ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ТОЛЬКІ МЁРТВЫЯ НЕ ВЯРТАЮЦЦА

ДРАМАТЫЧНЫ АБРАЗОК
1989

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

  • Лукаш
  • Матруна
  • Першы міліцыянер
  • Другі міліцыянер

На сцэне з левага боку – вясковая хата. Знадверку яе, на прасценку, што паміж вокнамі, стаіць, уторкнутая ў зямлю касільнам, каса. Навокал усё здзічэла, парасло дзядамі, іншай дурной травой. Па двары блукае кошка, адзіная жывая істота. Пасярэдзіне сцэны – агароджа з дроту. Па правы бок ад яе – дарога, па якой брыдуць дзед Лукаш і баба Матруна. Дзед у ботах, у суконным гарнітуры, у капелюшы. Баба таксама надзета з большага па-гарадскому.

Лукаш. Ну от, здаецца, датупалі. (Абапіраецца на дубец. Да старой). Хіба не пазнаеш, вунь наша вёска.
Матруна. Ага, сяло… (Раптам укленчвае, жагнае сябе).
Лукаш. Але ж і плот узвялі! (Бярэцца за плот, хістае).
Матруна. Навошта ета яны?
Лукаш. А то не здагадваешся, дурніца? Каб людзей не пусціць! Але няхай, у вайну не такія загароды пераадольвалі. Немцы ставілі іх перад сваім пярэднім краем, як нераты. А то яшчэ і ток прапускалі.
Матруна. Навошта, навошта?! (Азіраецца). Дарога зарастае ўжо. А лес? Бачыш, які пажоўклы? Ажно страшна. Быццам атручаны.
Лукаш. А ён і ёсць атручаны. Эхма! (Чухае патыліцу). Ад газу такое бывае.
Матруна. Дзе ты яго бачыў, той газ?
Лукаш. У першую імперыялістычную, немцы пускалі, дык якраз во так дрэвы жаўцелі.
Матруна. Ета калі было!..
Лукаш. Ну так, у ету вайну ні немцы, ні мы газы не пускалі. Кажуць, дамоўленасць такая была.
Матруна. А цяпер во дык і горай.
Лукаш. Можа, перакусім, а тады ўжо рашаць будзем – фарсіраваць ету перашкоду ці не. (Ківае галавой на дрот). Нешта як паглядзеў я на еты пажоўклы лес, дык і ахвота прападаць стала ў мяне ісці далей.
Матруна. А птушкі, чуеш, пяюць! Казалі, птушкі прапалі тут. А яны і тут пяюць. Лес пажоўк, а птушкі жывуць. Значыць, і чалавеку недзе жыць можна ў етай…
Лукаш. Радыяцыя, маць яе та
Матруяза. Ага, радзівацыі, халер
Лукаш. Дык яна, кажуць, такая, што ніякай халеры не баіцца. Навекі тут апала.
Матруна. Пісалі ж у старых кніжках, што некалі ўпадзе на зямлю палын-зорка, каб усё атруціць на зямлі. Дык яно так і выйшла, як у Бібліі. Яно ж адно – што белы палын, што чорны.
Лукаш. Ага, чарнобыль, маць яго т
Матруна. Што ета ты раптам лаяцца пачаў?..
Лукаш. Станеш тут лаяцца, халера!.. Ну, то будзем перакусваць, ці як?
Матруна. Лепей бы ў сваёй хаце…
Лукаш. Твая праўда. Ета яно заўсёды лепей так, калі ўжо дома. (Зноў бярэцца за агароджу з дроту). От бы кусачкі сюды!
Матруна. Што?
Лукаш. Кусачкі, кажу. Ну, каб дрот гэты… А можа, ад слупа аддзерці? (Падыходзіць да агароджы ў тым месцы, дзе дрот прымацаваны да слупа. Моцна торгае абедзвюма рукамі). Эйш, халера!.. Ета табе не калгасная работа. Няйначай, тут Чырвоная Армія папрацавала. (Пастаяў, пачухаў галаву пад капелюшом). Ета ж каб знаць, што перашкода на дарозе будзе, то ў горадзе ў магазін трэба было зайсці, кусачкі купіць.
Матруна. А мы зараз пад плот.
Лукаш. Нізка павесілі.
Лукаш. Хіба ўжо нельга падкапацца?
Лукаш. Як ета? Лапаты ж няма?
Матруна. А рукамі! (Падбягае збоч дарогі да агароджы, пачынае грэбаць зямлю).

Чуецца, як аднекуль пад’язджае аўтамашына. Да агароджы неўзабаве падыходзяць міліцыянеры.

Першы міліцыянер. Што вы тут робіце?
Лукаш. Дык…
Матруна (паказвае рукой). Вунь наша вёска…
Першы міліцыянер. Ну і што?
Лукаш. Дык…
Другі міліцыянер. Адкуль вы?
Лукаш. Ды…
Другі міліцыянер. Няйначай, з неба зваліліся? Можа, гэта вы прыляцелі сюды на «талерцы»?
Лукаш (ужо нездаволена). На якой «талерцы»?
Першы міліцыянер (смяецца). На непазнаным аб’екце. Хіба не чулі, што такія цяпер таксама ў нас лётаюць?
Матруна (падступаецца да міліцыянера). Ты, мілок, вось што… Ты мілок.. Нашы талеркі засталіся ў хаце, як ад’язджалі адсюль.
Першы міліцыянер (яшчэ больш смяецца). З вамі сумна не стане!
Другі міліцыянер. Вы што, рээвакуанты?
Матруна. Што ты, мілок, вярзеш? Якія мы акупанты? Хіба мы немцы табе.

Міліцыянеры ўжо несхавана ржуць.

Лукаш (тым часам да Матруны). Ты пачакай, дай мне пагаварыць з імі.
Першы міліцыянер. Ну, ну!..
Лукаш (паказвае на хату). Ета наша вёска. Мы там жылі. А тады нас, пасля выбуху ў Чарнобылі, калі здарылася аварыя, вывезлі адсюль. Жылі пакуль у горадзе, цяпер вось вяртаемся. Дык пры чым тут эвакуанты ці акупанты?
Другі міліцыянер. Дзе вы жылі?
Лукаш. У горадзе.
Другі міліцыянер. Гарадоў многа.
Лукаш. Ну і няхай.
Другі міліцыянер. У Гомелі?
Лукаш. Не.
Другі міліцыянер. У Магілёве?
Лукаш. Не.
Другі міліцыянер. Няйначай, у Маскве?
Лукаш. Чаму ў Маскве? Спярша пажылі ў Мінску ў сына, пасля з’ездзілі да дачкі ў Навазыбкаў, у Бранскую вобласць.
Другі міліцыянер. І чаму не засталіся там?
Лукаш. Там цяпер аднолькава – як тут, так і там. Паўсюды забруджана ад Чарнобыля радыяцыяй.
Першы міліцыянер. Так ды не так. Там жа, нябось, такой загароджы няма?
Лукаш. Здаецца, няма.
Першы міліцыянер. А тут, бачыш, ёсць. Так што давайце тупайце назад, даражэнькія. Тут не толькі жыць, тут і стаяць небяспечна. Гэта зона. Чулі пра такую?
Матруна. Ты, мілок, вось што!.. Ты не палохай нас зонай. Гэта табе не вайна. Гэта тады палохалі зонамі. Пажывём цяпер і ў зоне. Нам ужо не багата засталося таго жыцця. Ета вы, маладыя, вам, можа, і трэба асцерагацца, а нам… (Махае рукой). Нам – не раджаць. Мы ўжо, мілок, сабе нараджалі.
Другі міліцыянер. Гэта і відаць! Нездарма ж ад сваіх дзяцей уцякаеце сюды, у пекла.
Матруна. Ну, ета, мілок, не трэба меркаваць. Яшчэ невядома, якія твае будуць. А сваім дзецям мы самі суддзі.
Першы міліцыянер. Ты гэта ў горадзе навучылася такой гаварлівасці ці тут ўжо была такая?
Лукаш. Ну вы, грамадзяне міліцыянеры, на яе не дужа зважайце. Давайце размаўляць паміж сабой, па-мужску.
Першы міліцыянер. Вось гэта голас!
Лукаш. Дык я і хацеў… Жылі мы дасюль у горадзе, а цяпер вяртаемся назад. Вось наша вёска. А вось газета. (Дастае з кішэні газету). «Звязда», наша, беларуская, ад трэцяга жніўня. Таму чытайце. Напісана: «Людзі вярнуліся ў вёску». (Сам чытае). «Гэтага дня людзі чакалі з вялікім нецярпеннем. Чакалі, як змучаныя ў засуху палі чакаюць спорнага дажджу… Чакалі моманту, калі скажуць: «Таварышы вяскоўцы! Жывіце спакойна. Небяспека ліквідавана». І такі дзень настаў»… Так што…
Першы міліцыянер (бярэ газету, глядзіць). Ну, вярнуліся. А куды вярнуліся?
Лукаш. У вёску, там жа напісана. Калі б небяспека была для чалавека, як вы кажаце, то, няйначай, не пісалі б.
Матруна. Ага, вунь і птушкі пяюць…
Першы міліцыянер. Нейкія дзівакі пішуць, а вы…
Лукаш. Ну, нельга ж так!.. Савецкая газета… Нябось, савецкія людзі ў ёй працуюць!.. І еты Амельчанка і еты Пернікаў, што падпісаны.
Першы міліцыянер. Газетныя правакатары, іначай іх назваць нават мне, міліцыянеру, цяжка. А вы!.. Пра вас дык і не ведаю, што сказаць. Вось ужо колькі часу слухаю і не разумею – ці ты ўсё гэта гаворыш сур’ёзяа, ці прытвараешея, ці ты дрымучы паляшук, ці ты звычайны дэмагог?
Лукаш (моршчыцца). Які я дэмагог?! (Уздыхае). Проста хачу трапіць у вёску сваю. Чым па свеце бадзяцца, то лепей на сваёй прызбе гады дажываць.
Першы міліцыянер. У цябе ёсць планкі на грудзях ад ваенных ордэнаў ды медалёў. Значыць, ваяваў?
Лукаш. Ну, спярша на вайне быў, у сорак першым, пасля ў партызанах, а тады з сорак трэцяга зноў на вайне.
Першы міліцыянер. Словам, ваяваў. Адсюль – ведаць павінен, што такое вораг.
Лукаш. Вядома.
Другі міліцыянер (жартам). Асабліва, мусіць, запомніў, што такое вораг, з партызанаў. Як у той прыказцы: забілі немца – не забілі, а груку многа нарабілі.
Першы міліцыянер. Мы не пра тое.
Матруна. Вось і я кажу, мілок, не пра тое!..
Першы міліцыянер. Памаўчы, цётка (Да старога). Тады вораг быў зразумелы – немец…
Лукаш. І паліцай!..
Першы міліцыянер. Няхай. Я гэта к таму, што вораг тады быў бачны. Дапусцім, дакладваюць – наперадзе ўзвод нямецкай пяхоты!
Другі міліцыянер (паціскае плячамі). Што ты ім тлумачыш?!
Першы міліцыянер (да яго). Пачакай. (Зноў да старога Лукаша). А цяпер які вораг? Нябачны. Радыяцыя. Вось мы стаім зараз з табой, а радыяцыя нячутна і нябачна распаўзаецца пад нагамі.
Лукаш. Ну, распаўзаецца!..
Першы міліцыянер. Пад зямлёй. Разам з вадой.
Лукаш. А хіба яе ў такім разе агароджай з дроту затрымаеш? Ета людзям можна перагарадзіць дарогу, а радыяцыі…
Першы міліцыянер. Вось пачынаеш кумекаць. А прэшся ў забаронную зону. Ды яшчэ бабу з сабой вядзеш!
Лукаш. А якая розніца? Сам жа кажаш, што радыяцыя пад зямлёй разам з вадой ушыркі распаўзаецца. Значыць, ад яе не ўратуешся. Хоць дзе цяпер спыніся, а яна цябе знойдзе, дагоніць. Ета ж дзе еты Чарнобыль, а паехалі мы з Матрунай у Бранскую вобласць да дачкі, дык і там радыяцыя. Так што…
Другі міліцыянер. Адкуль там радыяцыя?..
Лукаш. Кажуць, воблака над той тэрыторыяй расстралялі, якое на Маскву плыло. Ружа вятроў. Хіба не чуў? Дык якраз з Чарнобыля напрасткі на Маскву праз Навазыбкаў, Папову Гару, Краснаполле, Касцюковічы…
Другі міліцыянер. А пры чым тут Касцюковічы, Краснаполле? Яны ж не ў Бранскай вобласці. Гэта ж тут, у Беларусі.
Лукаш. Ну так. Але ж якая розніца? І там, у іх, зямля хворая ад Чарнобыля, і тут, у нас.
Другі міліцыянер (глядзіць усё роўна як у здзіўленні на старога, тады адварочваецца). Канчайце, а то ехаць трэба. Людзі ў машыне чакаюць. Мілірэнтгены хапаюць..
Матруна (ледзь не кідаючыся на яго). Ты, мілок, будзь чалавекам! Дай пагаварыць! Бачыш, як людзі ўмеюць разважаць? А ты!..
Другі міліцыянер. Чым даўжэй стаім, тым болей падвяргаемся небяспецы. Нам таксама здароўе шанаваць трэба.
Матруна. То і едзьце сабе на здароўе, куды ехалі.
Другі міліцыянер. Цямнота!..
Лукаш. Але абражаць людзей таксама не трэба. Цяпер не такі час, каб трываць.
Першы міліцыянер. Значыць, ты газету ўзяў з сабой замест пропуска, так?
Лукаш. Раз людзям можна вяртацца ў свае вёскі, чаму нам нельга?
Першы міліцыянер. Тут зона, разумееш? Тут ніводнай душы на цэлыя кіламетры вакол!
Матруна. А нам казалі, што адна баба нібыта жыве.
Першы міліцыянер. Дзе гэта вам казалі?
Маруна. Дык людзі ж нешта ведаюць!
Лукаш. Ага, людзі ведаюць.
Першы міліцыянер. Часта на сваю галаву.
Матруна. Няхай сабе, але ж ведаюць.
Другі міліцыянер. Нашы таварышы, пакуль той вашай бабе хлеб вазілі ў зону, каб з голаду не сканала, лішаём пабраліся, як тыя бяздомныя кошкі. Цяпер вы хочаце нарабіць нам клопату?
Лукаш. Мы, сынок… Ёта ўжо наш клопат пасля будзе…
Другі міліцыянер. То-та, што пасля!
Лукаш. Але мы, сынок, не будзем і знаку падаваць, калі ў вёску пусціце.
Першы міліцыянер. Кажаце, у вас і дзеці ёсць?
Матруна. Ёсцека і дзеці.
Першы міліцыянер. І яны ведаюць, што вы сюды падаліся?
Лукаш. Дык яны ж таксама газеты чытаюць.
Першы міліцыянер (уздыхнуў). Бачу: з вамі гаварыць, што ў ступе ваду таўчы. Але пусціць вас у зону мы не можам. Заедзем у бліжэйшы сельсавет, няхай там разбяруцца. Дарэчы, у іх пустых хат хапае. Нават новых, што цяпер збудавалі. Дык прасіцеся жыць, калі не можаце іначай, калі без сваёй вёскі не ўяўляеце сабе свету.
Лукаш. Нам, сынок, туды трэба. (Паказвае на вёску). Бо толькі мёртвыя дамоў не вяртаюцца.
Першы міліцыянер (паглядзеўшы загадкава на другога). Якраз наадварот. Мёртвым… што? Яны ўжо і так мёртвыя. (Да Лукаша). А жывым нельга, бацька. Там жыць небяспечна.
Лукаш. А тут, паблізу? (Паказвае ў адваротны, бок). Сам жа кажаш, жывуць людзі.
Першы міліцыянер. Каб мая воля, то я б і іх вывез адсюль.
Лукаш. А чаму вас, міліцыю, тады трымаюць тут, калі нельга людзям жыць?
Першы міліцыянер. Мы, як палескія геолагі ў Сібіры, вахтавым метадам. Адны з нас прыязджаюць, другія ад’язджаюць. Нахапаем мілірэнтгенаў і ўцякаем. Служба, бацька.
Лукаш. Яно так.. Але ж можна і на такой службе ўрэшце звесці вочы? Ну, не бачылі нас, і ўсё тут!
Другі міліцыянер. Ці не намякаеш ты на ўзятку?
Лукаш (з прыкрасцю). Не лезь! (Да першага міліцыянера). Бывае ж такое?
Першы міліцыянер. Усё бывае, бацька. Але тым не менш – у зону нельга. Не хачу ўначы прачынацца ды думаць, што вас тут паступова радыяцыя жарэ. Сумленне не дазваляе. Чалавечае сумленне, разумееш?
Лукаш. Ды як не разумець?..
Першы міліцыянер. А ў газетах можна што хочаш напісаць. Нават несусвеціцу. Нават глупства. Асабліва цяпер.
Другі міліцыянер (да першага). Паедзем, а то нябожчыца ў труне ад радыяцыі перавернецца.
Лукаш (насцярожана). Як ета?
Першы міліцыянер. Мы ў зону едзем…
Лукаш. Ну вось, самі едзеце, а нас..
Першы міліцыянер. Чуў жа, нябожчыцу вязем. Адзін грамадзянін маці сваю прывёз сюды, на радзіму, хаваць. У яго дазвол ёсць, а ў нас – прадпісанне. Так што не можам узяць цяпер вас з сабой. Будзем вяртацца з зоны, тады забярэм вас, адвязем у сельсавет.
Лукаш. Навошта ў сельсавет?
Матруна. Ага, навошта?
Першы міліцыянер. Тады на чыгуначную станцыю.
Матруна. І на станцыю не трэба!
Лукаш. Ага, не трэба!..
Матруна. Нам у сваю вёску край трэба!..
Лукаш. Ага, у вёску!..
Другі міліцыянер. Вы мне ўжо абрыдлі! (Да першага міліцыянера). Давай пасадзім на труну ў кузаў ды пакатаем па зоне, калі гэтак хочуць?
Першы міліцыянер. Не кажы абы-што.
Матруна. Ага, абы-што!
Другі міліцыянер. А я б толькі так і зрабіў. Няхай бы паглядзелі на тутэйшы атол мурароц.
Першы міліцыянер. Знайшоў каго палохаць. Нічога ты ім не пакажаш, а тым больш – не дакажаш.
Другі міліцыянер. Тады я пайшоў. Даганяй. (Ідзе назад па дарозе).
Першы міліцыянер. Вось што, мае даражэнькія ахвотнікі ў рабінзоны. Вы ўсё-такі пачакайце нас тут, на гэтым месцы. Трэба ж урэшце даць вашай справе нейкае рады. А далей (паказвае на агароджу) – ні кроку, зразумелі?
Лукаш. Ды ўжо ж…

Першы міліцыянер таксама адыходзіць. Даганяе другога міліцыянера.

Другі міліцыянер. Усё неяк перайначылася. Кажуць, толькі мёртвыя не вяртаюцца.
Першы міліцыянер. Куды?
Другі міліцыянер. Гэта ўвогуле. Дапусцім, дамоў ці яшчэ куды. Але ж бачыш – вяртаюцца сюды і мёртвыя і жывыя.
Першы міліцыянер. Жывыя, мусіць, хутчэй за ўсё таму, што недзе ім яшчэ горай жывецца.

Не паспяваюць яны схавацца за пагоркам, як старая Матруна зноў кідаецца да агароджы, пачынае, быццам мышка, хуценька капаць рукамі лаз пад дротам. Лукаш нейкі час назірае за яе паспешлівымі рухамі.

Лукаш. Можа, мы ета і праўда дарэмна, га, Матруна?

Не дачакаўшыся адказу, Лукаш сыходзіць з дарогі, бярэ востры абломак дошкі, ступае з ім да агароджы.

(Да жонкі). Давай-тка, а то… (Капае, а тады прыўзнімае ніжнюю столку агароджы). Ну, цянер лезь!..

Матруна шмыгнула ў дзірку.

Патрымай дрот! (Таксама лезе пад агароджу). А цяпер, старая, хадзем на свой двор, дарма што даўно прададзены ўжо, куплены, можна сказаць, у нас дзяржавай за немалыя грошы, а грошы тыя паспелі разляцецца.

Здзічэлая кошка, убачыўшы колішніх гаспадароў, моцна фыркае, амаль па-змяінаму шыпіць. Лукаш адразу бярэ ў рукі касу, спрабуе вялікім пальцам правай рукі лязо на вастрыню. Матруна тым часам сядае на ганак, кліча кошку – «кыс-кыс-кыс», а тады пачынае ўголас плакаць, падбіраючы свае словы, падобныя на галашэнне: «А людзечкі, што ж ета вы нарабілі тут?..»
На сцэне паступова гасне святло.


К А Н Е Ц  А Б Р А З К А

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”