Іван Чыгрынаў гаварыў, што «гэтым змястоўным творам дапоўніў сваю ранейшую кнігу аб вайне, таму «Апраўданне крыві» не зусім раман, а перш за ўсё працяг, другая частка «Плачу перапёлкі». А можна сказаць і так: «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» – адзін раман, але з дзвюма назвамі».
Прыкладна з гэтага часу пісьменнік становіцца закладнікам імкнення ў год выдаваць, а дакладней, перавыдаваць па некалькі сваіх кніг. У даным жыццяпісу немагчыма пералічыць усе гэтыя бясконцыя выданні-перавыданні на шмат якіх мовах (у асноўным, вядома, на рускай) і ў шматлікіх выдавецтвах, часопісах, альманахах, серыях. Ад Туркменістана і да Балгарыі, ад выдавецтва «Юнацтва» і да «Роман-Газеты», ад Малдовы і да Літвы, ад выдавецтва «Известия» і да «Воениздата» і г.д.