КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Алесь Марціновіч
Цішыня… Нейкая страшная, панурая і разам з тым загадкавая. Пра такую звычайна кажуць – магільная. Хто яго ведае, як там, у магіле, але тут – у Вялікім Боры, над Вялікім Борам і вакол Вялікага Бору – і на самай справе такая цішыня, ажно становіцца неяк не па сабе, і чамусьці мурашкі пачынаюць прабягаць па целе. I гэта нягледзячы на тое, што дзень сонечны, спякотны – няйначай зусім не на Беларусі знаходзішся, а трапіў кудысьці да Чорнага мора. Калі лёгкі павеў ветру халодзіць рукі, яны адразу пакрываюцца пупыркамі і скура становіцца падобна на агурок, які сама знаходзіцца ў росце і ўвесь пакрыты крапінкамі. I, бадай, зусім не з-за гарэзы-ветрыку такое адчуванне, а з-за яе, цішыні. Хаця і яна падманлівая…
Але гэта толькі спачатку, калі выйшлі з машыны на самым ускраі вёскі, падалося, што наўкола ўсё замерла раз і назаўсёды. Прайшоўшыся ж крыху вулкай, адчулі – нішто не можа спыніць жыцця. Ад ветру закрахтала, скардзячыся на лёс, ля адной з хат з забітымі вокнамі старая каржакаватая вярба. Амаль поруч здрыгануліся веснічкі – і цікаўны дзядуля выйшаў насустрач, каб перакінуцца словамі з незнаёмымі людзьмі, якія завіталі нечакана-негадана сюды…
Вось мы ўжо ў Вялікім Боры – вёсцы ў Касцюковіцкім раёне, у якой нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў. Дарэчы, падобная назва на тэрыторыі Беларусі досыць распаўсюджана. Між іншым ёсць яшчэ адзін «літаратурны» Вялікі Бор – у Хойніцкім раёне. Адтуль родам ажно тры пісьменнікі – Барыс Сачанка, Змітро Бяспалы і Алесь Шлег.
У Вялікім Боры I. Чыгрынава сёння жыць небяспечна, таму і выехалі многія адсюль. Далі знаць вынікі чарнобыльскай катастрофы. Цяпер ужо ў гэтым сакрэту няма: калі радыяцыйныя хмары пачалі рухацца ў бок Масквы, тагачасным саюзным кіраўніцтвам быў аддадзены загад тэрмінова расстраляць іх. Смяротны дождж праліўся тады над Магілёўшчынай. Накрыў ён і Вялікі Бор. Так пазбавіўся радзімы і I. Чыгрынаў. Ды хіба сэрцу загадаеш не наведвацца туды, дзе, здаецца, кожная сцежка памятае цябе? Хіба можа спыніць небяспека, калі ведаеш – гэтае спатканне з зямлёй маленства абавязкова надасць табе яшчэ больш маральнай сілы і моцы, упэўненасці? Таму і наведваецца раз-пораз Іван Гаўрылавіч у свой Вялікі Бор. I адзін заязджае сюды, калі праходзяць побач пісьменніцкія шляхі-дарогі, і з сябрамі-пісьменнікамі.
У гэтую паездку ўзяў з сабой (куды маладзейшага) Алеся Пісьмянкова – таксама свой, касцюковіцкі, нарадзіўся непадалёку ад Вялікага Бору, у вёсцы Бялынкавічы. Дарэчы, касцюковіцкая зямля надзіва багатая на таленты. Адсюль родам Аляксей Русецкі, Масей Сяднёў, Леанід Левановіч, Зяма Півавараў і іншыя літаратары. А. Пісьмянкоў – з пасляваеннага пакалення. Нарадзіўся ў 1957 г.
Цяжкія, яшчэ якія цяжкія, гэтыя марудныя крокі па роднай вёсцы. Ды і ці не ля кожнай пустой хаты хочацца затрымацца. Кожным разам спыняючыся, I. Чыгрынаў ахвотна расказвае пра людзей, якія некалі тут жылі. Памяць у Івана Гаўрылавіча здзіўляючая, таму згадвае не толькі тых, хто яму, як кажуць, па ўзросту раўнёй даводзіцца. Прыгадвае і старых… Яны даўно адышлі ў іншы свет, а памяць… Памяць пакінулі пасля сябе добрую.
Чыгрынаў вядзе да будынка колішняй школы. З усіх бакоў атулілі яе сосны, між іншым, як і ўсю вёску. Наўкола, як кінуць позіркам, лясы і лясы… Праўда, Іван Гаўрылавіч доўга і тут не затрымліваецца, бо кліча яго да сябе Беседзь, так хораша апетая А. Куляшовым. Наваколле да таго маляўнічае, што сама браць у рукі пэндзаль і класці мазок за мазком, паспяваючы занатоўваць гэтую харашынь. I нават не верыцца, што ўся гэтая прыгажосць – лес, рака, лугі – нясе ў сабе смяротную небяспеку, якая выпраменьваецца не адным дзясяткам кюры!
Застаецца спяшацца. Але ўсё ж хочацца пабываць і ля Святога возера. Зноў жа – на Беларусі некалькі азёраў з падобнай назвай. I ў кожнага – свая гісторыя. Калі верыць паданню, гэтае, што непадалёку ад Вялікага Бору, з’явілася на месцы колішняй царквы, якая нечакана правалілася пад зямлю, – таму і адпаведная назва.
А Алесь усё нешта засяроджана піша і піша ў блакноце. Затрымлівае ўвагу на чарговым радку, задумваецца… I раптам рашуча перакрэслівае, каб падабраць іншыя, як падаецца яму, больш дакладныя словы. Нарэшце па тым, як задаволены адхінуўся да сядзення машыны, зразумелі – паставіў нарэшце апошнюю кропку.
– Што там у цябе? – запытаўся Чыгрынаў.
Пісьмянкоў, не гледзячы ў блакнот, па памяці пачаў чытаць верш, які і нарадзіўся тут, у чыгрынаўскіх мясцінах. У чарнобыльскіх мясцінах:
Вялікі Бор
Івану Чыгрынаву
Над Вялікім Борам –
Над вялікім горам
Плача ў небе жораў.
Над палын-травой,
Над зямлёй сівой
Плач праносіць свой.
Вось Яўменаў двор…
Вось Дзянісаў двор…
Вось Мікітаў двор…
Не відаць вясла,
Не гудзе пчала,
Не звініць піла.
Не шукай, дарма.
Не гукай, дарма –
Іх ужо няма.
Іхні дух да зораў
Адляцеў, як жораў,
Жораў над Вялікім Борам.
I зноў цішыня… Цяпер ужо ў машыне. Толькі мерна працуе матор, каб хутчэй вырвацца адсюль, з чарнобыльскай зоны.
Цішыня…
Яе парушае голас Чыгрынава:
– Дзякуй, Алесь! Дзякуй…
Іван Гаўрылавіч прамаўляе гэтыя словы і маўчыць. Маўчым і мы…
Як на сённяшні дзень сведчаць розныя даведнікі, у тым ліку і энцыклапедычныя, упершыню Іван Гаўрылавіч зірнуў на свет і людзей 21 снежня 1934 г. Паўтараю, як на сённяшні дзень, бо адносна нараджэння I. Чыгрынава пэўны час была недакладнасць. Але слова самому пісьменніку: «…да нейкага часу днём нараджэння маім лічылася 5 кастрычніка. Атрымалася гэтак з-за таго, што згубілася метрычная даведка ў час вайны. Ну а пасля вайны трэба было мець новыя дакументы, і на медыцынскай камісіі ў Касцюковічах мне чамусьці вызначылі днём нараджэння 5 кастрычніка, здаецца, не без маёй падказкі. Справа ў тым, што па расказах маці я ведаў, што нарадзіла яна мяне недзе пасля Юр’ева дня, а мне чамусьці доўга здавалася, што Юр’еў дзень бывае ў пачатку халадоў. Напэўна, я і прагаварыўся на медкамісіі пра гэта…».
Хто ведае, колькі б жыла падобная недакладнасць, калі б не сталася так, што Іван Гаўрылавіч неяк у сямейным коле вырашыў урачыста адзначыць свае народзіны. А тут акурат у госці прыехала маці. Убачыла шмат гасцей, здзівілася. Сын і растлумачыў, што, маўляў, адзначае дзень нараджэння. Яшчэ і падзякаваў маці, што не паленавалася, здагадалася прыехаць. А тая здзівілася: «Не, кажа яна, ты не ў гэты дзень нарадзіўся; ты нарадзіўся ў трэцюю пятніцу апошняга месяца, перад Новым годам, здаецца, дваццатага альбо дваццаць першага чысла…». Назаўтра I. Чыгрынаў пайшоў у бібліятэку, узяў падшыўкі газет за снежань 1934 г.: «I сапраўды, мацярынская памяць аказалася моцнай – трэцяя пятніца ў гэты год у снежні прыпадала на 21-е».
Быў Іванка чацвёртым дзіцём у сям’і, а пасля яго нарадзіліся яшчэ тры сястры і брат. Бацька будучага пісьменніка да вайны працаваў старшынёй сельсавета. Чалавек быў заняты, таму выхаванне дзяцей лягло на плечы маці Хадоскі Ігнатаўны. У аўтабіяграфіі «Першы ўспамін» удзячны сын прызнаецца: «Я ўсім у жыцці абавязаны маці». Праўда, тут жа дадае: «Многім таксама абавязаны дзеду, Ігнату Міхайлавічу Кажанову».
Дарэчы, наконт дзеда… Як разважыўшы, дык ён аказаўся чалавекам, кажучы цяперашнімі паняццямі, нацыянальна свядомым, які ніколі не цураўся ўласных каранёў. Гэта сёння ў многіх сем’ях пачалі цікавіцца сваімі радаслоўнымі, а Ігнат Міхайлавіч дбаў аб гэтым і тады, калі памяць у народа вынішчалася і адмер часу вялі і заклікалі весці толькі ад кастрычніцкіх падзей.
«Аказваецца, прадзед яго (Кажанова – А. М.) быў незаконным сынам мясцовага пана Г-га, – прыгадвае І. Чыгрынаў. – Я потым прасачыў па архіўных дакументах, адкуль узяліся ў нашых краях Г-кія. Выяснілася, з часоў князя Пацёмкіна, якому дасталося Крычаўскае графства пры першым падзеле Рэчы Паспалітай. Святлейшы прадаў некалькі вёсак з мужыкамі ў сваім графстве маладому афіцэру». А ў таго афіцэра служыла пакаёўкай маладая дзяўчына – «родам, здаецца, з вёскі Віхолка, што непадалёк ад Краснай Гары, якая называлася раней Паповай. Гэта на Браншчыне». Гэтая дзяўчына і нарадзіла пазашлюбнае дзіця, якое назвалі Іванам. – «Аддалі… маленькага Івана на выхаванне ў Вялікі Бор. Калі Іван падрос, ён узяў сабе жонку з Саматэвіч». А далей I. Чыгрынаў сведчыць: «Быў у іх сын. А ў таго свой сын. Міхалка, мой прадзед».
Гэтыя расказы напачатку I. Чыгрынава толькі зацікавілі, як бывае заўсёды, калі сутыкаешся з нечым незвычайным, а пазней яны нямала дапамагалі яму ў творчым станаўленні, паколькі ненавязліва нагадвалі, наколькі мала ведаем мы пра свой род, адкуль пайшлі і як важна ўсё гэта для станаўлення асобы. Дзеля нацыянальнага самасцвярджэння. Дзеля ўсведамлення сябе народам, у якога свая гісторыя, свой радавод.
А наперадзе была вайна… Тыдні трывогі, чакання, няўпэўненасці, што будзе ў далейшым (Касцюковіцкі раён немцы занялі ў сярэдзіне 1941 г.)… Яшчэ ў чэрвені Гаўрыла Чыгрынаў, развітаўшыся з сям’ёй, падаўся «ў бок Унечы, выйшаўшы за лінію фронту недзе за Дзясной». Яно ведама, як было жыць Хадосцы Ігнатаўне з дзецьмі. Ні для каго ж не сакрэт, як ставіліся немцы да прадстаўнікоў былой савецкай улады. А тут па вёсцы пайшлі чуткі, што сям’я старшыні сельсавета стане першай ахвярай акупантаў. Першай і, магчыма, адзінай… Ды неяк трэба было жыць. I жылі… I самі, бы той гарох пры дарозе, неяк перабіваліся, і людзям дапамагалі. Найперш тым, хто адступаў, выходзіў з акружэння. У Вялікім Боры ці не ўсе ведалі, што Хадоска Ігнатаўна заўсёды такіх бедакоў ахвотна прыме. Таму сяляне, баючыся дапамагчы акружэнцам, накіроўвалі іх у гэтую гасцінную хату Чыгрынавых.
«У вайну хапіла ўсім – і дарослым, і дзецям… На вайну прыпала толькі тры няпоўныя гады майго жыцця, але якраз яна стала галоўнай падзеяй, якая вызначыла на доўгі час маю творчасць» – лаканічна сведчыць Іван Гаўрылавіч у аўтабіяграфіі і згадвае асобныя моманты з перажытага. Тыя ўражанні ваеннага маленства, якія ніколі не сатрэ памяць.
Адзін выпадак меў месца на другі год вайны: «Да нас заўсёды ў пасляабедзенны час прылятаў двухфюзеляжны «фоке-вульф», быццам і сапраўды «прыпісаны» нямецкім камандаваннем да адной мясцовасці. Але тое, што ён наведваўся рэгулярна, давала магчымасць прыстасавацца да яго. I сяляне з карысцю для сябе рабілі гэта, ва ўсякім разе ахвяр рабілася ўсё меней. Хоць хаты па-ранейшаму заставаліся безабароннымі, успыхвалі то адна, то другая ў кожны палёт».
Але аднойчы здарылася непрадбачанае. Самалёт заспеў малога Іванку ў полі, калі той бег да маці, якая з меншымі дзецьмі палола проса. Якім жа нелюдзем трэба было аказацца лётчыку, каб пачаць самае што ні ёсць паляванне на васьмігадовага хлапчука.
Учытаемся ўважліва ў гэтыя радкі аўтабіяграфіі. Учытаемся, запомнім іх, а па магчымасці, паведаем і тым, хто збіраецца абяляць фашызм, хто з упартай упэўненасцю даводзіць, што мы, беларусы, жылі б куды лепей, калі б Гітлер перамог. Учытаемся і адразу адчуем, якім кашчунствам патыхае ад падобных сцверджанняў і якой бесчалавечнасцю: «Мне добра быў відаць зрэзаны шлемам твар нямецкага лётчыка, ухмылка яго, зубы. Ён увесь час спрабаваў загнаць мяне, узяць у прыцэл, аднак дарэмна – ці то цэль была занадта малая, ці я сапраўды так круціўся і своечасова падаў, што кулі толькі шлёпаліся ды ўспорвалі вакол мяне зямлю. Заходзячы зноў і зноў насустрач сваёй ахвяры, самалёт рабіў шырокія кругі над полем, і я за гэтыя некалькі хвілін паспяваў ускочыць на ногі, каб адбегчы ці ўбок, ці наперад – накірунак угадваўся інтуітыўна і тым не менш, як цяпер здаецца, даволі ўдала».
Чыгрынаў усё больш набліжаўся да невялікага рова, разумеючы, што на дне адзіны яго паратунак:
«Але і пасля гэтага немец не пакінуў мяне ў спакоі – пачаў кружыць над ровам, выглядаючы, быццам каршун, ахвяру, стараючыся дастаць з кулямёта: бомбаў у самалёце, відаць, не было, а можа, ён проста не хацеў траціць іх, ашчаджваў для лепшага выпадку».
Якое ж нервовае напружанне мусіў перанесці хлапук! Чаго каштавалі яму і гэтая пагоня, і гэтае ўратаванне: «Дзіўна, але ад узрушэння я раптам заснуў у сваім надзейным сховішчы і ўжо далей нічога не памятаў».
А яшчэ вайна – пастаянная трывога, каб, барані божа, не знішчылі вёску! I было чаго трывожыцца: у час адной з карных экспедыцый у сорак трэцім годзе вакол Вялікага Бору згарэла нямала вялікіх і малых вёсак. У асноўным разам з мірнымі жыхарамі. А напачатку вайны было бежанства: «Ехалі паволі, цяжка і абачліва. I ўвесь час разам з адступаючымі чырвонаармейцамі, якія раз-пораз чамусьці стараліся выпрагчы з аглобляў нашага каня, забраць яго. Але бацька кожны раз выцягваў з воза сваю вінтоўку, якую хаваў пад рагожай, і салдаты тут жа астывалі, угаворвалі адзін аднаго кінуць, не звязвацца». Так дабраліся да самой Унечы, але вымушаны былі вяртацца назад, бо там ужо былі немцы.
Вызваленне прыйшло ў 1943 г., а з ім і магчымасць дзецям сесці за парты. Менавіта ў гэты час у Вялікім Боры і з’явілася маладая прыгожая жанчына, апранутая ў звычайны сялянскі кажушок. Тое, што яна ўбачыла, узрадаваць не магло. Як успамінае Іван Гаўрылавіч, «на падлозе ў класах бялеў шорскі снег, з канца ў канец цёмнага калідора гуляў едкі вецер. Не засталося за час акупацыі ні абсталявання, ні прыбораў. Ды Вольга Пятроўна Азарава – так звалі настаўніцу – не спасавала. Адразу, як кажуць, узялася за работу. Дапамаглі тыя з вяскоўцаў, хто па старасці ці па здароўю не ваяваў. Дапамагалі і самі вучні». «Помню, – працягвае I. Чыгрынаў, – да самай вясны даводзілася затыкаць у класах чым трапіць шчыліны, устаўляць у рамы па кавалачках бітае шкло, нарыхтоўваць дровы…».
Заняткі пачаліся, нягледзячы на тое, што яшчэ блізка грукацела вайна. Разам з іншымі дзецьмі засеў за падручнікі і Чыгрынаў. Самім жа жыхарам даводзілася жыць у зямлянках – перад самым вызваленнем фашысты спалілі Вялікі Бор. Мясцовую сямігодку Іван Гаўрылавіч скончыў у 1949 г. Каб не маці, магчыма б і падаўся пасля гэтага працаваць. Але Хадоска Ігнатаўна настояла, каб сын працягваў вучобу. Бліжэйшая сярэдняя школа знаходзілася ў Саматэвічах, а гэта кіламетраў за восем ад Вялікага Бору. Маці сама павяла сына і ўгаварыла, каб яго ўзялі на вучобу. Справа ў тым, што прыём ужо быў закончаны, вучняў набралася шмат, паколькі на той час на ўвесь раён працавалі ўсяго дзве сярэднія школы.
Пачаліся для I. Чыгрынава далейшыя школьныя будні, а да ўсяго і нялёгкія: «…паспрабуй, адмерай за дзень па восем кіламетраў туды і назад, ды яшчэ ўвосень, басанож праз халодную Беседзь, ды адзін». Згадваючы гэта, Іван Гаўрылавіч гаворыць аднак з уласцівым яму пачуццём гумару: «Але вось што суцяшала ў дарозе – ні ваўкі, ні вясковыя зладзеі мяне ніколі не краналі, ведалі, як кажуць, у твар».
Вучыўся старанна. Ды як ні старацца было, калі, ведаў, гэтую школу ў свой час скончыў сам А. Куляшоў. Апошняя акалічнасць паспрыяла таму, што і сам I. Чыгрынаў вырашыў паспрабаваць пісаць: «Чытаючы яго (А. Куляшова – А. М.) вершы, паэмы, я раптам сапраўды зразумеў, што гаршкі не багі абпальваюць, вельмі ўжо моцна была прывязана творчасць Аркадзя Аляксандравіча да родных мясцін, быццам ён увесь час хадзіў з тапаграфічнай картай сярод знаёмых людзей уздоўж Беседзі, ад вытокаў яе да вусця. Гэта вучыла мяне разумець літаратуру і надавала смеласці пісаць самому».
Аб тым, наколькі паўплываў А. Куляшоў на яго як літаратурны настаўнік, Іван Гаўрылавіч гаварыў неаднойчы. Вось яшчэ адно яго сведчанне: «…калі ў іншых школах літаратуру пазнавалі па кнігах безадносна да мясцовасці, дзе вучні нарадзіліся і жылі, дык мы, хто хадзіў у Саматэвіцкую школу, мелі магчымасць знаходзіцца сярод герояў куляшоўскіх кніг, сярод жывых герояў яго паэзіі. Мы хадзілі па апетай ім Зялёнай Дуброве, купаліся ў Беседзі; ведалі Шкробата і Шандылу. Гэта быў цэлы свет, жывы і паэтычны. I ўсё свяшчэннадзейства – «стварэнне літаратурнага твора», «абпальванне гаршкоў» (помніце – не багі гаршкі абпальваюць!) – дабывалася на маіх вачах. Ну, а прыклад, ён заўсёды заразлівы. Можа, гэта і садзейнічала смеласці, з якой і я пачаў спрабаваць сябе на заманлівай ніве».
Пачаў, канечне ж, з вершаў… Як і ўсе ў такім узросце. Нават і тыя, хто ў далейшым пісьменнікам не стаў! Асабліва апаноўвала паэтычнае натхненне, калі праходзіў ля хаткі, у якой нарадзіўся А. Куляшоў, – яна ледзь не на самым беразе ціхай Чарнавуткі. Ля рачулкі, у засені ніцых вербаў, хораша думалася, быццам самі нараджаліся радкі. Прыгадвалася і тое, што пісаў пра Беседзь Аркадзь Аляксандравіч. Шмат давалі і сустрэцы з паэтам. А. Куляшоў часта наведваў Саматэвічы, гутарыў з землякамі. Да дарослых ахвотна далучаліся дзеці. Гэта былі таксама свайго роду ўрокі – урокі жыцця і літаратуры. Як бы падсумоўваючы іх, I. Чыгрынаў у адным са сваіх інтэрв’ю сказаў: «Настаўнік у літаратуры…– увесь вопыт яе, уся літаратурная культура. Яна вельмі ўздзейнічае. Хоць, канечне, часам і адзін пісьменнік моцна ўздзейнічае на літаратуру. Можа, сваёй прысутнасцю ў літаратуры, проста сваёй культурай, сваімі паводзінамі, аўтарытэтам. Для мяне, напрыклад, шмат значыў у гэтым сэнсе Аркадзь Куляшоў».
Вясной 1952 года Аркадзь Аляксандравіч завітаў у Саматэвіцкую сярэднюю школу на чарговы выпускны вечар. На ўрачыстасцях з хваляваннем выступіў і дзесяцікласнік I. Чыгрынаў, прачытаў свае вершы. Паўстала і пытанне аб выбары самастойнага жыццёвага шляху. Уласна кажучы, I. Чыгрынаў доўга не задумваўся, бо даўно палюбіў літаратуру. Жыццёвая дарога прывяла яго на тагачаснае аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Экзамены здаў паспяхова і адразу апынуўся ў дружнай студэнцкай сям’і. У ёй было ўжо нямала тых, хто, як і ён, спрабавалі пісаць вершы, апавяданні, друкаваліся ў раённых газетах. Аднакурснікамі I. Чыгрынава сталі Вячаслаў Адамчык, Іван Пташнікаў, Мікола Дзелянкоўскі і іншыя.
Але, хоць у час вучобы Іван Гаўрылавіч і друкаваўся ў рэспубліканскай перыёдыцы (з вершамі выступаў у «Чырвонай змене», часопісе «Полымя»), у параўнанні з тымі ж В. Адамчыкам, I. Пташнікавым фарміраванне яго як пісьменніка адбывалася куды марудней. Толькі ў канцы 1957 г. I. Чыгрынаў надрукаваў у «Чырвонай змене» дакументальную аповесць «Тайна адной экспедыцыі».
Сам жа Іван Гаўрылавіч пачаткам сваёй сталай літаратурнай дзейнасці ўвогуле лічыць 1961 г., калі газета «Літаратура і мастацтва» змясціла яго апавяданне «Праз гады» (нумар за 6 чэрвеня). Адбылося гэта толькі праз чатыры гады пасля атрымання дыплома журналіста (універсітэт I. Чыгрынаў скончыў у 1957 г.).
Як тут не пагадзіцца з Ул. Гніламёдавым, які сказаў: «Калі я думаю пра творчы шлях Івана Чыгрынава… то прыгадваю старажытную лацінскую прымаўку «Festina linte» – не рабі спехам, спяшайся не спяшаючыся. Яго біяграфія, праца над творамі рэтраспектыўна ўяўляюцца мне ў святле гэтага даўняга мудрага выслоўя».
А яшчэ Ул. Гніламёдаў прыводзіць такі красамоўны факт, які добра сведчыць аб тым, наколькі I. Чыгрынаў хацеў лепей вывучыць жыццё, рыхтаваўся быць не простым назіральнікам яго, а чалавекам, здольным па-свойму асэнсаваць і раскрыць яго самыя складаныя працэсы: «…варта ўспомніць такую дэталь: летам – у час канікулаў ці адпачынку – часам ён (I. Чыгрынаў – А. М.) ішоў з Мінска ў свой Вялікі Бор… пяшком. З усімі адхіленнямі – паўтысячы кіламетраў! Гэта было цікава – шмат сустрэч, назіранняў, уражанняў. Шмат вандраваў і калі знаходзіўся дома, свой Касцюковіцкі (і не толькі Касцюковіцкі) раён схадзіў увесь».
У час адпачынку, калі ён з 1957 па 1965 г. працаваў спачатку рэдактарам, а затым загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва ў тагачасным выдавецтве Акадэміі навук Беларусі (цяперашняя «Беларуская навука»), цягнула Івана Гаўрылавіча ў родныя мясціны, хацелася знаходзіцца сярод простых людзей. Гады ж працы ў выдавецтве карысныя былі і тым, што змог далучыцца да навукова-даследчыцкай дзейнасці. Разам з В. Бандарчыкам стаў аўтарам манаграфіі «Н.Я. Никифоровский», якая выйшла ў 1960 г.
Першая ж кніга прозы «Птушкі ляцяць на волю» пабачыла свет толькі ў 1965 г. Як для празаіка, дык у некаторай ступені дэбют і запознены, хоць, безумоўна, можна прывесці нямала прыкладаў (у тым ліку і з беларускай літаратуры), калі аўтарамі першай кнігі літаратары станавіліся і ў больш сталым узросце, але не менш у далейшым мелі вялікія творчыя набыткі (напрыклад, А. Асіпенка кнігу «Лёд растае» трымаў у руках, калі меў 39 гадоў). Праўда, другая кніга I. Чыгрынава «Самы шчаслівы чалавек» не прымусіла сябе чакаць, выйшла ў 1967 г.
Ды, як кажуць, лепш позна, чым ніколі! Апавяданні, якія склалі змест гэтых зборнікаў, мелі шырокі рэзананс. У далейшым яны неаднаразова перавыдаваліся. Усе былі перакладзены на рускую мову і вытрымалі не адно выданне. А поспех у «малым жанры» падштурхнуў Івана Гаўрылавіча да напісання рамана. Так з’явіўся «Плач перапёлкі» (1972), што паклаў пачатак «верамейкаўскаму цыклу» I. Чыгрынава. Працягам «Плачу перапёлкі» сталі раманы «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужыя» (1984), «Вяртанне да віны» (1994), «Не ўсе мы згінем» (1995). За два першыя з іх у 1979 г. яму прысуджана Літаратурная прэмія імя Аляксандра Фадзеева.
Высокая ацэнка творчасці (у 1974 г. I. Чыгрынаў быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР як сааўтар сцэнарыя тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць…») надала яшчэ большай упэўненасці, ён пачаў працаваць як ніколі плённа. Заявіў пра сябе ў галіне крытыкі, публіцыстыкі, літаратуразнаўства (кнігі «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры», 1983; «Паміж сонцам і месяцам», 1994). Паспяхова асвойваў і драматургічныя жанры (кніга «Звон – не малітва», 1993).
Не цураецца Іван Гаўрылавіч і паўсядзённай работы. У 1965–1975 гг. ён працаваў рэдактарам аддзела публіцыстыкі і нарыса ў часопісе «Полымя». У 1975 г. быў выбраны намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, а з 1976 па 1986 г. з’яўляўся сакратаром праўлення.
У 1987 г. I. Чыгрынаў стаў старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры, у 1989 г.– прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына». I. Чыгрынаў – вядомы грамадскі дзеяч.
У 1978 г. у складзе дэлегацыі БССР прымаў удзел у рабоце XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. І. Чыгрынаў выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а з 1986 па 1990 г. быў старшынёй пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах.
За вялікія заслугі ў развіцці беларускай літаратуры Івану Гаўрылавічу ў 1994 г. нададзена ганаровае званне народны пісьменнік Беларусі. Яго кнігі карыстаюцца нязменнай папулярнасцю ў чытача, аб чым, як ужо гаварылася, сведчаць і перавыданні лепшых твораў. У 1984 г. яны выйшлі ў трох тамах, з 1995 г. выдавецтва «Мастацкая літаратура» пачало выпускаць Збор твораў I. Чыгрынава ў шасці тамах.
Дык глянем жа на творчасць самабытнага майстра больш уважліва, перагарнуўшы старонку яе за старонкай!
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Іван Чыгрынаў
Мой родны кут, як ты мне мілы… Колас. Вялікі паэт сказаў пра сваё Наднямонне, а ўсім адгукнулася, дарма што ў кожнага ёсць свой не менш любімы кут. У мяне, напрыклад, маё Прыбеседдзе. Дзіўна, чым даўжэй чалавек жыве, тым большай і шырэйшай становіцца яго малая радзіма, той край, дзе ён пабачыў свет, зрабіў першы крок… Між тым, мне цяпер цяжка бываць у сваім Вялікім Бары. Вёскі, лічы, ужо няма. Перасялілася ад чарнобыльскай радыяцыі. Усё вакол разбураецца. Пасля вайны будавалася, а цяпер разбураецца. Хаты зеўраюць пустымі аканіцамі. I толькі па-ранейшаму знаёма люструюцца азёры… Гледзячы на пакінутыя вёскі, што паміж Сожам і Беседдзю, каторы раз дзіву даешся: якія ж прыгожыя, прыдатныя мясціны выбіралі нашы продкі для сваіх паселішчаў? Жыць бы там і жыць людзям, а от жа!..
Мой пісьменніцкі лёс цалкам павязаны з Магілёўшчынай, дакладней з Прыбеседдзем. Адтуль пайшлі ў свет амаль усе мае героі – і ў раманах, і ў аповесцях, і ў апавяданнях, і ў п’есах. У Вялікім Бары жылі і змагаліся ў Вялікую Айчынную вайну Дзяніс Зазыба, Радзівон Чубар… У Мурыным Бары працаваў і бунтаваў Васіль Вашчыла, кіраўнік сялянскага паўстання на Магілёўшчыне, у Крычаўскім старостве, у XVIII стагоддзі… Я мала калі мяняў у сваіх раманах нават назвы нашых вёсак, мястэчак, гарадоў: Касцюковічы – Крутагор’е, Саматэвічы – Бабінавічы, Белая Дуброва – Белая Гліна, Клеявічы – Гонча… А Верамейкі збудаваў паводле Вялікага Бору…
Цяпер кожнага году бываю на сваёй трагічнай зямлі. Але зразумеў таксама, што ездзіць туды лепей аднаму, каб пабыць сам насам. І падумаць, і, можа, памаліцца. Недзе там, на колішнім падворышчы, закапана маё першае «адзенне», у якім я нарадзіўся. У народзе кажуць – пупавіна і яшчэ нешта… Адзін час мне ўжо здавалася, што паступова траціцца сувязь з малой радзімай. Але прыехаў мінулай восенню на святкаванне чатырохсотгоддзя Касцюковіч і ўбачыў раптам, што край мой Прыбеседскі жыве, працуе, спявае песні. Па-ранейшаму гучыць там наша цудоўная, своеасаблівая беларуская мова, захоўваюцца даўнія народныя традыцыі, прымнажаюцца новымі. Горад будуецца, быццам, і не стаіць на краю амаль «мёртвага мора». Рады быў, калі надалі мне званне ганаровага грамадзяніна. Значыць, я па-ранейшаму сярод сваіх землякоў.
Няхай ім добра жывецца і добра працуецца. Ды свяцяцца імёны нашых герояў і праведнікаў!
Ад усяго сэрца віншую «Магілёўскую праўду», якая не забывае пра маіх землякоў і іх лёс, з юбілеем. Хай і надалей яе змест вызначае праўда!
КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1
Иван Чигринов
В самом начале минувшей осени я побывал в родной деревне Великий Бор. Места эти дороги мне не только потому, что оттуда, с крыльца отчего дома, вьется тропинка моей жизни. Там, в Забеседье, на Могилевщине, навсегда отпечатались следы моих героев, живых и мертвых, о которых я рассказываю в романах «Плач перепелки» и недавно законченном – «Оправдание крови». Сложился уже замысел новой книги – и тоже о них, о людях Забеседья той огненной поры…
Хотелось скорее засесть за работу, но что-то мешало с головой окунуться в нее, что-то отвлекало. И я понял вдруг: мне не дает покоя острое желание встретиться с людьми, которые постепенно обретают жизнь и плоть на ненаписанных пока, но уже сложившихся страницах романа, пройтись еще раз по местам, где жили, трудились и любили те, кто пал в жестокой схватке с врагом.
Забеседье… Лес. Ржаное поле. Хлеба высокие, с тугим колосом, весомость которого рождает в душе радостное волнение. Ведь как нелегко здесь, на этих песчаных островках, вырастить хороший урожай! А нынче он более чем по 20 центнеров с гектара!
Разгар рабочего дня. В конторе Зареченского совхоза пусто. Только в бухгалтерии одиноко сидит знакомый дядька Ефременко,
– Уехал Алексеич, – говорит он о директоре совхоза Николае Серикове и скептически кивает в окно на нашу «Волгу», – Даже на ней не угонишься. Но ты попробуй, может, повезет…
Я действительно попытался настичь директора, но вскоре убедился, что гоняться за ним затея зряшная. Подъехал к школе.
Это и моя школа. Ведь именно здесь я начинал когда-то постижение сложных премудростей знаний.
Я хорошо помню свой первый день в школе, а вот представить лицо первой в моей жизни учительницы – не могу. Видно, оттого, что по тем детским нашим годам прогрохотала жестокая война, вытеснив почти все довоенное, мирное, оставив в памяти лишь гром орудий, запах горького дыма, зарево пожарищ. И долгое, томительное ожидание прихода своих – чувство, которое до сих пор преследует меня в беспокойных снах…
Более поздние события вспоминаются лучше. Фронт через наши места прокатился глубокой осенью сорок третьего и уже целый месяц полыхал и гремел на западе, где-то на Проне. Тогда же в деревню, окруженную со всех сторон лесами, разоренную и спаленную, с первым снегом пришла молодая женщина в крестьянском кожушке. Это была Ольга Петровна Азарова, новый директор нашей школы-семилетки. А школа – единственное, что чудом не сгорело во всей деревне, – стояла нараспашку, без дверей, без стекол на окнах, на полу в классах белел залежавшийся колкий снег, по коридорам из конца в конец гулял ветер…
По сей день, вот уже тридцать три года, Ольга Петровна работает директором школы, теперь восьмилетки. На всю жизнь осталась здесь и подруга ее Анна Алексеевна Глуздакова.
Ольга Петровна рассказывает о делах, которые радуют или тревожат ее, в том числе о совхозных, – как застраивается центральная усадьба «Заречного», как живут ветераны войны. А когда разговор переходит на школьные темы, не остается в стороне и бессменный завуч Анна Алексеевна, удостоенная несколько лет назад звания заслуженной учительницы республики.
Обеих подруг радуют большие перспективы, которые открылись перед сельской школой после XXV съезда партии. Но как еще много дел впереди – приближать учебную и воспитательную работу к насущным задачам дня, прививать учащимся навыки труда, любовь к земле, чувство ответственности за нее. Решение этих проблем имеет огромное значение в социальном и экономическом развитии современного села. Ведь оно «стареет» на наших глазах, ибо немалая часть выпускников школ стремится в города, на стройки, а оставшимся дома не всегда удается безошибочно найти свое призвание.
Непростые эти вопросы волнуют и директора совхоза Н.А. Серикова. Он тоже говорил о них, когда я все же «настиг» его на одном из участков большого хозяйства. Дел у директора великое множество. Но проблеме кадров – особое внимание. Кто завтра будет работать на земле и заботиться о ней? Кому осваивать новейшую технику, благоустраивать и поднимать село?
Мог ли я остаться равнодушным к заботам родного Забеседья, хотя и замысел нового романа у меня иной: борьба моих земляков против фашистов в годы войны, и цель поездки конкретная – собрать как можно больше материала о той поре. Нет, я уже чувствую, знаю, что увиденное здесь непременно оставит свой след в будущей книге, по-новому высветив и перспективу изображаемых событий, и развитие характеров персонажей. Такого поворота не избежать, если намерен написать не бесстрастную хронику, а современную книгу о том военном прошлом.
В этой поездке я еще раз убедился, что современность – понятие вовсе не календарное. Она значительно шире и глубже. Недаром в лучших произведениях советской литературы судьба человека, его жизнь, труд и борьба раскрываются не только в сиюминутных действиях и поступках, а выводятся на бурлящий стрежень эпохи, соотносятся с тем, что было до него, выверяются по маршрутам будущего.
…На письменном столе – первые страницы новой книги о войне. Героями ее будут мои земляки. Многие из них, как и в действительности, погибнут на страницах романа, не доживут до счастливого дня Победы, Но они с нами. Их кровь стучит в наших сердцах, их мечты окрыляют нас. Поэтому обращаюсь к ним, как к живым: «Здравствуйте, мои дорогие! Я потревожу ваш священный покой только затем, чтобы сказать сегодняшним людям правду о вас…»