ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ЧЫСТЫЯ РЭКІ, МУТНЫЯ ВОДЫ

ДРАМА З ПРАЛОГАМ І ЭПІЛОГАМ
1994

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

  • Астрожскі Канстанцін – князь, вялікі гетман Вялікага княства літоўскага, рускага і жамойцкага
  • Васіль ІІІ – вялікі князь Вялікага княства маскоўскага, самадзержац усяе Русі
  • Сігізмунд І – кароль польскі, вялікі князь Вялікага княства літоўскага, рускага і жамойцкага
  • Сяміён – брат Васіля ІІІ
  • Юрый – таксама брат Васіля ІІІ
  • Глінскі Міхайла – князь
  • Радзівіл Юрый – князь, літоўскі падчашы і ваявода гародзенскі
  • Сапега Іван – магнат
  • Варсанафей – смаленскі біскуп
  • Чаляднін Іван – баярын
  • Булгакаў-Голіца Міхайла – князь, баярын
  • Камал – князь, турэцкі пасол
  • Салагуб – смаленскі ваявода
  • Сампалінскі – паляк, удзельнік бітвы пад Воршай
  • Свярчоўскі – паляк, таксама ўдзельнік бітвы пад Воршай.
  • Манах
  • Баяры, ваяводы, ваяры, слугі… Хлопцы і дзяўчына з імправізаванай групы ў сучаснай апратцы

П Р А Л О Г

На сцэну выходзяць маладыя людзі ў сучаснай апратцы. Дзяўчына пачынае спяваць:
Ой, у нядзельку параненька
Узышло сонца хмарненька,
Узышло сонца над борам,
Па-над Сялецкім таборам.
Другія з гэтай імправізаванай групы пачынаюць падпяваць:
А ў таборы трубы йграюць,
Да ваяцкае парады зазываюць.
Сталі рады адбываці:
А ці з поля, а ці з лесу,
А ці з рэчкі невялічкі?
А ні з поля, а ні з лесу,
Толькі з рэчкі невялічкі…
Песня паволі сціхае. Тады хлопцы пачынаюць гаварыць адзін па адным.

Першы: «Але перад тым, як адбывалася гэтая бітва, літоўскае войска на чале з гетманам Астрожскім у тысяча пяцьсотым року сустрэлася з маскоўскім на Міцькавым полі, што каля рэчкі Ведраш, ці не пасярод Расіі. Так гавораць друкаваныя крыніцы».
Другі: «А яшчэ яны гавораць, што дзякуючы патаемнасці маскоўскія ваяводы наладзілі засаду і атрымалі на Міцькавым полі перамогу: гетман, князь Астрожскі, і другія літоўскія ваяводы трапілі ў палон».
Трэці: «Палонных рускія прывезлі ў Маскву і адсюль ужо рассылалі па розных гарадах князю Астрожскаму лес выпаў пакутваць у Волагдзе, адвезлі яго туды ў ланцугах»
Чацвёрты: «Іншым князям і панам маскавіты давалі па паўгроша, а Канстанціну Іванавічу Астрожскаму – па чатыры алтыны».
Першы: «Але і ў няволі гетман не забываў пра Бацькаўшчыну, туга па ей не переставала жыць у ім. Нарэшце маскавіты западозрылі Астрожскага ў жаданні пакінуць Масковію самавольна. І ён мусіў даць у прысутнасці духоўных асобаў наступны запіс. «Се аз, князь Константин Иванович Острожский, что если бил челом своему государю великому князю московскому Василию Ивановичу за свою вину». Літоўскі гетман пасля гэтай клятвы атрымаў людзей і землі ў Масковіі. Але покліч радзімы ў душы ўсё ж  перамогі…»
Другі: «І ён уцёк у Вялікае княства літоўскае, рускае і жамойцкае»
Зноў чутна песня.
А ў нядзельку параненьку
Сталі хлопцы-пяцігорцы
Каля рэчкі на пагорцы.

К А Р Ц І Н А  І

Малая набярэжная палата ў маскоўскім Крамлі. Пасля заключэння дагавору з імператарам Максімільянам супраць польскага караля і вялікага князя літоўскага, рускага і жамойцкага Сігізмунда і Васіль ІІІ атрымаў запэўніванні ў дружбе ад ягонага сына Сіліма. І вось цар прымае ўжо пасла Камалаю Тут рускія баяры, княжаты і дзеці баярскія. Таксама князь Шуйскі.

Васіль ІІІ. Доўга, доўга ж дабівалася пасольства да нашага стольнага горада!
Камал. Цярпелі нястачу, вялікі князь. У вас дрэнныя і небяспечныя дарогі. Нават больш таго.
Васіль ІІІ (Глядзіць на Шуйскага). Растлумач, князь.
Шуйскі. Сапраўды, пасольства цярпела нястачу, вялікі князь. У варонежскіх стэпах напаткаў нас голад. Паздыхалі коні. І калі б не твае людзі, гасудар, якіх ты выслаў з коньмі ў Разань, быць бы нам яшчэ і цяпер у дарозе.
Васіль ІІІ. Але ж ты, князь, мог і сам сее-тое зрабіць, каб абегчыць турэцкім паслам дарогу.
Шуйскі. Вінаваты, цар. Дарогі нашы сапраўды небяспечныя.
Васіль ІІІ (да Шуйскага). Няхай аддаюць граматы. (Паказвае на пасла).
Камал (падыходзіць да вялікага князя, цалуе руку). Тут дзве граматы, вялікі князь. Адна пісана па-арабску, другая па-сербску.
Васіль ІІІ. Прачытаем і гэту, і тую. Хвала богу, грамацеяў у нас цяпер хапае.
Камал. Мой султан жадае быць з табой, вялікі князь, у дружбе, мець адных сяброў і адных ворагаў.
Васіль ІІІ. Мы ўдзячны султану. Але мы хацелі б заключыць з ім пісьмовы дагавор.
Камал. На жаль, я не ўпаўнаважаны зрабіць гэта, вялікі князь. Загадана абмежаваць перамогу вусна. Але дзеля дружбы, ваша княства вялікасць, султан чакае, што вы адпусціце ў Таўрыду хана Ляціфа.
Васіль ІІІ. Хан Ляціф пабудзе пакуль у нас. А цябе, пасол Камал, запрашаю сёння ў сярэднюю залатую палату на абед.

Турэцкае пасольства ўслед за Шуйскім выходзіць.


К А Р Ц І Н А  І І


Тая ж малая набярэжная палата. Тут вялікі князь Васіль, баяры, баярскія дзеці, княжаты. Акрамя таго – Міхайла Глінскі, які не так даўно перадаўся сюды з Вялікага княства літоўскага, рускага і жамойцкага.

Васіль III. Нарэшце можна зноў вярнуцца да нашых старых спраў. Імператар пакуль не стане перашкаджаць нам. Султан Баязет таксама падае руку дружбы. I з Ганзай, здаецца, усе як мае быць. Нашы наўгародскія намеснікі заключылі мірныя ўмовы ажно з сямідзесяццю гарадамі. Так што рукі нам развязаны, і мы зноў маем магчымасць рушыць на Смаленск.

Прысутныя ківаюць галовамі.

Глінскі. Даўно пара б, вялікі князь.
Васіль III. Два разы мы ўжо цярпелі там няўдачу. Але цяпер… зноў жа кажу, нішто нам не перашкаджае ваяваць наш старадаўні горад. Акрамя таго, у нас зуб на Сігізмунда і праз сястру нашу Алену, якая была замужам яшчэ за каралем Аляксандрам. Пасля смерці караля, ужо пры Сігізмундзе, палякі здзекаваліся з яе. I яшчэ невядома, ад чаго яна памерла!..
Глінскі. Няйначай, Сігізмунд атруціў яе, вялікі князь.
Васіль III. Ад гэтакага караля ўсяго можна чакаць. Але Смаленск – не канчатковая мэта нашага паходу, які я абвяшчаю сення. Мы з вамі павінны вярнуць усе землі, якія некалі належалі Маскве.

Галасы ў палаце «Вядзі нас, вялікі князь! Забяром назад нашы гарады!»

Васіль III. Я сам узначалю паход. Намеснікам стане князь Глінскі, у якога таксама есць рахункі з польскім каралём.
Глінскі. З польскім каралем і з вялікім князем літоўскім…
Васіль III. Тым больш.

Вялікі князь устае з трона Малая набярэжная палата паступова пусцее.


К А Р Ц І Н А  I I I


Кароль Сігізмунд І і Гетман Астрожскі ў адваяваным Менску.

Сігізмунд I. Ты ў самы раз вярнуўся дамоў, гетман. З Масковіі даносяць нам, вялікі князь Васіль абвясціў паспалітае рушэнне на Смаленск.
Астрожскі. Мы таксама гэтыя звесткі маем.
Сігізмунд I. Маскоўскі князь думае, што ягоная сястра, а наша ўдава-каралева, была атручана. Нібыта хтосьці падсыпаў яду. Але гэта не так. Яна проста памерла.
Астрожскі. Прычына для абвяшчэння вайны заўседы знойдзецца, мой кароль. Нават самая нечаканая, як гэта вось. Але сутнасць не ў смерці Алены Васіль спіць, а ў сне ўвесь час бачыць Смаленск.
Сігізмунд I. Твая праўда, гетман. Таму я і кажу, што вярнуўся ты з маскоўскага палону якраз.
Астрожскі. На тое была воля божая Васіль паверыў майму запісу, таму і выпусціў на волю. Ну а воля заўседы дарогу падкажа.
Сігізмунд I. Таксама, як і няволя.
Астрожскі (паўтарае). Таксама, як і няволя, ваша вялікасць.
Сігізмунд. Давядзецца табе, гетман, рушыць насустрач маскоўскім войскам. У Смаленску цяпер у нас ваяводай Салагуб. Але дапамога яму ўсе роўна патрэбна будзе. Бяры з сабой сваіх літоўцаў. Таксама маіх польскіх коннікаў.
Астрожскі. Галоўнае, трэба як мага больш узяць з сабой гарматаў, бо войска, якое вядзе сюды маскоўскі князь, гэта не ўсе. Па ўзмежжы нашага княства і маскоўскага на вялікай тэрыторыі даўно ўжо бадзяюцца рускія атрады. Трэба ачысціць ад іх уладанні княства.
Сігізмунд I. Я, гетман, бласлаўляю цябе на подзвіг. Шкадую, што адтэрміноўваецца твае вяселле са слуцкай княжной.
Астрожскі (усміхаецца). Давядзецца пісаць ей зноў. Я ўжо аднойчы рабіў гэта, перад паходам на Менск.
Сігізмунд I. А як сын твой ставіцца да гэтага жанімства?
Астрожскі. Ілля? Каму хочацца цалкам сіратой сябе адчуваць? А тут хоць і мачыха, а ўсе-ткі…
Сігізмунд І. Ты, гетман, яшчэ малады. Так што – жаніся! Як жа завуць княжну?
Астрожскі. Аляксандра. Я абяцаў ей уступіць у шлюб, як толькі вярнуся з каралеўскай службы. А яна, гэта служба, усе новая ды новая!..
Сігізмунд I. Каралеўства і княства не забудуць тваіх заслугаў, гетман.
Астрожскі. Але я ўсе ўспамінаю свой палон. Дзіўныя людзі, гэтыя маскавіты. Дарэчы, адной веры са мной.
Сігізмунд I. Інтарэсы дзяржавы мы, уладары, павінны ставіць вышэй за веру.
Астрожскі. Так, мой кароль. Але што тычыцца вяселля. Тут адна цікавая падрабязнасць есць. У кожным выпадку каралеўская казна, паводле нашай дамовы з родзічамі нявесты, будзе мець прыбытак. Чатыры тысячы злотых за тое, калі хтосьці з нас не выканае сваіх абавязацельстваў адзін перад адным.
Сігізмунд I (смяецца). Дзякуй, гетман, табе ад каралеўскай казны. Варта падумаць – ці не ўвесці падобную практыку для ўсіх маладых, хто ўступае ў шлюб?
Астрожскі. Падумайце, кароль, падумайце. Як я зразумеў, Радзівіл з ягоным войкам таксама падпарадкуецца мне?
Сігізмунд I. Трохі пазней, гетман. Падчашы і ваявода гародзенскі рушыць адразу ў напрамку Смаленска.
Астрожскі. Слухаю, мой кароль.


К А Р Ц І Н А  I V


Васіль III з князем Глінскім каля Смаленска. Абапал – войска, пешае і коннае. Падыходзяць да велічэзнай гарматы.

Глінскі. Спадзяюся, вялікі князь помніць пра свае абяцанне?
Васіль III. Помню, князь, але Смаленск трэба яшчэ заваяваць.
Глінскі. Я даўно ўжо звыкся з думкай, што гэты горад на мяжы дваіх вялікіх княстваў стане маім удзелам.
Васіль III. Ну так, ты ж і вайну ў тваім, былым княстве распачаў некалі, здаецца, дзеля гэтага?
Глінскі. Не зусім так, вялікі князь. Але кароль польскі, таксама сёння вялікі князь літоўскі, сапраўды адбурыў мяне. Спярша паабяцаў Смаленск, з тады здрадзіў свайму слову. Таму я і пытаюся – спадзяюся, вялікі князь помніць пра свае абяцанне.
Васіль III. Помню. Не забыў. Я ўдзячны табе, князь, што ты наняў у Багеміі і ў Германіі ўмелых людзей для маей ратнай справы. Дарэчы, гэты гарматчык (паказвае на артылерыста ля вялічэзнай гарматы) таксама наняты там?
Глінскі. Здаецца, не, вялікі князь. Ен – з маскалеў. (Да гарматчыка). Як жа завуць цябе?
Гарматчык. Стэхванам.
Васіль III. Тады ў добры час, Стахван. Пачынай!

Гарматчык падносць да пораху ў адтуліне зверху палаючы факел. Гармата грымнула. За ёй – другія.

Васіль III (падносць падзорную трубу да вачэй). Малайчына, Стахван. Паўсцяны ў крэпасці знёс. А ну-тка зноў!

Абслуга кінулася рыхтаваць гармату да наступнага стрэлу.

Глінскі. Перамога, вялікі князь, не прымусіць доўга чакаць нас. Пакуль няхай папрацуюць гарматчыкі, а там узбурацца супраць свайго ваяводы і самі смаленцы. Мае людзі папрацавалі сярод іх. Шкада, што ваявода Салагуб аказаўся непрыхільны. Але я перадаў яму – няхай пасля на сябе крыўдуе. Бачыце, вялікі князь? На сценах крэпасці ужо многа народу. Штосьці крычаць.
Васіль III. Пад Смаленскам я ўжо трэці раз, князь. Але сення найбольш спадзяюся на гэтага вось Стахвана. (Да гарматчыка). Што ты марудзіш, бамбардзір?

Зноў 6ухкае Стахванава гармата. За ей – другія. Вялікі князь засланяе рукамі вушы. Да месца, дзе знаходзіцца вялікі князь Васіль Іванавы, падскоквае вершнік, паказвае на крэпасць.

Васіль III (вызваляе вушы). Што яны крычаць там, на сценах крэпасці?
Вершнік. Вялікі князь, стрымай меч свой – вось аб чым яны просяць!
Васіль III. Няхай павінуюцца!
Вершнік. Яны гатовы здацца.
Васіль III (да князя Глінскага). Значыць, перамога?
Глінскі. Мае перамовы са смаленцамі далі свой плён, вялікі князь.
Васіль III (смяецца). Асабліва вось гэтыя гарматы. (Да артылерыстаў). Пачакаем, паны бамбардзіры! Можа, і праўда хопіць? (Да Глінскага). Сядай на каня, князь, скачы ў горад! Хачу дакладна ведаць, што праціўнік не зацягвае час!
Глінскі кідаецца да каня. Але ўжо набліжаецца да вялікага князя ягоны брат Юрый: «Ваявода смаленскі выкінуў белы сцяг! Перамога, брат!»

Браты цалуюцца. Вакол чуюцца крыкі. Сціхаюць ружэйшыя стрэлы. Вялікі князь кладзе на плечы Глінскаму рукі.

Васіль III. З перамогай, князь. Буду прымаць здачу Смаленска тут!

Да вялікага князя падыходзіць смаленскі біскуп Варсанафей. Кланяецца. Крыжуе Васіля III.
Варсанафей. Ваявода Салагуб гатовы пачаць перамовы заўтра, вялікі князь!

Васіль III. Ніякіх перамоў! Здача! I зараз жа! А ну-тка, бамбардзіры, зноў правучыце нахабнікаў!

Артылерысты нібыта аднаго гэтага і чакалі. Зноў грымнулі гарматы, выкідваючы з жэрлаў ядры. Пяхота і конніца рушылі на чарговы штурм.
Тым часам адчыняюцца вароты крэпасці. Адтуль на чале з архімандрытам выходзяць святары з іконамі.

Варсанафей. Бачыш, вялікі князь? Прымай горад з ціхасцю!.. Даволі ўжо пралілося крыві. Зямля наша, а новая вотчына, шмат апусцела, абязлюдзела…
Васіль III (брату свайму, Юрыю). Перадай ваяводзе Данілу, каб спынілі баявыя дзеянні, каралеўскую стражу вакол горада няхай памяняе на маю. Да раніцы павінны быць перапісаны ўсе жыхары Смаленска. Няхай забываюць караля, няхай прысягаюць нам.


К А Р Ц І Н А  V


Старажытны палац князёў Манамахавых у Смаленску. Васіль III сядзіць на троне, які захаваўся тут з далёкіх часоў. З ім шмат хто з пераможцаў і пераможаных. У тым ліку і ваявода Салагуб.

Варсанафей. Божай міласцю радуйся і жыві, праваслаўны цар усяе Русі, на сваёй вотчыне і ў градзе Смаленску.
Васіль III. Амін! (Да пераможаных). Даю вам у намеснікі князя-Шуйскага. Даю таксама смаленцам грамату льготную. Зацвярджаю права на ўласнасць. На свяціцельскім прастоле пакідаю біскупа Варсанафея. (Да Салагуба). Ну а ты, ваявода, чаго ты ад мяне чакаеш?
Салагуб. Адпусці мяне, вялікі князь, калі не трымаеш зла, у Вільню. Даўно не быў там. Няйначай, паны-рада чакаюць тлумачэння, чаму быў здадзены Смаленск. Павінен апраўдацца.
Васіль III. Што ж, ідзі апраўдвайся, ваявода. I воі твае, калі хто мае патрэбу, няхай падаюцца ў сваё княства, паколькі тут ужо мая зямля. Кожнаму на дарогу даю па рублю. А тыя, хто застаецца на службе ў Смаленску, атрымаюць па два рублі і па сукну лунскаму.
Салагуб. Дзякуй, вялікі князь.

За ім і ўсе пераможаныя пачалі кланяцца, дзякаваць: «Дзякуй, вялікі князь, дзякуй!»
Біскуп Варсанафей акрапіў святою вадой вялікага князя, тады ўсіх прысутных.

Васіль III. (да сваіх і чужых). Шмат часу знаходзіўся Смаленск пад уладай Літвы і Польшчы. Ужо звычаі ламяняліся. Але сёння і ўчора я пераканаўся: імя рускае яшчэ кранае сэрцы смаленцаў. Жывая любоў да старажытнай айчыны. Без яе не ўзяць бы мне і гэты раз прыступам нашу вотчыну.

Да вялікага князя набліжаецца Міхайла Глінскі.

Глінскі. Бачу, вялікі князь маскоўскі аддаў абяцаны мне горад Шуйскаму?
Васіль III. Так трэба, князь. Я табе дам затое цэлае княства ў Літве.
Глінскі. Навошта мне княства ў Літве? Я ўжо меў некалі княства там.
Васіль III. Ды і не аддаваў я, як ты кажаш, твой горад Шуйскаму. Адкуль ты ўзяў? Князь часова будзе ваяводам. Дарэчы, ты, князь, таксама пастой са сваім атрадам паблізу мяжы, пакуль я з’езджу ў Дарагабуж.

Глінскі, насуплены, выходзіць.
Мяняецца сцэна.


К А Р Ц І Н А  V I


Сігізмунд і тым часам ужо ў Барысаве. Да яго сюды прыехаў гетман Астрожскі.

Сігізмунд I (Зусім ветліва, з добразычлівай усмешкай, усё роўна як вінавацячыся). А можа, і праўда, гетман, махнуць на ўсё рукой ды заняцца вяселлем тваім?
Астрожскі. Што, мой кароль, ужо абрыднуў табе службай сваёй?
Сігізмунд I. Ды не, гетман. Я пра тое, што няма гэтым войнам канца. Чуў я пра твае ўдачы. Але тым не менш маскоўскія атрады не пакідаюць нашых межаў. Здраднік Глінскі даносіць, што са Смаленска да Воршы збіраюцца пранікнуць у княства з войскам два царскія ваяводы – Булгакаў і Чаляднін.
Астрожскі. Кароль збіраецца зноў давяраць Глінскаму?
Сігізмунд III. Трэба выкарыстаць яго ў нашых умовах.
Астрожскі. Што ж ён просіць за сваю здраду маскоўскаму князю?
Сігізмунд. Смаленск і яшчэ сёе-тое.
Астрожскі. Надакучыў ён сваімі дамаганнямі!
Сігізмунд. Яны ў яго ўжо традыцыйнымі сталі.
Астрожскі. Смаленск яшчэ трэба ўзяць зноў. Але, мой кароль, асабіста я, калі б быў на месцы польскага караля, не дужа пакладаўся б на даўняга здрадніка. Спярша ён нам здрадзіў, цяпер вось маскоўскаму цару здраджвае. Не, мой кароль, небяспечны ен чалавек. Ды і з другога боку трэба паглядзець – для нас літвін Глінскі ў Смаленску горай за рускага Шуйскага. А царовых ваяводаў мы стрэцімі. Як іх?
Сігізмунд I. Здаецца, Булгакаў ды Чаляднін.
Астрожскі. Запомню.
Сігізмунд I. Сам я застануся тут, у Барысаве, а ты едзь да войска і па першай трывозе рушай насустрач маскалям. Думаю, што неўзабаве мы атрымаем новыя звесткі пра іх.

Астрожскі развітваецца з каралём, выходзіць.


К А Р Ц І Н А  V I I


Да караля заходзіць літоўскі падчашы і гародзенскі ваявода князь Юрый Радзівіл.

Радзівіл (шумна, акурат з радасцю). Наш кароль рашыў атабарыцца бліжэй да ваенных дзеянняў?
Сігізмунд I. Быць у стане вайны, князь, яшчэ не значыць ваяваць. Спадзяюся, твае палкі гатовы хоць зараз выступіць?
Радзівіл. Так, мой кароль. Хацелзся б наведацца, пакуль што да чаго, да Амсціслава і Крычава. Дужа мне не даспадобы тамтэйшы князь Заслаўскі. Так і бегаюць у яго вочы, нібыта кожную хвіліну гатовы да здрады.
Сігізмунд I (смяецца). Дык, кажаш, да здрады? I мсціслаўскаму князю, відаць, цяжэй, чым каму. На парубежжы стаіць.
Радзівіл. Дык і няхай абараняе парубежжа!
Сігізмунд I. Гетману Астрожскаму я загадаў быць бліжэй да Смаленска.
Радзівіл. Непасрэдная небяспека?
Сігізмунд I. Усе можа быць у наш час, асабліва на гэтай парубежнай зямлі. А табе, князь, належыць быць бліжэй да Астрожскага.
Радзівіл. Зразумела, мой кароль.
Сігізмунд I. Але паклікаў я ўсіх, князь, не за гэтым. Дакладней, не толькі таму. Нябось, сам ты ведаеш, што, рыхтуючыся да вайны, трэба наперад думаць і аб міры. Тут важна не толькі палітыка. Сваю ролю ў такіх справах адыгрывае і звычайная тактыка. Задумаў я паслоў накіраваць у Маскву. Дарма, што хан Гірэй падбівае нас на паход на Маскву. Хваліцца падарыць нам і Смаленск, і іншыя гарады, якія цяпер пад уладай вялікага князя маскоўскага.
Радзівіл. Хан Гірэй на абяцанні шчодры. Яму б яшчэ і ваяваць так, як словамі раскідваецца. Пырхае то туды, то раптам сюды!
Сігізмунд I. Так, пастаянства яму не хапае, князь. Ну то добра. Я пра пасольства, якое павінна будзе ў Маскве ўладзіць адну справу Маскоўскі князь надта крыўдуе на нас за сваю сястру.
Радзівіл. Каралеву?
Сігізмунд. Так, за нябожчыцу каралеву. Яна ж яму сястра. У Маскве падазраваюць, што нібыта я атруціў яе. Але дзівакі… Навошта было гэта рабіць, калі мне яна была патрэбна ў якасці заложніцы? Я заўсёды мог уплываць на маскалёў пры дапамозе яе. Ну а ты, князь горый, здаецца, прысутнічаў тады ў Вільні, калі ваяводы віленскі і троцкі здзекаваліся з удавы-каралевы?
Радзівіл. У Вільні я сапраўды тады быў, мой кароль, аднак не прысутнічаў пры тым..
Сігізмунд I. Дзіўна, эле ж хадзілі чуткі і пра цябе?
Радзівіл. Можа, таму што з дурнем Восцікавым быў тады і Мікалай Радзівіл?
Сігізмунд I. Можа, і праўда таму. Але ж трэба ўладзіць як след усё. Значыць, дакладна не ведаеш, князь?
Радзівіл. Не, мой кароль. Рад бы памагчы, але…
Сігізмунд I. Я пісаў ужо ў Маскву, тлумачыў, а цар быццам не хоча слухаць. Падавай яму вінаватых. А як ты аддасі на згубу сваіх людзей? Добра, князь, ты едзь да Астрожскага, я тут сам дайду, што да чаго.

Сцэна мяняецца.


К А Р Ц І Н А  V I I I


Дарагабуж. Васіль III. З ім ягоныя браты – Юрый і Сяміён.

Васіль III. Сігізмунд прыслаў ліст. Пра сястру нашу. Але нічога новага, зноў выгароджвае сваіх. (Чытае). Што датычыць паноў, ваяводаў віленскага і троцкага, то нам вельмі добра вядома, што яны ў нявесткі нашай казны, людзей, гарадоў і воласцяў сапраўды не бралі. Пра гэта мы ўжо пісалі вам… Яны толькі сказалі ёй з дазволу нашага, каб яе міласць на той раз у Браслаў не ехала, а каб жыла ў другіх сваіх гарадах і дварах, таму што прайшлі чуткі пра небяспечнасць пагранічных месцаў… (Перастае чытаць, глядзіць на братоў). Кароль, а таксама хлусіць!
Юрый. Можа, сорамна нарэшце зрабілася?
Сяміён. Дарэмна так думаеш, брат. Сігізмунду хоць насцы ў вочы, усё роўна скажа, што божая раса. Я яго ведаю.
Васіль III. Звычайныя каралеўскія хітрыкі.
Юрый. Але ж нам патрэбны перадых, брат!
Васіль III. Відаць, не менш, чым палякам. Вось што я падумаў, мае дарагія. Табе, Сяміён, неабходна ехаць у Маскву. Брат наш Андрэй непакоіцца тым, што мы надоўга яго пакінулі.
Сяміён. Але ж мы заваявалі і яму Смаленскі.
Васіль III. Гэта ты дарэмна, брат. Шапка Манамахава вельмі цяжкая. А ён, Андрэй наш, лічыць, што ён на троне там, пакуль мы бадзяемся. Ну, а вайны з палякамі ды літоўцамі нам не пазбегнуць. Таму ты. Юрый, сёння ж паедзеш у Смаленск, да князя Шуйскага. Недзе там, паблізу ад Смаленска, і Міхайла Глінскі стаіць са сваім атрадам.
Юрый. Усё чакае, калі ты аддасі яму Смаленск?
Васіль III. Яму я паабяцаў княства ў Літве.
Юрый. Якое трэба яшчэ заваяваць?
Васіль III (з усмешкай). Так. Вось ты і скажаш ім – няхай увосень пасылаюць войскі ў Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Ваяводамі хачу бачыць Івана Чалядніна ды Міхайлу Булгакава-Голіцу. Адсюль на дапамогу я мала каго накіраваць магу. Няхай сваімі сіламі абыходзяцца. Вакол Смаленска нашага войска шмат. Тым больш, што напасці на Літву трэба як найхутчэй, каб не разышліся нашы воі па дамах на зіму. Ці багата ў цябе, Юрый, спраў тут?
Юрый. Магу ехаць хоць зараз.
Васіль III. Добра.
Сяміён. I я так думаю, што мне таксама няварта доўга затрымлівацца ў Дарагабужы.
Васіль III. А вось ты, брат, якраз і не спяшайся. Трэба падзяліць нашу паходную казну. Адна частка няхай застаецца тут, другую ты павязеш у Маскву. Так што дарэмна рады быў, што Юрыю выпала больш небяспечнае даручэнне. З казной ехаць – гэта ўсё роўна як пажару чакаць. Ну, ідзі збірайся, Юрый!

Браты цалуюцца. Юрый выходзіць. З вялікім князем застаецца Сяміён.
Літоўскі гетман і чалавек у адзенні манаха. Гэта сапраўды манах, але некалі ён разам з Астрожскім хадзіў у Масковию, на вядомую нам бітву, што адбылася на рацэ Ведраш.

Астрожскі. Прызнацца, думаў, што ты загінуў тады. Але ж, бачыш, таксама жывы. Ці многа нашых пазбегла палону?
Манах. Не дужа. Забітых было больш. Далека, далека мы зайшлі тады ў Масковію, князь.
Астрожскі. У якую Масковію? То наша зямля Дарагабуж, Старадуб… Яе здабыў яшчэ Альгерд Міндоўгавіч, мы баранілі сваю тэрыторыю.
Манах. Так, Кансанцін Іванавіч. Але табе таксама, бачу, давялося гора сербануць у маскоўскім палоне? Ужо сівізна ў галаве.
Астрожскі. Не так гора, як зняваг нацярпеўся. Маскавіты спрабавалі прыручыць мяне, ды дарэмна.
Манах. А я ўсё ўспамінаю нашу маладосць, наш паход, тую бойку на Ведрашы.
Астрожскі. Гэта мой боль і мая ганьба. Там для мяне пра той час успаміны цяжкія. Цяпер вось хаджу з войскам паўсюды, помшчу.
Манах. Помста, Канстанцін Іванавіч, кепская рэч. Прынамсі, не Божы гэта прысуд – помсціць.
Астрожскі. А ты чаму ў гэтым? (Паказвае на манаскую апратку).
Манах. Ды тады ж… Пасля вяртання з палону… з ваяроў ды адразу ў служкі Богавы.
Астрожскі. Па абету ці так?
Манах. Яшчэ ў маскоўскіх балотах слова даў – вярнуся дамоў жывы, Богу жыццё прысвячу. Ну вось, а тут пайшоў погалас, што ты ўцёк з палону. Дай, думаю, пагляджу на Канстанціна Іванавна.
Астрожскі. Канстанцін Іванавіч зноў на кані. Удачы шукае. Збіраюся вось Смаленск назад адваяваць. Ішоў бы да мяне ў войска святаром.
Манах. У мяне, князь, цяпер мірная паства. Ад войнаў я адвык ужо.
Астрожскі. Шкада. Старыя таварышы мне цяпер во як патрэбны! (Паказвае рукой па шыі). Асабліва такія, як ты. Помню, як ты мячом вакол сябе кружыў.
Манах. Не крыўдуй, князь. Цяпер у мяне ў руках крыж. Слова Божае. Кроў праліваць не па мне. Даволі было.
Астрожскі. Саромеешся?
Манах. Наўрад ці. А вось скажы мне, князь. Як гэта мы выглядаем перад Богам, калі выступаем супроць тых, хто таксама спавядае нашу веру?
Астрожскі. Думаеш, мы тады прайгралі бітву на Ведрашы, што пайшлі на аднаверцаў?
Манах. Гэта Богу аднаму ведама. А гавару я таму, што часта аб гэтым думаю. Вось ты кажаш, што пойдзем Смаленск у маскавітаў адбіраць. Але ж яны таксама праваслаўныя. У цябе праваслаўныя воі, і ў маскоўскага князя праваслаўныя.
Астрожскі. Памаўчы, манах, не бянтэж маю душу. Вдаць, дарэмна ты прыйшоў. Але маліся за мяне, за маю ўдачу.
Манах. Навошта крывавая ўдача табе, князь? Няўжо толькі на тое, каб адпомсціць за свой палон?
Астрожскі. Мы з табой па-рознаму думаем, манах. Табе ўжо не зразумець мяне, мне – цябе. Іншы ты цяпер, не той, якога я ведаў некалі. Не каркай наперад воранам. Ну а наконт веры? Я забываю пра яе, калі імчуся насустрач ворагу. Хіба ж сам не помніш, як было? Для мяне галоўнае – апярэдзіць яго, секануць шашкаю першым. Няйначай, што другія таксама абыякавыя ў такія хвіліны і да самой веры, і да аднавернікаў у прыватнасці.
Манах. Але хіба мала здаралася, калі нават славутыя воіны ішлі ў манастыры замольваць свае вайсковыя грахі?
Астрожскі. Гэта іх справа. Я ім не суддзя.
Манах. Адзін Бог нам усім суддзя, князь. Няхай даруе грахі нашы. Амін. Але я тым часам шкадую, Канстанцін Іванавіч, што нібыта сапраўды дарэмна прыходзіў. Не атрымалася паміж нас шчырай гаворкі.

Сцэна мяняецца.


К А Р Ц І Н А  X


Васіль III усё ў тым жа Дарагабужы. Брат яго, Сяміён, яшчэ не ад’ехаў у Маскву. Яны сядзяць удвох, успамінаюць.

Васіль III. Раскажу табе, брат, як я нарадзіўся. У нашых жа бацькоў доўга не было сыноў. Ужо колькі жылі разам, а нараджаліся адны дочкі. Дзве Алены і адна Хадоска. Тым часам патрэбны быў наступнік. Казалі, што бацька наш, вялікі гаспадар, раіўся ўжо са святарамі, каб жаніцца другі раз. Маці таму хадзіла ў журбе. I вось нехта падказаў ёй – схадзі-тка, моў, у Троіцкую лаўру ды памаліся.
Сяміён. I яна пайшла?
Васіль III. А што будзеш рабіць? Наследнік у дзяржаве патрэбны!
Сяміён (з усмешкай). Ну-ну, кажы далей.
Васіль III. Пайшла яна. У манастыры там некалі святы Сергій жыў. Дык якраз ён і стварыў цуд: раптам паказаўся нашай маці з малым дзіцём на руках і паклаў ёй яго ў пустое чэрава.
Сяміён. Адкуль ты ўсё гэта ведаеш, брат?
Васіль III. Ад мітрапаліта Іосіфа.
Сяміён. А бацька наш пра гэта нічога не згадваў?
Васіль III. Прынамсі, я не чуў. Але маці нібыта сапраўды праз дзевяць месяцаў нарадзіла мяне. А тады ўжо астатнія пайшлі: спярша Юрый, пасля Дзімітры, затым ты, потым Андрэй, а за Андрэем яшчэ сёстры.
Сяміён. Дык у нас дзве Алены былі?
Васіль III. Так. Але адна рана памерла. Мусіць, ты нават не помніш. А другую выдалі за польскага караля.
Сяміён. Дык і ёй жа не пашанцавала. Таксама памерла.
Васіль III. Калі, вядома, не атруцілі яе. Я ўсё дамагаюся ад цяперашняга караля, каб выдаў мне крыўдзіцеляў яе – Восцікава і Радзівіла, я сам учыню суд. Але ж ты пісьмо чуў – кароль выгароджвае нягоднікаў.
Сяміён. На кім жа хацеў бацька другі раз жаніцца?
Васіль III. А-а-а… Гэта таксама цікава! Пытаешся – на кім?
Сяміён. Так.
Васіль III. На польцы! Паслаў нават людзей сваіх у каралеўства.
Сяміён. Сватоў?
Васіль III. Не зусім каб сватоў. Але штосьці такое. Дарэчы, я сам гэту гісторыю не дужа ведаю, хоць і чуў. Так што… маці наша, Соф’я Хамінічна, выратавала наш царскі род. А то былі б мы недзе таксама палякамі, брат.
Сяміён (уздыхае). Але таксама нейкая дурнота.
Васіль III. Пра што ты?
Сяміён. Пра тое, што няма паміж нас міру. То Польшча кідаецца на нас, то мы на яе.
Васіль III. Няпраўда, брат! Польшча? Так. Але ж мы не на яе пасягаем. Там, у княстве, нашы аднаверцы жывуць. Там жа нашы землі. Яшчэ з часоў кіеўскіх і полацкіх. I мы не можам не адгукацца на зоў аднае крыві
Сяміён. О-о, браце! Час ужо даўно памяняў усё. I толькі ён усясільны. Мы ж над часам улады не маем. I вярнуць не можам.
Васіль III. Але судзіць яго ніхто не забараняе нам, каб рабіць адпаведныя вывады. Практыка сенняшняга жыцця не можа не засноўвацца на мінулым. Ну ды ладна, здаецца, ці не пара ўжо табе сапраўды ад’язджаць у Маскву? Тым больш, што казна, якую ты павінен даставіць, ужо каторы дзень з пячаткамі. Га?
Сяміён. Прызнацца, у душы хацеў дачакацца Юрыя. Пачуць, што там у нас пад Смаленскам.
Васіль III. Думаю, што там нарэшце ўсталяваўся парадак, а ваяводы Чаляднін з Голіцай збіраюць, як і належыць, войска. (Смяецца).


К А Р Ц І Н А  X I


У стане Астрожскага разам з гетманам польскія палкоўнікі Свярчоўскі і Сампалінскі. Заходзіць Юрый Радзівіл.

Радзівіл. Я толькі што ад караля!
Астрожскі. Спадзяемся, кароль у добрым гуморы?
Радзівіл. О так! У Вільні адбыўся суд над смаленскімі здраднікамі, і ен пацірае рукі.

(Палякі – Свярчоўскі з Сампалінскім – з гэтых слоў моршчацца).

Астрожскі. М-так, на суд ды на расправу мы скорыя. Ну, а што суд?
Радзівіл. Салагуб за здачу Смаленска прыгавораны да смерці. I ці не адсеклі ўжо яму галаву.
Астрожскі. Няхай будзе зямля яму пухам!..
Радзівіл. Гетман шкадуе здрадніка?
Астрожскі. Усе мы ад госпада Бога залежым!.. Адных ен карае, другіх.. Але няхай… Нешта Іван Багданавіч позніцца?

Неўзабаве заходзіць Сапега.

Астрожскі. Нарэшце! Мы зачакаліся цябе, Іван Багданавіч! Чым парадуеш?
Сапега. Перамогай! Мае атрады нанеслі поўнае паражэнне тром маскоўскім палкам на Друці Забіты сотні маскавітаў. Нямала ўзята ў палон.
Астрожскі. Мы цябе віншуем, Іван Багданавіч. Такім чынам, панове, мы наступаем па ўсіх лініях. Мы перамаглі маскавітаў на Бярэзіне, на Табры, цяпер – на Друці. Па маіх дадзеных, рускія войскі збіраюцца на левым беразе Дняпра. Сёння мы павінны вырашыць, дзе будзе галоўная бітва.
Сапега. Але гэта залежыць ад рускіх ваяводаў. Дзе Чаляднін з Голіцай стануць, туды нам і рухацца. Там і змагацца. Але пакуль што да чаго, я схаджу са сваімі атрадамі ў адно месца.
Астрожскі. Твая воля, Іван Багданавіч. Я ж тым часам з палкоўнікамі буду сачыць за непрыяцелем. Трэба ва ўсе канцы разаслаць пільных віжуноў. Ад гэтага будзе залежаць далейшае.
Радзівіл. Якімі сіламі ты можаш распараджацца цяпер?
Астрожскі. Мы маем нямала конных і пешых: шаснаццаць тысяч маіх вершнікаў, чатыры тысячы польскіх, тры тысячы наёмнай польскай пяхоты, а таксама дробныя атрады добраахвотнкаў з каралеўства і княства. Чатыры тысячы ваяроў знаходзяцца пры каралі ў Барысаве. Але галоўнае – артылерыя. Нашы гарматы добра страляюць. Ну а цяпер, панове, хадземце да стала. Вып’ем за здароўе караля.
Свярчоўскі. I за нашых дам.
Астрожскі (смяецца). Не быў бы палкоўнік палякамі! Так, і за пенкных дам!

Усе выходзяць.


К А Р Ц І Н А  X I I


Васіль III нарэшце дачакаўся ў Дарагабужы са Смаленска брата Юрыя.

Юрый. У Смаленску здрада, вялкі князь!
Васіль III. Якая там здрада? Хто здрадзіў? Спадзяюся, Смаленск па-ранейшаму наш?
Юрый. Так, вялікі князь. Уласна кажучы, здрада не ў самім Смаленску.
Васіль III. Кажы выразней!..
Юрый. Глінскі здрадзіў. У Смаленску ўсё спакойна.
Васіль III. Цьфу, а я думаў!.. Чаму ж здзіўляцца? Глінскі заўсёды меў душу здрадніка!.. Але раскажы, у чым яго здрада?
Юрый. Перакінуўся да польскага караля. Спярша патаемна з ім зносіўся. Цяпер ужо адкрыта лічыць сябе ягоным падданым. Як толькі мне Шуйскі сказаў пра гэта, я адразу аддаў загад адшукаць здрадніка, дзе б ён ні быў, і сюды, да цябе, прывезці.
Васіль III. Правільна распарадзіўся Але ж перакінуцца да караля? Не знасіць Глінскаму галавы. Усё хацеў Смаленск ад мяне атрымаць. Дулю яму, а не Смаленск! I як яго прыняў кароль?
Юрый. Кажу ж, я паслаў вершнікаў па яго наўздагон.
Васіль III. Ах, так. Бачыш, здавалася б, чаго іншага чакаць ад спрадвечнага здрадніка, а тут нібыта сапраўды збянтэжыўся. Ну а ў Смаленску ён не нарабіў шкоды? Усе пакінуў там змовы?
Юрый. Наўрад ці. У Смаленску ён мала бываў. Бадзяўся са сваім атрадам паміж граніцай і горадам.
Васіль III. Гэта я вінаваты. Варта было сачыць за ім. Ну ды што цяпер зробіш! Кажаш, ён яшчэ не трапіў да караля?
Юрый. Не ведаю. Але я распарадзіўся…
Васіль III (задумліва). Так, распарадзіўся… Можна ўявіць, як гэту жабу праглыне польскі кароль?
Юрый. Ты пра Глінскага?
Васіль III. Так, лічы, пра нашага царскага таварыша родзіча Міхайлу Глінскага. Але ж ён багата пра што ведаў. Няйначай, каралю перадаў? Асабліва небяспечна, калі ён празнаў таксама пра тое, што мы загадалі нашым ваяводам уступіць у межы літоўскага княства. Як думаеш?
Юрый. Не без таго.
Васіль III. Вось нягоднік! Няхай толькі трапіць цяпер у мае рукі. Але што нашы ваяводы? Дзе яны?
Юрый. Ужо каторы тыдзень у межах літоўскай дзяржавы. Я зрабіў усе так, як ты загадаў, брат. Але што мяне бянтэжыць?
Васіль III. Ну?
Юрый. Рушылі яны туды, лічы, без артылерыі.
Васіль III. Дык мы ж у Смаленску ажно трыста гармат узялі!
Васіль III. У Смаленску ўзялі, Смаленску й пакінулі. Як там Шуйскі? Сцены ў крэпасці нанава ўмацаваў?
Юрый. Работы вядуцца.
Васіль III. Добра, што мы не дужа разбурылі крэпасць. А то б… Чуе маё сэрца, кароль польскі паспрабуе адваяваць у нас Смаленск. Больш за ўсё таму я і накіраваў у літоўскае княства Чалядніна з Булгакавым. Няхай там блытаюць планы нашых ворагаў.
Юрый. Ты ў нас мудры, брат. Але даруй, мяне ўсё-ткі непакоць…
Васіль III. Што цябе непакоць?
Юрый. Ды ўсё тое ок. Перш за ўсё – артылерыя. Як ім ваяваць без яе? Ды і паміж ваяводамі ладу няма. Пры мне яшчэ пачалося. І адзін хоча галоўным над войскам быць, і другі. Баюся, каб гэта таксама перашкодай не стала, калі да сапраўднай справы дойдзе.
Васіль III. Хіба ж я не распарадзіўся?
Юрый. Шуйскі таксама не стаў мяшацца паміж іх.
Васіль III. Ну а ты, брат?
Юрый. Я зрабіў усё так, як ты хацеў, Васіль.
Васіль III (уздыхае). Усё мы рабілі, а, як бачыш, то й недарабілі. Ладна. Будзем маліцца. Спадзяюся, усявышні пачуе нашы малітвы.
Юрый. Сяміен паехаў у Маскву?
Васіль III. Так. Учора. Усе хацеў дачакацца цябе. Дзякуй, што не затрымаўся, брат. Нябось, здарожыўся? Ну, адпачывай. А мне трэба наведаць свой вайсковы стан. Ваявода даўно чакае. I яшчэ вось што, брат. Калі раптам прывязуць Глінскага, пашлі яго з той жа аховай да мяне. Я сярод войска пабуду трохі.

Выходзіць.


К А Р Ц І Н А  X I I I


Сапраўды, хутка прывозяць Міхайлу Глінскага.

Васіль III. Ну што, Міхайла?

Глінскі падае на калені, маўчыць.

Васіль III. Мала табе было мае ласкі?
Глінскі. Вінаваты я перад табой, вялікі князь!
Васіль III. Чым жа купілі цябе ляхі?
Глінскі. Ты пакрыўдзіў мяне, Васіль Іванавіч.
Васіль III. Калі гэта я паспеў зрабіць?
Глінскі. Не аддаў мне Смаленск…
Васіль III. Ах, ты вось пра што! Ну а кароль Сігізмунд абяцаў табе Смаленск?
Глінскі. Так.
Васіль III. Дарэмна спадзяешся. Справа ў тым, што ні ад мяне, ні ад караля ты ніколі не дачакаўся б Смаленска.
Глінскі. Чаму?
Васіль III. Верыць табе нельга, князь, вось што. А ў Смаленску нам патрэбны верны чалавек. Гэта фарпост наш на захадзе. Дарэчы, кароль польскі з такой жа прычыны таксама не даў бы табе Смаленска, калі б нават ты і дабег да яго. Як жа цябе схапілі?
Глінскі. Праз маю бяспечнасць. Выехаў наперад, а мая ахова чамусьці адстала. Я вінаваты прад табой, цар. Я загладжу сваю віну.
Васіль III. Досыць, князь. Перада мной ты, можа, і загладзіш віну, тым больш што царыца, няйначай, будзе прасіць за родзіча, а вось перад богам… Скажы, князь, што рухае табой у тваім славутым, але бесталковым жыцці?
Глінскі. Я увесь час выконваў волю свайго роду. Мы, Глінскія, мару таілі – нанава стварыць Вялікае княства Кіеўскае. Як у даўнія часы. Тады б ад Літвы добраахвотна адышлі рускія землі. I не трэба было б рускім ваяваць паміж сабой. Тады б нашы падданыя напэўна ведалі, хто іхнія ворагі. А цяпер…
Васіль III. Што цяпер?
Глінскі. Даруй мне, вялікі князь, але цяпер ніхто не ведае, за што ваюе і супроць каго. Вось ты паслаў сваіх ваяводаў у Літву Але ж там яны таксама ваююць супроць рускіх, забіваюць сваих аднавернікаў. Князь Астрожскі, які ўжо выступіў супроць тваіх ваяводаў, таксама праваслаўны. Сам ведаеш.
Васіль III. Князь Астрожскі такі ж здраднік для мяне, як і ты!
Глінскі (уздыхае). Што ж, такі лёс наш. Здаецца, радзіма ёсць, і разам з тым – няма яе. Здаецца, улада ёсць, а тым часам няма яе. Адна бачнасць. Таму вось і Смаленск мне патрэбны быў. Таму я і рукі ўдавы Сямёна Алелькавіча дамагаўся, бо сапраўды шукаў права на кіеўскае княства. Словам, хацеў ажыццявіць тое, што ўдалося некалі вялікаму князю Свідрыгайлу. Ды што гаварыць цяпер? Асабліва табе, цар Васіль. Не толькі палякі, але ж і ты не захацеў бы новага рускага княства?
Васіль III. Так, князь, не захацеў бы. Што мне тваё княства? Мне сваё княства, маскоўскае, трэба прымнажаць. Мы цябе, Міхайла Глінскі, судзіць будзем. Але не тут, у Дарагабужы. Зараз я распараджуся, каб даставілі цябе ў Маскву. Толькі скажы мне пад канец, – не баяўся вяртацца ў Польшчу? А раптам кароль Сігізмунд перамяніўся б, нягледзячы на твае цяперашнія заслугі перад ім?
Глінскі (усміхаецца). Чаго мне палохацца было? Смерці? Дык яе ўсё роўна не пазбегнеш. Так наканавана чалавеку. Але на тым баку, не ў тваім царстве, у Літве, засталася ўся мая слава.
Васіль III. I няслава.
Глінскі. Няхай так. На ўсё воля божая!
Васіль III. Нябось, у Маскве спадзяешся на сваю пляменніцу, а маю жонку?
Глінскі. Павер цар, я не вельмі хвалююся за свой лёс. Як будзе, так і будзе. Такая наканаванасць ужо.
Васіль III. Бывай, князь Глінскага выводзяць.


К А Р Ц І Н А  X I V


У сане маскавітаў пад Воршай. Каля вежы з лямцу стаяць ваяводы Чаляднік і Булгакаў-Голіца, іншыя рускія военачальнкі Калышыцца белы сцяг.

Чаляднін (да Булгакава-Голіцы). Лепшага месца, князь, не трэба і шукаць. (Паказвае перад сабою рукой). Вось тут, на гэтай рачулцы…
Адзін з военачальнікаў (падказвае). Крапіўне…
Чаляднін (з ахвотай прымае падказку). Так, Крапіўне… Дык тут, на гэтых пагорках каля Крапіўны мы і дамо рашаючы бой. Як завецца вось тая вёска? (Паказвае рукой).
Той жа военачальнік. Пугайла.
Чаляднін. Ну вось, палякі аднае гэтай вёскі павінны напалохацца.

Усе смяюцца.

Чаляднін. А тая, што за пагоркам, як завецца?
Той жа военачальнік. Рукліна.
Чаляднін (быццам у вялікім задуменні). Рукліна… Рукліна…
Той жа военачальнік. Так, ваявода, Рукліна. Але палякаў напалохае не адно Пугайла. Яны і ў Крапіўне сабе дупы пастрыкаюць.

Зноў усе смяюцца.

Той жа военачальнік. Можна ўявіць сабе, як мітусіцца будуць з чырвонымі дупамі!
Чаляднін. Як кажуць, чутае бачыць бы!.. Але смяецца той, хто смяецца апошнім. (Да Булгакава-Голіцы). Князь, вось тое месца ў лукавіне Дняпра мы пакінем Астрожскаму. Няхай вядзе сюды сваіх палякаў.
Булгакаў-Голіца. Чаму толькі палякаў? I пад Бабром, І на Бярэзне, і на Друці з намі змагаліся нашы аднаверцы. Як іх называюць тут таксама – літвіны.
Чаляднін. Усё-ткі паляка мне даставаць дзідаю лягчэй, чым аднаверца, няхай і літвіна. Але пакуль непрыяцеля блізка няма, давайце прыкінем наперад. Дык вось. Войскі нашы мы паставім у тры лініі.
Булгакаў-Голіца. Думаеш, у тры?
Чаляднін. Ну, як звычайна, князь. Што тут выдумваць? Ды і ўзгоркі гэтыя вымагаюць.
Хтосьці з военачальнікаў. Правільна, ваявода.
Чаляднін (працягвае). Конныя атрады стануць на флангах, каб у часе бою зайшлі ў тыл ворагу. Наперадзе будзе знаходзіцца полк перадавой стражы. У цэнтры – наш вялікі полк, на правым фланзе – полк правай рукі.
Булгакаў-Голіца. Дзе ж будзе тады полк левай рукі?
Чаляднін. На левым фланзе, каля укліна, князь.
Булгакаў-Голіца. А разервы?
Чаляднін. Тылавую стражу паставім адразу за перадавым палком.
Булгакаў-Голіца. Мяне ўвесь час бянтэжыць, што няма ў нас цяжкай артылерыі. Нават ніводнай добрай чакаўніцы. Аднымі пішчалямі не знішчыш непрыяцеля. А ў Астрожскага артылерыя – дай бог нам такую!..
Чаляднін. Я пра гэта таксама думаю, князь. На Беразіне Астрожскі пабіў нашых, бадай, адной артылерыяй.
Булгакаў-Голіца. Вось, вось!..
Чаляднін. Але ж загад цара – не браць з крэпасцяў цяжкай артылерыі.
Булгакаў-Голіца. Дарэмна мы не давялі гэта ягонаму брату Юрыю, калі той прыязджаў у Смаленск. Можа, у Шуйскага папрасіць колькі гарматаў? У Смаленску ж их багата?
Чаляднин. Трэба было раней думаць, князь. Цяпер позна. Бо наўрад ці дазволіць Астрожскі доўга чакаць сябе.
Булгакаў-Голіца. Нашы вершнікі, якіх мы пасылаем разведваць праціўніка, даносяць, што асобныя атрады Астрожскага ўжо не раз паказваліся на тым беразе Дняпра.
Чаляднін. Цікава, дзе ён будзе перапраўляцца на наш бераг?
Булгакаў-Голіца. Пакуль гэта вядома яму ды госпаду Богу, Але нам належала б добранька пра сачыць за ўсім.
Чаляднін. Загадай стражы, князь, каб на ўсе вочы глядзела. Значыць, дамовіліся? Ты, Михайла Іванавіч, возьмеш пад сваю каманду ўвесь левы бок нашай пазіцыі, станеш на чале палка правай рукі. На сябе вазьму камандаванне цэнтрам і правай пазіцыяй. Зразумела?
Булгакаў-Голіца. Так. Але ўсё-ткі варта было б папрасіць у Шуйскага нараду. Хоць бы некалькі цяжкіх гармат.
Чаляднін. Ты ўсё роўна як абвінавачваеш у нечым мяне, князь? Хіба ж я зрабіў так, што ў нас з табой няма артылерыі?
Булгакаў-Голіца. Але ты галоўны камандуючы, не я! Мог бы давесці вялікаму князю Васілю Іванавічу!
Чаляднін. Вучыць цароў, князь, гэта ўсё роўна што пляваць сабе на бараду. Але, бачу, ты зноў заводзіш сваю старую песню? Зноў незадаволены? Дык ведай, што сапраўды я, а не ты, галоўны ваявода тут!
Булгакаў-Голіца. Але ж і ты не забывай, ваявода, што я – князь!
Чаляднін. Ды будзь ты хоць тройчы князь, а парадак захоўвай!
Булгакаў-Голіца. Ну-ну, глядзі, ваявода.
Чаляднін (да ўсіх военачальнікаў). Ну што, панове, здаецца, уволю пасмяяліся з праціўніка, але ж і сёе-тое прыдумалі. Цяпер – за справу.

Военачальнікі, у тым ліку і князь Булгакаў-Голіца, разыходзяцца.


К А Р Ц І Н А  X V


У стане Астрожскага. Разам з гетманам – князь Радзівіл, польскія палкоўнікі Свярчоўскі і Сампалінскі, яшчэ нейкія военачальнікі.

Астрожскі (да князя Радзівіла). Ну што, князь Юрый, бадай што нашы рускія браты ўжо вызначылі сваю дыспазіцыю на будучую бітву?
Радзівіл. I я так думаю, гетман. Тады навошта гэтак доўга стаяць на адным месцы? Але што тычыцца братоў… (Круціць галавой).
Астрожскі. І гэта я к слову. Каб пацешыць сябе. Але няхай гэта не расхалоджвае цябе. Для бітвы патрэбна гарачая кроў.
Свярчоўскі. Кароль па-ранейшаму ў Барысаве, вялікі гетман?
Астрожскі. Так, пане Януш. Кароль жадае нам поспеху. Учора я атрымаў ад яго ліст.
Радзівіл. Са свайго войска, што ў Барысаве, ён не дасць нам падмоп?
Астрожскі. Пра гэта гаворкі не было.
Радзівіл. Але ж надта багата ваяроў у рускіх!

Астрожскі. У іх заўсёды іх многа. Але затое маскоўскія ваяводы нічога не мысляць у тактыцы. Усё на колькасную перавагу спадзяюцца, моў, мы іх, гэта значыць, сваіх ворагаў, закідаем аднымі шапкамі!
Палякі смяюцца. Радзівіл тым часам пахмурнее.

Сампалінскі. Але няхай яны спадзяюцца на свае шапкі. Мы ж будзем пакладацца на сваю артылерыю!
Астрожскі. Ваша праўда, пане Войцех. Але не на адну артылерыю. Я сабраў вас, панове, каб папярэдне намеціць план, як нам дзейнічаць, калі ўжо маскавіты сапраўды чакаюць нас на бітву.
Радзівіл. Ці ж змаляваў хто мясцовасць?
Астрожскі (разгортвае на стале вялікую паперчыну). План ёсць. Але тут сапраўды нанесена толькі мясцовасць на левым беразе Дняпра. Глядзіце. (Военачальнікі падступаюцца да стала). Вось лукавіна Дняпра, а вось рэчка Крапіўна. Тут лес, а там – поле. Важна цяпер, дзе стануць маскавіты.
Радзівіл. Месца яны выбралі нядрэннае. Там адна раўніна?
Астрожскі. Не, ёсць пагоркі. На адным з іх ужо каторы дзень палошчацца белы сцяг маскавітаў.
Радзівіл. Пагоркі таксама нібыта на іх баку. Паспрабуй, ускараскайся на гару.
Астрожскі. Ніякія там не горы. Звычайныя пагоркі. Конніцы нашай яны перашкодай не стануць. Ну а пешыя? Дык пешыя таксама няхай паспяваюць. Дарэчы, сярод добраахвотнікаў, што прыйшлі з Малой Польшчы, багата вершнікаў?
Свярчоўскі. Есць трохі.
Астрожскі. Я гэта таму, што… Ну ды няхай. Давайце бліжэй да справы. Пра тое, як мы паставім свае войскі супроць маскавітаў, сказаць цяжка, бо для гэтага неабходна наперад ведаць, які парадак перад боем яны прымуць. Але мы абавязаны з вамі, панове, цяпер прадумаць дакладна, як мы будзем перапраўляцца на левы бок Дняпра. Асабіста я аддаю перавагу броду, што каля вескі Пашына.
Радзівіл (з усмешкай). Братоў нашых няма там?
Астрожскі. Здаецца, няма.
Сампалінскі. Мая разведка прасачыла бераг ці не ад самае Воршы ажно. Якраз у гэтым месцы нічога падазронага не было выяўлена.
Астрожскі. Тым часам асобныя нашы атрады пакажуцца на правым баку для дэманстрацыі. Няхай Чаляднін з Булгакавым думаюць, што мы станем перапраўляцца насупраць іхняга лагеру. Мы ж з галоўнымі сіламі накіруемся да Пашына. Дзеля гэтага неабходна зрабіць манеўр – рушым туды па віцебскай дарозе. Згодны?

«Так, так», – заківалі галовамі военачальнікі.

Астрожскі. Тады застаецца прасіць усявышняга. Няхай ён дапаможа нам і ў гэты раз.
Радзівіл (чамусьці ледзь не блазнуючы). Амін.


К А Р Ц І Н А  X V I


У стане маскоўскага войска пахаджвае ваявода Чаляднм. З ім тут іншыя рускія военачальнікі. Палошчацца белы сцяг. Польска-літоўскія палкі займаюць тым часам пазіцыі насупроць. Перад імі таксама палошчуцца сцягі – польскі і літоўскі – чырвоны, з сярэбранай выявай Пагоні і багародзіцы з дзіцяткам Ісусам. Ваявода слухае, як нехта гаворыць: «Паспеў я выкупацца на золку. Чыстыя тут рэкі. I гэтая, малая, і тая, вялікая». – «Так, рэкі тут і праўда чыстыя. Але хутка і яны стануць мутныя ад чалавечай крыві». Падыходзіць Булгакаў-Голіца.

Чаляднім. Бачыш, князь? Астрожскі з галоўнымі сіламі пераправіўся сёння ўначы недзе ў іншым месцы!..
Булгакаў-Голіца. Праспалі мы непрыяцеля, ваявода!

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”