ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

"СВАЕ І ЧУЖЫЯ"

СПЕКТАКЛЬ БЕЛАРУСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА ОРДЭНА ПРАЦОЎНАГА ЧЫРВОНАГА СЦЯГА АКАДЭМІЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ 

Рэжысёр Валерый Раеўскі

АРТЫКУЛЫ

1985

Р. Дзмітрыева

ІШЛА ПЕРШАЯ ВОСЕНЬ ВАЙНЫ…

Радыёспектакль Беларускага радыё па рамане Івана Чыгрынава
«СВАЕ І ЧУЖЫНЦЫ»

«Вайна амаль напалавіну абязлюдзіла вёскі. I тым не менш жыццё ішло сваім сялянскім ладам; у гэтую шматпакутную восень – а іначай яе не назавеш – у Забесяддзі не адной працай ды чаканнем, чым закончыцца вайна, жылі…»
Забесяддзе, Мышавая, Верамейкі, Бабінавічы – знаёмыя назвы. Знаёмыя, бо запомніліся яшчэ з «Плача перапёлкі» Чыгрынава. З рамана і са спектакля, пастаўленага на сцэне тэатра імя Янкі Купалы Валерыем Раеўскім. Знаёмыя назвы вёсак і мястэчак на Беларусі, знаёмыя імёны: Радзівон Чубар, Зазыба, Шарэйка…
Сярод твораў аб вайне раман Чыгрынава заняў адразу ж сваё адметнае месца – як яшчэ адзін, асабісты, погляд на народную трагедыю. Пакаленне, чыё дзяцінства было загублена вайною, адчула свой абавязак – асэнсаваць перажытае, і ўзялося рабіць гэта па-свойму, выкарыстоўваючы пласты дзесяцігоддзяў, подых сённяшняга дня…
Так яно здарылася, што проза Чыгрынава была перанесена на тэатр – з’явіўся спектакль, у якім пачалі жыць, дзейнічаць, набылі жывы голас і аблічча літаратурныя героі, вабячы непаўторнай чалавечай адметнасцю ці выклікаючы непрыязнасць, нянавісць, агіду…
«Свае і чужынцы» – не простае прадаўжэнне рамана Чыгрынава, – гэта самастойны твор, самастойны раздзел у мастацкай хроніцы вайны і вялікай народнай барацьбы, хроніцы, якую аўтар піша, не пагарджаючы «дробязямі», перакананы, што няма ў гэтым летапісе нічога, што не было б вартым увагі нашчадкаў. Ён уважліва ўглядаецца ў кожны крок сваіх герояў – быццам збірае кавалачкі жыцця – каштоўныя кавалачкі, якія складваюцца ў вялізную панараму народнай драмы, у харал, дзе кожны голас мае сваё месца і дзе ўсе яны злучаюцца разам, каб закрануць нашы сэрцы, нагадваючы аб высокім і трагічным.
І можна зразумець Валерыя Раеўскага, які, не адкладваючы на доўгі час, звярнуўся да такога мабільнага жанру, як радыёспектакль, сам зрабіў інсцэніроўку рамана і паставіў яе на Беларускім радыё…
Паставіў шырока, з размахам тэатральнага рэжысёра і з уважлівасцю да нюансаў, якая вылучае рэжысёра радыё. З адчуваннем асаблівай поліфаніі, ведаючы вартасці паўзы, гуку, музычнай фразы, з трапяткой увагай ствараючы партытуру радыёспектакля. Гэтыя якасці Раеўскага-рэжысёра як мага лепш адпавядаюць зместу і стылістыцы «Сваіх і чужынцаў», яны ж вызначаюць вартасці пастаноўкі і некаторыя недахопы таксама…
Адзначым, што менавіта ў гэтым выпадку недахопы з’яўляюцца працягам вартасцей спектакля. Так, па-тэатральнаму дакладна размеркаваўшы ролі, рэжысёр часам не можа пазбегнуць тэмбравай аднастайнасці галасоў выканаўцаў, якія на слых, бывае, няпроста адрозніць. Спецыфіка радыё – нічога не зробіш… Але калі мы гаворым аб здабытках гэтай работы, перш за ўсё звяртаемся да артыстаў. В. Белахвосцік, В. Філатаў, Г. Аўсяннікаў, П. Дубашынскі, Ф. Варанецкі, Б. Уладамірскі! Сталыя майстры яшчэ раз пацвердзілі высокі ўзровень майстэрства, адкрываючы духоўны свет сваіх герояў. Маладыя – Я. Крыжаноўскі, Я. Нікіцін, Г. Давыдзька ўжо не першы раз заяўляюць аб сабе як адораныя радыёартысты.
Рэжысёр з самага пачатку выводзіць наперад тэму ўсеагульнай барацьбы. Але зараз жа нібы папярэджвае нас: янам складаецца не толькі з бітваў і подзвігаў… Цярплівасць, пільнасць, засяроджанасць – і вялікая мужнасць, адвага, цвярозы разлік і самаахвярнасць – усё гэта легла ў падмурак партызанскай барацьбы. Нават такія, здаецца, «мірныя» якасці, як эгаізм, сябелюбства, легкадумнасць, у вайну могуць з’явіцца прычынай вялікага няшчасця для многіх.
I зноў ад прыватных дэталей, ад неістотных, здаецца, эпізодаў ён праходзіць да галоўнага – і становіцца зразумелай узаемасувязь высокага і «нізкага», галоўнага і «дробязнага». Сапраўды, што гэта – галоўнае ці дробязь? Толькі што ўтвораны атрад, праз баі прабіраючыся да бальшака, раптам апынуўся ў цемры і цішыні. Невядома, куды падацца. I тады пракурор Шашкін начальніцкім басам пачынае разважаць: ці варта наогул прабірацца ў «чужы» раён, маўляў, лепш ваяваць у сваім, а ў тым раёне няхай застаюцца свае партызаны… «Паводзяць сябе ў атрадзе, як раней у раённай іерархіі…», – заўважыць камандзір атрада. Дробязь? Ды не, бо самавольства адгукнецца потым вельмі балюча…
Ідзе толькі першая восень вайны – і людзі яшчэ не прызвычаіліся жыць «па вайне», яны яшчэ вучацца цяжкай гэтай «навуцы». Але ўжо адбылася сустрэча камісара Сцяпана Баранава з братам Архіпам, які без ваганняў выганіць яго з дому, ці вось сустрэча з аднавяскоўкай, старой жанчынай, якая накорміць, дапаможа – адразу, адкрыта, без распытванняў: галоднага трэба накарміць і тым, у лесе, паслаць. У самой няма – у суседзяў пазычыць, нічога не пашкадуе… Дробязь?
Ідзе першая восень вайны – нам, хто ведае многае пра тое, як усё адбывалася, ажно страшна, калі так неабачліва давяраецца Радзівон Чубар малавядомым яму партызанам Патолі і Бераснёву, як адкрыта размаўляе з Пацюпай… Пацюпа варты даверу, але тыя двое… Кінуліся ў вёску, нарабілі страляніны – і правалілі ядро падполля… Гэта праява недасведчанасці, няўмеласці герояў, можа, і шкодзіць «дэтэктыўнай» займальнасці і дынамізму сюжэта, але пераконвае нас у праўдзівасці характараў і падзей.
Дзень за днём, крок за крокам партызаны набываюць сваю нялёгкую «прафесійнасць». Бывае і горкі вопыт. Гэтыя сталыя і маладыя людзі сталеюць у вайне дзень за днём. Вайна ўвайшла ў іх істоты, завалодала днямі і начамі: спіць Чубар, а ў сне бачыць крывавае зарыва, пажар, – няма ад вайны ратунку і ў сне. Але яны і не ратуюцца, а ідуць насустрач вайне са спрадвечнай сялянскай вытрымкай, нешматслоўнасцю і мужнасцю. Конныя немцы рушылі на партызан – і яны пайшлі ў балота і прасядзелі там пяць дзён. Такое было супрацьстаянне: адны ў багне – другія чакаюць, пакуль тыя папросяць літасці. Нарэшце, немцы, упэўненыя, што партызаны не маглі не загінуць, павярнулі…
Вядучы (В. Анісенка) расказвае аб гэтым быццам бы з эпічным спакоем, без ценю чуллівага прыдыхання. Так было, такі вось ён – горкі хлеб вайны. Але не-не і зазвініць нотка годнасці: наш сучаснік ведае – што там ні давялося перажыць, але ж – перамаглі…
I мы пачуем, як кавалася перамога – літаральна кавалася: кузня ў Верамейках стала не толькі месцам сустрэч верамейкаўцаў – тых старых, хворых, знявечаных, хто застаўся ў вёсцы, – яна спакваля ператварылася ў цэнтр, які акумуляваў энергію супраціўлення. Каваль – малады вайсковец Андрэй Марухін, вызвалены з лагера верамейкаўскай удавой, шукае сувязі з партызанамі – і знойдзе…
Зноў зазвініць голас вядучага, калі нагадае пра жывое «тук-тук», якое разносіцца па прыціхлых Верамейках і, здаецца, па ўсёй акрузе…
Толькі аб першай восені вайны расказвае радыёспектакль, але ўжо столькі перажыта людзьмі: першапачатковая разгубленасць, няўмеласць, недасведчанасць і першыя страты, боль, абраза, калі чалавек павінен хавацца і туляцца на роднай зямлі, паблізу ад роднага дома. Цяжкае і балючае спасціжэнне: не так гэта проста, калі людзі дзеляцца на сваіх і чужынцаў. Бывае, тыя, што адвеку лічыліся сваімі, – абернуцца чужынцамі… I вялікае, ні з чым не параўнальнае шчасце адчуць чалавека сваім – братам, сябрам, паплечнікам у барацьбе. I вось ужо побач б’юцца «маскоўскі атрад» і «мясцовы». Ваююць не толькі за ўласны дом, а за свой вялікі дом – Радзіму…
Непаспешлівасць, ашчаднасць у дачыненні да слова, да аўтарскай інтанацыі, шчодрая гукавая палітра, багацце і разнастайнасць нюансіроўкі – бадай што аніякая іншая муза не здолее перадаць літаратурны твор так, як гэта можна зрабіць па радыё. Таму такая багатая наша радыёбібліятэка, якая захоўвае і даносіць да слухачоў свае незлічоныя скарбы.
«Свае і чужынцы» Івана Чыгрынава занялі сваё дастойнае месца ў гэтай непаўторнай на выяўленчыя магчымасці, змястоўнай бібліятэцы.

РАДЫЁСПЕКТАКЛЬ

Вернасць праўдзе. Віртуальны музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”