ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ЧАЛАВЕК З МЯДЗВЕДЖЫМ ТВАРАМ

ДРАМА Ў ДЗВЮХ ДЗЕЯХ
1988

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

  • Аляксей Данілавіч
  • Пагасаў
  • Унучка Пагасава
  • Нэла Баляслаўна урач
  • Прафесар
  • Людміла Паўлаўна медсястра
  • Медсястра
  • Журналістка
  • Таўсманы чалавек
  • Мечаны чалавек з чырвонай плямай на правай скроні

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Бальнічная палата. Два ложкі. І кожны – заняты. На адным – ужо стары чалавек, Іван Дарафеевіч Пагасаў; на другім – маладзейшы, можа, мала за пяцьдзесят гадоў. Гэтага завуць Аляксеем Данілавічам.
У палату, трымаючы ў абедзвюх руках капельніцы, заходзіць медыцынская сястра Людміла Паўлаўна. За ёй праціскваецца ў дзверы Таўсманы чалавек з тварам не то яўрэя, не то армяніна.

Таўсманы чалавек (да сястры). Мінулы раз мне васемнаццаць разоў капельніцу ставілі, і я добра сябе пасля адчуваў. Амаль увесь год. А сёлета толькі шэсць.
Людміла Паўлаўна (уводзячы іголку ў руку Аляксея Данілавіча). Сёлета вам назначана так, шэсць разоў.
Таўсманы чалавек. А я патрабую яшчэ дванаццаць. Мінулы год мне рабілі васемнаццаць.
Людміла Паўлаўна. Дык папрасіце і сёлета васемнаццаць. Скажыце Нэлі Баляслаўне. Няхай назначыць, а я не палянуюся ўкалоць, дарма што вены ў вас…
Таўсманы чалавек. Ну так, у мяне і вены благія, мне і раствору лекавага не хапае. (Выходзіць з палаты, зачыняючы дзверы).
Пагасаў (да Людмілы Паўлаўны). Што там на волі, сястра?
Людміла Паўлаўна. На волі, Іван Дарафеевіч, воля.
Пагасаў. Гэта вядома, што воля. А цёпла, зімна?
Людміла Паўлаўна. Восень.
Пагасаў. Так, яшчэ адна восень. Ужо каторая на маім вяку. Дасць бог, можа, апошняя.
Людміла Паўлаўна. Што вы гаворыце, Іван Дарафеевіч? Хіба і вам чаго недадалі?
Пагасаў. Мне ўсяго хапае. Хоць… учора, здаецца, не давалі энозіфа.
Людміла Паўлаўна. Дык ён жа вам непатрэбны. Да таго ж цяпер з лекамі пагоршала. Замежных мала, а свае… Сваім ужо нібыта не вераць.
Пагасаў. Сваім ужо і словам мала вераць. Вы ўсё-ткі скажыце хоць жартам Нэлі Баляслаўне, што энозіфа не атрымліваў я ўчора.
Людміла Паўлаўна. Вы самі ёй і скажыце. Пачнецца абход, тады і скажыце.
Пагасаў. Але ж склероз. Раптам забуду?
Людміла Паўлаўна. Ніхто з вас, хворых, не забывае ні пра што нават пры склерозах. Ды і пра што вам цяпер думаць, Іван Дарафеевіч, як не пра лекі? У пятай палаце ляжыць Барысаў…
Пагасаў. А-а, ведаю. Таксама былы. Цяпер тут многа былых. Нават і сярод тых, хто лічыў сябе вечным. (Уздыхае). Перабудова!..
Людміла Паўлаўна. Дык гэты Барысаў, як толькі хто ў белым халаце – ці сястра, ці ўрач – адчыняе дзверы ў палату, адразу пытае: «Што вы даеце?» Але сам вельмі баіцца, калі кроў бяруць на аналіз. Таму нашы сёстры, каб адчапіўся, палохаюць яго: «Мы не даем, мы – бярэм».
Пагасаў. Вы, урачы, акурат камары.
Аляксей Данілавіч (смяецца). Але камар усяго адзін раз кроў у чалавека п’е.
Пагасаў. Глядзі ты!
Людміла Паўлаўна. Ну, вы ляжыце сабе тут, хлопчыкі, а я пайду далей, калі што – званіце. Аляксей Данілавіч, вам не баліць ад іголкі?
Аляксей Данілавіч. Нічога, трываць можна.
Людміла Паўлаўна. Гэта спярша. Усё-ткі метал у жывую тканіну ўтаргаецца. Цярпіце. Хутка пройдзе. (Выходзіць).
Пагасаў. Я вось каторы дзень прыглядаўся да вас… Што вы за чалавек? Усё маўчыцё. Цяпер вунь нават хворыя на інфарктштрасэ – гэта мы калідор так на нашым паверсе завем, – нават хворыя ўсё абмяркоўваюць, спрачаюцца; не паспее жанчына, якая прыносіць сюды з кіёска Саюздруку газеты, прадаць іх, як пачынаецца дыскусія.
Аляксей Данілавіч. Вы так сказалі гэта, быццам я не хворы.
Пагасаў. Балазе газеты даюць цяпер харчу для розных дыскусій. Іншы раз ажно вочы хочацца заплюшчыць ці вушы заткнуць. Маўляў, і тое не так, і гэта не так. Дапусцім, учора было не так, а сёння? Ужо ж каторы год перабудовы! Дык хто нарэшце скажа – толькі ранейшае «не так», ці ўжо цяперашняе таксама «не так»?
Аляксей Данілавіч. Не ўсё. Цяперашняе выходзіць так, як трэба. Пачынаем жа ад Леніна.
Пагасаў. А раней працягвалі за Леніным.
Аляксей Данілавіч. Але ж Уладзімір Ільіч іншы раз усё роўна як лішні быў, акурат муліў, а то і вялікім крамольнікам выглядаў.
Пагасаў. Ну вось, а я думаў, што гэта вы ўстрымліваецеся ад цяперашніх дыскусій! Выходзіць, таксама лёгка паддаецеся на дыскусію.
Аляксей Данілавіч. Сапраўды, прыйшоў час дыскусій. Людзі нарэшце загаварылі на ўвесь голас, аб праўдзе загаварылі.
Пагасаў. Ага, так загаварылі, што часам ужо хочацца, каб хто-небудзь хоць крышачку схлусіў. А то ўсё праўда, праўда!..
Аляксей Данілавіч. Аказваецца, вы, Іван Дарафеевіч…
Пагасаў. Ну-ну, дагаворвайце… Сталініст, скажаце? Цяпер таксама гэтак гавораць. Альбо антыперабудоўшчык, альбо сталініст. А ў чым справа? Давайце разбярэмся, дарагі Аляксей Данілавіч. Дасюль усе былі перакананы, што мы сацыялізм будавалі. Выходзіць, што не.
Аляксей Данілавіч. Не зусім так, Іван Дарафеевіч.
Пагасаў. Як жа не так, калі адкрыта гавораць і пішуць, што не такі сацыялізм будавалі, як трэба?!
Аляксей Данілавіч. Значыць, не такі, раз гавораць.
Пагасаў. Ну, гаварыць можна ўсё. Гаварылі дасюль, будуць гаварыць і пасля.
Аляксей Данілавіч. Але, далібог, мне не хацелася б называць вас сталіністам. Вы, хутчэй за ўсё, выбіты з каляіны чалавек.
Пагасаў. Не, вы не так пра мяне падумалі, Аляксей Данілавіч, далібог, не так. Што такое выбіты з каляіны чалавек у наш час? Амаль нічога! Цяпер мала хто трымаецца ў каляіне. Цяпер больш выразныя вызначэнні падшукваюць, больш балючыя, каб адным часам і пякло, і сэрца разбурала. Дык вось, прызнаюся, – сталіністам я ніколі не быў і Сталіна не любіў, бо добра ведаў яго.
Аляксей Данілавіч. Сустракаліся?
Пагасаў. Можна і не сустракацца з чалавекам, а ведаць. Дастаткова праехаць у той машыне, якой ён кіруе, нават калі кабіна адгароджана ад кузава. Нездарма ж пра такую машыну і пра такога шафёра гавораць: адзін кіруе, а ўсе трасуцца.

У палату заходзіць другая медыцынская сястра з электракардыёграфам, падступаецца да Аляксея Данілавіча.

Медсястра. ЭКГ!
Аляксей Данілавіч. Я пад капельніцай. Бачыце?
Медсястра. А мне другая частка вашага цела патрэбна. (Ставіць чамаданчык на крэсла, што стаіць побач з ложкам, аблеплівае гумовымі грушамі ногі, рукі, грудзі аворага; пачынае здымаць электракардыяграму, але на паперы нічога не выходзіць; яна торкае штэпсель ад провада, што злучае электракардыёграф, у другую разетку, аднак і гэты раз запіс не атрымліваецца).
Аляксей Данілавіч (смяецца). Кляпсь – не паліць, крамзель – не бярэ.
Медсястра. Штосьці перашкаджае. Але ж у суседняй палаце запісваў добра. (Азіраецца па палаце, куды б яшчэ падключыцца).
Аляксей Данілавіч. Хочаце, раскажу выпадак?
Медсястра. Цікавы?
Аляксей Данілавіч. Прыехалі адзін раз рабіць электракардыяграму пісьменніку Паўстоўскаму. Колькі ні падключаліся ў кватэры вось так, ні адна разетка не дае магчымасці для запісу. Так і паехалі дактары ні з чым. Пасля высветлілася – слухаўкі былі пастаўлены ў кватэры Канстанціна Георгіевіча.
Медсястра. Дык гэта вы таму смяяліся?
Аляксей Данілавіч. Чамусьці раптам прыйшло ў галаву.
Медсястра. І мне трэба смяяцца?
Пагасаў (да медсястры). Доктар, вы не маглі б вызваліць мяпе ад гэтай машыны? (Паказвае на капельніцу). Расол мой ужо ўвесь выцек, змяшаўся з крывёй у жылах. Не клікаць жа Людачку!
Медсястра. Вы гэту Людачку запесцілі. Але добра, зраблю вам такую паслугу, раз называеце доктарам. (Падыходзіць, выцягвае з рукі Пагасава іголку, вешае на кручок каля слоіка). Цяпер сагніце ў локці руку, вось так. (Зноў вяртаецца да ложка Аляксея Данілавіча).
Пагасаў. Ну, вы тут сабе займайцеся чым хочаце, а я пайду на інфарктштрасэ. Ды і газеты недзе прынеслі ўжо.
Медсястра. Хто ж гэта ходзіць адразу пасля працэдуры?
Пагасаў. Наляжымся на тым свеце. (Выходзіць).
Медсястра (зноў пачынае прымушаць працаваць электракардыёграф). Ну вось: нарэшце! А вы кажаце – слухаўкі!

Заходзіць урач Нэла Баляслаўна.

Нэла Баляслаўна. Як начавалі, Аляксей Данілавіч?
Аляксей Данілавіч. Спаў.
Нэла Баляслаўна. А як пачуваеце цяпер?
Аляксей Данілавіч. Яшчэ пацею. Здаецца, так жартуюць?
Нэла Баляслаўна. Не зусім дасціпны жарт, але калі і вы гэтак жартуеце, значыць, будзеце жыць. (Бярэ ў медсястры стужку электракардыяграмы, вывучае, тады звярае па сваіх паперах з ранейшымі).
Аляксей Данілавіч. Што, доктар?
Нэла Баляслаўна. Праклятая блакада. То паявіцца, то знікне. А карціну хваробы ўвесь час засціць. Лепей бы яе не было. (Сядае на крэсла, дзе стаяў элёктракардыёграф).

Медсястра тым часам выходзіць.

Ну, а ўсё-ткі, Аляксей Данілавіч, што адбылося, што сэрца ваша раптам дало такі збой? Так жа, без дай прычыны нічога звычайна не бывае.
Аляксей Данілавіч. А я і цяпер не веру, што ў мяне штосьці там… (Паказвае на грудзі).
Нэла Баляслаўна. Баліць жа…
Аляксей Данілавіч. Цяпер баліць, бо ўвесь час, ужо каторы дзень, мне пра гэта гавораць, а дасюль не балела.
Нэла Баляслаўна. А як высветлілася, што…
Аляксей Данілавіч. Мінулы год мы не адпачывалі з жонкай, бо ўнука чакалі. (Дастае з кніжкі на століку і пазвае фотакартку). Бачыце які? Ужо год. Прыйшоў засведчыць сваё здароўе ў паліклініку, а мяне хоп – ды сюды.
Нэла Баляслаўна. Ну, гэта ўсё, як кажуць, казка, Аляксей Данілавіч. А на самой справе?
Аляксей Данілавіч. Ішоў па Маскве пасля аднаго цяжкага пасяджэння. Не такога цяжкага, як тлумнага. Вось і адчуў, што за грудзінай стала цяжка, боль пачаўся. Я прыстояў, пачакаў. А потым паскардзіўся. Вось, кажуць, трымай валідол. Калі што – таблетку пад язык. Ну, я так і рабіў. Так што, хворым сябе не лічыў, раз сам дапамогу аказаць мог.
Нэла Баляслаўна. Вось і прахадзілі на нагах інфаркт. Праўда, маленькі, як мы гаворым, саплівы. Цяпер трэба прасачыць, як будзе далей хвароба развівацца. За мяжу, канечне, не вастрыце лыжы. Гэты раз абыдуцца за мяжой без вас.
Аляксей Данілавіч. Абыдуцца?
Нэла Баляслаўна. Абыдуцца, абыдуцца!
Аляксей Данілавіч. Рашучыя вы людзі, медыкі. Акрамя чужога здароўя, нічога для вас не існуе.
Нэла Баляслаўна. На тым стаім. А ўсё-ткі, Аляксей Данілавіч, што магло здарыцца з вамі? Сапраўды, не тлумнае ж пасяджэнне стала прычынай вашай хваробы?
Аляксей Данілавіч. Хваробы нашы – раны нашы. І не толькі нашы. Помніце ў Горкага – вінаватага ў маёй смерці шукайце нямецкага паэта Генрыха Гейнэ, які выдумаў зубны боль у сэрцы. І ці не.той жа Гейнэ сказаў яшчэ, што ў пісьменніка трэшчына заўсёды праходзіць праз сэрца… Гэта, вядома, недакладна, слова за словам я не прыпомню. Але сэнс прыкладна такі. Так што прычын для інфаркту, малога ці вялікага, у сучаснага чалавека хапае. Іх нават высвятляць неабавязкова. Проста, інфаркты трэба лячыць. А вы адразу за прычыну. Калі б прычыны, ад якіх яны здараюцца, лёгка можна было ўхіляць, вельмі проста б стала ўсё ў жыцці, у тым ліку і ў медыцыне.

Вяртаецца Пагасаў. З газетамі.

Што новага на волі, Іван Дарафеевіч?
Пагасаў. Вось пасядзеў перад дзвярыма ў стаматолага. Якраз да мяне зайшоў туды чалавек. Таму давялося сесці ў крэсла. Гляджу – пасля мяне таксама хтосьці сядае. Ну, думаю, чарга ўтвараецца. Але па твары бачу – вельмі непакоіцца таварыш. Пабег раптам кудысьці. А за ім ужо сястра бяжыць. Я да сястры, пачаў сваё права на чаргу заяўляць. Дзе там! Кажа, што вы не ведаеце – гэта ж Званароў. Ні-і-чога з перабудовы не будзе!
Аляксей Данілавіч. Так ужо і не будзе?
Пагасаў. Самі ж чулі, Званароў не захацеў за мной сядзець. Пабег за дапамогай да сястры.
Аляксей Данілавіч. Можа, яму моцна балела?
Пагасаў. Мог бы сказаць мне – паразумеліся б.
Аляксей Данілавіч. А яшчэ што новага на волі?
Пагасаў. Навіны цяпер здабываюцца лёгка. З газет. Людзі ўжо не шэпчуцца пазавуголлю і не перадаюць адзін аднаму патаемна чуткі, нібыта пазычаюць нешта. Сёння – я табе, заўтра – ты мне. А па газетах навіны такія. На атлантычным пабярэжжы выкінуліся на бераг марскія каровы. Мясцовым людзям, тамашнім абарыгенам, не рэкамендуецца падыходзіць блізка, бо могуць заразіцца. На Афрыку зноў напала саранча. Азонавая дзірка, якая ўзнікла над Антарктыдай, стала роўная па велічыні Амерыцы. Так што паляцім разам скора ў тартарары, дарма што змагаліся паміж сабой, толькі не ўніз, а ўгару.
Нэла Баляслаўна (дакорліва ківае галавой). Іван Дарафеевіч, пашкадуйце сэрца свайго суседа! (Збіраецца зыйсці. Але яшчэ гаворыць Аляксею Данілавічу). Дарэчы, да вас просіцца зайсці журналістка. Я ёй была адмовіла, а цяпер падумала…
Аляксей Данілавіч. Правільна падумалі.

Нэла Баляслаўна здымае капельніцу. Выходзіць. Заходзіць журналістка.

Гэта вы?
Журналістка. Я, Аляксей Данілавіч. Прачытаў рэдактар ваша інтэрв’ю. На рэдкалегіі вырашана даць яго ў газеце па аддзеле партыйнага жыцця.
Аляксей Данілавіч. Гэта штосьці мяняе?
Журналістка. Другі каленкор. Але ж гэта я так, Аляксей Данілавіч. Гэта мы, журналісты, надаем значэнне, па якім аддзеле ідзе матэрыял. Звычайны чытач нават не здагадваецца, чаму той ці іншы нарыс ці фельетон змешчаны на апошняй старонцы, а не на другой, не кажучы пра першую.
Аляксей Данілавіч. А вы ведаеце, Вераніка, што некалі фельетонам называўся звычайны нарыс ці артыкул, пастаўлены ў падвал. Ну, знізу газетнай паласы.
Журналістка. Гэтыя азы мы праходзілі на першым курсе. З універсітэта ведаем, што некалі былі і зіц-рэдактары. Ну, тыя, што лічыліся афіцыйнымі рэдактарамі. Газету выпускаў адзін, а тэрмін адседжваў у турме за яго другі, зіц. А праўда – шкада, што ў наш час такога няма больш?
Аляксей Данілавіч. Ну, нашы чыноўнікі нічога падобнага не дапусцяць. Вялікі вопыт. Самі некалі прайшлі такую школу. Вярней, іхнія папярэднікі. Таму цяпер адразу вядома, хто вінаваты ў тым, што ў газеце прайшоў непажаданы матэрыял. Дык што ў вас да мяне, мілая дама?
Журналістка. Рэдактар сказаў, што загаловак такі не падыходзіць. Трэба штосьці такое… Ну, ды вы ведаеце, Аляксей Данілавіч.
Аляксей Данілавіч. Прызнацца, не зусім мне гэта падабаецца. Але як газеце не падыходзіць, можаце падумаць пра іншы. Ваша галава маладзейшая, таму свяжэйшая, больш здольная на новыя думкі, вось вы і пашукайце іншы загаловак. Штосьці накшталт – не спадзявайцеся, бомбы не будзе. Толькі бомбу вазьміце ў двукоссе. А то сапраўды падумаюць чортведама што. Асабліва цяпер. Мы тут слухаем па радыё з Іванам Дарафеевічам, што робіцца ў горадзе. На бульвары нейкі кучаравы юнак застрэліў з пісталета двух мужчын – Н і Б. Так што, Вераніка, цяпер нам не да бомбаў.
Журналістка. Ну, у двукоссі, Аляксей Данілавіч, і пра бомбу пісаць, бадай, дазволяць.
Аляксей Данілавіч. Словам, падумайце самі пра загаловак. Некалі ў нас у Магілёве рэдактар за добры загаловак, а тым больш за добрую шапку на газетную паласу дадаваў да ганарару дваццаць пяць рублёў. Вядома, старымі. Дарэчы, вы мне пакіньце адзін экземпляр.
Журналістка. Добра, Аляксей Данілавіч. Але з адной умовай – адкажаце яшчэ на два пытанні, усяго толькі на два.
Аляксей Данілавіч. Вы так міла ўсміхаецеся, што адмовіць нельга. (Паварочваецца да Пагасава, які сядзіць за столікам, чытае газету). Як, Іван Дарафеевіч, можна адмовіць такой даме?
Пагасаў. Вам відней. Я ўжо сваю мачу трачу на іншае. Дарэчы, вам, Аляксей Данілавіч, таксама няма чаго крыльцамі хлопаць перад маладзенькімі дзяўчаткамі. Ваша мача. таксама пайшла ўжо на аналізы.
Журналістка (з прытворствам). Фу!
Пагасаў. Гэта не я так гавару, мілая дама, гэта ваш любімы паэт Міхаіл Святлоў.
Журналістка. Чаму вы лічыце, што ён мой любімы паэт?
Пагасаў. У мой час ён карыстаўся вялікім поспехам у маладых.
Журналістка. Ну, гэта ў ваш. У наш час свае паэты.
Пагасаў. Але ж трэба ведаць па Святлову, якая розніца, паміж маладым чалавекам і старым.
Журналістка. То якая?
Пагасаў. Малады мочыцца на плот, а стары – у слоік, для медыцынскай лабараторыі.
Журналістка (кажа зноў такім жа тонам). Фу! (Але смяецца, можа, адчуваючы, дзе знаходзіцца. Маўляў, у бальніцы можна пачуць яшчэ не тое!) Але Аляксей Данілавіч!..
Аляксей Данілавіч (перастаючы ўсмігацца). Я вас слухаю.
Журналіетка. Усяго два пытанні. Першае: калі пісьменнік павінен звяртацца да сумлення?
Аляксей Данілавіч. Ведаеце, мне нават цяжка адказаць вам. Проста, я дасюль не думаў так. Мне заўсёды здавалася, што сапраўдны пісьменнік і сумленне – гэта адно. Сумленне жыве ў ім, іменна яно вызначае і паводзіны яго, і выбар тэмы для твораў, нарэшце, вырашэнне яе. Іначай – гэта… Даруйце, Вераніка, без сумлення сапраўднага пісьменніка не бывае. Можна ўявіць сабе без сумлення Талстога, Горкага, Шаўчэнку, Купалу?.. Не, Вераніка, як хочаце, але на гэта пытанне мне нават не хацелася б адказваць. Прабачце, аднак, і ў самім пытанні, і ў адказе на яго будзе нейкая хлусня, хоць, тым часам, і вас зразумець можна – аднекуль жа ўзнікла яно, ваша пытанне пра сумленне, раз задаеце яго. Значыць, літаратура, няхай нават хоць і пэўная частка яе, дала повад пытацца. вось так – калі пісьменнік павінен звяртацца да сумлення?
Журналістка (доўга думае, але ўсё роўна як не верыць Аляксею Данілавічу). Ладна, Аляксей Данілавіч, няхай з гэтым пытаннем… Хоць, канечне… Вы не дапускаеце, што ў некаторых пытаннях заключаны і адказы?
Аляксей Данілавіч. Дапускаю.
Журналістка. Значыць, правамерна любое пытанне?
Аляксей Данілавіч. І з гэтым можна згадзіцца. Але пры той умове, што не на ўсе пытанні можна адказаць.
Журналістка. Тады другое пытанне. Як кажуць, на засыпку. Які ваш дэвіз?
Аляксей Данілавіч (смяецца). А без гэтага нельга?
Журналістка. Нейкі вы сёння, Аляксей Данілавіч… Заўсёды з ахвотай размаўляеце з журналістамі… За тое яны і паважаюць вас, а тут… Каб я не знала вас, то чортведама што падумала б.
Аляксей Данілавіч. Ну, ну?
Журналістка. А ўсё-ткі – які ваш дэвіз? Ну, калі не падабаецца ў такім выглядзе пытанне, сфармуліруйце яго іначай.
Аляксей Данілавіч. Можна і без фармуліроўкі. А што, з дэвізам чалавеку лягчэй жыць?
Журналістка. Гэта вы так думаеце?
Аляксей Данілавіч. Прызнацца, цяпер падумаў, бо заўсёды лягчэй жывецца нават грамадству, калі гатовая тэорыя ёсць.
Журналістка. Па-мойму, вы пярэчыце самому сабе, прынамсі, таму, аб чым мы гаварылі з вамі раней, вось У гэтым інтэрв’ю.
Аляксей Данілавіч. Хіба пярэчу?
Журналістка. Яшчэ як! Якраз прычыны мінулых памылак нашага развіцця вы і тлумачыце… даруйце, тым, што была гатовая тэорыя, якую ніхто як след не развіваў, а ўсю практыку жыцця спрабаваў падагнаць пад яе здранцвелы каркас.
Аляксей Данілавіч. Акурат так і запісана тут? Пачакайце, гляну. (Гартае старонкі рукапісу) Ага, ну што ж, сёння сапраўды не сакрэт, што будавалі мы сацыялізм, уласна кажучы, не маючы тэорыі сацыялізму. Пад канец свайго жыцця Уладзімір Ільіч спахапіўся, што сацыялізм нельга будаваць метадамі ваеннага камунізму, гэта значыць адміністрацыйна-каманднымі метадамі. Пачаў запаўняць прабел. Апошнія працы яго якраз былі распрацоўкай тэорыі сацыялізму. Але не хапае часу ў Ільіча. Тэорыяй заняліся Троцкі, Бухарын… А будаўніком сацыялізму па іх рэцэптах стаў Сталін…
Журналістка. Такім чынам, я правільна запісала ваша выказванне?
Аляксей Данілавіч. Так, але на словах пераказалі неяк так, што я жахнуўся. Зрэшты, няхай вас гэта не дужа хвалюе, цяпер мы ўсе тэарэтыкі пакуль без стрыжня.
Журналістка. Як гэта разумець?
Аляксей Данілавіч. А так, мілая Вераніка, што ва ўсю нашу цяперашнюю тэорыю патрэбны ўраўнаважваючы стрыжань.
Журналістка. Але ж ці не становіцеся і вы, Аляксей Данілавіч, рэтраградам? Ану-тка, дайце паглядзець на вас. Усе ажно са скуры вон лезуць, каб быць на вышыні перабудовы, а вы раптам пачынаеце асцярожнічаць? Можа, зарана, а, Аляксей Данілавіч? Цяпер жа сапраўды не мае значэння ні тэмбр, ні вышыня голасу!
Аляксей Данілавіч. Гэта толькі здаецца. Калі вышыня голасу, як вы кажаце, можа, і не адыгрывае вялікага значэння, то ўраўнаважваючы механізм павінен ва ўсім прысутнічаць. А то цэнтрабежная сіла так раскідае ўсё па баках, што пасля не збярэш. А наконт дэвізу… Я ведаю адно – пісьменніку не трэба кар’еры, у пісьменніка павінны быць лёс. Вось гэта, калі задаволіць вас, пастаўце ў адказ мой на другое пытанне.
Журналістка. Цудоўна, Аляксей Данілавіч, цудоўна, дарэмна толькі бянтэжыце мяне. І ўвогуле..
Аляксей Данілавіч. А ўвогуле, гэта не маё выказванне, гэта – Блок.

Пры імені Блок заварушыўся на сваім ложку Пагасаў, адклаў газету.

Пагасаў. Блок таксама быў членам камісіі, якая пасля лютаўскай рэвалюцыі расследавала злачынствы царызму.
Журналістка (паглядзела амаль з жахам на Пагасава). Вам толькі гэтым і вядомы Аляксандр Аляксандравіч Блок? Дарэчы, а хто яшчэ ў камісіі быў?
Пагасаў. Гэта пасля лютаўскай рэвалюцыі было. Пасля Кастрычніка камісія тая не працавала. Таму я не ведаю.
Журналістка (збіраецца ісці). Ад’ю, Аляксей Данілавіч, папраўляйцеся, мільёны чытачоў вашых кніг і сотні тысяч падпісчыкаў нашай газеты жадаюць вам хуткага выздараўлення. І вы, дзядуля (насмешліва глядзіць на Пагасава), таксама не залежвайцеся тут. (Выходзіць з палаты).
Аляксей Данілавіч. Ну вы, Іван Дарафеевіч, і надзівачылі пра мачу. Што гэта раптам вас пацягнула на такія пасажы пры маладой дзяўчыне?
Пагасаў. Дык… Яна тут пра літаратуру, ну і я ёй у адказ пра літаратуру. Хіба ж Святлоў не аўтарытэт?
Аляксей Данілавіч (чэша скроню і з усмешкай моршчыць твар). Гм!..
Пагасаў. У бальніцы, дарагі Аляксей Данілавіч, заўсёды адны пахі – карболка, кроў, мача… Ды яшчэ вось старэчае цела… Ад яго паху ніякім адэкалонам не адробішся. І ўвогуле… Тэрмін чалавечага жыцця – кропля, гэта значыць па-руску – точка. Што ні рабі, якія захады ні прадпрымай, а да гэтага пункта прыйдзеш. А есцяство, ну, тое, з чаго мы складаемся, – цякуча, ой як цякуча! Адчуванні – цёмныя; злучэнне цэлага цела – тленна; душа – ваўчок; лёс – неспасцігальны, а слова – марнасць… Вось вам і ўвесь чалавек. Застаюцца на ўсё толькі кроў і мача. Ды яшчэ пах карболкі.
Аляксей Данілавіч. Адкуль гэта, Іван Дарафеевіч?
Пагасаў. Я ўжо і сам не помню адкуль. Толькі не з Бібліі. Доўга жыву на свеце: я ж равеснік веку.
Аляксей Данілавіч. Дзіва што!
Пагасаў. Я тут нядаўна казаў, што не разумею вас. Яно і праўда. Ляжым вось трэці дзень у палаце, а што ведаем адзін пра аднаго?
Аляксей Данілавіч. Ну, нам, як я мыслю, ляжаць тут яшчэ доўга. Так што…
Пагасаў. Але мог бы здагадацца і да гэтай журналісткі, хто вы. Тым больш што пад сённяшнім некралогам у газеце ваша прозвішча ёсць сярод іншых. Памёр тут адзін ваш пісьменнік. (Падае Аляксею Данілавічу газету).
Аляксей Данілавіч (доўга глядзіць на партрэт у газеце). Мда, аксакал наш.
Пагасаў. Нічога пісьменнік быў?
Аляксей Данілавіч. Адна рэч у яго ёсць неблагая. З народнага.
Пагасаў. А ці ведалі вашы пісьменнікі, што ён у органах служыў?
Аляксей Данілавіч. Ну, пра гэта часам хадзілі чуткі. Сёй-той са старэйшых нават помніў, як ён прыходзіў з вобыскам на кватэры ў трыццатыя гады. А так – жыў апошні час ціха. Прынамсі, літаратуры не шкодзіў.
Пагасаў. Я ўвогуле багата каго з вашых пісьменнікаў ведаў.
Аляксей Данілавіч. А хто вы, урэшце, самі, Іван Дарафеевіч? Слухаю вас таксама ўжо каторы дзень, – пра ўсё вы дасведчаны, многіх ведаеце…
Пагасаў. Следчы. Следчы я. Такая ў мяне прафесія была, Цяпер – на пенсіі. Як кажуць, на заслужанай. Спярша ў ЧК працаваў, затым у АДПУ, НКУС, паеля ў НКДБ, ну і так далей – МДБ, КДБ… Словам, працаваў у сістэме дзяржаўнай бяспекі. Што, страшна?
Аляксей Данілавіч. Чаму раптам?
Пагасаў. Ну, непрыемна, відаць. Гэта ўсё роўна, што – страшна, што – непрыемна. Цяпер гэтым мала хто хваліцца.
Аляксей Данілавіч. Але ж органы дзяржаўнай бяспекі… Людзі служаць там і цяпер. І не благія людзі. Так што нібыта і няма чаго палохацца. А тым больш – палохаць.
Пагасаў. Цяперашнія органы і самі ад тых, сталінскіх, нагамі і рукамі адпіхваюцца. А я вось і зараз не таюся, што працаваў. І не таму, што лічу, што быў добрым следчым. Добрых следчых не помню. Разумныя, спрактыкаваныя, вопытныя – але. А добрых… Праўда, не маю поўнага права таксама сказаць, што і не было іх.
Аляксей Данілавіч. Сумленныя людзі, Іван Дарафеевіч, заўсёды…
Пагасаў. Гэта аднолькава – сумленныя, добрыя, нават можна пачуць – справядлівыя. Але ж ацэнкі следчай справы, як яна праведзена, даваліся тады больш чым адвольныя. Начальства меркавала аб рабоце толькі па тым, як ты справіўся з пастаўленым перад табой заданнем, а заданне, як я помню, заўсёды перад кожным следчым ставілася канкрэтнае. Яно часцей не вынікала са справы. Ну, а тыя, хто праходзіў па справе, тыя хацелі бачыць у паводзінах следчага, у выніках справы свой шанец. На практыцы, таварыш пісьменнік, выходзіла, што ў кожнай сур’ёзнай справе хтосьці быў вельмі зацікаўлены. Асабліва калі іх проста фабрыкавалі, тыя справы. Нездарма амаль усё цяпер праглядаецца камісіяй ЦК і адмяняецца. Да таго ж допыт, асабліва першы, адразу пасля арышту, вёўся не адным следчым, бо расцягваўся ён, здаралася, гадзін на дваццаць, трыццаць, а то і болей. Так што аднаму следчаму такое не па сіле было. Таму следчыя мяняліся. Падследчы быў адзін, а следчыя мяняліся. Атрымліваўся своеасаблівы ланцуг з іх. Дык вы думаеце, што ў гэтым ланцугу адно звяно магло добрым быць, а другое дрэнным? Не, тут як у арцелі – адразу відаць, хто на поўную сілу невад цягне, а хто лайдачыць. Гэта пасля, на другім, на трэцім допыце, справа аддавалася аднаму следчаму. Справядлівыя ці, як вы кажаце, сумленныя следчыя былі пры Дзяржынскім. І ведаеце чаму?
Аляксей Данілавіч. Мяне ўратаваў лёс ад гэтай школы. Адно чытаў – і ў час хрушчоўскай адлігі, і цяпер вось. Канечне, людзі, якія вярталіся пасля рэабілітацыі ў пяцідзесятыя гады, таксама нямала расказвалі. У маім архіве нават ёсць успаміны некаторых. Але ж. пісаць… Пасля Салжаніцына гэтая тэма не толькі не заахвочвалася, а і… Словам, ні ў літаратуры, ні ў мастацтве не існавала такой тэмы.
Пагасаў. Затое цяпер нібыта плаціна прарвалася!
Аляксей Данілавіч. Вы нездаволены?
Пагасаў. Я нічога не маю супраць. Гэта… Словам, пра ахвяры дваццатых, трыццатых, саракавых гадоў трэба ведаць усім, дарма што не кожнаму падобнае адкрыццё даспадобы. Тут да мяне таварыш адзін прыходзіў. Яшчэ да таго, як вас у палату паклалі. Дык той ледзьве на сценку не лезе: «Што, маўляў, усеагульнага пакаяння захацелі?» А я яму кажу: «Дык пакаянне ж паняцце вечнае. Так заўсёды было. Спярша грашылі, пасля каяліся». А ён: «Не і не! Грашыць і каяцца – лёс слабых!»
Аляксей Данілавіч. Увогуле-то… Тут сапраўды ёсць штосьці хлуслівае, крывадушнае. Я за тое, каб не было прычын для пакаяння.
Пагасаў. Ах, Аляксей Данілавіч, Аляксей Данілавіч!.. Самае большае, каму не варта гаварыць пра ўсё, дык гэта мне! Але ж трэба, каб здаровая кроў па ўсіх органах прайшлася. Іначай светлага будучага, якое пасулілі некалі старыя бальшавікі, не збудаваць, цалкам памяняўшы,  можа, нават і не адзін раз.
Аляксей Данілавіч. Што мне падабаецца ў вас, у старэйшага пакалення, дык вось гэтая вера. Няважна ў што, а вера.
Пагасаў. Цяпер вінаватых. шукаюць. Хто гэта ўсё нарабіў, што і мільёны людзей пакатаваў, і сацыялізм дэфармаваў. І вы думаеце, знойдзеце? Увесь час будзе атрымлівацца, як у той гульні, калі шукаюць нешта з завязанымі вачамі –  зімна, ўжо цяплей, цёпла, цёпла, цяпер зноў зімна…
Аляксей Данілавіч. Але ж ёсць усё-ткі пытанне, на якое павінны цяперашнія людзі знайсці адказ: як тыя пачварныя з’явы маглі атрымаць сярод насельніцтва шматмільённай краіны харчовую глебу? Аднаго ж Сталіна і групы яго спадручных недастаткова было, каб кінуць усю дзяржаву ў змрок сярэднявечча!
Пагасаў. Мне не хацелася б стамляць вас сваімі развагамі, але паколькі вы ўжо адгукнуліся на маю размову і самі нібыта спрабуеце шукаць адказу, а вярней – ставіце галоўнае пытанне, як здарылася, то патрывайце яшчэ. Нялёгкая гэта справа – слухаць маналогі. Іх, здаецца, нават у сучасных п’есах не паважаюць. І ўсё-ткі. Давайце ўспомнім нашу савецкую гісторыю спачатку. Каменеў, зразумейце, Каменеў, а не Ленін, рэкамендуе Сталіна ў генеральныя сакратары партыі. І вось ужо Сталін, пачынаючы з таго ж дваццаць другога года, умела скарыстоўваючы манеўр, распачынае барацьбу з «правадырствам» Троцкага, прыцягваючы да гэтай барацьбы і Каменева, і Зіноўева, і Бухарына, і Рыкава, і Калініна…
Аляксей Данілавіч. Нават Дзяржынскага ў гэтай барацьбе скарыстоўвае.
Пагасаў. Магчыма. Словам, не было ім канца. Затым настае чарга саміх Каменева і Зіноўева, прычым на баку Сталіна і ў гэтай барацьбе амаль усе вярхі партыі, якія зыходзяць нібыта з таго (а яно, відаць, так і было), што адстойваюць ленінскі шлях развіцця краіны. Зусім не адразу вярхі заўважаюць, як Сталін у працэсе іх ідэйнай барацьбы, паралельна, так сказаць – заадно, захоплівае ў свае рукі партыйны апарат. Нарэшце настае час абвінавачвання Бухарына, Рыкава… К гэтаму часу не толькі партыйны апарат, але і карны ў сталінскіх руках. Але ўспомніце: раскрытыкаваныя і выведзеныя з Палітбюро кіраўнікі не падвяргаюцца рэпрэсіям.
Аляксей Данілавіч. Акрамя Троцкага.
Пагасаў. Так, яго спярша саслалі ў Сярэднюю Азію, а затым выслалі з краіны. Дык вось… А можа, хопіць?
Аляксей Данілавіч. Працягвайце, Іван Дарафеевіч. Усё роўна ж, ці ў газетах пра гэта чытаць, ці так вось сухаць, ды яшчэ з вуснаў чалавека…
Пагасаў. Страшнага чалавека?
Аляксей Данілавіч. І хочацца вам?.. Можа, вы і не такі благі, як хочаце выдаць сябе?
Пагасаў. Не люблю я, Аляксей Данілавіч, вызначэнняў – добры, благі…
Аляксей Данілавіч. І ўсё-ткі… такія катэгорыі ў вызначэнні людзей існуюць, Іван Дарафеевіч, спрадвеку. І нікуды ад гэтага не падзенешся. І няважна – падабаецца каму гэта ці не. Проста жыццё ў адваротным выпадку страціць свой сэнс.
Пагасаў. Нас, Аляксей Данілавіч, вучылі іначай. Нам настойліва ўбівалі ў галовы, каб мы былі толькі адданыя. Адданыя справе. А ўжо які ты там, жорсткі ці мяккі, добры ці благі, справа другарадная. Дык вось, раз паважаеце, дарагі Аляксей Данілавіч, я дазволю сабе яшчэ. Раскрытыкаваныя і выведзеныя з Палітбюро таварышы па-ранейшаму жывуць і дзейнічаюць. Ім даюць магчымасць актыўна працаваць, выступаць у друку. Праўда, з той умовай, што яны будуць прызнаваць свае памылкі і «правату партыі». А за «правату партыі» ўжо, лічыце, адзін Сталін стаіць.
Аляксей Данілавіч. Не трэба выключаць Нагановіча, Молатава, Арджанікідзе, Кірава…
Пагасаў. Так, так! І гэтыя. А раскрытыкаваныя і выведзеныя з Палітбюро выкрываюць сябе, прызнаюць віну, бо для іх няма нічога больш святога, як партыйная дысцыпліна. «Пайсці супроць партыі» ім перашкаджае ўсё іхняе жыццё, калі хочаце, лёс, таму што ўсё жыццё аддадзена партыі і яе справе, дык ці ж трэба парушаць адзінства. Яднаючы свой вобраз з партыяй такім вось чынам, Сталін паступова набываў магутны сродак уздзеяння на членаў ВКБ(б). Тым. часам гэтая тактыка яго прытупіла пільнасць старых рэвалюцыянераў, у тым ліку і тых, хто яшчэ знаходзіўся ў кіраўніцтве, яго цярпімасць да пераможаных аблягчае апору на астатніх.
Аляксей Данілавіч. Своеасаблівы гіпноз.
Пагасаў. Нешта было ў яго ад патаемнага, ад чартаўшчыны. Хваробамі крыважэрны характар не растлумачыш. Дарэчы, сфабрыкаваныя працэсы, забойствы пачаліся б яшчэ раней. Але жывы быў Дзяржынскі. Я гэтаму чалавеку багата чаго дарую, дарма што менавіта пры ім і Салаўкі ў тым значэнні, якое цяпер вядома, узніклі, і яшчэ шмат што. Але пры «Феліксу Эдмундавічу не было надуманых працэсаў.

У палату заходзіць урач Нэла Баляслаўна. З ёй – прафесар. Пагасаў змаўкае. Прафесар сядае на крэсла каля ложка Аляксея Данілавіча, бярэ яго за руку. Пагасаў збіраецца выходзіць.

Аляксей Данілавіч. Іван Дарафеевіч, а вось вы гаварылі, што пры Дзяржынскім былі і следчыя справядлівыя. Гэта сістэма такая была тады ў органах? Дух, калі можна сказаць так, агульная накіраванасць?
Пагасаў. Агульная накіраванасць па духу ў органах бяспекі заўсёды была адна – ледзь не ў кожным кабінеце вісела выказванне Дзяржынскага: у чэкіста сэрца павінна быць гарачае, а галава – халодная. Але на справядлівасць гэта мала ўплывала. Словамі Дзяржынскага найбольш прыкрываліся. Ды ён і сам, бадай, перакананы быў, што пры самых чалавечых лозунгах, пры самых перадавых устаноўках магчымы злоўжыванні. Таму адзін час пры ім было ўведзена правіла – вядзеш нейкую справу, то і адказвай да канца за яе.
Аляксей Данілавіч. Што гэта значыла на вашай мове?
Пагасаў. Тое, што пасля трыбунала рашэнне табе ж, а не каму іншаму давядзецца прыводзіць у выкананне. Раз давёў у працэсе следства да смертнага прыгавору, суд пацвердзіў твае вывады, то і прыводзь прыгавор сам у выкананне. А гэта не кожны здольны зрабіць. Адсюль і следчая справядлівасць, гэта значыць калі няма патрэбы прыгаворваць чалавека да вышкі, то і не прыгаворвай. Ну, а затым… Пасля Дзяржынскага стала не страшна працаваць следчым. Адмянілі тое правіла. Таму і не далічваемся цяпер мільёнаў… Ладна, пайду-тка пашпацырую зноў па інфарктштрасэ.
Прафесар. Што гэта – інфарктштрасэ?
Нэла Баляслаўна. Калідор так называюць хворыя. (Да Аляксея Данілавіча). Я перад вамі, Аляксей Данілавіч, здаецца, вінавата.

Адчыняюцца дзверы. Заглядвае Таўсманы чалавек.

Таўсманы чалавек. Скажыце хоць вы, прафесар, а то ніхто не дае рады. Калі ў мінулым годзе мне назначалі васемнаццаць капельніц і ад іх было добра, то чаму сёлета даюць толькі шэсць?
Прафесар (усмігаецца). Ад лішніх капельніц таксама здараюцца непажаданыя рэчы. Ды вы не хвалюйцеся, я да вас зайду. У якой вы палаце?
Таўсманы чалавек. У трыста васемнаццатай. Бачыце, і палата васемнаццатая. Усё адно да аднаго.

Таўсманы чалавек зачыняе дзверы.

Нэла Баляслаўна. Ох і надакучыў: яму б клізмаў васемнаццаць, а не капельніц. Вы даруйце, Аляксей Данілавіч, але часам ад гэтых старых і смешна, і цяжка стрымацца…
Аляксей Данілавіч. Але чым вы правініліся перада мной?
Нэла Баляслаўна. Тым, што дазволіла пакласці вас у гэту палату, да гэтага Пагасава. Да вас тут з ім ляжаў хворы, збег. Папрасіўся, каб перавялі ў іншую палату. На нечым не сышліся. Пагасаў нібыта пачаў называць ледзь не са злосцю таго сталіністам, хоць чалавеку мала што за сорак, а той таксама ў адказ… Словам, развялі іх. Але я пасля падумала, у гэтага Пагасава ўсё роўна як твар адзін, а душа – другая. Паказалі неяк казку ў кіно – вядзьмак ператварыў маладога хлопца ў мядзведзя. І рукі, і ногі, і цела чалавечае, а твар – мядзведжы. Яго цягне да людзей, а тыя баяцца, уцякаюць, бо душы чалавечай не бачаць, толькі воблік мядзведжы. Дык ці не адбываецца штосьці падобнае і з вашым суседам, Аляксей Данілавіч, далібог, давядзецца і вас пераводзіць у другую палату.
Прафесар. Гэта вы цікава пра мядзведзя, Нэла Баляслаўна. Але ж давайце памаўчым. Мы ўсё-ткі прыйшлі лячыць чалавека.

Усе маўчаць. Прафесар лічыць пульс, пасля мерае ціск, слухае сэрца і г. д., словам, робіць усё, што бывае ў такіх выпадках.

(Нарэшце гаворыць пасля агляду.) Ну-с, хворы…

Аляксей Данілавіч (смеючыся). І вы, прафесар, таксама… хворы… Француз бы і на хворага сказаў: «мсьё», амерыканец: «містэр». А ў нас: у бальніцы – хворы, у цырульні – кліент, у міліцыі – грамадзянін, а то часцей – «гэй, ты!»
Прафесар (смяецца). Быў некалі ў нас добры зварот адзін да аднаго – таварыш. Пасля адбылася нейкая чартаўшчына з ім.
Аляксей Данілавіч. Таксама свайго роду грамадская дэфармацыя. Асабліва гэта пачалося, як мне здаецца, пасля таго, калі ў адказ сталі крычаць: «Тамбоўскі воўк табе таварыш!»
Прафесар. Магчыма, магчыма… э…м…таварыш… То скажыце мне, таварыш, як гэта здарылася, што вы дайшлі да такога жыцця?
Аляксей Данілавіч. Вы лічыце, што яно ў мяне дрэннае?
Прафесар. Ну, што я лічу, пра тое скажу. Але пасля, спярша вы скажыце – што здарылася? Калі вы адчулі боль у сэрцы?
Аляксей Данілавіч. А я не адчуваў яго. Проста, звярнуўся ў бальніцу, каб прайсці так званы прафагляд. У нас, на волі, гэта называецца – пайсці па кругу, а дакладней, пагнаць зайца па кругу. Здаў некаторыя аналізы для бальнічнай карты, зрабілі электракардыяграму. З тым я і дамоў вярнуўся. А праз хвілін дваццаць званок па тэлефоне: «Як вы сябе пачуваеце?» – «А, нічога», кажу. «Так ужо й нічога? – зноў пытае мілы жаночы голас. – У вас электракардыяграма пагоршылася ў параўнанні з былой! Чакайце доктара». Ну, а доктар прыехаў на «хуткай дапамозе» і прывёз мяне сюды.
Прафесар. Усё вельмі проста.
Аляксей Данілавіч. Прасцей, здаецца, не бывае. Але страшней – таксама
Прафесар. І нічога не балела?
Аляксей Данілавіч. Я ўжо казаў Нэлі Баляслаўне, часам узнікала адчуванне болю за грудзінай, вось тут. (Паказвае рукой). Я валідолам яго тушыў.
Прафесар (бярэ у Нэлы Баляслаўны паперы, гартае іх, пасля гаворыць, амаль весела). Вось вам, малады чалавек, Нэла Баляслаўна за гэта і дыягназ паставіла. Больш так не жартуйце. Хваробу не абдурыце. Давядзецца ляжаць. (Да Нэлы Баляслаўны). Вашы назначэнні пацвярджаю. Нічога лішняга, але ўсе лекі добрыя. Я б вось толькі аспірын даваў яму ўсярэдзіне дня. Уколы гепарыну працягвайце, але сачыце за крывёй. З заўтрашняга дня можна памяншаць колькасць.
Нэла Баляслаўна. Я рада, прафесар, што вы пацвердзілі мае назначэнні.
Прафесар. Нэла Баляслаўна, мы ж з вамі даўно працуем. Дарэчы, дзе гэты дзівак ляжыць, што капельніцу патрабуе?
Нэла Баляслаўна. Нябось, на калідоры чакае, пакуль вы тут.
Прафесар. Паноптыкум. Дарэчы, як і паўсюды. (Да Аляксея Данілавіча). Ну папраўляйцеся, мсьё.
Аляксей Данілавіч. А як мне быць з замежнай паездкай?
Прафесар. Дарагі мой чалавек, не думайце вы пра паездку, думайце пра жыццё.
Аляксей Данілавіч. Адно без аднаго не бывае.
Прафесар. На жаль, маеце рацыю. А нам, медыкам, вельмі хацелася, каб за парогам бальніцы засталося так званае вашае жыццё, а тут людзі павінны лячыцца, без згрызот і хваляванняў.

Дактары выходзяць. Заходзіць Пагасаў.

Пагасаў. Я гэтага прафесара даўно ведаю. Яшчэ ў шпіталі лячыў мяне. За шэсцьдзесят гадоў, а толькі што перажаніўся. Маладую ўзяў. Гадоў на дваццаць маладзей за сябе. Кажуць, мода цяпер такая.
Аляксей Данілавіч. Раней, у зусім старыя часы, яшчэ на маладзейшых жаніліся. Помніце карціну – «Няроўны шлюб»?
Пагасаў. Жаніцца адна справа, перажэньвацца зусім іншая. Што-што, а айцец народаў не любіў гэтай распусты.
Аляксей Данілавіч. Але ж сам ажаніўся з маладой, Алілуевай. Цяпер высвятляецца, што Бухарын узяў за сябе амаль дзіця. А хто ведае пра іншых правадыроў. І ў Молатава жонка сядзела, і ў Калініна… Думаеце, яны вернасць ім захоўвалі? Так што, Іван Дарафеевіч, мараль і ў гэтым сэнсе не дужа захоўвалася тады, у ваш час. Але тэта я, бадай, ужо дарэмна. Мой выкрываўчы пафас не ідзе ў параўнанне з вашым.
Пагасаў. Я адчуваю, прынамсі, пачынаю адчуваць, што вы нібыта пацвельваецеся і з «нашага часу», і з маіх размоў. Нездарма ж нагадалі пра мой выкрываючы пафас. А што, літаратура не вінавата ў стварэнні культу Сталіна? Яшчэ як вінавата! Да гэтага «свяшчэннадзеяння» маюць дачыненне многія з выдатных талентаў, не толькі розныя падпявалы ды графаманы.
Аляксей Данілавіч. Усе мы – людзі, Іван Дарафеевіч, усе – чалавекі. Але ж сёння літаратура як бы загладжвае сваю гістарычную віну, памагаючы людзям зразумець маштабы зробленага і прычыны ўзнікнення дэспатызму.
Пагасаў. Але ці здолеюць яны, цяперашнія пісьменнікі, якія бяруцца выкрываць культ, зрабіць столькі па яго выкрыцці, колькі ўдалося зрабіць іхнім папярэднікам па ўзвелічэнні?
Аляксей Данілавіч. Час пакажа. Адно можна сказаць, спекуляцыя на ўсякай тэме ганебна, на гэтай – тым больш.

Колькі часу абодва маўчаць. Нарэшце Пагасаў зноў парушае цішыню.

Пагасаў. Пра спекуляцыю – гэта вы правільна. Я і сам часам лаўлю сябе на думцы: ну а ты-та, чаму раптам гы, акурат выхраст? Відаць, вас таксама нездарма бянтэжу?
Аляксей Данілавіч. Тым вы і цікавы мне.
Пагасаў. Цікавы… Цікавых людзей многа. Я вось пазваніў сёння аднаму свайму знаёмаму. Казаў, прыйдзе. Таксама ўжо ў вялікіх гадах чалавек. Але жыве. Дарэчы, ездзіў у Навазыбкаў, што ў Бранскай вобласці. Туды ж таксама дайшла радыяцыя Чарнобыля. Усе гавораць і пішуць, што пацярпела ад радыяцыі Украіна. У нас, у Беларусі, нібыта саромеюцца ўголас гаварыць пра яе, хоць сама больш засыпаны радыяцыяй Гомельшчына і Магілёўшчына, нават не ў прыклад той жа Украіне. А вось пра Расію, пра Навазыбкаў, пра Папову гару – ні слова. А вы гаворыце – галоснасць. Як думаеце, не папярхнуцца ёй, як ужо не раз бывала?
Аляксей Данілавіч. Чым?
Пагасаў. Галоснасцю.
Аляксей Данілавіч. А-а, а то я задумаўся пра радыяцыю. Не павінна быць.
Пагасаў. Я вось аб чым хачу спытаць вас, Аляксей Данілавіч. Вы пісьменнік. А што – у вас і кнігі ёсць? Даруйце, я нічога вашага не чытаў. Я ўвогуле многае не чытаў, што напісана ў літаратуры, калі гэта не сутыкалася з абавязкамі. Вось газеты мне належала чытаць кожнага дня. А ў нашых бібліятэках, акрамя таго, былі заўсёды ўспаміны рэвалюцыянераў, старых бальшавікоў. Пасля вайны з’явіліся мемуары генералаў-палкаводцаў; іх таксама чытаў, дарма што ваяваў на другім фронце. А вас вось не чытаў. І не чуў пра вас.
Аляксей Данілавіч. Я пра вас, хвала богу, дасюль не чуў, вы – пра мяне. Так усё і абышлося добра, а то яшчэ невядома, як бы наша знаёмства скончылася.
Пагасаў. Гэта вы пра маю службу?
Аляксей Данілавіч. Калі ласка, не крыўдуйце.
Пагасаў. Канечне, служба была нялёгкая, часта нават сабе ў цяжар станавіўся.
Аляксей Данілавіч. Што ўжо прыбядняцца. Тады, нябось, рапартавалі ўпэўнена, грудзі наперад і вочы навыкат, маўляў, служу і г. д.!
Пагасаў. Ладна, вось прыйдзе мой таварыш, што ездзіў у Навазыбкаў, тады пагаворым. А то мы ўсё пра тую службу маю, пра Сталіна, пра яго паплечнікаў ды іхніх няўдалых жонак. Па-мойму, цяпер па зыходзе столькіх гадоў, цяпер ужо нікому не дадзена разабрацца, ў той мешаніне, якая завецца ў нашым жыцці культурнай рэвалюцыяй, індустрыялізацыяй, калектывізацыяй і да таго падобным, а над усім – тэрор, ды ён і бог, і цар, і герой… А ўсё-ткі, Аляксей Данілавіч, шкада мне іх, нашых былых правадыроў. Выходзіць, ніхто добрага слова не заслужыў. Нават Кіраў з Арджанікідзе. Бачыце, колькі за імі ў гісторыі накладных выдаткаў лічыцца; ратуе пакуль трагічнасць асабістых лёсаў. Я тут чытаў днямі ў газеце артыкул сына Мікаяна. Дужа хочацца яму апраўдаць бацьку за падтрымку Сталіна, за саўдзел у сумесных злачынствах. Але ж да чаго гэта трэба дайсці грамадству, калі толькі сын заступаецца за бацьку. Напраўду выходзіць, што сын усё-ткі за бацьку адказвае, дарма што столькі гадоў даводзілася наадварот.
Аляксей Данілавіч. Але гэты раз сапраўды ўсё атрымліваецца наадварот. Тады ў гэта выслоўе ўкладваўся адзін сэнс, цяпер – другі. Я неяк трапіў да сваіх знаёмых у Маскве, калі ў іх была ў гасцях унучка Сталіна. Здаецца, па лініі Якава. Таго, што загінуў у нямецкім палоне. Дык яна расказвала і ажно плакала: сын яе, гэта значыць праўнук Сталіна, адмаўляецца хадзіць у школу, кажа, хлапчукі, вярней, аднакласнікі, словам, школьнікі, палохаюць і пагражаюць, маўляў, прадзед твой вунь што з нашымі рабіў; мы цябе таксама будзем вешаць!.. Аказваецца, не тое, што ўсё яшчэ дзеці за бацьку адказваюць, нават праўнукі за прадзедаў.
Пагасаў. Але ж гэта жахліва!
Аляксей Данілавіч. Вясёлага мала.
Пагасаў. Вось ужо справядліва гаворыцца – як паклічаш, так і адзавецца.
Аляксей Данілавіч. Яшчэ Герцэн пісаў: «Што мыслячыя людзі даравалі Атыле, не даруюць нам». Таму і сын Мікаяна… Відаць, яму таксама цяпер нялёгка. Але ж меў рацыю нейкі чалавек, калі адказваў яму ў газеце: «Не, Анастас Іванавіч не быў настолькі наіўны, каб не разумець: тут выбар іншы –  альбо так, сказаўшы ўсю праўду, сысці ў магілу, нават павесці туды за сабой жонку і дзяцей, альбо выйсці на трыбуну, пахваліць Сталіна, яго карныя органы і ахвяраваць тысячамі, мільёнамі… І спасылка на ленінскае стаўленне да кампрамісаў не апраўдвае Мікаяна. Пісталет жа быў накіраваны не столькі Анастасу Іванавічу ў скроню, колькі – народу ў патыліцу!..»

У палату ў гэты час прыйшла медсястра Людміла Паўлаўна.

Людміла Паўлаўна. Давайце-ка, Аляксей Данілавіч, я вас укалю.
Аляксей Данілавіч. Хто б пярэчыў, а я не стану.

Медсястра спрытна робіць укол, закрывае ранку змочанай ваткай.

Людміла Паўлаўна. Ну вось, сёння яшчэ адзін раз патрывожу, а заўтра ўжо на два ўколы пяройдзем. Не забудзьце, што ўранні, да сняданку, трэба здаць кроў. Гепарын разрэджвае кроў, таму трэба сачыць. (Паварочваецца да Пагасава). Ну, а вы, Іван Дарафеевіч? Што вам добрае зрабіць?
Пагасаў. А вы сапраўды добра настроены да мяне?
Людміла Паўлаўна. Вы яшчэ не пераканаліся ў гэтым?
Пагасаў. Тады да вашых паслуг.
Людміла Паўлаўна. Шкадую, аледоктар нічога не назначыла.
Пагасаў. Хутка мяне здымуць нават з матэрыяльнага забеспячэння.
Людміла Паўлаўна. Значыць, вернецеся дамоў хутчэй. Да сваёй унучкі. Дарэчы, штосьці даўно яе не відаць?
Пагасаў. Бачыце, і вы заўважылі гэта!
Людміла Паўлаўна. Не так я, як доктар Таранаў. Сядзіць у ардынатарскай і вачэй не зводзіць з ліфта, чакае, ці не едзе дзедава ўнучка.
Пагасаў. Таранаў? Добры доктар, я ў яго ляжаў летась.
Людміла Паўлаўна. Аказваецца, адтуль каханне і пайшло?
Пагасаў. Жартуеце, Людміла Паўлаўна.
Людміла Паўлаўна. Не так жартую, Іван Дарафеевіч, як раўную.
Пагасаў. Маю ўнучку да доктара Таранава?
Людміла Паўлаўна. Чаму раптам да доктара Таранава? Можа, вось да Аляксея Данілавіча.
Пагасаў. Гм, здаецца ж, рана, не было часу, ды ў Аляксея Данілавіча свая жонка прыгожая.
Людміла Паўлаўна. Адно другому не шкодзіць. (Да Аляксея Данілавіча). А я прынесла вось што. Выразку з газеты. (Дастае з кішэні халата шматок паперы). Называецца «Як атрымаць інфаркт міякарда?» Паслухайце: «Для гэтага іспанскі часопіс «Камбіё-16» раіць адносіцца да ўсіх варожа, нікому не давяраць».
Аляксей Данілавіч. Зусім няхітра і няцяжка.
Людміла Паўлаўна. Не спяпайцеся. Слухайце да канца. «Увесь час злавацца. Вось. Але не выказваць пры гэтым свайго нездаволення, трымаць яго пры сабе. Далей – трэба хмурыць лоб, напружваць сківіцы, рабіць рэзкія рухі. Лічыць самым важным на свеце сваю работу, а сябе чалавекам, якога нельга замяніць. Ніколі не трэба расслабляцца: у вольныя дні гаварыць толькі аб рабоце. Заўсёды спяшацца, прымаць усё ўсур’ёз, ніколі не смяяцца…»
Аляксей Данілавіч. Даўно ў кішэні сваім носіце гэта?
Людміла Паўлаўна. Адно ўжо, Аляксей Данілавіч, пацвярджаецца, чаму вы трапілі да нас, – вы не ўмееце слухаць. А тут яшчэ сёе-тое карыснае ёсць. Тут вось яшчэ сказана: «Чалавеку, які выконвае ўсе гэтыя ўмовы, не дапаможа ніякая дыета. Гэта мадэль паводзін «Тып А».
Аляксей Данілавіч. Правільна. Я цалкам падзяляю гэтыя глыбакадумныя разважанні. Там, відаць, яшчэ напісана пра асабістую канкурэнцыю, пра саперніцтва. Але адна заўвага, Людміла Паўлаўна, калі дазволіце. Справа ў тым, што асабістыя адносіны паміж людзьмі ў так званым постіндустрыяльным грамадстве, па сутнасці, не даюць нам магчымасці пазбегнуць іменна такой мадэлі паводзін. Дзякуй за навуку, але, баюся, і ў адносінах да іншых яна можа застацца толькі добрым пажаданнем.
Людміла Паўлаўна. Ну вось, а я думала, што і такім чынам, не толькі капельніцамі ды ўколамі, прынясу вам карысць.
Аляксей Данілавіч. Вы лепей скажыце, што там на волі? Гэта ў нас тут ужо гульня такая – пытацца, хто заходзіць у палату, – што там на волі? Дасюль вось расказваў Іван Дарафеевіч. Праўда, болыш па газетах.
Людміла Паўлаўна. Сама не ведаю, калі была на той волі. Так і здаецца, што заўсёды тут, у бальніцы, разам з хворымі, як трапіла некалі дзяўчынкай, так вось і састарылася.
Пагасаў. Не такая вы старая, Людміла Паўлаўна. Яшчэ зусім маладзенькая.
Людміла Паўлаўна. Ну, гэта для вас, Іван Дарафеевіч, а вось для Аляксея Данілавіча…
Пагасаў. Вось ужо не чакаў, што сур’ёзная дама стане какетнічаць.
Людміла Паўлаўна. Не прымушайце мяне чырванець, Іван Дарафеевіч. А на волі? На волі – сапраўды восень… Яшчэ адна восень.
Пагасаў. Каму, можа, апошняя…
Людміла Паўлаўна. Зусім не ў вашым характары гэта, Іван Дарафеевіч. Вы ж вечны аптыміст. (Паварочваецца да Аляксея Данілавіча). Так што, Аляксей Данілавіч, на вялікай волі – восень, падае лісце, у садах дзе-нідзе палаюць вогнішчы з яго, а ў нас, на нашай бальнічнай волі, гэта значыць за межамі плошчы, якую займаеце вы, шукаюць свабодную палату для мадам Позняк. Ляжыць там, у чатырыста сёмай, адна старэнькая, няйначай, выкінуць.
Аляксей Данілавіч. А хто яна – мадам Позняк?
Пагасаў. Вы не ведаеце мадам Позняк? Ну, дарагі Аляксей Данілавіч, з вамі, як кажуць, не памрэш ад суму.
Аляксей Данілавіч. Ну ладна, Позняк… Няхай сабе Позняк, хоць я і папраўдзе не чуў пра яе. А што – яе супруг вялікую пасаду займае ці яна сама?

Медсястра ўсё роўна як расчаравана пераводзіць позірк з аднаго хворага на другога.

Пагасаў. Вы ў нашай справе, Аляксей Данілавіч, не спрактыкаваны чалавек.
Аляксей Данілавіч. У якой гэта – у вашай?
Пагасаў. Ну, у справе тутэйшых, можна сказаць, абарыгенаў. Тут хутчэй хаваюцца ад нечага людзі, чым лечацца – адны ад вымовы, другія ад зняцця з пасады, трэція ад сумы ды турмы. Бывае, што, канечне, прыцісне і хвароба сяго-таго, рэабілітацыя патрэбна. Некаторых прымушае прасіцца сюды дамашняя недагледжанасць.
Людміла Паўлаўна. Паслухаўшы вас, дык тут у нас прытулак калі не злачынцаў, то нейкіх парушальнікаў, няйначай. Для неўладкаваных ды недагледжаных ёсць дамы састарэлых.
Пагасаў. Э-э, не для кожнага, тым больш што не кожны лічыць гэта прэстыжным для сябе пры жывых дзецях. Іншая справа – тут адбываць.

Медсястра выходзіць з палаты.

Аляксей Данілавіч. Ну, а вы, Іван Дарафеевіч, што змушае вас сюды часта трапляць?
Пагасаў. Са мной, дарагі таварыш, усё чыста, можаце быць спакойны на гэты конт. Усеагульнае выкрыццё маё мяне самога не датычыць. І не таму, што сябе заўсёды можна паспрабаваць выгарадзіць. У мяне, Аляксей Данілавіч, такая ж хвароба, што і ў вас. Толькі ў вас – ішэмія сэрца, а ў мяне – ішэмія мазгоў. Разрастаюцца вось тут клеткі. (Паказвае з левага боку на галаву). Дактары мне спрабуюць даказаць, што гэта ў мяне ўроджанае. А я-то ведаю, што не. На допыце адзін падлюга, ды не, канечне ж, як па цяперашнім часе, то зусім і не падлюга, проста спакутаваны і знерваваны ад бяссонніцы і бясконцых допытаў чалавек схапіў са стала чарніліцу ды ў галаву мне. Добра, што не ў скроню, а то б… Цяпер вось тая істэрыка, той нечаканы ўдар, за якім я згледзець не паспеў, і даў мне адчуць такую дзіўную хваробу – ішэмію мазгоў.
Аляксей Данілавіч. У чым гэта выяўляецца?
Пагасаў. Баліць галава. Чытаў недзе, што ў дзятла не баліць галава. Нават ці не ёсць фільм – «Не баліць у дзятла галава». Але ж гэта таксама няпраўда. Якраз дзятлы і паміраюць ад галаўнога болю, бо моцна стукаюць дзюбай па дрэве і сатрасаюць гэтым мазгі. Вось так, дарагі Аляксей Данілавіч.

Пагасаў падыходзіць да акна, глядзіць праз яго на вуліцу.  Кляновы ліст ад блізкага дрэва ляціць і датыкаецца да шкла, прыліпае вялікай жоўтай даланёй. За акном пачынаецца дождж.

Дожджык-дожджык, больш ліні, маю мамку прагані!.. Вы, Аляксей Данілавіч, мусіць, не помніце гэтай песенькі. Вясковыя дзеці хацелі, каб з работы ў полі хутчэй вярталіся маці, вось і клікалі, прыспешвалі дождж…

Аляксей Данілавіч. А яшчэ – дожджык-дожджык, перастань, я паеду на Ірдань… Далей не помню…
Пагасаў. Даруйце, Аляксей Данілавіч, але я к нядаўняй нашай размове вярнуся. Не знаю, правільна ці не. Але не ведаць у наш час, хто такі Позняк… Далібог, гэта не ў дакор вам. Наадварот, ужо за адно гэта, што вы не ведаеце, хто такі Позняк, трэба паважаць вас. Аднак жа…
Аляксей Данілавіч. Ну-ну, гаварыце!
Пагасаў. Я так заключаю: раз не ведаеце Позняка, значыць, самі ніколі не былі начальнікам.
Аляксей Данілавіч. Уявіце сабе – не быў.
Пагасаў. Значыць, не ведаеце і што такое ўлада?
Аляксей Данілавіч. Тэарэтычна. Але гэта мае, ну, калі можна так сказаць, перавагу ці што. Напрыклад, я ўладу не толькі навучыўся тэарэтычна разумець, аднак разам з усім і ненавідзець, што не дадзена тым, хто пакаштаваў слодыч улады. У іх ад гэтага страх перад ёй назаўсёды пасяліўся ў душах.
Пагасаў. Пярэчыць не стану. Аднак жа… Якіх пісьменнікаў у нас найперш ведаюць? Я ўсё гэта зводжу да вас, да вашай асобы, да вашага рамяства. Дык якіх пісьменнікаў у нас найперш ведаюць? Тых, што са скандалаў не вылазяць. Альбо тых, што ў тытулах ды ўзнагародах ходзяць. А вы, нябось, небарака, ні звання, ні ордэна не маеце? Так? А чаму? Таму, што не ведаеце, хто такі Позняк.
Аляксей Данілавіч. Помніце – журналістка прыходзіла сюды. Пыталася – па якіх правілах жыць трэба пісьменніку?
Пагасаў. Ну?
Аляксей Данілавіч. І што я адказаў ёй?
Пагасаў. Прызнацца, не помню. Помню – пра Блока гаварылі.


ДЗЕЯ ДРУГАЯ


Усё там жа, у бальнічнай палаце, дзе адбывалася першая дзея. У палаце з Аляксеем Данілавічам урач Нэла Баляслаўна.

Нэла Баляслаўна. Не пазней як заўтра можна дазволіць вам лесвіцу.
Аляксей Данілавіч. Што гэта на вашай мове?
Нэла Баляслаўна. На ўсіх мовах адно і тое ж, як рэха: спусціцца па лесвіцы першы раз на трэці паверх і ўзысці адтуль сюды, на чацвёрты. А ведаеце пра рэха? Хоць што я гавару! Гэта не так. Адгадайце загадку.
Аляксей Данілавіч. Загадвайце.
Нэла Баляслаўна. Хто ўмее на ўсіх мовах размаўляць?
Аляксей Данілавіч. Можна было сапраўды доўга думаць і наўрад ці адказаць хутка. Але ж вы самі толькі што падказалі – рэха.
Нэла Баляслаўна. Гэта я няўдала прагаварылася. Так што, Аляксей Данілавіч, зробім заўтра электракардыяграмы і да нашага падарожжа па лесвіцы, і пасля. Па гарызанталі можна хадзіць ужо хоць сёння.

Заходзіць Пагасаў.

Нэла Баляслаўна. Іван Дарафеевіч, акадэмік Андронаў згадзіўся зноў паглядзець вас.
Пагасаў. Не дужа я ў гэтым патрэбу ўжо маю. Тут, аказваецца, ляжыць у суседняй палаце прафесар Савіч, дык я да яго са сваёй застарэлай хваробай хаджу.
Нэла Баляслаўна. Вы пасварыце ўсіх нашых дактароў між сабой.
Пагасаў. А чаго іх сварыць? Яны і так, па-мойму, не надта дружна жывуць.
Нэла Баляслаўна. І адкуль вам, Іван Дарафеевіч, вядома ўсё? А зрэшты, некаторыя з вас, ветэранаў, ужо як у сваім доме жывуць тут.
Пагасаў (уздыгаючы). Так, зажыліся. А перад дзвярыма гэтай мадам Позняк ужо з самай раніцы чарга сядзіць, ажно крэслаў не хапае.
Нэла Баляслаўна. Далася яна вам, Іван Дарафеевіч!..
Пагасаў. Ладна, не буду. А вось анекдот, Нэла Баляслаўна. Анекдот паслухаеце? Ды і Аляксею Данілавічу не лішне будзе пачуць яго.
Нэла Баляслаўна. Давайце свой анекдот.
Пагасаў. Адзін мужык вясковы пытае лектара: «Скажы, мілы чалавек, хто гэтае наша жыццё выдумаў – вучоныя альбо яшчэ якія мудрацы?» – «Мудрацы, вядома». – адказвае лектар. «Я так і думаў», – ківае галавой мужык.
Нэла Балястаўна. Дзе ж гэта вы чулі, Іван Дарафеевіч?
Пагасаў. На інфарктштрасэ. Адзін старпёр расказаў.
Аляксей Данілавіч. Нябось, некалі за такія анекдоты Іван Дарафеевіч тэрмін даваў?
Пагасаў. Даваў, Аляксей Данілавіч, ды яшчэ як даваў. За такі анекдот аўтару яго, а разам з ім і таму, хто пераказваў, належала па артыкулу… Дарэчы, у беларускім Крымінальным кодэксе артыкулы не адпавядаюць расійскім. А мне даводзілася прымяняць. Абодва – і той, і гэты. Таму магу цяпер наблытаць. Па-расійскаму гэта недзе пяцьдзесят восем – дзесяць.
Нэла Баляслаўна. Але ж гэты ваш стары пенсіянер? Нябось, тады і не заікаўся, не тое, што расказваў падобныя анекдоты?
Пагасаў. Я яму таксама сказаў цяпер – альбо ты, чалавек, дурны трохі, альбо разумны не зусім.
Аляксей Данілавіч. У смерці тваёй – маё жыццё.
Пагасаў. Што вы сказалі?
Аляксей Данілавіч. Гэта латынь. А яна, Іван Дарафеевіч, не заўсёды зразумела.
Пагасаў. Адзін мой падследчы, гэта даўно-о-о было, гаварыў: словы зрабіліся суцэльным жульніцтвам пасля таго, як на іх навесілі замкі.
Аляксей Данілавіч. Яго праўда, даўно гэта сказана, але тое, што Вільям Шэкспір быў вашым знаёмым, навіна вялікая. Як кажуць, няма слоў.
Пагасаў. Пры чым тут Шэкспір! Я кажу, пра слоўнае жульніцтва і пра замкі я чуў ад аднаго падследчага. Ужо не помню, па якім працэсе той праходзіў, а вось твар, паводзіны, асабліва рукі не забыў дасюль. Нейкія яны былі спакойныя нават у тыя хвіліны, калі на яго павышалі голас.
Аляксей Данілавіч. Будзем казаць – крычалі.
Пагасаў. Як пан хцэ.
Аляксей Данілавіч. Іван Дарафеевіч і па-польску разумее?
Пагасаў. У Заходняй Беларусі працаваў. Некаторы час меў справу з палякамі.
Аляксей Данілавіч (да Нэлы Баляслаўны). Наш Іван Дарафеевіч, як тое рэха ваша – на ўсіх мовах разумее.
Нэла Баляслаўна (устае з крэсла, забірае з тумбачкі доктарскія прылады, паперы. Да Пагасава). Іван Дарафеевіч, вы Аляксея Данілавіча можаце выводзіць з сённяшняга дня на прагулку. Спярша па гарызанталі, вядома.
Пагасаў. Нарэшце. То, можа, тады, Аляксей Данілавіч, за столік сядзем? Я і шахматы прыпас!
Нэла Баляслаўна. Вы, Іван Дарафеевіч, канечне, бярыце над ім шэфства. Гэта я вам дазваляю, але не дужа тузайце.
Пагасаў. Не хвалюйцеся. Раз на папраўку пайшоў ад маіх размоў, то ўжо ад усяго іншага тым больш карысць будзе.

Нэла Баляслаўна выходзіць. Пагасаў дастае з шафы, што стаіць у палаце, плоскую драўляную скрыню з шахматамі. Раскладвае на століку, пачынае расстаўляць фігуры. Аляксей Данілавіч звешвае з ложка ногі, як бы нанова разглядае іх, але не спяшаецца выпроствацца.

(Таксама, не прыспешваючы яго). Вось кажуць, Аляксей Данілавіч, цэмент доўга расце; каб набыць пэўную трываласць, ад раствору павінна прайсці нямала часу.
Аляксей Данілавіч. Пра гэта б вам з кім-небудзь з будаўнікоў пагаварыць.
Пагасаў. Ды не, вы мяне не так зразумелі. Я гэтак хачу перайсці да чалавека. Вы ж пісьменнік, значыць, інжынер чалавечых душ.
Аляксей Данілавіч. Гэта таксама чыясьці не надта дасціпная выдумка.
Пагасаў. Як жа, столькі пра гэта гаварылі, столькі ганарыліся: А цяпер – выдумка. Хоць і тое сказаць – багата што пераасэнсоўваецца зараз.
Аляксей Данілавіч. Недзіўна – перабудова.
Пагасаў. Дак я і кажу пра цэмент. Людзям таксама жыццё даецца на вырост. Не толькі штонікі на штаны мяняць, але і ўсё іншае, прынамсі…
Аляксей Данілавіч. У наш час нават пераконванне даводзіцца мяняць. І няма за што людзей дакараць. Здаецца, няма. Хоць…
Пагасаў. Вось я пра гэта і хачу сказаць. Мог бы таварыш устрымацца, не расказваць мне анекдот пра камуністаў і вучоных. А я таксама… Словам, і я, калі па-разумнаму ды ў адпаведнасці з узростам, таксама не павінен быў з гэтакай радасцю перадаваць яго па ланцугу. Але ж ён не ўстрымаўся, я расказаў, а ўсё, мусіць, таму, што быццам гэтым самым ад нечага хацелі адкараскацца. Я ўжо гаварыў, што я не сталініст, больш таго, Сталіна не любіў, хоць служыў спраўна. Відаць, я нейкі няправільны чалавек, Аляксей Данілавіч. Можна б проста маўчаць пра ўсё гэта, асабліва ў такія гады, як мае. А вось жа знібіць сэрца.
Аляксей Данілавіч. Памяць, Іван Дарафеевіч, не толькі ў гісторыю ўносіць мір, але і ў душы людскія. А вы ўспамінаеце.
Пагасаў. Каму цяпер зайздрошчу, Аляксей Данілавіч, дык гэта вам, вашаму пакаленню, якое хоць і нагаладалася і нахаладалася, аднак рукі свае не запэцкала.
Аляксей Данілавіч. Вы мяне здзіўляеце.
Пагасаў. Вы ж можаце сёння сказаць перад усімі – я не рабіў людзям зла… я не забіваў… я не перагароджваў шлях вадзе?
Аляксей Данілавіч. Магу.
Пагасаў. Вось.
Аляксей Данілавіч. Але вы дарэмна зайздросціце цэламу пакаленню. Вядома, у яго ўмовы былі, каб не забіваць. Але не кожны і з нашага пакалення можа сказаць, што абараніў чалавека ад гвалту, схапіў за рукі злодзея ці бюракрата, стрымаў меліяратара, які спраміў ля вытоку маю Бесядзь… Ды і шмат хто з нашых даволі шчыра працягваў традыцыю вашага пакалення – ананімкі пісаў, пад мікіткі сябра біў, які добрую справу пачынаў… Так што наша пакаленне таксама сваю віну перад сённяшнім днём мае.
Пагасаў. Вось вы прамовіліся пра памяць, што яна нібыта не толькі ў гісторыю чысціню ўносіць, але і ў душы людскія. Але памяць, трэба сказаць, вялікі цяжар. Я сон сёння бачыў. Кажуць, сны – працяг таго, аб чым думаеш ці гаворыш удзень. Можа, і з гэтым сном маім так. (Кліча Аляксея Данілавіча). Ну, то згуляем? (Бярэ ў дзве рукі па шахматнай фігуры).

У палату заходзіць унучка Пагасава – чарнявая, маладая і спрытная ў рухах.

Унучка Пагасава. Дзядуля, віват!
Пагасаў. Чаму раптам?
Унучка Пагасава. А мне, дзядуля, лягчэй вымаўляць так. Чуеш – прывітанне, віват?
Аляксей Данілавіч. Калі цяжка гаварыць прывітанне – гавораць вітанне, напрыклад, вітаю, дзядуля.
Унучка Пагасава (да Івана Дарафеевіча). У цябе новы сусед?
Пагасаў. А тут у нас канвеер.
Унучка Пагасава. Ляжачы, хадзячы?
Пагасаў. Можна лічыць, ужо хадзячы. Рыхтуемся вось у шахматы партыю-другую згуляць. Што новага ў цябе?
Унучка Пагасава. Кватэру тваю яшчэ не разбурыла. Праўда, суседзі знізу прыходзілі, папярэджвалі, што міліцыю выклічуць.
Пагасаў. Сябры твае цябе давядуць. І на мяне таксама цень кідаюць.
Унучка Пагасава. Што ты, дзед! Я з імі ў грамадскае жыццё ўключылася. Яшчэ ўчора былі інфантыльныя, а сёння ўжо – нефармалы. Ведаеш, які скачок у эвалюцыі майго развіцця. Амаль рэвалюцыйны. І ўсё сябры.
Пагасаў. Гэта ў якіх жа ты нефармалах?
Унучка Пагасава. А я сама яшчэ не ведаю. Але на мітынг хадзіла. На нефармальны. У горадзе быў таксама фармальны. Ды мы пайшлі на нефармальны.
Пагасаў. І што ж вы там рабілі?
Унучка Пагасава. Прамовы слухалі – маладых дэмагогаў, былых сталінскіх вязняў.
Аляксей Данілавіч. Чаму дэмагогаў?
Унучка Пагасава (здаецца, упершыню з цікавасцю паглядзела на яго). Ну, а хто ж цяпер праўду гаворыць?
Аляксей Данілавіч. Мяркую, што сумленныя людзі, якім дарагі лёс перабудовы, краіны.
Унучка Пагасава. Не, дзядзечка, іх у нас называюць дэмагогамі.
Аляксей Данілавіч. Дзе гэта – сярод нефармалаў?
Унучка Пагасава (амаль раздражнёна). Пры чым тут нефармалы. Я іх толькі там, на мітынгу, і бачыла. Ішлі на бульвары, глядзім – партрэт Сталіна ўвесь перакрыжаваны нясуць, з надпісам – «злачынца», ну, мы і падаліся за натоўпам. Усё роўна не было чаго рабіць. І ў магазінах – хоць шаром пакаці. Не піць жа нам палітру, не мазаць гуталін на хлеб.
Пагасаў. І да чаго ж вы там, на мітынгу, дагаварыліся?
Унучка Пагасава. Ой, там доўга. гаварылі, ажно з паўдня да вечара, дык мы не дачакаліся. Але металу ў голасе прамоўцаў было шмат і гневу таксама. Нейкага гарадскога начальніка асвісталі.
Пагасаў. Ладна. Гэта ўсё… Словам, як ты маешся?
Унучка Пагасава. Трымаюся. Усё ў кватэры на месцы. Ах, так, забыла! Вазу тваю хлопцы разбілі, ну, тую, што з.надпісам, у дзень твайго сямідзесяцігоддзя.
Пагасаў. Гнала б ты іх ад сябе, абжыралаў!
Унучка Пагасава. Добра, што ты напомніў. Мне, дзед, не аддаюць твой паёк. Ва ўсякім разе больш таго, што належыць, без цябе не вырваць. Давядзецца табе заканчваць сваё лячэнне. Не сядзець жа мне абы на чым. Тым больш што ў звычайных магазінах цяпер таксама нягуста. Ды і ў чарзе стаяць не прывыкла. Усё-ткі лепей быць дзедавай унучкай.
Пагасаў. А мне вось тут чалавек добры трапіў, здаецца. Таму і не надта ўжо хочацца выздараўліваць.
Унучка Пагасава. Няйначай, такі ж аматар пагаварыць, як і ты.
Пагасаў. Не, ён умее слухаць.
Унучка Пагасава. А я гляджу таксама – дзе яго бачыла? (І да Аляксея Данілавіча, зразумела, з пэўнай доляй какецтва). Дзе мы сустракаліся?
Аляксей Данілавіч (смеючыся). Звычайна так гавораць, калі хочуць альбо ветлівасць паказаць, альбо пазнаёміцца.
Унучка Пагасава. Лічыцца, што і тое, і гэта ёсць. Усё разам.
Пагасаў (перапыняе яе размову з Аляксеем Данілавічам). Ты б з’ездзіла да маці, а то што за доблесць дзедавым пайком марцовых катоў карміць!
Унучка Пагасава. Не шкадуй, дзед! Здаецца, адзін там, сярод іх, ёсць варты нават тваёй увагі. Такі сур’ёзны і важны, як ты. Ажно дрыжыкі бяруць, калі параўнаеш!.. А да маці… Што ж, маці сама па сабе, а я сама. Маці самой яшчэ замуж бы выйсці. (Да Аляксея Данілавіча). Дарэчы, вы не свабодны чалавек?
Аляксей Данілавіч (нібыта са шкадаваннем разводзіць рукамі). Не.
Унучка Пагасава. Шкада, а то мне добры айчым патрэбен. Ды і пра сябе варта думаць. Ладна, дзед, у гэту нядзелю з’езджу да маці, а там, можа, і на панядзелак застануся. У мяне ёсць адзін адгул. (Дастае з цэлафанавай сумкі яблыкі, кладзе ў дзедаву тумбачку). Вось тут табе падмацаванне. Нябось, вітамінаў мала даюць?
Пагасаў. Хапае ўсяго, ты не трацься.
Унучка Пагасава. А я і не трацілася – гэта мне адзін кавалер прынёс. Так што не толькі яны мяне аб’ядаюць, а і мне сёе-тое ад іх перападае.
Пагасаў. Але ў кабінет мой нікога больш не пускай. Сёння разбілі, заўтра…
Унучка Пагасава. Спадзяюся, рэвальвера ў цябе там няма ў стале?
Пагасаў. Пабойся бога!..
Унучка Пагасава. А то ж гэты, што на бульвары дваіх застрэліў, з дзедавага парабелума страляў, з ваеннага. Узяў у стале і пайшоў на бульвар. Цяпер вуліца тая, дзе ён жыў, піша доўгі ліст да пракурора, каб не дужа судзілі, бо хлопец пазбавіў жыхароў цэлага раёна ад двух тэрарыстаў. Не давалі людзям спакойна жыць. Нап’юцца і чапляюцца абы да каго. Вось і атрымалі нарэшце.
Пагасаў. Гэта… афіцыйна?
Унучка Пагасава. Што цяпер афіцыйнае бывае? Газета адно піша, а пракурор іншае сцвярджае.
Пагасаў. Глядзі, сама там ні ў што не ўвязвайся.
Унучка Пагасава. Ну што ты, дзеду! (Цалуе ў шчаку яго). Значыць, дадому не аднаго чакаць?
Пагасаў. Як гэта?
Унучка Пагасава. Сам жа кажаш – трапіўся добры чалавек. Умее ўважліва слухаць.
Пагасаў. А-а, ты вось пра што!
Аляксей Данілавіч. Як я зразумеў, што вы такім вось чынам запрашаеце мяне ў госці?
Унучка Пагасава. Вы здагадлівы. Хвалю.
Аляксей Данілавіч. Я ад вас, мадам, таксама ў захапленні.
Унучка Пагасава. Не мадам. Пакуль не мадам. А зрэшты…
Пагасаў (амаль з пакутай). Ну што ты з яе возьмеш?!
Унучка Пагасава (да Аляксея Данілавіча). Цяпер я ўспомніла, дзе вас бачыла. Вы па тэлевізары нядаўна выступалі, пра духоўнасць гаварылі. Акурат мой дзед, Іван Дарафеевіч. Вы – пра духоўнасць, ён – пра аскетызм. Цяпер я разумею, чаму вы ў адной палаце апынуліся. (Усмітаеуцца. Выходзіць).
Пагасаў. Сапраўды, чаму вашай жонкі ні разу не бачыў я?
Аляксей Данілавіч. А чаму вы пачынаеце з гэтага слова – сапраўды?
Пагасаў. Ды хто ж яго ведае! Няйначай, у галаве штосьці да гэтага было, што такім вось чынам і выставіла яго наперад. А так… Паверце, Аляксей Данілавіч, яно нічога не значыць.
Аляксей Данілавіч. Паехала мая жонка да ўнука. У нае унук. Іван. Я ж, здаецца, казаў, што мы збіраліся з ёй у адпачынак. Дык паехала памагчы дачцэ. Уласна кажучы, яна нават яшчэ не ведае, што я тут, у бальніцы. А фотакартку ўнука трэба паставіць вось тут. (Торкае ўнукаву фотакартку ў шчыліну паміж сцяной і разеткай, што на панелі ў галавах ложка).
Пагасаў. Цікава, якім будзе пакаленне, што нараджаецца цяпер? Хочацца ведаць, якім вырасце ваш унук?
Аляксей Данілавіч. Зразумела, цікава.
Пагасаў. Зайздрошчу. А вось якая мая ўнучка – ужо сёння меркаваць можна. У яе і маці няўдалая, вярней, дачка мая, маці яе, усё нешта лётае, чагосьці шукае і вельмі злуецца чамусьці на мяне. Я і сам не здагадваюся – чаму? Здаецца, усё мела ў жыцці, ну, можа, аскетызму, як гаворыць унучка, трохі залішне было, а ўсё астатняе… Цяпер унучка вось, вы ж чулі, як яна размаўляе?
Аляксей Данілавіч. Яны ўсе такія. Гэта ў іх стыль цяпер такі, амаль вульгарны, нібыта саромеюцца дабрыні і мяккасці, якія некалі называліся сентыментальнасцю. Так што, Іван Дарафеевіч, не дужа наракайце на маладых.
Пагасаў. Але ж у гэтым стылі не разабраць – дзе сам стыль, дзе найгрыш, а дзе звычайная брыда. Ну, ды ладна, Аляксей Данілавіч, нас, тым часам, шахматы чакаюць. У якой руцэ ваша?

Але і гэты раз не выпадае ім пачаць гульню.
Не паспеў Аляксей Данілавіч наблізіцца да століка, на якім стаялі шахматы,  як зноў адчыніліся дзверы ў палату.
Зайшла медсястра Людміла Паўлаўна.

Пагасаў. Мы ўжо думалі, Людміла Паўлаўна, што на сёння мы з дактарамі разлічыліся.
Людміла Паўлаўна. Як на мой розум, дык вам, Іван Дарафеевіч, дактары і зусім непатрэбны. Іншая справа вось Аляксею Данілавічу. Яму назначаны яшчэ адзін укол.
Пагасаў. Гэта, вядома, вы ўсе тут ад Аляксея Данілавіча без розуму. Але ж прызнайцеся – каб не трапіў ён у бальніцу, то многія б з вас і дасюль не ведалі, што ёсць такі пісьменнік?
Людміла Паўлаўна. Мяне асабіста да тых многіх не залічвайце.
Пагасаў. Ах-ах-ах!
Людміла Паўлаўна. Вось вам і «ах».
Пагасаў. Людміла Паўлаўна, чаму вы мяне не любіце?
Людміла Паўлаўна. Хто гэта вам сказаў?
Пагасаў. Ну… вось, колькі ні бываю тут, у вашай бальніцы, не маю да вас падыходу.
Людміла Паўлаўна. Гэта ўжо ваша віна, Іван Дарафеевіч, не мая. А да вас я адношуся як і да ўсіх іншых. Уражанне ж такое нядобрае ў вас, мусіць, таму, што вельмі часта бываеце тут. Ведаеце прымаўку – што залішне, то не здорава?
Пагасаў. І то праўда, Людміла Паўлаўна. Але куды дзявацца старым людзям?
Людміла Паўлаўна. Старым трэба імкнуцца да старых. А то некаторыя не прамінуць, каб падміргнуць маладой, дарма што ўнучцы па ўзросту.
Пагасаў. Гэта, відаць, тыя, што не маюць сваіх унучак.
Людміла Паўлаўна. Хіба што!.. (Выходвіць).
Пагасаў. Дык пра што мы размаўлялі, Аляксей Данілавіч?
Аляксей Данілавіч. Унучка ваша не дала расказаць вам сон, які бачылі сёння ўначы, а Людміла Паўлаўна… Прызнацца, я не помню ўжо, пра што.
Пагасаў. Пра сон я помню. Пра гэта, бадай, ужо забыць не давядзецца ў жыцці. Не дзеля таго ён сніўся, каб забыцца. А вось апошні раз гаварылі мы, здаецца, пра ўнукаў. Дык мая ўнучка нібыта і вас папракнула, і мяне. Вас за прапаганду духоўнасці, мяне за такую ж прапаганду аскетызму. Прызнацца, я мала разумею ў цяперашняй сітуацыі духоўнасць як катэгорыю маралі. Можна так сказаць?
Аляксей Данілавіч. Відаць, можна.
Пагасаў. Што ж датычыць аскетызму, то… Цяпер вось унучка ад мяне патрабуе смачнага пайка ў стале заказаў, а некалі мы па вушы ў дыскусіях сядзелі па гэтай праблеме.
Аляксей Данілавіч. Хочаце маю думку пра пайкі, сталы заказаў?
Пагасаў. Хацеў бы. Хоць тут, здаецца, і без таго ўсё ясна. На недахопах расце паразітызм.
Аляксей Данілавіч. Вось ваша ўнучка ў магазіне цераз галовы іншых у чарзе патрабуе дзедаў паёк. Вашай унучцы хочацца чагосьці адменнага, ці, як цяпер кажуць дэфіцыту. А побач у чарзе стаіць унучка таго, хто загінуў недзе пры абароне Магілёва ці на Курскай дузе. І яна маўчыць, бо не мае права за свайго дзеда патрабаваць дэфіцыту. Тут не толькі пра сацыяльную роўнасць, а ўвогуле, пра звычайную чалавечнасць сорамна гаварыць.
Пагасаў. Прызнацца, я таксама не задумваўся над гэтай праблемай у такім рэчышчы.
Аляксей Данілавіч. Я быў сказаў пра гэта ў ветэранскім застоллі. Прыкладна, ветэранскім. Запрасілі мяне туды напярэдадні аднаго свята, у якасці «вясельнага генерала». Дык адзін ветэран, дарэчы, разумны чалавек, гэта я вам дакладна магу сказаць, раптам падняўся з-за стала і сказаў: «Нас, ветэранаў, тут крыўдзяць!» – і выйшаў з пакоя. Так што духоўнасць і аскетызм як маральныя паняцці, бадай, сёння знаходзяцца ў блізкім суседстве.
Пагасаў. Наздарма ж нават унучка мая паяднала нас на гэтым. А аскетызм некалі, у дваццатыя гады, старыя камуністы хацелі зрабіць назаўсёды этыкай партыйца. Прынамсі, на той перыяд, якому спадарожнічае дэфіцыт, дарэчы, дзіўнае слова прыдумалі, быццам ад яго лягчэй адмыцца. Зусім чагосьці няма ў магазінах, дык так і кажыце – няма. Не хапае чагосьці, гаварыце, што не хапае. Але не, трэба зразумелае замяніць незразумелым. І гэтым самым таксама чалавека разбэсціць.
Аляксей Данілавіч. Так, дэфініцыі звычайна заблытваюць змест многіх з’яў. А вось вы кажаце, піто і людзей разбэшчваюць.
Пагасаў. Хіба не так?
Аляксей Данілавіч. Рознымі вызначэннямі, слоўнымі наватворамі ў апошні час дужа захапіліся. То ў нас раптам развіты сацыялізм, то…
Пагасаў. Цяпер – дэфармаваны. І. як хутка гэта ўзнікае! У чыіх галовах! А я помню тыя дыскусіі дваццатыў гадоў пра этыку партыйца. Справа ішла аб праблемах маральнага аўтарытэту партыі.
Аляксей Данілавіч. Гэта так і ёсць. Бо ва ўмовах падполля, грамадзянскай вайны палітыка і мараль мысліліся як адно цэлае. Сама логіка барацьбы патрабавала асабістай бездакорнасці, высокага пачуцця абавязку, ахвярнасці. Здавалася нават, што няма патрэбы ў маралі і этыцы.
Пагасаў. Дыскусія ў асноўным праходзіла ў партыйным асяроддзі. Калі пачалі працаваць кантрольныя камісіі, то выявіўся вялікі разнабой у іх ацэнках і рашэннях. Адны і тыя ж учынкі па-рознаму ацэньваліся, прычым перапад ацэнак быў такі, што ў адных выпадках маглі выключыць чалавека з партыі, а ў другіх за тое ж самае практычна маглі апраўдаць. Таму ўсім стала зразумела, што неабходна выпрацаваць агульныя маральныя крыгэрыі.
Аляксей Данілавіч. Якія этычныя пытанні выйшлі тады на першы план?
Пагасаў. Барацьба супроць бюракратызму, адрыў ад мас і абмяшчаньванне.
Аляксей Данілавіч. Мусіць, гэтым быў выкліканы і заклік да аскетызму?
Пагасаў. Так, бо аскетызм к таму часу ўжо меў пэўную традыцыю.
Аляксей Данілавіч. Як індывідуальны выбар, аскетызм упаўне прымальны. Гэта і цяпер не лішне прапаведваць. Але калі аскетычныя маральныя ўстаноўкі ўзводзяцца ў ранг грамадскіх, становяцца асновай дзяржаўна-палітычнай дзейнасці, навязваюцца людзям, тады яны часта абарочваюцца злавеснай сілай. Тады дзяржава пачынае прад’яўляць грамадзянам празмерныя патрабаванні, якія выканаць немагчыма. І калі гэтыя патрабаванні не выконваюцца, яна пускае ў ход рэпрэсіўны механізм. Маральна апраўданы тэрор – што можа быць страшней за гэта?

Заходзіць Людміла Паўлаўна. Становіцца. Слухае.

Пагасаў. Урокі мінулага. Праўду кажуць, дурань не той, што спатыкаецца, а той, хто на тым жа месцы двойчы робіць гэта.
Аляксей Данілавіч. Сёння мы ўсе павінны, Іван Дарафеевіч, зыходзіць з прызнання самацэннага значэння маралі. Нішто, ніякая практычная мэтазгоднасць не можа ператварыць маральнае зло ў дабро. Дабро на зло не павінна мяняцца. Вось гэта і нам, каму яшчэ не позна, трэба ўясніць сабе, і нашым унукам.
Людміла Паўлаўна. У вас тут як на сходзе. Але паміж вамі чамусьці выключная згода. Ці ж бывае ў спрэчках так?
Пагасаў. А мы не спрачаемся.
Аляксей Данілавіч. Ды і чаму мы павінны спрачацца?
Людміла Паўлаўна. Цяпер гэта модна – пакаленнем на пакаленне ісці. Хто паспее каго абвінаваціць, той і правы. Тым больш што… Можна сказаць – абое рабое.
Аляксей Данілавіч. Я не здагадваўся, што вы таксама філосаф.
Людміла Паўлаўна. Вас тут наслухаешся, дык нехаця станеш філосафам. Вы думаеце, што такія вось размовы адбываюцца толькі ў вашай палаце?
Аляксей Данілавіч. Значыць, атмасфера грамадскага жыцця паўсюды аднолькавая? Што ва увіверсітэцкай аўдыторыі, што ў бальніцы.
Людміла Паўлаўна. Я сказала б, на даволі высокім узроўні. Толькі вось ваша ўзаемнасць мне незразумелая.
Пагасаў. А што тут не зразумець? Сышліся два чалавекі, заклапочаны адным і тым жа, таму хочуць паразумецца між собой. Тое, што «хрушчоўская» перабудова не атрымалася, вінаваты не адны старыя; у гэтым у некаторай ступені віна і тых, каму зараз за пяцьдзесят. Значыць, і Аляксей Данілавіч. А «застой» дык і зусім ужо справа агульная. Праўда, трэба мець справядлівасць: віна няроўная, але вінаваты ўсе. Так што і выпраўляць яго неабходна ўсім разам.
Аляксей Данілавіч. І ўсё-ткі па-вашаму, Іван Дарафеевіч, выходзіць, што ў смерці маёй – ваша жыццё?
Пагасаў. Я не гэта хацеў сказаць, Аляксей Данілавіч.
Людміла Паўлаўна. Ну вось, зайсці зайшла да вас, але забыла, што мне трэба было тут. А-а, так – абедаць сёння, Аляксей Данілавіч, будзеце ў сталоўцы. Тут, на гэтым паверсе.
Аляксей Данілавіч. Гэта добра. А то я засумаваў ужо. аб тым дзіваку, што патрабаваў сабе васемнаццаць капельніц.
Людміла Паўлаўна. Супакоіўся чалавек, Нэла Баляслаўна з дапамогай прафесара пераканала яго тады, што сёлета яму можна абысціся шасцю.
Аляксей Данілавіч. Шкада.
Людміла Паўлаўна. Чаму?
Аляксей Данілавіч. Бо сумна.
Людміла Паўлаўна. Вось ужо не думала, што вам даводзіцца сумаваць, Іван Дарафеевіч пакуль нікому не даваў сумаваць.
Аляксей Данілавіч. Вы да Івана Дарафеевіча нераўнадушны.
Людміла Паўлаўна. А што? Можа, і так. (Выходзіць).
Аляксей Данілавіч. Значыць, віну за ўсё мінулае вы ўскладаеце на ўсе пакаленні, Іван Дарафеевіч?
Пагасаў. Не за ўсё. Вы не так мяне зразумелі. Хіба можна ўскладаць на ваша пакаленне віну за сталінскія рэпрэсіі? Гаворка ішла пра «хрушчоўскую» перабудову і «брэжнеўскі» застой. А што тычыцца сталінскага перыяду… Дык тут асобы рахунак павінен быць.
Аляксей Данілавіч. Які?
Пагасаў. А вось зважайце. Я прызнаю: мы – следчыя, суддзі, няма нам ліку, што тысячы, мільёны, вінаваты, што знішчалі па сталінскаму жаданню людзей, нявечылі ў турмах і лагерах. А другія? Тыя, што даносы пісалі, што выдавалі і паклёпнічалі? А ваша брація – пісьменнікі, мастакі, рэжысёры, артысты? Вы думаеце, яны менш вінаваты? Гэта ж пісьменнікі, мастакі і іншыя падхалімы, зусім без прысягі, улічыце, без прысягі, у адрозненне ад нас, хто прысягаў, дык гэта яны крылы серафімаў адшуквалі на спіне ката! А зрэшты! (Махае рукой). Я вось толькі не разумею аднаго – няўжо нармальны чалавек мог дадумацца да такога садызму?

Аляксей Данілавіч змрочна сядзіць на ложку, маўчыць.

Ладна, Аляксей Данілавіч, вы таго… Вы не дужа бярыце ў галаву. Я гэта, бадай, лішне ўжо!.. Але пайду тым часам, пакуль абед той, пахаджу вакол лячэбнага корпуса. Дасць бог, хутка і вы станеце прагульвацца. Там, на дарожках, шмат сустрэнеце знаёмых і ўвогуле. Там ужо амаль воля!

Пагасаў выходзіць. Аляксей Данілавіч падыходзіць да століка, перастаўляе міжволі фігуры на шахматнай дошцы, глядзіць у акно.
Адчыняюцца дзверы. Заходзіць унучка Пагасава.

Унучка Пагасава. Дзень добры!
Аляксей Данілавіч. Добры дзень. А ён, бачу, сапраўды сёння добры.
Унучка Пагасава. Кажуць, бабіна лета. Сёлета яно позна наступіла.
Аляксей Данілавіч. Звычайна, у адзін час бывае. Вераснёвы. Проста, добрай пагоды не было доўга.
Унучка Пагасава. Дзе ж мой дзядуля?
Аляксей Данілавіч. Перадабедзенны мацыён робіць.
Унучка Пагасава. А мне ён патрэбны.
Аляксей Данілавіч. У стале заказаў што-небудзь не так?
Унучка Пагасава. Ну вось, дагэтуль дзед папракаў сваім пайком, цяпер – вы! Дык вам жа яшчэ быццам бы прычыны не было – я ж не пасягала на ваш паёк. І ўвогуле.
Аляксей Данілавіч. Даруйце, не адгадаў вашага тону.
Унучка Пагасава. А я цяпер пра вас усё ведаю. Тым больш што не складала ніякай цяжкасці. Як кажуць, усё на віду.
Аляксей Данілавіч (смяецца). Нябось, нагаварылі пра мяне чортведама што?
Унучка Пагасава. Якраз наадварот. Вы, Аляксей Данілавіч, здаецца, так, я не блытаю? Дык вы, Аляксей Данілавіч, проста не чалавек, а паінька. Ажно сумна зрабілася праз гэта. Таму рашыла хутчэй выходзіць замуж. Бо надзею страціла мець калі-небудзь вас за мужа. І вось згадзілася ісці за другога. А можа, паспяшалася?
Аляксей Данілавіч (смяецца). Мінулы раз, здаецца, вы заклапочаны былі пошукамі мужа для сваёй маці? І раптам штосьці новае. Аказваецца, вы мелі на ўвазе сябе. А гэта вам першы раз? Ну, замуж выходзіць?
Унучка Пагасава (уздыхае). Каб жа!.. Ну ды ладна, як кажуць – не зарвемся, дык прарвемся.
Аляксей Данілавіч. Тэрміналогія амаль вайсковая.
Унучка Пагасава (смяецца). Вайсковая? А чаму б і не? (Падышла да фотакарткі ўнука Аляксея Данілавіча). Што гэта за мордачка?
Аляксей Данілавіч. Унукава. Іванава.
Унучка Пагасава. Чаму не Аляксеева? Звычайна ўнука называюць па дзеду. Ці, можа, другога дзеда больш паважаюць?
Аляксей Данілавіч. На, тут цэлая… Словам, мой прапрапрадзед нібыта быў таксама Іван.
Унучка Пагасава. Чаму такая няпэўнасць?
Аляксей Данілавіч. Сялянскія сем’і не маюць родавых кніг. Толькі вельмі нетрывалы ланцуг вусных паданняў. Дык па тым ланцугу па матчынай лініі род наш пачаўся з прыгоннай гісторыі. Ведаеце, як гэта бывала?
Унучка Пагасава. Не.
Аляксей Данілавіч. Не такі важна. Галоўнае, што ў нашым родзе быў ужо Іван. Таму і гэтага назвалі Іванам.
Унучка Пагасава. Але вы нібыта засаромеліся той прыгоннай гісторыі?
Аляксей Данілавіч. Саромецца продкаў – грэх. Наадварот, трэба заўсёды ўдзячнымі быць ім. Не было б іх, не было б і нас. Іншая справа, чым займаліся продкі, якую славу пакінулі?
Унучка Пагасава. А ўсё-ткі, што гэта за гісторыя такая?
Аляксей Данілавіч. Звычайная. У аднаго пана нарадзіўся няшлюбны сын. І ён таго няшлюбнага сына аддаў у сялянскую сям’ю.
Унучка Пагасава. Вы так гаворыце, нібыта ён аддаў яго ў салдаты.
Аляксей Данілавіч. У лёсе майго прапрапрадзеда цяжка вызначыць – што горай: аддаць у салдаты альбо проста ў сяляне. І потым назаўсёды забыць.
Унучка Пагасава. Да мяне штосьці не ўсё ў гэтай гісторыі даходзіць… (Пакруціла рукой каля вуха). Але вы вось што скажыце, калі ўжо такі разумны і ведаеце сваю генеалогію, праўнуку майго дзеда, Івана Дарафеевіча, будзе чым ганарыцца?
Аляксей Данілавіч. А цяпер я не ўсё зразумеў.
Унучка Пагасава. Што ж тут незразумелага? Вось ваш унук… Яму пэўна што можна будзе ганарыцца сваім дзедам. А, дапусцім, майму сыну, калі ён будзе ў мяне, значыць, праўнуку Івана Дарафеевіча, не будзе сорамна за свайго прадзеда?
Аляксей Данілавіч. Здаецца, я ўжо адказваў вам.
Унучка Пагасава. Вось бачыце…
Аляксей Данілавіч. Вы, мусіць, таксама недакладна мяне зразумелі…
Унучка Пагасава. Але ж яму з вамі, бадай, нядрэнна жывецца тут. Поўнае ўзаемаразуменне. Ва ўсякім выпадку, я нічога асаблівага ў вашых адносінах не заўважала.
Аляксей Данілавіч. А што вы павінны былі заўважыць?
Унучка Пагасава. З ранейшым хворым яго развялі.
Аляксей Данілавіч. Цяпер я пачынаю разумець, што вы маеце на ўвазе. Яго мінулае? Зразумейце, мілая дама, у мяне прафесія такая. Помніце, Флабэр сказаў: мадам Бавары – гэта я. Так што, пра Івана Дарафеевіча я мог бы таксама сказаць: ён – гэта я.
Унучка Пагасава. Але ж не вы яго стварылі.
Аляксей Данілавіч. Затое я спрабую пражыць яго жыццё. І ведаеце, што мне падабаецца ў ім, – тое, што Іван Дарафеевіч не баіцца выйсці на суд людзей. Больш таго, ён нават шукае яго. Хоць дакладна я і не ведаю, які цяжар на ім тых злачынстваў, што цяпер так лёгка адкрываюцца.
Унучка Пагасава. Ладна, Аляксей Данілавіч, нагаварыла я тут. І за дзеда, і за будучага праўнука яго, і за сябе. Тым часам мне пара ісці. Дзеда я не стану чакаць. Скажыце, каб пазваніў дамоў. Я б і сама яму пазваніла, але не хачу чуць у тэлефоннай трубцы галасы. Добра, калі хто-небудзь з хворых да тэлефона падыдзе, а так… Гаварыць з гэтымі сёстрамі… Мне лягчэй лішні раз прарвацца сюды праз варту, чым размаўляць з сёстрамі. Бывайце. (Выходзіць з палаты).

Увечары Пагасаў нарэшце пасадзіў Аляксея Данілавіча за шахматны столік. Гарыць святло.

Аляксей Данілавіч. Вы пазванілі ўнучцы?
Пагасаў. Ат, новае дзівацтва ў галаву прыйшло. Замуж хтосьці заве. У іх гэта цяпер проста. Няйначай, на кватэру маю паквапіўся.

Аляксей Данілавіч робіць ход. Пагасаў доўга думае.

Я гэтыя бальніцы, Аляксей Данілавіч, трываць не магу. Наогул, усякія. Яны нечым падобныя на турмы, якія за сваё жыццё добра ўведаў. Спярша сам людзей туды пасылаў, пасля мяне вадзілі. Праўда, нядоўга. Усяго, можна лічыць, на адно імгненне. Нават вінаватым не паспеў стаць. Але сваю былую справядлівасць на чужой несправядлівасці адчуць паспеў. Незразумела?
Аляксей Данілавіч. Апошнюю думку хацелася б, каб растлумачылі.
Пагасаў. Кожны следчы, хто меў перад сабой ахвяру, лічыў, што яго дзеянні ў адносінах да яе правільныя, таму справядлівыя, нават калі справа была цалкам выдуманая; а вось калі сам станавіўся ахвярай, а такіх выпадкаў здаралася шмат, сваю так званую справядлівасць на чужой несправядлівасці поўнай мерай зведваў. Да таго ж не кожнаму шанцавала выбавіцца з цянётаў, што расстаўлялі былыя паплечнікі і аднадумцы, дакладней, змоўшчыкі.
Аляксей Данілавіч. А сапраўдныя людзі ў органах былі?
Пагасаў. Пры Дзяржынскім, можа, яшчэ пры Мянжынскім. А далей ужо – пры Ягодзе, Яжове, Берыі… Канечне, сумленне і смеласць заўсёды можна было праявіць, але гэта звычайна дрэнна канчалася. Для чалавека, які трапляў на службу ў органы, зваротнай дарогі, лічыце, не было.
Аляксей Данілавіч. За каго ж унучка выходзіць замуж? Гаварыла?
Пагасаў. Даўся вам яе замуж, Аляксей Данілавіч! Вы вось глядзіце – пешка пад пагрозай.
Аляксей Данілавіч. Дзякуй за падказку.
Пагасаў. Сказала, за мастака нейкага. Нібыта я нават бачыў калісьці яго. Але працуе ў кааператыве. Цяпер жа кааператываў наадкрывалі, халера. Дык будучы зяць наш там сувенірныя лапцікі пляце. Пытаюся: «І шмат зарабляе?» – «Без грошай не будзем», – смяецца. «Ну, а калі кааператывы вашы раптам разгоняць? Было ж такое, сам нэпманаў гнаіў па турмах». – «Дык гэта калі было, – кажа, – а цяпер другі час». А вы як думаеце, Аляксей Данілавіч? Ці сумяшчальна гэта з інтэлігентнасцю? Калі гэта было, каб інтэлігенцыя разбягалася па кааператывах?
Аляксей Данілавіч. Відаць, гэта ад няўтульнасці, ад няпэўнасці, якую адчувала інтэлігенцыя дасюль.
Пагасаў. Апраўдаць можна ўсё.
Аляксей Данілавіч. Выдаць чорнае за белае сапраўды іншы раз можна. Мы з вамі, Іван Дарафеевіч, прыкладаў ведаем шмат. Лічыце, праз усё наша жыццё яны ішлі побач. Але апраўдаць!.. Гэта вялікая памылка людзей, якія спадзяюцца на тое, што апраўдаць можна ўсё. Цяперашнія апраўдаўчыя прыгаворы, дарагі Іван Дарафеевіч, якраз і пацвярджаюць гэта. Яны ж маюць і адваротны бок.
Пагасаў. А ведаеце што, Аляксей Данілавіч, мне іншы раз возьме ды і прыйдзе ў галаву думка – а раптам усё гэта выкрыццё мінулага, уся гэта суцэльная рэабілітацыя хутка захлынецца?
Аляксей Данілавіч. Не думаю, што толькі вам прыходзяць у галаву такія думкі. Тым больш што ёсць сапраўды зацікаўленыя людзі якраз у гэтым. І іх, трэба думаць, нямала па ўсёй краіне.
Пагасаў. А я вось хачу поспеху гэтай справе, а значыць, і цяперашняй перабудове. Верыце ці не, а жадаю. Некалі ж усё роўна павінна ачысціцца краіна ад былой брыдоты. Іначай усё цяжэй і цяжэй дыхаць будзе ад яе. Іначай без паветра застанемся.
Аляксей Данілавіч (смеючыся). І многія так думаюць у вашым хаўрусе?
Пагасаў. У хаўрусе?
Аляксей Данілавіч. Даруйце…
Пагасаў. Нічога, няхай вас не бянтэжыць гэта.
Аляксей Данілавіч. Раз вас не бянтэжыць, то мяне тым больш.
Пагасаў (раздумліва). Хаўрус… А вы ведаеце, ён не маленькі, гэты хаўрус. А вось ці многа ў ім такіх, хто падзяляе падобныя думкі, не скажу. Думаю, што не вельмі многа. Цяпер некаторыя з грамадзян крычаць нават, каб былі надрукаваны спісы, хто працаваў у сталінскія часы ў органах і які працэс вёў. Дык вы думаеце, камусьці сапраўды хочацца прачытаць у тых спісах сваё прозвішча? Я і сам пры Хрушчове баяўся – а раптам пачнуць цягаць былых пракурораў, следчых? Пасля падумаў – кожнаму сваё. І супакоіўся.
Аляксей Данілавіч. Не надта ж каб…
Пагасаў. Што не надта?
Аляксей Данілавіч. Не дужа вы спакойныя, Іван Дарафеевіч.
Пагасаў. Бо што шмат гавару?
Аляксей Данілавіч. Шматслоўе таксама гаворыць пра неспакой.
Пагасаў. Самі ж казалі – памяць уносіць у жыццё мір.
Аляксей Данілавіч. Гэта – увогуле.
Пагасаў. Вось-вось!.. А яна, гэта памяць, найбольш пакуль трывожыць. Я недзе чуў такія словы: каб дараваць, трэба зразумець.

Заходзіць Людміла Паўлаўна. Гартае сшытак.

Людміла Паўлаўна. Аляксей Данілавіч, – заўтра вам трэба ўстрымацца ад сняданка. Паснедаеце пазней. Вам пакінуць у сталоўцы. Дактары хочуць паглядзець вашы грудзі, страўнік.
Пагасаў. Ага, значыць, будуць частаваць найперш барыем!
Людміла Паўлаўна. Так, барыем. А вам, Іван Дарафеевіч, сказана рыхтавацца на выпіску. У гэты чацвер можна будзе званіць уніз, каб прынеслі гальштук і гарнітур.
Пагасаў. Хто гэта распарадзіўся?
Людміла Паўлаўна. Так у мяне запісана тут. Ды і на ўнуччына вяселле трэба спяшацца.
Пагасаў. Адкуль гэта ведама?
Людміла Паўлаўна. У нас усё ведама. Доктар Таранаў вунь ужо каторы дзень заплаканы ходзіць.
Пагасаў. І ахвота вам жартаваць з усіх, Людміла Паўлаўна?
Людміла Паўлаўна. Мае жарты, Іван Дарафеевіч, што рушнік для прымочак. Але, далібог, не перашкаджайце Аляксею Данілавічу выздараўліваць. Не атручвайце яго сваімі цяжкімі прывідамі. Дастаткова, што ён лекамі атручаны. Словам, каб праз паўгадзіны абодва клаліся ў ложак, а то буду забіраць шахматы.
Пагасаў. Мы так і зробім, Людміла Паўлаўна. Абавязкова. Але ці нельга, каб мяне выпісалі не ў чацвер, а ў пятніцу?
Людміла Паўлаўна. Гэта не ў маёй уладзе. Гаварыце з урачом. Але я не разумею – якая для вас розніца, у чацвер ці ў пятніцу?
Пагасаў. Да мяне ў пятніцу прыйдзе чалавек.
Людміла Паўлаўна. Прыміце яго дома.
Пагасаў. Не, мне трэба, каб ён прыйшоў сюды, у гэту палату, а прыйсці ён можа толькі ў пятніцу.
Людміла Паўлаўна (паціскае плячамі). Я перадам Нэлі Баляслаўне. А як яна ўжо…
Аляксей Данілавіч (да медсястры). І гэта ўсё?
Людміла Паўлаўна. А што яшчэ можа быць?
Аляксей Данілавіч. А вы памацайце ў кішэні свайго халата.
Людміла Паўлаўна. Гэты раз нічога не прынесла.

Людміла Паўлаўна выходзіць.

Пагасаў. Усё-ткі ў яе нейкая непрыязнасць да мяне ёсць!..
Аляксей Данілавіч. Яна добры чалавек. Але, як кожны добры чалавек, спрабуе схаваць сваю дабрыню за строгасцю.
Пагасаў. Але, мусіць, да гэтага доктара Таранава нешта мае, раз за ўнучку маю кожны раз чапляецца.
Аляксей Данілавіч. Мая маці ў такіх выпадках некалі гаварыла – «тае бяды».
Пагасаў. Дык я пра памяць… А то выганяць з бальніцы і не дагавару. Ужо ж, здаецца, казаў. Надоечы сон бачыў. Дзіўны сон. І не таму, што дзіўны сам па сабе. Ён – па жыцці. Так было ў жыцці. Але ў сне раптам давялося клікаць вас.
Аляксей Данілавіч. Мяне? Дзеля чаго я спатрэбіўся?
Пагасаў. Тут, бадай, таксама па жыцці. Нікога ж бліжэй да мяне не апынулася, таму звярнуўся да вас. А ўсё-ткі, ці ёсць у тых словах сэнс? Людміла Паўлаўна перапыніла. Ці правільна, што каб дараваць за нешта чадавеку, трэба яго зразумець? І яго самога і тое, за што яму натрэбна дараваць?
Аляксей Данілавіч. Прынамсі, мне асабіста блізка гэта ідэя.
Пагасаў. А вось Людміле Паўлаўне, няйначай, наадварот. Бо дзед яе не вярнуўся з Калымы.
Аляксей Данілавіч. З хвіліны на хвіліну не лягчэй! Дык што там за сон?
Пагасаў. Ах, гэта мой склероз! Мая ішэмія мазгоў! Але ж, бачыце, бог сапраўды не роўна дзеліць. У вас – ішэмія сэрца, у мяне – ішэмія мазгоў. Усё роўна як на смех!.. Значыць, цікавіць сон?
Аляксей Данілавіч. Так, сон.
Пагасаў. Прыйшоў да мяне чалавек. Сюды, у палату. І я адразу пазнаў яго. Прозвішча цяпер не ўспомню, але затое ўсё астатняе як на віду. Ён праходзіў па працэсу, з якога ніхто жывы не застаўся. Гэта быў працэс чыгуначнікаў. Перад тым да нас у рэспубліку прыязджаў Кагановіч наводзіць парадак. Ён і прымусіў раскруціць той працэс. Уласна, усе яны, чыгуначнікі, ажно дзвесце пяцьдзесят чалавек, у адным месцы і былі расстраляны. Цяпер гарадскі мікрараён на тым месцы.
Аляксей Данілавіч. Значыць, не адны Курапаты вакол горада?
Пагасаў. Хапае такіх жахлівых мясцін. Яшчэ доўга будуць знаходзіць.
Аляксей Данілавіч. А вы іх усе ведаеце?
Пагасаў. Не, пра некаторыя толькі здагадваюся, успамінаючы тагачасныя размовы. Цяпер сёе-тое можна супаставіць. А па расстрэлах чыгуначнікаў даваў тлумачэнні ў пракуратуры.
Аляксей Данілавіч. Дык што з тым чалавекам, што прыходзіў у сне?
Пагасаў. Прыйшоў, сеў на ложку, якраз на мае ногі. А тады пытае: «Пазнаеш, Іван Дарафеевіч?» – «Так, – гавару, – пазнаю, вось толькі прозвішча не памятаю». – «А я ўжо і сам свайго прозвішча не помню, – кажа. – Даўно ў магіле ляжу». – «Значыць, па мяне прыйшоў?» – пытаюся. – «Не, але ўвесь час пакутую – чагосьці мы тады не дагаварылі». – «Мы, увогуле, мала з табой пра што гаварылі», – смяюся я. Яно і праўда, мы амаль з ім не размаўлялі ў маім кабінеце. Перад тым як да мяне трапіць, у яго справе ўжо ўсяго хапала для абвінаваўчага прыгавору. Чалавек вельмі спакутаваны быў, і я дазваляў яму спаць у маім кабінеце. Прывядзе канвойны, я пакрычу трохі для прыліку, а тады дазваляю заснуць. Больш нічога не мог зрабіць. Праўду кажу – забыў нават прозвішча… Здавалася б, а вось жа забыў…
Аляксей Данілавіч. Ну, а я пры чым у вашым сне?
Пагасаў. Пачакайце. Сядзіць ён гэтак на маіх нагах і ўспамінае, чаго мы тады не дагаварылі. «Ты на мяне вялікую крыўду маеш?» – нарэшце пытаюся я, бо думаю – не так жа сабе прыйшоў!.. «Не, – кажа, – я да цябе, Іван Дарафеевіч, нічога не маю, Ты мне даваў у часе следства спаць. А гэта, аказваецца, нават на тым свеце, дзе я цяпер знаходжуся, важна. Не хапае сну і тут. Ні пра ежу не помніш, ні пра пакуты, якія давялося перанесці, а пра сон чамусьці ўвесь час помніш. У царстве сну ды раптам цэніш сон. А вось тое, што засталося паміж намі недагаворанае, займае. Нешта ж павінен быў тады ад цябе даведацца, а не зрабіў, відаць, таксама таму, што вельмі хацелася спаць». Ну што ты чалавеку на гэта скажаш? Тым часам ногі мае пачынаюць пад ім дранцвець. Вось тады я і паклікаў вас, Аляксей Данілавіч.
Аляксей Данілавіч. І якую ролю я выконваў у вашым сне?
Пагасаў. Была роля. Госць раптам чамусьці пачаў дапытвацца ў вас, як звалі пайменна царскіх дзяцей, што былі расстраляны разам з бацькамі і ўсёй прыслугай.
Аляксей Данілавіч. І што я?
Пагасаў. Развялі рукамі. Праўда, спярша былі назвалі наследніка Аляксея, затым нейкую Вольгу… А далей – не ведалі. А ўвогуле, ёсць цяпер хто на свеце, каб ведаў іх пайменна?
Аляксей Данілавіч. У памінальнікаў усе запісаны. Але чым скончыўся сон?
Пагасаў. Раптам цяжка нагам зрабілася настолькі, што мусіў паварушыць імі. А як паварушыў, то і прапала ўсё – і госць, і яго недаўменне. Але ж вось турбуецца чалавек на тым свеце! Сапраўды, пра што ён хацеў даведацца?
Аляксей Данілавіч. Няйначай, што гэта назаўсёды застанецца таямніцай, Іван Дарафеевіч. Праўда, можа вы яшчэ ўсё-ткі высветліце гэта пытанне.
Пагасаў. Калі?
Аляксей Данілавіч. Мусіць, тады, як зноў сустрэнецеся.
Пагасаў. Дык цяпер таксама сустракаліся.
Аляксей Данілавіч. Але, як кажуць, у розных вымярэннях. Урэшце, раніца заўсёды мудрэй за вечар. Так што час ужо выконваць строгі загад Людмілы Паўлаўны.
Пагасаў. Адзін генерал…
Аляксей Данілавіч. Знаёмы ваш?
Пагасаў. Проста, генерал. Нейкі легендарны. Дык той, прачнуўшыся ўранку, бадзёра сказаў: «Бітву я прайграў, гэта так, затое добра выспаўся!»
Аляксей Данілавіч. Відаць, шчаслівым чалавекам нарэшце стаў генерал. Бо, кажуць, толькі прайграныя бітвы чамусьці вучаць чалавецтва. Выйграныя – разбэшчваюць. Дабранач, Іван Дарафеевіч.
Пагасаў. Дабранач.

У палаце зноў урач Нэла Баляслаўна, яна і Аляксей Данілавіч стаяць абапал століка. На століку – сшытак.

Нэла Баляслаўна. Як на хворага, у мяне няма на вас ніякіх нараканняў. Вы паслухмяны, Аляксей Данілавіч. Выконваеце ўсе мае ўказанні, калі можна сказаць так. Здаецца, бяды вялікай мы з вамі пазбеглі. Сэрца ўжо амаль увайшло ў норму.
Аляксей Данілавіч. Але штосьці вам усё-ткі не падабаецца?
Нэла Баляслаўна. Вось гэты сшытак. Зразумейце, вам яшчэ рана працаваць.
Аляксей Данілавіч. А ён – пусты!
Нэла Баляслаўна. Штосьці мне не верыцца. (Бярэ сшытак, гартае). Сапраўды не запісаны. А гэта што? (Паказвае на першую старонку).
Аляксей Данілавіч. Гэта ўсяго толькі загаловак. Бачыце, адзін закрэслены, другі застаўся.
Нэла Баляслаўна (чытае). Чалавек з мядзведжым тварам… Што гэта?
Аляксей Данілавіч. Помніце казку сваю? Пра чалавека, якога злы чараўнік ператварыў у істоту з тварам мядзведзя.
Нэла Баляслаўна. Дык вы хочаце запісаць тую казку? Няварта гэтак спяшацца, забудзеце – я зноў раскажу.
Аляксей Данілавіч. Не, гэта не зусім тая казка. Гэта будзе драма пра чалавека. Спярша хацеў назваць яе – «Восень аднаго следчага». Пасля ўспомніў вашу казку.
Нэла Баляслаўна. Значыць, вы рашылі напісаць пра яго? Пра Івана Дарафеевіча?
Аляксей Данілавіч. І пра яго, і пра сябе, і пра вас, а найбольш – пра час, пра тое…

Адчыняюцца дзверы. Заходзіць Пагасаў. З ім – чалавек з чырвонай плямай на правай скроні. Аляксей Данілавіч перастае гаварыць.

Пагасаў. Вось, Аляксей Данілавіч! Прыйшоў Мечаны!
Нэла Баляслаўна. Іван Дарафеевіч, няйначай збіраецеся зазімаваць у нас? Я ўжо думала, што вы дома? Сёння ж пятніца! Прасіліся на пятніцу, дык сёння пятніца.
Пагасаў (махае рукамі). Пачакайце, Нэла Баляслаўна!.. (Зноў да Аляксея Данілавіча ўзрадавана). Прыйшоў Мечаны! Я ж казаў вам, што прыйдзе. Ды вы не бянтэжцеся. Гэта яго прозвішча – Мечаны.
Мечаны (усміхаецца). Так выйшла. Прырода вінавата, што кругом мечаны.
Пагасаў. Не прырода ж табе гэткае прозвішча дала?
Мечаны. Затое вось гэта. (Паказвае рукой на правую скроню). Адным словам, сапраўды няма чаго бянтэжыцца. Заўсёды так бывае. Спярша здзіўленне, а як растлумачыш чалавеку, то… Словам…
Аляксей Данілавіч. Іван Дарафеевіч казаў, што вы ў радыяцыйныя раёны на Браншчыну ездзілі?
Мечаны. Так.
Аляксей Данілавіч. Моцна іх там прыхапіла?
Мечаны. Лічыце, як і тут, у Беларусі – на ўскраіне Магілёўшчыны, на Гомельшчыне.
Пагасаў. Давай пра тое, з чым прыйшлі.
Нэла Баляслаўна. Дык я, Аляксей Данілавіч, пайду.
Пагасаў (усхапіўся). Не, Нэла Баляслаўна, пабудзьце і вы. Мы ўсё павінны дагаварыць сёння. Я ж знарок прасіў вось таварыша абавязкова прыехаць у пятніцу. І вас угаворваў як мог, каб да пятніцы не выпісалі з бальніцы.
Нэла Баляслаўна. Якраз вось гэтага я не разумела тады, дык не разумею і цяпер.
Пагасаў. А вось пасядзіце з намі – тады і зразумееце. Паміж людзей нічога не павінна заставацца недагаворанага.
Нэла Баляслаўна. Па-мойму, чалавецтва толькі і робіць тое, што дамаўляецца, дагаворваецца, але без асаблівага поспеху.
Пагасаў. Адна справа – спрабаваць дамовіцца, зусім іншае – дагаварыць. Разумееце, дагаварыць пачатае?
Нэла Баляслаўна. Што тут не разумець? Дагаварыць пачатае таксама ніколі не ўдавалася.
Пагасаў. Вы, дарагі наш доктар, супярэчыце самі сабе.
Нэла Баляслаўна. Цяпер ужо дакладна становіцца зразумела, што мы з вамі, Іван Дарафеевіч, недагаворым пачатае. Даруйце, мяне чакаюць хворыя.

Нэла Баляслаўна выходзіць.

Пагасаў. Хворыя!.. Яна думае, што хворыя… Словам, гэта сапраўды, можа, не справа медыкаў.
Мечаны. Тое, Іван Дарафеевіч, ужо ў мінулым. А гэтае – сённяшняе.
Пагасаў (да Аляксея Данілавіча). Я гэта к таму, Аляксей Данілавіч, што мы таксама павінны з вамі дагаварыць, што пачалі. А то раптам, як нядаўні начны мой госць, – ці то я заяўлюся да вас, ці, можа… Гэтага чалавека я адпусціў у сорак першым годзе, на пачатку вайны, з-пад расстрэлу.
Мечаны. Была такая справа, Іван Дарафеевіч, няйначай, многія цябе помняць за той добры ўчынак.
Аляксей Данілавіч. Было такое?
Пагасаў. Было, Аляксей Данілавіч. Таму я ўсё жыццё хадзіў у невялікіх чынах, хоць за той самастойны ўчынак мой ніхто мяне не пахваліў, не асудзіў.
Аляксей Данілавіч. І тым не менш чалавецтва на свой рахунак можа запісваць яшчэ адну добрую справу.
Пагасаў. Як кажуць, не верыш – прымі хоць за казку. А цяпер, Аляксей Данілавіч, мы пойдзем. Хадзем, Мечаны!

Яны выходзяць. Аднак Пагасаў яшчэ вяртаецца.

Вы не хвалюйцеся. Я ўсё-ткі дайду сёння дамоў. Але вось што маю сказаць напаследак.
Аляксей Данілавіч (усміхаючыся). Думаеце, сапраўды напаследак?
Пагасаў. Далібог!.. За дзвярыма мне, калі выйшаў, чамусьці здалося, што для нашых размоў і цяпер не хапае чагосьці… Як гэта вы кажаце, у тваёй смерці – маё жыццё? Не, гэта несправядліва, Аляксей Данілавіч!

Дзверы зачыняюцца.


К А Н Е Ц  Д Р А М Ы

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”