РЭЦЭНЗІІ
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Алесь Марціновіч
Раман «Свае і чужыя»
Трэці раман I. Чыгрынава атрымаў назву «Свае і чужыя» і па традыцыі аўтарам быў прапанаваны часопісу «Маладосць», дзе неўзабаве і ўбачыў свет (1983, № 6–8), аднак пад крыху іншай назвай – «Свае і чужынцы». Розніца, як быццам, не такая і істотная, але калі разабрацца, то акцэнтоўка думкі, закладзенай у супрацьпастаўленне двух слоў, мяняецца. Хто маецца на ўвазе пад «сваімі», праўда, сумнення не выклікае, а наконт «чужых», а пасля «чужынцаў»? «Чужыя» ж – не толькі фашысты, захопнікі, якія ўварваліся і на тэрыторыю Беларусі, акупіраваўшы яе, але і тыя са сваіх, хто стаў ахвотна служыць ворагу. I іх, канечне, чужынцамі ні ў якім разе нельга назваць, яны ўсё ж «свае», але адначасова і «чужыя».
Відаць, «пільныя» цэнзары, настойваючы на ўдакладненні аўтарам назвы трэцяга рамана, баяліся, каб хоць ненарокам не быў кінуты цень на тое, што барацьба з гітлераўцамі, як гэта пастаянна і паўсюдна сцвярджалася, мела ўсеагульны размах, усенародны характар. Ва ўсякім разе яны ў чарговы раз не пакінулі пісьменніка ў спакоі. Як успамінае Іван Гаўрылавіч, «у трэцім (рамане – А. М.) пад вялікім націскам таварыша Маркевіча, яшчэ зусім нядаўняга начальніка Галоўліта, была зменена назва: замест «Свае і чужыя» атрымаліся «Свае і чужынцы». Праўда, мяне суцяшала пры гэтым тая акалічнасць, што па-руску ўсё роўна будзе чытацца «Свои и чужие». Але хіба пацярпела толькі адна назва? Недзе ж захоўваецца спіс за подпісам таварыша Русака, паводле якога абавязковаму скарачэнню падлягалі такія і такія старонкі…»
Ды I. Чыгрынаву да гэтага было не прывыкаць. А яшчэ радавала тое, што раман усё ж трапіў у друк, а праз колькі дзён пасля выхаду нумара «Маладосці» з пачаткам «Сваіх і чужых» (дазволю сабе прытрымлівацца аўтарскай назвы, тым больш, што ў новых публікацыях яна пісьменнікам адноўлена) на кватэры ў аўтара раздаліся і першыя званкі. Тэлефанавалі сябры, удзячныя чытачы. Віншавалі Івана Гаўрылавіча, што твор удаўся. А гэтага нельга было не заўважыць адразу. Падобна селяніну, які кожную вясну ахвотна робіць звыклую яму справу, упэўнена ступаючы за плугам, каб узараць палетак, I. Чыгрынаў натхнёна шчыраваў на сваёй творчай ніве. Яму таксама тут даўно было ўсё знаёма і блізка, ён лёгка ўваходзіў у знаёмую стыхію, далучаўся да жыцця тых, каго паспеў палюбіць, чые лёсы ў пэўнай ступені ўспрымаў ужо і нейкай, магчыма да канца і неўсвядомленай, часцінкай лёсу асабістага.
З першага ж абзаца рамана адчулася дыханне беларускай прыроды ў часіну, калі ўжо прыкметны надыход зімы. «Мазок» за «мазком» клаўся на паперу, нібыта не «зернем» слоў рассыпалася думка, а пакідаўся след нябачнымі рухамі пэндзля: «Восень у сорак першым выдалася ў Забесяддзі нядоўгай – лічы, адразу пасля так званага бабінага лета, якое, як і кожнага разу, сёлета таксама блішчэла сонцам, блакітам і павуціннем, у наваколлі ўвачавідкі з’явіліся адзнакі і блізкай зімы: усё часцей, дарма, што нібыта знячэўку, шэрхнула намоклая і гразкая зямля, рабілася тупкай і калянай па начах і гулка, ажно да звону, аддавалася пад коламі вазоў; у паветры ж, у часе паўднёвага прыгрэву, калі зноў панавала сонца, непрадушна пахла ўзапрэлай травой і панізовым лісцем; тым часам на разлівах, у зарасніку балотнага хвашчу, прырэчнай асакі і чароту, што шапацеў, як выпетраны, па купністых і яшчэ топкіх берагах тутэйшых азёр, па некалькі дзён, быццам туляючыся, ляжаў і не хацеў крышыцца гусіны лёд. Словам, ужо недзе з сярэдзіны кастрычніка восень з зімою акурат пачалі пераважваць адна адну на нябачных шалях».
Быццам і вайны наўкола не было. Нібыта не прыйшла з ёй бяда і гора, не галасілі жанкі, успамінаючы мужоў, братоў, якія пайшлі на фронт і ад якіх не было пакуль ніякіх вестак і, хто ведае, можа няма іх даўно ў жывых…
Толькі адчуванне, што вайны нібыта і няма, падманлівае. I пісьменнік, дзякуючы майстэрству, знаходзіць нечаканы ход, каб нагадаць аб яе прысутнасці. Робіцца гэта проста, але нездарма кажуць: усё таленавітае па сваёй прыродзе не складанае: «Праўда, за гэтай з’явай у прыродзе (пераход ад восені да зімы – А. М.) сёлета не дужа было каму ў Верамейках лішне назіраць ды разважаць над ёй, згадваючы былыя, нават, можа, самыя аддаленыя гады, у якія, маўляў, таксама нешта падобнае здаралася, – урэшце, народны каляндар заўсёды на такіх супастаўленнях засноўваўся. Ды і не толькі ў Верамейках не дужа было каму назіраць ды разважаць. Вайна амаль напалавіну абязлюдзіла вёскі. I тым не менш, і ў гэтую восень жыццё па абодва бакі Беседзі ішло сваім сялянскім ладам: мужыкі, а сярод іх найбольш састарэлыя дзяды ды падлеткі, звозілі на паздаравелых армейскіх конях снапы ў гумны, каб высушыць у асецях ды змалаціць на таках цапамі, бо не ў кожнай вёсцы ўцалелі калгасныя малатарні, а бабы адразу пасля позняга жніва, чуючы ў ранішняй халоднай калянасці блізкія маразы, спяшаліся выкапаць з разоры лазовую бульбу».
Аднак прысутнасць вайны дае аб сабе знаць у рамане не толькі гэтым удакладненнем. Аўтар, каб выразней і дакладней перадаць тагачасную абстаноўку, найперш на тэрыторыі Беларусі, адразу прыводзіць дакументальны матэрыял. Дарэчы, гэты прыём I. Чыгрынава не новы. Падобным фактам знаходзілася месца і ў папярэдніх раманах «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві». З той розніцай, што дакументы ў іх выкарыстоўваюцца па меры разгортвання дзеяння. У «Сваіх і чужых» у самым пачатку прыведзены аператыўныя дадзеныя паліцыі бяспекі і СД – «дакумент, які быў заснаваны на паведамленнях гэтых службаў, у тым ліку і на данясеннях камандзіраў айнзацгруп і айнзацкаманд» (тут жа, у зносцы, аўтар дае і тлумачэнне двум апошнім словам, якія з нямецкай мовы перакладаюцца, як «аператыўныя групы і аператыўныя каманды»). Пры тым займаюць яны не адну старонку.
Але адрозненне трэцяга рамана ад папярэдніх, зразумела, не толькі ў гэтым. Хоць падзеі і ў «Сваіх і чужых» таксама звязаны з Верамейкамі і верамейкаўцамі, і ў творы сустракаешся з ужо знаёмымі табе персанажамі, у першую чаргу з Дзянісам Зазыбам і Радзівонам Чубарам, а свайго роду цэнтрабежная сіла рамана пастаянна і прыцягвае да гэтай вёскі, абсягі яго значна пашыраюцца. Праўда, не ў прасторавым паняцці – дагэтуль Чубару («Плач перапёлкі»), блукаючы дарогамі вайны, даводзілася адыходзіць ад Верамеек куды далей, а ў тэматычным. Асноўная аўтарская думка скіравана на тое, каб паказаць, як у гэтых мясцінах арганізоўваўся партызанскі рух і людзі на акупіраванай тэрыторыі ад жадання змагацца з ворагам пераходзілі да адкрытай барацьбы з ім.
Праўда, I. Чыгрынаў да пары да часу ў нечым выступае нават не столькі даследчыкам характараў і саміх абставін, колькі свайго роду інфарматарам. Аднак звесткі, што пры гэтым прыводзяцца, вельмі патрэбныя і з цягам часу яны «спрацуюць» належным чынам, як бы напоўняцца самой плоццю, а гэта прывядзе да псіхалагічнай пераканаўчасці ў паказе барацьбы з акупантамі.
«З Машавой, – канстатуе I. Чыгрынаў, – дваццаць чатыры партыйныя, савецкія і гаспадарчыя работнікі раёна, з якіх складаўся атрад, былі перавезены на аўтамашынах у Гарбавіцкі лес, куды з Клімавіцкай Родні к таму часу перабраўся штаб 13-й арміі. Тут партызаны атрымлівалі зброю: вайскоўцы кожнаму выдалі вінтоўку, па сорак пяць патронаў, па дзве ручныя гранаты і па бутэльцы гаручай сумесі – сказалі; для барацьбы з варожымі танкамі. Тым часам інструктар палітаддзела забраў у партызан сапраўдныя дакументы, у тым ліку і партыйныя білеты, а ўзамен раздаў новыя даведкі – з чужымі прозвішчамі, з другімі прафесіямі і адрасамі».
Тут жа начальнік палітаддзела брыгадны камісар Крайноў і паставіў канкрэтную баявую задачу: «…непрыкметна перайсці ўначы лінію фронту і ўзрываць там, на рэках, масты, якія знаходзяцца на шляху прасоўвання варожых войск». Не прамінуў натхніць партызан і сакратар абкома партыі Маркараў і пазнаёміў з лістоўкай, выдадзенай ЦК КПБ…
Проста, лаканічна, нічога лішняга… Але як шмат за гэтым прачытваецца?! Так і паўстае ўвачавідкі трагічная абстаноўка першых месяцаў вайны. Адразу адчуваецца, наколькі вышэйшае кіраўніцтва, якое, як быццам, і рыхтавалася загадзя да вайны, мела вельмі слабае, цьмянае ўяўленне аб тым, як давядзецца змагацца з ворагам. А няўменне адысці ад загадзя складзеных інструкцый, тых дырэктыў, якіх прытрымліваўся Чубар, яшчэ доўга адчувалася. Узяць хоць бы той факт, што ўсім партызанам выдалі новыя дакументы. Але ці магло гэта ўратаваць іх, калі яны мусілі дзейнічаць у мясцінах, дзе ўсе адзін аднаго ведалі? А блізкіх ім людзей, хоць і быў аддадзены загад вывесці сем’і далей? Дарэчы, у хуткім часе некаторыя з тых, хто стаўся на акупіраванай тэрыторыі, і загінуць.
А ўзяць упэўненасць брыгаднага камісара Крайнова «…ёсць надзея, што вы пасля таго, як выканаеце першае заданне, вернецеся сюды, да нас, і мы будзем сустракаць вас з перамогай у гэтым жа лесе, дзе знаходзімся цяпер»? I гэта гаворыць чалавек, які паспеў па-сапраўднаму, як кажуць, панюхаць пораху?! Прамаўляе той, хто ведаў і адступленне, і не адну смерць бачыў… Праз некалькі хвілін пачалося тое, у што ніхто і паверыць не мог: страшны абстрэл, самая што ні ёсць «вогненная купель», як «акурат з радасцю» сказаў другі камісар – камісар партызанскага атрада Сцяпан Баранаў.
Гэтае «акурат з радасцю» таксама невыпадковае. Ніхто пакуль і ўявіць сабе не можа, наколькі наперадзе цяжкая барацьба з ворагам. «Шапказакідальніцтва», пра якое ўвесь час сцвярджала афіцыйная савецкая прапаганда перад вайной, лёгка не праходзіць. Аднак тая ж «вогненная купель» становіцца не проста выпрабаваннем, а і свайго роду ўрокам, які і сам Баранаў, і іншыя засвойваюць надзіва хутка. Тым больш што праз лінію фронту даводзіцца прабірацца самім, разлічваць на дапамогу армейцаў ужо не даводзіцца.
Зноў гняце людзей трывога і няўпэўненасць, і зноў даводзіцца шукаць адзінапрыймальнае выйсце, усё больш пераконваючыся, наколькі цяжка правільна зарыентавацца ў абстаноўцы. Аднак не менш цяжка партызанам – і гэта I. Чыгрынаў не тое, што не абмінае сваёй увагай, а, наадварот, да гэтага моманту прыглядаецца асабліва пільна – назаўсёды развітацца з мірным жыццём, зразумець, што роля кожнага ўжо не тая, якой яна была перад вайной.
Усе ж байцы атрада – гэта нядаўняе раённае начальства, праўда, рознага рангу. А да чаго гэта можа прывесці, Нарчук хутка адчуў, калі заўважыў, як напорыста спрабуе ўзвысіць сябе над іншымі колішні пракурор Шашкін. Знайшліся і тыя, хто падтрымаў яго…
Закранаючы менавіта гэтыя маральныя аспекты, I. Чыгрынаў спрабуе паставіць сябе на месца Нарчука. I яму ўдаецца глянуць на падзеі вачыма камандзіра атрада. I не проста глянуць, а пранікнуць у саму сутнасць незайздроснага становішча, а тым самым праўдзіва паказаць, якіх неймаверна вялікіх высілкаў каштавала арганізацыя партызанскага руху. I зусім не ў вышэйшых эшалонах, што спрабавалі даводзіць аўтары шматлікіх аб’ёмных мемуараў. Галоўнае ж усё ажыццяўлялася на месцы. Праз сумненні і памылкі, праз ацэнкі і пераацэнкі, праз здатнасць адысці ад асабістых амбіцый, каб наблізіцца да агульных інтарэсаў.
Вось ён, роздум Нарчука, пасля таго, як сваё слова прамовіў Шашкін і знайшліся ахвочыя яго падтрымаць. Роздум асэнсаваны і ўнутрана выпакутаваны, пададзены як свайго роду маналог у думках, але сумнення не выклікае, што да яго Нарчук ішоў доўга, пастаянна назіраючы за паводзінамі байцоў, з якімі самым цесным чынам быў звязаны ў даваенным жыцці: «Ну і няхай. Нездарма ж кажуць у народзе – колькі галоў, столькі і думак. Не гэта непакоіла камандзіра атрада. Яго бянтэжыла іншая акалічнасць. Тое, што адносіны паміж падначаленымі заставаліся, калі можна сказаць так, дужа крутагорскімі, гэта значыць ранейшымі; усе паводзілі сябе таксама, як і ўчора, і пазаўчора, і многа дзён назад; напрыклад, хто быў пракурорам, той і цяпер усё яшчэ заставаўся ім, хто з’яўляўся ўпанаважаным наркамата па раёну, той і сёння спрабаваў задаваць у атрадзе тон. Былая раённая іерархія пакуль захоўвалася цалікам. Як не высоўваліся наперад раней дырэктары машынна-трактарных станцый, старшыні калгасаў, так цяпер гэтая катэгорыя работнікаў, стаўшы партызанамі, амаль не падавала аб сабе знаку. Адно тупала следам за іншымі ды збіралася ў свой гурт, калі выпадала затрымацца на хвіліну якую на месцы».
Але аўтар, паказваючы першыя крокі атрада, глядзіць на падзеі не толькі вачыма аднаго камандзіра. I не адно вачыма таго ж камісара Баранава ці праз успрыманне радавых байцоў. Прысутнічае і яшчэ такі важны погляд «збоку», які і дазваляе «незалежна», а таму найбольш аб’ектыўна, ацаніць, што і да чаго і адначасова прыйсці да нейкіх важных высноў, таксама вельмі неабходных. Гэта голас самога аўтара, які часта не гучыць ва унісон з развагамі персанажаў, але які, безумоўна, надае раману канцэптуальнае развіццё, значыць, і з’яўляецца рашаючым для вызначэння магчымага разгортвання падзей: «Між тым, сёння не адзін Мітрафан Нарчук, камандзір Крутагорскага партызанскага атрада, які рабіў на вайне першыя свае крокі, меў патрэбу ў навуцы камандаваць і ваяваць.
Па тым, як разгортвалася вайна, па выніках яе можна было меркаваць, што давалася гэта навука нялёгка. I перш за ўсё, няйначай, таму, што ў адрозненне ад звычайнай навукі, той, якую мы ўсе прывыклі ўяўляць мірнай, а разумець як «выразнае пазнанне ісціны», гэта мела другі выгляд і другую сутнасць і патрабавала чалавечых ахвяр, чалавечай крыві і многа матэрыяльных затрат, што ў пераважнай большасці выражаліся ў тых разбурэннях, якімі суправаджалася вайна».
Неабходнасць крыві была апраўдана ў папярэднім рамане. I нічога тут дзіўнага – перамогі без ахвяр не бывае. Іншая справа, якіх ахвяр, якой крыві… Як бачым, наконт гэтага I. Чыгрынаў працягвае свае развагі, падкрэсліваючы, наколькі непрадказальныя вынікі можа мець (і на час падзей у рамане «Свае і чужыя» ўжо мела) няведанне «навукі камандаваць і ваяваць». У той жа час пісьменнік не збіраецца адмаўляць партызанам Нарчука ў іншым няведанні – яны вымушаны не тое, што пачынаць, як кажуць, з нуля, яны да гэтага ўвогуле не падрыхтаваны. Тым самым дае знаць тая праўда, якая ў многіх іншых кнігах (аповесцях, раманах), створаных старэйшымі за I. Чыгрынава калегамі па пяру, у тым ліку і актыўнымі ўдзельнікамі партызанскага руху, замоўчвалася, а пушчаныя пад адхон варожыя цягнікі, кіламетры ўзарваных рэек (кажуць, калі гэтыя лічбы, што прысутнічаюць у мемуарах, суміраваць, дык знішчаных цягнікоў атрымаецца ў некалькі разоў больш, чым іх увогуле было ў немцаў, а сетка чыгунак Беларусі таксама значна павялічыцца) падаваліся як нешта само сабой зразумелае, быццам дапамагала ва ўсім якаясць чароўная палачка…
А што бачым у I. Чыгрынава? – «…партызанам, якія стаялі побач з Нарчуком на цёмным полі паміж стоеных лясоў і вёсак, не было зараз аніякай справы да таго, умеў іхні камандзір камандаваць атрадам ці не. Да таго ж, не яны выбіралі яго. Ім прызначылі яго. Вывелі ў Машавой перад строем і сказалі: «Вось вам камандзір». Затое яны – і, хутчэй за ўсё, без выключэння – ведалі ўжо, што атрад іхні зусім не быў падрыхтаваны да таго, што яму належала рабіць».
Раманы I. Чыгрынава мелі такі шырокі грамадскі рэзананс, бо ў іх вельмі праўдзіва адлюстравана жыццё ваеннай беларускай вёскі. А гэты тэматычны пласт нашай літаратурай, за рэдкім выключэннем (найперш трэба назваць Івана Пташнікава з такімі яго творамі, як «Тартак», «Найдорф») у падобным аб’ёме не закранаўся. У асноўным ступаючы па цаліку, Іван Гаўрылавіч і зірнуў на побыт вяскоўцаў, так сказаць, з пярэдняга краю. А праз побыт глянуў і ў людскія душы, разбіраючыся, наколькі рознымі былі паводзіны людзей у складаных абставінах.
Ды, бадай, гэта найбольш адчувальна ў «Сваіх і чужых», дзе дае аб сабе знаць не толькі «схаваная цеплыня патрыятызму», а зразумелае, а таму і апраўданае жаданне чалавека, нягледзячы ні на што, выжыць. Праўда, і да гэтага тут да нядаўняга часу назіраўся аднабаковы і разам з тым рэзка палярны падыход. Пісьменнікі, жадаючы задаволіць «патрэбнасці» камуністычнай ідэалогіі, вымушаны былі прытрымлівацца крайнасцяў. Найчасцей яны паказвалі, як мірныя жыхары на акупіраванай тэрыторыі ледзь не ўсе аказвалі дапамогу партызанам і падпольшчыкам, хавалі ад ворага палонных. Не абыходзіліся, безумоўна, і выпадкі здрадніцтва, але яны падаваліся як адзінкавыя, а таму нетыповыя і не характэрныя для савецкай рэчаіснасці.
Тым самым літаратура забывала пра многіх звычайных людзей, якія спрабавалі знаходзіцца як бы па-за вайной. I ў партызаны не рваліся, але і на супрацоўніцтва з фашыстамі не ішлі. Хацелі неяк ціха, непрыкметна пераседзець гітлераўскую навалу, баючыся і за сябе, і за сваіх блізкіх. Справа зусім не ў тым, каб падобныя дзеянні апраўдаць, ці, наадварот, рэзка асудзіць. Задача літаратуры ва ўсім дэталёва разабрацца, зразумець кожнага чалавека.
Да падобнага разумення і імкнецца I. Чыгрынаў у «Сваіх і чужых». А наколькі яму гэта цудоўна ўдаецца, яскрава бачна з двух эпізодаў, якія праходзяць у творы нібыта і мімаходзь, але разам з тым значна ўплываюць на агульную ідэю рамана. Першы выпадак адбыўся, калі партызаны Нарчука «ў лесе… напаткалі людзей – кульгавага мужыка з бабай у зямлянцы, выкапанай на сухой грыве, побач з колішняй лісінай нарой, а з імі дзвюх маладых дзяўчат, здаецца, блізнят, якія былі ў тым малочным і яшчэ зусім не самастойным узросце, калі нават у лепшыя часы бацькам даводзіцца праз іх не надта моцна спаць па начах».
Як высветлілася, так старыя вырашылі ўратавацца немцаў, каб у лясной глушы пераседзець ліхую гадзіну. Адчуўшы сябе ў бяспецы, «дзед з бабай прывезлі сюды ў сховы сваіх «сірацінак», як яны называлі іх». дзед аказаўся гаваркім, не адмовіўся ў прысутнасці партызан паразважаць аб жыцці-быцці: «Пройдуць во лігулярныя часці, а потым…» Апошняе не магло не зацікавіць партызанскага камандзіра:
« – Сапраўды, цікава, – усміхнуўся Нарчук,– што будзе потым?
– Як і заўсёды, – паціснуў плячыма мужык. – Зноў пачнем жыць ды працаваць сабе патроху.
– А немцы?
– Дак я ж кажу – колькі іх? Ну, добра, калі адзін на вёску прыйдзецца, а то, можа, на цэлы сельсавет. Дык што ён нам тады? Як было, так і будзе. Ета калгас могуць распусціць, а мужыка… Мужык – як той салдат. Яго не разжалуеш у чынах. Ну, а без калгаса… Дак мы без калгаса раней таксама былі. Не хачу сказаць, што пры калгасе адно кепска было. Не, нам тута пры горадзе можна было жыць. Але ж і баяцца наперад няма чаго. Я ж кажу, без калгаса мы таксама некалі жылі».
Нарчуку нічога не заставалася, як запытацца ў старога: «Без калгаса жылі, а вось з немцамі, здаецца, яшчэ не спрабавалі». На што атрымаў па-сялянскаму мудры адказ:
« – I ета праўда. Але неяк жа будзе і з немцамі. Галоўнае, перабыць цяперашнюю навалу. Ета як у вялікае разводдзе. Толькі і паспявай азірацца, каб самога куды-небудзь не занясло вадой. Ну а пасля, тыдняў праз колькі, глядзіш і… усё спакойна: усё зіхціць вакол, усё на месцы… калі вядома, яно моцна стаяла на тым месцы».
Праўда, мне здаецца, у гэтым эпізодзе ёсць, няхай і маленькая псіхалагічная «недапрацоўка». Нарчук, які ўспрыняў пасля ўсяго старога як «філосафа», усміхнуўся і «спытаў пракурора Шашкіна: – Праўда, філосаф?» I тут жа аўтарскае ўдакладненне, разам з тым і «выйсце» з прама скажам неардынарнай сітуацыі: «Але адказу ад пракурора Шашкіна не паспеў атрымаць.
Раптам з-за зямлянкі вынікла гаспадыня, апярэдзіла:
– Ат, чаўпе абы-што чалавек. Вы не дужа слухайце яго, таварышыкі».
Нарчук, пачуўшы развагі дзеда пра магчымасць жыць пры немцах, мог усміхнуцца. Не такі ён чалавек, як бачна з рамана, каб у гэтым адчуваць крамолу. А вось колішні пракурор… Шашкін дык на ўсё зрэагаваў моўчкі. Ва ўсякім разе з твора не відаць, як ён да ўсяго паставіўся… Куды было б лепей, калі б аўтар «пазбавіў» Шашкіна магчымасці прысутнічаць пры гэтай размове. Так атрымалася б куды больш пераканаўча, бо Шашкін, як бачна, вялікі «праведнік», гэты «ворага», як кажуць, нутром чуе…
А наконт другога выпадку, то ён адбыўся, калі камісар Баранаў у адной з вёсак, якія трапіліся на шляху атрада, завітаў да свайго намнога старэйшага брата, каб разжыцца сякімі-такімі харчамі. На што хочаш, а на такое стаўленне да сябе Нарчук, безумоўна, не разлічваў:
«…Той адно расчыніў дзверы перад ім ды груба сказаў праз парог:
– Хочаш наклікаць бяду на мяне і на маю сям’ю? Ідзі прэч, каб цябе ніхто не пазнаў у вёсцы.
– А я нават не ведаў, што ты дома… – збянтэжана паглядзеў на яго Сцяпан.
– А то ж дзе мне загадаеш быць?
– Ну-у!..
– Хацеў жыць вялікім начальнікам, дак цяпера…
– Мне харчу трэба.
– Няхай лепш табе пададуць у другім месцы. Кажу, ідзі прэч!
Можна ўявіць сабе, што адчуў пасля гэтага камісар. Ён выцер слёзы на братавым двары, павярнуў назад».
Згаданы эпізод і сам па сабе гучыць належным чынам. Праўда, тут сітуацыя куды іншая, чым у выпадку са старым, які сустрэўся атраду і меў гутарку з Нарчуком. Там куды больш усё зразумела і акрэслена, хоць таксама ёсць над чым паразважаць. Сапраўды, з аднаго боку можна (і гэта, зразумела, зрабіць лягчэй) убачыць у старым звычайнага прыстасаванца, які гатовы пры любой уладзе адчуваць сябе ўпэўнена. Але калі паставіцца да ўсяго аб’ектыўней, то нельга не прызнаць, што чалавеку ўсё адно неяк трэба жыць. I яму самому, і яго блізкім. А вось адмова Архіпа Баранава ў дапамозе брату ўспрымаецца інакш. Тут складанасцяў нашмат больш. Канечне, боязнь яго апраўданая, калі ўлічыць, што Сцяпан перад вайной працаваў не дзе-небудзь, а ў райкоме партыі. У вёсцы могуць знайсціся тыя, хто пра наведванне ў вёску Баранава-малодшага адразу данясе акупацыйным уладам. Але ж навідавоку не проста боязь, а нейкая непрыхаваная нянавісць да брата. Адкуль яна ўзнікла, як з’явілася, I. Чыгрынаў не гаворыць. Але і так відаць, што Архіп Баранаў з тых, хто хоць адкрыта і не служыць ворагу, тым не менш да сваіх ставіцца не тое, што з недаверам, а і з пагардай. Інакш, калі б у яго было хоць крыху звычайнай чалавечнасці і спагады, мог прынесці харчоў, якіх прасіў Сцяпан, у лес. Каб ніхто і нічога не заўважыў.
Інакш да ўсяго паставілася старая, якая выглянула нечакана «ў канцавой хаце з акна на вуліцу». Баранаў так і не прызнаўся нікому ў атрадзе, «што і вараную бульбу ў мундзірах, і два кавалкі свінога сала, і добры шчопаць солі, і хлеб вясковы» ён прынёс не ад брата.
На душы ў яго засталося прыкрае пачуццё, а тое, што Баранаў-малодшы перажыў пры гэтым, таксама дае падставы адчуць, наколькі ўсё ж няпроста адбывалася ўваходжанне мірных жыхароў у вайну: «Нечаканая братавая выхадка, калі наогул можна назваць яе так, не толькі збянтэжыла камісара; яна, здавалася, перавярнула ўсё ў сярэдзіне яго, насцярожыла. Таму і цяпер, і трохі раней малодшы Баранаў кідаўся ў разгадкі: «Можа, даўняя крыўда, якая раптам напаверх вылілася?» Але дарэмна. Ніякай такой крыўды, якую нанёс ён брату, Сцяпан Паўлавіч не помніў. Можа, калі і не жылі яны дружна, то і не чужаліся адзін аднаго тым часам. I тым не менш… Няйначай, праўду пісалі некаторыя людзі: «…I здраджаны будзе родзічамі і сябрамі, і брат брата аддасць на смерць…»
Сюжэтная лінія, звязаная з дзейнасцю атрада пад кіраўніцтвам Нарчука, паўстае ў рамане ў нейкай ступені і самастойна. Аднак, як гэта і заўсёды бывае ў па-мастацку дасканалым і кампазіцыйна-стройным творы, яна адначасова арганічна ўваходзіць ва ўсю кампазіцыйную канву, дапамагаючы цэментаваць розныя падзеі, што трапілі ў поле зроку пісьменніка, у адно цэлае. I лагічна прымыкае да яшчэ адной лініі, унутрана блізкай ёй. А гэта дзейнасць атрада пад кіраўніцтвам Карханава, які на той час таксама знаходзіўся ў ваколіцах Верамеек. Атрада не звычайнага, а разведвальна-дыверсійнага, адпаведна арганізаванага вышэйшым кіраўніцтвам. Гэтыя два атрады ў рамане «апынуліся» амаль побач зусім невыпадкова. I справа не ў тым, што верагоднасць іх амаль адначасовага з’яўлення магла быць «прадыктавана» самім збегам ваенных абставін, калі на акупіраванай тэрыторыі барацьба набывала розныя формы.
Акурат рознасць гэтых форм барацьбы і падказала I. Чыгрынаву магчымасць як бы супаставіць два асобныя атрады, каб зірнуць на партызанскі рух шырэй і глыбей пранікнуць у яго сутнасць. Таму ёсць падставы гаварыць, што падобная кампазіцыйная пабудова рамана была лагічна прадвызначана і, як цяпер бачна, прынесла пісьменніку жаданы поспех. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы і таму, што нарэшце да атрада Карханава прымкнуў і Чубар. I гэтым разам спрацавала, па сутнасці, выпадковасць, але выпадковасць, што можа ўспрымацца і заканамернасцю: рана ці позна, але Чубар мусіў знайсці ў вайне пэўнае прыстанішча. У атрадзе ж Карханава ён апынуўся з тым самым ласянём, якое абяцаў падарыць Агапчынаму Міхалку, пра што гаварылася ў папярэднім рамане.
Тым не менш, як гэта і пастаянна назіралася з Чубарам, ён мог раптоўна і рашуча адмовіцца ад нейкай сваёй задумкі: «Але пасля, калі ўжо блукаў па незнаёмых мясцінах і калі яшчэ не адшукаў ласяня, планы яго памяняліся, у кожным разе, нават зусім не багата часу таму назад ён знаходзіўся ў нерашучасці адносна таго, як яму паступіць са сваім вяртаннем у пасёлак. Не было пэўнасці на гэты конт – цяпер, калі на руках ужо ляжала жывая ношка. Ды і не магла, яна, відаць, пакуль з’явіцца, тая пэўнасць. Тут, няйначай, патрэбна была самая звычайная дарога, каб яна раптам адкрылася наперадзе і каб на ёй можна было спыніцца, азірнуцца і глянуць у абодва канцы; тады б рашэнне само прыйшло ў галаву, тады б думка сама выяснілася, куды накіравацца». Тут якраз і перапынілі Чубара ўзброеныя людзі Карханава, а праз колькі часу адбылося і яго знаёмства з самім камандзірам.
У гэтай сустрэчы, а калі дакладней, у размовах з Карханавым В. Локун здатна бачыць «маральнае ўваскрашэнне Чубара». Праўда, крытык агаворваецца: «Значную ролю ў маральным уваскрашэнні Чубара адыгралі яго размовы з камандзірам дыверсійнага атрада…»
З падобным меркаваннем трэба пагадзіцца. В. Локун тут і схоплены важны момант: Чубар ці не ўпершыню сутыкнуўся з армейскім камандзірам, здатным глядзець значна далей магчымасцяў сваёй пасады. Канечне, як мы ведаем, і раней у Чубара былі сустрэчы з ваеннымі (з тым жа Шпакевічам, а ён таксама аказаўся ў атрадзе Карханава, з камісарам, з ваенурачом…). Асабліва глыбокі след пакінула размова з палкавым камісарам, ён, уласна кажучы, і падказаў Чубару, што не трэба бегчы далей ад родных мясцін. Але і палкавы камісар раіў, ідучы не ад ваеннага вопыту, а ад таго, як лепей рабіць, кіруючыся звычайнай логікай.
Іншая справа Карханаў. Тут ужо, так сказаць, тэорыя і практыка паяднаны. Карханаў не толькі ведае, як рабіць, ён і сам гэта робіць… Таму так уважліва і слухаў камандзір спецатрада аднаго з мясцовых жыхароў. Слухаў, бо, што важна, «умеў слухаць». А гэтае ўменне, у сваю чаргу, і дапамагло Карханаву адразу добра зразумець Чубара. I як чалавека, і як патэнцыяльнага барацьбіта з ворагам. Менавіта патэнцыяльнага. Што таксама нельга не прымаць пад увагу:
« – Пакуль я ў вас бачу толькі жаданне дзейнічаць.
– Ці ж гэтага мала? – усё роўна як нароўні спытаў Чубар.
– I многа, і мала. Жаданне – гэта адно, а дзейнасць – зусім другое. Самі ж ведаеце, можна ўсё жыццё нечага жадаць, аднак нічога не рабіць, каб ажыццявіць задуму. Але давайце лічыць, што я гэта к слову напомніў. Бо жаданне стварыць партызанскую групу з мясцовага насельніцтва ў вас заслугоўвае ўсялякай падтрымкі. Яно мне зразумелае. Сапраўдны камуніст іначай думаць не павінен, асабліва калі ён да таго ж не радавы. Бачыце, я не кажу: можа. Я кажу: не павінен. Я раблю гэта знарок. Таму што не маю намеру ўтойваць ад вас наступную акалічнасць – шмат каго з такіх «не радавых» нам даводзіцца цяпер шукаць і шукаць. Хто зусім хаваецца і ад сваіх, і ад чужых, а хто задужа доўга знаходзіцца ў канспірацыі, хоць і мае канкрэтнае заданне, якое даўно павінна быць выканана. Як кажуць, ужо зіма хутка на двор пастукаецца, а яны думаюць, што бабіна лета не прайшло».
Карханаў і дае Чубару больш канкрэтныя парады: «Цяпер пра вас. Дакладней, пра тое, з чаго вам трэба пачаць дзейнічаць: каб ад слоў нарэшце перайсці да спраў. А пачаць трэба з самага простага – з наладжвання сувязей».
Карханаў, як відаць з гэтай размовы, належыць да камандзіраў, якія ў сваіх дзеяннях бачаць і тую звышзадачу, якая няхай самым непасрэдным чынам і не ўплывае на іх дзейнасць, тым не менш без яе паспяховага вырашэння многае ўскладніцца. Для Карханава барацьба з ворагам – не толькі паспяховыя баявыя дзеянні. Змаганне з фашызмам, у яго разуменні, гэта і намаганні на тое, каб людзі пастаянна помнілі, ніколі не забывалі, што яны жывуць не дзе-небудзь, а ў сваёй краіне, у той краіне, якая была і да вайны: «Трэба каб паўсюды заставалася наша ўлада, савецкая ўлада. Цяпер яшчэ цяжка меркаваць, у якой форме яна павінна дзейнічаць. Думаецца, што ўмовы акупацыі самі падкажуць гэтыя формы. Але я зноў паўтараю, савецкая ўлада павінна быць на ахопленай ворагам тэрыторыі. З другога боку, нехта павінен наогул ведаць, што робіцца, дапусцім, у раёне, у вобласці, чым і як жывуць людзі».
Арыенціроўка на мясцовае насельніцтва Карханаву і патрэбна для таго, каб мець усюды надзейных паплечнікаў: «Мы людзі прышлыя. Мы мала чаго ведаем у вас. У кожным разе нам дорага каштуе гэтае веданне. Таму нават з гэтага боку мясцовыя кадры неабходны, гэта значыць патрэбны такія людзі, якія б па-ранейшаму і адказвалі за ўсё, і дарадцамі былі». Ад Карханава Чубар атрымлівае і першаё ў сваім жыцці канкрэтнае заданне: «Паколькі мы яшчэ пабудзем тут, у вас, дзень-два, давайце паспрабуем разам пашукаць таварышаў, якія засталіся ў акупацыю ў вашым раёне. Чаму б, напрыклад, не наведацца ў тую ж Машавую, раз вы ўжо маеце на яе сваю інтуіцыю. Можа, і праўда, там знаходзіцца райком, а?»
Як звычайная просьба прагучалі гэтыя словы, але Чубар адмовіцца не змог і ўспрыняў іх акурат як загад, а загад трэба выконваць не задумваючыся. Аднак і тут I. Чыгрынаў, прытрымліваючыся мастацкай праўды і не ідучы насуперак праўдзе жыццёвай, ніколькі не збіраецца спрашчаць Чубара. Чубар ёсць Чубар, якім ён быў, такім і застаўся. Лёгка «загараецца», калі справа тычыцца чагосьці новага, асабліва, калі гэта адпавядае яго інтарэсам – а заданне Карханава ён інакш і не мог успрыняць. Але і хутка «астывае», адчуўшы, што тая пэўнасць, якая ў яго было з’явілася, на самай справе такой не з’яўляецца.
I сапраўды, з кім ён можа пагаварыць у Машавой пра справу, якую даручыў Карханаў? На каго зможа абаперціся ў сваім даверы? Таму і ў Чубара «згрызота ў душы была». Таму і апанаваў яго неспакой, які ўсё ўзмацняўся па меры набліжэння да канечнага пункта: «Цяпер яму (Чубару – А. М.), на адлегласці амаль у паўтара кіламетра ад партызанскага лагера, стала нарэшце зразумела, што ўсё-такі дарэмна сёння пайшоў у Машавую. Менавіта сёння, а не заўтра, напрыклад, паслязаўтра. Бо рушыўся ён у дарогу наўгаду, акурат з завязанымі вачыма».
Каго ён ведаў у гэтай вёсцы, дык «машаўскае начальства» – старшыню калгаса Яфрэменку і старшыню сельсавета Рыгайлу: «Але дзе яны цяпер? Мяркуючы па тым, як многія з старшыняў падаваліся ў апошнія дні перад адступленнем Чырвонай Арміі ў эвакуацыю, можна было падумаць, што і гэтыя не засталіся ў Машавой».
I што важна, – цяпер, калі Чубара зноў апанавалі свайго роду душэўныя ростані, ён «зусім прыйшоў да высновы, што ў гэтай справе – шукаць сувязі з раённым партыйным падполлем – лепш за ўсё спадзявацца да канца было на Зазыбу. I яму, Чубару, заставалася б адно наведацца ў Верамейкі, бо за гэты час Зазыба, няйначай, ужо ўправіўся пабываць у Машавой». Чубар не можа не разумець, што Зазыба, відаць, даўно робіць тое, што, як падумаць, мусіў бы рабіць ён, Чубар.
На гэтым моманце, праўда, I. Чыгрынаў шмат не засяроджваецца, падае яго як між іншым. I робіць гэта таму, што мы, чытачы, падрыхтаваны ўжо ўспрымаць Зазыбу менавіта так, а не інакш. Як чалавека канкрэтнага дзеяння, у адрозненне ад Чубара як чалавека, які яшчэ толькі на падыходзе да гэтага канкрэтнага дзеяння. Але, як кажуць, на Зазыбу разлічвай, ды і сам нешта рабі. На шчасце, у каторы раз «спрацаваў» выпадак. Чубар пазнаў на дарозе свайго колішняга знаёмага: «то ехаў з Вараноўкі Васіль Пацюпа». Нечаканая сустрэча прынесла ў настрой верамейкаўскага старшыні перамены: «Чубар адразу ажыў душой». Пацюпа, які да вайны працаваў у Заходняй Беларусі ў органах НКУС, безумоўна, мог сёе-тое ведаць пра цяперашняе становішча ў тутэйшых мясцінах. Аднак Пацюпа, як і трэба было чакаць, праявіў асцярожнасць, калі пачуў, што Чубар хоча даведацца, «ці застаўся хто-небудзь для вядзення падпольнай работы» ў раёне:
« – Ты лічаш, што я ў курсе?
– А каму ж быць у курсе, як не табе, былому аператыўнаму работніку?
– Ну, гэта ты занадта. Я так, па дробязях больш, як кажуць, папяровы пацук.
– I ўсё-такі?
– А ты што, ходзіш вось так з вёскі ў вёску і пытаешся?»
Урэшце, Пацюпа параіў: «Ты вось што, Чубар… не хадзі адразу цяпер ні да Рыгайлы, ні да Яфрэменкі. Навошта з вінтоўкай будзеш шастаць пад вокнамі ў вёсцы? Ды і невядома яшчэ, можа, тут немцы».
У гэтай як бы знешне памяркоўнай, звычайнай гаворцы – таксама праяўленне творчай манеры I. Чыгрынава. Так было ў раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», гэта ж назіраецца і ў «Сваіх і чужых». Пісьменнік не спрабуе заінтрыгаваць замыславатым сюжэтам, нечаканым эпізодам, ён не збіраецца, так сказаць, «працаваць» на чытача, каб таго нечым прывабіць. Разам з тым вузлы людскіх лёсаў закручваюцца туга. I цяперашняя сустрэча Чубара з Пацюпам таксама не пройдзе бясследна.
Але справа не ў самім Пацюпе, ды і не ў Чубары, а ў яго спадарожніках. У дарогу ж ён выбраўся не адзін, а з двума байцамі з атрада Карханава. Калі Бераснёў – абачлівы і разважлівы, то Патоля нават знешнім выглядам не выклікае павагі, што, дарэчы, адразу кінулася ў вочы і Чубару, бо Патоля якраз быў сярод тых, хто затрымаў яго з ласянём на руках. «Злосны дужа» – такі вывад зрабіў у гаворцы са Шпакевічам Чубар і выказаў сумненне: «Але ж такому тыпу, як ваш Патоля, ці варта наогул дазваляць зброю?» Праўда, Шпакевіч паспрабаваў згладзіць такое першапачатковае ўражанне: «А чалавек ён, як мне здаецца, нічога, гэты Патоля. Можа, залішне мітуслівы. Іншым разам робіцца нават зухаватым. Тады яму, відаць, і мора па калена».
У гэтым эпізодзе што важна, дык тое, што Патолю не прыняў Чубар, якому самому, як вядома, хапала гэтай самай зухаватасці і якому таксама часта было «мора па калена». Магчыма, непрыязь узнікла ад таго, што Патоля вельмі ж наравіўся паказаць сябе, затрымаўшы Чубара. У нечым яно і так, але калі чалавек, не пазбаўлены экстрэмізму, заўважае гэта ў іншага, то сумнення няма – той сапраўды заслугоўвае, каб да яго ставіцца з асцярогай.
Сапраўды, зухаватасць Пацюпы неўзабаве абышлася дорага. Ён засёк сякерай жонку бургамістра Зімарова, хоць рабіць гэта не было ніякай патрэбы. Як і варожа ставіцца да самога Зімарова, бо ён у цэлым быў чалавекам памяркоўным. Забойства ж жонкі не дараваў, хутка паплаціліся жыццём Рыгайла і Яфрэменка, былі арыштаваны і іншыя падпольшчыкі, у тым ліку і даваенны сакратар райкома партыі Касьян Манько… А яшчэ да арышту ён паспеў сустрэцца з Зазыбам.
Увогуле гэтая сустрэча набывае ў рамане вельмі важны аспект. Г. Егарэнкава нават схільна была бачыць у гэтым «кульмінацыйнае значэнне». Як і часта дагэтуль, I. Чыгрынаў умела выкарыстоўвае форму дыялога. Гаворка паміж Зазыбам і Манько сэнсава насычаная, напоўненая тым глыбокім роздумам, што дазваляе лепш усвядоміць месца ў барацьбе з ворагам асобных людзей, а таксама глянуць на змаганне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі як на якасна новы стан народнай душы. Менавіта Манько першым падчас размовы закрануў праблемы ўсеагульнасці партызанскага руху: «Трэба забыць на ўсе крыўды, якія каму нанесены былі…»
Гаворачы гэтыя словы, Манько, канечне, меў і самога Зазыбу, паколькі ведаў пра лёс Масея, пра што, дарэчы, і сказаў. Але не толькі гэта… Манько, дзякуючы I. Чыгрынаву, здатны зірнуць і ў перспектыву, у наш сённяшні, калі хочаце, дзень. Безумоўна, у гэтай ацэнцы таго, што адбывалася, ён не можа пайсці далей свайго часу. Ды і як «пайсці», калі ў галоўным, што савецкая ўлада – адзіная ўлада, якая патрэбна народу і якая дзеля народа, ён не сумняваецца… Але Манько гэта «не зацыклены» на рэвалюцыйных догмах чалавек. Ён з тых, хто ўлічвае рэаліі дня і перакананы: «зноў настаў час, калі такое паняцце, як мера патрыятызму, кладзецца на шалі». А яшчэ Манько разумее: «Прыйдзе час, і ўсё стане зразумелым, чаму і што рабілася так, а не гэтак. Сёння ж усім нам неабходна зразумець, дакладней, высветліць, – на каго злосць мецьмуць тыя, хто незаслужана падпаў пад рэпрэсіі?»
А яшчэ, а гэта ці не самае галоўнае, што Манько, чаго і не мог не заўважыць Зазыба, меркаваў аб усім так, быццам не толькі збіраўся змагацца з ворагам, але і ўпэўнена рыхтаваўся жыць і працаваць у Крутагор’і пасля вайны. Гэтая ўпэўненасць Манько надала яшчэ большай веры Зазыбу, ён як бы пераконваўся: ліха мінецца, вораг будзе пераможаны. Канечне, за жывое кранула згадванне пра Масея, але «Зазыба разумеў цяпер, што неабходна зноў парахавацца аб усім у сямейным коле, інакш Масеева зацятасць сапраўды можа кепска абярнуцца для яго».
Характар жа самога Масея, яго стаўленне да ваенных падзей, яго разуменне асабістага месца ў вайне па-майстэрску адлюстравана ў час, калі сустрэўся з колішнім сябрам Алесем Астрашабам. У час студэнцтва «яны жылі разам на кватэры ў гаспадара на Ляхаўцы».
Алесь прыехаў не адзін, а з немцам, які быў прыстаўлены ў якасці аховы. Аказваецца, Астрашаб знаходзіцца ў акупантаў на службе, хоць, як ён сам гаворыць, служыць «не немцам, а свайму народу». Наконт гэтага спрэчка адбываецца не столькі ў Масея з Алесем, колькі ў Дзяніса Яўменавіча з сынавым дружбаком. Правільней, калі Масей праяўляе большую тактоўнасць, дык яго бацька прама гаворыць тое, што пра ўсё думае. Хаця, не сказаць, каб і Масей надта ўхіляўся ад выказвання асабістай пазіцыі адносна магчымага супрацоўніцтва з гітлераўцамі ў імя свабоднай, незалежнай Беларусі.
Пазіцыю Астрашаба не прымае не толькі Дзяніс Яўменавіч, у многім яна не па душы і Масею. Больш таго, чым далей удумваешся ў сутнасць гэтых спрэчак, тым больш пераконваешся, што аўтар на баку Зазыбы-малодшага.
I тое, што адбываецца ў саміх Верамейках, і тое, сведкам чаго стаў Чубар, – усё яшчэ запаволеная плынь «ракі рамана». Мяняюцца эпізоды, адбываюцца сустрэчы, праходзяць развітанні… I падаецца, што галоўныя героі, Зазыба і Чубар, так і не могуць прыйсці да нечага пэўнага. Нібыта набліжаюцца да яго, і разам з тым знаходзяцца як бы на месцы. Штосьці шукаюць, нешта знаходзяць, ад чагосьці адмаўляюцца…
Аднак ад пісьменніка і не чакаеш аніякага «паскарэння» ў разгортванні характараў. Разумееш ужо, пераканаўся, яно творам не пойдзе на карысць… Толькі спакваля падыходзячы да галоўнага, I. Чыгрынаў можа сказаць вельмі шмат патрэбнага. I ён гаворыць. У рамане «Свае і чужыя» нават гэтым, калі папраўдзе казаць, то і звычайным эпізодам.
Прыгадайма, як атрад Карханава прабіраўся ў Батаеўскія лясы. Чубар не мог не заўважыць, што «партызаны, нягледзячы ні на якія заклікі, зусім не займаліся знішчэннем ураджаю сорак першага года, дарма што на палях паміж вёскамі ў шмат якіх месцах стаялі неабмалочаныя пакуль сцірты ячменю і жыта, усё роўна, як для іх, прыйшоўшых з-за лініі фронту, ужо не існавала тых дырэктыў, якія некалі пры адыходзе Чырвонай Арміі моцна займалі Чубараву свядомасць і прымушалі дзейнічаць, як ён думаў, адпаведна свайму і чужому разуменню». I раптам яго позірку адкрылася «счарнелае калгаснае поле, якое моцна нагадала яму другое, верамейкаўскае, што ў Паддубішчы». Магло яно, канечне, згарэць і ў час бою, не адганяў прэч падобнай думкі і сам Чубар. I ўсё адно, гэтае пажарышча «раптам нібыта ўзрадавала» яго, але як узрадавала, так і засмуціла – «з тае прычыны, што, мяркуючы па паводзінах партызан, па тым, як яны нават не заўважылі счарнелае поле, можна было заключыць, што справа гэта не толькі не карысталася павагай у іх, але і не выклікала ніякіх асацыяцый. Значыць, і тады, калі яны ішлі з Карханавым у Кулігаеўку, камандзір атрада нічога не сказаў Чубару пра пажар у Паддубішчы не таму, што праявіў звычайную далікатнасць. Няйначай, сутнасць заключалася ў іншым».
Гэтае «іншае» – тое, чаго не мог зразумець доўгі час Чубар, і адначасна тое, простая значнасць чаго нарэшце пачынала даходзіць да яго свядомасці. А гэта, безумоўна, ішло не толькі на карысць яму, бо Чубар станавіўся іншым. Ён спазнаваў усю дыялектыку жыцця, разумення якой яму доўгі час так не ставала. Што да Зазыбы, дык працягам таго рэзкага павароту, што адбыўся ў яго душы пасля сустрэчы з Манько, сталі кантакты з Андрэем Марухіным, былым палонным, з якім, калі той кватараваў у яго, Дзяніс Яўменавіч пагаварыў па душах. Марухін і падказаў Зазыбу: «…трэба пахадзіць па навакольных вёсках, прыгледзецца ды прыслухацца да мясцовых людзей. Акрамя таго, як мне здаецца, цяпер можа патрапіць таксама сустрэць каго-небудзь з былых вайскоўцаў. Не адзін жа я з лагера выбрацца здолеў. Было нямала выпадкаў такіх і да мяне. Значыць, нашы недзе тут засталіся».
Прапанаванае Марухіным не толькі важна было, але і адзіна прыймальнае ў абстаноўцы, якая склалася. Зазыба, які па-ранейшаму гарэў жаданнем барацьбы з ворагам, па сутнасці, застаўся адзін. Ён страціў сувязь з Чубарам, які падаўся з Карханавым, ён ведаў, што загінуў падпольны райком партыі… А Марухін падказваў апірышча, Марухін згодзен быў дзейнічаць сумесна…
Тое, што адчуў пасля ўсяго Зазыба, I. Чыгрынаў перадае надзіва скандэнсавана, так, што кожнае слова набывае важкасць, а тым самым з’яўляецца свайго роду падагульненнем пражытага персанажам на пэўным адрэзку часу: «Нарэшце Дзяніс Яўменавіч зразумеў і тое, што ў іхніх з Чубарам спрэчках аб арганізацыі супраціўлення фашыстам мала было цвярозага сэнсу. Аказваецца, ні максімаліст Чубар, які гатовы быў хоць зараз ламаць ды крышыць усё навокал, абы хоць чым нашкодзіць ворагу, няхай гэта спалучана будзе нават не толькі з вялікімі, нераўназначнымі ахвярамі, але і з самазагубай, ні разважлівы, таму, можа, залішне абачлівы Зазыба, які хацеў унесці ў арганізацыю супраціўлення больш разумны пачатак, не мелі рацыі. У выніку адбывалася марная трата часу. Прынамсі, абодва яны не ў стане былі зрабіць першыя крокі ў належным напрамку, і абодва яны адзін перад адным жаданне выдавалі за сапраўднае; выходзіла, абодвум ім, каб пачаць дзейнічаць, патрэбны быў альбо сакратар падпольнага райкома, альбо вось гэты механік-вадзіцель падбітага танка, што без доўгіх разваг, нават зусім проста прапанаваў у цяперашніх умовах самае неабходнае…»
Вядома, Зазыба не мог прадбачыць, чым гэтая задума скончыцца, але ў адным ён адразу і канчаткова ўпэўніўся: «гэта надзвычай важна, што за партызанскую справу браўся вайсковы чалавек». Тым самым раман «Свае і чужыя» давёў дзеянне, пачатак якому быў пакладзены ў першых двух творах, да свайго лагічнага завяршэння. Адзін з яго галоўных герояў ужо ведаў, што рабіць далей, як змагацца з ворагам. Да пэўнасці прыйшоў і другі герой – Чубар. Карханаў загадаў яму наладзіць сувязь з атрадам Нарчука: «I вось Чубар цяпер, у гэтую снежаньскую ноч, прабіваўся ў Верамейкі. Карханаў раіў яму звязацца адразу і ў Кулігаеўцы з Сідарам Раўнягіным. Але сам ён добра ведаў, што першы чалавек у Забесяддзі, які мог дапамагчы яму выканаць заданне камандзіра атрада за кароткі тэрмін, быў Дзяніс Зазыба.
За гэты час, як Чубар ішоў сюды з Бараеўскіх лясоў, ён зразумеў, нарэшце, адну вялікую ісціну, пра якую раней чуў толькі ад людзей, – пах роднага дома чалавек у поўнай меры адчувае тады, калі вяртаецца з далёкага краю».
Канец снежня сорак першага года для герояў рамана тым самым вызначальны. Ніякага сумнення не заставалася, што Зазыба і Чубар стануць праз колькі часу актыўнымі барацьбітамі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Ёсць у рамане яшчэ невялікі раздзел «Замест эпілога». Аднак гэты «агляд развіцця партызанскага руху за перыяд з 1.1. па 30.VІ.1942 г. з улікам асаблівасцей тактыкі і вопыту барацьбы. Начальнік палявой паліцыі пры галоўным камандаванні сухапутных войск вермахта. № 2365/42. Сакрэтна» ўсё ж наўрад ці выконвае тую ролю, якую ўскладаў на яго пісьменнік, як гэта бачна на завяршэнні з тлумачэння «Ад аўтара»: «…па ім і сёння можна адчуць, наколькі пагражальнай праблемай стала для нямецка-фашысцкіх акупантаў барацьба народных мсціўцаў і які шырокі размах яна мела ўжо на пачатку сорак другога года. Дзеля гэтага аўтар і змяшчае яе ў рамане».
З гісторыі вайны і так усё зразумела. Ды воля аўтара ёсць воля, яму лепей відаць патрэбны гэты раздзел ці не. Наконт жа далейшага працягу працы над цыклам раманаў Іван Гаўрылавіч пасля напісання «Сваіх і чужых» выказаўся так: «Што будзе далей – вядома: Вялікая Перамога ў маі 45-га… Прадаўжаць далей не мае сэнсу».
Але, як высветлілася праз шмат гадоў, гэтым разам I. Чыгрынаў так і не змог назаўсёды развітацца з верамейкаўцамі…
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Владимир Юревич
Иван Чигринов. Свои и чужие. Роман. Перевод с белорусского Инны Сергеевой. М., «Советский писатель». 1985.
Белорусская проза продолжает свой рассказ о войне…
И. Чигринов в своей трилогии – «Плач перепелки», «Оправдание крови» и вот теперь в романе «Свои и чужие» – исследует прежде всего психологию человека, который, находясь в экстремальной ситуации военного времени, должен был каждый день совершать свой выбор.
Писатель не пошел проторенным путем панорамного изображения подпольной и партизанской борьбы. Выбрав локальное место действия – родное Забеседье, – прозаик тщательно исследует созданные войной обстоятельства и характеры людей, действовавших в этих обстоятельствах.
Разматывая клубки обычных и необычных биографий разных людей – борющихся, порой сомневающихся, а иногда и угодничающих перед врагом, И. Чигринов, как и В. Быков, следует в белорусской литературе традиции драматургического насыщения своих произведений, когда герои живут и действуют в условиях напряженного социально-психологического столкновения.
Спор, разгоревшийся было под занавес предыдущего романа («Оправдание крови») между главными персонажами, веремейковским председатетем колхоза Родионом Чубарем и Денисом Зазыбой – старым коммунистом, умудренным опытом гражданской войны, – как, какими способами вести борьбу с оккупантами, – практически реализуется в «Своих и чужих».
Напомним, Родион Чубарь со свойственным ему максимализмом считал, что начинать борьбу надо сразу, без подготовки, не дожидаясь организации партизанского отряда: мол, кровь отдельных героев поможет вызреванию идеи сопротивления в массах. Решается он и на самое страшное: действуя согласно букве директивы, поджигает убранный веремейковцами хлеб. Рассудительный, трезво мыслящий Зазыба думает иначе: «Если нам начинать партизанскую войну, то нам и думать, как начинать ее и с кем… Люди есть люди… и они должны, будут жить… Надо сделать так, чтобы не мы немцев боялись, а они нас. И не кровью своей мы должны их напугать, а оружием».
В новом романе мы встречаемся с Чубарем в тот момент, когда он, переполненный чувством вины перед людьми, которых оставил без хлеба, возвращается в родной колхоз. Возвращается, неся перед собой на руках осиротевшего лосенка, чтобы спасти его от старого волка. Символическая сцена – ведь Родион Чубарь совсем недавно посягнул на созданный природой и трудом человеческим урожай.
Вот так, с лосенком на руках, и встречает он в лесу группу вооруженных людей, как вскоре выяснилось, партизан разведывательно-диверсионного отряда чекиста Карханова. Они принимают его за полицая, выручает незадачливого Чубаря молодой командир Шпакевич, знавший его еще по первым неделям войны (вместе пережили горечь отступления на восток). Здесь, в отряде, и остается Чубарь.
А что же в это время происходит в Веремейках? Забеседье наводнено оккупантами, но непосредственно в селе немцы не расположились, они рядом, в местечке. …Не спеша отцветает лето, надвигается осень с постоянными хлопотами сельчан. Но для них теперь главнее – сплотиться, создать для оккупантов невыносимые условия. «В октябре в Забеседье было уже два партизанских отряда. И один из них – местный, тот, что создавался в Мошевой, когда фронт стоял еще на Соже».
Художническая мысль, отбирая факты военной действительности, сплавляет их воедино, создает яркую картину борьбы, в которую включается все большее число людей. Автор, однако, не забывает, что в войну люди не только боролись, но и жили. «В Веремейках уже не впервые, начиная с самого рассвета, каждый день снова слышался звон наковальни», – замечает автор и воссоздает освещенную народной мудростью картину деревни. «Услышав звон наковальни, о которую, будто упрямое существо, бился молот, веремейковцы вдруг поняли, что это обрела сердце, снова ожила их деревня; каждый удар молота был как толчок этого деревенского сердца». Я позволил себе привести этот текст в собственном переводе, потому что в русском издании здесь допущена ошибка. Переводчик превратил «наковальню» – «кавадлу» – в кувалду, заставив ее звенеть от ударов молота (!!). Да и стоило ли стилизовать идентичные белорусским слова: кузнечное дело, кузница – в «ковальское дело», «кузня»…
«Оживил» кузницу пленный красноармеец Андрей Марухин, который был механиком-водителем танка и попал в окружение. Из лагеря выкупила его за николаевские золотые Палата Хохлова и приютила у себя дома. Кузница неприметно обрела прежние права того удобного места, где собираются селяне, ведь «каждому не терпелось и свое слово хоть мимоходом обронить, и от другого что-нибудь услышать». Зазыба решает сделать это место своего рода центром политической работы с веремейковцами, особенно рассчитывая на общительный характер Андрея. Естественное течение событий сближает их, и очень скоро. Возвращается из плена муж Палаги, и Зазыбе ничего не остается, как пригласить новоиспеченного кузнеца к себе.
Задушевные разговоры Зазыбы с Андреем Марухиным становятся одинаково необходимыми для обоих, ибо они «заглядывали мысленно и дальше Забеседья, все больше туда, где решалась судьба войны». Андрей открыто говорит: «…из ваших мужиков войска не составишь, сколько ни думай. Это я вам говорю, как человек, немного повоевавший… Для борьбы надобны настоящие бойцы». А когда кузнец высказал открыто желание «походить по окрестным деревням, приглядеться, прислушаться к местным людям» и бывшим солдатам, что из окружения вырвались, – Зазыба одобрил такое намерение, ибо понимал: «чрезвычайно важно, чтобы за партизанское дело взялся военный’ человек». И сам позавидовал ему и искренне пожалел, что в «молотобойцы’ по годам да по силам не годен».
На протяжении всех трех романов автор лепит характеры главных героев у читателя «на виду», испытывая их всем напряженным ходом событий, и если в «Оправдании крови» Денис Зазыба и Родион Чубарь только ищут свое «место на войне», в третьей книге мы вправе уже говорить об истинном начале их военных судеб.
Чубарь получает боевое задание – отвести за линию фронта группу окруженцев и передать в действующую армию. Он старательно готовится к выполнению задания, изучает карту, планы размещения вражеских войск, структуру немецкой тайной полевой полиции… (Надо сказать, что здесь автор несколько утрачивает чувство меры, чрезмерно долго копаясь в интересных своей исторической достоверностью немецких документах. Ниже будет возможность остановиться на этом более подробно.)
Мы видим в «Своих и чужих», как постепенно меняется психология Чубаря. Пройдя нелегкие испытания, он начинает понимать, что истинный руководитель не тот, кто просто ведет людей за собой, а кто готов нести за них ответственность, кому близка боль других. Даже после получения столь важного задания Чубарю как-то не по себе, «саднило в душе, будто он действительно изменял кому-то, решаясь снова уйти далеко от Веремеек» (фронт тем временем был уже далеко за Десной).
Но идти за линию фронта Чубарю не пришлось. Карханов дает ему другое задание – привести сформированный в райцентре партизанский отряд, чтобы совместными действиями осуществить операцию по разгрому вражеского гарнизона в Крутогорье. Темной декабрьской ночью под вой старого волка Чубарь пробирается в Веремейки. Он хорошо знает, что «единственный человек в Забеседье, который поможет ему выполнить задание командира спецотряда за короткое время, – Денис Зазыба».
Так все «возвращается на круги своя». Зазыба еще не знает, что им с Чубарем предстоит плечом к плечу выйти на схватку с врагом, но он уже внутренне готов к этому, он «понял, что в их с Чубарем спорах об организации сопротивления фашистам было мало здравого смысла. Ни максималист Чубарь, который готов был немедленно ломать и крушить все вокруг, чтобы хоть чем-то навредить врагу, пусть даже ценой не просто больших, неравнозначных жертв, но и самоубийства», ни он сам, Зазыба, слишком, может быть, расчетливый и осторожный, «были не правы. Напрасно тратя время, оба они не в состоянии были сделать первый шаг в нужном направлении». Впереди – серьезная организованная партизанская акция. Это – финал романа, финал, открытый в будущее. Видимо, нужно ждать следующей книги.
Надо сказать, в изображении самих партизанских действий преобладает очерковость. Понятно, что писатель ставил перед собой другую задачу – исследовать прежде всего психологию человека на войне. И все же… Как только речь заходит о конкретных диверсиях против врага, неторопливое эпическое повествование сменяет скороговорка, голое перечисление фактов.
Похоже, что здесь сама малоисследованная пока историками многослойная реальность понуждала писателя выступить в роли историка. Во всяком случае, в романе весьма ощутима тяга автора к документу. Только новый для прозаика прием не получил еще должного осмысления, и художнические задачи несколько потеснились. Все же мы пока не можем говорить о едином сплаве художественного вымысла и документа в романе, который усиливал бы авторское «мужество мысли» (Белинский).
…Творчество – это всегда неустанная борьба автора с самим собой и с материалом, сопротивление которого необходимо преодолевать. Борьбе всегда сопутствуют издержки, а порой и потери. Но и приобретения. Так, в романе «Свои и чужие» явно слабее по сравнению с предыдущими книгами стала лирическая основа, поубавилось драматизма в сюжете, но громче зазвучали диалоги, преисполненные острого столкновения мысли. Это и приближает роман к тем произведениям, которые отличаются «драматическим психологизмом» как стилевым своеобразием современной прозы о войне.
Однако же И. Чигринов остается верным своему неодолимому стремлению к эпичности. Он по-прежнему стремится понять народ и время в их глазных сущностных проявлениях. Трилогия показывает человека как защитника судьбы народной, а также народ в борьбе за судьбу отдельного человека.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Г. Шкапіч
Трэці раман Івана Чыгрынава «Свае і чужынцы», як вядома, з’яўляецца працягам папярэдніх твораў пісьменніка «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві». Аўтар, расказваючы пра пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны, з глыбокім псіхалагізмам раскрывае, як барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі набывала ўсенародны размах, як мужнелі характары тых, хто не скарыўся ворагу. Далейшае развіццё атрымалі вобразы Зазыбы і Чубара, іншых верамейкаўцаў.
Пераклала раман на рускую мову I. Сяргеева. Перад гэтым ён друкаваўся на старонках часопіса «Дружба народов», а ў наступным годзе будзе змешчаны ў «Роман-газете».
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 2
Таіса Грамадчанка
У снежні сустракае свой юбілей вядомы беларускі празаік Іван Чыгрынаў.
Пра мастака слова найперш і найлепш гавораць яго творы. Але поле дзейнасці пісьменніка не абмяжоўваецца рабочым сталом і службовым кабінетам. Як сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў рэспублікі I. Чыгрынаў адказвае за прозу, драматургію і публіцыстыку, за прапаганду мастацкай літаратуры, за работу з маладымі аўтарамі. Яго можна бачыць не толькі ў Доме літаратара, а і на пасяджэннях Мінскага гаркама партыі, калегіі Міністэрства культуры БССР. Ён – член праўлення СП СССР, член камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР, член камісіі па прэміях ЛКСМБ, член рэдкалегіі часопіса «Полымя», намеснік старшыні Беларускага аддзялення Таварыства савецка-германскай дружбы. Нягледзячы на службовыя і грамадскія абавязкі, I. Чыгрынаў часта сустракаецца з чытачамі, якім разам з кнігамі патрэбна таксама жывое слова іх аўтара. Творы ж пісьменніка чытаюць далёка за межамі Беларусі, яны перакладзены на многія мовы свету.
І. Чыгрынава можна назваць ваенным празаікам. Вядома, ён піша не толькі пра Вялікую Айчынную вайну. Ёсць у яго, напрыклад, апавяданне пра прыезд на Беларусь «гасудара ўсяе Русі» Пятра I – падзею, аддаленую ад нас некалькімі стагоддзямі («Цар і мой прашчур»). У многіх апавяданнях I.Чыгрынаў паказвае пасляваеннае мірнае жыццё. Мне асабліва падабаюцца «Усціння» і «У горад», у якіх празаік расказаў пра людзей вялікай і шчодрай душы. Здаецца, колькі ўжо напісана пра нашых вясковых маці, якія пааддавалі гораду сваіх сыноў і дачок і дажываюць век у адзіноце. А вось не губляюцца ў гэтым бясконцым пераліку чыгрынаўскія творы, хоць надрукаваныя яны былі два дзесяцігоддзі назад, калі перасяленне вясковай моладзі ў горад толькі набывала масавы характар. Чытаеш апавяданні і нязменна апаноўвае шчымлівае пачуццё смутку. Ад таго, што старая Усціння вымушана карове гаварыць «нерастрачаныя ласкавыя словы» («Усціння»), што шчыры матчын клопат пра сынаву сям’ю натыкаецца на халодную абыякавасць нявесткі («У горад»).
I ўсё ж галоўнай тэмай, калі можна так сказаць, самым вострым пісьменніцкім болем для I. Чыгрынава стала мінулая вайна. Яе водгалас выразна адчуваецца і ў творах, героі якіх жывуць праблемамі сучаснасці: лёс людзей быццам прадвызначаны тымі далёкімі падзеямі. Дваццаць гадоў чакае мужа гераіня апавядання «Жыве ў крайняй хаце ўдава». Стары Дземідзёнак, які згубіў у вайну ўнучку, здзіўляе ўсе навакольныя вёскі: купляе на сваю невялікую пенсію птушак і выпускае іх на волю («Дзівак з Ганчарнай вуліцы»). Складаны, драматычны шлях Вольгі («Апавяданне без канца»), Вацуры («Па сваіх слядах»), Рэйдзіхі і Ганны («У ціхім тумане») і іншых герояў чыгрынаўскіх апавяданняў, што ўвайшлі ў зборнікі «Птушкі ляцяць на волю», «Самы шчаслівы чалавек», «Ішоў на вайну чалавек», «Ці бываюць у выраі ластаўкі?».
Пакаленню пісьменнікаў, да якога належыць I. Чыгрынаў, лёсам было наканавана пазнаць свет праз дым пажараў, праз выбухі і стрэлы, гул бамбардзіроўшчыкаў. «Нам было ў той час па дзесяць гадоў – адным трохі болей, другім трохі меней. I мы былі дзеці вайны, але тады мы амаль усё ведалі, і мне часам здаецца, што ведалі куды больш, чым нават цяпер… Напрыклад, мы без памылкі маглі яшчэ на падлёце пазнаць па гуку самалёты – «нашы» і «не нашы». Ведалі, якія кулі ў што пафарбаваны – звычайныя, разрыўныя, бранябойныя, трасіруючыя… Цяпер ужо адно цяжка пералічыць, а тады мы ведалі, па чым якою куляй страляць…» Так характарызуе сваіх равеснікаў I. Чыгрынаў у апавяданні «За сто кіламетраў на абед». Вобразы дзяцей прысутнічаюць у «Плывуне», «На пыльнай дарозе» і некаторых іншых творах пісьменніка. Але толькі ў апавяданнях «Бульба» і «За сто кіламетраў на абед» I. Чыгрынаў зрабіў дзяцей галоўнымі героямі, паказаўшы суровую і жорсткую праўду, якую давялося вельмі рана зведаць яго пакаленню. Гэтымі двума апавяданнямі ён быццам сказаў тое самае важнае, што хацеў, што павінен быў паведаміць пра жыццё маленькага чалавека ў гады ліхалецця. I быццам збаяўся сказаць больш, каб незнарок не разбавіць канцэнтрацыю глыбокага драматызму, не аслабіць эмацыянальнага напружання.
У інтэрв’ю ў сувязі з прысуджэннем сярэбранага медаля імя А. Фадзеева за раманы «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» I. Чыгрынаў гаварыў: «…Я ўвесь час знаходжуся на вайне, жыву з аднымі і тымі ж людзьмі, жыву іхняй псіхалогіяй, іхнімі радасцямі, іхнім горам, іхняй барацьбой». Думаецца, пісьменнік меў маральнае права так сказаць пра сябе, нягледзячы на тое, што яго асабісты вопыт істотным чынам адрозніваецца ад вопыту пісьменнікаў- франтавікоў, многія з якіх спасцігалі вайну на перадавой. У пакалення I. Чыгрынава была свая «перадавая»: яму таксама давялося зведаць страх гвалтоўнай смерці, голад і холад, давялося бачыць, «як мужыкоў у гумнах палілі, як ваеннапалонных цікавалі аўчаркамі». Перажытае ў гады фашысцкай навалы напамінала пра сябе запозненымі пахавальнымі, выплаканымі вачамі мацярок, сіротамі-бязбацькавічамі.
Гаворачы пра асабістую далучанасць да векапомных дзён, пісьменнік меў на ўвазе не толькі факты жыццёвай біяграфіі. Успаміны сведак і ўдзельнікаў, дакументы, матэрыялы, што датычаць ваеннай пары (усё гэта I. Чыгрынаў выкарыстоўваў пры напісанні сваіх галоўных кніг – «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы»), будзілі ўласную памяць, і, наадварот, бачанае, чутае калісьці прымушала шукаць адказы і тлумачэнні, аналізаваць, супастаўляць. Празаік быццам пераносіўся сам у драматычны сорак першы год, працяглы час нейкай часткай душы жыў побач са сваімі героямі.
Раманы I. Чыгрынава з’явіліся пасля таго, як пра Вялікую Айчынную вайну ў беларускай літаратуры сказалі важкае слова В. Быкаў, Я. Брыль, I. Навуменка, I. Шамякін, А. Адамовіч і іншыя пісьменнікі. Аднак першы ўжо твор засведчыў, што малады раманіст не збіўся на пратаптаныя сцежкі, не пайшоў за папярэднікамі ў паказе ваеннага мінулага. Ён здолеў «пабудаваць» свае Верамейкі, насяліць іх жывымі людзьмі. Побач з героямі ваенных раманаў I. Навуменкі і I. Шамякіна, аповесцей В. Быкава жывуць героі трылогіі I. Чыгрынава Дзяніс Зазыба, Парфён Вяршкоў, Радзівон Чубар.
У раманах I. Чыгрынаў ставіў за мэту «паказаць… народ, расказаць пра яго, расказаць не спяшаючыся, шырока і грунтоўна, галоўнае – праўдзіва». Такое імкненне пісьменніка ўзнікла з адчування адказнасці, абавязку перад сваім народам, перад тымі людзьмі, сярод якіх ён нарадзіўся.
Расказаць пра народ – гэта, пэўна, не толькі выявіць асноўныя тэндэнцыі ў чалавечых адносінах і асноўныя падзеі свайго часу, але кажучы словамі аўтара «Плачу перапёлкі», «Апраўдання крыві», «Сваіх і чужынцаў», данесці да сучасніка «той момант, тое сонца, тую зямлю, той голад, той страх, той боль, тую радасць, тую барацьбу» – усё, чым жывуць людзі ў пэўны перыяд гісторыі.
Прыцягальная сіла раманаў I. Чыгрынава ў натуральнасці і праўдзівасці, з якой пісьменнік паказвае жыццё вёскі. Пад натуральнасцю і праўдзівасцю маецца на ўвазе не проста дакладнасць аўтара ва ўзнаўленні ваеннай рэчаіснасці, але і паказ складанасці самога жыцця, драматызму чалавечых лёсаў. Побач з Зазыбам і Чубарам, якія з самага пачатку думаюць пра змаганне з ворагам, жыве Кузьма Прыбыткоў. Не, ён таксама не вітае прыход фашыстаў, але спадзяецца, што «яны дарэмна не будуць людзей чапаць»… Жывуць Сілка Хрупчык і Мікіта Драніца, для якіх аднавясковец Брава-Жыватоўскі застаўся «сваім» і пасля таго, як пайшоў на службу да немцаў. Пісьменнік досыць шырока вядзе гаворку пра верамейкаўскіх жанчын. Перад імі, здаецца, увогуле не паўстае пытання барацьбы з ворагам. Галоўны іх клопат застаецца ранейшы – дзеці, гаспадарка. Разам з тым гэта зусім не азначае, што яны маласвядомыя ці пазбаўлены пачуцця патрыятызму і любові да Радзімы. Жанчына ў раманах I. Чыгрынава выступае захавальніцай жыцця, парадку і гармоніі ў ім. Відаць, таму яе цяжка ўявіць са зброяй у руках. Каб тая ж Зазыбава Марфа, ці маладзейшыя Дуня Пракопкіна, Роза Самусёва, Ганна Карпілава ўзняліся на актыўную барацьбу з ворагам, патрэбна ўшчэнт разбурыць звыклае для іх жыццё, перарваць усе карані, якія звязваюць жанчын з сям’ёй, дзецьмі, хатаю, гаспадаркаю.
Героі I. Чыгрынава ў сваіх паводзінах, памкненнях кіруюцца не толькі жаданнем помсціць захопнікам. Пісьменнік паказвае, што і ў гады цяжкіх для народа выпрабаванняў жыццё людзей напоўнена самым розным клопатам, але гэта зусім не змяншае таго істотнага, значнага, што адкрылася ў чалавеку, хутчэй – наадварот.
Глыбокае асэнсаванне атрымала ў трылогіі праблема народнага патрыятызму, які з асаблівай сілай выявіўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта праблема стала адной з галоўных у раманах. У самым пачатку «Плачу перапёлкі» пісьменнік сутыкае ў вострай спрэчцы Зазыбу і Чубара. Чубар лічыць сапраўдным патрыётам таго, хто падаўся ўслед за Чырвонай Арміяй на ўсход. Зазыба ў якасці контраргумента прыводзіць прымаўку: «хто з роднай зямлі ўцякае, той ворага не перамагае». Тут па сутнасці два розныя падыходы да разумен ня патрыятызму – прамалінейна-спрошчаны і мудра-разважлівы, народны. Патрыятызм, як яго разумее народ, мае два зыходньія моманты: любоў да сваёй зямлі і нянавісць да ворага, прытым апошняе вырастае з першага. Голае, адасобленае пачуццё нянавісці, паказвае I. Чыгрынаў, можа прынесці для справы барацьбы больш шкоды, чым карысці. Так, пакуль у душы Радзівона Чубара пераважае пачуццё нянавісці, ён робіць адну памылку за другой: падпальвае зжатае верамейкаўцамі жыта, забівае ваенурача, абвінавачвае ў здрадзе сумленных людзей. Другому галоўнаму герою, Дзянісу Зазыбу, правільна з’арыентавацца ў складаных абставінах дапамагае якраз любоў да роднага краю. Такая трактоўка патрыятызму дазволіла пісьменніку інакш глянуць на тых беларускіх жанчын, мужчын, падлеткаў, якія не маглі змагацца з чужынцамі са зброяй у руках, выразна ўбачыць іх свабодалюбства і незалежнасць, іх любоў да роднай зямлі і адданасць Савецкай уладзе.
Каб паказаць народ, недастаткова, відаць, вывесці ў творы так званых тыповых яго прадстаўнікоў (па традыцыі ў нашай літаратуры такім выступае вобраз селяніна-працаўніка). Складаны, шматмерны вобраз народа тым паўней будзе ўвасоблены, чым больш непадобныя будуць героі, якія нясуць у сабе тое няўлоўнае і цяжкавызначальнае, што называ ецца рысамі народнага характару. Талент пісьменніка, пэўна, выяўляецца і ў тым, што ён можа знітаваць, злучыць у адно цэлае разрознены чалавечы матэрыял, убачыць у ім агульнае. I. Мележ у «Палескай хроніцы» зрабіў тыповымі, як у сэнсе мастацкага ўвасаблення характараў, так і ў сэнсе нацыянальнай прыналежнасці герояў, не толькі Васіля Дзятла, Ганну Чарнушку, Халімона Глушака, але і Апейку, Башлыкова, Міканора, Андрэя Рудога, Дубадзела…
Сярод герояў прозы I. Чыгрынава – людзі самыя розныя: разумныя і недалёкія, шчырыя і хітрыя, сур’ёзныя і жартаўнікі. I, думаецца, не было б эфекту асаблівай мастацкай праўдзівасці раманаў, калі б побач з Дзянісам Зазыбам, Парфёнам Вяршковым, Андрэем Марухіным не жылі ў Верамейках Мікіта Драніца, Раман Сёмачкін, Брава-Жыватоўскі.
Некалі В. Быкаў адзначаў, што ў творах I. Чыгрынава «вельмі шмат каларытных вобразаў дзядзькоў, жанчын, жывапісна ўзноўленых канкрэтна бытавых сцэн. Герояў «Плачу перапёлкі», «Апраўдання крыві», «Сваіх і чужынцаў» чуеш, бачыш, выразна ўяўляеш таксама той свет рэчаў, што спадарожнічае ім у штодзённым жыцці, тыя палявыя і лясныя сцежкі і дарогі, якія вядуць іх у Верамейкі і з Верамеек. Майстэрства надзвычай ярка паказаць чалавека вонкава, шматкалярова намаляваць карціны прыроды спалучаецца ў пісьменніка з глыбокім псіхалагічным майстэрствам.
…Трылогію пра жыццё і змаганне беларускага народа ў гады вайны I Чыгрынаў закончыў напярэдадні свайго юбілею. Пра што будзе новы твор? Пра сівую гісторыю, як абяцаў аднойчы чытачам пісьменнік? Пажадаем яму поспехаў.
Міхась Тычына
Iван Чыгрынаў. Свае і чужынцы. Раман. «Мастацкая літаратура», 1984.
Усё-такі дзіўна чуць развагі пра «стомленасць» ваеннай прозы. Асабліва калі прачытаеш новую дыхтоўную рэч пра мінулую вайну. А раман Івана Чыгрынава «Свае і чужынцы», які нядаўна выйшаў асобнай кнігай, з гэтага шэрагу. Ці пераўзышоў аўтар папярэднікаў? Наконт гэтага можна спрачацца. Але тое, што так пра вайну да Чыгрынава ніхто не пісаў, несумненна. Колькі ўжо напісана пра акупацыю і партызанскае супраціўленне ў гітлераўскім тыле – Гімалаі. I. Чыгрынаў зноў жа піша пра тое, як людзі жылі і змагаліся, як жыў і змагаўся ва ўмовах акупацыі народ. Але піша з асаблівым адчуваннем, што пра мінулую вайну шмат недасказана, а шмат і проста не сказана. «А галоўнае, – сцвярджае пісьменнік, – мала той вайны, мала таго народнага жыцця, якое было тады… А калі гаварыць увогуле, дык, мне здаецца, назіраецца такая з’ява, быццам недзе прытупляецца ў нашых творах пра вайну гэтая самая тамашнасць. Што я хачу сказаць? Ужо некаторыя творы падобны не на жыццё, а на літаратурныя творы. Няма ў іх таго моманту, таго сонца, той зямлі, таго голаду, таго страху, таго болю, той радасці, той барацьбы, – гэта ўжо нешта ад выдуманага. Гэта такі стан, калі яшчэ і вялікай выдумкі цяма, але ўжо і жыцця няма. Дзіўна, што нават удзельнікі вайны пішуць так…»
Жывое жыццё, жывыя людзі – гэта гаворыцца нездарма. Прырода і гісторыя з’яўляюцца самым агульным фонам, на які праецыруюцца падзеі і вобразы чыгрынаўскіх раманаў. Пасля голай прозы, у якой усё паказваецца наогул, прыблізна, пісьменнік як бы вяртае нас да жыцця, дзе пахнуць трава і кветкі, дзе спяваюць птушкі і гамоніць на ўсе галасы лес. У такой першароднасці і паўнаце ўспрымаецца наваколле толькі ў дзяцінстве. А адна з мэт сапраўднай літаратуры – вяртаць свежасць і дзіцячую непасрэднасць светаадчування. Узнаўляючы «тамашнасць» жыцця, рэканструюючы мінулае, пісьменнік, здараецца, перабірае меру, нагрувашчвае факты, падрабязнасці, лічбы, якія, што хавацца, не ўсім вядомыя, а то і зусім невядомыя. Прыроднае ў чалавеку, на якім акцэнтуе ўвагу аўтар, у вайну інтэнсіўна выяўляла свой жыццесцвярджальны пачатак. У родным наваколлі чэрпаюць героі I. Чыгрынава жыццядайную сілу і ўчэпістасць. Тут пісьменнік ідзе след у след за класікай: «Каб у кожнага і ўсюды было благаславенне жыцця, – пісаў К. Чорны, – прага да яго. Аптымізм, як трава на сонцы, як «немец з гноем на вілах зранку», як пачатак «Воскресения» Л. Талстога».
Асобны чалавек, а то і цэлая група людзей на пэўны час могуць адарвацца ад маці-прыроды і ўявіць, быццам яны і вышэй, і мудрэй. Тут выток сучасных экалагічных калізій. Але заўважана, што пачуцці, думкі, учынкі гэтай катэгорыі людзей звычайна пазбаўлены той цяжкай сілы і грунтоўнасці, якая ёсць, скажам, у «натуральнага чалавека». Дзяніс Зазыба шмат якімі рысамі якраз і нагадзае такога чалавека, які натуральна ўпісваецца ў навакольнае асяроддзе. У яго лагоднасці, няспешлівасці, роздумнасці, сціпласці адлюстроўваецца своеасаблівасць беларускай прыроды, пейзажаў і клімату. У гэтых адносінах Дзяніс Зазыба сапраўды нацыянальны тып. Але яго тыповасць неасацыіруецца з застыласцю, нерухомасцю, няздольнасцю да змен, бо ён не толькі «натуральны», «прыродны», але і «гістарычны чалавек», сацыяльна акрэсленая асоба, якая жыве ў бурны век. Далейшае развіццё падзей шмат у чым папраўляе яго. Прынамсі, у новым рамане відаць, што Зазыбава абачлівасць, якая ў пэўны момант вайны адыграла сваю пазітыўную ролю, у новых умовах ператвараецца ў празмерную асцярогу і замаруджанасць: надыходзіць пара актыўнага дзеяння, і на акупіраванай тэрыторыі савецкія людзі павінны заставацца гаспадарамі становішча.
Радзівон Чубар (ён і Дзяніс Зазыба па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі аўтара), цалкам захоплены грамадскімі справамі, лічыць прыроду, натуру толькі знешнім фонам, на якім дзейнічае чалавек. Працяглы час ён проста не ўспрымае яе як нешта вартае асаблівай увагі. Іменна таму Чубар, не задумваючыся над вынікамі, паслухмяна выконвае загад аб «выпаленай тэрыторыі», якую трэба пакінуць ворагу. У рамане «Свае і чужынцы» герой ужо разумее, што сваім учынкам не толькі шкодзіць ворагу, але і ў пэўнай меры падрывае карані існавання народа на акупіраванай тэрыторыі, і таму гатовы ахвяраваць сабой, каб выратаваць жыццё ласяняці: «Яго зберагчы трэба. Вайне ж не вечна быць…» У спасціжэнні глыбіннага сэнсу падзей Чубар набліжаецца да Зазыбы і цвёрда настойвае на сваім разуменні, калі яго таварыш па зброі Шпакевіч выказвае сумненне ў своечасовасці такога падыходу да свету: «Тут людзей не заўсёды шкадуюць, а ты – звера…»
Пісьменнік увесь час трымае ў полі зроку «дыялектыку душы» свайго героя, і калі на апошніх старонках рамана мы чытаем, як Чубар жадае пабачыць «тую крыніцу каля лазовага куста», адкуль бярэ выток Бесядзь, то не здзіўляемся і не сумняваемся ў натуральнасці яго парыву. «Дзіўна, але ад выгляду кволага пачатку знаёмай ракі, яе трапяткога імкнення ў свет з далёкага смаленскага балота раптам сціснулася Чубарава сэрца, быццам ён пражыў на ёй усё жыццё, з’явілася такое ўражанне, быццам яму выпала магчымасць – гэта па меншай меры – прысутнічаць пры нейкай таямнічасці, што мала паўтараецца на вяку. I яшчэ яго апанавала адно адчуванне – у гэтыя хвіліны ён усё роўна як знайшоў нарэшце самога сябе, які вельмі даўно недзе згубіўся паміж людзей і вось цяпер знайшоўся. Праўда, усвядоміў Чубар як след гэта трохі пазней, калі ўжо ішоў з вярхоўя Бесядзі ў Батаеўскія лясы, аднак у канцы дарогі ён дакладна ведаў, што вернецца калі-небудзь у свае Верамейкі, да тых людзей, якія, як аказалася напавер, сталі яму блізкімі».
Бесядзь і верамейкаўцы… Прыгадаем Бесядзь у паэзіі Аркадзя Куляшова, тую самую Пакручанку-раку, як паэт называе яе ў адной з паэм, якая не толькі дае святло людзям, але і імкнецца да акіяна чалавецтва. Найбольш цікавыя старонкі рамана «Свае і чужынцы» якраз тыя, дзе паказваюцца вытокі ўсенароднага партызанскага руху, індывідуальны шлях герояў да актыўнага ўдзелу ў барацьбе з ворагам. Ва ўмовах поўнай акупацыі, калі над Верамейкамі навісла злавеснае зацішша і «часам здавалася, што нават вайна перастала быць вайной, змяніла сваю сутнасць», у дзеянне ўступаюць глыбінныя сілы народа, уздымаецца дубіна ўсенароднай вайны. Раманіст, прыкметна схільны да строга дакументальнага выкладання фактаў (гэты бок яго творчай манеры выразна выявіўся ў новым рамане), зноў выкарыстоўвае сімвал, які канцэнтруе ў сабе вялікі ідзйны змест. Крыніца, з якой пачынаецца Бесядзь, бруіцца: «Яе так і не здолеў скаваць лёд, хоць маразы ўжо стаялі моцныя. Але далей, па рэчышчу, скрозь блішчэў лёд, і пад ім, як звілісты жолаб, абмазаны белым глеем, ледзь прыкметна пульсавала вузенькая Бесядзь, якая потым, праз многа кіламетраў, прымаючы да сябе шматлікія, часам зусім безназоўныя прытокі, рабілася паўнаводнай і ў меру, па тутэйшым разуменні, канечне, шырокай».
Паказальная пераклічка твораў сучасных савецкіх пісьменнікаў, якая сведчыць, што творчы пошук ідзе ў адным кірунку – да ўсё больш глыбокага асэнсавання праблемы «народ і вайна». Ужо назвы гэтых твораў самі за сябе гавораць: «I пад лёдам вада цячэ» I. Бэлза, «Ядловец выстаіць і ў суш» Ю. Туліка… Думка пра глыбінныя сілы народа, якія дапамаглі яму выстаяць у страшных абставінах вайны, калі рэальнай была пагроза ўсеагульнага фізічнага знішчэння, уласцівая і аповесці Я. Носава «Усвяцкія шлеманосцы»: «Э-э, малы! – затрымцеў нязгодным смяшком дзядуля Селіван. – Снег, братка, таксама па кроплі растае, а паводка збіраецца. Нас тут кропля, ды зірні туды, за раку, бачыш, народ па слупах ідзе? Вось і другая кропля. Ды вунь наперадзе, падзівіся, мосцік пераходзяць – трэцяя. Ды ўжо нікольскія прайшлі, размёцінскія… Гэта, лічы, па тутэйшых дарогах. А і па іншых шляхах, якіх мы з табой не бачым, мабыць, таксама ідуць, га? Па ўсёй маці-зямлі нашай! Вось табе і паводка. Вось і галоўная армія!»
Так, ва ўмовах усенароднай барацьбы на ўліку кожны чалавек, і вельмі важна не выпусціць нікога з поля зроку, у час перацягнуць на свой бок. У размове сакратара падпольнага райкома Манько з Зазыбам, якая займае адну з вузлавых мясцін у сюжэце, сакратар падпольнага райкома Манько інструктуе Зазыбу: «I ўсёткі вы падумайце далей, каму з вашых можна даверыцца. Прытым не дужа звужайце кола сваіх пошукаў. Трэба ўлічваць тую акалічнасць, што ў часе вайны чалавек варты большага, чым пра яго звычанна дагэтуль думаюць». Імкнучыся выявіць вытокі масавага народнага супраціўлення акупацыйнаму рэжыму, I. Чыгрынаў значна пашырае кола дзейных асоб. Кожны новы герой – гэта не толькі носьбіт нейкай пэўнай «ідэёвай катэгорыі», калі карыстацца тут вызначэннем К. Чорнага, але і індывідуальны характар. Гэта ў роўнай ступені адносіцца як да галоўных, так і да другарадных або эпізадычных герояў. Сакратар падпольнага райкома партыі Касьян Манько, камандзір атрада крутагорскіх партызан Мітрафан Нарчук, камісар атрада Сцяпан Баранаў, калгаснік Васіль Пацюпа, «акружэнец» Андрэй Марухін – яны запамінаюцца якраз своеасаблівасцю погляду на падзеі, выразнай непаўторнасцю псіхалагічнай рэакцыі. Манько, які датуль не быў знаёмы з Зазыбам, «не спяшаўся з першым словам, неяк нецярпліва кідаў зрокам на Зазыбу, акурат прыглядаўся», але, наталіўшы сваю маўклівую цікавасць, загаварыў вольна і шчыра. Баранаў, які да вайны быў сакратаром райкома і, здаецца, ведаў людзей, з кім жыў і працаваў, раптам робіць адкрыццё: якім бескарысліва шчодрым і высакародным можа быць просты чалавек, тая ж старая жанчына, што, не вельмі баючыся кары, дапамагла яму накарміць цэлы партызанскі атрад, нічога не шкадуючы і не чакаючы падзякі.
Адна з прыкмет чыгрынаўскіх раманаў – шматлюднасць. Яна не выпадковая, а, можна сказаць, – канцэптуальная, бо выяўляе адну з самых глыбокіх думак пісьменніка пра багацце і складанасць жывога жыцця, пра веліч і хараство народнай душы. Найбольш сярод яго герояў людзей звычайных, простых, тых, якія, паводле слоў самога I. Чыгрынава, «ведаюць, як і сад пасадзіць, як і зямлю ўзараць, як і пасеяць, якія ўмеюць філасофстваваць у добрым сэнсе гэтага слова, якія могуць ахапіць увесь свет сваім розумам, нават калі зменшаную мадэль яго створаць пры гэтым». Пісьменнік умее знаходзіць такіх людзей і ўмее пільна да іх прыглядацца, бачачы ў кожным канкрэтнае выяўленне нэцыянальнага характару беларуса. «Нейкі запушчаны дзед» – такім спачэтку бачаць партызаны Лазара Знатнага, гаспадара хаты, дзе яны заначавалі. Ды і пазней аўтар не робіць канчатковых вывадаў пра характар гэтага чалавека: першае ўражанне можа быць памылковым. Але паказальны сам працэс назірання за паводзінамі героя: «…гаспадар выдаваў сябе перад партызанамі чалавекам прыкідлівым і не ў меру гаваркім. Чамусьці ён рабіў гэта назнарок, нібыта бачыў у такіх паводзінах нейкі разлік. Хоць магло, вядома, і адваротнае быць, што ён прыкідваўся і многа гаварыў, проста характар у яго такі выхаваўся, а ўсё іншае толькі здавалася чужым людзям». Зусім інакш паводзяць сябе кульгавы мужык з бабай, якіх партызаны напаткалі ў зямлянцы, выкапанай на сухой грыве, побач з колішняй лісінай нарой: іх вымушае так таіцца і ад сваіх, і ад чужых тая акалічнасць, што засталіся на іх адказнасць дзве маладыя дзяўчыны-ўнучкі, «якія былі ў тым малочным і яшчэ не зусім самастойным узросце, калі нават у лепшыя часы бацькам даводзіцца праз іх не надта моцна спаць па начах». Гэтыя людзі таксама па-свойму выяўляюць народны погляд на ваенную навалу: «…неяк жа будзе і з немцамі. Галоўнае, перабыць цяперашнюю навалу. Ета як у вялікае разводдзе. Толькі і паспявай азірацца, каб самога куды-небудзь не знясло вадой. Ну а пасля, тыдняў праз колькі, глядзіш, і… усё спакойна, усё зіхціць вакол, усё на месцы… калі, вядома, яно моцна стаяла на тым месцы». Дэталі, эпізоды, сцэны, маналогі і дыялогі герояў множацца (часам праз меру), узаемалюструюцца і ў сукупнасці ствараюць эпічную карціну таго, як людзі адносяцца да вайны і як бяруцца за зброю.
Пісьменніцкія цыклы і серыялы ствараюцца па-рознаму. Найчасцей некалькі твораў аб’ядноўваюцца ў адно цэлае агульнасцю ідэй, пераемнасцю сюжэта, адзінствам дзейных асоб. I. Чыгрынаў не паўстае тут першаадкрывальнікам. Але своеасаблівасць цыкла яго раманаў у тым, што яны без асаблівых страт чытаюцца кожны самастойна. Яны завершаны канцэптуальна. Гэта ў беларускай літаратурнай традыцыі – так будаваў сваю «мастацкую гісторыю беларускага народа» К. Чорны: у аснове кожнага асобнага твора павінна ляжаць праблема, якая моцна хвалюе сучаснікаў. Так сама рэчаіснасць узбагачае пісьменніка новымі ідэямі. Так пісалі А.М. Горкі, А.М. Талстой, Ф.М. Гладкоў…
Калі гаварыць агулам, то першы раман чыгрынаўскага цыкла пераважна эмацыянальны: плач перапёлкі героі рамана, верамейкаўцы, успрымаюць як вестку пра блізкую трагедыю народа. Другі раман пераважна інтэлектуальны, роздумны – героі ўсе разам і кожны асобна мяркуюць ды разважаюць пра тое, як пазбегнуць неапраўданых ахвяр, як ва ўмовах смяртэльнай небяспекі захаваць народ, зберагчы ў жывой цэласнасці ягоную душу. У рамане «Свае і чужынцы» на змену пачуццям і думкам прыходзіць дзеянне – героі знаходзяцца перад вырашальным выбарам, становяцца на адзін і на другі бок, выяўляюць свае жыццёвыя пазіцыі, індывідуальныя характары. У гэтых абставінах вялікае значэнне мае жыццёвая стратэгія ваюючых бакоў. Ад планаў захопнікаў у адносінах да беларусаў патыхае толькі смерцю, якая знаходзіцца заўсёды, як дакладна заўважыў У. Юрэвіч, у хаўрусе з подласцю, жорсткасцю, нізкасцю і таму не мае будучыні. Калі яны яшчэ ў чым і сумняваюцца, як вынікае з прыведзеных аўтарам дакументаў, дык у тым, як быць з Беларуссю – разрабаваць яе ці ператварыць у эканамічны прыдатак рэйха. З мэтай «поўнага ўсмірэння краю» і наогул вывучэння настрояў на акупіраванай тэрыторыі гітлераўцы напускаюць на «забранае насельніцтва» не толькі сваю грабармію, не толькі айнзацкаманды, але і добраахвотных памагатых з ліку беларускіх нацыяналістаў, якія пад дулам нямецкіх аўтаматаў «дбаюць» пра «самастойную Беларусь», а па сутнасці – разбэшчваюць народную душу ідэйкамі пра магчымасць «нейтралітэту» ва ўмовах акупацыі. Так супрацьстаянне армій набывае дадатковы сэнс: на полі вайны сышліся дзве супрацьлеглыя ідэалогіі, адбылося размежаванне «сваіх» і «чужынцаў». Твор I. Чыгрынава набывае рысы палітычнага рамана.
Кульмінацыйныя моманты, дзе найбольш выразна і драматычна выяўляюцца розныя погляды на вайну, дзе адбываецца жорсткая бітва ідэй, вылучаюцца адразу сваёй павышанай эмацыянальнасцю і канцэнтрацыяй мастацкай змястоўнасці. З гэтай барацьбы за кожнага асобнага чалавека, за людскія душы і пачынаецца народ. Касьян Манько ў размове з Зазыбам дае глыбокую партыйную ацэнку падзей: «… зноў настаў час, калі такое паняцце, як мера патрыятызму, кладзецца на шалі». Сакратар падпольнага райкома не быў знаёмы з Зазыбам, таму палічыў неабходным нагадаць яму пра рэчы, пра якія той і сам добра ведаў. Прынамсі, першыя словы яго былі звернуты не адзін да аднаго, а да кагосьці ўяўнага, каму трэба было даказваць відавочнае. Аўтар, адчуваючы меру, калі справа датычыцца высокіх ісцін, толькі пераказвае змест гэтай размовы і гэтым выказвае свой давер да чытача: «…мера патрыятызму… з’яўляецца адной з самых складаных з’яў, і выяўляецца яна ў гадзіну найцяжэйшых выпрабаванняў: у звычайным, мірным жыцці чалавеку немагчыма стаць на гэтыя суровыя ў сваёй дакладнасці шалі айчыны; іх проста няма, яны адсутнічаюць, а словы пра тое, як ты любіш Радзіму і што гатовы ахвяраваць у імя яе, не маюць вагі; галоўную праверку робіць вайна, дзе трэба плаціць за зямлю, на якой вырас, крывёю, жыццём; і вось настаў час, калі павінна зноў высветліцца, ці шчодрыя мы на гэту плату».
Але Касьян Манько не з тых кіраўнікоў, што ў даваенны час мелі звычку гаварыць з людзьмі так, быццам знаходзіліся ўвесь час на трыбуне, ён цвяроза глядзіць на рэчы: «…селянін заўсёды загадкай быў. Не думаю, што дзесяць гадоў, якія давялося яму жыць і працаваць у калектыўнай гаспадарцы, назусім перайначылі ягоную псіхалогію. Выпрацоўвалася яна стагоддзямі. Затое селянін заўсёды быў патрыётам. Яму заўсёды было што бараніць – зямлю, дом. Значыць, з гэтага мы і павінны сёння зыходзіць у сваёй рабоце па ўцягненню людзей у супраціўленне акупантам». У Зазыбу Манько таксама бачыць тып такога селяніна – патрыёта ад прыроды, будучага змагара.
Але Манько разумее і тое, што формы барацьбы могуць быць розныя – актыўныя і пасіўныя – і што ў такой вайне, як вайна з фашызмам, усе гэтыя формы павінны быць выкарыстаны. На ўліку сапраўды кожны. Вось чаму ў новых умовах не павінны мець месца недагаворанасць, замоўчванне,, або яшчэ горш – зацятасць. Вядома рабіць выгляд, што ўсё заўсёды было добра, што не было перакосаў і нават злоўжыванняў уладай, у абставінах, калі чалавек высвечваецца наскрозь, да самага донца душы, было б недаравальна. Аднак перад тварам смяртэльнай небяспекі, якая навісла над краінай, маральнае толькі тое, што яднае людзей. Падзел на «сваіх» і «чужых» павінен ісці не па нацыянальным прынцыпе, зразуметым вельмі вузка і неглыбока, а па класавым, ідэалагічным, духоўна-маральным.
Зазыба ўжо неўзабаве пасля размовы, разважаючы над тым, на каго яму апірацца ў сваёй падпольнай дзейнасці, прыходзіць да вываду, як трэба цаніць аднадумцаў, сяброў, людзей, адданых справе. Нездарма ў гэтую хвіліну ўспамінаюцца нябожчык Парфён Вяршкоў, на якога ён сапраўды мог спадзявацца, бялынкавіцкі настаўнік Сцяпан Мурач. Думае ён і пра тое, што павінен утрымаць на сваім баку сына Масея, не даць яму ўмацавацца ў пачуцці крыўды за ранейшую несправядлівасць, не даць ходу злой волі. Вось чаму Зазыба так перажывае неспадзяваны наезд былога знаёмца Масея, купца чалавечых душ, нацыяналіста Астрашаба і з такой палёгкай уздыхае, пераканаўшыся, што сын не паддаўся дэмагогіі і нацыяналістычнаму красамоўству гэтага падручнага фашысцкіх катаў.
Размова Масея з Астрашабам з’яўляецца другім кульмінацыйным пунктам твора і як бы працягвае развіццё – ад адваротнага – думак, на якіх пагадзіліся Манько і Зазыба. Астрашаб таксама адмаўляе падзел на «сваіх» і «чужых», на «заходніх» «ўсходніх», але ў імя чаго – у імя «Беларутэніі», ад якой фашысты пакінулі адну толькі Мінскую вобласць.
Чытач, які цвяроза ўсведамляе складанасць сённяшняга становішча ў свеце, што знаходзіцца на мяжы ваеннай катастрофы, ацэніць па заслугах думкі пісьменніка пра нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў сённяшнім свеце, пра неабходнасць аб’яднання ўсіх міралюбівых сіл, каб не дазволіць свету скаціцца ў прорву новай вайны. Так, і гэты змест вычытваецца ў рамане са шматзначнай назвай «Свае і чужынцы».
Мастацкая каштоўнасць ваенных раманаў I. Чыгрынава яшчэ і ў тым, што яны своечасовыя. Хіба не стаіць перад сучаснікам праблема выбару свайго месца ў барацьбе, якая ідзе сёння ў свеце? Хіба не адбываецца ў сучасным свеце спрэчка людзей двух тыпаў паводзін – тых, для каго галоўнай эмоцыяй з’яўляецца страх перад моцнымі гэтага свету, перад будучыняй, хто мітусіцца, спяшаецца, не разбіраючы, дзе дабро, а дзе зло, пужае і сам пужаецца, і тых, хто спакойны, сабраны, дзелавіты, цвёрды, мудры?
Раманам I. Чыгрынава ўласцівая эпічнасць у добрым сэнсе, але не тая добра вядомая старамодная і напышлівая эпапеяманія. Упартая і нейкая цяжкая сіла ў размове пра самае глыбокае ў чалавеку ў раманах пісьменніка выклікае думку пра яшчэ не выкарыстаныя магчымасці буйнамаштабнага, усеахопнага жанру, які ўбірае ўсю шматмоўнасць і шматгалоссе свету. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што I. Чыгрынаў стварае свой мастацкі летапіс мінулай вайны. I ў гэтым яго рэдкае пастаянства і адданасць сваім задумам. Нягледзячы на развагі, што наш час – час малых эпічных форм, раманіст нясе свой цяжар, бо ўсведамляе пісьменніцкі абавязак расказаць свету пра свой народ і пра тое, як ён адносіцца да самай балючай праблемы вайны і міру. Амаль пятнаццаць гадоў працуе I. Чыгрынаў над цыклам задуманых раманаў. Апублікаваны трэці раман. Апошні? Сам аўтар як бы згаджаецца: «Так, апошні… Здаецца, апошні». Зрэшты, мы ведаем, як моцна закручана спружына сюжэта і як марудна, з затрымкай, рытмічна яна разгортваецца, колькі перапрацавана пісьменнікам жыццёвага матэрыялу. Так што працяг – будзе.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 2
А. Мартинович
«СВАЕ I ЧУЖЫНЦЫ» – новый роман лауреата Государственной премии БССР и Литературной премии имени Александра Фадеева Ивана Чигринова
Этот роман ждали. И те, кто познакомился с первыми двумя – «Плач перепёлки» и «Апраўданне крыві», – рассказывающими о жизни Веремеек в первые недели войны. И те, кто полюбил героев писателя по телеспектаклю. Стали они близкими и дорогими всем, для кого знакомство произошло на сцене Белорусского государственного академического театра имени Янки Купалы. Каждому хотелось как можно быстрее узнать о дальнейших судьбах и Зазы6ы, и Чубаря, и всех тех, кому предстоит еще пройти долгими, нелегкими дорогами войны.
Писатель остался верен своей творческой манере – внешне сдержанной, когда каждое слово старательно взвешивается, прежде чем появляется на бумаге, и обретает истинную значимость только тогда, когда внимательно вдумаешься в смысл сказанного, сопоставив его со всем ходом событий. Эта лаконичность присутствует уже в самом начале романа, когда сразу же, с первых строк, чувствуешь значимость всего того, о чем и на этот раз рассказывает автор.
Закономерность природных явлений и жестокая действительность, которая изменила привычный уклад жизни всего народа. Это противоречие постоянно присутствовало и в предыдущих романах И. Чигринова, когда через саму природу писатель передавал состояние человека в самые разные моменты его жизни. Нечто подобное видим и в «Сваіх і чужынцах». Этот художественный прием полностью оправдывает себя, помогая лучше сконцентрировать мысль на главном. Главное в новом романе – рассказ о том, как постепенно в Забеседье разворачивался фронт партизанской войны, как от понимания необходимости борьбы с врагом люди переходили к самой борьбе.
Уже неоднократно отмечалось, что и «Плач перапёлкі» и «Апраўданне крыві» – произведения, в которых автор первопроходец. Рассказывая о, казалось бы, традиционном – войне и деревне, он затрагивает такие аспекты этой важной и, безусловно, сложной темы, которые раньше обходили стороной. Роман «Свае і чужынцы» – новое слово о том, как рождалось партизанское движение в Белоруссии, как ненависть к врагу помогла регулярным частям Советской Армии сокрушить врага.
Как и в предыдущих романах, И. Чигринов не стремится торопить события, действие «Сваіх і чужынцаў» происходит медленно, потому что главное для автора – глубже вникнуть в суть явлений, раскрыть их диалектическое содержание. Начиная читать новый роман, будто входишь в ту сложную, порой неясную обстановку, которая создалась в начале войны в тылу врага. Казалось бы, все как нельзя лучше, понятно. Везде на местах остались надежные люди, которые должны были возглавить борьбу с врагом. Создавались подпольные райкомы, появлялись первые отряды, Сама жизнь ежеминутно, ежечасно могла непредвиденно изменить ход событий, внеся в него свои коррективы.
В октябре были уже два партизанских отряда и в Забеседье: «I сярод іх – адзін мясцовы, той, што быў створаны ў вёсцы Машавая, калі фронт стаяў яшчэ на Сажы. Дарэчы, у спісах гэтага атрада значыўся і Радзівон Чубар». Второй – спецотряд Карханова. Отряды, конечно, были. Но отряды эти только начинали свою боевую деятельность, происходил, если можно так сказать, закономерный процесс перестройки сознания и мышления. Особенно сложно происходил он в отряде Митрофана Нарчука. И сам Нарчук, и комиссар Баранов совсем недавно еще были людьми сугубо мирными.
И. Чигринов очень внимательно присматривается и к самому Нарчуку, и к Баранову, и к бывшему районному прокурору, а теперь рядовому бойцу отряда Шашкину. Психологические характеристики поведения этих персонажей в романе особенно убедительны. Завидуешь мастерству писателя, который, изображая, казалось бы, незначительное событие, может многое сказать о человеке. Правдивым и убедительным получился образ Шашкина. Глубоко и всесторонне раскрывает писатель характеры Нарчука, Баранова. И, конечно же, особого внимания в романе заслуживает все то, что связано с образами Зазыбы и Чубаря,
Персонажи эти, вокруг которых происходили все события в двух первых романах, в новом не утратили своего значения. Это только поначалу кажется, что они отходят как бы на второй план. А на самом деле люди эти, судьбами своими так крепко связанные с родной землей, по-прежнему находятся в самом водовороте событий. И. Чигринов продолжает создавать глубоко народные характеры, исследуя души тех, для кого понятие Родина – сама жизнь.
Разные, непохожие друг на друга, Зазыва и Чубар и в новом романе идут своими путями, но при всей своей несхожести пути эти в конечном итоге выводят их на одну главную дорогу, дорогу борьбы с фашизмом. Первым встает на нее Денис Зазыба. Ему это было проще, потому что все время он находился в родной деревне, видел поведение людей, с которыми немало прожил. И не только их. Зазыба стал первым, что понял настоящую душу бывшего окруженца, а теперь деревенского кузнеца Андрея Марухина.
Не сразу нашли общий язык бывший фронтовик и бывший заместитель председателя колхоза. Но постепенно появилось взаимное доверие. И сразу же возник вопрос, как жить дальше, как начинать борьбу с врагом, Зазыба, крестьянин в душе, полагается в основном на местное население. Однако более прав Марухин. Он уже повоевал с фашистами, знает, насколько силен враг, потому и говорит Зазыбе прямо и открыто: «Не, Дзяніс Яўменавіч, з вашых мужыкоў войска не складзеш, незалежна ад таго, многа будзеш думаць ці мала. Гэта я вам кажу як чалавек, які трохі паваяваў». Марухин находит единственно правильное решение: «Таму я і гавару: трэба пахадзіць па навакольных вёсках, прыгледзецца ды прыслухацца да мясцовых людзей. Акрамя таго, як мне здаецца, можна патрапіць таксама сустрэць каго-небудзь з былых вайскоўцаў. Не адзін жа я з лагера выбрацца здолеў».
Разговоры с Андреем Марухиным для Зазыбы не проходит бесследно. Зазыба начинает понимать: «гэта надзвычай важна, што за партызанскую справу браўся вайсковы чалавек».
Подобные акценты в романе важны. Велика значимость совершенного партизанами в годы Великой Отечественной войны, но, однако, ни в коем случае нельзя забывать и о том, что в отрядах народных мстителей было немало кадровых военных, более того, туда шли и рабочие, воевавшие, а потом вырвавшиеся из плена или окружения. Руководящая сила Коммунистической партии, а также эти обстоятельства и способствовали тому, что партизанские отряды, бригады, соединения по своим воинскому мастерству и дисциплине не уступали регулярным частям.
Образ Зазыбы получился бы неполном, если бы писатель не завершил сюжетную линию Денис Евменович – Масей. Сын заместителя председателя колхоза, вернувшийся с приходом фашистов из мест заключения, также должен разобраться в сложившейся обстановке. Сумеет забыть личную обиду, пересилит себя – значит, честный человек. А нет… Об этом думает и сам Зазыба, и те, с кем он встречается.
Линия Родиона Чубаря в романе также получилась сюжетно завершенной и жизненно правдивой. Еще немало сомнений должен пережить веремейковский председатель, прежде чем поймет, что именно в родных местах должен он сражаться с врагом. И. Чигринов мастерски передает душевное состояние Чубаря. Воочию видишь, как еще мечется этот честный, преданный делу народа и партии человек. Мучительно долго ищет он свой путь в этой войне. Проходя через сомнения и ошибки, разочарования, Чубарь наконец-то обретает ту уверенность, без которой нельзя браться за оружие. Карханов дает ему важное задание: «…вам, Радзівон Антонавіч, давядзецца сёння ж рушыць уніз па Беседзі, каб адшукаць там у Панькоўскіх лясах і прывесці сюды атрад Нарчука».
Снова Родион в родных местах: «За гэты час, як Чубар ішоў сюды з Батаеўскіх лясоў, ён зразумеў, нарэшце, адну вялікую ісціну, пра якую раней чуў толькі ад людзей, – пах роднага дома чалавек у поўнай меры адчувае тады, калі вяртаецца з далёкага краю». Возвращается Чубарь окрепшим от мысли, что борьба с врагом, сознательная, осмысленная, превратилась в грозную силу – отдельные партизанские отряды начинают устанавливать между собой связи, что вскоре приведет к их объединению.
Говоря о романе «Свае і чужынцы», нельзя не принимать во внимание тот факт, что он завершает чигриновскую трилогию о войне. Писатель, отдавший годы творческого труда воплощению своего замысла, справился с поставленной задачей успешно. Получилась целостная, достоверная картина зарождения всенародной борьбы с фашизмом. О том, что борьба эта стала реальностью, хорошо говорят и те документы немецких секретных служб, выдержки из которых приводятся в новом романе.
Романы И. Чигринова «Плач перепёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» – крупномасштабные произведения о жизни белорусского народа в годы Великой Отечественной войны. Создав истинно народные характеры, углубленно осмыслив сложные исторические процессы, происходящие в жизни общества, писатель внес значимый вклад в развитие советской многонациональной литературы. К ним еще неоднократно будут обращаться и читатели, и критика. Эти же заметки – только первое впечатление после знакомства с завершающим романом трилогии.
Уладзімір Юрэвіч
У ВЯЛІКІМ АБСЯГУ твораў пра вайну, пра подзвіг савецкіх людзей на фронце і ў тыле адметнае месца займае цыкл раманаў Івана Чыгрынава, што пасля апублікавання трэцяга з іх – «Свае і чужынцы» («Маладосць», №№ 6, 7, 8, 1983) складаюць цэльную трылогію, якой стае мастацкай завершанасці, але не бракуе і шматлікіх выхадаў на новыя дарогі, каб прасочваць і далей непахісную стойкасць, мужнасць, адвагу і гераізм беларускага народа, якому наканавана было лёсам аднаму з першых адчуць усю жорсткасць варожай навалы.
Вораг ірвецца на ўсход. «Вайна амаль напалавіну абязлюдзіла вёскі. I тым не менш, і ў гэтую восень жыццё па абодва бакі Бесядзі ішло сваім сялянскім ладам; мужыкі, а сярод іх найбольш састарэлыя дзяды ды падлеткі, звозілі на паздаравелых армейскіх конях снапы ў гумны, каб высушыць у асецях ды змалаціць на таках цапамі, бо не ў кожнай вёсцы ўцалелі калгасныя малатарні, а бабы адразу пасля позняга жніва, чуючы ў ранішняй халоднай калянасці блізкія маразы, спяшаліся выкапаць з разорын лазовую бульбу». Пісьменнік выбраў за аб’ект адлюстравання Забесяддзе – мясціну, праз якую не ішлі торныя дарогі і якую, такім чынам, вайна пакуль толькі мімаходзь зачапіла сваім вогненным крылом. Мінула якія тры месяцы, «фронт аддаліўся на ўсход, ці шмат – ніхто толкам не ведаў».
Чалавек ідзе па вайне. Адзін узброены вінтоўкай, кулямётам, гранатай, другі – плугам, касой, малацьбітным цэпам, кавальскім молатам. Але абодва нясуць у сэрцах высокі патэнцыяльны зарад нянавісці да чужынцаў і невыказна моцнай любві і спагады да сваіх, любві да жыцця, веры ў яго. Яны ідуць па вайне, каб жыць, каб выжыць самім і ўратаваць народ, Бацькаўшчыну, зямлю. Ідучы па вайне, чалавек робіць выбар, адкрываючы неўпрыкмет у самім сабе гераічны пачатак, тую аснову безлічы чалавечых лёсаў, з якіх і складаецца лёс народа. Даследаванне гераічнага ў чалавеку, выхаваным сацыялістычным ладам, складае ці не галоўны клопат аўтара рамана.
Спрэчка, што ўзгарэлася была між Чубарам і Зазыбам амаль пад заслону папярэдняга рамана «Апраўданне крыві», тут, у «Сваіх і чужынцах», набывае практычную рэалізацыю ў справах і ўчынках тых людзей, што заставаліся на акупіраванай тэрыторыі і павінны былі дбаць не толькі пра хлеб надзённы, бо акупацыйныя ўлады не збіраліся яго даваць, а, наадварот, імкнуліся як мага больш забраць для патрэб сваёй арміі. Нездарма ж у народзе вермахт ахрысцілі грабарміяй. Савецкія людзі ў варожым тыле, кіруючыся патрыятычным абавязкам перад Радзімай, які быў найвышэйшым загадам сэрца, шукаюць шляхі адкрытага ці часцей – патаемнага супраціўлення акупантам.
Мы зноў сустракаемся з тымі, хто нёс праз два папярэднія раманы «галоўную службу» на пачатку ваеннай пары ў Забесяддзі. Зазыба і Чубар – тыя дзве сілы, якія ўвасабляюць маральную стойкасць народа, што быў вымушаны апынуцца на часова акупіраванай ворагам тэрыторыі і стаяць моцна, упарта перад шалёным націскам вайны. Абодва паказаны ў руху, няспынным развіцці сваіх поглядаў на абставіны жыцця, у дзейсных практычных захадах, якіх вымагае час. На першы план у рамане «Свае і чужынцы» выступае Радзівон Чубар, які перажыў ужо і пэўныя слабасці, ледзь не зломленасць перад складанасцямі часу, але ўрэшце ўзбіраецца на вышэйшыя прыступкі глыбокай любві да людзей, шчырай пашаны да іх сумленных захадаў у пару вялікай небяспекі.
Сочачы за ўнутранымі зрухамі душы верамейкаўскага старшыні калгаса, аўтар не спрашчае пошукаў ім сваёй дарогі па вайне, а ўвесь час як бы ўскладняе, сутыкаючы героя з усё новымі перашкодамі на ёй, пакуль не дасягае ўразумення, што сапраўдны кіраўнік – не той, хто проста вядзе за сабой людзей, а хто ўмее за іх адказваць, каму блізкі боль іншых.
Па-ранейшаму падзеі разгортваюцца павольна. Не спяшаючыся адцвітае лета ў прыродзе, напаўзае восень з заўсёдным гаспадарчым клопатам, да якога дадаецца яшчэ і новы, вызначальны ў склаўшыхся абставінах варожай акупацыі – як згуртавацца ўсім патрыётам, каб узяцца за зброю, каб ствараць акупанту невыносныя ўмовы. «У кастрычніку ў Забесяддзі ўжо былі два партызанскія атрады. I сярод іх – адзін мясцовы, той, што быў створаны ў вёсцы Машавая, калі фронт стаяў яшчэ на Сажы. Дарэчы, у спісах гэтага атрада значыўся і Радзівон Чубар. Але верамейкаўскі старшыня тады, у жніўні, не з’явіўся па выкліку райкома партыі ў Машавую, таму нават не здагадваўся, што быў залічаны ў атрад».
I вось ён вынікае неспадзявана. «Ломячыся як не мядзведжаю сілай» па лясной чашчобе, прадзіраючыся праз балотны хмызняк, Чубар вяртаецца ў родны калгас, да людзей, якіх пакінуў, вяртаецца з цяжкай ношкай, несучы перад сабой на руках асірацелае ласяня, каб уратаваць ад старога і нямоглага ваўка, што доўга валачыўся следам. Не ўпершыню ў сваёй творчасці I. Чыгрынаў звяртаецца да ёмістага вобраза, каб увасобіць значную, а то і вырашальную для твора ідэю.
Як і кожная ідэя пасля нараджэння ўступае ў змаганне за сваю жыццёвасць, справядлівасць, так і гэтая – пра неадольнасць жыцця – рэалізуецца праз разгорнутую мастацкую карціну нечаканай сустрэчы Чубара з узброенымі людзьмі. Эмацыянальна ўзрушана, з захаваннем усёй праўды паводзін чалавека, заспетага знянацку пагрозай небяспекі для жыцця, выпісана гэтая карціна. I хоць ад нечаканасці ён, «быццам у ачмурэнні, страсянуў галавой, але ў сярэдзіне не злякнуўся дужа і не пачаў тлумачыць незнаёмым людзям, хто ён і чаму бадзяецца тут». Цэлы град грубай лаянкі («паліцай», «сволач») і абразлівых каманд («хэндэ хох», «пшоў!») абрынаецца на Чубара, а ён, прыцёрты ўжо трохі вайной, ураўнаважана, спакойна, разважліва, не надта агрызаючыся, даводзіць, што нішчыць ласяня нельга…
Драматычна напружаны эпізод разгортваецца мэтаскіравана да філасофскага абагульнення – насуперак трагедыі, што наклікала на людзей вайна, жыццё павінна перамагчы смерць. Забітая ласіха мае свае прадаўжэнне ў ласяняці, якое ратуе чалавек. Прырода жыве, яна верыць чалавеку, яго розуму, яго дзейснай сіле. Чалавек гэты – Радзівон Чубар, які аднойчы ўжо замахнуўся на ўзноўлены прыродай плён чалавечай працы – спаліў верамейкаўскія копы збажыны, а цяпер, перапакутаваўшы неабдуманы першы па вайне крок, імкнецца выкупіць сваю віну перад зямлёй, перад людзьмі.
Чубара, чый характар развіваецца няроўна, імпульсіўна, выратоўвае ў неспадзяванай сітуацыі малады камандзір Чырвонай Арміі Шпакевіч, з з якім яму ўжо давялося перажыць гаркату адступлення. Шпакевіч быў цяпер за правадніка ў разведвальна-дыверсійным атрадзе чэкіста Карханава, чые «ўзброеныя людзі» і затрымалі падазронага чалавека «з цялём», як ім здалося, на руках. З дапамогай Шпакевіча ўсё становіцца на сваё месца, хоць кадраваму вайскоўцу і цяжка было пагадзіцца э гэткімі не па часе выяўленымі турботамі пра нейкае там ласяня. Чубар, як можа, даводзіць адваротнае: «Яго зберагчы трэба. Вайне ж не вечна быць, а ласёў тут няма… Дык няхай цяпер разводзяцца». Гуманны клопат лра захаванасць прыроды, пра яе вечнасць як нельга лепш выяўляе глыбінную перакананасць савецкага чалавека ў перамозе справядлівасці, у немінучасці міру на Зямлі. Гэта выразна падкрэсленая думка надае раману сучаснае гучанне.
Для Чубара, якога залічаюць у атрад, надыходзіць пара баявых спраў. Праўда, першы выхад на разведку ў Машавую канчаецца не зусім удала. Двое партызан, адлучыўшыся ў мястэчка, чыняць адкрытую расправу з нямецкімі стаўленнікамі – яны засякаюць тапаром жонку бургамістра, ствараючы тым самым пагрозу для ўсяго атрада. Пакаранне нясе завадатар і выканаўца самасуду. Чубар атрымлівае новае заданне – ісці за лінію фронту, каб адвесці групу акружэнцаў і перадаць у строй дзеючай арміі. Давер, з якім паставілася камандаванне атрада да асобы Чубара, наводзіць яго на глыбокі роздум пра ўсё нядаўняе, чым жыў тады, калі яму «здавалася, што ён трапіў у нейкую паласу адчужанасці».
Сэрца Чубара даўно ўжо настроілася, каб вярнуцца ў Верамейкі, да сваіх людзей, а баявыя заданні па атрадзе аддалялі чалавека ад практычнага здзяйснення сваёй мэты. Чубар падпарадкоўваецца вайсковай дысцыпліне, старанна рыхтуецца да пераходу лініі фронту, вывучаючы карту, планы размяшчэння варожых войск, будову нямецкай тайнай палявой паліцыі… Дарэчы, аўтару часам здраджвае пачуццё меры, як і ў гэтым выпадку, калі ён празмеру доўга спыняе ўвагу на цікавых у гістарычным плане варожых дакументах, забываючыся, аднак, што трэба перш-наперш дбаць пра вырашэнне галоўнай мастакоўскай задачы – даследаваць характар чалавека.
Камандзір атрада Карханаў і Радзівон Чубар, пры першай жа вельмі даверлівай сустрэчы, пагаджаюцца на думцы, што надзённыя справы вайны не могуць мець за канечную мэту толькі ўчынак ці подзвіг. Галоўнае, мабыць, у тым, як кожны з іх будзе ўплываць на агульны ход падзей, на будучы вынік. Карханаў дапамагае Чубару яшчэ мацней усталявацца ў сваім меркаванні пра неабходнасць захавання Савецкай улады на захопленай ворагам зямлі, дзеля чаго варта пашыраць устойлівыя сувязі з мясцовым насельніцтвам, выклікаючы іх на як мага большую даверлівасць да партызан.
Няспынная эвалюцыя характараў людзей, што «задзейнічаны» ў папярэдніх раманах, як і адкрыццё новых з асяроддзя тых, хто пакліканы патрэбамі разгортвання сюжэта, выхаду апавядання на новыя абсягі, звязаныя з разгортваннем партызанскай барацьбы, – усё гэта вынікае з пошукаў аўтарам духоўных арыенціраў, з усталяваннем новых апор для фарміравання ўласнага светапогляду. Гэтага вымагае і здзяйсненне раманнай трылогіі не проста як яшчэ адной хронікі векапомных дзён (іх багата ў нашай літаратуры), а як аналітычнае асэнсаванне вельмі няпростай і шмат у чым недаследаванай яшчэ і да гэтага часу гісторыкамі шматслойнай рэчаіснасці той пары, калі гітлераўскія захопнікі не проста захапілі яшчэ адну жыццёвую прастору, а і абвясцілі сваёй задачай вырашыць гістарычны лёс Беларусі – адарваць яе ад Краіны Саветаў і растасаваць па сваіх будучых васалах.
Аўтар імкнецца не пакінуць незавершанай ніводнай лініі паводзін свайго героя, непрасветленай ніводнай рысы яго характару. У гэтым ён прадаўжае лепшыя традыцыі савецкай класічнай прозы. І яшчэ. Верны тым жа традыцыям, турбуецца пра тое, каб весці героя ўсё новымі сцежкамі, каб як мага глыбей зразумець яго чалавечыя вартасці, дакладна ацаніць яго патэнцыяльныя магчымасці, паўней раскрыцца ў практычнай дзейнасці.
Сам час, здаецца, працуе на пашырэнне зместу кожнага героя. Ісці за лінію фронту Чубару не давялося. Карханаў дае яму заданне прывесці атрад крутагорскіх партызан, каб сумеснымі намаганнямі здзейсніць аперацыю па разгроме варожага гарнізона ў райцэнтры. Чубар снежаньскай ноччу прабіраецца ў Верамейкі пад няспыннае выццё старога ваўка, «што, няйначай, мала ўжо спадзяваўся на свае сілы», мабыць, таго самага, які ганяўся некалі за ласянём, уратаваным верамейкаўскін старшынёй. Чубар «добра ведаў, што першы чалавек у Забесяддзі, які мог дапамагчы яму выканаць заданне камандзіра атрада за кароткі тэрмін, быў Дзяніс Зазыба».
Усё, як кажуць, становіцці на «кругі свая». Дзяніс Зазыба, прайшоўшы вялікую дарогу трывог і хваляванняў за верамейкаўцаў, за лёс свайго сына, стаў, нарэшце, на шлях дзейснай дапамогі партызанам крутагорскага атрада. Спраўджваюцца словы, якія аднавясковец Парфен Вяршкоў гаварыў перад смерцю Зазыбаваму сыну Масею аб тым, што Дзяніс «сапраўдны чалавею і што за ім «людзям лёгка жыць». Шляхі нядаўніх антыподаў вось-вось сустрэнуцца, іх дзеянні як бы прыводзяцці) да аднаго назоўніка.
Вайна – гэта выбар паміж жыццём і смерцю. Для савецкага ж чалавека, які вёў справядлівае змаганне за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы, вайна была яшчэ і выбарам паміж жыццём і сумленнем. Смерць заўсёды ў хаўрусе з подласцю, жыццё ж – плён высакародства чалавека. Рэалізацыя гэтай асноватворнай ідэі займае ў рамане значнае месца. Спасцярожліва ставяцца да свайго абавязку змагара тыя, каму наканавана было заставацца на акупіраванай зямлі. Навядзенне мастоў да нядаўніх вясковых актывістаў паказана ў творы па-мастацку пераканаўча. Не сходы і мітынгі, не клятвы і рапарты, як тое ведала ўжо наша літаратура, а шчырыя даверлівыя сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовага насельніцтва ў патаемных мясцінах, што сведчыла аб глыбіннай настроенасці адказных за партызанскі рух людзей надаць яму ўстойлівы масавы характар.
Натуральна, як бы засведчаная самымі сучаснымі сродкамі гуказапісу, выглядае сустрэча Дзяніса Зазыбы з сакратаром падпольнага райкома партыі Манько. Адчуўшы з першых слоў сакратара яго шчырую адкрытасць і дастатковую дасведчанасць станам спраў у наваколлі, Зазыба не ўтойвае сваёй радасці з нагоды першай дыверсіі, праведзенай супроць акупантаў верамейкаўскімі мужыкамі, хоць выказваецца не без лёгкай іроніі, карыстаючыся народнай прымаўкай: «забілі зайца – не забілі, а шуму многа нарабілі». Патрэбен быў шум, патрэбна была пагалоска пра тое што людзі пачынаюць актыўна выступаць супроць ворага.
Акрыленасць добрым намерам, хай сабе ён быў і стыхійнай выявай патрыятызму, вызначае Дзянісу Зазыбу далейшыя арыенціры для змагання. Ён прыглядаецца да новага каваля, што аб’явіўся ў Верамейках, да Андрэя Марухіна, якога верамейкаўская жанчына Пелагея Хахлова выбавіла з яшніцкага лагера ваеннапалоных чырвонаармейцаў. Прыглядаецца нездарма, бо ведае, што кузня спрадвеку была асяродкам грамадскага жыцця на вёсцы. Так і цяпер, тут збіраюцца верамейкаўцы і навакольныя сяляне, каб пачытаць газеты, што выдаваліся акупантамі, паспрачацца. Зазыбу ж важна ведаць настрой людзей, якія даверылі яму свой лёс, ды і з кавалём бліжэй пазнаёміцца не шкодзіла.
Сустрэчы Зазыбы з Андрэем Марухіным становяцца аднолькава неабходнымі для абодвух, бо гаварыць ім было пра што і яны «сягалі думкамі і далей Забесяддзя, найбольш туды, дзе вырашаўся лёс вайны». Андрэй адкрыта гаворыць, звяртаючыся да Дзяніса Яуменавіча, што «з вашых мужыкоў войска не складзеш, незалежна ад таго, многа будзем думаць ці мала. Гэта я вам кажу як чалавек, які трохі паваяваў… Для барацьбы патрэбны сапраўдныя ваякі». Яны доўга спрачаюцца наконт ступені даверу да людзей. А калі Андрэй вырашае, што настала пара пахадзіць яму па вёсках, каб паказаць сваё кавальскае рамяство, Зазыба ў душы зайздросціць яму і шчыра шкадуе, што «ў малатабойцы па гадах ды па нямогласці не прыдатны».
Вобраз Дзяніса Зазыбы распрацоўваецца пісьменнікам як шматэтапны, што здолеў увабраць за гады актыўнага жыцця ў сваё сэрца не адно людское гора, адчуць не адну радасць, гатовы па-ранейшаму трывожыцца за лёс іншых, як і за свой, аднолькава глыбока. Як сапраўдны герой, які моцны не «ідэальнасцю», а глыбіннай жыццёвай праўдай характару, Зазыба гатовы пераацаніць свае ранейшыя спрэчкі з Чубарам, бо час настойліва ўносіў свае папраўкі і да Чубаравых максімалісцкіх захадаў «ламаць ды крышыць усё навокал, абы хоць чым нашкодзіць ворагу» і ў «залішнюю сваю абачлівасць, празмерную стрыманасць да дзеяння».
Аўтар раскрывае ўсе новыя характары, якія памагаюць зразумець і ўсвядоміць ідэйныя, духоўныя, маральныя вытокі масавага патрыятызму савецкіх людзей. Гэта і камандзір атрада крутагорскіх партызан Мітрафан Нарчук, і камісар Сцяпан Баранаў, і калгаснік Васіль Пацюпа… У кожным характары пісьменнік бачыць не толькі першы слой, той, што навідавоку, не толькі другі, той, што ў слове, але і наступныя – тыя, што стоены ў падтэксце. Раман напоўнены людзьмі і падзеямі, назіраннямі і разважаннямі пра галоўнае – тыя ўнутраныя вартасці чалавечай асобы, якія робяць чалавека героем. Аўтара цікавяць перш-наперш штуршкі душы, псіхалагічныя асновы стойкасці савецкага чалавека на вайне, яго гатоўнасці да подзвігу, самаахвяравання.
Можна было б кінуць дакор I. Чыгрынаву, што ён паказвае напружаны драматызм барацьбы супроць акупантаў, а самога ворага як бы і не відаць, але разам з тым мы адчуваем варожую подласць, нахабства, здрадлівасць, злачыннасць, асабліва пераканаўча раскрытую праз вобразы гітлераўскіх прыхвасчяў і паслугачоў. Выразна паўстае нейкі Астрашаб, які заяўляецца да Зазыбавага сына Масея, як яго даўні сябар, заяўляецца з даручэннем схіліць яго на бок усталявальнікаў «новага парадку», зрабіць з яго культуртрэгера гітлераўскіх ідэй.
Сустрэчы Астрашаба з Масеем носяць кульмінацыйны характар у выяўленні погляду на сапраўдны характар тых ідэалагічных дыверсій, якія рыхтавалі акупанты супроць беларускага народа. I калі раптам Астрашаб з вуснаў Масея чуе зусім не тое, што спадзяваўся пачуць, калі Зазыбаў сын кідае рашуча: «Я не хачу, каб і нямецкі бюргер, выкарыстаўшы нашу няздатнасць варыць добрае ўласнае піва, памачыўся ў прызначаны ім жа для нас гаршчок» – бясспрэчнасць вяртання сына да бацькі не выклікае больш сумненняў.
Раскрыццё духоўнага руху чалавека да самога сябе, да мяжы яго найвышэйшых магчымасцей робіцца ў рамане «Свае і чужынцы» даволі паслядоўна. Пісьменнік імкнецца паказаць не Героя з вялікай літары, узвышанага над масай, а самую душу народа, яго творчыя сілы, прыведзеныя ў рух гісторыяй, і даследуе іх праз станаўленне характараў. Сацыяльны чалавек як бы прырастае ў сваіх вызначальных якасцях да чалавека гістарычнага, праходзіць выпрабаванні гісторыяй і праз яго жыццёвы вопыт выразна бачна, як гераічнае працінае нацыянальнае быццё, а сацыяльны, класавы ідэал збліжаецца з агульначалавечымі спадзяваннямі народных мас.
Сюжэт рамана пабудаваны як сутыкненне героя з абставінамі, іх пераадоленне. Матэрыял звычайна канцэнтруецца аўтарам асобнымі «псіхалагічнымі гнёздамі», у цэнтры кожнага з іх знаходзіцца герой, і ўсё дзеянне паўстае нібы ўбачанае яго вачамі, асветленае яго душэўным станам. Так, напрыклад, жыццё атрада крутагорскіх партызан паказваецца то вачамі яго камандзіра, то вачамі камісара атрада, але абавязкова з заглыбленнем у той «клімат», у якім выспявае гатоўнасць чалавека зрабіць нешта незвычайнае.
У рамане не ставіцца задача паказаць шырокую панараму вайны ў тыле ворага, а толькі праз асобныя жыццёва вызначальныя сітуацыі раскрыць характэрныя рысы народа, які вядзе змаганне. I. Чыгрынаў піша пра Забесяддзе, але ж за гэтай мясцінай, за людзьмі, што насяляюць яе, паўстае ўся шматпакутная ў пару ваеннага ліхалецця Беларусь. Узнікае агульная карціна змагання з усімі адкрытымі і патаемнымі задачамі аператыўнага і стратэгічнага яго прызначэння, вырастае ўся шматстайнасць цяжкага выпрабавання, якое вымушаны пераносіць народ. Аўтар дамагаецца ўвесь час заглыбленага пранікнення ў абставіны ваеннай пары, спрабуе перадаць як бы само «паветра» пэўнага часу, насычанае не адно чадам выбухаў і стрэлаў, але і трапяткім подыхам кволых дымкоў над хатамі салдатак. Каб зрабіць працэс заглыблення ў абставіны часу найбольш інтэнсіўным і ўсеахопным, аўтар усё часцей звяртаецца да публіцыстычных сродкаў, у прыватнасці, да цытавання дакументаў.
Раман пачынаецца з пераказу зместу паведамленняў паліцыі бяспекі і СД, данясенняў аператыўных груп і каманд, падрыхтаваных акупацыйнымі ўстановамі для аналізу агульнага становішча на захопленай тэрыторыі. Аўтар разумее, што самым важкім словам пра вайну ў наш час гучыць дакумент, таму і ў якасці эпілога твора скарыстоўвае падрыхтаваны начальнікам палявой паліцыі пры галоўным камандаванні сухапутных войск вермахта агляд развіцця партызанскага руху за першае паўгоддзе 1942 года, тое самае паўгоддзе, на парозе якога апыньваюцца ўсе дзеючыя сілы рамана. Аднак жа, залішняе спадзяванне на сілу самога дакумента ці не пакідае нерэалізаванымі да рэшты магчымасці мастакоўскага вымыслу, ці не «прытарможвае» часам разгарненне псіхалагічнага канфлікту.
Якімі б унушальнымі самі па сабе ні былі дакументы, пералікі, лічбы, аўтарскія адступленні ці абагульненні, дзейснасць і сіла мастацкага твора вызначаецца перш-наперш вобразнай канкрэтнасцю дэталей, індывідуальных лёсаў і характараў. Тыя раздзелы, дзе аўтар засяроджана і заглыблена даследуе сацыяльна-маральныя асновы народнага характару, насычаны, звычайна, вялікім і значным жыццёвым зместам, які выяўляецца ўзрушанай думкай, шчырым, непадробленым пачуццём. І ўсё гэта рэалізуецца праз адпаведна экспрэсіўнае слова, не «выцягнутае» з ранейшых тайнікоў памяці, а народжанае адразу ж, у хвіліну творчага ўзрушэння, калі фарміруецца сама думка, ўзнікае вобраз.
Сутнасць творчасці ў няспынным змаганні аўтара з самім сабой, з матэрыялам, супраціўленне якога трэба пераадольваць, а значыць, і са словам. Змаганне заўсёды мае свае выдаткі, нават страты. Не абышоўся без іх і I. Чыгрынаў, працуючы над раманам «Свае і чужынцы». Найбольш адчувальны яны ў абыходжанні пісьменніка са словам, калі пачынае пераважаць нарысава-апавядальная плынь і прыкметна цьмянее выяўленча-вобразная апавядальная тканіна. Захапленне грувасткімі фразеалагічнымі зваротамі не заўсёды выклікана неабходнасцю выяўлення маштабнасці думкі. Слабейшым стаў лірычны пачатак, паменшала драматычнасці ў сюжэце, затое гучней заявілі аб сабе дыялогі, напоўненыя выключна вострым сутыкненнем думкі. Гэта наблізіла раман «Свае і чужынцы» да тых твораў, што вызначаюцца «драматычным псіхалагізмам», як стылёвай адметнасцю сучаснай прозы аб вайне.
Аднак жа I. Чыгрынаў застаецца верным свайму неадольнаму ўзыходжанню да эпічнасці, да эпізацыі асобы, па-ранейшаму імкнецца зразумець у сваіх галоўных, сутнасных праявах народ і час, у які ён вымушаны быў узяцца за зброю. Як і папярэднія два – «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві», новы раман пацвярджае тыя змены, якія спакваля адбыліся ў паказе нашай літаратурай ролі чалавека як абаронцы лёсу народнага, а таксама ролі народа ў змаганні за лёс асобнага чалавека. Новы герой жыве і дужэе не як вынік так званай «ідэальнасці», а глыбіннай рэальнай праўдай свайго характару, выяўленага праз учынкі і дзеянні. У нас не было на першым часе вайны перавагі ў зброі ды і ўмення весці змаганне ў тыле ворага не ставала. Але ж у нас заўсёды была перавага ў ідэях. Адсюль ідуць карані найвышэйшай духоўнай сілы савецкага чалавека, яго маральнай стойкасці, здольнасці ахвяраваць сабой у імя Радзімы. Паказ глыбіннага патрыятызму савецкага чалавека і складае наватарскую адметнасць, сучаснасць раманаў I. Чыгрынава.