РЭЦЭНЗІІ
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Алесь Марціновіч
«Самы шчаслівы чалавек»
Як вядома, другі зборнік апавяданняў I. Чыгрынава «Самы шчаслівы чалавек» чакаць доўга не давялося, ён з’явіўся праз два гады пасля першай кнігі «Птушкі ляцяць на волю», у 1967 г. Пры першым жа знаёмстве з ім высветлілася, што пісьменнік паспяхова абжывае далей той шлях, які акрэсліўся перад гэтым, працягваючы пісаць менавіта сваю, чыгрынаўскую прозу, што ўвабрала ў сябе лепшыя традыцыі рускай літаратуры (у тым ліку і класічнай), беларускай прозы і ў той жа час захавала сваю індывідуальнасць, уласны «твар». I. Чыгрынаў зноў засведчыў аб уменні глядзець на падзеі вачыма народа, даследаваць тыя пласты жыцця, якія асобнымі творцамі не прымаліся пад увагу з-за сваёй, здавалася б, звычайнасці. Але ж кожны чалавек – гэта сапраўды вялікі, неабсяжны свет. Зазірнуўшы ў душу чалавека, можна зразумець і сам рух гісторыі, несупынную хаду часу. Адметнасць чыгрынаўскіх апавяданняў якраз і заключаецца ў здольнасці аўтара адчуваць гістарычную перспектыву, рэалістычна, выразна падаваць розныя падзеі паўсядзённасці, не на хвіліну не забываючыся, што для сапраўднага творцы дробязных сярод іх няма і быць не можа.
На думку Ул. Юрэвіча, у другой кнізе I. Чыгрынава «выявіліся новыя рысы пісьменніцкага таленту – імкненне да раскрыцця псіхалагічнага зместу факта, здабытага найчасцей з асабістага жыццёвага вопыту, схільнасць да глыбокага і шматзначнага падтэксту». А вось меркаванне Т. Грамадчанкі: «…I. Чыгрынаў працягвае творчы пошук у тым напрамку, што і ў першым (зборніку – А. М.). Зборнікі звязаны паміж сабой тэматычна, аб’ядноўваюцца матывамі, асобай аўтара. Разам з тым апавяданні другога зборніка маюць і некаторыя адрозненні, што сведчыць пра далейшае развіццё творчай індывідуальнасці празаіка». Значны крок наперад убачыла ў гэтай кнізе пісьменніка і Т. Шамякіна: «У зборніку… больш пэўна, чым у папярэднім, даследуецца сэнс і паўнацэннасць чалавечага жыцця на зямлі. Характэрная асаблівасць зборніка – узмацненне сацыяльнасці, цікавасць аўтара да актуальных праблем грамадскага жыцця, да духоўнага свету чалавека. Тут выявілася таксама ўменне I. Чыгрынава ў адным творы выкарыстоўваць розныя прыёмы абмалёўкі характараў, ужываць розныя ракурсы для адной з’явы, факта, што характэрна менавіта для раманных форм эпасу».
Можна таксама спаслацца на меркаванні іншых крытыкаў. Яны таксама будуць сведчыць на карысць таго, што I. Чыгрынаў не проста выдаў другую кнігу, а валодае здольнасцю, застаючыся самім сабой, пакараць і новыя мастакоўскія вышыні, яшчэ больш заглыбляцца ў характары герояў, узятых з самога жыцця.
Атмасферу перадваенных гадоў надзіва поўна адчуваеш у апавяданні, якое дало назву гэтай кнізе. У часопісе «Маладосць» (1965, № 6) яно, праўда, публікавалася пад іншым загалоўкам – «Першы бой». Аднак новае куды больш дакладна выяўляе ўнутраны стан юнакоў, прызваных у армію ў сорак першым годзе, і іх гатоўнасць не задумваючыся абараняць Радзіму. Пераважная большасць іх загінула ў першыя ж дні вайны, і многія лічылі сябе шчаслівымі людзьмі, што ўдалося змагацца з фашызмам. З шэрага іх і чырвонаармеец Аляксей Балаш. Аднаго ён баяўся: «яго дэмабілізуюць раней, чым пачнецца яна (вайна – А. М.). У іхняй сям’і ўсе мужчыны былі на вайне: дзед – на японскай, бацька – на грамадзянскай, старэйшы брат таксама ваяваў. Аляксей ведаў, што ордэн брат атрымаў за Іспанію». Хацелася паспець прыняць удзел у баях, тым больш, «хлопец быў упэўнены, што ў вайне ўдзел прымуць, можа, адны толькі пагранічнікі – за якое даабеддзе, калі пачнецца раніцай, яны разаб’юць немцаў, а там падымецца рабочы клас у самой Германіі і тады… Хто ведае, можа гэта самы зручны выпадак паквітацца з фашызмам!»
Святая вера, святая наіўнасць, народжаная не без удзелу тагачаснай афіцыйнай прапаганды, калі савецкае кіраўніцтва збіралася Германію ледзь не… шапкамі закідаць. Але ж не будзем забываць, што ў паводзінах Аляксея Балаша і яго сяброў было і іншае: непахісная любоў да Радзімы, сказвалася патрыятычнае выхаванне, уздзеянне якога не прайшло бясследна, а вылілася ў асабістую мужнасць і гераізм…
Івану Чыгрынаву ўдалося вельмі дакладна пранікнуць у саму атмасферу тых навальнічных дзён, што, як стала неўзабаве вядома, знаходзіліся на мяжы міру і вайны. I гэтаксама псіхалагічна заглыблена раскрыць трагізм пачатку вайны. Праз шквал агню, праз грукат бомбаў. I разам з тым праз разгубленасць тых самых чырвонаармейцаў, якія нядаўна яшчэ і паверыць не маглі, што ўсё пачнецца менавіта так, як адбывалася. Наколькі сама рэальнасць аказалася супрацьлеглай таму, да чаго рыхтавалі іх камандзіры: «Недзе далёка наперадзе вухнула раз, пасля другі, трэці… Аляксей нават пачуў высока над галавой характэрны шорах снарада. Але шорах гэты дайшоў да яго свядомасці як скрозь сон, быццам было нейкае соннае замарачэнне. Нават калі ўжо і за спіной у яго, можа кіламетраў за пяць якіх, вухнула колькі разоў, ён не падумаў, што гэта рвуцца снарады. Тады загрымела зусім блізка, і Аляксей нарэшце ўскочыў, спалоханы, але не паспеў зрабіць і двух крокаў, як перад вачыма бліснуў агонь, падкінула крайнюю палатку. Другі снарад расшчапіў сасну, на якой сядзеў жвавы канаплянік, якраз пасярэдзіне, і дрэва абрынулася, падмінаючы пад сябе палаткі. Але Аляксей ужо не чуў, як валілася дрэва, ён нават не чуў, як па лагеры рваліся адзін за адным снарады. Ён нібы аглох – адразу залажыла вушы, але тым не менш нейкі момант яшчэ стаяў, здранцвелы, і толькі пасля ўпаў ніцма».
Тое, што далей адбываецца з героем апавядання, вельмі далёкае ад гераізму, але натуральнае. Юнак, які, сутнасці, чакаў вайну, хацеў мець ордэн – «было такое тайнае жаданне», не тое, што разгубіўся. Аляксею Балашу, як і кожнаму ў падобных выпадках, стала страшна. Звычайны стан звычайнага чалавека! Звычайнага ў надзвычайных абставінах – «Снарады калацілі зямлю доўга. Аляксей баяўся паварушыцца і ўвесь сціскаўся ад жаху, як камякі балюча білі па спіне, – яму здавалася, што гэта не камякі, а асколкі сякуць цела».
Пісьменнік ніколькі не баіцца паказаць свайго героя ў такім выглядзе. Не баіцца, бо адчувае, што далейшае ўзвышэнне Аляксея Балаша магчыма толькі праз часовае прыніжэнне. Калі чалавек, прайшоўшы праз гэта, выстаіць, яго нішто ўжо не здатна зламаць. А пакуль… Пакуль трэба самае малое і разам з тым важнае – устаць на ногі. Устаяць у прамым і ў пераносным сэнсе: «Артналёт скончыўся раптоўна, таксама як і пачаўся. Аляксей, яшчэ не верачы сабе, падняўся спачатку на карачкі, пасля стаў хістаючыся на ногі; твар яго ў гэты момант быў як у нежывога. Здранцвенне праходзіла паступова, але і пасля таго, як ён пачаў азірацца па баках, пад каленкамі дрыжала і к горлу падступала моташнасць».
Моташнасць ад перажытага, ад таго, што ўсё адбылося так нечакана і гэтак страшна. А далей на ўсё I. Чыгрынаў глядзіць ужо не столькі вачыма Балаша, колькі імкнецца ў нечым падаць плынь падзей вачыма старонняга назіральніка. Старонняга ды зусім не абыякавага. Такога, якому таксама патрэбна праўда: «Палатак другога батальёна як і не было. Усё пераварочана – копаць, кроў ды пашматаныя чалавечыя целы. Менш дасталося першаму батальёну, палаткі якога стаялі трохі ніжэй. Там цяпер бегалі напаўраздзетыя чырвонаармейцы, чуліся каманды. Ля штабных баракаў ужо выстрайваліся роты».
Аляксей разумее, што там і яго месца. Разумее, але, не сказаць, каб дакладна ўсведамляў, што і да чаго. Дзейнічае ён, па сутнасці, яшчэ аўтаматычна. Але аўтаматызм гэты, калі можна так сказаць, ярка акрэсленага кірунку. Нават цяжка вызначыць, што ў дадзены момант сказваецца больш. Пачуццё адказнасці, салдацкага абавязку ці тое, што не адзін месяц убівалі ў галаву, падкрэсліваючы неабходнасць са зброяй у руках абараняць Радзіму ад ненавісных імперыялістаў і ў першую чаргу ад нямецкай Германіі, ад гітлераўцаў.
Чыгрынаў надзіва лаканічна, але некалькімі словамі гаворыць вельмі шмат: «Аляксей таксама падаўся туды (да чырвонаармейцаў, якія стаялі ў страі – А. М.). Але крануўся з месца, як п’яны. Да яго адразу падскочыў нейкі камандзір, сунуў у рукі вінтоўку, сумку з патронамі і піхнуў у строй». Прагучала каманда, «і чырвонаармейцы, адразу парушыўшы строй, пабеглі, трымаючы вінтоўкі ў руках, па лясной дарозе, якая вяла ад лагера праз лес на граніцу, дзе не пераставала грамыхаць і адкуль даносіўся шум блізкага бою».
Разам з усімі бег і Аляксей Балаш, паступова, на хаду, можна сказаць, становячыся самім сабой, вяртаючыся ў тое становішча, якое заўсёды было для яго звыклым. А ў звыкласці далёка не апошнюю ролю мела ўпэўненасць у сабе: «Бегчы было лёгка, нягледзячы на тое, што сумка з патронамі адцягвала плячо. Чым хутчэй Аляксей бег, тым больш рабіўся спакойны. I не было ў яго душы ніякага страху».
Тым не менш I. Чыгрынаў не збіраецца рабіць са свайго героя гэткага «волата духу». Як не імкнецца Балаш стаць ранейшым, яму гэта даецца цяжка. Быццам нехта нябачны пастаянна выпрабоўвае яго на здатнасць стаць у актыўны строй барацьбітоў з ворагам. I бег Аляксей у страі апошнім, а «неўзабаве… адчуў, як тупы боль працяў яго нагу, і ён закульгаў, пачаў паступова адставаць ад чырвонаармейцаў». I «праз нейкі момант ён ужо адзін калдыбаў па дарозе». Калдыбаў, ды спыняцца не збіраўся, «усё яшчэ спяшаўся».
Цяжка сказаць, як доўга працягвалася б гэта, калі б «на вялікай круглай паляне, якую абступілі з усіх бакоў густыя лазовыя кусты», не паказаліся гітлераўцы. Упэўненыя ў сваёй сіле, перакананыя, што поспех і ў далейшым будзе спадарожнічаць ім, таму няма асаблівай патрэбы некага баяцца: «Немцы ішлі насустрач яму (Балашу – А. М.) і стралялі з аўтаматаў. Яны нават не цэліліся, проста стралялі перад сабой і ішлі на ўвесь рост».
Хутчэй за ўсё яны Аляксея не заўважылі… Уратавацца б ён, несумненна, здолеў, калі б пабег у кусты. I пры гэтым наўрад ці былі б падставы асуджаць яго за падобны ўчынак. Прынамсі, кіруючыся звычайнай логікай. Але зрабіць так мог бы нехта іншы, ды толькі не Аляксей Балаш, той Балаш, які палохаўся, што яго дэмабілізуюць раней, чым пачнецца вайна. Балаш, які марыў пра ордэн, для якога не заставалася ніякага сумнення – вораг будзе хутка разгромлены, «за якое даабеддзе». I гэтым разам I. Чыгрынаў дакладна прытрымліваецца лагічнай паслядоўнасці (і псіхалагічнай апраўданасці!) у адлюстраванні падзей. Сумнявацца не даводзіцца: і ў жыцці падобныя Аляксеі Балашы паступілі менавіта так, а не інакш: «Аляксей кінуўся на зямлю і папоўз да невысокага пня, які ўбачыў збоку, крокі за тры ад сябе. Першага свайго стрэлу ён не пачуў, толькі заўважыў, як паваліўся на зямлю шыракаплечы, рослы немец. Ад гэтага Аляксею стала радасна, і другога немца ён ужо браў на мушку з вясёлай злосцю, падобнай на ўдачлівую зухаватасць. Можа таму, што фашысты былі зусім блізка, але страляў ён без промаху».
Да Балаша прыйшла тая ўпэўненасць, якая характарызуе яго як байца, які ведае сабе цану і цалкам перакананы ў праваце сваёй справы. Здаецца, ужо нішто не можа вывесці яго з раўнавагі: «…Аляксей страляў… і страляў без продыху. Нарэшце, патроны скончыліся. Тады Аляксей дастаў з сумкі, што ляжала побач, запасную абойму, глянуў на патроны і не спяшаючыся пачаў перазараджаць».
Тут у апавяданні не тое што лаканічнасць, а і нейкая… пратакольная дакладнасць. Нібы аўтар не проста мастацкі твор піша, а занатоўвае для нашчадкаў, як дзейнічаў у баі чырвонаармеец Аляксей Балаш. Смела, мужна. Наступны сказ вытрыманы ў гэтым жа стылі: «У гэты момант ірванула зямлю. Аляксей адчуў, як штосьці моцна штурханула яго, ён ударыўся галавой аб пень і выпусціў з рук вінтоўку».
Нават калі б на гэтым эпізодзе I. Чыгрынаў паставіў у творы апошнюю кропку, апавяданне прагучала б. Ужо і так бачны трагізм чалавека, які, сутыкнуўшыся з вайной, не змог да канца ўсвядоміць, наколькі страшная і лютая яна. Праўда, у такім разе апошняя кропка магла б адначасова ператварыцца і ў… шматкроп’е. Так, у шматкроп’е, бо чытачу давалася б мажлівасць самому дадумваць, што было ў апошні момант у думках галоўнага героя. Думаць і гадаць, а ці застаўся ён ранейшым у сваёй святой і такой наіўнай веры. Таму I. Чыгрынаў свядома расставіў усе кропкі над «і». Ён «даў» мажлівасць Аляксею яшчэ пажыць і тым самым самому даць ацэнку таму, што адбылося.
Апрытомнеў Балаш праз якую гадзіну: «Аляксей… акінуў позіркам нерухомыя постаці на паляне і раптам па-сапраўднаму зразумеў: гэта ж ён палажыў столькі ворагаў!.. Значыць, атака адбіта!» А раз атака адбіта, то «цяпер яго хвалявала і радавала тое, што і ён, Аляксей Балаш, чырвонаармеец другога батальёна трыста сорак чацвёртага палка, мае непасрэднае дачыненне да сённяшніх падзей. На душы, нягледзячы на шматлікія раны, было хораша, і Аляксей адчуваў сябе, можа, самым шчаслівым чалавекам».
Так і памёр ён з гэтым – святым! – усведамленнем. Так і адышоў у нябыт, пакутліва развітваючыся з жыццём: «траціў прытомнасць, пасля зноў ажываў, клікаў слабым голасам санітараў і дзівіўся, чаму не ідуць па яго». А перад тым, як назаўсёды самкнуць вейкі, падышлі байцы нямецкай пахавальнай каманды. Праўда, «Аляксею ўжо дрэнна бачылася, у галаве ўсё блыталася і нельга было сабраць у адно думкі. Аляксей канаў, і яму здавалася, што на паляне варушыліся не немцы, а вялікія дымчатыя жабы. Некалі гэтыя жабы не давалі Аляксею спаць – за дваром у іх была сажалка, і жабы заўсёды квакалі ўлетку на ўсю моц. Аляксей набіраў у кошык камянёў, насіў да сажалкі і кідаў іх ў ваду. Жабы на нейкі час, напалоханыя, сціхалі, але як толькі Аляксей адыходзіў ад сажалкі, зноў пачыналі квакаць. Гэта яго злавала… I цяпер вось вярзлося…»
Думаецца, сама закончыць апавяданне. Аднак I. Чыгрынаў увёў яшчэ невялікі падраздзельчык, з якога мы даведваемся, што немцы з пахавальнай каманды былі вельмі ўражаны, што столькі іх байцоў палажыў усяго адзін-адзіны чырвонаармеец. Збіраліся і яго пахаваць ды перадумалі – «па рыдлёўку трэба ісці ажно да машыны». Сваіх жа паклалі ў дамавіны, што былі зроблены яшчэ перад пачаткам вайны.
На маю думку, гэты падраздзельчык лішні. Праўда, ва Ул. Гніламёдава іншае меркаванне. I не наконт завяршэння твора, а і вартасцях яго ў цэлым: «успрымаецца як не зусім завершаны твор». На жаль, крытык так і не палічыў патрэбным сказаць, чым аргументуе ён падобны папрок I. Чыгрынаву, тым больш што, няцяжка заўважыць, абвінавачванні беспадстаўныя. Апавяданнем сказана тое, што пісьменнік і хацеў сказаць, – паказана, як мужнасць перадваеннага пакалення спалучалася з яго наіўнасцю, празмернай рамантычнасцю ва ўспрыманні вайны як суцэльнай – пры тым лёгкай – перамогі.
Аднак і наўрад ці ёсць патрэба, як гэта робіць Т. Грамадчанка, супрацьпастаўляць згаданы твор з напісаным іншымі аўтарамі: «У апавяданні I. Чыгрынава не адчуваецца з такой сілай драматызм становішча на вайне дзевятнаццаці і дваццацігадовых рамантыкаў, як, скажам, у творах А. Ананьева, Г. Бакланава, Ю. Бондарава, В. Быкава, I. Навуменкі, I. Шамякіна і іншых пісьменнікаў-франтавікоў».
Драматызм у творы акурат і прысутнічае. Ды яшчэ які! Той, што пераходзіць у трагізм. Іншая справа, наколькі I. Чыгрынавым узята больш лакальная сітуацыя, яна сама па сабе не дазваляла пераходзіць да значных абагульненняў. Ды хіба і патрэбны яны тут, калі і так усё зразумела, а вобраз галоўнага героя атрымаўся цэласным і завершаным.
У апавяданні ж «Ішоў на вайну чалавек» аўтарам скандэнсавана выказана, перададзена тое, што пазней лягло ў аснову вядомага рамана рускага празаіка Я. Носава «Усвяцкія шлеманосцы». Сутнасць у падабенстве чалавека, які збіраецца выконваць свой воінскі і грамадзянскі абавязак. У апавяданні апошнія гадзіны праводзіць дома звычайны вясковы працаўнік Ігнат. Атрымана мабілізацыйная позва, засталося развітацца з блізкімі. Настала ў жыцці тая часіна, калі хочаш – не хочаш, але, магчыма, і падсвядома, прымерваешся, каб разабрацца, ці так жыў дагэтуль, бо хто ведае, як у далейшым лёс павернецца, ці выпадзе яшчэ магчымасць вярнуцца назад.
Павел Дзюбайла, гаворачы пра гэта апавяданне, дакладна адчуў тое галоўнае, чым кіраваўся пісьменнік, калі ажыццяўляў сваю задуму: «I. Чыгрынаў змог убачыць у чалавеку тое, чаго іншыя ў ім не заўважылі, змог паказаць характар простага хлебароба, які адпраўляецца на фронт, так праўдзіва, буйна, абагульнена, паэтычна, што наш герой як жывы паўстаў са старонак апавядання ва ўсёй сваёй прыгажосці, душэўным багацці».
Майстэрства аўтара ў гэтым апавяданні, як і ў іншых, несумненнае. Як відавочна і тое, што тым самым найперш сказваецца талент творцы. Але не толькі. I. Чыгрынаў, як і кожны пісьменнік, які валодае вялікімі творчымі задаткамі, не абмяжоўваецца рэалізацыяй іх, а па-мастакоўску ўмела наследуе тое лепшае, што створана папярэднікамі. Па-свойму мела рацыю Т. Шамякіна, калі пісала: «За Чыгрынавым стаіць, безумоўна, эпічная шырыня коласаўскай прозы, ёмістасць «Палескай хронікі» I. Мележа, культура пісьма М. Гарэцкага». Праўда, калі традыцыі класікаў пераносіць менавіта на кнігі апавяданняў I. Чыгрынава (Т. Шамякіна ж мела на ўвазе ўвогуле яго набыткі, у тым ліку і ў жанры рамана), то неабходна ўдакладненне: ёмістасць не ўсёй «Палескай хронікі», а яе лепшага рамана «Людзі на балоце», які выйшаў у 1962 г. (астатнія, як вядома, з’явіліся пазней).
Істотнае і такое ўдакладненне Т. Шамякінай: «У сучасных таленавітых пісьменнікаў бывае цяжка прасачыць вучобу ў таго ці іншага папярэдніка. Як правіла, наследаванне ідзе па шматлікіх лініях і «ўбіраецца» ўсё вельмі арганічна».
Правільным будзе сказаць, што гэтая вучоба часам у нечым інтуітыўная. Аўтар, бывае, і несвядома абапіраецца на вопыт папярэдніка, а, знаходзячыся пад уражаннем напісанага ім, стварае ўласны свет вобразаў. У сувязі з гэтым правамерным будзе і сцверджанне, што I. Чыгрынаў нямала ўзяў і ад К. Чорнага. Не мог не ўзяць, бо перакананы: «…Чорны бясспрэчна першы з беларускіх пісьменнікаў дасягнуў у сваёй прозе сапраўды глыбокага псіхалагізму, шырокай маштабнасці, пранік у філасофскія пласты».
Аднак, знаходзячыся, так сказаць, у сілавым полі знакамітых папярэднікаў, I. Чыгрынаў разам з тым пісаў у рэчышчы тых праблем, чым жыла тагачасная літаратура. I не толькі беларуская, а і руская, уплыў якой на беларускую заўсёды быў моцным, хоць цяпер і пачалі знаходзіцца ахвотнікі падобнае адмаўляць. Гэта тычыцца і тых нямногіх апавяданняў I. Чыгрынава, у якіх закранаецца тэма ваеннага маленства. Як бы апасродкавана, паралельна з іншымі матывамі, яна гучыць у многіх творах, хоць бы ў тым жа апавяданні «Ішоў на вайну чалавек». Але ў цэнтры аўтарскіх разваг знаходзіцца ў двух – у апавяданні «Бульба» з першай кнігі «Птушкі ляцяць на волю» і «За сто кіламетраў на абед» са зборніка «Самы шчаслівы чалавек».
Наколькі ў апошнім апавяданні I. Чыгрынаў «не ізаляваны» ад суседніх літаратур, усебакова паказала Э. Гурэвіч: «Па спасціжэнню прыроды маленства знутры апавяданне «За сто кіламетраў на абед» выклікае асацыяцыю з апавяданнямі В. Распуціна «Урокі Французскай» і «Мы з Дзімкам»… Дзіцячае бачанне ў Распуціна і Чыгрынава карэкціруецца аўтарскім, устанаўліваецца дыстанцыя паміж тым, што тады бачылася і перажывалася, і цяперашняй свядомасцю дарослага чалавека, хоць дасягаецца гэта рознымі шляхамі: у Распуціна – своеасаблівай аўтарскай інтанацыяй, гучаннем аўтарскага голасу, які часам аддзяляецца ад героя-апавядальніка; у Чыгрынава – сінтаксічнымі канструкцыямі, што перадаюць розныя часавыя ўяўленні». У гэтым Э. Гурэвіч бачыць свайго роду «двайны зрок», пры якім «я – герой» «існуе ў мастацкай прасторы твора ў двух розных часавых вымярэннях». Цяжкасць пры падобным прыёме для пісьменнікаў у тым, каб «дасягнуць цэласнасці і адзінства вобраза «я – героя» і, разам з тым, каб дарослае аўтарскае бачанне не засланяла індывідуальных нямеркнучых уражанняў дзяцінства, своеасаблівасці яго свядомасці».
З пастаўленай задачай I. Чыгрынаў справіўся паспяхова. У апавяданні «За сто кіламетраў на абед» яму аднолькава ўдаліся і тыя старонкі, дзе ўспрыманне ваеннага маленства паказана вачыма таго, хто, нягледзячы ні на што, выжыў, і эпізоды, што падаюцца праз светаўспрыманне колішняга хлапчука. Розніца не ў псіхалагічнай дакладнасці і пераканаўчасці, адрознасць у самой манеры пісьма. Калі перад чытачом герой-апавядальнік паўстае чалавекам сталага веку, ён да перажытага ў нейкай ступені ставіцца і як чалавек з боку. Быццам не сам пра ўсё расказвае, а нехта старонні, хто, маючы багаты жыццёвы вопыт, можа заставацца не толькі праўдзівым, а і адначасова больш аб’ектыўным, бо меў ужо магчымасць багатыя ваенныя назіранні сістэматызаваць, параўнаўшы іх між сабой і тым самым стварыўшы пераканаўчы малюнак.
Праўда, пры гэтым замест манеры чыста апавядальнай – з элементамі яе вобразнай напоўненасці, эмацыянальнай насычанасці – з’яўляецца ў нейкай ступені публіцыстычная – з яе лаканічнасцю, дакладнасцю факта, выверанасцю ацэнак і фармуліровак. I гэта не на шкоду мастацкасці твора. Як кажуць, усяму сваё месца… Тым больш, што спрацоўвае сама фактура, у аснову якой пакладзены ваенны побыт, ваенныя рэаліі: «Нам было ў той час па дзесяць гадоў – адным трохі болей, другім трохі меней. I мы былі дзеці вайны. Але тады мы амаль усё ведалі, і мне часам здаецца, што ведалі куды больш, чым нават цяпер, калі нам па трыццаць ужо». I далей ідзе даволі вялікі пералік гэтага «ведання»: уменне пазнаваць па гуку самалёты, адрозніваць віды куль па іх афарбоўцы, здатнасць разбірацца ў знаках адрознення «салдат і афіцэраў любой краіны, якая мела вайсковыя часці на ўсходнім фронце…»
I гэтаксама I. Чыгрынаў лаканічны, калі гаворыць пра тое, што, уласна кажучы, і падказала сюжэт твора: «…галодныя мы, здаецца, былі заўсёды: то харчу не хапала, то солі (не пасаліўшы – не з’ясі), то яшчэ якой трасцы. Таму і выходзіла, што ў вайну нам мала калі даводзілася ў волю пад’есці». Нават гэтая, здавалася б, грубаватая характарыстыка «яшчэ якой трасцы» дае выразна адчуць, наколькі страшны голад перажылі ў свой час дзеці вайны. Такі страшны, што і праз гады ён не забыўся, а пастаянна напамінае аб сабе. Нагадвае, як тое страшнае, што ў памяці наўрад ці калі знікне.
Не проста даўся хлапчукам той дзетдомаўскі хлеб. Давялося нямала перажыць, перш чым дабраліся туды, куды вёў сябрукоў Васька Карапет. Чаго варта адна сустрэча з палонным немцам! Прадчуванне, што ўдасца нарэшце падсілкавацца, затлуміла дзецям розум: «У нашых вачах, мусіць, як у ваўчанят, заблішчалі злосныя агеньчыкі – надта хацелася есці. А наперадзе, як на тое, ішоў з торбай палонны немец…» Дзейнічалі рашуча, ды той і не думаў супраціўляцца, толькі ў яго «вачах застыў на нейкі момант жах. Можа, немец падумаў, што мы зараз будзем біць яго». Але зірнулі ў торбу – надта не падсілкуешся – «дзесяць сырых бульбін, два акрайцы пушнога хлеба, які ад дотыку рассыпаўся ў руках, ды яшчэ палавіна яешні, можа з чыйго святочнага стала».
Тое, што пасля гэтага расчаравання адбылося, проста так не прыдумаеш. Падобнае магчыма пры адной умове – ад голаду дзеці і на самай справе становяцца ці не ваўчанятамі: «Вядома, нам гэтага (харчу – А. М.) было мала. I мы раптам абурыліся. Пачалі лаяць няўдалага немца за тое, што той не здолеў выпрасіць у будзянскіх баб хоць бы з пуд бульбы». «Цяжкім» аказаўся і дзетдомаўскі хлеб для згаладалых хлапчукоў. «Цяжкім», але тым больш жаданым. Хаця пра тое, як яны нарэшце змаглі па-сапраўднаму пад’есці, у апавяданні ни слова. Чыгрынаўская манера недагаворанасці да канца і гэтым разам цудоўна спрацоўвае: «Загадчык дзетдома чамусьці нават не паглядзеў на нас, калі спыніўся блізка, адразу ўтаропіў позірк некуды ў поле, над якім трымцела перагрэтае паветра. Мы думалі, што ён пачне нас лаяць. Але Іван Мікітавіч раптам закашляўся і з дакорам сказаў глухім голасам:
– Ну, што вы расселіся тут? Ідзіце абедаць!..»
Падзеі пачатку вайны знайшлі адлюстраванне і ў апавяданні «У баку ад дарогі…». Сітуацыя ўзята, як для таго часу, звычайная: «Снарад упаў каля дарогі неспадзявана – прыляцеў аднекуль, і ніхто нават не пачуў. Асколкамі былі забіты чацвёра салдат з другога ўзвода і паранены ў жывот камандзір роты Сямён Кажаноў. Пакуль хавалі забітых, санінструктар перавязаў параненага». Раненне ў капітана было цяжкае, таму яго вырашылі пакінуць аднаго. Перад гэтым палітрук паабяцаў: «Недалёка ўжо вёска. Адтуль прыедуць і забяруць вас. Мы папросім. Абавязкова забяруць». На развітанне ж паклаў поруч з камандзірам роты наган. Кажанаў пра ўсё адразу здагадаўся: «…памацаў правай рукой кабуру, выняў наган.
«Эх ты! – са злосцю чамусьці падумаў ён пра палітрука.– Толькі не, я хачу пажыць яшчэ, чуеш, палітрук! Я хачу пажыць!» – I адкінуў ад сябе наган».
Але, чытаючы апавяданне далей, прыходзіш да высновы, што сітуацыя звычайная толькі спачатку. Пасля яна становіцца неардынарнай. Першым заўважыў капітана ў лесе той, хто, здавалася б, мусіў ненавідзець усіх і кожнага, – Міцька, які перад вайной, па сутнасці, за нішто быў асуджаны. Пазней ён прызнаецца капітану: «Ну, астравы ёсць такія… На Поўначы. Адбываў там, адным словам, трапіў па ўказу. «Указнік» я. Вы не ведаеце, што гэта такое? Хітры, скажу вам, указ. Дык мяне і завезлі па гэтаму ўказу на тыя астравы. I было б за што… А то ж спазніўся на гадзіну. Я на прамкамбінаце рабіў. Хадзіў туды кожны дзень. На кватэру не станавіўся. Вясной у нас тут заўсёды дапол вялікі. Ну, і вядома, спазніўся. Пакуль перабраўся на крыгах цераз раку, то і спазніўся. Прыйшоў на камбінат мокры, руччом вада цячэ. I ўсё роўна не вераць. Дырэктар можа б і прасціў мне, але ж Падвозаў, начальнік аддзела кадраў… Яго нават дырэктар баяўся».
А пакуль да прызнання, Кажаноў западозрьгў у Міцьку звычайнага дэзерціра. Яшчэ б! У вайсковай форме, блукае адзін па лесе. А Міцька – душа чалавек. Нягледзячы на перажытае, не перастаў верыць людзям, хоць з самім ім і абышліся так не па-людску: «лічы год цэлы там розуму набіраўся ды ў дарозе яшчэ каля месяца быў». Са спагадай аднёсся ён да капітана. Робіць усё магчымае, каб аблегчыць яго пакуты. I нават немагчымае! Немагчымае, бо хто ў санітарнай машыне паслухаецца яго, што неабходна забраць нейкага капітана. Але Міцька настойвае. I гэты ж Міцька, калі нічога ў яго не атрымалася, і, не ведаючы, што капітан чуў гаворку, якая ў яго адбылася з тымі, хто адмовіўся забраць параненага, спрабуе суцешыць Кажанова:
«– Гэта танкетка была, – схлусіў ён, мусіць, не здагадваючыся, што капітану было чуваць адсюль кожнае слова, якое толькі што гаварылася на дарозе. – А ты ж знаеш, там і месца няма, каб палажыць чалавека. А хлопцы, калі пачулі, што ты паранены ляжыш тут, усё думалі-гадалі, як узяць цябе. Ды каб жа месца было… А ты, капітан, не трывожся, – пачаў супакойваць ён. – Раз абяцалі твае, што прышлюць каго-небудзь, значыць, не падмануць. Гэта ўжо, як заўсёды… Толькі ты не хвалюйся. Ляжы і не хвалюйся».
Капітана і на самай справе добрыя людзі забралі, размясцілі яго ў лесе, у будане. Ды памёр Кажаноў, не перанёс цяжкага ранення… Апавяданне – з твораў, якія нельга чытаць спакойна. Як і чытаць хутка нельга. Кожнае слова неабходна ўзважваць, каб не прапусціць галоўнага. А галоўнае ў здатнасці (і майстэрстве!) I. Чыгрынава адшукаць свайго героя. Героя не ў жыцці, героя твора. У жыцці, безумоўна, герой сам капітан Кажаноў, а вось галоўны герой апавядання, несумненна, Міцька. Падлетак і чалавек, які ў цяжкую хвіліну здолеў узняцца над асабістым. Паверыў людзям і паверыў у людзей. I не адны Кажановы, а і такія Міцькі рыхтавалі, набліжалі будучую перамогу. Пра гэта, канечне, I. Чыгрынаў не гаворыць, але гэта яскрава бачыцца ў яго таленавітым апавяданні.
З шэрага іншых твораў, якія ўвайшлі ў кнігу «Самы шчаслівы чалавек», нельга не вылучыць і апавяданне «Дзічка». А да ўсяго гэты твор I. Чыгрынава, калі падысці да яго менавіта з пазіцыі сённяшняга дня, набывае больш значнае, а ў нечым і новае гучанне. А ўсё з-за галоўнага героя – аднаасобніка Андрэя Хрупакова. Яшчэ не так даўно крытыка падобных персанажаў адносіла да адмоўных, хоць, будзем справядлівымі, пісьменнік наўрад ці дае падставы да падобнага меркавання. I. Чыгрынаў паказвае «свайго» Хрупака (а так звалі яго ўсе) як асобу складаную, супярэчлівую і разам з тым не прамінае ўбачыць у ім тое станоўчае, што сведчыць пра яго як пра чалавека-працаўніка.
Тэматычна блізка «Дзічцы» апавяданне «Залатая рука». Падабенства, праўда, больш унутранае. У абодвух творах I. Чыгрынаў задумваецца аб месцы чалавека ў жыцці, спрабуе разабрацца, дзе пачынаюцца вытокі чалавечай непрыкаянасці і нават нялюдскасці. Аднак, калі Хрупак, пры ўсёй яго «адмоўнасці», тым не менш не выклікае да сябе пагарды, то Ягор Случанка – чалавек іншых маральных крытэрыяў, хоць і, здавалася б, іх родніць жаданне найлепш самасцвердзіцца, адчуваць сябе сапраўдным гаспадаром. Але Хрупак дамагаўся гэтага праз працу, Случанка ж толькі тое і рабіў, што шукаў лёгкага хлеба. Дакладна вызначыў яго сапраўдны воблік адзін з герояў апавядання дзядзька Хвядос: «Збастоліў чалавек сваё жыццё. I, здаецца, не быў вахляком, а вось правалындаўся. Быццам яго якая нячыстая рука вадзіла па зямлі. Браты – такія людзі! I Ляксей, і Іван. А гэты!.. Усё ганяўся за нечым. Цяпер наракае і скардзіцца. Пенсіі не дабіўся. А як ты яе, тую пенсію, дасі яму, калі ніхто не ведае, дзе чалавек жыў. Здавалася б, вайна… Святое дзела… Дык і вайну ж недзе праседзеў. А другія галовы палажылі… Ягор медалі паказвае. А яму кажуць: «Забітыя ж медалёў не бралі з сабой у магілу. Тут, на зямлі, свае пакінулі». Прысуд суровы, але надзіва справядлівы. Як чалавек жыў, тое і заслужыў. А «залатой рукой» Ягора празвалі за жаданне адшукаць багацце, якое нібыта засталося яшчэ з часоў Напалеона. Казалі, ёсць недзе ў полі валун, а на ім высечана рука, якая і ўказвае акурат, дзе скарб схаваны. «Абымшэлая рука магла зрабіцца залатой», – быў упэўнены Случанка.
І. Чыгрынаву ўдалося спасцігнуць саму сутнасць душы таго, хто па ўласнай волі ператварыўся ў звычайнае перакаці-поле. Тым самым пісьменнік лішні раз пацвердзіў правільнасць ацэнкі, дадзенай яго апавяданням Дз. Бугаёвым: «Ён досыць глыбока разбіраецца ў людзях, у іх псіхалогіі, умее бачыць не толькі не заўсёды спрыяльны ўплыў адпаведнага збегу абставін на чалавека, зразумець яго бяду, але і вызначыць яго асабістую віну, з-за якой часта набываюць асаблівую абвостранасць і без таго складаныя калізіі».
Нельга аднак не заўважыць, што і ў гэтым апавяданні, і ў некаторых іншых («Шчаслівае месца», «Трэція пеўні», «Плывун») зацягнута экспазіцыя. Асабліва гэта тычыцца «Залатой рукі». Падобнае тым больш кідаецца ў вочы, калі ўлічыць (а гэта і было відаць пры разглядзе папярэдніх апавяданняў), што ў цэлым I. Чыгрынаў, як правіла, прытрымліваецца яго вялікасці факта, ад якога і адштурхоўваецца. Праўда, паняцце «факт» у дачыненні да яго твораў неабходна разумець куды шырэй, чым штосьці канкрэтнае ў яго выяўленні. Факт – гэта і нейкі выпадак, сустрэча, знаёмства… Але факт – і падзея, якая ўзрушыла і ўсхвалявала даўняе, што ажывае ў памяці героя-апавядальніка. Факт – і сам збег абставін, часам непрадказальны, а то і такі, які інакш, як выпадковасцю, не назавеш.
У апавяданні ж «Дзічка» I. Чыгрынаў, перш чым перайсці да галоўнага – паведаць лёс Ягора Случанкі? запаволена перадае сваю гаворку, што адбываецца з дзядзькам Хвядосам, калі яны едуць на санях. Як і звычайна ў дарозе, гавораць пра ўсё і разам з тым, па сутнасці, ні пра што. Аж да той пары, пакуль не ўбачылі Случанку, прапанавалі яму пад’ехаць. Яшчэ перамовіліся, і тут апавядальнік заўважыў: «Ягорава рука дрыжала. Яна была якаясьці васковая і ўся ў рудым рабацінні.
«Залатая рука…» – успомніў я».
Пасля гэтага, уласна кажучы, апавяданне і пачынаецца як твор: «…У вёсцы іх было трое братоў – глухі каваль Ляксей, першы свой старшыня сельсавета Іван і гэты, малодшы, Ягор».
Увогуле, не хацелася б, каб у каго-небудзь склалася думка, што «малая проза» I. Чыгрынава, хоць і атрымала ўсеагульнае прызнанне, самыя высокія ацэнкі, гэткая роўная, як тая адпаліраваная дошка, у якой, як ні шукай, не знойдзеш ні сучка, ні задзірынкі. На жаль, частка крытыкі, калі гаворка заходзіць пра знакамітага пісьменніка, акідваючы позіркам пройдзены ім шлях, пачынаюць пазбягаць заўваг. Лічаць іх не патрэбнымі, ды і мяркуюць, што на адлегласці яны ўжо нічога аўтару не дадуць. Яно ў нечым і так. Але ж не варта забываць, што, прасочваючы творчы шлях майстра, адначасна, няхай і ўмоўна, пішаш і адзін з раздзелаў гісторыі літаратуры. А там, дзе гісторыя, – праўда і толькі праўда. Інакш лёгка паграшыць ісцінай. Але і робячы заўвагі, абавязкова неабходна ўносіць пэўныя карэкціроўкі. А гэта значыць, падыходзіць да вартасцяў і недахопаў) канкрэтнага твора суадносна часу яго з’яўлення.
Прынамсі, без такой карэкціроўкі не абысціся сёння пры знаёмстве з апавяданнямі «Усціння» і «У горад». Сюжэтна творы падобныя. Асноўныя персанажы абодвух – старыя жанкі. Калі ў першым гераіня пададзена сваім імем, дык у другім «схавана» за нейтральным «яна». Тым самым пісьменнік лішні раз падкрэслівае тыповасць лёсу жанчыны. Колькі падобных старых, маючы дзяцей, якія вырваліся, бы тыя птушкі, з сямейнага гнязда, адзінока дажываюць век, а калі і наведаюцца ў госці да дзяцей, то хутка там адчуваюць сябе чужымі і нікому не патрэбнымі. Ды і Усціння з шэрага гэткіх адзінокіх…
Сёння падобныя персанажы ў літаратуры сталі распаўсюджанымі. Хто толькі з аўтараў пра такіх жанок ні піша! I старэйшыя літаратары, і маладзейшыя. Часцей паўтараюць адзін аднаго… I. Чыгрынаў жа намацваў сваю сцежку тады, калі даводзілася ступаць па цаліку. А цалік гэты да таго быў зляжалы, што ісці даводзілася асцярожна, каб, барані божа, «не ўпасці», «не параніцца». А ўсё таму, што і пра падобнае адзіноцтва лічылася пісаць… Як бы лепей сказаць… Не мэтазгодна, ці што… Хіба ж пры савецкай уладзе, якая так клапацілася пра чалавека, можа хто адчуваць сябе адзінокім, нікому не патрэбным… Ды і хіба савецкія людзі маглі забываць сваіх мацярок…
Я не іранізую, я проста канстатую факты. I. Чыгрынаў жа не збіраўся іх канстатаваць. Ён браўся за пяро і пісаў смела, не азіраючыся па баках, спрабуючы высветліць, што і да чаго. I ўнутраны цэнзар яго ніколькі не стрымліваў. Сказвалася маладосць, а значыць, і безаглядкавасць. Магчыма, і так… А хутчэй давала аб сабе знаць іншае: сур’ёзнае стаўленне да літаратуры. Разуменне, што калі пісаць, дык пісаць па-свойму. А калі пісаць, як усе, то тады лепей зусім не брацца за пяро. Падшукаць іншы, больш варты занятак.
У апавяданні ж «Плывун» адчувальная повязь дня ўчарашняга і сённяшняга. Учарашні звязаны з ваеннымі, а больш з пасляваеннымі падзеямі, сённяшні – з сярэдзінай шасцідзесятых гадоў (твор упершыню быў надрукаваны ў дзявятым нумары часопіса «Беларусь» за 1966 г.). Адзін з персанажаў апавядання Ружанцоў, убачыўшы партрэты будаўнікоў азотнатукавага завода, выкананыя яго сябрам мастаком Бараноўскім, запыніў позірк на адным з іх. Воблік чалавека падаўся знаёмым. Як высветлілася, Ружанцоў не памыліўся. Гэта быў брыгадзір бетоншчыкаў Іван Галкоўскі, той самы Янка Галкоўскі, з якім ён у маленстве сябраваў. Ружанцоў спяшаецца ў горад, дзе працуе Галкоўскі, а аўтар вяртае чытача на шмат гадоў назад: «Там, дзе жыў у маленстве Адам Ружанцоў (а гэта было на паўднёвым усходзе), хлопцаў называлі Іванамі, і Янка быў адзін можа на ўвесь раён – гэта сын ветфельчара Галкоўскага».
Запомніўся Янка і тым, што гаварыў толькі па-беларуску… У гады вайны вёску Зацішша, куды сям’я Галкоўскіх перабралася «з заходняй граніцы, здаецца, з-пад самых Сувалак, калі ў трыццаць дзевятым Чырвоная Армія была ў вызваленчым паходзе», немцы спалілі: «Згарэў у калгасным свірне і ветфельчар Галкоўскі. Але сына яго ўратаваў лёс. Янку таксама вялі разам з бацькам і іншымі зацішанскімі дзядзькамі ў свіран. I раптам канвойны, пажылы і згорблены, можа ад марозу, немец, піхнуў хлапца перад самымі варотамі свірна ўбок – нечага пашкадаваў, і той паляцеў кумільгом у снег, пераскочыў неяк цераз сумёт і даў драпака з пасёлка, цаляючы па дарозе, што вяла ў вёску». Адным словам, уратаваўся. Ды нягоды на тым не мінуліся…
І. Чыгрынаў, ашчадна ставячыся да слова, застаючыся канкрэтным, паказвае, наколькі нялёгка жылося сялянству і пасля выгнання ворага. Даймалі свае. Неразумнай палітыкай, калі з вяскоўцаў выціскалася, як кажуць, усё магчымае і немагчымае. Яно ведама: народная гаспадарка была разбурана гітлераўцамі, у першую чаргу неабходна было адбудоўваць прамысловасць. Вось і лёг увесь цяжар на вёску. А як разлічвацца з дзяржавай, людзі не ведалі, ледзьве зводзілі канцы з канцамі. Ды начальству што! Быў бы загад зверху, унізе паслухмяныя выканаўцы заўсёды знаходзіліся.
Адзін з падобных нелюдзяў выведзены і ў апавяданні – «па Зялёнаборскаму сельсавету… упаўнаважаным быў цыбаты Галуза, старшыня раённага ДТСАРМа, чалавек аднолькава ласы як да гарэлкі, так і да баб». А тут чарговая кампанія – «па высяленню пагарэльцаў з зямлянак». Сякую-такую пазыку пры гэтым дзяржава дала. Але што пазыка, калі рабочых рук не хапала. Ды галузам хоць у вочы вадой ліні, нічога не патлумачыш, як кажуць, усё адно дождж ідзею Будуйся!
Размова, што адбылася ў беднай удавы Галкоўскай, маці Янкі, з гэтым «праўдалюбцам», дазваляе адчуць саму сутнасць таго нялёгкага становішча, у якім апынуліся пасля вайны многія вясковыя сем’і, правільней – няпоўныя сем’і, бо гэта былі, як правіла, маці з дзецьмі ці старыя, нямоглыя людзі. Мужчыны ж у асноўным загінулі, а калі і вярнуліся, то інвалідамі. А яшчэ ўбачыць, як жорстка дзейнічалі, прытрымліваючыся літары пастановы, розныя галузы. Вось і гэты, нібыта бык той – гатовы кінуцца, знішчыць. Будуйся, а то пашкадуеш:
«– Але ж дзе я паспею? – пачала апраўдвацца разгубленая Галкоўская. – Вунь хлопец ляпае сякерай. – Усміхнулася. – Ужо на шосты вянок ускацілі па бервяну. К зіме будзем ставіць.
Галузу нібы за жывое зачапілі.
– Нам трэба, каб ты зараз паставіла! – закрычаў ён. – А можа пазыку пражрала?
– Ды не, ляжыць яна ў мяне пазыка тая, але ж гэта каб да пазыкі ды цесляроў дзе знайсці. А то дзе ён адзін, хлопец мой? Будзе доўга ляпаць там…
– Значыць, не хочаш высяляцца, – шалеў Галуза. – Пазыку ўзяла і адмаўляешся будавацца? План зрываеш нам? – Галуза, як укушаны, забегаў па зямлянцы, пасля выскачыў на двор, схапіў там жалезны лом і пачаў разбураць чалеснік у печы».
Не тое, што не ідзе супраць праўды I. Чыгрынаў, калі паказвае, як разгортваліся падзеі далей. Ён, дзякуючы вялікай назіральнасці, умее адчуць дакладна матывы паводзінаў кожнага з удзельнікаў гэтага канфлікту. Канечне ж, на першым плане лютасць і азвярэнне Галузы, які нікога і нічога не баіцца, бо ведае – закон на яго баку. А сама Галкоўская? Яна, вядома, нутром адчувае несправядлівасць, але жыццё яе ўжо многаму навучыла. Ды і што можа зрабіць безабаронная жанчына? Адно – «загаласіла, ламаючы рукі». Застаецца яшчэ Янка… Ён, як быццам, у спрэчку не ўлазіў. Ва ўсякім разе, нічога пра гэта аўтар не гаворыць, а толькі паведамляе, што Янка «якраз быў за гародам, сядзеў на зрубе». Як быццам, лічыў за лепшае заставацца ўбаку. Маўляў, хай самі дарослыя разбіраюцца. Ды да пары да часу збан ваду носіць! Матчын плач сарваў Янку з месца. Хлопец «кінуўся бегчы ў зямлянку. На парозе ён паявіўся з сякерай у руках, і доўга не думаючы, замахнуўся на раз’юшанага Галузу. Той павярнуўся, ударыў па сякеры ломам, выбіў яе з Янкавых рук і выскачыў з зямлянкі».
Са згаданага эпізоду добра відаць, як сама несправядлівасць выклікае рэзкі пратэст. Аднак тым самым пачалася і свайго роду ланцуговая рэакцыя. Быццам бікфордаў шнур падпалены і цяпер беражыся, страшнага не мінаваць! Так і сталася. Галуза пра супраціўленне паведаміў раённаму начальству. У Зацішша, каб арыштаваць Янку Галкоўскага, прыехалі міліцыянеры. Сфабрыкавалі і абвінавачванне: «аказаў супраціўленне тав. Галузу, маючы на мэце забіць яго». На шчасце, «забойцу» ўдалося ўцячы, схавацца ў лесе. Але і гэтае знікненне знайшліся ахвотнікі па-свойму выкарыстаць: «…праз колькі дзён па ўсім наваколлі прайшла чутка – паявіўся ў раёне новы разбойнік, нават горай за самога Пялінку (быў такі пад канец вайны, дэзерцір і забойца). А некаторыя несумленныя людзі нібыта аднаго гэтага і чакалі. Нап’ецца хто-небудзь, засне дзе папала – яго і раздзене хто-небудзь п’янага і соннага. Тады чалавек, каб сораму было меней, заяўляе міліцыі, што гэта Янка зацішанскі перастрэў яго на дарозе і абрабаваў, прыставіўшы да жывата рэвальвер. Прагандлюецца які-небудзь лавачнік – зноў пускае чутку, што на яго напаў зацішанскі Янка».
Тады Ружанцову пашчасціла выпадкова сустрэцца з Янкам, разгаварыліся… Той папрасіў, каб Адам сказаў яго матцы прыйсці ў лес. I як жа здзівіўся Адам, калі на другі дзень убачыў свайго сябра пад міліцэйскім канвоем.
I вось цяпер, праз столькі гадоў, Ружанцоў выпадкова даведаўся, што Янка не тое, што жывы-здаровы, а і перадавік вытворчасці, славіцца працай. Не адна мажлівасць вярнуцца ў гады даваеннага маленства клікала Ружанцова ў горад. Паездка патрэбна была і па іншай прычыне. Каб маральна ачысціцца, хоць, як бачна, ні ў чым ён перад Галкоўскім не быў вінаваты. Але ж і падсвядомае адчуванне віны не дае спакою сумленнаму чалавеку: «Справа ў тым, што ўвесь гэты час… Ружанцоў жыў з адчуваннем унутранай віны і нявыкананага абавязку. Яму чамусьці здавалася – і чым далей, то ўсё болей, – што Галкоўскі, якога арыштавала міліцыя адразу ж пасля таго, як яны развіталіся ля будана, падумаў недзе тады – гэта Адам пайшоў у раённую міліцыю і заявіў на яго. Прынамсі, павінен быў, меркаваў Адам, падумаць Галкоўскі, адзін ён ведаў пра той будан, і аднаму яму даверыўся па дружбе «злачынца», які не меў за сабой ніякіх злачынстваў». Ды і маці Янкі перад смерцю прасіла Адама (тады ён меў усяго пятнаццаць гадоў): «Ты, Адамік, прашу богам, не пакінь майго Іваньку… Знайдзі, Адамік… У тым Магілёве… Знайдзі, ён жа адзін у мяне на белым свеце…»
І, нарэшце, сустрэча адбылася… I зусім не так, як уяўлялася яна Ружанцову. Ва ўсякім разе сам Галкоўскі да ўсяго аднёсся даволі спакойна. Паспрабаваў было Ружанцоў нагадаць і пра сваю «віну»: «Выходзіла тады, што гэта я прагаварыўся пра твой будан…», але пачуў у адказ тое, што наўрад ці збіраўся пачуць. На любую рэакцыю Янкі разлічваў, аднак, каб той гэтак да ўсяго паставіўся?!
«– Э-э-э, – махнуў рукой Галкоўскі, – добра яны зрабілі, што забралі мяне, а то невядома, чым бы яно ўсё скончылася. – I ўсміхнуўся без ценю на твары, быццам гаворка ішла пра нейкую даўнюю забаву.
Тады Ружанцоў апусціў галаву – Янкава абыякавасць да ягоных слоў нават збянтэжыла трохі: Адам так і не адчуў, ці паверыў той яму, і ад гэтага зрабілася ажно ніякавата».
Аказваецца, калі пасля арышту Янку прывезлі ў магілёўскую турму, яму пашанцавала. Знайшоўся следчы, які ва ўсім як след разабраўся, і хлопец апынуўся на волі – «скончыў фэзэо, пачаў працаваць. Але маці так і не паспеў напісаць». У роднае ж Зацішша паказвацца саромеўся.
Галкоўскі, як бачна, гатовы на сваім мінулым паставіць крыж: «усё ўжо даўно перажыта і забыта».
Галкоўскі, ды не Ружанцоў… Ён з людзей, якія на паўдарозе ў пошуках ісціны не спыняюцца. Ім неабходна ўсё расставіць, як кажуць, па палічках, каб выразна адчувалася: тут добрае – там благое, тут праўда – там мана… Гэта, праўда, калі тэарэтычна разважаць, а ў самім жыцці?
Апавяданне не такое і простае, як падаецца на першы погляд… Хоць асноўныя падзеі, згодна аўтарскай задумы, толькі называюцца, але, тым не менш, пры гэтым узнімаюцца вельмі важныя праблемы. У творы відавочна ўнутраная эпічная напоўненасць, раскрываецца сама супярэчлівасць жыцця. I ў сувязі з гэтым важную нагрузку мае выпадак, які незадоўга да прыезду Ружанцова, адбыўся на будоўлі. Калі пачыналі яе, заўважылі «блізка ад паверхні плывун», а цяпер ён пагражаў будынку. Давялося ў спешным парадку ліквідоўваць складаную сітуацыю, што стварылася ў выніку праліку геадэзістаў.
Нешта падобнае ў свой час адбылося і з Янкам Галкоўскім. I, успамінаючы цяпер перажытае пасля арышту, ён нагадвае пра гэта Адаму. Хоць і меў тады толькі пятнаццаць гадоў, аб’явілі паўналетнім: «Судзіць можна ўжо. I даць на поўную катушку. Бачыў учора плывун наш? Дык штосьці падобнае было і там. Ледзь ужо не з галавой сядзіш у твані. Здаецца, яшчэ б трохі і ўсё. А тут следчы з вобласці…»
Хісткасць самога жыцця, а адначасова і выпадковы збег абставін. Яны для Янкі неспрыяльныя, і разам з тым, падумаць толькі, але той следчы з вобласці, які ва ўсім разабраўся, таксама меў прозвішча Галуза. Галуза – жорсткі, бесчалавечны ўпаўнаважаны, які, не задумваючыся, праводзіць на месцах кампанію «па высяленню пагарэльцаў з зямлянак»… I Галуза – следчы, для якога на першым месцы праўда, а сама сумленнасць і прынцыповасць становяцца вызначальнымі рысамі яго характару і паводзін…
Пішучы гэтае апавяданне, I. Чыгрынаў і глядзеў на само жыццё акурат у тым адзінстве і барацьбе супрацьлегласцяў, пра што яшчэ нядаўна мы часта любілі нагадваць, а цяпер, як быццам, і забыліся. Забыць то лягчэй, ды ад гэтага нікуды не дзенешся. Бо ёсць не толькі законы грамадства, рабіць якія сваімі знаходзіцца нямала прыхільнікаў розных поглядаў, а яшчэ і законы прыроды, значнасць і трываласць якіх ва ўсёй іх паўнаце, важкасці чалавецтву наўрад ці ўдасца калі-небудзь зразумець і адкрыць. Але да гэтага неабходна імкнуцца. У тым ліку і літаратуры, што і засведчыў I. Чыгрынаў апавяданнем «Валун».
Па-за межамі першых дзвюх кніг I. Чыгрынава аказалася апавяданне «Шушанік». Упершыню яно было змешчана пад назвай «Шукаючы скарбы» ў часопісе «Беларусь» (1963, № 4), а затым пад сваёй сапраўднай назвай увайшло ў кнігу выбраных твораў «Ішоў на вайну чалавек» (1973). У апавяданні пісьменнік імкнуўся асэнсаваць складаныя падзеі рэвалюцыі. На той час, безумоўна, ён мог сабе дазволіць далёка не ўсё, задумваючыся, а ці не несла народная стыхія ў сабе разбуральнае, якое ні ў якім разе немагчыма апраўдаць самымі высакароднымі мэтамі. Асмеліўшыся на падобны крок, I. Чыгрынаў знайшоў прымальны і апраўдальны сюжэтны прыём. Вярнуцца ў трывожны, бурапенны і неспакойны час галоўнага героя – супрацоўніка музея Суздалева – прымушаюць самі абставіны. На адрас прыйшоў ліст з Бразіліі. Пісаў сын былога графа, уладальніка карцін Рублёва, Трапініна, Гараўскага і іншых знакамітых мастакоў. Нашчадак выказваў спадзяванне, што ўнікальныя творы, магчыма, захаваліся. Суздалеў атрымаў ад начальства загад разабрацца з гэтым пытаннем. Тады і даведаўся, што лёс багатай калекцыі вырашалі неадукаваныя людзі, найперш нейкі Сямён Патапчык.
Патапчык па-свойму разумеў, што багацці, якія належалі эксплуататарам, трэба захаваць для народа. Таму ў спешым парадку пачалі выразаць палотны, што захавалі воблікі класавых праціўнікаў: «…самаздаволена ўсміхаючыся, пазіралі бесклапотныя, сытыя людзі… Буржуі». Так ён выканаў загад, як гаварылася ў выдадзеным яму спецыяльным мандаце аб «недатыкальнасці і захаванасці» мастацкіх каштоўнасцяў.
Тое, што засталося пасля гэтага дзікунства, убачыў камісар, які прыехаў назаўтра з Петраграда:
«Нарэшце замок шчоўкнуў, і Сямён, сцёршы далоняю пот з ілба, адчыніў дзверы.
– От яны, глядзіце!
Камісар ступіў цераз парог і спыніўся, спалохана пазіраючы то на рамы, якія былі акуратна, адна на адну складзены на падлозе, то на Сямёна, які ўвесь свяціўся ад задавальнення».
Што тут скажаш? Рэвалюцыя ў дзеянні! А на час напісання апавядання I. Чыгрынаў адно змог зрабіць: паспрабаваць разабрацца – аб’ектыўна і непрадузята, наколькі рэвалюцыя несла ў сабе разбурэнне. Ён ставіў пытанне, не сумняваўся ў правільнасці гэтай пастаноўкі, але ён не меў магчымасці дэталёва разбірацца ў сутнасці таго, што адбылося. Ён не змог зазірнуць у саму душу гэтага Патапчыка… Дый, уласна кажучы так, як твор напісаны, гэта асаблівай патрэбы і не выклікала. Тое, што знаходзіцца за тэкстам, выклікае роздум. А які, няцяжка здагадацца.
Як зазначыў В. Каваленка, «ідэя апавядання… даволі маштабная, можна сказаць, яна ў значнай меры раманная ідэя». Сама пастаноўка пытання і сведчыла аб значнасці аўтарскай задумы, і аб здатнасці аўтара, нават шмат недагаворваючы, гаварыць вельмі многае.
Не ўвайшлі ў першыя дзве кнігі і апавяданні «Выпадак у вёсцы Капранаўка» і «Варажба», што затым, як і «Шушанік», трапілі ў зборнік «Ішоў на вайну чалавек». У першым – вяртанне ў грамадзянскую вайну, калі сябра палічыў галоўнага героя твора забітым і паставіў яму помнік. На сваю магілу чалавек наведаўся толькі праз пяцьдзесят гадоў. «Варажба», як цяпер бачна, свайго роду мастацкая занатоўка да будучага рамана «Плач перапёлкі», у якім пазнаеш персанажаў-жанчын з яго. Гэтыя два творы сведчаць, што I. Чыгрынаў паступова набліжаўся да неабходнасці больш маштабнага погляду на падзеі.
Наконт гэтага В. Локун мяркуе так: «Малая проза I. Чыгрынава дае ўсе падставы гаварыць пра пісьменніка як пра апавядальніка з эпічным светаадчуваннем, з эпічным бачаннем і ўспрыманнем». А гэта сведчанне Г. Егарэнкавай: «Перачытваючы цяпер апавяданні Івана Чыгрынава (а ўсе яны напісаны ў асноўным у шасцідзесятыя гады), міжволі ўспрымаеш іх (скрозь вопыт ужо напісаных пазней і прачытаных раманаў) не толькі як самастойныя творы (а яны, зразумела, зусім самастойныя і завершаныя, са сваім лакальным сюжэтам, са сваім строга акрэсленым кругам характараў), але і як своеасаблівую «пробу пяра», як подступ, як творчую лабараторыю будучых раманаў».
Але набліжэнне Івана Гаўрылавіча да першага рамана рабілася паступова. I праз набыццё вопыту ў выніку напісання апавяданняў. I праз назапашванне матэрыялу. I праз усведамленне, што апавядальныя рамкі яго таленту ўжо цесныя, а таму ёсць патрэба выйсці за іх межы.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 8
Серафім Андраюк
Літаратура, ідучы ад жыццёвага факта, ускрывае і даследуе як знешнія, так і ўнутраныя яго супярэчнасці, г. зн. яна не толькі паказвае жыццё і расказвае пра яго, яна аналізуе жыццёвыя факты, раскрывае іх сувязі і ўзаемадзеянне, высвятляе іх «філасофію» і «псіхалогію». Менавіта гэтым шляхам, шляхам рознабаковага даследавання рэчаіснасці, ідзе Іван Чыгрынаў, які выдаў нядаўна другую кнігу апавяданняў «Самы шчаслівы чалавек». У лепшых сваіх творах малады празаік умее не толькі па-мастацку цікава падаць характэрны, часта драматычны жыццёвы матэрыял, але і сказаць штосьці сваё пра чалавека ў жыцці, прымусіць чытача залюбавацца дакладна выпісанымі характарамі, бытавымі малюнкамі і – гэта галоўнае – сур’ёзна задумацца.
Героі Івана Чыгрынава жывуць у моцнай сувязі з навакольнымі абставінамі. Жыццё да іх не заўсёды павернута сонечным бокам. Няма для іх нічога раз і назаўсёды вырашанага. Пісьменнік таксама не дае ім гатовых рэцэптаў. Ён паказвае жыццёвы факт, прасочвае ў асобных момантах яго перадгісторыю, аналізуе супярэчнасці, акрэслівае тэндэнцыі. Мэта ягоных пошукаў – чалавек і чалавечнасць, сродак – дакладны аналіз рэчаіснасці.
Іван Чыгрынаў стрыманы ў выказванні сваіх асабістых пачуццяў, часам нібыта сухаваты. Але гэта не аб’ектывізм. У такіх апавяданнях, як «Усціння», «Ішоў на вайну чалавек…», «У баку ад дарогі», «У горад» адчуваецца стрыманая, але моцная эмацыянальная плынь, якая захоплівае чытача, узрушае яго, выклікае павагу і любасць да чалавека-працаўніка.
«Уначы гулі правады. Яны гулі на непагоду – па сцяне ўжо шоргала патроху, быццам хто шкрабаў па бярвенні тонкімі кіпцямі. Усціння ляжала на ложку пад ватнай коўдрай і ўсё слухала, слухала. I сёння ёй не спалася, і яна адно правальвалася ў небыццё ды раптоўна прахоплівалася, і тады з жахам адчувала, як зноў пачынала стукаць сэрца, – ад гэтага старая ўсё халадзела і думала, што дарма астаецца на ноч адна, не бярэ каго да сябе ў хату». Гэты пачатак апавядання «Усціння» адразу ўводзіць чытача ў строй думак, штодзённых турбот адзінокай і старой жанчыны. Тут ужо адчуваецца і асноўны матыў, недзе тут, як убачым потым, бярэ вытокі і галоўная думка твора.
Усціння жыве адна. Дзеці яе ў горадзе. Двое памерлі, самы большы, паранены ў вайну, сышоў крывёю ў яе на руках. Тыя, што ў горадзе, жанатыя, і меншы Міцька, халасты, жывуць сваім жыццём. Маці думае пра іх і нават у думках сама сабе, не толькі перад людзьмі, не можа іх пакрыўдзіць.
Усяго адну раніцу жыцця гэтай жанчыны паказвае пісьменнік. Але ўяўляецца ўвесь нялёгкі лёс старой жанчыны. У адрозненне ад іншых твораў, дзе асобныя падзеі, бытавыя з’явы толькі называюцца, у апавяданні «Усціння» вельмі дэталёвы і падрабязны паказ клопатаў і турбот, думак і пачуццяў гераіні. Паказваюцца штодзённыя, амаль механічныя ўчынкі жанчыны, канстатуюцца пачуцці, думкі, плывуць успаміны пра дзяцей. Ёй успамінаецца, як нявестка, жонка старэйшага сына, калі ў іх былі сямейныя нелады, прыслала пісьмо і прасіла пераехаць да іх жыць. Усціння паехала, што-нішто распрадаўшы, забіўшы вокны старой хаты. Пажыла ў горадзе, памірыла дзяцей. Потым нявестка прапанавала ёй грошай на дарогу і параіла ехаць пажыць да другога сына. Усціння прыехала дадому і жыве цяпер адна.
Яна не крыўдзіцца на сыноў. А сілы ўжо не тыя. Яна жыве яшчэ як бы па інэрцыі, уся ў клопатах аб дзецях. А дзеці за сваімі клопатамі, і вялікімі і самымі дробнымі, неяк зусім пра яе забылі. I не таму, што яны нейкія вырадкі, не таму, нават, што яны яе не любяць. Проста, відаць, такое ўжо жыццё, у якім не заўсёды хапае душэўнай чуласці, цеплыні, клапатлівасці і ўвагі.
Аўтар прасочвае жыццё ва ўсіх падрабязнасцях. Гэты аб’ектыўны аналіз рэчаіснасці ўвесь прасякнуты аўтарскімі адносінамі, якія ствараюць глыбінную эмацыянальную плынь і выклікаюць у чытача пачуццё шчымлівага жалю.
Яшчэ ў большай ступені, чым маральна-этычныя, пісьменніка цікавяць сацыяльна-грамадскія праблемы. Увогуле для Чыгрынава сацыяльная абумоўленасць учынкаў і паводзін людзей з’яўляецца асноўнай. У гэтай жыццёвай складанасці – крыніца і вытокі тых вялікіх і малых чалавечых драм, пра якія расказвае пісьменнік. Даследаванне грамадскіх умоў, у якіх наспявае драма Хрупака, з’яўляецца асноўным у апавяданні «Дзічка». Апавяданне ў сваёй галоўнай тэме як бы двухслойнае: адна і тая ж падзея ў лёсе героя падаецца паступова з двух пунктаў гледжання, у некалькі розным эмацыянальным асвятленні. У першай частцы мы адчуваем да Хрупака нейкую насцярожанасць: вельмі незвычайна склаўся яго лёс. Таму зусім не выпадкова ў канцы першай часткі з’яўляецца такая дэталь. Залуцкі, пагутарыўшы з Хрупаком у лесе, вяртаецца ў вёску. Азірнуўся назад. З лесу не далятала ніводнага гуку. «Толькі нейкая вялікая адзінокая птушка цяжка махала крыламі, быццам ляцела на вецер». Адразу ж узнікае думка пра Хрупака. А можа ён увесь час ішоў супраць ветру?..
Складанае жыццё, складаны чалавек. Але пісьменнік стаіць на баку чалавека і чалавечнасці. Умовы, урэшце, ствараюцца людзьмі.
У апавяданнях «Усціння», «Ішоў на вайну чалавек…» знешняга, так сказаць, падзейнага канфлікту па сутнасці няма. Тут канфлікт унутраны, канфлікт існуючага і магчымага, патрэбнага чалавеку і адпаведнага яго сутнасці. Тут мае значэнне кожная падрабязнасць, кожная дэталь. Вось пачатак апавядання «Ішоў на вайну чалавек…»: «Ігнат скідаў за дваром апошнюю капу сена і, разгарачаны, увайшоў у сенцы, пастаяў там, пакуль не звыкліся вочы з лёгкім змрокам, і толькі пасля ўжо ўзяўся за конаўку, што вісела на сцяне над лаўкай, на якой стаялі вёдры з вадой, Вада у адным вядры была халодная – мусіць, нядаўна з крыніцы, і зубы Ігнатавы адразу зайшліся. Ён пачаў піць маленькімі глыткамі. Піў доўга, смакуючы, і ўвесь час адчуваў, як паступова астывала нутро».
I далей да самага канца апавядання ў паказе паводзін чалавека, думак, адчуванняў будзе такая ж паслядоўнасць, дакладнасць, сэнсава-эмацыянальная скандэнсаванасць, нягледзячы на знешнюю падрабязнасць малюнка. Ігнат развітваецца з усім тым, што дорага душы, з чым зжыўся, зросся, што складае з ім адно цэлае. Таму ніколькі не здаюцца напышлівымі або штучнымі словы аўтара, калі ён гаворыць, што Ігнат перад адыходам на вайну, «быў спакойны, як зямля пасля дажджу».
Калі гаварыць пра слабыя бакі апавяданняў Івана Чыгрынава, то ў першую чаргу трэба адзначыць рацыяналістычнасць, «робленасць» некаторых з іх. Гэта асабліва адчуваецца ў «Плывуне» і «Залатой руцэ». Самім па сабе цікавым жыццёвым фактам, што леглі ў аснову некаторых апавяданняў («Народны камісар» і «Трэція пеўні»), не стае глыбокага мастацкага асэнсавання. Але гэта, як кажуць, «хвароба росту». Галоўнае – у пафасе чалавечнасці, які ўласцівы лепшым апавяданням пісьменніка, у чуйнасці Івана Чыгрынава да жыцця.
Лідзія Арабей
Праявы жыцця, адносіны паміж людзьмі, падзеі ў «знешнім» свеце – усё гэта кожны ўспрымае па-свойму, цераз прызму асабістага адчування. З той альбо іншай з’явы ці падзеі кожны можа зрабіць свой адпаведны яго характару і разуменню вывад. Часам з’ява, якая ўразіць аднаго чалавека, можа пакінуць абыякавым другога.
І тут мы бываем удзячны пісьменніку, які сваім пільным вокам бачыць тое, міма чаго маглі б прайсці мы, спыняе нашу ўвагу на пэўным факце альбо падзеі, прымушае задумацца над імі. Пісьменнік пашырае тым самым нашы веды аб жыцці, дапамагае глыбей разабрацца ў сутнасці чалавечых характараў, узаемаадносін, лепш пазнаць саміх сябе…
Зборнік апавяданняў Івана Чыгрынава «Самы шчаслівы чалавек» акурат і прываблівае гэтай сваёй паглыбленасцю ў жыццё, адборам фактаў, якія пашыраюць нашы веды аб ім адкрыццём чалавечых характараў.
Пісьменнік не абмінае складаных паваротаў жыцця, не баіцца ісці ў глыбіні з’яў, дабірацца да іх сутнасці, паказваць чалавека ў пошуках, станаўленні. Ён ніколі не застаецца абыякавым да фактаў і людзей, пра якіх расказвае, расказвае без дыдактызму, але выразна выяўляючы свае адносіны.
Так, мы адчуваем яўную сімпатыю да Ціхаміра, героя апавядання «Чайкі на хвалях», хоць Ціхамір нічога яшчэ і не зрабіў за сваё жыццё – пакуль што ён толькі ў роздуме аб жыцці, шукае ў ім свайго месца.
У апавяданні «Дзічка» мы знаходзім прысуд чалавеку, які ўсё жыццё трымаўся адшчапенцам. Прысуд гэты ў самой недарэчнай смерці Хрупака – апошняга аднаасобніка. Нездарма ў апавяданні з’яўляецца вобраз яблыні, якая здзічэла без догляду. Так і Хрупак, як тая яблыня, што засталася на пакінутым хутары, – здзічэў без людзей. Гэтую думку пісьменнік даводзіць спакваля, не ў лоб, а як бы шкадуючы чалавека за яго неразумнасць, за цёмную ўпартасць.
Такі ж прысуд выносіць аўтар і герою апавядання «Залатая рука» Случанку, які ўсё жыццё спадзяваўся на нейкую ўдачу, на тое, шго адшукае залаты клад, цураўся сумленнай працы. Так і прабадзяўся пустацветам па свеце, вярнуўшыся пад старасць у родную вёску чужым і нікому не патрэбным. «Збастоліў чалавек сваё жыццё», – так гаворыць пра яго аўтар вуснамі свайго другога героя, дзядзькі Хвядоса.
І. Чыгрынаў, аўтар кнігі «Самы шчаслівы чалавек», уважлівы да чалавека, да яго ўнутранага свету. Часта гэты ўнутраны свет чалавека аўтар раскрывае праз штодзённыя, будзённыя клопаты свайго героя.
Ігнат з апавядання «Ішоў на вайну чалавек…» перад адыходам у армію думае аб самых звычайных рэчах, аб тым, чым ён жыў і што рабіў, – аб тым, што не паспеў падважыць хату, не паладзіў жонцы грабель, не надшыў сыну ботаў…
Аўгіння з апавядання «У горад», збіраючыся да нявесткі, таксама думае пра нявыбраныя з поля буракі, пра карову, пра хату…
I праз гэтыя адносіны да сваіх штодзённых абавязкаў пісьменнік раскрывае характары сваіх герояў – добрых, старанных працаўнікоў, сумленных і шчырых людзей, якія больш думаюць пра іншых, чым пра сябе.
Іван Чыгрынаў належыць да таго пакалення, дзяцінства якога было апалена вайною. Натуральна, што тэма вайны займае значнае месца ў яго творчасці, у тым ліку і ў зборніку «Самы шчаслівы чалавек». Праўда, ён глядзіць на падзеі вайны, на факты свайго цяжкога пасляваеннага дзяцінства з адлегласці часу, як бы з нейкай адчужанасцю, тым не менш за тым, што ён расказвае, адчуваецца і вялікі трагізм, і, я б сказала, нейкі своеасаблівы смех праз слёзы.
«За сто кіламетраў на абед…». Ужо сама назва апавядання як бы прыхоўвае лёгкую ўсмешку. З невясёлым гумарам апісвае пісьменнік падарожжа чатырох вясковых хлапчукоў на чале са сваім важаком-дзетдомаўцам. Дзетдомавец вядзе таварышаў у дзіцячы дом – там ён паспрабуе накарміць іх.
Глыбока хвалююць старонкі апавядання «На пыльнай дарозе»: бацька страчае свайго маленькага сына каля спаленай хаты, і малы, як сталы, расказвае бацьку пра галоднае жыццё ў спаленай немцамі вёсцы…
І. Чыгрынаў валодае ўменнем маляваць рэальныя карціны жыцця. Тое, пра што ён расказвае, паўстае перад чытачом ва ўсёй сваёй натуральнасці і непасрэднасці, з усімі фарбамі, пахамі, гукамі.
Сярод кніг, вылучаных на атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР, значыцца і зборнік апавяданняў «Самы шчаслівы чалавек». Лічу, што гэтая кніга заслугоўвае, каб яе адзначылі прэміяй.
Лидия Арабей
(Иван Чигринов. Самый счастливый человек. Сборник рассказов. На белорусском языке. Минск. Изд-во «Беларусь». 1967)
Иван Чигринов не ищет для своих произведений людей с простенькими и легкими характерами. Он не боится идти в глубь явлений, добираться до их сущности, показывать человека в поисках, в становлении. При этом писатель никогда не остается безразличным к фактам, о которых рассказывает. Без дидактизма, но четко выявляет он свое отношение к персонажам, принимает или не принимает их, осуждает или сочувствует.
Мы, например, ощущаем явную симпатию автора к Тихомиру («Чайки на волнах»), хотя тот еще ничего значительного не совершил в жизни, пока он только в раздумье над ней, ищет в ней свое место.
Столь же недвусмыслен и приговор Хрупаку (рассказ «Дичка»), который всегда держался отщепенцем. Приговор этот в самой нелепой смерти Хрупака – последнего единоличника. Как яблоня, оставшаяся на покинутом хуторе, он одичал и опустился без людей. Идею своего рассказа Чигринов развивает постепенно, не разбивая, так сказать, единоличника в лоб, а как бы жалея его за неразумность, за упрямство. Такой же приговор выносит автор и герою «Золотой руки» Случаку, который всю жизнь надеялся на какую-то удачу, на золотой клад, мотался по миру, а под старость вернулся в свою деревню никому не нужным. «Опустошил человек свою жизнь», – так говорит о нем односельчанин Федос.
Иван Чигринов снова и снова задумывается над вопросом о сущности человеческого счастья. Ответ на него он дает во многих произведениях сборника. Не случайно и название всей книги – «Самый счастливый человек».
Алексея Васильевича из рассказа «Народный комиссар» мы застаем уже в тот момент, когда он вышел на пенсию и мог бы жить спокойно, без особых забот. Но для таких, как Алексей Васильевич, жизнь без труда подобна смерти. Перед нами человек сложной судьбы, которому многое пришлось вынести. Но об испытаниях, о тяжелом прошлом герои рассказа не любят говорить. Это действительно черта скромных и мужественных людей – не жаловаться на трудности, а действовать, ощущая свою полезность на земле.
И самым большим преступлением писатель считает то, что человек растрачивает свои силы попусту, изменяет своему нравственному, гражданскому долгу.
Шестернев из рассказа «На пыльной дороге» не имеет смелости взглянуть в глаза своему взрослому сыну, которого когда-то оставил ребенком. Герои рассказов «Дичка» и «Золотая рука» так и не изведали счастья, ибо шли против законов жизни, искали легкого хлеба.
Человек сильного характера, сильного духа вообще – один из любимых героев Ивана Чигринова. Этот герой как бы привносит в произведения писателя свою духовную мощь, делает их жизнеутверждающими, оптимистическими.
Сборник Ивана Чигринова «Самый счастливый человек» отмечен повышенным вниманием к внутреннему миру людей, к условиям и обстоятельствам их жизни. И, как правило, писатель стремится раскрыть этот мир через каждодневные заботы персонажей, их будничную работу.
Игнат из рассказа «Шел на войну человек…» перед уходом в армию думает о самом обыкновенном: о том, что надо бы починить сыну сапоги, что не успел сменить бревна в хате, не исправил грабли. И мы видим, как любовь человека к мирному труду сочетается с сознанием обязанности, когда все отступает перед необходимостью исполнить патриотический долг.
Простые заботы, труд человека как основа его жизни – вот атмосфера и другого рассказа «В город». Собираясь к невестке, Авгинья думает про неубранную с поля свеклу, про корову, про хату. И отношение героини к ее повседневным обязанностям постепенно высветляет душевную красоту ее натуры, характер старательной труженицы, по-народному честной и искренней, которая больше думает о других, чем о себе.
Иван Чигринов принадлежит к тому поколению, детство которого было опалено войной, и тема этого трудного детства проходит через все его творчество. С дистанции времени автор на многие явления смотрит как бы с юмором, но в этом юморе и трагизм, и тот смех сквозь слезы, который отличает многие лучшие произведения литературы. «Обед длиною в сто километров»… Уже само название рассказа как бы содержит улыбку. С грустной усмешкой описывает Чигринов путешествие отощавших мальчишек во главе со своим другом-детдомовцем, путешествие в детский дом за обедом.
Глубоко волнуют страницы рассказа «На пыльной дороге», в котором отец находит возле сожженной хаты маленького сына. Сын, как взрослый, рассказывает ему о голодной жизни в сожженной немцами деревне и, рассказывая, не перестает варить в банке из-под консервов ржаные зерна.
Иван Чигринов владеет умением рисовать картины жизни. И то, о чем он повествует, зримо предстает перед взором читателя: и картины природы, богатые красками, запахами, звуками, и неповторимые интонации речи и старика, и простой крестьянки, и интеллигента.
М. Базарэвіч
І. Чыгрынаў вынес на суд чытача другую кнігу апавяданняў «Самы шчаслівы чалавек». У ёй, як і ў першай кнізе «Птушкі ляцяць на волю», аб’ектам мастацкага даследавання з’яўляецца чалавек з думамі і пачуццямі, марамі і спадзяваннямі. Пісьменнік паказвае гэтага чалавека ў цесных узаемаадносінах з грамадствам, у яго штодзённай дзейнасці, у пошуках свайго, асабістага шчасця і ў змаганні за шчасце людзей.
Такім паўстае перад намі Аляксей Васільевіч з апавядання «Народны камісар». Нялёгкае жыццё наканаваў яму лёс: ваяваў на франтах грамадзянскай вайны, разам з таварышам Фрунзе мацаваў Савецкую ўладу ў родных мясцінах, быў наркомам, потым, у часы культу асобы, быў рэпрэсіраваны. Вярнуўшыся рэабілітаваным, былы нарком з кагорты ленінскай гартоўкі, а цяпер пенсіянер, не можа сядзець склаўшы рукі. Ён увесь час сярод людзей, жыве іхнімі справамі, клопатамі – аднаму дапаможа дастаць лесу на хату, другому выправіць пенсію, трэцяга сяброўскім, шчырым словам падтрымае ў цяжкую хвіліну.
У гэтым невялікім па памеры апавяданні і Чыгрынаву ўдалося глыбока зазірнуць у чалавечую душу, раскрыць яе найбагацейшыя скарбы. Ад праўды факту пісьменнік падняўся да высокай праўды мастацтва, паставіў і здолеў правільна вырашыць важную жыццёвую праблему аб чалавечым шчасці.
Чырвонаармеец Аляксей Балаш («Самы шчаслівы чалавек») аддаў сваё жыццё за свабоду савецкіх людзей, і ён назаўсёды застаецца ў сэрцы, у памяці народнай, бо сапраўдныя героі не паміраюць.
За людское шчасце гіне камандзір роты капітан Сямён Кажанаў – мужны, стойкі воін («У баку ад дарогі…»). Нават канаючы, ён думае аб байцах сваёй роты, свята верыць у перамогу савецкага народа над ненавісным і лютым ворагам.
Дабрата, чалавечнасць, спагадлівасць да людскога няшчасця – вось якасці, якімі надзяляе пісьменнік сваіх герояў.
Здавалася б, мала добрага зрабіў людзям Ягор Случанка («Залатая рука»). Увесь час ён бадзяўся, швэндаўся па свеце, шукаючы лёгкага хлеба, недзе праседзеў вайну, пасля гандляваў у сваёй роднай вёсцы ў краме, потым кінуў гандаль і як у ваду кануў, а пад старасць зноў вярнуўся да аднавяскоўцаў. Людзі, нягледзячы на ўсё, не пакідаюць яго ў бядзе, прымаюць у сваю сям’ю, даюць пасаду вартаўніка стагоў.
Пісьменнік нібы гаворыць: каб быць шчаслівым, трэба заўсёды ісці з калектывам, не адрывацца, не адасабляцца ад яго. Жыць і працаваць для людзей, разам з усімі змагацца за светлую будучыню ўсяго чалавецтва заклікае нас пісьменнік у сваіх творах, ён паказвае, як пад уплывам новых абставін раскрываюцца лепшыя якасці чалавечай душы.
Празрыстае, душэўнае святло вылучае і душа брыгадзіра бетоншчыкаў на азотнатукавым заводзе Івана Пятровіча Галкоўскага, маленства якога пакалечыла вайна («Плывун»), і старой Аўгінні, якая прыехала ў горад адведаць нявестку і ўнучку («У горад»), і Ігната, што пайшоў на вайну змагацца з фашызмам («Ішоў на вайну чалавек…»), і загадчыка дзіцячага дома Івана Мікітавіча, які накарміў вясковых хлапчукоў, што здалечыні прыйшлі сюды ў цяжкія пасляваенныя гады на абед («За сто кіламетраў на абед…»).
Аўтар кнігі рашуча выступае супраць пошласці, крывадушша, ханжаства, супраць тых, хто і цяпер часам замінае людзям жыць, змагацца, працаваць. I. Чыгрынаў умее выбраць і паказаць такі пераломны момант у жыцці чалавека, калі найбольш поўна раскрываюцца яго характар, ягоныя душэўныя якасці. У творах пісьменніка кожная мастацкая дэталь, кожны эпізод нясуць пэўную нагрузку і адчуваюцца як нераздзельная частка цэлай карціны.
Паўсядзённае, карпатлівае вывучэнне народнага жыцця ў яго складаных абставінах і сітуацыях, сур’ёзнае стаўленне да слова сведчыць аб тым, што ў асобе I. Чыгрынава мы маем здольнага і ўдумлівага празаіка, творы якога заўсёды хвалююць чытача.
Б. Булат
Кніга апавяданяў Івана Чыгрынава «Самы шчаслівы чалавек» вылучана на атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР за 1968 год. Я кнігу чытаў. Яна мне спадабалася. I вось хачу падзяліцца сваімі думкамі аб ёй.
Упершыню я пазнаёміўся з творамі I. Чыгрынава ў газеце «Правда», дзе былі надрукаваны яго апавяданні «Шчаслівае месца» і «Жыве ў крайняй хаце ўдава…» Гэтыя творы прывабілі мяне сваёй жыццёвай праўдзівасцю. З таго часу я пачаў сачыць за маладым пісьменнікам, чытаў амаль усё, што той публікаваў.
І. Чыгрынаў – пісьменнік са сваім бачаннем свету. Аб гэтым ужо не раз пісала літаратурная крытыка. Ён добра ведае жыццё, умее заўважыць і адлюстраваць у творы значныя і цікавыя жыццёвыя з’явы.
Героі I. Чыгрынава – людзі рознага жыццёвага вопыту. Калі ў апавяданні «Народны камісар» героем выступае заслужаны чалавек, удзельнік грамадзянскай вайны і адзін з будаўнікоў Савецкай улады на тэрыторыі Беларусі, дык у апавяданні «Самы шчаслівы чалавек», якое дало назву ўсёй кнізе, паказаны малады воін, які прыняў першы бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на заходняй граніцы і гераічна загінуў за свабоду Радзімы.
Нельга без хвалявання чытаць апавяданні Чыгрынава «На пыльнай дарозе», «Ішоў на вайну чалавек», «За сто кіламетраў на абед…».
Пісьменнік піша не толькі аб мінулай ваііне, якая была суровым выпрабаваннем для савецкага народа. Ён расказвае і пра сённяшні дзень беларускай вёскі. Вобразы партыйных, савецкіх работнікаў, простых працаўнікоў у Чыгрынава заўсёды прывабныя. Лёсы асобных людзей цесна пераплецены з жыццём калектыву.
Я не асмельваюся ўсебакова ацэньваць вартасці кнігі «Самы шчаслівы чалавек». Гэта, напэўна, зробяць спецыялісты – літаратурныя крытыкі. Хачу толькі сказаць, што мне, чытачу, гэта кніга спадабалася. Мне здаецца, апавяданні Івана Чыгрынава заслугоўваюць Дзяржаўнай прэміі БССР.
Уладзімір Мангіновіч
Я даўно люблю прозу Івана Чыгрынава. Увага пісьменніка звычайна засяроджана на унутраным жыцці людзей, якім выпалі нялёгкія выпрабаванні. Пісьменніка хвалююць праблемы шчасця людскога, праблемы сэнсу жыцця, воінскага і працоўнага гераізму. Гэта ж можна сказаць і пра кнігу яго апавяданняў «Самы шчаслівы чалавек», якая вылучана на атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР.
Героі многіх апавяданняў з гэтай кнігі – людзі з нялёгкім, няпростым лёсам. Па-рознаму сустракаюць яны жыццёвыя выпрабаванні. Адны – як былы нарком Аляксей Васільевіч («Народны камісар»), брыгадзір бетоншчыкаў Іван Галкоўскі («Плывун») – не скараюцца лёсу і, не губляючы сваёй чалавечай годнасці нават у самых суровых абставінах, перамагаюць нягоды, іншыя – як Андрэй Хрупак («Дзічка») і Антон Ягоравіч («На пыльнай дарозе») – перастаюць быць гаспадарамі свайго лёсу, і іх жыццё здаецца нікчэмным і марным. А некаторыя яшчэ толькі шукаюць сваё месца ў жыцці.
Ціхамір з апавядання «Чайкі на хвалях» яшчэ не зрабіў, уласна кажучы, нічога ні добрага, ні благога. Ён – малады спецыяліст, які прыехаў з горада ў родныя мясціны, каб наведаць сваякоў і сяброў дзяцінства. I вось, пабыўшы ў сваёй вёсцы, ён думае, ці не застацца тут, між людзей, да якіх даўно прырос душою. Тут, у вёсцы, ён быў бы патрэбен больш, чым на гарадской сваёй рабоце, тут, пэўна, ён прынёс бы большую карысць. Ціхамір вагаецца і пакуль што не прымае пэўнага рашэння. Але нешта, што раней спала ў ягонай душы, абуджаецца пасля гэтай паездкі, у яго нібы раскрыліся вочы на свет: ён іначай бачыць і ўспрымае жыццё, радуецца навакольнаму хараству, якога раней не заўважаў. Усё, што ён чуе і бачыць у дарозе, – гаворкі людзей, песні, чайкі на хвалях, – горнецца да аднаго настрою, аднаго жадання. «Голас спевака і клікаў да сонца і тым жа часам раіў вярнуцца дамоў… І Ціхаміру раптам радасна зрабілася ад тае думкі, што ў чалавека ёсць дом і што заўсёды можна вярнуцца туды».
I душэўная перамена, якая адбылася з Ціхамірам, скажацца, несумненна, на ўсім яго далейшым жыцці…
У кнізе «Самы шчаслівы чалавек» мне запомніліся і многія іншыя апавяданні: «Усціння», «За сто кіламетраў на абед…», «Трэція пеўні»… I тут аб’ектам увагі пісьменніка з’яўляецца ўнутранае жыццё чалавека, яго духоўны свет. I. Чыгрынаў з грамадзянскай страснасцю выкрывае ў сваіх апавяданнях праявы пошласці, прыстасаванства. крывадушша і змагаецца за высакароднасць, душэўную чысціню, грамадскую актыўнасць.
Напісаныя жыццёва праўдзіва і па-мастацку пераканаўча, яго творы кранаюць чытачоў.
У. Сауліч
Апавяданні I. Чыгрынава трэба чытаць нетаропка, удумліва. Лепшыя творы з кнігі «Самы шчаслівы чалавек» напоўнены значным жыццёвым зместам, уражваюць драматызмам, складанасцю жыццёвага лёсу герояў. Апавядальнік імкнецца разабрацца ў паводзінах і ўчынках людзей, якім даводзіцца адольваць нялёгкія жыццёвыя выпрабаванні.
Вось апавяданне «Дзічка». Яно – пра «апошняга аднаасобніка» Андрэя Хрупака. Быў чалавек чырвонаармейцам, ваяваў у дывізіі славутага Шчорса, але зямля, якую атрымаў ён ад Савецкай улады, абудзіла ўласніцкія інстынкты, «засланіла цэлы свет». Не хацеў Андрэй ісці ў калгас, палічыў, што лепей быць аднаму, самому па сабе. Калгас у вёсцы быў слабы, незаможны, і падчас недародаў Андрэй жыў лепш, чым калгаснікі. Дык што ж – выйграў ён, застаўшыся аднаасобнікам? Не. Адасобіўшыся ад калектыву, ён абакраў сваё жыццё, змізарнеў, здзічэў. Смерць яго недарэчная: «Хрупак піў недзе і па дарозе заснуў, не патушыўшы самакруткі. I вось спачатку на калёсах загарэлася салома, пасля ўспыхнула вопратка, прасмоленая і прашкіпінараная ватоўка. Мусіць, чалавек так і не прачнуўся як мае быць, сканаў не ў сваёй памяці, нават не працвярэзіўшыся».
Як жыў чалавек, так і памёр. «Помню, стаіць там на хутаршчыне яблыня. Здзічэла. Здавалася б, ненатуральна, свойская яблыня не можа перарадзіцца, а вось жа перарадзілася. Людзі пакінулі адну – дзікай стала… » – разважае адзін з герояў апавядання. Чалавек няправільна разумеў шчасце і размінуўся з ім.
Герой апавядання «Плывун» Іван Галкоўскі на пакручастай жыццёвай дарозе зведаў, як і Хрупак, шмат нягод, але не зламаўся, знайшоў сябе ў калектыве, стаў ударнікам камуністычнай працы. Чалавек падначаліў лёс сваёй волі. Жыць, працаваць у дружным людскім гурце, мець павагу ад людзей, адчуваць сваю годнасць – такі яго шлях да шчасця.
Апавяданне «Самы шчаслівы чалавек» дало назву ўсёй кнізе. Герой апавядання Аляксей Балаш – пагранічнік, якому, суджана загінуць ад варожай кулі ў першы ж день вайны. Аляксей ахвяруе жыццём у імя свабоды Радзімы.
I ў апавяданні «Народны камісар» вырашаецца тэма чалавечага шчасця. Былы нарком Аляксей Васільевіч даўно на пенсіі. Але і цяпер увесь ён аддаецца клопатам пра іншых людзей і застаецца народным камісарам ужо не па абавязку службы, а па душэўнай патрэбе.
Вельмі ўсхвалявала мяне апавяданне «За сто кіламетраў на абед…». Гэта апавяданне аб пасляваенным дзяцінстве, аб жыццёвых уроках, якія дачасна атрымлівалі гаротныя і галодныя дзеці ў першыя пасляваенныя гады – уроках справядлівасці, дабраты, дарослай адказнасці за родных і блізкіх.
«Нам было ў той час па дзесяць гадоў – адным трохі болей, другім трохі меней. I мы былі дзеці вайны. Але тады мы амаль усе ведалі, і мне часам здаецца, што ведалі куды болей, чым нават цяпер, калі нам па трыццаць ужо», –так пачынаецца гэтае апавяданне. У апавяданні расказваецца, як падлетак-сірата Карапет вядзе сваіх сябрукоў у дзіцячы дом, дзе іх накормяць. Пісьменнік расказвае пра дарожныя перыпетыі і дзіцячыя хітрыкі (трэба, каб дзетдомаўскае начальства паверыла, што гэтыя дзеці – сіроты) з усмешкай, але моцна адчуваецца ў творы і шкадаванне аб тым, што дізяцінства было так абкарнана, абкрадзена вайной, горам, голадам. У гэтым апавяданні, відаць, шмат аўтабіяграфічнага, і яно ці не найбольш лірычнае ў кнізе.
Мне палюбілася кніга «Самы шчаслівы чалавек». Яе аўтар уважлівы да людскога жыцця, чулы да чалавечых клопатаў і трывог. Тое, што ён убачыў і зразумеў на жыццёвых дарогах, пра што ён з хваляваннем расказвае, выклікае хваляванне ў адказ.
М. Ціханчук
Тое, што ў асобе Івана Чыгрынава ў літаратуру ідзе здольны аўтар, ужо засведчылі першыя апавяданні празаіка. Гэтая думка і крытыкі, і чытачоў замацавалася, калі выйшла першая кніжка маладога пісьменніка – «Птушкі ляцяць на волю». Са з’яўленцем другога зборніка – «Самы шчаслівы чалавек» – перакананасць у гэтым стала яшчэ больш цвёрдай.
У чым жа выявіўся талент аўтара? Якія яго асаблівасці? Перш-наперш, зразумела, у тым, што празаікам напісаны дзве кніжкі добрых апавяданняў. Што датычыць асаблівасцей, то яны і ў аўтарскай пазіцыі, і ў грамадзянскай заклапочанасці пісьменніка аб сучасніку, і ў роздуме над жыццём, і ў сваім бачанні свету, людзей, і ў паказе іх праз мастацкае слова.
Малады пісьменнік усталёўвае прыгожае, светлае ў нашым жыцці, размяжоўвае дабро і зло, праўду і ману, робіць героем сваіх твораў радавога працаўніка, пераважна вясковага, выступае за тое, каб заўсёды перамагала справядлівасць. і
Мне асабіста найбольш дасканалымі, завершанымі ў кнізе здаюцца такія апавяданні, як «Самы шчаслівы чалавек», «У горад», «Ішоў на вайну чалавек» і «Усціння».
Скажам, апавяданне «Усціння». Чытачу імпануюць і працавітасць жанчыны, і яе мацярынскі боль за дзяцей, і ўвесь той бясхітрасны лад думак і адчуванняў, што непакояць старую на працягу зімовай ночы.
Адна толькі шчасліва знойдзеная аўтарам дэталь – Усціння шкадуе, што, не разгледзеўшы, прагнала ад цэбра э бульбай, падрыхтаванай для парсюка, шчэнную суку, – і не патрэбны іншыя словы пра яе дабрату. Апавяданне прымушае задумацца, успомніць іншую, магчыма, гэткую ж самую жанчыну, але ўжо больш родную, – успомніць маці. Ужо адно гэта робіць твор значным, мастацкім.
Празаік ведае, разумее і часта пераканаўча малюе псіхалагічна глыбокія вобразы вясковых людзей. Спашлёмся хоць бы на апавяданні «У горад» і «Ішоў на вайну чалавек». Сюжэты іх не новыя. Але апавяданні «чытабельныя», бо ўсё ў іх – ад слова да характару – матываванае, свежае, напісанае з тым майстэрствам, у якім выразна адчуваецца (маю на ўвазе апавяданне «У горад») школа К. Чорнага. Усё ў гэтым апошнім апавяданні – і тое, як старая выбірае гасцінцы ўнучцы, як і пра што гаворыць з суседзямі і вартаўніком, і тое, як апранае яна плюшаўку, едзе ў аўтобусе, шукае кватэру, і, нарэшце, тое, як сустракаюць яе нявестка і ўнучка, – усё ў ім «працуе» на вобразы.
Жыццёва праўдзівым паўстае перад чытачом таксама і герой другога твора. Якую ж псіхалагічную нагрузку нясе хоць бы ўнутраны маналог Ігната, калі ён, адыходзячы ня вайну, успамінае, што не падважыў хату, не дарабіў грабель, не паправіў сыну боты?! Міжволі верыш, што гэты просты чалавек праявіць, калі спатрэбіцца, сапраўдны гераізм, як праявіў яго і Аляксей Балаш з аднайменнага са зборнікам апавядання.
Яно ўражвае асабліва і надоўга. Нібы бачыш і той палатачны гарадок пагранічнікаў, і іх саміх, нібы чуеш, аб чым і як яны гавораць.
Пра станоўчае – і ў лепшых і горшых апавяданнях пісьменніка – можна было б яшчэ шмат гаварыць: аб праблематычнасці некаторых вобразаў і багацці падтэксту, аб уменні аўтара раскрыць адным-двума сказамі істотнае ў характары персанажа ці даць пейзажную замалёўку, аб яго здольнасці надзяляць герояў ёмкімі характарыстыкамі і пранікаць у душу не толькі дарослых, але і дзяцей. Аднак трэба сказаць і пра няўдачы празаіка, бо для гаворкі пра іх апавяданні таксама даюць падставу.
У апавяданнях «Чайкі на хвалях», «Сонца на косах» няма акрэсленай задумы. I яны, і апавяданне «Шчаслівае месца» грашаць адсутнасцю прадуманай сюжэтна-кампазіцыйнай будовы. У апошнім расказана, як капітан Чарэнда сустрэўся на Сожы са сваёй згубленай у час вайны дачкой. Але расказана з непатрэбнымі падрабязнасцямі і «мосцікамі». Сапраўды, спачатку даведваемся, што нехта не зусім вядомы (хутчэй за ўсё журналіст) быў затрыманы ў камандзіроўцы бездаражжу. Ён ідзе да школьнага апальшчыка, звоніць па тэлефоне ў калгасы, саўгасы, спраўляючыся, ці не будзе якога-небудзь транспарту. Выручыць абяцае ляснічы: леснікі ўзяліся пераправіць цераз раку бухгалтара лясгаса, які прывязе палучку. Заадно яны пераправяць на той бок і героя апавядання.
Далей апісваюцца прывітанні, якімі абменьваюцца леснікі і ляснічы, пераправа, ваганні шафёра – узяць ці не ўзяць пасажыра. «пробка» на мосце, з-за якой герой ідзе ў сталовую. Там чалавек у форме рачніка запрашае выпіць. Нарэшце, ён, капітан Чарэнда, пачынае расказваць пра сябе і дачку. З гэтага, мабыць, і трэба было пачынаць апавяданне.
I яшчэ адна заўвага. Мове твораў прыкметна шкодзяць дыялектызмы, такія, як «хвальчовы», «байды», «воміга», «хаманея».
Пралікі, аднак, выглядаюць зусім нязначнымі суадносна з тым мастацкім поспехам, якога дасягнуў пісьменнік. Трэба ўлічваць тое, што яны – з’ява, бадай, часовая, абумоўленая творчым ростам маладога празаіка, які стаіць у пачатку творчай дарогі.
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 4
Дзмітрый Бугаёў
Гаворачы аб сур’ёзных здабытках сучаснай беларускай прозы, нельга абысці маўчаннем значныя поспехі нашых апавядальнікаў, якія ўнеслі свой прыкметны ўклад у агульнае абнаўленне літаратуры апошніх дзесяці-пятнаццаці гадоў. Гэтыя поспехі звязаны з імёнамі Міхася Лынькова, Янкі Брыля, Івана Мележа, Аляксея Кулакоўскага, Янкі Скрыгана, Івана Навуменкі, Васіля Быкава, Івана Пташнікава, Барыса Сачанкі, Вячаслава Адамчыка, Уладзіміра Дамашэвіча, Міхася Стральцова і яшчэ шэрага іншых празаікаў розных пакаленняў. Іх лепшыя апавяданні пераканальна сведчаць, наколькі значны плён для літаратуры можа даць гэты празаічны жанр, хоць ён і лічыцца разнавіднасцю малой эпічнай формы.
Няспрошчаны погляд на рэчы і з’явы, добрае адчуванне духу нашага часу, увага да сур’ёзных грамадскіх праблем, выразная сацыяльнасць, падкрэсленае імкненне мастака да праўды, да грунтоўнага самастойнага даследавання самых разнастайных сфер рэчаіснасці, напружанасць актыўнай гуманістычнай думкі, псіхалагічная дакладнасць і глыбіня, як і наогул высокае пісьменніцкае майстэрства, – вось што збліжае найбольш змястоўныя апавяданні, напісаныя рознымі па сваіх творчых схільнасцях, па індывідуальнай мастацкай манеры, але таленавітымі аўтарамі.
Сваё адметнае месца сярод беларускіх апавядальнікаў, якія яшчэ не так даўно і не без падставы называліся маладымі пісьменнікамі, а цяпер вельмі актыўна і плённа працуюць у літаратуры, займае Іван Чыгрынаў. У 1967 годзе ён выдаў сваю другую кніжку апавяданняў – «Самы шчаслівы чалавек».
Як вядома, першая кніжка гэтага празаіка «Птушкі ляцяць на волю», надрукаваная на два гады раней за другую, атрымала аднадушную станоўчую ацэнку рэспубліканскага друку. Ужо яна паказала, што ў асобе Івана Чыгрынава беларуская літаратура мае таленавітага апавядальніка, ад якога можна чакаць нямала.
Прыемна зазначыць, што другая кніжка аўтара не расчароўвае, а, наадварот, яшчэ раз пацвярджае, што поспех першых твораў Чыгрынава быў невыпадковым.
Пераважная большасць апавяданняў, што ўвайшлі ў зборнік «Самы шчаслівы чалавек», ужо змяшчалася ў перыёдыцы. Аднак, сабраныя ў адной кнізе, творы Івана Чыгрынава выклікаюць яшчэ лепшае, больш цэласнае ўражанне. У іх прываблівае добрая назіральнасць пісьменніка, яго ўменне пабудаваць цікавую, хоць часта і просценькую з выгляду сюжэтную канву, дакладна выпісаць ёмістыя дэталі і падрабязнасці, часам, як у апавяданнях «Дзічка» і «Плывун», надаючы ім выразную сімвалічнасць, стварыць глыбокі і шматзначны падтэкст, адпаведную настраёвасць, эмацыянальна-псіхалагічную атмасферу, у якой апісаныя аўтарам падзеі і сцэны выглядаюць натуральнымі і змястоўнымі. Празаік усюды імкнецца пісаць вельмі шчыра і праўдзіва, пазбягаючы аднапланавасці і просталінёйнасці, не спрошчваючы абставін рэальнага жыцця, не выпрамляючы складанага лёсу чалавека, калі ён трапляе ў цяжкія, заблытаныя сітуацыі. Даследуючы гэткія сітуацыі і лёсы, пісьменнік застаецца чулым, але патрабавальным гуманістам. Ён досыць глыбока разбіраецца ў людзях, у іх псіхалогіі, умее ўбачыць не толькі не заўсёды спрыяльны ўплыў адпаведнага збегу абставін на чалавека, зразумець яго бяду, але і вызначыць яго асабістую віну, з-за якой часта набываюць асаблівую абвостранасць і без таго складаныя жыццёвыя калізіі, узятыя аўтарам для пільнага аналізу («Дзічка», «Залатая рука», «На пыльнай дарозе»).
Так, у апавяданні «Дзічка» перад намі паўстае «апошні вугольшчынскі аднаасобнік» Андрэй Хрупак. Некалі ён са зброяй у руках змагаўся за савецкую ўладу, якая разам з іншымі надзяліла і гэтага бедняка зямлёй. А як пачалася калектывізацыя, «былы чырвонаармеец славутага Шчорса» заўпарціўся, стаў шкадаваць «сваю зямлю», якая засланіла яму цэлы свет. «Як ухапіўся за яе пасля рэвалюцыі, то ўжо і не захацеў выпусціць з рук. Страх у ім перад зямлёй. Гэта – як хвароба. I пачалася яна, мусіць, яшчэ тады, калі дзіцем хадзіў «пасабляць» людзям. Бацька яго зямлі мала меў, адзін шматок, а дзяцей напладзіў, дык дзе ты іх накорміш! У сям’і толькі і размоў было, што пра зямлю. А савецкая ўлада спярша дала зямлю, пасля быццам бы і назад забірае. У калгас трэба ісці. А хто яго ведае, той калгас? I вось замест таго, каб спярша вылечыць Андрэеву хваробу, каб ён не баяўся за сваю зямлю, яму прапаноўваюць аддаць тую зямлю ў калгас», – растлумачвае Хрупакову бяду, першапрычыну яго ўпартасці настаўнік Зазыба, адзін з персанажаў апавядання «Дзічка».
Як на добры лад, дык тут бы, мусіць, трэба было праявіць цярплівасць, увогуле падысці да Хрупака па-чалавечы, пастарацца пераканаць упартага селяніна ў перавазе калектыўнага жыцця. Але нецярплівым прыхільнікам тэрміновай калектывізацыі не было калі займацца ўгаворамі ды пераконваннямі. Яны выбралі лягчэйшы для сябе шлях, назаўсёды адштурхнуўшы чалавека ад таго вялікага пераўтварэння, якое несла з сабою калектывізацыя. «У трыццатым, калі калгасы стваралі, – гаворыцца ў апавяданні пра далейшы лёс Хрупака, – раптам надумалі раскулачыць яго, нават завезлі ў Магілёў, але ні гаспадаркі, ні сям’і не зачапілі, бо нічога кулацкага, вядома, у яго не было. Але самога ў турме трохі патрымалі… З таго часу і пачаў Андрэй хадзіць у «контрыках». Згарыць у калгасе гумно – аднаасобнік Хрупака на допыт. Здохне на калгаснай карова – зноў на Андрэя гатовы віну ўскласці. Так прасцей, не трэба галавы ламаць».
Жыццё суседзяў у калгасе, агульны стан яго гаспадарчых спраў таксама не радавалі назіральнага Хрупака, а то і падтрымлівалі ў яго ілюзію, што і адзін чалавек можа ўладкавацца не горш, чым у калектыве. «Дзіўна, – разважаюць героі твора, – але ў Вугольшчыне акрамя ўсяго яшчэ і на старшынь калгаса не шанцавала – усё чамусьці да іх чужых прысылалі. Ды і мяняліся яны часта – то п’яніца, то лайдак, то бабнік. Дык калі такім «часовым» у душы людскія заглядваць: абы з дня на ноч. Тым больш у душу аднаасобніка. Але калі ўжо сёння гаварыць папраўдзе, то і сам гэты аднаасобнік не гарнуўся да калгаса. I зноў жа, можа, нават таму, што нічога добрага ў сваім калгасе не бачыў. Асабліва пасля вайны. Гэта потым ужо, калі Вугольшчыну далучылі да Бараўца, калгас стаў падобны на калгас».
Так складвалася ўсё адно к аднаму, і ў выніку чалавек змарнаваў сваё жыццё, пражыў яго без карысці для грамадства, груба кажучы, здзічэў, як тая свойская яблыня, што стала дзічкаю, калі яе пакінулі людзі. «Вось вы сказалі пра яблыню, што ў Шацікавай выгары, – зноў тлумачыць Панас Зазыба, як бы падсумоўваючы ўсе папярэднія разважанні розных людзей пра жыццёвую долю Хрупака і выносячы канчатковы прысуд апошняму аднаасобніку. – Помню, стаіць там на хутарышчы яблын. Здзічэла. Здавалася б, ненатуральна, свойская яблыня не можа перарадзіцца, а вось жа перарадзілася. Людзі пакінулі адну – дзікай стала, і яблыкі ўжо не тыя, самыя звычайныя ляскоўкі. Дык нешта падобнае здарылася і з Андрэем Хрупаком. Можна сказаць, жыццё ўжо прайшло, а чаго чалавек дасягнуў?»
А ён мог бы застацца сапраўдным, душэўна шчодрым чалавекам, карысным для другіх людзей і грамадства, бо не толькі ў Шчорса ваяваў, але і ў Айчынную, не зважаючы на свае крыўды, партызаніў… Так што глыбокі павучальны сэнс змяшчае ў сабе гэтая праўдзіва і стрымана расказаная гісторыя пра тое, як з-за розных акалічнасцей, сярод якіх не прыходзіцца адмаўляць і асабістую віну персанажа, стала адным чалавекам меней, зямля, як сказаў паэт, пабяднела на адно людское шчасце.
Без надакучлівага маралізавання, у характэрнай для I. Чыгрынава мяккай манеры напісана апавяданне «На пыльнай дарозе». Яно прываблівае ўменнем аўтара расказваць дакладна эканомна і эмацыянальна, з сапраўднай псіхалагічнай змястоўнасцю.
Дарэчы сказаць, свядомая арыентацыя Івана Чыгрынава на тое, каб абыходзіцца без прамога надакучлівага маралізавання, даючы аўтарскую ацэнку больш ускосным шляхам, у прыватнасці праз дакладна выпісаныя дэталі, змястоўны падтэкст твора, – гэтая своеасаблівасць творчага почырку пісьменніка ў нас не заўсёды правільна ацэньваецца. Мусіць, перад усім недавер’ем да знешне аб’ектывізаванай, стрыманай, прынамсі, пазбаўленай лабавой дэкларацыйнасці апавядальнай манеры ды яшчэ, відаць, проста неглыбокім прачытаннем твораў, калі схопліваецца толькі самы першы, паверхневы пласт іх зместу, можна вытлумачыць зробленую П. Глебкам заўвагу пра тое, што як быццам апавяданні Чыгрынава «напісаны менавіта з пазіцыі тэорыі факта». «Аўтар дае замалёўку факта вельмі маляўнічую, яркую, можна сказаць, вобразную, але далей факта не ідзе», – досыць катэгарычна сцвярджае П. Глебка. Гэта яўнае перабольшанне. I калі б справа абстаяла сапраўды так, як мяркуе П. Глебка, мы б наогул не мелі права гаварыць пра Івана Чыгрынава як пра сур’ёзнага пісьменніка. Мне здаецца наадварот, што факт, мастацкая дэталь, жыццёвая падрабязнасць у чыгрынаўскіх апавяданнях звычайна падаюцца такім чынам, што за імі паўстаюць пэўная карціна часу, жывы чалавек са сваім непаўторным лёсам і зусім канкрэтнымі жыццёвымі ўмовамі.
Больш таго, як толькі агульны сэнс пэўнай падзеі ці факта становіцца дастаткова зразумелым, па-мастацку вытлумачаным хоць бы ў агульным плане, пісьменнік відавочна траціць да іх сваю цікавасць. Траціць якраз таму, што не сам факт, з якім бы вялікім і апраўданым давер’ем ні ставіўся да яго аўтар, у першую чаргу цікавіць мастака, а яго сутнасць, яго сэнс, яго філасофія і псіхалогія. Другая справа, што небагатыя на творчы вопыт пісьменнікі (а Чыгрынаў у гэтым сэнсе не складае выключэння) не заўсёды могуць дастаткова глыбока і шматгранна асэнсаваць заўважаныя імі дэталі і факты. Але гэта звязана больш з недахопам прафесійнага ўмення, чым з прынцыповым нежаданнем па-свойму, арыгінальна і ўсебакова асэнсоўваць жыццёвыя з’явы і праблемы. Якраз жаданне ісці непратаптанымі сцежкамі, жаданне самастойна рабіць адкрыцці ў жыцці і літаратуры, па-свойму асэнсоўваючы падуладны ім матэрыял рэальных фактаў і асабістых нагляданняў, у нашых, умоўна кажучы, маладых, пісьменнікаў ёсць, выяўлена яно даволі ярка, а часам і з палемічнай падкрэсленасцю. I гэта дазваляе ўвогуле з упэўненасцю глядзець на іх будучыню, бо і жыццёвы вопыт, і чыста прафесійнае майстэрства, пры ўсёй іх выключнай важнасці для літаратара, – рэчы, як кажуць, нажыўныя, прынамсі для тых, хто не любіць заспакойвацца на аднойчы дасягнутым і няспынна клапоціцца пра папаўненне і ўдасканаленне свайго жыццёвага і творчага багажу.
Сама ж увага да рэальнага факта, да нявыдуманага, самастойна здабытага, а то і выпакутаванага матэрыялу, глыбокае давер’е да яго з боку «маладой літаратуры» складаюць яе, безумоўна, моцную рысу і заслугоўваюць не падазронай насцярожанасці, а зычлівага адабрэння і падтрымкі. З гэтай увагай у значнай меры звязаны далейшы рост і ўзмацненне даследчыцкіх магчымасцей усяго савецкага мастацтва.
Тое, што нашых так званых маладых пісьменнікаў, і ў прыватнасці Івана Чыгрынава, цікавіць і вабіць не столькі факт сам па сабе, колькі яго змястоўная сутнасць, нараджае некаторыя даволі парадаксальныя рэчы, якія ніяк не ўкладваюцца ў «тэорыю факта». Напрыклад, Іван Чыгрынаў у асобных апавяданнях, па сутнасці, пакідае ненапісанымі вельмі важныя, а то і ключавыя эпізоды. Сюжэтную аснову, касцяк апавядання «Шчаслівае месца» складае гісторыя аб тым, як марскі афіцэр Чарэнда праз шмат гадоў знайшоў сваю дачку, страчаную ў грозныя ваенныя часы. У гэтым творы аўтар расказвае пра многія рэчы – і пра тое, як апавядальнік, засцігнуты веснавым бездарожжам, з вялікімі цяжкасцямі дабіраецца ў горад, вяртаючыся з камандзіроўкі, і пра тое, як ён выпадкова сустракаецца з Чарэндам, і пра тое, што яны гавораць, седзячы ў прыдарожнай «чайхане», вуснамі Чарэнды падае драматычныя малюнкі першых дзён вайны, калі загінула Чарэндава жонка і згубілася дачка, накідвае дакладныя пейзажныя штрыхі накшталт наступнага: «Неўзабаве бальшак скончыўся, і дарога пайшла праз сасновы лес. На дрэвах снегу не было. Снег ляжаў толькі на зямлі, але ён быў нібыта пафарбаваны, амаль фіялетавага колеру, і ўвесь пабіты, бы васпаваты, – гэта падалі з лапінаў камякі».
Зроблена ўсё гэта добра, хоць і непрапарцыянальна шчодра ў параўнанні з наступнай часткай апавядання. Аднак самы напружаны і хвалюючы эпізод пра тое, як сустрэўся Чарэнда з дачкой, усё ж спаткаўшы яе на Сожы, не напісаны. Пра яго толькі скупа паведамляецца ў канцы апавядання. Я думаю, што твор ад гэтага прайграе. Але як паказчык непрыхільнасці аўтара да апісальніцтва і фактаграфіі – пропуск такіх эпізодаў вельмі характэрны. Ён наглядна пераконвае, наколькі менавіта фактаграфія неўласціва пісьменніку, не вабіць яго. Справа ў тым, што думка пра ўпартасць Чарэнды, настойлівага і мужнага чалавека, што ўсю вайну і многія гады пасля яе заканчэння не траціў надзеі на спатканне з дачкой і правільна вызначыў, пры якіх умовах выпадковая сустрэча павінна стаць непазбежнай, – гэтая вельмі важная для пісьменніка думка дастаткова выразна выяўлена і без апісання самой сустрэчы. Гэты факт, пры ўсёй яго безумоўнай фабульнай выйгрышнасці, аказаўся аўтару непатрэбным. I ён свядома, можа нават палемічна падкрэслена, ахвяруе ім, нібы жадаючы сцвердзіць, што апавяданне павінна быць цікавым і без так званых выйгрышных з пункту гледжання сюжэтнай напружанасці момантаў, без падрабязнага апісання некаторых істотных у гэтым сэнсе эпізодаў і фактаў.
Сама па сабе такая палемічнасць, відаць, звязана з маладосцю пісьменніка. Пасталеўшы, ён наўрад ці будзе так неашчадна абыходзіць факты, эпізоды і сітуацыі, якія тояць у сабе немалую прывабнасць для мастака, калі ён мае на мэце драматызаваць сюжэт свайго твора. Але ж цяпер I. Чыгрынаву яшчэ не да абачлівасці і добрага цвярозага ўліку ўсіх момантаў. Яму больш важны агульны прынцып, дзеля якога можна многім лёгка паступіцца, многае ахвяраваць.
У згаданым ужо апавяданні «На пыльнай дарозе» аўтар зноў спакойна праходзіць міма самай драматычнай сітуацыі. Я маю на ўвазе размову Антона Ягоравіча Шасцярнёва з сынам Васілём у час іх апошняй сустрэчы, размову, да якой вядуць усе сюжэтныя павароты апавядання, але якая так і засталася за межамі твора. Да яе пісьменнік падышоў упрытык, даў чытачу магчымасць выразна адчуць, пра што будзе гаворка паміж бацькам і некалі дзеля ўяўнай кар’еры пакінутым у горы і нястачы сынам, аднак самую сцэну размовы так і не напісаў – яе сэнс у агульных рысах ясны і без таго. Ясны, бо характары абодвух персанажаў, хоць часам і эскізна, акрэсліліся на нашых вачах. I мы можам больш-менш пэўна дадумаць многае з таго, што прама, адкрыта не сказаў аўтар. Але ён зрабіў галоўнае – пераканаўча паказаў віну старэйшага Шасцярнёва перад малодшым, зноў жа свядома зры гэтым упусціўшы відавочныя магчымасці яшчэ больш драматызаваць апавяданне праз заключнае сутыкненне блізкіх людзей.
Зрэшты, у апавяданні «На пыльнай дарозе» ўсё ж ёсць некалькі вельмі драматычных эпізодаў, напісаных на самым высокім узроўні эмацыянальнага напружання. Гутарка ідзе пра такія сцэны, як развітанне Андрэя Шасцярнёва з сям’ёй у пачатку вайны, калі жонка і дзеці заставаліся ў акупацыі, а ён сам, чалавек вайсковы, мусіў прабівацца праз нямецкае акружэнне на ўсход. Або ўзяць яго сустрэчу з малым галодным Васьком у хуткім часе пасля вызвалення ўсходніх раёнаў Беларусі. Абодва гэтыя эпізоды закранаюць ваеннае дзяцінства таго пакалення, да якога належыць і сам аўтар. Яны, можна сказаць без перабольшання, здзіўляюць глыбінёй пранікнення ў дзіцячую псіхалогію, дакладнасцю кожнага штрыха і кожнай прыватнай дэталі. Нейкі шчымлівы боль, выказаны не прама, а больш адчувальны ў падтэксце, стрыманае любаванне дзіцячай непасрэднасцю і вытрымкай у самыя цяжкія моманты, тая выключная шчырасць аўтарскай усхваляванасці і суперажывання, што бывае магчымай толькі тады, калі чалавек піша пра нешта вельмі дарагое, запаветнае, прынамсі асабіста выпакутаванае, – усё гэта да глыбіні душы, да болю сардэчнага кранае ў згаданых эпізодах.
Дарэчы, як і ўсе яго аднагодкі ў літаратуры, Іван Чыгрынаў зноў і зноў звяртаецца да галодных, спакутаваных дзяцей вайны, да іх труднага лёсу ў першыя гады мірнага жыцця. Ён піша пра гэта і ў «Плывуне», і ў апавяданні «За сто кіламетраў на абед», якое з’яўляецца разгорнутым нарысам абпаленага вайной дзяцінства, піша надзвычай дакладна, трапна, пранікнёна і шчыра.
Асобныя эпізоды ваеннага часу ўзнаўляе аўтар таксама ў апавяданнях «У баку ад дарогі», «Самы шчаслівы чалавек». Пісьменнік славіць мужнасць савецкіх воінаў, паказвае, што яны і ў трагічных умовах першых ваенных дзён заставаліся людзьмі высокага абавязку і вялікай патрыятычнасці, змагаліся з ворагам да апошняй кроплі крыві (Аляксей Балаш з апавядання «Самы шчаслівы чалавек», чырвонаармейцы і камісар Жбанкоў з роты Сямёна Кажанава ў апавяданні «У баку ад дарогі»). Мірныя людзі беларускіх вёсак перажывалі вымушанае адступленне савецкіх войск як вялікую трагедыю, стараліся памагчы нашым воінам, калі яны траплялі ў бяду, ратавалі іх з апошніх сіл. Былы зняволены за дробязную правіннасць Міцька, кульгавы стары Пархвен, доктарка Вераніка, высокая спраўная жанчына Гапка з апавядання «У баку ад дарогі» – усе яны лічаць сваім абавязкам да канца змагацца за жыццё смяртэльна параненага капітана Кажанава. Вось чаму не безнадзейнасць, а глыбокую веру ў сілы савецкіх людзей, у іх патрыятызм нараджае ў нашай душы гэты твор з трагічнымі сітуацыямі.
«Для чалавека цяжэй за ўсё расчараванне. Таму не трэба баяцца гаварыць яму пра жыццё, пра яго праблемы, канфлікты і супярэчнасці. Трэба рыхтаваць чалавека да пераадолення і гэтых канфліктаў, і гэтых супярэчнасцей, трэба вучыць яго думаць, разважаць.
Выхаванне праўдай – лепшае выхаванне. I ў жыцці, і ў мастацтве», – пісаў вядомы савецкі вучоны А.В. Сняжнеўскі, разважаючы аб выхаванні маральна здаровага пакалення.
Вельмі сугучныя гэтаму выказванню думкі прыходзяць у галаву капітану Сітнаму, аднаму з герояў чыгрынаўскага апавядання «Самы шчаслівы чалавек». Упэўнены ў гэтым і сам аўтар. Таму, звяртаючыся да трагічных падзей і сітуацый, ён далёкі ад таго, каб займацца прыхарошваннем рэальнай карціны, маляваць ружовую ідылію там, дзе яе не магло быць. Гаворачы пра першыя, самыя цяжкія для нас дні вайны, пісьменнік паказвае, як нялёгка было змагацца з лепш узброенай фашысцкай арміяй гітлераўскіх галаварэзаў, якія трагічныя моманты нараджала часовая ваенная перавага варожых войск. Вядома, усё гэта не асабліва прыемныя рэчы. Але так было. I, мусіць, не трэба гэтага забываць. У кожным разе, не Чыгрынава трэба за гэта папракаць. Тым больш, што ён, паўтараю, у адпаведнасці з гістарычнай праўдай паказвае, як і ў такіх трагічных сітуацыях савецкі чалавек, салдат і мірны сейбіт, заставаўся мужным барацьбітом за свае ідэалы, выяўляў вялікую сілу чалавечага духу (апавяданні «Самы шчаслівы чалавек», «У баку ад дарогі»).
Вельмі моцна напісана сагрэтае глыбокай гуманістычнай думкай апавяданне «Ішоў на вайну чалавек». Аўтар бярэ тут самую звычайную сітуацыю – зборы ў армію, на фронт селяніна Ігната, які разам з усімі не быў мабілізаваны з-за хворай нагі. Цяпер Ігнат паправіўся. I ваенкаматаўская павестка недвухсэнсава напомніла, што часовая адтэрміноўка скончылася. Вядома, чалавек успрымае гэта як належнае і справядлівае, развітваецца з сям’ёй, блізкімі, аднавяскоўцамі, каб пайсці на вайну.
Аднак гэтая больш чым звычайная для ваенных часоў сітуацыя рэалізуецца сапраўды па-мастацку. I таму ў апавяданні хвалюе ўсё: і дурная дзяціная радасць малога Ігнатавага сына, задаволенага тым, што другія дзеці, бацькі якіх ваююць даўно, цяпер перастануць папракаць яго бацькавым дамаседствам; і шкадаванне аднарукага старшыні калгаса Пахамка з прычыны таго, што забіраюць з сяла апошняга здаровага мужчыну, не даючы яму «броні», як гэта робяць на ваенных заводах, хаця хлеб для салдата не менш важны, чым зброя; і тое, што раптам аказваецца ў чалавека шмат недаробленых неадкладных спраў, якія за адзін дзень ужо ўсё роўна ніяк нельга зрабіць; і апошняя Ігнатава ноч пад роднай страхой; і яго такое натуральнае, чалавечнае развітанне з жонкай…
А як кранаюча і дакладна, узважана і шматзначна гучыць заключны акорд твора: «Праводзіць Ігната ўранні сышлася ўся вёска. А Ігнат быў спакойны, як зямля пасля дажджу, і нават жартаваў, хоць гэта яму не кожны раз і ўдавалася. Не спяшаючыся, ён абыходзіў па адным сваіх аднавяскоўцаў, трос ім рукі і сарамліва чырванеў: яму было трохі не па сабе ад таго, што праз яго да коўрат сабралася столькі народу. Жонка больш не плакала. I гэта падабалася Ігнату. I толькі пасля таго, як ужо развітаўся з усімі і пайшоў, паскараючы крок, па дарозе, ён пачуў за спіною немы плач. Бабы суцяшалі жонку, паціху перагаворваліся і не пераставалі глядзець на дарогу, па якой ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек».
Суровая стрыманасць і не пазбаўленая выразнай эпічнасці прастата, праз якую адлюстравана безумоўная неабходнасць, нават лепш сказаць – непазбежнасць таго, што робіцца ў творы, вызначаюць асноўны тон гэтага велічнага ў сваёй прастаце акорда, тон чысты, ясны і гучны.
Сапраўдная чалавечнасць, шчырая спагадлівасць, спачуванне людзям, добрае разуменне скрытых душэўных рухаў, перададзеных не лабавой расшыфроўкай ці просталінейнай дэкларацыяй, а праз дакладнае ўзнаўленне зноў жа звычайнай, часта бытавой сітуацыі, – кранаюць у такіх розных па жыццёваму матэрыялу апавяданнях, як «Усціння», «Чайкі на хвалях», «У горад», «Народны камісар». Усё гэта творы, небагатыя на падзеі, але цікавыя, змястоўныя дзякуючы таму, што тут мы знаёмімся з харошымі, душэўнымі, шчодрымі на ўвагу да другіх людзьмі. У гэтылі сэнсе асабліва вылучаецца апавяданне «Народны камісар», у якім намаляваны прывабны сваёй чалавечнасцю вобраз старога камуніста Аляксея Васільевіча – аднаго з «кагорты шчырых наркомаў ленінскай гартоўкі».
Параўнальна крыху больш разгорнуты падзейны касцяк у апавяданнях «Плывун» і «Трэція пеўні». Вось чаму яны, побач з некаторымі іншымі творамі, здаецца, адкрываюць для I. Чыгрынава нейкую новую перспектыву, паказваюць на тыя магчымасці зрабіць сюжэтна больш дынамічным, падзейна-ёмістым, драматызаваць апавяданне, якія, як ужо часткова зазначалася, пакуль што не ў поўную меру выкарыстоўвае гэты празаік.
Слабейшым за іншыя і трохі манерным выглядае апавяданне «Сонца на косах». Праўда, і тут звяртаюць на сябе ўвагу каларытныя, рэалістычныя дэталі пасляваеннага вясковага жыцця, выпісаныя дакладна і выразна. Але мне ўяўляецца падстроеным той пажар, у якім гіне Андрэй – галоўны герой апавядання. Ды і перадсмяротнае спатканне яго з Ларысай засталося нейкім безвыніковым. Навошта яно? Каб сказаць, што чалавек і ў апошнія хвіліны захоўвае вялікую прагу жыцця? Аднак жа зроблена гэта неяк грубавата для Івана Чыгрынава, знарок падкрэслена.
Прывабнасць лепшых чыгрынаўскіх апавяданняў у немалой ступені звязана з тым, што пісьменнік добра ведае народную мову, адчувае яе лад, часта знаходзіць у гаворках Магілёўшчыны яркія і трапныя слоўцы, што яшчэ не набылі шырокага грамадзянства ў нашай літаратурнай мове. I гэта надае пэўную моўную свежасць творам пісьменніка.
Думаю, што маюць усе правы на існаванне ў літаратурнай мове (пераважна ў якасці дублетаў ці сінонімаў, а ў некаторых выпадках і незамянімых тэрмінаў) такія словы, як завядзёнка, даабеддзе, знаццё, пажадлівасць, воміга, хатыль, апратка, жавіны (дублет да літаратурнага ажыны), абапалак, расадніца, лутка, хацішча, падворышча, коўраты, пенькамочча, вадапол (разліў вады ў паводку), ляскоўкі (лепш было б – лясоўкі, дзікія лясныя яблыні і іх плады), зелянкі (недаспелая садавіна), аддудураны (аддудураныя халявы), куцобісты (куцобістыя вербы), затуканы, зачаўраны, ахлялы (сінонім да худы), ёдкі (пра вецер), напята (у сэнсе насцеж), ачомацца, прыстояць (трошкі пастаяць), кышкаць (крычаць «кыш»), перашчукнуць (часова перастаць, аціхнуць; гаворыцца пра дождж), смурыжыць, збастоліць («збастоліў чалавек сваё жыццё»), байды біць (тое ж, што і бібікі). Усе яны шырока бытуюць на Магілёўшчыне, нярэдка да Чыгрынава сустракаліся ў творах пісьменнікаў-выхадцаў з паўночна-ўсходніх раёнаў Беларусі, але пакуль што не прызнаюцца ў якасці літаратурнай нормы, прынамсі адсутнічаюць у самым поўным нарматыўным «Беларуска-рускім слоўніку» 1962 года.
У апавяданнях Чыгрынава гэтыя словы, апроч сваёй непасрэднай выяўленчай, экспрэсіўна-эмацыянальнай функцыі, з’яўляюцца вельмі натуральным сродкам перадачы мясцовага каларыту. Праўда, часамі аўтар карыстаецца дыялектнымі ці зрусіфікаванымі варыянтамі там, дзе ёсць лепшае літаратурнае слова або яго форма. Наўрад ці варта, ды яшчэ ў аўтарскай мове, а не ў гаворцы персанажаў, пісаць: заўлёткі, ненападзенне, недавольная, пацяжалела, прытка, насаўсім. Гэта ўжо не столькі ўзбагачае мову, колькі засмечвае яе. I Чыгрынаву трэба пазбягаць такога засмечвання.
Б. Казанаў
Новая кніга апавяданняў Івана Чыгрынава «Самы шчаслівы чалавек» пераконвае, што пісьменнік застаўся верны сваёй тэме, сваім героям, верны самому сабе. Героі яго апавяданняў па-ранейшаму – звычайныя, знешне нічым непрыкметныя людзі: дэмабілізаваны салдат, сельскі настаўнік, удава-салдатка, рачны капітан. Простыя іх гаворка, адзенне, думкі, жыццё. Простыя іх гаворка, адзенне, думкі, жыццё.
…Памёр апошні вугольшчынскі аднаасобнік – па сельсавецкіх кнігах Андрэй Яўстратавіч Хрупакоў, а па-вугольшчынску проста Хрупак. Насіў ён пацёрты скураны картуз, гумавыя боты і картовы касцюм і меў выгляд мясцовага механізатара. Чалавек быў заслужаны. Прайшоў усю грамадзянскую ў атрадзе легендарнага Шчорса, апошнюю – у партызанскім атрадзе. Але застаўся на ўсё жыццё аднаасобнікам. Спачатку трымаўся за свой надзел, а потым не пускала да людзей крыўда. Дасталося яму некалі з-за розных «перагібаў». «Згарыць у калгасе гумно, Хрупака на допыт. Здохне на ферме карова – зноў ён вінаваты. Так прасцей, не трэба галаву ламаць». Пад старасць заняўся Хрупак промыслам – гнаў дзёгаць з бяросты і развозіў, па вёсках. Добра выпіўшы, заснуў па дарозе, не патушыўшы самакруткі. Загарэлася салома, вопратка – прасмоленая і прашкіпідараная… «Суседзі дасталі з вышак гатовую труну, якую зрабіў Хрупак на сваю мерку наперад, і пахавалі яго, як спала гарачыня». I асталася ў памяці людской смерць чалавека, незвычайная і страшная, толькі смерць, бо жыцця яго ніхто не запомніў (апавяданне «Дзічка»).
Выключны і не дужа сучасны выпадак? Так. I тым не менш, апавяданне гучыць надзённа. Бо ад жыцця кожнага чалавека ў наш век залежыць многае ў лёсе ўсяго свету. I для самой асобы, якой уласцівы грамадскі індыферэнтызм, якая не становіцца рашуча на той або іншы бок, такая пасіўнасць часта паварочваецца трагедыяй. Смерць Хрупака як чалавека – выпадковая, але як асоба ён ужо даўно быў мёртвы, бо людзі пакінулі яго.
Калі Хрупак выклікае ў нас шчырае спачуванне як чалавек, які стаў ахвяраю не толькі ўласнай грамадзянскай пазіцыі, але з многіх іншых прычын. што не залежалі ад яго, дык да Ягора Случанку з апавядання «Залатая рука» мы адчуваем толькі гідлівасць і. пагарду. Але «раскусіць» яго нам удаецца не адразу. Спачатку гэты бадзяга і фантазёр, ахоплены бязглуздай думкаю раскапаць курган, каб знайсці ў ім «напалеонаўскую казну», здаецца нам смешным дзіваком. Але. потым мы разумеем, што перад намі не бяскрыўдны прастак, а мацёры драпежнік, які размовамі пра казну, пра «француза з Парыжа» спрабуе адцягнуць ад сябе ўвагу і, карыстаючыся даверлівасцю людской, ашукваць іх быць ад усяго ўбаку – ад работы, ад нягод, ад вайны.
Да двух гэтых апавяданняў тэматычна прымыкае і трэцяе – «Народны камісар». Тэма асабістай адказнасці чалавека перад народам мае ў ім асаблівае гучанне. У вобразе былога наркома Аляксея Васільевіча, байца старой ленінскай гвардыі, камуніста па прызванню, мы бачым жывы чалавечы характар. Аляксей Васільевіч – чалавек цяжкага лёсу, які зведаў і цяжар сумненняў і боль несправядлівасці, але ўсё гэта толькі ўмацавала ў ім ўпартасць і веру. Абраўшы шлях барацьбы. ён застаецца верны яму назаўсёды. Цяпер ён пенсіянер жыве ў раённым цэнтры, але дома бывае рэдка. Ён – у «вечнай камандзіроўцы»: ездзіць па раёне, у вобласць, у сталіцу. Пасылаюць яго людзі: памогчы дастаць лес па зруб, выклапатаць пенсію…
І. Чыгрынаў іншы раз бярэ ў аснову апавядання сітуацыю, якая ўжо была ўжыта, але ў яго яна гучыць па-новаму. Як ён дамагаецца гэтага?
У некаторых выпадках пісьменнік выкарыстоўвае для гэтай мэты «выбуховую» дэталь, якая раптам паварочвае прывычны сюжэт новым бокам. У апавяданні «Самы шчаслівы чалавек», дзе гаворыцца аб тым, як у няроўнай схватцы з ворагамі гіне баец, і вясёлыя нямецкія салдаты з пахавальнай каманды доўга не могуць вырашыць – даць для яго са сваіх запасаў труну ці не, – такая «чыгрынаўская» дэталь завяршае твор: «Дамавіны стаялі адна на адной у кузаве грузавіка. Дзве былі пустыя – канчаўся толькі першы дзень вайны, і драўляных скрынь прывезеных ажно з Германіі, яшчэ хапала на ўсіх забітых».
Але часцей «абнаўленне» сюжэта адбываецца за кошт выразнасці самога адлюстравання людзей і падзей. Сведчанне таму – апавяданне «На пыльнай дарозе».
…Вайна, акружэнне пад Клінцамі, куды разам з вайсковымі часцямі трапілі і бежанскія абозы. Тут бацька нечакана сустракае свайго сына. «…Не паспеў ступіць і дзесяці крокаў, як пачуў за спіною дзіцячы крык: «Та-а-а-таа-а!..» Па ранішняй шэрані, спатыкаючыся, бег да яго сын – белагаловы, босы, у расхрыстанай кашульцы… Нарэшце падбег задыханы, спыніўся і з вачамі, поўнымі слёз, выцягнуў перад сабой сціснуты кулачок. «Што ты, сынок?»… Хлопчык раскамечыў кулачок. I тады на яго вузенькай далоні Антон Ягоравіч заўважыў блішчасты вінтовачны патрон з белай куляй… «Вазьмі, – сказаў хлопчык. – Гэта я… утаіў. Вазьмі свой патрон. Ты на вайну ідзеш…» Патрон гэты бацька насіў асобна ў кішэні – бярог на «апошні выпадак».
А вось сустрэча бацькі з сынам пасля вайны. Сустракаюцца яны на папялішчы: бацька – у звянні ордэнаў, вясёлы і сыты, сын – з распухлымі ад голаду нагамі, з недзіцячай журбой у вачах. «Хлопчык нават не кінуўся бацьцу на шыю. Здалося, што сын быццам бы не надта рады сустрэчы – усмешка, якая з’явілася на ягоным замурзаным твары, была кволая, як у хворага… «А ты што, тата, маёр?» «Ага, маёр». «Я і генерала бачыў»…
Бацька – не застаўся дома: рваўся ў начальства. У Растове прыстаў у прымы да другой жанчыны…
Лепшае апавяданне зборніка, на мой погляд – «Ішоў на вайну чалавек». Вось што ў ім адбываецца. Ігнат кладзе стог. Разгарачаны работай, уваходзіць у дом. «Доўга, смакуючы, п’е ваду». Заўважае павестку на стале: прызываюць у армію. Пачынае нсцярпліва збірацца ў дарогу. Аб чым ён думае ў гэтую мінуту? «Успомніў, што на двары валяюцца граблі – пачаў дні два таму… Падумаў пра сынавы боты, непапраўленыя ад самай вясны. І яшчэ ён падумаў, што не паспеў сёлета падважыць хату, каб замяніць два струхнелыя вянкі… Ажно няёмка станавілася перад жонкай – гэта ж ёй давядзецца займацца ўсім. «Нядобра неяк выйшла», – падумаў ён. Старшыня калгаса аднарукі Пахамок прапануе падводу. Ігнат адмаўляецца: «Заўтра ж сена з далёкага лугу вазіць. Лепш пасылай ты ўсе падводы туды. Чаго добрага – яшчэ дажджы пойдуць, паплыве сена». Развітанне з жонкаю… I вось провады: «Праводзіць Ігната ўранні сышлася ўся вёска. А Ігнат быў спакойны, як зямля пасля дажджу і нават жартаваў, хоць гэта яму не кожны раз і ўдавалася. Не спяшаючыся, ён абыходзіў па адным сваіх аднавяскоўцаў, трос ім рукі і сарамліва чырванеў: яму было трохі не па сабе ад таго, што праз яго да коўрат сабралася столькі народу. Жонка больш не плакала. I гэта падабалася Ігнату»… I ён ідзе па вялікай пустой дарозе… I людзі «не пераставалі глядзець на дарогу, па якой ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек».
Апавяданне надзвычай простае, сэнс жа яго – як дно глыбокай светлай ракі: здаецца побач, а не дацягнешся… Яно трагічнае, але на дзіва светлае па светаадчуванні. I ў прыродзе, і ў адносінах герояў – свежасць, чысціня. Гэта сапраўдны гімн чалавеку.
Задума апавяданняў I. Чыгрынава, як мне здаецца, часам нараджаецца стыхійна і не вызначае многіх падзей, якія ў апавяданні адбываюцца. Часам з’яўляецца пачуццё, што пісьменнік, захоплены самім працэсам адлюстравання, забыўся пра ўсё, і героі ў яго што хочуць, тое і робяць…
У вышэй памянёным апавяданні «Залатая рука» апісваецца пераправа праз раку на пароме. Потым ідзе размова паміж лірычным героем і дзядзькам Хвядосам: пра брыгадзіра, які паслаў іх прывезці на ферму сена, пра дзікоў, пра Адама Мамантоўскага і г. д. І абодва яны «вельмі здзіўлены, калі неспадзявана ўбачылі Ягора Случанка». Нават не хацелі саступіць яму дарогу. А Ягор гэты – галоўны герой апавядання. Зрэшты, пра гэта здагадваешся не адразу: бо яшчэ ёсць Харытон, тракціршчык Шпур і шмат іншых. Усе яны розныя, але не арганізаваныя ў сюжэце і перашкаджаюць адзін аднаму.
У апавяданні «Шчаслівае месца» падобная ж сітуацыя. Тут таксама паказваецца пераправа праз раку, ідзе доўгая гаворка пра ляснічага, і толькі дзесьці пасля паяўляецца галоўны герой твора.
I гэта побач з такімі гранічна выразнымі па кампазіцыі апавяданнямі, як «Ішоў на вайну чалавек», «Убаку ад дарогі», «Усціння».
Чаму гэта адбываецца? На мой погляд, I. Чыгрынаў цягнецца да вялікай апавядальнай формы. Адсюль – імкненне пісьменніка паказаць як мага больш людзей, падзей, даць шырокія палотны прыроды. Стрыманая, напружаная канстатацыя факта дае дарогу свабоднаму, эмацыянальна раскаванаму расказу.
Праўда, іншы раз гэта прыводзіць да стамляюча вытанчанай выяўленчасці, накшталт: «…шчоўкнуў уключальнік і святло пырснула ва ўсе бакі, перасекла амаль па дыяганалі пакой мой (дзвярэй сюды не было, адна палатняная шырма вісела на дзвярным праёме) так, што сталі відны паклееная шпалерамі сцяна ледзь не да самае столі, левы куток стала» (апавяданне «Народны камісар»).
Але ў большасці выпадкаў – гэта простае і на дзіва рэальнае ўспрыняцце ўбачанага. Дэталь у I. Чыгрынава часцёй за ўсё вынік жыццёвага вопыту, вельмі арганічная ў тэксце. А гэта адзнака сталага майстэрства.
Іван Кудраўцаў
«Розны, няроўны» – скажаш, пазнаёміўшыся з новым, другім зборнікам апавяданняў Івана Чыгрынава «Самы шчаслівы чалавек».
Чытаеш твор за творам… I з’яўляецца патрэба сказаць шчырыя словы падзякі за апавяданні, якія па-сапраўднаму ўсхвалявалі, і патрэба …пасварыцца за тыя, што расчаравалі.
У апавяданні «За сто кіламетраў на абед» кожнага чытача прывабіць вельмі маляўнічая, дакладная дэталізацыя пейзажу, настрою героя.
Так мог напісаць чалавек, надзелены тонкім адчуваннем роднай прыроды, роднай мовы.
Той жа жыццёвасцю бярэ ў палон чытача і апавяданне «У горад». Аўтар дакладна перадаў псіхалогію жанчыны-сялянкі, якая прыехала ў горад у сынаву сям’ю. У апавяданні няма знешніх эфектаў, займальных сітуацый. У мастацкім асэнсаванні праўды жыцця – сіла твора.
Думаецца, што ў творчы актыў пісьменніка варта залічыць і апавяданне «Трэція пеўні», створанае з веданнем чалавечых характараў, вясковага побыту. Жывыя жанравыя сцэны ўпрыгожваюць твор. Імкненне зазірнуць у псіхалогію чалавека дало жыццё апавяданню «Дзічка». Мастацкі паказ і мастацкае абагульненне робяць яго вартым увагі.
Іван Чыгрынаў – пісьменнік малады і па ўзросту і па творчаму вопыту. Выдадзеная ім два гады назад кніга «Птушкі ляцяць на волю» была заяўкай на месца пад «літаратурным сонцам». Заяўка аказалася ўдалай – і чытачы, і крытыка прыхільна сустрэлі маладога аўтара. Другая сустрэча з чытачом, на якую прыйшоў Чыгрынаў з кнігай «Самы шчаслівы чалавек», таксама радуе. Радуе тымі апавяданнямі, якія тут ужо ўпаміналіся.
Каб быць аб’ектыўнымі, скажам і пра тое, што не задавальняе нас у новай кнізе пісьменніка.
Яму трэба перш за ўсё думаць пра думку апавядання. Гэта не гарэзлівая гульня ў словы – «думаць пра думку». На жаль, гэтае думанне ў радзе апавяданняў Чыгрынава або адсутнічае, або, прынамсі, мала адчуваецца.
Яшчэ раз перагартаем апавяданне «Чайкі на хвалях».
Якая задума твора, яго ідэя? Блукае хлопец, сам не ведаючы чаго едзе да далёкага мора – паглядзець, як… чайкі сядзяць на хвалях… У працяглай дарозе – выпадковыя сустрэчы, размовы, успаміны…
А навошта ўсё гэта?
Моцна «буксуе» задума і сама логіка ў апавяданні «На пыльнай дарозе». Паводзіны галоўнага героя Антона Ягоравіча неабгрунтаваныя, мастацка не матываваныя. Вяртаючыся пасля дэмабілізацыі дахаты да жонкі і трох сыноў (усіх іх ён вельмі любіў), Антон Ягоравіч раптам сышоўся з выпадковай спадарожніцай і пакінуў сям’ю, што жыла ў першы пасляваенны час у голадзе і холадзе. Без цікавай глыбокай думкі напісана і апавяданне «Сонца на косах».
Лірык па пісьменніцкай манеры, па характару светаўспрымання, Іван Чыгрынаў у асобных рэчах робіцца халодным сузіральнікам, абыякавым летапісцам. I тады з-пад яго пяра выходзіць апавяданне, напісанае з алімпійскім спакоем, без хвалявання, без эмацыянальнай узрушанасці. «Ішоў на вайну чалавек» – называецца адно з апавяданняў зборніка. Колькі думак, успамінаў, асацыяцый павінна было быць выказана ў творы, сутнасць якога вызначаецца яго назвай! Атрымаўся ж газетны допіс.
Падтрымкі і пахвалы заслугоўвае мова апавяданняў Івана Чыгрынава. Яна сакавітая, натуральная, часта з водарам народнай гаворкі. Але і тут малады пісьменнік «розны і няроўны». Імкнучыся да арыгінальнасці слова, ён часам неразборлівы ў карыстанні дыялектызмамі і словамі, якія не характэрны для беларускай мовы.
Чытаем у розных апавяданнях: «аўражына», «батва», «сыпка», «хвальчовы», «тапіць печ», «дарніцы», «дзербеш», «пенькамочча», «збастоліў», «паніўка», «коўрат», «абярнуцца ў горад», «перашчук», «знушчаліся», «ахлялы», «дор» і інш. Адны з гэтых слоў шырокаму чытачу ўвогуле невядомыя, другія – не з беларускай мовы. Пустазелле са сваёй моўнай нівы, якая абяцае быць ураджайнай, I. Чыгрынаў можа і павінен выполваць.
Першыя дзве кнігі маладога аўтара далі падставу загаварыць пра яго, як пра здольнага пісьменніка. Наперадзе – новыя сустрэчы з чытачом, новыя творчыя хваляванні.
Сцяпан Міско
Звычайна, калі пішуць аб кнізе пісьменніка, дык адзначаюць праблемы, якія закранае аўтар, наколькі павысілася яго майстэрства, ці не здрадзіў ён сваёй тэме.
Хочацца адразу сказаць, што новая кніга Івана Чыгрынава «Самы шчаслівы чалавек» (выдавецтва «Беларусь», 1967 г.) зноў аб нашым сучасніку. Героі гэтай кнігі, як і папярэдняй «Птушкі ляцяць на волю», вынеслі на сваіх плячах усе цяжкасці мінулай вайны і пасляваенных гадоў. Радуе, што Чыгрынаў смела і мужна закранае самыя складаныя праблемы сучаснасці, заўсёды ясна выражае сваю грамадзянскую пазіцыю. У кожным апавяданні ён раскрывае выключна цікавыя і непаўторныя характары, паказвае новыя бакі нашай сучаснасці.
Як у першых сваіх апавяданнях, так і ў новай кнізе Іван Чыгрынаў звяртаецца да тэмы Айчыннай вайны. Цяжкімі былі першыя пасляваенныя гады. Яны ніколі не згладзяцца з памяці. І пісьменнік напамінае людзям аб гэтым. «За сто кіламетраў на абед» – так называецца адно з апавяданняў кнігі. Васіль Карапет, былы выхаванец дзіцячага дома, вядзе хлапчукоў-падлеткаў да сябе ў «госці», каб там хоць раз пад’есці ўволю. «Мы, здаецца, гатовы былі ісці на край свету…»
У другім творы «Ішоў на вайну чалавек» пісьменнік расказвае пра апошнія хвіліны перад адыходам на вайну калгасніка Ігната, які думае, што сыну боты не падшыў, хату не паправіў. Дзеці нават радуюцца, што і іх тата ідзе на вайну, бо бацькі іншых ужо ваявалі. А маці ведае, што на вайну ісці – не жыта малаціць.
Апавяданне «Самы шчаслівы чалавек» дало назву ўсёй кнізе. Герой апавядання Аляксей Болаш марыў аб хуткай дэмабілізацыі, аб радаснай сустрэчы з роднымі, знаёмымі. І раптам вайна. Ён першым ідзе ў бой, відаць, таму ён і самы шчаслівы, што першы.
Не можа Чарэнда з апавядання «Шчаслівае месца» спыніць пошукі сваёй дачкі, якую згубіў у вайну. З Волгі ён едзе працаваць на Сож, бо тут яна магла дзесьці застацца, вырасці, жыць. I шчасце яго не мінае, дачку ён знаходзіць. А тое месца, дзе ён знайшоў яе, кожны раз вітае капітан Чарэнда гудком свайго параходзіка.
Ёсць у пісьменніка тэма аб складанасці і непаўторнасці характару асобных людзей, імкненне сур’ёзна разабрацца ў гэтых людзях, бліжэй прыгледзецца да іх, зразумець сутнасць іх паводзін, учынкаў. Не лёгкая гэта справа. Але толькі такі шлях прыводзіць да новых адкрыццяў.
Маленькага Янку Галкоўскага нейкі Галуза хацеў аддаць нават пад суд, таму што ён не даў разбурыць сваю зямлянку. Аднак вопытнаму следчаму няцяжка было разабрацца, што шаснаццацігадовы хлапчук не мог быць такім страшным злачынцам, як яго размаляваў Галуза. Галкоўскі пайшоў працаваць у горад і сёння яго ведаюць як лепшага працаўніка (апавяданне «Плывун»). Больш складанейшы лёс у аднаасобніка Хрупака. У калгас ён, як усе аднавяскоўцы, не пайшоў, збіраўся нават прадаць дзяржаве сваю зямлю. Потым пачаў развозіць па вёсках шкіпінар. Аднойчы ехаў п’яны, загарэлася салома на возе, і ён сам згарэў. А некалі ў грамадзянскую ваяваў нават у самога Шчорса. Магчыма, тое, што дзеці ўсе параз’язджаліся, што жонка рана памёрла, што яму ўсё прыходзілася рабіць самому, яшчэ, магчыма, штосьці надарвала чалавека, і ён адбіўся ад людзей, адзічэў, як тая дзічка, што засталася на хутары і якую ён заўсёды стараўся першым абтрэсці. Апавяданне так і называецца «Дзічка». Пісьменнік толькі імкнецца разабрацца, чаму такія людзі пачынаюць дзічэць, адбіваюцца ад усіх. Відаць, і іншыя людзі тут у чымсьці крыху вінаваты. Няхай і яны задумаюцца разам з пісьменнікам.
Кожнае апавяданне Івана Чыгрынава ўтрымлівае скрытую мараль. Сам ён не гаворыць, што так рабіць добра ці дрэнна, але гераіня апавядання «Усціння» хоча, каб дзеці часцей наведвалі яе, каб хоць вестачку прыслалі.
Пасля знаёмства з апавяданнямі Чыгрынава робішся нейкім лепшым, як бы ачышчаным. I гэта самае галоўнае, што павінен выклікаць сваім творам пісьменнік. Іван Чыгрынаў у многіх сваіх апавяданнях звяртаецца да вясковага жыцця. Пісьменніка радуе, што і дабрабыт узрос, што ў кожнай хаце радыё і тэлевізараў многа. Але моладзь яшчэ пакідае вёску, і вельмі многа застаецца бабулек. Іх нават клічуць у горад, але яны не могуць прыжыцца. Ды і клічуць, відаць, не так ужо настойліва…
Старую Аўгінню нявестка сустракае такімі словамі: «А што гэта вы такім надвор’ем надумаліся ехаць?» Не спіцца ёй на раскладушцы ў кухні, сніцца ёй свая печ, свая хата (апавяданне «У горад»). Адзінокая Усціння жыве без сыноў. Яна не збіраецца ў горад. Кожны год яна рэгулярна высылае сынам пасылкі і радуецца, што хоць тады дачакаецца ад іх весткі, як атрымаюць пасылкі. Адно яе радуе, што магчыма малодшы Міцька, які яшчэ не жанаты, можа вернецца. Вось яна і беражэ старое гняздо (апавяданне «Усціння»). Хворы Андрэй вяртаецца ў сваю вёску. Тут яго першае каханне. Ён убачыў яшчэ раз, як касцы неслі на косах сонца. Так і ззяе сонца на косах. Хто не бачыў касцоў, не адчуваў гэтай прыгажосці, той адчувае гэта, прачытаўшы апавяданне «Сонца на косах». Пісьменнік закранае ў гэтых апавяданнях многія праблемы вясковага жыцця. Але, галоўнае, ён хоча, каб людзі былі больш чулымі адзін да другога, каб у іх было больш чалавечнасці, больш спагадлівасці.
І. Чыгрынаў вельмі тонка можа паказаць звычайнае ў незвычайным, простае ў складаным, малое ў вялікім. Але гэтае звычайнае становіцца незвычайным, простае – складаным, нязначнае – вялікім. Гэта вельмі каштоўная якасць. Без непатрэбнай ускладненасці, без гучных фраз і патэтычнай саладжавасці пісьменнік стварае яркія і запамінальныя вобразы нашых сучаснікаў. Гэта сапраўдныя працаўнікі, мужныя патрыёты, якія ў суровыя ваенныя гады і мірныя дні заўсёды на пярэднім краі.
Нельга расказаць аб усіх творах. Вось яшчэ толькі два: «Залатая рука» і «Трэція пеўні». Тут таксама цікавыя героі, але надта часта аўтар адыходзіць ад галоўнай тэмы, таму апавяданні атрымаліся расцягнутымі. Многія дэталі, эпізоды не нясуць нагрузкі, не цэментуюць галоўную ідэю, што для апавядання з’яўляецца самым неабходным. Часам і ў іншых апавяданнях пісьменнік уводзіць лішнія эпізоды, занадта доўга «водзіць» сваіх герояў за ручку, баіцца выпусціць іх і даць дзейнічаць самім. Можна было б адшукаць і такія сказы, якія не ўласцівы таму ці іншаму герою. Яны крыху заштампаваныя.
Але большасць з усяго, што напісана Чыгрынавым, радуе. Радуе тым, што ў літаратуру прыйшоў пісьменнік са сваім абліччам, сваёй тэмай і сваім своеасаблівым, удумлівым поглядам на жыццё.
Не памылюся, калі скажу, што чытач з цікавасцю пазнаёміцца з новай кнігай Івана Чыгрынава «Самы шчаслівы чалавек» і будзе некалькі разоў перачытваць яе, кнігу, якая дапамагае чалавеку стаць чысцей і вышэй.