Вайна, між тым, у сорак трэцім годзе зноў пракацілася па нашай мясцовасці, але ўжо ў другі бок, на захад. Пасля баёў на Бесядзі фронт пастаяў, бадай, з год на Проні, тады зрушыўся далей. Паступова склалася так, што ў нашай вёсцы амаль нічога ўжо не нагадвала пра вайну. Акрамя, вядома, пахаронак. Тым часам у нашай вёсцы зноў аднавіўся калгас, дарослым быў даведзены трывалы працадзень, што азначала на зразумелай мове – хочаш не хочаш, а вырабіць яго мусіш. За недахоп працадзён маглі не толькі пазбавіць мізэрнай платы за іх. Маглі нават пасадзіць. Людзі на калгаснай працы таму шчыравалі праз сілу, аднак брыгадзір не кожнаму пісаў цэлы працадзень. Часцей – палавінку, нуль цэлых пяць дзясятых. Таму даводзілася нам, дзецям, памагаць сваім мацяркам. Мяне, напрыклад, знаёмы наш рахункавод зрабіў пасыльным, каб адносіў дзённыя зводкі за тры кіламетры ў сельсавет, які быў у Вараноўцы. Бегаў я туды пасля вучобы ў школе. Адносіў зводкі і вяртаўся яшчэ далёка да змяркання. Іншы раз мне давалі ў сельсавеце пошту, каб я разнёс лісты і газеты па дварах. Дзіўна, але чамусьці якраз мне трапляліся ў пошце пахаронкі. Таму ажно боязна было хадзіць па дварах, слухаць жаночы плач. Але я не пра гэта. Выйшла так, што я першы прынёс у сваю вёску і паведамленне каб канцы вайны, аб Перамозе.
Бегаў я ў той дзень у Вараноўку босы. Сказаць, дык мы ўвогуле рана пасля зімы пачыналі хадзіць босыя – адно толькі пакажуцца праз снег лапікі на зямлі. У канавах стаяла цёплая вада, на лузе, што быў паміж нашай вёскай і Вараноўкай, плавала ў ямінах ікра – дзе рыб’я, дзе жабіна. Яе і распазнаць можна было толькі па тым, што ў жабінай чарнелі пасярод маленькія кропачкі, з якіх пасля вытыркаліся галавеньчыкі. Звычайна па дарозе назад я лавіў рукамі ў торбу, у якой насіў паперы, рыб’ю ікру, а ўвечары маці нам смажыла яе на вялікай патэльні з малаком і яйкамі. Здаецца, смачней за яе тады нічога не было. Але дзявятага мая мне ўжо стала не да ікры. Яшчэ каля першых вараноўскіх двароў пачуў: перамога! Пад вокнамі сельсавета хваляваўся натоўп. Адны плакалі, другія смяяліся, трэція абдымаліся адзін з адным. Старшыня ўбачыў мяне, сказаў:
– Бяжы назад, скажы ўсім у сваёй вёсцы – перамога! Гітлеру капут!
Светлы быў дзень той, з высокім небам, са слязамі і радасцю. Я нават забыўся пра свае цыпкі на босых нагах, якія звычайна пасля вады моцна давалі пра сябе адчуваць.