ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ОСЦЕЙ – АЛЬГЕРДАЎ УНУК

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗГАДКА
1995

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

  • Дзмітрый князь бранскі, сын Альгерда Літоўскага
  • Уладзімір яго брат з Кіева
  • Дзмітрый Данскі вялікі князь маскоўскі і ўладзімірскі
  • Уладзімір Андрээвічпалкаводзец, стрыечны брат Дзмітрыя Данскога
  • Яўдокія (Княгіня)вялікая княгіня, жонка Дзмітрыя Данскога
  • Кіпрыянмітрапаліт Кіеўскі
  • Святаслаў Іванавіч – князь Смаленскі
  • Осцей – малады літоўскі князь
  • Баярын – дружыннік князя Уладзіміра з Кіева
  • Адам – суконшчык
  • Тахтамыш залатаардынскі вялікі хан
  • Дзмітрый Канстанцінавічніжагародскі князь
  • Васіль, Сямён – сыны ніжагародскага князя
  • Мурза Кіркіль
  • Военачальнік Тахтамыша
  • Старэйшы сын княгіні
  • Баярскі сын
  • Дружыннік
  • Маскоўскія ваяводы, баяры
  • Ганец
  • Галасы з натоўпу
  • Рускія здразднікі
  • Нападаючыя
  • Чалавек – адзін х сялян на млыне
  • Паслы Тахиамыша

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

К А Р Ц І Н А  I

1382 год. Да бранскага князя Дзмітрыя, сына Альгерда Літоўскага, спешна прымчаўся з Кіева ягоны брат Уладзімір. К гэтаму часу Бранск ужо таксама ці не дваццаць гадоў належаў Вялікаму Княству Літоўскаму.

Уладзімір. Я загнаў не аднаго каня, каб пабачыцца з табою, брат Дзмітрый.
Дзмітрый. Чаго-чаго, а коней у мяне хапае, дарагі Уладзі­мір. Назад паскачаш на маіх.
Уладзімір. Дзякую, брат. Але мае таксама адсапнуцца.
Дзмітрый. З таго часу, як пачуў ад тваіх вершнікаў, што ты гэтак нечакана выбраўся з Кіева, усё думаю: чаго б?
Уладзімір. Мае дружыннікі бачылі па гэты бок Ітыля тахтамышавых татар.
Дзмітрый. Дзе ў наш час не ўбачыш татарына?
Уладзімір. Ты не так зразумеў!.. Тахтамыш вядзе свае ўлусы на Масковію.
Дзмітрый. Вось яно што!
Уладзімір. Так, брат.
Дзмітрый. Але ж усе казалі, што татары пасля Данской бітвы моцна знясілены. Яшчэ ж і двух гадоў не прайшло. Мне здавалася, што…
Уладзімір. Нам усім здавалася, што татары не хутка ачо­маюцца. Асабліва, відаць, здавалася гэта майму цёзку, данскому герою. А Тахтамыш, бачыш, паспеў расправіцца і з Мамаем, і войска вакол сябе сабраць.
Дзмітрый. Дарэчы, а што з Мамаем?
Уладзімір. У Кафры загінуў. Усё чакаў дапамогі ад генуэзцаў. А тады пакончыў з сабой. Калі, вядома, генуэзцы не зрабілі гэтага, каб дагадзіць новаму валадару.
Дзмітрый. А гэты Тахтамыш?
Уладзімір. Наколькі мне вядома, ён таксама належыць да нашчадкаў Чынгісхана. Уладу на Ардзе яму дапамог захапіць Тамерлан.
Дзмітрый. Значыць, татары два гады таму назад нічому не навучыліся? Зноў хочуць валадарыць на Русі?
Уладзімір. Выходзіць, так.
Дзмітрый. Не ведаеш, з нашым братам, вялікім князем Ягайлам, Тахтамыш не парываў сувязі?
Уладзімір. Перад тым, як ехаць да цябе, брат, я накіраваў да Якава ў Вільню дасведчанага чалавека. Але не стаў чакаць, пакуль той вернецца. Паспяшаўся сюды, у Бранск.
Дзмітрый. Дзякуй, брат.
Уладзімір. Бо як ад Бранска, так і ад Кіева да Вільні далеч, чым ад таго ж Ітыля. Калі не сёння, то заўтра татары ўжо, няйначай, пачнуць шнарыць паўз паўднёва-ўсходнія межы Вялікага Княства. А гэта значыць – падзеі не абмінуць ні Бранска, ні Кіева. I нас з табой першых закране новая вайна паміж татарамі і маскавітамі. Мы з табою, брат, заўсёды ў асаблівым становішчы. Мы – на паграніччы. Адно і глядзі, каб татары не паблыталі рускія і літоўскія ўдзелы. Таму і палітыка ў нас павінна быць у гэтай справе асаблівая. Прынамсі, не зусім такая, як у Вільні. Дзе цяпер Андрэй?
Дзмітрый. Наколькі мне вядома, заняты Полацкам. Ты ж, нябось, чуў, як абышліся сёлета палачане з нашым братам Скіргайлам?
Уладзімір. Шкада, што нас у нашага бацькі вельмі многа. З аднаго боку добра, калі на свеце ты не адзін, з другога ж… Дзе набрацца было тых удзелаў, каб задаволіць усіх сыноў? Ды і дочкам трэба было выдзеліць пасаг. Таму і ўзнікае варожасць.
Дзмітрый. Але ж мы з табой, брат?..
Уладзімір. Хвала Госпаду, паміж намі сапраўды нічога нялюдскага няма. Мы з табою жывем, як брат з братам. Але ж у мінулую вайну, што ўсчалі паміж сабой маскоўскі князь і ардынскі хан, ты з Андрэем свае палкі вадзілі на дапамогу Дзмітрыю, а я быў з Ягайлам, які меўся прыняць удзел у вайне на баку Мамая.
Дзмітрый. Так, мы з Андрэем тады моцна дапамаглі маскоўскаму князю. Яшчэ не вядома, ці меў бы ён магчымасць без нас называцца данскім героем.
Уладзімір. (смяецца). Цікава ведаць, ці здолеюць нашы нашчадкі зразумець гэты час? Ягайла ж таксама не без дай прычыны павеў нас на Няпрадву.
Дзмітрый. Ну, там усё было проста. Галоўную ролю ў той бітве адыграла адзіная вера. I маскоўскае войска, і наша, якое прывялі мы з Андрэем, і, нарэшце, Ягайлава, у тым ліку і тваё, амаль цалкам складаліся з праваслаўных.
Уладзімір. Нездарма ж нават Алег Разанскі не адважыўся прыйсці на дапамогу татарам.
Дзмітрый. А як ён цяпер зробіць? Ён жа, здаецца, вярнуўся ў Разань?
Уладзімір. Кажуць, што зноў перакінуўся да татараў, паказвае ім на рэчках пераходы.
Дзмітрый. Але ж ён клятву даваў маскоўскаму князю?
Уладзімір. Яму таксама цяжка жыць паміж Масквой і Ардой. Каб дабрацца да Масквы, татары змушаны па землях ягонага княства спярша прайсці. Дык кажаш, Андрэй у Полацку?
Дзмітрый. Здаецца, так. Я ж не дагаварыў табе, брат. Палачане ганебна абышліся з нашым братам Скіргайлам. Пасадзілі яго задам наперад на кабылу і вывезлі пад рогат такім чынам з горада, прызваўшы на княжанне Андрэя. Вось і шалее цяпер Скіргайла вакол Полацка. Папрасіў дапамогі ў Лівонскага ордэна. Ужо каторы месяц магістр Конрад Радэнштэйн трымае Полацк у аблозе, так што, брат, Андрэй сёння невядома дзе. Прынамсі, ён не дарадчык… А вось што нам рабіць?..
Уладзімір. З гэтым я і прыехаў, Дзмітрый. Нам з табой несці адказнасць за тутэйшыя парубежныя землі Вялікага княства.
Дзмітрый. Адно, што нам невядома, як самі маскавіты ставяцца да Тахтамыша. Ці збіраюцца выступаць супраць новага ардынскага хана. Асабіста нам з табою, брат, не зашкодзіла б ведаць, якія захады ў гэтай сітуацыі будзе рабіць наш брат, вялікі князь Ягайла, – незалежна ад таго, якую б самастойную пазіцыю мы з табой, князь Уладзімір, не займалі, сыходзячы з канкрэтных абставін.
Уладзімір. Слухаю, брат.
Дзмітрый. З усяго вынікае… Словам, трэба дачакацца твайго ганца з Вільні. Ты яму даваў такі наказ – вяртацца ад вялікага князя адразу сюды?
Уладзімір. Так.
Дзмітрый. Значыць, неўзабаве мы будзем мець адказ ад Ягайлы?
Уладзімір. Так, Дзмітрый, так.
Дзмітрый. Тады будзем разважаць далей. За тыя дні, як станем чакаць твайго чалавека з Вільні, мае людзі збяруць дакладныя звесткі і пра дарогі Тахтамыша па Масковіі, і пра настрой князёў, падначаленых данскому герою. Зрэшты, трэба ведаць, што намерваецца рабіць у Маскве Дзмітрый.
Уладзімір. Разумна кажаш, брат. Разумею.
Дзмітрый. А як згодны ты са мной, то… Словам, паколькі рашэнне мы павінны прыняць разам, то ты мусіш згадзіцца і на тое, каб застацца ў мяне на некалькі дзён. Спадзяюся, у Кіеве без цябе пакуль абыдуцца?
Уладзімір. Хто цяпер можа сказаць пэўна? Гэта будзе залежаць ад таго, як стануць разгортвацца падзеі ў Масковіі.
Дзмітрый. Зразумела, брат. Але я меў на ўвазе… Ну, сам ведаеш што?..
Уладзімір (з усмешкай). Не, на стол мой у Кіеве ніхто не замахваецца.
Дзмітрый. Значыць, ты можаш на колькі дзён затрымацца ў Бранску!
Уладзімір. Дзеля справы, брат, дзеля справы.
Дзмітрый. Яно і пагасцяваць у нас не лішне было б табе. Княгіня будзе рада. Цяпер і Осцей у горадзе.
Уладзімір. Малады князь у замку?
Дзмітрый. Так.
Уладзімір. Колькі ж гэта яму гадоў?
Дзмітрый. Дваццаць мінула.
Уладзімір. Малады яшчэ. Хоць што я кажу! Наш бацька нас у дваццаць гадоў лічыў ужо самастойнымі, даваў удзелы.
Дзмітрый. Гэта праўда.
Уладзімір. Але паслухай яшчэ, Дзмітрый. Чаму маўчыць вялікі маскоўскі князь? Ён жа ведае пра нашы добрыя адносіны да яго?
Дзмітрый. Мяне гэта таксама здзіўляе. Вось ты пытаўся пра князя Осцея. А ці не накіраваць нам яго, пакуль што да чаго, у Маскву? Звычайна гэткае ў традыцыях добрых адносінаў паміж суседзямі. Бацька наш, Альгерд, аднойчы рабіў нешта падобнае, каб давесці сваю прыхільнасць. Няхай і маскоўскі князь гэта адчуе ад нас праз Осцея.
Уладзімір. Дзіўлюся твайму розуму, брат.

Сцэна мяняецца.

К А Р Ц І Н А  I I

Дзмітрый Данскі з вялікай княгіняй Яўдокіяй вяртаецца ў крамлёўскія палацы з ютрані. Да іх далучаецца Уладзімір Андрэевіч, па прозвішчу Храбры, якое ён атрымаў за заслугі ў бітве з Мамаем на Куліковым полі.

Дзмітрый Данскі. Спадзяюся, брат таксама паспеў памаліцца? Мы з супругай…
Уладзімір Андрэевіч (як не перапыняе вялікага князя). Так, адстаяў ранні абедзень, вялікі князь.
Дзмітрый Данскі. Але, бачу, на душы тым не менш спакою няма?
Уладзімір Андрэевіч. Адкуль яму быць, спакою? Я з навіною да цябе, брат.
Дзмітрый Данскі. То кажы.
Уладзімір Андрэевіч. Але ж… (Быццам вінавата глядзіць на жонку вялікага князя).
Дзмітрый Данскі. Гавары!..
Уладзімір Андрэевіч. Цесць твой перакінуўся на бок Тахтамыша!
Дзмітрый Данскі. Аўдоццін бацька? Ніжагародскі князь?
Уладзімір Андрэевіч. Так, ніжагародскі князь Дзмітрый. I сыноў сваіх, Васіля і Сямёна, прымусіў кланяцца ардынскаму хану.
Дзмітрый Данскі. Гэта дакладна?
Уладзімір Андрэевіч. Чуткі правераны.
Дзмітрый Данскі. (да жонкі, вялікай княгіні Яўдокіі). А ты што скажаш?
Яўдокія. Не можа гэтага быць!
Уладзімір Андрэевіч. Сястра, я праўду кажу. Здрадзіў нам твой бацька, ніжагародскі князь. Цяпер за ім пабягуць на паклон да ардынскага князя іншыя рускія князі.
Яўдокія (адхрышчваецца). Цур-цур-цур!..
Дзмітрый Данскі. Значыць, немалая пагроза ад цяперашняга нашэсця?..
Уладзімір Андрэевіч. Тахтамыш для нас страшней чым Мамай. Дарэмна мы думалі, што Кулікоўская перамога назаўсёды абараніла нас ад усходніх варвараў.
Дзмітрый Данскі. Мяркуеш, што следам за цесцем маім, Дзмітрыем Канстанцінавічам, іншыя князі таксама пабягуць да хана?
Уладзімір Андрэевіч. Пасля Мамаевага нашэсця княства наша абяссілена… Думаеш, Алег Разанскі зноў падаўся на бок татараў так сабе?
Дзмітрый Данскі. Цяпер многім заманецца паследаваць ягонаму прыкладу. Няўжо настаюць старыя часы? Няўжо зноў давядзецца адкупляцца ад татараў? Няўжо зноў будуць ездзіць па ярлыкі ў Сарай?
Уладзімір Андрэевіч. Будуць, брат, будуць, калі не пачнуць рыхтавацца да абароны. Трэба зноў кінуць кліч па ўсёй рускай зямлі аб небяспецы. Няхай збіраюцца ў Маскву пешыя і конныя, як і ў часы Мамая.
Дзмітрый Данскі. Трэба б параіцца з маскоўскімі баярамі.
Уладзімір Андрэевіч. Чаму толькі з маскоўскімі?
Дзмітрый Данскі. З астатнімі сустрэцца мы не паспеем. Але што Літва? Што Ягайла?
Уладзімір Андрэевіч. У літоўскім княстве таксама неспакойна. Наш сябра Андрэй Альгердавіч абараняе ад Лівонскага ордэна Полацк.
Дзмітрый Данскі. А што іншыя Альгердавічы? Бранскі ды Кіеўскі? Дзе Баброк?
Уладзімір Андрэевіч.  У гэтых адзін з намі клопат. Я так думаю. А вось Ягайла?..
Дзмітрый Данскі. Што нашыя паслы ў Вільні? Маўчаць?
Уладзімір Андрэевіч. Так. Але наўрад ці адважыцца Ягайла другі раз адкрыта далучыцца да ардынцаў. Яму хапіла васьмідзясятага года.
Дзмітрый Данскі. Дзе цяпер Тахтамыш?
Уладзімір Андрэевіч. Пераправіўся з дапамогай Алега Разанскага цераз Аку. Здаецца, наважваецца рушыць на Серпухаў…
Дзмітрый Данскі. Дык гэта ж?..
Уладзімір Андрэевіч. Так, вораг амаль што каля парога Масквы!
Дзмітрый Данскі. А мы?
Уладзімір Андрэевіч. А мы не гатовы выступіць супраць яго.
Дзмітрый Данскі. Праклятыя татары!
Уладзімір Андрэевіч. Я вось аб чым падумаў, брат…
Дзмітрый Данскі. Ну, кажы.
Уладзімір Андрэевіч. Я знаёмы з настроямі нашых маскавітаў. Шмат у каго – каша ў галаве. А некаторыя гатовы аддацца на літасць татараў. Моцная абарона Масквы цяпер мала верагодная.
Дзмітрый Данскі. Што ты прапануеш?
Уладзімір Андрэевіч. Табе трэба выехаць з Масквы.
Дзмітрый Данскі. Куды?
Уладзімір Андрэевіч. Хоць бы і ў Кастраму. Каб туды склікаць войска і адтуль ужо дапамагаць сталіцы. Давядзецца адтуль здымаць асаду Тахтамыша.
Дзмітрый Данскі. А хто ў Маскве застанецца? Ты?
Уладзімір Андрэевіч. Не, мне таксама лепей за ўсё быць за яе межамі. Напрыклад, каля Волака. Там я хутчэй збяру войска.
Дзмітрый Данскі. Тады хто ж у Маскве будзе? Што людзі пра нас скажуць? Маўляў, пакінулі рускую сталіцу на гвалт?
Уладзімір Андрэевіч. У Маскве застануцца… мітрапаліт Кіпрыян і яна вось… (Паварочваецца да вялікай княгіні).
Дзмітрый Данскі. У цябе ў галаве замуцілася, брат.
Яўдокія. А дзеці нашы? Што з імі? Дзе яны будуць?
Уладзімір Андрэевіч. Я таксама пра гэта…
Дзмітрый Данскі. Значыць, пра дзяцей маіх?.. Словам?.. I што?
Уладзімір Андрэевіч. Калі не пакінуць іх у Маскве…
Дзмітрый Данскі. Цяпер разумею. Іначай пра іхняга бацьку падумаюць як пра ўцекача… Што ты скажаш на гэта, княгіня?
Яўдокія. Уладзімір праўду кажа – я павінна заставацца ў Маскве з дзецьмі, калі ўжо так… Калі іначай нельга…
Дзмітрый Данскі (камусьці з баяраў). Схадзі па мітрапаліта. А мы пойдзем у палаты. Трэба склікаць ваяводаў.
Уладзімір Андрэевіч (да вялікай княгіні). Ты, сястра, тут нядоўга адна будзеш. Але ведай – без нас з Дзмітрыем Маскве цяжка стане. А без цябе – яшчэ цяжэй. Ты пры нашай адсутнасці – яе надзея.
Яўдокія. Не гавары так напышліва, брат. Думаеш, я не здагадваюся, што ты ў заложніках пакідаеш мяне і маіх дзяцей?
Уладзімір Андрэевіч.  Табе, сястра, няма чаго баяцца. Ні Дзмітрый, ні я ні на хвіліну не будзем забываць пра цябе і пра тваіх дзяцей. Ды і бацька твой…
Яўдокія. Сам жа кажаш, бацька мой – здраднік.
Уладзімір Андрэевіч. Але ж якраз гэта і можа паспрыяць, калі раптам узнікне небяспека. Каму ж заступіцца за дачку, як не бацьку?
Дзмітрый Данскі. Дарэмна ты яе палохаеш, брат. Яшчэ ж нічога не вырашана. Трэба дачакацца мітрапаліта, а тады станем раіцца з баярамі, ваяводамі.
Уладзімір Андрэевіч. Глядзі, князь, не было б позна.

К А Р Ц І Н А  I I I

Зноў Бранск. Альгердавічы – Дзмітрый і Уладзімір – нарэшце дачакаліся вершніка з Вільні.

Уладзімір (да ганца). Што прывёз, баярын, з Вільні?
Ганец. Можна лічыць, князь, што самога сябе.
Дзмітрый. Кажы выразней, баярын.
Ганец. Вялікага князя пабачыць не давялося.
Уладзімір. Што так?
Ганец. Ягайла слухае салаўёў у пушчы.
Дзмітрый. I што з таго?
Ганец. Мяне ў пушчу не пусцілі.
Дзмітрый. I чым жа тлумачылі гэта ў Вільні?
Ганец. Казалі – чакаць, каб не перашкаджаць слухаць салаўёў. Але колькі чакаць? Пра гэта вось ніхто і не казаў. Таму я палічыў неабходным рушыць у Бранск.
Уладзімір. Ты правільна зрабіў, баярын. А то мы тут ужо і так цябе зачакаліся. Але скажы, ці паведамлялі пра цябе вялікаму князю?
Ганец. Так, князь. Я прасіў аб гэтым і ажно настойваў.
Дзмітрый. Якаў заўсёды любіў гуляць у палітыку. А тут – нешта зусім незразумелае. Можа, ён таксама не чакаў, што новы ардынскі хан адважыцца на паход у Масковію.
Уладзімір. Здаецца, так. Але ж навошта яму з намі гуляць? Мы не можам сядзець тут ды чакаць. Нам у першую чаргу патрэбна пэўнасць на падзеі. Гэта ў Вільні можна хітрыць ды марудзіць, а тут, на самай далёкай мяжы вялікага княства, неабходна як найхутчэй вызначыць свае адносіны і да Масквы, і да Сарая.
Дзмітрый. Мяркую, брат, што нічога новага Ягайла не стане выдумляць. Ён будзе трымацца дагавору з татарамі і пры Мамаевым пераемніку. Іншая справа, ці рушыць ён свае войскі на дапамогу?
Уладзімір. Цікава, што цяпер думае пра ўсё гэта Баброк на Валыні?
Дзмітрый. Хоць часу і няма ўжо, але ўсё-ткі трэба накіраваць вершнікаў і на Валынь, і ў Смаленск.
Ганец (да Уладзіміра). Куды загадаеш ехаць, князь?
Уладзімір (з усмешкай). Ты гэтак выяўляеш сваю неадкладную гатоўнасць, баярын, што нават адпачынку не просіш. Хіба штаны не баляць?
Ганец. Хвала Госпаду, гэты раз неяк абышлося без уся-го, што ўскладніла б паездку. Так што, я гатовы зноў сядаць у сядло, князь.
Уладзімір. Але пачакай. Ты не ўсё яшчэ расказаў.
Ганец. Пытайся, князь.
Уладзімір. Дапусцім, цябе Ягайла не захацеў бачыць. Больш таго, нават не даў ні пісьмовага, ні вуснага адказу на маё запытанне. Але ж у цябе былі вочы і вушы. Што ты сам чуў і бачыў у Вільні.
Ганец. Вільня без вялікага князя як нежывая. I цяперашні наш тутэйшы клопат там, здаецца, нікога не ўсхваляваў. Прынамсі, войска вакол сталіцы не збіраецца, каб рушыць у паход.
Дзмітрый. А дзе-небудзь у іншым месцы?
Ганец. Не чуў.
Дзмітрый. Добра. Тады скажы, баярын, што гавораць у Вільні пра цяперашнюю полацкую варожасць?
Ганец. Брат ваш, Скіргайла, нядаўна быў у стольным горадзе. Тады ў Вільні знаходзіўся і вялікі князь. Але як яны парашылі абысціся з палачанамі і вашым братам Андрэем, ніхто не ведае. Ва ўсякім выпадку, Скіргайла адкрытай падтрымкі ад Ягайлы не атрымаў супроць Андрэя.
Дзмітрый. Зразумела. Таму Скіргайла звярнуўся да Лівонскага ордэна?
Ганец. Але ваш брат Андрэй у сваю чаргу звярнуўся за дапамогай да Ноўгарада.
Уладзімір. Куды б ты хацеў ехаць?
Ганец. Лепей на Валынь, князь, да Баброка. Бліжэй будзе к дому, да Кіева.
Уладзімір. Добра, ступай.
Дзмітрый. А навошта нам пасылаць вершніка ў Смаленск?
Уладзімір. Да князя Святаслава?
Дзмітрый. Так.
Уладзімір. А як без яго вырашаць такія справы? Дый да князя Андрэя дарога адтуль верная.
Дзмітрый. Ну, то няхай і едзе Осцей у Маскву праз Смаленск. Сам жа кажаш, дарослы ўжо. Дзяржаўныя справы даручаць пара.

Сцэна мяняецца.

К А Р Ц І Н А  I V

На маскоўскіх вуліцах віруе людскі натоўп. Тут, бадай, усе саслоўі. Шмат п’яных. Здаецца, ні на кога няма ўправы. Але сёй-той спрабуе завалодаць увагай натоўпу. Сярод іх і суконшчык Адам.

Адам (ужо надрываючы голас). Браткі!.. Людзі мае дарагія!.. Трэба ісці мацаваць сцены гарадскія! Зноў татары ідуць на Маскву!..
Голас з натоўпу (падазронага выгляду). А што табе, больш за ўсіх трэба? Князь вунь жа збег? I брат яго, храбры, таксама, кудысьці падаўся!
Адам. Хіба ж без князя нам горада не шкода?
Голас з натоўпу (нядобра). Ты спярша скажы, дзе князь Дзмітрый са сваім братам?
Адам. Яны на сваёй княскай службе! Войска збіраюць па ўдзелах.
Галасы з натоўпу. То-та што па ўдзелах! А дзе дасюль вочы ды вушы былі? Героі, маць іх так!.. Героі!.. Адзін праляжаў п’яным усю бітву на Куліковым полі, а другі!.. Цяпер вось сварацца паміж сабой. Хто большы герой. I аднаму нечага не хапае, і другому.
Баярскі сын (прыходзіць на дапамогу суконшчыку Адаму). Што ты з ім валынку ўсчаў? Не бачыш, што сяму-таму варта праспацца тут? А браты памірыліся. Яшчэ пасля Благавешчання. Цяпер паміж імі, як і раней, моцная дружба.
Галасы з натоўпу.  Ага, як паміж катом і сабакам! Прыкусі язык! Ты князя нам падавай, калі такі разумны!
Баярскі сын Вам мала княгіні? Княгіня ж з дзецьмі засталася ў Маскве! I мітрапаліт нікуды не рушыў.
Галасы з натоўпу. Баба меч у руку не возьме! Баба на адно толькі і прыгожа! Га-га-га!
Адам. Ну вось што, маскавіты! Пара канчаць гэты разгул! Недзе ўжо ў Серпухаве татары! Хіба вам не шкада жытла свайго ды дзяцей? А жанок?
Галасы з натоўпу. А хіба князю сваіх не шкада было, калі з Масквы ўцякаў?..
Адам. Дурная твая галава! Ніяк ты не возьмеш у яе, што і Дзмітрый Іванавіч і Уладзімір Андрэевіч паехалі войска збіраць.
Баярскі сын (набліжаецца да Адама). Хто будзеш?
Адам. Суконшчык.
Баярскі сын. Хадзем да ваяводы. Там цяпер такія людзі, як ты, вось як патрэбны! (Паказвае рукой па горле).

Абодва выходзяць з натоўпу.

К А Р Ц І Н А  V

Начлег дзесьці ў вярхоўі Віхры. Тут – малады літоўскі князь Осцей, знаёмы кіеўскі баярын, нейкія людзі, няйначай, з княскай світы. Вогнішча то ўзлятае, то зноў спадае.

Баярын. Во, спадзяваўся трапіць дамоў па дарозе на Валынь, а тут загад другі выйшаў – суправаджаць цябе ў Маскву, княжыч.
Осцей. Ты раней тут бываў?
Баярын. Некалі ехаў па гэтай дарозе. Мы тады з князем сваім таксама ў Смаленск з маскоўскай дарогі зварочвалі. Глухія мясціны, кажу табе, княжыч. Гэта цяпер Мсціслаў гэты нашаму княству ўжо колькі гадоў зноў належыць, а так пад Масквой часцей бывае.
Осцей. Дык кажаш, у Маскве ўжо здаралася бываць?
Баярын. I са сваім князем, і з дзедам тваім, Альгердам. Рашучы быў чалавек, твой дзед Альгерд, а наш вялікі князь. За ім згледзець іншы раз цяжка было. Але калі ўжо слова казаў, то па ім і рабіў. Гэта ж як было апошні раз з Масквой?

Да вогнішча падышоў дружыннік. Размова паміж маладым князем і кіеўскім баярынам перапынілася.

(Да дружынніка). Ты не дужа клапаціся пакуль. Мядзведзі цяпер, як і добрыя людзі, спяць. Гэта калі пад ранне.
Дружыннік (перапытвае). Га?
Баярын. Кладзіся спаць. Няма чаго лішне клапаціцца. Кажу, мядзведзі таксама цяпер недзе спяць.
Дружыннік. Га, так, так! Гэта над рэчкай пастаяў.
Баярын. Што над ёй стаяць. Цячэ, і ўсё. Кладзіся спаць. (Да князя Осцея). Дык я не дагаварыў, княжыч. Вялікі князь тады быў, здаецца, не дужа зварушлівы. А тут з Масквы пахвальба прыйшла. Нібыта маскоўскі князь стаў пагражаць Вільні, што пойдзе паходам, каб узяць пад сябе Віцебск, Полацк і Кіеў. Прыслаў дзеду твайму крэмень, трут і шаблю: моў, Масква мае намер у светлую нядзелю пахрыстосавацца з вялікім князем літоўскім у Вільні агнём і жалезам Альгерд не стаў чакаць Светлай нядзелі і тут жа выступіў у сярэдзіне Вялікага посту, узяўшы з сабой маскоўскіх паслоў; затым адпусціў іх, сказаў: буду ў Маскве з чырвоным яечкам хутчэй, чым гэтая паходня згарыць; так што скажыце вашаму князю ў Маскве – яму не спатрэбіцца ў Літву ісці. Сказаў гэтак і зрабіў – у Велікодны дзень маскавіты ўжо ўбачылі яго на Паклоннай гары. Ёсць такая гара ў Маскве. Яе не абмінуць, як са Смаленска ісці ў рускую сталіцу. Я пакажу табе.
Осцей. І што далей?
Баярын. А тое, што маскоўскаму князю нічога не засталося, як прасіць міру.
Осцей. Ну так, усе войны, усе паходы канчаюцца мірам. А скажы мне, баярын, чаму паміж праваслаўнымі хрысціянамі гэткая зацятасць?
Баярын. Дзе? У нас?
Осцей. Не ў нашых землях, здаецца, хвала Богу. А вось Вільня ніяк не дамовіцца з Масквой, дарма што вечны мір не раз абедзве дзяржавы заяўлялі?
Баярын. О, княжыч, гэта аднаму Усявышняму вядома. Не будзем умешвацца ў яго волю і ўладу. Прынамсі, сёння. Пара і нам спаць, а то хутка світанак. Цёмныя ночы заўсёды канчаюцца раптоўна. А паразважаць будзе часу. Я і сам часта задаю сабе гэтае пытанне.

Баярын кідае на вогнішча вялікае палена, тады нацягвае на сябе радно бо ўжо недзе святлее жнівеньская ноч.

 К А Р Ц І Н А  V I

На другі дзень, пад вечар, узмыленыя коні Осцея і яго спадарожніка кіеўскага баярына нарэшце апынуліся ў двары смаленскага князя. Святаслаў Іванавіч сам сустрэў ганцоў. Стрымаў за цуглі каня маладога князя, пачакаў, пакуль той выпрастае ногі ды саскочыць з сядла.

Святаслаў (паказваючы на кіеўскага баярына). Твой чалавек?
Осцей. Не. Гэта кіеўскі баярын. Уладзімір цяпер у Бранску. Дык баярын суправаджае мяне.
Святаслаў (з усмешкай). Не за свата?
Баярын. У нас справа ў Маскве.
Святаслаў. Што ж, справа дык справа.
Осцей. Едзем да князя Дзмітрыя ў Маскву.
Святаслаў Вялікі князь недзе пакінуў Маскву.
Осцей. Як гэта пакінуў? Кажуць, манголы зноў наступаюць.
Святаслаў. Твая праўда, княжыч. Але праўда і тое, што маскоўскага князя няма ў стольным горадзе. Учора тут, у Смаленску, быў твой дзядзька Андрэй з Полацка, якраз ён і казаў. Дарэмна вы не паспяшаліся, а то б заспелі. Ну ды што цяпер! Хадзем, княжыч, у пакой. Гэй, там, прымайце маладога князя! А можа, спярша ў лазню?
Баярын. Калі можна, князь, то не адмоўлюся.
Святаслаў. Вось і добра, баярын. А мы тут пакуль паспеем перакінуцца з княжычам словам. Кіеўскі баярын адыходзіць следам за кіеўскім служкам. (Да Осцея). А я ўсе чакаю, што ты вось-вось пастукаешся ў вароты, каб узяць з майго двара нявесту. Добра, не саромся. На ўсё свой час. Цяпер і праўда не да вяселля. Што ж у цябе за справа ў Маскве?
Осцей. Быць пры вялікім князю ў гэты цяжкі час. Няхай Дзмітрый Іванавіч ведае, што і Бранск, і Кіеў на яго бок стануць у цяперашняй барацьбе з татарамі. Хацелася б ведаць, князь Святаслаў, чыйго боку трымаешся ты?
Святаслаў. Мы з Андрэем, тваім дзядзькам, таксама выступім на баку маскоўскага князя, дарма што Андрэй моцна заняты ў Полацку. Полацк усе яшчэ ў аблозе. Але лівонскаму магістру зламаць супраціўленне палачанаў не ўдасца. Так што, калі не сёння, то заўтра аблога будзе знята. Мяне тым часам не гэта непакоіць. Дзе прападае маскоўскі князь? Чаму не гучыць па ўсёй Русі ягоны голас? Бо ўжо зусім недалёка да ўсеагульнай здрады. А што калі па прыкладу ніжагародскага князя ды іншыя рускія князі пабягуць да Тахтамыша? I брат ягоны, Уладзімір Андрэевіч, маўчыць. Няўжо паміж імі ўсё яшчэ не сціхла сварка?
Осцей. Я не надта шмат ведаю пра гэта.
Святаслаў. Не могуць падзяліць славы!.. Дарэчы, той славы, якую твае дзядзькі таксама заваявалі. Масква заўсёды ў гэтым сэнсе справядлівасці не ведала. Усе на сваю амбіцыю чапляла, як на той хвост, дарма што кожны раз і саюзнікаў мела, і дарадцаў. Ды годзе, хопіць пра гэта. Раскажы, што ў Бранску?
Осцей. Цяпер там дзядзька Уладзімір знаходзіцца.
Святаслаў. Ну, пра гэта ты ўжо, здаецца, казаў.

Смаленскі князь і Осцей паціху накіроўваюцца да чырвонага ганку, галасы іх цішэюць.

К А Р Ц І Н А  V I I

Крамлёўскія палаты. У вялікай княгіні Яўдокіі мітрапаліт Кіпрыян.

Кіпрыян. Кепска, княгіня, зусім кепска. Муж твой, вялікі князь Дзмітрый, дарэмна паспадзяваўся на сваіх ваяводаў. У Маскве ніхто нікога не хоча слухаць. Няма моцнай рукі. Таму і да абароны горад не рыхтуецца. Болей і нам тут не варта заставацца. Бяры сваіх дзяцей ды едзь да мужа. Кажуць, ён недзе…
Яўдокія. Так я, ведаю. Учора была граматка. Ён у Кастраме.
Кіпрыян. То едзь, княгіня, у Кастраму. Я бласлаўляю. Мне таксама няма чаго тут затрымлівацца. Яшчэ дзень-другі пачакаю, а тады з Богам падамся ў Цвер.
Яўдокія. Хто ж застанецца ў Маскве?
Кіпрыян. Масква застаецца на Промысле Божым. Я сёння ехаў сюды, у Крэмль, каля заходняй вежы, то людзі бягуць з горада, са скарбам.
Яўдокія. А тут мы яшчэ прыклад пакажам. Не, не, без мужняга дазволу няма як самаўпраўствам займацца.
Кіпрыян. Я ж бласлаўляю! Хіба гэтага мала?
Яўдокія. Не ведаю, мала ці багата, але аслухацца мужа?.. Дзе ж гэта відана?
Кіпрыян. Але заўтра будзе позна! Тахтамыш стане на варотах горада!
Яўдокія. Ты, уладыка, бачу, не верыш, што абаронцы знойдуцца?
Кіпрыян. Даруй мне, княгіня, але Маскву ўжо хоць цяпер бяры голай рукой. Няма каму ўзначаліць абарону яе.
Яўдокія. Тады трэба паклікаць каго збоку.
Кіпрыян. Усе бягуць да Тахтамыша. А пачалося з твайго бацькі і тваіх братоў.
Яўдокія. Я не абараняю сваіх. Але ж і ты, уладыка!.. Гаворыш, як чужы!..
Кіпрыян. Так. Я ў вас чужы. Але мы адной веры. I вашыя татары – таксама мае ворагі. Аднак заставацца ў Маскве не буду. Ад нехрысцяў усяго можна дачакацца.
Яўдокія. Рабі, як знаеш, уладыка. А мне дазволь падумаць.

К А Р Ц І Н А  V I I I

Зноў маскоўская вуліца.

Галасы з натоўпу. Здрада, маскавіты, здрада! Мітрапаліт уцякае з Масквы! Пацукі пакідаюць палаючыя амбары! Трэба злавіць Кіпрыяна! Няхай з намі тут прападае! Так ты і дагнаў яго! Можа, даўно ўжо недзе за гарадской заставай! Дагнаць, не пускаць!

Натоўп кідаецца ўздагон па вуліцы.

К А Р Ц І Н А  I X

Князь Осцей і кіеўскі баярын, трымаючы ў руках коней за цуглі, са скрухай глядзяць услед маскавітам.

Баярын. Час ад часу не лепей.
Осцей. Ды ўжо ж, баярын. Такога пабачыць у Маскве не спадзяваўся.
Баярын. Дарэмна ехалі, князь. А ўсё таму, што не паслухаўся мяне. Ды і Смаленскі князь рацыю меў. Трэба было шукаць Дзмітрыя недзе ў іншым месцы. А цяпер што?
Осцей. Выконваць волю бранскага і кіеўскага князёў, маё месца побач з маскоўскай княгіняй.
Баярын. Думаеш, яна яшчэ тут?
Осцей. А зараз мы спытаем. (Бачыць чалавека – гэта суконшчык Адам). Гэй, падкажы, добры чалавек…
Адам. Адкуль ты ўзяў, што добры? Цяпер добрага чалавека і са свечкай цяжка адшукаць. Але што табе?
Баярын. Пра што тут людзі гаманілі? Куды гэта яны?
Адам. Мітрапаліта пабеглі лавіць. Кажуць, Маскву пакідае.
Баярын. А вялікая княгіня? Дзе яна?
Адам. Здаецца, яшчэ ў Маскве. Але таксама нібыта наважылася ўцякаць.
Баярын. А вы? Што вы?
Адам. Як гэта – што мы?
Баярын. Ну, маскоўскія людзі?
Адам. Месію чакаем. Свой князь збег кудысьці, дык чужога чакаем.
Баярын (глядзіць на Осцея). А яна вось і ёсць, тая месія.
Адам. Няўжо князь?
Баярын. Самы сапраўдны князь.
Адам. З якіх жа?
Баярын. З літоўскіх.
Адам. Не, літоўскаму не павераць у нас. Але чым д’ябал не жартуе? Я таксама з Літвы, аднак жа прыжыўся тут. Наведайцеся да вялікай княгіні. Без яе дазволу народ наўрад ці стане выбіраць новага ваяводу. (Глядзіць на Осцея). Нешта ж ты дужа малады, хлопча. Меч хоць моцна трымаеш? Значыць, з літоўцаў? Наш?

Осцей адно стаіць ды ўсё роўна як ніякавата ўсміхаецца. Сцэна мяняецца.

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

К А Р Ц І Н А  X

Пакой вялікай княгіні ў Маскве. Тут з ёй нейкі родзіч.
 Але не бацька, не брат Сямён, не другі брат Васіль.
Проста родзіч, які, няйначай, з’явіўся ў Маскву з місіяй.

Княгіня. Бачыш, мне б спярша папытацца ў цябе пра бацьку, братоў, але не магу. Душа халоднаю зрабілася да іх. Гэта ж дадумацца – здрадзіць сваёй зямлі!
Родзіч. Не здраджвалі яны, княгіня, сваёй зямлі. Не адракліся, наадварот, ратуюць яе такім чынам.
Княгіня. А вялікаму князю ў веры змяніць? Гэта вам не здрада?
Родзіч. Апошні час так павялося на рускай зямлі, што князі, каб захаваць свае ўдзелы, перадаваліся мацнейшым уладарам. Прыйшоў гэты Тахтамыш, вось і пабеглі зноў амаль усе, дарма што пасля Мамая ўжо здавалася – прыгнёт татарскі скончыўся і ардынскія ярлыкі непатрэбныя сталі. А тут…
Княгіня. Што тут?
Родзіч. Часы памяняліся. Ардынцы зноў у сілу ўзяліся.
Княгіня. Гэта не яны ў сілу ўзяліся. Гэта мы абяссілелі. Колькі народу паклалі толькі на Доне. А да гэтага?
Родзіч (уздыхае). Так, матухна, ва ўсе часы нам нялёгка было і жыць, і служыць. Але не думай пра бацькаву здраду. Некалі сама зразумееш.
Княгіня. Нічога я не зразумею, Восіп, акрамя таго, што зямлю сваю трэба бараніць, які б ні быў моцны вораг. Таму я ўсёй душой на баку свайго мужа Дзмітрыя, які недзе збірае войска. А з Масквы я нікуды не паеду. Так і скажы бацьку. Няхай на ім праклён будзе.
Родзіч. Ты дужа строгая да яго, княгіня. Адпусціся душой. I ў Маскве заставацца нельга. Мітрапаліт жа паехаў у Цвер.
Княгіня. Мітрапаліт у нас чужы чалавек. Збоку. I зусім не рускі. Я казала яму ў вочы. А мне ехаць адсюль не выпадае. Я мужаву волю берагу.
Родзіч. Глядзі, дачакаешся бяды. I за дзяцей страшна, і сама з такім вось характарам лішні клопат будзеш мець. I не толькі ад татараў, але і ад сваіх. А што татары, возьмуць Маскву, ніякага сумніву няма. Гэта справа толькі часу. Я трохі пахадзіў па гарадскіх вуліцах – ні парадку, ні жадання абараняцца. А ваяводы? Якія гэта ваяводы? Ды ў іх ужо цяпер паджылкі дры-жаць, а як крывы меч татарскі ўбачаць?
Княгіня. Вось бы і застаўся, Восіп, памагаць нам тут. Некалі ж быў неблагі ваяр.
Родзіч. Усе мы, матухна, некалі былі скакунамі. То я пайду.
Княгіня. Так і перадай майму бацьку – я здраднікам зямлі рускай не помач. А ўжо што будзе, тое і будзе!..

Родзіч выходзіць. Вялікая княгіня яшчэ стаіць у задуменні колькі часу, тады кліча дзяцей.
Толькі што быў ваш дзядзька Восіп. Казаў, што дзед нас чакае ў Ніжнім.
Дзеці маўчаць.

Я вас не прымушаю дарэмна. Але ж ўсё-ткі не магу не сказаць. У дзеда мы цалейшымі будзем.

Старэйшы сын (выходзіць наперад). Мы будзем трымацца бацькавай волі!
Княгіня. Ну што ж, вы самі свой лёс выбіраеце, дзеці.

Сцэна мяняецца.

 

К А Р Ц І Н А  X І


Княгіня Яўдокія яшчэ ў сваім пакоі.
У суправаджэнні ахоўніка заходзіць суконшчык Адам.

Княгіня (да яго). Ты нават у такі час, як цяпер, не кідаеш свайго рамяства, суконшчык? Я ўжо і не ведаю, як мне быць? Здаецца, не да новых убораў?
Адам (нізка кланяецца). У мяне, княгіня, да цябе гэты раз не суконная справа. Сукно пачакае, пакуль вялікі князь вернецца. А вось…
Княгіня. Ну, ну, гавары, суконшчык. З чым ты прыйшоў?
Адам. На тваім ганку цяпер чакае малады літоўскі князь, а з ім – кіеўскі баярын. Хочуць да цябе, княгіня, раз Дзмітрый Іванавіч пакуль адсутнічае.
Княгіня. Хто такі? Як зваць?
Адам. То ўжо твая справа, княгіня, распытваць, а я просьбу ўважыў. Паабяцаў прывесці да цябе, паколькі раней не адзін раз бываў тут са сваім таварам.
Княгіня (крычыць праз дзверы). Гэй, там! Паклічце да мяне літоўскага князя!

Заходзіць Осцей. За ім кіеўскі баярын.

Адам. Ну, то я пайду.
Княгіня. А й ты пастой, раз прывёў. Я цяпер княгіня безабаронная. Так што…
Осцей. Вялікая княгіня!..
Княгіня. Ты лепей спярша скажы пра сябе – хто, адкуль, чаму ў такі страшны час апынуўся ў Маскве?
Осцей. Я – унук Альгерда Літоўскага. Цяпер еду з Бранска, з пасольствам да вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча. Маю сказаць яму ад князёў Кіеўскага, Бранскага і Смаленскага, што яны на яго баку супроць Тахтамыша.
Княгіня. А Полацкі князь, Андрэй?
Осцей. Полацк цяпер у аблозе. Але неўзабаве яна скончыцца. I тады дзядзька мой Андрэй Альгердавіч далучыцца.
Княгіня. Значыць, нашы ранейшыя сябры за нас, рускіх?
Осцей. Так.
Княгіня. Хвала Госпаду! Здаецца, першая добрая вестка!
Осцей. Але я не знайшоў у Кастраме Дзмітрыя Іванавіча. Таму прыехаў у Маскву. Сказалі, што ты, княгіня, тут. Так што, прымай на службу, пакуль што да чаго. А са мной вось (паказвае) кіеўскі баярын, дружыннік князя Уладзіміра.
Княгіня. Добры воін?
Осцей. Добры і надзейны.
Княгіня (уздыхае). Добрых вояў у нас цяпер на Маскве не хапае. А можа, гэта Божы Промысел, што вы апынуліся ў Маскве? Дарэчы, як яна вам?
Осцей. Парадку няма. А так…
Княгіня. Скажы лепей, князь, моцнай рукі няма. А парадак навесці можна. Татараў на дарозе бачылі?
Баярын. Ды ўжо вакол Масквы шнараць малымі раз’ездамі.
Княгіня. Вось што, хлопцы-малойцы, я вам адвяду паблізу пакой, каб адпачылі з дарогі, а ўвечары прашу на раду да нашых маскоўскіх ваяводаў, пакуль тыя яшчэ не разбегліся канчаткова. I ты, суконшчык, прыходзь. Чула я пра твае адданыя прамовы на вуліцах. Цяпер кожнае добрае слова, як лыка ў страку. Ну, то да вечара, князь…
Осцей. Осцей…
Княгіня. Так, Осцей. Але чыйго ж ты бацькі будзеш дзіця?
Осцей. Усе мае дзядзькі, Альгердавічы, лічаць мяне за свайго сына.
Княгіня. Няйначай, шчаслівы расцеш? Дзядзькоў у цябе багата. А ўдзел маеш?
Осцей. Чаго няма – таго няма.
Княгіня. Вядома, сірата. Затое героем ніхто не забароніць стаць.


К А Р Ц І Н А  X І I


Недзе на дарозе з Серпухава на Маскву галоўны лагер Тахтамыша.
У белай вежы разам з ім ардынскія мурзы.

Адзін з татараў (укленчвае перад ханам). О, вялікі і мудры! Масква чакае цябе! Учора былі адчынены ўсе вароты! Багатыя людзі бягуць з рускай сталіцы. Мы зноў уначы завезлі туды некалькі бочак п’янага зелля. Недзе з раніцы сёння на вуліцах Масквы зноў суцэльнае п’янства. Любяць рускія людзі пакрычаць у п’яным выглядзе.
Тахтамыш. Значыць, вароты ў Маскву адчынены?
Адзін з мурзаў. Так, вялікі хан. Пара займаць Маскву.
Тахтамыш. Мне не сама Масква патрэбна. Мне патрэбны ў ёй жах, які там распаўсюджваецца. Помніце, зноў авалодаць Руссю, каб яна надоўга падпарадкавалася нам, можна толькі праз жах. Рускія павінны заўсёды баяцца нас, вялікіх маголаў. Так што, дадзім для пашырэння жаху ў Маскве яшчэ дзень-два, а тады ўжо рушым туды свае ўлусы. Што яшчэ новае ў рускай сталіцы?
Мурза. Прыехаў ад парубежных Альгердавічаў малады князь па імені Осцей.
Тахтамыш. Хто ж яго прыслаў?
Мурза. Князі Бранскі і Кіеўскі. Ёсць звесткі, што з імі ў змове і князь смаленскі Святаслаў.
Тахтамыш. Ад вялікага князя Ягайлы што-небудзь было?
Мурза. Ягайла, як і заўсёды, хітруе.
Тахтамыш. Нічога, гэты раз мы і хітрасць ягоную скарыстаем. Я – не Мамай. Гэта той меў дурноту спадзявацца на літоўцаў на Куліковым полі. Літоўцы, вядома, прыйшлі, але не да яго, а да маскоўскага Дзмітрыя. Не, мы не станем гэты раз чакаць літоўцаў. Але трэба апярэдзіць і бранцаў, і смаленцаў, і кіяўлян. Ды і палачанаў. Дык што гэты малады літоўскі князь у Маскве робіць? Як яго? Осцей?
Мурза. Нашы людзі сочаць за ім. Быў у вялікай княгіні.
Тахтамыш. Яна ўсё яшчэ ў Маскве?
Мурза. Так.
Тахтамыш. Цікава.
Мурза. Усё спрабуе арганізаваць абарону сталіцы.
Тахтамыш. У бабы валасы доўгія, а розум кароткі. Так было, так і будзе. Дык што малады літоўскі князь?
Мурза. Па ўсім відаць, што маскоўская княгіня яго прыручае. Ці не хоча вылучыць сярод ваяводаў, якіх мы моцна-ткі палохаем? Цяпер ужо сярод іх, здаецца, ніводны не рвецца ў галоўныя. А гэты літвін можа спакусіцца на лаўры героя.
Тахтамыш. Таксама дурны, бо малады. Нічога, будзе добрым для мяне амаматам. Дружына ў яго вялікая?
Мурза. З ім у Маскву прыехала дзесяць вояў.
Тахтамыш. Дзесяць – не цьма. Клічце рускіх сюды.

Заходзяць рускія князі, ваяводы, баярскія дзеці. Кланяюцца.

Праз два дні рушаем на Маскву!
Галасы. Пара, даўно пара, вялікі хан.


К А Р Ц ІН А  X І I I


Масква.
Княгіня Яўдокія, Осцей, кіеўскі баярын, суконшчык Адам, ваяводы, баяры.

Княгіня. Князь Осцей прыехаў да нас ад удзельных парубежных літоўскіх князёў. Прывёз іхнюю прыязнасць да бяды і падтрымку. Князі бранскі, кіеўскі хоць сёння гатовы выступіць на дапамогу.
Адзін з прысутных. Што нам літоўскі князь? Ты лепей скажы, княгіня, дзе твой муж, а наш вялікі князь Дзмітрый Іванавіч?
Княгіня. Усё яшчэ недзе ў Кастраме.
Адзін з прысутных. От бачыш, вялікі князь у Кастраме, а ты нам яшчэ пра нейкага князя!
Княгіня (нібыта не пачула). Я вось пра што падумала, ваяводы і баяры. Ці не прасіць нам маладога літоўскага князя таксама ўзяць на сябе клопат па абароне горада.
Адзін з прысутных. Няхай скажа.
Княгіня. Гавары, князь.
Осцей. Я аб’ехаў са сваімі дружыннікамі Маскву. Вядома, ні пра якую абарону ў горадзе ніхто не дбае. Паўсюдна паміж маскавітаў непадпарадкаванне, гульба.
Адзін з прысутных. Пра гэта ўсім вядома. Гавары: што думаеш?
Осцей. Трэба навесці ў сталіцы парадак. Усіх вольных неабходна накіраваць на ўмацаванне гарадскіх сценаў. Тым часам служылыя павінны стаць пад старыя і новыя сцягі, ствараць палкі.
Адзін з прысутных. А што рабіць з тымі, што бягуць з горада?
Осцей. Няхай бягуць. Але калі самі не хочуць абараняць сталіцу, няхай аддаюць на абарону сваю маёмасць.
Адзін з прысутных. А калі хто не стане аддаваць?
Осцей. У таго – гвалтам забіраць. Сёння ж неабходна таксама стварыць штаб абароны з усіх саслоўяў. Таму няхай звоніць апошні раз вечавы звон. Такія пытанні з народам трэба вырашаць. Пасля ўжо настане час адзінаначалля.
Адзін з прысутных. А што скажа на гэта вялікі князь, як вернецца?

Осцей не рашаецца гаварыць. Тады нібыта ачуньвае вялікая княгіня.

Княгіня. Дзмітрый Іванавіч, ваш князь, а мой супруг, усё ўхваліць, што пойдзе на карысць барацьбы з іншавернікамі. Мая ў тым парука. Але скажыце, што вы думаеце пра тое, што гаварыў тут малады князь.
Адзін з прысутных. Сказаць – адно, зрабіць – усім другое. Калі гэтак талкова думае, то няхай і робіць. Усё роўна на падобнае няма каму рашыцца. Але, княгіня, будзеш тады адказваць пры народзе за яго, раз прапанавана.
Княгіня. Гатова ручацца.
Адзін з прысутных. Дык што, даверымся чужаку? Ганьба, якая ганьба! Быццам сваіх, рускіх князёў, не было?
Княгіня. Пара канчаць звадкі! Яны на Маскве дужа зацягнуліся перад тварам небяспекі. Да раніцы трэба заняць конным і пешым усе валы ўздоўж горада, загарадзіць вароты, рагаткі паставіць. З Богам!

Вялікая княгіня першая выходзіць з палаты. За ёю натоўп.

Галасы з натоўпу. I адкуль у нашай княгіні ўзялася такая спрытнасць? Гаворыць, што той герой яе альбо ваявода. Дзе цяпер герой? Шукай ветру ў полі. Як лічыш, паспеюць нашы маскавіты адумацца, пакуль татары не захапілі горад?


К А Р Ц І Н А  X I V


Між тым, ардынскае войска ўжо на падыходзе да Масквы было. Тахтамыша неслі пад каляровым балдахінам. Адзін з ягоных мурзаў падскочыў да хана, кінуўся на калені.

Мурза. О, вялікі і мудры!
Тахтамыш (прыўзняў каляровую бачыну). Што там яшчэ?
Мурза. Маскавіты за гэтую ноч пазасланялі свае вароты. Рагаткі скрозь стаяць. Воіны з пікамі ды сякерамі.
Тахтамыш. А вежы? Вежы таксама ўмацаваны?
Мурза. На вежах таксама стаяць узброеныя маскавіты.
Тахтамыш. Калі гэта яны паспелі зрабіць? I хто?
Мурза. Кажуць, у рускай сталіцы з’явіўся нейкі літоўскі князь.
Тахтамыш. Чаму твае людзі не перахапілі яго па дарозе?
Мурза (нікне галавой). Вінават, о вялікі!..
Тахтамыш. А ведаеш, што мы робім з вінаватымі?

(Да стражы). Гэй, забярыце яго адсюль!
Стража накідваецца на мурзу, валачэ прэч.
Мурза ўпіраецца, штосьці крычыць.

(Услед). Шайтан! (Тады падзывае да сябе другога военачальніка, доўга маўчыць, ажно пакуль не спахопліваецца, што войска таксама спынілася). Затрымлівацца больш не станем. Не можа таго быць, каб маскавіты сапраўды паспелі ўмацаваць горад. За адну ноч ды за адзін дзень? Не, такога не бывае. Як думаеш, мурза?
Военачальнік. Мурза Кіркіль дарэмна раіў, хан, пачакаць з подступам да Масквы. Плод не заўсёды падае з дрэва, нават калі і саспее. Дзеля гэтага трэба калаціць грушы.
Тахтамыш. Заменіш мурзу Кіркіля. Я павінен кожную хвіліну ведаць, што робіцца ў Маскве. А таго літоўскага прыблуду, які прыйшоў на службу да маскавітаў, неабходна злавіць і прывезці да мяне ў мяшку. Мы павінны адвучыць бадзягаў-літоўцаў паказваць свой дзікі характар ды ўмешвацца ў нашы тутэйшыя справы. Нябось, дзядзьку свайго, вялікага князя Ягайлу, не спытаў!
Военачальнік. Слухаю, о вялікі і магутны!
Тахтамыш. А мурзу Кіркіля закідайце пры гэтай дарозе камянямі. Мне не патрэбны нядбайныя слугі. Але каб кожны воін кінуў у яго камень.


К А Р Ц І Н А  X V


Масква. Млын на Няглінцы. Тут князь Осцей. З ім суконшчык Адам. Доўгі ланцуг з зернем. Сяляне навакольных вёсак прывезлі па просьбе гараджан маладое жыта на памол. З’яўляецца кіеўскі баярын.

Баярын (да князя Осцея). Жадаючых пакінуць Маскву, князь, не ўбавілася. Расстаюцца з маёмасцю, але рвуцца вонкі.
Осцей. Бяды з гэтага вялікай не будзе, калі мы адпусцім людзей з горада Колькі народу звялі ў палкі сёння?
Баярын. Усіх, хто пажадаў. I яшчэ ўсе ідуць.
Осцей. Бачыш, людзей у Маскве хапае для абароны яе. А ў палкоўнікі трэба смялей выбіраць дзяцей баярскіх. Цяпер трэба баяцца доўгай асады, калі наступае голад. Таму няхай маскавіты пакідаюць горад. Галоўнае, каб маёмасць па сваёй ахвоце аддавалі на агульную справу.
Баярын. З гэтым на выездах, здаецца, строга.
Осцей. Яшчэ стражэй, баярын, яшчэ стражэй! Што відаць з маскоўскіх сценаў?
Баярын. Кругом дымы стаяць.
Осцей. Значыць, Тахтамыш блізка. Трэба і нам падавацца да войска. А тут, на млыне, няхай пакуль пабудзе Адам. Хутка яму замену прышлём. Ірвецца таксама ў бойку.
Баярын (глядзіць на суконшчыка). А што, князь, чым не воін?
Осцей. Галоўнае, што таксама наш, рускі літвін.
Баярын. Ды ўжо ж…
Осцей (да суконшчыка Адама). Мы адсюль з баярынам заглянем на бойні. А ты глядзі, каб муку акуратна на амбары вазілі? Запасы спатрэбяцца. Тахтамыш не на адзін дзень да Масквы падступаецца.
Адам. Добра, князь. Але доўга не трымай мяне тут. Мне таксама хочацца жывот свой пакласці за веру і айчыну.

Осцей ад’язджае. Да суконшчыка Адама падыходзіць чалавек, на ім мяшок ад пылу.

Чалавек. Хто гэта быў?
Адам. А табе ўсе трэба ведаць? Гаспадар мой.
Чалавек. Як таму, што бачыў недзе яго. Ці не літоўскі князь, што гэтак неспадзявана стаў у нас за галоўнага ваяводу?
Адам. А хоць бы і ён.
Чалавек. Ты б параіў князю, каб пасцярогся. Шнырылі тут сёння нейкія сябры млынаровы. Ён жа таксама татарын, млынар наш. Дык чуў, як адзін казаў яму, моў, загадана літоўскага князя ўкрасці. Балазе без вялікай дружыны паўсюль ездзіць. Так што, падумай.


К А Р Ц І Н А  X V I


Палаты вялікай княгіні. У яе князь Осцей.

Княгіня. Дабрынёй і разважлівасцю ты, князь, нечакана зачараваў нашых гараджан. А можа, і праўда чараўнік?
Осцей. Усяму прычыны, княгіня, твой давер да мяне. Да таго ж, вашы маскавіты дужа знявераны ў сабе былі. Таму вось і паверылі ў цуд.
Княгіня. Хіба што!.. Кажуць, паблізу Масквы ўжо бачылі маголаў.
Осцей. Так, княгіня. На серпухоўскай дарозе іх найбольш. Але яшчэ не ўся сталіца ўзята ў аблогу. Ёсць вольныя і ўезды, і выезды.
Княгіня. Скажы, князь, Тахтамыш знянацку не захопіць горад?
Осцей. Ужо не, княгтня. А то я жахнуўся быў, калі трапіў сюды. Здаецца, народу ўжо ўсе роўна было – пагражаюць татары ці не. Усе ганяліся за мітрапалітам.
Княгіня. Я не ўхваляла ягоны ад’езд. Але ж у яго свая ўлада. Дык кажаш, князь, сталіцы нішто не пагражае?
Осцей. Падзеі толькі пачынаюцца, княгіня. Заўтра мы ўбачым са сцен татарскую раць. Але нашы воі ўжо моцна трымаюць зброю ў руках. Хвала Госпаду, што па гарадскіх складах шмат засталося і мячоў, і дзідаў яшчэ ад Мамая. Цяпер мы ствараем харчовыя склады. Добра, што час такі – на гародах у слабодах зеляніны хапае, буракоў, рэдзькі. Пабываў я і на млынах, і на бойнях. Вось толькі пякарняў мала ў Маскве.
Княгіня. Трэба хлеб пячы па дварах. Выдаваць гаспадарам муку. Ці хапае ж для ўсяго гэтага спраўных людзей?
Осцей. Масква ж не абязлюдзела дашчэнту. Якраз дзелавыя людзі і застаюцца ў горадзе.
Княгіня. А што, князь, сёй-той яшчэ спрабуе пакінуць нас.
Осцей. Так. Нават нягледзячы, што маёмасць даводзіцца здаваць на карысць абарончай казны.
Княгіня. Чаго толькі не робіць з людзьмі страх!
Осцей. Твая праўда, княгіня, у страха вочы вялікія. Але не пакрыўдуй на мяне. Паколькі ў горадзе, можна лічыць, усё асталявалася, ці не падумаць нарэшце і табе, матухна княгіня, пакінуць гэтыя палаты?
Княгіня. Князь, што гэта прыйшло ў голаў табе? Я мітрапаліту ў гэтым адмовіла! Вось ужо ад каго гэтакай парады не чакала, дык гэта ад цябе, князь. На сябе вунь які цяжар усклаў, а мне ганьбай пакрыць сябе раіш!
Осцей. Я гэта таму, княгіня, што з табой дзеці. I справы ў нас не без твайго ўдзелу паправіліся. I выезды з горада яшчэ ёсць вольныя. Напрыклад, на тую ж Кастраму.
Княгіня. Хопіць ужо выганяць мяне да мужа! Муж сваё робіць, я – свае. Не так жа ён пакінуў мяне тут? Усявышні, няйначай, падзяліў такім вось чынам паміж нас агульны клопат. Лепей скажы мне, князь, ці наладжана сувязь з вялікім князем у Кастраме? Ды і брату ягонаму, Уладзіміру Андрэевічу, варта было б паведаміць, што ў нас тут з’явілася надзея на абарону. Няхай паспяшаюць на выручку.
Осцей. Баяры сёння тым і займаліся, што пасылалі ва ўсе бакі ганцоў. А я склаў лісты ў Смаленск, Бранск і Кіеў.
Княгіня. Што б мы рабілі без цябе, князь. Няйначай, сапраўды нам паслаў цябе Бог.
Осцей. Але тым не менш, мне будзе неспакойна ад таго, што вялікая княгіня з дзецьмі застаецца ў асадным горадзе!..
Княгіня. Няхай у цябе пра гэта галава не баліць. Досыць, што я ганьбы нацярпелася праз бацькаву здраду. Калі што, то і людзі мяне не асудзяць, і дзеці зразумеюць. Да таго ж, я раілася з імі. Ніхто не азваўся за ўцёкі з Масквы.
Осцей. Як знаеш, княгіня. Можа, я і праўда чаго не разумею. Але мне пара да Серпухоўскіх варот. Там кавалі з раніцы жалеза плешчуць.
Княгіня (хрысціць літоўскага князя). Няхай цябе шануе Бог, князь. Мы будзем маліцца і за нашу агульную справу, і за цябе. Для гараджан таксама варта было б адчыніць цэрквы, няхай памоляцца за перамогу рускай зброі.
Осцей. Амін!


К А Р Ц І Н А  X V I І


Маскоўская вуліца. Князь Осцей з кіеўскім баярынам спяшаюцца на край горада. I раптам аднекуль з’яўляюцца лютага выгляду людзі, накідваюцца з ятаганамі на нашых знаёмых. Першага налётчыкі абступаюць баярына.

Баярын (адбіваючыся). Зважай, князь! Князь адскоквае ўбок, выхоплівае меч.
Осцей. А ну-тка, ну-тка! Меч у ягоных руках рухаецца спрытна, і неўзабаве ўжо адзін з нападаючых падае на дашчаны насціл. Кіеўскі баярын таксама параніў кагосьці.
Адзін з нападаючых (крычыць). Сетку давайце, сетку! Зараз мы гэтага літоўскага выскачку, як сусліка, схопім!

Але на выручку князю Осцею нечакана паспявае суконшчык Адам. З ім літоўскія дружыннікі. На зямлі ляжаць трупы.

Баярын (да суконшчыка). Адкуль ты?
Адам. Хіба важна адкуль? Галоўнае – у час.
Осцей. Ты ведаеш гэтых людзей?
Адам. Татарскія лазутчыкі. Я за імі на млыне сачыў. Добры чалавек там падказаў, што маюць намер захапіць цябе, князь, каб адвезці ў лагер Тахтамыша.
Осцей. Значыць, і рыбацкая сетка для гэтага спатрэбілася. Ну, дзякуй табе, суконшчык. Каб не ты, то невядома яшчэ, каму цяпер ляжаць бы на гэтых маскоўскіх дошках.


К А Р Ц І Н А  X V I I I


Белая вежа Тахтамыша. Тут вялікі хан, ягоныя мурзы, рускія здраднікі.

Тахтамыш (седзячы за нізкім дастарханам, але без ежы). Мне даносяць, што сёння ўжо відаць Маскву.
Хтосьці з рускіх здраднікаў. Так, о вялікі хан!
Тахтамыш. І ніякіх войск перад Масквой?
Военачальнік. Маскавіты заперліся ў сваёй сталіцы.
Тахтамыш. Чым болей іх там збярэцца, тым для асады лепей.
Хтосьці з рускіх здраднікаў. А можа, яны яшчэ перадумаюць. Можа, сёння ж здадуцца на літасць тваёй моцы, о вялікі!
Тахтамыш. Ды мне яшчэ ўчора гэтак здавалася. Але гэты літоўскі князь… Літоўцы ўвогуле мне шкодзяць. У Ягайлы знайшлі прытулак мае лютыя ворагі – родзічы Мамая. Мурзы яго ў прырубежных княствах ледзь не зубамі клацаюць у наш бок. Цяпер гэты малады недарэка. Нябось, таксама лаўры героя мрояцца.
Хтосьці з рускіх здраднікаў. Молада-зелена. Маскавіты ўхапіліся за яго, як за апошні паратунак. Ім нічога не заставалася больш. Да таго ж вялікая княгіня…
Тахтамыш. Возьмем рускую сталіцу – аддам яе замуж за самага брыдкага мурзу. Усе смяюцца. (Да мурзы-военачальніка). Ты ж абяцаў, хан, што літоўскі князь ужо сёння тут будзе?
Военачальнік. О, вялікі і мудры! Па ўсёй Маскве нашыя людзі дзейнічаюць, рыбацкія сеткі з сабой носяць…
Тахтамыш. Што з таго, што твае людзі па Маскве без карысці бадзяюцца?!
Военачальнік. Будзе карысць, вялікі хан!.. Клянуся алахам!
Тахтамыш. Глядзі, мурза, не з тым жартуеш!
Военачальнік. Учора і сёння ўжо трох маладых князёў з Масквы прыцягнулі, але сапраўднага ўсе не ўдаецца злавіць. Кажуць, і адзін раз спрабавалі сетку накінуць на яго, і другі, але дарэмна: вёрткі, шайтан. Да таго ж, як адразу адрозніш? Усе яны, што літоўцы, што рускія, на адзін твар.
Тахтамыш. Урэшце, не так шайтан страшны, як яго малююць. (Да рускіх). Так, здаецца, на Русі гавораць.
Галасы. Так, так, о вялікі!
Тахтамыш. Дзе цяпер знаходзіцца цесць данскога героя, ніжагародскі князь Дзмітрый? Колькі крокаў наперад робіць нейкі татарскі службовец.
Службовец. Рухаецца следам за тваёй ханскай вялікасцю ў абозе.
Тахтамыш. Ён мне неўзабаве спатрэбіцца. А цяпер – мая воля вам і войску, якое наперадзе ў вас. Сёння ж да вечара ўзяць рускую сталіцу ў аблогу. I каб не адзін пацук адтуль не выслізнуў вонкі. Якое сёння чысло?
Службовец. Па нашым календары…
Тахтамыш. Не трэба мне нашага… Тут і зоркі і ўсе астатняе дзейнічае па іхнім календары.
Службовец. Па іхнім – дваццаць трэцяга жніўня.
Тахтамыш. Познімся, познімся! Трэба як хутчэй канчаць справы на Русі. Кажуць, год сёлетні неспрыяльны будзе. А тут ужо восень. Па начах чуваць, як угары на наш Ітыль ляцяць адсюль птушкі.
Хтосьці з рускіх здраднікаў. Гусі, журавы…
Тахтамыш (усміхаецца, як у незразумелай радасці). Так, так – гусі, журавы. Смачныя яны на дастархане. Але ваш хан тым не менш усё яшчэ на Русі. Старыя людзі некалі расказвалі, як запазніўся некалі Бату тут. Цяжка было па разводдзю выходзіць дамоў. Шмат коней і воінаў дарэмна палегла. Так што заўтра пачынаем галоўную бітву ў гэтым паходзе. Рускія павінны ведаць, дзе знаходзяцца іхнія валадары.
Галасы. О так, вялікі і мудры!
Тахтамыш (да военачальніка). Паляванне на літоўскага князя не спыняць. Хачу паглядзець на незвычайнага хвалько, які асмеліўся кінуць рукавіцу вялікаму золатаардынскаму хану.
Военачальнік. Слухаю і падпарадкоўваюся, о вялікі і магутны!
Тахтамыш. I яшчэ. Сачыць, каб Дзмітрый маскоўскі не рушыў войскі на дапамогу Маскве. Ягоны брат, Уладзімір, таксама недзе блізка бадзяецца. Не варта забываць тым часам і пра бранскага князя, кіеўскага, смаленскага… Сёння яны ўсе яшчэ чакаюць, што будзе, але як толькі мы напаткаем тут перашкоды ды затрымаемся, заварушацца, стануць спяшацца ратаваць сталіцу. Спадзяюся, усім зразумела гэта?
Галасы. О так, вялікі і мудры!
Тахтамыш. Тады за справу!

Папіхаючы адзін аднаго, татарскія мурзы і рускія здраднікі выходзяць.


К А Р Ц І Н А  X I X


Князь Осцей і кіеўскі баярын паблізу ад маскоўскага Крамля. Тут жа і суконшчык Адам, але ўжо ў баявых даспехах.

Осцей. Але ты мне, баярын, не да канца расказаў, як дзед мой Альгерд прыносіў на Паклонную гару некалі велікоднае яечка.
Баярын. Калі тут было ўспамінаць пра гэта? Адно толькі і робім, што адбіваемся ўвесь час ад нейкіх цёмных людзей. Ну і паляванне хтосьці наладзіў на цябе, князь, акурат на таго вепра.
Осцей. Я і сам дзіўлюся Але думаю, што гэта Тахтамыш недзе трывогу забіў. Яму цяпер я, бы костка ў горле. Думалася, што Масква будзе ў п’яным выглядзе трызніць, ажно пакуль ён не апынецца ў Крамлі. А тут раптам вароты перад ім пазачынялі.
Адам. Нечакана і даволі трывала. Вось толькі не паспеў я надзець у новае сукно створаныя палкі. Толькі па зброі і пазнаеш вайсковага чалавека.
Осцей (з усмешкай). Ну то як, баярын, мой дзед у тутэйшы Крэмль велікоднае яечка насіў?
Баярын. Ды проста. Маскоўскі князь убачыў на Паклоннай гары літоўскія войскі – міру папрасіў. А дзед твой, моў, згодны. Тады ўвайшоў з баярамі сваімі ў Крэмль, ударыў дзідай у сцяну на памяць і ўручыў чырвонае яйка маскоўскаму князю. Але сам я ў той раз не хадзіў з тваім дзедам на Маскву. Можа, гэта ўвогуле выдумка.
Осцей. Няхай хоць і выдумка, але прыемна.
Баярын. Каму што. Кожны свайго чыну шукае. Вось ты без бойкі і пагрозы Маскву пад сваю ўладу ўзяў.
Осцей. Гэта ўлада неспадзявана на мяне звалілася. Ды як кошка са страхі.
Баярын. Новая справа – новы клопат, князь: пільнуйся цяпер здрады. Калі што якое, маскавіты выкупяцца тваёй галавой перад маголамі.
Осцей. Згубіўшы галаву, па валасах не плачуць, баярын. Здаецца, так гавораць па нашай Русі.
Баярын. Але ж таксама непарадак. Іхняя Русь, наша Русь. Некалі сапраўдны русін цяпер у Кіеве іншы раз хутчэй завецца літоўцам Чым гэта растлумачыць, князь?
Осцей. Пра гэта толькі вешчыя людзі ведаюць. Няйначай, і ў кніжках ёсць. Ды калі іх чытаць. Час ужо і нам далучацца да вояў.

Ідуць далей.


К А Р Ц І Н А  X X


У адной з вежаў Крамля. Заходзіць князь Осцей са сваімі спадарожнікамі.

Адзін з маскоўскіх ваяводаў. Мы ўжо зачакаліся цябе, князь.
Осцей. Я – ад Серпухоўскіх варот. Там ужо татары на сваіх зварушлівых конях, здалёк. А самыя адважныя да сценаў падскоквалі. Чамусьці пытаюцца, дзе вялікі князь?
Ваявода. Я чуў. Гэта старыя воі. Можа, яшчэ з Мамаем прыходзілі, бо па-нашаму размаўляюць.
Осцей. Як у нас справы, ваявода?
Ваявода. Здаецца, нядаўні страх у горадзе мінуўся ўжо. Людзі паднялі галовы. Была б дадатковая зброя, можна б яшчэ два папкі сабраць. Няхай бы стаялі ў запасе.
Осцей. Але добраахвотнікаў не варта адсылаць назад да-моў. Сёння адны стаяць з мячамі на сценах, заўтра там другія зоймуць іхнія месцы.
Ваявода. Так, князь. Гэта ўжо як правіла. Але ў горадзе яшчэ шмат розных бадзяг, нават шаек. Табе хадзіць небяспечна.
Осцей. Пакуль адбіваемся. (Паказвае на сваіх спадарожнікаў).
Ваявода. Да пары, да часу. Але ж тваё месца тут, князь. Абаронай Масквы будзем кіраваць адсюль.
Осцей. Трэба паклапаціцца пра вялікую княгіню.
Ваявода. Так, князь. Мы ўжо распускаем чуткі, што яе ў горадзе няма. Паехала да мужа.
Осцей. Не на шкоду гэта?
Ваявода. Цяпер і сам не ведаеш, што на шкоду, а што не. Мы тут з баярамі падумалі, што на карысць.
Осцей. Ваша княгіня, вам і клопат пра яе мець. А я ёй не здраджу.

Сцэна мяняецца.


К А Р Ц І Н А  X X I 


Недзе ў абозе Тахтамыша аціраецца ніжагародскі князь Дзмітрый Канстанцінавіч. З ім каля паходнае фуры ягоныя сыны, чэлядзь. Князь карыстаецца воляй, на якую яшчэ не пасягае ардынскі хан.

Дзмітрый (разважае перад сынамі). Даншчыкам быць – гэта адно. Хто на Русі ў апошнія гады не плаціў ардынцам. Нават Аляксандр, які пабіў на Чудскім возеры крыжакоў, ездзіў у Сарай выслужваць ярлык. Дык дзе цяпер нам? Ну, пабілі Мамая. Ну, падалося, што вольнымі сталі. Але ці надоўга?
Сын Васіль. Затое хоць на адзін год, аднак на Русі волю адчулі.
Дзмітрый. У чым ты яе бачыў, тую волю?
Сямён. У тым, што болей татарын не здзекаваўся.
Васіль. Усё-ткі ёсць розніца ў тым – аддаваць чорту лысаму ці яшчэ каму шкуркі, якія ў куфрах часцей гніюць, ці здзек на сабе адчуваць. Ты, бацька, вырас у залежны час. А цяпер нас прымушаеш ардынскаму хану служыць.
Дзмітрый. Нічога вы не разумееце. Што здзек, што прымус – адно і тое ж. Мне вунь зяцю свайму, Дзмітрыю Іванавічу, не заўсёды хочацца да зямлі кланяцца.
Сямён. Як там сястра наша?
Дзмітрый. Хто кажа – у Кастраму, да мужа нарэшце падалася, хто кажа – у Маскве.
Васіль. Пры жывым бацьку ды здаровых братах сіратой сябе пачуваць? Як гэта? Я іншы раз думаю, дарэмна ты нас, тату, пасылаў найперш да ардынскага хана.
Дзмітрый. Ну, ты! Прыкусі язык! Каяцца надумалі?
Сямён. Каяцца – не каяцца, але грэшныя думкі часам узнікаюць: замест таго, каб у гэтым ханскім абозе, як у калчане тырчаць, дык лепей у Маскве дзе-небудзь на вале з дзідай стаяць.
Дзмітрый (уздыхае). Неразумныя вы ў мяне яшчэ. Знаходзячыся тут, я ратую тым самым і вотчыну нашу, Ніжні Наваград, і сястру вашу, якую няведама дзеля чаго данскі герой адну з дзецьмі пакінуў. Мы яшчэ клопат будзем мець з гэтым, калі Тахматыш Маскву захопіць. Я ўсё думаю, якую ўмову ён паставіць перад намі за сястру. Няйначай, камусьці з вас давядзецца ў Арду надоўга паехаць.

Дзмітрый абводзіць дапытлівым позіркам сыноў. Тыя маўчаць.
Заходзіць ханскі пасланец.

Пасланец. Бачка-князь, вялікі хан патрабуе твайго прыезду ў галоўную вежу.
Дзмітрый. Ну вось, і да нас чарга дайшла, сынкі. Збірайцеся. А там – што наканавана, таго не мінаваць.

У паходнай княжацкай фуры хтосьці пачынае хныкаць, здушваючы ў сабе плач.


К А Р Ц І Н А  X X I I


Ужо ці не трэці дзень ідзе аблога Масквы. Каля Флароўскіх варот князь Осцей, кіеўскі баярын, іншыя воіны. Толькі што адбіты чарговы наступ маголаў.
Але дзеля гэтага палку, які абараняе Флароўскія вароты, давялося рабіць вылазку за сцены горада. Цяпер харобрыя русічы вяртаюцца назад.
Нясуць забітых, вядуць параненых. Князь Осцей кідаецца да суконшчыка Адама, які ўзначальваў вылазку.

Осцей (да Адама). Бачыў, бачыў! Малайцы, яшчэ дзве такія вылазкі за вароты, і ў Тахтамыша не застанецца тут вояў.
Адам (паказвае на забітага татарскага мурзу, якога прынеслі з таго боку). Вазьмі, князь, як першы мой падарунак табе. Кажуць, самы любімы ханскі мурза.
Осцей. Дзякуй, дарагі мой суконшчык і брат. На тваім рахунку яшчэ многа будзе такіх перамог. Але ж вас багата палегла ў гэтай вылазцы?
Адам. Так. Ваяводу свайго мы таксама страцілі.
Осцей. Полк каля гэтых варот узначаліш ты. Заўтра галоўны прыступ. Татары пойдуць на ўсё, каб зламаць супраціўленне. Мы з баярынам – у галоўную вежу.

Князь Осцей і кіеўскі баярын з малой дружынай знікаюць.


К А Р Ц І Н А  X X I I I


Стаўка Тахтамыша. Хан ужо траціць усходнюю стрыманасць.
Ускоквае з дывана, крычыць на прысутных.

Тахтамыш. Чацвёрты дзень, а Масква яшчэ не ўзята. Хто мне абяцаў, што яна саспела і гатова ўпасці да ног пераможцы?
Военачальнік. Мы робім усё, на што здольныя твае воіны, о вялікі і мудры! Будзем штурмаваць рускую сталіцу, пакуль не звядуцца людзі і не рассыплюцца сцены!
Тахтамыш. Але што мне скажа вялікі Тамерлан, калі да яго вушэй дойдзе, што я дарэмна пад Масквой палажыў лепшае ардынскае войска?

Военачальнік маўчыць.

Маўчыш? Што ж, сабаку – сабачая смерць!

Военачальніка хапае ханская варта, валачэ з вежы.

Хто заўтра павядзе на гарадскія сцены маіх адважных маголаў?

З натоўпу выступае малады мурза.

Малады мурза. Я, о вялікі і мудры!
Тахтамыш. (неяк зніякавела глядзіць на маладога рызыканта, тады згаджаецца, толькі дадае). I не баішся смерці?

Дзіўна, але гэтае рашэнне дзейнічае на ўсіх прысутных; і мурзы, і рускія здраднікі пачынаюць пакідаць стаўку.

(Да сваёй варты). Прывядзіце Ніжагародскага князя. Я па яго пасылаў.

Заходзіць цесць вялікага князя маскоўскага.

(Да Дзмітрыя Ніжагародскага). Бачыш, зоркі здраджваюць мне пад Масквой. Сёння яны спрыяюць маскавітам. (Пільна глядзіць, як рэагуе рускі князь). Ды яшчэ нейкаму літоўскаму смаркачу. Ты ведаеш яго?

Дзмітрый. Не. Там, у Альгерда, столькі было дзяцей, што яны наўрад ці і самі разабраліся, хто ёсць хто. Але сыны мае з ім сустракаліся. Старэйшы мой якраз ягонага года.
Тахтамыш. Тым лепей. Спадзяюся, мая цяперашняя няўдача не перапалохала цябе? Наша дамова застаецца ў сіле. На Ніжні Ноўгарад і на ўсё княства тваё ніхто не стане пасягаць. Ну а што датычыць данскога героя, дык ён твой зяць. Неяк разберацеся. Хоць гаварыць падобнае не ў нашых магольскіх звычках, але дачка твая аказалася большым героем, чым зяць.
Дзмітрый. Бог яму суддзя. Навошта зваў, вялікі хан?
Тахтамыш. Хачу перамовы пачаць з Масквой. На гэта ёсць прычыны. Цяпер я не стану пра іх табе гаварыць, але возьмем на сябе клопат падрыхтаваць пасольства. З маімі мурзамі да Масквы пойдуць твае сыны, раз адзін з іх ведае літоўскага князя, ад якога цяпер у рускай сталіцы шмат што залежыць.
Дзмітрый. Слухаю, мой уладар.
Тахтамыш. Няхай паслы скажуць маскавітам, што я іх люблю, як добрых сваіх падданых.
Дзмітрый. Ці добра гэта – цяпер пра падданых?
Тахтамыш. Думаеш, лейчыну пад хвост падсунем?
Дзмітрый. Пасольства – рэч далікатная.
Тахтамыш. Ну, тады неабходна пачаць з таго, што я ўвогуле люблю іх. I не хачу ваяваць з імі. Мой вораг – адзін вялікі князь. У нас да яго свае рахункі. I як толькі жыхары Масквы паслухаюцца ды выйдуць за вароты з дарункамі, я загадаю сваім ардынцам адысці ад сцен. Сам жа наведаю горад, абыду, вазьму ў ім, што мне належыць, і здыму канчаткова аблогу, каб вярнуцца на свой родны Ітыль. Але няхай паслы скажуць маскавітам і пра маю самую важную ўмову – рускае пасольства павінен узначаліць малады літоўскі князь. Зразумела? Яму гонар, а мне ўцеха.
Дзмітрый. Спадзяюся, што мае сыны зробяць сваю справу.
Тахтамыш. А як нашай справе падумаюць здрадзіць? Гэта яны тут, пры табе, паслухмяныя, а волю пачуюць?..
Дзмітрый. Хто ж стане падобнае рабіць, калі гаворка пойдзе пра мір?
Тахтамыш. Ну, пакуль да сапраўднага міру дойдзе, у маскоўскіх рэках вада сплыве. Галоўная задача цяпер пераканаць маскавітаў, што я прывёў свае ўлусы ў сярэдзіну Русі, каб збіць з іхняга вялікага князя пыху пасля Дона. Да іх жа, саміх жыхароў маскоўскай сталіцы, нічога ні злога, ні патаемнага не маю. Няхай расчыняюць вароты, выходзяць і ўваходзяць праз іх, у маіх маголаў ёсць чым гандляваць. Словам, хачу, каб усё было, як пры Бату.
Дзмітрый (ківае галавой). Вялікі хан быў…
Тахтамыш. Мне таксама ягоная слава патрэбна. То як? Бярэшся, князь Дзмітрый, наладзіць пасольства? Хіба табе не хочацца глянуць на ўнукаў?
Дзмітрый. Быў адтуль перабежчык, мой чалавек, дык таксама сведчыў. Але ні з дачкі маёй, ні з унукаў ніводнага воласа не ўпадзе? Пацвярджай зноўку, хан, каб мне пасля галаву сваю не драць кіпцямі.
Тахтамыш. Мне вялікі князь патрэбны, а бабы ды дзеці!..
Дзмітрый. Ну, раз ты да мяне з дабром, вялікі хан, то я табе паслужу яшчэ. Будзе табе пасольства, наперадзе якога выйдзе літоўскі князь.
Тахтамыш. Ты разумна гаворыш, князь. Няхай наперадзе рускага пасольства выйдзе літоўскі князь як герой цяперашняй маскоўскай абароны. I няхай галоўная сустрэча паміж абодвума пасольствамі пройдзе па гэты бок маскоўскіх умацаванняў. Так і скажы тым, хто ўвойдзе ў наша пасольства: у Крамлі не затрымлівацца. Крэмль для стэпавых наезнікаў – пастка. Ну, а цяпер ідзі, князь. Мне патрэбны такія-сякія распараджэнні і сваім мурзам даць.

Сцэна мяняецца.


К А Р Ц І Н А  X X I V


Маскавіты зноў адбілі чарговы прыступ ардынцаў. Падобна, што мала хто не ўдзельнічаў у ім. У штабную вежу, якую мы завём па-тагачаснаму галоўнай, сыходзяцца разгарачаныя рускія военачальнікі. Стомленасць бярэ сваё, Здаецца, ужо не хапае энтузіязму.

Адзін  з  ваяводаў (да князя Осцея). Яшчэ адзін такі прыступ, князь, і ў нас не будзе каго ставіць на сцены.
Осцей. Так, цяжка, ваявода. А маголы, нібыта грыбы ў лясах падмаскоўных растуць, – усё валяць адтуль сотнямі, валяць. Вось што добра, ваявода, дык добра: нашы ворагі паспяваюць падбіраць сваіх забітых. А нашы амаль усе ляжаць па той бок гарадскіх сценаў. Смярдзяць, ужо даўно дыхаць няма чым.
Ваявода. Трэба, князь, пахавальныя каманды пасылаць на месцы боек паміж вылазкамі.
Осцей. Але воінаў на гэта не варта занараджаць. Няхай звычайныя маскавіты зоймуцца такой справай. Затое – плаціць ім належыць.
Ваявода. Па колькі?
Осцей. А не багата будзе, ваявода, нават па рублю серабром? У нашай жа казне, здаецца, грошай яшчэ хапае. Ну, тых, маёмасных, што па страху застацца ў Маскве некаторыя не шкадавалі.
Ваявода. Я распараджуся, князь. Але ці не падумаць нам вось аб чым. Паколькі страты ў нашых палках вялікія, ці не паспрабаваць нам яшчэ стварыць хоць бы два. Зброя ўсё больш і больш вызваляецца. Мёртвым яна не патрэбна.
Осцей. Распарадзіся, ваявода. А я тым часам адскочу да Флароўскіх варотаў, пагляджу, як там ідуць справы.
Ваявода (усміхаецца). Нешта князь упадабаў тыя вароты?
Осцей. Палкоўнікам там мой зямляк. Помніш, суконшчык Адам.
Ваявода. Талковы ваявода з яго выйдзе, талковы. Аднак даруй, князь. Забыў сказаць. Недзе на серпухоўскай дарозе загінуў твой другі зямляк — кіеўскі ваявода. Там было горача.
Осцей (халадзее душой і целам). Якая бяда! Якая бяда! А я гляджу каторы час ужо – чаму яго не відаць?
Ваявода. Пасечаны татарскімі ятаганамі.
Осцей.. Мы ж з ім ад самага Бранска, як сябры-таварышы!
Ваявода. Не смуткуй, князь, і ў нас лёс – яшчэ многіх давядзецца аплакваць.У вежу, дзе яны размаўляюць, прыбягае ратнік.
Ратнік. За сценамі татары трубяць. Гаварыць хочуць.
Осцей. Хіба мала яны ўжо чаго нагаварылі нам? Нябось, зноў пагражаць стануць?
Ратнік. Штосьці не падобна, князь. З імі рускія баяры нават, здаецца, сыны ніжагародскага князя.
Осцей. Вось што, ваявода. Скачы туды, паслухай, а тады мяне знойдзеш ля Флароўскіх варотаў.
Ваявода. Добра, князь.

Разыходзяцца.


К А Р Ц І Н А  X X V


Тахтамыш з маладым военачальнікам і незнаёмым мурзой. Акрамя іх у вежы – ніводнага чалавека.

Тахтамыш. Нашы спробы захапіць Маскву не прыводзяць да станоўчых вынікаў. Аказваецца, горад пры выглядзе небяспекі на шмат што здольны. А самае галоўнае – калі ўжо здаецца, што не будзе каму абараняцца, найперш, не знойдзецца каму ўзначаліць абарону, знаходзіцца нейкі прыблуда, авантурыст і аматар паказаць сябе і ратуе становішча. (Да свайго маладога военачальніка). Дарэчы, гэты літоўскі князь твайго ўзросту. Выклікаў бы ты я’го на паядынак?
Военачальнік. Трэба было гэта зрабіць напярэдадні аблогі. Цяпер – позна.
Тахтамыш. I ты б перамог літоўскага князя?
Военачальнік. Так, вялікі і магутны!
Тахтамыш. Чаму ж тады Маскву не ўзяў? Клятву даваў?
Военачальнік. Рускія кажуць, што з маладым літоўскім князем у рускую сталіцу Алах з неба сышоў.
Тахтамыш. У рускіх свой Бог. Цікава, гэты літоўскі князь адной веры з маскавітамі?
Военачальнік. Відаць, так, уладыка; хіба ж так сабе ім Алах памагае?
Тахтамыш. Помніш, пра што ўчора гаварылі мы з табой?
Военачальнік. Помню.
Тахтамыш. Тады ідзі. Рашай сваё жыццё сам. А далей мне хвалькі-мурзы не патрэбны. Час звяртацца да дыпламатыі.Малады военачальнік на каленках і на далонях падаецца задам да выхаду з вежы.Таксама малады хвалько, што той літоўскі князь. Але ўчора я даверыў яму чарговы наступ на горад, бо ў галаве ўжо меў іншае. Слухай мяне, мурза. Табе я давяраю сёння найбольш чым каму. То слухай. У Маскву адышло маё пасольства. Я прапаную рускім мір.
Мурза. Надоўга на Русі затрымлівацца небяспечна. Асабліва пад Масквой. Кругом балоты. Зіму наша конніца тут не перазімуе. Няма дзе пасвіць коней. А сена рыхтаваць позна. Ужо восень. Яшчэ некалькі дзён гэтага месяца – і восень. А там – снег па калена, рэкі стынуць ды і паляўнічыя каманды наўрад ці справяцца з сваёй задачай насушыць мяса.
Тахтамыш. Значыць, мір?
Мурза. Калі іначай нельга, о мудры і справядлівы!
Тахтамыш. Але ж не ўзяць Маскву – ганьба?!

Мурза не ведае, што адказаць, таму маўчыць.

I ўсё ж мы заваюем Маскву. Ты, мурза, мне дапаможаш апынуцца ў Маскве, а там я ўжо буду ведаць, каму які суд вяршыць. Наша пасольства будзе дамагацца ад рускіх, каб тыя выслалі за вароты сваё, на чале з літоўскім князем. I вось тады ты зробіш галоўную справу. Выхапіш свой ятаган і тут жа прыкончыш літоўскага князя. Вароты пры гэтым будуць адчынены, і мае воіны пры ўзніклай паніцы прарвуцца праз іх у горад. Потым ужо няхай рускія колькі хочуць наракаюць, але не на мяне. На свайго вялікага князя, які перад ардой віну мае за спробу непаслушэнства. Табе ўсё зразумела, мурза?
Мурза. Так, о вялікі і мудры!
Тахтамыш. Тады тваё месца сярод першых людзей майго пасольства. Будзь напагатове…
Мурза. Слухаю, о вялікі і справядлівы!

Выходзіць.


К А Р Ц І Н А  X X V I


Каля Флароўскіх варот полк суконшчыка Адама. Тут палкоўнік. Падыходзіць князь Осцей.

Адам. Як мне часам не хапае тут цябе, князь!.. Падумаў нават, ці не запрасіць дамоў. Нават бы лазню нацяплілі.
Осцей. Хіба ў Маскве ёсць у каго лазні? Казалі, што тутэйшыя людзі ў печах на саломе прэюць?
Адам. Нашы з табой землякі, як і дома ў сябе, будуюць лазні. Маскавіты таксама паступова да іх прывыкаюць. Дык як, пасылаць з наказам, каб увечары можна было папарыцца? У мяне венікі ёсць. I леташнія, і сёлета нарэзаў. Балазе ў Маскве і дубоў, і бярозаў хапае.
Осцей. Гаспадарчы ты чалавек, Адам. Вось прагонім татараў ад Масквы, папрашуся да цябе на пастой.
Адам. Міласці прашу.Падбягае вайсковец.
Вайсковец. Князь, мяне ваявода паслаў адшукаць цябе. Татары з мірным пасольствам да нас. Цябе завуць.
Осцей (усё роўна як расчаравана да суконшчыка). Ну вось, папарыліся ў лазні! Але лаўлю цябе на слове.

Адыходзіць.


К А Р Ц І Н А  X X V I I


На гарадской сцяне каля Серпухоўскіх варотаў шмат вояў, проста цікаўных гараджан; тут знаёмы ваявода; лёгка ўзбягае па трохі адхоннай строме князь Осцей. Глядзіць уніз па той бок сцяны.

Ваявода. Хочуць гаварыць з табой, князь.
Осцей. Я – князь Осцей. Што вам трэба?
Адзін з паслоў. Наш вялікі і мудры хан не хоча дарэмна праліваць кроў маскавітаў. Мы – з мірнымі прапановамі да цябе.
Осцей. Якія ж у вас прапановы?
Той жа пасол. Мы ўжо гаварылі.
Осцей (глядзіць на ваяводу). Сапраўды, вартыя прапановы?
Ваявода. Падобна, што Тахтамыш просіць міру. Хоча, каб два пасольствы – і наша, і ягонае – сышліся на нічыйнай тэрыторыі.
Осцей. Трэба склікаць раду. Няхай баяры рашаць. Як скажуць, так мы з табой, ваявода, і зробім. Але ўсё-ткі Тахтамыш здрыгануўся?!
Ваявода. Так, наша ўпартасць, а самае галоўнае – наша здольнасць наладзіць абарону, пераканалі яго, што Масква не па зубах яму. Цяпер трэба глядзець, каб яны не абдурылі нас. Татары – народ крывадушны.
Осцей. Скажы ім, ваявода, што нам неабходна параіцца з лепшымі людзьмі горада.

Малады літоўскі князь прамаўляе гэта і тут жа спускаецца ўніз.


К А Р Ц І Н А  X X V I I I


Рада ў маскоўскім Крамлі. Тут баяры, ваяводы, баярскія дзеці, военачальнікі. Князь Осцей сядзіць пры стале. Большасць з прысутных стаяць.

Адзін з баяраў. Не падабаецца ва ўсім гэтым тое, што татары ўжо нават прадугледзелі кожнаму з нас месца ў пасольстве. Першаму ісці за вароты князю Осцею, затым святарам, а ўжо ўзброеным воям тупаць недзе ў канцы.
Другі баярын (відаць, ваявода, бо ўзброены, як след). Але ж адмовіцца ад перамоў нам таксама не выпадае. Можа, памарудзіць з імі трэба? Паглядзець, якія наступныя захады зробіць Тахтамыш?
Яшчэ адзін баярын. М-так, усё гэта так. Татары, няйначай, спяшаюцца хоць якім чынам развязацца з Масквой. Не стануць жа яны зімаваць на Русі, дарма што багата нашых князёў зноў прадалося ім. Тым часам нам тут таксама раскашаваць не выпадае. Разбіць у чыстым полі мы не здолеем сваіх цяперашніх ворагаў, дзеля гэтага трэба сабраць усю Русь, а хто яе збярэ. Усё яшчэ ні вялікага князя з яго вайсковай дапамогай не чуваць, ні брата ягонага, Уладзіміра Андрэевіча. Так што думаць варта, а спяшацца адмаўляць татарам у міры неразумна будзе.
Камандуючы ваявода. Твая праўда, ваявода. Што тут гаварыць. Але князя Осцея ў пасольства не варта ўключаць. Пайду к татарам я. Вось, ты, ты, святары, некаторыя спрактыкаваныя ратнікі ды вартыя таго гараджане. Як, князь Осцей?
Осцей. Не, мае сябры-таварышы па ратнай справе, якая раптоўна напаткала мяне тут. Чую я сэрцам, што павінен прайсці на гэтым шляху ўсё – ад першага кроку да апошняга. Так што, паслужым яшчэ Маскве і нашай праваслаўнай веры.
Першы баярын. Твая мудрасць, князь, прымушае схіляць перад табой галаву.

На тым і парашылі. Пачынаюць разыходзіцца.

Сцэна мяняецца.


К А Р Ц І Н А  X X I X


Як і хацелі татары, рускае пасольства рушыла за Серпухоўскія вароты на чале з князем Осцеем. Выхад пасольства нагадваў тэатральнае дзейства, за якім назірала мноства маскоўскага народу. За варотамі абодва пасольствы пачалі сыходзіцца. Тады і выскачыў наперад падгавораны Тахтамышам мурза. Бліснуў у ягонай руцэ ятаган, і маладая галава літоўскага князя Осцея, таленавітага абаронцы Масквы ад татарскага нашэсця ў 1382 годзе, праз два гады пасля Кулікоўскага пабоішча, паляцела пад ногі даверлівых маскавітаў. Татары хлынулі праз вароты, а ўжо к вечару таго дня горад апанавала роспач, і пад дашчанымі пераходамі цурчэла чалавечая кроў. Вялікаму маскоўскаму князю Дзмітрыю, які пасля адыходу татараў вярнуўся ў Маскву, давялося таксама заплаціць ажно 30 000 рублёў серабром за кожнага пахаванага гараджаніна. Больш аніякіх звестак пра маладога літоўскага князя Осцея, Альгердава ўнука, у аўтара няма…


КАНЕЦ ГІСТАРЫЧНАЙ ЗГАДКІ

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”