АБІГ АВАКЯН
Пераклад з армянскай мовы
Яны сядзелі адно супроць аднаго і, баючыся сустрэцца вачамі, абое глядзелі ў расчыненае акно.
Ліпеньскае сонца, якое ўвесь дзень пякло горад, ужо апускалася за горы, стомленае, знясіленае, і цяпер па небе паволі плылі і згушчаліся мяккія дажджавыя хмары.
Яны сядзелі і маўчалі. Яны ўжо сказалі ўсё тое, што заведзена гаварыць, калі двое знаёмых людзей сустракаюцца пасля доўгага расстання. Размова была нялёгкая, з цяжкімі паўзамі і недагаворкамі.
Ён расказаў пра сваё далёкае падарожжа, пра цаліну, пра суровую паўночную сцюжу… Яна ўспомніла студэнцкія гады, сяброў і горка ўздыхнула.
– Эх, як толькі атрымаеш дыплом, здаецца, і рабіць ужо больш няма чаго…
Яны шмат аб чым гаварылі, але замоўчалі самае галоўнае. Дзяўчына хвалявалася, і ён адчуваў гэта па тым, як яна ўздрыгвала і ламала пальцы, намагаючыся не выдаць сваёй душэўнай разгубленасці. У яе вялікіх шэрых вачах паяўляўся страх.
Ён паглядзеў на гадзіннік і сказаў:
– Можа мне пайсці, Сона?
Дзяўчына запярэчыла.
– Застанься, Манвел, прашу цябе. Зараз прыйдзе муж, я хачу, каб вы пазнаёміліся. Я столькі расказвала яму пра цябе.
Манвел сеў і закурыў папяросу. I непрыемнае маўчанне, якому, здавалася, не будзе канца, зноў запанавала ў пакоі. Жмурачыся ад дыму, Манвел агледзеўся навокал: як дзіўна, здавалася б, у пакоі няма нічога лішняга, нішто не парушае агульнай гармоніі, усё на сваім месцы – ад масіўнага цёмнага раяля да самай маленькай рамачкі. Але адкуль жа патыхала такім холадам, адкуль гэтае дыханне застарэласці, гэты асаблівы пах рызніц, музеяў і пергаментных скруткаў? Чаму Сона, дзяўчына з цудоўнымі шэрымі вачамі, выглядае тут чужой, лішняй?
«Не, – з горыччу падумаў Манвел, – У Соны не павінна быць нічога агульнага з жыхарамі гэтага дома».
– Скажы мне, Сона, што ён за чалавек, твой муж? – спытаў Манвел нечакана і тут жа, сумеўшыся, дадаў: – Даруй мне, я хацеў сказаць: хто ён, чым займаецца? Мне, праўда, раней нават патрэбна было спытаць пра гэта…
Сона задумалася на момант, быццам забыла, хто яе муж і чым ён займаецца, пасля загаварыла паспешна, блытана:
– Ён – гісторык, выкладае гісторыю антычнага свету… Усё адбылося так раптоўна і хутка, Манвел. Сустрэліся ў цягніку,– я ехала ў Кіравакан, да цёткі. I тады ён зрабіў на мяне ўражанне вельмі добрага, сумленнага і культурнага чалавека, і я не памылілася.
Сона з палёгкай уздыхнула, нібыта, выказаўшы гэта, нарэшце, скінула з плячэй цяжкую каменную глыбу.
– Ты шчаслівая, Сона?
Пытанне было неспадзяванае. Манвел убачыў, як густа чырвань заліла яе шчокі. Яна сціснула пальцы, і ў вачах яе зноў пачаў мітусіцца страх.
– У Грышы вельмі мяккі, спакойны характар, – хаваючы вочы, сказала яна. – I ён шмат працуе. Ёсць, вядома, і ў яго свае дзівацтвы… У гэтым вінавата, пэўна, яго спецыяльнасць. Але ці бываюць бездакорныя людзі?
Манвел паківаў галавой і падумаў: яна проста суцяшае сябе.
– Але ці шчаслівая ты, Сона?
– Ці шчаслівая?– спалохана спытала яна і адвярнулася да акна.
Неба пацямнела. Рослыя таполі застылі ў задуменні, без шуму, без руху, нібыта прадчувалі раскаты надыходзячага грому, і насцярожана чакалі першых кропляў дажджу.
Пачуўся званок. Сона ўскочыла з месца.
– Мусіць, мая свякрова, – сказала яна і выбегла з пакоя.
– Божа, як тут накурана,– раздаўся ў калідоры грудны жаночы голас.
У пакой увайшла тоўстая жанчына ў пенснэ, з парасонам пад пахай. Яна задыхалася ад спёкі, на лбе ў яе выступілі кропелькі поту. Сона паказала ёй на Манвела:
– Пазнаёмцеся, Арус Саакаўна, мой школьны таварыш, мы з ім раслі на адным двары; ён – геолаг і нядаўна вярнуўся з цаліны.
Арус Саакаўна падала Манвелу руку, сказала, што вельмі рада знаёмству, і нібы між іншым дадала:
– Мой Грыша не любіць табачнага дыму.
Манвел папрасіў прабачэння і патушыў папяросу.
Арус Саакаўна хадзіла да доктара і вярнулася адтуль з рэцэптамі, лякарствамі, са стогнамі і ўздыхамі.
– Нічога гэтыя дактары не разумеюць, – паскардзілася яна. – Я гавару ім пра сэрца, а яны стукаюць мяне па спіне і нарэшце паведамляюць, што ўся справа ў нервах. Ні клопату, ні чуласці – звяртаешся да прафесара, ён аддае цябе ў рукі практыканткі, быццам труса якога. Я не супраць, хай і практыканткі лечаць хворых, але ж трэба адрозніваць, хто перад табой! Я ж не з вёскі прыехала. Не, нічога не разумеюць гэтыя дактары.
Манвел заплюшчыў вочы і ўспомніў маці. «Зараз яна, пэўна, сядзіць на балконе, – падумаў ён, – і глядзіць на вуліцу, туды, на вугал суседняга дома, з-за якога павінен паявіцца я. Яе непакоіць маё спазненне: у яе ж нямала прычын для трывогі».
Калі Арус Саакаўна выйшла з пакоя, Манвел схапіў попельніцу і са злосцю выкінуў праз акно недакуркі. Аставацца тут яму ўжо не варта было…
– Я пайду, – сказаў ён, падняўшыся з месца, – даруй мне, Сона, але ў вас тут так душна.
– Манвел…
– Не засмучайся, дарагая, я кажу гэта без злосці. Штосьці цяжкое цісне мне душу. Я хацеў бы пабачыць цябе ў іншай абстаноўцы, але толькі… толькі не ў гэтай.
Але другі званок затрымаў яго. Прыйшоў Грыша. Манвел менавіта такім і ўяўляў яго сабе: круглы твар, акуляры, пухлыя і хваравіта румяныя шчокі, што бываюць у людзей, якія прытрымліваюцца нездаровага рэжыму. Моўчкі паціснулі адзін аднаму рукі, потым Грыша сказаў, падкрэсліваючы словы:
– Бельмі рады. Сона мне часта расказвала пра вас. Сядайце, калі ласка.
Вярнулася Арус Саакаўна і трохі паўшчувала сына:
– Зноў без пінжака, Грышачка? Няўжо гэтак можна, ці ж не бачыш, што надвор’е мяняецца кожную хвіліну?
Яна села, і зноў пасыпаліся скаргі на дактароў, якія «нічога не разумеюць». Сын слухаў яе цярпліва і, калі яна нарэшце змоўкла, звярнуўся да Манвела:
– Ну, як там на цаліне, малады чалавек?
«Чаму ён заве мяне «маладым чалавекам?» – здзівіўся Манвел. – Так жа звычайна кажуць людзі пажылыя, а то і старыя, а мы з ім амаль равеснікі».
– Добра, – адказаў ён стрымана.
– Чым мяркуеце займацца цяпер?
– Буду абараняць дысертацыю, пасля паеду ў Кафан, відаць, там і застануся.
– Цудоўна! А што, халодна зімой на поўначы?
Манвел непрыкметна ўсміхнуўся.
– Не горача.
– А як вы, паўднёвыя людзі, пераносілі маразы?
– Пілі гарэлку.
Бровы гісторыка ад здзіўлення падскочылі і вочы шырока раскрыліся за шкельцамі акуляраў; Арус Саакаўна ўсклікнула:
– Божа мой, што вы кажаце!..
Манвелу захацелася падагрэць гэтае недарэчнае здзіўленне. У ім прачнулася хлапечая гарэзлівасць, і ён пачаў выдумваць.
– Здаралася, і спірт пілі, сухі, неразбаўлены. Елі свіное сала ці вяленае мяса белых мядзведзяў. А раз у ледніку знайшлі пры раскопках слана дагістарычных часоў. Цэлы месяц елі яго мяса.
Цяпер маці і сын глядзелі на яго так, быццам перад імі сядзеў дзікун.
За акном загрымеў гром, і абое яны спалохана ўскочылі з месца, нібыта над домам разарвалася бомба.
I адразу лінуў дождж, цёплы лівень, які напаіў паветра свежасцю і абудзіў водар летняга вечара.
Арус Саакаўна кінулася да акна, шчыльна зачыніла яго і захлопнула фортку. Яна баялася, каб ненарокам не ўварвалася ў пакой гарачае дыханне хмельных ад шчодрага дажджу садоў, каб гэтае дыханне не прагнала з дому застаялы пах застарэласці… Пасля жанчына схадзіла ў другі пакой, прынесла сынаў пінжак і накінула яго яму на плечы.
На момант позіркі Манвела і Соны сустрэліся; увесь дзень яны шукалі гэтай сустрэчы і пазбягалі яе, і вось цяпер яны нарэшце сустрэліся.
I Манвела апанаваў сум, шэры, як змрок позняй восенню. Ён успомніў дзяцінства шэравокай дзяўчыны, якая сядзела зараз насупраць яго, яе дзяцінства, звонкае і радаснае, як летні дождж. Манвел заўсёды баяўся за гэтую дзяўчыну, непакоіўся аб ёй таксама, як маці яго непакоілася за ўвесь белы свет. Дзіўнай дзяўчынкай расла Сона. Няўрымслівая, гарачая, яна, як хлапчук, распачынала бойкі з дзецьмі на двары, ведаючы наперад, што ёй усё роўна давядзецца здацца. Яна любіла расказваць казкі пра каралёў, прыгожых рыцараў і велічныя замкі, выдумвала самыя неверагодныя, непераканаўчыя гісторыі і пазней, калі вучылася ў дзесяцігодцы. Заўсёды спазнялася на сустрэчы, і калі Манвел папракаў яе, яна плакала і смяялася. Манвел ніколі не мог уявіць яе сабе без гэтых маленькіх слабасцей, таксама, як нельга ўявіць сабе дзіцяці без яго капрызаў, радасці і слёз. Як шкада, што гэтую парывістую дзяўчыну пасадзілі тут, у гэтым душным пакоі, адгарадзіўшы яе форткай і гардзінамі ад прыгажосці, якая буяла за вокнамі!
Манвел хацеў закурыць, але ўспомніў, што гісторык «не любіць табачнага дыму», і схаваў карабок у кішэню.
– Курыце, калі ласка, – прыязна прапанаваў Грыша. – А мяне прабачце – ужо дзесяць гадзін, я павінен адпачыць гадзінку якую, каб потым засесці за работу. Вы аставайцеся, пагаварыце яшчэ і наогул заходзьце да нас часцей. Спакойнай ночы.
Затым звярнуўся да маці:
– Мама, у дзесяць сорак пяць прынясіце ў кабінет маю шклянку малака.
Маці і сын пайшлі, пакінуўшы іх адных у пакоі. Сона паднялася, расчыніла акно і паставіла на стол фрукты.
– Я часам сустракаю тваю маці, – сказала Сона. – Яна заўсёды вельмі ветлівая і ласкавая са мной. Я ўдзячна ёй за гэта, Манвел.
Манвел сумна ўсміхнуўся.
– Сёння, калі я збіраўся выйсці з дому, мама расхвалявалася. Яна ведала, куды я іду і што мяне чакае. Я прыехаў у Ерэван учора, позна ўвечары, і сёння ўвесь дзень мы былі разам. Заўсёды, калі я хацеў падняцца, яна ўтрымлівала мяне, распытваючы пра што-небудзь. Яна рабіла ўсё, каб надалей затрымаць мяне ў доме. Нарэшце я пайшоў. Я сказаў ёй, што хачу паглядзець горад, пабачыцца са знаёмымі, і абяцаў хутка вярнуцца. Абое мы, вядома, не паверылі гэтаму. Я рушыў проста да цябе, я ведаў, куды я іду і што мяне чакае. Я даўно чакаў гэтага, Сона, з таго самага дня, калі цягнік разлучыў нас, калі пісьмы твае сталі раптам спазняцца і пасля зусім перасталі прыходзіць. Я зноў і зноў перачытваў твае апошнія пісьмы, спрабуючы знайсці паміж радкоў усё тое, аб чым ты не пісала. Раней я так лёгка верыў людзям, Сона, а цяпер стаў нейкі асцярожны, недаверлівы. Гэта – нядобра, але вінавата ты.
Сона неспакойна мяла ў руках хусцінку і раптам ціха заплакала. Манвел забыў і пра Арус Саакаўну і пра Грышу і прагна закурыў.
Дождж ужо сціх, і Манвел устаў.
– Мне не хацелася зрабіць табе балюча, Сона, але не прыйсці сюды я не мог. Спакойнай ночы, я пайду. Як добра, калі ведаеш, што ёсць на свеце хоць адзін чалавек, які чакае цябе заўсёды…
– Пастой, – сказала Сона, – я правяду цябе трохі.
Яны моўчкі дайшлі да першага скрыжавання вуліц і спыніліся ля агарожы маленькага сквера.
– Я забыў бы пра ўсё, Сона, калі б толькі ты была зараз шчаслівая! – сказаў Манвел. – Але ты нешчаслівая. Мой любы, мой лепшы таварыш нешчаслівы, – вось гэта страшна.
– Я шчаслівая, Манвел… – сабралася яна з сіламі і, не кажучы больш ні слова, нават не развітаўшыся, пабегла, каб ён не ўбачыў яе слёз.
Застаўшыся адзін, Манвел зноў успомніў маці. «Спазніўся, – падумаў ён, – а мама ж ніколі яшчэ, напэўна, не глядзела так на дарогу, як сёння. I рог старой вуліцы, з-за якога павінен паявіцца я, зараз для яе важней за цэлы свет. Можа, на гэтым рагу заўважыла яна старога паштальёна, які прынёс ёй паведамленне, што бацька мой загінуў на фронце, і, можа, з таго часу ў сэрцы яе пасяліўся страх. Колькі разоў, вяртаючыся са спазненнем са школы, з тэатра, адусюль, я бачыў яе на балконе. Яна стаяла там, аблакаціўшыся на поручні і ўпёршыся падбародкам у далонь… Дык няўжо яна асуджана чакаць і хвалявацца ўсё жыццё? Не, трэба скончыць з гэтым!
I ўсё ж Манвел не спяшаўся дамоў. Ён хацеў рассеяць свой сум на вуліцы, сярод дамоў начнога горада, які дыхаў свежасцю пасля летняга дажджу. Глянуў угору – неба было чыстае, і месяц, коўзаючы па дахах і макаўках таполяў, здаваўся памытым, пасвяжэлым.
Гадзіннік на плошчы ўжо адбіў поўнач, калі Манвел нарэшце вярнуўся дамоў.
– Мама! – паклікаў ён маці, якая стаяла на балконе. – Ты не спіш яшчэ?
Манвел хуценька ўзбег па лесвіцы, абняў маці, пацалаваў і закружыў яе па пакоі.
– Не, ты падумай толькі, які прыгажун стаў Ерэван! Быццам я цэлых трыццаць гадоў не быў у горадзе! Куды падзеліся старыя вуліцы? А Кіеўская? Гэта ж проста цуд!
– Так, вельмі змяніўся горад, – згадзілася маці. – Нават заблудзіць можна ў новых кварталах. Ты не захацеў есці?
– Не, але ад чаю не адмоўлюся.
Маці пайшла на кухню, а калі вярнулася ў пакой, убачыла, што сын яе сядзіць на балконе, ашчаперыў рукамі галаву, ссутуліўся, быццам пад цяжарам невыноснага гора. Яна ўсё зразумела. Нячутна наблізілася да яго і села побач. Што рабіць? Як суцешыць сьна? Ах, каб яна магла разарваць сваё сэрца і забраць усё гэта, увесь сынаў боль!
Манвел спахапіўся і паглядзеў у матчыны вочы. Не, цяпер ужо нельга было прыкідвацца, падманваць і сябе і яе жартамі, смешкамі.
– Чай хутка будзе гатовы, – сказала маці. – А я ўсё разумею і ведаю, як табе цяжка, сынок… Але адчайвацца не варта. Табе ж не сто гадоў, табе яшчэ жыць ды жыць…
Манвел паспрабаваў усміхнуцца, але не здолеў.
– Я бачыў яе, мама, быў у іх дома. Мой любы, мой лепшы таварыш нешчаслівы…
Маці не адказала, але калі Манвел паглядзеў на яе, убачыў на вачах слёзы.
– Не засмучайся, мама, – сказаў ён і сціснуў яе маленькую руку. – Мне ж яшчэ не сто гадоў.
Маці задумалася.
– Я ўсё аб ёй думаю, Манвел, – нарэшце пачала яна. – Успомніла нават яе дзяцінства. Аднойчы – ёй было тады гадоў пяць, не больш, – захварэла яна на запаленне лёгкіх. А час той быў цяжкі. Бацька яе ваяваў на фронце, маці дзяжурыла па начах у шпіталі. Я на сваіх руках вырасціла гэтую дзяўчынку… А цяпер ты кажаш, што яна няшчасная…
Маці паднялася і пайшла на кухню.
Манвел аблакаціўся на поручні балкона і стаў глядзець на вуліцу. Сона сказала: «Я шчаслівая, Манвел». Але ці ж ён мог паверыць? Ён верыў толькі слязам, што цяклі па твары яго маці, засмучанай чужым горам. Ён верыў толькі ім.