ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ІГРАКІ

ТРАГІЧНЫ ГРАТЭСК У ДЗВЮХ ДЗЕЯХ
1989

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

  • Сталін
  • Молатаў
  • Варашылаў
  • Будзённы
  • Мікаян
  • Xрушчоў
  • Дэканозаў, намеснік наркома замежных спраў СССР
  • Шкварцаў, пасол СССР у Германіі
  • Баркоў, начальнік пратакольнага аддзела
  • Уласік, генерал з аховы Сталіна
  • Берыя
  • Агент, які прыехаў з Мексікі
  • Пісьменнік
  • Матрэна ІІятроўна, падавальшчыца на дачы Сталіна
  • Энкавусавец з трыма ромбамі ў пятліцах
  • Капітан дзяржбяспекі
  • Вайсковец у форме камандзіра Чырвонай Арміі
  • Гітлер
  • Герынг
  • Гімлер
  • Рыбентроп
  • Гальдэр, начальнік штаба сухапутных войск Вермахта
  • Кейтэль
  • Лінге, камердынер Гітлера, штурмбанфюрэр
  • Мюрэль, доктар Гітлера
  • Гес, рэйхсляйтэр
  • Мейснер, начальнік пратакольнага аддзела
  • Перакладчыкі

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

С Ц Э Н А    П Е Р Ш А Я

Пакой старшыні Саўнаркома СССР у Маскве. Позні час. Мяккае святло лямпы з жоўтым абажурам высвечвае твар чалавека ў круглых акулярах. Гэта Молатаў. Вячаслаў Міхайлавіч устае з крэсла, хоча выйсці з-за стала. Але звоніць тэлефон.

Молатаў (бярэ трубку). Алё. Так. Я слухаю цябе, Коба. А чаму я павінен спаць, калі ты не спіш? (Слухае). Так. Для цябе я заўсёды вольны. А ўвогуле… (Слухае). Так. Якраз цяпер я вывучаў дакументы царскага міністэрства замежных спраў. (Слухае). Навошта другі раз? Так. Сапраўды, мы іх у мінулым годзе добра праштудзіравалі, калі падпісвалі з немцамі дагавор і пакт аб ненападзенні. (Зноў слухае). I я так думаю, таварыш Сталін. (Доўга слухае). Добра, я зараз прыеду. (Кладзе трубку).

Адчыняюцца дзверы. Заходзіць загадчык пратакольнага аддзела наркамата замежных спраў Баркоў з папкаю папер.

Я да таварыша Сталіна.
Баркоў. Якія яшчэ будуць указанні на сёння?
Молатаў. На сёння – ніякіх. А вось на заўтра (глядзіць на гадзіннік), а гэтае заўтра наступіць праз чатырнаццаць хвілін, – мне спатрэбяцца выпіскі з гэтых папер. (Паказвае на стол). Я там па тэксце ўсё падкрэсліў. Асабліва акуратна скапіруйце мясціны ў матэрыялах семдзесят трэцяга года, ну, тыя, што вядомы пад назвай «Саюз трох імператараў».
Баркоў. Значыць, гэта хутка спатрэбіцца?
Молатаў (зноў глядзіць на гадзіннік). Так, хутка. Надыходзіць першая гадзіна. А таварыш Сталін звычайна працуе да чатырох. Значыць, зноў тут буду недзе а пятай.
Баркоў. Зразумела.
Молатаў. I вось што яшчэ… Я аддаваў на машынку адзін ліст. Ён пры вас?
Баркоў. Так, я ўзяў яго ў вашага тутэйшага сакратара.
Молатаў. Пакажыце. (Бярэ ліст, чытае).
Баркоў. Машыністкі хваляць ваш почырк, Вячаслаў Міхайлавіч.
Молатаў. А стыль?
Баркоў. Стыль таксама.
Молатаў (не адрываючы вачэй ад ліста). Ну, гэта машыністкі. А вы? Як вы лічыце? (Нарэшце глядзіць на Баркова). Што ж тут дзіўнага, што машыністкі хваляць? З усяго Палітбюро я, бадай, адзіны гімназію скончыў. Хоць канешне ж… Самы адметны стыль у таварыша Сталіна. Менавіта свой стыль, а не стыль памочнікаў ды рэферэнтаў. Ні Бухарын такога дакладнага ды кароткага стылю не меў, ні… Словам, да стылю таварыша Сталіна нам усім далёка.
Баркоў. Я гэта ведаю, Вячаслаў Міхайлавіч, але хацеў…
Молатаў. Мяне пахваліць разам з машыністкамі…
Баркоў. Дык…
Молатаў. Не бянтэжцеся. Я разумею. (Кладзе на стол прачытаны ліст, затым падыходзіць да непрыкметай шафы, дастае восеньскае паліто, зімовую шапку).

С Ц Э Н А   Д Р У Г А Я

У крамлёўскай кватэры Сталін размаўляе па тэлефоне. Пры гэтым ён амаль па-хатняму сядзідь за сталом – у суконных панчохах, у вязанай блузе. На другім канцы стала кідаецца ў вочы вялікі букет чырвоных кветак.

Сталін. Дэканозаў? (Слухае). Цікавая прапанова. А што ж Шкварцаў, цяперашні пасол у Германіі? (Слухае). Ты так думаеш? А што Молатаў? Ён не стане пярэчыць? (Слухае). Добра, уключым у склад дэлегацыі і Дэканозава, а там пабачым. Урэшце, няхай прыгледзіцца да немцаў. Зараз да мяне прыедзе Молатаў, я скажу яму. А каго яшчэ б? (Слухае, затым кладзе трубку на рычаг тэлефона).

Заходзіць Молатаў. Пацірае ад холаду рукі.

Молатаў. Ужо зіма на вуліцах Масквы, Коба.
Сталін. Гэта ты, Вячаслаў? (Доўга глядзіць на Молатава). Чаю хочаш?
Молатаў. Дзякуй, Коба, толькі што піў у сябе.
Сталін. Стала быць, не хочаш. То і добра. Аляксандра Андрэеўна якраз спіць, таму нават няма каму заняцца гэтым. Сёння ў нас тут народу поўная кватэра. Штосьці Святланка з Васілём апошні час як сабака з кошкай.
Молатаў. Не мірацца?
Сталін. Ужо і не ведаю, што рабіць, стала быць.
Молатаў. Гэта пара такая. Растуць.
Сталін. Хутчэй бы раслі. А ты сядай!
Молатаў (сядае да стала насупраць). А Якаў? Як ён?
Сталін. Яшка недзе ў сваім вучылішчы. Камандзірам захацеў быць.
Молатаў. Палкаводцам…
Сталін (усё роўна як не залюбіў). Стала быць, палкаводцам? Ну, палкаводзіць мы і самі здолеем. А вось за няньку табе трэба дзякуй сказаць, Вячаслаў.
Молатаў. За Бычкову?
Сталін. Так, за Аляксандру Андраеўну. І за дзецьмі паспявае дагледзець, і абед у час падасць. Словам, сапраўднай гаспадыняй стала ў нас. Праўда, Берыя другую мне раіць.
Молатаў. Гані ты яго!
Сталін. Ты што, не раіш другую хатнюю гаспадыню браць?
Молатаў. Гэта табе рашаць, Коба. Я думаю вось пра што – дзе вы гэтакай сям’ёй тут, у трох пакоях, месціцеся? Падабраў бы сабе іншую кватэру ці гэтую неяк злучыў. Архітэктары такое ўмеюць рабіць, адно скажы.
Сталін. Пралетарскія правадыры павінны жыць сціпла, таварыш старшыня Саўнаркома. У Леніна кватэра не большая была.
Молатаў. Але ж у Леніна дзяцей не было.
Сталін. Хапала прыжывалак. То сёстры, то… Ды ладна, мы нё пра тое. Значыць, чаю не хочаш? Што ж, як кажуць, баба з воза – каню лягчэй. Я вось пра што хацеў пагаварыць а табой, Вячаслаў. Канчатковы спіс дэлегацыі, якая накіроўваецца ў Германію, ужо ёсць? Каго ты бярэш?
Молатаў. Тэвасяна, Мяркулава, Круцікава, Баландзіна, Якаўлева…
Сталін. Гэта ўсё намеснікі наркомаў?
Молатаў. Так.
Сталін. А генеральны штаб свайго прадстаўніка вызначыў?
Молатаў. Канкрэтна – яшчэ не.
Сталін. Ну вось, ужо ад’язджадь трэба, а яны…
Молатаў. Ваенныя раяць нейкага камдыва. Здаецца, прозвішча яго Васілеўскі.
Сталін. А-а-а, паповіча, я ведаю яго. У мяне да паповічаў асаблівыя адносіны, бо сам у нейкім родзе паповіч. Хоць бацька мой з шаўцоў. Бачыш, твае бацькі – дваране, мае – шаўцы. Як кажуць, каму пашанцавала? Але ведаеш, маці маёй нібыта не даспадобы, што я ў царах хаджу. Яна так і думае, што я – цар. Сустрэла мяне аднойчы, калі ездзіў у Грузію, перахрысціла і ўвесь час, пакуль я там быў у іх, прасядзела моўчкі ў сваім чорным адзенні. Акурат на жальбе. А Васілеўскага ты бяры. Я неяк пагартаў яго асабістую справу. Бяры, кажуць, талковы ваенны спецыяліст.
Молатаў. Добра, Коба.
Сталін. I яшчэ адна кандыдатура…
Молатаў. Якая?
Сталін. Берыя раіць уключыць у дэлегацыю на паездку ў Германію твайго намесніка па наркамату Дэканозава.
Молатаў. Чаму раптам Берыя?
Сталін. Ты паслухай, Вячаслаў. Мне якраз спадабалася ягоная прыкідка: памяняць у Германіі пасла – Шкварцава на Дэканозава.
Молатаў. Тое, што Шкварцава нам давядзецца калісьці адклікаць з Берліна, гэта відавочна. Але чаму раптам Шкварцава на Дэканозава? Калі Дэканозаў так падабаецца Лаўрэну Паўлавічу, то няхай бярэ яго ў свой дэпартамент. Я з ахвотаю ўступаю яго.
Сталін. Ну вось, пакрыўдзіўся!.. Ах, Вячаслаў, Вячаслаў!.. Як там пажывае твая Паліна Андрэеўна?
Молатаў. Дзякуй, Коба. Работы і ў яе шмат.
Сталін. Загружаем мы сваіх жонак работай, загружаем. Ну, ты ёй прывітанне ад мяне перадай. А ўвогуле варта вызваліць хоць жонак членаў Палітбюро ад дзяржаўнага і грамадскага клопату.
Молатаў (глядзіць на кветкі). Хто табе, Коба, паднёс такі букет?
Сталін. Гэта на магілу. Няўжо забыў?
Молатаў. Ах так!.. Надзея Сяргееўна!.. Даруй мне, Коба!..
Сталін. За што дараваць? Зрэшты, калі на тое, дык яна не дужа і заслужыла, каб пра яе часта ўспамінаць. Усё інтрыгавала. Вось і даінтрыгавалася, што за наган схапілася, дура. Я нарэшце разабраўся як след, як гэта было. Пасля кастрычніцкага парада ў той год мы раз’ехаліся адразу. Я падаўся на дачу. Узяў з сабой жонку аднаго чэкіста. Ты яе ведаеш.
Молатаў. Так, ведаю.
Сталін. Ну, а мая нібыта здагадалася, пазваніла на дачу, маўляў, дзе я. А дзяжурны на камутатары аказаўся таксама чэсны дурань. Выдаў, што ў мяне госця. Ну, а далей… Сам ведаеш!..
Молатаў. Так, ведаю…
Сталін. А ведаеш, дзеля чаго я тады ўзяў цябе з сабой на крамлёўскую кватэру?
Молатаў. Я так меркаваў, што ты хацеў параіцца са мной.
Сталін. Так, Вячаслаў. Я хацеў, каб ты на свае вочы пабачыў, што яна сама застрэлілася. Думаеш, я не ведаю, што і цяпер сёй-той пазавуголлю шэпчацца, што Сталін забіў сваю жонку?
Молатаў. Ты гэта дарэмна, Коба. Усе ведаюць, што яна памерла ў часе аперацыі апендыцыту.
Сталін. Дзякуй, Вячаслаў, за дружбу. Але я ўсё болей схіляюся да думкі, што яна сапраўды нешта нячыстае ў адносінах да мяне мела ў галаве. Бачыце, не магла дараваць здрады! Ды калі на тое пайшло, то я таксама мог бы ёй што-колечы прад’явіць. Але няхай, было б пра што гаварыць! Пра мёртвых альбо нічога, альбо больш добрае. Так кажуць?
Молатаў. Так.
Сталін. А кветкі на магілу пакласці трэба.
Молатаў. Я з табой, Коба.
Сталін. Вядома ж, як і раней. Але Дэканозава вазьмі з сабой у Берлін. Цяпер давай пагаворым пра галоўнае.
Молатаў. Слухаю цябе, Коба.
Сталін. Тое, што Гітлер шукае ў нас падтрымкі ў барацьбе з Англіяй, няма сумнення. Аднак у мяне выклікае ўсмешку знаёмы малюнак у яго паводзінах.
Молатаў. У чым яго сутнасць?
Сталін. А вось паслухай, таварыш нарком. Акурат гэтаксама Гітлер паводзіў сябе перад тым, як заключыць з намі ў мінулым годзе дагавор і пакт аб ненападзенні.
Молатаў. Вядома, гэта і мяне насцярожвае. Але, з другога боку, і настройвае на пэўны лад.
Сталін. Давай далей разважаць.
Молатаў. Толькі мінулы раз ён прасіў, каб мы прынялі ў сябе ў Маскве Рыбентропа, а сёлета запрашае нас да сябе.
Сталін. Пры тым, заўваж, робіць усё з ранейшай настойлівасцю, быццам у іх там, у Берліне, усё гарыць.
Молатаў. Гарыць не гарыць, а бомбы тым часам на сталіцу рэйха падаюць ужо. Таму ён і спяшаецца гэтак.
Сталін. Ну так, у трыццаць дзевятым яму трэба было раздзелацца з Польшчай, каб наблізіцца да нашай границы…
Молатаў. А ў саракавым яму неабходна расправіцца з Англіяй.
Сталін. I толькі, стала быць?
Молатаў. Ва ўсякім выпадку, гэта цяпер у яго першачарговая задача.
Сталін. Стала быць, адным часам на два лагеры ён ваяваць не збіраецца?
Молатаў. Збіраецца ці не збіраецца, але силы ў яго няма на гэта. Значыць, і ваяваць на два лагеры не стане.
Сталін. Адкуль у цябе такая ўпэўненасць?
Молатаў. Пасол Шуленбург адкрыта гаворыць, што фюрэр мае штосьці прапанаваць нам.
Сталін. Дык чаму тады фюрэр пра гэта адкрыта не гаворыць?

Сталін устае з-за стала, пачынае хадзіць па пакоі.

(Разважае). Стала быць, рызыкоўны ігрок гэты Гітлер. Давядзецца, мусіць, зноў, як і ў мінулым годзе, падыграць яму. Ніхто ў нас не стане сёння адмаўляць, што ад сувязі з ім, ад ранейшых ягоных прапаноў, мы сёе-тое ўжо атрымалі. Па-першае, быў пахераны Рыжскі дагавор, а па-другое, на захадзе мы аднавілі былыя граніцы. Уз’ядналіся Украіна і Беларусь, утвораны тры новыя сацыялістычныя рэспублікі – Літва, Эстонія, Латвія. Праўда, Варшава нам не дасталася гэты раз, Але ж граніца па Бугу таксама нешта значыць. Як думаеш, Вячаслаў?
Молатаў. Значыць, Коба, значыць.
Сталін. Ну вось. Праўда, Варшава не дасталася нам. Але ж мы займелі, стала быць, набыткі ў другім баку, Напрыклад, на граніцы з Румыніяй. Так што гульня з Гітлерам вартая таго, каб у яе гуляць, а, Вячаслаў?
Молатаў. Выходзіць, так.
Сталін. Але як дакладна адгадаць, што цяпер у галаве ў Гітлера? Думай, Вячаслаў, думай!..
Молатаў. Гітлер вялікі авантурыст. Ад яго можка чакаць усяго. Тым больш што на нас ён квапіцца даўно.
Сталін. Гэта так. Нездарма ж ў сваёй «бібліі» (бярэ ў рукі кнігу, якая ляжала на стале, чытае) адкрыта піша. Вось паслухай, я тут пазначыў: «Германія альбо стане сусветнай дзяржавай, альбо перастане існаваць». Гм, перастане існаваць. Нават так. А вось далей што тут: «Але, каб стаць сусветнай дзяржавай, ёй натрабны такія памеры, якія ў наш час дадуць неабходную значнасць, а яе грамадзянам жыцця». Ні больш ні менш. I яшчэ: «Аднак, калі зараз у Еўропе мы гаворым пра новыя землі, мы ў першую чаргу можам думаць толькі аб Расіі і падпарадкаваных ёй ускраінных дзяржаў». Канешне, ты, Вячаслаў, маеш рацыю – Гітлер авантурыст, А я скажу больш – вар’ят.
Молатаў. Табе відней, Коба. Але абодва вызначэнні – і тваё, і маё – адпавядаюць ягонай сутнасці. Праўда, пісаў ён сваю кнігу да таго, як прыйсці да ўлады, а ўлада такая рэч…
Сталін (не дае дагаварыць Молатаву). Наўрад ці іначай стане ён думаць, займеўшы ўладу ў Германіі. Проста, за гэтыя гады, як Гітлер ва ўладзе, ён шмат чаму навучыўся, у тым ліку і дзяржаўнай хітрасці. Словам, Гітлер стаў адмысловым палітычным іграком.
Молатаў. Гэта так.
Сталін. Глянуць бы мне хоць адным вокам на карту генеральнага штаба вермахта.
Молатаў (смяецца). Гітлер таксама многа даў бы, каб глянуць на нашу. Асабліва на самую новую.
Сталін. Але. Як думаеш, нічога за апошні час не прасачылася на Захад?
Молатаў. Пра гата трэба лытацца ў Берыі і Голікава,
Сталін. Гм, Берыя і Голікаў…
Молатаў. З чым мы ўсё-ткі паедзем у Берлін, Коба?
Сталін. Пытанне трэба ставіць іначай – дзеля чаго? Дык вось, каб мець выразнасць на яго, трэба выслухаць Гітлера. Думаю, справа ідзе да новага дагавору.
Молатаў. Значыць, пачынаць трэба з прэтэнзіі?
Сталін. Стала быць.
Молатаў. Апошні час немцы вельмі затрымліваюць адпраўку нам абсталявання…
Сталін. Галоўнае для нас, вядома, не ў абсталяванні. Для гэтага дастаткова было б сказаць Шуленбургу. Альбо Мікаяну даць заданне. Галоўнае – гэта не даць саспець аніякай змове за нашай спіной. Разам з тым, трэба настойліва даводзіць, што Масква не імкнецца да агрэсіі. Але зноў жа – пра нямецкія войскі, якія ўведзены ў Румынію і Фінляндыю, неабходна недвухсэнсоўна спытаць: чаму яны там? Як ты лічыш, маем мы на гэта права?
Молатаў. Для пачатку – досыць, а перагаворы далей сапраўды пакажуць, што да чаго.
Сталін. Стала быць, нездарма кажуць: раніца мудрэй за вечар. Якраз ужо хутка раніца, а мы паспелі паразумецца. Бывай, Вячаслаў. Перадавай прывітанне Паліне.
Молатаў. Дзякуй, Коба. Але я зараз паеду яшчэ да сябе, папрацую.

Сталін бярэ са стала пачак «Герцагавіны флор», дастае папяросу і пачынае мяць яе. Молатаў выходзіць.

С Ц Э Н А   Т Р Э Ц Я Я

Зноў той жа кабінет старшыні Саўнаркома СССР. Гарыць лямпа. Заходзіць Молатаў, распранаецца. Тады падыходзіць да акна, нейкі час стаіць там, гледзячы на сваё невыразнае адлюставанне на цёмным шкле. Нарэшце вяртаецца да дзвярэй, расчыняе і гаворыць камусьці праз іх.

Молатаў. Пашукайце мне тэрмінова Дэканозава. Дзе ён сёння начуе?
Голас (з-за дзвярэй). Не магу знаць, таварыш старшыня Саўнаркома.
Молатаў. I яшчэ. Трэба звязацца з наркаматам Цімашэнкі. Няхай дадуць нам дадзеныя пра наяўнасць германскіх войск у Румыніі і Фінляндыі. Колькасць, ну і ўсё астатняе, што звязана з гэтым. Скажыце ім, што ў дэлегацыю будзе ўключаны камдыў Васілеўскі. Няхай рыхтуецца да паездкі. Дык дзе там Дэканозаў?
Голас. Паспрабуем адшукаць.
Молатаў. Зрабіце, калі ласка. Баркоў мне таксама спатрэбіцца праз гадзіну. Няхай зойдзе адразу пасля Дэканозава.

Молатаў ідзе да стала, сядае. Заходзіць Дэканозаў.

Вымушаны былі патурбаваць вас… Даруйце ў такім разе.
Дэканозаў. Я, Вячаслаў Міхайлавіч, працаваў у наркамаце. Так што… ніякіх турботаў не адчуў. Ведаў, што вы таксама на рабоце.
Молатаў. Быў у таварыша Сталіна. Удакладнялі канчатковы склад дэлегацыі, якая паедзе ў Германію. Вы ў курсе?
Дэканозаў. Не зусім.
Молатаў. Нас запрашаюць немцы на новыя перагаворы.
Дэканозаў. Дзякуй за давер.
Молатаў. Не мне трэба дзякаваць.
Дэканозаў. Каго ж?
Молатаў. Самі ведаеце. Гэта рэкамендацыя… (пільна глядзіць на Дэканозава) таварыша Сталіна. Але як я зразумеў, то хтосьці за вас прасіў.
Дэканозаў. Нават так.
Молатаў. I не менш. (Зноў пільна глядзіць на свайго намесніка па наркамату, затым грэбліва ўсміхаецца). Ведаеце, калі аднаго і таго ж чалавека многія любяць, значыць, варта падумаць, ці так гэта.
Дэканозаў. Не зусім разумею.
Молатаў. Што тут разумець? Усё зразумела – далучайцеся да работы ў дэлегацыі, часу вельмі мала. Дзень-два. Вазьміце на сябе пытанні нашых адносін з немцамі за ўвесь перыяд існавання іх. Дакументы цяпер знаходзяцца ў Баркова. Чытайце іх. Накоплівайце веды. А я ў цягніку яшчэ раз з імі пазнаёмлюся.
Дэканозаў. Можна ісці?
Молатаў. Так.

Намеснік наркома выходаіць. Звоніць телефон.

(Звыкла бярэ трубку, слухае). Не, не забыў. Добра, Коба. Калі едзем? (Слухае). Добра, Коба, добра…

С Ц Э Н А   Ч А Ц В Ё Р Т А Я

Могілкі. Да белага мармуровага помніка, на якім барэльеф прыгожай жанчыны і надпіс: «Надзежда Сяргееўна Алілуева-Сталін. 09.07.1901 – 39.11.1932. Ад I. В. Сталіна», падыходзяць з кветкамі Сталін і Молатаў. Сталін у шынялі. Молатаў у паліто. Сталін адлучаецца ад свайго зпадарожніка, ставіць кветкі на магіле бліжэй да помніка, тады адступае на крок і схіляе галаву. Молатаў таксама ціха аддае жалобу нябожчыцы. Нарэшце Сталін крута паворочваецца і ледзьве не ўцякае ад магілы. Молатаў паспяшае за ім.

Сталін (чакае Молатава). Я ўсё думаю, Вячаслаў, чаго ёй не ханала?
Молатаў. Жанчыны, Коба, бадай, самыя незразумелыя істоты на зямлі.
Сталін. I самыя брудныя. Але дараваць не магу. I Алілуевых таму трываць не магу. I ўсіх… Словам, дзякуй, што не адмовіўся і сёння паехаць са мной.
Молатаў. Заўсёды можаш спадзявацца на мяне, Коба.
Сталін. А ведаеш, колькі нагавораў было на цябе, калі рашалася пытанне, каго прызначыць на пасаду старшыні Саўнаркома замест Рыкава?
Молатаў. Можна здагадацца.
Сталін. I што ж? Здаецца, памылкі не выйшла. І паразуменне паміж намі ёсць, і справа, бачыш, ладзіцца.
Молатаў. Паразуменне заўсёды паміж намі было.
Сталін. Няхай і далей гэтак усё ідзе. Унутраных ворагаў знішчылі амаль усіх. Народ стаў шчаслівы. У Еўропе – вайна, а ў нас ціха. I японцаў правучылі, і фіны заціхлі – усё-ткі Кольскі паўвостраў зноў у нас і Выбарг пры ім. Ну, а што Хельсінкі не ўзялі, дык…
Молатаў. Я ўсё думаю, Коба, чаму так атрымалася. што вайна з белафінамі такая цяжкая выйшла ў нас?
Сталін. Стала быць, правільна робіш, што думаеш. Але няўжо ты нарэшце не зразумеў?
Молатаў. Што?
Сталін. А тое, што ў нас нарком абароны на той час аказаўся нікчэмны. Самы звычайны індык. Усё песенькі слухаў пра сябе, а Чырвоную Армію тым часам разлагалі розныя тухачэўскія, якіры, убарэвічы… Адна справа быць граданачальцікам у час рэвалюцыі, другая – наркомам абароны гэтакай вялікай краіны, як наша, ды асабліва цяпер, калі міжнародны капітал проста шалее вакол.
Молатаў. Гэта так.
Сталін. Я адчуваў яшчэ недзе перад вайной, што Варашылава трэба мяняць. Але на каго? На Будзённага? На Куліка? Цімашэнка, які цяпер у нас наркомам замест Варашылава, таксама не вялікая знаходка. Зрэшты, мы яшчэ пагаворым пра гэта пасля тваёй паездкі ў Германію. Бо не ў наркомах цяпер справа, Вячаслаў. Настаў час дыпламатаў. Думаю, да вайны нам яшчэ далёка. Прынамсі, трэба зрабіць усё магчымае, каб адцягнуць яе. Пры ўсёй крывадушнасці Гітлера, пры ўсім ягоным авантурызме неабходна пратрымацца гады са два, а там…
Молатаў. Там ужо сапраўды хто каго.
Сталін. Вось тады і добры нарком для Чырвонай Арміі спатрэбіцца. Ды і Мерацкоў не падабаецца мне. Як кажуць, без рыбы і рак рыба. Каго паставіць на яго месца?
Молатаў. Я не ваенны, Коба.
Сталін. З кадрамі ў дзяржавы заўсёды клопат. Пры Леніне мы падбіралі іх проста – па дзелавых якасцях ды партыйнай прыналежнасці. Цяпер гэтага мала. Практыка сацыялістычнага будаўніцтва паказала, што не менш важнай якасцю з’яўляецца звычайная чалавечая вернасць. Думаеш, чаму я Берыю перавёў у Маскву з Каўказа?
Молатаў. Я тут заўсёды давяраў табе.
Сталін. Стала быць, не ведаеш. А ў мяне спярша быў другі чалавек на прыкмеце замест Яжова.
Молатаў. Хто ж?
Сталін. Не здагадаешся. Чкалаў.
Молатаў. Чкалаў?
Сталін. Так, наш вядомы лётчык, аб якім цяпер слава ідзе па ўсёй зямлі. Але Чкалаў неспадзявана загінуў.
Молатаў. Не рызыкоўна было? Ён жа, здаецца, не зусім ураўнаважаны быў.
Сталін. Затое наскрозь бачны. Да таго ж мне ягоная папулярнасць на гэтай пасадзе патрэбна была. Дарэчы, ён сам нават схіляўся прыняць пасаду наркома. I раптам гэтая недарэчная смерць. Стала быць, ты зусім не здагадваўся пра Чкалава?
Молатаў. Не.
Сталін. А вось пра начальніка Генеральнага штаба сапраўды Варта падумаць як найхутчэй. І ўвогуле, на армію нам неабходна звярнуць асаблівую ўвагу. Слабых нідзе нё любяць. На днях я папрасіў спісы ваенных, што праходзяць па ведамстве Берыі. Там ёсць талковыя людзі. Карысней будзе мець іх у арміі, чым у турме. Як думаеш?
Молатаў. Правільна, Коба.
Сталін. Стала быць, ухваляеш? А вось некаторыя ажно на сценку лезуць ад гэтага майго жадання.
Молатаў. На некаторых даволі будзе цыкнуць.
Сталін (смяецца). Давядзецца-ткі й цыкнуць, як ты кажаш. Але няхай. Увечары збярэмся ў мяне на дачы. Але ты прыедзеш трохі раней, ну, скажам, у васемнаццаць нуль-нуль, як гаворыць Кагановіч.

Раптам на могілкі праз вароты заходзіць Варашылаў у маршальскай форме, з кветкамі ў руках. Сталін бачыць яго, хмурнее.

А ты чаго тут?
Варашылаў. Ды вось… (Паказвае кветкі). Даведаўся, што ты паехаў сюды… Я ж таксама глыбока паважаў Надзежду Сяргееўну. Хацеў ушанаваць…
Сталін. Стала быць, глыбока паважаў?
Варашылаў. Так.
Сталін. Штосьці я не помню, каб ты глыбока паважаў? Ну і што з таго, што паважаў? Якое гэтае мае дачыненне да сённяшніх угодкаў? Нарэшце, хто табе сказаў, што мы паехалі сюды з Вячаславам?
Варашылаў. Заўсёды ж ездзілі!..
Сталін. Заўсёды ды не кожны раз. Добра, Клім, ідзі кладзі свае кветкі, а потым увечары прыязджай на дачу.
Варашылаў. Дзякуй, Коба. (Ідзе па сцежцы да магілы Алілуевай).
Сталін (гледзячы яму ўслед). Не магу дараваць Фінляндыі!.. Слесар, ядрона вош!.. (Да Молатава). Не пярэчыш, што паклікаў яго на вячэру? Няхай паспявае, паскача, пацешыць нас.

Молатаў паціскае плячамі. Разыходзяцца.

С Ц Э Н А    П Я Т А Я

Новы кабінет. За сталом сядзіць Берыя, але не ў форме камісара дзяржаўнай бяспекі, у цывільнай. Ён штосьці лазначае алоўкам на паперы. У кабінет усё роўна як урываецца энкавусавец з трыма ромбамі ў пятліцах.

Энкавусавец. Таварыш нарком, сам ідзе!
Берыя (ускідвае галаву з бліскучымі акулярамі). Што яму трэба тут?

Энкавусавец збянтэжана паціскае плячамі.

Дзе ён?
Энкавусавец. Ідзе па калідоры.
Берыя. Добра, ступай.

Ён штосьці яшчэ перабірае на стале, хоча пакласці ў шуфляду. Але ў гэты час адчыняюцца дзверы ў кабінет, на парозе паяўляецца Сталін. Энкавусавец саступае яму дарогу. Берыя выходзіць з-за стала.

Рады бачыць цябе ў нас, Коба.
Сталін. Ну, рады не рады, а, стала быць, мусіш.
Берыя. Не, я сапраўды рады.
Сталін. Веру, Лаўрэнцій, веру. Я да цябе, кацо, па справе.
Берыя (амаль мітусліва). Канешне, канешне, Коба. Я табе гаспадыню падабраў замест Бычковай. Грузінка. Маладая. Усё ўмее.
Сталін. Навошта мне твая грузінка! Ды яшчэ маладая! Што мне з ёй рабіць? Думаеш, мае шэсцьдзесят гадоў дарэмна прайшлі, частку здароўя з сабой не забралі? Берыя. Ці ж грузіну на гэта скардзіцца?!
Сталін. А што, у грузіна замест гэтага… сучок? Корань жэньшэня? I калі вы, казлы ванючыя, перабесіцеся? Калінін за артысткамі валочыцца, Варашылаў за каленкі хоць якую хапае. А ты, кажуць, з машыны за маскоўскімі прыгажунямі цікуеш, Хіба не так?
Берыя. Усё гэта, Коба, перавялічана. I я не меў на ўвазе тое, аб чым ты гаворыш, калі гаварыў пра маладую грузінку. Я думаў пра адданасць. Усё-ткі грузінка.
Сталін. А руская дык ужо і няверная? Ты Баркову не чапай. Яна цяпер за маці маім дзецям. Так што, стала быць… А справа ў мяне такая да цябе. (Расхінае шынель, дастае з кішэні суконнага фрэнча складзеную паперу). Пачытай вось. (Дае паперку). Гэта – вайскоўцы. Камандзіры палкоў, камандзіры дывізій.
Берыя (чытае паперку). Якое будзе ўказанне наконт іх, Коба?
Сталін. Выпусціць. Прысвоіць сучасныя званні, вярнуць у армію.
Берыя. А другіх? Тую групу, дзе Штэрн?..
Сталін. Гэтыя няхай сядзяць.
Берыя. Слухаю, Коба. Распараджэнне будзе аддадзена сёння ж. Няхай гэта стане ім як амністыя.
Сталін. У сувязі з чым?
Берыя. Ну, хоць бы і ў сувязі з днём памяці Надзежды Сяргееўны.
Сталін. А табе, стала быць, што да яе? I ці не ты гэта Варашылаву сказаў, што я на могілках сёння?
Берыя. Варашылаў цяпер, сам ведаеш, не ў сабе. Пасля таго як знялі з наркома, то засынае на месцы, быццам самнамбула, то раптам мітусіцца пачынае, акурат апошняя прастытутка.
Сталін. Бачыш, як усё хутка мяняецца. Яшчэ нядаўна ты нанат адзін на адзін такога не мог сказаць пра Кліма, а сёння вось… Асмельваешся, стала быць. Дык хто Яму сказаў, ты?
Берыя. Думаю, што ў яго сябры засталіся. Сам можаш вылічыць.
Сталін. Не хапала яшчэ мне вашай арыфметыкай займацца. Тут ад алгебры часам галава кругам ідзе. Стала быць, з ваеннымі скончылі? Яны ўсе жывыя?
Берыя. Вуду зараз высвятляць.
Сталін. Ты ўжо зрабі мне і, зразумела, Чырвонай Арміі такую ласку. А цяпер пакажы, чым ты займаешся? Якімі бягучымі справамі галава твая занята?
Берыя. Спраў у нас хапае.
Сталін. Усё яшчэ хапае?
Берыя. Так. (Бярэ са стала два аркушы паперы). Хоць бы вось гэта. Глянь, тут не багата.

Сталін чытае. Берыя стаіць побач, заглядваючы ў паперу, усё роўна як і для яго гэта навіна.

Сталін. Чаму гэтак доўга ён дабіраўся?
Берыя. Былі пэўныя цяжкасці.
Сталія. Хлусні тут няма?
Берыя. Выключана. Дапытваў асабіста.
Сталін. Я таксама хачу паслухаць гэтага агента.
Берыя. Не давяраеш нам, Коба?
Сталін. Кажу, хачу паслухаць сам. Гісторыя ведае ўсялякія выпадкі. Тры разы, здараецца, выкопвалі з зямлі нягодніка, а ён, глядзіш – зноў аб’явіцца. А тут Троцкі. З Львом Давыдавічам жарты дрэнныя. Таму я і хачу паслухаць, як гэта было там, у Мексіцы. Ты мяне пасадзі ў тым пакоі (паказвае на пакой адпачынку), а я пасяджу, стала быць, паслухаю пры расчыненых дзвярах. Згода?
Берыя. Як хочаш, Коба. Я рады бачыць цябе.
Сталін. Нават пасля таго, як я нагаварыў табе ўсялякага рознага тут?
Берыя. Крытыку бальшавікі павінны прымаць свядома. Сам жа вучыш. Дазволь прывесці агента.

Сталін ідзе ў другі пакой.
У суправаджэнні капітана дзяржбяспекі ў кабінет, дзе застаецца Берыя, заходзіць невысокі, смуглы чалавек сярэдняга росту, азіраецца.

(Да яго). Ведаеш, у мяне з’явілася патрэба зноў даслухаць гэтую гісторыю.
Агент. Як быў забіты Троцкі?
Берыя. Так.
Агент. Аперацыя, самі вёдаеце, задумвалася…
Берыя. Ты не пра гэта. Мы сапраўды ў курее, як яно задумвалася. Раскажы, як было там.
Агент. Вінават. Апошнія інструкцыі Джэксан атрымаў.
Берыя. I гэта нам вядома, дзе ён іх атрымаў…
Агент. Вінават. Джэксан ажыццявіў забойства Троцкага ў аўторак, дваццатага жніўня. Троцкі прачнуўся ў той дзень рана, выйшаў са спальні, сказаў: «Даўно я не адчуваў сябе гэтак добра».
Берыя. Лішняя падрабязнасць.
Агент. Вінават. Троцкі пакарміў трусоў на ўнутраным дворыку асіенды…
Берыя. Таксама лішняя падрабязнасць.
Агент. Вінават. Ён у тую раніцу абіраўся працаваць над кнігай пра вялікага правадыра ўсіх народаў Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна…
Берыя. Можна ўявіць сабе, што нягоднік пісаў у ёй. Ну, далей!
Агент. У гэты час якраз і пранік да яго ў кабінет Джэксан, дастаў з-пад крыса ледаруб, які пранёс з сабой праз ахову на асіенду, і ўдарыў Троцкага па галаве. Але той адразу не сканаў. Ускочыў, пачаў кідаць, што трапляла над руку, у Джэксана, затым схапіўся з ім біцца. У гэты момант у кабінет прыбегла жонка Троцкага. Той упаў ёй на рукі, спытаў: «Што адбылося?» А яна паказала яму на Джэксана, якога тут жа схапіла ахова. Памёр Троцкі ў бальніцы.
Берыя. Што з Джэксанам?
Агент. У турме.
Берыя. Вытрымае?
Агент. Так, ён вялікі акцёр. Яму гэта па сіле і таленту.
Берыя. Усё?
Агент. Здаецца, так.
Берыя. Што значыць – «здаецца»?
Агент. Так, усё. Засталіся, як вы кажаце, лішнія падрабязнасці.
Берыя. Ідзіце, адпачывайце.

Агент выходзіць з кабінета. За ім – капітан. Берыя хоча прайсці ў другі пакой, але Сталін сам выходзіць адтуль.

Што скажаш, Коба?
Сталін. Акрамя задавальнення, нічога не скажу. Троцкі быў самы люты вораг савецкай улады. Цяпер трэба прасачыць, каб самазванец не з’явіўся. Ну, я пайду. А кнігу Троцкага пра таварыша Сталіна трэба пашукаць на ягоным стале.

Сталін выходзіць. Берыя доўга стаіць, быццам усё яшчэ прыслухоўваецца да сталінскіх крокаў.

С Ц Э Н А    Ш О С Т А Я

На дачы да Сталіна амаль як не кідаецца генерал Уласік.

Сталін. Што ў нас тут новага, Уласік?
Уласік. Усё па-ранейшаму, таварыш Сталін.
Сталін. А вось мы зараз паглядзім. (Кідае на рукі генералу шынель). Скажы Матрэне Пятроўне, каб падавала на стол. Абедаць пара. А ўвечары ў нас госці будуць.

Уласік моўчкі ківае галавой.

Дарэчы, як яна табе?
Уласік. Хто?
Сталін. Ну, Матрэна Пятроўна.

Уласік не ведае, што адказаць, але вочы ў яго гэтым часам відушчыя.

Нешта Берыя задумаў падабраць мне новую абслугу. Ты глядзі тут! Дарэчы, якое ў яе званне?
Уласік. У каго?
Сталін. Ты добра іграеш ролю няцемлівага, генерал Уласік. Вельмі добра.
Уласік. Матрэна Пятроўна прыпісана да малодшага каманднага саставу.
Сталін. Да старшага не дацягнула?
Уласік. Ніяк не, таварыш Сталін.
Сталін. Скажы тады ўжо, Уласік, – а повары нашы, у якім званні яны?
Уласік. Гэтыя маюць вышэйшыя званні.
Сталін. Стала быць, вышэйшыя?
Уласік. Так точна, таварыш Сталін.
Сталін. А хто гэта выдумаў, Уласік, даваць маёй абслузе воінскія званні? Ты?
Уласнік. Ніяк не, таварыш Сталін. Воінскія званні для абслугі ўведзены да мяне. Пры выплаце грошай гэта надта зручна.
Сталін. Кажаш, зручна пры выплаце грошай? Стала быць, зарплаты?
Уласік. Так точна, таварыш Сталін.
Сталін. Спадзяюся, ты пра ўчарашняе даручэнне не забыў?
Уласік. Класік ужо тут.
Сталін (нібыта абурана). Ты не дужа… Класік!.. Ты ў мяне калі-небудзь за язык свой атрымаеш! (Цішэй трохі). Ну, як ён?
Уласік. Чакае ў вестыбюлі. Але, здаецца, голас трохі хрыплы. Думаю, што…
Сталін. Зноў ты!.. Ну і няхай сіплы. Але калі ўжо гаворыш пра гэта, то трэба дакладна ведаць, чаму ў савецкага пісьменніка сіплы голас, я падкрэсліваю – у выдатнага савецкага пісьменніка. Зрэшты, гэта нікуды не варта, што ў савецкага пісьменніка сіплы голас.
Уласік. Дык мы ж яго ад Фадзеева забралі.
Сталін. Праз дзесяць хвілін запрашай.

Уласік выходзіць з пакоя. Падавальшчыца Матрэна Пятроўна коціць у пакой, дае застаецца Сталін, столік з каструлямі, талеркамі, бутэлькамі…

Матрэна Пятроўна. Прыемнага апетыту, Іосіф Вісарыёнавіч.
Сталін. Дзякуй, Матрэна. Дзе там наш знакаміты госць?

У пакой уваходзіць пісьменнік.

Сталін. Добры дзень, дарагі! Спадзяюся вы ні ў крыўдзе, што запрасіў на абед?
Пісьменнік. Лічу за вялікі гонар, таварыш Сталін.
Сталін. Тады адразу ж і сядайце за стол.

Але сам не спяшаецца сядаць. Таму і пісьменнік стаіць.

Як жывяце? Як ваш раман?
Пісьменнік. Дзякаваць богу, скончыў і чацвёртую кнігу.
Сталін. Чытаў. Вялікая праца.
Пісьменнік. Якая вялікая – сказаць не магу, а вось што цяжкая была, гэта праўда, таварыш Сталін. Ледзьве асіліў.
Сталін. Ну, вы яшчэ малады. У вас яшчэ ўсё наперадзе, стала быць. Гэта нам, старым, ужо варта часцей пра бога ўспамінаць. А вам, маладзейшым… Што будзеце піць? Ды вы сядайце, сядайце. (Паказвае пісьменніку месца за сталом і сам сядае насупраць). Дык што вы будзеце піць? Віно, каньяк?
Пісьменнік. Каньяк.
Сталін. А я – вінцо. Частуйцеся. Налівайце самі і закусвайце. I ўвогуле, адчувайце сябе як дома.

Пісьменнік бярэ бутэльку, збіраецца наліць у высокую крышталёвую чарку, а тады пераносіць бутэльку да шклянкі, налівае. Сталін сочыць за гэтым, усміхаецца.

Бачу, казакі – дужы народ?
Пісьменнік. Гэта я дзеля звычайнага понту, таварыш Сталін.
Сталін. Стала быць, дзеля понту?
Пісьменнік. Так, дзеля смеласці.
Сталін. Што ж, для понту дык для понту. А чаго баяцца?
Пісьменнік. Не кожны ж дзень з таварышам Сталіным абедаеш.
Сталін (смяецца). За што вып’ем?
Пісьменнік. За таварыша Сталіна.
Сталін. Не, так не трэба. Вы ж у мяне у гасцях. Стала быць, першая чарка за вас, за вашу эпапею. А пасля ўжо можна будзе і за таварыша Сталіна выпіць, калі пажадаеце. Я за вас. (Падымае чарку з віном, адпівае).
Пісьменнік. Дзякуй, таварыш Сталін. (І таксама адпівае).
Сталін. Ведаеце, я раман ваш прачытаў ад першай кнігі да апошняй. Канешне, заслаўскія дарэмна на вас паклёп узводзілі. На тое яны і заслаўскія. Але я на вашым месцы апошнюю кнігу ў рамане скончыў бы не так. Трошачкі не так. Што вы на гэта скажаце, стала быць?
Пісьменнік. Цяжкае пытанне, таварыш Сталін.
Сталін (усміхаецца). Давайце ўсё-ткі мы да канца вып’ем, дарагі. (Зноў паказвае чарку, але цяпер выпівае ўсю; тады амаль з жахам назірае за пісьменнікам, які таксама да канца выпівае сваю шклянку; смяецца). Стала быць, для понту?
Пісьменнік. Так, таварыш Сталін.
Сталін. Ды вы заядайце, заядайце. А што, пісьменнікі сапраўды многа п’юць? Я ўшо не раз заўважаў, які чырвоны з твару прыходзіць на размовы Фадзееў.
Пісьменнік. Я неяк не прыкмячаў…
Сталін. Ну, вядома, за сябра вы пастаіце гарой. Як стаялі некалі гарой за сваіх землякоў-партыйцаў. Ды і за сына Платонава. Памятаеце?
Пісьменнік. Помню, таварыш Сталін. Я толькі не здагадваюся, дзеля чаго вы мяне паклікалі?
Сталін (весела). А што, таварыш Сталін не моша запрасіць савецкага пісьменніка паабедаць разам?
Пісьменнік. Таварыш Сталін усё можа.
Сталін. Стала быць, і думаць пра гэта не варта. Мне ж цікава пагаварыць з вамі. Дык што вы скажаце пра апошнія раздзелы ў рамане?
Пісьменнік. Трэба падумаць, таварыш Сталін.
Сталін. А вось Аляксей Мікалаевіч Талстой, на маю думку, правільна піша сваю эпапею, выдатна.
Пісьменнік. Ён жа яшчэ не друкаваў апошнюю кнігу.
Сталін. Пра тое сведчыць аповесць «Хлеб», што Талстой у правільным рэчышчы рухаецца. Хіба не так?
Пісьменнік. Ну, калі глядзець на раман і на аповесць з аднаго пункту гледжання…
Сталін. Іменна так і трэба глядзець. Мне тыя падзеі пад Царыцынам вельмі помняцца. Праўда, Аляксей Мікалаевіч дарэмна столькі месца адводзіць таварышу Сталіну, аднак жа, з другога боку, чаго толькі не даруеш пісьменніку. Вядома, выдатнаму. А вы не надумалі працягваць свой раман пра калектывізацыю? Вельмі патрэбны ён, раман гэты, нам з працягам. Як мне бачыцца, то ў другой кнізе і новыя героі павінны з’явіцца. Ці я памыляюся? Эпапея ж пры адным ці нават двух героях не атрымаецца. Трэба шырэй браць.
Пісьменнік. Трэба падумаць, таварыш Сталін.
Сталін (з выразнай раздражненасцю). Падумайце, падумайце. (Устае з-за стала і паволі, крок за крокам, акурат раскручваючы доўгую нітку, пачынае хадзіць вакол). Дык што вы хацелі спытаць у мяне? А то ў савецкай інтэлігенцыі да таварыша Сталіна заўсёды пытанні знаходзяцца. Кожны ідзе з нечым.
Пісьменнік. Сапраўды, можна задаць пытанне, таварыш Сталін?
Сталін. Давайце.
Пісьменнік. Ці можна будзе ўжо цяпер пісаць пра трыццаць сёмы год?
Сталін (ад нечаканасці спыняе хаду, кідае ледзь не звераваты позірк). Пішыце, калі вы Шэкспір! Хто вам забараняе? А што вы пра Гітлера думаеце?
Пісьменнік. Колькі ваўка ні кармі – у лес будзе глядзець.
Сталін. Вы лічыце, стала быць, што мы Германію кормім?
Пісьменнік. Вы ў мяне спыталі, таварыш Сталін, пра Гітлера.
Сталін. Не прыкідвайцеся. Таварыш Сталін праўды не баіцца. Але частуйцеся. Я сам больш не магу. Дзень цяжкі. А да вечара яшчэ далёка. Прышлю вам генерала Уласіка. Можа, у вас з ім таксама цікавая гаворка атрымаецца. Бывайце.

Сталін выходзіць. Пісьменнік, усё роўна як у адчаі, зноў налівас каньяк у шклянку.

С Ц Э Н А    С Ё М А Я

Сталін пахаджвае па дарожцы паміж дрэў, што растуць вакол дачы. На грудзях у яго торбачка, з якой ён часам дастае папяровыя картачкі, каб запісаць чарговую ўзнікшую ў галаве думку. Запісвае, затым кладзе назад у торбачку. Насустрач па гэтай дарожцы ідзе Молатаў.

Молатаў. Я не перашкодзіў, Коба?
Сталін. Ці перашкодзіў, пытаеш? Не, Вячаслаў. Я ўжо чакаў цябе. Дамаўляліся ж на васемнаццаць. А цяпер?
Молатаў. Прыязджаў Шуленбург.
Сталін. З чым?
Молатаў. Усё з тым жа – прыспешвае візіт.
Сталін. Звычайная гітлераўская настырнасць. Бо не ў характары немцаў так мітусіцца. Стала быць, ім сапраўды штосьці прыспічыла. Што ж, давядзецца скарачаць тэрмін падрыхтоўкі.
Молатаў. Зрэшты, дэлегацыя ўжо сёння амаль гатова ехаць.
Сталін. Выдатна. Дарэчы, а якія тэлеграмы ад іх былі да нашага кастрычніцкага свята?
Молатаў. На тваё імя ад Гітлера, на маё, зразумела, ад Рыбентропа.
Сталін. Трэба пазваніць Дэканозаву, няхай прывязе сюды.
Молатаў. Тэлеграмы?
Сталін. Так.
Молатаў. Дазволь схадзіць да тэлефона?
Сталін. Не турбуйся, Уласік пазвоніць. (Павышае голас). Гэй!

Нібыта з-пад зямлі ўзнікае генерал Уласік.

Уласік. Слухаю вас, таварыш Сталін.
Сталін. Выклічце сюды Дэканозава. Няхай прывязе святочныя тэлеграмы. Ад немцаў.
Уласік. Слухаю, таварыш Сталін. (Зрываецца з месца).
Молатаў (усміхаецца ўслед генералу). У дваццатым годзе ў мяне быў памочнік. Акурат твой Уласік.
Сталін. А што?
Молатаў. Ды нічога. Падобны. Звычайна той рабіў выгляд, што вельмі спяшаецца выканаць заданне. Выклічаш вось гэтак, як ты цяпер Уласіка, а ён стаіць ужо перад табой, увесь запыханы, глядзі, маўляў, як я спяшаўся.
Сталін. Не, Уласік не такі. Але хітры таксама, дарма што дурнем прытвараецца. Ды нічога, абы служыў сумленна. А хітрыя ды дурні…
Молатаў. Цяпер іх, здаецца, трохі паменела.
Сталін. Ды і разумнікаў таксама. А то ўжо не было куды дзявацца ад іх.
Молатаў. Ды ўжо ж…
Сталін (амаль мройна). Мда, нялёгка было нам прывесці краіну да чысціні і росквіту. Ой, нялёгка. Сам ведаеш, Вячаслаў. Да таго ж трэба ўлічыць, што ў дзевятнаццатым годзе яна ўжо станавілася падобнай на былое Маскоўскае княства. Здавалася, шапкай накрыеш. Аднак здужалі, стала быць. Правільна спяваюць: «I на Ціхім акіяне свой закончылі паход…»
Молатаў (смяецца). Пра шапку і вялікае княства Маскоўскае ты гэта хораша сказаў, Коба. Выдатна сказана!
Сталін. Бачыш, іншы раз і семінарысты з гісторыі нешта цікавае могуць сказаць, не толькі гімназісты.

Абодва смяюцца.

Молатаў. У семінарыі ў вас моцна гісторыі вучылі?
Сталін. Найбольш гэтаму мяне ў ссылцы ды ў турмах вучылі. Дакладней, у турмах. Бо ў ссылцы мне выпала са Свярдловым быць. Ну, а які з яго гісторык? Луджаная глотка і больш нічога. Увесь час чамусьці прыдзіраўся да мяне ды крычаў. Мы спярша нават у адной хаце жылі, пасля разышліся. Калі б Яшка не памёр у час, то праблем бы шмат праз гэтага яўрэя Расія яшчэ мела б. Ужо і так ад імя Леніна ўсім камандаваў. Нават іншы раз за Леніна.
Молатаў. Дарэчы, я ўсё хацеў сказаць табе, Коба, ці не праз меру бяруць у гэтым сэнсе некаторыя нашы дзеячы?
Сталін. Кажы ясней, Вячаслаў?
Молатаў. Ну, раздзімаюць іншы раз… Таго ж Свярдлова…
Сталін. Ёсць такая тэндэнцыя. Як думаеш, Вячаслаў, на бліжэйшы час мы гарантаваны ад новай апазіцыі?
Молатаў. Пабойся бога, Коба! Колькі ж ім быць?
Сталін. Чым далей будзем ісці наперад, тым больш спакусы розныя людзей будуць збіваць з панталыку. Але на бліжэйшы час… Я таксама прыглядаюся – здаецца, на хуткую змову ў нас пакуль ніхто не здольны. Цяпер кадры ў нас правераныя. Хоць іншы раз гавораць і так: колькі ваўка ні кармі – у лес глядзіць. У мяне тут сёння на абедзе быў адзін пісьменнік, ну, можна лічыць, нават класік. Дык гэта той так гаварыў. Але з другога поваду. ІІаводле ягоных слоў выходзіць, што мы з табой Гітлера падкормліваем.
Молатаў. Аб’ектыўна так, Коба.
Сталін. У нашай гульні з Гітлерам – гэта вялікая зброя. Дарэмна некаторыя не разумеюць. Ды і Гітлер наўрад ці здагадваецца. Няхай думае, што мы звычайныя вясковыя прасцякі. Ну, а як жа? Масква – вялікая вёска, а мы ўсе тут вясковыя прасцякі. Трэба сказаць Мікаяну, каб за пастаўкамі ў Германію асаблівы нагляд быў. Але і ад немцаў неабходна патрабаваць адпаведнага выканання.
Молатаў. Шуленбург просіць, каб мы былі ў Берліне адзінаццатага.
Сталін. Стала быць, праз два дні?
Молатаў. Так.
Сталін. Ледзь не ультыматум ставяць.
Молатаў. Ці не збіраюцца яны далучыць нас да «восі Рым – Берлін – Токіо»?
Сталін (нібыта не чуе). На вячэры сёння будуць, акрамя Варашылава, Будзённы, Мікаян, Хрушчоў.
Молатаў. Мікіта прыехаў? Што ў іх там, у Кіеве?
Сталін. Здаецца, выбавіліся нарэшце з цянётаў выконваючых абавязкаў, правялі пленумы, сесіі.
Молатаў. Нялёгкая справа – ратацыя кадраў. Але, бачыш, Мікіта справіўся.
Сталін. Хітры хахол: глядзіць сабачымі вачамі, а ў галаве тым часам глузды варочаюцца. Нічога, хай пабудзе з намі. Сёння якраз шпіг мерзлага аленя.
Молатаў. Што гэта – шпіг мерзлага аленя?
Сталін. За сталом пакаштуеш. Але хадзем у памяшканне. Ногі стынуць. Спадчына ад розных ссылак, турмаў – стынуць ногі нават на слабым холадзе. Што ж датычыць тваёй заўвагі пра траістую «вось», дык… Нам цяпер, Вячаслаў, да ўсяго неабходна гатовымі быць. А вось як паводзіць сябе – залежыць ад нас.

Заходзяць усярэдзіну дачы. Распранаюцца ў вестыбюлі. З другіх дзвярэй заходзяць Будзённы, Варашылаў, Мікаян, Хрушчоў…

А вось і дарагія госці. Калі ласка, дарагія паплечнікі. (Здароўкаецца з кожным за руку). Мы з Вячаславам Міхайлавічам абмеркавалі тут адно пытанне. Пра інтэлігенцыю савецкую гаварылі. Якраз адзін пісьменнік да таго прыходзіў. Абедалі разам. Дык я чамусьці не зразумеў – што ён ад мяне хацеў? (Паціскае плячамі, але неяк касабока). Я гавару яму, намякаю, а ён адно мнецца, быццам дзеўка. Ажно прыкра стала. А што, таварышы, можа, час ужо зноў штокольвеч падкінуць нашым творцам – мастакам, пісьменнікам. Ордэнамі, напрыклад, узнагародзіць. А гэты пісьменнік, што прыходзіў да мяне, на прэмію цягне. Няхай спакойна працуюць.

Паплечнікі ківаюць галовамі, чуюцца галасы: «Так», «Так!..»

Вось мы, стала быць, і падумалі з Вячаславам Міхайлавічам, прыгадалі Фрэнсіса Бэкана, які гаварыў, што няшчасны чалавек асабліва той, хто расчараваўся, – цэнтральны мяцежнік. Ці ёсць у нас сярод інтэлігенцыі мяцежнікі, Сямён Міхайлавіч?
Будзённы. Пра гэта, таварыш Сталін, трэба пытацца ў старасты, у Міхаіла Іванавіча. Той спецыяліст па інтэлігенцыі. Асабліва па інтэлігентках.

Усе смяюцца.

Сталін. Стала быць, трэба падкінуць інтэлігенцыі што-колечы?

Зноў усе ківаюць галовамі, гавораць: «Так», «Так…»

Але трэба зрабіць усё так, каб і творцы засталіся задаволеныя, і каб народ нас зразумеў. Дык кажаш, Сямён Міхайлавіч, што мяцежнікаў сярод іх няма ўжо? А то і праўда, ад нягоднікаў некаторым ужо спакою не было. Як гэта Бабель пра цябе пісаў: «Вярнуць гэтага каня ў першабытнае становішча». Ну і нягоднік!

Адчуўшы, што Сталін настройвае ўсіх на жартоўны тон, Будзённы засмяяўся. За ім – Варашылаў. Сталін паглядзеў прыжмурана на Варашылава.

Дарэчы, Клім, а як пажывае той конь, якога ты атрымаў у падарунак ад Герынга? Ён пад сядлом у цябё? Варашылаў. Так, таварыш Сталін. Пад сядлом. Сталін. Давядзецца цяпер аддзячыць Герынгу танкам. У нас нарэшце з’явіўся добры танк. Немцы пазайздросціць могуць. Але пачакаем з падарункам. Так? Варашылаў. Герынг – лётчык. Можа, самалёт?.. Сталін. I з самалётам пачакаем. З’ездзіць вось Вячаслаў Міхайлавіч у Берлін, тады і вырашым, што дарыць, што паказваць. А ты, Мікіта Сяргеевіч, чаму маўчыш?
Xрушчоў. Цяпер час унутраных маналогаў, таварыш Сталін.
Сталін. Эйш! Сам прыдумаў ці падказаў хто? Але пра гэта потым. Хадземце зараз за стол.

СЦЭНА ВОСЬМАЯ

Усе пераходзяць з вестыбюля ў другі пакой. Да Сталіна непрыкметна падыходзіць генерал Уласік. Штосьці гаворыць Сталіну. Сталін паварочваецца да Молатава.

Сталін. Прыехаў Дэканозаў. Схадзі да яго, вазьмі паперы, а то Уласіку ён не давярае. А можа, з намі за стол спадзяецца такім чынам трапіць.

Молатаў выходзіць. Сталін запрашае рукою ўсіх сядаць за багаты стол.

Лічыце, што мы з’ехаліся сюды на праводзіны Вячаслава Міхайлавіча ў Берлін. Пакуль яго няма – выдам сакрэт: мы накіроўваем да Гітлера сваю дыпламатычную дэлегацыю.
Хрушчоў (зусім наіўна). А я думаў, што… Надзежда Сяргееўна… Сёння ж дзень…
Сталін. Я разумею тваё хваляванне, Мікіта. Ты ёй сапраўды абавязаны шмат чым. Але ў гэтым доме, каб ведаў, памяць яе ўшаноўваецца іначай. Так што працягвай…
Будзённы. Працаваць над сваім унутраным маналогам.

На гэты нібыта жарт ніхто не рэагуе. Усе маўчаць, апусціўшы галовы.

Сталін. На ўсё свой час. Мае кухары згатавалі новую страву. Стала быць, будзем зараз каштаваць.

Заходзіць Молатаў. Падае Сталіну тэлеграмы. Сталін кідае позірк на іх, вяртае Молатаву.

Чытай. (Да ўсіх). Гэта ад Гітлера. Да кастрычніцкага свята.
Молатаў (чытае). «Пану Іосіфу Сталіну. Масква. Прашу вас прыняць самыя шчырыя віншаванні. З гэтым я звязваю мае найлепшыя нажаданні, жадаю добрага здароўя вам асабіста, а таксама шчаслівага будучага народам дружалюбнага Савецкага Саюза. Адольф Гітлер».
Сталін. Пакажы. (Бярэ тэлеграму, глядзіць на яе). А вам не здаецца (звяртаецца да прысутных), што сёлетняя тэлеграма падобная на леташнюю? Акурат такую Гітлер прысылаў у мінулым годзе да майго шасцідзесяцігоддзя. Памылкі тут не можа быць? Не зблыталі тэлеграмы? Дзе Дэканозаў?
Молатаў. Адпусціў. Але памылкі няма.
Сталін. Стала быць, няма?
Молатаў. Так.
Сталін. Сядай, Вячаслаў.

Молатаў сядае за стол побач са Сталіным, па левы бок ад яго. Па правы – месца займае Хрушчоў.

(Голасна). Гэй, Матрэна Пятроўна!.. Нясі сюрпрыз на стол.

Заходзіць падавальшчыца. Ставіць на стол струганіну.

Прашу, дарагія госці. Гэта – шніг мерзлага аленя. Якраз гарэлкі да сябе патрабуе. Я, відаць, таксама кілішак вып’ю. Налівайце. Мікіта Сяргеевіч, бяры графінчык.
Xрушчоў. Дзякуй, таварыш Сталін.
Сталін. Царскае блюда. Я запомніў гэты шпіг яшчэ з туруханскай ссылкі. Нас са Свярдловым тамтэйшыя паляўнічыя частавалі. Увесь час пасля адчуваў, што ў меню чагосьці мне не хапае. I вось нядаўна ўспомніў. Дык за што вып’ем? За Молатава, за паспяховую паездку ў Германію?
Молатаў (устае з чаркай). Дазволь мне, Коба. Я прапаную тост за вялікага кормчага, генія ўсіх часоў і народаў…
Сталін (жартуе). Словам, зноў за марксізм-ленінізм!
Мікаян. Не, таварыш Сталін, мы будзем піць зараз за ўсеперамагаючае вучэнне Маркса – Леніна – Сталіна.
Сталін. А таварыш Энгельс куды падзеўся?
Мікаян. Дык…
Сталін. Стала быць, Энгельс сярод нас прамежкавы? I ўсё-ткі за Молатава! (Выпівае. Кладзе на талерку струганіну. За ім гэтакае свяшчэннадзеянне робяць астатнія). Ну вось, зараз пакаштуем. (Бярэ відэльцам струганіну, нясе ў рот смакуе, але па твары відаць, што ад стравы не ў захапленні). Табе падабаецца, Мікіта Сяргеевіч?
Хрушчоў (яшчэ не праглынуўшы сваю долю). Так, таварыш Сталін, вельмі!
Сталін. Тады і маё бяры. (Скідвае відэльцам струганіну з талеркі на хрушчоўскую). А табе, Анастас? Як табе струганіна?
Мікаян. Выдатна, таварыш Сталін. Толькі мне больш не трэба. З мяне хапае. (Паказвае на сваю талерку).
Сталін. А мне сёння шпіг чамусьці не глянуўся. Можа, таму, што ў ссылцы елі яго на марозе. Што ж, другі раз паспрабуем на марозе.
Варашылаў. Ды і аленя трэба самім упаляваць.
Сталін. Падтрымліваю ідэю. А пакуль Мікіта Сяргеевіч па сваёй прагнасці будзе спраўляцца са шпігам мерзлага аленя, мы зоймемся звычайнымі закускамі і будзем весці звычайныя размовы. Напрыклад, пра той жа марксізм. Некалі Маркс напісаў аднаму са сваіх адрасатаў: цэнтр рэвалюцыйных падзей перамесціцца ў Расію. Хіба ён памыліўся? Хіба не ў Расіі адбываецца ў апошнія дзесяцігоддзі самае галоўнае?
Молатаў. Вядома, у Расіі. Асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе.
Сталін. Але як яго, гэтае дзесяцігоддзе, будуць называць у гісторыі?
Молатаў. I гэта зразумела – сталінскае.
Сталін. А я іншай думкі. Крывавым, так, няйначай крывавым!
Молатаў (ледзь не плачучы). Чаму, Коба?
Сталін. Таму, што мы не ўсе ведаем працяг Марксавай думкі. Я не даслоўна цытую. Бо справы не ў гэтым. З Маркса і з іншых заслужаных крыніц трэба сэнс браць, галоўнае. Дык вось у Маркса была следам за ранейшай цумкай яшчэ такая: тады калымага гісторыі пацягнецца па доўгім крывавым шляху… Вось так, Мікіта Сяргеевіч, а ты – пра ўнутраны маналог!..
Хрушчоў. Я гэтым абмовіўся, таварыш Сталін, хацеў сказаць, што іншы раз пры разумнейшым чалавеку лепш памаўчаць. А тут!..
Сталін. Ну гэта, дапусцім, не тваё адкрыццё. Але гаварыць ад імя ўсіх… Мы ўвогуле многа гаворым і гаворым ад імя цэлага народа. Многа абяцалі яму. I вельмі хочам, каб ён маўчаў. Але меркаваць пра нашы справы, пра тыя падзеі, у якіх мы прымаем удзел, усё-ткі будзе ў рэшце рэшт народ. Я чаму сёння пачаў гаворку гэту – пра калымагу гісторыі, пра народ, пра крывавае дзесяцігоддзе? Неяк усё сышлося адно на адным. Нават госць мой, пісьменнік, і той пытаўся, ці можна будзе, таварыш Сталін, пісаць пра трыццаць сёмы год? Ну ды няхай. Здаецца, Мікіта ўжо справіўся са сваёй порцыяй. Ды і пра ўнутраны маналог нам нібыта ўсё растлумачыў. Цяпер слова Сямёну Міхайлавічу. Дзе твой гармонік? А Клім праспявае тым часам прыпеўкі, раз напрасіўся сёння на вячэру, – пра кулакоў, пра заможнае калгаснае жыццё, пра радасць і шчасце, якімі поўніцца краіна, пра таварыша Сталіна…

Будзённы з Варашылавым паслухмяна вылазяць з-за стала. Будзённы звешвае са сцяны гармонік, расцягвае. Варашылаў нейкі момант стаіць нерухома, тады кідаецца ў скокі, спявае.

(Хрушчову). Ну, чым не народныя артысты?
Xрушчоў. Артысты з народа, таварыш Сталін.
Молатаў. З Чырвонай Арміі.

Рагочуць.

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

С Ц Э Н А   Д З Е В Я Т А Я


Спальня Гітлера. Фюрэр яшчэ ў пасцелі. Заходзіць камердынер штурмбанфюрэр Лінге. Набліжаецца да ложка, кратае за плячо спячага рэйхсканцлера.

Лінге (ціха). Мой фюрэр!..

Гітлер, акурат у ачмурэнні, азіраецца.

Гітлер. Гэта вы, Лінге?
Лінге. Так, мой фюрэр!..
Гітлер. Так, так Лінге. Цяпер бачу, што гэта вы.
Лінге. Учора вы прасілі, мой фюрэр…
Гітлер. Так, я помню. Учора я прасіў разбудзіць мяне на дзве гадзіны раней звычайнага. Значыць, цяпер ужо восем? (Садзіцца на пасцелі).
Лінге. Так, мой фюрэр!.. Якраз восем…
Гітлер. Якое сёння надвор’е?
Лінге. Цяпер у Берліне ціха, мой фюрэр. Але чакаецца дождж.
Гітлер (акурат здзіўлены). Дождж? Няхай будзе дождж. Няхай рускія зведаюць у нас і гэта.

Фюрэр бярэ з тумбачкі шклянку соку, п’е. Затым намацвае там акуляры, надзявае. Лінге падае яму англійскую газету «Таймс» і аркуш паперы з перакладам аднаго з артыкулаў.

Паспелі ўжо (Чытае). «Новы палітычны дыялог Масквы з Берлінам несумненна прынясе свае вынікі, аднак…» Зноў «аднак»! У гэтым вось «аднак», Лінге, уся сутнасць для іх. А яшчэ сутнасць у тым, дарагі штурмбанфюрэр, што ўчора я заснуў хутка і праспаў, бачыце, усю ноч без таблетак.
Лінге. Я вас віншую, мой фюрэр.
Гітлер. Лепш павіншуйце Мюрэля. А я веру, што ў здаровым целе – здаровы дух. I так, што ў вас сягоння?
Лінге. З самага ранку прыём Рыбентропа і Гальдэра.
Гітлер. Так, так, помню. Прыму паасобку. Яны тут?
Лінге. Чакаюць, мой фюрэр.
Гітлер. Пачну з Рыбентропа. У яго неадкладная справа – прыязджаюць рускія. Але няхай, трэба справіць туалет.
Лінге. Мюрэль вам не трэба?
Гітлер. Навошта Мюрэль, Лінге? Калі ўначы мы абышліся без таблетак, то ўранні можна ўстрымацца ад уколаў. Як вы думаеце, Лінге? Ёсць у гэтым рацыя?
Лінге. Ваша воля, мой фюрэр. Мюрэль таксама чакае.
Гітлер. Няхай чакае. На тое ён і доктар, каб чакаць… ад чалавека хваробы. Адзін чакае – другі ўцякае, а, Лінге?
Лінге. Цудоўна сказана, мой фюрэр! Цудоўна!

Гітлер у доўгай кашулі становіцца на падлогу, кладзе далонямі рукі на патыліцу, пазяхае, пацягваецца.

Рыбентропа будзеце тут прымаць?
Гітлер. Не, скажыце, каб падалі сняданак у кабінет. Там прыму.


С Ц Э Н А    Д З Е С Я Т А Я


У прыёмным пакоі рэйхсканцлера – начальнік штаба сухапутных войск Вермахта генерал Гальдэр і Рыбентроп: спярша стаяць каля вокнаў, затым сыходзяцца на сярэдзіне пакоя.

Рыбентроп. Дазвольце пацікавіцца, генерал…
Гальдэр. Я да вашых паслуг.
Рыбентроп. Дзякуй, вы дужа ласкавы, генерал. Дык вось, я неяк заглянуў днямі ў працы Клаўзевіца.
Гальдэр. Пахвальна, пан міністр. А што вы чыталі? «Аб вайне»? «Тысяча восемсот дванаццаты год»?
Рыбентроп. I гэтым таксама цікавіўся. Але чытаў я «Італьянскі паход Напалеона Банапарта».
Гальдэр (усміхаючыся). Гэта таксама пахвальна. Аднак жа, пан міністр… Калі дыпламаты пачынаюць чытаць тэорыю войнаў, а генералы чытаюць гісторыю дыпламатыі…
Рыбентроп. Ну-ну, гаварыце, генерал.
Гальдэр. Тады не атрымліваецца ні добрай вайны, ні добрага міру.
Рыбентроп. Хочаце сказаць – кожнаму сваё?
Гальдэр. Так, пан міністр. Прашу дараваць за шчырасць салдату.
Рыбентроп. Я сам стары салдат, Гальдэр.
Гальдэр. У вермахце добра ведаюць, што наш міністр замешных спраў, барон Рыбентроп, заслужаны афіцэр.
Рыбентроп. Кайзераўскі генерал.
Гальдэр. О так! Але я не пра гэта, пан міністр; цяпер настае такі гістарычны момант, калі кожны арыец навінен дакладна ведаць, што найперш…

Адчыняюцца дзверы з кабінета Гітлера, выходзіць штурмбанфюрэр Лінге. I начальнік штаба сухапутных войск, і міністр замежных спраў хутка паварочваюць да яго галовы. Лінге падыходзіць да Рыбентропа.

Лінге. Фюрэр запрашае вас, пан міністр.
Рыбентроп. У якім настроі сёння рэйхсканцлер?
Лінге (амаль ці не шэптам, быццам па сакрэту). Спаў без снатворнага.
Рыбентроп (паварочваецца да Гальдэра). Мы з вамі, генерал, яшчэ пагаворым пра Клаўзевіца.
Гальдэр. Чэсць маю, пан міністр.


С Ц Э Н А   А Д З І Н А Ц Ц А Т А Я

 Кабінет Гітлера. Фюрэр у мундзіры з чырвонай павязкай на рукаве п’е за нізкім столікам каву. Заходзіць Рыбентроп, за ім – Лінге.

Гітлер. Я рашыў прыняць вас, барон, за кавай. Сядайце, частуйцеся.
Рыбентроп. Хайль, мой фюрэр!
Гітлер. Сядайце, сядайце, Іаяхім. (Да камердынера). Частуйце барона, Лінге!

Штурмбанфюрэр бярэ са століка кафейнік, налівае кубак. Тым часам Рыбентроп паспявае падсесці да століка.

У вас сёння, барон, цяжкі дзень будзе?
Рыбентроп. Так, мой фюрэр, нялёгкі. Але ж гэта не першая дэлегацыя ў Берліне.
Гітлер. Ваша праўда, барон. Цяпер палітыка робіцца ў нашай сталіцы. I еўрапейская, і ўсясветная. Нездарма ж яны абвясцілі тысячагадовую гісторыю трэцяму Рэйху.
Рыбентроп. Так, мой фюрэр. (Бярэ наліты кубак, смакуе каву). Цудоўная!
Гітлер. Смак кавы залежыць ад таго, барон, хто яе н’е і хто гатуе. Напрыклад, у нас з штурмбанфюрэрам густы супадаюць. Значыць, і вам падабаецца наша кава?
Рыбентроп. Вышэйшы клас, мой фюрэр.
Гітлер. То прыходзьце часцей на каву. Учора мне Генрых расказваў, што сталінскі камісар Дзяржаўнай бяспекі… Як яго?
Рыбентроп. Берыя.
Гітлер. Здаецца, так. Сталін часта мяняе іх. Таму ў памяці доўга не застаюцца. Дык Генрых учора расказаў, што гэты камісар возіць сваю вячэру да Сталіна. Рыбентроп. Чаму менавіта вячэру?
Гітлер (смяецца). Сталін днём спіць. Таму сняданак у ято выпадае на вечар. Можа, і Молатаў асабістую ежу ў Берлін вязе? (Абодва смяюцца). Дарэчы, калі вам на вакзале патрэбна быць?
Рыбентроп. А дзесятай, мой фюрэр.
Гітлер. Але ж рускія, здаецца, прыбываюць на Антхальскі вакзал у адзінаццаць.
Рыбентроп. Так, мой фюрэр. Хачу паглядзець, як будзе афармляцца прывакзальная плошча.
Гітлер. Што датычыць дзяржаўных сцягоў, то гэта як пратакол дыктуе: іхні і наш. Але зноў паўтараю: пры сустрэчы ніякіх усмешак, ніякіх звышумоўленых поціскаў рук. Што будзе выконваць аркестр?
Рыбентроп. «Дойчлянд, Дойчлянд…» і «Інтэрнацыянал».
Гітлер. Што ж, давядзецца пацярпець і гімн камуністаў. Выдумка гэта ўсё – інтэрнацыянал рабочых і сялян. Патрэбны ён ім, як свінні акуляры. Іншая справа яўрэйскі інтэрнацыянал банкіраў-біржавікоў. Тут неабходна пільным быць. Не веру я рускім, што гэта ў іх надоўга – інтэрнацыянал. Але няхай. Хутка мы навядзём там парадак. А пакуль – прымусім Сталіна прыняць удзел у адной гульні. Няхай пабудзе таксама іграком. Толькі карты не станем адкрываць яму. Тым больш што некаторыя ягоныя карты мы ўжо ведаем. Паглядзім, хто каго.
Робентроп. Зразумела, мы яго.
Гітлер. Я надаю гэтай гульні вялікае значэнне, Рыбентроп. Спярша думалася, што чарга да Савецкага Саюза дойдзе пасля Англіі. Але цяпер, пасля разгрому Францыі, стала відавочна, што вайну з Расіяй можна весці, не чакаючы перамогі над Англіяй. Для гэтага вось дэзарыентацыя Сталіна і спатрэбілася мне. Ужо на пачатку перагавораў будзем прапаноўваць Саветам далучыцца да троіснага пакта. Думаю, што Сталін ад такой нечаканасці здрыганецца.
Рыбентроп. Дапускаю, што ён аб нечым такім здагадваецца.
Гітлер. Няхай сабе здагадваецца. Раз прыняў удзел ва ўсходняй маёй палітыцы, то мусіць далучыцца і да заходняй. Прапануем план падзелу заходняй Еўропы. Праз гэта мы атрымаем выгаду з двух бакоў – супакоім Сталіна, моў, мы табе, крэмлёўскі дыктатар, па-ранейшаму моцна давяраем, а тым часам канчаткова скампраметуем яго перад Лонданам. Гульня ёсць гульня. Дык пачынайце яе, Рыбентроп! З намі бог!
Рыбентроп. I фюрэр!
Гітлер. У дадзеным выпадку гэта тая падрабязнасць, якую не заўсёды трэба ўдакладняць. Хто з вамі сустракае савецкую дэлегацыю?
Рыбентроп. Як і дамоўлена было раней, мой фюрэр: Кейтэль, Гімлер, доктар Лей, таксама пасол Рытар, камендант Зейферт, бургамістр Штэег, Вайнцзекер…
Гітлер. Так, так! Помню! Але пры ўваходзе ў імперскую канцылярыю дэлегацыю Молатава сустрэне Мейснер.
Рыбентроп. Ясна, мой фюрэр. (Устае). Дзякуй за каву. Хайль, мой фюрэр!
Гітлер. Галоўнае – строгасць, Рыбентроп. Няхай рускія кідаюцца ў здагадках, дзеля чаго мы іх запрасілі.

Рыбентроп выходзіць.
Лінге, клічце Мюрэля.
Штурмбанфюрэр адчыняе яшчэ адны бакавыя дзверы, прапускае ў кабінет доктара Мюрэля. Гітлер тут жа скідвае мундзір, закасвае рукаў. Мюрэль моўчкі робіць укол, выходзіць. Гітлер нейкі час сядзіць моўчкі за тым жа нізкім столікам, тады надзявае мундзір, пераходзіць за рабочы стол.

Лінге, запрашайце Гальдэра!

Заходзіць Гальдэр.

Гальдэр. Хайль, мой фюрэр!
Гітлер. Хайль. Сёння, як бачыце, мы пачалі жыццё на дзве гадзіны раней.
Гальдэр. Дазвольце пацікавіцца, мой фюрэр: хто ўзначальвае дэлегацыю? Сталін?
Гітлер. Не, яго старшыня ўрада Молатаў.
Гальдэр. Усё роўна высокі ўзровень, мой фюрэр. Хто з рускіх маршалаў прыязджае?
Гітлер. Ніхто. ІІраўда, ёсць у дэлегацыі нейкі ваенны спецыяліст. Але ў цэлым гэта дэлегацыя цывільная. Мы павінны зачараваць рускіх. У гэтым сэнс нашага запрашэння. Але то справа Рыбентропа. Няхай барон стараецца. У нас з вамі, Гальдэр, другая задача, найгалоўная. Як думаеце, Сталін усё яшчэ не здагадваецца, што план ягонай «Навальніцы» для нас перастаў быць сакрэтам?
Гальдэр. На сённяшні дзень разведка вермахта можа даць поўную гарантыю, што не, мой фюрэр.
Гітлер. А не магло здарыцца, што руская разведка знарок падкінула нам яго?
Гальдэр. Выключана, мой фюрэр!
Гітлер. А раптам усё-ткі не выключана?
Гальдэр. Ва ўсялякім разе на распрацоўку нашага плана гэтая акалічнасць не павінна ўплываць.
Гітлер. Не павінна ўплываць ці на самой справе не ўплывае?
Гальдэр. Можа, як стымул. Важна, што мы ведаем аб разгортванні савецкіх узброеных сіл на граніцы з намі. Адпаведна гэтаму і вядуцца ў нас работы над уласным планам.
Гітлер. Ану-тка кладзіце на стол сваю карту.

Гальдэр дастае з папкі карту, распасцірае на стале перад Гітлерам.

Гальдэр. Вось!..
Гітлер. Я хачу, каб вы мяне нарэшце канчаткова пераканалі, што на ўсходняй граніцы з пратэктаратам, а значыць, з Рэйхам, Сталіным утвораны ўжо два выступы ў наш бок.
Гальдэр. Гэта так, мой фюрэр. (Паказвае на карце). Вось яны – Беластоцкі і Лембергскі.
Гітлер. Хто там камандуе?
Гальдэр. Генерал Паўлаў, камандуючы Беларускай ваеннай акругі, спецыяліст па выкарыстанню механізаваных злучэнняў. Усяго ў гэтых двух выступах, альбо, як іх называюць, балконах, размешчана паўмільёна войск і сем тысяч танкаў.
Гітлер. Гэта дакладна?
Гальдэр. Разлікі зыходзяць са штатнага раскладу Савецкай Арміі.
Гітлер. Для мяне штатны расклад сёння нічога не гаворыць, Гальдэр. Вы ўяўляеце сабе сем тысяч танкаў?
Гальдэр. Так, мой фюрэр!
Гітлер. А яшчэ ж трэба ўлічыць танкі, што размешчаны ў іншых ваенных акругах балынавіцкай краіны.
Гальдэр. Разведка сухапутных войск атрымае на гэты конт новае заданне, мой фюрэр.
Гітлер. Зрабіце мне такую ласку, Гальдэр. I яшчэ – на чым засноўваюцца вашы разлікі, што шэсць савецкіх армій і сем механізаваных карпусоў скіроўваюцца супроць нас па плану «Навальніца»?
Гальдэр. Мяркуйце самі, мой фюрэр: пра што думаюць войскі, якія заняты думкай аб абароне?
Гітлер. Ну, Гальдэр, ну?
Гальдэр. Акопваюцца, мой фюрэр. Гэта бясспрэчнае правіла. Затым нацягваюць драцяныя загароды, узводзяць абараняльныя рубяжы і так далей. Чырвоная ж Армія сур’ёзна не робіць нічога падобнага. У сваім тыле, пад Мінскам, разбурае лінію Сталіна, а пра новую, што на цяперашняй граніцы, якую сёй-той ужо называе лініяй Молатава, не вельмі клапоціцца. Дакладней, лініі такой накуль яшчэ не існуе. Праўда, дзе-нідзе з’яўляюцца ўмацаванні ў выглядзе дотаў, аднак…
Гітлер. Значыць?..
Гальдэр. Я думаю, мой фюрэр, ні адзін ваенны не можа ахарактарызаваць гэтакае разгортванне войск як абараняльнае. Схема гэтых вось двух балконаў вельмі пра многае сведчыць. I ў першую чаргу пра тое, што ні адна вайсковая групіроўка, якая ажыццяўляе абарону, не стане размяшчацца такім чынам на ўчастку, які выступае ў бок праціўніка, дзе небяспека быць акружаным ці адрэзаным асабліва вялікая. Да таго ж менавіта на гэтых выступах засяроджаны галоўныя сілы савецкай кавалерыі.
Гітлер. Ну і Сталін, ну і махляр. На які тэрмін рыхтуецца аперацыя «Навальніца»?
Гальдэр. На шостае ліпеня будучага года.
Гітлер. Ну і Сталін, ну і нягоднік! Сам правакуе! Што ж, няхай пасля на сябе наракае. Цікава, якімі вачамі будзе глядзець сёння Молатаў? Можа, зрабіце ўсё-ткі намёк яму, што мы багата чаго ведаем пра іхнія ваенныя планы?
Гальдэр. Я не стаў бы рабіць гэтага, мой фюрэр.
Гітлер. Чаму?
Гальдэр. Бо на паперы – гэта адно, а на яве можа атрымацца інакш. Няйначай, Сталін распрацоўвае «Навальніцу» хутчэй са страху перад намі, чым ад рэальнага жадання. На самай справе Чырвоная Армія цяпер моцна абяскроўлена. Савецка-фінляндская сутычка паказала гэта.
Гітлер. Добра, Гальдэр, вы мяне пераканалі. Будзем маўчаць. Але са сваім сустрэчным планам трэба спяшацца. Тут – хто каго апярэдзіць. Дарэчы, чаму наш план займеў назву «Отта»? Мне гэтае імя нічога не гаворыць. Я разумею – Атыла, Батый, Барбароса… Няхай вашы штабісты таксама падумаюць над новай назвай. Ды сачыце, каб задума наша не трапіла да Сталіна. Я не Сталін – галовы паздымаю разявам! Усё, Гальдэр!
Гальдэр. Хайль, мой фюрэр!

Гальдэр выходзіць. Гітлер накіроўваецца да глобуса, пачынае круціць.


С Ц Э Н А   Д В А Н А Ц Ц А Т А Я

Антхальскі вакзал германскай сталіцы. Тут ужо Гімлер, Кейтэль. З’яўляецца Рыбентроп. Вітаецца з прысутнымі, затым бярэ Гімлера пад руку, адводзіць убок.

Рыбентроп. Я толькі што ад фюрэра.
Гімлер. Спадзяюся, здароўе яго добрае?
Рыбентроп. I здароўе добрае, Генрых, і настрой цудоўны.
Гімлер. Якія апошнія ўказанні?
Рыбентроп. На вакзале халодны прыём.
Гімлер. А ўвогуле?
Рыбентроп. Ты маеш на ўвазе ўстаноўку на ўвесь час?
Гімлер. Так.
Рыбентроп. Перагаворы пакажуць. Усё будзе залежаць ад таго, як стане паводзіць сябе Молатаў. У фюрэра на гэтыя перагаворы з Масквой асаблівае спадзяванне, дакладней, асаблівы разлік. Нават звышзадача, калі яна ўвогуле магчыма.
Гімлер. Як заўсёды, наш фюрэр вялікі ў сваіх задумах і мудры ў іх ажыццяўленні. Я таксама за тое, каб не дужа распасцірацца перад рускімі. Няхай зразумеюць, што мы маем прэтэнзіі да іх. А чалавек са страху можа выдаць сябе з галавой. У кожным разе робіцца калі не паслухмяным цалкам, то згаворлівым абавязкова.
Рыбентроп (прыслухоўваецца да вонкавых гукаў). Здаецца, цягнік.
Гімлер. Хадзем бліжэй.

Спыняецца вагон. З яго выходзіць вайсковец у форме камандзіра Чырвонай Арміі, становіцца збоку. Нарэшце паказваецца ўсмешлівы твар Молатава.

Рыбентроп (падаецца насустрач госцю). Добры дзень, пан міністр. Ад імя рэйхсканцлера і ад свайго імя вітаю вас у сталіцы Германіі.
Молатаў (усё яшчэ з усмешкай на твары). Дзякуй, пан міністр. Мне прыемна зноў бачыць вас. Мы спадзяёмся на плённыя перагаворы.
Рыбентроп. Яны будуць менавіта такія. Я ў гэтым не сумняваюся, пан міністр. Як вы пачуваеце сябе? Як дарога?
Молатаў. Усё як след. Дзякуй.
Рыбентроп. Знаёмцеся. (Паказвае на сустракаючых).
Молатаў (вітаецца з кожным). Вельмі прыемна, вельмі прыемна, вельмі прыемна…
Рыбентроп. Яшчэ раз дазвольце вітаць вас, пан міністр, на германскай зямлі.
Молатаў. Дзякуй, я рады…

Успыхваюць юпітэры, фотакарэспандэнты пачынаюць шчоўкаць апаратамі. Молатаў і Рыбентроп зноў бяруцца за рукі. Але цяпер ужо на твары Молатава не відаць ранейшай усмешкі.

Рыбентроп (паказвае на карэспандэнтаў). Для гісторыі.
Молатаў. Так, пан міністр. Для пацвярджэння нашай сапраўднай дружбы.
Рыбентроп. О так! Гэта вы добра сказалі, пан Молатаў, – для пацвярджэння сапраўднай дружбы. Спадзяюся, вы прывезлі гэта пацвярджэнне?
Молатаў (зноў усміхаецца). Бясспрэчна, пан Рыбентроп. Хоць нашу дружбу да вас можна і без пацвярджэння адчуваць кожны дзень.
Рыбентроп. Тады хадземце далей. Галоўная цырымонія на плошчы. Прашу.
Молатаў (падстаўляе даланю пад дождж). А вось берлінскае надвор’е не дужа рада нашаму прыезду.
Рыбентроп. Надвор’е як малое дзіця – з яго не спытаеш. Але не дужа засмучайцеся: дождж – гэта пэўная гарантыя, што англійскія самалёты сядзяць на зямлі, не маюць магчымасці бамбіць Берлін.
Молатаў. Моцна бамбяць?
Рыбентроп. Надакучаюць, пан міністр. Але камандуючы нашага паветранага флоту даў фюрэру слова, што хутка адвучыць альбіёнаў лётаць на Берлін. Ды вы не хвалюйцеся, пан міністр. Дождж для авіяцыі самая вялікая перашкода.
Молатаў. Па чым вы заключылі, што я хвалююся?
Рыбентроп. Бо не ўсміхаецеся болей.
Молатаў. Гэта была дыпламатычная ўсмешка, пан Рыбентроп. Як кажуць, якая сустрэча – такая і ўсмешка.
Рыбентроп. Не зважайце. У нас яшчэ будзе часу паўсміхацца. Мы вам распрацавалі цікавую праграму знаходжання ў Берліне. Асабліва культурную.
Молатаў. Дзякуй.

Нямецкі афіцэр аддае рапарт наркому замежных спраў СССР. Выконваюцца гімны: спярша «Інтэрнацыянал», затым – «Германія, Германія найперш за ўсё». Звісаюць намоклыя сцягі – савецкія і германскія.

Рыбентроп. Пан Молатаў, калі вы нічога не маеце супроць, можна ехаць у рэзідэнцыю.
Молатаў. Усё цудоўна, пан міністр. Дзякуй за цёплую сустрэчу. На сапраўдную дружбу няздольны паўплываць нават дождж. Тым больш, як вы самі кашаце, ён і сапраўды з’яўляецца тут абаронай ад англійскай авіяцыі.
Рыбентроп. Мы вам адвялі цудоўны палац – Бельвю. Туды англічане звычайна не наведваюцца. Самі пабачыце.
Молатаў. Дзякуй. А раптам Чэрчыль рашыў перашкодзіць нашым перагаворам?
Рыбентроп. Думаю, не без таго.
Молатаў. Калі я буду мець гонар перадаць пану рэйхсканцлеру прывітанне і добрыя пажаданні ад таварыша Сталіна?
Рыбентроп. Па пратаколу, пан Молатаў. Пасля абеду. А як здароўе таварыша Сталіна?
Молатаў. Дзякуй, ён здаровы, пан міністр. А як здароўе фюрэра?
Рыбентроп. Здароўе фюрэра выдатнае, пан міністр. Нездарма ж наведваецца ў Альпы.
Молатаў. Уяўляю, якая там раскоша!
Рыбентроп. Вы не былі ў Альпах, пан міністр?
Молатаў. Не даводзілася.
Рыбентроп. Шкада, пан міністр. Але як будзе на тое ваша ахвота, мы…
Молатаў. Не, не, пан міністр, не гэты раз. У канцы года заўсёды шмат работы. Не мне вам пра гэта казаць. Тым больш што ў нашай краіне таксама нямала цудоўных курортаў.
Рыбентроп. О так, Крым, Каўказ!..
Молатаў. I яшчэ сёе-тое. Прыбалтыка…
Рыбентроп. Спадзяюся, пан Сталін не расчараваны мінулагоднім дагаворам?
Молатаў. Дружба заўсёды ідзе на карысць народам.
Рыбентроп. Але трэба яе мацаваць.
Молатаў. Дзеля яе мы і адгукнуліся на ваша запрашэнне прыехаць у Берлін. Нам толькі не зусім зразумелая тая паспешлівасць, з якой нашы германскія сябры выказвалі сваё жаданне бачыць нас.
Рыбентроп. Самі ж кажаце – канец года, а ў канцы кожнага года спраў багата. Асабліва калі ўлічыць, пан міністр, што яны цяпер шмат у чым агульныя ў нас. Хіба не так?
Молатаў. Так, пан міністр, агульнага таксама хапае. Але ж паспешлівасць не заўсёды на карысць.
Рыбентроп. Вы і ў мінулым, трыццаць дзевятым годзе спярша з насцярогай прынялі нашу настойлівасць. Гэта не паспешлівасць, пан міністр. Хутчэй за ўсё гэта настойлівасць. Дык у вас, пан міністр, мінулы год яшчэ ва ўсіх падрабязнасцях на памяці павінен быць. Але затое ж, што мы разам мелі ад яго!
Молатаў. Так, мінулы год сапраўды гістарычны выдаўся. Дарэчы, як і гэты.
Рыбентроп. Сёлетні год – вынік мінулага.
Молатаў. Аб’ектыўна – так. Трэба прызнаць.
Рыбентроп (падае руку). Значыць, да сустрэчы ў імперскай канцылярыі, пан міністр?
Молатаў (паціскае руку). Да сустрэчы.


С Ц Э Н А    Т Р Ы Н А Ц Ц А Т А Я


Апартаменты ў палацы Бельвю. Молатаў гартае ў крэсле таўшчэзны старадрук з гатычнымі літарамі. Заходзіць пасол Шкварцаў.

Молатаў. Добра, што вы хутка вярнуліся з пасольства, таварыш Шкварцаў. Бо мы не пра ўсё пагаварылі ў вагоне, дарма што ехалі разам ад станцыі…
Шкварцаў (падказвае). Малкінь, Вячаслаў Міхайлавіч.
Молатаў. Так, Малкінь. Дарэчы, яна сапраўды першая ад нашай граніцы!
Шкварцаў. Так, першая. А ў чым вы ўсумніліся, Вячаслаў Міхайлавіч?
Молатаў. Не, гэта я так, па асацыяцыі. Доўга глядзеў у акно… На прыроду, на гарады, на вёскі. Усё-ткі – захад.
Шкварцаў. Дакладней, ужо не ўсход, але яшчэ і не захад. Проста, цэнтральная Польшча.
Молатаў. I прырода выразна адрозніваецца ад нашага Падмаскоўя. Дужа ж зарасло ўсё ў нас там. Хоць ты бяры сякеру ды працярэблівай.
Шкварцаў (смяецца). Канечне, нямецкія землі дагледжаны.
Молатаў. Але ж і польскія адрозніваюцца. Асабліва на захадзе.
Шкварцаў. Так, усходняя Польшча нагадвае Беларусь.
Молатаў. Ну, гэта лірыка. Няма калі захапляцца прыродай, таварыш Шкварцаў. Трэба ўжо збірацца на перагаворы ў імперскую канцылярыю.
Шкварцаў (глядзіць на гадзіннік). Так, Вячаслаў Міхайлавіч, часу не душа багата засталося.
Молатаў. Якія тэлеграмы з Масквы?
Шкварцаў (дастае з папкі тэлеграму, аддае Молатаву). Прыйшло ўдакладненне таварыша Сталіна, што мець на ўвазе ў канчатковым выніку, ставячы перад немцамі пытанне аб Румыніі.
Молатаў (чытае, пасля гаворыць). Так, неабходна запатрабаваць ад Германіі адмовіцца ад гарантый, якія яна дала ўжо Бухарэсту. Калі Гітлер не стане згаджацца, паставіце пытанне вастрэй – у адваротным выпадку Савецкі Саюз дасць гарантыі Балгарыі.
Шкварцаў. Зразумела, Вячаслаў Міхайлавіч.
Молатаў. А ўвогуле… Са Швецыі ад Аляксандры Міхайлаўны Калантай мы атрымалі паведамленне, што за савецкім пасольствам там немцы наладзілі нагляд. Можа, нават размовы падслухоўваюць. Як вы думаеце, Шкварцаў, гэты палац (паказвае на столь) цалкам аддадзены нам?
Шкварцаў (паціскае плячамі). Хто яго ведае, Вячаслаў Міхайлавіч!.. Раз тэхніка вынайдзена, значыць, недзе павінна дзейнічаць.
Молатаў. То-та! Аднак ліха з ёй. Усё залежыць ад сапраўднай гасціннасці гаспадароў. Вы мне вось што скажыце, таварыш пасол… Вам не цяжка на дыпламатычнай рабоце?
Шкварцаў. Як і кожны бальшавік, я не дужа прывык звяртаць увагу на цяжкасці.
Молатаў. Гэта так. Але прызнайцеся – дадому цягне?
Шкварцаў. Я салдат партыі.
Молатаў. I ўсё-ткі мне хацелася б пачуць больш пэўны адказ.
Шкварцаў. Пра цяжкасці?
Молатаў. Хоць бы.
Шкварцаў. Дзе іх цяпер няма, Вячаслаў Міхайлавіч. Вы бачылі на дарозе ў Берлін тэхніку, салдат? Усё гэта рухаецца на ўсход, Вячаслаў Міхайлавіч.
Молатаў. Што вы гэтым хочаце сказаць?
Шкварцаў. Гэта не толькі дэманстрацыя. Гэта – на яве.
Молатаў. А вось таварыш Сталін не лічыць, што Германія штосьці мае супроць нас. З гэтым згодны і члены Палітбюро, у гэта, нарэшце, верыць народ. Таму вашы словы, таварыш Шкварцаў, я ўспрымаю як звычайную перастрахоўку. Але гэта, вядома, не азначае, што патрабаванняў да Германіі ў нас няма. З гэтага мы сакрэту не робім, тым больш што яны будуць выкладзены сёння на перагаворах з Гітлерам.
Шкварцаў. Хацелася б папярэдне ведаць, Вячаслаў Міхайлавіч.
Молатаў. Я скажу вам. Па-першае, навошта ў Фінляндыі сканцэнтроўваюцца вялікія сілы Вермахта? Нам зразумела было, калі ў красавіку Германія блакіравала дацкія і нарвежскія парты. Але цяпер незразумела, дзеля чаго ў Фінляндыі гэтыя войскі. Па-другое, што такое «новы парадак у Еўропе»? Па-трэцяе, у чым сэнс пакта «трох дзяржаў»? Пра Румынію мы ўжо гаварылі з вамі. Мы зацікаўлены таксама ў нейтралітэце Швецыі. Словам, мы шмат у чым зацікаўлены, таварыш Шкварцаў. Таму ваша перастрахоўка…
Шкварцаў. Не перастрахоўка, Вячаслаў Міхайлавіч.
Молатаў. Гэта яшчэ слаба сказана – перастрахоўка. Словам, таварыш Сталін не зусім задаволены вашым настроем.
Шкварцаў. Я, Вячаслаў Міхайлавіч…
Молатаў. Не варта апраўдвацца, таварыш Шкварцаў. А цяпер пакіньце, калі ласка, мяне. Трэба трохі падумаць да абеда. Сёе-тое ўдакладніць.
Шкварцаў. Да пабачэння, Вячаслаў Міхайлавіч.
Молатаў. Бывайце.

Пасол выходзіць. Молатаў устае з крэсла, ідзе да дзвярэй, адчыняе.

Гэта вы, таварыш Баркоў? Цудоўна. Якраз вы мне і патрэбны. Заходзьце.

Баркоў заходзіць у пакой.

Баркоў. Слухаю вас, Вячаслаў Міхайлавіч. Молатаў. Не палічыце за вялікі цяжар, знайдзіце Васілеўскага, няхай дасць канчатковую зводку аб колькасці германскіх войск у Фінляндыі. I яшчэ – паклічце да мяне Дэканозава.
Баркоў. Зараз, Вячаслаў Міхайлавіч. (Выходзіць). ІІраз якую хвіліну сюды заходзіць Дэканозаў.
Молатаў. Сядайце, калі ласка, таварыш Дэканозаў. (Доўга глядзіць на свайго намесніка па наркамату, тады гаворыць). Хачу прапанаваць вам пасаду пасла ў Германіі. Як вы да гэтага ставіцеся?
Дэканозаў. Гэта канчатковае рашэнне?
Молатаў. Так, гэтак думае і таварыш Сталін.
Дэканозаў. У Маскву ж мне дазволена будзе вярнуцца разам з вамі?
Молатаў. Будзем глядзець па абставінах.
Дэканозаў. Значыць, Шкварцава адзываеце з Берліна?
Молатаў. Даводзіцца. Панікёрам аказаўся. Што ж, нічога дзіўнага – не прафесійны дыпламат.


С Ц Э Н А    Ч А Т Ы Р Н А Ц Ц А Т А Я


Імперская канцылярыя. Кабінет Гітлера. Заходзіць начальнік пратакольнага аддзела Мейснер. Прапускае савецкую дэлегацыю. Гітлер накіроўваецца да кіраўніка дэлегацыі Молатава.

Гітлер. Рады бачыць вас, пан старшыня Савета Народных Камісараў. Вітаю таксама вашу дэлегацыю. Зараз зойдуць і нашы.

Сапраўды, адчыняюцца дзверы. Заходзяць Рыбентроп, два перакладчыкі.

I так, сядайма, панове. Зараз пададуць каву, і мы пачнем перагаворы. Пан Молатаў, мне здаецца, што мы і гэты раз знойдзем пункты судакранання. Як вы думаеце?

З’яўляецца Лінге. Начынае разносіць па стале кафейнік, наліваць каву. Гітлер тым часам не зводзіць вачэй з Молатава, які марудзіць з адказам.

Вы не згодны, пан старшыня?
Молатаў. Дзеля гэтага мы і прыехалі ў Берлін, пан рэйхсканцлер.
Гітлер. Тады начнём. Пан Молатаў, мне чамусьці здаецца, што першым вы зададзіце такое пытанне: чаму ўсё яшчэ вядуцца ў Еўропе ваенныя дзеянні?
Молатаў. Сапраўды, хіба хто-небудзь пагражае Германіі?
Гітлер. Гэта робіць Англія! Ваенныя дзеянні ў Еўропе вядуцца з адной мэтай – пакончыць з Англіяй!
Молатаў. Добра, ці не дасць тады рэйхсканцлер адказ сапраўды на першае наша нытанне, якое датычыць абстаноўкі ў Еўропе, – што робяць нямецкія войскі ў Румыніі? Вы абавязаны былі пракансультавацца з намі перад тым, як накіроўваць іх туды.
Гітлер. Мы не паспелі гэтага зрабіць. Але паверце, пан старшыня: наша місія ў Румыніі знаходзіцца па просьбе румынскага ўрада. Для кансультацыі.
Молатаў. Вы лічыце гэта «місіяй»?
Гітлер. Бо яно ў сапраўднасці так ёсць.
Молатаў. У такім вьгаадку мы змушаны будзем даць гарантыі Балгарыі.
Гітлер (раздражнена). Прычым тут Балгарыя? Хто іх просіць у вас, тыя гарантыі? Балгарыя? Сумняваюся!
Молатаў. А мы – не.
Гітлер. Пан Молатаў, хіба ж можа сёння Балгарыя альбо Румынія стаць паміж нас? Ці ж яны перашкода ў нашых дружалюбных адносінах? Паглядзім лепей туды. (Паказвае на глобус, затым устае з-за стала, запрашае Молатава).

Молатаў з неўразуменнем пазірае то на рэйхсканцлера, то на міністра замежных спраў, але таксама выходзіць з-за стала, набліжаецца да глобуса.
(Тыцкае пальцам у штучны зямны шар). Што гэта, пан старшыня?

Молатаў. Вялікабрытанія, дзяржава караля Георга.
Гітлер. Не, гэта не вялікая Брытанія, пан Молатаў, гэта гаршчок з кашай. I ён пададзены да нашага стала. Значыць, трэба яго з’есці. Зразумела? У сувязі з такой пастаноўкай пытання галоўнай размовай, мне думаецца, на нашых перагаворах не Румынія з Балгарыяй павінны стаць, а Англія. Таму ад імя нямецкага народа выказваю прапанову Савецкаму Саюзу далучыцца да трох вялікіх дзяржаў, маю на ўвазе сваю краіну, Італію і Японію.
Молатаў. Для нас гэта прапанова нечаканая. I я пакуль не ўпаўнаважаны абмяркоўваць яе. Патрэбны кансультацыі з кіраўніцтвам краіны. Таму дазвольце працягваць далей. Нас сапраўды вельмі непакоіць, чаму вашы войскі знаходзяцца ў Румыніі?
Гітлер. Пан прэм’ер-міністр, наша місія ў Еўропе зусім зразумелая: выратаваць кантынгент ад плутакратыі, даць яму магчымасць жыць пры дэмакратыі, прадаставіць кожнаму еўрапейцу работу, забяспечыць матэрыяльна. А з вамі, пан Молатаў, мы і надалей маем намер жыць у дружбе і згодзе. Усё-ткі што адкажа Расія на прапанову Германіі?
Молатаў. Я далажу аб вашай прапанове ў Маскву. Але наперад можна сказаць: гэта ідзе насуперак выпрацаванай палітычнай лініі нашай дзяржавы. Прынамсі, я так разумею сітуацыю. Словам, патрэбны кансультацыі.
Гітлер (глядаіць на гадзіннік). Надыходзіць час, калі на горад налятае англійская авіяцыя. Бывайце, панове. Перагаворы давядзецца перапыніць дзеля вашай жа бяспекі.
Молатаў. Пан рэйхсканцлер, мы наладжваем у сваім пасольстве сёння ўвечары прыём. Будзем рады бачыць вас.
Гітлер (моцна крывіцца). У мяне маса работы. Не абяцаю. Але надзею вам пакідаю. Бывайце.

 

С Ц Э Н А    П Я Т Н А Ц Ц А Т А Я


Савецкае пасольства. Тут ужо шмат народу – паслы краін, што акрэдытаваны ў сталіцы трэцяга Рэйха, розныя аташэ, сакратары пасольстваў, госці… Молатаў і Шкварцаў сустракаюць усіх.

Шкварцаў (пазірае на гадзіннік, нарэшце звяртаецца да Молатава). Калі Гітлер прыедзе, то праз дваццаць-пятнаццаць хвілін.
Молатаў. Думаеце, усё-ткі прыедзе?
Шкварцаў. Шляхі гасподнія няведамы.
Молатаў. Здаецца, ён не дужа задаволены застаўся першым днём перагавораў.
Шкварцаў. Так, Вячаслаў Міхайлавіч, ініцыятыва па ўсіх іншых пытаннях была на вашым баку.
Молатаў. Будзем гаварыць – на нашым, таварыш пасол.
Шкварцаў. Няхай так, але ж…
Молатаў. Гэты раз фюрэра выратавала англійская авіяцыя. Вы адаслалі ў Маскву тэлеграму?
Шкварцаў. Так, Вячаслаў Міхайлавіч.
Молатаў. Стала быць, трэба чакаць, што гаспадар скажа.

У дзвярах з’яўляецца Баркоў.

Баркоў (гучна абвяшчае). Рэйхсмаршал пан Герынг!.. Рэйхсляйтэр пан Гес!..

Заходзіць з маршальскім жэзлам Герынг. За ім – Гес.

Герынг. Пан прэм’ер міністр, фюрэр прыносіць сваё прабачэнне: вельмі заняты дзяржаўнымі справамі, таму ўпаўнаважыў нас з рэйхсляйтэрам Гесам з’явіцца на прыём і выказаць вам пажаданні добрага знаходжання ў нашай сталіцы. (Да Рыбентропа). Спадзяюся, Іаяхім, пан Молатаў будзе мець магчымасць для гэтага?
Рыбентроп. О так, дарагі Герман!
Молатаў. Перадайце рэйхсканцлеру нашу глыбокую ўдзячнасць за гэтыя пажаданні. Вядома, мы скарыстаем нямецкую гасціннасць. Але ж таксама не надта багата маем часу. Я ўжо гаварыў пра гэта пану Рыбентропу.
Герынг. Час трэба мець у запасе, пан прэм’ер-міністр. Яго заўсёды не будзе хапаць дзяржаўным людзям. Я вось ледзьве ўгаварыў Геса прыехаць сюды. Таксама спасылаўся на час. Добра, што фюрэр мой бок узяў. Таму наш дарагі рэйхсляйтэр тут. Праўду кажу, Рудольф?
Гес. Як заўсёды, Герман. (Падае руку Молатаву, усмітаецца). Рады сустрэчы.
Молатаў. Дзякуй, пан рэйхсляйтэр.
Герынг. Пан прэм’ер-міністр, усе падзякі сёння трэба адрасаваць мне.
Молатаў. Як гэта разумець, пан маршал?
Герынг. Проста, каб не мой «Люфтвафе», англійскія самалёты ўжо былі б тут.
Гес (жартуючы). А я думаў, што ім замінаў дождж.
Герынг. Чаму дождж. Дождж даўно перастаў!

Чуецца голас пасла: «Панове, таварышы, прашу да стала!» Молатаў бярэ пад руку Герынга, вядзе да стала. Бярэ ў руку бакал.

Молатаў. Я маю сказаць вам, дарагія госці, што перагаворы, на якія прыехала наша дэлегацыя, праходзяць у дружалюбнай атмасферы. Іначай мы і не ўяўлялі іх сабе ў Маскве. П’ю гэты бакал за Германію і за добрыя адносіны наміж усімі дзяржавамі!
Герынг. У першую чаргу – паміж нашымі.
Молатаў. Так, перш за ўсё паміж Германіяй і Савецкім Саюзам.
Герынг. Вось гэта дакладней. Хайль Гітлер! Хайль Сталін!

Молатаў смакуе са свайго бакала. Герынг, які стаіць побач, куляе ў рот увесь. У зале пачынаецца традыцыйная размова – хто з кім. Герынг паварочваецца да Молатава.

Пан прэм’ер-міністр, як здароўе маршала Варашылава?
Молатаў. Маршал здаровы. Перад маім ад’ездам сюды, у Берлін, мы бачыліся з ім на вячэры ў таварыша Сталіна.
Герынг. Трэба думаць, што гэта было на самым высокім узроўні?
Молатаў. У якім сэнсе, пан маршал?
Герынг (смяецца). Ну, у самым звычайным, пан прэм’ер-міністр. Я маю на ўвазе… (Пстрыкае сабе па шыі).
Молатаў. Ах, вы ў гэтым сэнсе?! Так, на самым высокім узроўні.
Герынг. Кажуць, пан Сталін – вялікі гурман?
Молатаў. Як і ўсякі грузін.
Герынг. Што значыць – грузін?
Молатаў. Па нацыянальнасці грузін.
Герынг. О, гэта недзе на Каўказе!
Молатаў. Так.
Герынг (да Геса). Чуеш, Рудольф? (Гес у адказ ківае галавой. Герынг пытае ў Молатава). А як пачувае сябе мой конь, якога падарыў я маршалу Варашылаву?
Молатаў. Я не ахвотнік да верхавой язды, пан Герынг. Але думаю, што ён пад сядлом у маршала Варашылава.
Герынг. Гэта моя падарунак за Польшчу.
Молатаў. У маршала Варашылава цэлая стайня коней.
Герынг. О так, я пра гэта чуў. Мы доўга думалі з фюрэрам, чым бы аддзячыць маршалу за дазвол выкарыстоўваць у польскую кампанію мінскую радыёстанцыю для навядзення на цэлі нашых самалётаў. Вельмі зручна тады атрымалася. Ад Варшавы засталіся адны руіны ды шлюхі.
Гес (усміхаючыся). Ты, Герман, нават на дыпламатычным прыёме не хочаш адысці ад салдацкай тэрміналогіі.
Герман. Не чырваней, Рудольф. Хацеў сказаць нашаму госцю на даходлівай мове, што нашы сумесныя намаганні прынеслі абедзвюм нашым дзяржавам вялікі плён. Дарэчы, я маю намер сказаць у адказ тост.
Молатаў. Калі ласка, пан рэйхсмаршал.

Чуецца сігнал паветранай трывогі.

Герынг. Усё-ткі, нягоднікі, лядяць! Бачыце, пан прэм’ер-міністр, як нахабна зрываюць тост. I тым не менш тост – за мной. Хочаце тут, у Берліне, хочаце – у Маскве. Хадзем, Рудольф!

Герынг, за ім Гес, прабіваючыся праз натоўп, выходзяць.

Рыбентроп (да Молатава). Пан міністр, вы не будзеце супроць, калі мы снусцімся ў бамбасховішча разам? Тут недалёка.
Молатаў (усміхаецца). Трэба спытаць дазволу ў пасла. Ён тут гаспадар.
Рыбентроп. Мяркую, што пан Шкварцаў не стане пярэчыць. Мы разам адказваем за вашу бяспеку, пан міністр. Так, пан пасол?
Шкварцаў. У прынцыпе – так, пан міністр.
Рыбентроп (глядзіць на кіраўніка савецкай дэлегацыі). Вось бачыце, пан Молатаў. Але давайце паспяшаемся. Англасаксы звычайна хутка далятаюць да Берліна. Да таго ж у бамбасховішчы ніхто не перашкодзіць нам высветліць сякія-такія пытанні з праграмы перагавораў.

Молатаў і Рыбентроп спускаюцца па лесвіцы ў бамбасховішча. Затрымліваюцца.

Думаю, што ўжо сёння можна падвесці вынікі першай сустрэчы.

Молатаў у знак згоды ківае галавой.

Як можна зразумець, фюрэр выклаў асноўныя пункты нашых далейшых узаемаадносін. Чарга за ўдакладненнямі і дапаўненнямі. Але гэта ўжо наша з вамі прэрагатыва, пан міністр.
Молатаў. Што вы разумееце пад гэтым паняццем – удакладненні і дапаўненні?
Рыбентроп. Урад Германіі прапаноўвае вам, пан Молатаў, і пану Сталіну прыняць удзел у нашым пакце не толькі з мэтаю абароны, але і ў раздзеле брытанскіх калоній. Сферы інтарэсаў папярэдне можна пачаць абмяркоўваць.
Молатаў (усміхаючыся). Пад выццё англійскіх бомбаў? Здаецца, гэта не самы лепшы акампанемент?
Рыбентроп. Бомбы – справа ваенных, а мы з вамі, пан міністр, дыпламаты. Дарэчы, учора адна бомба ўпала на плошчы, побач з помнікам Бісмарку. Пашкодзіла.
Молатаў. Відаць, англічане помсцяць «жалезнаму канцлеру» за ранейшыя знявагі. Дарэчы, вы даўно, пан Рыбентрон, звярталіся да Бісмарка? Да яго знешняй палітыкі?
Рыбентроп. Новы час патрабуе новых песень, здаецца, так гавораць у народзе?
Молатаў. Перад ад’ездам на перагаворы я зноў пагартаў матэрыялы семдзесят трэцяга года. Тыя, што цяпер вядомы пад назвай «Саюз трох імператараў». Скажу вам, пан міністр, вельмі цікавыя дакументы, так і кладуцца на сённяшнюю сітуацыю.
Рыбентроп. Вы так лічыце, пан Молатаў?
Молатаў. Вядома, што тычыцца выказванняў Бісмарка наконт Расіі і так далей.
Рыбентроп. Бісмарк вялікі для свайго часу. Цяпер у нас іншы канцлер – Адольф Гітлер. Спадзяюся, вы чыталі яго «Майн кампф»?
Молатаў. Вядома, але, тым не менш, мне не хацелася б удавацца ў каментарыі, таксама як і забываць запаветы Бісмарка.
Рыбентроп (нездаволена). Словам, як я зразумеў, пан прэм’ер-міністр не мае жадання абмяркоўваць далейшыя сферы ўплыву. Няўжо вы сапраўды сімпатызуеце англічанам?
Молатаў. Справа ў тым, нан міністр, што мы знаходзімся з імі ў дыпламатычных адносінах.
Рыбентроп. Значыць, у далейшых сустрэчах з фюрэрам у вас няма патрэбы?
Молатаў. Я гэтага не сказаў, пан міністр. Перадайце пану рэйхсканцлеру, што савецкая дэлегацыя гатова да наступнай сустрэчы. Як думаеце, пан міністр, англічане паспелі адбамбіцца?
Рыбентроп. Вы спяшаецеся?
Молатаў. Работы многа.
Рыбентроп. А я хацеў прапанаваць вам паспытаць віны з уласных заводаў.
Молатаў. Вы маеце свае заводы, пан міністр?
Рыбентроп. Так.
Молатаў. Заманлівая ідэя, пан міністр, але ў другі раз. Я ж у Берлін працаваць прыехаў. Да таго ж новых указанняў ад таварыша Сталіна чакаем. Бывайце, пан Рыбентроп.
Рыбентроп. Хайль!


С Ц ЭН А    Ш А С Н А Ц Ц А Т А Я


Знаёмы кабінет Гітлера ў імперскай канцылярыі. Гітлер сядзіць у крэсле, звесіўшы рукі паміж каленяў. Насупраць стаіць Рыбентроп.

Гітлер. Значыць, Молатаў не разумее, навошта нам брытанскія калоніі? Ён што, наіўны ці працягвае трымацца плана перагавораў, накрэсленага ў Маскве?
Рыбентроп. Хутчэй за ўсё так, мой фюрэр.
Гітлер. I вы, Рыбентроп, не здолелі давесці яму сутнасць нашых цяперашніх інтарэсаў?
Рыбентроп. Думаю, што з савецкага боку ідзе пакуль звычайны зандаж. Нездарма ж яны чапляюцца то за Фінляндыю, то за Румынію.
Гітлер. Нават пагражаюць Балгарыяй! А што, Молатаў добры дыпламат?
Рыбентроп. У кожным разе, ён умее дамагацца пастаўленай мэты. Вельмі дысцыплінаваны выканаўца сталінскай волі.
Гітлер. Ці не хочаце вы сказаць, што рускія і сёння будуць талдычыць адно і тое ж?
Рыбентроп. Баюся, што так, мой фюрэр.
Гітлер. Тады навошта жадаюць сустрэчы са мной? Пратакол? Дык пратакол таксама можна памяняць так, што не крыўдна будзе ні савецкаму, ні нашаму боку.
Рыбентроп (глядзіць на гадзіннік). Аднак рускія ўжо недзе ў імперскай канцылярыі.
Гітлер. Урэшце, не гэта галоўнае для нас, Рыбентроп, – згаджаюцца яны на новы пакт ці не. Важна было прапанаваць ім. Галоўным жа з’яўляецца вось што: яшчэ і яшчэ раз пераконваць Сталіна ў непарушнасці нашай дружбы. Ды што я кажу, Рыбентроп! Вы не горай за мяне ведаеце, дзеля чаго ўсё гэта задумана і ў імя чаго ажыццяўляецца. Няхай клічуць рускіх. Гэй, Лінге!

Падыходзіць штурмбанфюрэр Лінге.

Дзе Хільгер?
Лінге. Перакладчык у вашай прыёмнай, мой фюрор.
Гітлер. Рускія прыехалі?
Лінге. Так, мой фюрэр.
Гітлер. Мейснер з імі?
Лінге. Так, мой фюрэр.
Гітлер. Няхай заходзяць.

Лінге адчыняе дзверы, запрашае савецкую дэлегацыю. Гітлер устае з крэсла. робіць некалькі крокаў да Молатава, усміхаецца.

Добры дзень, пан старшыня. Мой міністр замежных спраў распавядае, што англійскія самалёты перашкаджаюць вашай дэлегацыі выконваць абавязкі ў Берліне?
Молатаў. На англічан мы не скардзімся, пан рэйхсканцлер.
Гітлер. Гэта пакуль яны ваююць з намі. Але я абяцаю, пан Молатаў, будзеце сведкам – я пастаўлю Англію на калені незалежна ад таго, дамовімся мы сёння альбо не! (Звяртаецца да ўсіх, паказваючы рукамі). Сядайце, панове, сядайце. (Не чакаючы, пакуль члены дэлегацыі зоймуць крэслы за сталом, пачынае зноў гаварыць). I так, пан Молатаў, вам па-ранейшаму незразумела, навошта нам патрэбны брытанскія калоніі? Што ж, вам сапраўды не адмовіш у шчырасці. Тады дазвольце і мне быць такім, бо ад сяброў не мае сэнсу хоць штосьці ўтойваць. Германіі патрэбны рынкі збыту для прадукцыі лёгкай прамысловасці і ў некаторай ступені для цяжкай. Маецца на ўвазе тэхнічнае абсталяванне. Ваша краіна, панове, і Амерыка маюць уласныя вялікія тэрыторыі. Англія валодае чацвёртай часткай свету. У малых дзяржаў, такіх, як Іспанія і Партугалія, таксама ёсць калоніі. Толькі адной Германіі ўсе даводзяць, што яна ні пры якіх умовах не павінна выходзіць за свае межы. У нас забралі нашы калоніі, разбурылі наш гандаль, укралі наш флот!
Молатаў. Пан Гітлер, я сказаў учора – дэлегацыя не ўпаўнаважана абмяркоўваць гэтае пытанне.
Гітлер. А што б вы хацелі абмяркоўваць?
Молатаў. Напрыклад, такое пытанне: чаму не рэгулярна ажыццяўляе Германія пастаўку нам станкоў, абсталявання?
Гітлер. Вайна з Англіяй забірае шмат рэсурсаў, пан прэм’ер. Гэта нялёгкая справа – вайна. Не мне вас вучыць. Вы з ёй сутыкнуліся нядаўна ў Фінляндыі. Але я мрашу перадаць пану Сталіну маё прабачэнне. Зрэшты, на ўсе вашы астатнія пытанні вы можаце знайсці адказ у адпаведных нашых установах. На гэты конт мною дадзены ўкананні міністру замежных спраў. А ў заключэнне, пан Молатаў, хачу адзначыць – учарашнія і сённяшнія перагаворы паказалі, што ваша дэлегацыя не зусім падрыхтавалася да іх. Так і перадайце пану Сталіну. Запэўніце яго таксама ў маёй нязменнай павазе. Шчаслівай дарогі, панове, у Маскву.

Гітлер кланяецца. Члены савецкай дэлегацыі, акурат з неахвотаю, устаюць з-за стала, выходзяць з кабінета. Гітлер стаіць на месцы, глядзіць услед.

Лінге, пазваніце Гальдэру. Я вызваліўся.

Лінге выходзіць.

(Рыбентропу). Барон, здаецца, мы зрабілі ўсё з задуманага?
Рыбентроп. Я захапляюся вамі, мой фюрэр!
Гітлер. Я ўпэўнены, што лепей зрабіць нельга. Так што выправаджвайце гасцей за межы Рэйха. Але Молатаў павінен ехаць дамоў у добрым гуморы. Зразумела?
Рыбентроп. Так, мой фюрэр.
Гітлер. А цяпер – пакіньце мяне, Іаяхім. Я чакаю начальніка штаба сухапутных войск.
Рыбентроп. Спакойнай ночы, мой фюрэр!
Гітлер. Добрае нажаданне, барон, дзякуй, але да ночы яшчэ далёка.

Рыбентроп пакідае кабінет. Заходзіць Гальдэр.

Гальдэр. Хайль, мой фюрэр!
Гітлер. Хайль!
Гальдэр. Пры ўваходзе ў канцылярыю я сустрэў рускую дэлегацыю.
Гітлер. Так, толькі што выйшла ад мяне.
Гальдэр. Можна павіншаваць з поспехам, мой фюрэр?
Гітлер (пацірае ў азарце рукі). Бадай што так, Гальдэр! Гульня працягваецца. Прынамсі, Молатаў наедзе ў Маскву з распухлай галавой ад думак. Мы яе затлумілі яму. Але далейшы лёс германскай справы будзе залежаць ад нас з вамі. Ці знайшлі вы другую назву нашаму ваеннаму плану? Што вы выбралі, Гальдэр?
Гальдэр. Барбароса.
Гітлер. Значыць, у вас здаровы сэнс, генерал. Калі можна будзе зацвердзіць план у канчатковым выглядзе і аддаць дырэктыву?
Гальдэр. Усярэдзіне снежня, мой фюрэр.
Гітлер. Добра. Ганіце прэч сумненні, Гальдэр! У вайне з Расіяй нам будзе спадарожнічаць поспех. Гэта я вам кажу, Гальдэр!
Гальдэр. Трэба толькі моцна грукнуць кулаком па стале, мой фюрэр, і ўсё разваліцца на кавалкі.
Гітлер. Я ў гэта паверыў, Гальдэр, пасля Францыі. У ходзе польскай кампаніі ў мяне такой упэўненасці не было. Але з таго часу ў рускіх была Фінляндыя, а ў нас – Францыя. I мы яе перамаглі. Цяпер на чарзе Савецкі Саюз. Мы яго таксама мусім перамагчы. Вясной сорак першага. Не пазней лета. У дырэктыве на плану «Барбароса» так і варта будзе ставіць задачу: германскія ўзброеныя сілы павінны быць гатовы разбіць Савецкую Расію ў ходзе кароткачасовай кампаніі яшчэ да таго, як будзе скончана вайна з Англіяй. Вось гэта, Гальдэр, зусім новае – яшчэ да таго, як будзе заваявана перамога над Англіяй. (Пацірае рукі).


С Ц Э Н А    С Е М Н А Ц Ц А Т А Я


Дача Сталіна пад Масквой. Сталін ходзіць вакол абедзеннага стала.
Заходзіць Молатаў.

Сталін. Стала быць, вярнуўся з далёкіх падарожжаў, Вячаслаў?
Молатаў. Так, Коба. Добры дзень.
Сталін. Сядай, будзем снедаць.
Молатаў (смяецца). Мне, Коба, якраз пара абедаць.
Сталін. Прабач, што паклікаў адразу з цягніка. Паліна Андрэеўна не стане нас лаяць?
Молатаў. Яна прывыкла.
Сталін. Вып’ем, Вячаслаў, за паспяховую паездку.

Чокаюцца чаркамі, усаджваюцца за сталом.

Тэлеграмы твае з Берліна чытаў усе. Вёў ты сябе на перагаворах з Гітлерам як і належыць.
Молатаў. Але адказу на адну тэлеграму я так і не атрымаў ад цябе, Коба.
Сталін. Пра далучэнне да пакта? Дык мы ж, здаецца, тут яшчэ дамовіліся з табой. Як казаў Троцкі, ні вайны – ні міру. Што Гітлер?
Молатаў. Шле прывітанне табе з найлепшымі пажаданнямі.
Сталін. Значыць, ты пераканаў яго?
Молатаў. Хутчэй за ўсё так, Коба.
Сталін. Ёсць сумненні?
Молатаў. Здаецца, не, Коба. Але Гітлер моцна ўзбуджаўся, калі мы высоўвалі свае прапановы.
Сталін. А як жа іначай, стала быць? Яны нам – сваё, а мы – таксама сваё. Палітыка. Берлін спадабаўся?
Молатаў. Англічане моцна бамбяць.
Сталін. Эйш ты, стала быць, Англія знаходзіць свае сілы для супраціўлення?
Молатаў. Выходзіць, так, Коба.
Сталін. У гэтым вось і ўся закавыка, Вячаслаў. Усё-ткі англічанам варта неяк сказаць аб нашых перагаворах з Гітлерам. Англічан не трэба скідваць з рахунку. Неабходна іх трымаць у напружанні. Таксама ў нашу гульню ўцягваць. А ўвогуле, я тут раіўся сам з сабой, зыходзячы з тваіх тэлеграм: хутчэй за ўсё, што Германія не гатова ваяваць на два бакі. Стала быць, мы сапраўды будзем мець часу для сваіх спраў. У тым ліку і ваенных. Канцэпцыя патрэбна. У грамадзянскую ў мяне ад’ютант быў. Стары акопнік. Дык той проста тлумачыў: калі праціўнік акопваецца, значыць, абараняцца збіраецца, а калі наадварот – наступаць будзе. А мы на сваёй новай граніцы адно топчамся.
Молатаў. Пра гэта і я табе меўся сказаць, Коба.
Сталін. Стала быць, нават у такой сітуацыі пакуль што не Гітлер нас, а мы яго?.. (Пацірае рукі).
Молатаў (самазадаволена). Перайграем, Коба, перайграем!
Сталін. А як ты вырашыў справу з нашым паслом у Берліне?
Молатаў. Дужа просталінейны таварыш. Да таго ж панікёр. Калі яго паслухаць, то Германія не сёння дык заўтра нападзе на нас.
Сталін. Стала быць, сапраўды нервовы таварыш. Гэтакі цяпер здольны нанесці вялікую шкоду нашым адносінам з Германіяй.
Молатаў. Будзем мяняць на Дэканозава.
Сталін. I як найхутчэй. Але ведаеш, пра што я падумаў зараз, Вячаслаў. Можа, пазвонім некаторым членам Палітбюро. Няхай пасядзяць з намі, чарку падымуць за тваё вяртанне. Можна будзе зноў запрасіць нашых маршалаў – Будзённага з Варашылавым. Паскачуць, паспяваюць. Я тут неяк чуў па радыё новыя прыпеўкі – пра заможнае жыццё, пра таварыша Сталіна і яго верных саратнікаў… Як думаеш?


К А Н Е Ц    Д Р А М Ы

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”