АРКАДЗЬ ПАСТУШЭНКА
Пераклад з украінскай мовы
У тую вясну паявіліся яны на лявадзе неспадзявана.
Яшчэ з вечара на гародах, у лагчынах і на схілах шарэлі лапікі мокрага снегу…
Яшчэ ўчора ўначы дзьмуў над зямлёю вецер-лізун…
А сягоння раптам набухлі, запахлі вербы і прыгрэла сонца…
I тады яны паявіліся на лявадзе… Яны нібы з сонца зляцелі. Быццам шматкі белых хмар на ляваду ўпалі…
Толькі хмары ўсмактала б зямля, памыла б імі сваё грэшнае цела… А гэтыя асталіся стаяць, яны з цікаўнасцю аглядаліся навакол, можа, лазнавалі зямлю, а пасля пачалі хадзіць па лявадзе, і былі вельмі паважныя і трохі засмучаныя…
Іх прылятала ўсё больш і больш, і яны былі падобныя на белыя лілеі.
А неўзабаве, калі пачала адлічваць камусьці доўгія гады зязюля і яшчэ мацней запахлі вербы, калі зямля застагнала ў млосных сполахах і насталі ціхія сінія вечары і ружовыя, памытыя ў расе ранкі, – яны парамі пакідалі ляваду і ляцелі да сяла…
Сяло было вялікае. I добрыя жылі ў сяле людзі. Кожная пара буслоў знаходзіла ў ім сабе страху для гнязда, а адна села на калгасную кантору.
Бусел, схіліўшы галаву набок, нейкі час пільна аглядаў падворак, потым прайшоўся па вільчыку, шырока стаўляючы ногі, быццам адмерваў крокі, а бусліха стаяла на коміне і радасна клекатала. Нарэшце бусел падышоў да яе, паклаў дзюбу на спіну і таксама радасна заклекатаў…
– Дзед, – сказаў старшыня калгаса, – я не веру у вашы забабоны, але ці гэта на дабро, што яны зробяць тут, на канторы, гняздо?
Старшыня стаяў і пазіраў на страху. I дзед таксама глядзеў на страху. Ён пачухаў пасівелую патыліцу і сказаў:
– На ўраджай… Буслы прыносяць людзям шчасце.
Тады буслы перасталі клекатаць. Бусел узмахнуў крыламі, апісаў над кантораю круг і заклекатаў у паветры. Нібы дробныя блакітныя каменьчыкі сыпануліся з неба на шкляную стужку ракі, над сялом не сціхаў клёкат – бусел кружыў над кантораю і клікаў сваю сяброўку. Яна сядзела на страсе і чакала. А ён пакружыў яшчэ трохі, потым падаўся над белымі хатамі за сяло і неўзабаве прыляцеў адтуль з галінкаю ў дзюбе, і яны разам пачалі масціць сабе гняздо…
– Дай бог вам, людзі, і дабра, і шчасця, і ў хату, і да хаты, і ў калыску, і на стол! – казала бабка Куліна, жагнаючы зморшчаны твар свой высахлай рукою…
– Люлі, лю-ю-юлі, а дзе былі гу-у-лі, а што елі – кашку, а што…
Спявала маладзіца пад грушаю свайму маленькаму сыну. Сын яе ціха ляжаў белым скруткам на загарэлых, налітых маладосцю руках і недавольна моршчыў чырвоны тварык. А як пачуў матчыну песню – супакоіўся, пачаў глядзець на яе не адводзячы вачанят…
– Цётка Марыля, дзе гэта вы Івасіка ўзялі, а, цётка Марыля? Вам буслы Івасіка прыняслі?
… – Угу, на ўраджай, гэта яны на ўраджай мосцяць на тваёй канторы, Андрэй, гняздо, – казаў старшыні калгаса дзед Нічыпар.
А буслы ад ранку да вечара насілі ў дзюбах галінкі, сена і асаку. Пасля бусліха часта заседжвалася на гняздзе, а бусел лётаў адзін, насіў ёй есці.
Міналі дні. Аднойчы ўранні бусліха ўстала на ногі – надта худая, змарнелая. У гняздзе варушыліся бусляняты. Яны выцягвалі к небу тонкія шыйкі. Бацькі тым часам насцярожана азіраліся, і, калі над кантораю праляталі чужакі, – грозна клекаталі і гатовы былі кінуцца ў бойку.
Чужакі ляцелі далей. Чужакі былі стомленыя і занепакоеныя. З кожным днём рабіліся неспакойныя і яны, з кожным днём усё далей і далей даводзілася лятаць па здабычу.
А вялікае, пякельнае, ажно белае сонца цэлы дзень вісела над сялом: яно прагна высмоктвала з зямлі сокі, і зямля трэскалася, як кавун.
Зямля рабілася рыжая, не было на світанку расы, смяглі ад спёкі і дрэвы і травы.
Цяжка было дыхаць і цяжка было лятаць. А бусляняты прасілі есці, і бацькі ляцелі… Неставала сілы вярнуцца назад, а яны яе знаходзілі і вярталіся.
Спачатку к абеду, а потым – к вечару, і часта без здабычы…
Зямля ўжо стала ажно чырвоная, над ёю вісела белае неба, а жабы кудысьці зніклі…
Буслы станавіліся над гняздом і ў самоце пазіралі адзін на аднаго, звешвалі галовы на падворак…
А як пачынала выплываць з-пад зямлі сонца, яны зноў ляцелі, і вярталіся позна ўначы. Жаласлівым піскам сустракалі іх бусляняты.
… – Васіль, чуеш, Васіль!.. Ды прачніся ж, хай на цябе… Чаму гэта яны клякочуць так, мо, на вайну?
Раскінуўшы натруджаныя чорныя рукі, спаў Васіль і толькі ўсмехнуўся ў сне. Жонка пастаяла яшчэ трохі над ім і ў адной сарочцы выйшла на ганак. Павыходзілі на ганак і суседзі ў споднім, яны курылі і моўчкі ўслухваліся ў трывожны клёкат.
– I чаго б гэта яны?..
– Сухмень…
– У сорак першым, ці здаецца саракавым, таксама гэтак…
– Але ж паглядзіце, яны ляцяць… Куды гэта яны ляцяць уначы…
– У сорак першым, ці здаецца саракавым…
Людзі насцярожана прыціхлі ля парканаў, маўчалі.
Была трывожная цішыня ў сяле, і шэрымі ценямі над сялом праляталі буслы. Уначы чуўся шорах птушыных крылаў, і часам здавалася, што вось-вось з чорнага бяздоннага неба абрынецца на сонныя хаты навальніца.
Шорах не заціхаў да рання. А як узышло сонца, людзі зноў убачылі буслоў на лявадзе. I чым вышэй падымалася па небе гарачае сонца, тым трывожней рабіліся буслы… Потым яны парамі пакідалі ляваду і ляцелі да сяла…
I адна пара села на калгасную кантору.
Бусел, схіліўшы галаву набок, нейкі час пільна аглядаў падворак, затым прайшоўся па вільчыку да гнязда, шырока стаўляючы ногі, быццам адмерваў крокі, а бусліха стаяла над гняздом засмучаная. Нарэшце бусел падышоў да яе і паклаў сваю галаву ёй на шыю. Бусляняты таксама паспрабавалі падняцца – яны хацелі есці.
Бацькі трохі пастаялі над сваімі дзецьмі, потым страпянуліся, узмахнулі крыламі і разляцеліся па страсе ў розныя канцы. Стаялі там і глядзелі адзін на аднаго. Пасля паволі пачалі набліжацца адзін да аднаго. Яны ішлі да гнязда. Да яго ўжо было крокі якія са два… I тады буслы раптам рвануліся наперад – закружылася ў гарачым паветры пер’е, пасыпаліся на падворак галінкі, запішчалі жаласна бусляняты. Трое птушанят адно за адным скаціліся па страсе на зямлю, і двое ўжо не варушыліся; трэцяе бусляня яшчэ курчылася ад болю, намагалася падняць над зямлёю галоўку, але галоўка падала, і з чорнай дзюбкі на зямлю сцякалі чырвоныя кропелькі.
I плавала ў паветры пер’е, і кружылі над падворкам канторы старыя, буслы…
Яны быццам нябачнымі ніткамі былі прывязаны да яго…
Нарэшце бусел моцна ўдарыў крыламі – нітка парвалася, і ён шугануў у неба…
I ляцеў проста на сонца…
I ляцелі проста на сонца ўсе буслы з сяла…
I толькі лапы, працягнутыя да хат, яшчэ доўга-доўга відны былі на белым небе…
Буслы няслі на іх кавалачкі парыжэлай ад сонца зямлі.
Стаяў у паветры трывожны клёкат…