РЭЦЭНЗІІ
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Алесь Марціновіч
Раман «Не ўсе мы згінем»
Сапраўды ўжо – «пути господни неисповедимы». Працуючы над чацвёртым раманам, I. Чыгрынаў адмовіўся ад першапачатковай назвы «Не ўсе мы памром», падшукаўшы на дадзены момант больш ёмістую – «Вяртанне да віны». Ды, аказалася, ранейшы варыянт усё ж не «адпусціў» пісьменніка ад сябе. Пра яго Іван Гаўрылавіч успомніў, калі ўзяўся за пяты, заключны твор верамейкаўскага цыкла. Праўда, колішнюю назву крыху ўдакладніў, а ў выніку з’явіўся раман «Не ўсе мы згінем» («Полымя», 1996, № 1). Тым самым асноўная аўтарская ўвага ў нечым засяродзілася на спрадвечным супастаўленні вайны і міру, а таксама на выніках, да якіх непазбежна вядзе ўзброеная барацьба, што патрабуе не толькі неймаверных маральных і духоўных высілкаў, але і найвялікшых фізічных страт. Асабліва, калі яна такая знішчальная, якой і была другая сусветная. Цана перамогі ў ёй каштавала многіх мільёнаў людскіх жыццяў. I не толькі ў сусветных маштабах. Дорага заплацілі і народы колішняга Савецкага Саюза. Асабліва беларусы. Да нядаўняга часу сцвярджалася, што загінуў кожны чацвёрты жыхар рэспублікі. Цяпер жа, калі з’явіліся найноўшыя звесткі, атрымліваецца, што кожны трэці…
Свой рахунак быў і ў верамейкаўцаў. Як вядома, папярэдні раман заканчваўся паведамленнямі «З дзённіка баявых дзеянняў асноўных войск арміі «Цэнтр». А калі канкрэтней, то данясеннем фашысцкага камандавання, датаваным 31 снежня 1942 г.: «Адбылася нарада генерала фон Шэнкендорфа з фельдмаршалам. Фельдмаршал павіншаваў ахоўныя войскі з Новым годам. Над армейскім тылам стаяць халады. Завеі. Мы зноў зімуем у большасці сваёй у Беларусі ў абдымках лютых марозаў і варожых настрояў». З гісторыі ж Вялікай Айчыннай вайны вядома і тое, што ў наступным, сорак трэцім годзе размах усенароднай партызанскай барацьбы з акупантамі дасягнуў, можна сказаць, свайго апагею. Канечне, не маглі не застацца пры гэтых умовах у баку і атрады, што дзейнічалі ў Забесяддзі.
І. Чыгрынаў, працягваючы цыкл, атрымліваў магчымасць падрабязней расказаць пра гэта, усебакова паказаўшы, як людзі, адданыя савецкай уладзе, нарэшце змаглі ад слоў перайсці да справы. А гэты паказ і расказ, безумоўна, патрабаваў не толькі немалых творчых намаганняў. Відавочна, што ён прывёў бы да з’яўлення новых сюжэтных адгалінаванняў, удакладнення пазіцыі асобных персанажаў. Тым самым цыкл мог бы зноў расцягнуцца і наўрад ці можна было б абысціся не тое, што адным, а і двума раманамі.
Пісьменнік, думаецца, знайшоў правільнае выйсце са становішча. Паколькі раман «Не ўсе мы згінем» быў задуманы як завяршальны, то асноўная ўвага засяроджана на тым, як на тэрыторыі Беларусі завяршаўся разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А пачаўся ён, як вядома, у сярэдзіне 1943 г. Для партызан жа (тых, каго не ўзялі на фронт) барацьба з ворагам закончылася ў ліпені 1944 г., калі ў Мінску перад Домам урада адбыўся знакаміты парад пераможцаў.
У выніку і акрэсліліся часавыя рамкі рамана. А каб адбылася стыкоўка з папярэднім «Вяртанне да віны», то аўтар неаднаразова звяртаецца да рэтраспекцый, якія дазваляюць удакладніць асобныя моманты з жыцця персанажаў, хоць у завяршальны твор з папярэдніх іх перайшло не так і шмат. А калі ўзяць пад увагу тых, хто нясе асноўную раманную нагрузку, дык усяго двое – Дзяніс Яўменавіч і Масей Зазыбы. Спрадвечная дылема: бацька і сын. Астатнія ж персанажы не тое, што эпізадычныя, яны проста з’яўляюцца на якое імгненне. А іншыя… Іншых даўно няма ў жывых. У адных выпадках, як гэта здарылася з нечаканай гібеллю жонкі Зазыбы Марфы Давыдаўны, расказваецца падрабязна. У другіх – паведамленне лаканічнае, у чымсьці блізкае да тэлеграфнага, паведамленне – і так зразумела, што здарылася.
Вобразы ж бацькі і сына Зазыбаў, паўтараю, у цэнтры асабліва пільнай увагі аўтара. I падобны падыход I. Чыгрынава да іх цалкам невыпадковы. Дагэтуль, як было бачна, свайго роду палярнасць назіралася ў паводзінах Зазыбы і Чубара, але ў рамане «Вяртанне ца віны» апошні гераічна загінуў, палічыўшы (як і можна было чакаць ад яго) за лепшае самагубства, чым здрадніцтва. Цяпер на другім «полюсе» апынуўся Масей.
Праўда, калі прытрымлівацца асноўных падзей заключнага рамана, дык яны з бацькам больш і не пабачацца, і дарогі іх назаўсёды разыдуцца. А тое, што бацька з сынам так і не паспелі канчаткова паразумецца, зноў жа відаць з рэтраспекцый. Свайго роду сцяной паміж імі, як і бачылася дагэтуль, стала стаўленне да савецкай улады. Дзяніс Яўменавіч, хоць у многім і пачаў глядзець на яе іншымі вачыма, канчаткова зняверыцца ў ёй не мог. Не такое выхаваннё меў. Масей жа, не жадаючы дапамагаць фашыстам, тым не менш не спадзяваўся, што пасля вызвалення яго чакае нешта лепшае, чым было дагэтуль. Тым больш, што канчаткова застацца ў баку ад падзей, знаходзіцца на своеасаблівай нейтральнай паласе яму так і не ўдалося. Вельмі ж суровыя абставіны паволі ўцягнулі ў сябе, быццам у вір, а далей – выбірайся, як удасца. Ніхто не дапаможа табе і дапамагаць не збіраецца, разлічвай адно на ўласныя сілы.
Першае спатканне Маштакова з Дзянісам Яўменавічам у рамане «Не ўсе мы згінем» адбываецца на пачатку кастрычніка 1943 г., калі былі вызвалены ад ворага не толькі Верамейкі, а і ўвесь Крутагорскі раён: «яго (Зазыбу – А. М.) выклікаў Маштакоў, які зноў быў першым сакратаром у раёне, доўга гаварыў, усё роўна як прыкідваў на нейкае месца, тады раптам, здаецца, перадумаў і нечакана прапанаваў:
– Ладна, Дзяніс Яўменавіч. Пакуль што да чаго, пакуль справы з’явяцца, зрабі адну паслугу. Мы тут змабілізавалі мясцовых дзевак, трэба ў пральню вайсковую даставіць, дык ты і адвядзеш іх у Крычаў. Словам, як вайсковую каманду».
Заданне для Зазыбы нечаканае. Ды не ў яго характары адмаўляцца, тым больш час ваенны. Ды і заданне дае не проста першы сакратар райкома, а чалавек, якога з Дзянісам Яўменавічам вельмі шмат звязвала яшчэ з даваеннай пары. Таму не маглі яны не перакінуцца колькімі словамі, удакладніць тое, што аднолькава цікавіла і хвалявала абодвух. I пра тое, што немцы пры адступленні знішчылі Верамейкі, пагаварылі («ад першага двара да апошняга. Галоўнае, нехта свой вадзіў па вёсцы… Прыехалі… у Верамейкі па бальшаку, а пасля пажару падаліся за Беседзь па імшаніках, па топкай бездаражы. Яшчэ і цяпер два сляды ад гусеніцаў відаць. Значыць, хтосьці з нашых паказваў, як абмінуць дарогі, дзе ўжо можна было сустрэць армію»), не прамінулі і Масея ўспомніць. Пры гэтым Дзяніс Яўменавіч прызнаўся, што нічога пэўнага пра далейшы лёс сына не ведае, хіба можа толькі здагадвацца: «Прыязджаў сюды чалавек з магілёўскай газеты, што прывозіў пісьмо. Знарок прыязджаў. Ды і ў газеце мінскай я чытаў яго вершы. Нехта прывозіў з Крутагор’я ў Верамейкі».
На гэта Маштакоў зрэагаваў катэгарычна, але, думаецца, інакш ён проста зрабіць не мог. Ва ўсякім разе даў зразумець, што свайго ранейшага стаўлення да Масея не памяняў: «Ну што, ты і так ужо шмат пацярпеў праз яго. Жыві, як можаш. Але каб ведаў – у мяне на цябе віды. Пакуль справа дойдзе да аднаўлення калгаса, трэба адбудоўваць завод у Бялынкавічах».
Магчыма б, у далейшым так і сталася б. Чарговую прапанову Маштакова Зазыба ўспрыняў бы як партыйнае даручэнне, а даручэнні, асабліва партыйныя, ён выконваў не задумваючыся. Аднак атрымалася зусім не так, як меркавалася. А прычынай таму якраз і сталася дастаўка Дзянісам Яўменавічам дзяўчат, змабілізаваных для працы ў вайсковай пральні. Думаў, хутка вернецца назад, «але ў Крычаве раптам пачалася звычайная валакіта, якой хапала і ў арміі: тут ніхто не ведаў, дзе знаходзіцца вайсковая часць, якой належала прыняць Зазыбаву каманду; хтосьці падказваў, што трэба ісці далей, ажно да лініі фронту; такім чынам, вось і апынуўся Дзяніс Яўменавіч у Распе», а гэта ўжо была тэрыторая Расіі. А там яшчэ адна неспадзяванка. Перадаўшы, як і было загадана, дзяўчат, сабраўся пераначаваць, а ў хаце, у якую накіраваўся, адпачываў генерал…
Хто добра знаёмы з творчасцю I. Чыгрынава, не мог не заўважыць, што ён, як правіла, пазбягае нечаканых сюжэтных паваротаў. Яго проза – не столькі проза дзеяння, колькі глыбокага псіхалагізму. Безумоўна, такую прозу прымае далёка не кожны чытач. Тым, хто прывык толькі сачыць за разгортваннем сюжэта, з ёй, можна сказаць, рабіць няма чаго. Сапраўднае эстэтычнае задавальненне ад твораў I. Чыгрынава (ад раманаў нават у большай ступені) атрымлівае чытач, які прывык «працаваць» галавой, схільны да пастаяннага роздуму, што спалучае ў сабе і аналіз. Тое пакутлівае (але патрэбнае) абдумванне сказанага пісьменнікам, якое вядзе да яшчэ большага заглыблення ў характары, а тым самым выконваецца і звышзадача. Успрымаецца ўжо не толькі тое, што падаецца, ёсць. Сам ужо як бы знаходзішся ў прасторы, у якой жывуць і дзейнічаюць героі.
Аднак, як пераканаў раман «Не ўсе мы згінем», I. Чыгрынаў цалкам не адмаўляе і сюжэтнага дынамізму. I не столькі схільны заінтрыгаваць чытача, колькі дае магчымасць ва ўсю «запрацаваць» яго вялікасці выпадку. А менавіта так і здарылася, калі Зазыба трапіў у хату, у якой спыніўся генерал. Без непрыемнасцяў, безумоўна, не абышлося б, калі б генералам не аказаўся колішні камандзір роты Зеленадольскі, у якога ў грамадзянскую вайну Дзяніс Яўменавіч служыў кулямётчыкам.
Цяжка паверыць у падобную сустрэчу? Але чаго на вайне не бывае! Адбываецца нават такое, што не здатна ўявіць сабе нават самая шчодрая чалавечая фантазія. I. Чыгрынаў, звёўшы Зазыбу з Зеленадольскім (а генерал аказаўся чалавекам, які не забыў франтавога пабрацімства, «апускае» службовую іерархію, калі поруч даўні сябра), не проста, як можа падацца на першы погляд, пашырыў раманныя рамкі твора. Гэтая сустрэча яму спатрэбілася для таго, каб даць магчымасць Зазыбу ў далейшым наведацца ў Мінск, дзе Дзяніс Яўменавіч разлічваў сустрэцца з Масеем. Зеленадольскі ўзяў Зазыбу-старэйшага да сябе, а ён, як вядома, з’яўляўся асабістам, вырашаў лёсы і тых, хто супрацоўнічаў у гады вайны з немцамі.
Але знаходжанне Дзяніса Яўменавіча поруч з генералам – гэта адначасова мажлівасць далучыцца да тых многіх складанасцяў жыцця – і даваеннага, і ваеннага, пра якія ён хоць і здагадваўся, але сутнасць якіх да канца не мог зразумець і спасцігнуць. Цяпер жа і адбываецца набліжэнне да падобнай праўды, бо Зеленадольскі – чалавек адкрыты і, давяраючы Зазыбу, гаворыць пра многае, што ведае толькі адзін ён.
I ўсё ж «прыціранне» сяброў агнявой маладосці таксама адбываецца паступова. Столькі ж часу мінулася, гэтулькі кожны перажыў. Шмат зведаў і Зеленадольскі, ды не спяшаецца пра ўсё адразу сказаць. Не тое, што не давярае Зазыбу. Адразу ж, як кажуць, з наскоку не прызнаешся, што і самому давялося пасядзець, на ўсё патрэбен час. А пра галоўнае, калі ласка: «Бадай, ува ўсіх баявых сутычках, у якіх удзельнічала Чырвоная Армія, давялося браць удзел. Ну, а пра іспанскую вайну, пра Халхін-Гол, пра фінскую… Словам, вярнуўся я з Далёкага Усходу зусім старым і нямоглым, дарма што генералам. Ведаеш, мне ў жыцці маім пашчасціла аднаго разу мець справу з таварышам Сталіным, адтуль хутчэй за ўсё прозвішча маё неўміручае ў арміі, а можа, трапіла ў асобны спіс. Ужо каторы раз мне маладое наша камандаванне намякала, каб вызваляў месца. Але нехта трымае вось».
Чаму ж, у такім выпадку, і першая размова з Зеленадольскім так паўплывала на Зазыбу? Чаму пасля гэтай гаворкі ён доўга не мог заснуць, а ўсё перабіраў у памяці асобныя выпадкі ўласнага жыцця, а таксама ўспамінаў Чубара? А ўсё таму, што не ставала Дзянісу Яўменавічу ў яго цяперашнім жыцці канкрэтнасці. А яшчэ, паколькі ён з’яўляўся натурай, схільнай да цвярозага аналізу ўчынкаў і падзей, гняло пачуццё несправядлівасці, якое звязваў і з асабістым лёсам, і з лёсам іншых, каго жыццё каламуціла і шматкавала. У дачыненні ж да Чубара гэтая несправядлівасць ператваралася ў тое страшнае зло, што чыніць нехта над чалавекам: «Дзіўна, але цела Чубаравага так і не знайшлі – ні пастухі, ні выпадковыя людзі, якіх нямала шастала па Забесяддзі ў тое лета, нават наладжаныя пошукі нічога не далі. А тым часам Зазыбу вельмі хацелася, каб даваенны верамейкаўскі старшыня калгаса меў на зямлі сабе магілу. Здавалася, хоць хто мог застацца без яе, а Чубару нельга было, можна нават сказаць, несправядліва – гэта ж адно пракаціцца па зямлі і ні за што не зачапіцца!.. Разважаючы такім чынам, Дзяніс Яўменавіч імкнуўся паглядзець на чалавечы лёс не ўвогуле, а, як кажуць, у больш асабістым разуменні і яму нават і ў голаў не прыходзіла, што ў вайну штосьці падобнае наканавана ледзь не кожнаму другому чалавеку, незалежна ад таго, прыме ён чынны ўдзел у падзеях, ці трапіў у іх выпадкова, стаўшы так званай нявіннай ахвярай».
Цяпер і да Зазыбы прыйшло раптам разуменне, што і яму не стае «засцерагальнага стрыжню ў жыцці».
Што ж адбылося? Ды, уласна кажучы, нічога асаблівага. Проста Зазыба, у адрозненне ад Чубара, ніколі асабліва не прыслухоўваўся да думкі начальства, але, калі лепш разабрацца, дык у асноўным рабіў тое, чаго яно і патрабавала. I нічога тут незвычайнага. Дзяніс Яўменавіч, пра што неаднаразова гаварылася ў папярэдніх раманах, цалкам быў адданы савецкай уладзе і згодна гэтага служыў ёй. А паколькі разуменне Зазыбам савецкай улады не ішло насуперак ідэалізацыі яе, то і ўчынкі Зазыбы ніколькі не супярэчылі, я б сказаў, рэвалюцыйнай аб’ектыўнасці.
Іншая справа цяпер. Зазыба аказаўся далёка не ў тым асяроддзі, у якім прывык жыць і якое лічыў для сябе звыклым. Даўно чалавек цывільны, вясковы, ён нечакана зноў трапіў у армейскую атмасферу, дзе свае законы, адметныя нормы паводзін. I хоць Зеленадольскі не патрабуе ад сябра выканання статутных патрабаванняў, ды і абяцае хутка адпусціць Зазыбу дахаты, паколькі яго на службу ніхто не мабілізоўваў, а ўсё адбылося па ўзаемнай згодзе, тым не менш Дзяніс Яўменавіч у арміі чужы. I нікога поруч, акрамя Зеленадольскага, хто мог бы яго не толькі зразумець, а і выслухаць! А яму ж, не будзем забываць, таксама патрэбна маральная аддушына. Асабліва калі прыняць пад увагу, што Дзяніс Яўменавіч становіцца сведкам шмат чаго, што проста прыняць не можа. Гэта і п’янства ў партызанскіх атрадах, якія на некаторы час аказаліся як бы самі сабе. Гэта і выпадкі самасуду, калі браты Касцюкі, адзін з якіх паліцай, пралілі кроў сваіх родзічаў. Гэта і (што, безумоўна, найбольш прыносіць маральныя і душэўныя пакуты) няведанне, дзе канкрэтна знаходзіцца сын.
Тым не менш, Зеленадольскі, няхай і не стаў для Зазыбы «засцерагальным стрыжнем», то, ва ўсякім разе, ён дапамог зняць некаторыя сумненні, якія пачалі было ўзнікаць у Дзяніса Яўменавіча адносна асобых падзей, што адбываліся да вайны і мелі месца цяпер, калі Чырвоная Армія паспяхова развівала далейшае наступленне.
Праўда, трэба быць справядлівым, сумненні гэтыя зніклі толькі ў тым сэнсе, што Зазыба пазбавіўся некаторай няпэўнасці. У Зеленадольскага ж, хоць ён і сам правёў некаторы час у сталінскіх засценках, цвёрдая перакананасць: «Улада – рэч жорсткая. Яна не заўсёды разумее чалавека».
Каб жа толькі перакананасць! Ён, калі разабрацца, і сам карыстаўся ўладай, асабліва не думаючы аб выніках. I не калі-небудзь, а пасля вяртання з лагера: «Прывезлі з Сібіры, загадалі фарміраваць апалчэнскую дывізію. Сказалі: «Вядзі з Смаленску і ведай: затрымаеш на суткі, двое, на тыдзень варожыя танкі – усе твае грахі дараваны будуць. А як затрымаць, твая справа. Галоўнае, не шкадуй ні батальёнаў, ні палкоў. Нават калі два апалчэнцы ў цябе застанецца пасля выканання аперацыі – не палохайся. Сёння трэба дачакацца падмацаванняў з Сібіры. Там фарміруюцца новыя дывізіі. Так што ахвяры ў нас тут, пад Масквой, непазбежныя. Ва ўсякім разе, мы ад цябе нічога не ўтойваем, генерал Зеленадольскі».
Загад ёсць загад. Загады ў арміі не абмяркоўваюцца. а выконваюцца. I не тое, што можна, а і трэба зразумець Зеленадольскага. Але Зеленадольскага ў 1941 г., калі ў яго, уласна кажучы, выбару не заставалася. А вось як зразумець Зеленадольскага цяперашняга, які можа на тое, што адбывалася ў пачатку вайны, паглядзець з вышыні пражытага і перажытага аб’ектыўна і непрадузята, і тым не менш пра ўсё канстатуе з пратакольнай выверанасцю і халоднай абыякавасцю, не спрабуючы даць усяму нейкую новую ацэнку?! – «На другі дзень мяне зноў папярэдзілі, каб не шкадаваў людзей. Лёс іхні ўжо вырашаны. Можна сказаць, яны спісаны. Так што мяне проста падбівалі пакласці дрэнна ўзброеную апалчэнскую дывізію пад гусеніцы нямецкіх танкаў. I я паклаў яе, вярнуўшыся ў Маскву ледзь не героем. Праўда, новай дывізіі мне ўжо не далі, але ж без работы не пакідалі. Сёння адно даручэнне, заўтра – другое».
Прызнацца, пасля ўсяго гэтага нельга аднабакова ўспрымаць папярэдняе аўтарскае сведчанне: «…Зазыба Зеленадольскаму спатрэбіўся, вядома ж, не як спецыяліст па нядаўняй акупацыі, а вось менавіта па гэтай прычыне – па роднасці душаў, па выхаванні высокай маралі першых гадоў бальшавіцкай рэвалюцыі, акурат генерал бачыў цяпер у сваім колішнім кулямётчыку нейкае апраўданне сябе». Патрабуецца абавязковая агаворка: роднасць душаў то захавалі абодва, а наконт высокай маралі, дык як сказаць. I справа зусім не ў тым, што Зеленадольскі такі ўжо «кепскі» чалавек, а Зазыба, як супрацьлегласць яму, гэткі дабрадзей. Прычына ў іншым: Зазыба «варыўся» ў вясковых абставінах і яму куды было лягчэй (хоць таксама няпроста даводзілася) захаваць колішнюю чысціню. Зеленадольскі меў уладу, а яна, як не паўтарыць, рэч жорсткая.
I на падобнае яна не проста штурхае чалавека, а сваёй жорсткасцю ўвесь час выпрабоўвае яго. Як таго самага Зеленадольскага. I найчасцей прымальнага і годнага выйсця не бачыцца. Ці герой ты, як было пад Масквой, ці зноў вораг…
А цяперашнія дзеянні Зеленадольскага? Як быццам ён мае рацыю: «…узнікла праблема. Раз мы прызываем у армію партызанаў, дык чаму не выкарыстаць у цяперашніх мясарубках і былых паліцэйскіх? Да таго ж, прыйшло ўказанне са стаўкі: адшукаць усіх фашысцкіх памагатых на вызваленай тэрыторыі, іначай можам стварыць умовы для ўнутранага супраціўлення, паліцэйскія ператворацца ў свядомых бандытаў, стварыўшы ў лясах ачагі супраціўлення савецкай уладзе, якая павінна ўрэшце аддаць належнае патрыётам і здраднікам, бо якая яна тады ўлада, дзе яе мускулы і меч». Ды хіба ў «мясарубку» не могуць трапіць партызаны, паспрабуй дакладна высветліць, хто з іх сапраўдны абаронца радзімы, а хто ў апошні момант, калі, як кажуць, запахла гарэлым, перабег у лес, а перад гэтым аддана служыў ворагу…
Згадваючы гэтыя і іншыя моманты рамана, бачна, наколькі I. Чыгрынаў паслядоўна ідзе шляхам першапраходцы, па-ранейшаму закранаючы тыя аспекты мінулай вайны, пра якія да яго яшчэ не пісалі. Па рознай прычыне іх абыходзілі ўвагай і празаікі. Адны баяліся адказнасці, другім усё гэта падавалася нетыповым. Знаходзіліся і такія, хто, пра што мной гаварылася раней, глядзеў на барацьбу з фашызмам толькі як на суцэльны ўра-патрыятызм. Цяпер, як быццам, і карты ў рукі. Дык не, чамусьці па-ранейшаму не вельмі шмат ахвочых несці такую праўду. Вядома, не кожны адразу можа напісаць раман, ды і аповесць шмат часу патрабуе, але ж ёсць яшчэ і жанр апавядання.
На паверку атрымліваецца, што больш за іншых «баліць» толькі I. Чыгрынаву, таму ён імкнецца ўвесці ў чарговы раман пра верамейкаўцаў матэрыял, якь здавалася б, да галоўнага дзеяння і не заўсёды мае непасрэднае дачыненне, а на самай справе вельмі неабходны, бо дазваляе яшчэ праўдзівей і больш аб’ектыўна зірнуць на мінулую вайну.
Гэта аднак не значыць, што добры намер аўтара пастаянна прыносіць яму поспех. Пацвярджэнне таму, як на маю думку, гаворка пра нашага лётчыка, які адмовіўся па загаду камандавання бамбіць лагер ваеннапалонных, паколькі ведаў, што там знаходзяцца не толькі тыя, хто гатовы перайсці да немцаў на службу, як яму было паведамлена. Сам па сабе выпадак гэты варты ўвагі. Але ён патрабуе асабліва пільнага псіхалагічнага прачытання. У рамане ж гэты выпадак, на маю думку, проста «прывязаны» да асноўнага дзеяння. I не сказаць, каб успрымаўся належным чынам. Адчуваецца «прышытасць» белымі ніткамі. Дзеля надання ўсяму большай праўдзівасці і пераканаўчасці I. Чыгрынаў пайшоў такім шляхам. Зеленадольскі, каб Зазыба пра ўсё меў як мага больш поўнае ўяўленне, прапанаваў яму пазнаёміцца з пратаколам допыту лётчыка, якім заняліся армейскія спецслужбы.
Прызнацца, усё гэта выглядае неяк… штучна. Наўрад ці пайшоў бы Зеленадольскі на падобны крок (прапанаваць пратакол допыту), хоць ва ўсім і давяраў свайму сябру па грамадзянскай вайне. Ну а наконт рэакцыі генерала: «Словам, чаго можна чакаць ад нягодніка? Яму няўцям нават, што заданне, якое атрымаў ад камандавання, заключалася… Трэба было знішчыць нашых патэнцыяльных ворагаў!», дык і сумнявацца не даводзіцца, што яна іншай і не магла б быць. Мы пераканаліся ўжо, што і Зеленадольскі чалавек… Не тое, што свайго часу, а той сістэмы, што яго выхавала і якой ён гатовы служыць самааддана да самага канца, даруючы пры гэтым асабістыя крыўды. У чым, дарэчы, I. Чыгрынаў і не ідзе насуперак праўдзе.
Што ўвогуле да выкарыстання дакументальнага матэрыялу, то ў рамане «Не ўсе мы згінем», як і ў папярэдніх творах, гэта не адзінкавы выпадак. У адным месцы аўтар нават вымушаны агаварыцца: «Кожны ведае, што пералік лічбаў і фактаў у рамане не на карысць яго мастацкай форме. Але ж падрабязнасці так хутка сціраюцца ў памяці!..» Аднак і агаворка ў нечым ставіць пад сумненне мэтазгоднасць таго, што робіцца. Тым не менш і без дакументаў не абысціся, асабліва калі прыняць пад увагу аб’ём заключнага рамана. Ён невялікі памерам, надзіва лаканічны і разам з тым ахоплівае шмат якія падзеі, што пісьменнік вымушаны быў прапусціць праз успрыманне бацькі і сына Зазыбаў. Дзеля лепшай арыенціроўкі, як кажуць, у часе і прасторы, выкарыстанне яго і аказвае добрую паслугу. Ды і рэтраспекцыі, як ужо адзначалася. Асабліва яны дапамагаюць лепш зразумець, што адбывалася на душы ў Масея Зазыбы, які, знаходзячыся на нейтральнай паласе, так і не асмеліўся прыстаць да пэўнага ваюючага боку.
Ды і тут дапамог выпадак. Пра гэта Масей успамінае, калі перабраўся ў Мінск да Алеся Астрашаба і, як трэба было чакаць, у новым акружэнні не надта пачувае сябе сваім. Праўдзівей, нават не столькі не прымаў Алеся, усё ж у іх у нечым меліся аднолькавыя погляды, колькі тых, хто вельмі ж дэкляраваў аб свабоднай і незалежнай Беларусі, а на самай справе верай і праўдай служыў акупацыйнаму рэжыму і дбаў толькі аб уласнай выгодзе.
Вяртанне назад, у нядаўняе мінулае, і спатрэбілася Масею як яшчэ адна магчымасць разабрацца ў сабе. Пракручваючы плёнку перажытага колькі месяцаў назад да гэтага, ён як бы хоча ўпэўніць самога сябе, што нічога благога для савецкай улады, ні для людзей не зрабіў. Ды і пісарам ва ўправе стаў толькі таму, што ад гэтага кроку залежала пытанне жыцця і смерці. А пачалося ўсё з Масеева нежадання бачыць несправядлівасць, зло, не зважаючы на тое, адкуль яны зыходзяць. Масей стаў сведкам, як нямецкі салдат здзекаваўся з Кузьмы Прыбыткова: «…трымаючыся на руках і нагах, акурат на ўроку фізкультурных практыкаванняў, пад ягоным прымусам напаўляжаў гаспадар. Немец выскаляў зубы няйначай, дужа весела было здзекавацца над старым чалавекам». Не ўтрымаўся Масей, а з «усяе моцы, якую сабраў у сабе, штурхануў нягодніка ў плечы; немец спярша пахіснуўся, але не ўтрымаўся на нагах, упаў ніцма, зачапіўшыся нагой за ганак; вінтоўка яго пры гэтым выскачыла з рукі і адляцела ў бок. Доўга не думаючы, Масей кінуўся да вінтоўкі, падхапіў яе з зямлі і, не зводзячы вачэй з немца, які паспеў ускочыць на ногі, крыкнуў старому Прыбыткову:
– Уставай, дзядзька Кузьма!»
Яшчэ цяжка сказаць, як разгарнуліся б падзеі далей, калі б Гуфельд не даведаўся, што супраць салдата фюрэра выступіў ніхто іншы, а сын Дзяніса Зазыбы. А яго, як вядома, камендант паважаў, ды і да ўсяго Дзяніс Яўменавіч з’яўляўся намеснікам валаснога агранома. Таму Гуфельд і паступіў такім чынам: «Нам рашаць, вінаваты ваш сын ці не. Ужо за адно нападзенне на салдата вермахта ён падлягае суроваму пакаранню. Вашага сына мы таксама арыштуем і забярэм з сабой». А ўжо знаходзячыся пад арыштам, Масей мусіў сам вырашаць, як быць далей. I пасля доўгіх ваганняў згадзіўся на прапанову немцаў.
Вобраз Масея ў новым рамане набывае яшчэ большую драматычнасць. Нават драматычнасць, што мяжуе з трагічнасцю. Як ні імкнецца Масей заставацца самім сабой, гэта яму не ўдаецца. Хаця, правільней сказаць, не даюць іншыя. Усе, хто знаходзіцца наўкола, як быццам адкрыта аніяк уплываць на Масея не могуць, а тым не менш ён залежыць ад іх. Залежыць ад партызан, што настойліва агітуюць ісці ў лес. Залежыць ад немцаў, якія ў яго асобе бачаць аднаго з тых, хто з-за адметнасці сваёй біяграфіі мог бы добра папрацаваць на «новы парадак». Залежыць ад Алеся Астрашаба, які ніколькі не сумняваецца, што такія сумленныя і чыстыя людзі ў гэты цяжкі час мусяць дбаць аб адраджэнні Беларусі. Нарэшце, пастаянная залежнасць Масея ад бацькоў. Ён не можа не бачыць, як цяжка даводзіцца ім, асабліва Дзянісу Яўменавічу, пераносіць, няхай і скрытыя, людскія кпіны.
Іх шмат, а Масей адзін. Яны вольныя вырашаць, як жыць, як дзейнічаць, каму служыць. А ён даўно нявольнік. I няхай з-за кратаў вызваліўся, ды заставаўся нявольным маральна, і, як ні круці, трапіў у пастку. I з кожным пражытым днём яна ўсё больш гняце. Гэтага Масей, безумоўна, не можа не разумець. А разумеючы, ужо не столькі дбае пра сябе, колькі клапоціцца пра тых, каму можа хоць неяк дапамагчы. Няхай не на справе, а спагадным словам, якога ў віхурную часіну не заўсёды дачуешся. Нездарма па дарозе ў Бабінавічы (а немцы дазволілі Дзянісу Яўменавічу суправаджаць сына ў камендатуру) ён гаворыць бацьку: «Але я цябе вельмі прашу, бацька, не дай заманіць сябе ў пастку. Што я апынуўся ў пастцы, то не апошняя бяда. Я даўно ўжо ў пастцы знаходжуся. Спярша ў савецкай быў, цяпер вось у нямецкую трапіў. А ты свядома не лезь. I матцы скажы, каб дарэмна не хвалявалася, і дзядзьку Кузьме, і ягонай нявестцы».
Адзін з найбольш псіхалагічна завершаных момантаў у рамане той, калі Масей вядзе гаворку з Сямёнам Пацёмкіным і Іванам Дзюнізіным, якіх камандаванне партызанскага атрада паслала ў Бабінавічы, каб усё ж угаварыць яго кінуць пісарства і падацца да народных мсціўцаў. Масей не збіраецца «хавацца» ад юнакоў, тым больш, што Іван «сам адбываў астрожны тэрмін»: «…у вашай прапанове мяне не толькі турбуе адна даволі важная акалічнасць, але і палохае. Гэта партызаны вашы цяпер гатовы гарантыю бяспекі даць, а што скажа тая ж савецкая ўлада, якую ўсе вы, у тым ліку і мой бацька, гэтак чакаеце?»
Масей перакананы, а ў гэтай сваёй перакананасці ён блізкі да ісціны: «…ад савецкай улады не абароніць нават вялікае геройства. У савецкай улады заўсёды павінны быць вінаватыя. Яна без гэтага не можа».
Але дыялога паміж суразмоўнікамі так і не адбылося. Дыялога, які б мог у нечым пераканаць юнакоў, што вымушаны, пры тым не па сваёй волі, агітаваць Масея ісці ў атрад. Хаця наўрад ці мог бы ён і адбыцца. Па той простай прычыне, што і Сямён і Іван, які, як кажуць, хапануў ліха, усё ж у сваіх меркаваннях не здатны сягнуць вышэй поглядаў, на якія арыентавала іх даваенная афіцыйная прапаганда. Інакш кажучы, яны, як і Дзяніс Зазыба, цалкам аддадзены савецкай уладзе. Для свайго часу гэта, вядома, было добра.
Аднак, не будзем забываць, Масей даўно стаіць вышэй грамады. Аднадушша грамады – яму не закон, бо ён жыве іншымі законамі – агульначалавечымі, маральнымі. Таму, адчуўшы, што юнакоў ні ў чым не пераканаеш, сказаў: «У маралі, хлопцы, свае законы. Яна не падпарадкоўваецца ні немцам, ні бальшавікам. А вайна – яна ўся амаральная. Чорная, крывавая і брудная. Што ёй нейкі паэт? Што ёй ягоны бацька, маці? Што ёй вёска? Для яе гэтага дабра хапае паўсюль».
Масеева непрыкаянства асабліва ўзмацнілася, калі ён даведаўся аб поспехах Чырвонай Арміі. Сумнення не засталося – неабходна ратавацца: «Ён сапраўды не сумняваўся, што з вяртаннем у Забесяддзе савецкай улады пачнецца вялікі хапун, калі мала хто здолее апраўдацца нават за прымусовае знаходжанне ў процілеглым лагеры». А што ўжо казаць пра яго самога, пра таго, які прыйшоў «не пад чыстую»? Няпэўнасці не тое, што не паменшала, а яе стала больш, калі апынуўся ў Мінску. «…Масей паступова прыходзіў да высновы, што чакаць Чырвоную армію ў Мінску яму таксама няварта. I не столькі таму, што друкаваўся ў газетах, якія выходзілі ў шматлікіх гарадах на акупіраванай тэрыторыі. Ніхто ж не вызваляў яго ад віны, за якую трапіў у лагер за Марыінскам. Сюды дадавалася праца ў валасным упраўленні ў Бабінавічах. У вачах улады, якая вярталася, усё гэта мела сваю шкалу вызначэння віны. Што-што, а наконт гэтага Масей не памыляўся. Іншая справа, каб яго няшчасці скончыліся трыццатымі гадамі і каб яму ўдалося пракідацца ваенны час пры і бацьку ў Верамейках. Аднак лёс не захацеў паказаць літасць».
Расказваючы пра знаходжанне Масея ў Мінску, I. Чыгрынаў імкнецца як мага праўдзівей перадаць атмасферу, што існавала тады ў беларускім асяроддзі. Публіка сабралася, як кажуць, вельмі неаднародная. А што гэта так, пераканаў, у прыватнасці, II Усебеларускі кангрэс, якому ў творы, дарэчы, удзелена немалая ўвага. На жаль, сярод удзельнікаў кангрэсу пераважалі тыя, хто, прыкрываючыся інтарэсамі Бацькаўшчыны, вырашаў свае дробныя справы. Гэтага, безумоўна, не мог не бачыць Масей. Ды і ўвогуле, «у многіх дэлегатаў і гасцей складвалася ўражанне, што ў тэатры адбываўся запознены вадэвіль, дарма што на самай справе абстаноўка ў Беларусі была ўжо зусім трагіічнай. Але ўсе адчувалі сябе, акурат заварожаныя смеласцю слоў і пастаноў». Як ніхто іншы, гэтую вадэвільнасць адчуваў Масей. Ды што ён мог зрабіць?! Нават дэлегатам кангрэсу не з’яўляўся, а толькі быў запрошаны госцем. А калі б і не госцем, то хто б прыслухаўся да яго голасу? Кожны турбаваўся за свой далейшы лёс. Балазе, ведалі: «…на чыгуначнай станцыі ўжо падрыхтаваны камфартабельны цягнік для ад’езду самых выдатных дзеячаў нацыянальнага руху з тэрыторыі Беларусі. Жадаючым дэлегатам таксама будуць вылучаны месцы ў цягніку».
Знайшлося яно і Масею. Тым самым настала часіна, пра якую ён не мог не здагадвацца, але якую ў думках стараўся менш згадваць – часіна развітання з Радзімай. А развітвацца Масей не хацеў, бо ведаў – гэта назаўсёды. Таму, уладкоўваючыся на паліцу ў вагоне, не хацеў верыць, што ўсё стала рэальнасцю: «Дзіўна, але Масею чамусьці здавалася, што апынуўся ён у гэтым цягніку выпадкова і хутка пакіне яго. Ад гэтага на душы пакуль не адчувалася нават развітальнай журбы з радзімай. Як штосьці далёкае-далёкае, амаль несапраўднае, вярнула памяць яму Верамейкі, матчыну магілу, і няўрымслівага бацьку з яго непраходзячай наіўнасцю. Трагічны лёс трагічнай сям’і!.. I хіба не ягоная віна ў гэтым?..»
А вось Дзяніс Яўменавіч адразу ўпэўніўся, што развітанне з сынам назаўсёды, ледзь пачуў пра Масееў ад’езд ад Зеленадольскага. Ён «добра ўжо разумеў, што страціў Масея назаўсёды. Цяпер сыну заставалася адно – мыкацца, гараваць па чужых краёх. А гэта, бадай, горай, чым адседжваць новы тэрмін на Калыме ці Пячоры». Наконт таго, што новы тэрмін лепш, яшчэ як сказаць… А вось гараванне па чужых краёх?
Ды гэта ўжо, як кажуць, па-за межамі рамана. А правільней, тэма новага рамана, які, магчыма, з цягам часу I. Чыгрынаў і напіша. У верамейкаўскім жа цыкле нарэшце пастаўлена апошняя кропка. Раман «Не ўсе мы згінем» заканчваецца партызанскім парадам, які Дзяніс Яўменавіч «пабачыў, стоячы недалёка ад трыбуны, дзе знаходзіліся Чарняхоўскі, Панамарэнка… I доўга смяяўся з таго, «як наперадзе цокаў па бруку капытамі казёл».
А наперадзе, як вядома, была Вялікая Перамога, набліжаць якую, калі і выпадала далей верамейкаўцам, дык самым маладым, тым, чый узрост падпадаў пад мабілізацыйны. Персанажы ж, якіх паказаў пісьменнік, сваю вайну завяршылі. Адны загінулі, другія, каму пашанцавала, выжылі. А лёс кожнага з іх, як гэта і бачна з цыкла, часцінка і лёсу народнага. Больш таго – частка лёсу ўсёй Бацькаўшчыны ў важны гістарычны перыяд, калі вырашалася быць ёй свабоднай ці знаходзіцца пад пятой акупантаў. А з думай пра будучыню Беларусі, будучыню, якую немагчыма поўна і правільна ўявіць, не асэнсаваўшы аб’ектыўна мінулае, у тым ліку і нядаўняе, ваеннае, і браўся за напісанне раманаў I. Чыгрынаў. I з пастаўленай задачай паспяхова справіўся.
Цяпер жа наперадзе – шырокае поле дзейнасці для крытыкаў і літаратуразнаўцаў. Дагэтуль жа кожны з твораў у асноўным прачытваўся самастойна, што таксама адбывалася, канечне, не без карысці. Аднак ва ўсёй паўнаце і маштабнасці адчуць задуму I. Чыгрынава, зразумець, наколькі адметна, па-свойму ён змог сказаць пра ўсенародную барацьбу з фашызмам, можна толькі ў тым разе, калі зірнуць на ўсе пяць раманаў у іх дыялектычным адзінстве, як на цэласны мастацкі твор.
Несумненна адно: I. Чыгрынаву ўдалося падысці да падзей вайны з эпапейным размахам. Ён сказаў пра мінулую вайну менавіта сваё слова, а гэтая чыгрынаўская праўда барацьбы з фашызмам у многім адрозная і ад таго, што засведчана пра згаданыя падзеі пісьменнікамі, якія самі змагаліся з ворагам. З аднаго боку, у нечым больш эмацыянальная. З другога, будзем справядлівымі, і значна аб’ектыўней. Сведчыць чалавек як бы збоку. Сведчыць той, хто сам з ворагам не змагаўся. А, значыць, ён не павінен штосьці карэкціраваць з асабістага жыцця, даючы яму сённяшнюю ацэнку. Тое, што напісана I. Чыгрынавым у «верамейкаўскім цыкле», напісана па абавязку сэрца і сумлення. I гэта таксама нельга не прымаць пад увагу, разглядаючы яго раманы.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
М. Тычына
(фрагмент)
Эстэтычнае засваенне ўрокаў гісторыі працягваецца ў творах празаікаў, якія традыцыйна цікавіліся падасновай сучасных падзей. Іван Чыгрынаў незадоўга перад смерцю паспеў здаць у друк апошнюю частку ваеннай пенталогіі – раман «Не ўсе мы згінем» («Полымя». 1996. № 1). Увага аўтара пераключаецца на вобраз Масея Зазыбы: ён даў магчымасць вывесці мастацкае апавяданне да жыццёва важных праблем нацыянальнага быцця. Аўтар падрабязна апісвае астрожную адысею героя, з большай увагай і павагай аналізуе яго погляды: Масей не толькі свядомы антысталініст, які ўжо тады шмат зразумеў, але і беларускі патрыёт, што падхапіў сцяг беларускіх адраджэнцаў і жыве ідэяй вызвалення Беларусі і ад фашыстаў, і ад бальшавікоў. Гэта постаць трагічнага героя, які нягледзячы на ўнутраную правату і вялікія магчымасці не здольны перамагчы аб’ектыўныя акалічнасці. Тысячагадовая гісторыя народа рухаецца наперад, пакідаючы за сабой скалечаныя лёсы многіх патрыётаў роднага краю, такіх, як Масей Зазыба. На многіх старонках твора I. Чыгрынава прыкметныя сляды паспешлівасці; аўтар чула адгукаўся на заклік эпохі, намагаўся асвоіцца ў новай палітычнай і духоўнай сітуацыі, адпавядаць ёй.
У заключным рамане I. Чыгрынава з’яўляецца шмат прозвішчаў дзеячаў беларускага вызваленчага руху, культуры і літаратуры. Якія яшчэ нядаўна было забаронена згадваць. Сярод іх кампазітары А. Туранкоў, М. Шчаглоў, М. Равенскі, Р. Самохін, паэты Л. Случанін (Шпакоўскі), Т. Лебяда, Н. Арсеннева, генерал К. Езавітаў, прафесар Я. Кіпель, гісторык А. Калубовіч і інш. Масей Зазыба бачыць гэтых людзей, пра якіх чуў ад сяброў, на Другім усебеларускім кангрэсе 27 чэрвеня 1944 г.
З некаторымі з іх ён знаёміцца і ўступае ў дыялог. Масея ўражвае атмасфера трагізму, якая шпарка згушчаецца над удзельнікамі кангрэса, ён не можа пазбавіцца ад пачуцця безвыходнасці. Як сапраўдны інтэлігент, таленавіты паэт Масей вінаваціць ва ўсіх бедах найперш самога, хаця відавочна, што ён хутчэй за ўсё ахвяра неспрыяльных гістарычных акалічнасцей.
Думка пра сённяшні дзень, пра драматычны стан беларускай ідэі, якая перажывае не лепшыя свае часы, лунае над старонкамі твора, які стаў «лебядзінай песняй» I. Чыгрынава. Не бяда, што аўтар часцей ставіць пьгганні, чым дае на іх адказы. Гістарычная ісціна нараджаецца ў пошуку.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 2
Ягор Конеў
Іван Чыгрынаў. Не ўсе мы згінем. «Полымя», 1996, № 1
Новы раман Івана Чыгрынава – працяг «Плача перапёлкі», «Апраўдання крыві», «Сваіх і чужынцаў», «Вяртання да віны» аказаўся, на жаль, апошнім буйным творам вядомага празаіка, народнага пісьменніка Беларусі. Па зместу эпапея далёка не скончаная. Дзеянне твора, у якім аўтар захоўвае вернасць традыцыям папярэдніх раманаў, спыняецца напрыканцы чэрвеня 1944 года сціплым, ледзь не канспектыўным апісаннем Другога Ўсебеларускага кангрэсу і падрыхтоўкі Савецкай Арміі да наступальнай аперацыі «Баграціён».
Няма сумненняў, што, калі б не заўчасная смерць пісьменніка, мы дачакаліся б працягу эпапеі. Але сілай трагічных абставін «Не ўсе мы згінем» стаўся заключным раманам пенталогіі, прысвечанай апісанню падзей другой сусветнай вайны на прыкладзе лёсаў жыхароў усходнебеларускай вёскі Верамейкі.
У гэтым рамане аўтар пакрысе разблытвае сюжэтныя лініі, рух якіх непрадказальна заблытваўся ў папярэдніх творах. Загінуў Алесь Астрашаб, «нацыяналіст» у вачах савецкай улады, а па-сапраўднаму – дзеяч нацыянальнага Адраджэння, трагедыя якога была ў тым, што стаў супрацоўнічаць з фашыстамі. Яго гібель ад партызанскай міны сімвалізуе драму той часткі беларускай свядомай інтэлігенцыі, якая мела ілюзіі адносна мэты захопу Гітлерам Беларусі. Можна прадбачыць, што Масей Зазыба апынецца ў эміграцыі. Яго маці забіў п’яны рабаўнік, які толькі называў сябе партызанам. Відаць, назаўсёды «па гэты бок» савецкай мяжы застанецца Дзяніс Зазыба.
Са старонак рамана знікаюць старыя, больш сталага ўзросту героі. Іх змяняюць маладзейшыя. I гэтая акалічнасць дазваляе меркаваць, што раман яшчэ далёкі да заканчэння – яго сюжэтныя лініі можна было б працягваць да нашага часу. Тым больш, што галоўны сімвал эпапеі – вайна – захоўвае надзвычайную актуальнасць і для нашых сучаснікаў.
Вайна на старонках рамана асабіста для мяне атаясамліваецца з ненажэрным зверам. Колькі ахвяраў ні праглыне гэты звер – яму ўсё роўна будзе не хапаць людское крыві. Чытаючы раман I. Чыгрынава, міжволі думаеш пра тое, што войны спыняюцца не тады, калі адна стратэгія перамагае другую, а тады, калі вычэрпваюцца людскія і тэхнічныя рэсурсы абодвух бакоў. Рэальнасць рамана «Не ўсе мы згінем» – менавіта такая: усё залежыць ад колькасці «гарматнага мяса», ад яго паступлення на перадавыя пазіцыі. Але ў Германіі яго менш, таму амаль ніхто з герояў рамана не сумняваецца, што немцы прайграюць вайну.
У сваіх драматургічных творах І. Чыгрынаў не аднойчы спрабаваў стварыць каларыт іншых гістарычных эпох, напрыклад, пачатак адзінаццатага стагоддзя, як у «Звон – не малітва», ці першую трэць пятнаццатага, як у «Браце караля», ці сярэдзіну васямнаццатага, як у «Судовай справе Васіля Вашчылы», ды іншыя. Але не пакідае адчуванне, што па-сапраўднаму ўтульна пісьменнік адчуваў сябе ў рэаліях 1941–1944 гадоў.
Івана Чыгрынава закрануў подых самай жорсткай у гісторыі чалавецтва вайны. I гэтая вайна, жахам перад якой прасякнута ўся творчасць пісьменніка, ужо разгарэлася зноў у Еўропе, на Балканах.
Універсальная здольнасць той зброі, якой зашмат на руках у герояў рамана, у тым, што яна павінна страляць. I зброя выкарыстоўваецца па прызначэнні, каб потым быць замененай новай, больш дасканалай. Гэтым прасочваецца логіка новага тэхнакратычнага парадку, які ўсталяваўся на планеце напачатку дваццатага стагоддзя.
Таму сярод бязлітаснага змагання варожых армій, залпаў артылерыйскіх дывізіёнаў, рову бамбардыроўшчыкаў і ляскату танкаў, якія гучаць ва ўяўленні чытача, учынак Масея Зазыбы, які не стаў забіваць нямецкага салдата за здзек з аднавяскоўца, а проста адканваіраваў да афіцэра, успрымаецца нібы акт невыкараняльнага гуманізму. Нельга не пагадзіцца з канцэпцыяй I. Чыгрынава, што «не ўсе мы згінем», калі ў самы жорсткі час знаходзяцца людзі, якія ў іншаземцы могуць разгледзець не ідэалагічнага ворага, а такога ж чалавека, як сам.
Каштоўнасць такіх людзей, як Масей і Дзяніс Зазыбы, у тым, што яны не дазволілі найвышэйшай уладзе заідэалагізаваць сваю свядомасць, што, не зважаючы на агрэсіўную і татальную прапаганду, жылі сваім розумам, здзяйсняючы ўчынкі ў адпаведнасці з уласным разуменнем дабра і зла. Бессмяротнасць такіх людзей (вядома, не фізічная) забяспечваецца тым, што яны прытрымліваюцца спрадвечнага пастулата чалавечай мудрасці: не рабі іншаму таго, чаго сабе не жадаеш!
I хаця пісьменнік дорыць чытачу надзею, што «не ўсе мы згінем», але з сумам думаецца пра тое, што, маўляў, нехта і выжыве, але смерць усё роўна напаткае многіх. Бо на вайне людзі звычайна забываюць, што можна жыць, не знішчаючы адзін аднаго. Таму, хаця вайна ў рамане набліжаецца да завяршэння, яго героям рана вылучаць заклік: «Бывай, зброя!»
Апісанне жыцця ў акупаваным фашыстамі Менску, пададзенае праз прызму ўспрыняцця Масея Зазыбы, пашырае межы нашага ўяўлення пра тагачасны побыт. Пісьменнік парушае прымітыўныя схемы, згодна з якімі насельніцтва акупаванай Беларусі падзялялася на карнікаў, паліцаяў, партызанаў і падпольшчыкаў. У рамане I. Чыгрынава жорсткасць з абодвух варагуючых бакоў разглядаецца хутчэй як выключная з’ява.
Як і нашы сучаснікі, героі рамана існуюць у адвечнай стадыі выбару паміж кепскім і горшым. Апісаныя ў творы «Не ўсе мы згінем» падзеі маюць пэўныя паралелі з нашым часам.
Чытаючы шматлікія раздзелы рамана, думаеш пра тое, што недзе двойчы ў стагоддзе Беларусь абвяшчае суверэнітэт з усімі атрыбутамі незалежнай краіны. I кожны раз суседнія дзяржавы не ўлічваюць гэтую акалічнасць. Што застаецца рабіць такім героям, як Масей Зазыба ці Алесь Астрашаб? Толькі рушыць наезджанай за дзесяцігоддзі беларускага дысідэнцтва каляінай: не атрымалася, маўляў, захаваць палітычную незалежнасць, дык будзем захоўваць незалежнасць духоўную!
З сучаснымі рэаліямі пераклікаюцца і намаганні святара Дворскага – эпізадычнага героя рамана «Не ўсе мы згінем» – надаць сваім беларускім прыхаджанам болей беларускасці, хаця б праз той жа пераклад малітоўніка на родную мову. Сцэны размоваў Масея Зазыбы і святара Дворскага прасякнуты патрыятычнай ідэяй прымусіць народ пазбавіцца жахлівай абыякавасці да свайго лёсу і лёсу сваіх нашчадкаў.
Як відаць, Іван Чыгрынаў захоўвае вернасць гуманістычным прынцыпам, якімі вызначалася яго творчасць. Пафас рамана – маўляў, нельга дазваляць крыважэрам ад улады развязваць бойню мільёнаў людзей – не страціць пякучай вастрыні ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Як не састарэе і галоўная думка, што ў палітычных разліках менавіта чалавечае жыццё павінна быць найвялікшай каштоўнасцю.
У рамане «Не ўсе мы згінем» Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў захаваў вернасць лепшым традыцыям сваёй прозы.
Алесь Марціновіч
Без перабольшання: больш дваццаці гадоў у полі зроку прыхільнікаў беларускай літаратуры знаходзіліся верамейкаўцы Івана Чыгрынава. З часу выхаду асобнай кнігай рамана «Плач перапёлкі» (1972) вакол яго творчасці, як кажуць, не сціхалі страсці. Адны, захопленыя маштабнасцю задумы пісьменніка, з нецярпеннем чакалі яго наступных твораў, каб даведацца пра далейшы лёс герояў, чарговы раз адзначыўшы майстэрства ў глыбокім і праўдзівым раскрыцці іх характараў. Другія – іх, канечне, было менш, але ўсё ж яны былі – гэтак роспачна ківалі галавой: маўляў, і колькі можна працягваць гэты «верамейкаўскі цыкл». А сам Іван Гаўрылавіч, не зважаючы на ўсё, працаваў спакойна і засяроджана, быццам той ратай, які ведае сабе цану і знае, што тое, што наканавана зрабіць яму самому, ніхто іншы не зробіць. Ішлі гады, выходзілі новыя творы – «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», «Вяртанне да віны». Вясной жа і ўлетку мінулага года І. Чыгрынаў шчыраваў над чарговым, пятым, раманам, якому суджана было стаць апошнім. Апошнім і ў цыкле, апошнім і ў творчасці пісьменніка. Як вядома, 5 студзеня 1996 года Іван Гаўрылавіч памёр – на 62 годзе жыцця. Раман жа выйшаў у першым нумары часопіса «Полымя», які аўтар так і не паспеў патрымаць у руках.
«Не ўсе мы згінем» – так называецца пяты чыгрынаўскі раман, а гэта крыху ўдакладненая першапачатковая назва папярэдняга – («Вяртанне да віны»), які спачатку мусіў называцца «Не ўсе мы памром». І. Чыгрынаў асноўную ўвагу засяродзіў на тым, як на Беларусі завяршаўся разгром гітлераўцаў. Пачаўся ж ён, як вядома, у сярэдзіне 1943-га. Для партызан (каго не ўзялі на фронт) барацьба з ворагам закончылася ліпеньскім парадам 1944 года ў Мінску.
Тым самым акрэсліліся часавыя рамкі твора. А каб адбылася стыкоўка з папярэднім «Вяртанне да віны», аўтар неаднаразова вяртаецца да рэтраспекцый, што дазваляюць удакладніць асобныя моманты з жыцця персанажаў, хоць у завяршальны твор з папярэдніх іх перайшло на так і шмат. А калі ўзяць пад увагу тых, хто нясе асноўную раманную нагрузку, дык усяго двое – Дзяніс Яўменавіч і Масей Зазыба. Спрадвечная дылема: бацька і сын. Астатнія ж персанажы не тое што эпізадычныя, яны проста з’яўляюцца на якое імгненне. А іншыя… Іншых даўно няма ў жывых. У адных выпадках, як гэта здарылася з нечаканай гібеллю жонкі Зазыбы Марфы Давыдаўны, расказваецца падрабязна. У другіх – з’яўляецца лаканічнае, у чымсьці блізкае да тэлеграфнага, паведамленне – і так зразумела, што здарылася.
Вобразы ж бацькі і сына Зазыбаў, паўтараю, у цэнтры асабліва пільнай увагі аўтара. I падобны падыход І. Чыгрынава да іх не выпадковы. Дагэтуль, як было відаць, свайго роду палярнасць назіралася ў паводзінах Зазыбы і Чубара, але ў рамане «Вяртанне да віны» апошні гераічна загінуў, палічыўшы (як і можна было чакаць ад яго) за лепшае самагубства, чым здрадніцтва. Цяпер на другім «полюсе» апынуўся Масей. Праўда, калі прытрымлівацца асноўных падзей заключнага рамана, дык бацька, з сынам больш так і не пабачацца, і дарогі іх назаўсёды разыйдуцца. А тое, што яны так і не паспелі канчаткова паразумецца, зноў жа відаць з рэтраспекцый. Свайго роду сцяной паміж імі, як і бачылася дагутуль, стала стаўленне да савецкай улады. Дзяніс Яўменавіч, хоць у многім і пачаў глядзець на яе іншымі вачыма, канчаткова зняверыцца ў ёй не мог. Не такое выхаванне меў. Масей жа, не жадаючы дапамагаць фашыстам, тым не менш не спадзяваўся, што пасля вызвалення яго чакае нешта лепшае, чым было дагэтуль. Тым больш, што канчаткова застацца ў баку ад падзей, знаходзіцца на своеасаблівай нейтральнай паласе яму так і не ўдалося. Вельмі ж суровыя абставіны павялі, уцягнулі ў сябе, быццам у вір, а далей – выбірайся, як удасца. Ніхто не дапаможа табе і дапамагаць не збіраецца, разлічвай толькі на свае сілы.
Аднак перайначыла лёс Зазыбы сустрэча з Маштаковым, якая адбылася адразу пасля вызвалення Крутагорскага раёна на пачатку кастрычніка 1943 года ад ворага. Маштакоў, які зноў стаў першым сакратаром райкома партыі, выклікаў яго да сябе і папрасіў даставіць у вясковую пральню ў Крычаве мабілізаваных дзяўчат. Але там «ніхто не ведаў, дзе знаходзіцца вайсковая часць, якой належала прыняць Зазыбаву каманду», і ён апынуўся разам з дзяўчатамі ў Роспе, а гэта ўжо тэрыторыя Расіі. У гэты час адбылася сустрэча Зазыбы з генералам (колішнім камандзірам роты, у якой у грамадзянскую вайну служыў Дзяніс Яўменавіч кулямётчыкам) Зеленадольскім. Той не забыў сябра маладосці і па яго просьбе пакінуў каля сябе.
Знаходжанне Зазыбы поруч з Зеленадольскім – гэта адначасова мажлівасць далучыцца да тых многіх складанасцяў жыцця – і даваеннага, і ваеннага, пра якія ён хоць і здагадваўся, але сутнасць якіх да канца не мог зразумець і спасцігнуць. Цяпер жа адбываецца набліжэнне да падобнай праўды, бо Зеленадольскі – чалавек адкрыты і, давяраючы Зазыбе, гаворыць пра многае, што ведае толькі адзін ён. Згадвае і пра тое, як яму служылася, як «пашчасціла аднаго разу мець справу з таварышам Сталіным».
Але не толькі пра гэта ўспамінае генерал, ён прыпадносіць Дзянісу Яўменавічу і тую праўду пра вайну, якой намеснік старшыні верамейкаўскага калгаса, канечне, ведаць, не мог. А яшчэ дзякуючы Зеленадольскаму Зазыба можа крыху пазней апынуцца нават у вызваленым Мінску.
Разам з тым у рамане па-ранейшаму вялікую нагрузку нясуць рэтраспекцыі, бо без іх, як вядома, нельга было абысціся, паколькі паміж раманам «Вяртанне да віны» і гэтым значны часавы разрыў. Рэтраспекцыі дапамагаюць і лепш зразумець, што адбывалася ў душы ў Масея Зазыбы, які, знаходзячыся да пары да часу на нейтральнай паласе, так і не асмеліўся прыстаць да пэўнага ваюючага боку.
Ды і тут дапамог выпадак. Пра гэта Масей успамінае, калі перабраўся ў Мінск да Алеся Астрашаба і, як трэба было чакаць, у новым акружэнні не надта пачуваў сябе сваім. Праўдзівей, нават не столькі не прымаў Алеся (усё ж у іх у нечым меліся аднолькавыя погляды), колькі тых, хто вельмі ж дэкляраваў аб свабоднай і незалежнай Беларусі, а на самай справе верай і праўдай служыў акупацыйнаму рэжыму і дбаў толькі аб уласнай выгодзе.
Вяртанне назад, у нядаўнае мінулае, і спатрэбілася Масею як яшчэ адна магчымасць разабрацца ў сабе. Пракручваючы плёнку перажытага колькі месяцаў назад да гэтага, ён як бы хоча ўпэўніць самога сябе, што нічога благога ні для савецкай улады, ні для людзей не зрабіў. Ды і пісарам ва ўправе стаў толькі таму, што ад гэтага кроку залежала пытанне жыцця і смерці. А пачалося ўсё з Масеева нежадання бачыць несправядлівасць, зло, не зважаючы на тое, адкуль яны зыходзяць. Масей стаў сведкам, як нямецкі салдат здзекаваўся з Кузьмы Прыбыткова: «…трымаючыся на руках і нагах, акурат на ўроку фізкультурных практыкаванняў, пад ягоным прымусам напаўляжаў гаспадар. Немец выскаляў зубы, няйначай, дужа весела было здзекавацца над старым чалавекам». Не ўтрымаўся Масей, а з «усяе моцы, якую сабраў у сабе, штурхануў нягодніка ў плечы; немец спярша пахіснуўся, але не ўтрымаўся на нагах, упаў ніцма, зачапіўшыся нагой заганак; вінтоўка яго пры гэтым выскачыла з рукі і адляцела ў бок. Доўга не думаючы, Масей кінуўся да вінтоўкі, падхапіў яе з зямлі і, не зводзячы вачэй з немца, які паспеў ускочыць на ногі, крыкнуў старому Прыбыткову:
– Уставай, дзядзька Кузьма!»
Яшчэ цяжка сказаць, як разгарнуліся б падзеі далей, калі б Гуфельдне даведаўся, што супраць салдата фюрэра выступіў не хто іншы, як сын Дзяніса Зазыбы. А яго, як вядома, камендант паважаў, ды да ўсяго Дзяніс Яўменавіч з’яўляўся і намеснікам валаснога агранома. Таму Гуфельд і паступіў такім чынам: «Нам рашаць, вінаваты ваш сын ці не. Ужо за адно нападзенне на салдата верхмата ён падлягае суроваму пакаранню. Вашага сына мы таксама арыштуем і забярэм з сабой». А ўжо, знаходзячыся пад арыштам, Масей мусіў сам вырашаць, як быць далей. I пасля доўгіх ваганняў згадзіўся на прапанову немцаў.
Вобраз Масея ў новым рамане набывае яшчэ большую драматычнасць. Драматычнасць, што мяжуе з трагічнасцю. Як ні імкнецца Масей заставацца самім сабой, гэта яму не ўдаецца. Хаця, правільней сказаць, не даюць іншыя. Усе, хто знаходзіцца наўкола, як быццам адкрыта і не могуць уплываць на Масея, і тым не менш ён залежыць ад іх. Залежыць ад партызан, што настойліва агітуюць ісці ў лес. Залежыць ад немцаў, якія ў яго асобе бачаць аднаго з тых, хто з-за адметнасці сваёй біяграфіі мог бы добра папрацаваць на «новы парадак». Залежыць ад Алеся Астрашаба, які ніколькі не сумняваецца, што такія сумленныя і чыстыя людзі ў гэты цяжкі час мусяць дбаць аб адраджэнні Беларусі. Нарэшце, пастаянная залежнасць Масея ад бацькоў. Ён не можа не бачыць, як цяжка даводзіцца ім, асабліва Дзянісу Яўменавічу, пераносіць, няхай і прыхаваныя, людскія кпіны.
Іх шмат, а Масей адзін. Яны вольныя вырашаць, як жыць, як дзейнічаць, каму служыць. А ён даўно нявольнік. I няхай з-за кратаў вызваліўся, ды заставаўся нявольным маральна, і, як ні круці, трапіў у пастку. I з кожным пражытым днём яна ўсё больш гняце. Гэтага Масей, безумоўна, не можа не разумець. А разумеючы, ужо не столькі дбае пра сябе, колькі клапоціцца пра тых, каму можа хоць неяк дапамагчы. Няхай не на справе, а спагадным словам, якога ў віхурную часіну не заўсёды дачуешся. Нездарма па дарозе ў Бабінавічы, а немцы дазволілі Дзянісу Яўменавічу суправаджаць сына ў камендатуру, ён гаворыць: «Але я цябе вельмі прашу, бацька, не дай заманіць сябе ў пастку. Што я апынуўся ў пастцы, то не апошняя бяда. Я даўно ўжо ў пастцы знаходжуся. Спярша ў савецкай быў, цяпер вось у нямецкую трапіў. А ты свядома не лезь. I матцы скажы, каб дарэмна не хвалявалася, і дзядзьку Кузьме, і ягонай нявестцы».
Адзін з найбольш псіхалагічна завершаных момантаў у рамане той, калі Масей вядзе гаворку з Сямёнам Пацёмкіным і Іванам Дзюнізіным, якіх камандаванне партызанскага атрада паслала ў Бабінавічы, каб усё ж угаварыць яго кінуць пісарства і падацца да народных мсціўцаў. Масей не збіраецца «хавацца» ад юнакоў, тым больш, што Іван «сам адбываў астрожны тэрмін»: «…у вашай прапанове мяне не толькі турбуе адна даволі важная акалічнасць, але і палохае. Гэта партызаны вашы цяпер гатовы гарантыю бяспекі даць, а што скажа тая ж савецкая ўлада, якую ўсе вы, у тым ліку і мой бацька, гэтак чакаеце?»
Масей перакананы, а ў гэтай сваёй перакананасці ён блізкі да ісціны: «…ад савецкай улады не абароніць паваг вялікае геройства. У савецкай улады заўсёды павінны быць вінаватыя. Яна без гэтага не можа».
Масеева непрыкаянсгва асабліва ўзмацніліся, калі ён даведаўся аб поспехах Чырвонай Арміі. Сумнення не засталося – неабходна ратавацца: «Ён сапраўды не сумняваўся, што з вяртаннем у Забесяддзе Савецкай улады пачнецца вялікі хапун, калі мала хто здолее апраўдацца нават за прымусовае знаходжанне ў процілеглым лагеры». А што ўжо казаць пра яго самога, пра таго, які прыйшоў «не пад чыстую»? Няпэўнасці не тое што не паменшала, а яе стала больш, калі апынуўся ў Мінску. «…Масей паступова прыходзіў да высновы, што чакаць Чырвоную Армію ў Мінску яму таксама неварта. I не столькі таму, што друкаваўся ў газетах, якія выходзілі ў шматлікіх гарадах на акупіраванай тэрыторыі. Ніхто ж не вызваляў яго ад віны, за якую трапіў у лагер за Марыінскам. Сюды дадавалася праца ў валасным упраўленні ў Бабінавічах. У вачах улады, якая вярталася, усё гэта мела сваю шкалу вызначэння віны. Што-што, а наконт гэтага Масей не памыляўся. Іншая справа, каб яго няшчасці скончыліся трыццатымі гадамі і каб яму ўдалося пракідацца ваенны час пры бацьку ў Верамейках. Аднак лёс не захацеў паказаць літасць».
Расказваючы пра знаходжанне Масея ў Мінску, І. Чыгрынаў імкнецца як мага праўдзівей перадаць атмасферу, што існавала тады ў беларускім асяроддзі. Публіка сабралася, як кажуць, вельмі неаднародная. А што гэта так, пераканаў, у прыватнасці, ІІ Усебеларускі кангрэс, якому ў творы, дарэчы, удзелена немалая ўвага. На жаль, сярод удзельнікаў кангрэса пераважалі тыя, хто, прыкрываючыся інтарэсамі Бацькаўшчыны, вырашаў свае дробныя справы. Гэтага, безумоўна, не мог не бачыць Масей. Ды і ўвогуле, «у многіх дэлегатаў і гасцей складвалася ўражанне, што ў тэатры адбываўся запознены вадэвіль, дарма што на самай справе абстаноўка ў Беларусі была ўжо зусім трагічнай. Але ўсе адчувалі сябе, акурат заварожаныя смеласцю слоў і пастаноў». Як ніхто іншы, гэтую вадэвільнасць адчуваў Масей. Ды што ён мог зрабіць?! Нават дэлегатам кангрэса не з’яўляўся, а ўсяго толькі быў запрошаны госцем. А калі б і не госцем, то хто б прыслухаўся да яго голасу? Кожны турбаваўся за свой далейшы лёс. Балазе, ведалі: «…на чыгуначнай станцыі ўжо падрыхтаваны камфартабельны цягнік для ад’езду самых выдатных дзеячаў нацыянальнага руху з тэрыторыі Беларусі. Жадаючым дэлегатам таксама будуць вылучаны месцы ў цягніку».
Знайшлося яно і Масею. Тым самым настала часіна, пра якую ён не змог не здагадвацца, але якую ў думках стараўся менш згадваць – часіна развітання з Радзімай. А развітвацца Масей не хацеў, бо ведаў – гэта назаўсёды. Таму, уладкоўваючыся на паліцу ў вагоне, не хацеў верыць, што ўсё стала рэальнасцю: «Дзіўна, але Масею чамусьці здавалася, што апынуўся ён у гэтым цягніку выпадкова і хутка пакіне яго. Ад гэтага на душы пакуль не адчувалася нават развітальнай журбы з радзімай. Як штосьці далёкае-далёкае, амаль несапраўднае, вярнула памяць яму Верамейкі, матчыну магілу і няўрымслівага бацьку з яго непраходзячай наіўнасцю. Трагічны лёс трагічнай сям’і!.. I хіба не ягоная віна ў гэтым?..»
А вось Дзяніс Яўмёнавіч адразу ўпэўніўся, што развітанне з сынам – назаўсёды, ледзь пачуў пра Масееў ад’езд ад Зеленадольскага. Ён «добра ўжо разумеў, што страціў Масея назаўсёды. Цяпер сыну заставалася адно – мыкацца, гараваць па чужых краёх. А гэта, бадай, горай, чым адседжваць новы тэрмін на Калыме ці Пячоры».
Ды гэта ўжо, як кажуць, па-за межамі рамана і «верамейкаўскага цыкла» ў цэлым. Праўда, як дзяліўся планамі Іван Гаўрылавіч незадоўга да сваёй смерці з аўтарам гэтых радкоў, у яго была задумка з цягам часу вярнуцца да Масея Зазыбы, каб расказаць пра яго жыццё ў замежжы. А гэта быў бы не проста новы раман, а і сюжэтна самастойны.
На жаль, рамана гэтага ўжо ніколі не будзе. На шчасце, ёсць у нас «верамейкаўскі цыкл» – пяць выдатных раманаў, якімі можа ганарыцца любая высокаразвітая літаратура свету: «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем». I несумненна адно: І. Чыгрынаву ўдалося асэнсаваць падзеі мінулай вайны з эпапейным размахам.