I яшчэ адна згадка ў сувязі з пошукамі Вашчылы. Дакладней, вакол Вашчылы. Сапраўды, наш нацыянальны герой нават пасля смерці нёс на сабе нямала нялюдскасці. Чамусьці яго заўсёды вінавацілі ў забойстве крычаўскіх яўрэяў-арандатараў, братоў Іцкавічаў. I ўсё паўстанне пад кіраўніцтвам Вашчылы скіроўвалі ў рэчышча антысемітызму… Менавіта гэтым некаторыя тлумачылі мне і тую акалічнасць, што Васіль Мацеевіч не ўдастоіўся ні песні, ні легенды. Маўляў, гэта яўрэі яму помецяць.
Можаце паверыць, што, збіраючы матэрыял пра Вашчылу ў архівах, я самым сур’ёзным чынам вывучаў і ягоны «антысемітызм». Дык вось, дарагія мае яўрэі і неяўрэі, у той час, г. зн. у 1744 годзе, Іцкавічаў не было ў Крычаве. Парабаваўшы колькі гадоў мясцовых мужыкоў, яны выехалі адтуль, але ў Еўропу сапраўды не трапілі. Бясследна прапалі. Ну а паколькі ў часе вашчылаўскага паўстання іх не было ў старостве і забітыя яны не маглі быць, тады лагічна, што шукаць сляды трэба недзе ў іншым месцы. Напрыклад, у лёхах Радзівіла ў Слуцку альбо нават у Белай пад лесам, дзе таксама знаходзіўся палац слуцкага князя. Малаверагодна, што знішчэннем сваіх арандатараў займалася Ганна Радзівіл, якая жыла тады ў Вільні…
Між тым, справа складвалася нядужа простая. Антысемітызм пачварным ценем клеіўся да майго земляка, як цяжкае злачынства. У часопісе «Сіён» прафесар Гальперын змясціў артыкул, назваўшы яго «Вашчылаўскія бунты…». Здаецца, так. Урэшце, справа не ў дакладнасці загалоўка. Усё – у змесце. Дык са зместу тое і вынікае зноў, што Вашчыла – вораг яўрэйскага народа. За мяжой цэлая кніга выйшла, дзе таксама для кіраўніка антыфеадальнага крычаўскага паўстання не знайшлося месца для літасці.
Тым часам ужо была знойдзена следчая справа Вашчылы. Васіль Мялешка ды Павел Лойка напісалі кніжку. На радыё быў створаны спекталь па маёй п’есе «Следчая справа Вашчылы». Надыходзілі трохсотгадовыя ўгодкі. У Крычаве збіраліся адзначаць іх. Беларускі фонд культуры звярнуўся ў дзяржаўныя інстанцыі па дазвол пачаць конкурс у справе стварэння помніка Вашчылу ў Крычаве. Тады, як і цяпер, без дазволу зверху падобныя справы не рабіліся. ЦК КПБ палічыў наша хадайніцтва слушным. I вось у 1990 годзе мы паехалі ў Крычаў святкаваць Вашчылавы ўгодкі. Адбыўся гарадскі вечар, пра Вашчылу і паўстанне 1744 года шмат гаварылася на ім. Было вызначана месца, дзе паўстаць помніку. Праўда, далейшыя падзеі перашкодзілі конкурсу. Але тым не менш ужо здавалася, што хоць з ягоным антысемітызмам скончана. Ды дзе там! Чорная чалавечая памяць, аказваецца, яшчэ даўжэйшая за светлую. Зноў пра Вашчылаў антысемітызм загаварыў наш прафесар Грыцкевіч у штотыднёвіку «Культура». Аказваецца, цяпер ва ўсім вінаваты ЦК КПБ, які ў класавых мэтах рашыў устанавіць помнік ворагу яўрэйскага народа…
Куды ж нам далей рухацца, браткі, у сваіх цяперашніх пошуках будучыні? Няўжо з кляймом антысемітызму?
Не было ў Крычаве ў часе вашчылаўскага паўстання братоў Іцкавічаў! Не было! Ніхто вашых не біўтам!..
I толькі цяпер я ўжо зразумеў, чаму адзін з нашых мастакоў, даволі моцна начынены нацыянал-радыкалізмам, даводзіў некалі ў Фондзе культуры, што бронзавая постаць Вашчылы не павінна з’явіцца на зямлі.
– Чаму?
– Ды таму, што гэта асоба ў нашай гісторыі неадназначная. Тады скажыце, мае харошыя, хто ў нас, якая асоба ў нашай гісторыі адназначная?
Змаўчаць мне цяпер пра так званы антысемітызм Вашчылы ніяк не выпадае. Я ўвогуле не раўнадушны да сваіх землякоў, магіляўчан, а тут жа справа ідзе пра нацыянальнага героя!