У маім рамане «Вяртанне да віны», ужо напаследак, ёсць такія радкі: «А ў Бабінавічах тым часам мясцовыя паліцаі пад камандаю Гуфельда расстрэльвалі яўрэяў. Кроў мяшалася з вадой і цякла па рацэ Чарняўцы насустрач верамейкаўскаму хроснаму абозу. Ад яе на лузе шалелі каровы…»
Гэтак сапраўды было. Але не ў Бабінавічах, а ў Саматэвічах. I хросны абоз ехаў не з Верамеек, а з Вялікага Бору. Нас, велікаборцаў, у той дзень хрысцілі. Раптам з мястэчка прыйшоў погалас, што нехрышчоных дзяцей будуць расстрэльваць. А нехрысцяў перад вайной па вёсках было шмат. Па-першае, царкву бальшавікі ў Саматэвічах закрылі, па-другое, і самі людзі, гэта значыць, нашы бацькі ахлялі да гэтай справы – хто па ідэйных меркаваннях, хто проста па сваёй абыякавасці.
I вось у сорак другім годзе, здаецца, недзе па Іллі павезлі нас у мястэчка хрысціць. Сапраўды, цэлым абозам. Як расстрэльвалі немцы прывезеных аднекуль яўрэяў, мы, велікаборцы, ужо не бачылі; іх знішчылі яшчэ да таго, як наш абоз уехаў у мястэчка. Аднак местачкоўцы былі на месцы расстрэлу і ўсё бачылі. Зразумела, што і расказвалі іншым. Але я пакуль не пра гэта.
Царква ў Саматэвічах хоць і была тады ўжо адчынена, але хрысцілі нас у пустых дамах местачковых яўрэяў, якія падаліся ў бежанцы. Помню я, як трымаў на руках мяне, сямігадовага хлопца, перад папом Дворскім хросны бацька, а мой дзядзька Хвядос. Помню, як бацюхна маліўся, мазаў нас чымсьці, даваў піць нейкую вадкасць. Пасля, ужо ў дарослым стане, мне даводзілася бываць у цэрквах пры хрышчэнні дзяцей, але поп Дворскі, здаецца, рабіў усё не так, як цяпер…
Папа гэтага мужыкі знайшлі недзе ў Чэрыкаве. Прытым з вялікай цяжкасцю, бо мала іх, святароў, засталося тады к пачатку вайны: адны былі сасланы, другія знішчаны, трэція запалоханы… Нашым мужыкам, можна сказаць, пашанцавала, і мы, дзеці, такім чынам, былі пахрышчаны. Прынамсі, далей жыць дазвалялася без страху, што цябе заб’юць як нехрысця. Ну а ў сорак трэцім на паўднёвы ўсход Беларусі прыйшло вызваленне. Праз некалькі гадоў я прыйшоў у Саматэвічы вучыцца ў восьмы клас. Паколькі местачковая школа ў вайну згарэла, вучылі дзяцей у тых жа яўрэйскіх дамах, што засталіся без гаспадароў, бо з бежанцаў чамусьці таксама мала хто з іх вярнуўся. I трэба было здарыцца так, што восьмы клас у тую восень займаўся ў тым жа доме, дзе мяне хрысцілі. I парта, за якую мяне пасадзілі, стаяла якраз на тым месцы, дзе хросны бацька трымаў мяне на руках…
У Саматэвіцкую школу я хадзіў за восем кіламетраў. Хадзіў адзін з усяе вёскі. Хадзіў праз лес, яшчэ далёка да світанку, бо першы ўрок пачынаўся, здаецца, а палове восьмай, і мяне ведалі не толькі зладзеі з навакольных вёсак, якім заўсёды знаходзіліся справы па начах, але і ваўкі… Тут можна было б многа расказаць пра ўсякія цікавыя выпадкі, здарэнні. Ды няхай, можа, другім разам.
Дык вось. Вяртаюся я зімовай парой са школы аднаго разу, а насустрач мне поп Дворскі. Глядзіць на мяне, на мае лапці… Тады гаворыць: «Адважны ты, хлопча, ходзіш адзін з таго забесядскага боку, а ў лапцях!.. Ці ёсць у вас якой-небудзь скура на боты? Ты папытайся ў маці, а я табе боты пашыю». Пасля вайны царква зноў не працавала, і я не ведаў, ці жыве ў Саматэвічах поп, які хрысціў нас некалі. А вось аказалася – жыве! Жыве, працуе ў шавецкай майстэрні, цяпер напрошваецца пашыць мне боты. Мусіць, шкада яму стала чалавечыка ў лапцях, які кожнага дня цярпліва адмервае туды і сюды свае восем кіламетраў увосень, і ўзімку, і ўвесну… Я ўжо тады ведаў, што ў нас ёсць кавалерыйскае сядло, якое засталося яшчэ ад сорак першага года, калі праз нашу мясцовасць да Рагачова ішла конніца Гарадавікова. Здаецца, яго знайшоў у кустах каля дарогі старэйшы брат Хведар. На другі дзень я і прынёс Дворскаму тое сядло. Боты ён сапраўды пашыў. I даволі хутка. Калі ж я спытаў яго, чым заплаціць, былы поп усміхнуўся, сказаў: «Ну, калі можна, паўлітэркай самагонкі». Назаўтра маці пазычыла ў кагосьці бутэльку самагонкі, і я прынёс яе Дворскаму. Ботаў тых мне хапіла ажно на ўсю школу…
Бачыце, колькі ў аднаго чалавека можа быць звязана з другім. Зразумела, што тую бутэльку я «замясціў» потым (і не адзін раз), калі ўжо стаў дарослы. У кожным выпадку мы заўсёды былі рады сустрэць адзін аднаго, ажно пакуль і мой Вялікі Бор, і яго Саматэвічы не засыпала чарнобыльская радыяцыя… Цяпер ні ў маёй вёсцы, ні ў мястэчку людзі не жывуць: хто перасяліўся ў назнарок пабудаваныя паселішчы, хто – па сваёй ініцыятыве, дзе толькі знайшоў новае месца. Дворскі таксама падаўся кудысьці ў іншае месца…