М-так, справы. А як ваша даўняя задума? Ну, тая?..
Князёўна. Якраз і прыехала з гэтым.
Віцэ-губернатар (да ўсіх). Княжна апякуецца краёвай справай, панове. Праўда, у гэтай справе цяпер мала хто не зацікаўлены. Я вось і другога госця нашага, пана журналіста з Вільні, таксама чытаў. Словам, усе спрабуюць вырашыць на свой лад нацыянальнае пытанне ў Паўночна-Заходнім краі. Але княжна апантана чыста беларускай ідэяй, гэта значыць, як я разумею, стварэннем дзяржавы на тутэйшых пачатках. Хіба не так я тлумачу?
Князёўна. Бадай што так, ваша вышэйшасць. Прынамсі, я не маю чым запярэчыць вам.
Віцэ-губернатар. I вось княжна з гэтай мэтай… А зрэшты, чаму я? Лепей вы самі раскажыце, княжна.
Князёўна. Гэта ўжо і не так цікава, каб усіх далучаць да маёй справы.
Галасы за сталом: «Раскажыце, раскажыце!»
Князёўна. Такая вось ідэя выснавалася. Паколькі беларуская справа, можна сказаць, яшчэ толькі напачатку, то перш за ўсё варта думаць пра маладых людзей, якія мусяць рухаць яе. Вось я і шукаю па краі пісьменных дзявок і хлопцаў, каб скіраваць іхнія памкненні. Паненкам буду даваць багаты пасаг. Хлопцаў таксама заахвочваць. Але з умовай, што паненкі не стануць выходзіць замуж да трыццаці гадоў. Ды і хлопцам не варта заводзіць сем’і.
Адзін з гасцей. Вы ж такім чынам ператворыце іх у манахаў і манашак!
Князёўна. А й няблага было б, каб сёй-той падаўся ў манастыры. Настаў час зноў ператварыць іх у асяродкі культуры, асветы. Словам, зрабіць усё, як было.
Той жа госць. Колькі цяпер тых манастыроў! Адны руіны.
Князёўна. Яшчэ дзе-нідзе стаяць, захаваліся.
Віцэ-губернатар (няйначай, каб перавесці гаворку на іншае). А што наш герой, паручнік Тамілін?
Савіцкі. Ваша губернатарская вышэйшасць, не ўганяйце мяне ў сорам. Ніякі я не герой. Так, проста ваяваў. Але вельмі рады, што апынуўся сярод вашых гасцей. Прыемныя і разумныя людзі.
Віцэ-губернатар. Калі вы збіраецеся ў дарогу?
Савіцкі. Мабыць, заўтра.
Віцэ-губернатар. Я гэта таму, што мае вось гэтыя нашчадкі (ківае галавой на малодшых дзяцей) прасілі затрымаць вас на дзень-два, вельмі карціць ім пачуць ад вас пра японскую вайну. Вось я і падумаў, ці не папрасіць вас уважыць моладзь, якая прагне геройскіх учынкаў і таму падобнага. Дык як, паручнік?
Савіцкі. Не, ваша губернатарская вышэйшасць, трэба ехаць. Даручэнне ёсць даручэнне, а я тым часам чалавек вайсковы.
Віцэ-губернатар. Пахвальна, пахвальна. Але ж мала цяпер маладых людзей, якія здольны даваць прыклад іншым. Нам жа, старым, яны не вераць. Вось паспрабуйце, скажыце ім (зноў ківае на дзяцей), што і мы некалі былі малайцамі!..
Дзеці засмяяліся. Старэйшыя пачалі перамаўляцца адно з адным.
Віцэ-губернатар. Акрамя таго, невядома, чаго яны хочуць?! Раптам адны – за бомбы хапаюцца, другія – партыі ствараюць. (Глядзіць на Савіцкага). Добра, што армію нашу яшчэ не зусім закранула гэтая пошасць. Праўда, і ў сталіцы, ды лічы – у абедзвюх сталіцах, і ў Мінску, і ў Баранавічах, і ў нас тут, у губеранскім горадзе салдаты іншы раз спрабуюць стаць на абарону работнікаў, сялян… Але генерал Дубасаў хутка разабраўся.
Савіцкі. Кажуць, ваш губернатар таксама прыняў у экзекуцыях чынны ўдзел? Загадваў секчы не трыццаць разоў мужыкоў, а трыццаць адзін. Адну лазіну дадаваў ад сябе?
Віцэ-губернатар. Іншы раз нават гэтай, дадатковай, было мала.
Малая дзяўчынка, дачка віцэ-губернатара (з шырока расплюшчанымі вачыма). Папа, хіба ж можна гак?
Віцэ-губернатар. Даруй, Танечка. Я забыўся, што ты не вытрымліваеш такіх размоў. Але ж гэта дзядзя паручнік пачаў.
Савіцкі. Я таксама перапрашаю.
Віцэ-губернатар. Сёння, панове, губернатар зноў клікаў нас з паліцмайстарам да сябе. Дырэктар дэпартамента паліцыі пераслаў з Пецярбурга скаргі памешчыкаў трох губерняў на новыя рабункі. З’явіўся раптам нейкі Савіцкі. Здавалася, край ужо быў прыведзены да пакорлівасці, рэвалюцыянеры патроху пачалі сцішваць сваю дзейнасць, а тут нейкі Робін Гуд. Смешна, але ў нашыя дні ні ў Англіі Робін Гуд немагчымы, ні ў якой іншай еўрапейскай краіне, тым больш у Расіі.
Студэнт. Затое на нашай зямлі тут нібыта ўжо традыцыя. Дастаткова згадаць таго ж пушкінскага Дуброўскага. Той жа высакародны разбойнік з нашых мясцін. Праўда, прозвішча меў іншае. Здаецца, Астроўскі.
Віцэ-губернатар (з усмешкай). О-о, то якая даўніна ўжо! З даўніны можна ўспомніць і не аднаго Дуброўскага-Астроўскага. Але як гэты Савіцкі паспявае адным часам быць у розных месцах? Ці пад яго прозвішчам працуюць і іншыя атаманы-разбойнікі? Вось і ў лістах у дэпартамент паліцыі памешчыкі пішуць і з Чарнігаўскай губерні, і з нашай, і з Віленскай. Губернатару загадана…
Адзін з цывільных гасцей. Пан Хвастоў справіцца з Савіцкім. Кажуць, яго выключылі з рэальнага вучылішча?
Віцэ-губернатар. Так. Дадзеныя на яго дакладныя. Але няўлоўны, нягоднік. Кажуць, маці ягоная адмовілася ад нарабаваных ім грошай. Аддала царкве, каб замалілі сынавы грахі. Вось такія ў нас справы, паручнік. I нам якраз патрэбны такі вось герой, як вы, каб нарэшце злавіць Савіцкага. Жандары нашыя ды паліцэйскія вельмі ж непаваротлівыя, словам, скрозь цельпукі і недарэкі.
Савіцкі. Ен што, як і Дуброўскі, дваранін?
Віцэ-губернатар (грэбліва). Які там дваранін?! Сын дробнага павятовага чыноўніка. Але частуйцеся, дарагія госці, частуйцеся. Не часта ж сын прыязджае.
Вуліца павятовага горада. Па ёй ідзе Савіцкі ў вайсковай форме. Насустрач рухаецца карэта. З бакавога праезда выскокваюць адзін за адным двое: першы ў цывільным, другі ў жандарскай форме – акалотачны назіральнік. Чуюцца крыкі: «Лавіце, лавіце сацыліста!» Жандар цэліцца з нагана. Савіцкі кідаецца да яго, хапае за руку з наганам і адводзіць убок. Чуецца стрэл. Коні, запрэжаныя ў карэту, ад гэтага стрэлу пудзяцца, становяцца на дыбкі. Але Савіцкі паспявае і сюды: навісае на цуг, спыняе карэту. З яе выглядвае спалоханы твар маладой жанчыны. Гэта Апалінская, удава загінулага на японскай вайне капітана, мясцовая памешчыца.
Жандар накідваецца на Савіцкага.
Жандар. Ваша благароддзе! Вы што? Вы каго ўратавалі?
Савіцкі. Я вас не разумею, пан акалотачны.
Жандар (працягвае крычаць). Гэта ж Любецкі! Сацыліст!
Савіцкі. А мне адкуль ведаць?
Жандар. Вы перашкодзілі службе, паручнік! За гэта будзеце адказваць! Я зараз жа данясу пану спраўніку!
Савіцкі (даволі спакойна). Але адкуль мне было ведаць, што вы натрапілі на злачынцу? Як афіцэр, я мусіў умяшацца, каб не адбылося кровапраліцця. Хто вам дазволіў страляць у чалавека, ды яшчэ на вуліцы, паміж людзей?
Жандар (не перастае злавацца). Нам закон дазваляе рабіць гэта, пан паручнік! А вось вам давядзецца адказваць! (Накіроўвае наган на Савіцкага). Хадземце ва ўчастак.
Савіцкі (выхоплівае з кабуры браўнінг). А гэтага вам не даводзілася бачыць, пан акалотачны? Ану згінь, пакуль я!..
І тады нібыта ачомваецца маладая кабета ў карэце.
Апалінская. Як вам не сорамна, пан акалотачны? Вы што, не пазнаеце мяне? Гэты афіцэр выратаваў мне жыццё, бо яшчэ невядома, чаго б нарабілі спалоханыя коні!
Жандар. Вінаваты, ваша благароддзе пані капітанша! Але ж афіцэр перашкодзіў мне злавіць злачынцу!
Савіцкі. Не злавіць, а застрэліць! Здаецца, не адно і тое ж?
Апалінская. I праўда, як вам не сорамна, пан акалотачны? Страляць у чалавека?!
Жандар. Служба, ваша благароддзе пані капітанша! Служба дазваляе праследаваць ворагаў імперыі!
Апалінская (глядзіць на Савіцкага). Я вам вельмі ўдзячна, пан паручнік. Маё прозвішча – Апалінская. Буду рада бачыць вас у сябе.
Савіцкі ляскае абцасамі, кланяецца жанчыне, тады засоўнае браўнінг у кабуру, паварочваецца і моўчкі ідзе далей. Карэта таксама кранаецца з месца. Адзін акалотачны ўсё яшчэ стаіць, талопячы вочы ў той бок, куды знік высачаны ім «вораг імперыі».
Савіцкі і меншы ягоны брат у іхнім доме на ўскраіне павятовага горада. Гэта нават не дом – звычайная хата з бедным начыннем.
Савіцкі. Дык, кажаш, маці цяпер у манапольцы?
Меншы брат. Так, ёй там месца далі. Сядзельніцай робіць.
Савіцкі. То я схаджу туды.
Меншы брат. Навошта? Ты гэтага не рабі, Алесь. Мама не хоча, каб ты да нас прыходзіў.
Савіцкі. А дзе ж мне прыстанак знаходзіць, калі я тут бываю?
Меншы брат. Не ведаю. Але маці баіцца, што з работы прагоняць праз цябе.
Савіцкі. Ніхто яе не прагоніць. Не рашацца. А калі зачэпяць, то я не пашкадую.
Меншы брат. Гэта ты цяпер так гаворыш. А як цябе зловяць?
Савіцкі. Можаце быць спакойнымі – ніхто мяне не зловіць. Я не дамся.
Меншы брат. А як заб’юць? Усё роўна пачнуць нам помсціць. I маму з манаполькі прагоняць. Тады як ён карміць дзяцей – нас жа ў яе, акрамя цябе яшчэ чацвера.
Савіцкі. На чорта яна нам, тая манаполька. У мяне грошан поўныя кішэні. Я ж даваў маці.
Меншы брат. А яна іх у царкву адносіць.
Савіцкі. Навошта?
Меншы брат. Ну… Нібыта сам не ведаеш? Савіцкі. Тады вазьмі ты грошы.
Дастае з кішэні тоўсты пачак, падае брату, той не бярэ.
Савіцкі. Ну, як хочаш! Што ў вучылішчы? Меншы брат. У разбойнікаў гуляюць. Усе хочуць быць Савіцкім.
Савіцкі. А ты?
Меншы брат. Я? Не!.. I яны наўрад ці памелі б жаданне быць Савіцкім, каб у іх быў такі брат.
Савіцкі. Сорамна табе за мяне?
Меншы брат. Боязна.
Савіцкі. Дарэмна.
Меншы брат. Якраз не.
Савіцкі. А другія мае браты і сёстры? Як яны? Таксама баяцца?
Меншы брат. Яны яшчэ малыя. Не зусім разумеюць чаго нам праз цябе чакаць. Ты ж, кажуць, не толькі рабуеш, а і людзей забіваеш?
Савіцкі. Нікога я дарэмна не забіваю. Я баранюся. Ну а… у такой справе ўсякае здараецца. А грошы я раздаю бедным. Каму на карову, каму на каня. Удовам ад японскай вайны таксама даю. I салдаткам, і афіцэршам.
Меншы брат (паказвае на афіцэрскі мундзір, што на Савіцкім). Ты часта вось гэтак пераапранаешся? Бо гаварылі, што нядаўна цябе бачылі ў мундзіры акцызнага чыноўніка?
Савіцкі. Часта. Але я ў цябе тут да вечара пабуду. Меншы брат. Не, мама казала, каб ты не прыходзіў да нас.
Савіцкі. Куды ж мне дзецца?
Меншы брат паціскае плячамі.
Манаполька. Сёння тут няма наведнікаў. Адна сядзельніца нешта робіць за лядам. Заходзіць Савіцкі. Маці углядаецца, але не пазнае ў парыку сына. Тады Савіцкі здымае парык.
Маці. Цьфу ты, усё роўна як у чорта ператварыўся! Савіцкі. Даводзіцца мяняць аблічча. Хаваюся ад пачальства.
Маці (пахмура). Не пазнае родная маш, дык пазнаюць людзі. На гэтым таксама доўга не пратрымаешся. Чаго прыйшоў? Я ж казала – не трэба нас трывожыць! Ды і людзей не варта супраць нас злаваць. Цяпер, бачыш, у мяне работа.
Савіцкі. Ну так, як у старое жыдоўкі.
Маці. Праца хоць якая ад Бога. Але грошы нам твае не патрэбны. На іх кроў!..
Савіцкі. Няма аніякай крыві на іх. Ва усякім разе, не ад мяне яна. А вось поту людскога на іх хапае.
Маці. Што пот, што кроў – усё роўна грэх. Але я цяпер як-небудзь пракармлю дзяцей і на свае грошы. Дзякаваць Богу, добрыя людзі не пакінулі нас у бядзе. Савіцкі. Твае добрыя людзі – мае ворагі.
Маці. Няхай сабе. Але ты нам не перашкаджан жыць. Займайся сваім разбоем, а да нас не прыходзь. Я і дзецям сказала, каб яны табе гэтак гаварылі.
Савіцкі. Ты пакармі мяне, мама.
Маці. Абыдзешся!..
Савіцкі (не спяшаецца пакідаць манапольку). Чаму ты гоніш мяне, мама!
Маці. Таму што мне страшна за цябе.
Савіцкі. Тады скажы… чаму ты мяне не любіш?
Маці. Адкуль ты ўзяў?
Савіцкі. Я гэта адчуваў у дзяцінстве. Асабліва як памёр бацька.
Маці. Нічога ты не разумееш у матчынай любові! Я ўсё хацела, каб ты вывучыўся. З цяжкасцю ўдалося ўладкаваць цябе ў гарадское вучылішча. Вядома, далей вучыць цябе, мусіць, я не здолела б, але б ты сам… Мог здаць экзамены на народнага настаўніка.
Савіцкі (спрабуючы пажартаваць, каб зменшыць матчыну зацятасць). А чаму гарой за народнага настаўніка народны заступнік?
Маці. За ўвесь народ не заступішся. Але глядзі, каб гэты народ ды не выдаў цябе. Кожны чалавек нешта носіць у сабе патаемнае. I бывае – злое.
Савіцкі. Не хвалюйся. У мяне многа сяброў паўсюль.
Маці. Пабачыш, сын, некалі сябры табе скруцяць рукі, калі якая куля не дагоніць. Але ступай, сын, ідзі адсюль. Цяпер не да цябе. Ты сабе жыццё выбраў, не перашкаджай і нам жыць.
Савіцкі доўга яшчэ стаіць збянтэжаны, тады выходзіць.
Той жа горад. За Савіцкім спяшаецца чалавек, дакладней, звычайны франт у адмысловым гарнітуры. Гэта мясцовы памешчык.
Памешчык. Пан паручнік, пан паручнік!
Савіцкі спыняецца, насцярожана чакае настырнага чалавека.
Савіцкі. Чым магу служыць?
Памешчык (махае рукой). Якая служба, паручнік? Я ў захапленні. Бачыў, бачыў учора. Спрытна вы правучылі нашага жандара. Суе нос, куды захоча. Так яму і трэба! Але вас, бачу, яшчэ не затрымалі за дапамогу злачынцу?
Савіцкі. З кім маю гонар?
Памешчык. Мясцовы памешчык. У мяне тут недалёка маёнтак, а ў горадзе – дом. Так што да вашых паслуг, паручнік.
Савіцкі. Як я разумею, вы запрашаеце мяне ў госці?
Памешчык. Госці пачакаюць, паручнік. А вось у дваранскае сходзішча варта завітаць. Там сёння баль. Але дазвольце пацікавіцца ў сваю чаргу – з кім маю гонар?
Савіцкі. Паручнік Тамілін. Удзельнік вайны з японцамі.
Памешчык. О, дык вы герой!
Савіцкі. Чамусьці ўсе памяшаліся на героях? Не герой я, звычайны афіцэр, які ваяваў у Маньчжурыі.
Памешчык. Там усе былі героямі, дарэмна што генералы здрадзілі арміі.
Савіцкі. Што праўда, то праўда.
Памешчык. Дык я запрашаю вас, паручнік, у дваранскае сходзішча. Спярша пройдзем праз буфет, а потым ужо – на баль. У маім партманеце яшчэ захавалася сотня-другая. Так што – запрашаю.
Савіцкі (паказвае на афіцэрскі мундзір). На баль ды вось так? Тут без фрака…
Памешчык. Дарэмна клапоціцеся, паручнік! Мундзір героя!.. Сёння ўсе тутэйшыя дамы вашы. Дарэчы, а вы не ведаеце, каго ўчора выратавалі?
Савіцкі (смяецца). Дык там было… Словам, здаецца ж, не аднаго?..
Памешчык. Так, так! Пані Апалінская бясконца ўдзячна вам. Усё пыталася – хто вы? А я і сам не ведаю. Ды і ніхто ў нас не ведае вас.
Савіцкі. Цяпер жа вось ведаеце?
Памешчык. О, так. Цяпер так, паручнік. Але нашы павятовыя дамы будуць без розуму ад вас. Вось толькі яшчэ пройдзем праз буфет, а там… Дарэчы, пані Апалінская таксама мае дачыненне да японскай вайны.
Савіцкі. Гэта ж якім чынам?
Памешчык. Японская вайна яе зрабіла ўдавою. Муж, капітан, загінуў там. Дакладней, памёр ад раны. Але ўсё роўна герой. Так што… учора вы дапамаглі ўдаве героя і гэтым заслужылі ўсеагульнае захапленне, дарма што і акалотачны, і спраўнік недзе ў адчаі грызуць сабе пазногці. Гэта ж не жартачкі – выпусціць дзяржаўнага злачынцу? Столькі высочвалі, а цяпер?!.
Савіцкі. Дарэчы, хто ён?
Памешчык. Тутэйшы. Народны настаўнік. Але агітатар. Людзей бунтуе супраць улады. Ну ды чорт з ім, паручнік, няхай сабе лётае, як хоча. Разам з Савіцкім. Кажуць, колькі вяровачцы ні віцца… Канец будзе! Зразумела я гавару?
Савіцкі. Самым належным чынам.
Памешчык. Ну а пра Савіцкага… Дарэчы, вы праі яго чулі?
Савіцкі. Так, збольшага.
Памешчык. Мясцовы, мясцовы разбойнік. Але няхай яму моцна ікнецца. Ды і акалотачнаму са спраўнікам таксама. А нам няхай тым часам пафарціць. Можа, у карцішкі, га? (Дастае партманет). У мяне тут яшчэ сотня-другая захавалася.
Пры гэтым франт бярэ Савіцкага пад руку, вядзе да дзвярэй бліжэйшага будынка.
Картачны стол пад зялёным сукном. Адны абыватэлі гуляюць на выйгрыш, другія проста тоўпяцца вакол. Заходзяць памешчык і Савіцкі.
Памешчык (Савіцкаму). Дарэчы, забыў папярэдзіць.
Савіцкі (насцярожана). Аб чым?
Памешчык. Да гэтай маёй суседкі Апалінскай ужо каторы час заляцаецца наш Шрамчанка.
Савіцкі. А што, яна жальбы па мужу не носіць?
Памешчык. Але ж часу нямала прайшло з дня яго смерці. Так што… Але вы, паручнік, вазьміце сабе пад увагу на ўсякі выпадак такую акалічнасць. Шрамчанка таксама з вайсковых, быў нейкі час земскім начальнікам, цяпер – абвязковы член губеранскай прысутнасці. Есць такая кантора пры губеранскім праўленні. Дык гэты Шрамчанка дужа раўнівы. Горай за Атэла. Не хацеў бы я бачыць сябе ягоным сапернікам. А вы як сабе знаеце.
Савіцкі. Ці не надта сур’ёзнае значэнне надаеце вы ўсяму гэтаму?
Памешчык (смяецца). Мая справа папярэдзіць.
Пакуль за сталом не скончана партыя, нашы знаёмыя далучаюцца да цікаўных, каб паназіраць за гульнёй.
Адзін з ігракоў, чалавек, можна сказаць, пажылы, тым часам тасуе карты, пачынае з усмешкай расказваць: «Дык вось, панове, калі дазволіце? Кхмэ, а вам не надакучылі гэтыя байкі?» – «Не, не, пане акцызны, раскажыце», – падахвочваюць яго прысутныя. «Дык я пря нашага спраўніка. Бадай, няма, панове, другога іншага чалавека, які б гэтак узненавідзеў Савіцкага. (Раздае карты) З другога боку, як яму любіць разбойніка, калі і служба вымагае ненавідзець, і асабістае. Перад тым, як абрабаваць прыстава, Савіцкі пісьмо прыслаў яму. Моў, пане спраўнік, падрыхтуй дзве тысячы рублёў на пародную справу, а я неяк зазірну да вас і забяру грошы. Народ цяпер нельмі вялікую патрэбу мае ў іх. Спраўнік прачытаў пісьмо, а сабе падумаў: «Прыходзь, тут мы цябе, галубочка, і схопім». Ну і… Але нічога разумнейшага не прыдумаў, як жандара пасадзіць у сваёй кватэры. А Савіцкі тым часам таксама прыходзіць у жандарскай форме, кажа нашаму жандару: «Збегай па спраўніка, моў, начальства хоча бачыць яго». Ну, дурны жандар і панёсся ва ўчастак, каб паведаміць спраўніку. А Савіцкі да спраўнічыхі: «Дзе ў вас грошы? Я Савіцкі». Можаце ўявіць сабе, панове, пакуль спраўнік дамоў вярнуўся ў суправаджэнні таго ж жандара, Савіцкага і след прастыў. Кхмэ, га-га!..»
Сёй-той з прысутных таксама шчыра смяецца.
Заходзіць Шрамчанка.
Шрамчанка. Вы ўсё яшчэ пра Савіцкага, панове?
Той жа пажылы пан. Самая пікантная тэма цяпер для нашага горада, пан абавязковы член губеранскай прысутнасці.
Шрамчанка. Ды годзе, годзе, панове! З гэтай аблачыны скорай хмурынкі не стане. Так што… А Савіцкі, панове, звычайны малады рамантык. Ці, можа, чалавек, які няправільна зразумеў рамантыку. Цяпер гэта скрозь назіраецца. А чаму экспрапрыяцыяй займаецца? Таксама паддаецца тлумачэнню. У наш час шмат хто займаецца грабяжом – і цэлыя партыі, і асобныя людзі. Адны рабуюць пошту, другія банкі, а трэція багатых людзей. I ўсё нібыта на рэвалюцыю, на народную справу… Так што, панове, нічога дзіўнага і з гэтым нашым так званым экспрапрыятарам Савіцкім.
Пажылы пан, якога хтосьці назваў акцызным. У вас усё выходзіць дужа проста, пане абавязковы член. А вось чаму такія маладыя людзі, як Савіцкі, становяцца на разбойны шлях?
Шрамчанка. Я ж кажу, пане акцызны, праз няправільна зразумелую рамантыку, якая наогул уласціва моладзі. Асабліва ў рэвалюцыйны час.
Пажылы пан. А сацыяльныя прычыны? Як вы гэтакую акалічнасць патлумачыце, пане Шрамчанка?
Шрамчанка. Ну, нейкі штуршок для крыўды заўсёды знойдзецца, панове. Але не кожны нават праз сацыяльную крыўду ператворыцца ў зацятага злодзея. Усе гэтыя эсэры, эрсэдэрэпаўцы, экспрапрыятары, атаманы-народныя заступнікі не разумеюць таго, што іхняя дзейнасць у канчатковым выніку дорага абыходзіцца пароду.
Мясцовы памешчык. Пан Шрамчанка, а вы… да вас яшчэ не заглядаў Савіцкі?
Шрамчанка. Паспрабаваў бы! У мяне ахова моцная! Я сам наймаю людзей для гэтага, не горшых разбойнікаў за Савіцкага!
Прысутныя смяюцца.
Мясцовы памешчык. У такім выпадку, пане Шрамчанка, дазвольце пазнаёміць вас з паручнікам. (Ківае на Савіцкага). Герой японскай вайны. Дарэчы, гэта ён учора выратаваў пані Апалінскую, калі пасля жандарскага стрэлу ўпудзіліся ейныя коні.
Шрамчанка. Пані Апалінскую выратаваў, а дзяржаўнаму злачынцу дапамог збегчы? Ды ладна, што ўжо там! Гэта паліцэйская справа, а я цяпер нават не земскі начальнік. Рад бачыць вас, паручнік.
Савіцкі ківае ў адказ.
Мясцовы памешчык. Але ж ці не сесці і мне за карты. (Дастае партманет). Тут яшчэ засталося сотняў колькі. Дазвольце, панове?
Чуюцца галася: «Калі ласка, калі ласка!»
Мясцовы памешчык. А вы, паручнік? Савіцкі. Калі панства нічога не мае супраць?
Зноў чуюцца галасы: «Калі ласка, калі ласка!».
За сталом мяняюцца ігракі. Мясцовы памешчык з Савіцкім таксама сядаюць за карты. Шрамчанка выходзіць. Але перад тым кідае: «Жадаю ўдачы вам, паручнік, ды не дужа баўцеся тут. Баль ужо нібы ў разгары».
Мясцовы памешчык (пацірае рукі). Раз на тое пайшло, панове, клічце сюды талковага банкаўшчыка. Хопіць саматужніцтвам займацца.
Карты пераходзяць да банкаўшчыка.
Банкаўшчык. Пачынаем! Здаю! Вам карта… вам карта… вам… Але ж гэта немагчыма, каб нейкі хлапчук… Даруйце, у банку сто рублёў.
Мясцовы памешчык. Я з вамі нязгодны, шаноўны.
Банкаўшчык. Наконт стаўкі ў банку?
Мясцовы памешчык. Не, пра маладога чалавека… ці як вы кажаце – хлапчука.
Банкаўшчык. Але ж гэта проста абуральна, што паліцыя дасюль… Вы разумееце – гэта ж скандал!
Мясцовы памешчык. Ды яшчэ які! Але ж я прайграўся!..
Банкаўшчык. Зусім?
Мясцовы памешчык. Не, яшчэ ёсць сёе-тое ў гэтым партманеце…
Банкаўшчык. Трымайце карту. Вам таксама… і вам… і вам… Ну, панове!
Ідзе гульня.
Мясцовы памешчык. Але ж сёння штосьці не шанцуе. Не тая карта. Затое вам, паручнік, фарціць. Няйначай, вы будзеце ў выйгрышы. Можна сказаць, вязе некаторым у дарозе.
Савіцкі. У дарозе лішняя сотня ніколі лішняй не бывае.
I як толькі на стале вырастае грашовая горка, Савіцкі дастае і кабуры браўнінг.
Савіцкі. Рукі на стол, панове! Я – Савіцкі! (Забірае найграныя грошы, рассоўвае іх па кішэнях). Але ж мне гэтай сумы сёння мала. Так што, панове, кладзіце на стол таксама свае партманеты. Здаецца, у вас яны яшчэ тоўстыя? Хутчэй, панове!
Прысутныя сядзяць і стаяць як зачараваныя.
На стол тым часам падаюць кашалькі. Савіцкі спаражняе іх, бярэ і грошы.
Савіцкі (да мясцовага памешчыка). Колькі вы прайгралі?
Мясцовы памешчык. Чатыры сотні, пане разбойнік. (Спахапіўшыся). Пане Савіцкі.
Савіцкі. Вось вам вашы чатырыста рублёў. Я вяртаю іх вам. Гэта вам на гарэлку. I на той пачастунак, які застаецца за вамі. Спадзяюся, мы ячшэ сустрэнемся? А вы, панове, каб ні гу-гу. Забаўляйцеся тут сабе, але шуму не рабіце. Бо я сёння нясхільны жартаваць. Бывайце! Да сустрэчы!
Савіцкі выходзіць. Мясцовы памешчык пачынае рагатаць. За ім – астатнія, але змушана.
Ганак сялянскай хаты, стаіць кабета. Адчыняюцца весніцы. На двор заходзіць гаспадар – селянін Нябера, нясе рыбу на лазіне.
Нябера (усё роўна як злуючыся). Прападзі яна пропадам гэтая рыба! Не столькі зловіш, колькі намочышся!
Кабета. Хочаш, каб па вадзе хадзіць і не намачыцца?
Нябера. Нічога я не хачу! Але вось бачыш – не ловіцца!
Кабета. Добраму рыбаку, нябось, ловіцца. А такому, як ты!..
Нябера. Пабурчы, пабурчы!..
Кабета. Але ж цябе тым часам чалавек чакае.
Нябера. Дзе?
Кабета. Ды ў хаце!
Нябера. Што за чалавек?
Кабета. Ідзі ды спытай. Адкуль жа мне ведаць?
У хаце ў прасценку паміж вокнамі сядзіць Савіцкі ў суконным касцюме цывільнага пакрою. Падобна, што спіць. На крокі Няберы ён ажывае, але па-ранейшаму не кратаецца. Нябера кладзе на край лаўкі рыбу ў вясле.
Нябера. Каго Бог паслаў нам?
Савіцкі. Хіба не пазнаеце, дзядзька Нябера?
Нябера. Нешта не пазнаю. Але пастой, пастой. Ці ж гэта ты не студэнт Савіцкі? А я толькі што ўспамінаў цябе на рацэ. Вось каму плыла ў рукі рыба, дык гэта табе. Помніш, як аднаго разу ўвесну з гарадской кампаніяй быў у нас?
Савіцкі. Помню, помню, дзядзька Нябера.
Нябера. Спрытна ты тады цягаў балабак з пячурак. Таму я сёння й падумаў на гэтай рыбалцы маёй. Ды й рыбы, здаецца, паменела, як тады было, ужо не пракормішся адной. Пастой, пастой, а ты часам не той Савіцкі, пра ягога народ гаворыць?
Савіцкі. Той.
Нябера (з радасцю). Ну вось, а кажуць – гара з гарой! Дай-тка я на цябе пагляджу, пан разбойнік.
Савіцкі (прастадушна). Глядзі, дзівіся.
Нябера. А я ўсё думаю, ці не той гэта Савіцкі, што некалі лавіў тут балабак. Чаго ж да нас?
Савіцкі. Блізка тут, вось і зазірнуў. Мне цяпер лішняя вярста нічога не варта. Дай, думаю, адпачну ў свайго колішняга знаёмага. Не баішся прымаць разбойніка, як ты кажаш?
Нябера. Ды я гэта так, а вось… Ну ды ладна, ці мала як хто каго кліча. Ну, абмовіўся, што назваў цябе разбойнікам. Дык як правільна называць цябе, пан студэнт?
Савіцкі (усміхаецца). Вось так і называй – пан студэнт, хоць я і не быў студэнтам. А цяпер кожнага дня новы выгляд маю.
Нябера. Як я разумею, то і пакарміць цябе трэба? Бачыш, як ведаў. На рыбу схадзіў. (Гукае праз адчыненыя дзверы). Гэй, Васіліса, хадзі ўжо ў хату. Рыбу смажыць будзем. Бачыш – госць?
Заходзіць тая ж кабета, што на ганку стаяла.
Кабета. Смажыць рыбу не тое, што чысціць.
Нябера. Ну, ты моцна не хвалюйся, калі так. Зараз вось і пачысцім у два ножычкі. Як Алесь, не баіцеся вантробамі запэцкаць рукі?
Савіцкі. Давайце нож, дзядзька Нябера. (Скідвае з сябе пінжак).
Кабета. Я за пералазам цяпло распалю?
Нябера. А як сабе хочаш.
Бярэ ў шкапчыку, што вісіць на тыльным куце, нажы – сабе і Савіцкаму. Пачынаюць рыхтаваць для патэльні рыбу. Кабета выходзіць.
Нябера (пасля нейкага маўчання). Гэта ты добра зрабіў, студэнт, што прыйшоў да нас. Прызнацца, я нават думаў – некалі ж усё роўна прыйдзе Алесь, калі гэта ён разбойнік Савіцкі!
Абодва смяюцца.
Нябера. Ты не зважай. Але скажы – не абрыдла бадзяцца?
Савіцкі (даверліва). Прывык.
Нябера. Ты адпачні. Пажыві ў мяне на гумне, а то й тут, у хаце, балазе яна наводшыбе. Чужое вока наўрад ці перашкодзіць. Хіба сам будзеш не дужа таіцца.
Савіцкі. Няма калі, дзядзька Нябера. К вечару мне трэба да аднаго памешчыка наведацца. А перад тым – чалавека сустрэць, дамовіліся сысціся якраз у вашым лесе.
Нябера. Гаспадар – бацька. Раз трэба дык трэба. А я ўсё думаю, няйначай, нагаворваюць лішне на цябе? Не можа быць, каб чалавек адным разам і мужыкам памагаў, і людзей забіваў.
Савіцкі. У страху вочы вялікія.
Нябера. Ну, страх – гэта не самае галоўнае. Тут важна начапляць на чалавека абы-чаго. Скажу – начальства ды розныя паны на цябе дужа злыя, а народ – нічога. Можна сказаць, паважае. Баіцца і паважае.
Савіцкі. Чаму баіцца?
Нябера. Ну так павялося, што разбойнікаў адным разам у народзе і паважалі, і баяліся. Ці мала што?
Савіцкі. Хіба што.
Заходзіць кабета.
Кабета (хваліць). Ды вы ў мяне малайцы. Але нешта я не пазнаю нашага госця, Нябера? Няўжо новы настаўнік?
Нябера. Так, настаўнік.
Кабета. Тады і пачаставаць не грэх.
Яна бярэ пачышчаную рыбу, выходзіць.
Нябера (выціраючы анучай рукі). Чаму раптам адзін? Дзе твае паплечнікі, калі не сакрэт? Дзе войска?
Савіцкі. У мяне войска няма. А вось адданых людзей багата, якія гатовы Прыйсці на дапамогу хоць зараз.
Нябера. А людзі кажуць, што ў цябе ў лясах па ўсіх губернях цэлыя атрады?
Савіцкі. Навошта яны? Да гэтага пакуль не дайшло. Рэвалюцыйны пік на спадзе. Паўсюды шныраць экспедыцыйныя атрады. Не паспеў адысці генерал Дубасаў, як ідзе ўжо новая карная экепёдыцыя – генерала Арлова. Не, ваяваць цяпер можна толькі па-партызанску.
Нябера. Як гэта?
Савіцкі. Ну так вось, як я раблю са сваімі паплечнікамі. На кожную справу набіраю сярод прыхільнікаў патрэбных людзей. Напрыклад, сёння разам са мной дзейнічаюць адны, заўтра – другія.
Нябера. Значыць, рэгулярнага войска не маеш?
Савіцкі. Не, не маю.
Нябера. Значыць, не атаман сярод казакоў?
Савіцкі. Не атаман. Але прыйдзе час, давядзецца і пра войска падумаць. Не ўсё я табе, дзядзька Нябера, магу сказаць зараз. Ды і сам не ўсё бачу наперад. Аднак ад народнай справы не адракуся. Асабліва ад сялянскае. Хачу найперш стварыць сялянскае брацтва. Каб я вось, ты, ды яшчэ многа хто згрупаваліся ў адно. Толькі тады з гэтага разбойніцтва, як ты кажаш, можна будзе выкараскацца.
Нябера. Гэта ты правільна, Алесь. Сялянскае брацтва, няйначай, выручыць цябе. А так… аднаму можна загінуць дзе непрыкметна.
Савіцкі. Ды не, я ўвесь час на людзях.
Нябера. I на небяспецы.
Савіцкі. I на небяспецы. Так ужо ў мяне склалася.
Нябера. Ну, як склалася, так і будзе. Ад сумы ды ад турмы не абаронішся. А вось што хлопцаў надзейных не дапускаеш, гэта не зусім. Га?
Савіцкі. Пакуль абыходжуся вось такімі сябрамі, як ты, дзядзька Нябера.
Нябера. Што я? Адно прытуліць на нейкі час ды накарміць!..
Савіцкі. I на тым дзякуй. (Дастае з кішэні гадзіннік, глядзіць). Пара, дзядзька Нябера. Мне ісці трэба. Чалавеку абяцаў.
Нябера. А рыба? Гэй, Васіліса!
Савіцкі. Як-небудзь другім разам.
Накіроўваецца да дзвярэй. За ім сунецца Нябера. На ганку ён доўга стаіць, з журбою глядзіць услед Савіцкаму. Чуецца голас жонкі ягонай, Васілісы: «Што ж ён пайшоў? А рыба? Навошта ж супраць дня смажыла яе? Дачакаліся б вечара, не пратухла б? А ён, гэты чалавек, сапраўды настаўнікам будзе ў нас? На пастой прасіўся?»
У лесе за вёскай Савіцкі спыняецца пад таўшчэзным дубам, глядзіць на гадзіннік. Чуецца савіны крык. Савіцкі адказвае. Да дуба падыходзіць той «сацыліст», якога адбіў Савіцкі ў акалотачнага. Гэта – народны настаўнік Любецкі.
Савіцкі. Але ж вы таксама… народны настаўнік… Прыдумалі ўмоўны сігнал – савіны крык. Якія совы цяпер, удзень ды ўлетку? I я следам за вамі. Кугакаю тут. Такі ўмоўны сігнал хоць у каго выклікае падазронасць. Але няхай. Штосьці не так, як належыць, я сустракаю вас. Будзем знаёмы. (Падае руку).
Любецкі. Дзякуй вам, пане Савіцкі, што выбавілі мяне з паліцэйскіх кіпцюроў. Думаў, гэты раз ужо не ўратуюся. Так быў улёгся акалотачны. А тут вы раптам. Дзякуй. Вельмі ўдзячны, Аляксандр Восіпавіч.
Савіцкі (з прыязнай усмешкай). Няма за што, пан Любецкі. Але нам ужо каторы раз трэба было сустрэцца?
Любецкі. Прызнацца, сёе-тое ў вашай дзейнасці мяне насцярожвала. Да таго ж, як даўні агітатар, ва ўсякай справе я аддаю агітацыі перавагу.
Савіцкі. На жаль, рэвалюцыйны ўздым у краіне ідзе на спад. Гэта відавочна. Давядзецца мяняць тактыку і вам, і мне. Але як бы вы паглядзелі на тое, каб нам аб’яднацца? Без вас мне не ўдасца стварыць сялянскае брацтва.
Любецкі. Я думаў ужо пра гэта. Можа, і сапраўды нам трэба аб’яднацца? Народ любіць вас, Аляксандр Восіпавіч, дарма што ўлады дохлых сабак на вас вешаюць.
Савіцкі. Тады паклянемся?
Любецкі. Клянуся.
Савіцкі. Клянуся да канца свайго жыцця пастаяць за народную справу. Але помню вас гімназістам.
Любецкі. Так, я скончыў гімназію. Нам пашанцавала, Аляксандр Восіпавіч, што мы амаль з аднаго горада. Таму і дамаўляцца лёгка.
Савіцкі. Была б адна мэта. Давайце дамовімся. Вы будзеце працягваць сваю агітацыю, але цяпер ужо на карысць сялянскага брацтва, а я займуся больш канкрэтнай справай. З Баранавіч сюды, у нашы паветы, накіроўваецца карная экспедыцыя генерала Арлова. Трэба яе спыніць. Зразумела, адкрыта сілаю зброі наўрад ці ўдасца гэта зрабіць. Але варта паспрабаваць сёе-тое ўжыць.
Любецкі. Дзе людзей узяць для гэтага?
Савіцкі. Людзі ў мяне ёсць. Толькі клікнуць. А вось зброя? Якая ў нас цяпер самая моцная палітычная арганізацыя ў губерні?
Любецкі. Эрсэдэрэпэ. Палескі камітэт. Але яны найбольш сярод рабочых.
Савіцкі. I ўсё-ткі варта звярнуцца да іх. Калі не падтрымаюць нашу ініцыятыву, то, можа, зброю прададуць. Як думаеце, у іх ёсць зброя?
Любецкі. Цяпер, Аляксандр Восіпавіч, мала хто не ўзброены. Вы звярніцеся ў Гомель да таварыша Шклоўскага.
Савіцкі. Але і для вас ёсць заданне. Дакладней, гэта мая просьба. Займаючыся агітацыяй, наведайцеся ў губерню. Трэба пагаварыць з сынам віцэ-губернатара, студэнтам тэхналагічнага інстытута ў Пецярбургу. Угаварыце яго дапамагчы нам зброяй.
Любецкі. Як вы гэта ўяўляеце, Аляксандр Восіпавіч?
Савіцкі. У якім сэнсе?
Любецкі. Ну, дзе ён возьме зброю? Гэта ж, спадзяюся, не адзін браўнінг ці наган?
Савіцкі. Так. Лік трэба весці на дзесяткі. Няхай звяжацца ў сталіцы з фінамі. Кажуць, там можна купіць зброю. А грошы мы яму дамо.
Любецкі. Вы яго добра ведаеце?
Савіцкі. Сына віцэ-губернатара?
Любецкі. Так.
Савіцкі. Ехалі неяк разам. Пасля там бачыліся. У мяне склалася ўражанне, што чалавек ён сумленны і прагне рэвалюцыйнай дзейнасці, дарма што бацька адзін са стаўбоў самаўладства.
Любецкі. Дзіўна, але праблема бацькоў і дзяцей часцей вырашаецца на карысць рэвалюцыі.
Савіцкі. Хвала Госпаду, што нас саміх гэтая праблема абышла. Вы ж таксама, здаецца, бязбацькавіч?
Любецкі. З маткай рос.
Савіцкі. Нябось, і твая раней часу плача па сыне?
Любецкі. Плача, Аляксандр Восіпавіч, плача!
Савіцкі. Але ж неяк будзе. Тут, у суседняй вёсцы, за гэтым лесам, жыве адзін селянін, Нябера. Вы пасябруйце з ім. Дарэчы, у вас явак багата ў павеце?
Любецкі. Не толькі ў павеце. Можна лічыць, што і не ў адной нашай губерні.
Савіцкі. Тады няхай нам шанцуе. Спадзяюся, наступны раз я вас лёгка знайду? Не трэба будзе дзеля гэтага адбіваць вас у жандараў? Ды не крычыце болей улетку савой!
Абодва смяюцца.
Панскі маёнтак. Мясцовы памешчык у хатніх умовах – халат, тапкі і г. д. Заходзіць слуга.
Памешчык. Што табе, Пракоп?
Слуга. Да вас госць. (Падае візітоўку).
Памешчык (моўчкі чытае, пераварочвае колькі разоў, зноў чытае). Новы акцызны? Прасі!
Заходзіць Савіцкі ў адзенні акцызнага.
Памешчык. А я і не ведаў, што ў нас новы акцызны! Куды ж падзеўся Сідар Лаўрэнавіч?
Савіцкі. На пенсію выйшаў.
Памешчык. Дзіўна. А яшчэ тыдняў колькі таму ў карты гулялі разам. Праўда, тады канфуз выйшаў. Можа, чулі, як разбойнік Савіцкі ў нас аб’явіўся?
Савіцкі. Мясцовы Робін Гуд?
Памешчык. Штосьці накшталт гэтага. Хоць які там Робін Гуд? Ці ж нашаму цяляці… (Углядаецца ў нечаканага госця).
Савіцкі. Ну і што, не злавілі?
Памешчык. Дзе там?! Я ж кажу – дзе ж нашаму цяляці?.. Калі гэта было, каб наша паліцыя аказалася на вышыні. Здаецца, і горад як след аблажыла, жандараў паўсюды панатыкалі, а Савіцкі ўсё роўна прайшоў паміж іх. Працуе, як артыст. З частым пераапрананнем. Кажуць, гэты раз пад выглядам старца выйшаў за горадам з падлеткам-павадыром. Можна ўявіць сабе адчуванне нашага спраўніка. Якім чынам да нас, пане акцызны?
Савіцкі. З візітам. Прызнацца, спярша ехаў да пані Апалінскай, але як было прамінуць вас?
Памешчык. У Апалінскай сёння, здаецца, госць. Бачыў – Шрамчанка да яе паехаў. Не ведаеце Шрамчанку?
Савіцкі. Так, збольшага. Бачыў адзін раз.
Памешчык. О, важная па нашых маштабах асоба – абавязковы член губеранскай прысутнасці. Пагражае, што зловіць разбойніка. Але гэта таксама, няйначай, каб пазлаваць нашага павятовага спраўніка.
Савіцкі. Што ж, пажадаем яму поспеху.
Памешчык. Але вы не перажывайце, што не наведалі пакуль Апалінскую. Візіт – заўсёды візіт, не важна да каго першага. Будзем лічыць, што адразу схалі да мяне, пане акцызны.
Савіцкі. Слушна, дарагі, слушна. Можна і так. Тым больш, што ў мяне і да вас справа ёсць.
Памешчык. Якая?
Савіцкі. Мужыкі скардзяцца, што вы прымушаеце іх звозіць на вашу сядзібу бярвенне, якое яны ўзялі ў нашым лесе на будаўніцтва.
Памешчык. Нарабавалі, пане акцызны, нарабавалі! Самае лепшае маё ўрочышча спляжылі! Ну, калі самыя бунты былі, я маўчаў. А цягіер?.. Цяпер калі не Дубасаў зноў прыйдзе, то які-небудзь другі генерал. З войскам жартаваць няма чаго. Ну добра, гэта мужыкі. Д якая вам да гэтага справа, пане акцызны?
Савіцкі. Мужыкі скардзяцца. Вось я і прыехаў абараніць. Хіба ж вы не пазналі мяне?
Памешчык (няверліва ўглядаецца ў Савіцкага, чле той у парыку… Нарэшце). Пачакайце, пачакайце. Чык гэта ж ты, пане разбойнік? Зноў пераапрананце?
Савіцкі. Даводзіцца. Дык як мы зробім з мужыкамі, пане дабрадзею?
Памешчык (ледзь не крычыць). Мужыкоў нарэшце трэба на козлы ды шампалоў!
Савіцкі. Яны ў нас і без таго сечаныя. Не шампаламі, дык лазой, што на лугах расце. Чулі, губернатар Хвастоў ад сябе адзін удар дадае? Губернатарскі!
Памешчык. Пане разбойнік! Даруйце, пане экспрапрыятар! Нарэшце, зноў даруйце, пане Савіцкі!
Савіцкі. Што вас гэтак хвалюе? Шкадуеце вярнуць мужыкам бярвенне?
Памешчык. Ды халера з ім, бярвеннем! Я хацеў спытаць – калі ж гэта скончыцца: то мужыкі падпаліць пагражаюць, то рэвалюцыянеры, накшталт вас, экспрапрыяваць маёнтак збіраюцца?
Савіцкі. Хутчэй за ўсё тым і скончыцца, што эксплуататары будуць знішчаны.
Памешчык (спрабуе смяяцца). Спадзяюся, мяне вашы сябры праз наша знаёмства не зачэпяць?
Савіцкі. Усё будзе залежаць ад вашых паводзін.
Памешчык. Паводзіны – гэта такая справа. Аднаму яны падабаюцца, другому – не.
Савіцкі. Так, кожнаму не дагодзіш.
Памешчык. Дарэчы, забыў аддзячыць вам. Карыстаюся выпадкам. Дзякуй за тое, што вярнулі мне тады прайграныя грошы. Але ведаеце, назаўтра я іх прасадзіў да апошняга рубля. Цяпер, як кажуць, на мель сеў.
Савіцкі. Магу пазычыць.
Памешчык. Што вы, што вы, пане акцызны! Неяк ужо абыдуся без вашых грошай! Цьфу, цьфу!
Савіцкі. Магу прайграць вам.
Памешчык. Зноў з браўнінгам на стале?
Савіцкі. Хіба ж сярод знаёмых дапушчальны браўнінг?
Памешчык разводзіць рукамі.
Савіцкі. Значыць, дамовіліся, пане дабрадзею? З сённяшняга вечара вы са сваімі мужыкамі паразумеецеся?
Памешчык. Але пад прымусам, пане разбойнік, гм, даруйце, пане рэвалюцыянер-экспрапрыятар. Гэта для паліцыі я так. А паміж намі? Ваша слова – закон пане Савіцкі.
Савіцкі. Дык кажаце, што да пані Апалінскай паехаў пан Шрамчанка?
Памешчык. Дык жа апярэдзіў вас абавязковы член губеранскай прысутнасці. Здаецца, дарэмна заляцаецца, небарака. Пані Апалінская ўсё часцей пра вас пытаецца. Вось і ўчора. Здарылася, мы перакінуліся з ёй словам-другім.
Савіцкі. Прызнацца, пане дабрадзею, я ехаў сюды з думкай наведаць удаву капітана Апалінскага разам з вамі.
Памешчык. Дык я зараз, пан атаман.
Савіцкі. Не, не, пане дабрадзею. Пры старонніх лепей аднаму туды трапіць. I вось што, пане дабрадзею. Ты ведаеш, чаму я вымушаны быў пакараць таго інжынера-будаўніка ў Жлобіне? А вось чаму. Прыйшоў да яго вось так, пане дабрадзею, пагаварыў. I нічым не пакрыўдзіў. Толькі грошай папрасіў на народную справу. А ён пасля мяне да мясцовых жандараў, моў, Савіцкі ў горадзе. Давялося вяртацца. Так што глядзі, пане дабрадзею, не паследуй ягонаму прыкладу!
Памешчык (робіць умільны твар). Няхай мяне Гасподзь пакарае тады! Але вы не мянё пільнуйцеся пане разбойнік!.. Бойцеся Шрамчанкі!
У гасцінай капітанскай удавы Апалінскай вядзецца свецкая размова. Тут за чаем сама гаспадыня і пан Шрамчанка – абавязковы член губеранскай прысутнасці.
Шрамчанка. Пані Адэлаіда, я цяпер багаты чалавек. Праўда, спадчыну ад бацькі атрымаў незайздросную, але ж я высільваўся. I ворнай зямлі дадаў да былога маёнтка, і пашы прыкупіў. Хапае таксама няўдобіцы, але… На пясках у нас тут няблага расце сасновы лес. А на яго попыт, пані Адэлаіда. I тут, нашым карабельшчыкам патрэбны, і за мяжу можна сплаўляць, балазе рэкі цякуць і праз нашу мясцовасць. Ды і служба, чыны ці мала даюць мне?
Апалінская (падлівае госцю гарбаты). Хто ж сумняваецца, пан Шрамчанка. Мы з мужам таксама збіраліся пашырыць маёнтак. За кошт куплі-продажы. А вось жа…
Шрамчанка (усё роўна як са скрухі). Так, вайна. Дле я гэта к таму, пані Адэлаіда, што кахаю вас. Вось ужо каторы час, а кахаю.
Апалінская. Што вы, што вы, пан Шрамчанка!.. Не ўводзьце мяне ў сорам!.. Я яшчэ жальбы па мужу цо знасіла!..
Шрамчанка. Нябожчыку нябожчыкава, а жывому жывое. Ваша маёнтнасць, пані Адэлаіда, ды мая… Як зажывем, пані Адэлаіда!
Са стала раптам падае на падлогу лыжачка. Шрамчанка спрытна падхоплівае яе, кладзе на стол.
Шрамчанка. Вось.
Апалінская. Нехта яшчэ спяшаецца да нас.
Шрамчанка. Вы гэтым прыкметам верыце, пані Адэлаіда?
Апалінская (уздыхае). Усе мы ў рознай ступені абцяжараны прымхамі ды забабонамі. У суседнім павеце ў мяне ёсць знаёмая, можна сказаць, сяброўка, дык яна запісвае ўсё гэта. Збіраецца кніжкай выдаць.
Шрамчанка. Пісьменная?
Апалінская. Так, вучылася ў сталіцы. Нібыта з пісьменнікамі там зналася. Сама нешта сачыняе.
Шрамчанка. Цікава было б пазнаёміцца.
Апалінская. Вось-вось, пан Шрамчанка! А мяне забудзьце!
Шрамчанка (дакорліва). Пані Адэлаіда, не у маіх сілах. Я, ведаеце, адналюб. Калі ўжо ўпадабаю каго, то…
Апалінская. Бачыце, было ж?
Шрамчанка. Але не шанцавала. Не мог рашыцца. Затое цяпер… Вы не адмаўляеце мне, пані Адэлаіда? Хоць малую надзею, аднак, пакінеце?
Заходзіць старасвецкі слуга: «Да вас госць, пані. Вось». – Падае візітную картку. Гаспадыня чытае, аддае Шрамчанку.
Шрамчанка. Які яшчэ акцызны ў такі позні час?
Апалінская (паціскае плячамі, да слугі). Кліч.
Заходзіць Савіцкі ў тым жа выглядзе, што і раней.
Савіцкі. Вось завітаў, пані Апалінская. Быў у вашага суседа. Цяпер да вас адважыўся.
Апалінская. Мы госцю рады, але ж якая справа вас непакоіць?
Савіцкі. Проста пазнаёміцца. Мне ж цяпер служыць у павеце. (Глядзіць на Шрамчанку).
Апалінская (спахопліваецца). Знаёмцеся. Гэта наш былы земскі начальнік, а цяпер абавязковы член губеранскай прысутнасці. Я не памыляюся, так, пан Шрамчанка? Ну а вы…
Савіцкі. Новы акцызны.
Шрамчанка (падазрона талопіць вочы на Савіцкага). Дзе ж у такім разе стары акцызны?
Савіцкі. На пенсію папрасіўся.
Шрамчанка. Штосьці я не разумею. Здаецца, гаворкі пра гэта ні сёння, ні ўчора ў горадзе не было!
Савіцкі. Відаць, пан Шрамчанка, павятовае начальства гэты раз вас не пасвяціла.
Апалінская. Сядайце, пане акцызны, сядайце. Мы якраз чай п’ём з панам членам губеранскай прысутнасці. Наліць вам?
Савіцкі. Не адмоўлюся.
Гаспадыня і яму налівае гарбаты.
Апалінская. Мой Нікадзім ездзіў у Гомель, добрага чаю купіў. Я вось і пана Шрамчанку частую.
Шрамчанка. О так, пане акцызны, чай сапраўды смачны. З замежнай наклейкай. А там чай умеюць вырошчваць, не тое, што нашы каўказцы.
Савіцкі. Бывае і ў каўказцаў добры чай. Я неяк ездзіў туды, дык сапраўды – іхні чай не ўступіць замежнаму.
Шрамчанка. Ну ды ладна. Чай сам па сабе. Але прызнайцеся, пане акцызны, не страшна аднаму ездзіць? Разбойнікаў не баіцёся? У нас жа тут Савіцкі арудуе?
Савіцкі (дастае браўнінг, жартуючы). Што ж, мой браўнінг ды на яго наган. Дарэчы, не ведаеце, якая ў яго зброя?
Шрамчанка. Не ведаю, але казалі, што бачылі ў яго браўнінг. Паказваў – як і ў вас.
Апалінская. Пан Шрамчанка хоча злавіць Савіцкага. Як вы думаеце, здолее ён схапіць?
Савіцкі. А што яму нарабіў Савіцкі? (Да Шрамчанкі). Якія ў вас з ім стасункі?
Шрамчанка (ніякавата). Як вам сказаць!.. Але ж жандары нашы не спраўляюцца.
Савіцкі. Ну што ж, жадаю вам удачы, пане абавязковы член губеранскай прысутнасці. (Да гаспадыні). А вы, пані Адэлаіда, не збіраецеся дапамагаць пану абавясковаму члену высочваць Савіцкага?
Апалінская. Што вы, як можна, пане акцызны?! Савіцкі ж мяне, можна сказаць, выратаваў. Каб не ён, невядома чым бы скончылася тая гісторыя.
Савіцкі. Якая?
Шрамчанка. Пані Адэлаіда перабольшвае. Ну ўпудзіліся коні, спалохаліся нечаканага стрэлу, але ж гэта яшчэ не значыць, што яны моцна панеслі б.
Апалінская. Дапусціць можна ўсё. Але я вельмі ўдзячна, як вы кажаце, разбойніку. Я ім, можна сказаць, часам трызню ўжо. Па ўсім відаць – цікавы малады чалавек. Загадкавы і спрытны. Нічога супраць не мела б сустрэцца з ім. (Смяецца).
Савіцкі. За чым жа затрымка, пані Адэлаіда. Я – Савіцкі.
Апалінская (не губляючы вясёлага тону). Навошта і этак жартаваць, пане акцызны?
Савіцкі. А я не жартую, пані Адэлаіда. Сёння пад мундзірам акцызнага таксама б’ецца сэрца разбойніка, як яно білася і пад мундзірам рускага афіцэра. I я вельмі перапрашаю, што вось гэтак перад вамі з’явіўся.
Зразумеўшы, што перад ім сапраўды Савіцкі, збянтэжаны Шрамчанка наважваецца сігануць убок. Але Савіцкі загароджвае шлях.
Савіцкі. Куды? Сядзець, пане абавязковы член. У нас з сабой зброя ёсць?
Шрамчанка (акурат пакрыўджана). Адкуль яна ў мяне?
Савіцкі. А як жа вы збіраецеся затрымаць Савіцкага?
Апалінская. Гэта я вінавата! Гэта я на яго навяла дарэмшчыну. Шрамчанка прыстойны чалавек, пане Савіцкі. Можаце паверыць мне.
Савіцкі. Тым больш, што ён закаханы ў вас?
Апалінская (сарамліва). Якое там каханне, пан Савіцкі?!
Савіцкі. Добра, пані Адэлаіда. Будзем лічыць, што я не ў самы добры час завітаў да вас. Але дазвольце мне забраць з сабой пана Шрамчанку. Ен на кані. Няхай мяне падвязе.
Апалінская. Ну, то вы ўжо самі змаўляйцеся.
Савіцкі. Змовімся, пані Адэлаіда, змовімся.
Шрамчанка (ківае галавой). Ага.
Мяняецца сцэна.
На чыгуначнай станцыі ў Гомелі. Чалавек у чыгуначнай форме і Савіцкі ў тым жа гарнітуры, у якім быў у Няберы. Але парык новы.
Савіцкі (да чыгуначніка). Мне з вамі трэба пагаварыць.
Чыгуначнік. Па якой справе?
Савіцкі. Можна сказаць, па асабістай.
Чыгуначнік. Як дазволіце разумець – «можна сказаць»?
Савіцкі. Ну так. Проста.
Чыгуначнік. Але дазвольце яшчэ спытаць – хто вы?
Савіцкі. Я – Савіцкі.
Чыгуначнік (усё роўна як недаверліва паглядзеў на субяседніка). Савіцкі? Ну, дарагі мой, дык вы нямала: рызыкуеце! Вашы ж прыкметы хутчэй за ўсё ў кожнага жандара?
Савіцкі. Здагадваюся. Але ж пакуль Бог беражэ.
Чыгуначнік. Ну то і добра. А якая справа ў вас да мяне?
Савіцкі. Вы не дапаможаце сустрэцца з кім-небудзь Палескага камітэта?
Чыгуначнік. Камітэтаў цяпер багата. З якога канкрэтна?
Савіцкі. З камітэта РСДРП.
Чыгуначнік. Тады дазвольце зноў спытаць – чаму вы звяртаецеся з такой просьбай акурат да мяне?
Савіцкі. А я загадаў: сустрэну на станцыі першага чалавека ў чыгуначнай форме – таго і спытаю.
Чыгуначнік. Даволі дзіўны ў вас… Ну, як гэта вам сказаць?
Савіцкі (з вясёлай усмешкай). Не гаварыце. Я зразумеў.
Чыгуначнік. У нас цяпер забастоўка. I з камітэта эрэсдэрэпэ таварышы бываюць і ў дэпо, і на станцыі. Але канспірацыя. Наколькі мне вядома, яны часта мяняюць адрасы. Ну ды ладна. Паспрабую звесці вас з адным таварышам, раз вы Савіцкі. Са Шклоўскім.
Савіцкі. Добра, давайце са Шклоўскім. Але мне яны накуль усе на адзін твар. Праўда, раней давялося чуць нейкага Вялікага Інквізітара.
Чыгуначнік. Цяпер ён у турме. Але няхай, бліжэй ца справы. Вы пачакаеце да вечара, а я тут у сяго-таго папытаюся. Можа, скажуць, дзе вам сустрэцца з тым жа Шклоўскім.
Савіцкі. Дзякуй.
Разыходзяцца.
Увечары той жа чыгуначнік, Савіцкі і Шклоўскі – член кіраўніцтва Палескага камітэта РСДРП.
Чыгуначнік. Вось прывёў, таварыш Шклоўскі.
Шклоўскі (да чыгуначніка). Добра, цяпер мы ўжо самі.
Чыгуначнік выходзіць.
Шклоўскі (да Савіцкага). Спадзяюся, вы нешта вартае ўвагі маеце на ўвазе, таварыш экспрапрыятар?
Савіцкі. А няўжо вам не патрэбны грошы?
Шклоўскі. Не ў адных грашах справа. Грошы таксама не лішнія ў часе забастоўкі. Ды мы неяк пакуль абыходзімся. Але выкладвайце, калі ласка, свой план, таварыш Савіцкі.
Савіцкі. Спадзяюся, што вы ведаеце пра тое, што сюды накіроўваецца карная экспедыцыя генерала Арлова?
Шклоўскі. I што? Дзейнічала ў нас экспедыцыя генерала Дубасава, цяпер будзе экспедыцыя генерала Арлова.
Савіцкі. Вы гэтак спакойна гаворыце? Мужыкоў зноў секчы пачнуць! I не толькі мужыкоў, але і работных!
Шклоўскі. Любая несправядлівасць з боку ўладаў павялічвае рэвалюцыйны настрой у масах, таварыш Савіцкі. Ды ладна, што канкрэтна вас цікавіць?
Савіцкі. Трэба ўзброіць людзей ды выступіць супраць Арлова!
Шклоўскі. Гэта авантура, таварыш Савіцкі. Людзі цяпер не ў такім стане, каб іх узняць на падобную справу. Вы што, не адчуваеце, што рэвалюцыя ідзе на спад?
Савіцкі. Вас паслухаць, дык рэвалюцыя нібыта сама па сабе. Народ трэба абараняць заўсёды. Народу трэба дапамагаць не толькі тады, калі ёсць на гэта магчымасць, але…
Шклоўскі. Ды не хвалюйцеся, таварыш Савіцкі. Я вам шчыра кажу – камітэт не пойдзе на вашу прапанову, бо гэта чыстае вады авантура, якая будзе каштаваць багата крыві.
Савіцкі. Мы б ужылі мае партызанскія метады.
Шклоўскі (моршчыцца). Якія яшчэ партызанскія метады?
Савіцкі. Тады будзем лічыць, што мы адзін аднаго не зразумелі. Але зброяй дапамагчы вы маеце магчымасць? Ну, прадаць мне?
Шклоўскі. Варта падумаць. Я скажу таварышам.
Савіцкі. То бывайце.
Шклоўскі. Не спяшайцеся. Я вось папрашу зараз гаспадыню, каб падала гарбаты, і мы яшчэ пагутарым з вамі.
Савіцкі. Я не маю звычкі падоўгу затрымлівацца на адным месцы.
Шклоўскі. Яно і не дзіўна, што вы доўга блукаеце на волі.
Шклоўскі адчыняе дзверы ў другі пакой, просіць прынесці чаю. Сапраўды, жанчына адразу ж прыносіць самавар з кубкамі, выходзіць.
Шклоўскі. Я вось пра што маю пагаварыць з вамі, таварыш Савіцкі. Вядома, вы не належыце да нашае партыі, але таксама, можна сказаць, рэвалюцыянер. Рэвалюцыянер-адзіночка, рэвалюцыянер-экспрапрыятар.
Савіцкі. Не зусім так, таварыш Шклоўскі. Пры ўсім пры гэтым я яшчэ і член сялянскага брацтва, якое нараджаецца.
Шклоўскі. Гэта ваша чарговая хімера, таварыш Савіцкі. Хутка вы расчаруецеся. Таму мы прапануем вам цалкам перайсці на работу ў наш камітэт. З безумоўным падпарадкаваннем. Без узгаднення з намі – ніводнай акцыі.
Савіцкі. Як я разумею, вы хочаце зрабіць мяне ручным, больш таго, забраць ад народа, ад маіх мужыкоў?
Шклоўскі. Народ – не адны мужыкі.
Савіцкі. Няхай так, хоць яно і сапраўды так. Але я з тае пароды людзей, таварыш Шклоўскі, якія не любіць выступаць пад прымусам. I яшчэ, каб вы да канца разумелі мае памкненні: я не люблю несправядлівасці, ненавіджу яе, нават калі яна апранаецца ў прыгожую ідэйную вопратку. Асабліва калі пад выглядам тактыкі нератвараецца ў звычайную мімікрыю.
Шклоўскі. Цікава было б паслухаць вас нашым таварышам.
Савіцкі. За чым жа справа? Я хоць зараз.
Шклоўскі. Думаеце, і ў нашых таварышаў столькі вольнага часу, колькі яго ў вас? Ды і рашэнне на гэта патрэбна. У нас, таварыш Савіцкі, арганізацыя, дысцыпліна. А вы супраць падпарадкавання. Сам сабе начальнік.
Савіцкі. Я справу раблю, таварыш Шклоўскі. I людзі мяне пакуль не цураюцца, дарма што ўлады розныя плёткі пускаюць, праз газеты і так, агентурным чынам, хочуць у крыві мяне выпаласкаць.
Шклоўскі. Я не ўпаўнаважаны даваць ацэнку вашай дзейнасці, таксама як і вашай асобы. Гісторыя разбярэцца, калі яна яшчэ будзе к таму часу мець для гэтага магчымасць.
Савіцкі. Гісторыя заўсёды будзе мець магчымасць. Яна ні ад каго не залежыць, дарма што не па сваёй ахвоце часта пераварочваецца шыварат-навыварат.
Шклоўскі. Будзем спадзявацца, што надыдзе такі час, калі яна перастане пераварочвацца.
Савіцкі. Дакладней, яе перастануць пераварочваць. Вунь ужо цяпер паміж партыямі грызня пачынаецца – хто больш зрабіў у рэвалюцыі, хто менш. Крый Бог, калі хтосьці з вас прыйдзе да ўлады. Другім тады непаздаровіцца.
Шклоўскі. Але ж і амбіцыйны вы, малады чалавек! Усё-ткі маеце намер дачакацца ад народа песні?
Савіцкі. Гэта ўжо яго справа. Я народ свой люблю і за яго стаю. Значыць, мы не дамовімся наконт экспедыцыі генерала Арлова?
Шклоўскі. Не.
Савіцкі. Шкада.
Шклоўскі. Але наконт зброі. Мы маглі б забяспечыць вас зброяй, ну, прадалі б некалькі ствалоў, толькі з умовай.
Савіцкі. З якой?
Шклоўскі. Гэта якраз для вас. Ну, па вас, таварыш Савіцкі. Жандары выкрылі нашу друкарню, арыштавалі нашага таварыша, які адказваў за яе. Гэта – Вялікі Інквізітар. Клічка яго такая. Можа, чулі? Дык ён цяпер у турме.
Савіцкі. I я павінен вызваліць яго?
Шклаўскі. Ну так мы рашылі.
Савіцкі. Як кажуць, без мяне мяне жанілі? Што ж, трэба падумаць, параіцца. У мяне ж таксама ёсць з кім раіцца.
Мяняецца сцэна.
Савіцкі і Любецкі едуць на параконцы.
Савіцкі. Дык кажаце, сын віцэ-губернатара нечакана для вас згадзіўся на нашу прапанову?
Любецкі. Так.
Савіцкі. Што ж тут дзіўнага? Маладыя людзі цяпер імкнуцца заплаціць народу за грахі бацькоў. Рэвалюцыйны час, таварыш народны настаўнік. Вы грошы яму перадалі?
Любецкі. Так.
Савіцкі. Думаю, што ў сталіцы яму правярнуць гэтую справу са зброяй будзе не дужа цяжка. Я і сам бы ў Фінляндыю адскочыў, але ж пакуль няма такой магчымасці. А зброя патрэбна.
Любецкі. Так, вельмі патрэбна.
Савіцкі. Ну, пра тое, што Палескі камітэт адмовіўся падтрымаць нас наконт карнай экспедыцыі генерала Арлова, я ўжо казаў вам.
Любецкі. Прызнацца, я недзе, Аляксандр Восіпавіч, гэтага чакаў. Чаго ж вы хочаце? Там амаль усе з нярускімі тварамі. Урэшце, што ім нашы мужыкі?
Савіцкі. Хіба што… А вось наконт зброі… Яны б здолелі прадаць яе нам, праўда, усяго некалькі ствалоў, калі б мы ажыццявілі напад на турму ў павятовым горадзе ды вызвалілі адтуль іхняга таварыша. Нейкага Вялікага Інквізітара.
Любецкі. Забыў вам сказаць – нашага сябра Няберу жандары арыштавалі.
Савіцкі (ледзь не падскочыўшы на возе). Калі?
Любецкі. А ўжо некалькі тыдняў таму.
Савіцкі. Дзіўна, чаму я не ведаў?
Любецкі. Мне таксама толькі ўчора сказалі.
Савіцкі. Што яму інкрымінуюць?
Любецкі. Нібыта хтосьці бачыў у ягонай хаце вас, Аляксандр Восіпавіч.
Савіцкі. У якой ён турме цяпер?
Любецкі. Здаецца, у той жа, што і Вялікі Інквізітар.
Савіцкі (раздумліва). Ну што ж, акалічнасці мяняюцца. Няйначай, трэба пайсці насустрач Палескаму камітэту. Яны нам зброю, а мы ім Вялікага Інквізітара. А разам і Няберу вызвалім. Га, таварыш Любецкі?
Любецкі. Было б добра.
Савіцкі. Было б добра. I я так думаю – сапраўды было б добра! Што ж, пачнем рыхтавацца. Але ў мяне ўсё не выходзіць з галавы экспедыцыя генерала Арлова. Ну і што, калі адмовіліся падтрымаць нас эрэсдэрэпаўцы? Звернемся да нашых сяброў эсэраў. Як вы да гэтага ставіцеся?
Любецкі. Дарэмна будзе, Аляксандр Восіпавіч. Эсэры на выступленне супраць такой экспедыцыі няздольны. Яны, як і мы, адзіночкі. Дзейнічаюць звычайна ў адзіночку. Рэдка калі групамі.
Савіцкі. Але калі справа вымагае? Я ж вось пякуся пра агульнае, дарма што, як вы кажаце, адзіночка. У адзіночку сапраўды вялікай справы не зробіш. I тым не менш, таварыш Любецкі, наладзьце сувязі з эсэрамі. А я займуся турмой.
Любецкі. Дарэчы, Аляксандр Восіпавіч, стала вядома, што былы земскі начальнік Шрамчанка вызваўся ў дэпартаменце паліцыі ў Пецярбургу наладзіць паляванне на вас.
Савіцкі. Як гэта разумець?
Любецкі. Ну, афіцыйна папрасіўся. Хацеў узначаліць барацьбу з вамі. Але ў дэпартаменце паліцыі дазволілі яму толькі праявіць асабістую ініцыятыву.
Савіцкі. Адкуль гэта вядома?
Любецкі. Дэпартамент паліцыі паведаміў гэта губеранскаму жандарскаму ўпраўленню. Ну а адтуль і нам стала вядома.
Савіцкі. Бачыце, можна яшчэ не толькі жыць, але і дзейнічаць, таварыш Любецкі, калі каштоўныя звесткі ёсць магчымасць атрымліваць нават з губеранскага жандарскага ўпраўлення! Але ж гэты Шрамчанка!..
Турма ў павятовым горадзе. Да начальніка турмы заходзіць Савіцкі ў форме жандарскага унтэр-афіцэра. З ім яшчэ двое, таксама ў жандарскай форме. Гэта пераапранутыя балтыйскі матрос і рабочы з гомельскіх чыгуначных майстэрняў.
Савіцкі (да начальніка турмы). Хоць вы і загадалі, пане начальнік, не пускаць мяне сюды, але, бачыце, я зайшоў.
Начальнік турмы (пахмурна). Што вам трэба?
Савіцкі. У паліцэйскую ўправу неабходна адвезці двох дзяржаўных злачынцаў.
Начальнік турмы. Каго персанальна?
Савіцкі. Дружбака атамана Савіцкага Няберу і Вялікага Інквізітара. Здаецца, такая ў яго мянушка?
Начальнік турмы. Выдумаў жа нягоднік сабе мянушку! Але дазвол ад пана спраўніка ў вас ёсць? Ну, афіцыйнае, патрабаванне?
Савіцкі. Вось яно, пане начальнік. (Дастае з нагруднай кішэні маленькі пісталет). Спадзяюся, гэтага дастаткова вам?
Начальнік турмы (азірае паплечнікаў Савіцкага, якія грозна стаяць ля дзвярэй). Хто вы такія? I хто вас пусціў сюды?
Савіцкі. Я вам скажу, хто я. Але пазней, як вы міш выдадзіце двох зняволеных. Ну, а прапусціла нас у гурму ваша ахова.
Начальнік турмы. Пад пагрозай? Але чаму ж яны цяпер не ўзнімаюць трывогі?
Савіцкі. Пры ўваходзе ўсе абясшкоджаны. Ды вы не турбуйцеся. Усе жывыя-здаровыя. Таму і вы не падымайце трывогі. Бо мае людзі – паўсюды: і ў двары турмы, і ў самой турме. Так што, спакойна.
Начальнік турмы. Але ж…
Савіцкі. Пане начальнік, я да вас прыйшоў не жартаваць. У мяне тут, у турме, справа. Я ўжо казаў. Паклічце старшага надзірацеля і загадайце прывесці сюды зняволеных. Прашу вас (звяртаецца да балтыйскага матроса) выйсці ў прыймовы пакой ды паклікаць старшага падзірацеля. А вы, пане начальнік, вядзіце нашу гульню самым сур’ёзным чынам. Зразумелі?
Балтыйскі матрос выходзіць.
Начальнік турмы. Зразумець-то я зразумеў, але хто вы?
Савіцкі. Калі ўжо вам дужа цікава: я – Савіцкі!
Начальнік турмы (надзімае шчокі, тады выпускае паветра). Пфу-у-у!..
Заходзяць балтыйскі матрос і старшы надзірацель. Савіцкі хавае за спіну пісталет.
Начальнік турмы. Прывядзіце сюды Вялікага Інквізітара і таго селяніна, ну, што прыяцель Савіцкага..
Старшы надзірацель. Слухаю, ваша благароддзе. (Выходзіць).
Начальнік турмы (усё яшчэ разгублена). Дык вы праўда Савіцкі?
Савіцкі. А вы яшчэ не верыце?
Старшы надзірацель прыводзіць Вялікага Інквізітара і Няберу.
Начальнік турмы (крычыць на старшага надзірацеля). А цяпер – да д’ябла!
Старшы надзірацель як ні вылятае з пакоя.
Савіцкі. Пішыце пропуск, пане начальнік.
Начальнік турмы піша і падае Савіцкаму пропуск.
Начальнік турмы (злосна). Бярыце, бярыце! Але не думайце, што вам гэта абыдзецца! Усё вам некалі пералічаць!
Савіцкі. Ды вы не хвалюйцеся, не хвалюйцеся. Я асабіста задаволены, што ў нас усё складваецца, можна сказаць, даволі мірна. Амаль гэтак, як я і меркаваў. Але даруйце, пане начальнік, давядзецца вас звязаць вяроўкай. Ды і рот, відаць, давядзецца заткнуць, каб не палохалі лішне сваіх падначаленых.. А ім мы параім не турбаваць вас. Ну, таварышы (звяртаецца да сваіх паплечнікаў), зрабіце сваю справу. Толькі глядзіце, каб далікатна.
Пераапранутыя жандарамі вяжуць вяроўкай начальніка турмы, засоўваюць яму кляп у рот.
Савіцкі (хваліць сваіх паплечнікаў). Вось так, вось так. А цяпер, пане начальнік, трымайцеся. Вам сюды з рэстарана прышлю я пітва ў знак павагі. Там сёння добрае віно ёсць. Дык тады вось чалавек з рэстарана і вызваліць вас. Выпіце за маё здароўе.
Начальнік турмы нешта мармыча скрозь кляп. Савіцкі, Вялікі Інквізітар, Нябера, балтыйскі матрос і рабочы гомельскіх чыгуначных майстэрняў выходзяць.
Маёнтак пані Апалінскай. З гаспадыняй – Савіцкі. Яны адны.
Апалінская. Што вы сумны такі, пане разбойнік?
Савіцкі. Памёр мой прыяцель у Пецярбургу. Можа, помніце, сын віцэ-губернатара?
Апалінская. Той, што вучыўся ў тэхналагічным інстытуце?
Савіцкі. Ну вось, вы ведаеце.
Апалінская. Няшчасны хлопчык!
Савіцкі. Ен на мяне працаваў там. Дакладней, на нашу справу. На карысць нашага брацтва.
Апалінская. Вы неяк раскажаце мне пра ваша брацтва, Аляксандр Восіпавіч. Добра?
Савіцкі. З задавальненнем.
Апалінская. З чаго ж памёр сын віцэ-губернатара?
Савіцкі. Атрымаў рану, а тады… заражэнне крыві. Словам…
Апалінская. Звычайныя накладныя выдаткі жыцця. Я вунь ужо колькі па мужу…
Савіцкі (можа, не жадаючы таго, перапыняе яе). Даруйце, пані Адэлаіда, я вінаваты перад вамі.
Апалінская. У чым жа?
Савіцкі. У тым, што непакою вас. Ужо каторы раз даваў сабе зарок не бачыцца з вамі, а не магу.
Апалінская. Дарэмна, Аляксандр Восіпавіч. Я сама трызню вамі. Я ўжо неяк сказала пра гэта пры вас. Вось і цяпер кажу. I зусім без жартаў. Відаць, давядзецца прайсці і праз гэтую ганьбу.
Савіцкі. Чаму – ганьбу?
Апалінская. Ну, грэх. Адно аднаго не лепей.
Савіцкі. Я вас не разумею, пані Адэлаіда?
Апалінская. А што тут разумець, пане разбойнік? Дарэчы, вы не крыўдуеце, Аляксандр Восіпавіч, што я гэтак называю вас?
Савіцкі (смяецца). Не, пані Адэлаіда.
Апалінская. Я ад любові так. Вас не бянтэжыць гэта?
Савіцкі (ужо яўна сумеўшыся). Як вам сказаць?..
Апалінская. Я – вельмі адзінокая, Аляксандр Восіпавіч, дарма што кавалеры вакол ледзь не ўкленчваюць. Але ж і вы адзінокі?
Савіцкі. З аднаго боку вы маеце рацыю. Сапраўды, міг цяжка з маёй сям’ёй – з маці, з братамі і сёстрамі, хоць яны яшчэ і малыя. А бацькі ў мяне няма, памёр. Так што… тут вы кажаце праўду. Але затое колькі любові я маю ад людзей!
Апалінская. Любові маеце, а кахання – не. У любові, Аляксандр Восіпавіч, галоўнае – ласка. Якая з’яўляецца вынікам кахання. Бачыце, як высакапарна я гавару?
Савіцкі. (спрабуе адбыцца жартам). У такім разе, пані Адэлаіда, хоць каму даводзіцца пераходзіць на высокі шціль.
Дмалінская. Вось бачыце, я і празналася ў каханні да вас. А вы кажаце – ганьба, грэх!..