ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

БРАТ КАРАЛЯ

ДРАМАТЫЧНАЯ АПОВЕСЦЬ У ДЗВЮХ ЧАСТКАХ
1995

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

  • Ягайла – кароль
  • Свідрыгайла – брат караля
  • Соф’я – каралева
  • Вітаўт – вялікі князь Вялікага княства Літоўскага, Рускага Жамойцкага
  • Іван Друцкі – князь, здаецца, стрыечны брат каралевы
  • Жыгімонт – брат Вітаўта
  • Юльян – стары рыцар з Вялікага княства. Маршалак сейма Вялікага княства
  • Павятовы маршалак віцебскі
  • Амсціслаўскі ваявода
  • Праваслаўны біскуп
  • Каталіцкі біскуп
  • Кракаўскі біскуп
  • Ротмістр
  • Чалавек у квяцістым жупане
  • Чалавек у чорным
  • Садоўнік
  • Вершні
  • Ганец
  • Ахоўнік
  • Князі, баяры, паслы, рыцары, шляхта, спевакі і танцоры, слугі…

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

К А Р Ц І Н А  I

Ягайлаў каралеўскім садзе. Штосьці паказвае на дрэве садоўніку. Той схіляе да сябе галінку з яблыкамі, доўга ўзіраецца. Падыходзіць малодшы брат Ягайлаў Свідрыгайла.

Ягайла. Го, брат! А я вось заняты садоўнічым клопатам. Некалі сам уторкнуў у зямлю гэтае дрэва. Цяпер чамусьці хварэе. I яблыкі дае, і хварэе ўжо каторы год. Відаць, гледзячы на гаспадара. То я рады, што ты паслухаўся, не адмовіў мне заглянуць сюды. (Падыходзіць, абдымае брата).
Свідрыгайла. Мяне ўжо, лічы, перанялі ў дарозе. Але чаго ты хочаш, кароль?
Ягайла. Пабачыць цябе.
Свідрыгайла. Не адзін жа дзень сядзеў у цябе вязнем, мог бы…
Ягайла. Я не толькі брат табе, але і кароль.
Свідрыгайла. Што ж з таго, што брат і кароль? Брат усё-такі родная кроў. Я ўжо не кажу пра тое, што невядома за што сядзеў столькі ў каралеўскіх лёхах.
Ягайла. Цябе не я садзіў. У тваім зняволенні вінаваты Вітаўт і ты сам. Ваша зацятая варожасць прывяла да таго, што аднаго з вас я мусіў нейтралізаваць. Упэўнены, што гэты мой крок вызваліць цябе цяпер нашаму стрыечнаму брату не даспадобы будзе. Ён зноў надумаў каранавацца.
Свідрыгайла. А што ты? Ты што?
Ягайла. Што я? Хіба ж можна, каб у адной бярлозе ды два мядзведзі? Здаецца, нідзе пакуль не чутно было, каб у адной дзяржаве ды два каралі?
Свідрыгайла. Няйначай, наш стрыечны брат хоча прыгожа завяршыць сваё праўленне. Таму і палякам тваім некалі прадаўся, дарма што часам паказвае сваю самастойнасць. Да рускіх літвінаў яму ўжо ніякай справы.
Ягайла. Ты вось што, Леў!.. Я ж не дзеля таго вызваліў цябе, каб ты браўся за старое! Мы даравалі табе і віцебскія справы, калі ты княжыў там, і чарнігаўскія, і северскія, нават маскоўскія… Ты зразумеў я цяпер польскі кароль не па адной жонцы-нябожчыцы, у мяне цяпер зяць, дзеці… значыць, дынастычныя справы мне зусім не абыякавыя. Таму я не магу спакойна глядзець на ваш антаганізм з Вітаўтам, таксама як не магу проста глядзець на ягоныя памкненні каранавацца.
Свідрыгайла. Ты спрабуеш абвінаваціць мяне ў тым, у чым я яшчэ не замешаны.
Ягайла. Я па думках тваіх мяркую. I вось што скажу табе: Вітаўт улады табе не аддасць!
Свідрыгайла. Але ж я не магу спакойна глядзець, як вы з ім, з нашым стрыечным братам, прыціскаеце рускую частку княства. Чаго вартая адна Гарадзельская пастанова, згодна з якой усе перавагі аддадзены католікам?
Ягайла. Гарадзельскую пастанову прымаў сейм!
Свідрыгайла. Дзе ж тады наш герой Грунвальда быў? Лізаў азадкі палякам? Не думай, што ён цалкам аддадзены табе! Дарэчы, як і ты яму. Думаеш, усе ўжо забылі твае хітрыкі ў перамовах з крыжакамі, калі ты падмануў Вітаўта?
Ягайла. Я табе забараняю гаварыць так! А не дык завярну назад у няволю. (Бачыць, што па садовай дарожцы набліжаецца каралева. Ледзьве не шэптам). Каралева!..
Соф’я (яшчэ здалёку). Рада сустрэць цябе, Леў Альгердавіч. Бачу, не дужа змарнеў у каралеўскім астрозе?
Свідрыгайла (цалуе руку каралеве). Ды вось…
Соф’я. Што вы зноў не падзялілі?
Ягайла. Князя Вітаўта.
Соф’я. Каб у гэтым уся прычына была?!
Ягайла. Каралева, як заўсёды, бачыць ва ўсім больш таго, што ёсць. Ну добра, я тут з садоўнікам займуся, а вы пагаварыце.
Кароль з садоўнікам зноў пачынаюць разглядваць яблыню. Соф’я падводзіць Свідрыгайлу да садовай лаўкі.
Сядаюць.
Соф’я. Бачыла я Вітаўта нядаўна ў Луцку, на з’ездзе манархаў Еўропы. Таксама пастарэў. Але ўсё непакоіцца пра каранацыю. Здаецца-ткі, і гэты раз угаварыў імператара свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунда. Ну, я рада, што ты на свабодзе!
Свідрыгайла. Толькі не разумею вось, чаму мяне кароль вызваліў ці каб памірыць з Вітаўтам, ці, наадварот, каб усчалася новая варожасць паміж нас?
Соф’я. Гэта я прасіла караля, каб вызваліў. Ды хіба ж адна я?
Свідрыгайла. Дзякуй, каралева. Але якая прычына змусіла хадайнічаць?
Соф’я (усміхаецца). Прычына заўсёды знойдзецца. Але, павер, Леў Альгердавіч, не дзеля вайны з Вітаўтам прасіла. У мяне дзеці нарадзіліся тут Уладзіслаў і Казімір. Некалі стануць польскімі каралямі. I я ўжо зараз хачу, каб у краіне і ў самім каралеўстве, і ў Вялікім княстве у іх былі сябры. Сам жа бачыш, кароль не вечны. Ну а што наконт Вітаўта…
Свідрыгайла. Пасля бітвы на Ворксле ён быў пацішэў, а як стаў героем Грунвальда…
Соф’я. Падобна, што ты зайздросціш яму, Леў Альгердавіч?
Свідрыгайла (смяецца). А што, сапраўды відаць?
Соф’я. Ну… Табе не… Словам, цябе не бянтэжыць, што я заву гэтак? Ну, па-руску, ці што?
Свідрыгайла. Не.
Соф’я. Куды ж цяпер? Месца табе кароль вызначыў?
Свідрыгайла. Не. Падамся ў княства. Неяк жа будзе. Тым больш, што там не ўсё ідзе належным чынам. Праваслаўных па-ранейшаму абмяжоўваюць у правах, а што да высокіх пасад, дык… Словам, адпачыў я ў каралеўскім астрозе, цяпер за справу. Добра, хопіць пра мяне. Як вы, ваша каралеўская вялікасць?
Соф’я. Жыву ўжо каторы год у Кракаве, а ў сне часта бачу свае Галынаны, найбольш Друцк, дзе я выхоўвалася ў тамтэйшых князёў. Табе не даводзілася бываць у Гальшанах?
Свідрыгайла. Не. Затое ў Друцку гасцяваў не адзін раз. Здаецца ж, брат мой Якаў, цяперашні Уладзіслаў, пасватаў вас там?
Соф’я. Так. Ты будзеш чакаць караля?
Свідрыгайла. Бадай, мы з ім пра ўсё пагаварылі. Дзякуй за ласку, сястра.
Соф’я. Тады вось што, Леў Альгердавіч, ты ў княстве ўсё-такі не стараніся Вітаўта. Я адчуваю яму таксама нялёгка. Ён палітык. I гэтаму падпарадкавана ўся ягоная дзейнасць. Я па каралю бачу, як яму часам даводзіцца выкручваць сябе, ісці супраць свайго жадання. I з каранацыяй Вітаўта не ўсё проста. Пра гэта можна здагадвацца.
Свідрыгайла. Каго б мне не хацелася бачыць зараз, дык гэта свайго стрыечнага брата.
Соф’я. А ты перасіль сябе. У мяне якраз справа да яго ёсць. Я напішу яму ліст, а ты адвязеш у Вільню. Самой мне пакуль туды дарогі няма. Як і ён, здаецца, не збіраецца ў Кракаў.
Свідрыгайла. Слова каралевы закон для мяне.
Соф’я. Вось і добра. Дзякуй за тваю пакладзістасць, брат. Тады я чакаю сёння на вячэры цябе. Там і ліст атрымаеш.

Каралева ўстае з лаўкі, падае Свідрыгайлу руку. Той цалуе яе. Разыходзяцца.

К А Р Ц І Н А  I I

Велікакняскі замак у Вільні. Вітаўт сустракае свайго даўняга ворага, стрыечнага брата князя Свідрыгайлу.

Вітаўт (да Свідрыгайлы). Наколькі я разумею, ты не збіраешся назад у Кракаў?
Свідрыгайла. Ты думаеш, што мяне сапраўды цягне туды? Якраз наадварот. Мне цяпер лепей трымацца падалей ад Вільні і ад Кракава.
Вітаўт (смяецца). Добра, я не стану прымушаць цябе. Перадам свой ліст да каралевы нейкім іншым шляхам. Дарэчы, яна просіць для цябе месца.
Свідрыгайла. Але я пра гэта словам не абмовіўся ёй.
Вітаўт. Няважна. Усё роўна месца для цябе ў княстве няма. Але выганяць за межы княства я таксама не стану, хоць здагадваюся, што ад цябе можна чакаць усяго. Ты часам не пацішэў у астрозе?
Свідрыгайла. Паразумнеў.
Вітаўт. У які ж бок цяпер твой розум скіраваны?
Свідрыгайла. Будзем лічыць гэта тайна. Між тым, па дарозе сюды я наглядзеўся: у княстве мала што змянілася, вялікі князь па-ранейшаму варагуе з рускай знаццю!.. Па-ранейшаму вакол цябе амаль адны католікі. Калі ж настане нарэшце справядлівасць на нашай няшчаснай зямлі?
Вітаўт. Вось бачыш? А гаварыў тайна. З цябе, Свідрыгайла, бойка так і лезе!
Свідрыгайла. Не магу маўчаць! Да таго ж твая каранацыя!..
Вітаўт. А што табе мая каранацыя? Можа, якраз яе мне і не хапае, каб на нашай няшчаснай зямлі, як ты кажаш, настала справядлівасць?
Свідрыгайла. Думаеш, палякі дазволяць табе надзець на галаву карону? Яны смяюцца з цябе!
Вітаўт. Не, князь, яны баяцца мяне! Баяцца! Якраз праз гэта і смяюцца. Гэты смех ад страху. Але я, наперакор усяму, надзену на сябе карону. I калі хто, у тым ліку і ты, стане мне на дарозе, знішчу, сатру ў парашок!

Нейкі час абодва маўчаць.

Свідрыгайла. Я не хацеў раззлаваць цябе, вялікі князь. Даруй.
Вітаўт. Шчырасць за шчырасць. I вось яшчэ, князь, не лётай па маім Вялікім княстве, не вярбуй сабе прыхільнікаў. Няхай людзі спакойна жывуць, нават калі і незадаволеныя чым.
Свідрыгайла. Дазволь мне ехаць у Віцебск.
Вітаўт. Я не пярэчу. Толькі не забывай ты не палітык, Свідрыгайла, табе ў салдатах належала б на бітвы хадзіць, а ты ў палітыку сунешся.
Свідрыгайла. Дарэмна ты гэтак, Вітаўт. Успомні, я паўстаў з першых жа сваіх свядомых крокаў за тое, што ты сам некалі адстойваў, а потым занядбаў. Даўно хацеў спытаць: што здарылася, вялікі князь? Хіба табе сапраўды не дарагія запаветы нашых бацькоў?
Вітаўт. Яж кажу, ты не палітык, Свідрыгайла. Пакінь мне гэты занятак. Дай часу. Надзену карону… тады… Ды ладна, бывай, князь. Едзь у свой Віцебск. Я напішу туды, каб не чынілі табе перашкод.
Свідрыгайла. Дзякуй, вялікі князь. (Выходзіць).

Вітаўт звоніць у званочак. З другіх дзвярэй да яго заходзіць Чалавек у чорным.

Вітаўт. З гэтай хвіліны твой цень будзе суправаджаць мяцежнага князя паўсюль. Чакаю з падрабязнай справаздачай аб кожным ягоным кроку.
Чалавек у чорным. Слухаю, мой гаспадар!..

К А Р Ц І Н А  I I I

Кароль Ягайла і кракаўскі біскуп Збігнеў Алясніцкі.

Біскуп. Будзь слаўны Езус Хрыстус наш!
Ягайла. Ва векі вякоў!
Біскуп. Амін.
Ягайла. Маю патрэбу ў падтрымцы душэўных сіл, Біскуп.
Біскуп. На ўсё воля Бога.
Ягайла. Што ў Вільні?
Біскуп. Вітаўт выехаў праведаць свайго зяця ў замку. Там добрыя паляўнічыя ўгоддзі.
Ягайла. А яшчэ, біскуп?
Біскуп. Брат твой Свідрыгайла ад’ехаў тым часам у Віцебск.
Ягайла. Вялікі князь даў яму месца?
Біскуп. Не. Напэўна, саслаў туды, каб падалей ад сябе.
Ягайла. Так, брат мой няўрымслівы. I можа пашкодзіць каранацыі.
Біскуп. Каранацыі не будзе, ваша вялікасць.
Ягайла. Гэта ўжо дакладна?
Біскуп (усміхаецца). Так. Карона зноў не даедзе да Вільні.
Ягайла. Добра, няхай. Хоць іншы раз я думаю сабе, што для Вітаўта карона абернецца звычайнай цацкай. Усё будзе залежаць ад нас. Як мы будзем успрымаць каранаванне.
Біскуп. Ваша вялікасць, вы недаацэньваеце небяспеку. Хутчэй за ўсё, што Вітаўт пасля каранацыі закусіць цуглі.
Ягайла. Мусіць, так. Ці ж мала мы ўжо бачылі штосьці падобнае? Лепей скажы мне, біскуп, а што яго свяцейшаства папа, чаму ён не выступае супроць каранацыі?
Біскуп. Як я зразумеў са слоў папскага нунцыя, яго свяцейшаства лічыць гэта чыста польскай і літоўскай справай. Вітаўт таксама ў лоне ягонай царквы.
Ягайла. Чаму ж ты, біскуп, у такім разе па-сапраўднаму зацікаўлены ў гэтым?
Біскуп. Можа, якраз таму, што гэта чыста польская справа, ваша вялікасць.
Ягайла. Дзіўныя справы твае, Госпадзі, да зямлі!
Біскуп. На ўсё воля Боская.
Ягайла. Ці не паслаць нам новага чалавека ў Будапешт да Сігізмунда?
Біскуп. Думаю, што гэта ўжо нічога не дасць.
Ягайла. Ну што ж, так таму і быць.
Біскуп. Амін. (Устае з крэсла). Будзь слаўны наш Езус Хрыстус!
Ягайла. Ва векі вякоў!

К А Р Ц І Н А  I V

У Віцебску ў адным з дамоў. Тут багатыя рускія, літвіны, баяры, шляхта. Павятовы маршалак прыводзіць у залу Свідрыгайлу.

Павятовы Маршалак. Я вам рэкамендую, панове, дарагога госця. Любіце і шануйце князь Свідрыгайла, малодшы брат караля Ягайлы і стрыечны брат Вітаўта, сын славутага Альгерда, вялікага князя літоўскага, рускага і жамойцкага.
Свідрыгайла. Вітаю вас, слаўныя віцьбічы. Вялікі князь Вітаўт прызначыў мне ваш Віцебск месцам выгнання. Ну а дзе я дагэтуль знаходзіўся, вы, спадзяюся, ведаеце? Чаму пахмурныя? (Звяртаецца да князя Друцкага). Князь Іван, не пазнаю цябе!
Іван Друцкі. Такое жыццё. Тут не чтолькі спахмурнееш, але счарнееш. Трэба збірацца з сілай. Далей трываць немагчыма абселі кругом палякі. З веры нашай здзекуюцца. А вялікі князь патурае ім.
Свідрыгайла. Бачу, бачу.
Іван Друцкі. Дык што надумаў, князь. Як памагчы нашаму гору?
Свідрыгайла. Ну а вы? Што вы?
Адзін з прысутных. Дайшлі, як кажуць, да ручкі, князь. Няйначай, давядзецца аддзяляцца ад Вялікага княства. Будзем падавацца пад руку маскоўскага цара. Ужо нашы паслы патаемныя там.
Свідрыгайла. I хто ж можа адважыцца на такое сёння?
Адзін з прысутных. Ды амаль усе рускія валадары. I Глебавічы, і Багавіцкія, і Вяжэвічы, і Друцкія, і Стратовічы… Адным словам, уладальнікі шмат якіх нашых гарадоў ад Смаленска, Віцебска да Гомеля, Старадуба і Бранска.
Свідрыгайла. Гэта ж зямля майго бацькі, вялікага князя Альгерда!
Адзін з прысутных. Так, ён нямала паваяваў на гэтай зямлі, але ж, тым не менш, гэта наша спадчына, князь!
Свідрыгайла. Яне маю намеру забіраць яе ў вас. Але ці падумалі вы пра лёс Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага?
Адзін з прысутных. Князь, радзіма там, дзе лягчэй жывецца.
Свідрыгайла. Думаеце, што пад рускім царом будзе лепей?
Павятовы Маршалак. Адной жа веры!
Свідрыгайла. Мне горка чуць ад вас такое. Выходзіць, бацька мой дарэмна стараўся?

Усе маўчаць. Свідрыгайла таксама колькі часу маўчыць, тады пачынае гаварыць зноў.

Мне даводзілася бываць у Маскве. Масква крывадушная. Канечне, яна рада будзе праглынуць гэтакі кавалак нашае зямлі, але ці стане мацеркай вам?

Баяры, вайскоўцы, шляхціцы пачынаюць ускокваць.

Зала поўніцца галасамі.

(Счакаўшы). Не ведаю, як вам, а мне ваша задума здаецца авантурай. Нам усім трэба дбаць аб адзінстве Вялікага княства, а вы наважыліся на драбненне яго.

Галасы. Гэта не мы! Гэта нашы вялікія князі падзялілі нас. Спярша Ягайла са сваёй палячкай, цяпер Вітаўт! Чаго варта адна Гарадзельская пастанова? Быццам нельга было паўстаць супроць яе?!
Свідрыгайла. Я вось гэтак сказаў каралю. А ён мне: маўляў, пастанову прымаў сейм.
Павятовы Маршалак. Дзіва што. У сейме ж нашых, рускіх, няма! А калі хто і засядае, то з тых, хто скурвіўся, веру памяняў праваслаўную на каталіцкую!
Свідрыгайла. Ваша права, панове гаспадары. Але ў аддзяленні нашых земляў ад Вялікага княства не выйсце са становішча.
Павятовы Маршалак. Тады скажы, князь, у чым яно?
Свідрыгайла. Пакуль у адзінстве княства. I толькі ў гэтым. А далей трэба глядзець. Трэба гэтае пытанне ставіць перад Вітаўтам зноў і зноў мы тут, у княстве, не выпадковыя людзі, не якія там прышэльцы, а карэнныя жахары, і ўсе прывілеі павінны датычыць як католікаў, так і праваслаўных аднолькава.
Павятовы Маршалак. Нашы патрабаванні ад яго адскокваюць, як гарох ад сценкі.
Свідрыгайла. Добра, сябры мае, добра. Давайце супакоімся. Давайце паразважаем. Нешта мне здаецца, што вялікі князь неўзабаве пераменіцца. Трэба пачакаць каранацыі.
Павятовы Маршалак. Можа, ты, князь, і маеш нейкую рацыю. Але ж малаверагодна.
Свідрыгайла. Былі ж у яго некалі добрыя намеры. Ен жа некалі першы сярод нас паўстаў за роўнасць для ўсіх у княстве.
Адзін з баяраў. Але ж пасля былі дагаворы і восемдзесят сёмага года і чатырыста першага. Цяпер вось Гарадзельская пастанова…
Свідрыгайла. Мне цяжка гаварыць пра ўсё гэта. Але ж самі ведаеце усё свядомае жыццё я змагаўся за роўнасць у бацькавай вотчыне. I цяпер не пакіну вас. Але давайце дачакаемся каранацыі.

Зноў у зале ўзнікае шум. Баяры, вайскоўды, шляхдіцы ўскокваюць, нешта крычаць, ажно пакуль не з’яўляецца ганец.

Ганец. Я вам, панове, прывёз страшную вестку… Не стала вялікага князя Вітаўта!..
Галасы. Як?! Чаму?!
Ганец. Упаў з каня і разбіўся. Але чамусьці адразу счарнеў. Можа, атручаны быў.

Зала цяжка маўчыць.

Павятовы Маршалак. Ушануем, панове, вялікага Вітаўта! (Схіляе галаву. За ім астатнія). Але не разыходзьцеся. У княстве паўстае пытанне аб новым вялікім князю.

К А Р Ц І Н А  V

Кракаў. Вавельскі палац. У караля Ягайлы паслы з Вялікага княства.
Ягайла. Шкада, вельмі шкада майго брата Вітаўта. Не дачакаўся ні каранацыі, ні кароны…
Першы пасол. Карона спатрэбіцца, ваша каралеўская міласць, другому вялікаму князю.

Ягайла пільна глядзіць на яго.

Ягайла (пра іншае). Значыць, вы просіце за Свідрыгайлу?
Другі пасол. Так, за вашага брата.
Ягайла. Але ж на тое, каб Свідрыгайлу стаць вялікім князем, аднаго майго жадання мала.
Першы пасол. Ваша вялікасць, мы нізка схіляем перад вамі галовы. Але князя Свідрыгайлу шмат хто падтрымае ў княстве. Асабліва ў Смаленску, Магілёве, Віцебску…
Ягайла. Але ж трэба, каб і ў Вільні, Бярэсці, Наваградку… Вялікім князем становяцца, каб быць бацькам усяму княству.
Другі пасол. Мы просім за Свідрыгайлу.
Ягайла. Я не стану супроць брата. Але ж то найперш ваша справа. Слова за радай Вялікага княства. За сеймам. Шкада, вельмі шкада князя Вітаўта.

Паслы ўстаюць з крэслаў. Развітваюцца.

К А Р Ц І Н А  V I

У тым жа Вавельскім замку кароль і каралева.

Соф’я. Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!
Ягайла. Каралева, бачу, хоча стаць большай каталічкай, чым хто іншы ў Польшчы?
Соф’я. Пры пераходзе ў каталіцкую веру я давала зарок, Уладзіслаў!
Ягайла. Зарок… Усе мы перад кімсьці і некаму альбо нечаму давалі клятву… I ўсе клятвы ператвараюцца, бывае, у звычайную мітусню. Учора хацеў зрабіць так, а сёння… А сёння ты ўжо і сам не той, якім быў учора, і справы нечакана павярнуліся ў зусім адваротны бок…
Соф’я. Нешта ты, мой каханы, сёння не ў гуморы?
Ягайла. Аднаму ўсявышняму ведамр што такое каралеўскі настрой. Адно прытворства. Лепей скажы, дарагая, як нашы дзеці?
Соф’я. Я толькі што бачылася з імі. У Казіка… нешта жывоцік балеў уначы…
Ягайла. Спадзяюся, цяпер здаровы?
Соф’я. Здаровы, здаровы! А Уладзік адвёў мяне ўбок ад усіх ды кажа: «Чаму бацька не шкадуе цябе?» Гэта ж падумаць толькі, малы, а ўжо непакоіцца пра маці!
Ягайла. Ты не псуй мне яго. А то я ведаю вас, кабет. Мне кароль для Полыпчы пасля мяне патрэбны, а не нейкі там…
Соф’я. Дарэмна хвалюешся. Выхоўваецца ён, здаецца, як трэба. А што з маці пяшчотны, дык…
Ягайла. У мяне спраў багата. Бачыш, колькі папераў на стале. То кажы, чаго прыйшла?
Соф’я. Здаецца, у цябе паслы былі з княства?
Ягайла. Так, былі. Учора з каталіцкага боку, сёння з праваслаўнага. Адны прасілі заступіцца за Вітаўтавага брата Жыгімонта, другія хочуць мець за вялікага князя ў Вільні майго брата Свідрыгайлу.
Соф’я. А ты?
Ягайла. А я і тым і другім сказаў, што іхняя справа. Ім выбіраць вялікага князя, не мне.
Соф’я. Чаму тады не памагчы свайму брату? Чаму не ўзяць ягоны бок? Ты ж кароль, маеш уплыў на абедзве дзяржавы? Цябе паслухаюцца!..
Ягайла. Справа не ў тым, паслухаюцца ці не. Я свайго брата добра ведаю. Толькі і глядзі, каб не выкінуў нейкае каленка. Хіба ж мала ён ужо навырабляў тых каленак?
Соф’я. Малады быў, няўрымслівы. На велікакняскім крэсле аціхне.
Ягайла. Баюся, што не. Ен дрэнны палітык. Між тым на месцы вялікага князя якраз і патрэбны найперш палітык.
Соф’я. Не ведаю. Але да роднага брата нельга так ставіцца. Усё-такі адна кроў. Паразуменне заўсёды можна знайсці.
Ягайла. Але ўва мне, дарагая, ужо і польская кроў ёсць. Няхай што не самым непасрэдным чынам, аднак жа ёсць. Іначай нельга, калі я ўжо сяджу на польскім троне. А ў Свідрыгайлы адна руская кроў. Да таго ж з нядобрай уласцівасцю надзвычай хутка закіпае. Вітаўт заўсёды быў абачлівы, гэта ён толькі спярша пагуляў у сепаратызм.
Соф’я. Думаеш, Жыгімонт будзе лепшым вялікім князем?
Ягайла. Каб жа знаць? Але тое, што ён будзе больш згаворлівы, гэта бясспрэчна. Тым часам кажу ж… выбіраць вялікага князя ў Вільні самім літвінам. Мы адкрыта ўмешвацца не станем. (Устае, цалуе руку каралеве).

К А Р Ц І Н А  V I I

У прыдворным касцёле Ягайла моліцца. Тут ні людзей, ні ксяндза. Кароль адзін. Неўзабаве да яго далучаецца чалавек, ахінуты ў чорнае, акурат манах. Відаць, што яны знаёмыя. Ягайла ўстае з каленяў, сядае на лаўку.

Ягайла. Што чуваць, чалавеча?
Чалавек у чорным. Хвала Госпаду, на дварэ пацішэла. Можна было ехаць.
Ягайла. Ну, маладому ў сядле… Я некалі мог праскочыць на добрым кані з паўсотню вёрст за адзін раз. Помню, паслаў мяне бацька, вялікі князь Альгерд, да Менска, дык я толькі адзін раз каня памяняў, а ўвечары ўжо быў на месцы.
Чалавек у чорным. Каму ж невядома, што ваша каралеўская міласць выдатны вершнік?
Ягайла. О так, чалавеча. Нават не ў пахвалу сабе магу пагадзіцца. Але ж гады цяпер не тыя, каб на злом галавы імчацца. Ну, то апавядай, што чуў, што бачыў сярод людзей?
Чалавек у чорным. З людзьмі Вітаўта я ехаў ледзьве не ад самага Будапешта.
Ягайла. Чаму з Будапешта? Мне падумалася, што гэтым займаліся ў Рыме?
Чалавек у чорным. Не, карону для Вітаўта выраблялі ў майстэрні імператара свяшчэннай імперыі.
Ягайла. Зрэшты, няхай. Дык, кажаш, давялося ехаць ажно з Будапешта?
Чалавек у чорным. Так.
Ягайла. I як? Прыгажэйшая за маю атрымалася?
Чалавек у чорным. Здаецца, акурат як і карона польскіх каралёў.
Ягайла (усміхаецца). Шкада будзе, калі пашкодзяць яе. Ну ды ладна, пры адсечанай галаве па валасах не плачуць. Як гэта ўсё будзе выглядаць?
Чалавек у чорным. Звычайна, на людзей Вітаўта нападуць з засады. Ужо ўсё прадугледжана. На ўсіх дарогах нашы людзі.
Ягайла. Але вось што, чалавеча. Гэта добра, што ты ў Кракаў прыехаў. Нам таксама не лішне ведаць, як ідуць справы.
Чалавек у чорным. Ну…
Ягайла. Вось я і кажу. Гэта добра, што ты да нас прыехаў. Але марудзіць тут няварта. Трэба прасачыць за людзьмі Вітаўта да самых засадаў. I прывезці карону сюды. Зразумеў?
Чалавек у чорным. Так, ваша вялікасць.
Ягайла. I ніякай сувязі з людзьмі біскупа.
Чалавек у чорным. Зразумела, ваша каралеўская вялікасць.
Ягайла (уздыхае). Даруй мне, усявышні, грэх мой. Даруй, што рабую. Брата свайго крыўджу. Але падкажы, што мне іначай рабіць? (Пасля да чалавека ў чорным). Ты ідзі, ідзі, чалавеча. Спяшайся, каб не сапсаваць справы.

К А Р Ц І Н А  V I I I

Вальны сейм у Вільні. Тут службовыя асобы цэнтральнага і мясцовага кіравання, буйныя феадалы, каталіцкія і праваслаўныя святары, шляхта. Доступ у залу самы шырокі, дарма што на сейме не ўсе маюць рашаючы голас. Прыхільнікі Свідрыгайлы уносяць яго на руках. Чуюцца крыкі: «Свідрыгайлу вялікім князем, Свідрыгайлу!»

Маршалак. Спакойна, панове, спакойна. Па ранейшай кандыдатуры было вета.
Чуюцца воклічы: «Будзем галасаваць! Пачынайце галасаваць!»
Маршалак. Усіх правадзейных удзельнікаў вальнага сейму прашу выказацца.
Галасы. За, супроць, за, супроць, супроць, супроць!..
Маршалак (глядзіць у залу). Такім чынам, галасы супраць пераважылі.

Зноў воклічы: «Свідрыгайлу, Свідрыгайлу!» «Далоў Свідрыгайлу!»

Ціха, панове, діха! Партыя князя Свідрыгайлы прапануе ў вялікія князі каралеўскага брата Свідрыгайлу.

Галасы. А што кароль? Што Ягайла?
Маршалак. Кароль, з павагі да яго, ні пры чым тут. Вялікага князя выбірае літоўскі сейм.
Галасы. Свідрыгайлу, Свідрыгайлу! Далоў Свідрыгайлу! Заткніце ў дупу свайго Свідрыгайлу!
Маршалак. Згодна нашаму даўняму правілу я стаўлю на галасаванне Свідрыгайлу. Выказвайцеся, панове!
Голас. Я супроць! Накладваю вета!
Маршалак. Спакойна, панове, спакойна. Пан Плашчынскі выкарыстаў сваё права на вета. Што ж, гэта яго справа. Але мушу папярэдзіць зацягваць выбранне вялікага князя не мае сэнсу. У княстве павінна быць пераемнасць улады. Мы ўжо спрабавалі галасаваць за некалькіх вялікіх князёў. Цяпер за Свідрыгайлу. Я прапаную перапыніцца да наступнага дня. Выбранне працягнем заўтра. Да таго ж, няварта забываць, што на гэтым сейме нам давядзецца вырашаць таксама фінансавыя справы.

Удзельнікі вальнага сейму нібыта аднаго гэтага і чакалі адразу ж натоўпам рушылі з залы пасяджэнняў.

К А Р Ц І Н А  I X

Князь Свідрыгайла мерае крокамі падлогу: туды сюды, адсюль туды. З ім у пакоі віцебскі павятовы маршалак, амсціслаўскі ваявода і яшчэ некалькі вайскоўцаў у чынах ротмістраў, харунжых. Яны сядзяць. Заходзіць Шляхціц.

Шляхціц. Сейм пачаўся, князь. Але, як заўсёды, з вялікага шуму-гаму. Пакуль разглядаюць працэдурныя пытанні. Нашы там напагатове. Калі што, дык…
Павятовы маршалак (адказвае замест князя). Ну то і мы тут, можна сказаць, наструнены. Чакаем, калі паклічуць.
Амсціслаўскі ваявода. Халера яго ведае, можа б, сапраўды князю лепей быць там?
Павятовы Маршалак. Няхай, як чалавек кажа, шум-гам сціхне. Прыйдзем, калі ўжо будуць выбіраць вялікага князя. (Да шляхціца). Ты, шляхціц, вяртайся ў сеймавую залу. Ды глядзі, не праваронь галоўнае!

Шляхціц выходзіць.

Амсціслаўскі ваявода. Учора, князь, мне давялося перакінуцца словам з адным са службоўцаў са світы Вітаўта, які прысутнічаў пры смерці вялікага князя. Аказваецца, Вітаўту ў падарунак мясцовая шляхта каня падвяла. Белага-белага. Ледзьве асядлалі ў двары. Ну, ён і сеў на яго ды адразу ў поле, каб аб’ездзіць. Прывучыць да сябе. Ну, а конь той трапіўся з непакорным норавам. Вялікі князь не ўтрымаўся ў сядле, разбіўся.
Свідрыгайла. Але чаму гэтак счарнеў адразу? Ты на гэта вось адкажы мне, ваявода! Сам жа бачыў вялікага князя ў труне.
Амсціслаўскі ваявода. Так, бачыў. Але на тое і жыццё, каб таямніцы пакідаць. Без іх, князь, усё роўна як і нельга. Гэта нашы заўсёдныя спадарожніцы.
Ротмістр. Вакол смерці амаль кожны раз нейкія загадкі. Успомніце!.. Ну а тут?.. Ці не звязана Вітаўтава смерць нейкім чынам з каранаваннем? Гэта ж другі раз. Але тады абышлося без трагічных вынікаў.
Свідрыгайла. Дарэчы, а як цяпер? Дзе карона, якую Вітаўту павінны былі прывезці?
Ротмістр. Кажуць, на канвой нападзенне было. Нібыта пасеклі яе.
Павятовы Маршалак. Сапраўды, здаецца, так. Але то, можа, проста чуткі?
Свідрыгайла. Вельмі хацелася яму гэтай кароны!.. У размове са мной, якая адбылася ў нас апошні раз у Вільні, ён не хаваў гэтага.
Амсціслаўскі ваявода. Ды мы ўсе ў княстве чакалі каранацыі. Як ні кажы дзяржаўная справа.
Свідрыгайла. Штосьці пэўнае ён звязваў з каранацыяй. Намёкі нават рабіў, але я тады падумаў… Словам, што цяпер гаварыць?
Павятовы Маршалак. I ўсё-ткі!..

Зноў заходзіць той жа Шляхціц. Разводзіць рукамі.

Амсціслаўскі ваявода (амаль з трывогай). Што?
Шляхціц. Шум ды гам. Ажно вушы вянуць.
Амсціслаўскі ваявода (смяецца). Няхай сабе пачмурэюць трохі.
Шляхціц. Але сёй-той не паспеў яшчэ і апахмяліцца з учарашняга.
Амсціслаўскі ваявода. Відаць, не без таго. (Да князя Свідрыгайлы, няйначай, каб падбадзёрыць). Га, князь?

Свідрыгайла ў адказ смяецца, але насцярожана.

Ты ідзі, шляхціц, ідзі. Вяртайся на сваё месца.

Шляхціц выходзіць.

Свідрыгайла (да павятовага маршалка). Гэтае тваё і ўсё-ткі… ваявода… Я вось думаю. Ці не хацеў ён павярнуцца тварам зноў да ўсходняй часткі нашага княства? Ці не хацеў ён вярнуцца да сваёй ранейшай палітыкі?
Павятовы Маршалак. Можа. Але ж надта надоўга ён занядбаў яе.
Свідрыгайла. Мяне і гэта цікавіць. Чаму?
Павятовы Маршалак. Таксама загадка, князь. Няйначай, з чымсьці звязана.
Амсціслаўскі ваявода. А пачалося ўсё з бітвы на Ворксле. Ен тады адразу неяк ахляў. I нават героем па-сапраўднаму не адчуў сябе пасля Грунвальда.
Свідрыгайла. Ен мяне папракаў неяк, што я не выйграў ніводнай бітвы. Але ж сам… Ці то ён тады хана Тахтамыша падбухторваў на яе, ці, можа, той.
Амсціслаўскі ваявода. Малады быў, амбітны.
Павятовы Маршалак. Ды ён і ў сталыя гады не менш амбітны быў.
Свідрыгайла. Але трэба аддаць яму належнае. Дзяржаву сваю ён імкнуўся зрабіць вялікай. Яму мала было таго, што меў. Кажуць, ажно ўкленчваў перад апальным ханам Тахтамышам: «Ты пасадзі мяне, маўляў, на Маскоўскім вялікім княжанні… і на Ноўгарадзе Вялікім, і на Пскове, а Цвер і Разань і так мае, Немца і сам вазьму… А цябе я пасаджу на Ардзе і на Сараі, і на Балгарах, і на Астрахані, і на Азове, і на Ардзе…»
Павятовы Маршалак. Такога вялікага царства нават у імператара Сігізмунда няма! Але Цімур-Кутлук з Эдыгеем перашкодзілі ажыццявіць грандыёзныя планы.
Свідрыгайла. Аказваецца, бітвы ўсё вырашаюць. Тут выходзіць так: альбо ідзі на яе, альбо не. I заўсёды быццам з завязанымі вачамі. Вось і Вітаўт, царства яму нябеснае.

Заходзіць усё той жа Шляхціц.

Шляхціц. Зноў наваградскі дэлегат са сваім ветам!.. Сейм хоча бачыць вас, князь!
Свідрыгайла. Бачыце, у нас часам бывае, што і адзін у полі воін. Не дазволю, і ўсё там! Але хадземце, панове, у сеймавую залу. Хопіць тут марнець!

Свідрыгайла, за ім амсціслаўскі ваявода, павятовы маршалак, ротмістры і харунжыя заходзяць у сеймавую залу. Наваградскі дэлегат крычыць яшчэ насустрач: «Мяне ўгаворваюць твае прыхільнікі, князь, зняць вета на тваю карысць. А скажы-тка, князь, як ты будзеш кіраваць княствам? Каго будзеш слухацца паноў-рада з захаду ці ўсходу? Католікаў ці праваслаўных?»

Свідрыгайла выходзіць на сярэдзіну і спыняецца каля маршалка сейма.

Я, панове дэлегаты, пачну з таго, што аднаўлю справядлівасць, якая даўно парушана ў княстве. У Раду дапушчу таксама людзей з усходняй часткі княства. Дагэтуль іх не было ў Радзе. А слухацца буду адных і другіх. Хачу справядлівасці для ўсіх для католікаў і для праваслаўных!.. Для…

Крычаць: «Свідрыгайлу ў вялікія князі, Свідрыгайлу!» «Далоў Свідрыгайлу!»

Маршалак. Пан наваградскі дэлегат задаволены адказам князя Свідрыгайлы?

Адразу некалькі галасоў: «Задаволены, задаволены!»

Тады выказвайцеся хто за, хто супроць. Пан наваградскі дэлегат, пачнем з вашага канца. Хто за тое, каб князю Свідрыгайлу быць вялікім князем на Літве, на Русі і Жамойціі?
Галасы. За Свідрыгайлу, за Свідрыгайлу… Супроць!.. За Свідрыгайлу, за Свідрыгайлу… Супроць!.. За Свідрыгайлу, за Свідрыгайлу…
Маршалак (выцірае рукавом пот з ілба, тады звяртаецца да Свідрыгайлы, які ўсё яшчэ побач). Ну, хвала Богу, гэты раз, здаецца, выбралі вялікага князя. Я віншую вас, Леў Альгердавіч!..

ЧАСТКА ДРУГАЯ

К А Р Ц І Н А  X

Вялікі князь Свідрыгайла і Жыгімонт Кейстутавіч, брат нябожчыка Вітаўта.

Свідрыгайла. Ты, князь, не турбуйся. Памяць аб тваім браце захаваецца. Пры ім жа мы атрымалі выхад да Чорнага мора. Не хто іншы, а ён, Вітаўт, апошні раз заваяваў Смаленск. Менавіта ён пашырыў нашы абшары да такіх межаў, пра якія, можа, нават мой бацька, вялікі Альгерд Гедымінавіч, не марыў. Хоць як сказаць?..
Жыгімонт. Твой бацька ды мой бацька разам мала не заваявалі ўсю Масковію.
Свідрыгайла. Нам з табою, мой добры Жыгімонт, лепей будзе глядзець за пасягальніцтвам чужынцаў на захадзе.
Жыгімонт. Захад наш кароль з Вітаўтам, здаецца, надоўга супакоілі. Крыжакі цяпер на штосьці большае не адважацца.
Свідрыгайла. Гэта тут, у сярэдзіне княства, а з боку Рыгі яны ўвесь час пагражаюць.
Жыгімонт. Малыя непаразуменні на сумежках дзяржаў заўсёды здараюцца.
Свідрыгайла. Ладна, што ты маеш да мяне? Чаго прыйшоў, брат?
Жыгімонт. Паразумецца. Душой паразумецца. Як, бывала, рабілі гэта твой бацька Альгерд ды мой бацька Кейстут, твой брат Ягайла ды мой брат Вітаўт.
Свідрыгайла. Так, прыклад для нас, здаецца, ёсць. Але я ўсё думаю, чаму Вітаўт гэтак слухаўся Ягайлу ў пытаннях польска-літоўскіх адносін?
Жыгімонт. Хіба ж па адной нашым дзяржавам можна было выжыць? З захаду крыжакі, з усходу не менш хцівая Масковія!..
Свідрыгайла. Тады навошта ва ўсіх апошніх дагаворах паміж дзвюма дзяржавамі перавагі аддаваліся людзям каталіцкага веравызнання? Чаму праваслаўная знаць гэтакімі прывілеямі не карысталася?
Жыгімонт. Чаму, чаму? Ды гэтых «чаму» мноства! Іх пералічыць цяжка будзе, калі пачаць.
Свідрыгайла. Але ж і цябе, брат, на вальным сейме падтрымлівалі на велікакняскі стол найбольш католікі!..
Жыгімонт. Ці варта цяпер згадваць, хто ды каго падтрымліваў? Як я разумею, пры новым вялікім князю ў нас будзе іначай?
Свідрыгайла. Так, прывілеі для прадстаўнікоў каталіцкага веравызнання павінны быць адменены. У княстве павінны быць усе роўныя.
Жыгімонт. Трэба падумаць…
Свідрыгайла. I яшчэ. Калі твае прыхільнікі не падтрымаюць маё пачынанне, давядзецца ўжываць крутыя меры.
Жыгімонт. Зацятасць нядобры дарадчык, вялікі князь.
Свідрыгайла. Думаеш, у зацятасці справа? Ды мяне, калі хочаш, хопіць на ўсё! Я гатовы хоць зараз распасцерці сваю душу ад Бярэста да Смаленска і ад Вільні да Амсціслава і далей. А вось брат твой, выходзіць, няздольны быў на гэта, дарма што якраз ягонымі намаганнямі змацавана і пашырана бацькава спадчына. Значыць, справа не ў зацятасці. Справа у душы, як яна ў цябе настроена, на які лад. А мая душа якраз і імкнецца абняць увесь наш абшар, усё княства.
Жыгімонт. Некалі ў нас у адзін час былі два вялікія князі. Не антаганісты, а аднадумцы. Твой бацька і мой. Удвух кіравалі княствам.
Свідрыгайла. Ці не хочаш ты прапанаваць і мне штосьці падобнае?
Жыгімонт (усміхаецца). Не, гэта так, да слова. Я пакуль не навязваюся табе ў сукіраўнікі. А вось аднадумцам тваім хацелася б стаць.
Свідрыгайла. Што ж табе перашкаджае?
Жыгімонт. Здаецца, нішто.
Свідрыгайла. Але што значыць гэтае тваё «пакуль»?
Жыгімонт. Проста абмовіўся. Але павер, я сапраўды рады бачыць цябе на троне ў нас! Не забывай, Леў, што ў цябе ёсць таксама брат Жыгімонт. (Выходзіць).

К А Р Ц І Н А  X I

Да Свідрыгайлы заходзіць Праваслаўны біскуп.

Свідрыгайла. Як думаеш, біскуп?
Праваслаўны біскуп. Вялікі князь падганяе мае думкі?
Свідрыгайла (смяецца). Не. Проста хачу ведаць як найхутчэй тваю думку, біскуп, пра новую Раду.

Біскуп усаджваецца ў крэсла насупраць вялікага князя.

Праваслаўны біскуп. Пра новую найвышэйшую Раду?
Свідрыгайла. Так.
Праваслаўны біскуп. Найперш, мне здаецца, варта падумаць пра сейм.
Свідрыгайла. Ну і пра сейм. Але пра найвышэйшую Раду Вялікага княства найперш.
Праваслаўны біскуп. Галоўнае, што паны-рада таксама нашы людзі. З Віцебска, Полацка, Смаленска, Магілёва, Амсціслава… Нарэшце, з Бранска, Чарнігава, Гомеля…
Свідрыгайла. Так, так, Біскуп. Трэба, каб у сейме было два біскупы каталіцкі і праваслаўны. З Віцебска мне пішуць, што там пачынае варушыцца прапольская знаць.
Праваслаўны біскуп. Чаго ж ты хацеў, вялікі князь? Каб перамены ў княстве з тваім прыходам да ўлады адбыліся самі па сабе?
Свідрыгайла. Ну, не так, каб ужо самі па сабе. Але ж…
Праваслаўны біскуп. Кажуць, да цябе, ваша міласць, прыходзіў Жыгімонт?
Свідрыгайла. Так.
Праваслаўны біскуп. I пра што вы бяседу вялі?
Свідрыгайла. Мы не дагаварылі. Не сказалі, напрыклад, пра тое, чаму ўсе унн. якія заключаліся дагэтуль паміж Польшчай і Вялікім княствам, былі такія аднабокія? Гэта ж падумаць адно: па Гарадзельскай пастанове не дазвалялася каталікам жаніцца з праваслаўнымі. I наадварот. Што гэта значыць?
Праваслаўны біскуп. Хіба, можа, тое, што некалі праваслаўны Ягайла ажаніўся з каталічкай Ядвігай.
Свідрыгайла. Думаеш, у адпомсту?
Праваслаўны біскуп. Ды не. Тут усё глыбей. Ды вялікі князь і сам ведае.
Свідрыгайла. Не ўсё дагаварылі мы і пра нашых з ім братоў Вітаўта і Ягайлу. Дапусцім, Вітаўт быў мне няродны брат. Але ж Ягайла? Мы ж, і Вінгальт, і Скіргайла, і я, і ён, адной маці дзеткі віцебскай княгіні Марыі Яраслаўны.
Праваслаўны біскуп. Так, бацька твой Альгерд ажаніўся з Марыяй, калі княжыў у Віцебску. Яшчэ да таго, як стаць вялікім князем.
Свідрыгайла. Дык чаму тады міру паміж намі не было? Мала майму старэйшаму брату зняволення ў кракаўскіх лёхах аднаго Скіргайлы, дык ён і мяне загадаў пасадзіць туды? Ды патаемна, па просьбе Вітаўта, можа, не ўсе і ведаюць у княстве пра такое злачынства?
Праваслаўны біскуп. Тут таксама ўсё зразумела. Для Вітаўта вы з братам Скіргайлам заўсёды былі сапернікамі. Ды і не хавалі вы гэтага.
Свідрыгайла. Але ж Якаў чамусьці кожны раз браў Вітаўтаў бок?
Праваслаўны біскуп. Ягайла з Вітаўтам палітыкі.
Свідрыгайла. Вось і мне Якаў пра гэта маўляў, ты не палітык, ты!..
Праваслаўны біскуп. Палітыка не заўсёды чыстая справа, вялікі князь. А ты чысты, ты светлы, ты змагар за справядлівасць, ты Леў.
Свідрыгайла. Але ж сёй-той мяне якраз за гэта папракае. Нібыта вялікі князь мусіць забыць на троне пра сумленне, пра душу. А што мой старэйшы брат зрабіў з Вінгальтам?
Праваслаўны біскуп (уздыхае). Так, Андрэю Альгердавічу таксама давялося пакутаваць…
Свідрыгайла. Цікава, як гэта Вітаўту ўдалося ўцягнуць яго ў бойку з татарамі на Ворксле? Там, небарака, і загінуў…
Праваслаўны біскуп. Але ж князь Андрэй паслужыў праваслаўным у Масковіі і на Куліковым полі?
Свідрыгайла. Так, чалавек ён быў адважны і рызыкоўны.
Праваслаўны біскуп. Усе вы, Альгердавічы, адважныя і рызыкоўныя. Але хіба ж без гэткіх вашых якасцяў наша Вялікае княства магло распасцерціся ад мора да мора? (Устае з крэсла, хрысціць Свідрыгайлу. Тады спахопліваецца). Загаварыў ты мяне, вялікі князь, нават забыў, чаго прыехаў.
Свідрыгайла. Цяпер успомніў?
Праваслаўны біскуп. Так, успомніў. Вось ты казаў пра Гарадзельскую пастанову. Там сапраўды ёсць месца, дзе забараняецца мець змешаныя сем’і па веры. Аднак што рабіць цяпер? Князь Менскі просіць дазволу на жаніцьбу свайго сына з дачкой слонімскага харунжага.
Свідрыгайла. Яна каталічка?
Праваслаўны біскуп. Так.
Свідрыгайла. Ну то давайце пажэнім. Пагавары з каталіцкім біскупам. А там, можа, і я ажанюся з якой-небудзь прыгожай каталічкай? (Смяецца). Вядома, з літвінкай.
Праваслаўны біскуп (таксама ўсміхаецца). Глядзі, Леў Альгердавіч. Можа, недзе ў іншым баку трэба пашукаць жонку? А то ў вас ужо адзін з братоў ажаніўся з каталічкай.

I Свідрыгайла і праваслаўны біскуп смяюцца з гэтых слоў, як з дасціпнай выдумкі. Біскуп зноў хрысціць вялікага князя. Той цалуе біскупу руку. Разыходзяцца.

К А Р Ц І НА  X I I

Вялікі князь і вайсковец у чыне ротмістра.

Апошні стаіць.

Свідрыгайла. Хочацца ведаць, ротмістр, як было ўсё. Вы раскажыце падрабязна дзе, калі і як?
Ротмістр. Слухаю, вялікі князь.
Свідрыгайла. Але перад тым, як пачнеце, я дадам. Справа ў тым, што карона, якую везлі вы з Будапешта ў Вільню, не толькі маёмасць аднаго нябожчыка Вітаўта. У асобе Вітаўта, з яго каранацыяй і гэтак далей, мелася на ўвазе ўсё княства. Ад Вітаўта карона павінна была потым пераходзіць да іншых вялікіх князёў.
Ротмістр. Разумею, вялікі князь.
Свідрыгайла. Ну, то апавядай.
Ротмістр. З Будапешта мы выехалі досвіткам. Але ў Венгрыі нічога падазронага не заўважылі. Невядомыя постаці пачалі трапляцца многа пасля. Ужо ў самой Польшчы. Усе мы ведалі пра няўдалую спробу прывезці ў Вялікае княства карону ў дваццаць дзевятым годзе. Таму ехалі па каралеўстве ўвесь час насцярожана. I вось паміж…
Свідрыгайла. Ну, гэта вядома дзе. Давай, калі ласка, далей.
Ротмістр. Слухаю, вялікі князь. Але я хацеў сказаць, што пасля Торуні…
Свідрыгайла. Чаму вы раптам падаліся да Торуні? З Венгрыі ж ёсць карацейшыя дарогі.
Ротмістр. Нам параілі ехаць так.
Свідрыгайла. Хто?
Ротмістр (паціскае плячамі). Не помню ўжо, ваша вялікасць.
Свідрыгайла. Ну, як гэта можа быць? Везці такую каштоўную рэч і слухацца абыкаго! Вы што, маршруту не намячалі папярэдне?
Ротмістр. Абгаворвалі з вялікім князем, але… Пачалі гэтыя цёмныя постаці шнырыць вакол, стала боязна. Ну, не тое, што боязна, проста вырашылі мы болып пільнымі быць. А тут пасля Торуні, на трэці дзень, і напалі нейкія ўзброеныя людзі на наш канвой. Падначаленых маіх пасеклі шаблямі адразу, а мяне звязалі. Нават не ведаю чаму. На маіх вачах і з кароны пачаўся здзек. Спярша гаварылі брыдкія слова, а тады ўзялі з сабой пасечаную шаблямі карону і зніклі.
Свідрыгайла. Ты мог бы пазнаць іх цяпер?
Ротмістр. Здаецца, не. Хоць вочы яны мне і не завязалі, але твары іхнія я не запомніў.
Свідрыгайла. Ну а так?.. Што за людзі былі? Палякі?
Ротмістр. Не ведаю, вялікі князь. Але крычалі і размаўлялі па-польску.
Свідрыгайла (раздумліва). М-так, Ротмістр. Гэта па вашай віне княства пазбаўлена кароны!
Ротмістр. Вінаваты, ваша вялікасць.
Свідрыгайла. Але я паклікаў цябе не дзеля пакарання. Хацелася паслухаць, каб супаставіць сякія-такія здагадкі.
Ротмістр. На жаль, я мала чым магу быць карысны вам. Хоць і быў усю дарогу напагатове, але не здолеў выканаць як след даручэнне Вітаўта. Ды і вас, ваша вялікасць, выходзіць, падвёў: пазбавіў кароны!..
Свідрыгайла. Выходзіць, выходзіць, шаноўны.
Ротмістр. Ваша вялікасць, паколькі я ўсведамляю сваю віну, дазвольце мне пакінуць службу?
Свідрыгайла. Ты так вырашыў? Канчаткова?
Ротмістр. Так.
Свідрыгайла. Я разумею цябе, Ротмістр. А найбольш разумею, што адбылося. Над гэтай нашай каронай усё роўна як праклён. Нават цяжка рашыцца, ці рабіць далейшыя захады? Ці пасылаць па карону трэці раз?

К А Р Ц І Н А  X I I I

На аўдыенцыі ў вялікага князя літоўскага, рускага і жамойцкага. У доўгай зале Свідрыгайла абыходзіць прысутных. Размаўляе.

Свідрыгайла (да аднаго з прысутных). Помню, помню, князь Канстанцін. Абяцаў. Зраблю. Сына твайго вазьму на службу. Як княгіня? Ну, слава Богу. Я не забуду. Хутка паклічу сына твайго. Няхай пакуль на лузе шабляй лазу сячэ. (Да другога з прысутных). На што, пане каханы, скардзішся? Дзіўна, няма скаргаў? Ну то і добра. Ах, вось што! Прыехаў павіншаваць вялікага князя з выбраннем? Дзякуй, дзякуй! (Да трэцяга з прысутных). Нешта я не ведаю вас. Ах так, цяпер прыгадваю, ваш бацька некалі служыў у мяне. Так, у Чарнігаве. I ў Ноўгарадзе-Северску. Канечне ж, далёка. Але што зробіш, зямля наша далёка і шырока распасцёрлася. Чым магу быць карысны? Ну, гэта мы хутка ўладзім. Я вось загадаю зараз, і вашу справу возьмуць у суд. Перадавайце бацьку, што я помню яго. (Нарэшце да чацвёртага з прысутных). Бачу, бачу, малады князь. Што ў вас у Менску чуваць? Нічога? Ну як гэта можна, каб у такім выдатным горадзе ды нічога не чуваць было? Ну так, так, я помню. Мне біскуп гаварыў пра цябе. Як нявеста, як бацькі яе? Згадзіліся выдаць каталічку за праваслаўнага? А то я магу пайсці ў цябе за свата! Ладна, я віншую цябе, раз ужо ўсё зладжана. Не забудзь паказаць нявесту. Ну-ну, я віншую, князь, і вельмі рады за вас абаіх за цябе і за нявесту. (I яшчэ да аднаго з прысутных). Ведаю, ведаю. Вы па судовай справе. Колькі ж цягнецца яна? Вунь яно што! За гэткі час можна было два разы нарадзіцца і два разы жыццё пражыць. Мне казалі, што вы адмовіліся ўнесці належную суму ў суд? Не зусім так? Добра, я зноў пацікаўлюся вашай справай.

К А Р Ц І Н А  X I V

Кароль польскі і Жыгімонт, брат вялікага князя Вітаўта.

Жыгімонт. Але ж, ваша вялікасць, Свідрыгайла парушае амаль усе параграфы Гарадзельскай пастановы!
Ягайла (змрочна). Выходзіць, так.
Жыгімонт. I сваімі паводзінамі на кожным кроку знарок паказвае сваю нязгоду з парадкамі, заведзенымі Вітаўтам?
Ягайла. I пра гэта мы чулі. Я заўсёды ведаў, што мой малодшы брат чалавек авантурнага характару. Бяда ў тым, што ён мала калі задумваецца над вынікамі, якія могуць быць пасля кожнага ўчынку, кожнай падзеі. Я ўжо не кажу, што ён і не палітык, і не… Словам, вы там, у Вільні, самі выбралі сабе вялікага князя.
Жыгімонт. Пасля пахавання Вітаўта ў княстве панавала эйфарыя. Здаецца, так гэта завецца?
Ягайла. Назву хоць якой з’яве можна падшукаць. Справа не ў назве, дарагі мой. Справа ў тым, што яшчэ пры Вітаўту штосьці падобнае пачало наспяваць. Брат твой вельмі заняты быў каранацыяй. Нічога іншага ўжо не хацеў чуць.
Жыгімонт. Так, ён дужа хацеў надзець на сябе карону. Тут нічога не скажаш. Але ж Свідрыгайла, няйначай, таксама марыць аб кароне?
Ягайла. Мусіць, аднак я вось пра што думаю. Ці не паспрабаваць нам пераняць сёе-тое з часоў, калі на чале Вялікага княства стаялі нашы бацькі: твой бацька Кейстут і мой Альгерд?
Жыгімонт. У адным княстве…
Ягайла. Што тут дзіўнага? Нашы бацькі нядрэнна ўладарылі, нядрэнна дапаўнялі адзін аднаго. Тут і вынікі былі. Дай Бог нам захаваць іхнюю спадчыну.
Жыгімонт. Але як ажыццявіць гэта?
Ягайла. Вось тут галоўнае. Неабходна давесці маю думку да Свідрыгайлы. Толькі асцярожна. А то ён адразу ўзбурыцца, як наравісты конь. Я напішу яму ліст. А ты адвязеш у Вільню. Аднак ведай пасля таго, як ліст прачытае Леў, забярэш назад, каб вярнуць мне. Зразумеў?
Жыгімонт. Так. Але ж…
Ягайла. Калі з кожнага поваду сумнявацца, то навошта тады наша жыццё? Бывай. Каралева прасіла, каб накіраваў цябе да яе. Тым больш, што я запрасіў сёння біскупа. Ну, бывай, брат Жыгімонт.

К А Р Ц І Н А  X V

Кароль і кракаўскі біскуп Збігнеў Алясніцкі. Яны ў тым жа пакоі, дзе Ягайла прымаў свайго стрыечнага брата князя Жыгімонта.

Біскуп. Будзь слаўны Езус Хрыстус наш!
Ягайла. Ва векі вякоў.
Біскуп. Амін.
Ягайла. Відаць, мала апошнім часам малюся, Біскуп. Чамусьці каторую ноч сніцца небарака Вітаўт.
Біскуп. Дзіўна. Але ж, мой кароль, сны гэта не што іншае, як вынік жыццёвых згрызотаў.
Ягайла. Але чаму ён у гэтакім выглядзе стаў з’яўляцца мне ў сне? Увесь час, як бачу яго, мой стрыечны брат падае мне на рукі. Я адступаюся, а ён падае, быццам шукае падтрымкі.
Біскуп. Можа, сапраўды шукае, гледзячы на тое, што робіцца пасля яго ў княстве.
Ягайла. А я, біскуп, пра іншае падумаў.
Біскуп. Слухаю, ваша вялікасць.
Ягайла. Так, так, паслухай, Біскуп. Дык я вось пра што падумаў. Мы не маем якога-небудзь дачынення да смерці вялікага князя?
Біскуп. Як вас разумець, мой кароль?
Ягайла (упарта глядзіць на Алясніцкага). А так і трэба разумець. Адна справа пазбавіць чалавека кароны, зусім іншая жыцця? Таму я і пытаюся ў цябе, біскуп!.. Твае ж людзі, няйначай, паспелі пацікавіцца гэтым?
Біскуп. Так, мае людзі былі ўжо на месцы здарэння. Гаварылі і з дворняй ягонага зяця, і са слугамі, і з аховай. Вітаўт, па ўсім, памёр сам ад моцнага ўдару аб зямлю. Не вытрымала сэрца. Казалі, што ён скардзіўся на грудзі ў той дзень.
Ягайла. Значыць, як дуб-волат, упаў і разбіўся?
Біскуп. Так, ваша вялікасць.
Ягайла. Але ж… Свідрыгайла, мабыць, таксама будзе высвятляць прычыны смерці свайго папярэдніка? Калі ўжо, вядома, не паслаў туды людзей?
Біскуп. Хутчэй за ўсё, што так. Але ні вам, мой кароль, ні мне няма чаго трывожыцца: Вітаўт сам памёр.
Ягайла. Тады скажы, біскуп, чаму ён гэтак раптоўна счарнеў? Мне даносілі, што ажно цяжка пазнаць было?
Біскуп. Так, мой кароль. Вітаўт чамусьці адразу счарнеў. Але дактары тлумачаць, што падобнае з людзьмі здараецца. У медыцынскай практыцы такое сустракаецца незалежна ад чыйго-небудзь умяшання.
Ягайла (усё роўна як з палёгкай уздыхае). Але ж гэтыя сны!..
Біскуп. Таму што вы прынялі смерць вялікага князя моцна да сэрца.
Ягайла. Хіба што…
Біскуп. З княства прыходзяць скаргі ад нашых аднавернікаў. Свідрыгайла падвяргае ганенню каталіцкую царкву.
Ягайла. Можа, каталікам толькі здаецца? У іх жа вунь якія дагэтуль прывілеі былі? Наўрад ці дазволіць мой малодшы брат здзек!.. Няйначай, так ён сабе ўяўляе справядлівасць.
Біскуп. Няхай яго наставіць на разумны шлях усявышні! (Як і заўсёды, біскуп кладзе рукою крыж паміж сабой і каралём. Выходзіць).

К А Р Ц І Н А  X V I

Свідрыгайла і князь Жыгімонт ходзяць перад велікакняскім замкам.

Свідрыгайла (прачытаўшы ліст, які даў яму Жыгімонт). Цікава, адкуль у майго брата, караля польскага, такія выдумкі ў галаве з’явіліся?
Жыгімонт. Было ж падобнае ў гісторыі нашага княства. Напрыклад, у часе нашых бацькоў, твайго і майго.
Свідрыгайла. Але ж іхнія дзеці, Якаў і Вітаўт, княжылі пасля па адным? Тады навошта цяпер выдумляць, што ў княстве чавінны быць два вялікія князі? Не, на гэта маёй згоды не будзе!
Жыгімонт. Як ведаеш. Але кароль прасіў, каб я вярнуў гэты ліст яму.
Свідрыгайла. Не хоча ў гісторыю трапляць са сваёй выдумкай? Ад гісторыі ўсё роўна не схаваешся!.. Яна такая!.. Няхай, бяры каралеўскі ліст. (Падае Жыгімонту ліст). Але скажы мне, мой стрыечны брат Жыгімонт, гэта, выпадкам, не ты займеў ахвоту стаць другім вялікім князем? не ты прасіў караля?
Жыгімонт. Маё жаданне гэта маё жаданне. Але караля я не прасіў.
Свідрыгайла. I на тым дзякуй. Тады скажы, чаму ў караля ўвогуле з’явілася думка аб падзеле ўлады ў княстве?
Жыгімонт. Ад нас у Кракаў ідзе багата скаргаў. Я таксама скажу табе, а ты ўжо як хочаш. Ты перагрузіў нашу лодку, якая завецца Вялікім княствам Літоўскім…
Свідрыгайла (дадае). Рускім і Жамойцкім.
Жыгімонт. Так, Рускім і Жамойцкім. Дык ты вельмі перагрузіў нашу лодку праблемамі, якія маглі б, ва ўсякім выпадку, пачакаць.
Свідрыгайла. Пра якія ты праблемы, брат?
Жыгімонт. Іх сапраўды багата. Але самая галоўная, ужо сёння відаць, у так званай роўнасці ўсходняй і заходняй частак княства, дакладней, паміж каталіцкай і праваслаўнай часткамі насельніцтва, у першую чаргу паміж знаццю. А тым часам у нашай федэрацыі жывуць не толькі праваслаўныя ці католікі.
Свідрыгайла. Вось як ты загаварыў?! А твой брат Вітаўт пра іншых насельнікаў нашага княства і не ўспамінаў! Яму галоўнае былі літвіны-католікі, якія гатовы назвацца палякамі.
Жыгімонт. Кожны называе сябе так, як хоча.
Свідрыгайла. Тады чаму прывілеі даваліся толькі адным?
Жыгімонт. Ды таму, што нам заўсёды пагражае экспансія з усходу!
Свідрыгайла. А я лічу, што і з захаду, ад той жа Польшчы!
Жыгімонт. З каралеўствам мы заўсёды паладзім. Тым больш, што цяпер і кароль там літвін. А далей на польскім троне будуць ягоныя сыны. Таксама, лічы, літвіны. Маці ў іх літвінка і бацька літвін.
Свідрыгайла. Ну, наконт бацькі яшчэ паваражыць трэба.
Жыгімонт. Не нам з табой гэта высвятляць. Але не крыўдуй, брат, калі я цябе папярэджу. Не раскалыхвай нашу лодку, а то трапіш на порах.
Свідрыгайла. Уладары заўсёды знаходзяцца на пораху. Тут важна, ці падпалены кнот. Цікава таксама ведаць, хто яго наважыцца запаліць. Можа, ты, брат?
Жыгімонт (не адказваё, пра іншае). Дык што будзеш пісаць каралю?
Свідрыгайла. А нічагусенькі. Пражыву без ягоных падказак.
Жыгімонт. Але ж ён па нараджэнні мае права радзіць нам, сваім братам і сёстрам.
Свідрыгайла. Ну, сёстрам няхай. А вялікаму князю?! Добра, Жыгімонт, будзем лічыць, што мы пагаварылі. Я не сярдую на цябе. Толькі зразумей мы дужа розныя з табой. I княжыць разам не здолеем. Бывай. I напаследак. У княстве парушаны фінансы. Трэба склікаць сейм. Можа, падкажаш каго на фінансы.

Разыходзяцца.

К А Р Ц І Н А  X V I I

Кароль Ягайла і каралева Соф’я ў Вавелі.

Ягайла (паказвае на ліст, што ляжыць на стале). Жыгімонт з Вільні піша, што мой малодшы брат ажно ўскіпеў ад маёй прапановы. На яго падобна гэта. Але ж штосьці неабходна рабіць. У княстве наспяваюць падзеі.
Соф’я. Пакінуў бы ты, мой кароль, Свідрыгайлу ў спакоі. Хто ж не займаўся пры ўступленні на трон рэформамі?
Ягайла. Ты гэта лічыш рэформамі?
Соф’я. Няхай будуць рэформы, калі ён сабе хоча.
Ягайла. Бачу, ты апякуешся над маім малодшым братам?
Соф’я. Я шкадую яго. Дасюль у лёхах тваіх сядзеў, цяпер вунь на княстве спакою не мае.
Ягайла. Ну-ну, пашкадуй. Дзе ж ты была, мая каралева, калі ён вырабляў чорт ведама што?
Соф’я. Падрастала, мой кароль, падрастала.
Ягайла. Баюся, каб не выспела змова ў Вільні.
Соф’я. Але ж гэты Жыгімонт?! Відаць, такі ж уладалюбца, як і ягоны брат?
Ягайла (смяецца). Уладу ўсе любяць. Ад улады мала хто адмаўляецца. Але ж дзіўна, на вальным сейме Жыгімонту не хапіла галасоў, а Свідрыгайла сабраў. Значыць, у княстве дагэтуль нейкая незадаволенасць Вітаўтам была?
Соф’я. Хіба ж не ведаеш?
Ягайла. Ты маеш на ўвазе прывілеі?
Соф’я. А хоць бы і яны.
Ягайла. Не, тут штосьці глыбейшае. Напэўна, доўгае цараванне выклікае ў людзей унутранае супраціўленне.
Соф’я. Проста той альбо іншы валадар надакучвае, няхай нават калі і з добрымі памкненнямі жыве.
Ягайла. Разумная ты ў мяне, каралева! Нездарма ж з табою больш часу трачу цяпер, чым са сваімі дзяржаўнымі дарадцамі.
Соф’я. Гэта таму, што ты мяне стаў кахаць больш.
Ягайла. Хто ведае? Але дзякуй, што не забыла наведаць мяне і сёння. Ідзі ўжо. Бачыш, тут (паказвае на стол) столькі розных праектаў набралася…

Кароль цалуе каралеве руку. Каралева ў добрым гуморы выходзіць. Тады кароль торгае за шнурочак званка. Заходзіць каралеўскі Ахоўнік.

(Да ахоўніка). Няхай паклічуць мне майго старога рыцара Юльяна. I яшчэ. Як там у нас справы з тараканамі? Звяліся?

Ахоўнік. Наадварот, развяліся. Мы цяпер іх, ваша каралеўская міласць, разводзім.
Ягайла (смяецца). На ферме?
Ахоўнік. Так, на ферме.
Ягайла. Тады няхай прынясуць сёння мне ў спальню.
Ахоўнік. Я магу ісці, ваша каралеўская вялікасць?
Ягайла. Так, ідзі.

Ахоўнік выходзіць.

(Глыбока ўздыхае і нібыта ў насмешку сабе). Мабыць, сапраўды станаўлюся старым. Адно толькі і хапае мяне цяпер, што на каханне да маладое жонкі, на сякія-такія інтрыгі ў свеце ды на тараканаў…

К А Р Ц І Н А  X V I I I

Каралева Соф’я і князь Іван Друцкі, ці не стрыечны брат яе.

Іван Друцкі (усё роўна як з насмешкай). Як твой стары муж, сястра?
Соф’я (няйначай, не прымае ягоную насмешлівасць). А я ўжо не насміхаюся са свайго мужа. Здаецца, ён цяпер па-сапраўднаму кахае мяне. Значыць, як у нас там, на радзіме, гавораць няма добрага без благога…
Іван Друцкі. Ну так, няма худа без дабра.

Соф’я. Во-во! Мне на майго мужа грэх скардзіцца. Ен мне, дурненькай, шмат што дараваў.
Іван Друцкі. Каралю гэта няцяжка.
Соф’я. Табе здаецца так. Кароль жывы чалавек. I яму баліць. Ну, то добра. Мы не з таго пачалі. Скажы лепей, брат, што ў княстве? Ці бываеш ты ў вялікага князя?
Іван Друцкі. Так. Мы цяпер у Вільні жывём. У Друцк паедзем пазней, калі паляўнічы сезон пачнецца. Цяпер у нас з жонкай маленькі Ян.
Соф’я. Чаму Ян, а не Іван?
Іван Друцкі. За модай былі пагналіся. А тут Свідрыгайла раптам вялікім князем стаў. I нібыта мода тая зрабілася непатрэбнай.
Соф’я. Ян таксама няблага гучыць. Асабліва калі…
Іван Друцкі. Ну так, гэта ж адно і тое!
Соф’я. Дык што ў княстве? Я тут сумую і па Гальшанах, і па Друцку.
Іван Друцкі. Не прывыкла дасюль да палякаў?
Соф’я. Што мне ўжо прывыкаць! Цяпер маё ўсё тут. Дзеці прывязалі да Польшчы» канчаткова.
Іван Друцкі. Звычайна яно так і бывае. Спярша чалавек думае-гадае, а тады дзеці, новыя абавязкі, новыя памкненні ў сувязі з гэтым. Словам, жыццё. Пытаеш што ў княстве?
Соф’я. Так. Чамусьці зачасціў сюды Жыгімонт. Вітаўтаў брат. Я не ведаю, але кароль зноў неяк насцярожыўся да Свідрыгайлы.
Іван Друцкі. Хіба што! Свідрыгайла заводзіць у княстве новыя парадкі. Зразумела, адным гэта падабаецца, другім не. Так што ўсе нашы справы ў княстве цяпер звязаны з гэтым.
Соф’я. Не ведаю, а я неяк да Свідрыгайлы стаўлюся з добрай душой. Можа, таму, што пакутаваў шмат. Ды і не дужа абачлівы ён. Скажы ты яму там, каб бярогся.
Іван Друцкі. Дзякуй, сястра. Але ці траплю я гэтым разам да караля?
Соф’я. Справа пільная?
Іван Друцкі. Так. Старая цяганіна з нашымі суседзямі.
Соф’я (смяецца). Усё яшчэ ваюеце?
Іван Друцкі. Даводзіцца, сястра. Я ўжо, здаецца, і не вяртаўся б да мінулага, але яны… А тут і другая справа надышла: прасіў мяне наш падчашы, каб я перамовіўся з кракаўскім стольнікам аб шлюбе ягонай дачкі з сынам падчашага. Зноў жа старая стрэмка. Зноў праблема праваслаўны і каталічка, каталічка і праваслаўны.
Соф’я. Дык ты ўжо наведаў стольніка?
Іван Друцкі. Не, не паспеў. Можа, вось ад цябе.
Соф’я. А то я хацела памагчы табе, раз ты маеш патрэбу бачыць караля.
Іван Друцкі. Ну?
Соф’я. Магу запрасіць сёння на вячэру. Мы апошнім часам з каралём вячэраем па-сямейнаму. Часцей за ўсё адны. Ен увогуле цяпер шуму людскога не любіць, а мне таксама мітусня абрыдла. Ніколі не ведала, што роля каралевы гэткая цяжкая!..
Іван Друцкі. Напэўна, цяжкая. (Смяецца). Але я не быў каралевай, сястра.
Соф’я. Значыць, дамовіліся? Ты сёння ў нас вячэраеш.

Развітваюцца.

К А Р Ц І Н А  X I X

Ягайлаў сваёй спальні гуляе з тараканам, папраўляючы яго шпагай.

Ахоўнік прыводзіць старога рыцара Юльяна.

Ягайла (да Юльяна). Што ж ты, стары таварыш, познішся? Мы з каралевай толькі што павячэралі. За сталом быў таксама наш родзіч, дакладней, стрыечны брат каралевы, князь Іван з Вільні.
Юльян. Здаецца, з Друцкіх?
Ягайла. Так. У яго тут, у Кракаве, справы, дык мы чакалі і цябе на вячэру.
Юльян. Даруй, ваша вялікасць, што спазніўся. Сёння мяне доўга не было дома. Таму толькі цяпер атрымаў запрашэнне. Вядома, на вячэру з вашай каралеўскай міласцю ўжо не спадзяваўся, але падумаў нечага ж кліча кароль?
Ягайла. Ведаеш, я таго старога, ну сівога, здаецца, манаха, што ў часе нашага даўняга паходу ў Масковію сустракаў, дык таго старога ўжо не бачу ў сне. Затое пачаў быў сніцца Вітаўт. Чаму б гэта?
Юльян. Ну так, чаму б гэта?
Ягайла. Толькі і робіць усяго, што мёртвы падае мне на рукі.
Юльян. Я, мой кароль, не ўмею разгадваць сны. Але чаму мёртвы Вітаўт?
Ягайла. Шчаслівы ты чалавек, Юльян. Жывеш і не ведаеш, што ў Літве ўжо на троне мой малодшы брат Свідрыгайла, а Вітаўт памёр. Разбіўся…
Юльян. Твая праўда, кароль. Я дужа стары. Я старэйшы за цябе. I да мяне не ўсё цяпер даходзіць. Шкада Вітаўта, дарма, што пры ім мне месца калісь не знайшлося. Я толькі і служыў, што твайму бацьку Альгерду Міндоўгавічу ды табе вось, кароль.
Ягайла. Як жа ты цяпер жывеш, мой стары таварыш?
Юльян. А так і жыву з твае ласкі, мой кароль. Сыты-адзеты, дах над галавой. Але шкадую, што болей не сяку шабляй лазу на лузе з падлеткамі.
Ягайла (смяецца). Занятак, вядома, рыцарскі! Ды скажы, мы ўсё-ткі ў тым паходзе ў Масковію… Калі гэта было?
Юльян. Ну, напэўна, тады, як хадзілі супраць маскоўскага князя на дапамогу ардынскаму хану Мамаю?
Ягайла. Во-во, здаецца, тады. То скажы, мы ўсё-ткі пасеклі ў тым паходзе шаблямі маскавікоў?
Юльян. Яшчэ як! Але не на самой бітве. Мы сапраўды дагналі адзін маскоўскі атрад, які вяртаўся з перамогай, і пасеклі да аднаго.
Ягайла. Значыць, недарэмны быў наш паход у Масковію?
Юльян. Як сказаць. Відаць, значэнне яго не толькі ў тым, што адны людзі пасеклі другіх, у тым паходзе было і другое. Там былі найбольш людзі адной веры. Дык кажаш, што твой брат Свідрыгайла цяпер на нашай Літве вялікі князь?
Ягайла. Так.
Юльян. Чаго ты мяне клікаў, мой добры кароль?
Ягайла. Павячэраць з табой хацеў. Я ж, ведаеш, не п’ю, а Соня часам хоча кілішак прыгубіць, бо маладая. Вось я і падумаў, што пасядзіш з намі за сталом увечары, таксама вып’еш…
Юльян. Дзякуй, мой кароль, за памяць.
Ягайла. А як табе мае тараканы? (Хоча паказаць шпагай). Ну вось, пакуль мы гаманілі з табой, адзін нягоднік кудысьці знік. Але не страшна, у мяне іх тут цэлы карабок! У мяне цяпер ферма!

Смяюцца.

К А Р Ц І Н А  X X

Князь Іван Друцкі і вялікі князь Свідрыгайла на паляванні недзе паблізу Друці. Тут уладанні князёў Друцкіх. Чуваць паляўнічыя ражкі, сабачы брэх, стрэлы.

Іван Друцкі. Мы, Друцкія, паходзім ад полацкіх князёў, дакладней, ад полацкага князя Рагвалода Барысавіча. Род наш ужо даўно падзяліўся на дзве лініі на старэйшую і малодшую. Я належу да старэйшай, і ўсе Друцкія, у тым ліку Друцкія-Любецкія, Сакалінскія, Азярэцкія, Горскія, Багрыноўскія, Талачынскія гэта старэйшая галіна, таксама Друцкія-Бабічавы, Адзінцэвічы, Каноплі, Пуцяціны мае далёкія або блізкія родзічы.
Свідрыгайла. Магутны род. Есць чым ганарыцца. I колькі ж сем’яў з гэтага вашага вялікага роду засталіся дасюль вернымі традыцыям бацькоў?
Іван Друцкі. Сярод нас ёсць праваслаўныя, католікі, нават язычнікі. Так, усё яшчэ язычнікі, ці, як іх завуць цяпер, паганыя, паганцы, людзі, якія застаюцца адданымі старым багам. Але я загаварыў цябе, вялікі князь. Паляванне ідзе без нас.
Свідрыгайла. Прызнацца, не люблю крыві. Я болей аматар проста пагуляць, пап’янстваваць. Зрэшты, пашумець, калі гэта прыемна альбо дае нейкія станоўчыя вынікі, і дужа адчувальны да справядлівасці. А вось скажы, князь Іван, які ўладар у большай пашане ў народа, у гісторыі, нарэшце той, хто вечныя войны вядзе, ці той, што мірна будуе?
Іван Друцкі (смяецца). Ну і клопат у цябе, вялікі князь! Народ любіць уладароў-стваральнікаў, гісторыя ж, здаецца, наадварот, уладароў-ваяроў, забойцаў.
Свідрыгайла. Бачыш, а я ніводнай вайны яшчэ не выйграў, дарма, што ўжо не адзін раз княжыў. I не таму, што не люблю крыві. Проста хочацца людзям без вайны паслужыць.
Іван Друцкі. Няхай дае Бог! Але вось пра што я хацеў таксама пагаварыць з табой, Леў Альгердавіч.
Свідрыгайла. Гм, Леў Альгердавіч. Твая стрыечная сястра ў Кракаве таксама вось гэтак мяне называла.
Іван Друцкі. Каралева шануе цябе.
Свідрыгайла. Дык аб чым ты яшчэ меўся пагаварыць са мной?
Іван Друцкі. У Кракаве ходзяць чуткі, што ў нас у Вільні нібыта спее змова супроць цябе.
Свідрыгайла. I хто ладзіць яе?
Іван Друцкі. Нібыта каталіцкі Біскуп.
Свідрыгайла. Ну, незадаволенасць я ўжо не раз бачыў на ягоным твары. Але ж адна справа незадаволенасць, другая змова?
Іван Друцкі. Я цябе не палохаю, вялікі князь, проста папярэджваю. Іначай які б я падданы табе быў?
Свідрыгайла. Дык падданымі лічацца і тыя, што наважваюцца на змову, калі гэта праўда.
Іван Друцкі. Але чуткі такія ў Польшчы ходзяць.
Свідрыгайла (з хітраватай усмешкай). Цікава было б самому трапіць у асяроддзе змоўшчыкаў, паслухаць, аб чым яны там гавораць.
Іван Друцкі (таксама з усмешкай, але ўсё роўна як разгублена). Можна ўявіць сабе, калі сапраўды справа да змовы дайшла!..
Свідрыгайла. Добра, князь Іван. Нешта трубіць ды страляць перасталі? Няйначай, без нас вепра ўпалявалі? Дзе гэта мая татарская ахова?
Іван Друцкі. Сёння тут і твая, вялікі князь, ахова, і мая. Так што дарэмна не трывожся. Але праўду кажаш падамося-тка да астатніх паляўнічых. Яны цяпер недзе на беразе Друці.
Свідрыгайла. Я ў цябе ў гасцях, князь Іван. Як скажаш. Але не адмоў няхай твае кухары сёння засмажаць перапёлку па даўнім звычаі. Помніш?
Іван Друцкі. Так, вялікі князь, хіба ж можна забыць? Перапёлку пакласці ў качку, качку ў зайца, зайца ў барана, барана ў вепра, вепра ў вала… Га?
Свідрыгайла. Вось-вось!

К А Р Ц І Н А  X X I

Надвечар таго ж дня. У друцкім замку балююць. Гаспадар пасля палявання частуе вялікага князя. Яны за сталом сядзяць побач.

Рыцары і шляхта на падпітку ўжо. Шум-гам.

Свідрыгайла (да гаспадара). Дык, кажаш, змова наспявае ў Вільні?
Іван Друцкі (махае рукой). Ат, можа, проста плявузгаюць якія нядобразычліўцы?!
Свідрыгайла. Ты чакай, князь Іван, чакай. Чуткам іншы раз трэба верыць. А вось я зараз паклічу гродзенскага стольніка. (Падае голас). Гэй, стольнік! Ну так, я цябе клічу, гродзенскі стольнік!

Да княскага стала падыходзіць Чалавек у квяцістым жупане.

Свідрыгайла. Ты не ўдзельнічаеш, пан стольнік, у змове, якая рыхтуецца ў Вільні супроць мяне?
Чалавек у квяцістым жупане (збянтэжана). Хто гэта сказаў, ваша мосць?
Свідрыгайла. Хто сказаў? Ды хоць бы тыя вепрукі, якіх сёння распалохалі ў князевай пушчы. Беглі ад вас паўз мяне ды шапнулі.
Чалавек у квяцістым жупане. Вялікі князь жартуе…
Свідрыгайла. А калі раптам не жартую? Добра, ідзі на сваё месца. (Да ўсіх). Гэй, чаму раптам усё ў нас сціхла? Дзе музыка? Дзе скокі? (Да гаспадара). Князь Іван, няхай ужо ідуць да нас твае музыкі, твае танцоры! Дзе твае пенкныя паненкі? Дзе твае прыгожыя дзеўкі?

Па знаку гаспадара паяўляюцца дзецюкі ў знарок пашытых касцюмах, з музычнымі інструментамі; дзяўчаты ў прыгожых сукенках. Пачынаецца музыка, пачынаюцца скокі. Чуюцца спевы. Надоўга. Паступова замак сціхае.

Свідрыгайла (да гаспадара). Хачу цябе папрасіць, князь.
Іван Друцкі. Слухаю, Леў Альгердавіч.
Свідрыгайла. Вазьмі на сябе клопат выклікаць ад майго імя ў Вільню нашых сяброў з Полацка, з Віцебска, са Смаленска, з Магілёва, з Амсціслава, Менска… Словам, нашых.
Іван Друцкі. Зраблю, вялікі князь. Вось зараз жа, нягледзячы на ноч, і пашлю вершнікаў. У мяне на стайні добрыя коні. Ты глянуў бы, можа, сабе ўпадабаеш якога?
Свідрыгайла. Бойся дарованых коней, князь! Вунь Вітаўт узяў сабе белага!..

К А Р Ц І Н А  X X I I

Князь Жыгімонт і віленскі каталіцкі Біскуп.

Біскуп. Нех бэндзе пахвалёны Езус Хрыстус!
Жыгімонт (па-свойму). На векі вякоў!
Біскуп. Амін. (Стаіць, не сядае). Здецца, князь, ужо ўсё падрыхтавана. Добразычліўцы нашы сабраліся ў малую залу. Плошча перад тваім палацам таксама поўная народу. Хочуць бачыць цябе.
Жыгімонт. Мы не спяшаемся, біскуп, са сваёй задумай?
Біскуп. Кажы са сваёй справай. Не. З намі Бог.
Жыгімонт. Значыць, назад шляху няма?
Біскуп. Не, вялікі князь.
Жыгімонт. Не гавары загадзя, біскуп! Я прымхлівы.
Біскуп. Аб прымхах цяпер трэба забыць. Напярэдадні вялікіх спраў пра іх звычайна забываюць.
Жыгімонт. Добра. Давай прадумаем усё да канца.
Біскуп. Канец аднаму Госпаду нашаму вядомы. Але сам я моцна ўпэўнены, што сёння князь Жыгімонт, сын Кейстута і брат незабыўнага Вітаўта, стане вялікім князем на Літве.
Жыгімонт. Думаеш, кароль не будзе шкодзіць?
Біскуп. Кароль хоць адкрыта і не багаслаўляе наш пачынак, аднак у душы моліцца за нас. Біскуп Алясніцкі запэўніў мяне, што так будзе.
Жыгімонт. Тады скажы, біскуп, дзе цяпер Свідрыгайла?
Біскуп. Недзе ў сярэдняй Літве. Палюе, няйначай, таксама балюе.
Жыгімонт. Гэта пэўна?
Біскуп. Так. Не трэба баяцца, вялікі князь! Хадзем! Нас чакаюць!
Жыгімонт. Цьфу, цьфу, цьфу!..
Біскуп. З намі Бог!

Каталіцкі біскуп стаіць на месцы, пакуль Жыгімонт праходзіць паўз яго. Тады рушыць за князем. З малой залы чуюцца галасы: «Далоў Свідрыгайлу! Жыгімонта ў вялікія князі! Жыгімонта! Далоў Свідрыгайлу!»

К А Р Ц І Н А  X X I I I

Вялікі князь Свідрыгайла са світай, аховай і абозам недзе ў лесе непадалёку ад Вільні. Вяртаюцца з паездкі па сярэдняй Літве ў сталіцу. Насустрач вершнік: саскоквае з сядла, кідаецца да вялікага князя.

Вершнік. Здрада, вялікі князь! У Вільні мяцеж!
Свідрыгайла (да вершніка). Кажы спакойна што, дзе, калі?
Вершнік. Учора вялікім князем стаў Жыгімонт. У Вільні быў бунт. Табе небяспечна ехаць у сталіцу.
Свідрыгайла. А што гетман?
Вершнік. Ен таксама ў ад’ездзе, вялікі князь.
Свідрыгайла. Значыць, змова ўсё-ткі выспела? Шкода, што мы не апярэдзілі іх. (Глядзіць на князя Друцкага). Аказваецца, твае перасцярогі былі недарэмныя?
Іван Друцкі. Выходзіць, так.
Свідрыгайла (вельмі стрымана). Даруй, што не адразу паслухаўся. Думаеш, я сапраўды страціў Вялікае княства?
Іван Друцкі. Калі гэта праўда, што Жыгімонт абвясціў сябе вялікім князем, то…
Свідрыгайла (злазіць з каня, падыходзіць да вываратня, што ля дарогі, сядае). Прызнацца, пасля той гаворкі з табой ныла маё сэрца.
Іван Друцкі. Што будзем рабіць, вялікі князь?
Свідрыгайла. Але дзівіся як змяншаецца мая світа! (I праўда натоўп на дарозе неўпрыкмет радзее). Яшчэ певень не пракукарэкаў, а яны ўжо здраджваюць!.. Я вось пра што думаю: ты паслаў ганцоў да нашых сяброў у рускія гарады, каб ехалі ў Вільню. Ці нельга іх павярнуць на Полацк, на Віцебск?
Іван Друцкі. Наўрад ці, вялікі князь. Але пераняць сяго-таго па дарозе ў сталіцу можна будзе. Я распараджуся. (Ідзе да кучкі рыцараў, што стоўпіліся на дарозе).
Свідрыгайла (да вершніка, які таксама спыніўся ля вываратня). Значыць, у сталіцу падавацца не раіш?
Вершнік. Не, ваша мосць.
Свідрыгайла. Няўжо там у мяне сяброў не засталося?
Вершнік. У сталіцы мяцеж, ваша мосць!
Свідрыгайла. Значыць, сапраўды мутная вада ў аблоках… (Кліча). Князь Іван!

Падыходзіць Іван Друцкі.

Ну што ж, раз няма дарогі мне ў Вільню падамся ў Полацк, а там, можа, у Віцебск. Ты не раздумаў? Застаешся са мной?

Іван Друцкі. Так, вялікі князь.
Свідрыгайла (да тых, што засталіся з ім). Чулі, што адбылося ў Вільні? Нікога не прымушаю, але не люблю здрады. Некаторыя ўжо пабеглі, бачу… То і вы ўсе падумайце: хто са мной, хто не? Кажу, прымушаць не буду і караць не стану. А я ў сваю былую вотчыну. (Да князя Друцкага). Мы яшчэ пазмагаемся, так, князь! Ты распарадзіўся, каб рыцары пераймалі тым часам нашых сяброў?
Іван Друцкі. Так, вялікі князь. Я распарадзіўся.
Свідрыгайла. То едзем! (Устае з вываратня, накіроўваецца да каня).

К А Р Ц І Н А  X X I V

Праз нейкі час у Полацку: вялікі князь Свідрыгайла, князь Іван Друцкі, іншыя беларускія феадалы, сярод якіх князі Варатынскія, Бялеўскія, Мярэцкія, Вяземскія; таксама слуясбоўцы ваявода Амсціслаўскі, павятовы маршалак віцебскі; вайскоўцы ў розных чынах.

Свідрыгайла (гаворыць у залу, дзе размясціліся яго паплечнікі). Сёння ўжо пэўна, што кароль цалкам узяў бок Жыгімонта. Змяніць што-небудзь у Вільні можна толькі пры дапамозе змовы альбо адкрыта сілай. Вы гатовы ісці вайной на Вільню?

З лаўкі ўстае князь Іван Друцкі.

Іван Друцкі. Вядзі нас, вялікі князь! Мы ўсе пойдзем за табой, куды б ты ні павёў нас!

У зале пасля гэтага пачынаецца бязладная гамана. Свідрыгайла колькі часу прыслухоўваецца, тады гаворыць.

Свідрыгайла. Пачаць вайну супраць сваіх жа, уласна кажучы, няхітрая справа, скажу вам. Але якая то будзе вайна?

Устае ваявода Амсціслаўскі.

Ваявода. Гаворка, вялікі князь, ідзе ўвогуле не аб вайне. Мы хочам бачыць на велікакняскім месцы ў Вільні Свідрыгайлу. Вось у чым галоўнае. Ну а як ажыццявіць гэта, варта падумаць. Ва ўсякім разе, я не выключаў бы паходу на Вільню.

Чуюцца галасы: «Вядзі нас, вялікі князь!»

Свідрыгайла (рэзка хітае галавой). Справа ў тым, шаноўныя гаспадары, што душа мая працівіцца пачынаць вайну ўнутры княства.
Адзін з князёў. Тады няварта надалей марыць аб велікакняскай уладзе! (I не чакаючы, што адкажа на яго словы Свідрыгайла). А мы ўжо сёння станем думаць, каб адлажыцца ад Вільні. Нас з нашымі землямі хоць цяпер забярэ пад сваю руку Маскоўскі цар. I войскам абароніць, і службу дасць!
Свідрыгайла. Усё вяртаецца на кругі свая. Помню, на былой нашай зборні тут гаворка такая ўжо ішла. Сёй-той з вас ужо тады пагражаў адлажыцца ад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.
Адзін з князёў. Мы не пагражаем, мы шукаем выйсця, бо пад польскім уціскам жыць не станем болей!
Свідрыгайла. Тады слухайце, што я надумаў. Няхай сабе Жыгімонт уладарыць на Вільні і Троках, а мы створым новае вялікае княства Вялікае княства рускае. I будуць існаваць з гэтага дня побач тры дзяржавы: Вялікае княства Літоўскае, Вялікае княства Рускае і Вялікае княства Маскоўскае. Тады і не трэба будзе вам шукаць нейчай моцнай рукі на старане. Вось вам мая рука!

Зала пачынае пляскаць у далоні, зноў узбураецца галасамі. Праваслаўны біскуп абводзіць прысутных трохперсцем: «Амін!» Крыкі: «Ніхай жыве вялікі князь Свідрыгайла! Няхай жыве!»

Гасне святло.

Каментарый гісторыка. Вялікае княства Рускае, створанае на аўтаноміях Полацкай, Віцебскай і Смаленскай земляў, жыло нядоўга побач з Вялікім княствам Літоўскім. Яно спыніла сваё існаванне ў выніку… неабачлівых дзеянняў князя рускага, які не ў моцы быў адолець тонкай дыпламатыі вялікага князя на Вільні і на Троках, скаардынаванай з польскім каралём. Але пасля гэтага неўзабаве сапраўды адлажыліся ад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Смаленск і так званая Северская Украіна.

К А Н Е Ц   Д Р А М А Т Ы Ч Н А Й  А П О В Е С Ц І 

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”