ХАНС КРЫСЦІЯН АНДЭРСЕН
Казка. Пераклад з датскай мовы. Ілюстрацыі А. Кашкурэвіча
Шмат гадоў таму назад жыў кароль, які так любіў прыгожае і новае адзенне, што ўсе грошы траціў на гэта. Ён не клапаціўся пра сваё войска, не цікавіўся тэатрам, не любіў гуляць і калі хадзіў на вайсковыя парады, у тэатр ці на прагулку, то для таго толькі, каб паказацца ў новым адзенні. Для кожнай гадзіны сутак у яго было асобнае ўбранне; і калі пра некаторых каралёў часта гавораць: «Кароль у савеце», то пра гэтага казалі: «Кароль у гардэробнай».
У тым вялікім горадзе, дзе жыў ён, людзі бавілі час весела, і туды кожны дзень прыязджалі іншаземцы. Аднаго разу прыехалі два падманшчыкі, якія выдалі сябе за ткачоў. Яны казалі, што могуць саткаць такую цудоўную тканіну, якой дасюль свет не бачыў. Фарбы гэтай тканіны вельмі прыгожыя, узор адмысловы, да таго ж адзенне, пашытае з яе, валодае дзіўнай уласцівасцю: яго не можа бачыць чалавек, які не спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі ці проста дужа дурны, – для такога яно становіцца нябачным, ператвараецца ў невідзімку.
«Вось дык убранне! – падумаў кароль, калі пачуў пра гэта. – Надзену такое і адразу даведаюся, хто з маіх падданых не спраўляецца са сваімі абавязкамі, акрамя таго, здолею адрозніць разумных ад дурных. Трэба, каб для мяне тэрмінова пачалі ткаць такую тканіну!» I ён даў падманшчыкам многа грошай наперад, каб тыя адразу селі за работу.
Падманшчыкі паставілі два ткацкія станкі і пачалі рабіць выгляд, што працуюць, хоць на станках у іх зусім нічога не было. Яны часта патрабавалі ад каралёвых слуг тонкай залатой пражы, а калі атрымлівалі яе, то хавалі па кішэнях і працягвалі завіхацца каля пустых станкоў; і гэтак з раніцы да позняй ночы.
«Хацеў бы я ведаць, ці багата яны наткалі», – падумаў кароль, але ўсё-такі яму было неяк не па сабе ад думкі, што ні адзін дурань, ні адзін чалавек, які не спраўляецца са сваімі абавязкамі, не ўбачыць тканіны. Вядома, за сябе яму няма чаго турбавацца, думаў ён, аднак ці не лепш паслаць каго-небудзь іншага паглядзець на работу ткачоў? Увесь горад ведае, якой дзіўнай уласцівасцю валодае тая тканіна, і кожнаму хочацца як найхутчэй даведацца, ці надта дурны і дрэнны ягоны сусед.
«Пашлю-ткі я да ткачоў свайго старога сумленнага міністра, – падумаў кароль, – ён лепш за ўсіх разбярэцца, чаго варта тканіна. Ён і разумны, ён і пасадзе сваёй адпавядае як найлепш!»
I вось шаноўны міністр зайшоў у залу, дзе за пустымі станкамі сядзелі падманшчыкі, глянуў на станкі і вылупіў вочы. «Божа мой! Што гэта? – думае. – Нічога не бачу! Ніякай тканіны!» Але прамаўчаў.
Падманшчыкі папрасілі яго падысці бліжэй – маўляў, каб добра разгледзець маляўнічы ўзор тканіны, і сталі тыцкаць пальцамі у пустое месца. Бедны стары міністр толькі вытрэшчваў вочы, аднак ніякай тканіны не бачыў, таму што яе і не было!
«Божа мой! – падумаў ён. – Няўжо я дурны? Вось ніколі не здагадваўся! Але ніхто не павінен пра гэта даведацца. Ці, можа, я не спраўляюся са сваімі службовымі абавязкамі? Не, нельга прызнавацца, што я не бачу тканіны».
– Ну, як ваша думка? – спытаў яго адзін ткач.
– Цудоўна! Прыгожа! – адказаў стары і праз акуляры зноў пачаў аглядаць пустыя станкі. – Які ўзор, якія фарбы! Я перадам каралю, што тканіна спадабалася мне надзвычай!
– Вельмі прыемна чуць гэта! – сказалі ткачы і пачалі падрабязна апісваць на словах тканіну – і фарбы яе, і цікавы ўзор. Стары міністр уважліва слухаў, каб пасля дакладна перадаць іх словы каралю.
Ткачы запатрабавалі зноў грошай, шоўку і золата – для таго, казалі, каб працягваць работу. Аднак, атрымаўшы ўсё гэта, паклалі сабе ў кішэні; а на станках не з’явілася ніводнай ніткі. Па-ранейшаму падманшчыкі ткалі на пустых станках.
Праз нейкі час кароль паслаў другога шаноўнага саноўніка паглядзець, як ідзе работа і ці хутка будзе гатова тканіна. Аднак з ім здарылася тое ж, што і з міністрам: ён глядзеў, глядзеў, але так нічога і не ўбачыў, акрамя пустых станкоў.
– Які прыгожы гэты кавалак тканіны, праўда? – усклікнулі падманшчыкі і пачалі паказваць пальцамі на станок, расхвальваючы прыгожыя ўзоры, якіх зусім не было.
«Я, вядома, не дурны, – падумаў саноўнік. – Але раз так, значыць, я не спраўляюся са сваімі абавязкамі? Вось дык гісторыя! Толькі я і выгляду не падам, што сам гэта разумею».
I ён стаў расхвальваць тканіну, якой не бачыў, запэўніваючы, што гэта сапраўднае шчасце – любавацца такімі цудоўнымі фарбамі і ўзорамі.
– Чароўна! – сказаў і ён каралю.
Увесь горад адно толькі і гаварыў, што пра цудоўную тканіну.
Нарэшце і сам кароль захацеў паглядзець на новую тканіну, пакуль яе яшчэ не знялі са станкоў. З цэлай світай выбраных царадворцаў, сярод якіх былі абодва старыя шаноўныя саноўнікі, пайшоў ён да хітрых падманшчыкаў. А тыя «ткалі» сабе з вялікім стараннем, хоць па-ранейшаму на станках не было ніводнага валаконца.
– Праўда, цудоўна? – усклікнулі шаноўныя саноўнікі, тыя, што пабывалі тут раней.– Ці не жадаеце вы, ваша вялікасць, звярнуць сваю ўвагу на фарбы і ўзоры? – I яны паказалі на пусты станок, упэўненыя, што ўсе прысутныя бачаць на ім тканіну.
«Што ж такое? – падумаў кароль. – Я нічога не бачу! Які страх! Значыць, я дурны! Ці я нікуды не варты кароль? Гэта было б горш за ўсё!» Але ўголас ён сказаў:
– Вельмі прыгожа! Такое ўмельства заслугоўвае вялікай пахвалы!
I ён з задаволенай усмешкай пачаў ківаць галавой, робячы выгляд, што любуецца тканінай, – бо не хацеў прызнацца, што нічога не бачыць.
Світа яго ва ўсе вочы глядзела на станкі, ды бачыла таксама не больш за іншых; але ўсе гаварылі ўслед за каралём, што тканіна цудоўная, і раілі яму пашыць з гэтай адмысловай тканіны адзенне для будучага ўрачыстага шэсця.
– О, як цудоўна! Раскошна! Прыгожа! – чулася з усіх бакоў, і ўсе выказвалі поўнае задавальненне.
Кароль узнагародзіў падманшчыкаў ордэнам, загадаўшы насіць яго ў пятліцы, і даў ім званне прыдворных ткачоў.
Усю ноч перад святам падманшчыкі працавалі пры свеце шаснаццаці свечак, ні разу нават не прыляглі адпачыць: народ жа павінен быў бачыць, што яны заканчваюць новае адзенне караля. Яны зрабілі выгляд, што знялі тканіну са станкоў, і пачалі кроіць паветра вялікімі нажніцамі, а потым шыць іголкай без ніткі.
– Ну вось, адзенне гатова! – сказалі яны нарэшце.
Тады кароль у суправаджэнні самых знатных сваіх прыдворных прыйшоў да іх, каб адзецца ў новае ўбранне, а ткачы-падманшчыкі працягвалі рукі, усё роўна як падавалі яму нешта.
– Вось панталоны! Вось камзол! Вось мантыя! – прыгаворвалі яны. – I ўсё лёгенькае, як павуцінка! Адзенеш – здаецца, быццам на целе нічога няма, ды ў гэтым вось і прывабнасць!
– Ага! – у адзін голас пацвердзілі прыдворныя, хоць ніякага адзення не бачылі, бо яго і не было.
– Цяпер няхай ваша вялікасць зробіць ласку зняць з сябе старое адзенне, – сказалі падманшчыкі. – Мы адзенем вас у новае вось тут, перад вялікім люстрам.
Кароль распрануўся нагала, а падманшчыкі зрабілі выгляд, быццам адну за адной падаюць яму розныя прыналежнасці ягонага новага туалета. Затым – быццам прымацоўваюць яму доўгі шлейф. А кароль паварочваўся ва ўсе бакі і круціўся перад люстрам.
– Божа, як вам да твару гэтае адзенне! Як яно зграбна ляжыць! – гаварылі ўсе. – Які ўзор! Якія фарбы! Якое раскошнае ўбранне!
– Ваша вялікасць, унізе вас чакае балдахін. Яго панясуць над вамі ў час працэсіі, – далажыў оберцырымоніймайстар.
– Я гатовы! – адгукнуўся кароль. – Праўда, добра сядзіць?
I зноў павярнуўся перад люстрам. Гэтым ён хацеў паказаць, што яшчэ раз уважліва аглядае сваё ўбранне.
Камергеры, якія павінны былі несці шлейф, сталі хапаць рукамі паветра, робячы выгляд, быццам бяруць шлейф з падлогі, а потым, ідучы за каралём, не апускалі рук, каб не выдаць, што не бачаць ніякага шлейфа.
I вось кароль ішоў у працэсіі пад прыгожым балдахінам, а ўсе людзі, што стаялі на вуліцах і глядзелі з акон, гаварылі:
– Божа, якое яно цудоўнае, гэтае новае адзенне караля! Як яно добра сядзіць! Які прыгожы шлейф у мантыі!
Ніводзін чалавек не хацеў прызнацца, што нічога не бачыць, баючыся, каб не падумалі, што ён не спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі ці занадта дурны. Ні адно адзенне караля не мела такога поспеху.
– Але ж ён голы! – крыкнула раптам малое хлапчанё.
– Паслухайце, паслухайце, што гаворыць нявіннае дзіця! – сказаў яго бацька; і ўсе пачалі шэптам перадаваць адзін аднаму словы дзіцяці.
– Дык кароль жа голы! Малое кажа, што на ім нічога няма!
– На ім нічога няма!– закрычаў нарэшце ўвесь народ.
Кароль здрыгануўся – яму здалося, што людзі праўду кажуць, аднак ён усё-ткі рашыў давесці цырымонію да канца. I ён зрабіў яшчэ больш напышлівы выгляд, а камергеры ішлі за ім следам, прытвараючыся, нібыта нясуць шлейф, хоць на самай справе ніякага шлейфа не было.