ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

СВАЕ І ЧУЖЫЯ

ДРАМА Ў ДЗВЮХ ЧАСТКАХ
1984

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

  • Зазыба
  • Чубар
  • Марухін
  • Масей – Зазыбаў сын
  • Марфа – Зазыбава жонка
  • Макараў – сакратар абкома
  • Крайноў – брыгадны камісар
  • Манько – сакратар падпольнага райкома
  • Шандоў – сувязны падпольнага райкома
  • Інструктар палітаддзела
  • Нарчук – камандзір партызанскага атрада
  • Баранаў – камісар партызанскага атрада
  • Шашкін – былы пракурор, цяпер – партызан атрада Нарчука
  • Карханаў – камандзір снецатрада
  • Шпакевіч – партызан спецатрада Карханава
  • Бераснёў – партызан спецатрада Карханава
  • Алесь Астрашаб – былы Масееў дружбак
  • Гануся Падзерына
  • Іван Падзерын
  • Xрупчык
  • Сёмачкін
  • Шарэйка
  • Ганна Карпілава
  • Захар Доўгаль
  • Сідар Раўнягін
  • Кацярына Арцёмаўна – жонка Раўнягіна
  • Архіп
  • Дзед
  • Баба
  • Жанчына
  • Чалавек у ваеннай форме
  • Чалавек у сінім шынялі, ён жа – Патоля
  • Пацюпа – мясцовы чалавек
  • Мікіта Драніца – вясковец
  • Брава-Жыватоўскі – паліцэйскі ў Верамейках
  • Гуфельд – камендант
  • Брындзікаў – бургамістр
  • Партызаны, немцы, паліцэйскія

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

С Ц Э Н А  1

Сцішаны восеньскі Лес. Штаб арміі і палітаддзела. Сакратар абкома партыі Макараў, брыгадны камісар Крайноў, камандзір партызанскага атрада Нарчук. Партызаны станць у шаранзе.

Крайноў. Ваша баявая задача – непрыкметна перайсці ўночы лінію фронту і ўзарваць масты на шляху прасоўвання варожых войск. Праўда, мы маем падставы меркаваць, што фронт на нашым участку ўсё-ткі стабілізуецца. Ідуць паспяховыя баі. Ёсць пэўная надзея, што калі вы выканаеце заданне і вернецеся да нас, мы будзем сустракаць вас яшчэ тут і, вядома, з перамогай.
Макараў (напаўжартам). Такім чынам, крутагорскія таварышы, вам засталося толькі… схадзіць на заданне ў тыл ворага і вярнуцца назад… Ну, як настрой?
Нарчук. Ды вось… Кожнага ж, лічы, з хаты выхапілі, нібыта з агню.
Макараў. Праўда. Але што зробіш – падзеі прыспешваюць. Вайсковыя таварышы вельмі спадзяюцца на вас. Скажу шчыра, заданне не самае лёгкае. Але выканаць яго трэба абавязкова. Я заклікаю вас да гэтага ад імя абкома партыі. А цяпер некалькі слоў аб тым, як наогул складваецца абстаноўка ў краіне. Я прывёз з сабой лістоўку Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі. (Чытае). «Фашысцкія заправілы і іх прадажныя пісакі, насмерць напужаныя гераічнымі дзеяннямі Чырвонай Арміі, у выхвальных перадачах і лістоўках ужо цяпер нагла брэшуць аб захопе Масквы, Ленінграда, Кіева… Гэта правакацыя. Не верце брахні гітлераўскай сволачы! Чырвоная Армія наносіць знішчальныя ўдары па германскай арміі. Сотні тысяч нямецкіх салдат, тысячы танкаў і самалётаў – знішчаны! Нямецкія шпіталі запоўнены раненымі салдатамі і афіцэрамі. У бой паступова ўступаюць галоўныя сілы Чырвонай Арміі, узброеныя тысячамі танкаў і самалётаў. Блізкі час разгрому гітлераўскіх бандытаў. Вярыцеся, таварышы, за зброю і знішчайце фашысцкую гадзіну! За вамі ўся савецкая краіна, увесь савецкі народ. Вядзіце ўлік забітых фашыстаў, знішчаных штабоў і складаў, пушчаных пад адхон цягнікоў. Дзейнічайце смялей і яшчэ раз смялей…» Як бачыце, апошнія словы непасрэдна звернуты да вас. Спадзяюся, і на вашых грудзях заззяюць неўзабаве ордэны і медалі. А цяпер – рыхтуйцеся ў паход. Месца, дзе будзеце пераходзіць лінію фронту, пад рыхтавана ўжо. Вам пакажуць яго ўначы.

Моцны выбух, за ім другі, трэці… Віла далёкабойная артылерыя. Партызаны, знаходзячыся па-за зонай пападання снарадаў, замітусіліся ў страі.

Макараў. Хутчэй адсюль! Вядзіце людзей у бяспечнае месца!

Да партызан падбягае інструктар палітаддзела.

Інстаруктар. Абстаноўка змянілася.
Макараў. Што там?
Інстаруктар. Здаецца. лёгка абышлося. Па цэлі трапілі ўсяго тры ці чатыры снарады. Мне загадана перадаць вам, што мы не здолеем зрабіць для атрада тое, што абяцалі. Давядзецца партызанам самім шукаць месца. дзе можна перайсці лінію фронту. Варожыя танкі падыходзяць да Крутагор’я.
Макараў. А штаб ваш?
Інстаруктар. Штаб перамяшчаецца.
Макараў. Куды?
Інстаруктар. Пра гэта лепей даведацца ў начальніка штаба.
Макараў (згодна ківаючы галавою). Добра. (Ідзе следам за інструктарам).
Баранаў (пазіраючы на дарогу). Як думаеш, камандзір, за намі пакінуць машыны, на якіх мы прыехалі сюды?
Нарчук. Чаму раптам? Гэта ж вайсковыя машыны.
Баранаў (разводзіць рукамі). Ды…
Нарчук. Думаю, што яны нам ужо не спатрэбяцца больш. Будзем спадзявацца на свае ногі. Так?

Ніхто з партызанаў не падаў голасу.

Пастроіцца (Усе сталі ў строй). Усе цэлыя?
Баранаў. Здаецца, усе.
Нарчук. Ніхто са страху не збег?
Баранаў. Усе тут.
Нарчук. Ну, тады і рушым. А то яшчэ невядома, ці адмовіліся немцы знішчыць штаб арміі. Дастанецца нам ні за што ні пра што.
Макараў (вярнуўшыся да байцоў і затрымаўшы іх). Аказваецца, сапраўды справы дрэнныя. Каля Царковішча нямецкія танкі прарвалі абарону і рухаюцца некалькімі калонамі да вашага раённага цэнтра.
Нарчук. Дзе яны цяпер?
Макараў. Думаю, ужо недалёка. Колькі адтуль да Крутагор’я?
Нарчук. Адкуль?
Макараў. Ну, ад Царковішча…
Нарчук. Кіламетраў дванаццаць.
Макараў. Трэба спяшацца.
Нарчук. Але куды вы цяпер, Іван Мікалаевіч!
Макараў. Сам вось думаю. Хоць ты ў атрад да вас прасіся…
Партызаны (павесялела). А што? Давайце з намі. Якраз у нас аднаго не хапае.
Макараў. Каго?
Нарчук. Старшыні калгаса з Верамеек, Чубара…
Макараў. I рад быў бы ў рай, ды грахі не пускаюць. Мне яшчэ трэба сёння ў Хоцімск. Недзе там знаходзяцца сакратар ЦК КПБ таварыш Ганенка і таварыш Зімянін з ЦК камсамола.
Нарчук. Тады паспяшайце, Іван Мікалаевіч! А мы таксама адсюль выбірацца будзем. Няйначай немцы ўвесь лес перавернуць у пошуках штаба, раз ужо намацалі.
Макараў. Ну што ж, не будзем лішне затрымлівацца. Да пабачэння, таварышы партызаны. (Нарчуку і Баранаву). А вы праводзьце мяне да машыны.

Праз лес бачна блізка зарыва.

(Успамінае песню).
Горит, горит село родное,
Горит вся родина моя.
Ну што ж, таварышы, будзем развітвацца. (Расшпіляе вайсковую горбу). Вазьміце лістоўкі, вам яны таксама спатрэбяцца. Ваяваць цяпер трэба не адной зброяй. I вось яшчэ што – калі пасля таго, як выканаеце заданне, не здолееце зноў звязацца са штабам арміі, шукайце адразу свой падпольны райком. Ён будзе тут, у раёне. Але ведайце – у складзе яго адбыліся некаторыя змены. Раённую партыйную арганізацыю будзе ўзначальваць пакуль таварыш Манько, ваш дарагі сакратар.


С Ц Э Н А  2


Лес. Чубар нясе ласяня. На просецы, за густым ельнікам, шлях Чубару пераймаюць узброеныя людзі. Двое падыходзяць да Чубара.

Чалавек у ваеннай форме. Бач ты, паліцай, а без мяса таксама не хоча жыць. Ану, хэндэ хох, сволач!

Ды рукі ў Чубара заняты, ён не спяшаецца выконваць каманду. Ну, ну, хутчэй…

Голас з натоўпу. Што з ім валаводзіцца. Забірай вінтоўку!

Чалавек у сінім шынялі абяззбройвае Чубара. Чубар разглядае людзей: хто яны – акружэнцы ці партызаны?

Чалавек у ваеннай форме (штурхае Чубара ў плечы). Пшоў! Пшоў!

Ідуць па прасецы. Выходзяць на грудок, дзе стаіць вайсковая палатка.

Чалавек у сінім шынялі (падскочыў да Чубара). Ага, паліцэйская морда! Вось зараз табе пакажуць, як цялят рабаваць!
Чубар. Гэта – ласяня!
Голас. Ну і што, калі ласяня?
Чалавек ў сінім шанялі. Ага, ну і што?
Чубар. А тое, што не аддам!
Голас. Глядзі ты, паліцай, а таксама ўпарціцца. Шлёпнуць яго!
Чубар. Адкуль вы ўзялі, што я паліцай?
Голас. А хто ш ты?
Чубар. Старшыня мясцовага калгаса.
Голас. Ну, гэта мы яшчэ паглядзім, які ты старшыня. Прызнаешся…
Чубар. Няма ў чым. Вядзіце да начальства.
Голас. Ага, вядзі яго адразу да начальства!..
Чубар. Дзіўна неяк вы, таварышы, паводзіце сябе. Нібыта акрамя паліцаяў нікога і няма тут, на гэтай зямлі, нікога не бачылі.
Голас. Даводзілася.
Чубар. I ўсё-ткі прыйдзецца вам паказаць мяне свайму начальству, раз самі не верыце.
Голас. Ну, гэта ніколі не позна зрабіць. А цялёнка свайго і праўда аддайце. Якраз на вячэру сёння паспее.
Чубар. Я ўжо казаў, што гэта – ласяня.
Голас. Гм, а падобна на каровіна дзіця. Сапраўды… ласяня. Дзе ты яго ўзяў?
Чубар. У воўка адбіў. Загрыз малое…
Голас. I куды ты збіраўся яго дзець?
Чубар. Ну, трэба ж было неяк ратаваць.
Голас. Адкуль жа яно ўзялося тут? I чаму адно? Без бацькоў?
Чубар. Выйшла так. Старога лася застрэліў адзін нягоднік.
Голас. Халера, можа, ён і папраўдзе не паліцай, а старшыня тутэйшы.
Чалавек у ваеннай форме. Праўда, а хто гэта ўведаў, што ён паліцай?

Натоўп замуляўся.

Голас. Ну, а табе што? Без дябе разбяруцца, што да чаго. Скажы дзякуй, што на мяса вось узбіліся зноў, а то б нішчымніцай па-ранейшаму давіліся.
Чубар. Не надта вы…

I тут, распіхваючы натоўп, наперад яго выйшаў Шпакепіч.

Шпакевіч (ціха). Разыдзіцеся, таварышы. Гэта мой знаёмы, таварыш Чубар.
Голас (які нядаўна падказваў «шлёпнуць» Чубара). Але ж гэты… старшыня… Таксама недарэка нейкі. Не мог адразу, яшчэ тады, як бралі яго, сказаць, што не паліцай. А то…

Нечаканая сустрэча з Чубарам усхвалявала Шпакевіча.

Шпакевіч. Адкуль ты ўзяўся, Радзівон?
Чубар. Не выйшла ў мяне тады ладам. Заблытаўся ўначы. Таму і не трапіў у апалчэнне.
Шпакевіч. А пасля што?
Чубар. Цімала было. Але сустрэўся ўрэшце з адным налкавым камісарам. Ён мне і параіў вярнуцца ў свае мясціны. Паднімаць народ на барацьбу.
Шпакевіч. Наколькі я зразумеў, атрада партызанскага ў цябе яшчэ няма?
Чубар. Не.
Шпакевіч. Тады ідзі ў наш.
Чубар. А што ж гэта за…?
Шпакевіч. Разведвальна-дыверсійны. З-за лініі фронту.
Чубар. А як ты апынуўся ў ім?
Шпакевіч. Спярша за правадніка бралі, хацелі, каб правёў іх шляхамі, якімі некалі ішлі з табою к фронту. Але пасля планы памяняліся. Немцы памяняць прымусілі. Таму атраду давялося шукаць іншых праваднікоў, якія ведалі мясцовасць лепей, чым я, а я стаў байцом. (З усмешкай паказвае на ласяня). Аднак жа і клопат у цябе, Радзівон!..
Чубар. А то не клопат? Што ж, калі вайна – дык усё знішчай. Вашы таксама…
Шпакевіч. Байцоў зразумець трэба, Радзівон. Карміцца зараз не так сабе. (Смяецца). А ты тут так даводзіў, што на руках трымаеш не цяля, а ласяня, што нават забыў растлумачыць, хто сам!..
Чубар. А яны не дужа пыталіся. (Гледзячы на ласяня). Шкада, што адно засталося… Вайна ж не вечная, а ласёў тут болей няма. Іх тут, кажуць, даўно ніхто не бачыў.
Шпакевіч. Тут людзей не заўсёды шкадуюць, а ты – звера… Але як жа нам быць з табой?
Чубар. Ну, цяпер усё проста, раз ужо сустрэліся.
Шпакевіч. Трэба паказаць цябе камандзіру.
Чубар. Добра, паказвай. Але перад тым скажы, вінтоўку мне аддадуць?
Шпакевіч. Якую вінтоўку?
Чубар. Якую адабралі.
Шпакевіч. А-а-а, тут у нас такая справа. У атрад прыходзяць, а зброі не маюць. Даводзіцца неяк здабываць. Аддадуць, а як жа… Але што мы стаім? Давай пашукаем месца, каб і пасядзець можна было, і вочы не дужа станем мазоліць другім. А то ласяня тваё, няйначай, апетыт байцам наганяе.


С Ц Э Н А   3


Крутагорскія партызаны тым часам напаткалі ў лесе кульгавага мужыка з бабай і непадалёку дзвюх дзяўчынак.

Нарчук. Што вы тут робіце?
Дзед. Хаваем сваіх сірацінак. Гэта ж прыехалі на канікулы з Маладзечна… А тут немцы пачалі наступаць. Ну, мы і падаліся сюды, бо зямлянка тут…
Нарчук. Недзе я цябе бачыў… Здаецца, з калгаса «Парыжская камуна»?
Дзед. Няўжо ж… Вартаўніком быў, калі вы працавалі старшынёй. Дык мы зналі пра наступленне…
Баба. Зналі, зналі!.. Зямлянка!.. То во яшчэ пахваліся, што ты… еткі ўгадлівы ў нас, дак…
Дзед. Ну што ты баішся? Ета ж свае.
Баба. Свае ўчора былі, а сянні…
Дзед. Што сянні?
Баба. А тое во, што чуеш грымоты…
Нарчук. Ну і колькі вы збіраецеся тут сядзець?
Дзед. Дак… Думаю, што нядоўга… Акурат як адны паадступаюць, а другія панаступаюць.
Нарчук. Словам, спадзяешся на тое, што неўзабаве ўсталююцца зноў цішыня ды спакой?
Дзед. А што ж нам рабіць, калі не спадзявацца? Ваўкамі тут выць? Дак не наможа. Так і даводзіцца спадзявацца. Без етага ў нашым жыцці немагчыма.
Баба. Ага, жыві й спадзявайся…
Дзед (разважае далей). Яно канешне… З аднаго боку… А з другога… Ну, колькі етых немцаў на свеце. Пройдуць во лігулярныя часці, а потым…
Нарчук (усміхаецца). Сапраўды цікава, што будзе потым?
Дзед. Як і заўсёды. Зноў пачнем жыць ды працаваць сабе патроху.
Нарчук. А немцы?
Дзед. Дак я ж кажу, колькі іх? Ну, добра, калі адзін на вёску прыйдзецца. А то, можа, на цэлы сельсавет. Дак што ён нам тады? Як было, так і будзе. Ета калгас могуць распусціць, а мужыка… Мужык, як той салдат. Яго не разжалуеш у чынах. Ну, а без калгаса… Не хачу сказаць, што пры калгасе ўсягды адно кепска было. Не, нам тута блізка пры горадзе можна было жыць. Але ж і баяцца наперад няма чаго. Без калгаса мы таксама некалі жылі.
Нарчук. Без калгаса жылі, а вось з немцамі, здаецца, яшчэ не спрабавалі.
Дзед. I ета праўда. У мінулую вайну яны сюды не прыходзілі. Але неяк жа будзе і цяпер з немцамі. Галоўнае, перабыць спярша навалу. Ета як у вялікае разводдзе. Толькі і паспявай азірацца, каб самога куды не занесла вадой. Ну, а пасля, тыдняў праз колькі, глядзіш, і… усё спакойна, усё на месцы… калі, вядома, яно моцна стаяла на тым месцы.
Нарчук(позіркам абвёў партызан). Філосаф ты, як я пагляджу, Дзед.
Баба (апярэдзіўшы пракурора). Ат, чаўпе абы-што чалавек. Вы не дужа слухайце яго, таварышкі.
Нарчук. Чаму ж?
Баба. Дак… Ці ж вы самі не бачыце? Чокнуты.
Дзед. ІІІто ты ўсё лезеш не ў сваю справу!
Баба (плаксіва). Дак… Дачакаешся, стары чорт!.. Дачакаешся, што!..
Дзед (развёў рукамі). Во, зайграла шчарбатая пласцінка.

Партызаны дружна засмяяліся


С Ц Э НА  4


Чубар і Шпакевіч заходзяць да камандзіра спецатрада Карханава, вітаюцца.

Шпакевіч. Гэта старшыня калгаса ў Верамейках Радзівон Антонавіч Чубар. Мой стары знаёмы…
Карханаў. Ты ўжо мне, здаецца, неяк расказваў пра яго…А цяпер дай нам пагаварыць між сабою… Раскажыце, таварыш Чубар.
Чубар (пасля таго, як пайшоў Шпакевіч). Што расказваць? Становішча, бачыце, складанае. Хаджу вось, блукаю… I нібыта вінаватым сябе адчуваю перад усімі. А людзі жывуць чаканнем, няпэўнасцю. Дзяніс Зазыба, мой намеснік, расказваў, што бабінавіцкі камендант замахваецца шырока… Мы тут стараліся з людзьмі сустракацца…
Карханаў. Мне ўжо гаварылі… Ды і сам я цяпер бачу, Радзівон Антонавіч, што вы толькі жадаеце дзейнічаць, рыхтуецеся да дзеянняў.
Чубар. Ці ж гэтага мала?
Карханаў. I многа, і мала. Жаданне – адно, а дзейнасць – другое. Можна ўсё жыццё нечага жадаць, аднак нічога не рабіць. Але я гэта к слову напомніў. Бо жаданне стварыць партызанскую групу з мясцовага насельніцтва заслугоўвае падтрымкі. Яно мне зразумелае. Сапраўдны камуніст іначай думаць цяпер не павінен, асабліва калі ён да таго ж не радавы. Бачыце, я знарок не кажу – «не можа». Я кажу – «не павінен». Таму што не маю намеру ўтойваць ад вас: шмат каго з такіх «нерадавых» нам даводзіцца цяпер шукаць і шукаць. Хто хаваецца ад сваіх і чужых, а хто задужа доўга знаходзіцца ў канспірацыі, хоць і мае канкрэтнае заданне, якое даўно трэба было б выканаць. Як кажуць, ужо зіма на двор, а ў іх бабіна лета не прайшло. Так што не кожнаму на словы даводзіцца верыць. I не кожнае жаданне пад увагу браць.
Чубар. Разумею.
Карханаў. Дык вось, таварыш Чубар. Цяпер пра вас. Дакладней, пра тое, з чаго нам трэба пачаць. З самага простага – наладжвання сувязей. Скажыце, а гэты ваш… Зазыба? Ці зрабіў ён ужо спробу знайсці сувязь з пакінутымі ў раёне таварышамі? Вы ж кажаце, што дамаўляліся пра гэта.
Чубар. Дамаўляліся, ды як і што – пакуль не ведаю. Але ж цавінен быў нехта застацца ў раёне для агульнага кіраўніцтва.
Карханаў. Таварышы мясцовыя недзе так заканспірыраваліся, што нават слядоў ніякіх іхняй дзейнасці не знайсці. Праўда, пазамінулай ноччу ў некаторых раёнах з’явіліся лістоўкі, а паміж Бабінавічамі і Белай Глінай нехта паспілаваў тэлеграфныя слупы. Можа, гэта справа якраз вашых падпольшчыкаў і Партызан.
Чубар. Магчыма.
Карханаў. Мне зараз вось што прыйшло ў галаву, Радзівон Антонавіч. Паколькі мы яшчэ пабудзем тут, у вас, дзень-два, давайце наспрабуем разам пашукаць таварышаў, якія засталіся ў вашым раёне.
Чубар. Я не супраць.
Карханаў. Дадзім вам у дарогу каго-небудзь. Зразумела, што ў іх паміж гэтага яшчэ заданне будзе. Дарэчы, Шпакевіч нас тут цэлую гадзіну ўгаворваў, каб мы і вас прынялі ў атрад. Гатовы нават застацца з вамі, калі іншае рашэнне будзе. Таму нам хацелася б, каб вы самі пра ўсё добра падумалі. Асабіста я пакуль лічу, што вы павінны распачаць барацьбу з ворагам тут. Трэба, каб паўсюцы заставалася наша ўлада, савецкая ўлада. Цяпер яшчэ цяжка меркаваць, у якой форме яна павінна дзейнічаць. Думаецца, што ўмовы акупацыі самі падкажуць гэгыя формы. З другога боку, нехта павінен ведаць, што робіцца, дапусцім, у раёне, у вобласці, чым і як жывуць людзі.
Чубар. Гэта так.
Карханаў. Я больш скажу вам. Людзі мы прышлыя, мала чаго ведаем у вас. У кожным разе нам дорага каштуе гэтае веданне. Таму нават з гэтага боку мясцовыя кадры неабходны. Такія людзі, якія б па-ранейшаму і адказвалі за ўсё і дарадцамі былі. Мы тут нядаўна па той бок Бесядзі ўзялі аднаго тыпа. Ужо нарабіў столькі шкоды, што да сценкі час паставіць, а ён адно чаўпе: «Па заданню гаварыша Чачуліна ў немцаў, па заданню таварыша Чачуліна…» Спрабуем даведацца, хто такі Чачулін, таксама нічога не атрымліваецца. Вы ў сваім раёне чулі такое прозвішча?
Чубар. Здаецца, не.
Карханаў. I другія тое ж кажуць, што не ведаюць «таварыша Чачуліна». А між тым камеры папярэдняга заключэння ў нас няма, каб утрымліваць падобных тыпаў да высвятлення асобы, тым больш ступені злачынства. А іншы раз сабе возьмеш і падумаеш – а раптам на тым свеце некалі падыдзе да цябе чалавек і скажа: «Помніш, як ты мяне… А я тым часам там (гэта значыць, на нашым, цяперашнім, свеце) замест іконы ў кожнай хаце стаю…» Вось яно як… А цяпер вось што скажыце мне – вы Сідара Раўнягіна з Кулігаеўкі добра ведаеце?
Чубар. Так, членам праўлення ў калгасе быў.
Карханаў. Павядзеце мяне да яго.


С Ц ЭН А  5


Лес. Атрад Нарчука.

Нарчук. Хто ведае, як нам выбрадца з гэтых нетраў? Колькі блытаецца па лесе?
Партызан. Хутка павінна быць дарога. А там і Ліпаўка будзе.
Шашкін (суседу). Дарэчы, а сярод нас з Ліпаўкі нікога няма?
Партызан. Няма.
Шашкін. А дарэмна.
Баранаў. Цяпер мы яшчэ доўга будзем гаварыць гэтае дарэмна. Доўга будзем спахоплівацца. I таго не хапае, і тое не ўлічылі. Свае пралікі…
Шашкін. Каб жа свае…
Баранаў. Ну, гэта як заўсёды, як у кожнай новай справе – і свае і чужыя. Давядзецца на хаду папраўляць і сябе, і іншых.
Партызан. Ды і тэрмін трэба ўлічваць.
Баранаў. Так, часу было небагата на арганізацыю атрада.
Партызан. I тым не менш пракурор праўду кажа. Наабяцалі чортведама што, а цяпер… Добра, хоць вінтоўкі паспелі даць!
Нехта з партызан. Вельмі дрэнна, што нікога няма ў атрадзе з Ліпаўкі. А то і павячэралі б.
Нехта з партызан. Елі ж яшчэ на світанку…
Нехта з партызан. Трэба накіраваць разведку.
Нарчук. Куды?
Шашкін. А наогул, камандзір, куды мы ідзём?
Нарчук. Як куды? Выконваць заданне.
Шашкін. Ну, гэта зразумела. А куды?
Нарчук. Праз лінію фронту.
Шашкін. А раптам мы яе перайшлі? I ці недарэмна мы спяшаемся? Відаць, усё-такі лепей будзе, калі дзень-другі пачакаем тут. Пакуль праясніцца абстаноўка, запасёмся харчамі. I наогул, камандзір, я з гэтым нашым заданнем яшчэ падумаў бы.
Нарчук. Што значыць – падумаў бы?
Шашкін. Бо выходзіць так, што ўзрываць нашы масты прышлюць людзей з якога-небудзь Суражскага раёна, а мы тым часам павінны будзем шукаць масты ў Клімавіцкім, у Крычаўскім. Ці не надта складаная механіка?
Нарчук. Дзіўна вы разважаеце, таварыш Шашкін. Амаль як той дзед, што збіраецца адседзецца ў зямлянцы. Паслухаўшы вас, дык толькі і застаецца, што схавацца тут вось ды чакаць, пакуль усё само вырашыцца. Што, можа, і яшчэ хто-небудзь у атрадзе так думае?!

Маўчанне.

Баранаў (выходзіць з натоўпу). Не хапала, каб мы тут мітынг распачалі. Не трэба забываць, што мы ўжо ўсе не тыя, якімі былі да вайны. Я ўжо не сакратар райкома партыі. Шашкін – не пракурор. Валга – не ўпаўнаважаны наркамата нарыхтовак… Усе мы сёння ваеннаабавязаныя і складаем адно вайсковае падраздзяленне – партызанскі атрад. А ў вайсковым падраздзяленні заўсёды існавалі правілы ўзаемадзеяння, правілы абавязковага падпарадкавання. Камандзіры павінны камандаваць, а падначаленыя – выконваць каманды. Здаецца, усё зразумела, але ў нас знаходзяцца таварышы, якія альбо не здагадваюцца, што такое вайсковая дысцыпліна, альбо знарок парушаюць яе.
Шашкін. Дык…
Баранаў. Пачакайце, таварыш Шашкін. I я са свайго боку перапрашаю ўсіх, што зацягнуў маналог, бо нічога такога, чаго б не ведалі вы, не сказаў і не мог сказаць. Адным словам, я за тое, таварышы, каб Мітрафан Ануфрыевіч Нарчук камандаваў намі і быў для нас клапатлівым і строгім бацькам-камандзірам, а мы падпарадкоўваліся яму і слухаліся, як належыць у такім выпадку. Тым больш што задача, пастаўленая перад намі, застаецца, ніхто яе адмяніць не можа, дарма што абстаноўка не дужа зразумелая. Іншая справа, што гэтак перціся напрасткі, як мы, мусіць, нельга. Патрэбна больш абачлівасці, больш вайсковага майстэрства. Ну, ды Мітрафан Ануфрыевіч – чалавек вопытны ў вайсковай справе. Так што камандзір у нас з вамі сапраўдны.
Нехта з партызан. Ну, пэўна што…
Баранаў. Значыць, усё вырашылі?
Партызан. Так! Так!
Баранаў. Тады, Мітрафан Ануфрыевіч, камандуй…
Нарчук (доўга думае). Зразумела, таварышы, мне не хацелася б, каб наш баявы шлях пачынаўся з гэтага паблажлівага ўшчування камісара. Але я павінен прызнацца, што і мне самому многае не падабаецца ў дадзенай сітуацыі. Не падабаецца мне нават тое, што вы патрабуеце ўмелага камандавання, а я пакуль што не ўмею гэтага рабіць.
Шашкін. Якраз так, Мітрафан Ануфрыевіч, я не думаю.
Нехта з партызан. Мы гаворым, што нам хочацца есці…

Партызаны ажно засмяяліся.

Нарчук. Вельмі шкада, што з намі няма Чубара.
Баранаў. Ды ён без справы сядзець не будзе…
Нехта з партызан. Мог прыгрэцца ў вёсцы ды на ўсё забыцца.
Баранаў. Не, Чубар не з такіх!


С Ц  Э Н А  6


Бачна дарога, па якой ідуць Карханаў і Чубар. Чутно, як брэшуць сабакі. Наперадзе – вёска ў вадзяністай восеньскай смузе…

Чубар (зайшоўшы ў двор, стукае ў дзверы). Адчыняй, Сідар, госці завіталі. (I ўжо ў хаце). Знаёмцеся.
Карханаў (падае Сідару руку). Камандзір партызанскага атрада.
Раўнягін. Раўнягін... Сідар Карнеевіч…
Чубар (з палёгкай). Вось і добра.

Мужчыны тупаюць па хаце. Гаспадыня за нейкім клопатам выйшла з хаты.

Раўнягін. Дык сядайце во на ўслоне. (Сам прысядае каля стала). Вячэраць будзеце?
Карханаў. Прызнацца, мы з таварышам Чубарам не галодныя сёння. Ды і гаспадыні турбота.
Раўнягін (махае рукою). Не вялікая турбота. Для маёй Кацярыны Арцёмаўны гэта дзела прывычнае. У нас цяпера ўсягды гаршчок з кашай у печы стаіць – і на сябе нямала варым, і на ўсялякі такі выпадак.
Карханаў. Што, часта госці здараюцца?
Раўнягін. Як вам сказаць? Раней зусім часта бывалі. Як фронт ішоў, а пасля адразу і за ім. Не хапала і некалькі гаршкоў. Ну, а цяпера…
Карханаў. А вы, тым не менш, па-ранейшаму кашу варыце ў вялікім гаршку?
Раўнягін. Дак…

Гаспадыня ўнесла ў хату вячэру.

Чубар. Мне, таварыш Карханаў, адлучыцца хвілін на дваццаць трэба.
Карханаў. Куды гэта?

Чубар. Людзі тут ёсць у мяне, да якіх зайсці трэба было б.
Карханаў. А-а-а… Ну добра.

Чубар выходзіць. Жаячына займаецца сваёй справай у другой палове хаты. Смачна аплятаюць кашу Карханаў і гаспадар.

Карханаў (заўважыўшы, што Раўнягін глядзіць на яго). Што прыглядаецеся, Сідар Карнеевіч? Пазнаяце?
Раўнягін. Ага, хачу пазнаць.
Карханаў. А недарэмна, Сідар Карнеевіч?
Раўнягін. Можа, і дарэмна. Але штосьці ўсё-такі ёсць.
Карханаў. Ад каго?
Раўнягін. Ад чалавека.
Карханаў. Ад якога?
Раўнягін. Ну, ад таго, якога некалі даводзілася бачыць.
Карханаў (смяецца). Тады хутчэй пазнавайце…
Раўнягін. Барада – ета, здаецца, новае. А от вочы. Вочы тыя. Так, я іх бачыў.
Карханаў. Тады гаварыце.
Раўнягін. Але ж то было ажно во-о-он калі!..
Карханаў. Усё роўна.
Раўнягін. Банду Кутузава ў дваццаць трэцім браў бліз Паповай Гары?
Карханаў. Браў.
Раўнягін. Ну от. Я таксама тама быў.
Карханаў. У бандзе?
Раўнягін. Чаму раптам у бандзе? Мы ў тую зіму з плытагонаў якраз вярталіся. Ну й ішлі пешкі сюды ўжо ў самую зіму. Ета я як цяпер помню. Мы на хутары тым збіраліся на ноч прасіцца. Але міліцыя паспела ўжо забіць і атамана, і яго напарвікаў. Так яны і сядзелі, мёртвыя, каля плота, фатограф нечага завіхаўся каля іх.
Карханаў. Сапраўды так, Сідар Карнеевіч. Мы фотаздымак друкавалі пасля ў газеце.
Раўнягін. Толькі міліцыя на хутары ў сваёй хворме хадзіла, а ты бытта ў штацкім. Ета я таксама помню.
Карханаў. А я – не.
Раўнягін. А я помню. У штацкім. Але, нягледзячы на тое, за галоўнага ты быў.
Карханаў. Там нас, галоўных, было многа.
Раўнягін. А ўсё-ткі было?
Карханаў. Было, Сідар Карнеевч. Аказаецца, я таксама, як сёння, усё помню. Вы вось сказалі, і я ўспомніў. Мы тады насцярожаныя былі. Спярша падумалі, што гэта і вы з атаманавай хеўры. Хацелі ўжо зброю ў вас пад кажухамі шукаць. З таго ашно і ўспомінілі мяне?
Раўнягін. Выходзіць, з таго.
Карханаў. Значыць, памяць добрая.
Раўнягін. Але прозвішча тваё не скажу. Мусіць, не чуў тады. Дый што прозвішча? Прозвішча можна мець сянні адно, заўтра – другое. Як і бараду. А вось вочы, вочы, як люстра ў душы. Яны адны на ўсё жыццё, на ўвесь час.
Карханаў. Гэта добра, Сідар Карнеевіч, выйшла, што мы з вамі даўнія знаёмыя. Вы ж, напэўна, здагадваецеся, што не адну кашу есці прыйшоў я да вас.
Раўнягін. Да ўжо ж…
Карханаў. Справа да вас ёсць. Ну, а паколькі вы пра мяне, бадай, галоўнае ўжо ведаеце, то шчыра скажу – мне таксама што-колечы вядома пра вас.
Раўнягін. Дзіва што. Чубар мог расказаць. Мы тута ўсе бытта на далоні. Але адкуль ён узяўся. Чубар? У нас гаварылі, што пайшоў на фронт, а тут раптам атрымліваецца, што з партызанамі апынуўся. Мы от колькі ўжо сядзім з вамі, гаворым, а я таксама не ведаю – адкуль вы? Калі, зразумела, не сакрэт?..
Карханаў. З Масквы.
Раўнягін. А ў нас тута гавораць, што немец ужо ці не ў Маскве. Ленінград аблажыў і да Масквы падступіўся.
Карханаў. Падступацца можна доўга, але так і не падступіцца.
Раўнягін. Гэта так. Але мяне здзіўляе от што. Хоць, канечне, з аднаго боку, тая акалічнасць, што Масква думае пра нас… Праяўляе свой клопат… Словам, ета сведчыць, што ў яе не такія ўжо дрэнныя справы. А з другога боку? Тута, у нас, была цэлая армія і не здолела нічога зрабіць з немцам, а вы раптам з адным атрадам прыйшлі. I куды? Адкуль армія пайшла, дзе яна не магла даць рады. Дак што ета значыць і як ета трэба разумець?
Карханаў. Нас накіравалі сюды праз лінію фронту для таго, Сідар Карнеевіч, каб мы разам з вамі вось у тыле ворага таксама распачалі барацьбу.
Раўнягін. Значыць, у Маскве надумалі цяпера з двух бакоў немца біць? Ззаду і спераду?
Карханаў. А вы сумняваёцеся?
Раўнягін. Прыкідваю, колькі на ета на ўсё нас спатрэбіцца. Дык вы з етым і мяне агіціраваць прыйшлі?
Карханаў (смяецца). Як вам сказаць – і з гэтым, і не з гэтым.
Раўнягін. А ўсё-ткі чаго да мяне? Чым я карысны магу быць партызанам? За маладзейшымі мне, здаецца, не ўгнацца?
Карханаў. Сапраўды. Ды і навошта? Маладыя няхай самі сваю справу робяць, а для старых свой занятак будзе… Але ж, Сідар Карнеевіч, Чубар хутка вернецца. А нам з вамі трэба высветліць сёе-тое адзін на адзін.
Раўнягін. Дак я не супроць, а то і праўда… То да сё. Гэй, Кацярына Арцёмаўна, прыбяры са стала.

Гаспадыня хутка вынесла ўсё ў сенцы. Мужчыны засталіся адны.

Карханаў. Я дакладна ведаю, Сідар Карпеевіч, што ў жніўні, калі адсюль адыходзілі часці Чырвонай Арміі, вы ўладкоўвалі па заданню разведаддзела арміі ў мястэчку аднаго чалавека. Было такое?
Раўнягін. Не.
Карханаў (ад нечаканасці адкінуўся да сцяны). Штосьці не разумею… Звесткі ў мяне… Дакладныя… Але ў чым разыходжанне?
Раўнягін. А разыходжання няма. Проста таго чалавека… Вы маеце на ўвазе дзяўчыну?
Карханаў. Так.
Раўнягін. Дак таго чалавека павінен быў уладкаваць у мястэчка другі чалавек.
Карханаў. Хто?
Раўнягін. Зазыба. Ёсць у нас, у Верамейках, чалавек такі.
Карханаў. Але мне сказана, што вы… Словам, Сідар Карнеевіч, мне было сказана да вас звярнуцца.
Раўнягін. Ну што ж, няхай будзе так. Але не я вазіў тую дзячыну ў Бабінавічы. Гэта даручылі Зазыбу. Трэба з яго спытаць.
Карханаў. Пачакайце, Сідар Карнеевіч. Тут варта падумаць. Вы мне вось што скажыце – паколькі вы ў курсе гэтай справы. Вы яе помніце, тую дзяўчыну?
Раўнягін. Ну, так…
Карханаў. Адшукаць здолееце?
Раўнягін. Дак навошта? Зазыба ж, мусіць, ведае, дзе яна цяпер?
Карханаў. Не, так не гадзіцца, Сідар Карнеевіч. Разумееце, я чалавек ваенны. Нават больш таго, чэкіст. Ды вось там, дзе мне расказалі пра ўсю гэту справу з уладкаваннем разведчыцы ў Бабінавічах, ніякі Зазыба не называўся. Там называлася ваша прозвішча, Сідар Карнеевіч. Трэба перадаць ёй адну рэч, без якой яна працаваць не моша.
Раўнягін. А якую? Дзе яна?
Карханаў. Ну пра гэта пасля. Спярша трэба адшукаць дзяўчыну, а потым астатняе. Таму вам трэба наведацца ў мястэчка.
Раўнягін. Добра. Толькі вы імя мне назавіце.
Карханаў. Марыя. Гэтага дастаткова. У мястэчку яе не цяжка будзе адшукаць. Новых людзей заўсёды ўсе ведаюць. Ну, а пароль?.. З паролем мы самі да яе пойдзем.

У хату заходзіць Чубар.


С Ц Э Н А  7


На скрыжаванні стаяць трое – Чубар, Патоляі яшчэ адзін партызан Бераснёў. Да іх падыходзіць Пацюпа.

Пацюпа. Здароў, Чубар! А гэта што за людзі з табой?
Чубар. Ды вось, ідзём…
Пацюпа. Сам бачу, што не едзеце. Але куды і за чым? I наогул, адкуль ты ўзяўся рантам, чаму тут, а не на фронце?
Чубар. Так выйшла, што не на фронце. Доўга расказваць. А гэта – партызаны.
Пацюпа. I даўно ты з імі?
Чубар. З учарашняга дня.
Пацюпа. А яны даўно тут?
Чубар. Думаю, што не дужа.
Пацюпа. А куды яны цяпер?
Чубар. У Машавую. Слухай, справа ў мяне да цябе ёсць.
Пацюпа. Калі гэта яна ў цябе з’явілася?
Чубар. Як толькі ўбачыў цябе.
Пацюпа. Але ад іх хаваешся?
Чубар. Як табе сказаць… Не тое што хаваюся, аднак у гэтай справе яны па сабе, а я па сабе.
Пацюпа. Тады гавары.
Чубар. Мне трэба ведаць дакладна, ці застаўся хто-небудзь з нашых у раёне для вядзення падпольнай работы?
Пацюпа. А ты што, ходзіш вось так з вёскі да вёскі і пытаешся?
Чубар. Разумееш, я сам ведаю, што гэта не лепшы спосаб. Але што зробіш. Камандзір іхняга атрада таксама цікавіцца. Так што…
Пацюпа. А яны сапраўдныя партызаны?
Чубар. Ты што, сумняваешся?
Пацюпа. А калі раптам не?
Чубар. Як гэта зразумець?
Пацюпа. А так. Можа, яны выдаюць сябе не за тых, хто на самай справе?
Чубар. Знаёмы мой у атрадзе.
Пацюпа. Дапусцім. Але… Словам, справа гэта далікатная. Па праўдзе кажучы, лепей было б зрабіць так, што і я цябе не бачыў, і ты мяне.
Чубар. Не давяраеш?
Пацюпа. Проста не маю права заводзіць надобныя размовы. Вось каб ты начакаў дзень-другі, а я падумаў. Можа б, хто дасведчаны і трапіўся.
Чубар. Ну што ж, раз так… А цяпер ты куды?
Пацюпа. Таксама ў Машавую. Да аднаго знаёмага вартаўніка садовага, Калістрата Шандова. Ну, а ты, у цябе ў Машавой знаёмыя ёсць?
Чубар. Некалі ведаў Рыгайлу, Яфрэменку.
Пацюпа. Дарэчы, а чаму ты думаеш, што сувязі трэба шукаць тут?
Чубар. Інтуіцыя. Мяне ў жніўні клікалі сюды на нараду. Вось я і разважыў цяпер, што нешта важнае тады рашалася. Якраз перад тым, як адступіць нашым войскам з раёна.
Пацюпа. Дык чаму не з’явіўся, раз клікалі?
Чубар. Звычайна, заняты быў у калгасе эвакуацыяй. Рашыў, што нічога не здарыцца, калі мяне аднаго і не далічацца на нарадзе. Хто ж ведаў, што так усё будзе.
Пацюпа. Ты вось што, Чубар, не хадзі адразу цяпер ні да Рыгайлы, ні да Ярэменкі. Навошта з вінтоўкай будзеш шастаць пад вокнамі ў вёсцы? Ды і невядома яшчэ, можа, тут немцы. Да вечара пабудзеце ў садзе, у вартоўні, а там ужо рабіце сваю справу. Як, хлопцы?
Патоля. А што там у цябе, у тым садзе?
Пацюпа. Ды ўсё, што захочаш.
Берасёў. Ды яно па часе ўжо не зашкодзіла б да абеду дапасці.
Пацюпа. Ну, як?
Берасёў. Пабачым там.


С Ц Э Н А  8


Нарчук і Баранаў.

Нарчук. Думаеш, галоўнае сапраўды ў злосці?
Баранаў. Няйначай. Я нават думаю часам, што і армія наша таму адступае, што злосці яшчэ не набралася.
Нарчук. У такім разе скажы, што ж надае злосці?
Баранаў. Жыццё. Па-другому – рэчаіснасць.
Нарчук. Занадта агульна.
Баранаў. Так, на першы погляд сапраўды агульна. Але давай памяркуем. Сам бачыў – у людзей таксама пакуль злосці на акупантаў няма.
Нарчук. Як сказаць?
Баранаў. А так і трэба прызнаць. Боязь – ёсць, страх – ёсць. А вось злосці, якая б ператварылася ў святую помсту, няма. I з’явіцца яна толькі тады, калі вайна нарэшце сваёй жудасцю дойдзе не толькі да свядомасці кожнага ў горадзе і ў вёсцы, але і закране любога ў той ці іншай ступені, стане стратай, болем і крыўдай. Тады вось пачнецца вялікае жніва. Як гэта ў Купалы сказана? Калі вораг сарве яблык, саспелы ў нашым садзе, ён разарвецца ў яго руках гранатай! Калі ён сажне жменю нашых важкіх каласоў, зерне вылеціць і скосіць яго свінцовым даждом! Калі ён падыдзе да нашых чыстых студзёных калодзежаў, яны перасохнуць, каб не даць яму вады!
Нарчук. Вось гэта агітацыя, вось гэта!..
Баранаў. На жаль, пакуль толькі агітацыя. На самай жа справе багата што выглядае іначай. I робіцца таксама не так, як трэба.
Нарчук. Што ж, будзем перайначваць. На тое мы і засталіся тут, на тое нас і накіравалі сюды. За фронтам, здаецца, нам ужо не паспець… У цяперашнім нашым становішчы неабходна ажыццявіць нам дзве рэчы. Адна – гэта глыбокая разведка. Здаецца, так на армейскай мове завецца. Хоць і лічу, што лепей сказаць далёкая разведка. Другая рэч – баявая аперацыя. Поспех яе зноў добра па- дзейнічае на людзей. Канечне, багата што мы не здолеем зрабіць. Боезапасаў мала. Усё-ткі нам нямала каштаваў учорашні бой. Добра, што найбольш гранатамі абышліся.
Баранаў. Ну, гэта яшчэ не бой быў. Баі – наперадзе. А падрыхтоўку трэба правесці ўсебаковую.
Нарчук. I пачаць яе варта з пошукаў зброі, найперш – узрыўчаткі. Тады можна будзе і цягнік пусціць пад адхон, яшчэ багата чаго зрабіць. Трэба, каб хлопцы, як добрыя ганчакі, пагойсалі з гэтым па наваколлі.
Баранаў. Але я табе, прынамсі, хачу паказаць яшчэ вось што. (Дастае паперку з кішэні).
Нарчук. Што я тут убачу? Чытай сам.
Баранаў. Гэта хлопцы сёння прынеслі. На сасне, што пры выхадзе з лесу, наклеена была.
Нарчук. Ну, чытай.
Баранаў. «У адказ на вашу рэпрэсію, лясныя бандыты, што ўзялі і павялі з сабою прадстаўнікоў нашай улады – бургамістра воласці, старасту вёскі і ахоўніка, мы арыштоўваем васемнаццаць чалавек, былых актывістаў жыдоўска-бальшавіцкага ладу, у якасці заложнікаў. Калі нашы таварышы не будуць у бліжэйшы час вызвалены, заложнікі таксама панясуць суровае пакаранне. Ім пагражае расстрэл. Памятайце, бандыты-крывапіўцы, што за аднаго нашага ляжа вашых дзесяць». Ну, а далей тут розныя заклінанні ды запалохванні.
Нарчук. Ты гэтым мяне не сапсуеш.
Баранаў. Язык не паварочваецца паўтараць усё. Але ў канцы тут ёсць цікавы заклік.
«Дык вось што, лясныя бандыты, калі вы гэтак хочаце ваяваць, то рабіце не з-за вугла, не з-за кустоў, а падавайцеся на фронт і там ваюйце!»
Нарчук (усміхнуўся). Чаго захацелася гіцлям – не з-за кустоў, а з фронту! Але ж нехта дапёк, бачыш? Ну што ж, Сцяпан Паўлавіч, паперкай гэтай, няйначай, належыць выцерці адно месца, не больш. Урэшце, калі сам не хочаш зрабіць гэтага, то перадай каму-небудзь з хлопцаў. Аднак тут сапраўды ёсць цікавая акалічнасць. Значыць, ужо нехта дзейнічае з патрыётаў і ў гэтай мясцовасці. Не адны мы тут. Нашы ж хлопцы не чапалі нікога.


С Ц Э Н А  9


З вартоўні ў садзе няпрошаным гасцям насустрач выйшаў стараваты, але яшчэ порсткі дзядок. Пацюпа падбег да вартаўніка, нешта з ім перагаварыўся.

Шандоў (з ганка). Ладна, заходзьце ў хату, не мазольце людзям вочы.

Вартаўнік прапусціў у вартоўню партызанаў, сам шмыгнуў за пабудову, кіўнуўшы Пацюпу, каб ішоў за ім.

Шандоў. Што гэта за людзі з табою і навошта ты іх прывёў сюды?
Пацюпа. Чубар папрасіў.
Шандоў. А хто еты Чубар?
Пацюпа. Старшыня калгаса з Верамеек.
Шандоў. А тыя двое?
Пацюпа. Чубар кажа, партызаны.
Шандоў. А самі яны што гавораць?
Пацюпа. Не пытаўся я.
Шандоў. Ну во, ты не пытаўся, а мне цяпер разбірайся.
Пацюпа. Чубар сапраўды кажа, што яны з-за лініі фронту. Ці не з Масквы нават.
Шандоў. А што мне да таго, адкуль яны? Мне забаронена тута не толькі пастой наладжваць, а і прымаць каго б там ні было.
Пацюпа. Чубар жа не чужы!
Шандоў. Адкуль табе ведама, што ён не чужы? Цяпер хто хочаш прадаць можа.
Пацюпа. Ды не прадасць ён. I гэтым такое не трэба.
Шандоў. Ну, трэба не трэба – не табе знаць і не табе рашаць. Цяпера давядзецца перайначваць усё. Так бы яны прыйшлі сюды, а так давядзецца цябе некуды весці. Ды яшчэ пра месца трэба зараней змовіцца. Ды яшчэ невядома, што яны на ўсё ета скажуць, што ты чужых прывёў.
Пацюпа. Добра. Рабі як ведаеш. Толькі не падавай выгляду перад Чубарам і гэтымі. Іначай я не мог паступіць, бо Чубар сам намер меў да Рыгайлы з Яфрэменкам пайсці. Проста, удзень, на вачах усяе вёскі. Сам падумай, што мне было рабіць у такім разе? Але пра Чубара, як пойдзеш, абавязкова скажы, бо ён шукае сувязі з райкомам.

Чубар, які слухаў гэту гаворку вартаўніка і Пацюпы, найшоў у вартоўню. Неўзабаве за ім зайшлі гаспадар і Пацюпа.

Пацюпа. Ну што ж, частуй, дзед, гасцей.
Шандоў. Ды ёсць тут крыху зелля. (Ён пачаў даставаць вялікую плеценую бутлю).
Бераснёў. Не, мы не можам. Мы павінны зараз ісці.
Патоля (здзіўлены). Куды?
Бераснёў. У вёску на разведку.
Шандоў (павярнуўся да Пацюпы і нібыта апёк таго позіркам уражаных вачэй). Ну, ета, здаецца, не дзела. Навошта спяшацца? Дый што тама разведваць у Машавой?
Бераснёў. Знойдзем што.
Шандоў. Але хто ета ўдзень на разведку ходзіць? Дачакайцеся вечара, а пра ўсё астатняе я пакуль магу расказаць. У вёсцы цяпера няма каго разведваць. Немцаў етыя дні зусім не відаць, ну, а…
Пацюпа. Немцаў трэба разведваць на бальшаку.
Бераснёў. Разведаем і бальшак, калі спатрэбіцца… Я вось падумаў… Немцаў, як вы кажаце, няма. А паліцаяў?
Шандоў. Дак… цяпера, лічы, у кожнай вёсцы вялікай без іх не абыходзіцца.
Бераснёў. Ну, а ў Машавой?
Шандоў. Пакуль адзін. Ета тама, дзе стан, іх звычайна багата, а дзе стану няма, так адзін, два.
Бераснёў. Хто ж ён?
Шандоў. Не туташні. Здаецца, з акружэнцаў.
Бераснёў. А ў воласці? Хто ў воласці запраўляе?
Шандоў. Ну, тама наш за бургамістра.
Бераснёў. Дзе ён жыве?
Шандоў. Тама, дзе й воласць знаходзіцца. У вёсцы вам пакажуць, бо адсюль не відно. Але жонка ў яго немка.
Бераснёў. Як гэта – немка?
Шандоў. Звычайна. Прывёз яшчэ з таго палону. У Германіі працаваў недзе. Адтуль і прывёз кабету.
Патоля (з насмешкай). Ну вось, а ты кажаш, каго разведваць. (Прыспешвае Бераснёва). Хадзем, Севасцьян!
Шандоў. А можа…
Патоля. Нічога не можа. Жалеза трэба каваць, пакуль гарачае.
Шандоў. Але і пляваць на гарачае жалеза таксама не варта, бо небяспечна ад етага бывае. (Калі дзверы за партызанамі зачыніліся, ён да Чубара). Нешта яны ў вас як шыцікі.
Пацюпа. Баба з воза – каню лягчэй. Няхай пашвэндаюцца, калі захацелася. А мы тут…
Шандоў. Але каб не натварылі чаго лішняга тама.
Пацюпа. Нічога, дзед. Даставай з-пад кажухоў сваё… зелле. А то ажно смага.
Шандоў. Ды можна… Вунь акраец хлеба, сырыя яйкі. (І дастаў бутлю). Яблыкаў яшчэ збегаю лепшых прыняеу…
Пацюпа. Ты правільна зрабіў, што адстаў ад іх. Дзед табе паможа. Мяркую, нешта ведае.
Чубар. А то ты не ведаеш?
Пацюпа. Ну!..
Чубар. Карханаў, камандзір атрада, гаварыў, што ў нас у раёне было пакінута ў жніўні дзве групы. Адна – партызанскі атрад, другая – падпольны камітэт партыі.
Пацюпа. Адкуль такія звесткі?
Чубар. Не ведаю. Але ж атрад называецца разведвальна-дыверсійным. Рацыя таксама маецца.
Пацюпа. Пра атрад я не ведаю, а вось пра райком чуў. Ды ты не спяшайся з гэтым. Зараз вось падпоім дзеда…
Чубар. Дзіва што я каторы час прыглядаюся – нос у чалавека чырвоны…
Шандоў (амаль натрапіўшы на апошнія словы Чубара). Сядайце да стала. Ды налівайце.

Пачулі стрэлы ў вёсцы…

Ну вось, паразведалі! (Злосна плюнуў пад стол). Ты заўсёды, Пацюпа, недзе зачэпішся за гаўно!
Пацюпа. А раптам там немцы?
Шандоў (моршчыцца). Якія табе немцы!

Чубар хапае вінтоўку, выбягае на двор. Яшчэ адзін стрэл даляцеў з вёскі. Вартаўнік таксама выйшаў на ганак.

Што там?

Чубар паціснуў плячыма. Стала відаць, як цераз масток перабеглі Патоля і Бераснёў. Чубар падаўся ім насустрач.

Чубар. Што там здарылася ў вас?

Бераснёў і Патоля колькі часу адсопваліся.

Хто страляў?
Бераснёў (нерашуча). I мы, і бургамістр.
Чубар. Як гэта здарылася?
Бераснёў. Дык так…
Чубар. Што значыць – так?
Патоля (раз’юшана, зрывістым голасам). А тое, што ўсё сарвалася! З яго стралок!

Патоля дастаў з-пад шыняля сякеру з доўгім тапарышчам і адкінуў яе. Дзед падняў яе, паківаў галавою, вярнуўся назад да мужчын.

Шандоў. Ну вось што… Гаварыце, што вы нарабілі? Чыя ета кроў?
Патоля. А табе што да яе?
Шандоў. А тое, што я тута гас-падар! Я павінен ведаць, што мне праз вас чакаць трэба! (Да Бераснёва). Ты, здаецца, разумнейшы – гавары! Толькі хутчэй!
Бераснёў (сеў на цурбан). Здаецца, выйшла недарэчнасць… Жанчыну забілі. Немку. Бургамістраву жонку.
Шандоў (на Патолю). Гэты?
Бераснёў. Так.
Шандоў. А стралялі навошта?
Бераснёў. Стралялі пасля, калі бургамістр выскачыў праз акно.
Патоля. Так, так, гэта той па нас першы стрэліў!
Шандоў. Памаўчы ты!.. Расказвай пра ўсё! Акурат, як было!
Бераснёў (паўглядаўшыся на Паголю і Пацюпу). Ну, прайшліся мы, як звычайна бывае ў нас, па вёсцы, нават далей трохі пратупалі, да пасёлка. Немцаў і праўда, як вы казалі, няма. Мы тады ў валасное ўпраўленне. Глядзім, а там гэты бургамістр. Абедае. I жонка яго. Пытаецца, што за людзі? Мы адказваем – па дзелу. Якое дзела ў вас, пытаецца зноў бургамістр. I ўсё на маю вінтоўку глядзіць, вачэй не зводзіць. А сваю тым часам бліжэй да сябе.
Патоля. Ага, і ў яго таксама вінтоўка аказалася. Праўда, не наша, відаць.
Бераснёў. Ну, Патоля і кінуўся на бургамістра з сякерай, моў, аддавай зброю. Немка гэта раптам заступіла дарогу Патолю, засланіла мужа. Удар сякерай таму і прыйшоўся па ёй. А бургамістр тым часам праз акно, якраз расчыненае было. Ну, я і стрэліў.
Шандоў. Нарабілі дзялоў… А можа, яна яшчэ жывая?
Беранёў. Наўрад ці… Сам бачыў, галава напалам раскалолася.
Шандоў (абмыўшы сякеру ў бочцы). Ладна, цяпер нічога не зробіш. Урэшце, людзі яны – і бургамістр, і жонка яго, самі па сабе, можа, і сапраўды нявартыя, каб шкадаваць ды ўбівацца, а вось… Словам, не на карысць усё ета, і страляніна, і забойства, асабліва тое, што ўцёк бургамістр. Цяпера заварыцца каша.
Пацюпа (сышоўшы з ганка). У які бок збег бургамістр?
Бераснёў. Туды, к пасёлку.
Шандоў. Немцаў зараз у Мадіавую прывядзе. Там, за пасёлкам, недалёка бальшак. Дак ён рашыў немцаў перастрэць. За жонку ён не даруе
Пацюпа. А можа, паспрабаваць пераняць яго? Пакуль дабярэцца да бальшака ды дачакаецца немцаў…
Шандоў. Яны там часта цяпера ездзяць. Не паспееце. Я мясцовасць ведаю.
Пацюпа. Халера.
Шандоў. То-та, што халера. Ужо такая халера, што й казаць страшна. Давядзецца сянні плаціць за пабітыя вамі гаршкі. Ах, Пацюпа, Пацюпа!.. Вось што, грамадзяне, вам тут заставацца нельга. Ідзіце сабе, адкуль прыйшлі. На сянні вам подзвігаў ужо, здаецца, хопіць. Наразведваліся і досі. А ты, Пацюпа, пабудзь.
Чубар. Я таксама застануся.
Шандоў. I табе заставацца няма чаго.

Прыйшлося падпарадкавацца. Усе трое рушылі са двара.

Чубар (запыніўшы спадарожнікаў). Вось што! Вы ідзіце ўдвух у атрад, а я вярнуся. Я павінен давесці даручаную справу да канца. Можа, не ўсё будзе складвацца гэтак страшна, як напалохаў вартаўнік.


С Ц Э Н А  1 0


Шашкін. Ты, Мітрафан Ануфрыевіч, як сабе хочаш, а мы пойдзем за лінію фронту. З голымі рукамі тут надга не паваюеш.
Нарчук. Каб не ваяваць з голымі рукамі, трэба шукаць зброю. Будзем здабываць яе дзе толькі можна. Дарэчы, хто гэта – мы?
Шашкін. Ну, я вось таксама… Словам, параіліся мы між сабой і рашылі падавацца за лінію фронту.
Нарчук (ускіпеў). З таго моманту, як вы зробіце гэта, камандаванне атрада будзе лічыць вас дэзерцірамі! Зразумелі?
Шашкін. Затое Радзіма даруе нам такое дэзерцірства. Мы ж не ў адсідкі куды падаёмся. Мы хочам атрымаць зброю сапраўдную, каб таксама біць фашыстаў. А тут, прабач, выходзіць, як у вялікую… Адна беганіна ад куста да куста. Сёння стрэліш, а заўтра ўжо няма чым. У адрыве ад фронту, без шчыльнай, пастаяннай і надзейнай сувязі з рэгулярнай арміяй, цэнтрам, без іхняй дапамогі, і ў першую чаргу зброяй, нельга разгарнуць актыўныя баявыя дзеянні ў тыле.
Нарчук. А я думаю іначай. I я застаюся. Хоць і на час, але выракацца зямлі сваёй не стану. I ніякая сіла, няхай нават сам Гітлер, не выгане мяне з яе. Пабачым, хто тут гаспадар – яны альбо мы. Бо заўсёды бывае мацнейшы той, хто бароніць свой дом. Вось так!


С Ц Э Н А  1 1


Чубар падышоў да Пацюпы.

Чубар. Дзе ж дзед?
Пацюпа. Пабег у вёску. Стары меў рацыю тады. Аказаецца, бургамістр усё ткі перастрэў на бальшаку номцаў, ужо дзве машыны праехалі. А дзе твае?
Чубар. Пайшлі адны.
Пацюпа. Ці ж лёгка хоць пазбавіўся?
Чубар. А-а, звычайна.
Пацюпа. Правільна зрабіў, што назад не прывёў іх. Неспакойныя, скажу табе, таварышы.
Чубар. А чаму дзед пабег туды? Гэта ж, наадварот, небяспечна?
Пацюпа. Тут, брат, не да асабістай небяспекі. Тут такая справа. Можа здарыцца, што наогул… Словам, я табе адкрыю сакрэт. У Машавой знаходзяцца два члены падпольнага райкома партыі. Ну, ты іх ведаеш – Панцеляймон Рыгайла і Яфрэм Яфрэменка. I бургамістр няйначай пра гэта здагадваецца, што яны не так сабе засталіся на акупіраванай тэрыторыі. Такое жыццё справедку ў вёсцы, што ўсе калі не ведаюць дакладна пра ўсіх, дык здагадваюцца. Вось бургамістр і навядзе зараз на іх немцаў.
Чубар. Можа, яшчэ ўсё абыдзецца?
Пацюпа. Будзем спадзявацца. Таму я табе і не параіў удзень у Машавую з’яўляцца. Разумееш?
Чубар. Так.
Пацюпа. Гэтага бургаміетра маглі б убраць даўно і без вашай дапамогі. Не чапалі яго таму, што пакуль носа свайго куды не трэба не соваў. Тым больш што паставіць на пасаду бургамістра свайго чалавека не паспелі. Моша, яшчэ вып’ем? А то ж я і закусі прыхапіў.
Чубар. Не, здаецца, ужо напіліся…
Пацюпа. Ат, яно, ета Калістратава зелле, зусім не бярэ за галаву.
Чубар. Не скажы… (Пачакаў, пакуль Васіль налье віно). Ты лепей вось пра што скажы мне, Васіль, як ты застаўся тут, у акупацыі?
Пацюпа. А ты?
Чубар. У мяне так выйшла, што ўжо ад самага фронту завярнулі назад. Вінтоўку далі ў рукі і сказалі – моў, ідзі, ваюй дома.
Пацюпа. А ў мяне прасцей адбылося. Паклікалі сюды, у Машавую, і сказалі – моў, заставайся ў сваёй хаце і чакай, пакуль зноў паклічам.
Чубар. Куды?
Пацюпа. Гэта не ўдакладнялася. Словам, будзь здаровы. (Выпіў віно, сказаў задумліва). Але нешта дзеда доўга няма?
Чубар. А хто ён, гэты дзед, на самай справе?
Пацюпа. Вось дачакаемся, у самога спытаеш.

Чубар сеў на аглоблю.

Пацюпа. Кладзіся на воз, а я кіну сабе травы пад бок на зямлі…

Заснуў Чубар хутка. Затым яму снілася… Пажар… Нейкі клубок з чалавечых постацяў… I Зазыбаў твар выплывае як бы з туману. Нават з таго крывавага зарыва, што засталося на небе пасля пажару. Намеснік штосьці гаворыць Чубару, але слоў яго не разабраць. Нарзшце гук у Зазыбавым голасе як бы пачаў прарэзвацца…

Пацюпа. Гэта дакладна, што іх узялі?
Шандоў. Яфрэменку і Рыгайлу – праўда.
Пацюпа. А хто яшчэ з падпольшчыкаў у Машавой быў?
Шандоў. Не ведаю. Людзі бачылі толькі, як павялі на калгасны двор етых – старшыню калгаса і старшыню сельсавета.
Пацюпа. Што ж нам цяпер рабіць, дзед?
Шандоў. Анічога. Чакаць.
Пацюпа. Чаго?
Шандоў. Пакуль усё само сабою высветліцца.
Пацюпа. А ты дакладна ведаеш, што немцы яшчэ ў вёсцы?
Шандоў. Ага.
Пацюпа. Я вось пра што думаў зараз, Калістрат. Табе таксама нельга заставацца тут. Бо невядома, што будзе заўтра.
Шандоў. А хто ж замест мяне застанецца?
Пацюпа. Нічога з вартоўняй не зробіцца.
Шандоў. А як спатрэблюся Касьяну ці яшчэ каму?
Пацюпа. I тым не менш на нейкі час табе ўсё-ткі неабходна знікнуць. Зрабіць гэта не цяжка, чалавек ты адзінокі. Пажывеш пакуль у мяне.
Шандоў. А етага з Верамеек? Што з ім рабіць?
Пацюпа. Як што?
Шандоў. Я б яму не дараваў.
Пацюпа. А-а, ты вунь пра што…
Шандоў. Стукнуць бы яго тута соннага ды ў валежнік
Пацюпа. Ну-ну. Навошта раптам такая крайнасць? Па-першае, Чубар ні ў чым не вінаваты. Гэта здарылася так, што ён прывёз з сабой незнаёмых людзей. А па-другое, да чаго мы дойдзем, калі вось так, як ты прапануеш, будзем усё вырашаць? (Крычыць на Чубара). Гэй, прачніся!
Чубар. А я і не сплю…
Пацюпа. Значыць, усё чуў?
Чубар. Так.
Пацюпа. Што ж, тым лепш. Але як пойдзеш у атрад, то раскажы там свайму Карханаву, што адбылося ўчора. Можа, што-небудзь зробіць, каб вызваліць падпольшчыкаў. Мы таксама тут думаць будзем.
Чубар. Можа, разам у атрад дабяромся?
Пацюпа. Не, нам хопіць сваіх спраў. Вось зараз мы выведзем цябе на дарогу, а тады сам ідзі.


С Ц Э Н А 1 2


Зямлянка. Карханаў і Чубар.

Карханаў. Як вы рашылі? Будзеце з намі?
Чубар. Яшчэ нічога не надумаў. Недзе ж Нарчук са сваімі людзьмі прапаў… Гэта дакладна – няма ў раёне нартызанскага атрада.
Карханаў. То падумайце. А атрад такі быў створаны вашым райкомам партыі і штабам трынаццатай арміі. Відаць, на нейкім заданні знаходзіцца. Мы прастаім тут не больш за тыдзень, а тады рушым далей. Праўда, я зусім не настойваю, каб вы ішлі з намі. Я казаў ужо вам. Але адмаўляць вам таксама не стану. Настане зіма, а зімой… Зімой нават не кожнаму зверу знаходзіцца ўтульнае месца, не тое, што бяздомнаму чалавеку. А вы чалавек мясцовы. Ды арганізатар…
Чубар. Цяжка развітвацца з роднай стараной. Знайшоў вось Пацюпу, пазнаёміўся з Шандовым. Здаецца, выйшаў на след падпольнага райкома. Не ўсіх членаў немцы ў Машавой арыштавалі.
Карханаў. Думайце, думайце… А пакуль Шпакевіч просіць накіраваць вас разам з ім на адно даволі нялёгкае заданне…

Высокі парог прыбудовы нераступае Шпакепіч.

Вось і добра, ты як пачуў і… Зараз давайце разам памяркуем, як лепей трапіць нам адсюль у Батаеўскія лясы. А адтуль вы ўжо рушыце. Гэты раз давядзецца далёка. Дык вось… (Дастае сумку). Тут адна армейская разведчыца сабрала важные звесткі… Дзе і як – не ведаю. Урэшце, гэта яе справа і яе тайна. Але калі мяне прасілі армейскія таварышы звязацца з ёй, памагчы рацыяй, я на гэткае не спадзяваўся. I вось учора раптам прыносяць ад яе такое, што нам з вамі пакуль і сніцца не магло… Тут нанесена размяшчэнне варожых часцей, якія падпарадкаваны камандуючаму тыла армій «Цэнтр» па стану на мінулы тыдзень. Трэба спадзявацца, што за гэты час у размяшчэнні часцей ніякіх асаблівых змен не адбылося. Словам, у нашы рукі трапілі неспадзявана вельмі каштоўныя разведдадзеныя, іх ужо чакаюць у Маскве, а вам, таварышы належыць даставіць іх за лінію фронту. Адзін пералік часцей займае дванаццаць старонак машынапіснага тэксту. Такім чынам, усе дадзеныя не змясціліся на нашай карціне. Дарэчы, таварыш Шпакевіч, карту гэту мы даручаем вам асабіста. Таму ўважліва глядзіце і на ўсякі выпадак запамінайце ўсё. А вось і вам, таварыш Чубар, работа. (Ён выхапіў некалькі аркушаў з усяго стоса папер, падаў яму). Тут збольшага тое, што не трапіла на карту. Напрыклад, месцазнаходжанне паліцэйскіх часцей у паласе групы армій «Цэнтр», таксама размяшчэнне груп і каманд тайнай палявой паліцыі, палявых і мясцовых камендатур, лагераў ваеннапалонных, армейскіх зборных пунктаў ваеннапалонных, стацыянарных і франтавых лагераў… Паспрабуйце, таварыш Чубар, таксама праштудзіраваць паперы гэтыя і разабрацца, што да чаго.
Чубар (праглядае дакументы). Ах і малайчына. Столькі сабраць матэрыялаў!.. Глядзі ты…


С Ц Е Н А 1 3


Вёска. Баранаў заходзіць на двор, стукае ў дзверы.

Архіп (расчыняе дзверы). Хочаш наклікаць бяду на мяне і на маю сям’ю? Ідзі прэч, каб цябе ніхто не пазнаў.
Баранаў (збянтэжана). А я нават не ведаў, што ты дома…
Архіп. А то дзе загадаеш быць?
Баранаў. Ну-у!..
Архіп. Хацеў жыць вялікім начальнікам, дык цяпера…
Баранаў. Мне харчу трэба, брат.
Архіп. Пададуць у другім месцы. Кажу, ідзі прэч!

Баранаў павярнуў назад. У другой хаце з акна на вуліцу выглядае старая Жанчына.

Жанчына. Ты ета што, Паўлавіч, ходзіш сабе, бытта непрыкаяны, і не баішся?
Баранаў. Есці хачу!
Жанчына. А што ў брата? Нікога няма?
Баранаў. Так.
Жанчына. Ну, тады заходзь да мяне. Я накармлю.

Баранаў заходзіць у хату. Адчыніўшы засланку, жанчына дастае з печы невялічкія чыгункі.

Баранаў. Гэтага мала. Я не адзін. Са мной – некалькі чалавек.
Жанчына. А вохці мне! А дзе ж яны?
Баранаў. У лесе.
Жанчына. А колькі іх тама?
Баранаў. Багата.
Жанчына. Дак… I рада б паслужыць табе, Паўлавін, і тваім таварышам, але етага харчу, што наварана ў мяне, і праўда на ўсіх не хопіць… Але ж неяк дадзім рады. Ты во зараз сядай за стол да еш, што пастаўлю, а я сама на гарод пабягу, бульбы накапаю. Тады стане накарміць чым і цябе самога, і яшчэ каго хочаш тама, хто з табою ў лесе. Ета нядоўга, адно запаліць у нечы да паставіць бульбу варыцца ў мундзірах. Як, пачакаеш?
Баранаў. Пачакаю.
Жанчына. Тады сядай, еш. А сама я і без етага пакуль абыдуся. (Яна ставіць яду на стол). Ну, сядай, еш. А я зараз. Я хутка. Ай, можа, не ў мундзірах трэба бульбу варыць вам, а? Можа, проста па-нашаму?
Баранаў. У мундзірах хутчэй будзе.
Жанчына. Яно-та ў мундзірах і праўда хутчэй будзе. Толькі па-нашаму абіраная бульба заўсёды лічылася смачнейшай. Дак абіраную ці ў мундзірах?
Баранаў. У мундзірах. Самі ж кажаце, што хутчэй.
Жанчына. Тады я зараз.

Баранаў смакуе стравы.
Жанчына вяртаецца. Заходзіць з кошыкам у хату. Мые бульбу. Насыпае ў вялікі гаршчок. Падпальвае ў печы. Ставіць туды варыва.

Жанчына. Ці бачыў жа ты, Паўлавіч, хоць немцаў?
Баранаў. Не.
Жанчына. Мы таксама пакуль не бачылі. Да нас яны яшчэ не прыязджалі. А вось у Гарбавічах, здаецца, былі.
Баранаў. Ну і што?
Жанчына. Дак… Ета я так, к слову. Учора яшчэ думала во, што вашага Архіпа папрашу, каб плот мне па той бок гароду паправіў, а цяпера рашыла – ці варта? А то ж яшчэ невядома, як выйдзе з етымі немцамі? I ці патрэбны будзе саўсім еты плот?
Баранаў. Ну, плот, як і мост, заўсёды патрэбны будзе.
Жанчына. Ты так думаеш?
Баранаў. А што тут дзіўнага?
Жанчына. Дак… (Спахапілася). Але ж бульбы адной, мусіць, людзям тваім мала будзе? У мяне, праўда, нічога няма. Зжылася. Давядзецца пазычацца ў суседзяў. А што яны ў вёску не ідуць, твае таварышы? Баяцца? Дак немцаў жа пакуль няма во!
Баранаў (як не чуе, заглядае ў вочы). Кіпіць бульбачка…
Жанчына. Я от думаю сянні, да і ўчора… Як немцы прарваліся сюды, дак і ў голаў узяла сабе. У нас тут у вёсцы жанчына адна жыве. З Казелля. Ета па той бок, пад Краснаполле.
Баранаў. Я ведаю.
Жанчына. Дак хаваецца. Як ты думаеш, Паўлавіч, зачэпяць яе немцы тута ай не?
Баранаў. А што яна такое зрабіла?
Жанчына. Дак не яна, Тама ўсё Казелле недзе цяпер ад страху калоціцца. За лётчыкаў тых нямецкіх, што нашы самалёт падстрэлілі. Ай не помніш, як бабы пабілі іх? Сякерамі ды аглоблямі, матыкамі.
Баранаў. А гэта жанчына з Казелля? Што яна – сур’ёзна хаваецца цяпер тут, у вашай вёсцы?
Жанчына. Дак… Жыве ў нас пакуля. Як ты думаеш, Паўлавіч, будуць немцы помсціць за сваіх лётчыкаў?
Баранаў. Гэта як справу паставіць. Калі вяскоўцы самі адзін на аднаго не данясуць, то хто ж дакапаецца?
Жанчына. От і я кажу – цяпера ўсім трэба маўчаць. Пра ўсё маўчаць. Ці мала што здарыцца магло? А ета казельская ўсё-ткі ўратуецца ў нас. Яй-богу, жывая застанецца!

Баранаў устае з лавы, дзякуе.

Жанчына. Дак няма за што, Паўлавіч.
Баранаў. Каб вас не падводзіць, я, можа, выйду куды… Дым з коміна валіць сярод белага дня, мала хто зойдзе…
Жанчына. Дак пасядзі на гумне, Паўлавіч. А я тут навару бульбы аж два чыгуны. Пазычу якой акрасы. I паднясу туды…


ЧАСТКА ДРУГАЯ


С Ц Э Н А  1 4


Брава-Жыватоўскі наклейвае на дзвярах «зварот». Затым чытае.

Брава-Жыватоўскі. Выкрыта шайка бандытаў, якія называлі сябе раённым камітэтам балынавікоў… Сакратар райкома партыі Касьян Манько, упраўляючы гарадскім аддзяленнем банка Саламон Якубовіч, загадчык аддзела райвыканкома Андрэй Цішчанка…

Людзі ідуць да кузні. Доўгаль чытае «зварот» да насельніцтва.

Доўгаль. Партызаны, вы робіце злачынствы не толькі таму, што, абаранячы бальшавікоў, перашкаджаеце народу скінуць бальшавізм, які смокча з яго кроў. Але што самае галоўнае, – вы не дазваляеце людзям, на вызваленай ужо зямлі, наладжваць сваё новае і шчаслівае жыццё. У каго яшчэ захаваліся хоць кропля чыстага сумлення і хоць крыху развагі, той зразумее, што абарона бальшавікоў, асабліва цяпер, калі кадравая Чырвоная Армія разбіта, а засталіся скараспелыя і нічога ў ваеннай справе не разумеючыя часці, справа – дарэмная. Жывучы, як ваўкі ў лясах, вы не ведаеце, што адбываецца на фронце. Вашы разбойніцкія ўдары ў спіну – для немцаў як камарыныя ўкусы. Вы толькі тэрарызуеце народ, наклікаючы небяспеку на вашых блізкіх, якім даводзіцца адказваць за вашу дзейнасць перад нямецкімі ўладамі.
Зазыба. Няўжо Манько трапіў да гітрелаўцаў? Хто мог выдаць?
Доўгаль (пацвельваючыся). А хто ж яго ведае? Усё рабілася тайна…

Брава-Жыватоўскі старанна тлумачыць тэкст «звароту».

Брава-Жыватоўскі. Га-га-га!.. I судзіць іх будуць акупацыйныя ўлады адкрыта, прынародна ў Крутагор’і. Даставяць туды прадстаўнікоў ад кожнай воласці… Так што мужыкам самім будзе дадзена магчымасць пераканацца, што справы цяпер ужо канчаткова ідуць не толькі да завяршэння вайны ў цэлым па краіне, але і да ўціхамірвання ўсіх нязгодных з новым парадкам тут, на акуніраванай тэрыторыі… Ціснуць немцы пад Масквой нашых, ды яшчэ як ціснуць! Хутка кранты наступяць.

Звініць кувалда. Зазыба ўспамінае.


С Ц Э Н А  1 5


Манько (папрыглядаўшыся да Зазыбы). От бачыце, таварыш Зазыба, зноў настаў час, калі такое паняцце, як мера патрыятызму, кладзецца на шалі. I выяўляецца яна – гэтая мера – у гадзіну найцяжэйшых выпрабаванняў. У звычайным мірным жыцці словы пра тое, што ты любіш айчыну і гатовы ахвяраваць у імя яе, не маюць вагі. Галоўную праверку робіць вайна, дзе трэба плаціць за зямлю, на якой вырас, крывёю, жыццём. I вось настаў час, калі павінна высветліцца, ці шчодрыя мы на такую плату.
Зазыба (згодна паківаўшы галавою). А дзе Маштакоў?
Манько. Першага сакратара цяпер у раёне няма. Але нічога, пакуль спраўляемся і без яго. Падпольны райком узначальваю я.
Зазыба. Хто ж, калі не сакрэт, з вамі, Касьян?
Манько. Які ж можа быць сакрэт ад вас, таварыш Зазыба? Але пра гэта лепей пасля. Урэшце прыйдзе час, і вы самі пабачыце ўсіх. Я вось дзеля чаго вас паклікаў сёння… Падпольны райком партыі вельмі спадзяецца на вас. Таму не думайце, што я дарэмна адразу пачаў гаворку аб патрыятызме. Цяпер для нас гэта галоўнае. Трэба забыць на ўсе крыўды, калі яны каму нанесены і былі…
Зазыба. Ну, што датычыць мяне, то…
Манько. Вы не так мяне зразумелі… Я меў на ўвазе… Словам, гэта сапраўды вас асабліва не датычыць. Тым больш што сын ваш, як нам вядома, вярнуўся.
Зазыба. Так, сын мой цяпер дома…
Манько. Дык вось… Я хачу, каб вы мяне зразумелі. Іменна вы, таварыш Зазыба. Паверце, справа не ў вас і не ў вашым сыне. Хоць, вядома, з песні слова не выкінеш таксама. Ды і ці трэба выкідаць яго, тое слова… Цяпер, ва ўмовах варожага нашэсця, па-ранейшаму заплюшчваць вочы на ўсё, што было кепскага, вельмі недаравальна. Так, былі да вайны перакосы, можа, нават злоўжыванні. Урэшце, сёння справа не ў дакладных вызначэннях. Прыйдзе час, і ўсё стане зразумелым, чаму што рабілася так, а не гэтак. Сёння ж усім нам трэба зразумець, дакладней, высветліць, – на каго маюць злосць тыя, хто незаслужана падпалі пад рэпрэсіі? На савецкую ўладу? Дык не ж, сто разоў не! Бо дваццаць тры гады, якія пражыў народ пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, паказалі кожнаму, што лепшай улады для селяніна і рабочага неможа быць і няма.
Зазыба. Не па часе вінаватых шукаць нам цяпер. Да таго ж па ўсім выходзіць, што вінаватых і зусім няма. Так што…
Манько. Я гэта ўсё к таму, што мы цяпер усе, як адзін, павінны наладжваць тут даверлівыя адносіны паміж сабой. Ну, хоць бы для разумення сітуацыі, якая склалася з прыходам акупантаў.
Зазыба. Ды гэта так.
Манько. Ну, а цяпер раскажыце, які настрой у Верамейках?
Зазыба. Звычайны, мужыцкі.
Манько (смяецца). Што гэта яшчэ за такі мужыцкі настрой?
Зазыба. А вось паслухайце. Надоечы я размаўляў неяк з адным нашым старым чалавекам, Прыбыткоў яго прозвішча. Дык той і кажа – трэба ўжыцца ў новы парадак. Заўважце, не зжыцца, а ўжыцца.
Манько. Селянін заўсёды загадкай быў… Не думаю, што дзесяць гадоў, якія давялося яму жыць і працаваць у калектыўнай гаспадарцы, назусім перайначылі ягоную псіхалогію. Выпрацоўвалася яна стагоддзямі. Затое селянін заўсёды быў патрыётам. Яму заўсёды было што бараніць – зямлю, дом. Значыць, з гэтага мы і павінны сёння зыходзіць у сваёй рабоце па далучэнню людзей у супраціўленне акупантам.
Зазыба. А як гэта канкрэтна рабіць?
Манько. Як?.. Мне тут Захар Доўгаль расказваў, як вы зямлю падзялілі, не паслухаўшы немцаў, як маёмасць раздалі – на захаванне да прыходу Чырвонай Арміі. Дык чым жа ўжо гэта не барацьба? Няхай пасіўная, але ж таксама барацьба. Трэба ўсюды аказваць акупантам непадпарадкаванне, усё рабіць наадварот ад таго, што яны хочуць, чаго яны дамагаюцца. Ну, а наогул, як яно жыць, цяжка?
Зазыба. Вядома, не весела.
Манько. А ўсё-ткі людзі вераць, што Чырвоная Армія наступаць яшчэ будзе? Зразумела, не тыя, што збіраюцца ўжыцца ў новы парадак. Важна, каб вера гэта не знікала ў людзей. Яе ўсялякім чынам неабходна падтрымліваць.
Зазыба. Але мала чым ёсць падтрымліваць. Часам адных слоў тваіх не хапае. Радыё ў нас у Верамейках няма. Правесці па правадах да вайны не паспелі, а прыёмнікамі таксама не запасліся. Так што звесткі аб усім, што робіцца, мужык наш мае цяпер ад немцаў. Немцы ж, няйначай, пра ўсё гавораць, так, як ім патрэбна. Ды і з мясцовай уладай у іх неяк надзвычай спрытна выходзіць. Паліцыю ствараюць. Бургамістраў у воласці прызначаюць. Старастаў у вёсках выбіраюць, падахвочваюць былых савецкіх актывістаў. Нават не забараняюць выбіраць, абы людзі захацелі.
Манько. Гэтага трэба было чакаць. Каб кіраваць вялікай масай незнаёмых людзей на акупіраванай тэрыторыі, неабходна акрамя ўласнай ваеннай сілы яшчэ і мясцовая адміністрацыя. Таму яны цяпер і спяшаюцца з гэтым. Ну, а ў нашу задачу якраз і ўваходзіць рабіць наадварот, дакладней, ставіць на розныя пасады, якія ўводзяць немцы ў створаных установах, сваіх людзей, савецкіх патрыётаў.
Зазыба. Гэта сапраўды не блага было б, каб паўсюдна ўдалося нам сваіх людзей расставіць. Але ж, здаецца…
Манько. Так, пакуль мы спахапіліся ды выпрацавалі ў райкоме агульную думку на гэты конт, багата дзе пасады пазаймалі нягоднікі.
Зазыба. Ну, а… тыя, каго вы падсоўваеце немцам, яны з ахвотай на гэта ідуць?
Манько. Як сказаць…


С Ц Э Н А  1 6


На пляцы ў Верамейках камендант Гуфельд і бургамістр Брындзікаў. Сюды зганяюць людзей Брава-Жыватоўскі і Драніца. Крык. Гам. Выбіраюць верамейкаўцы старасту.

Брава-Жыватоўскі. Будзем выбіраць старасту! Будзем выбіраць старасту!
Голас з натоўпу. Зазыбу ў старасты! Зазыбу…
Брындзікаў. Былы намеснік старшыні калгаса вашага мае правіннасць перад нямецкай уладай, за якую яшчэ не панёс пакарання.
Голас з натоўпу. А што тама за правіннасць? У чым яна, а то мы дак тут і не знаем пра яе.
Брындзікаў. Нельга было без дазволу, на свой розум, распускаць калгас.

Натоўп заціхае. Збянтэжаныя людзі адно пераглядваюцца між сабою.

Гуфельд (цераз перакладчыка). Вы можаце выбраць яго, вашага Зазыбу, раз ужо так хочаце, намеснікам валаснога агранома тут, у сваёй вёсцы.
Брава-Жыватоўскі. Намеснік агранома дык намеснік агранома. А на старасту тады Рамана Сёмачкіна. Галасуем!

Людзі паднялі рукі.

Гуфельд (цераз перакладчыка). А цяпер у дапамогу паліцэйскаму трэба стварыць самаахову… Справа гэта новая, яна ўводзіцца ў нашай воласці раней, чым дзе. Гэта будзе адна з новых форм масавай грамадскай дзейнасці. Наша камандаванне і цывільнае кіраўніцтва, якое адказвае за далейшае развіццё краю, ускладаюць надзею, што ваш прыклад хутка наследуюць па ўсёй заваяванай тэрыторыі. Справа гэта патрэбная, і ў першую чаргу для вас. Вы ж самі маглі пераканацца, што без самааховы немагчыма мірным чынам ладзіць новы парадак. Успомніце хоць бы згарэлае на вашым палетку збожжа. А вось калі б у вашай вёсцы да таго ўжо існавала самаахова, такое не здарылася б, бо кожны мусіць клапаціцца пра свой набытак і лепш пільнаваць навокал.
Голас з натоўпу. Тады Івана Падзерына ў самаахову… Падзерына запішыце…
Гануся Падзерына. Не, лепей Сілку Хрупчыка!.. Хрупчыка…
Голас з натоўпу. А няхай Драніца будзе!

Зазыба зноў успамінае…


С Ц Э Н А  1 7


Манько (да Зазыбы). Але таварышы разумеюць, што гэта неабходна. Таму і ўспрымаюць як адказнае заданне.
Зазыба. Цяжкая гэта справа, Касьян Касьянавіч. На словах яно часам выходзіць адно, а наяве – другое. Нездарма кажуць – калі наняўся да новага гаспадара, то ў старога службу кідай, а то не здабраваць пасля. I той невядома за што таўчы будзе ў каршэнь і гэты.
Манько (засмяяўся). Што ж, часам і патрываць трэба, на тое і чужая воля, як вы кажаце.
Зазыба. Але каб толькі гэта.
Манько. А што яшчэ?
Зазыба. Ну, а раптам свае аднойчы не пазнаюць. Не кожнаму давядзеш, што ты свой, а не чужы. Ды і хто ў яго будзе пытацца, свой ён ці чужы. Раз маеш звярынае аблічча, то і ў душы ты звер. А ў нянавісці, як вядома, расправа кароткая.
Манько. Ну, гэтага не трэба баяцца. Раз мы паставілі чалавека, то і абаронім яго, калі спатрэбіцца. Урэшце, у сваім раёне мы гаспадары. Прынамсі, збіраемся імі стаць.
Зазыба. Хіба што. Але ўсё-ткі не зайздрошчу я такім небаракам. Доўга пасля давядзецца некаторым даказваць сваю прыналежнасць да падполынчыкаў ці Партызан. I добра яшчэ, калі ўдасца даказаць.
Манько. Пакуль што я вам не прапаную ніякай пасады ў Верамейках. Нам трэба наладзіць надзейную сувязь з мясцовым насельніцтвам. Ва ўсіх населеных пунктах раёна! Трэба стварыць групы супраціўлення ў вёсках. Яны, пакуль у нас не хапае зброі, павінны стаць асноўнымі ачагамі пасіўнага супраціўлення фашыстам… Дарэчы, зброя ў каго-небудзь у Верамейках ёсць? Цяпер жа ва ўсіх шмат зброі.
Зазыба. Думаю, што няма, акрамя звычайных паляўнічых стрэльбаў.
Манько. Будзем пры іх дапамозе здабываць сапраўдную зброю. Найперш трэба абязабройваць паліцыю. Добра было б таксама пашукаць зброі на месцах нядаўніх баёў.
Зазыба. У нас іх тут не было.
Манько. Я гэта ведаю. Але ж ішлі баі вялікія па той бок Бесядзі. Ну ды ладна. Урэшце, будзе чым змагацца, абы жаданне само было. Галоўнае, што нам удалося нарэшце сустрэцца. А цяпер асабіста вам заданне.
Зазыба. Якое?
Манько. Не хвалюйцеся, старастам быць у Верамейках мы накуль не збіраемся прапаноўваць вам. Дужа вядомы вы чалавек, каб выкарыстоўваць вас на такім месцы. Няйначай, аднавяскоўцы вашы адразу падумаюць – раз чырвоны ардэнаносец пайшоў на службу да немцаў, то, лічы, усё прапала, звароту назад няма. Я вось што маю на ўвазе, кажучы пра заданне. Райком партыі плануе паўсюды ў населеных пунктах напярэдадні сёмага лістапада, як і да вайны, правесці ўрачыстыя мітынгі. У Верамейках за правядзенне мітынгу будзеце адказваць перад райкомам вы, Дзяніс Яўменавіч. Падумайце таксама, каго паставіць у вас за старасту.
Зазыба. Добра.
Манько. Ну, а паліцэйскі? Што ён за чалавек? Відаць, падлюга, раз сам напрасіўся ў паліцыю?
Зазыба. Сутнасць у яго паганая. Праўда, ён усё яшчэ быццам у нерашучасці жыве. Здаецца, адкрыта нічога благога не робіць. Аднак службу нясе спраўна. Акрамя таго, звычайны хітруга, далажу вам. Мужыкі нашы кажуць, што прызнаваўся па п’янай лавачцы – у грамадзянскую знаходзіўся ў бацькі Махно, а затым увесь час замятаў сляды. Наогул, ён не тутэйшы. У нас тут з’явіўся ўжо ці не ў канцы дваццатых гадоў.
Манько. Давядзецца за гэтым Брава-Жыватоўскім трохі папільнаваць, а там, калі не адумаецца, і…
Зазыба. Не, на гэта няма надзеі, каб адумаўся. Праўда, калі б здарылася так: фронт зноў у адваротны бок пакаціўся…
Манько. Ну, тады яны ўсе іначай паводзіць сябе стануць. Словам, Дзяніс Яўменавіч, падпольны райком хоча, каб вы па-ранейшаму заставаліся ў Верамейках гаспадаром становішча. I вось яшчэ што, Дзяніс Яўменавіч… Нас усё ж такі турбуе трохі ваш сын.
Зазыба. Як гэта?
Манько. Дужа не хацелася б, каб ён нарабіў глупства.
Зазыба. А-а, вось вы пра што…
Манько. Ну, што раней было з ім, цяпер ужо гаварыць позна. Ступень вінаватасці яго таксама, бадай, не ўстановіш, і наўрад ці трэба гэта рабіць. Я ўжо казаў – прыйдзе час, і з усім, што было не так, разбяруцца. А цяпер важна іншае: не даць чалавеку пахіснуцца куды не трэба.
Зазыба (кіўнуў галавой). Ды ўжо ж…
Манько. Разумееце, здраднікі – яны таксама адрозніваюцца ў агульнай масе сваёй. Адна справа, калі здраднікам становіцца чалавек непісьменны. Ну, а тут яшчэ ваш сын пішучы да ўсяго іншага. Адным словам, Дзяніс Яўменавіч, вы – бацька ягоны, і вам за яго адказваць. Ну, а цяпер будзем развітвацца. Даруйце, калі што не так было.
Зазыба. Сапраўды, надта ўжо доўга вы, Касьян Касьянавіч, агітавалі мяне за савецкую ўладу.
Манько (развёў рукі). Ну… Паміж незнаёмых людзей заўсёды не адразу ўсё як належыць атрымліваецца.

Манько хутка сунуў Зазыбу руку на развітанне, але да парога, да якога заставалася ступіць усяго два ці тры крокі, не праводзіў.


С Ц Э Н А  1 8


Зазыба і Брава-Жыватоўскі.

Зазыба. Як ты думаеш, мяне выклікаюць у Бабінавічы па абавязках намесніка валаснога агранома?
Брава-Жыватоўскі. Думаю, што так… Рабіць жа цяпер, увосень, няма чаго. Пачакаем да вясны, тады ўжо… Урэшце, трэба было не распускаць свайго калгаса, цяпер бы вось і быў пры дзеле. Праўда, у іншых вёсках здаюць збожжа. Але нас камендант нібыта вызваліў. Гэта ўжо я пагаварыў з ім. Дай, думаю, і я займуся дабрадзейнасцю перад верамейкаўцамі. Некалі рабіў ім усялякае добра- заступніцтва Зазыба, а цяпер стану рабіць тое ж я. Можа, такім чынам і я ў давер нарэшце ўвайду да іх.
Зазыба (з усмешкаю). Ну, ну…
Брава-Жыватоўскі. Вось я кажу каменданту, што ў Верамейках жыта амаль усё згарэла ў Паддубішчы. А ячмень ды пшаніца… Словам, пакуль невядома нічога ні пра ячмень, ні пра пшаніцу. Урэшце, калі і будзем здаваць якое зерне, то ссыпаць давядзецца недзе тут, у вёсцы. Пра гэта я таксама дамовіўся, каб не везці куды ў свет. А вось мяса нашы мужыкі ды бабы няхай рыхтуюць. З надыходам маразоў давядзецца сяму-таму расстацца з цялушкамі…
Зазыба. А чаму да маразоў? Чаму не цяпер?
Брава-Жыватоўскі. А ты сам у Адольфа спытай. Ты ж таксама начальства ў вёсцы.
Зазыба. Якое там начальства… Ці ж другому прабіцца цяпер паміж табой і Раманам Сёмачкіным? Не, я ўжо зваё адхадзіў у начальстве раней.
Брава-Жыватоўскі. Ну, я ў гэтым не вінаваты… Было самому свой інтарэс пільнаваць, быў бы ў вёсцы не старастам па зямлі, а поўным старастам.
Зазыба. А можа, яно, што па зямлі, дык і лепей… Не будзе пасля клопату вялікага. Ну, пажураць свае нас трохі да й… Некаму ж за зямлёй таксама трэба глядзець.
Брава-Жыватоўскі (рагоча). Кідаў бы ты, Зазыба, свае дзівацтвы. Усё не верыш, што бальшавікам, як немцы кажуць, капут. Альбо выгляд робіш, што не верыш? На вось, чытай!
Зазыба (бярэ ў рукі «Правду», чытае). Пастанова Дзяржаўнага Камітэта Абароны… Гэтым аб’яўляецца, што абарона сталіцы на рубяжы, які знаходзіцца за 100-200 кіламетраў ад Масквы, даручана камандуючаму Заходнім фронтам генералу арміі Жукаву… Ну што ж, ці мала хто ца Масквы даходзіў! А пасля аказвалася, што гэтага недастаткова.
Брава-Жыватоўскі (з раззлаванай прыкрасцю). Ат, табе хоць кол на галаве чашы!.. Немцы ўзбройваюць нашых мужыкоў…
Зазыба. Ха, адну бельгійскую вінтоўку і пятнаццаць патронаў, як кажа Мікіта Драніца, з тоўстымі срачкамі далі.
Брава-Жыватоўскі. I дастаткова… Самаахоўцы носяць яе па чарзе…
Зазыба. А што яны гавораць?


С Ц Э Н А  1 9


Іван Падзерына вінтоўкаю і другія вяскоўцы.

Падзерын (мужыкам). Нічога, ла етым жыць можна. Акурат у старым рэжыме. Можаш сабе па вуліцы хадзіць, а хочаш – да жонкі падавайся. Нікому да цябе справы няма, і ніхто цябе не бачыць.
Xрупчык. Ага, справа няхітрая, абы ніхто не чапаў цябе.
Драніца. Глядзіце, а што гэта за дзірка ў патронніку? Няйначай, Адольф абдурыў. Абы-якую даў нам. Яна ж не прыгодная для стральбы…
Брава-Жыватоўскі. Пакажы! (Аглядае вінтоўку). Гэта ты сапсаваў яе?
Драніца. Знаць нічога не знаю, як тэй таго, і ведаць не ведаю.
Брава-Жыватоўскі. А хто?
Драніца. Не маглі, як тэй таго, нашы мужыкі заляпіць ету дзірку так, што б я не ўбачыў.
Брава-Жыватоўскі. Можа, ты п’яны быў?
Драніца. А прычым тут, як тэй таго, ета? Мог жа я ету дзірку, як тэй таго, заўважыць сянні, дык чаму тады не мог учора, калі б яна была?
Брава-Жыватоўскі. Значыць, нехта прасвідраваў патроннік уначы, калі вінтоўка знаходзілася ў цябе. Прызнайся, дзе ты быў, што рабіў і чым займаўся?
Драніца. Анідзе, як тэй таго, і нічым!.. Ну, вьшіў увечары трохі, як тэй таго. Хадзіў-хадзіў у цемры па вуліцы, як тэй таго, пасля і заглянуў на агеньчык да Васілевічавай Вулькі.
Брава-Жыватоўскі. Які такі яшчэ агеньчык? Якая Васілевічава Вулька?
Драніца. Ну, звычайны, як тэй таго, агеньчык, звычайная, наша верамейкаўская, Вулька. Ціснула ў Карнеевай ёўні ўчора, як тэй таго, каланіцу, казала, бытта на даўгі ранейшыя. Ну, я і хлабыснуў тама ажно два карцы, як тэй таго, з-пад самага карыта, яшчэ цёплую, а заесці не было-чым, ведама, Баба. Ета ж каб мужык, як тэй таго, самагон еты гнаў, дак і закусь пры сабе трымаў бы. А то адна цыбуліна была. Ну, я і з капытоў, відаць, адразу далоў, як тэй таго.
Брава-Жыватоўскі. Дзе, у Вулькі?
Драніца. Не, па дарозе к дому, як тэй таго. Але як прачнуўся назаўтра, дак вінтоўка са мной ляжала. Пра ета я помню, як тэй таго. А зрэшты, чаго ты ўспудзіўся? Раз нельга будзе цяпера страляць з яе, етай вінтоўкі вашай, дак бяры сабе, як тэй таго, усе нашы патроны і палюй на каго хочаш. Вунь надоечы, здаецца, дзікі прыходзілі пад самыя Падлінкі.
Брава-Жыватоўскі. Дзікі, дзікі, як тэй таго! Адкуль тым дзікам узяцца было?
Драніца. А чаму б і не? Ласі ж аднекуль прыйшлі, як тэй таго?
Брава-Жыватоўскі. Ты глупства не гарадзі, Мікіта. Раз дапусціў правіннасць, рыхтуйся адказваць. Давядзецца адвесці цябе ў воласць ды пасадзіць там у халодную. Будзе табе тады цёпленькая. Адразу працверазееш.
Драніца. А я і так не п’яны, як тэй таго. Толькі як ты мяне павядзеш?
Брава-Жыватоўскі. А на шворцы.
Драніца. Ну, ты дужа не палохай, як тэй таго!
Брава-Жыватоўскі. Я не страшу, аше ў Бабінавічы ўсё роўна павяду.
Драніца. Ну і вядзі, як маеш! Але нашы мужыкі, як тэй таго, не маглі зрабіць у зялезе такую дзірку. Ета ж прасвердліна. А свярдзёлак такі, як тэй таго, быў у вёсцы толькі ў Васіля Шандабылы.
Брава-Жыватоўскі. Дак Васіль жа на фронце. Добра, праверым… (Жонцы Шандабылы). Дзе Васілёў дрыль?
Жанчына. Дзе ж яму быць, як не дома?
Брава-Жыватоўскі. Значыць, у Верамейках яшчэ ў кагосьці ёсць падобны інструмент… Няўжо ў палоннага. (Марухіну). Ну, можа, у цябе? I як гэта я не падумаў адразу?
Марухін. Рабіце вобыскі!.. Гэта ж адмысловы інструмент, дрыль. Яго ў кузні не зробіш. Ды і як можна было наогул прасвідраваць такую адтуліну ў патронніку, калі вінтоўка знаходзілася ўвесь час пры Драніцы?
Драніца. Ды я, як тэй таго, і п’яны трохі пільнаваў зброю…
Сёмачкін. Ты вось што, Антон, накуль не гавары пра вінтоўку каменданту. А то невядома яшчэ, як яно абернецца для самога цябе. Ета ж табе не жартачкі, ета ж цэлая дыверсія!
Зазыба (смяецца). Эйш, ты!..
Мужчыны. А галоўнае, што з тае цяпера самааховы, калі няма з чаго страляць? Будзем без вінтоўкі вартаваць Верамайкі, калі цяпер без гэтага нельга абысціся.


С Ц Э Н А  2 0


Хата Зазыбы. Марухін і Зазыба.

Марухін. Ну, а на каго ў Верамейках можна будзе разлічваць, калі справа сапраўды дойдзе да выступлення?
Зазыба. Добра было б адшукаць нашага старшыню калгаса Чубара. Але той ужо недзе ваюе ў партызанах.
Марухін. У якіх партызанах?
Зазыба. Ну, помніш, ці, можа, хто расказаў, у верасні тут, у нашых лясах, паявіўся быў нейкі ўзброены атрад. I ў Машавцй байцы таго атрада былі, і ў Бялынкавічах вадакачку на чыгуначнай станцыі ўзарвалі. Ды Чубар нібыта з імі і ў Машавой паказваўся, і ў Бялынкавічах. Мне адзін чалавек, але добра, скажу ўжо хто – Сідар Раўнягін з Мамонаўкі, ты яго ведаеш, дык Сідар Раўнягін па вялікай таемнасці выдаў мне – прыходзіў Чубар з камандзірам таго атрада ў Мамонаўку, да Сідара. Значыць, цяпер Радзівон недзе ў тым атрадзе.
Марухін. Але дзе той атрад? Вось ужо амаль усю восень ні пра які партызанскі атрад у Забесяддзі не чуваць.
Зазыба. Значыць, падаўся кудысьці ў іншае месца.
Марухін. Ну, а яшчэ на каго? На каго ў Верамейках можна разлічваць?
Зазыба. Сам жа бачыш, якія ў нас мужыкі!.. Два здаровыя на ўсю вёску засталіся, дык і тыя… Адзін паліцэйскі ўжо, другі – стараста. Але я так думаю, што тут у справу можа пайсці кожны.
Марухін. Не, Дзяніс Яўменавіч, з вашых мужыкоў войска не складзеш, незалежна ад таго, многа будзеш думаць ці мала. Гэта я вам кажу як чалавек, які трохі паваяваў. Вашых Драніцаў, Хрупчыкаў, Падзерыных можна будзе, вядома, скарыстоўваць. Але, як кажуць, на падсобных работах. Між тым для барацьбы патрэбны будуць сапраўдныя ваякі.
Зазыба (словы Андрэевы нядобра закранулі яго душу). Я так сказаў пра верамейкаўцаў сваіх… Мы сапраўды сухарукія, мы кулаватыя, аднак… Ну, пакладацца на адных верамейкаўцаў у такой справе, мусіць, не мае сэнсу. Трэба прыгледзецца да другіх вёсак, пашукаць там неабходных людзей.
Марухін. Спадзяюся, у вас на прыкмеце ўжо ёсць такія?
Зазыба. Захар Доўгаль з Гончы цалкам надзейны. Васіль Пацюпа за пяць кіламетраў адсюль жыве. У Бялынкавічах недзе асеў пасля палону настаўнік Мурач… У кожнай вёсцы нехта знойдзецца, каму даверыцца можна і ад каго карысці можна чакаць. Але ж і ад нашых мужыкоў адмаўляцца нельга. Ва ўсякім разе, на нашым бязрыб’і і рак сыдзе за шчупака.
Марухін. Гэта так… Урэшце, на што-небудзь і яны прыдадуцца. Ну, а зброя?
Зазыба. Была ж нядаўна адна вінтоўка ў вёсцы, але і тую хтосьці сапсаваў. I як гэта ён, штукар той адмысловы, зрабіў так, каб засталося шыта-крыта?
Марухін. Была б ахвота, а як ды чым зрабіць, затрымкі не стане… Я вось што думаю, Дзяніс Яўменавіч. Ці не пара і мне пахадзіць па вёсках, каб паказаць і там кавальскае рамяство, бо ў Верамейках ужо, здаецца, няма да чаго прыкладаць рукі, нават жалеза патрэбнага не стае. Самі ж нябось думаеце – адной сапсутай вінтоўкі не хопіць, каб пасля апраўдацца?
Зазыба. Гэта так – не хопіць!
Марухін. Таму я і гавару, трэба пахадзіць па вакольных вёсках, прыгледзецца ды прыслухацца да мясцовых людзей. Акрамя таго, як мне здаецца, цяпер можна патрапіць таксама сустрэць каго-небудзь з былых вайскоўцаў. Не адзін жа я з лагера выбрацца здолеў. Ну, але, дык як таго бялымканіцкага настаўніка, вашага знаёмага, завуць?
Зазыба. Сцяпан Канстанцінавіч Мурач.
Марухін. Кажаце, надзейны чалавек?
Зазыба. У кожным разе, што глыбока ідэйны, гэта сапраўды так. Ну, а наконт надзейнасці… Людзям наогул трэба верыць заўсёды.
Марухін. Як сказаць, Дзяніс Яўменавіч. Наўрад ці даверыцеся цяпер Брава-Жыватоўскаму з Раманам Сёмачкіным.
Зазыба. Не пра гэта гаворка. Яны – на віду. Хоць пра Рамана Сёмачкіна яшчэ варта падумаць. Я наогул пра людзей.
Марухін. Зразумела… Але ж па гэтым часе людзі якраз і дзеляцца на здраднікаў, на тых, хто ні вашым, ні нашым. Ну, і на патрыётаў, вядома.
Зазыба. Няхай будзе так. Я не стану адмаўляць. Хачу толькі сказаць, што апошніх намнога больш, чым першых. Яны вось і складаюць у маім уяўленні паняцце – людзі. Нават тыя, якіх ты правільна называеш «ні вашым, ні нашым». Галоўнае тут усё-ткі ў даверы. Нездарма ж кажуць: некалі, моў, быў вашым ці нашым, а зрабіўся нарэшце свойскім. А то што атрымаецца з таго, калі мы і цяпер, калі вораг дакладна вядомы, будзем дужа падазрона паглядаць адзін на аднаго? Іншая справа, што ва ўмовах варожай акупацыі трэба больш пільнымі быць. Узаемаразумення неабходна дамагацца іншым чынам. У нас некалі ў кавалерыйскім палку камісар казаў – я сваіх і чужых здалёку па паху чую. Давядзецца і нам цяпер пачуццё такое развіваць больш чым калі.
Марухін. Дзякуй, Дзяніс Яўменавіч, я вашы парады ўлічу. Значыць, адразу магу і папытаць у Бялынкавічах, дзе жыве Мурач?
Зазыба. Так… Ну, а найперш старайся даведацца, дзе цяпер той атрад, з якім пайшоў адсюль Чубар? Я сабе дараваць не магу, што ўсё тады абышлося без мяне. Ні Чубар чамусьці нічога не сказаў, ні нават Сідар Раўнягін. Гэты таксама толькі нядаўна прызнаўся. А так – адны чуткі пра атрад хадзілі, дык чутак заўсёды хапала. А цяпер, Андрэй, паснедаем… Ганна Карпілава прасіла, каб мы з Масеем дапамаглі ёй жыта падсушыць і змалаціць… Дак, можа, з намі пойдзеш, пакуль што да чаго?
Марухін. Вы ж барсука збіраліся шукаць?
Зазыба. I барсука трэба здабыць, бо Масей нешта кашляе. Сала барсукова патрэбна. Кажуць, памагае. Але гэта пасля, як пасобім Ганне ў яе незамужняй гаспадарцы.


С Ц Э Н А  2 1


Зазыба заходзіць у свае сенцы, пачынае знішчаць на сабе прыліплы снег. Марфа, як заўсёды, выбегла яму насустрач, памкнулася памагаць яму.

Марфа. На во галлём змахні. (Падае яму венік). Ці ўдалося ж табе звера высачыць?
Зазыба. I звера высачыў, і добрых людзей знайшоў.
Марфа. Што ета за людзі?
Зазыба. Патрэбныя людзі. Партызаны. Помніш Нарчука?
Марфа. Ну, а барсука бачыў?
Зазыба. За возерам нару знайшоў. Але як яго ўзяць цяпер, па такім снезе?
Марфа. Але ета ўжо верна, што барсук у нары?
Зазыба. Верна… (Глянуў на чужую ватоўку, што высела на сцяне). А чаму не гаворыш, што ў нас госць?
Марфа. Дак…
Зазыба (заходзіць на другую палавіну хаты). А, Шарэйка!

Бачны кавяла госця на лаве, ягоная зінгераўская машына на самаробным станку. З Шарэйкам у хаце Мацей.

А я думаю сабе, чыя гэта ватоўка на сцяне вісіць у нас. (Вітаецца за руку з Шарэйкам). Бачу, з інструментам да нас?

Шарэйка. Рашыў вось падзарабіць…
Зазыба. Няўжо ў мястэчку дзела не стае?
Шарэйка. Гледзячы якога.
Зазыба. Вядома, шытво. Сам жа хваліўся некалі – старыя заказы былі, пасля і ад немцаў паступаць пачалі.
Шарэйка. Ага, пачалі… Такая наша доля, што работы паўсюды шукаць.
Зазыба. Барсука хадзіў пільнаваць. Масей во кашляе, дак… (Кратае рукою свой нос).
Шарэйка. Мне расказалі ўжо.
Зазыба. Але гавары, што новага ў мястэчку.
Шарэйка. Ды, здаецца, нічога.
Зазыба. Хіба ўжо так і нічога?
Шарэйка. Ну, што было, дак мы вось з Дзянісавічам перагаварылі. А я, бачыш, і не ведаў, што ён дома ў цябе. Ну, мы і пагаварылі тута з ім, пакуль ты недзе бадзяўся. I на кажух за рукі патрымаліся.
Зазыба. Што праўда, то праўда. Кажух яму натрэбны. Вось толькі не хапае пакуль аднае аўчыны. Мусіць, давядзецца прасіць у людзей.
Шарэйка. Нарэшце, з аднае аўчыны зраблю дзве, тута абы справа пайшла на лад. Чуў жа нябось – што кравец на ножках вынес, то бог даў?
Зазыба. Хочаш сказаць, што кравец – злодзей, шавец – буян, а каваль – п’яніца? Дарэчы, наш каваль, таксама вось як ты, падаўся некуды ўмельства паказваць. Кажа, у Верамейках няма патрэбнага жалеза, няма матэрыялу. Моў, пайду, папрацую ў другіх.
Шарэйка. Ну вось, а ты пытаеш, – няўжо ў мястэчку не стае? Усе мы такія, майстравыя. Усе мы па бальшаках ды па вялікіх дарогах жыцця спрабуем. А каваль сапраўды ваш?
Зазыба. Не, з палонных. Наш недзе ваюе.
Шарэйка. І ў нас так, свае ваююць, а чужыя салдатак па начах гушкаюць. Высветлілася раптам, што ніякія яны не ваякі – звычайна, хто каваль, хто бондар, а хто дак і проста паліцай. На тое, чаму іх вучылі ў Чырвонай Арміі, забыліся. Прымакамі ў нас іх цяпер завуць. А ваш яшчэ не прыстаў да каго?
Зазыба. Чалавеку ж трэба шукаць недзе прытулку! Зразумела, ён таксама да адной пайшоў жыць. Да Ганны Карпілавай. Мы тут памагалі ёй у ёўні паліць, жыта сушылі, каб малаціць, ну то каваль і пайшоў пасля з Ганнай да яе ў хату. Няхай жывуць.
Шарэйка. А як па мне, дак етаму чалавеку ваяваць па цяперашнім часе трэба, а не прытулку шукаць.
Зазыба. Нічога не зробіш, раз так выйшла.
Шарэйка. Во бачыш, Масей, як твой бацька загаварыў? Зразумела цяпера, чаму мы вайну прайгралі! Сам падумай. Бо калі яшчэ зусім і не прайгралі, дак ледва таксама не лічыцца…
Зазыба. Чамусьці я не разумею цябе сёння, Шарэйка?
Шарэйка. Ат, не хачу я гаварыць пра тое, у чым мы абодва, аказваецца, мала дасведчаны. Дайка-тка, Масей, мы лепей займёмся тваім кажухом. Марфа, дзе ў вас аўчыны?
Марфа (з пярэдняй хаты). Дак на паддашку яшчэ, на жэрдках…
Шарэйка (Масею). Тады нясі.

Марфа з Масеем выходзяць у сенцы.

Ета я табе пры Масею не сказаў. Забралі ж дзеўку тваю ў мястэчку.

Зазыба. Як гэта забралі?
Шарэйка. Ну, арыштавалі…
Зазыба. Так!.. Дзе ж яна цяпер?
Шарэйка. Не ведаю. Арыштавалі ўчора, а сёння я, бачыш, запрог каня да, пакуль што якое, пад выглядам краўца з машынай на возе, сюды вось да цябе.
Зазыба (памаўчаўшы). Думаеш, табе пагражае таксама што-небудзь.
Шарэйка. Пагражае – не пагражае, аднак дужа выстаўляцца таксама не трэба. Усё роўна я неяк павінен быў сказаць табе, што адбылося з Марыляй. Але вось я пра што думаю цяпер – неяк ты ўсё так зрабіў тады, калі прывозіў яе, што нават цяжка было здагадацца, чым усё можа скончыцца. Пытаўся ж я ў цябе, чаго мне ета дабрачыннасць каштаваць будзе?
Зазыба. Ну, пытаўся.
Шарэйка. А ты што?
Зазыба. А тое, што гэта зусім справа цёмная. Я таксама пра яе амаль столькі ведаю, колькі і ты. Папрасілі мяне адвезці ў мястэчка ды ўладкаваць, ну я і зрабіў як прасілі. А што да цябе звярнуўся, дык ты ж таксама…
Шарэйка (моршчыцца). Зноў мы не пра тое. Урэшце, не адказнасць страшная. Да таго ж, можа, яшчэ і не выведзе след на мяне. А вось што мы, не ведаючы нічога, не змаглі памагчы дзяўчыне, не збераглі яе, дак тута з нас варта спытаць як след. Дай з пасяленнем, здаецца, прамашку дапусцілі.
Зазыба. Як гэта?
Шарэйка. Відаць, не варта было яе ў яўрэйскі дом сяліць.
Зазыба. Але ж на той час адны яўрэйскія дамы і пуставалі ў мястэчку.
Шарэйка. I тым не менш. Хоня ж Сыркін вярнуўся з дзецьмі. Ай не чуў?
Зазыба. Гэта я сам бачыў. Але пры чым тут Хоня?
Шарэйка. Як табе сказаць… Дак… Проста недарэчнасць нейкая ў нас у мястэчку выйшла. Выдалі яе суседзі.
Зазыба. Выдалі?
Шарэйка. Так. Таму я і кажу адразу пра Хоню. Вярнуўся ў мястэчка Хоня. А тута, у хаце яго, ужо дзеўка чужая жыве, да якой немцы ледзь не кожнага дня наведваюцца. Ну, Хоня і пайшоў сабе далей шукаць прыстанку. Пасяліўся ў людзей. А суседзі за ета точаць зуб на Марылю. Моў, чалавека без сваёй страхі пакінула. Словам, не спадабалася яна нашым местачкоўцам. Зразумела, сёй-той пільнаваць за ёй пачаў. Дзяцей на ета таксама сталі падбухторваць – сачыце за гэтай нямецкай курвай, калі не цяпера, дак пасля спатрэбіцца ўсё. I вось надоечы Хоніны блазнюкі палезлі ў кладоўку да яе. А тама перадатчык стаіць у чамадане. Канешне, падлеткі, мусіць, падумалі, што ета нямецкая рэч, раз немцы часта ходзяць у дом. Не паспелі яны перахаваць чамадан у іншае месца, як іх застукалі. От табе і ўся справа. Ета падлеткі думалі, што перадатчык нямецкі, а камендант адразу здагадаўся што да чаго. Аказваецца, яна зусім іншым займалася, нашым штосьці пра немцаў перадавала, дарма што з праезджымі афіцэрамі ўвесь час дзеля выгляду круціла. Таму я і думаю – няйначай мы з табой, Яўменавіч, тута таксама чагосьці недакумекалі. Хіба не так?

У хату вярнуліся гаснадыня з сынам.

Марфа. Небагата тама ў нас захавалася. Адна-дзве дак і нраўда яшчэ нічога, на кужух згадзяцца, а з тае авечкі, што пазалетась рэзалі, здаецца, даўно прапала аўчына.
Шарэйка. Лішай пабіў. Каб толькі нам таго клопату!
Марфа. Вы тут глядзіце сабе етыя аўчыны, а я пайду ўпраўляцца па гаспадарцы. Вечар ужо.

Марфа Давыдаўна выходзіць, упраўляецца па гаспадарцы. Масей, узяўшы ў сенцах вёдры, носіць у двор ваду са студні.

Шарэйка. Людзі бычылі, як вялі яе ў камендатуру. А далей нібыта ніхто нічога не ведае. Відаць, трымаюць тама, калі не павезлі ўжо ў Крутагор’е. Але скажу, арышт яе раптам усё мястэчка перавярнуў. Ета ж трэба – думалі чортведама што пра дзеўку, а тута выходзіць напраўду, дак таксама не чужая.
Зазыба. Ты вось што, Шарэйка. Ты пажыві пакуль у нас. Сапраўды, займіся шытвом сваім. Не трэба табе цянер вяртацца ў Бабінавічы. Яна не маленькая, ведае, што людзей таксама нельга падводзіць. Аднак… На допыце чалавек не заўсёды валодае сабой. А мы тым часам паспрабуем што-небудзь дапытацца праз людзей. Калі і не здолеем дапамагчы дзяўчыне, то хоць самі будзем ведаць, як сябе паводзіць.
Шарэйка. А сувязь у цябе ёсць цяпера з тымі людзьмі, што даручалі табе Марылю тады?
Зазыба. Не давалі мне такой сувязі. Паклікалі ў адзін двор і папрасілі, каб я ўладкаваў Марылю ў мястэчку.
Шарэйка. Так… Дак я табе не ўсё яшчэ сказаў. Паслухай. На тым жа тыдні, якраз у чацвер, прыходзіла Марыля да нас.
Зазыба. Чаму?
Шарэйка. Паперы нейкія прынесла. Сказала: няхай яны ў нас паляжаць, а тама яна забярэ. Відаць, ужо не спадзявалася цалкам на сябе. Паперы гэтыя я таксама прывёз з сабой. Думаю, няйначай, іх трэба камусьці перадаць. Але каму?
Зазыба. А хто ж яго ведае.
Шарэйка (дастае скрутак, перадае Зазыбу). Глядзі, во…
Зазыба. А як іх глядзець, калі не па-нашаму напісана? Па-нямецку. Хоць ты да Мікіты Драніцы нясі!
Шарэйка. Ну, во! Толькі цяпера й не хапала гэтага?! Грамацея знайшоў! Дак, можа, Масей прачытаў бы тады?
Зазыба. Не ўжо, няхай без яго…
Шарэйка. А то ж…
Зазыба. Кажу, не. I не крычы дужа. Паперы ёсць каму перадаць і без тых, хто даручаў мне Марылю.
Шарэйка. Урэшце, як знаеш… Але звоў, бачу, употай усё робіш. Ну, ну!.. То пайду, раз так, да Прыбыткова. Можа, ён аўчыну на Масееў кажух адшукае. (Выходзіць).


С Ц Э Н А  2 2


У хату заходзіць даваенны Масееў дружбак Алесь Астрашаб.

Масей. Гэта ж Алесь, бацька! Адкуль ты ўзяўся, Алесь? (Да маці). Гэта ж Алесь Астрашаб, мама! Таварыш мой па Мінску! (Глядзіць у акно). А хто гэта там, у таратайцы, Алесь? Немец? Прывёз цябе сюды немец?
Зазыба. Пад канвоем?
Астрашаб. Чаму пад канвоем?
Зазыба. Дак… немец на возе і… Неяк…
Астрашаб. А-а, гэта мне камендант ваш у Бабінавічах даў. Цяпер ён мне і за фурмана адным часам, і за ахоўніка. Дарэчы, па-руску, а тым больш па-нашаму, па-беларуску, нічога не разумее. Так что гаварыце пры ім свабодна, нічога не бойцеся.
Зазыба. А я, прызнацца, падумаў спярша, што гэта сам камендант прыехаў. А ты, бачу, служыш у немцаў?
Астрашаб. Увогуле, служу. Толькі не немцам, а свайму народу.
Зазыба. Як гэта разумець?
Астрашаб. А так і трэба разумець. Дзяніс Яўменавіч. Вы ж таксама пастаўлены намеснікам валаснога агранома.
Зазыба. Дык гэта зямля…
Астрашаб. Ну і маёй службы патрабуе зямля. Зямля Беларусі.
Масей (паслухаўшы з насцярогай гаворку). Ты сядай лепей, а пагаварыць паспееце.
Марфа. Ага, а то гаспадар наш таксама накінуўся.
Масей (пасадзіўшы сябра на ўслон). Як ты знайшоў мяне? А чаму ты апынуўся тут? Хіба ты не ў Мінску цяпер?
Астрашаб. У Мінску. А тут па адной справе. Дарэчы, у нейкай ступені яна прывяла мяне і сюды.
Масей. Што за справа?
Астрашаб. Гэта не к спеху. Пасля раскажу.
Марфа. Вы яго, як таго салаўя, байкамі займаеце. Лепей за стол во завіце, а я абед падаваць буду. Ды і Шарэйку паклічце ад Прыбытковых.
Зазыба. Не трэба яго. А як мы – немца будзем зваць з сабою за стол?
Астрашаб. Мусіць жа, трэба. А то што ён падумае пра нашу беларускую гасціннасць?
Зазыба. Ну, то пакліч тады. Можа ж, лавы таксама не праседзіць, дарма што немец.

Астрашаб выходзіць на вуліцу і прыводзіць у хату немца.

Астрашаб (дастаючы з партфеля бутэльку). Вось! Будзем піць!
Масей. О-о, ды ў цябе каньяк! Нямецкі!
Астрашаб. Наш. У немцаў віны свае добрыя, а каньяк… добры каньяк яны таксама прывозяць.
Масей. Мусіць, цяпер для іх гэта не праблема.
Астрашаб. Мяркуючы па тым, што ўся Еўропа заваявана, мусіць так.

Селі за стол, выпілі каньяку.

Зазыба (падзівіўшыся, як немец спрытна перакуліў чарку, гаворыць). Аказваецца, і немцы аднолькава з намі п’юць! Хоп – і няма. А вось, я помню, афіцэры ў старой арміі пілі, дак па мале-е-енькай…
Немец. Гут, гут…
Зазыба. Ён што, і праўда не ведае па-нашаму?
Астрашаб. Нічога не ведае. Можаце не турбавацца… Ну, Дзяніс Яўменавіч, а як вам каньяк?
Зазыба. Нічога, можна піць. Але я вось пра што думаю, Алесь Данілавіч. Няйначай, ты вялікім начальнікам стаў, раз гэтак ездзіш поплеч з немцамі ды каньяк папіваеш?
Астрашаб. Якраз наадварот. Можна сказаць, каня з фурманам у вашага каменданта таксама за каньяк атрымаў.
Зазыба. Хіба што… Аднак… Каб паразумецца так вось, як вы паміж сабой, аднаго каньяку, бадай, мала было.
Астрашаб (нечага смяецца). Вядома… На ўсё свой расклад, Дзяніс Яўменавіч. Для нас з Масеем цяпер вось настаў час.
Зазыба. Дык хіба і ты разам быў?..
Астрашаб. Бог мілаваў. Але падрыжэць таксама давялося.
Зазыба. Дак ты цяпер ажно з самага Мінска?
Астрашаб (смяецца). З самага Мінска.
Зазыба. То скажы, як там у Мінску ў вас?
Астрашаб. Як і паўсюды. Нічога. Жывём.
Зазыба. А ўлада? Як новая ўлада паводзіць сябе ў горадзе?
Астрашаб. Якая ўлада – вайсковая ці грамадзянская?
Зазыба. Ну, і тая і другая.
Астрашаб. Здаецца, як і паўсюды. Але на ўсёй Беларусі грамадзянская ўлада яшчэ не створана. Гэта немагчыма пакуль.
Зазыба. Чаму?
Астрашаб. Справа ў тым, што немцы рашылі абыходзіцца пакуль ваеннай уладай.
Зазыба. А ў нас? Чаму ў нас тады і бургамістраў прызначылі, і старастаў загадалі выбраць?
Астрашаб. Гэта – для мясцовага кіравання. У Мінску таксама дзейнічае гарадская ўправа, у якой, дарэчы, я таксама служу. I ў іншых гарадах. Але я кажу пра цэнтральную ўладу. Пра ўладу на ўсю Беларусь. Дык такой пакуль няма. Праўда, нядаўна генеральны камісар падпісаў загад аб стварэнні беларускай народнай самадапамогі. Яна хоць і засноўваецца цяпер як масавая арганізацыя, у задачу якой уваходзіць адраджэнне нацыянальнай культуры і аказанне дапамогі пацярпеўшым ад вайны, але мы спадзяёмся паступова ператварыць яе ў орган шырокай, нават, калі хочаце, дзяржаўнай улады.
Масей. Хто гэта – мы?
Астрашаб. Ну, тыя, хто працуе цяпер у мінскай управе.
Масей. А чаму адразу немцы не дазволілі стварыць цэнтральную ўладу?
Астрашаб. На гэта ёсць свае прычыны. I адна з іх, відаць, тая, шго Беларусь цяпер… Словам, яна цяпер, наша бацькаўшчына, не такая, якой стала пасля трыццаць дзевятага года. Беластоцкая вобласць, Гродня, Ваўкавыск адышлі да Усходняй Прусіі. Брэст, Гомель і Палессе аддадзены ў рэйхскамісарыят Украіны.
Масей. А мы куды трапілі пры такім заліхвацкім падзеле?
Астрашаб. Усходнія вобласці належаць да тэрыторыі армейскага тылу. Дарэчы, у мяне ж у партфелі карта. Вось глядзіце…

Масей паўглядаўся крыху на карту, перадаў яе бацьку.

Масей. Дык што ж засталося ад нашай Беларусі па новаму адміністрацыйнаму падзелу? Не дужа вялікая радасць мець такую Беларусь. Гэта ж усяго, здаецца, чацвёртая частка былой нашай тэрыторыі? Як гэта вы так шчодра распарадзіліся наконт астатніх трох чвэрцяў?
Астрашаб. Не мы, Масей. За нас распараджаліся. Сіла распараджалася. А мы цяпер прабуем сабраць яе ў адно.
Масей. Думаеце, немцы калі пойдуць насустрач вам?
Астрашаб. Прынамсі, на ўсходнія вобласці мы неўзабаве разлічваць пэўна можам, бо не заўсёды ж гэтыя тэрыторыі будуць адыгрываць ролю армейскага тылу. Фронт не стаіць на месцы. Увесь час на ўсход рухаецца.
Масей. Ну, добра, дапусцім, што ў гэтым нейкая логіка ёсць. Але няўжо толькі адна вось гэтая прычына, што вы там, у Мінску, не атрымалі дасюль дазволу на стварэнне цэнтральнай улады?
Астрашаб. Ты, мусіць, не так мяне зразумеў. Я казаў – гэта адна з прычын. А іх некалькі.
Масей. Ну, а другія? У чым яны?
Астрашаб. У даверы.
Масей. Цікава. Значыць, немцы не давяраюць вам?
Астрашаб. Дакладней, не заўсёды давяраюць.
Масей. Але вы спадзяецеся, што заслужыце поўны давер?
Астрашаб. Мы з табой яшчэ пагаворым пра гэта. Астрашабаў фурман, які раскашаваў за сталом, пачаў дапытліва пазіраць на гаспадароў.
Немец. Вас іст дас?![1]
Астрашаб. Кайне зорген! Іс вайтэр зо віел, віе ду віллст. Фергіб дзіс біеларусішэ гастрфройндшафт ніхт[2].
Зазыба (з дакорам). А ты казаў, што ён па-нашаму не разумее.
Астрашаб. Дык і праўда не разумее. Гэта я па-нямецку з інстытута трохі разумею. А ён па-нашаму не разумее.
Зазыба. Але ж вось здагадаўся, аб чым мы гаворым?
Астрашаб. Не, гэта так. Проста, інтуіцыя.
Зазыба. Ну-ну!.. Але глядзіце, каб пасля не адведаць камендантавага шомпала, гэта па меншай меры, за ўсе гэтыя нашы тары-бары… Хоць ты, Данілавіч, мусіць, ужо недатыкальны стаў?
Астрашаб (смяецца). Ды як вам сказаць…
Масей. Чаму быць, таго не мінаваць, бацька.
Зазыба. Ну-ну!.. Дык ты кажаш, Данілавіч, што фронт наш усё далей на ўсход адыходзіць і далей? На ўсход?
Астрашаб. I на поўнач, і на ўсход, і на поўдзень. Праўда, пад Масквой выйшла замінка пакуль.
Зазыба. Што так?
Астрашаб. Бальшавікі прадпрынялі там вялікае контрнаступленне.
Зазыба. Ну і як?
Астрашаб. Здаецца, пакуль баі ідуць з пераменным поспехам. Але… Не думаю, што бальшавікам што-небудзь удасца зрабіць. Усё адно і цяпер верх возьмуць немцы.
Зазыба. А раптам усё-ткі фронт назад пакоціцца?
Астрашаб. Дай бог чутае бачыць.
Зазыба. Значыць, ты таксама не супроць, каб здарылася так?
Астрашаб. Справа не ў нашых шаданнях, Дзяніс Яўменавіч. Справа ў аб’ектыўных фактах. А факты якраз паказваюць адваротнае. Тым часам нам, беларусам, трэба думаць пра бацькаўшчыну. Толькі ў адным служэнні сваёй бацькаўшчыне можна знаходзіць сёння сэнс усялякай дзейнасці.
Зазыба. Але ж узбуйняць бацькаўшчыну за кошт таго, наколькі далёка адступяць чырвоныя, здаецца, па крайняй меры…
Астрашаб. Мы не збіраемся ўзбуйняць Беларусь. Мы маем намер усяго толькі аднавіць яе за кошт таго, што яна ўжо мела, што ёй належала гістарычна. I гэта нам не ўпершыню даводзіцца рабіць. Гісторыя ведае падобныя прыклады. Напрыклад, пасля Рыжскага дагавору, калі палова Беларусі была аддадзена палякам. Дарэчы, бальшавікам.
Зазыба. На бальшавікоў цяпер лёгка валіць. Але ж дзеля справядлівасці ты, Данілавіч, павінен прызнаць, што ніхто іншы, а якраз бальшавікі ў трыццаць дзевятым годзе сабралі яе, нашу Беларусь, у адно, далучыўшы заходнія землі да ўсходніх. Ды і, наогул, варта далей заглянуць, калі ты ўжо гісторыю памянуў. У нас тут, у Мокрым – гэта недалёка, адразу за Верамейкамі, граніца праходзіць паміж Рэсэфэсэрыяй і Беларуссю. Дык яна ў нас дужа са старых часоў, гэта граніца.
Астрашаб. Гэта толькі на карце граніца наша тут непарушнай застаецца ўвесь час…
Зазыба. Няхай так, калі табе ўжо хочацца, аднак жа… Немцы цяпер вось парушылі яе і на карце. Сам жа паказваў.
Масей. Ну, бацька. Я проста здзіўляюся, адкуль у цябе гэтая неўтаймаванасць, гэтая фанатычная адданасць ідэям і людзям, якія, бадай, ужо завяршаюць сваё нядоўгае гістарычнае існаванне? З табою можна згаджацца ці не згаджацца, але не захапляцца табою нельга… Аднак Алесь яшчэ вельмі мала расказаў нам пра Мінск… Што там яшчэ новае, у Мінску?
Астрашаб. Новае, новае… Для яўрэяў зроблена гета. Цяпер яны маюць у горадзе сталы раён. А газеты друкуюць анекдоты пра Іцку і Хаіма.
Масей. I агароджа ўзведзена?
Астрашаб. Ніякай сцяны пакуль няма. Аднак абмежаванне гарадскімі ўладамі вызначана. Выхад у горад жыхарам гета дазволены толькі праз дзве вуліцы – Апанскага і Астроўскага.
Масей. Ну, а якія анекдоты пра яўрэяў газеты змяшчаюць? Хоць гэтага трэба было чакаць, што антысемітызм з прыходам немцаў павялічыцца.
Зазыба (устаўшы з-за стала, рашуча). Пагромшчыкі заўсёды пачыналі з. яўрэяў, а канчалі звычайным людам…


С Ц Э Н А  2 3


Двор. Зазыба і Марфа.

Марфа. Ну так, на адзін дзень дак, здаецца, і зашмат гасцей. Дарэчы, а чаму ты не паклікаў Шарэйку на абед, як Алесь прыехаў? Я гляджу, ты маўчыш, усё роўна як забыў ці не хочаш чаго, ну і не стала другі раз напамінаць.
Зазыба. I правільна зрабіла. У вас свае госці, у мяне – свой.
Марфа. А чаму – у нас?
Зазыба. Ды ўжо ж… Ты вунь як за сталом выстанчала!
Марфа. Ну і што? Ты як зусім маленькі. Ай забыўся, што госцю трэба дараваць, а гаспадару – памаўчаць?
Зазыба. Але я ведаю і другое – госцю гадзі дый сабе глядзі.
Марфа. Да я, калі хочаш, не горш за цябе разбіраюся, што да чаго. Але я думаю яшчэ і вось пра што – ну, няхай з немцам ён прыехаў. Аднак да майго сына. А што немца з сабой прывёз, дак хто вінаваты?
Зазыба. Вінаваты – не вінаваты, аднак… Помніш, бацька твой, бывала, гаварыў: усе госці за стол, а нязваны – пад стол.
Марфа. Бачу, ты хацеў бы, каб Масей знудзіўся адзін тута? Спярша тая турма, цяпера ета. У мяне вунь душа крывёю абліваецца, калі чую па начах, як ён заходзіцца ў кашлі. Дак не, я сама побач чорта з д’яблам насаджу за стол, абы Масею ад етага карыець была, I выстанчаць буду.
Зазыба. А якую ты карысць для яго сёння ўбачыла?
Марфа. А такую, што ён узрадаваўся етаму Алесю свайму. Дак…
Зазыба. Ну, дапусцім, што і праўда. Але чым гэта ўсё можа скончыцца?
Марфа. Як чым? Пагасцюе чалавек да паедзе сабе, адкуль прыехаў. I дарэмна ты выстаўляешся перад ім. Да калі хочаш ведаць, дак еты Алесь не такі просты. Ты да яго кідаешіся, а ён уступае табе, Хоча, каб усё ў нас добра было.
Зазыба. Дурніца ты…

На гэтых словах і заспела іх на двары Ганна Карпілава.

Ганна. От жа намяло дак намяло, ашно прайеці па вашым завулку цяжка было. I конь нейкі незнаёмы ў вае.
Марфа. Калі ета было, што намяло… А цяпера дак… Ты, Ганна, нешта не так да нас?..
Ганна. Ета я да Дзяніса Яўменавіча. Справу маю. Спытаць хачу.
Зазыба. Ну?
Ганна. Куды вы паслалі Андрэя?
Зазыба. Чаму ты думаеш, што я?
Ганна. Ну… дак, а каму болей?
Зазыба. А самому яму не магла прыйсці думка такая – пайсці?
Ганна. Але ж…
Зазыба. Нікуды ён не дзенецца. Паходзіць-паходзіць ды назад хутка вернецца. Нездарма ж – каваль, казаў, сала, солі прынясе. Дзяцей жа тваіх камусьці трэба карміць.
Ганна. Думаеш, ён дзеля дзяцей маіх пайшоў з дому?
Зазыба. Ну і дзеля дзяцей. А ты іначай думаеш?
Ганна (плюскае вачыма). Дак…
Зазыба. Ты толькі не дужа па вёсцы звані, хто ды куды паслаў яго. Ён жа сам, нябось, гаварыў нешта, калі ішоў?
Ганна. А мяе, тым часам, неяк трывожна зрабілася. Дак дай, думаю, спытаю ў Яўменавіча.
Зазыба. Трывожна – гэта добра. Не мне, вядома, умешвацца ў вашы справы. Урэшце самі схадзіліся, самім разбірацца давядзецца паміж сабою. Аднак навука на гэта старая ёсць: каб казёл не абарваў на калку вяроўкі, трэба яе часам адпускаць, даўжэйшай рабіць. Так што тваё шчасце, калі гэта і праўда ўжо шчасце, залежыць у першую чаргу ад цябе. Я ж са свайго боку магу цвёрда запэўніць – вернецца твой Андрэй у Верамейкі.


С Ц Э Н А  2 4


Масей і Астрашаб.

Масей. Дык чыёй ты, Алесь, перамогі чакаеш?
Астрашаб. А няўжо ты яшчэ сапраўды не зразумеў? Нашай перамогі чакаю, нашай! Ні нямецкай, ні савецкай, а нашай. Адсюль і спосаб дзеяння. Дзеля гэтага я і да цябе прыехаў.
Масей. Значыць, ёсць людзі, якія не жадаюць перамогі ў гэтай вайне ні Гітлеру, ні Сталіну? I ты ў іх ліку?
Астрашаб. Так.
Масей. I шмат вас?
Астрашаб. Не дужа. Справа ў тым, што немцы на кіруючыя пасады прывезлі з сабой гатовыя кадры. Былых дзеячаў з Заходняй Беларусі. А мы збіраемся арыентавацца на Англію.
Масей. На каго?
Астрашаб. На Англію.
Масей. Чаму раптам?
Астрашаб. Таму што Англія ад нас далёка.
Масей. Дзіўна. Але ці не чарговая гэта хімера?
Астрашаб. Так складваюцца гістарычныя абставіны. Мы зараз маем тое, што не мелі раней, а менавіта: нам больш не пагражае ні русіфікацыя, ні паланізацыя. I пакуль немцы б’юцца з балыпавікамі, мы маем час і магчымасць нарэшце пачаць выхоўваць свой народ у нацыянальным духу. Дзеля ўсяго гэтага і ствараецца цяпер беларуская народная самадапамога…
Масей. Але ж ты сам казаў, дапамога гэта засноўваецца паводле загаду генеральнага камісара.
Астрашаб. Так.
Масей. Выходзіць, вы ў нямецкі кухаль маеце намер наліць свайго беларускага піва?
Астрашаб. Правільна ты думаеш.
Масей. А ці не стане яно падобнае на смак на мюнхенскае?
Астрашаб. Спадзяюся, што не.
Масей. Ведаеш, я слаба веру ў гэта.
Астрашаб. Чаму?
Масей. А таму, што наша беларускае піва ў чужым кухлі заўсёды пракісала. Гэта адбывалася праз усю гісторыю. I не пытайся чаму. Проста мы яго ніколі не ўмелі добра варыць, тое піва. Заўсёды яно атрымлівалася з прысмакам. Ці то польскім…
Астрашаб. Ці то рускім?
Масей. Я адмаўляць гэтага не стану. Але хачу, каб ты таксама згадзіўся. У назвах беларус, Беларусь, беларусская, беларускі другая частка якраз пацвярджае. Словам, не хачу я, каб і нямецкі бюргер, выкарыстаўшы нашу няздатнасць варыць добрае ўласнае піва, памачыўся ў прызначаны ім жа для нас гаршчок.
Астрашаб. Ладна. Гэта ўсё тэорыя – гаршчок, піва. Лепей давай паразважаем, што мы можам мець на практыцы. Нямецкая культура, асабліва нямецкая мова, дужа далёкая ад нашай. У сувязі з гэтым не вельмі хутка ўдасца пачаць дэнацыяналізацыю ў нас. Да таго ж яны яшчэ нямала часу будуць заняты вайной. Таму ў нас ёсць магчымасць пачаць працу па стварэнню новых нацыянальных кадраў. Таму мы і кідаемся цяпер ва ўсе куткі Беларусі.
Масей. Дакладней, былой Беларусі?
Астрашаб. Таму і да цябе я прыехаў, Масей. Перабірайся да нас у Мінск, га?
Масей. Куды мне ўжо ў Мінск! Ды і… Словам, дзякуй табе за клопат і за прыезд, але які з мяне цяпера дзеяч?
Астрашаб. Можа, філасофія гэта сама па сабе і карысная, аднак ёсць яшчэ адна акалічнасць. Ты не думай, што тут, у тваіх Верамейках, заўсёды гэтак спакойна будзе. Хутка немцы стануць набіраць у Германію працаздольных людзей на акупіраванай тэрыторыі. Так што глядзі, каб і табе самому ў гэты нерат не трапіць.
Масей. Калі яны збіраюцца яго закінуць?
Астрашаб. Мусіць, на пачатку будучага года. На гэты конт у іх цэлы план распрацоўваецца. Падумай, Масей. Цяпер кошны шчыры беларус павінен зрабіць на сваім месцы ўсё, што можа, па адбудове бацькаўшчыны на новых пачатках. Трэба агульнымі намаганнямі абуджаць нацыянальную свядомасць народа.
Масей. Нядобрая ўся ваша валтузня.
Астрашаб. Гэта, Масей, не валтузня. Гэта – вялікая палітыка.
Масей. Але яна нядобра пахне.
Зазыба, які зайшоў у хату, пачуў сынавы словы і ажно крактануў ад задавальнення. Зноў выйшаў на ганак. I тут пачуў звон кувадла. «Тук-тук, тук-тук-тук…» – разлягалася ва ўсе канцы вёскі. Стала ясна – у Верамейкі вярнуўся Андрэй Марухін. Зазыба ўзяў у рукі жалезную рэйку і пайшоў да кузні.


С Ц Э Н А  2 5


3азыба і Марухін.

Зазыба. Дзе ж гэта, васпан, так доўга быў?
Марухін. Было б балота, а жабы знойдуцца. Так і з маім хаджэннем. Але пахадзіў нямала.
Зазыба. Ну, а ці выхадзіў што?
Марухін. Ажно цэлыя санкі дабра прывалок. Нябось, на цэлую зіму хопіць. Ну, а калі не хопіць, то можна зноў будзе падацца ў заробкі. Каваль што лазовы дубчык – дзе ўторкнеш, там і расці стане.
Зазыба. Ну, добра, расказвай, з чым вярнуўся?
Марухін. Багата з чым… У Трусаку, у Канічах, у Жабыках сустрэў сваіх знаёмых. Помніце, я расказваў, што разам выходзілі з акружэння пасля Магілёва. Дык і там на цэлы атрад набярэцца.
Зазыба. Што значыць – набярэцца?
Марухін. Ну, звычайна ёсць… Хоць зараз станаві ў строй і загадвай. Так што можна лічыць іх за гатовы атрад.
Зазыба. А зброя ёсць?
Марухін. Ёсць і зброя, нават кулямёт у аднаго мясцовага паліцая забралі.
Зазыба. Навошта паліцаю быў кулямёт?
Марухін. Недзе знайшоў.
Зазыба. I што, ён з кулямётам хадзіў?
Марухін (смяецца). Не, трымаў на ўсякі выпадак. На кожны дзень вінтоўку меў. Ну, а нашы дачуліся, забралі.
Зазыба. Няўжо яны так адкрыта дзейнічаюць?
Марухін. Пакуль больш употай, I кулямёт употай забралі.
Зазыба. Гэта добра. Ты вось што, хлопец, ты давай выкладвай усё парадкам. Дзе, як і што? Я тыя мясціны добра ведаю, так што… Дарэчы, настаўніка таго, Мурача, у Бялынкавічах бачыў?
Марухін. О, я і забыўся сказаць! Гэта ён мяне звёў з маімі былымі спадарожнікамі па акружэнню, а тады па палону. Ды і з мясцовымі таварышамі таксама пазнаёміў.
Зазыба. Ну і што яны робяць?
Марухін. Рыхтуюцца.
Зазыба. Але іх трэба папярэдзіць, каб доўга не заседжваліся па вясковых хатах. Недзе ў пачатку студзеня немцы пачнуць ажыццяўляць перапіс былым ваенным і акружэнцам. Наогул, даросламу мужчынскаму насельніцтву. Ды і жаночаму, відаць. Ім патрэбны рабочыя рукі ў Германію. Так што…
Марухін. Адкуль гэтыя звесткі?
Зазыба. Прыязджаў да Масея тут адзін. Стары дружбак. У гарадской управе ў Мінску працуе. Дак гаварыў.
Марухін. А Масей?
Зазыба. Што Масей? Клікаў той яго у Мінск, але Масей не захацеў, адмовіўся ехаць, нават ці не пасварыўся з былым дружбаком.
Марухін. Чаму з былым?
Зазыба. Ды я па размове іхняй зразумеў, што Масей не стане больш друшыць з такім. Давядзецца табе, Андрэй, зноў ісці на старым шляху.
Марухін. А мы зробім іначай. Сюды маіх знаёмых запросім. I з Трусака, і з Канічаў, і з Бялынкавічаў… Я надумаў ажаніцца з Ганнай…
Зазыба. Нават так?
Марухін. Падумаў вось і рашыўся. Навошта, каб на жанчыну ўсё шыццё дарэмшчыну ўзводзілі? Раз так выйшла, што лёс мяне звёў з ёй, трэба зрабіць усё па-людску.
Зазыба. Гэта правільна. Па-нашаму, па-чалавечаму. Але для жаніцьбы аднаго гэтага мала, добрасумленнасці. Неабходна яшчэ нешта, можа, больш важнае. Напрыклад, каханне, ці як гэта завецца ў маладых?
Марухін. Так і завецца. Аднак цяпер, у такі час, калі навокал больш слёз і няшчасця, чым радасці, пра гэта неяк сорамна гаварыць.
Зазыба. Ну, гаварыць, можа, і не варта. У кожным разе крычаць пра гэта, калі другім баліць, сапраўды не трэба. Але саромецца пачуцця таксама няма чаго. Звычайная з’ява. Як кажуць, богу ўгодная і ў вышэйшай ступені ад жыцця ідзе. А тое, што людзі патрэбныя на вяселле сабяруцца, гэта надзвычай добра. Мне некалі сакратар падпольнага райкома партыі Касьян Манько казаў…
Марухін. Дарэчы, вырваўся ён ад немцаў!
Зазыба. Калі?
Марухін. Не ведаю. Але ў Канічах мне людзі гаварылі, што Манько нейкім чынам уратаваўся ад расправы, а тых двух, што з ім трапілі ў Машавой у засаду, сапраўды пакаралі ў Крутагор’і.
Зазыба. Якубовіча і Цішчанку?
Марухін. Так. Аднаго павесілі наспех, баючыся, каб і ён не ўцёк, здаецца, Цішчанку, а дырэктара дзяржбанка проста…
Зазыба. Значыць, не ўдалося немцам «наглядны» суд наладзіць?
Марухін. Ва ўсякім вынадку, атрымалася не зусім так, як ім хацелася. Я ж помню, што было напісана ў той «адозве», якую Брава-Жыватоўскі наклейваў на дзверы ў кузні.
Зазыба. Гэта добра, што Касьян выратаваўся. Але як яму ўдалося гэта?
Марухін. Кажуць, хтосьці дапамог.
Зазыба. Цікава… Значыць, і ў немцаў нашыя людзі слушаць. Нездарма некалі Манько гаварыў… Што ж, гэта добра, што сакратар падпольнага райкома зноў на свабодзе. Цяпер справы пойдуць іначай. Цяпер… Дык, кажаш, цэлы атрад збярэцца ў Канічах і Трусаку з былых ваеннапалонных і акружэнцаў?
Марухін. Не менш.
Зазыба. Ну што ж, тады і я табе скажу навіну, раз такая справа пайшла. Я тут, пакуль ты хадзіў, свой партызанскі атрад знайшоў. Якраз пасля таго, як ты з Верамеек пайшоў. Падаўся я ў лес барсукову нару шукаць, а там мяне і перастрэлі партызаны. Знарок падпільнавалі. Толькі што ў наш лес аднекуль здалёку вярнуліся. Камандуе атрадам знаёмы чалавек, Мітрафан Нарчук. Ён таксама, як і Манько, у райкоме працаваў. А перад тым быў, як і я, старшынёй калгаса.
Марухін. Дзе ж яны дагэтуль былі?
Зазыба. Заданне вайсковага камандавання выконвалі. Яшчэ тады, як нашы часці ў раёне абараняліся, атрымалі. Словам, ваявалі недзе ў чужых краёх, а цяпер у свой раён вярнуліся.
Марухін. Значыць, справа гэта – барацьба з акупантамі – нарэшце становіцца не справай адзінак, а масавай?
Зазыба. Пабачыш, неўзабаве яна стане і ўсенароднай справай, калі ўсё гэта і надалей пойдзе, як цяпер атрымліваецца, то абавязкова стане!
Марухін. Але перад тым, як ісці мне зноў за Бесядзь, трэба сустрэцца з камандзірам раённага партызанскага атрада.
Зазыба. Гэта абавязкова. Хутка я цябе звяду з Нарчуком. Ну, а пакуль што да чаго, трэба рыхтаваць ваша з Ганнай вяселле. А чаму б і не згуляць яго? Добра ты прыдумаў, каб сабраць людзей усіх разам. Вось толькі нараіцца трэба з Мітрафанам Нарчуком.
Марухін. Гэта не адно маё жаданне было. Усе на тым сышліся.
Зазыба. Тым лепш. Адсюль можна будзе адразу і ў атрад да Нарчука ўсім пайсці. Тут недалёка. Трэба апярэдзіць немцаў, пакуль яны перапіс свой не пачалі. Не выключана магчымасць, што аблавы таксама будуць наладжваць. Дык што, будзем абвяшчаць вяселле, каб верамейкаўцы ведалі? А нявеста згодна?
Марухін. Прасіла зваць вас за пасаджонага бацьку.


С Ц Э Н А  2 6


Партызанскі стан у лесе. Тут Нарчук, іншыя народныя мсціўцы. З’яўляюцца Зазыба, Захар Доўгаль, Сідар Раўнягін, таксама незнаёмыя мужчыны. Нарчук тым часам размаўляе з Андрэем Марухіным. Але ўстае з пня, вітаецца, па чарзе, з Зазыбам, Захарам Доўгалем…

Нарчук. Добра, таварышы, што вы гэтак хутка адклікнуліся на наша запрашэнне. (Агледзеў прысутных).
Доўгаль. Іначай нельга, Мітрафан Ануфрыевіч. Як пачулі, што збор вялікі ў лесе ладзіцца, то адразу сюды. Дарма што без зброі. Але ў таго-сяго ёсць. (Паказвае на тых мужыкоў, што прыйшлі з ім і Зазыбам).
Нарчук. Ну, зброі трохі назапашана. Дадзім на першы выпадак па нагану вам, а вінтоўкі ці аўтаматы самі здабудзеце ў баі. (Шукае вачамі Андрэя Марухіна). Таварыш Марухін… (Бярэ яго за плечы. Адводзіць). Значыць, так і дамовіліся. Перадайце капітану Скандзілаву – няхай падымае сваіх байцоў і таксама рухаецца ўздоўж Бесядзі на Крутагор’е.
Марухін (па-вайсковаму). Ёсць перадаць капітану Скандзілаву! Дазвольце ісці?
Нарчук. Пачакайце. Пабудзьце на нашым мітынгу. (Шукае абапал сябе вачамі). Дзе камісар?
Партызан. Ён у зямлянцы.
Нарчук. I Чубар з ім?
Партызан. Так точна.
Нарчук. Паклічце іх.

Партызан адбягае, а Нарчук тым часам пачынае гаварыць.

Мы доўга збіраліся на гэты мітынг, а найлепш, як кажуць нашы старэйшыя таварышы (паварочвае галаву ў той бок, дзе стаяць Зазыба, Доўгаль, Раўнягін) па гэты вялікі збор. Доўгая і крывая дарога выпала нам. Не ўсе мы шчасліва прайшлі яе. Багата было ахвяр. Загінула ядро падпольнага райкома партыі. Гэта наша самая найцяжэйшая страта. I тым не менш сёння мы можам сумленна глядзець адзін аднаму ў вочы – мы не сталі за гэтыя месяцы на калені перад фашыстамі. У руках у нас па-ранейшаму зброя, і мы гатовы да барацьбы з лютым ворагам.

Падыходзяць і становяцца побач з Нарчуком камісар Баранаў і Чубар.

(Працягвае). Чырвоная Армія на Заходнім фронце нарэшце пагнала назад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Маскве больці не пагражае вораг. Стабілізаваліся франты і на іншых напрамках. Пра гэта мы ведаем цяпер дакладна, як гаворыцца, з самых пэўных крыніц. (Глядзіць, усміхаючыся, на Чубара). Справа ў тым, што партызан нашага атрада, – вось ён стаіць перад вамі, гэта таварыш Чубар, якога вы добра ведаеце, – толькі што вярнуўся да нас з-за лініі фронту. Ен зараз выступіць перад вамі і пра ўсё, што бачыў там, на Вялікай зямлі, раскажа нам.

Чубар. Сапраўды, я толькі што вярнуўся з-за лініі фронту. Праўда і тое, што я лічуся партызанам гэтага атрада, якім камандуе Мітрафан Ануфрыевіч. У склад атрада мяне ўключыў яшчэ даваенны райком партыі. Але лёс звёў мяне з другім партызанскім атрадам. З атрадам сацыяльнага прызначэння, які прыходзіў у наша Забесяддзе ў верасні месяцы з-за лініі фронту. Па заданню камандзіра таго атрада таварыша Карханава я пераходзіў лінію фронту два разы – туды і назад. Правільна гаворыць таварыш Нарчук. Чырвоная Армія разбіла фашыстаў пад Масквой і гоніць на захад. Са мной зводкі Саўінфармбюро апошняга часу, мы прачытаем іх пасля. Але зараз я, як сведка вялікіх падзей, што разгарнуліся на Заходнім фронце, сапраўды магу пацвердзіць – наступіў вялікі пералом у вайне, хутка савецкі народ здабудзе сабе перамогу над лютым ворагам. Знаходзячыся тут, у тыле нямецка-фашысцкіх акупантаў, мы павінны эктывізаваць свае баявыя дзеянні і рушыць насустрач Чырвонай Арміі, знішчаючы перад ёй, у паласе яе наступлення, варожыя гарнізоны. Якраз з гэтым я і прыйшоў сюды. Атрад таварыша Карханава, кіруючыся ўказаннямі Цэнтра, распрацаваў план агульнай аперацыі па ліквідацыі гарнізоваў у некалькіх раённых цэнтрах. Першы сумесны ўдар мяркуецца нанесці па Крутагор’ю.
Нарчук. Камандаванне нашага атрада прыняло прапанову таварыша Карханава. Таму ўжо сёння к вечару нам належыць заняць зыходныя пазіцыі ў Кручкоўскім гаі. Вы ўсе гэта месца добра ведаеце. Але наступаць на Крутагор’е з Кручкоўскага гаю мы будзем сіламі не аднаго нашага атрада. На паўночным усходзе раёна, на ўскраіне Батаеўскіх лясоў, створаны яшчэ адзін партызанскі атрад, які склалі былыя ваеннапалонныя і акружэнцы, дакладней, байцы і камандзіры Чырвонай Арміі. Камандзірам атрада выбраны капітан Скандзілаў. Адразу ж з гэтага мітынгу Андрэй Марухін пойдзе сувязным у атрад Скандзілава. I так. Задача, як мне здаецца, усім зразумелая?
Галасы. Зразумелая, зразумелая!
Нарчук. Тады ў паход. Камандую – паход, таварышы. Ура!

Калона партызан накіроўваецца на заданне.


К А Н Е Ц  Д Р А М Ы


[1] У чым справа? (ням.)

[2] Не хвалюйся! Еш і далей сабе, як хочаш. Помні беларускаую гасціннасць (нам.).

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”