Марыя Войцік
Кніга «Іван Чыгрынаў. Выбраныя творы», якая выйшла пры падтрымцы ТАА «Харвест», стала часткай вядомай серыі «Беларускі кнігазбор», заснаванай ажно дваццаць гадоў назад. Выданне, «апранутае» ў класічную цёмна-бардовую з залатымі літарамі вокладку, пачынаецца з вялікай і даволі грунтоўнай прадмовы пад назвай «Летапісец “сялянскай Атлантыды”». З яе можна даведацца пра дзяцінства, юнацтва, сталыя гады і творчыя прынцыпы Івана Чыгрынава – пісьменніка, які выйшаў з пакалення «дзяцей вайны» (нарадзіўся ў 1934 годзе). Проза беларускага творцы адрозніваецца ўвагай да няпростых чалавечых лёсаў і складаных супярэчнасцей жыцця, хрысціянскай чалавечнасцю і ўменнем ярка абмалёўваць характары герояў. Неабыякавасць да звычайных людзей раскрываецца ў рамане «Плач перапёлкі», апавяданнях «У баку ад дарогі», «Сустрэча на пероне», «Апраўданне крыві», «Шчаслівае месца» і іншых. Акрамя таго, у кнізе можна знайсці публіцыстычныя творы аўтара і яго драматычную гістарычную згадку «Осцей – Альгердаў унук». Прыемнай неспадзяванасцю для чытачоў будзе дадатак – інтэрв’ю з жонкай пісьменніка, Людмілай Чыгрынавай, якая распавядае пра знаёмства будучых супругаў на чыгуначнай станцыі ў студэнцкую пару, а таксама пра сям’ю пісьменніка, яго братоў і сясцёр, пра адносіны з бацькам і маці, пра асабістую веру, пра сяброў і натхненне ў творчасці. Такім чынам, кніга знаёміць з аўтарам глыбока і з розных бакоў – праз творчасць, згадкі родных і думкі калег.