«Спачатку мне проста хацелася напісаць зімовую аповесць пра ваенны час. Ды, мусіць, таму, што неяк вельмі памятаю вайну па зімах. Маразы вялікія, сабакі выюць. І на пажар яны выюць, і на смерць выюць. Так часта вылі, што мы ці не разбіраліся: калі выюць, задраўшы ўгору галаву, – значыць, на пажар гэта; калі апусціўшы галаву – значыць, на смерць. Недзе разбіраліся нават у тым, на чыю смерць яны выюць: ці на смерць далёкага чалавека, ці блізкага… У зімах здараліся чамусьці і самыя вялікія карныя экспедыцыі немцаў, і тады даводзілася ратавацца, бегчы ў лес, ездзіць у другія вёскі, сядзець у снезе, начаваць пры вогнішчы. Адным словам, зімы якраз найбольш запомніліся. Таму і задумаў напісаць зімовую аповесць». І загаловак гэтага твора ў мяне з’явіўся – «Калі выюць сабакі». Нават пачаў пісаць яго. Але адчуў, што «у тэме вайны шмат чаго недасказанага, шмат чаго нявысказанага. А галоўнае – мала той вайны. I мала таго народнага подзвігу, які быў тады. Я пачаў думаць, а пасля і ўзяўся пісаць «Плач перапёлкі», баючыся, што з яго выйдзе, з гэтага рамана». Іван Чыгрынаў