У маленстве мы – а гэта многа, ажно чацвёра братоў ды дзве сястры – упрасілі бацькоў завесці ў двары сабаку. У вёсцы тады шмат у каго былі гэтыя сябры чалавека. Але таго сабаку звялі ў нас ваўкі. Жыў сабака пад сенцамі, у яго там быў пралаз, толькі каб пратачыцца самому, зразумела, што і доступу туды ніхто не меў, можа, апроч курэй, якіх ён выганяў, не зважаючы, як паставяцца да гэтага гаспадары. Словам, пад сенцамі ён начаваў заўсёды адзін, а таму як мы не прывязвалі на ланцуг, то меў бязмежную волю, прынамсі, удзень яго мала калі бачыў хто на двары. Як кажуць, ён, бадай, сам і карміўся, сам і лячыўся, калі што, адшукваючы ў лесе лекавыя травы. Шкада, што мала каму ўдавалася падгледзець за ім, калі тыя травы знаходзіў, тады б, няйначай, чалавек і для свайго здароўя меў больш зёлак. Мы ж былі вельмі радыя за сабаку, бо наш брахаў на кожны чужы крок; людзі казалі – да вашай хаты непрыкметна не падступіцца. Тым часам не толькі людзей ён сцярог. Ваўкі, якія таксама мелі свае справы ў вёсцы, паступова ўзненавідзелі нашага сабаку, і вось аднойчы ўначы выманілі яго з-пад сенцаў. Зрабілі яны гэта хітра, усё роўна як не па-звярынаму; адзін стаў у засадзе каля лазу, другі пачаў дражніць; падражніць-падражніць, тады і адскочыць, быццам спалохаўся. У рэшце рэшт бяда і здарылася – не сабачая асцярожлівасць перамагла, а воўчая хітрасць. Выскачыў наш сабака з-пад сенцаў, а воўк з засады і ўчапіўся ў яго. Хтосьці з вяскоўцаў бачыў, як вялі яны небараку ад нашага двара: пасталі абапал ды й давай паганяць хвастамі… З той начы ад яго ні паху, ні брэху, нават касцей ніхто не бачыў…
Другога сабаку ў нас застрэліў вясковы паліцай Хвадзей. Ён яшчэ даводзіўся нам кумам, але сабаку тым не менш не пашкадаваў. Прыйшоў аднойчы ўзімку, загадаў старэйшаму з нас Хведару знайсці і прывязаць Белалобага да плота, маўляў, ад немцаў такое распараджэнне выйшла, каб знішчыць па вёсках сабак. А яны ў той час не адным немцам ды паліцаям заміналі. Не любілі іх партызаны, якія часцей па начах наведваліся ў вёскі. Дый каму гэта ўвогуле хочацца, каб хтосьці вякаў? Помню, як мы, дзеці, свае і чужыя, пазатыкалі пальцамі вушы, каб не чуць паліцаевага стрэлу.
Белалобы ляжаў на марозе пад плотам і той дзень, калі яго застрэліў Хвадзей, і другі, ажно пакуль мы не пахавалі яго, адвёзшы на санках за вёску…
Трэці раз мы не заводзілі сабе сабаку. Але ў нашага суседа, Мішкі Бычыхінага, быў тым часам гадаванец. Таксама звычайны дварняк. Было тое пасля вайны ўжо. Гадоў, здаецца, праз пяць ці што. Ну а калі больш дакладным заставацца, дык разам з гэтым трэба прыгадаць той час, калі Сталін моцна раззлаваны быў на маршала Ціта. Чаго толькі тады не пісалі! Чаго не малявалі! Я і цяпер помню ў адным часопісе такі малюнак: стаіць югаслаўскі кіраўнік каля вялікай калоды, на якой ляжыць спалавінены чалавек, а з сякеры, што ў руках Ціта, кроў капае… Вось у той час і завёў Мішка Бычыхін сабе шчанюка. Але назваў зусім не па-сабачы. Чамусьці прыйшло яму ў голаў пагуляць у палітыку ды назваць шчанюка… Як бы вы думалі? Не больш, не менш, як «Ціта-Ранкавіч». Была такая кліка, па савецкім меркаванні, у Югаславіі. Шчанюк тым часам рос і вырас. Усе ў вёсцы ведалі яго, часта знарок клікалі, каб адзываўся, а найбольш смяяліся. Гы-гы ды га-га… I смяяліся ажно да таго года, як паехаў Хрушчоў да Ціта з мірам. Здаецца, усё стала на сваё месца. Ні ў газетах, ні па радыё кіраўніка Югаславіі не абзывалі больш рознымі брыдкімі словамі. Маўляў, дружба, брацтва!.. Словам, дасюль мы памыляліся. Але ж па нашай вёсцы ўсё яшчэ бегае сабака з мянушкай «Ціта-Ранкавіч». Псуе ўсю справу, бо вяскоўцы па-ранейшаму моцна смяюцца. А тым часам пакутуе міжнародная палітыка!.. Зразумела, што неабходна было неяк выходзіць са становішча. I вось прыходзіць да Мішкі старшыня сельсавета, быў у нас тады Шапляк. Цяпер я не ведаю, ці гэтаў яго такое прозвішча было, ці, можа, таксама мянушка. Дык Шапляк і кажа Мішку: «Ты забі свайго сабаку, альбо прадай каму ў іншую вёску». А Мішку шкада сабакі. Ён і так, ён і гэтак. Ды і маці ягоная лямантуе – ёй таксама шкада сабаку. Тады старшыня сельсавета выходзіць з другой прапановай, маўляў, прывучы свайго сабаку да новага імя. «А дзякуй жа табе, таварыш Шапляк!» – ледзь не ў ногі кінулася старшыні сельсавета Бычыха. На тым і разышліся. Вядомая справа, што Мішка пачаў перавучваць свайго сабаку. Той ужо нават адзываўся на новае імя, быццам і праўда забыўся пра Ціта і Ранкавіча. Але дзе там! Толькі Мішка выпусціў яго з двара, як хтосьці з вясковых падшыванцаў вазьмі ды назаві з-за плота сабаку па-старому: Ціта-Ранкавіч! А той адразу – гаў-гаў!.. I ўся Мішкава навука, як кажуць, марна пайшла. Сабака зноў толькі і адзываецца, што на старое імя!.. Даведаўся старшыня сельсавета пра гэта, паклікаў участковага міліцыянера Хваброва. Так і так, кажа, шкодзіць нам Бычыхін сабака, падрывае міжнародную палітыку. Ну а Хваброву нібыта аднаго гэтага не хапала. Шась на двор да Бычыхі, заве Мішку. Тупае на яго, крычыць. Мы, вясковыя хлапчукі, сведкамі. А сабакі як не было на двары, так і няма. Недзе бегае. Нарэшце прыгразіў міліцыянер – заўтра, маўляў, сабака каб стаяў тут вось, ля плота, прывязаны!
На другі дзень раніца выдалася зверху светлая, а злашча – ціхая, з панізовым туманам, які нягуста слаўся паміж лесам і вёскай. Я яшчэ спаў, як пачуў праз сон стрэл. Ён кальнуў мне ў сэрца. I я доўга ляжаў пасля яго на ложку, чамусьці баяўся ўстаць. Бадай, ад таго, што ведаў – страляў недзе міліцыянер Хваброў і цэліў у Бычыхінага сабаку…
А ўдзень высветлілася – канец свой Ціта-Ранкавіч знайшоў на глінішчы, што паміж нашай вёскай і былой панскай слабодкай. З таго дня прамінула нямала часу, але затое цяпер я пэўна ўжо ведаю, што палітыка часцей звязана з брудам, крывёй… I ад яе пакутуюць нават сабакі!..