ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

ЗборнІк "ІШОЎ НА ВАЙНУ ЧАЛАВЕК"

РЭЦЭНЗІІ

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

Н.В. Еўчык

ЖЫЦЬ РАЗАМ З НАРОДАМ

Характар ў апавяданні Івана Чыгрынава «Ішоў на вайну чалавек»

Праблема характару ў мастацкім творы належыць да ліку важнейшых. «Часцей за ўсё для пішучых аб характарах у літаратуры «характар» застаецца ўсё ж па той бок уласна літаратурнай творчасці; ён уяўляецца як нешта прамежкавае, што належыць як бы адразу і літаратуры і жыццю», – прызнаваў яшчэ ў пачатку 60-х гадоў С. Бачароў.
Не прэтэндуючы на глабальныя абагульненні, звернемся ў нашым паведамленні да канкрэтнага прыкладу – да апавядання Івана Чыгрынава «Ішоў на вайну чалавек» і паназіраем за жыццём літаратурнага характару ў творы, характару, які, гаворачы словамі Л. Цімафеева, з’яўляецца «ядром вобраза».
У апавяданні Чыгрынава «Ішоў на вайну чалавек» няма вострай фабулы, сутыкнення характараў, пафаснай заклікавасці, что дало падставы Івану Кудраўцаву абвінаваціць аўтара ў аб’ектывізме: «…Іван Чыгрынаў у асобных рэчах робіцца халодным сузіральнікам, абыякавым летапісцам. I тады з-пад яго пяра выходзіць апавяданне, напісанае з алімпійскім спакоем, без хвалявання, без эмацыянальнай узрушанасці».
Ці мае рацыю крытык? Ці не прыняў ён за сухасць і абыякавасць пісьменніка стрыманасць і дакладнасць творчай думкі?
Можа, менавіта прыведзенае вышэй выказванне Кудраўцава меў на ўвазе Серафім Андраюк, калі пісаў пры разглядзе таго ж зборніка «Самы шчаслівы чалавек»: «Іван Чыгрынаў стрыманы ў выказванні сваіх асабістых пачуццяў, часам нібыта сухаваты. Але гэта не аб’ектывізм. У такіх апавяданнях, як «Усціння», «Ішоў на вайну чалавек», «У баку ад дарогі», «У горад», адчуваецца стрыманая, але моцная эмацыянальная плынь, якая захоплівае чытача, узрушае яго, выклікае павагу і любасць да чалавека-працаўніка».
У аснову невялікага – усяго шэсць старонак – апавядання Чыгрынава пакладзены падзеі першых ваенных дзён, а канкрэтней, провады на фронт селяніна Ігната – цэнтральнага персанажа. Ігнат ужо склаўся як чалавек, і працэс станаўлення яго асобы пакінуты за межамі апавядання. Уражанне дынамікі характару дасягаецца за кошт добра прадуманага пісьменнікам падбору жыццёвых сітуацый, якія дакладна высвечваюць душэўную адметнасць героя.
Чыгрынаў пільна ўглядаецца ў дэталі сялянскага быту. Вось пачатак апавядання: «Ігнат скідаў за дваром апошнюю капу сена і, разгарачаны, увайшоў у сенцы, пастаяў там, пакуль не звыкліся вочы з лёгкім змрокам, і толькі пасля ўжо ўзяўся за конаўку, што вісела на сцяне над лаўкай, на якой стаялі вёдры з вадой. Вада ў адным вядры была халодная – мусіць, нядаўна з крыніцы, і зубы Ігнатавы адразу зайшліся».
I далей да самага фіналу апавядання ў паказе чалавека – яго хваляванняў, думак, учынкаў – будзе ўсё тая ж дакладнасць дэталі, скіраваная на выяўленне псіхалагічнага стану героя.
Калі Ігнат увайшоў у хату, ён адразу зразумеў, што здарылася благое. Зразумеў па інтанацыі ў голасе жонкі: яна паклікала мужа, і, хаця «сказана было звычайна, як гаварылася, можа, мільён разоў, але Ігнат раптам адчуў у голасе трывогу». Убачыўшы заплаканы твар жонкі, яе боязь падняць на яго вочы, Ігнат, «калі вешаў на цвічок конаўку, не мог суняць дрыготкі ў пальцах». Ён быў так узрушаны, што не адразу зразумеў змест павесткі з ваенкамату.
Па-майстэрску выпісаў Чыгрынаў хваляванне блізкіх людзей, мужа і жонкі, якія стараюцца падтрымаць адзін аднаго ў гэты трывожны момант, у дыялогу паміж імі.
Скупа напісаны дыялог, але ён нясе моцны зарад пачуццяў. Шмат засталося нявыказанага: і тая асаблівая, душэўная роднасць, якая ёсць у адносінах паміж Ігнатам і Анютай, і разгубленасць перад будучыняй, што нясе разлуку і смерць, і разуменне непазбежнасці выпрабаванняў. «Смерць» – гэтае слова нідзе не ўзгадваецца прама, нават у думках герояў, быццам людзі спадзяюцца маўчаннем адвесці яе ад сябе, не наклікаць бяду. Аднак жонка ўжо плача па Ігнату, «як па нябожчыку», а на яго пытанне «што здарылася?» адказвае: «Ды яшчэ нічога», дзе ў кароценькім «яшчэ» б’ецца трывожная думка.
Адагнаць трывогу людзі спрабуюць з дапамогай працы. У гаспадарцы, як тое часта бывае, выявілася шмат недапрацовак, а Ігнат, як гаспадарлівы чалавек, не хоча ўскладваць у будучым на плечы жонкі дадатковы цяжар.
Аднак працу перапыніў калгасны старшыня. За сталом яны гаварылі пра тое, што іх хвалявала-пра вайну і гаспадарку.
«Фашыста, канешне, з нашай зямлі трэба гнаць. I гэта павінны рабіць мужчыны… Але ж і без хлеба ты яго не прагоніш. Салдата перш накарміць трэба, каб ён галодны не быў, а потым ужо і пасылай у бой… Не, гаспадарка без мужчын – што тое вяселле без музыкі», – гаворыць старшыня, і ў яго словах – боль за даручаную яму справу. Яны, сяляне, думаюць перш за ўсё пра зямное, будзённае. Ігнат нават не згадзіўся ўзяць калгаснага каня, каб ехаць да ваенкамата, бо трэба падводы сена вазіць.
I зноў трапна ўжытая дэталь: старшыня, зайшоўшы ў хату, паціснуў Ігнату руку, хоць ранкам яны і бачыліся. Цяпер Ігнат ужо не проста калгаснік, звычайны чалавек, цяпер ён на службе ў дзяржавы, народа. Цяпер у аднавяскоўцаў да яго асаблівае стаўленне, асаблівая ўвага: «да самага вечара ў Ігнатавай хаце не зачыняліся дзверы».
Самае балючае пачуццё, якое адчуваюць сямейнікі і Ігнат, – сорам. Сорам адчувае Ігнат і ў пачатку апавядання з-за таго, што ён яшчэ не ваюе, хоць на тое ёсць уважлівая прычына – хворая нага. «Прызнацца, дык Ігнату часам ніякавата было: выходзіла, што збіраўся прасядзець вайну дома», – пазначае Чыгрынаў. Ігнат – чалавек высокай духоўнай культуры, ён адчувае маральны абавязак перад людзьмі ў «галодны год», і гэта – яго ўласны выбар, плён яго жыццёвага вопыту, а не прапагандысцкай падказкі.
Апавяданне напісана суровымі, сціплымі фарбамі і завяршаецца на ўрачыстай, строгай ноце. Твор не багаты на яркія метафары, асноўная нагрузка прыпадае на бытавую дэталь. Таму ў фінале апавядання ўвагу чытача адразу прыцягвае нечаканае паэтычнае параўнанне: «Ігнат быў спакойны, як зямля пасля дажджу…». За гэтай фразай ясна чуем голас аўтара. I гэта голас не абыякавага сузіральніка, надзеленага «алімпійскім спакоем», а чалавека-гуманіста.
Максімальнага эфекту суперажывання Ігнату аўтар дасягае тым, што нідзе не закранае тэму смерці і гераізму – тэму, што сама напрошваецца ў «ваенным» апавяданні. Чыгрынаў гаворыць пра гэтыя праблемы ў падтэксце, праз намёк і шматзначную недагаворанасць, якія правільна разумее чытач, узгадаваны на апаленай вайной зямлі. Пісьменнік пазбегнуў рыторыкі, апісальнасці, узнёслага пафасу, стварыў сапраўдны мастацкі твор, а не «газетны допіс».

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 4

М. Вышынскі

СУСТРЭЧА ЗА СУСТРЭЧАЙ

Ужо не першы год, як у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выходзяць зборнікі выбраных твораў беларускіх пісьменнікаў старэйшага, сярэдняга і малодшага пакаленняў. Асабліва парадавала выдавецтва чытачоў у апошні час, калі з друку выйшлі кнігі выбранай прозы Міхася Лынькова, Янкі Брыля, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Тараса Хадкевіча, Макара Паслядовіча, Рамана Сабаленкі, Васіля Быкава, Івана Навуменкі…
I вось новае выданне: кніга празаічных твораў Івана Чыгрынава – «Ішоў чалавек на вайну».
Упершыню пра сябе як пра мастака слова, самабытнага і таленавітага, Іван Чыгрынаў заявіў у 1961 годзе, калі ў газеце «Літаратура і мастацтва» былі надрукаваны яго апавяданні, якія адразу прыцягнулі да сябе ўвагу шырокага чытача. А потым творы яго ўсё часцей і часцей пачалі з’яўляцца ў часопісах, і неўзабаве ў выдавецтве «Беларусь» выйшла першая кніга апавяданняў I. Чыгрынава «Птушкі ляцяць на волю». За ёй – другая: «Самы шчаслівы чалавек». Гэтыя зборнікі былі перакладзены на рускую мову і маскоўскія выдавецтвы «Советский писатель» і «Молодая гвардия» выдалі іх («Па сваіх слядах», «У ціхім тумане»).
Між тым, талент пісьменніка з году ў год, ад кнігі да кнігі ўдасканальваўся, сталеў, і таму не дзіўна было, калі Чыгрынаў распачаў у 1969 годзе працу над раманам «Плач перапёлкі», эпічна шырокім, шматпланавым палатном на тэму Вялікай Айчыннай вайны, дакладней, пра першы месяц яе. Праз год гэта праца была скончана, і раман убачыў свет. Твор стаў значным набыткам не толькі ў творчай біяграфіі пісьменніка, але і для ўсёй беларускай літаратуры.
Акрамя таго, варта дадаць, што Іван Чыгрынаў з’яўляецца адным з аўтараў шматсерыйнага мастацкага фільма «Руіны страляюць…», створанага па дакументальнай кнізе Івана Новікава.
Гэта – творчая біяграфія пісьменніка.
Што ж датычыцца проста чалавечага жыццёпісу яго, ён амаль тыповы для большасці беларускіх празаікаў малодшага пакалення. Нялёгкае пасляваеннае дзяцінства, апаленае вайной, вучоба ў школе (у Саматэвіцкай і ў Вялікаборскай, што на Магілёўшчыне), пасля ў БДУ імя У.I. Леніна на аддзяленні журналістыкі, праца рэдактарам у выдавецтве Акадэміі навук БССР, у аддзеле публіцыстыкі часопіса «Полымя».
I вось зборнік выбраных апавяданняў пісьменніка… Аб чым яны? Адназначна на гэта пытанне нельга адказаць. Цыкл адных твораў («Вадалазы Сухавы, Віцька Картышоў і нафтаправод», «Народны камісар», «Плывун», «Шушанік», «Трэція пеўні» і інш.) адлюстроўвае наш сённяшні дзень, у другіх ставяцца і па-свойму вырашаюцца праблемы маральна-этычнага парадку – апавяданні «На пыльнай дарозе», «Адна», «Птушыныя сны». Трэція ж як бы азораны нязгасным агнём і пажарышчамі Вялікай Айчыннай вайны. Апошніх твораў у кнізе найбольш, і гэта зразумела: дзяцінства пісьменніка прыпала на час вайны, а калі, як не ў дзяцінстве, усё ў жыцці найярчэй уражвае, глыбей западае ў душу і памяць, тым больш вайна? Уражанні ваенных гадоў патрабавалі свайго выйсця, і пісьменнік з усёй паўнатой рэалізаваў іх у мастацкім слове.
Праз розныя жыццёвыя калізіі Чыгрынаў узнаўляе ваеннае ліхалецце, малюе вобразы людзёй, сціплых і непрыкметных, сілай і мужнасцю якіх было знішчана найстрашнейшае зло ў свеце – нямецкі фашызм. Такіх герояў у аднатомніку шмат.
Вось Ігнат з апавядання «Ішоў чалавек на вайну», якое, дарэчы, і дало назву ўсяму зборніку.
Адвячоркам, калі Ігнат скідваў за дваром апошнюю капу сена, нечакана прынеслі ў хату позву: яго выклікалі на прызыўны пункт, мабілізоўвалі на вайну. Як жа ўспрымае гэту навіну Ігнат? Пэўна ж, «на вайну ісці – не жыта малаціць», зазначае ў думках ён, і ўсё ж… Усё ж Ігнат спакойны: ведае, што рана-позна ён мусіць туды ісці. Бо вораг-прыблуда дратуе яго родную зямлю, забівае людзей, паліць вёскі, гарады – яго трэба затрымаць, разбіць, выгнаць з бацькоўскай зямлі, як выганяем спрадвеку. Тут уся праўда за ім і за яго народам. Да таго ж, ён упэўнены ў сіле савецкіх людзей – таму і спакойны. Пра сябе і пра мажлівасць сваёй гібелі Ігнат неяк мала думае. Чалавека больш турбуе, што ён недарабіў па гаспадарцы, не ўсё яшчэ справіў у хаце. I граблі не зладзіў, і боты сыну не паправіў, і, галоўнае, хаты не паспеў падважыць, каб замяніць два спарахнелыя вянцы.
У дарогу Ігната праводзяць усёй вёскай, з кожным аднавяскоўцам ён развітваецца, як з родным, і менавіта гэта падкрэслівае сардэчнасць нашых людзей, іх вялікую еднасць.
Апавяданне прасякнута ўсведамленнем народнай сілы і велічы. Твор шмат у чым сімвалічны: праз вобраз галоўнага героя пісьменнік раскрывае духоўны воблік усяго савецкага народа, свабодалюбівага і нязломнага.
У нечым падобныя, кроўныя па духу Ігнату і Аляксей Балаш (апавяданне «Самы шчаслівы чалавек»), і былы партызанскі разведчык Вацура з навелы «Па сваіх слядах», і безыменны настаўнік («Праз гады»), і нават адзінокая ўдава Соня («Жыве ў крайняй хаце ўдава»).
Сённяшні працоўны дзень пісьменнік паказвае таксама не з меншай мастацкай сілай. Мы бачым жыццё ў ціхай героіцы будняў, ва ўсёй жывой паўнаце і няспрошчаным.
Нас падкупляе і вадалаз Віцька Картышоў, працавіты, шчыры, вясёлы, гарманічна цэласны, як сама прырода, – у апавяданні «Вадалазы Сухавы, Віцька Картышоў і нафтаправод», і Аляксей Васільевіч, былы нарком, а цяпер пенсіянер, які бескарысліва, не шкадуючы ні часу, ні сіл, дапамагае вяскоўцам уладкаваць розныя жыццёвыя клопаты, – у «Народным камісару», і брыгадзір бетоншчыкаў Іван Галкоўскі, неўтаймаваны, гарачы да работы чалавек, які здолеў выратаваць ад аварыі дом, – у «Плывуне», і супрацоўнік сталічнага музея Суздалеў, настойлівы і нястомны ў пошуках калекцыі каштоўных карцін – у «Шушаніку».
Ва ўсіх гэтых героях Чыгрынаў знаходзіць і выяўляе самае важнае, чалавечнаё, духоўную, можна сказаць, сутнасць іх, і паказвае сваіх герояў з грамадзянскай гордасцю за іх, народжаных і выхаваных новым часам, усім укладам савецкага жыцця.
Перачытваючы кніжку выбраных апавяданняў Чыгрынава, мы адзначаем ў ягоных творах выдатную якасць: празаік расказвае нам пра людзей, з якімі сустракаўся, якіх добра ведаў пад час шматлікіх сваіх падарожжаў па роднай яму Магілёўшчыне, хоць не ўсе яны, героі, носяць свае сапраўдныя прозвішчы. Адгэтуль і даверлівая інтанацыя, жыццёва праўдзівая, пераканаўчая, і ў пэўнай меры нарысовасць сітуацый. Прасочваецца ў творчасці Чыгрынава і яшчэ адна добрая літаратурная традыцыя – ён малюе прыроду, асяроддзе людзей надзвычай пранікнёна, дакладна і свежа. I. Чыгрынаў – тонкі майстар мастацкай дэталі. Кожная такая дэталь у творах – светлая, нечаканая, шматзначная. Яна дапамагае чытачу яшчэ глыбей зазірнуць у свет жыцця герояў.
У заключэнне варта сказаць, што нядаўна пісьменнік закончыў працу над новым раманам «Апраўданне крыві». Гэты твор – працяг рамана «Плач перапёлкі». Чытач з нецярпеннем і радасцю чакае сустрэчы з верамейкаўцамі, з Зазыбам і Чубарам, – галоўнымі героямі першага рамана, якія палюбіліся чытачу. Думаецца, што ён не абманецца ў радасным сваім чаканні. Гарантыя таму: высокі талент глыбокага і сур’ёзнага пісьменніка.

Л. Досін

З САМЫX  ГЛЫБIНЬ

Мяне вельмі абрадаваў выхад у свет зборніка выбраных апавяданняў Івана Чыгрынава «Ішоў на вайну чалавек». (Выдавецтва «Мастацкая літаратура»). Тут сабраны добрыя апавяданні ў поўным сэнсе гэтага слова, напісаныя аўтарам за час яго літаратурнай дзейнасці, надрукаваныя ў перыядычным друку і ў паасобных зборніках, якія выйшлі раней. Тэмай гэтых твораў з’яўляюцца падзеі гадоў Вялікай Айчыннай вайны і жыццё ў першыя пасляваенныя гады. Апавяданні напісаны з глыбокім веданнем жыцця, сапраўды па-мастацку.
Іван Чыгрынаў піша пра жыццё звычайнага чалавека, пра яго клопаты і хваляванні. У яго апавяданнях вы не знойдзеце складаных сітуацый, закручаных сюжэтных хадоў, выключных герояў. Усё здаецца проста, звычайна, вакол свае, знаёмыя людзі. I салдат, што стаіць на днявальстве і марыць, як ён будзе абараняць Радзіму. I маці, што едзе ў горад, і народны камісар, заняты штодзень у раз’ездах, і хлопчыкі каля вогнішча… Чаму яны становяцца такімі блізкімі і роднымі? Таму, што пісьменнік піша пра сваіх герояў пранікнёна, з любоўю, з цёплым лірызмам, са шчырым спачуваннем. Чытач прымае герояў і падзеі апавяданняў нібы свае, блізкія яму, даўно знаёмыя. А калі гэта адбываецца, то, мне здаецца, пісьменнік дасягнуў мэты, ён захапіў чытача, атрымаў перамогу. Вельмі трапна заўважыў Эрнест Хемінгуэй: «…задача пісьменніка нязменная. Сам ён змяняецца, але задача яго застаецца той жа. Яна заўсёды ў тым, каб пісаць праўдзіва і, зразумеўшы, у чым праўда, выказаць яе так, каб яна ўвайшла ў свядомасць чытача часткай яго ўласнага вопыту».
Гэта выказванне можна дастасаваць і да зборніка апавяданняў Івана Чыгрынава. Менавіта тая праўда, што пададзена ў апавяданнях, стала ўласнай праўдай чытача, стала маёй праўдай. Хвалююча-лірычна напісана апавяданне «Бульба». Фашысты адступалі. Вясковыя хлапчукі сядзелі ў сасонніку каля кастра і пазіралі на гасцінец, па якому ішлі і ішлі нашы войскі. Вёска згарэла, і насельніцтва збілася ў школе, якая цудам уцалела. Каля школы спынілася гаўбічная батарэя. Неўзабаве падышлі байцы з адной гарматкай. Гэта былі рэшткі супрацьтанкавай батарэі. Байцы сабраліся каля вогнішча. I вось афіцэр супрацьтанкавай батарэі сустрэў таварыша з гаўбічнай. Можаце ўявіць сабе радасць сустрэчы на вайне двух таварышаў! Ну, вядома ж, ён вырашыў пачаставаць яго і запрасіў да вогнішча, дзе сядзелі хлапчукі. Усё адбывалася па-вайсковаму, па-франтавому. І тут, за кароткай гутаркай старшы лейтэнант успомніў, як яго частавалі вось такія хлапчукі печанай бульбай у сорак першым…
Ах, як захацелася старшаму лейтэнанту печанай бульбы, беларускай, такой, як тады ў сорак першым! На заўвагу таварыша, што даволі дзіўнае яго жаданне, той адказаў:
– Дзіўнае? Але ж аднойчы як накармілі мяне печанай бульбай, дык і дагэтуль смаку той бульбы не забыў. Недзе пад Гомелем гэта было. У сорак першым. Байцы нашага палка – усяго некалькі чалавек – выходзілі тады з акружэння. Ішлі мы ўсю дарогу галодныя. У вёсках немцы. Туды нам нельга заходзіць… Так і бадзяліся галодныя, пакуль не трапілі на хлапчукоў, такіх вось. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. І вось з таго часу жыву надзеяй пакаштаваць калі-небудзь яшчэ печанай бульбы.  Кажуць, беларуская нейкая асаблівая…
– Дык тады за чым затрымка, мой дарагі таварыш! Папросім, і гэтыя вось хлопцы зараз жа навалакуць сюды бульбы, колькі душа твая жадае.
– Не, сёння позна ўжо. Я заўтра лепш прыйду. Як, хлопцы, будзе бульба?
– Будзе, – адказалі мы ледзь не ў адзін голас.
Але «пакуль ішлі баі, мы – Мішка Бычыхін, Санька Брылёў і я не адыходзілі ад вогнішча, якое ўсе палілі на адным і тым жа месцы. Па-ранейшаму паўз школу рухаліся к Бесядзі войскі… Мы цярпліва сядзелі каля вогнішча і чакалі старшага лейтэнанта. У нас была напагатове для яго печаная бульба. Але старшы лейтэнант не прыйшоў».
Колькі ў гэтых скупых радках выказана пачуццяў: і смутак ад паражэнняў сорак першага («нават раны ад сорак першага ныюць па начах мацней, чым тыя, што пасля былі»), і захапленне хлапчукоў чырвонымі байцамі, гатоўнасць іх шчыра ўдружыць афіцэру, і смутак, што старшы лейтэнант не прыйшоў. Чыгрынаў умее неяк, ведучы асноўную лінію апавядання, не робячы адступленняў ад яго, выказаць разам з тым яркія пачуцці, прыкметы, асаблівасці той або іншай падзеі ў жыцці героя.
Іван Чыгрынаў валодае талентам апавядання жывога, дасціпнага, цікавага, лірычнага. Усё ў яго творах проста, а, між тым, вы чытаеце іх, і перад вамі паўстаюць гэтыя звычайныя героі ў нейкім прыгожым паэтычным святле. «Ядзвіга Антонаўна заўсёды гаварыла пра свайго мужа з нетаропкай любасцю ў голасе і з тою прыгожай прыстойнасцю, якія магчымы, мусіць, толькі ў іхнія гады. І я паступова пачаў заўважаць, што ў ёй неяк непрыкметна для чалавечага вока спалучаліся і прыроджаная інтэлігентнасць, і сялянская спагадлівасць, адным словам, было ў ёй штосьці адначасна і ад настаўніцы, і ад вясковай кабеты, асабліва гэта адчувалася ў гаворцы» («Народны камісар»).
Малюючы непасрэднасць натуры былой настаўніцы, Чыгрынаў паказвае гэтую «нетаропкую любасць» у жыцці. Аўтар ніяк не можа сустрэцца з гэтым «народным камісарам», каб хоць пагутарыць з ім, скласці пэўнае ўяўленне. Ён пазнае яго праз гутарку з Ядзвігай Антонаўнай:
– А Аляксей Васільевіч зноў паехаў… Ён у мяне непаседа. Учора ў раён ездзіў, а сёння… Пенсіянер, дык што яму. Мы цяпер абодва на пенсіі. Я адвучыла сваё… А ён і адседзеў.
– Як гэта?
– А так, як і людзі. – Гаварыла яна без злосці ў голосе і ценю на твары. – Мой у Мінску яшчэ з таварышам Фрунзе, Міхайлам Васільевічам, працаваў. Абое Васільевічы. Пасля нарком быў. Ну, а пасля… На пенсію па старасці. Здавалася б, адпачыць трэба, а ён кідаецца, як галодны, на работу. Балазе, што часу шмат. А ў людзей клопатаў шмат, а часу няма, вось яны і ідуць да яго».
Вось так абстаяць справы – у людзей клопатаў шмат, а ў Аляксея Васільевіча часу шмат. I гэтай формулай аўтар паказвае, што камуніст ніколі не можа быць у спакоі, хоць ён ужо і на пенсіі. I з маленькіх штрыхоў, кінутых Ядзвігай Антонаўнай, зробленых аўтарам, вырастае чалавек, і зараз па сутнасці – камісар.
Часам Іван Чыгрынаў выводзіць адмоўных герояў, людзей нізкіх і подленькіх («Апавяданне без канца»). Знешне яны выглядаюць даволі добрасумленнымі – умеюць трымаць сябе прыстойна, паводзіць з годнасцю, а на справе зусім не такія.
Героі апавяданняў Івана Чыгрынава не падобныя адзін на аднаго. На кожным з іх, як казаў Вісарыён Бялінскі, ляжыць «гербавая пячатка аўтара». Арыгінальная, свая, «чыгрынаўская» мова. ІІІто за дзіва гэты сціплы чалавек, які прыязджае паглядзець на «сваю» магілу, на помнік, пад якім і яго прозвішча! («Выпадак у вёсцы Капранаўка»). Добрая жанчына, што жыве ў крайняй хаце і чакае свайго мужа з вайны, хоць вайна даўно скончылася. Якое захапленне выклікае Янка Галкоўскі з усімі яго прыгодамі! («Плывун»). I гэты вясёлы няўрымслівы Ціхамір, і Ігнат, якому «вёска глядзела ўслед, на дарогу, па якой ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек».
Па традыцыі належала б у канцы рэцэнзіі гаварыць аб недахопах кнігі ці паасобных апавяданняў. Але мы гэтую традыцыю парушым і аб недахопах гаварыць не будзем. I не таму, што іх няма. А таму, што іх вельмі мала і завастраць на іх увагу няма патрэбы. У цэлым жа кніга робіць добрае ўражанне, яна пакідае глыбокі след у свядомасці чытача.

Н. Катюшин

ЧЕЛОВЕК КРУПНЫМ ПЛАНОМ

Военная тема в творчестве белорусского писателя Ивана Чигринова – главная. И его сборник избранных рассказов «Шел на войну человек», хотя и охватывает большой период времени, напоминает читателю о тех грозных боевых годах.
Название книге дал один из рассказов. С него мне и хочется начать разговор о ней. Герой его Игнат еще не попал на фронт. Он только получил повестку и собирается на призывной пункт. Перед уходом в армию он спешит что-то доделать в хозяйстве, вспоминает, рассуждает, думает. Читая об этом, мы проникаемся уверенностью, что такой человек, как Игнат, не подведет своих новых товарищей на фронте. Потому что он переступает порог родного дома, идет навстречу войне, имея прочную моральную «экипировку». Горе и беды народа – это его собственные горе и беды. Более того, мы убеждены, что, даже не получив повестки, Игнат не остался бы в стороне от всенародной борьбы. И в этом главный смысл произведения.
Уже в первых рассказах И. Чигринов старался мерить дела и поступки своих героев их гражданственностью. Этому своему правилу он не изменил и в последующих произведениях. Возьмем рассказ «Через годы». Он, казалось бы, весь обращен в прошлое. И вместе с тем глубоко современен. Ветеран войны словно бы передает свой трудно приобретенный опыт молодому собеседнику, учит чуткости, внимательности к человеку.
Писатель точно улавливает связь между человеком и временем. «Рассказ без конца» – о верности и неверности в самом широком смысле этого слова. Два образа создал в нем писатель. Обыкновенной белорусской крестьянки, на долю которой выпали тяжкие испытания. Но ничто – ни фашистские пытки, ни болезнь не могли сломить ее гражданского мужества. И как антипод этой женщине – ее муж Чикиленок, оставивший ее беременную в деревне, в оккупации, и бросивший после войны ради карьеры, ради другой – здоровой и красивой. Писатель сумел показать духовное ничтожество этого преуспевающего человека рядом с обычной, рядовой, женщиной – его бывшей женой.
С верным знанием и чувством жизни рассказывает И. Чигринов о борьбе добра со злом во многих своих произведениях. И отрадно, что доброе начало в его рассказах, как родник, пробивает себе дорогу и отбрасывает со своего пути все, что мешает движению вперед.
Книга И. Чигринова густо населена, но тем не менее у каждого героя свое лицо. Писатель умеет слушать человека, о котором пишет, видеть его и передать это свое видение читателю убедительно, свежо, темпераментно. Вот Алексей Кузьменок из рассказа «Улетают ли осенью ласточки». Это человек доброй, неспокойной души. Такие же хорошие, хотя и разные, каждый со своим внутренним миром, – и водолаз Сухов, и экскаваторщик Картыжов («Водолазы Суховы», «Витька Картыжов и нефтепровод»); и женщина из рассказа «Живет в крайней хате вдова», которая двадцать лет ждет мужа с войны…
Немалое место в творчестве И. Чигринова занимает жизнь деревни, сельских тружеников. Образы привлекают достоверностью, правдивостью изображения. В их характерах отразился дух времени.
И. Чигринов превосходно знает язык своего народа. Он стремится пользоваться теми изобразительными средствами, которые в максимальной степени, как говорят, работают на раскрытие души человека. Рассказы И. Чигринова, включенные в этот сборник, найдут путь к сердцу читателя.

А. Фомчанка

КАЛI ІМЯ ТВАЁ – ЧАЛАВЕК

Іван Чыгрынаў «Ішоў на вайну чалавек», выбраныя апавяданні. На беларускай мове. Выдавецтва «Мастацкая літаратура». 1973 год.

Героі… Героі… Іх многа ў новай кнізе Івана Чыгрынава «Ішоў на вайну чалавек». Разам з імі, героямі апавяданняў, пачынаеш жыць нейкім дзіўным жыццём – радуешся, пакутуеш, думаеш-марыш, сумуеш, любіш, ненавідзіш, выконваеш штодзённую чалавекую работу, – неяк асабліва…
У апавяданнях аўтар ахапіў значны перыяд у жыцці нашага народа, а правільней сваіх землякоў (жыхароў аднаго з куткоў Магілёўшчыны), – з часоў ваеннага ліхалецця да сённяшніх дзён. Такі «прастор» у часе крыху аблягчыў пісьменніку задачу паказу падзей і лёсаў і «ўглыб», і «ўшырыню». Аднак і ўскладніў яе той мерай адказнасці, калі шмат аб чым трэба сказаць так, як да цябе яшчэ не гаварылі.
Ці справіўся аўтар з гэтай задачай? Увогуле – так. Хоць кніга ўключае ў сябе да трох дзясяткаў апавяданняў – кожнае са сваім сюжэтам, са свамі героямі, – але ўспрымаецца як адзіны цэлы твор. Гэтаму, напэўна, садзейнічаюць і агульны тон і манера апавядання, і дасканальнае веданне І. Чыгрынавым «месца дзеяння» і побыту, роднай прыроды, і, вядома ж, сваіх герояў (іх псіхалогіі) – самых звычайных людзей, але звычайных… да нашага знаёмства з імі. А потым яны становяцца як родныя, блізкія людзі.
Вось збіраецца на прызыўны пункт згодна з «тэлефонаграмай» Ігнат («Ішоў на вайну чалавек»). Уласна і не збіраецца ён, а ў той час, што застаўся, успамінае аб тым, чаго не паспеў зрабіць. I яму няёмка перад жонкай, якой без яго давядзецца самой упраўляцца.
Праз будзённыя думкі героя, праз нязначныя, здавалася б, дэталі, сустрэчу са старшынёй калгаса аднарукім Пахамком мы адчуваем, як напальваецца атмасфера, хоць сам Ігнат спакойны, гатовы ісці на вайну, як на работу. I гэта не пакорлівасць перад лёсам, а ўсвядомленае пачуццё таго, што вось прыйшла і яго чарга.
I ў гэтым спакоі – мудрасць, мужнасць, сіла Ігната…
Не, не пачуццё жалю выклікае іншы герой іншага апавядання – «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» – Дземідзёнак, які скупляе на базары, на вуліцы ў хлапчукоў птушак і выпускае іх на волю. Як на блазнаватага глядзяць на яго людзі. А многія ж не ведаюць… Некалі лесніка Дземідзёнка схапілі гітлераўцы. У леснічоўцы засталася маленькая ўнучка. Два тыдні катавалі яго, імкнучыся выведаць, дзе партызаны. Але ён маўчаў, думаючы пра дзяўчынку, спадзеючыся, што яе выратуюць ад голаду і холаду. А калі, так нічога не дабіўшыся, яго выпусцілі, то ў леснічоўцы ён знайшоў толькі скалелую сініцу… Лёс гэтага чалавека не дае суціхнуць гневу супраць вайны.
Гнеў гэты абуджае і апавяданне «Па сваіх слядах». Яго герой былы партызанскі разведчык Вацура, які сустрэўся з месцамі, дзе ваяваў, з магілай таварышаў, з магілай сваёй каханай Насці… I апавяданне «Праз гады»; яго герой – невядомы настаўнік, які грудзьмі прыкрыў адыход партызан. I апавяданне «Жыве ў крайняй хаце ўдава»; яго гераіня сялянская жанчына Соня, якой давялося ой колькі перажыць, але якая не страціла сардэчнасці, чалавечнасці, высокага пачуцця першага кахання.
У кнізе I. Чыгрынава цесна, як бы вынікаючы адно з аднаго, пераплецена мінулае, сучаснае і будучае. Праз лёсы людскія. Што ж, такая дыялектыка жыцця. I прыемны ідэйна-мастацкі ўзровень апавяданняў, які, безумоўна, сведчыць аб сталасці пісьменніка. Ён таму і не вышуквае нейкіх асаблівых, выключных сітуацый, не «іграе» сюжэтам, даючы развівацца падзеям сваёй чаргой – як у жыцці. Адсюль – натуральнасць, праўда творчасці мастака. Адсюль – ён не можа прайсці міма пасляваенных галодных хлопчыкаў («За сто кіламетраў на абед»); міма чалавека, які пахне порахам і потам мірнай працы, які шукае сваю дачку («Шчаслівае месца»); міма незаслужана пакрыўджанага чалавека, але, які знайшоў сябе, сваё прызванне, пашану і павагу («Плывун»); міма адзіноцтва старой жанчыны («У горад») і г. д.
Пра Івана Чыгрынава, як пра пісьменніка, можна сказаць, што ён улюбёны ў прыгожых, моцных, гордых людзей, маючы на ўвазе, у першую чаргу, іх душэўныя якасці. Такая большасць яго герояў. Гэта вадзіцель і кулямётчык браневіка, які абараняў у гады грамадзянскай вайны Савецкую ўладу, якому як загінуўшаму пабудаваны помнік («Выпадак у вёсцы Капранаўка»); пакутуючы ад цяжкай хваробы Андрэй, які ў рашучую мінуту кінуўся тушыць лясны пажар («Птушыныя сны»); экскаватаршчык Віцька Картыжоў і вадалаз Сухаў з жонкай Надзеяй, якія працуюць на будаўніцтве нафтаправода, блізка прымаюць да сэрца агульныя справы («Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод»)…
Аднак ёсць у кнізе і «асобы іншага гатунку». Пісьменнік выводзіць іх, як гаворыцца, на чыстую ваду, таму што маўчаць пра іх ён не мае права, бо з імі трэба змагацца як з носьбітамі тэндэнцый старога эгаістычнага свету, для якіх даражэй і бліжэй за ўсё «свая кашуля», свой дабрабыт, кар’ера.
I пісьменнік імкнецца не толькі паказаць, выявіць іх антысацыяльную сутнасць, але і разабрацца ў тым, як і чаму яны становяцца такімі – напрыклад, аднаасобнік Хрупак («Дзічка»), Антон Шасцярнёў, які пакінуў сям’ю, здрадзіў ёй у цяжкі для яе час («На пыльнай дарозе»).
Сам тон апавяданняў робіць яшчэ больш агіднымі і вартымі жалю гэтых людзей, прымушае глыбей задумацца над іх лёсам, горкім і ганебным,
Рыхтуючы да выдання кнігу выбраных апавяданняў, пісьменнік, трэба заўважыць, мог праявіць яшчэ больш патрабавальнасці да сябе, да адбору твораў. Напрыклад, яўна зацягнута апавяданне «Трэція пеўні», дробнае па зместу – «Сустрэча на пероне»; прамалінейнасць і скарагаворка зніжаюць мастацкую каштоўнасць апавядання «Народны камісар»; эскізнасць, як бы незавершанасць у апавяданнях – «Самы шчаслівы чалавек» і «Шушанік».
У нашай перыёдыцы не-не ды і ўзнікне размова пра апавяданне, пра яго правамоцнасць як жанру. I як адзін з доказаў жыццёвасці гэтага жанру – наогул добрая кніга апавяданняў Івана Чыгрынава «Ішоў на вайну чалавек».

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 2

Таццяна Дзмітрусёва

У СААЎТАРСТВЕ З СУЧАСНІКАМ

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» нядаўна выпусціла ў свет новую кнігу беларускага празаіка Івана Чыгрынава – зборнік выбраных апавяданняў «Ішоў на вайну чалавек», у які ўвайшлі лепшыя творы пісьменніка, напісаныя ў розныя гады.
У творчасці, у почырку I. Чыгрынава найперш заўважаецца такая якасць, як уменне без вычварнасці, простым, даступным словам ствараць жывыя малюнкі нашага жыцця. Бывае ж часам такое, што і стыль у пісьменніка бездакорны, і сюжэт як сюжэт, і мова лёгкая, нават вобразная, а твор не прыкоўвае ўвагі чытача. Адбываецца, так сказаць, працэс механічнага засваення – без эмоцый, без душэўнага задавальнення. Інакш з творамі I. Чыгрынава. Прачытаеш першыя радкі – і нібы прыадчыняеш нябачную заслону, як бы «назіраеш» кавалачак жыцця, пераносішся ў той час, у тыя абставіны і ў тыя мясціны, дзе жывуць героі твора. I справа тут, відаць, не толькі ва ўменні пісьменніка беражліва, рацыянальна, ашчадна, нават чуйна абыходзіцца з родным словам, а яшчэ і ў глыбокім пранікненні аўтара ў псіхалогію сваіх герояў, у здольнасці падаваць падзеі з пераканаўчай праўдзівасцю. Нездарма М. Горкі ў свой час гаварыў: «Рашаючую ролю ў рабоце іграе не заўсёды матэрыял, але заўсёды майстар».
Каб пераканацца ў гэтым, прывядзём для прыкладу хоць бы канцоўку апавядання «Ішоў на вайну чалавек»: «Праводзіць Ігната ўранні сышлася ўся вёска. А Ігнат быў спакойны, як зямля пасля дажджу, і нават жартаваў, хоць гэта яму не кожны раз і ўдавалася. Не спяшаючыся, ён абыходзіў па аднаму, сваіх аднавяскоўцаў, трос ім рукі і сарамліва чырванеў: яму было грохі не па сабе ад таго, што праз яго да коўрат сабралася столькі народу. Жонка больш не плакала. I гэта падабалася Ігнату. I толькі пасля таго, як ужо развітаўся з усімі, пайшоў, паскараючы крок, па дарозе, ён пачуў за спіною немы плач. Бабы суцяшалі жонку, паціху перагаварваліся і не пераставалі глядзець на дарогу, па якой ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек».
Вось яна сапраўды жывая сцэна, уражлівая сваей жыццёвай праўдай, моцным псіхалагічным зарадам, апраўданая сюжэтам і часам.
Цікавае апавяданне «Жыве ў крайняй хаце ўдава». Яго гераіня – вясковая жанчына Соф’я. Яна, як і ўсе іншыя героі апавяданняў, – наш сучаснік. З першага і да апошняга слова пісьменнік імкнецца прыцягнуць нас, сваіх чытачоў, да сааўтарства. Чыгрынаў не дае ў творы падрабязных тлумачэнняў, або, як кажуць, «лабавых вывадаў». Ён запрашае чытача паразважаць сумесна з аўтарам, у нечым пагадзіцца або паспрачацца. I мы, у большасці сваёй, прымаем бок пісьменніка, робім тыя абагульненні, на якія наводзіць ён сам. А гэта таму, што аўтар далікатна, умела і непрыкметна падводзіць нас да адзіна правільных вывадаў.
Тое ж самае можна сказаць і пра апавяданні «Дзічка» (без аўтарскага штуршка, лішніх слоў разумееш: разам з героем апавядання Андрэем Хрупаковым усыхае, адмірае яшчэ адзін корань мінуўшчыны, што чалавек гэты – горкаплодная старая дзічка); «Адна» (якая гаротная адзінота, якая шчымлівая патрэба ў чалавечай радасці); «Праз гады» (складаны час і не менш складаныя ўзаемаадносіны людзей, боль, які не зажывае ў лесніка Даўгалёва ад крыўды, якую ён незнарок прычыніў сумленнаму чалавеку); «Самы шчаслівы чалавек» (Аляксей Балаш сапраўды шчаслівы чалавек: ён памірае з верай, што нашай перамозе быць, што ў гэтай перамозе ёсць і яго салдацкая доля). Гэты пералік можна працягваць і далей.
Калі чытаеш кнігу, то нібы зноў ідзеш па родных мясцінах, па дарагіх сэрцу, незабыўных сцежках свайго маленства. I такое ўяўленне прыходзіць не толькі таму, што ў кнізе ўдалае апісанне роднай прыроды, але яшчэ і таму, што пісьменнік захоўвае ў сваіх апавяданнях дакладныя геаграфічныя назвы. I гэта не проста прыемная акалічнасць для людзей, якія жывуць там. Гэта своеасаблівы літаратурны прыём, які працуе на праўдзівасць твора.
Героі апавяданняў Чыгрынава – людзі, якія ваявалі, або ў сэрцы якіх вайна пакінула глыбокі след, людзі, якія жывуць сёння побач з намі або ў нашай памяці. Яны звычайныя, хоць і розныя, непадобныя характарамі. Гэтак жа па-рознаму расказвае пра іх і пісьменнік.
У заключэнне трэба сказаць, што наогул проза Чыгрынава радуе чытачоў сваім моўным хараством, глыбінёй і чалавечнасцю. А таму з героямі твораў пісьменніка чакаеш новых сустрэч, прыемных і радасных.

Алесь Марціновіч

З ВЕРАЙ У ЧАЛАВЕКА

Па-ранейшаму не сціхаюць спрэчкі вакол апавядання, па-ранейшаму раз-пораз раздаюцца галасы аб яго інфляцыі, заняпадзе, як літаратурнага жанру. Аўтары, што ўдзельнічаюць у шматлікіх дыскусіях, спрабуюць выказаць розныя меркаванні наконт гэтага. Але дыскусіі – дыскусіямі, спрэчкі – спрэчкамі, а апавяданне, у тым ліку і беларускае, жыве. I ў кагорце нашых празаікаў нямала такіх аўтараў, якія паспяхова абжываюць гэты нялёгкі жанр. Пісьменнікі розных пакаленняў аднолькава плённа працуюць у ім, хоць многія ўжо маюць у творчым набытку аповесці і нават раманы.
Іван Чыгрынаў – адзін з такіх пісьменнікаў.
Першыя апавяданні I. Чыгрынава з’явіліся ў друку ў 1961 годзе. Яны былі прыхільна сустрэты і крытыкай, і чытачом. Праўда, ужо тады, на пачатку літаратурнага шляху ўказвалася аўтару і на пэўныя мастацкія пралікі. Тым не менш, кожны новы твор, што з’яўляўся на старонках рэспубліканскіх часопісаў, сведчыў аб паглыбленні маладога пісьменніка ў жыццё, аб яго ўменні тонка пранікаць ва ўнутраны свет нашых сучаснікаў.
Першая кніга «Птушкі ляцяць на волю» выйшла ў 1965 годзе, наступны зборнік апавяданняў «Самы шчаслівы чалавек» – у 1967. Лепшыя з іх і склалі кнігу «Ішоў на вайну чалавек», якая нядаўна выйшла ў серыі «Бібліятэка беларускай прозы».
Бярэш гэты зборнік у рукі і сам сабе задаеш пытанне: а ці ўсё засталося ранейшым, ці не змянілася з цягам часу першапачатковае ўражанне ад першых сустрэч, калі яшчэ робіцца і пэўная скідка на творчую маладосць аўтара.
Першая, другая старонка… Адно апавяданне, другое… Не, чыгрынаўская проза не растраціла сваіх лепшых якасцей, свет ягоных герояў па-ранейшаму хвалюе і вабіць да сябе надзвычайнай напоўненасцю паўсядзённымі людскімі справамі. Ужо ў першым апавяданні «Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод» добра пададзены наш малады сучаснік. Герой апавядання сустрэўся з людзьмі, пра якіх расказвае, выпадкова. Яму трэба было пераехаць на другі бераг ракі, вось і папрасіў рыбака, каб той пераправіў на лодцы. I як заўсёды бывае ў падобных выпадках, паміж незнаёмымі людзьмі завязалася гутарка, якая потым зблізіла іх.
Менавіта ў такой сітуацыі, калі пэўна ведаеш, што ўжо ніколі не сустрэнешся са сваімі выпадковымі спадарожнікамі, нярэдка з’яўляецца надзвычайная адкрытасць і шчырасць, найлепш раскрываюцца чалавечыя характары. Майстэрства I. Чыгрынава і заключаецца ў тым, што ён пранікнуў у духоўны свет гэтых, раней невядомых для яго, людзей, выхапіў у іхніх характарах істотнае і важнае. Лабараторыя творчага пошуку ў даным выпадку такая: імкненне заўважыць, здавалася б, дробязі, каб з іх, гэтых «цаглінак», стварыць жывыя характары нашых сучаснікаў.
Пра вадалазаў Сухавых, пра Віцьку Картыжова застаецца добрая памяць. За пэўнай эскізнасцю твора ўгадваеш людзей, якія сталі дарагімі табе, далучаешся да іхняга свету, жывеш той шчырай еднасцю, што зблізіла іх з роднай прыродай.
Апавяданне гэтае ў кнізе не лепшае, правільней будзе сказаць, не самае лепшае. Але па сваёй пабудове яно надзвычай характэрна для Чыгрынава-апавядальніка. У ім прысутнічае тое найгалоўнейшае, што характарызуе ўсе творы гэтага цікавага, па-свойму самабытнага пісьменніка. Уважлівасць да чалавека працы, да яго паўсядзённых спраў, імкненне ў жыццёвых «дробязях» убачыць паўнату чалавечых характараў і па-майстэрску раскрыць іх, стала для аўтара дамініруючым у творчасці.
Не цяжка заўважыць: асноўны герой апавяданняў пісьменніка часцей за ўсё чалавек, які ваюе з ворагам, альбо вярнуўся з вайны. Часам ён знешне сціплы і непрыкметны сярод людзей, што побач з ім, але за ўсёй знешняй сціпласцю – яго багацце душы, шчодрасць характару. Аўтар няхітрыя жыццёвыя калізіі падае так, што непрыкметнае перастае быць будзённым. яно ўзвышаецца да пэўнага ідэалу, таго ідэалу, які носіць простае, але разам назвычай ёмкае слова ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ.
Што зрабіў ты для людзей? – пытанне гэтае могуць задаць сабе ўсе чыгрынаўскія героі, і большасць з іх сваім жыццём паказваюць прыклад грамадзянскай актыўнасці і чалавечай сталасці.
Вельмі стрымана, магчыма, занадта сціпла расказывае I. Чыгрынаў аб кароткім, бы летняя перадваенная ноч, жыцці чырвонаармейца Аляксея Балаша, які на заходняй граніцы даслужвае апошнія дні. «Самы шчаслівы чалавек» – так называецца апавяданне.
Аляксей Балаш, калі канчаўся толькі першы дзень вайны, загінуў з упэўненасцю, «што ў вайне ўдзел прымуць, можа адны толькі пагранічнікі – за якое даабеддзе… яны разаб’юць немцаў, а там падымецца рабочы клас у самой Германіі і тады…». А «цяпер яго рабавала і хвалявала тое, што і ён Аляксей Балаш, чырвонаармеец другога батальёна трыста сорак чацвёртага палка, мае непасрэднае дачыненне да сённяшніх падзей. На душы, нягледзячы на шматлікія раны, было хораша, і Алексей адчуваў сябе, можа самым шчаслівым чалавекам».
Наперадзе будуць яшчэ і Сталінград і Курская дуга, і вызваленне Еўропы – сотні доўгіх, цяжкіх, ваенных гадоў. Наперадзе будзе Перамога, але шлях да яе пачаўся з таго самога моманту, калі на заходніх рубяжах Радзімы насмерць стаяў чырвонаармеец Аляксей Балаш.
Чалавек і вайна… Гэтая, ужо, мусіць, традыцыйная, тэма ў літаратуры складаная. І майстэрства пісьменніка, асабліва ў невялікіх апавяданнях, заўважаецца не столькі ва ўменні паказаць батальённыя сцэны, колькі ў ступені аўтарскага пранікнення ў сутнасць таго, што называецца духам народа. Раскрыццё маральнай падасновы подзвігу савецкага чалавека – з гэтага пункту патрэбна падыходзіць да ацэнкі такіх твораў.
Позірк сённяшняга пісьменніка на вайну ўзбагаціўся. Віхурныя выпрабаванні пакінулі розныя сляды ў чалавечых характарах. Вайна прыўзняла, прыадкрыла вышэйшыя якасці, у іншых – выявіла бяздушша, амаральнасць. звярыную лютасць. І. Чыгрынава больш цікавяць вышэйшыя. І  гэта не таму, што пісьменнік імкнецца абысці складанае, супярэчлівае (яно ў пэўнай меры ёсць нават ў станоўчых вобразах). Проста як сапраўдны мастак слова, ён перш за ўсё імкнецца ўславіць велічнае ў чалавечай асобе.
Герой авядання «Ішоў на вайну чалавек» Ігнат «разумеў, што гэтае вайны хопіць на ўсіх», і таму не жыў спадзёўкай, што ўсё абыдзецца за нейкія там месяцы. Ішоў чалавек на вайну з вёскі апошнім, вяскоўцы ўжо некалькі месяцаў адбівалі атакі ворага, а ён прастудзіў нагу, крыху прыхварэў, вось і затрымаўся: «Прызнацца, дык Ігнату часам ніякавата было: выходзіла, што збіраўся прасядзець вайну дома».
Цяпер, у апошнія мінуты, ён, хоча навесці парадак дома. I па гаспадарцы сёе-тое падсобіць, і сыну боты падрамантаваць. Усё гэта настолькі чалавечае, што нават не верыцца, што недзе ёсць вайна, кроў, слёзы, бесчалавечнасць. Здавалася б, Ігнат са сваімі хатнімі клопатамі такі далёкі ад таго, іншага свету. Але так толькі здаецца на першы погляд. Вайна жыве ўжо ў сэрцах вяскоўцаў. I праводзяць яны Ігната на яе, каб помсціў ворагу. У словах старшыні калгаса, аднарукага Пахамка: «Як думаеш, хутка ўжо немца вытураць?» – спрадвечная хлебаробская мара аб мірным жыцці.
З тэмай вайны звязана і апавяданне «За сто кіламетраў на абед». Яно – пра дзяцінства, апаленае ваенным ліхалеццем. У лірычным героі, хлапчуку, лёгка ўгадаць самога аўтара, які неяк прызнаваўся, што ў ягоным жыцці было «маленства, вайна, і ўсё астатняе». Твор гэты – маналог-успамін і перажытае ў ім перакрыжоўваецца з днём сённяшнім. Апавяданне прываблівае яшчэ і тым, што гэта адзін з мастацкіх дакументаў, якія прад’яўляюць новы рахунак мінулай вайне, робяць ёй свой прысуд.
На жаль, у зборнік трапілі і тыя творы, на аўтарскія пралікі ў якіх у свой час слушна ўказвала наша крытыка. Маецца на ўвазе перш за ўсё апавяданне «Залатая рука», а таксама «Шчаслівае месца», «Плывун». У першым з іх крытыка адзначала «рацыяналістычнасць і «робленасць», ці яшчэ больш канкрэтна: «з’яўляецца пачуццё, што пісьменнік захоплены самім працэсам адлюстравання, забыўся пра ўсё, і героі ў яго, што хочуць, тое і робяць». (Б. Казанаў). Апавяданне як бы «перанаселена». Атрымалася гэта не таму, што ў ім шмат дзейных асоб, а ў выніку «распылення» самога сюжэта. Пачатак твора, дзе гаворыцца аб паездцы героя, выпадае з асноўнай сюжэтнай канвы, ён успрымаецца як своеасаблівая ўстаўка, якая, аднак, нясе нязначную сэнсавую нагрузку. Гэтае «несужыццё» двух пачаткаў: лірычна-асабістага і аналітычнага назіраецца і ў двух іншых творах.
«Жыве ў крайняй хаце ўдава», «Праз гады», «Па сваіх слядах» – таксама пра вайну. Гэта ў большасці сваёй успаміны людзей, якія некалі ваявалі, а цяпер праходзяць баявымі сцежкамі, прыгадваюць сяброў, што загінулі. Першае – расказ пра жанчыну, якая па-ранейшаму помніць мужа. Як і папярэднія творы, гэтыя вытрымліваюць самыя строгія патрабаванні, яны – з таго моцнага «матэрыялу» жыццёвай праўдзівасці, які дазваляе пісьменніку быць аб’ектыўным, узняцца да высокай ступені мастацкага абагульнення.
Галоўная ў творчасці I. Чыгрынава тэма вайны, але – не асноўная. У пісьменніка шмат твораў, у цэнтры якіх сённяшняе жыццё савецкіх людзей. Лепшае з такіх апавяданняў – «Народны камісар». Вобраз галоўнага героя Аляксея Васільёвіча, простага чалавека, адданага камуніста-ленінца старой гвардыі – атрымаўся цэласным і выразным. Чалавек гэты жыве не столькі для сябе, колькі для іншых, і нездарма яго ўсе называюць «народным камісарам». Ён у пастаянных раз’ездах дзеля людзей, дзеля справы.
Актыўная аўтарская пазіцыя і ў «Апавяданні без канца». Канфлікт тут ярка выражаны. Вайна і на гэты раз уварвалася ў людскія лёсы. Сам Чыкілёнак пайшоў на фронт, а жонка засталася, бо хутка павінна была радзіць. Немцы яе доўга катавалі, падазраючы, што муж стаў партызанам, хаваецца ў лесе. Хворая, бездапаможная, яна нарадзіла дзіця. Пасля вайны Чыкілёнак жаніўся на другой, а Вольгу абвінаваціў у тым, што дачка – ад фашыста.
Подласць, бесчалавечнасць Чыкілёнка відавочна адразу, але пісьменнік не спяшаецца асудзіць гэтага нелюдзя да канца. Ён дае магчымасць зрабіць гэта чытачу.
Розныя людзі і лёс розны ў герояў. Але ёсць у іх і нешта агульнае, і ў той жа час па-свойму адметнае і непаўторнае. У Аляксея Балаша, у Ігната, у Дземідзёнка, у герояў іншых цікавых апавяданняў – «Дзічка», «Птушыныя сны», «У горад»… Простыя савецкія людзі, яны становяцца блізкімі і знаёмымі, і іх адкрывае нам у лепшых апавяданнях Іван Чыгрынаў.

Вернасць праўдзе. Віртуальный музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”