П’ЕСА Ў ДЗВЮХ ДЗЕЯХ
1994
Здаецца, 1429 год. Лясныя ўгоддзі пад Кракавам. Кароль Рэчы Паспалітай Ягайла з часткай двара на паляванні. Уласна, гэта толькі так – на паляванні, бо паляванне тое даўно скончана: тушы казуль і быкоў асвежаваны і з’едзены вялікай світай. Ягайла сядзіць адзін у паляўнічым каралеўскім доме. Заходзіць кракаўскі Біскуп.
Біскуп. Будзь слаўны Езас Хрыстас наш!
Ягайла. Ва векі вякоў!
Біскуп. Амін!
Ягайла. Добра, што не забываеш пра мяне, грэшнага, Біскуп.
Біскуп. Такі ў мяне лёс – быць паміж госпадам богам і яго намеснікам на зямлі, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла. Дзякуй, дзякуй, Біскуп. Чым заклапочаны?
Біскуп. Я малюся за Польшчу, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла. Так, так – за Польшчу, біскуп, за Рэч Паспалітую.
Біскуп. I за караля, мой вялікі і славуты гаспадар.
Ягайла. Так, так, біскуп – і вялікі, і славуты. А што робіцца ў нашай неабсяжнай краіне?
Біскуп. Варшава танцуе, мой кароль, у Львове кахаюцца, Вільня рыхтуецца да каранацыі, Кіеў у карты гуляе, а Кракаў моліцца, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла (уздыхае). А мы, біскуп, бачыш – на паляванні.
Біскуп. Так, бачу, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла. Але не замінаеш Кракаву маліцца. Дык чаму хмурышся, біскуп?
Біскуп. Ваявода кракаўскі скардзіўся перад маім ад’ездам сюды, што Вітаўтавы рыцары зноў пачалі нападаць на польскія маёнткі.
Ягайла. Дык яны і не пераставалі рабіць гэтага, дарма што заўсёды хораша дамаўляліся.
Біскуп. А ўсё таму, ваша каралеўская вялікасць, што вы літвінам багата патураеце.
Ягайла. Не, Біскуп. Гэта не так. Прычына ў тым, што Вітаўт магутны князь. I ў яго адважныя воі. Ну, можа, і таму, што ён мой брат.
Біскуп. Але ж кароль знаходзіў управу на іншых. Напрыклад, на Скіргайлу. Таксама ж брат.
Ягайла. Скіргайла ўсяго толькі князь. А Вітаўт – вялікі князь. Пра гэта не трэба забываць. Пры дапамозе Вітаўта мы атрымалі выхад да Чорнага мора. Пры Вітаўту пасля вайны з Масквой наша дзяржава замацавала свае граніцы на ўсходзе на рэках Угра і Ака. Гэта табе, біскуп Збігнеў, не зубрыныя яйцы. Ды і пры Грунвальдзе…
Біскуп. Гэта так, ваша каралеўская вялікасць. Герой. Але Вітаўт да ўсяго яшчэ хоча быць каралём.
Ягайла. У адной дзяржаве два каралі?
Біскуп. Выходзіць, так.
Ягайла. Ці адгаворвалі зноў яго?
Біскуп. Не памагае. У Вільню вярнуліся з Венгрыі паслы ад Сігізмунда, імператара свяшчэннай Рымскай імперыі.
Ягайла. Ну і што?
Біскуп. Імператар і гэты раз абяцаў Вітаўту карону.
Ягайла (доўга маўчыць, тады гаворыць). Значыць, Сігізмунд кагосьці рыхтуе на польскую карону, раз падтрымлівае Вітаўта. А можа, і нам не перашкаджаць Вітаўту? Няхай паносіць кавалак металу на галаве?
Біскуп. Але ж дзве каранаваныя асобы ў адной дзяржаве?..
Ягайла. У гісторыі і не такое здаралася. Што ж, біскуп, значыць, нічога новага. Я і сам калі быў вялікім князем, марыў надзець на сваю галаву карону. Але тады не было спрыяльнага Сігізмунда. Ды і палякі неўзабаве прапанавалі мне стаць каралём: аддалі ў жонкі Ядвігу.
Біскуп. I вось ужо блізка пяцьдзесят гадоў, як у дзяржаве адзін кароль. А не два.
Ягайла. Адзін, а не два. А то было б. Гэта ўсё роўна, як два мядзведзі ў адной бярлозе. А калі Вітаўт хоча каранавацца?
Біскуп. Карона – рэч далікатная. Яе яшчэ трэба прывезці ў княства. Да таго ж кажуць, што Вітаўт збірае ў Луцк ўсю ўплывовую Еўропу.
Ягайла. Дзяржавы збіраюцца, і дзяржавы разбягаюцца.
Біскуп. Я вас не зусім разумею, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла. Што тут не разумець, біскуп? Дзяржавы, як і людзі – спярша знаходзяцца ў маладым узросце, пасля сталеюць, затым старэюць. А ў выніку, як і чалавечае цела, – распадаюцца.
Біскуп. Крый нас божа ад гэтага. Яшчэ Польшча моцна. Ды пры такім каралі…
Ягайла. Не дагаджай мне, біскуп Збігнеў. Усё ў руках усявышняга. Але каралі таксама старэюць і паміраюць.
Біскуп. Ці ж вам наракаць на лёс? Хіба не ў каралевы, вашай улюбёнай жонкі, амаль штогод па дзіцяці нараджаецца. Вось і Казік з’явіўся.
Ягайла. Так, Казімір працягне наш каралеўскі род. Пасля Казіміра Трэцяга будзе Казімір Чацвёрты. Шкада, што з Ядвігай не было ў нас наследніка. А гэтыя яшчэ невядома ад каго…
Біскуп. Бог ведае… Дык якая будзе ваша воля гэты раз пра каранацыю Вітаўта?
Ягайла. Пакуль ніякай. Сам жа кажаш, што карона – далікатная рэч і давезці яе нялёгка. Ну і ў Луцку варта пабываць. I самому паказацца і на другіх манархаў падзівіцца. Дарэчы, а нам запросінаў яшчэ не было?
Біскуп. Не, мой кароль.
Ягайла. Вітаўт не забудзе нас, Дык на што там ваявода кракаўскі скардзіцца?
Біскуп. Літоўскія грабежнікі нападаюць на маёнткі нашых магнатаў.
Ягайла. Дык у чым справа? Няхай польскія рыцары добра абараняюцца! (Сядзіць, доўга думае, тады зноў гаворыць). Але ж трэба неяк скончыць гэтыя звады. Пакліч, біскуп, мне кракаўскага ваяводу. А то з гэтых маленькіх набегаў можа атрымацца нешта вялікае. Незарма ж Вітаўт памкнуў да ўласнай кароны.
Біскуп. З намі бог, ваша каралеўская літасць. (Крыжуе Ягайлу).
Ягайла. Я накіраваў тут, у Вавель да каралевы, ганца. Абяцаў заўтра быць у Кракаве. Але ці зрабіла каралева ў касцёле тое, што ёй належала? Ці выканала яна рашэнне каралеўскага суда? Без гэтага мне дарогі ў Вавель няма. Сюды вось, у паляўнічы дом, перанясу ўсё патрэбнае для кіраўніцтва дзяржавай. Дык што, біскуп?
Біскуп. Вінават, ваша каралеўская вялікасць. Мне б з гэтага пачаць. Але ж не здагадваўся, што… Словам, кругом вінаваты.
Ягайла. Ну дык што там?
Біскуп. Усё зроблена, ваша вялікасць. Каралева дала клятву ў касцёле ў прысутнасці вельмі высокапастаўленых дам, што чыста перад каралём.
Ягайла. Значыць, дарэмна мы непакоіліся, што ў каралеўстве нікога не знойдзецца, каб прыкрыць наш сорам?
Біскуп. Наадварот. Дамы маліліся разам з каралевай так, быццам сваю віну замольвалі перад госпадам богам.
Ягайла. Гэта добра. Калі ўжо рашылі дараваць каралеве яе распуства, то на што не пойдзеш?! Але навошта ёй было ажно сем жарабкоў дзеля гэтага? Канешне, яна кабета здаровая і маладая. Але ж тым не менш наладжваць пры жывым мужыку вяртэп?
Біскуп. Ат, не майго гэта розуму справа, ваша каралеўская літасць.
Ягайла. Каму-каму, а каралю-мужу ганьба. Выходзіць, і дзеці – не мае? Але ад дзяцей я не адмоўлюся. Польшчы патрэбна дынастыя. I не быў бы я каралём, каб не паклапаціўся пра яе. Няхай я тут, у вас, прымак, але ж дзеці мае… Спадзяюся, што яны паслужаць.
Біскуп. Ніхто цябе ў каралеўстве прымаком не лічыць.
Ягайла. Але ж і ў каралеўстве шэпчуцца?.. Не кажучы пра княства.
Біскуп. Гіцаль брэша – вецер носіць.
Ягайла. Вось-вось! Дык кажаш, біскуп, каралева ачысцілася ў касцёле?
Біскуп. Так.
Ягайла. Ну а тыя рыцары?.. Што скурвіліся? Дзе яны?
Біскуп. Пахаваліся ад каралеўскага гневу. Уцяклі за межы каралеўства.
Ягайла. Спадзяюся, не да Вітаўта?
Біскуп. Не, добры кароль. Хто ў Саксонію, хто к немцам у іхнія замкі.
Ягайла. Значыць, віну сваю чуюць?
Біскуп маўчыць, не адказвае. Але каралю ўсё яшчэ рупіць нядаўні скандал у каралеўскім Вавелі, звязаны са здрадай жонкі, Соф’і Гальшанекай. Стары кароль імкнецца ўладзіць справу.
Значыць так, біскуп, мае дзеці – гэта каралеўскія дзеці. Ім наследаваць стол мой. Ну а… Цяпер пра Соньку, каралеву. У дзяцей павінна быць жывая маці. Без гэтага ўсё будзе выглядаць акурат дрэнна. Так што, няхай палякі прыкусяць языкі. Я не дазволю крыўдзіць маці маіх дзяцей. Ну а што тычыцца блудлівых рыцараў, то яны мусяць адказаць за сваю похаць. Бачыце, дзевак ім у Полышчы мала!
Біскуп. Судзіць будзем прынародна?
Ягайла. Навошта?
Біскуп. Каб таксама пакаяліся за напрасліну.
Ягайла. Не, Біскуп. Кожнага ў мяшок ды рыбкам на дно вазёрнае. Ну а што Соньчыны камерысткі? Што з імі? Нябось, дапамагалі каралеве ў яе блудзе?
Біскуп. З імі разбіраўся князь Вітаўт.
Ягайла. Чаму так?
Біскуп. Сама каралева захацела. Дзеля аб’ектыўнасці.
Ягайла. А можа, каб прыкрыць яшчэ нейкі сорам?
Біскуп. Пра гэта адзін усявышні ведае. Але ў сведкі яго не пазавеш.
Ягайла. Не пазавеш, біскуп, не пазавеш!.. I чым жа ўсё скончылася ў Вітаўта з камерыеткамі?
Біскуп. Загадаў задраць спадніцы ды высекчы.
Ягайла. Фу! Усё-ткі брат мой Вітаўт варвар. Гэта ж так абысціся з жанчынамі! Фу!
Біскуп. Кабета – заўсёды сасуд грэшны.
Ягайла. Але ж грахі трэба калі-нікалі ўмець і дараваць!
Біскуп. Каралю ўсё можна, мой вялікі літасцівец.
Ягайла. Але ты чымсьці незадаволены, біскуп?
Біскуп. Па гразі ходзім.
Ягайла. Выходзіць, я сёння тваё месца заняў? Табе ж належыць грахі адпускаць.
Біскуп. Грахі грахам розніца. Дзяржаўныя грахі адпускаць толькі ва ўладзе кесара. А што датычыць мяне, то… Я здольны адно маліцца за грэшнікаў.
Ягайла. Добра, біскуп, ідзі маліся. А я тут таксама сваёй Брыгіце памалюся. Ды не забудзь накіраваць да мяне ваяводу кракаўскага. Мы з ім таксама прыкінем пра каранацыю, што там да чаго.
Біскуп. Ен яшчэ недзе тут. Калі, вядома, не паспеў ад’ехаць…
Ягайла. Няхай пашлюць наўздагон вершніка. Дарэчы, біскуп, як табе спіцца па начах?
Біскуп. Як хлопу пасля добрай ярмаркі.
Ягайла. А мне і гэтага не дадзена. Гарэлкі не п’ю, кабет не.. Цьфу, цьфу! Во не сказаў бы, што на дварэ сцямнела. (Смяецца).
Біскуп. З намі бог, ваша каралеўская вялікасць. (Крыжуе ру кой Ягайлу. Затым выходзць).
Ягайла зноў адзін. Пляскае ў далоні. Заходзіць каралеўскі ахоўнік – увесь у чорным, як манах.
Ахоўнік. Слухаю, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла. Чуеш тупат?
Ахоўнік. Не. Тут ціха.
Ягайла. Гэта мая старая конніца. Кудысьці зноў скіравалася. А можа, гэта тупат яшчэ ад старых паходаў? Але мне трэба сюды аднаго рыцара, каб разабрацца. Ведаеш каго?
Ахоўнік. Не, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла (доўга думае). Ну, таго… (I, здаецца, зусім пра іншае). Ты са мной на Сіняй вадзе быў?
Ахоўнік. О, ваша каралеўская вялікасць! Мне ўсяго трыццаць. А бітва на Сіняй вадзе, кажуць, адбывалася больш як пяцьдзесят гадоў назад.
Ягайла. Ну так. Я ўспамінаю. Больш як за пяцьдзесят. Ты ведаеш, я цяпер… З цяжкасцю часам даходжу ў сваёй галаве да некаторых рэчаў. Тое, што было ў дзяцінстве, помню… А так… I вось бітву на Сіняй вадзе добра запомніў, бо быў малы. I бацька мой, вялікі князь Альгерд, браў мяне туды з сабой. I я ўсё бачыў. А вось пра другую бітву… Не, на самую бітву я, здаецца, не трапіў… Ужо слаба помню. Думаеш, гэта старасць?
Ахоўнік. Не ведаю, я пры вас, ваша каралеўская вялікасць, увесь свой дужы ўзрост.
Ягайла. Дужы ўзрост… Што гэта значыць, дужы ўзрост?
Ахоўнік. А тое, ваша каралеўская вялікасць, што ўсё свядомае жыццё стаю пры ўваходзе да вас то з аднаго боку дзвярэй, то з другога.
Ягайла. Цяжка стаяць?
Ахоўнік. Мне гэта за вялікі гонар.
Ягайла. А мне вось увесь час тут у прымаках быць вельмі цяжка. Думаў, пасля Ядвігі гэтае адчуванне мінецца. На тое і Соньку ўзяў з Галынанскага роду. Але ж не. Справа не ў польцы Ядвізе і справа не ў літвінцы Соньцы. Справа – у паляках. Проста, яны паквапіліся на Вялікае Княства. I я здрадзіў свайму народу. Здрадзіў брату Вітаўту, хоць вельмі любіў яго. I цяпер люблю. Аднак каму скажаш? Жывуць два народы побач, а як сабакі паміж сабой.
Ахоўнік. Ваша праўда.
Ягайла. А то ж… А можа, хочаш на волю, напрыклад, трусоў разводізіць. Тут непадалёку ёсць вялікае поле, маё поле, то аддам за службу. Будзеш разводзіць трусоў.
Ахоўнік. Не, ваша каралеўская вялікасць. Мне каля вас стаяць за гонар!..
Ягайла. Глядзі, хлопча, глядзі. А то будзеш разводзіць трусоў. Я гэта толькі што ўспомніў. Так, і гэта было даўно. Я і не скажу калі. Але то было ў вялікае навадненне. Сігізмунд мне абяцаў тады даць многа трусоў, на развод. Ён гаварыў, што гэтыя істоты вельмі хутка дадуць прыплод. Такім чынам людзі пазбегнуць голаду. Дык як?
Ахоўнік. Але сёлета, ваша каралеўская вялікасць, год на ўрачжай багаты. Навошта разводзіць трусоў? Голаду не будзе.
Ягайла. Калі голаду не будзе, то і трусоў разводзіць няварта. А вось скажы, чаму каралева такая пладавітая? Амаль штогод па дзіцяці? Таму я і ўспомніў пра трусоў, якіх мне абяцаў Сігізмунд. Мне хацеў даць трусоў для разводу, а Вітаўту абяцае карону. Але навошта нам дзве кароны ў адной дзяржаве? Ты не ведаеш?
Ахоўнік. Так, ваша каралеўская вялікасць, не ведаю.
Ягайла. Ну, то ідзі скажы каму-небудзь з рыцараў, каб імчаў да каралевы. Няхай скажа, што кароль сапраўды заначуе тут. У караля пасля свежыны жывот сапсуўся. Вось! (Ляпае даланёй сабе па жываце). Але і таго, другога, таксама пашлі сюды. Ну, таго, што…
Ахоўнік. Слухаю, ваша каралеўская вялікасць.
Ахоўнік выходзіць. Колькі часу Ягайла ў пакоі застаецца адзін. Нарэшце заходзіць Чалавек без імя.
Ягайла (да зайшоўшага). Як цябе завуць, рыцар?
Чалавек без імя. Я не рыцар, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла. Але адказваеш, як рыцар. Зрэшты, няхай сабе. Вакол караля заўсёды тоўпяцца найбольш людзі, якія завуць сябе рыцарамі. Простаму люду сюды няма ходу. Дык як цябе завуць?
Чалавек без імя. Я, ваша каралеўская вялікасць, без імені.
Ягайла. Што так?
Чалавек без імя. А яно мне непатрэбна ў маім жыцці. Дастаткова гукнуць – Гэй, ты! Але людзі часам завуць мяне, быццам у насмешку, тутэйшым ваяводам.
Ягайла (смяецца). Чаму так? Можа, служыў пры двары ваяводы Станіслава?
Чалавек без імя. І не служыў, і нават не бачыў ваяводу.
Ягайла. I тым не менш – нечым падобны. (Зноў смяецца). Пан Станіслаў ніколі не спыняўся на спастой у вашым двары?
Чалавек без імя. У нас двара не было. Ды і бацькоў сваіх я не ведаю, хто яны.
Ягайла. Хіба што. Значыць, ты проста – Гэй, ты!?
Чалавек без імя. Так, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла. Гэта яшчэ лепей. Я хачу сёе-тое табе прапанаваць. Я дам табе тысячу злотых за адно тое, што ты згодзішся выслухаць мяне. Калі ж ты рашыш, што мая прапанова табе не падыходзіць, ты возьмеш гэтыя тысячу злотых, пойдзеш адсюль і ніколі нікому не станеш расказваць пра нашу размову. Разумееш?
Чалавек без імя. Вы хочаце, каб я парушыў закон?
Ягайла. Так. Але каралеўскі закон і для караля. Разумееш?
Чалавек без імя. Не зусім. Але за тысячу злотых я магу вас выслухаць, ваша каралеўская вялікасць. Што вам трэба?
Ягайла. Я хачу, каб ты мяне забіў.
Чалавек без імя (утарапела). Кароль жартуе?
Ягайла. Так, пакуль жартую. Але паслухай, за якую плату.
Чалавек без імя. Ніякая плата няварта вашага забойства.
Ягайла. Ну а іншага каго ты мог бы тым часам забіць за… караля?
Чалавек без імя (з палёгкай уздыхнуўшы). Замест караля?
Ягайла. За караля.
Чалавек без імя. Служба ў караля павінна складаць гонар яго падданаму.
Ягайла. Праўду кажаш. Але плату мы тым не менш назначым, га?
Чалавек без імя. Воля ваша.
Ягайла. Ну, дапусцім, дзесяць тысяч хопіць?
Чалавек без імя. Ужо адна служба ў караля павінна..
Ягайла. Ну, гэта я чуў. Але плата будзе такая. Ты далёка ад мяне не адлучайся. Будзь заўсёды недзе блізка. Спатрэбішся, можа, нават хутка. А за тое, што не згаджаешся забіваць караля…
Чалавек без імя. Хіба ж гэта магчыма, ваша каралеўская вялікасць?
Ягайла. Дык за тое, што не згадзіўся забіваць свайго караля, дзякуй. Караля забіць ахвотнікаў заўсёды хапае. Яны і цяпер ёсць. Я іх нават ведаю. Але табе дзякуй, чалавеча. Ідзі.
Чалавек без імя выходзіць. Заходзіць Ахоўнік.
Ягайла (да яго). Ты за гэтым чалавекам яшчэ папільнуй. Няхай каля нас недзе паблукае. Не чуў, як мы з ім пагаварылі?
Ахоўнік. Не.
Ягайла. Ну, то й добра. Ганца да каралевы паслаў?
Ахоўнік. Так.
Ягайла. Пашлі яшчэ аднаго. Няхай перадасць каралеве, што мы вяртаемся, а чэрава ў караля пажыло.
Ахоўнік. Вярнуўся кракаўскі ваявода.
Ягайла. Ах так, я і забыў, што прасіў біскупа паслаць па яго наўздагон.
Ахоўнік. Ен тут.
Ягайла. Скажы, што можна заходзіць.
Кароль. Ягайла і кракаўскі ваявода.
Ягайла. Даўно мы адзін на адзін не размаўлялі.
Кракаўскі ваявода. Затое я заўсёды насіў вас у сэрцы.
Ягайла. Дзякуй, пане, дзякуй і на тым. Але скажы мне, што ў Кракаве, нашай сталіцы?
Кракаўскі ваявода. Каралеўскія падданыя, ваша вялікасць, моляцца за вас.
Ягайла. Пра гэта мне ўжо гаварыў біскуп Алясніцкі. Кракаў моліцца, Вільня рыхтуецца да каранацыі, Кіеў у карты гуляе, а Варшава нібыта весяліцца. Ото ж мне гэта Варшава. Хоча тон задаваць?
Каралеўскі ваявода. Тон у нашым каралеўстве, ваша вялікасць, задае звычайна той, хто шчыра моліцца і моцна меч у руках трымае. А ў Варшаве гэты меч, здаецца, ці не рыбіне ў рукі аддадзены?
Ягайла (смяецца). Ты як скажаш, мой пане, дык хоць стой, хоць падай. Добра, што сяджу вось. Але ж біскуп казаў, што Вітаўтавы рыцары ўсё часцей і часцей нападаюць на польскія маёнткі. Зноў крывавыя сутычкі?
Кракаўскі ваявода. Здаецца, што гэта ад самаго вялікага князя ідзе. Хоча каранавацца, кажуць, ад Сігізмунда вярнуліся паслы ў Вільню.
Ягайла. Ну і што?
Кракаўскі ваявода. Няхай Езас Хрыстас ратуе ад гэтага нашу дзяржаву! Яна ўжо мае караля!
Ягайла. Ну і Вільня захацела, як бачыш, мець свайго. Але я ўжо казаў біскупу Алясніцкаму – ці не замнога ў адной дзяржаве каб два каралі?
Кракаўскі ваявода. Не трэба, ваша вялікасць, спрыяць літвінам. Яны заўсёды былі дзікія і нахабныя.
Ягайла. Але яны магутныя. Да таго ж, пры вуніях заўсёды так – адзін народ думае, што кароль не яму, а другому спагадае. Ды і сам я літвін. Хіба забыў, пане?
Кракаўскі ваявода. Гэта іншая справа. Вы, ваша вялікасць, кароль палякаў!
Ягайла. I жмудзінаў, і рускіх, словам, усіх літвінаў таксама.
Кракаўскі ваявода. Але ж літвіны гэтак, бадай, не думаюць. Нездарма ж падбухторваюць Вітаўта каранавацца.
Ягайла. Сапраўды, падбухторваюць. Хоць Вітаўт і поўны самалюбства, але не да такой ступені! Якраз па гэтай прычыне я і захацеў бачыць цябе, ваявода. У Луцку з гэтай нагоды збіраюцца еўрапейскія знакамітасці. Кароль Сігізмунд таксама паабяцаў прыехаць. Дык вось, пане, паедзеш туды з малым пасольствам. Першы.
Кракаўскі ваявода. Паперад караля?
Ягайла. Кароль яшчэ не атрымаў запросіну.
Кракаўскі ваявода. Якая ж місія будзе ў пасольства?
Ягайла. Быць госцем у вялікага князя Вітаўта, пакуль не прыедзе ў Луцк кароль з дваром. Вялікі князь гаспадар слынны, ды і сам ты, пане, не дурань і выпіць, і папаляваць.
Кракаўскі ваявода. Чаго не зробіш за чужы кошт, ваша каралеўская вялікасць!
Абодва – і кароль, і ваявода – смяюцца.
Ягайла. А скажы-тка мне, пане, ты са мной ніколі не хадзіў вайсковым паходам у Масковію?
Кракаўскі ваявода. Масковія – гэта, як кажа наш біскуп, літоўская сфера ўплыву.
Ягайла. Я ж кажу – са мной ці хадзіў? Пакуль Вітаўт атрымаў магчымасць хадзіць туды, то я ўжо, як кажуць, паўсюль пабываў. Словам, ты са мной у Масковію не хадзіў.
Кракаўскі ваявода. Не, але на тэўтонаў, ваша вялікасць, хадзіў. Вось гэта ваша, польская справа, – тэўтоны! Абараняць ад іх заходнія межы кароны… Там наша слава! А маскавіты?.. Цяжкі народ.
Ягайла. А я вось ніяк не ўспомню, чаму апошні раз хадзіў у Масковію. Сілюся ўспомніць, а не выходзіць. У Вільні, здаецца, яшчэ жыве мой стары рыцар па тых часах, Юльян, дык ты, ваявода, перакажы яму, каб прыехаў. Хачу пагаварыць. А то ўсё мроіцца апошнія дні лік нейкага сівога ў зрэбным.
Кракаўскі ваявода. Можаце спадзявацца, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла. I яшчэ. Сярод маіх рыцараў і прыдворных бадзяецца без справы адзін хлопак. Вазьмі яго з сабой. Няхай таксама прыгледзіцца там, у Луцку. Але да сябе моцна не набліжай. Трымай на адлегласці. Ну, то з богам і праўда, ваявода.
Ваявода схіляе галаву, збіраецца выйсці. Але Ягайла затрымлівае.
Біскуп Алясніцкі казаў тут, што знатныя польскія кабеты заступіліся ў касцёле за каралеву?
Кракаўскі ваявода. Так, мой кароль. Самым шчырым чынам.
Ягайла. Я таксама дараваў каралеве. Але тых жарабкоў адшукаць і ў мяшок.
Кракаўскі ваявода. Без суда?
Ягайла. Ты хочаш, каб гэта непрыгожая гісторыя пры маім двары цягнулася дзесяцігоддзі? Нават, калі я памру? Не, ваявода, мне гэта непатрэбна, асабліва маім дзецям, да якіх я не мяняю сваіх адносінаў. Гэта будучыя польскія каралі! Гэта – не тое, што я – прымак. Яны – паўнапраўныя. Бацькі ж іх – палякі?
Кракаўскі ваявода. Няйначай, гэта козні Вітаўта.
Ягайла. Вы, палякі, усе свае няўдачы спрабуеце зваліць на вялікага князя. А я яго люблю. Гэта мой брат. Ідзі, ваявода, ідзі.
Ваявода выходзіць.
Ягайла пляскае ў далоні. Заходзіць Ахоўнік.
Ягайла. Дай-тка мне шпагу.
Ахоўнік прыносіць шпагу.
Бачыш, таракан на падлозе. (Бярэ шпагу, перагараджае ёю дарогу таракану). Увішная істота. (Пры дапамозе шпагі кароль гуляе на падлозе з тараканам). Бачыш, якія ён манеўры робіць? Але, халера, імкне кудысьці. Няўхільна імкне. Дарэчы, адкуль тут, у каралеўскім паляўнічым доме, тараканы? Чым яны жывяцца?
Ахоўнік. Не ведаю, ваша каралеўская вялікасць. Але я скажу, каб іх паатручвалі.
Ягайла (смяецца). Не, іх не патруціш. На іх трэба вялікі мароз. А што, на дварэ вялікі мароз?
Ахоўнік. Патроху бярэцца.
Ягайла (не спыняючы гульню з тараканам). Няхай нагрэюць мне ложак. Хачу легчы.
Ахоўнік. А як жа?
Ягайла. Што?
Ахоўнік. Ваша вялікасць збіралася ехаць у Кракаў.
Ягайла. Думаеш, мне ў Вавелі лепей? Гэта каралеве там добра, а мне… Ты затапчы гэтага тарцкана, вельмі ж ён настырны, як польскі шляхціц. Бачыш, нават шпагі не баіцца.
Ахоўнік тупае па падлозе нагой.
Не баішся шляхціца давіць? (Смяецца).
Ахоўнік. Ваша каралеўская вялікасць жадае, каб коні распрагалі? Будзем тут начаваць?
Ягайла (думае). Няхай пастаяць запрэжаныя. А рыцары моцна перапіліся? Яны ж, нябось, тым не абмежаваліся, што за маім сталом пасля палявання пагасцявалі?
Ахоўнік. Вашы рыцары заўсёды ў стане скочыць у сядло.
Ягайла. Ну то і добра. Я яшчэ пасяджу тут. Шкада, што ты затаптаў таракана. Цікавая істота. Настырная. Цябе кусалі тараканы?
Ахоўнік. Не памятаю, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла. А мяне кусалі. I моцна. Помню, у паходзе ў Масковію… Царэчы, ты не хадзіў са мной у той паход?
Ахоўнік. Не.
Ягайла. Шкада. А я ўсё ніяк не магу ўспомніць. Дзіўна, але ніхто са мной не хадзіў у той паход. Вось і ваявода кракаўскі казаў, што не быў са мной у Масковіі. А я ніяк не магу ўспомніць падрабязнасці.
Ахоўнік. Скажу, каб прывезлі вам хроніку таго часу.
Ягайла. У Кракаве такой хронікі няма. Можа, у Вільні. Добра, ідзі, а я пасяджу. (Зноў ажывае, хапаецца за шпагу). Бачыш, зноў паўзе па падлозе таракан, як шляхціц.
Ахоўнік паціскае плячыма, выходзіць.
Ніхто нічога не ведае. Усе маладзей нават за мае паходы. Самотна. Адзінока. Хто памёр ужо, а каго… Цікава, Скіргайла сам памёр у Кіеве ці яго атруцілі? Не, старому чалавеку жыць пад канец цяжка, бо застаецца адзін. А з маладымі… Маладыя не разумеюць нас, старых. Таму вось і даводзіцца займацца нанач з тараканамі.
Зноў пляскае ў далоні. Заходзіць Ахоўнік.
Скажы, каб знайшлі дзвюх маладзенькіх шляхцянак. Няхай паляжаць са мной па баках у ложку.
У пакой забягаюць дзве маладыя шляхцянкі. Пачынаюць перад каралём паказваць сваё ўмельства – скакаць, спяваць, зачаравана вачамі круціць. Ягайла спярша ўсміхаецца, пасля насупліваецца.
Ягайла. I што ж вы, акрамя гэтага, можаце? Чаму навучаны?
Шляхцянкі (амаль разам). Мы ўсё ўмеем.
Ягайла. Вам сказалі, дзеля чаго мне патрэбны?
Шляхцянкі. Так, ваша мосць.
Ягайла. Ну то і падступайцеся да справы. А скакаць з вамі я ўжо стары і нямоглы. Гэта ў паланезе прайсціся ў танцавальнай залі – куды ні йшло. Ды з адмысловай танцоркай.
Шляхцянкі. У нас, ваша каралеўская вялікасць, свая акраса ў прафесіі.
Ягайла. Вы ў пасцелі гарачыя?
Шляхцянкі (адна за адной). Гэта хутчэй залежыць ад партнёра.
Ягайла пляскае ў далоні. Заходзіць Ахоўнік.
Ягайла. Каго ж вы падсунулі мне? Гэта ж самыя звычайныя курвы!
Шляхцянкі. Фу! Фу! А яшчэ кароль!
Ахоўнік. Гэта яны маладыя, і не зразумелі, чаму іх паклікалі.
Ягайла. Маладосцю сваёй падзяліцца са старым чалавекам.
Адна са шляхцянак. У гэтага старога чалавека штогод па дзіцяці паяўляецца.
Ахоўнік. Ну, ты, прыкусі язык. (Да Ягайлы). Вы не турбуйцеся, ваша каралеўская вялікасць, гэтыя дзяўчаты на ўсё здатныя. (Да шляхцянак). А ну – у каралеўскую пасцель. Ды голыя, голыя! I каб не трывожылі караля ўначы!
Тая ж шляхцянка (хіхікае). А ўвечары?
Ахоўнік. Вы ў мяне дагаворыцеся!
Шляхцянкі. А вячэра? Вячэраць дадуць?
Ахоўнік. Прыйшлі на добрую справу, то пацерпіце. А заўтра вам не толькі вячэра будзе, а можа, і дубчыкаў пакаштуеце.
У пакой заходзіць каралеўскі слуга, пачынае распранаць гаспадара.
У прыбудове да паляўнічага дома, ужо ў крыле, сядзяць за сталом кракаўскі ваявода і кракаўскі Біскуп. Перад імі – пітво ў вялікіх карцах, мясная закусь.
Кракаўскі ваявода. Я каралю толькі што адкрыта сказаў, што скандал вакол яго і яго жонкі з’яўляецца вынікам прошукаў Вітаўта. Вялікі князь адчуў, што кароль дажывае апошнія гады. I Рэчы Паспалітай спатрэбіцца новы гаспадар. На Соньку надзеі ніякай, дарма што Вітаўт сапраўдным сватам быў. Ён Ягайлу і ў Друцк завабіў, ён і ракіроўку зрабіў там з сёстрамі. Дарэчы, ніхто іншы, як вялікі князь, і камерыстак гэтых падсунуў. Словам, акружыў літоўцамі каралеўскую сям’ю. Адны жарабкі гэтыя, Соньчыны палюбоўнікі, аказаліся палякі. Вось ужо не знайшлося нікога звалашыць іх.
Біскуп. Кароль абяцае, што дзяцей не зачэпіць, ды і каралеву будзе лічыць па-ранейшаму за жонку.
Кракаўскі ваявода. Хітры літвін.
Біскуп. I разумны. Здавалася б ужо ўсё парушана і выйсця з ганебнага становішча няма, а ён, бачыце, змірыў гардыню. I самае правільнае рашэнне прыняў.
Кракаўскі ваявода. Я ўжо быў цураўся нейкі час яго. А цяпер бачу, хоць ён палякам за гэты час, пакуль каралём быў, і не стаў, але ж і літоўскі бок цалкам не бярэ. Гэта не так важна, што ён у любові Вітаўту клянецца. Як-ніяк – брат, хоць і не адзінаўтробны.
Біскуп. Але ты маеш рацыю – Вітаўт замешаны ў справе здрады каралевы свайму мужу. Спалохаўся за трон, каб мы пасля смерці Ягайлы не паклікалі на яго каго-небудзь з Еўропы. Таму і стварыў сітуацыю – чым горай, тым лепш. Ну а бруд?.. Ды пры якім каралеўскім двары яго няма?
Кракаўскі ваявода. Мне ехаць у Луцк. Там наладжваюцца агледзіны Вітаўта, ці прыдатны ён для караля.
Біскуп. А кароль? Калі кароль будзе збірацца?
Кракаўскі ваявода. Як прыйдзе з Вільні запросіна і на колькі асоб.
Біскуп. Літоўцы на гэтых агледзінах прап’юць і пражруць палавіну свайго княства.
Кракаўскі ваявода. На пачосткі яны не скупяцца, а тады польскія маёнткі грабяць. Усё падчыстую вымятаюць.
Біскуп. Так, неспакойныя суседзі. Але ад Масковіі нас засланяюць. Так што, аўчынка вырабкі вартая.
Кракаўскі ваявода. Але мы не пагаварылі яшчэ пра каранацыю Вітаўта.
Біскуп. Хіба ж сапраўдныя палякі яе дапусцяць?
Кракаўскі ваявода. Але пра гэта цяпер ужо варта думаць.
Біскуп. Ты ваявода, пане Станіслаў, табе і належыць заняцца каронай.
Кракаўскі ваявода. Каранацыяй ці каронай?
Біскуп. I тым, і гэтым, ваявода. Але не таіся ад мяне. У мяне таксама талковыя людзі ёсць.
Пляскаюць адзін аб адзін карцы з пітвом.
Ужо раніца. У пакоі – Ягайла ў ложку, тыя ж дзве шляхцянкі. Тут жа і ахоўнік у чорным.
Ахоўнік. Як мае кадры, кароль?
Ягайла. Не пакусалі, і добра.
Ахоўнік. Але ж добра грэлі.
Ягайла. Грэлі, грэлі.
Ахоўнік. Значыць, заслужылі?
Ягайла. Гледзячы што.
Ахоўнік. Ну, па чырвонцы за ноч, смачны сняданак.
Ягайла. Карміць іх моцна не трэба. А то адна ўсю ноч паветра псавала.
Ахоўнік. Гэта мы ўдакладнім, ваша каралеўская вялікасць. Пра гэта мы не дамаўляліся ўчора.
Ягайла. Ну, ты не вельмі.
Раптам адчыняюцца дзверы у пакой. Імкліва заходзіць каралева Соф’я Гальшанская. Усе нібыта разгублены. Нават кароль нырнуў пад коўдру.
Соф’я. Ваша вялікасць, вы і тут не здраджваеце сваім звычкам? Ужо даўно раніца, а вы яшчэ ў пасцелі. Можа, захварэлі?
Ягайла. Крый божа, крый божа, каралева. Як ты сюды трапіла?
Соф’я. Сумна ў Вавелі, вось і прыехала. Хіба не рады?
Ягайла. Гасцям я заўсёды рады. Але такая нечаканасць. Што цябе трывожыць?
Каралева пляснула ў далоні, павысіла голас: «Кыш!» і паказала шляхцянкам на дзверы. Ахоўнік ледзь не сілаю вывеў іх.
Соф’я. Я прыехала сказаць, што ўсе твае патрабаванні я выканала. Цяпер хачу ведаць – што будзе са мной і маімі дзецьмі?
Ягайла. А я думаў, што ты будзеш за палюбоўнікаў прасіць?
Соф’я. Я пра дзяцей і пра сябе!
Ягайла. Я не адракаюся ад цябе, значыць, і дзеці нашы.
Соф’я. Гэта палітыка?
Ягайла. Тут многія акалічнасці сышліся. А галоўнае – я, нарэшце, зразумеў, што ў тваім блудзе зацікаўлены былі многія людзі – і палякі, і літоўцы. Але скажы, Сонька, як ты?.. Словам, як ты вытрымлівала сямёра жарабкоў? Я ж таксама яшчэ часам трывожыў цябе?
Соф’я. Кароль, пашкадуй мяне!
Ягайла. Добра. Не ў службу, а ў дружбу – пакліч слугу.
Каралева выходзіць, вяртаецца з чорным ахоўнікам.
Сняданак для каралеўскай пары.
Ахоўнік. Слухаю, мой кароль.
Ягайла. Падай шпагу! Зноў таракан паўзе.
Ахоўнік спяшаецца да каралеўскага ложка са шпагай.
(Да каралевы). Ведаеш, тут, у гэтым паляўнічым доме, шмат тараканаў.
У прыбудове сядзіць за сталом Кракаўскі ваявода. Вакол пахаджвае слуга, няйначай, збірае на стол, бо ўжо раніца. На дварэ крычыць певень. Заходзіць кракаўскі Біскуп.
Біскуп. Будзь слаўны Езас Хрыстас наш!
Кракаўскі ваявода. Ва векі вякоў!
Біскуп. Амін. (Хукае на рукі, сядае за стол супроць ваяводы).
Кракаўскі ваявода. Чуў, ваша прэасвяшчэнства, каралева тут?
Біскуп. Не ўсядзела ў Вавелі!
Кракаўскі ваявода. Для яе цяпер усё вырашаецца.
Біскуп. Так, але ж кароль палагаднеў. Нябось, паплакаў на грудзях у Сонькі?
Кракаўскі ваявода. Не без таго, біскуп, не без таго. Жанчына здольная выклікаць не толькі слёзы, але і сперму.
Біскуп. Калі яна яшчэ ёсць у старых яйцах.
Кракаўскі ваявода. Я ўжо хацеў ад’язджаць у Кракаў. Але варта пачакаць. Можа, спатрэблюся каралеўскім асобам.
Біскуп. Пра гэта няхай твая галава баліць. А мне ўначы прыйшла ў галаву такая думка.
Кракаўскі ваявода. Ну-ну, выкладвай.
Біскуп. У цяперашніх умовах нам не хапаць будзе Свідрыгайлы.
Кракаўскі ваявода. Гэты князь – самы зацяты вораг Польшчы. Гэта табе не Вітаўт. Першае, што ён зробіць на волі, зноў пачне інтрыгі супроць дзяржаўнай вуніі.
Біскуп. А мы так зробім, што выпусціць яго сам кароль. Тады няхай і на ланцугу сваім трымае брата.
Кракаўскі ваявода. Як паставіцца да вызвалення Свідрыгайлы Вітаўт? Ён жа прагнаў яго і з Віцебска, і з Чарнігава-Северскай зямлі.
Біскуп. На гэта і трэба разлічваць. На варожасць паміж вялікім князем і Свідрыгайлам. Ва ўсякім выпадку, нам на гэта давядзецца з боку назіраць.
Кракаўскі ваявода. Хто будзе з каралём гаварыць?
Біскуп. Трэба падумаць. Але закінуць гэтую ідэю трэба будзе ў Луцку. Добра было б, каб імператар Сігізмунд неяк прасякнуўся ёю. Ды і каралеву нашу няварта трымаць у няведанні. Цяпер яна будзе памяркоўная – мы ж, лічы, заплюшчылі вочы на яе распусту.
Кракаўскі ваявода. Таму што яна нам патрэбна, а вось ці патрэбны ёй Свідрыгайла, які сядзіць цяпер у каралеўскіх лёхах?
Біскуп. На ўсё воля боская. Памолімся, ваявода, за харч, які пакуль дае нам гасподзь.
Абодва доўга шэпчуць малітву. Нарэшце слуга ўсё паставіў на стол, выйшаў.
Кракаўскі ваявода. Пачнем, святы айцец. (Праз нейкі час, пасля таго, як выпіў віна). Дзіўлюся, як гэта наш кароль не ўжывае гэтага зелля? Здаецца, смачней і карысней нічога не бывае?
Біскуп. Кроў зямлі. Але Вітаўт у Луцку не паскупіцца на віно.
Кракаўскі ваявода. Так, бадай што будзе мора разліўное.
Біскуп. Дык хто ж будзе гаварыць там з імператарам пра Свідрыгайлу?
Кракаўскі ваявода. Справа тонкая і небяспечная. Але імператар любіць выпіць. Давядзецца мне ў застоллі шапнуць яму.
Біскуп. I пра карону для Вітаўта. Ды і папскіх паслоў нельга пры гэтым абмінуць.
Кракаўскі ваявода. Што ж, будзем лічыць, што ўсё паміж нас змоўлена. Як думаеш, кароль сам нас пазаве сёння, ці мы да яго пойдзем?
Біскуп. Але ж там жанчына?
Кракаўскі ваявода. Каралева – не жанчына. У яе абавязак перад каралеўствам і падданымі.
Біскуп. Каб жа гэта сапраўды так было!
Заходзіць рыцар.
Рыцар. Кароль і каралева пажадалі бачыць вас.
Біскуп. Абодвух?
Рыцар. Так. Але яшчэ таго-сяго.
Кракаўскі ваявода. З каралевай многа людзей прыехала?
Рыцар. Лічы, цэлы абоз. Ды яшчэ вершнікі.
Біскуп. Што ж, трэба спяшацца. Выходзіць, што ад аднаго стала ды да другога.
Рыцар. Кароль з каралевай паснедалі.
Біскуп. I ўсё-ткі трэба ўставаць з-за гэтага стала, дарма што і палова таго, што пастаўлена, не з’едзена намі.
Кракаўскі ваявода. Нічога, на абед у жываце болей месца застанецца.
Усе выходзяць.
У пакой, што займае кароль, набілася шмат народу – рыцары, царкоўныя служкі, проста шляхта.
Ягайла (убачыўшы кракаўскага ваяводу). Ты, пане Станіслаў, паслаў у княства ганцоў, каб адшукалі там старога Юльяна?
Кракаўскі ваявода. Так, мой кароль.
Ягайла. Тады вязіце яго ў Луцк. Мы з каралевай атрымалі сёння запросіну ад Вітаўта быць там. Скажу па шчырасці – не па душы мне падобная зборня. Але брату адмовіць не магу. Ды і імператар свяшчэннай імперыі збіраецца туды. Дык што пасля гэтага нам?
Галасы. Трэба ехаць, кароль, трэба ехаць! Не дадзім Вітаўту каранавацца! Мы не дазволім літвінам раскідаць дзяржаўную вунію! Смерць Вітаўту!
Ягайла. Вітаўт – мой брат! Таму не крычыце абы што! Хто гэта Вітаўтавай смерці захацеў?
Усе прыціхлі.
То-та ж… Але ж у адной дзяржаве не павінна двух каралёў быць. Спадзяюся, вам гэта зразумела?
Грамада зноў зашумела. Каралева глядзела на ўсё, здаецца, жахалася.
Тым часам, давайце, паны рыцары і ўсе астатнія, бліжэй да справы. Тым больш, што каранаванне Вітаўта будзе залежаць найбольш ад імператара Сігізмунда. Ды і як у Ватыкане на гэта зноў глядзяць, мы таксама амаль нічога не ведаем. Словам, з намі бог. А цяпер пра тое, дзеля чаго мы з каралевай клікалі вас.
Адзін рыцар другому (ціха). Гэта літоўская сучка зноў убіраецца ў сілу.
Другі рыцар. Выходзіць, што так. Кароль увесь час падкрэслівае сваю прыхільнасць да яе. Ад нянавісці да любові адзін крок.
Першы рыцар. Гавораць не так: ад любові да нянавісці адзін крок.
Ягайла (папляскаў у далоні). Спакойна, панове, спакойна! У Луцк першае паедзе невялікае наша пасольства на чале з ваяводам кракаўскім. Мы ўжо гэта абгаварылі паміж сабой. Пасля рушым і мы. Кожны, хто жадае паехаць, павінен знайсці сабе месца і занятак. Я не хацеў бы, каб палякі ў Луцку адно пілі і жэрлі. За намі ёсць дзяржава, а ў дзяржаве звычайна шмат дзяржаўных спраў. Хто мае карысную думку?
Адзін з рыцараў. Яснавяльможны кароль, я тут параскінуў розумам дык нічога лепей не прыдумаў для Польшчы…
Ягайла. Ну-ну, кажы, не бойся. Шчырасць на шчырасць.
Той жа рыцар. Трэба перахапіць карону па дарозе ў Рэч Паспалітую ды шаблямі, шаблямі. А Вітаўт няхай новую просіць. Пачнуцца валэнды, а там… Усе мы не вечныя. Можа, нікому другому на Літве і каранавацца не прыйдзе ў голаў.
Хтосьці зноў закрычаў у натоўпе: «Смерць Вітаўту! Смерць!»
Ягайла. Мусіць, рыцар не працвярэзіўся з учарашняга? Выведзіце яго адсюль і дайце пахмяліцца.
У пакоі прысутныя заварушыліся, ляснулі дзверы – няйначай п’янага рыцара сапраўды вывелі.
Біскуп кракаўскі сёння служыць службу ў Луцкім касцёле, запоўненым прыезджымі, бадай, з усяго еўрапейскага свету. Тут і ваявода кракаўскі.
Нехта (пытаецца ў яго). Яснавяльможны пан, дзе тут будзе імператар Сігізмунд?
Кракаўскі ваявода. Аён яшчэ, здаецца, не вылазіў з-за стала. Вітаўт моцна частуе. Сёння ўсе падаюцца на паляванне – і пешыя, і конныя.
Нехта (зноў пытаецца). Хіба ж імператар не католік?
Кракаўскі ваявода. Католік, а што з таго?
Нехта. Ці ж можна прапусціць імшу, калі служыць біскуп?
Кракаўскі ваявода. Няйначай, католік-імператар забавіўся з язычнікамі. Тут жа цяпер літоўцаў багата. Але давайце памаўчым. На нас пазіраюць. Скора ў каршэнь надаюць.
Нехта прашыўся ў натоўп, згубіўся там за высакароднымі спінамі. Да ваяводы набліжаецца рыцар.
Рыцар. Каралеўскі двор прыехаў, пан ваявода.
Кракаўскі ваявода (усё роўна як недаверліва паглядзеў на рыцара). Прыехаў? Нарэшце і мы не будзем адчуваць сябе сярод варвараў сіратамі.
Рыцар пастаяў яшчэ трохі, адышоўся. Ваявода кіўнуў галавой камусьці ў натоўпе, паклікаў да сябе.
Кракаўскі ваявода (да падступіўшага). Няважна выйшла. Каралеўскі двор прыехаў, а тут і сустракаць няма каму. Усе ў касцёле.
Падступіўшы. Дык біскуп жа служыць.
Кракаўскі ваявода. У тым-та і справа. Накладка выйшла. Кароль разгневаецца. Ды і каралева маўчаць не стане, моў, прыўрочылі службу!.. Ты вось што, Стах, паспяшайся зараз туды, паглядзі там на ўсе вочы ды паслухай на ўсе вушы, а я застануся ў касцёле да канца службы. Трэба перакінуцца словам з біскупам.
I гэты чалавек, якога ваявода назваў Стахам, знікае ў натоўпе. Кракаўскі ваявода круціць галавой. Але вось прагучэў апошні «Амін». Вернікі ў касцёле зварухнуліся, пачалі патрохі выходзіць. Ваявода падаўся бліжэй да алтара.
Святы айцец, кароль у Луцку!
Біскуп. Як жа ён паспеў?
Кракаўскі ваявода. Відаць, косці старэчыя трохі растрос.
Біскуп. Ну што ж, я зараз.
Адыходзіць.
Кароль Ягайла і каралева Соф’я ў адведзеных для іх апартаментах.
Соф’я. Кароль адпачываць будзе?
Ягайла. Ды ўжо не праміну паваляцца ў пасцелі. Як думаеш, тут тараканаў няма?
Соф’я. Адкуль ім узяцца пры гэткай чысціні?
Ягайла. Шкада. Чым жа стану займацца перад сном?
Соф’я. Тут столькі патрэбных асоб з’ехалася, што дай бог табе часу.
Ягайла. У Рэчы Паспалітай такіх праблем сёння няма, каб вялікую палітыку пачынаць кеадкладна.
Соф’я. А Вітаўт? А карона?
Ягайла. Ну, пра гэта няхай баліць галава ў палякаў. А Вітаўт мне брат. I літоўцаў я люблю. Дарэчы, сваякоў тваіх таксама люблю, дарма што неспакойныя і моцна лезуць у палітыку паміж каралеўствам і княствам. Так што, менш інтрыг, больш забаў. Ты таксама не запірайся ў сваіх келлях.
Соф’я. Але яшчэ адна справа да цябе ёсць.
Ягайла. У цябе?
Соф’я. У мяне таксама.
Ягайла. Тады кажы.
Соф’я. Трэба нарэшце брата твайго са зняволення вызваліць. Ну, колькі яму сядзець. Сваю правіннасць ён даўно ўжо скупіў.
Ягайла. Гэта нешта новае… I нечаканае. Што за гэтым хаваецца?
Соф’я. Нішто, проста кароль павінен яшчэ раз паказаць перад усімі сваю велікадушнасць.
Ягайла. Ну, дапусцім, што гэта на карысць каралю. Але хто за гэтым стаіць?
Соф’я. Мяне стрыечны брат мой прасіў, каб я першая пагаварыла пра твайго брата. Вы ж абодва Альгердавічы.
Ягайла. О, калі тое было!
Соф’я. Як ведаеш, але просьбу свайго брата я не магла не выканаць.
Ягайла. Пашлі ганца па твайго брата.
Соф’я. Ен ужо, здаецца, недзе тут.
Ягайла. Спадзяюся, што ў цябе падобных просьбаў больш няма?
Соф’я. Не, мой кароль. Як перад богам.
Ягайла. Вось табе мая парада, дарагая. Не бярыся за даручэнні, якія не табе выконваць. Жыві тут, як жонка манарха. А справы пакінь мне. Ну, ідзі да сябе. Мне трэба памаліцца святой Брыгіце.
Соф’я. Іду, іду, мой збавіцель.
Выходзіць.
Да караля Ягайлы ў пакой урываецца вясёлая кампанія. Гэта кампанія імператара Сігізмунда. З ёю і сам Сігізмунд.
Сігізмунд. Ты не палохайся, Уладыслаў, мы не надоўга. Але загадай паднесці па чарачцы маёй хэўры. Вітаўт прасіў, каб я ўгаварыў цябе на абед. А дзе ж каралева?
Ягайла. У сваёй палавіне.
Сігізмунд. Трэба спадзявацца, што цяпер ты з яе вачэй спускаць не станеш? (Смяецца). Ну, то збірайся на абед да вялікага князя. Частуе выдатна. За гэтыя дні я ўжо свой жывот разбіў на дзічыне. Смачна літоўцы гатовяць.
Ягайла. У Вітаўта повар з рускіх.
Сігізмунд. Тут у вас не даўмецца – хто рускі, хто поляк, хто літвін, але ж ёсць яшчэ і жмудзіны.
Ягайла. I татары, і яўрэі.
Сігізмунд. Так, так – і татары, і яўрэі. Але мы пра ўсё яшчэ пагаворым. (Да сваіх спадарожнікаў). Ну, хадземце, сябры!
Вялікі князь Вітаўт – як кажуць, сама бесклапотнасць. Смуглы твар пасвятлеў, з усмешкай. Яго акружаюць літоўскія рыцары. Што ж – ён на сваёй зямлі. Ён гаспадар і прымае гасцей.
Князь Іван Друцкі (да Вітаўта). Я вось пра што, вялікі князь. На сённяшні дзень у нас прызначана каралеўскае паляванне, а яго вялікасць толькі што прыехаў з дваром у Луцк.
Вітаўт. Кароль не стане ў адзін дзень перасядваць з сядла ў сядло. Ды і каралева пры ім. Можна ўявіць цяперашнія яе ласкі. У страха вочы вялікія.
Князь Іван. Ды і імператар…
Вітаўт. Што імператар?
Iван. Слабы на ногі стаў. Амаль на сагнутых ходзіць.
Вітаўт (смяецца). Дзіўна было б, каб ён пасля столькіх дзён узліянняў моцна трымаўся на нагах.
Iван. Але дужы, халера! З запойнага стала ды адразу да дзевак.
Вітаўт (не зганяючы ўсмешкі з твару). Чаму зайздросціш, князь? Ты лепей успомні пра нашу маладосць! А цяпер адны дзяржаўныя турботы. Я іншы раз думаю – ну, навошта нам, літоўцам, гэтая карона? Жылі без яе і будзем жыць, сягаючы ад мора да мора!
Iван. Сам ведаеш, вялікі князь, я на гэты конт іншай думкі.
Вітаўт. Ну, ты наогул супроць вуніі паміж Польшчай і Літвой.
Iван. А ты?
Вітаўт. Хачу, каб у Рэчы Паспалітай усе былі аднолькавыя – і палякі, і жмудзіны, і рускія. I католікі, і праваслаўныя. Палякі бессаромна акаталічваюць Літву. Пад рознымі прычынамі. А нашы мядзведзі ўсё яшчэ не могуць як след расшупіць ды лапай адмахнуцца.
Iван. Так, небяспека вялікая. Ватыкан зрабіў абавязкам палякам выцесніць праваслаўных да самага Уралу. А там ужо – Азія. Так што…
Вітаўт. Добра. Хіцер Зміцер, але і Саўка не дурны. Паляванне на сёння мы адменім. Але ты па-сваяцку пагавары аб гэтым з каралевай. Няхай яна сёе-тое бярэ на сябе перад мужам.
Iван. Ей цяпер нялёгка. Ды і прымхлівая яна заўсёды была.
Вітаўт. Нічога, захоча па-ранейшаму каралевай быць – будзе кружыць.
Iван. Хіба што…
Вітаўт. Ну а што Сігізмунд? Якое яго апошняе слова?
Iван. Вакол яго ўвесь час палякі тоўпяцца. Нам, літоўцам, цяжка падступіцца. Але мы знайшлі момант паразумецца з імператарам. Ён не змяніў свае думкі.
Вітаўт. Як я разумею, мне лепей будзе гаварыць адразу з двума каралямі? Ну, напрыклад, за абедам альбо на тым жа паляванні.
Кароль Ягайла сцішана сядзіць на ложку. Ен толькі што прачнуўся. Заходзіць Соф’я.
Соф’я. Як адпачыў, мой павяліцель?
Ягайла. Вітаўт не клікаў на госці?
Соф’я. Яшчэ не. Але паляванне ў твой гонар адмяніў.
Ягайла (насцярожана). Як гэта адмяніў?
Соф’я. Позна ўжо, а ты лёг адпачываць.
Ягайла. I толькі ў гэтым прычына?
Соф’я. Так гаварыў брат Іван. Але ў мяне скарга, кароль.
Ягайла. Хто-небудзь пакрыўдзіў?
Соф’я (як у роспачы). Усе! Усе коса глядзяць! Адпусці мяне пад якой-небудзь прычынай у Кракаў! Не магу пераносіць схаваных насмешак!
Ягайла. Я спачуваю табе, дарагая, але прычыну для твайго ад’езду адсюль знайсці немагчыма. Прынамсі, я яе не бачу.
Соф’я. Не знаю, не знаю, а я не вытрымаю!
Ягайла. Ты дужа не хвалюйся. Я сёе-тое зраблю. Прыму сякія-такія захады, каб цябе не трывожыць дарэмна. (Кароль пляскае ў далоні. Заходзіць знаёмы ахоўнік).
Ахоўнік. Слухаю, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла (да каралевы). Ты, Сонечка, займіся сваімі жаноцкімі клопатамі, а мне тут трэба пагаварыць без сведак.
Соф’я выходзіць.
(Да ахоўніка). Няхай прывядуць да мяне таго чалавека, ну, таго, што без імя і адгукаецца на «Гэй, ты!»
Ахоўнік выходзіць.
Цікава, абед сёння будзе? Ці Вітаўт рашыў замарыць гасцей голадам?
Заходзіць Чалавек без імя. Спыняецца моўчкі на паўдарозе да караля.
Ты служыш мне аддана?
Чалавек без імя. Так, ваша каралеўская вялікасць. Я ведаю, што на службе ў караля небяспечна кідацца з аднаго боку ў другі. Што дазволена магнатам – не дазволена халопам.
Ягайла. Каралева скардзіцца, што яе даймаюць на вуліцы насмешкамі – тайнымі і яўнымі. Спадзяюся, здагадваешся праз што?
Чалавек без імя маўчыць. Кароль працягвае.
Цяпер трымайся бліжэй да каралевы. Канечне, назаляць вельмі не трэба, ды і цікаўным людзям не вельмі кідайся ў вочы. Лепей часцей пераапранайся. Грошы на гэта табе дадуць.
Чалавек без імя. О, іх тут многа патрэбна!
Ягайла. Будзеш мець, будзеш мець. Але і язык не бойся сяму-таму прышчаміць. Нават больш таго, самых зацятых плеткароў – ці гэта кабеты, ці кавалеры… Словам, мне не хацелася б вучыць цябе, тым больш даваць інструкцыі. Дык караля забіваць не станеш?
Чалавек без імя. Вы жартуеце, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла. Каралі заўсёды незразумела жартуюць. Гэта – каб кожны помніў. А на каралеву паслужы. Дзе ты спыніўся жыць?
Чалавек без імя. У аднаго халопа.
Ягайла. Тараканы ў хаце ёсць?
Чалавек без імя. Здаецца, не бачыў. Але можна пашукаць.
Ягайла. Вось-вось, пашукай і прынясі сюды. А то няма куды дзявацца ад нуды. Ну, ідзі, ідзі на новую службу. Дарэчы, а што цікавага на старой?
Чалавек без імя. Біскуп з ваяводам кракаўекім вакол імператара Сігізмунда часта завіхаюцца. Гасцей не прапускаюць.
Ягайла. Ну добра, ідзі, ідзі!
Чалавек без імя выходзіць, а чорны ахоўнік дакладвае каралю.
Ахоўнік. Ваявода кракаўскі, мой кароль.
Ягайла. Няхай заходзіць. (Да ваяводы). Гэта добра, што ты адразу да свайго караля. Ну, расказвай.
Кракаўскі ваявода. Меў гаворку з імператарам пра каранацыю, з якой усхадзіўся Вітаўт.
Ягайла. Ну і што, якія вынікі?
Кракаўскі ваявода. Думаю, што цяжка нам будзе знайсці згоду. Імператар пакуль цалкам на баку Вітаўта. Цікава, што ён гэтым хоча дамагчыся?
Ягайла. Проста дзівачыць – і ў жыцці, і ў палітыцы.
Кракаўскі ваявода. Каб жа гэта было толькі так.
Ягайла. Ну, сёе ж тое і ад нас на гэтым свеце залежыць. Што ж тычыцца імператарскай прыхільнасці да Вітаўта, дык і мне ён любы. I не толькі таму, што брат. Дарэчы, які расклад для гасцей сёння ў Вітаўта?
Кракаўскі ваявода. У мяне такое ўражанне, што яны з імператарам не выйшлі яшчэ з учарашняга запою.
Ягайла. Так, абое рабое. Ты мяне, ваявода, трымай у курсе тутэйшых спраў. А чаму майго старога таварыша па маскоўскім паходзе ўсё яшчэ з Літвы няма?
Кракаўскі ваявода. Не ведаю, мой кароль. Але я паслаў у княства па яго адразу.
Ягайла. Пацікаўся зноў.
Кракаўскі ваявода. Хіба што… Дык я пайду, мой кароль?
Ягайла. Ідзі, ваявода, ідзі. Але надоўга не забывай мяне.
Кракаўскі ваявода выходзіць. Кароль заве ахоўніка.
У мяне такое адчуванне, што тут, у гэтым Луцку можна памерці з голаду. Клічце каралеву ды нясіце абед. Спадзяюся, прыпасы мы з сабой прывезлі?
Ахоўнік. У чым, у чым, а ў гэтым недахопу не будзе, мой кароль.
Ягайла ад задавальнення смяецца.
Ягайла не чакаў, але да яго раптам заходзяць імператар Сігізмунд і вялікі князь Вітаўт.
Сігізмунд. Не спадзяваўся, кароль, на такія госці?
Ягайла. Якраз дарэчы. Зараз прыйдзе Соф’я. Будзем абедаць.
Вітаўт. Гэта я вінаваты.
Сігізмунд. У цябе ж за сямейным сталом віна не падаюць? Цвярэзнік! Гэта ж трэба – кароль і не п’е! А можа, пад коўдрай? Я аднаго такога валадара ведаў.
Ягайла (з усмешкай). Не, на мне такога граху няма.
Сігізмунд. Таму ад цябе бабы бегаюць да другіх.
Вітаўт. Мы, брат, намерваліся ў твой гонар сёння наладзіць паляванне. Шкада, што двор твой позна прыехаў. Таму, бачыш, усё зрушылася.
Ягайла. А я, брат, заўсёды бываю вінаваты, калі сярод другіх віну шукаюць. Я ўжо да ўсяго прывык.
Сігізмунд. Ну а што ўдвох прыйшлі да цябе, то… Словам, гэта знарок. Тут твае людзі да мяне падступаюць, каб я не дазваляў твайму брату каранавацца. Але што зробіш, калі я яго даўно ўпадабаў. Дастойны муж і вялікі воін. Словам, каб спыніць інтрыгі, скажу: мяняць сваё слова я не стану. Ватыкан таксама гатовы другі раз дазвол даць. Засталося толькі прывезці карону.
Ягайла (доўга маўчыць ад імператарскай шчырасці, нарэшце гаворыць). Я таксама, кароль, не меней ад іншых брата свайго люблю, але ж у адной дзяржаве два каралі…
Сігізмунд. Ну і што? У маёй свяшчэннай імперыі не злічыць іх – каралёў і карон. Мала хто за ніжні стол хоча сядаць. Але ў імперыі, хвала Езасу Хрыстасу, цішыня і раскоша.
Ягайла. Гэта пакуль, мой імператар. Гэта пакуль справа да амбіцый не дайшла.
Вітаўт. На амбіцыі патрэбна дужая рука.
Ягайла (з усмешкай). Амбіцыі – гэта як тая вада, што пратачылася праз плаціну.
Вітаўт. Словам, ты, брат, не ўхваляеш маю задуму з каранацыяй?
Ягайла. Ты маю думку чуў.
Вітаўт. Ты як здрадзіў з Ядвігай літвінам, так і цяпер працягваеш сваю здраду.
Ягайла. Моцна сказана, брат!
Вітаўт. Затое без хлусні.
Сігізмунд. Ладна, не сварыцеся. Я сваю волю сказаў, і буду пасабляць Вітаўту ў гэтай справе. Вялікі князь літоўскі варты кароны. На гэтым і парашылі. А цяпер… Дзе твой абед, кароль?
Пасля абеду Ягайла выходзіць на ганак. Блішчаць апошнія промні сонца. Недзе спявае певень. Іржэ застаялы конь. На ганку калыхнулася з абодвух бакоў варта. Перад ганкам на зрэзаным бярозавым пні сядзіць юродзівы.
Ягайла (да юродзівага). Каго чакаеш, божы чалавек?
Юродзівы (амаль з пагардай). Караля!
Ягайла. На што табе кароль?
Юродзівы. Хачу паглядзець. Ды тое-сёе параіць.
Ягайла. Нічога цікавага. Кароль у старасці такі ж юродзівы, што і ты. Ды і што ўзяць з прымака? Ад адных цалкам не адышоў і да другіх на самай справе не прыстаў.
Юродзівы. Кажуць, ягоная жонка, гэта значыць, наша каралева скурвілася?
Ягайла. Дык ты хочаш даведацца пра гэта ад яго?
Юродзівы. Ну, з самых першых рук.
Ягайла. А ты верыш, што каралева… Ну, што каралева?..
Юродзівы. Чалавек слаб, асабліва кабета, ну а што да дзевак!..
Ягайла. Як відаць, жанчын ты не жалуеш?
Юродзівы. Твая праўда. Але як думаеш, кароль сёння выйдзе на вуліцу?
Ягайла. Адкуль мне знаць? (Крычыць). Гэй, хто там?
На ганак выходзіць Ахоўнік.
Дайце небараку злотых, ды няхай ідзе адсюль. Залішне цікаўны. Ажно смярдзіць.
Вяртаецца ў пакоі.
Чалавек без імя прыносіць Ягайлу тараканаў у скрыначцы.
Чалавек без імя. Куды ж іх цяпер, ваша каралеўская вялікасць?
Ягайла. А вось зараз… на падлогу. Ты толькі пачакай трохі. Дзе мая шпага?
Чалавек без імя звешвае са сцяны шпагу, падае каралю.
Ну а цяпер выпускай. Так проста на падлогу.
Чалавек без імя выпускае тараканаў.
Хочаш паглядзець, як яны стануць шушукацца?
Чалавек без імя. Калі будзе на тое ваша воля.
Ягайла. Ды і час расказаць, што там шляхта?
Чалавек без імя. Здаецца, прыціхла ды наўкол азіраецца.
Ягайла. Даўно б так.
Чалавек без імя. Я наняў трох зухаватых шляхціцаў з бедных, дык тыя размахваюць шаблямі направа і налева ў гонар каралевы. Ужо адбылося некалькі боек.
Ягайла. Але сам цяпер не дужа высоўвайся. Ды і да мяне прыходзь толькі па выкліку. А грошы будуць даваць… Ну, нехта будзе даваць. Бывай.
Чалавек без імя выходзіць. Ягайла пачынае пасвіць шпагаю тараканаў, выгаворваючы розныя ласкавыя словы. Заходзіць біскуп Алясніцкі.
Біскуп. Будзь слаўны Езас Хрыстас наш!
Ягайла. Ва векі вякоў. Ну што, пане Збігнеў. Казалі, што імша сёння добра прайшла ў касцёле. Шкада, я спазніўся. Але прызнацца – для мяне ў касцёле ўсё менш і менш забавы.
Біскуп. Ці ж у касцёл дзеля аднае забавы ходзяць?
Ягайла. Не чапляйся за словы, пане Збігнеў. Да мяне прыходзілі Вітаўт з імператарам Сігізмундам. Імператар стаіць за каранацыю вялікага князя. Мае пярэчанні поспеху не мелі.
Біскуп. А што Вітаўт?
Ягайла. Гаварыў адзін імператар.
Біскуп. Значыць, намаганні нашы дарэмныя?
Ягайла. Выходзіць, што так. А тут яшчэ праблема ўзнікла. Праўда, імператар прамаўчаў пра яе. Але ж я здагадваюся, што ён пры Вітаўце знарок прамаўчаў.
Біскуп. А што такое, мой кароль?
Ягайла. Збіраецца партыя за вызваленне Свідрыгайлы.
Біскуп. У гэтым нейкі сэнс, мой кароль, ёсць.
Ягайла. Супраціўніка Вітаўту выпусціць?..
Біскуп. А хоць бы і так.
Ягайла. Баюся, што нам неўзабаве зноў давядзецца яго лавіць. Я свайго малодшага брата ведаю.
Біскуп. Не, мой кароль, у гэтым штосьці ёсць. Трэба з тым-сім параіцца. А што датычыць каранавання вялікага князя, то яшчэ ж Польшча не згінэла. Гэта ж не першы раз. Адзін раз не выйшла, можа, дасць бог, і другі раз не атрымаецца. А вось дарогу да трону сыну твайму Уладыславу расчышчаць трэба.
Ягайла. Думаеш, Уладык мой сын?
Біскуп. На цябе ж падобны!
Ягайла. А Казік?
Біскуп. Я, мой кароль, у здагадкі не гуляю і табе не раю займацца гэтым. Дзеці заўсёды найбольш падобныя на суседзяў.
Ягайла. Дык кажаш, што пра Свідрыгайлу варта падумаць? Баюся, што гэта зноў нейкая інтрыга на ўсю дзяржаву. Га?
Біскуп паціскае плячамі.
Ну, а каго ж вы ў рэгенты намячаеце?
Біскуп. Калі будзе на тое твая воля, то каралеву Соф’ю і Вітаўта.
Ягайла. Значыць, я хутка старэю. Нездарма выйшаў на гэты дзіўны занятак – пасвіць тараканаў. А чым ты, біскуп, цешыш сябе ў вольны час?
Біскуп. Перасыпаю чоткі.
Ягайла. М-да, кожнаму сваё.
Біскуп крыжуе рукой караля, выходзіць.
Нарэшце кароль Ягайла дачакаўся рыцара Юльяна з Літвы. З ім ён некалі, гадоў пяцьдзесят таму назад, хадзіў паходам у Масковію на дапамогу хану Мамаю, з якім быў у дзяржаўнай дамове. Ягайла сустрэў старога воя на ганку. Абдымаў, ляпаў па спіне, гаварыў нейкія словы, адным ім зразумелыя.
Юльян. Як ты пачуваеш сябе, кароль?
Ягайла (уздыхае). А так і пачуваю, стары таварыш. Стаў зусім сівы і нямоглы, дарма што хвост трымаю. Ды і што зробіш – жонка маладая, дзеці малыя, вакол іх таксама гіблых месцаў нямала. Словам, увесь у інтрыгах. Нябось жа чуў, як гавораць: прымачы хлеб – сабачы хлеб.
Юльян. Навошта клікаў?
Ягайла. А вось пра гэта мы пагаворым з табой. Пра ўсё жыццё, што яшчэ засталося ў нас. Спадзяюся, ты не спяшаешся назад?
Юльян. Я спрадвечны воін і асабліва не разжыўся ў жыцці. Можна сказаць, зусім бабыль. Гэта добра, што яшчэ знайшлі мяне твае людзі ў адным гасцінным прытулку.
Ягайла. Цяпер твой прытулак тут.
Юльян. Дзякуй, кароль, я вельмі ўсцешаны. Дык у чым справа?
Ягайла. А ты не спяшайся. Я вось адну справу зараз павінен вырашыць: выпускаць з астрога Свідрыгайлу, ці не?
Юльян. А навошта ён цяпер табе ў турме?
Ягайла. Апошні час я неяк не думаў пра гэта. Найбольш займаюся тараканамі.
Юльян. Разводзіш?
Ягайла. Не, забаўляюся. Як кажуць, чым бы дзіця ні цешылася…
Юльян. А я лазу шабляй сяку.
Ягайла. Сапраўдны воін.
Юльян. Хлопцы скардзяцца, што праз гэта кошыкаў няма з чаго плесці.
Ягайла. Таксама клопат. Але мы вось што зараз зробім. Пойдзем у госці да каралевы. Цяпер да яе трапіць лягчэй, чым раней. Там і павячэраем. Я скажу, каб табе таксама ложак паставілі ў гэтым пакоі.
Выходзяць.
Каралева трохі збянтэжана: яна чакала аднаго караля.
Ягайла. Гэта мой даўні таварыш, яшчэ па маскоўскім паходзе. Рыцар Юльян.
Соф’я. Твае сябры – мае сябры.
Ягайла. Ну, у цябе іх больш. I сярод палякаў, і сярод літоўцаў.
Соф’я. Не будзем лічыць, мой уладар. Але вячэра гатова. Можна ісці ў сталовую.
Юльян бярэ каралеву пад руку, ідуць на вячэру. Расселіся за сталом.
Ягайла. Не бянтэжся, Юльян, зараз каралева паклапоціцца пра добрае віно… Сам я даўно ўжо не п’ю.
Юльян. А піў, мой кароль.
Соф’я. На нашым вяселлі ўвесь тыдзень быў цвярозы.
Ягайла (заўсміхаўся). Гэта ж як Соня за мяне выйшла? У Гальшанскіх было ажно тры нявесты: Васіліса, Соня і Марыля. Я ўжо нямоцна помню, як трапілі мы ў Друцк, дзе выхоўваліся сёстры. Зразумелая справа, што сватацца трэба за старэйшую. А мне Соня прыглянулася. Тады Васілісе знаходзяць хутка жаніха. А мы з Соняй гуляем вяселле.
Юльян. Няхай дае бог. (Выпівае чарку віна).
Ягайла. Спадзяюся, каралеве ад нашых размоў не стане сумна. Тады пачынаем.
Юльян. Я ўвесь увага, ваша каралеўская літасць.
Ягайла. Апошні час мне не дае спакою той маскоўскі паход, у якім мы былі разам, калі хадзілі на дапамогу хану Мамаю.
Юльян. Дык што рупіць?
Ягайла. Непакоіць тое, што ўсе тыя падзеі выпалі з галавы. Нічога не помню. А хронік, здаецца, няма. Прынамсі, у каралеўстве. Раскажы мне, калі помніш. Там адным часам нейкая мая віна і заслуга. I яшчэ – часта бачыцца мне нейкая замглёная постаць. Нешта ад яе тады залежала.
Юльян. Вось ты пра што, кароль! Калі дазволіш, я таксама паразважаю, бо многае і праўда забылася.
Ягайла. Ну-ну, паразважай.
Юльян. Самае важнае ва ўсім гэтым, што на баку маскоўскага Дзімітрыя быў твой брат Андрэй і яшчэ многа славянскіх князёў. Дарэчы, яны і ў Кулікоўскай бітве прымалі самы чынны ўдзел. Да таго ж, палкі, якія ты ўзяў у паход, складаліся з праваслаўных.
Ягайла. А што гэта за Кулікоўская бітва?
Юльян. Там Дзімітрый Маскоўскі разбіў Мамая. А мы прастаялі паблізу, не пайшлі на падмогу залатаардынскаму хану. Дарэчы, Алег Разанскі, які быў, як і ты, у дагаворы з Мамаем, таксама прастаяў са сваім войскам недзе паблізу ад таго поля. Цяпер Дзімітрый Маскоўскі завецца Данскім. Бітва адбылася недалёка ад Дону. Так што рускія няхай дзякуй скажуць і табе, і князю Алегу, што вы ўстрымаліся.
Ягайла. А яны?
Юльян. Ну, самі ж пабілі Мамая. Ды і некаторыя нашы ў героях ходзяць. Асабліва брат твой Андрэй.
Ягайла. Дзе ён цяпер?
Юльян. Загінуў у бітве з татарамі на рацэ Ворскла. Пра інтрыгі не забываў да канца свайго жыцця. Так што, у цябе цяпер адзін брат – Свідрыгайла. I той недзе ў лёхах.
Ягайла. Ну а што за стары? Сівы? Як праз туман мне бачыцца. I ніяк не ўспомню, хто гэта быў?
Юльян. Так, прыходзіў тады ў Адоева, дзе мы стаялі, адзін манах. Сергій з Раданежа. Угаворваў цябе за праваслаўных.
Ягайла. Спадзяюся ж, не ён адбіў ахвоту ў мяне ісці да Мамая?
Юльян. Гэта аднаму табе, мой кароль, ведама. Ды яшчэ богу. Заставаліся ж вы з тым манахам адзін на адзін падоўгу. А калі гаварыць больш дакладна – супроць твайго ўдзелу ў бітве на баку хана Мамая былі і брат твой Андрэй, і наша праваслаўнае войска…
Соф’я. Было б пра што цяпер гаварыць. Ты ж пра Грунвальдскую бітву не забываеш? Значыць, ёсць што ўспамінаць. Ну а пра тую… Як яе?
Юльян. Кулікоўскую.
Соф’я. I ўспамінаць няма чаго. Вы ж на яе не дайшлі.
Ягайла. А чаму яна мяне так займае, нават трывожыць. I кожны раз пры гэтым чую конніцу. Вось і цяпер тупат капытоў за вокнамі. Вы не чуеце?
Соф’я. Галюцынацыі.
Ягайла. А вы лепей паслухайце.
Соф’я (амаль пагардліва паціскае плячамі). Ціха.
Юльян. Ды не, каралева, кароль ці не праўду кажа.
I на самай справе – ужо ажно вушы глухнуць ад конскага тупату. Значыць, усё яшчэ кудысьці імкне Ягайлава конніца. Цяпер ужо, здаецца, міма ўсіх бітваў, у несмяротнасць.
Ягайла. Бачу, каралеве нецікава наша размова. Давай, стары таварыш, падзякуем гаспадыні за вячэру ды рушым да сябе. (Устае з-за стала). Я пакажу табе сваіх тараканаў. (Да Соф’і). А Свідрыгайлу, брата майго меншага, няхай выпусцяць на волю.